epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Ясенін

Зман жыцця чаруе нас тугою...

Зман жыцця чаруе нас тугою,

Тым жыццё і моцнае даўно,

Што пісьмёны грубаю рукою

Піша, быццам выракі, яно.

 

Я кажу, адно заплюшчу вочы:

«Ледзьве ўзрушыш сэрца цішыню;

Хоць жыццё — спадман, але ахвоча

Радасцямі скрашвае хлусню.

 

Твар сівому небу свой давер ты,

Лёс трымае поўня ў варажбе,

І не патрабуй, суцішся, смертны,

Праўды, не патрэбнай для цябе.

 

Хораша ў чарэмхавай завеі

Думаць, што жыццё — сляды зары,

Хай абразяць здрадаю надзеі

Лёгкія сяброўкі і сябры.

 

Хай мяне пяшчотна лашчаць словы,

Хай вайстрэй за брытву злы язык, —

Я жыву даўно на ўсё гатовы,

Да ўсяго без жалю я прывык.

 

Гэтыя душу мне сцюжаць высі,

Зорны жар цяплом не ахіне.

Тыя, што кахаў я, адракліся,

Кім я жыў — забылі пра мяне.

 

Хоць мяне цкуе і гоніць згуба,

Ды, зеру вітаючы звідна,

На зямлі, што блізка мне і люба,

Дзякую жыццю за ўсё спаўна.

 

1925



Пераклад: Рыгор Барадулін
Тэкст падаецца паводле выдання: Ясенін, С. А. Выбранае : Вершы і паэмы / Прадм. Р.Бярозкіна; Пер. Р.Барадулін, А.Куляшоў. - Мн. : Маст.літ., 1976. - 207с.