Сяргей Ёрш

Усевалад Родзька. Правадыр беларускіх нацыяналістаў

Ад выдавецтва
ШЛЯХ ГЕРОЯ
ДАДАТАК
  Юбілей свабоды
  Яшчэ, і больш пра Ўсевалада Родзьку і некаторых ягоных школьных сяброў
  Пра Ўсевалада Родзьку


Ад выдавецтва

 

Гэтая брашура прысьвечана асобе правадыра Беларускай Незалежніцкай Партыі, маёру Беларускай Краёвай Абароны й кіраўніку Беларускай Вайсковай Арганізацыі Ўсеваладу Родзьку. Ён жыў і змагаўся для Беларусі. Ён вызначаўся бязьмежным патрыятызмам і выдатнымі здольнасьцямі. Гэта ён запальваў у сэрцах беларускай моладзі змагарскі агонь ды далучаў яе да барацьбы за незалежнасьць краіны.

Калісьці прыйдзе час, калі памяць Усевалада Родзькі, як і тысяч іншых беларускіх нацыяналістаў, што аддалі свае жыцьці ў барацьбе за Беларускую Незалежную Нацыянальную Дзяржаву, будзе адпаведна ўшанавана. Пакуль жа памяць пра іх і іх геройства захоўваецца ў нашых сэрцах, кліча нас да барацьбы і перамогі.

 

ШЛЯХ ГЕРОЯ

 

Бальшавіцкія акупанты зрабілі ўсё магчымае, каб нашчадкі ня памяталі пра Ўсевалада Філарэтавіча Родзьку. Яны сказілі ягонае прозьвішча ды ў сваіх прапагандысцкіх пашквілях называлі яго «Радзько». Яны аблівалі ягонае імя брудам, абвінавачвалі ў нязьдзейсьненых ім злачынствах. Нарэшце, бальшавікі схавалі праўду пра ягоны далейшы лёс...

Але, рана ці позна, беларускі народ даведваецца праўду пра сваіх Герояў і Абаронцаў, што аддалі свае маладыя жыцьці за незалежнасьць Бацькаўшчыны. За апошнія гады вярнулася з нябыту й імя беларускага нацыяналіста Ўсевалада Родзькі. І хоць у ягоным жыцьці й дзейнасьці застаюцца «белыя плямы», мы ўжо цяпер шмат ведаем пра Ўс.Родзьку й ягоную барацьбу.

Усевалад Родзька нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Чучэвічы на Лунінеччыне. Бацька Ўсевалада Філарэт Родзька паходзіў з вёскі Вераскава (Наваградчына), дзе нарадзіўся 9 лютага 1890 года. Атрымаў асьвету ў Наваградку і Нясьвіжы, з 1909 г. працаваў настаўнікам на Мазыршчыне. Філарэт Родзька ваяваў у Першую сусьветную, быў кантужаны, атручаны газамі. Скончыў афіцэрскую школу і вайну закончыў капітанам расейскага войска. У 1918 годзе вярнуўся зноў на Мазыршчыну, працаваў настаўнікам у Леніне, праз год ажаніўся на настаўніцы Веры Гулевіч з суседняй вёскі Грычынавічы. У роднае Вераскава Родзька вярнуўся ў 1920 годзе, праўдападобна, праз Лунінеччыну, дзе й нарадзіўся сын Усевалад. Такі шлях Філарэта Родзькі з Мазыршчыны на Наваградчыну наводзіць на думку, што ён з жонкай увосень 1920 г. адступаў з-пад Мазыра разам з аддзеламі генэрала Ст.Булак-Балаховіча.

У Вераскаве Ф.Родзька стаў дырэктарам школы (пасьля таго, як у Кракаве скончыў курсы польскай мовы), выкладаў беларускую мову, арганізаваў драматычны гурток, хор. Калі прыйшлі бальшавікі, Родзька стаў дырэктарам беларускай школы ў Вераскаве. Падчас нямецкай акупацыі ён працаваў у Наваградку, настаўнікам у настаўніцкай сэмінарыі і дырэктарам беларускай гімназіі. У 1944 г. Філарэт Родзька выехаў у Нямеччыну, а адтуль - у ЗША, дзе й памёр 5 сакавіка 1977 года.

Усевалад вучыўся ў польскай гімназіі імя А.Міцкевіча ў Наваградку. Вучыўся на выдатна. Вызначаўся ня толькі здольнасьцямі да навукі, але й як добры спартсмен. Ён быў камандзірам дружыны скаўтаў у гімназіі.

У 1934 годзе ў Наваградку польскімі ўладамі была закрытая беларуская гімназія, а яе навучэнцаў перавялі ў польскую гімназію імя А.Міцкевіча. Сярод іх былі й будучыя ведамыя беларускія дзеячы: Барыс Рагуля, Язэп Сажыч, Уладзімер Набагез. Яны разварушылі нацыянальнае пачуцьцё ў многіх беларусаў, што там навучаліся, а сярод іншых і ва Ўсевалада Родзькі. Беларускія хлопцы ня толькі бараніліся ад палянізацыі, але й пазьбеглі камуністычнага ўплыву, захавалі свой нацыянальны кірунак. Тут ім дапамог ведамы беларускі дзеяч Васіль Рагуля, які казаў: «Сацыялізм - гэта мост да камунізму. І паколькі ты ня хочаш пераходзіць на той бок рэчкі, дык ня лезь на мост!». Родзька добра запомніў гэтыя словы.

Гімназію Ўсевалад закончыў у 1938 годзе ды трапіў у польскую падафіцэрскую школу ў Замброў. Там ён таксама вылучаўся сваімі здольнасьцямі й ня быў прызнаны першым курсантам школы толькі таму, што быў запісаны беларусам. Гэта толькі ўзмацніла ягонае жаданьне змагацца за незалежнасьць Беларусі, за стварэньне беларускага войска.

Падчас нямецка-польскай вайны верасьня 1939-га Ўс.Родзька трапляе ў нямецкі палон, дзе знаходзіцца да жніўня 1940 года. Немцы вызвалялі з палону шмат беларускіх вайскоўцаў, якія выказвалі жаданьне змагацца супраць бальшавікоў за сваю Бацькаўшчыну. Родзька ўзначаліў філію варшаўскага Беларускага камітэта ў Кракаве, упершыню ўвайшоў у кантакт з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў. Апантанасьць і рашучасьць украінскіх нацыяналістаў у барацьбе за волю Ўкраіны штурхнула Ўсевалада на такі самы шлях вызвольнага змаганьня.

У Варшаве Родзька знаёміцца з Міколай Шчорсам, ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім, кіраўніком Беларускага Нацыянальнага Фронту, які вёў актыўную нелегальную працу па стварэньню беларускага нацыяналістычнага руху ды інш. Гадлеўскі ўключыў у гэтую працу і Родзьку, які вызначаўся сваімі выдатнымі арганізатарскімі здольнасьцямі й бязьмежным патрыятызмам. Праўдападобна, ужо ў 1940-41 гг. у акупаванай немцамі Польшчы арганізаваўся зародак падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі, якая летам 1941-га перанесла сваю дзейнасьць на Бацькаўшчыну.

У Беларусі Родзька працягвае дзейнічаць пад палітычным кіраўніцтвам ксяндза Гадлеўскага, стварае падпольныя групы, вядзе працу па структурным афармленьні БНП. Для прыкрыцьця падпольнай працы ён працуе бурмістрам Віцебску, праводзіць беларусізацыю горада. У гэтых жа мэтах Родзька супрацоўнічае з абвэрам (нямецкай вайсковай выведкай і контрвыведкай).

На працягу ўсяго часу нямецкай акупацыі Ўс.Родзька падтрымлівае кантакты з украінскімі нацыяналістамі, спачатку з атаманам Тарасам Бульбай-Бараўцом, камандзірам Палескай Сечы, а пасьля з АУН-Бандэры. У жніўні 1941 г. Родзька, Вітушка, атаман Харэўскі-Новік кіравалі аддзеламі Беларускай Самаабароны, якая разам з Палескай Сеччу ачышчала Палесьсе ад бальшавіцкіх бандаў. Гэта была другая буйная акцыя (пасьля дэсантаў Першага штурмовага зьвязу ў чэрвені 1941-га), якую правялі маладыя беларускія нацыяналісты.

У 1942 годзе Ўсевалад Родзька становіцца старшынёй ЦК падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Ягоны аўтарытэт у беларускім грамадзтве імкліва рос. Пасьля гібелі напрыканцы сьнежня 1942 г. у катоўнях гэстапа ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, Родзька застаўся бяз палітычнага кіраўніцтва ды распачаў дзейнасьць самастойна. У 1943 годзе ён распрацаваў плян, у адпаведнасьці зь якім старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Мікола Абрамчык павінен быў пераехаць з Бэрліну ў Беларусь і ачоліць Нацыянальны Супраціў. Абрамчык з плянам згадзіўся, увосень 1943-га зьдзейсьніў паездку па Беларусі, але неўзабаве быў арыштаваны гэстапа й апынуўся пад хатнім арыштам у Парыжы.

Родзька не адчайваўся. У 1943 г. ён, у супрацоўніцтве з абвэрам, распачынае падрыхтоўку беларускіх дывэрсійных аддзелаў, што павінны былі ваяваць на занятай Чырвонай Арміяй тэрыторыі Беларусі. Пашыралася сетка БНП. У Глыбоцкай акрузе партыяй кіраваў Янка Гінько, у Слонімскай - Рыгор Зыбайла, у Наваградзкай - Барыс Рагуля, у Менскай - Юльян Саковіч (пасьля ягонай гібелі ў чэрвені 1943 г. - Аляксей Сянькевіч), у Баранавіцкай - Усевалад Кароль, у Паставах (з вясны 1944-га) - Віктар Сікора, у Вільні - Францішак Аляхновіч (пасьля яго гібелі ў сакавіку 1944 г. - Марцінкевіч?), у Беластоцкай акрузе - Іван Гелда, на Смаленшчыне й Браншчыне - Міхал Вітушка і Дзімітры Касмовіч і г.д. У партыі згуртаваліся найлепшыя сілы маладой нацыянальнай эліты, якая была гатовая са зброяй у руках здабываць незалежнасьць Беларусі.

У студзені 1944 г. Ус.Родзька ўваходзіць у склад дазволенай немцамі Беларускай Цэнтральнай Рады (яна складалася з 14 чалавек на чале з прэзыдэнтам Астроўскім). Родзьку выбіраюць і ў Прэзыдыюм Рады, разам з такімі вядомымі дзеячамі, як Астроўскі, Сабалеўскі, Кушаль, Кандыбовіч, Шкялёнак. Такім чынам два сябры БНП Усевалад Родзька і Мікола Шкялёнак атрымалі яшчэ большыя магчымасьці для падпольнай працы. У Радзе Родзька адказваў за працу з моладзьдзю, а Шкялёнак кіраваў аддзелам прапаганды і прэсы.

Вясной 1944 года зноў узьнікла надзея на стварэньне Беларускага Войска. Немцы далі на гэта дазвол яшчэ 23 лютага 1944-га, а ў сакавіку мабілізацыю ў Беларускую Краёвую Абарону абвесьціў прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі. Нацыяналістычнае падпольле вырашыла ўзяць пад свой кантроль ствараемыя беларускія вайсковыя фармацыі. З гэтай мэтай шмат маладых афіцэраў-сябраў БНП уступілі ў войска. У Глыбокім БКА кіраваў Рыгор Зыбайла, у Наваградку - Барыс Рагуля, у Слоніме - Язэп Дакіневіч, начальнікам пэрсанальнага бюро пры Галоўным Кіраўніцтве БКА быў Сымон Раманчук, менскімі афіцэрскімі курсамі кіраваў Віктар Чэбатарэвіч, намесьнікам Кушаля быў Віталь Мікула...

Пайшоў у БКА і Родзька. 20 сакавіка 1944 г. ён атрымлівае ад прэзыдэнта БЦР рангу лейтэнанта, працуе начальнікам прапаганды Галоўнага Кіраўніцтва Беларускай Краёвай Абароны.

Аднак Усевалад Родзька не хацеў быць проста прапагандыстам, яму патрэбны быў верны вайсковы аддзел, бо ўжо зарадзілася ў яго ідэя антынямецкага паўстаньня ў Менску і абвяшчэньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі...

20 траўня Р.Астроўскі выдае пастанову № 37 «Аб прызначэньні сябра Рады - старшага лейтэнанта РОДЗЬКА Ўсевалада Камандзірам 15-га батальёну Беларускай Краёвай Абароны». Астроўскі пісаў: «Прымаючы пад увагу хадайнічаньне і шчырае жаданьне сябры Рады сп. Родзька Ўсевалада прынесьці карысьць Бацькаўшчыне ў непасрэдным змаганьні з ворагамі Беларускага Народу, - прызначыць яго Камандзірам 15-га батальёну Беларускай Краёвай Абароны з захаваньнем за сп. РОДЗЬКА становішча сябры Рады» (За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Лёндан, 1960, б. 110-111). Родзька быў адзіным сябрам Беларускай Цэнтральнай Рады, які пайшоў служыць у беларускае войска непасрэдна ў баёвы аддзел (Ф.Кушаль, начальнік Галоўнага Кіраўніцтва БКА, у асноўным, сядзеў у габінэце ды рабіў інспэкцыйныя паездкі, у баях ён ня браў удзелу).

Напрыканцы траўня - у першых днях чэрвеня 1944 года 15-ты або Гарадзішчанскі батальён БКА складаў у Менску прысягу:

«Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсемагутнага Бога і жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму Беларускаму Народу, сумленна і прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў.

Я прысягаю, што побач з нямецкім жаўнерам, ня выпушчу з рук зброі да тых пор, пакуль ня будзе ўстаноўлены поўны спакой і бясьпека ў нашых сёлах і гарадох, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг Беларускага Народу.

Я прысягаю, што хутчэй згіну сьмерцьцю героя, чымся дапушчу, каб мая жонка і дзеці, бацькі і сёстры, браты і ўвесь Беларускі Народ зноў цярпелі бальшавіцкі зьдзек і няволю.

Калі-ж з свае слабасьці ці злога намеру я парушу гэтую прысягу, то няхай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка свайго народу і Бацькаўшчыны» (НАРБ, ф. 3601, в.1, спр. 21, а. 76).

Газэта «Голас вёскі» пісала 9 чэрвеня 1944-га: «Удумліва і ясна паўтаралі жаўнеры словы прысягі, чытанай ім камандзерам батальёну, сябрам БЦР, лейтэнантам Родзькам. Пасьля прысягі, спадар камандзер батальёну зьвярнуўся да жаўнераў з кароткім словам, у якім выказаў сваю пэўнасьць, што яны, у акцыі супроць ворага - бальшавіцкага бандыта, - на якую накіроўваюцца, апраўдаюць поўнасьцю надзеі беларускага народу і што ў змаганьні за свабоду Бацькаўшчыны ня зложаць зброі датуль, пакуль гэтая свабода ня будзе фактам».

Абставіны, у якіх стваралася Беларуская Краёвая Абарона, былі вельмі складанымі. З аднаго боку немцы не жадалі добра ўзбройваць БКА, бо баяліся яе антынямецкага выступу, з другога боку савецкія партызаны атрымалі з Масквы загад зрываць мабілізацыю, развальваць або зьнішчаць беларускія вайсковыя адзінкі. А яшчэ была і польская Армія Краёва, што бачыла для сябе небясьпеку ва ўзьнікненьні беларускай збройнай сілы...

На адной з нарад акруговых камандзіраў БКА і намесьнікаў БЦР напрыканцы сакавіка 1944 г. Родзька казаў: «Польская праца безумоўна шкодная, але мы не павінны яе баяцца, бо яна зьнікне, калі мы на ўсе выпадкі польскай актывізацыі будзем супроцьставіць сваю арганізаваную сілу. На гэты час арганізацыя збройнай сілы зьяўляецца самай важнай справай, а з адміністрацыйнымі непаладкамі як-небудзь мы справімся. У справе абмундзіраваньня нам важна не прыгожа выглядаць, як польскія легіёны, а важна мець сілу».

Фактычна, «арганізаваную сілу» беларускія нацыяналісты стварыць не пасьпелі. Вельмі ж мала было ў іх для гэтага часу. Усяго чатыры месяцы!.. Аднак і за гэты час былі створаны й падрыхтаваны асобныя боездольныя вайсковыя адзінкі, якія налічвалі многія тысячы байцоў. Іх і хацеў сьцягнуць Родзька ў Менск напрыканцы чэрвеня 1944 года...

Хоць і са спазьненьнем, але беларускія нацыяналісты плянавалі паўтарыць акцыю бандэраўскай АУН улетку 1941 г. Тады фашысты жорстка расправіліся з украінскімі нацыяналістамі, якія хацелі адбудоўваць незалежную ўкраінскую дзяржаву. За тры гады беларускі нацыяналістычны рух значна пашырыўся, умацаваўся, арганізацыйна аформіўся. Найбольш радыкальная яго частка - Беларуская Незалежніцкая Партыя на чале з Усеваладам Родзькам - і пачала вясной 1944 года падрыхтоўку да паўстаньня. Па сьведчаньню Барыса Рагулі, плян паўстаньня падрыхтаваў Родзька. Аднак вельмі верагодна, што ў яго распрацоўцы браў удзел і Міхал Вітушка. Да часу «Х», а менавіта - адкрыцьця Другога Ўсебеларускага кангрэсу - у Менск павінны былі быць сьцягнуты аддзелы БКА, ачольваныя незалежнікамі, а таксама баёўкі БНП з рэгіёнаў. Праўдападобна, выступіць супраць немцаў павінны былі таксама беларускія паліцыйныя й іншыя аддзелы, што знаходзіліся ў Менску. Плян быў адчайны й вельмі рызыкоўны. Нават у тым выпадку, каб усе задзейнічаныя ў акцыі аддзелы прыбылі ў Менск, сілаў для пасьпяховага паўстаньня было мала. А атрымалася так, што батальён Б.Рагулі да вызначанага часу ў Менск не пасьпяваў (немцы не далі вагонаў), не даехалі да Менску ўсе баёўкі БНП (напрыклад, пастаўская - палякі падарвалі цягнік і група В.Сікоры, пасьля бою, вярнулася ў Паставы). А тут яшчэ пачаўся імклівы наступ савецкіх войскаў - апэрацыя «Баграціён»...

На паседжаньні ЦК БНП плянаванае паўстаньне было адменена. Усевалад Родзька нацэльвае партыю на партызанскае й падпольнае змаганьне з бальшавікамі. Частка сілаў была пакінута на Бацькаўшчыне, іншыя адыйшлі ў Нямеччыну.

Адступленьне многіх беларускіх вайсковых аддзелаў на захад адбывалася хаатычна. Захаваліся сьведчаньні, што ў гэтай сытуацыі Ўсевалад Родзька асабіста сустракаў адыходзячыя групы вайскоўцаў на мосьце праз Нёман у Горадні ды накіроўваў іх далей. Многія трапілі ў Дальвіц (Усходнія Прусы), дзе ў школе абвэра беларускія нацыяналісты праходзілі дывэрсійную падрыхтоўку, каб пасьля вярнуцца на Бацькаўшчыну і змагацца за вольную Беларусь.

Так утварыўся беларускі спэцыяльны дэсантны батальён «Дальвіц». Галоўная заслуга ў яго стварэньні зь беларускага боку належыць Родзьку. Немцы забясьпечвалі беларусаў зброяй, амуніцыяй і самалётамі перакідвалі ў Беларусь. Палітычным кіраўніком быў маёр Ус.Родзька, а камандзірам батальёна - маёр Іван Гелда, сябра БНП, які толькі вызваліўся з беластоцкай турмы гэстапа. Родзька верыў у паўстанцаў на Бацькаўшчыне й хацеў ім даць вайсковае й палітычнае кіраўніцтва. Да пачатку 1945 г. было адпраўлена некалькі вялікіх дэсантных групаў, а таксама асобныя дэсантнікі. Усе яны лічыліся жаўнерамі Беларускага Краёвага Войска (БКВ) і сябрамі Беларускай Вайсковай Арганізацыі (БВА). БВА была ўтворана яшчэ ў 1944 годзе, як адзін з варыянтаў БНП, але толькі ў красавіку 1945-га ў Бэрліне прайшла першая нелегальная канферэнцыя вайскоўцаў БВА. Большасьць яе ўдзельнікаў выказаліся за ўдзел у партызанцы на Бацькаўшчыне. Прысутны на канферэнцыі праваднік СБМ Міхась Ганько пакаяўся ў сваіх памылках ды заявіў, што далучыцца да дэсантаў, як шэраговы партызан...

Адначасова з вайсковай акцыяй, Родзька актыўна займаўся палітычнай дзейнасьцю. У 1944-45 гг. ён актыўна шукае саюзьнікаў у барацьбе супраць бальшавізма. Былі наладжаны кантакты з прадстаўнікамі нацыяналістычных арганізацый прыбалтыйскіх дзяржаў. У Бэрліне Ўс.Родзька сустракаецца з Сьцяпанам Бандэрам і атаманам Тарасам Бульбай-Бараўцом, заключае зь імі пагадненьні аб супольнай барацьбе супраць бальшавікоў. Паўстала пытаньне адносін да акцыі генэрала Ўласава. Родзька лічыў, што з Рускай вызваленчай арміяй Уласава трэба супрацоўнічаць. Напэўна, ён разумеў, што калі «уласаўцы» узьнімуць на этнаграфічнай расейскай тэрыторыі антысавецкі партызанскі рух, то і беларускім партызанам будзе лягчэй змагацца супраць бальшавікоў, бо не ўсе вайсковыя транспарты будуць даходзіць з Расеі ў Беларусь...

12 сьнежня 1944 г. сытуацыю з акцыяй ген. Уласава абмяркоўвала й Беларуская Цэнтральная Рада ў Бэрліне. Усе выступоўцы (Р.Астроўскі, С.Станкевіч, Ф.Кушаль, А.Калубовіч) былі адмоўна настроеныя да пытаньня супрацоўніцтва з Уласавым. Са спазьненьнем на нараду прыехаў з батальёна «Дальвіц» капітан Родзька разам са старшым лейтэнантам Лазарэвічам. Пратакол таго паседжаньня захаваў словы і Родзькі, і ягоных апанентаў:

«Радны кап. Родзька: Мы найбольш зацікаўлены вырашэньнем падзеяў на савецкім фронце. Магчыма, што гэтае вырашэньне наступіць у наступным паўгодзьдзі дарогаю рэвалюцыі ў Чырвонай Арміі і вызвольных рухаў унутры Расеі. Мы павінны падтрымаць матар'яльна, збройнай сілай і маральна - ўсякую сілу, накіраваную супроць бальшавікоў. Самі мы, адны, нічога ня здолеем зрабіць. Мы павінны ісьці з тымі, з кім мы можам зьдзейсьніць нашыя імкненьні і гэта гварантуе нам нашыя дамаганьні. Дзеля гэтага мы павінны зрабіць усё, каб ісьці супольна з гэн. Уласавым... Радны кап. Родзька асьветчыў, што група беларускіх вайскоўцаў, да якой належыць ён і ст. лейт. Лазарэвіч, злажылі ў Галоўнае Кіраўніцтва Вайсковых Спраў БЦР мэмарандум аб неабходнасьці далучэньня да акцыі гэн. Уласава і прачытаў некаторыя аргумэнты з гэтага мэмарандума».

Пасьля гэтага думкі выступоўцаў падзяліліся. Вынік жа дыскусыі падвёў генэрал Езавітаў, які ўважаў, што «усе гутаркі аб далучэньні да акцыі гэн. Уласава зьяўляюцца перадчаснымі» (За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, б. 151-153).

Нягледзячы на ўсе намаганьні Ўсевалад Родзька ня здолеў перакінуць свой батальён у Беларусь. Вясной 1945-га ў немцаў ужо не было лішніх самалётаў... Але ён не губляе аптымізму. Нават пасьля капітуляцыі Нямеччыны й раззбраеньня батальёна «Дальвіц» у Чэхіі мясцовымі партызанамі, Родзька з групай сваіх хлопцаў пешым маршам прабіваецца ў Беларусь. На Беласточчыне яны затрымаліся, тут і адбыўся правал - Родзьку і яшчэ некаторых арыштавалі гэбісты. Выратаваліся нямногія. Некаторыя ўцяклі на Захад, іншыя працягвалі пешы марш на ўсход і ўліліся ў партызанскую армію генэрала Вітушкі.

У Беластоку Родзька жыў пад прозьвішчам Яна Ермаловіча. Яго адразу прывезьлі ў Менск, да міністра дзяржбясьпекі Цанавы. Чэкісты разумелі значнасьць асобы, што трапіла ў іх рукі: віцэ-прэзыдэнт БЦР і намесьнік Астроўскага ў Беларусі, маёр БКА, старшыня ЦК БНП, кіраўнік Беларускай Вайсковай Арганізацыі. А было Родзьку тады толькі 25 гадоў! Зразумела, што дзяржбясьпека кінула ўсе сілы, каб яго зламаць, прымусіць працаваць на іх. Няўдалося. Самых галоўных партыйных таямніцаў Усевалад ня выдаў. Больш таго, ён спрабаваў вырвацца са зьняволеньня й вызваліць сваіх арыштаваных паплечнікаў, арганізаваўшы рызыкоўную гульню з чэкістамі. Нейкі час разглядаўся варыянт дэсанту арыштаваных сябраў БНП на чале з Родзькам у Грэцыю на дапамогу мясцовым камуністычным партызанам або выкарыстаньня іх іншым чынам. Родзька спадзяваўся перахітрыць Цанаву й вырвацца на волю, каб уключыцца ў антыбальшавіцкае змаганьне, што ўжо шырылася ў краіне.

Аднак акупанты ня выпусьцілі яго са сваіх лапаў. У 1946 годзе ён і Іван Гелда былі засуджаныя на кару сьмерцю. І калі пра публічнае павешаньне Гелды ў Беластоку вядома, дык пра Родзьку нічога не было чуваць. Хадзілі толькі розныя чуткі. Напрыклад, пра тое, што ён пасьля быў у сібірскіх канцлягерах...

Аднак паплечнік Усевалада Родзькі Барыс Рагуля ўпэўнены, што яго забілі: «Каб Родзька выжыў, ён знайшоў бы магчымасьць перадаць нам вестку. Ведаючы яго, я магу казаць гэта з упэўненасьцю». Яго павесілі, як і Каліноўскага. І было яму, як і легендарнаму Кастусю, 26 гадоў. Ягонае жыцьцё і дзейнасьць - гэта няспынная барацьба за вызваленьне Беларусі з-пад акупанцкага прыгнёту. Ус.Родзька пражыў мала, але як шмат ён пасьпеў зрабіць!

І сёньня нам невядомае месца магілы вялікага беларускага нацыяналіста Ўсевалада Родзькі. Каты пахавалі яго тайна, як гэта раней рабілася з беларускімі змагарамі-паўстанцамі Міхалам Валовічам, Кастусём Каліноўскім ды іншымі. Баяліся ды й цяпер баяцца, што на прыкладзе й крыві палеглых Беларускіх Герояў будуць вырастаць новыя пакаленьні беларускіх нацыяналістаў, якія будуць працягваць іх справу й усё бліжэй набліжацца да мэты - Беларускай Незалежнай Нацыянальнай Дзяржавы.

 

ДАДАТАК

 

Зьмяшчаем выяўлены ў архіве артыкул Усевалада Родзькі, успаміны пра яго Язэпа Сажыча й невядомага дэсантніка «Дальвіца», а таксама архіўныя дакумэнты. Публіцыстыка Ўсевалада Родзькі ў легальнай віцебскай газэце «Беларуская старонка» падавалася ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі нямецкай цэнзуры. Гэта трэба ўлічваць. Публікацыі Родзькі ў падпольнай прэсе пакуль не выяўлены.

 

Юбілей свабоды

 

9-га ліпеня 1941 года перадавыя нямецкія часьці ўступілі ў Віцебск; бальшавікі сьпешна адступалі, не прабуючы нават арганізаваць паважнейшай абароны. Горад яшчэ два дні дагараў.

Жудасны вобраз тварыла мора агню - гульні стыхійнай ашалеўшай жывёліны ў людзкім муравейніку. У цягу некалькіх дзён зьліквідавалі бальшавікі плады цяжкай працы цэлых пакаленьняў - гэтак тварцы «найсправядлівейшага соцыялізму» цанілі труд чалавека, гэтакую разьвітальную ілюмінацыю наладзілі яны пакіданаму «шчасьліваму» беларускаму народу, каторага, аднак, за цэлы час прыгону не маглі ашчасьлівіць. Адзіным шчасьцем, створаным бальшавізмам, быў яго адыход навекі.

Нямецкі жаўнер пайшоў з фронтам наўперад - цяпер ініцыятыва перайшла ў рукі месных беларусаў. Трэба было пачынаць будаўніцтва новага жыцьця. Ня лёгка тварыць нешта з попелу голымі рукамі, але няўхільнасьць палажэньня прымусіла ініцыятыўных людзей і да гэтага.

Адбудова пачалася. Наладзілася новая адміністрацыя, гаспадарка, культурнае жыцьцё. Горад пачаў здабываць найбольш неабходныя часьці свайго арганізму, творачы ў гэтакі спосаб новыя трывалыя падпоры сваёй часовай інваліднасьці.

22-га ліпеня працавала ўжо Гарадзкая Ўправа, 2-га жніўня выйшаў першы нумар «Віцебскіх ведамасьцяў» - гэта былі два пачатковыя этапы, за імі ішлі новыя й новыя.

Гэтыя факты для нас беларусаў спэцыяльна дарагія, бо гэта-ж адраджалася беларускае жыцьцё - ня нейкі соцыяльны беларусізм, як дзейнік міжнароднага камунізму, але беларускае жыцьцё ў поўнасьці так, як яно існавала перад стагоддзямі. Сваю адвечную гаспадарку, на каторай, на жаль, сотні гадоў мусіў быць парабкам, атрымаў назад беларус пры помачы добрага суседа ўва ўласнае гаспадараньне.

Безумоўна, ня ўсе адразу далучыліся да новага будаўніцтва - цяжка было падабраць да творчай працы агул, даўно адвыкшы праяўляць жыцьцёвую ініцыятыву; але паступова гуртаваўся ўвесь актыў - далучаліся ўсё новыя й новыя сілы й апоры новага жыцьця мацнелі. І беларусаў шмат забылася аб сваёй беларускасьці, аб сваіх гістарычных традыцыях. Часта нават фальшывае зразуменьне правоў прыналежнасьці да свайго народу трымала некага з боку. Праўда, векавая дэнацыяналізацыя зрабіла вялікі ўплыў на душу патомкаў віцебскіх крывічоў. Аднак-жа ў выніку перамагла сьвядомасьць, што хаця й забыўся гутарыць па-беларуску, хаця я мала ведаю аб Беларусі, хаця я ўзгадованы на чужой культуры - то я, аднак. патомак мужоў, стварыўшых гісторыю Беларусі і іх кроў у маіх жылах вяжа мяне зь беларускім народам.

І калі ўвосень мінулага году толькі 70 проц. лічыла сябе беларусамі, дык у красавіку гэтага году ўжо 82 проц. прызнала сваю беларускасьць. Амаль кожны зь іх далажыў цагліну да фундамэнту будучыні.

Год мінуў. З маленькай каморкі, якой была перад годам Гарадзкая Ўправа, разраслася суцэльная ткань вялікага арганізму - гораду, з усімі функцыямі нармальнага жыцьця, разбудовы й росту. Не памаглі ўсялякія варожыя спробы разьбіць гэтае жыцьцё - нямецкі жаўнер стаяў на сьцярэжы спакою, а людзі творчай волі дапаўнялі яго ахвярнасьцяй у працы й небясьпеках. Цяжкія зімовыя дні стойка ператрывала жыхарства зь вераю ў лепшае заўтра пасьля заканчэньня вайны.

І беларускае культурнае жыцьцё пасунулася наўперад, яго асяродак - Беларускі Народны Дом астаўся піянэрам беларускасьці ў Віцебску і даў падваліны пад культурную будучыню гораду, нясучы гэтым самым першыя ластаўкі нашай вялікай гістарычнай традыцыі аж на межы паўночна-ўсходняй Беларусі.

Калі ўгледзімся сёньня ў пэрспэктыву недалёкай будучыні - ўбачым агромістыя магчымасьці разьвіцьця нашага гораду, яго гаспадарчага й у першы чарод культурнага быту. Толькі павінны мы сёньня на парозе новага этапу свайго адроджанага жыцьця шчыра заручыцца, аддаць найлепшыя сілы на аўтар працы для агульнага дабра, для дабра народу й бацькаўшчыны.

Нам іншыя народы падалі руку, як залог супольнага жыцьця. Мы мусім даказаць, што й наша чэсная працоўная рука здолее тварыць, будаваць і бараніць быт сваёй сям'і.

Наступны год мы запоўнім далейшымі дасягненьнямі.

У/севалад/ Р/одзька/

Беларуская старонка (Віцебск, дадатак да газэты «Новый Путь»), № 13, 27 ліпеня 1942.

 

Яшчэ, і больш пра Ўсевалада Родзьку і некаторых ягоных школьных сяброў

 

Вельмі цікавы артыкул у № 6 (54) «Бел. Дайджэст» пра Ўсевалода Родзьку нагадаў, што людзі не забываюцца пісаць пра нашых патрыётаў і змагароў, такіх як У.Родзька, М.Вітушка, Філістовіч ды інш. Як-бы яны патрэбныя былі-б у сучаснай беларускай сытуацыі. Хоць я ня вельмі здольны да пісаньня, але артыкул у «Бел. Дайджэсце» заахвоціў мяне крыху больш напісаць пра характар і дзейнасьць У.Родзькі.

Спаткаўся я і пасябраваў з Усевалодам («Вовай») у пятай клясе ведамай польскай гімназіі ім. Адама Міцкевіча ў Наваградку. Ён сядзеў у другой лаўцы за мною і Ў.Набагезам. Поркаў мяне шпількаю, вучачы «спартанскай» вытрываласьці. «Ну, Юзік - паспрабуй пажаліцца настаўніку, але лепш цярпі», - казаў ён, - таму я яго называў «пароцька». Дружылі мы добра, хоць ён ужо быў больш слаўным у гімназіі і калегаваў з багатымі польскімі вучнямі. Я памагаў яму ў матэматыцы, а ён мне ў польскай мове, якая была для мяне «ахілесавай пятою».

Як успамінае Б.Рагуля: «нялёгка прыходзілася беларускім хлопцам бараніць свае нацыянальныя правы ў польскай гімназіі…» Як прыклад, хачу ўспомніць эпізод у сёмай клясе. З 1936 году палякі пачалі прапагаваць ідэю т.зв. «праваслаўных палякаў». Сярод вучняў распаўсюджвалі брашуркі, дзе пісалі, што нават К.Каліноўскі быў праваслаўным, але добрым польскім патрыётам. У гімназіі вучылі дзьве гадзіны на тыдзень рэлігіі. Асобна католікаў, праваслаўных і габрэяў. Нашым праваслаўным «прафэсарам» быў а. Мікола Гарбацэвіч, які вучыў нас маліцца па славянску, а лекцыі рэлігіі чытаў па расейску.

І вось на пачатку сёмай клясы прыслалі нам маладога сьвятара, украінца а. Скрыпніка, які кончыў тэалёгію ў Варшаве, і загадалі вучыцца рэлігіі па польску. Барыс Рагуля пайшоў на параду да свайго дзядзькі б/ылога/ сэнатара Васіля Рагулі. Ён сказаў Барысу: «добра, што забаранілі вам вучыцца Закону Божага па расейску, але ня маюць права забараніць па беларуску». Барыс назаўтра шапнуў усім праваслаўным вучням, каб не адказвалі сьвятару па польску, а Барыса ўсе слухалі. Неўзабаве да нас на лекцыю рэлігіі прыйшлі візытатары. Сам дырэктар гімназіі Рыбіцкі і выхаваўца нашай клясы праф. Выганоўскі (настаўнік польскай мовы). Родзька па сваёй прывычцы парнуў мяне шпількаю, кажучы: «ты-ж не спалохайся «спартанец» і ня прабуй балтаць па польску».

Пачалі лекцыю малітвай «Цару нябесны» і а. Скрыпнік задае пытаньне па польску пра трэйці Ўсяленскі Сабор і што было пастаноўлена на гэтым Саборы. Выклікаў Б.Рагулю, які на беларускай мове добра адказаў на пытаньне. Далей Янка Гутар таксама добра справіўся з пытаньнем па беларуску. Але калі выклікалі Наташу Мацееўскую, то тая расплакалася і кажа: «прошэн ксендза, я по бялоруску не умем». Айцец кажа: «то по польску ешчэ лепей». Візітатары са злосьцю пакінулі нашу лекцыю. Назаўтра дырэктар Рыбіцкі выклікаў Б.Рагулю ў канцылярыю і заявіў яму: «нам такі элемэнт не пажаданы ў нашай школе, шукай сабе іншае месца, калі хочаш далей вучыцца». Гэта выклікала вялікую шуміху ў гімназіі. Быў скліканы спэцыяльны сход «бацькаўскага камітэту», якога старшынёю быў дэнтыст Левін, габрэй. Б.Рагулю абаранілі.

Здаўшы матуры ў 1938 годзе некаторых нашых хлопцаў змабілізавалі ў польскае войска ў школы падхаронжых (афіцэрская школа). Б.Рагуля і Ў.Родзька трапілі ў Замброў, Я.Сажыч і Ў.Набагез пад Торунь. У верасьні 1939 г. усе апынуліся на фроньце, а пазьней у нямецкім палоне. У.Родзька быў паранены і нейкім чынам апынуўся ў Варшаве. Я.Сажыч, таксама паранены, уцёк са шпіталя палонных у Лодзі і вярнуўся дамоў. Б.Рагуля з палону вярнуўся ў Любчу, дзе яго неўзабаве бальшавікі арыштавалі, прыпісваючы нямецкае шпіёнства. У жывых застаўся ён проста цудам. Я. Сажыч заўчасу выязджае ў Львоў і паступае вучыцца на Ўнівэрсытэт. У.Набагез астаўся ў палоне праз усю вайну.

У часе ваенных падзеяў, я спаткаўся з У.Родзькам у Наваградку ў 1943 годзе, калі ён прыехаў сюды з Віцебску. Гэта быў ужо ня той шутлівы калега са школьных часоў, быў ён паважным мужчынам, жанатым і бацькам дачкі. Быў ён вельмі актыўным ва ўсіх беларускіх нацыянальных арганізацыях, уключна з падпольнай партыяй БНП, да якой я ўжо належаў, завярбованы Б.Рагулям і Саковічам. Аказалася, што Ў.Родзька быў кіраўніком гэтай партыі пад псэўданімам «Воўк», пасьля сьмерці а. Гадлеўскага. Цяпер нашыя асабістыя адносіны сталіся іншымі, бо я адчуў ягоную ўладу і кіраўніцтва, і быў гатоў выконваць ягоныя загады.

Калі я кончыў вышкаленьне ротаў беларускага чыгуначнага батальёну ў Лідзе, Маладэчна, Стоўпцах і нарэшце ў Баранавічах (немцы перасталі даваць зброю), дык тут я асеў настала, як камандзер-лучнік паміж аддзеламі беларускіх чыгуначнікаў, раскіданых па ўсіх станцыях Заходняй Беларусі. На ўсходзе ў Менску быў другі такі камандзер - Дзімітры Чайкоўскі, добры мой калега яшчэ з афіцэрскіх курсаў БСА ў Менску. Цяпер я меў больш вольнага часу і мог заўсёды куды хацеў езьдзіць цягнікамі. Амаль кожную суботу езьдзіў у Менск, каб паглядзець беларускую опэру (лічу сябе энтузыястам). Часта заходзіў пераначаваць у т.зв. «беларускі кавалерскі калгас», дзе жылі Шукайлойць, Кароль, Галяк ды інш. Яны заўсёды прымалі мяне ветліва. Спаткаўшыся са мною, У.Родзька сказаў: «Юзік, ты больш гультаіць ня будзеш, ёсьць шмат розных абавязкаў і працы». Загадаў мне пераехаць у Менск і абняць камандаваньне школы кіраўнікоў СБМ, якую ён адкрыў і быў у ёй галоўным выкладчыкам. Маім заданьнем было трымаць парадак і вучыць вайсковай муштры. Быў сярод тых вучняў і малады Мікола Г., які, спаткаўшы мяне неяк у Канадзе, сказаў: «гэта ты той, што ганяў і муштраваў нас бязлітасна ў Менску, але мы цябе любілі і шанавалі». Прыпамінаю таксама аднаго юнака, Чобчыца, які меў прыгожы голас-тэнар, і я яго падахвочваў вучыцца сьпяваць і вырабляць голас.

У 1944 годзе падрыхтоўваўся «Другі Ўсебеларускі Кангрэс». У.Родзька тады быў ужо сябрам Беларускае Цэнтральнае Рады, як прадстаўнік моладзі. Ён мне паведаміў, што я мушу са сваімі падафіцэрамі, добра ўзброенымі, быць часткай аховы гэтага Кангрэсу. Ён патлумачыў, што Кангрэс мае выносіць радыкальныя пастановы, уключна з агалошаньнем Незалежнасьці Беларусі. Калі-б немцы захацелі разагнаць гэты Кангрэс і арыштаваць дэлегатаў, дык мы павінны былі збройна бараніць дэлегатаў. Мне паручылі пільнаваць балькон на другім паверсе, адкуль я меў нагоду прыслухоўвацца да прамоваў і дыскусыяў Кангрэсу. Кончылася ўсё спакойна і хутка ўсе пачалі эвакуавацца з Менску. Я вярнуўся ў Баранавічы, адкуль з дзьвюма сотнямі чыгуначнікаў ад'ехаў апошнім цягніком з Цэнтральнае станцыі на захад. Заехалі мы ў Сарбрыкэн ля францускай граніцы, дзе нас разброілі і заставілі працаваць пры направе чыгункі.

Ужо тут дасягнулі нас бюлетэні БНП, у якіх кіраўнік партыі Воўк (Родзька) загадваў мне трымаць кантакт з усімі сябрамі і пры добрай нагодзе перайсьці да францускіх паўстанцаў… Аднак да гэтага не дайшло. Да мяне наведаўся Б.Рагуля з важнымі паперамі і забраў мяне ў Бэрлін. Там функцыянавала Бел. Цэнтральная Рада на чале з Р.Астроўскім, К.Езавітавым, Ю.Сабалеўскім, У.Родзькам і іншымі. Тут запрапанавалі мне быць адным з камандзераў дэсантнага батальёну ў Дальвіцы. Аднак, паехаўшы туды, дзе спаткалі мяне з энтузыязмам быўшыя вучні падафіцэрскай школы БСА ў Наваградку ды некаторыя з чыгуначнага батальёну, я пераканаўся, што гэтая група ўжо добра вышкаленая і гатовая да адлёту.

К.Вітушка мяне пацешыў і сказаў, што мне трэба заставацца на захадзе. Перад адлётам, спаткаўшыся з Вітушкам у Бэрліне, ён мяне абняў на разьвітаньне і сказаў: «Маліся і жадай мне шчасьця». Не мог я паўстрымацца ад сьлёзаў, ведаючы, што гэтыя хлапцы ішлі на сьмерць, каб жыла Бацькаўшчына.

У міжчасе ў Бэрліне мяне паклікаў некалькі разоў у сваю канцылярыю генэрал К.Езавітаў, якому я мусіў здаваць рапарт, дзе я бываў, колькі людзей меў пад сваёю камандай і г.д. Ён усё дакладна запісваў, у гэтым часе паведамілі мне, што мяне шукае Ў.Родзька. Я адшукаў яго ў нейкім рэстаране ў падвале, дзе ён вёў тайную нараду з нейкімі ўкраінцамі і палякамі. Выйшаўшы з гэтай канфэрэнцыі, У.Родзька прывітаўся са мною сардэчна і сказаў: «Здароў, Юзік, як маешся і як пачуваешся? Маю для цябе важнае заданьне. Мусіш скантактавацца з Д. Касмовічам і разам перабрацца ў Швайцарыю, як ягоны вайсковы аташэ. Там вам трэба дабрацца да аліянцкіх амбасадараў і рэпрэзэнтаваць беларускую справу ад БНП, бо-ж без дапамогі звонку ніякае змаганьне ці паўстаньне ня ўдасца». У.Родзька перадаў мне пачку з паперамі, у якой было таксама 5 тысяч нямецкіх марак на расходы.

З Дзім.Касмовічам мы даехалі да места Зінгэн у Альпах. Затрымаліся ў назначаным гатэлі, дзе Д. Касмовіч ніяк не мог заснуць, прадчуваючы нядобрую сытуацыю. З намі меў скантактавацца нейкі спадар Шантыр, які меў перавесьці нас праз гарыстую граніцу. Але дзесьці каля чацьвёртае гадзіны раньня чуем стук у дзьверы і нейкая жанчына, гаворачы па польску, сказала нам, каб мы ўцякалі з гатэлю, бо нямецкае СД на нашых сьлядох і плянуе нас арыштаваць. Відаць быў нейкі данос… На гэтым скончылася мая пасольская місія. Больш не спатыкаўся з Родзькам ані з Касмовічам.

Па рэкамендацыі Б.Рагулі і ген. Езавітава мяне назначылі камандзерам афіцэрскай школы пры новаарганізаванай дывізіі ў Баварыі…

Маё супрацоўніцтва з Усевалодам Родзькам можа зацікавіць некаторых чытачоў, а для маладых нашых гісторыкаў магчыма прыдасца гэты матэрыял…

Падсумоўваючы, хачу зазначыць, як і Сяргей Ёрш, што проста не вытлумачальна, адкуль узялася нацыянальная беларуская арганізованасьць у часе Другое Сусьветнай вайны. Беларусы амаль не належалі да ніякіх палітычных арганізацыяў перад вайною… Самі сабою хлопцы выхоўваліся і гартаваліся нацыянальна і патрыятычна. Асабіста я меў шчасьце выхоўвацца ў гэтым сэньсе, маючы двух сяброў, вельмі здольных лідэраў, - Б.Рагулю і Ў.Родзьку, з якіх я часта ня ведаў, каго больш шанаваць ці слухаць. У.Родзьку я ўважаў як больш ідэялога-рамантыка і беларускага патрыёта, вельмі здольнага арганізатара-падпольшчыка. Б.Рагуля, з якім я больш бытаваў разам, быў больш практычным палітыкам, маючы палітычнае выхаваньне яшчэ з юнацтва ад свайго дзядзькі сэнатара Васіля Рагулі. Б.Рагуля да таго меў уроджаную здольнасьць і «карызму» да арганізаванага кіраваньня… Не магу не пахваліцца, што ў беларускім адраджэньні ў часе вайны мусіць найбольшую ролю адыграла Наваградчына ў справе вайсковай, адміністрацыйнай, адукацыйнай і культурнай. Нашыя лідэры пераважна выводзіліся з былых настаўнікаў і вучняў калішняй Беларускай гімназіі ў Наваградку.

Юзік С/ажыч/

Беларускі Дайджэст, № 8 (56), верасень 1998 г.

 

Пра Ўсевалада Родзьку

 

Прачытаўшы ў «Беларускім Дайджэсьце» артыкул Сяргея Ёрша пра Ўсевалада Родзьку, пачуў душою, што я павінен напісаць аб ім больш падрабязна. Я быў разам зь ім пачынаючы з «Дальвіца» (Усходняя Прусія) да астатніх дзён. Зімою 1945-га я прылучыўся да дэсантнай часьці, дзе бліжэй пазнаёміўся з У.Родзькам. У гэты час савецкія танкі гналі немцаў на Захад, пачыналася адступленьне фронту.

Каля Шчэціна нашая часьць была адрэзаная савецкімі войскамі. Мы павінны былі прабрацца празь Сьвінэміндэ на пантонных лодках на нямецкі бок. Там па дарозе нашая дэсантная група сустракала многа беларусаў, якія былі вывезеныя ў Нямеччыну на працу. Яны з ахвотай далучаліся да нас. Мы стараліся сабраць чым больш беларусаў, каб пасьля разам перайсьці мяжу альбо спусьціцца на самалётах у Беларусь і працягваць барацьбу на сваёй роднай зямлі.

Усевалад Родзька быў галоўным камандзірам нашай дэсантнай групы. Ён быў таленавітым і адукаваным чалавекам, добрым афіцэрам-жаўнерам і добрым дыпляматам. Ён меў сваю палітыку й меў мэту: весьці барацьбу, пры ўсякіх умовах, - за незалежную, дэмакратычную Беларусь. Ён таксама не прызнаваў ніякай дыктатарскай улады. Усевалад не хацеў падпарадкавацца немцам, нават не хацеў насіць нямецкіх адзнакаў. Зразумела, немцам гэта вельмі не падабалася й яны ўжо мелі яго «на лісьце» /у чорным сьпісе/. Калі-б вайна прадоўжылася, Родзька быў-бы расстраляны немцамі. (Такія, як ён загінулі ў канцлягеры Дахаў, як, напрыклад, маёр Мікула).

У той час аслабленая нямецкая армія патрабавала дапамогі. Наш батальён немцы хацелі паслаць на перадавую лінію, але Ў. Родзька, якімсьці спосабам выйшаў з гэтага становішча. Гэтым самым ён выратаваў жыцьцё многіх бларусаў, таму што перад канцом вайны фронт зьяўляўся сьмерцю.

У канцы сакавіка 1945 году наш парашутны батальён злучыўся з украінскім парашутным батальёнам. Украінцы прынялі нас як братоў (яны былі лепш арганізаваныя й баёва падрыхтаваныя, чым мы). У.Родзька навёў добрую сувязь зь імі й заплянаваў разам перайсьці фронт і ісьці разам зь імі на Ўкраіну, а там - у Беларусь.

У гэты час да нас дайшла вестка, што вайна збліжаецца да канца. Мы апынуліся ў цяжкім становішчы. У траўні 1945 году наш батальён папаў зноў у акружэньне разам з украінцамі, літоўцамі й латышамі. Нямецкія танкі прарвалі кальцо, і мы былі вызваленыя. Тыя, што змаглі перайсьці ў той час на Захад, засталіся шчасьлівейшымі, чым тыя, што засталіся пад савецкай акупацыяй.

У час капітуляцыі мы з Родзькам знаходзіліся ў Чэхіі, у горадзе Габланс. З усіх бакоў была паніка, немцы ішлі ў палон (але гэта было ўсё арганізавана з нямецкай стараны). Мы ня кінулі зброю. Наш батальён разам з украінцамі пайшоў у лес, дзе савецкія самалёты заўважылі нас і пачалі кідаць бомбы, але, на шчасьце, ніхто ня быў забіты. Пасьля гэтай бамбёжкі мы рашылі разьбіцца на малыя групы (па 30-35 чалавек) і перабірацца далей на Захад. Мы пераадзеліся ў цывільную вопратку й разышліся. Родзька забраў мяне й абодвых маіх сяброў-землякоў у сваю групу.

Нашая група мела невялікі запас амуніцыі й ежы. На некаторы час мы засталіся ў чэскім лесе як «лясныя партызаны». Стараліся прабірацца на Захад, але дазналіся, што ўся чэская мяжа застаўлена саветчыкамі й пераход зрабіць ніяк немагчыма. Скончылася ежа. Да таго яшчэ, празь дзён пяць, чэская камуністычная партызанка «зацікавілася» намі й зрабіла адлаву, але яны нас не змаглі знайсьці.

Пасьля гэтага мы зноў прадаўжалі паход і так дайшлі да вялікага маёнтка. У той час чэхі патрабавалі работнікаў і мы мелі шчасьце спыніцца там на некалькі дзён. Чэхі далі нам працу й месца выспацца.

З Чэхіі мы паехалі ў Польшчу, каб перабрацца ў Белавежскую пушчу. У той час цягнікі былі перапоўненыя людзьмі. Нам заставалася толькі адна магчымасьць - ехаць на даху. Наша група апынулася ў цяжкім становішчы: бяз грошай, бязь ежы, бязь месца для адпачынку, але мы даехалі да польскай мяжы (бо цягнік далей ня ішоў), перайшлі яе й накіраваліся ўжо на польскім цягніку ў Кракаў. Там мы затрымаліся на некалькі дзён. Родзька й я пайшлі ў Ягелонскі Ўнівэрсытэт, дзе ён меў знаёмага прафэсара. Усевалад хацеў спаткацца зь ім (нам трэба было навесьці сувязь з амэрыканцамі й англічанамі), але абдумаўся.

Уночы нашая група падалася з Кракава на Варшаву. Польская сталіца была ў страшным становішчы: усё было разбуранае й спаленае. Мы перайшлі Віслу й выйшлі на Віленскую станцыю. Там нас захапіла ноч і мы засталіся начаваць пад пэронам. Раніцай я прачнуўся й убачыў вельмі худога хлопца ў кароткіх нагавіцах. Прыгледзеўся больш і пазнаў - Юрка Сянькоўскі (у той час яму было толькі 19 гадоў). Убачыўшы нас ён вельмі ўзрадаваўся й далучыўся да нашай групы.

Зь Віленскай станцыі мы паехалі ў Беласток. Браты Луцкевічы мелі ад Родзькі заданьне: па-першае, застацца ў Варшаве й навязаць сувязь з амэрыканцамі праз польскую партызанку (якая ў тым часе была вельмі актыўнай); па-другое, здабыць зброю. Па дарозе з Варшавы ў Беласток Усевалад пазнаёміўся з маладой жанчынай, якая, па яе словах, прыехала з Латвіі, але жыла ў Беластоку.

У Беластоку мы затрымаліся ў пункце, дзе было многа людзей, якія ехалі зь Нямеччыны. Мы падаваліся, што мы з-за Буга й як «палякі» хочам застацца ў Польшчы. Нам далі працу па розных вёсках, блізка Беластоку. Я застаўся разам з Родзькам. Ва Ўсходняй Польшчы дзейнічала моцнае партызанскае падпольле. Зразумела, мы мелі магчымасьць перайсьці да партызанаў, але наш плян быў перайсьці ў Беларусь і змагацца разам зь Вітушкам на сваёй зямлі. У той час Родзька падтрымліваў сувязь з братамі Луцкевічамі й чакаў падтрымкі.

Вайна зь Японіяй яшчэ ня скончылася. Пачалася барацьба савецкай арміі з польскімі партызанамі ў Белавескай пушчы. Памятаю, як я й Ўсевалад пайшлі на верхавіну гары й бачылі, як савецкія самалёты бамбілі партызанаў у лесе.

Родзька часта хадзіў да той маладой жанчыны, зь якой пазнаёміўся па дарозе ў Беласток. Па яго словах, ён хацеў празь яе навесьці сувязь з польскай партызанкай.

У гэтым часе закончылася вайна зь Японіяй. Усевалад стаў больш задуманым. Аднаго вечара ён кажа нам: «Пайду зноў да гэтай жанчыны, можа яна нешта дапаможа нам». Гэта быў астатні вечар, калі я яго бачыў. Ён не вярнуўся.

Раніцай другога дня я пабег да тае жанчыны. Яна сказала мне, што Ўсевалада ў яе не было. Паміж намі пачалася паніка. Кожны думаў па-рознаму: ці Родзьку арыштавалі, ці ён пакінуў нас… Але нешта цёмнае адбылося зь ім. Мы ўсёж-такі не пакідалі надзеі, што ён вернецца.

Праз тры дні прыехаў да нас Красакевіч (ён раней быў у нашай часьці) і сказаў, што спаткаўся ў Варшаве з братамі Луцкевічамі й яны далі яму наш адрас, каб далучаўся да нас.

Чамусьці зь першага погляду ён стаўся мне падазроным. Па-першае, быў добра апрануты, зь ежай (кансэрвамі), калі мы нічога ня мелі; па-другое, ён часьценька выбягаў у горад «па газэтку» (ня ведаючы польскай мовы). Гэтым я быў вельмі зьдзіўлены. Праз тры дні прыехаў да нас Лявон Луцкевіч, забраў рэчы Родзькі й, не сказаў ніводнага слова, паехаў.

Пасьля ўсяго гэтага я зразумеў, што нешта здарылася з Усеваладам і нам небясьпечна заставацца ў гэтым месцы. Я рашыў, што трэба ўцякаць нам адтуль, і сказаў аб гэтым хлопцам. Юрка Сянькоўскі й яшчэ адзін чалавек са Стоўпцаў - ён дэзэртаваў з савецкай арміі й прылучыўся да нас у Беластоку - згадзіліся ехаць разам. У той-жа вечар мы й паехалі.

Летам 1995 году я сустрэўся са сваім сябрам-земляком з вайны (ён быў разам з намі й з Родзькам у Беластоку). Ён расказаў мне, што ноччу ўсіх нашых хлопцаў арыштавала савецкае НКВД. Пасьля яны дазналіся, што Кракасэвіч (ён быў з-пад Слуцка) здрадзіў іх. У Горадні адбыўся суд, дзе мой сябра з другімі, калі выходзілі з залі суда, бачылі, як туды ўводзілі Родзьку. Яго суд адбываўся асобна ад другіх, ніхто з нашых ня бачыў яго ні ў судзе, ні ў турме.

Усе хлопцы з нашай групы, хто застаўся ў жывых (можа, толькі пяць чалавек), адсядзелі па 11 гадоў у Сібіры. Паводле расказу майго сябра, яны трапілі ў лягер сьмерці, дзе з 3500 чалавек (там былі беларусы, літоўцы, латышы й эстонцы) засталіся ў жывых толькі 350 чалавек! І то толькі таму, што пасьля сьмерці Сталіна іх вывезьлі працаваць у шахты.

На просьбу аўтара ліста, ягонае прозьвішча не падаецца.

Беларус (Нью-Ёрк), № 458, кастрычнік-лістапад 1998 г.

 

Дакумэнты з архіва Галоўнага Кіраўніцтва Вайсковых Спраў Беларускай Цэнтральнай Рады.

Друкуюцца ўпершыню.

 

«Афіцэры

Спэц. Батальёну

«Дальвіц»

м. п. 9-га сьнежня 1944 г.

.........5.........

 

У

Вайсковы Аддзел

Беларускай Цэнтральнай Рады

Б э р л і н

 

......на: Тварэньне беларускіх вайсковых аддзелаў.

 

На афіцэрскім сходзе батальёну дня 9.12.1944. абгаварвалася справа тварэньня ў шырэйшых памерах беларускае збройнае сілы і выкарыстаньня сучаснага палітычнага палажэньня дзеля як найхутчэйшага арганізаваньня вайсковых адзінак на эміграцыі ў Нямеччыне.

Пры абгаварэньні сьцьверджана наступнае палажэньне:

1. Мэтаю імкненьняў усяго беларускага народу і ўсіх яго небальшавіцкіх палітычных кірункаў зьяўляецца здабыцьцё сувэрэннай дзяржаўнасьці для Беларусі. На дарозе да рэалізацыі гэтага стаіць сёньня варожы бальшавізм.

2. Дзейнікам, які зможа гэтую мэту асягнуць, зьяўляюцца моцныя нацыянальныя беларускія вайсковыя аддзелы ў краі і на эміграцыі.

3. Збройны падпольны рух у краі пачаты. Беларускі народ па меры магчымасьці імкнецца ліквідаваць стан варожай акупацыі, аднак неабходнай зьяўляецца падтрымка з замежжа.

4. Усе намаганьні беларускіх кіруючых дзейнікаў у Нямеччыне ў напрамку злучэньня існуючых беларускіх вайсковых адзінак і стварэньня новых не далі да гэтае пары пазытыўных рэзультатаў.

5. Сучасны палітычны ўклад заінтэрасаваных сілаў не дае надзеі здабыць беларускім кіруючым дзейнікам рэальных магчымасьцяў тварэньня гэтае сілы бяз пэўнага паразуменьня з іншымі заінтэрасаванымі бакамі.

6. У барацьбе з бальшавізмам да гэтае пары беларусы мелі паразуменьне і саюз толькі з Нямеччынай.

7. У вапошні час у перадавую лінію антыбальшавіцкага фронту высунулася новая вайсковая і палітычная сіла, якою зьяўляецца рух пад кіраўніцтвам генэрала Власава, які перайшоў пасьля кангрэсу ў Празе ў форму «Камітэту Вызваленьня Народаў Расеі».

8. Цьвярозае вядзеньне палітыкі вымагае супрацоўніцтва аднолькава заінтэрасаваных і выкарыстаньня кажнай магчымасьці павялічыць сваю ўласную сілу.

9. У аддзелах падпарадкаваных ген. Власаву знаходзіцца вялікі працэнт беларусаў, апошнія атрыманыя ім паўнамоцтвы дазваляюць праводзіць далейшы набор, уключаючы ў гэта і беларусаў.

10. Зьяўляецца неабходным гэтых беларусаў злучыць у асобныя беларускія нацыянальныя фармацыі.

11. З другога боку нашым абавязкам зьяўляецца падтрымаць і далучыцца да агульнага новастворанага антыбальшавіцкага фронту.

12. Гэта магчыма аднак толькі калі мы ў гэты фронт увойдзем як роўнапраўны партнёр.

13. Уваходзячы ў супрацоўніцтва з ген. Власавым мы здабываем магчымасьць тварыць беларускія вайсковыя аддзелы на эміграцыі і гэтым самым даць шырэйшую дапамогу вызвольнаму змаганьню ў краі.

 

Як выснаў з вышэйсказанага прапануем наступнае:

1. Вайсковы Аддзел БЦР навязвае лучнасьць з рухам генэрала Власава і дамагаецца наступнага:

а. увесьці ў склад Камітэту Вызваленьня Народаў Расеі адпаведную колькасьць пададзеных прадстаўнікоў ад беларусаў,

б. увесьці ўва ўсе аддзелы і арганізацыі, падпарадкаваныя Камітэту Вызваленьня Народаў Расеі (як Цывільнае Кіраўніцтва, Чырвоны Крыж і г.д.) беларускіх прадстаўнікоў,

в. увесьці ў вайсковы штаб ген. Власава беларускіх афіцэраў.

г. стварыць у межах вызвольнае арміі самастойныя беларускія фармацыі пад камандаваньнем беларускіх афіцэраў і пад палітычным кіраўніцтвам адпаведных беларускіх дзейнікаў. Апэратыўна гэтыя фармацыі падпарадкуюцца штабу ген. Власава.

2. Вайсковы Аддзел БЦР навязвае лучнасьць з беларускімі афіцэрамі, якія ўжо ўваходзяць у склад арміі ген. Власава.

3. Пасьля дагаворанасьці з ген. Власавым Вайсковы Аддзел БЦР вызначае беларускіх прадстаўнікоў, якія ўвойдуць у Камітэт Вызваленьня Народаў Расеі, у яго аддзелы і ў штаб ген. Власава; адначасова Вайсковы Аддзел дае адпаведны загад беларускай эміграцыі.

Мы просім Вайсковы Аддзел БЦР даць адказ на вышэйпададзеную прапанову нашаму дэлегаванаму прадстаўніку ў працягу трох дзён ад дня яе даручэньня.

Калі Вайсковы Аддзел БЦР мае іншыя непасрэдныя рэальныя магчымасьці тварэньня ў працягу найбліжэйшых тыдняў беларускіх вайсковых фармацыяў у шырэйшым памеры, просім аб іх нас паведаміць.

У выпадку, калі мы пасьля тэрміну не атрымаем адказу, або калі нэгуючы нашую прапанову Вайсковы Аддзел дасьць недастатковыя ўласныя меркаваньні адносна магчымасьцяў тварэньня збройнай сілы - мы будзем змушаны дзеля ратаваньня нашага вайсковага палажэньня на эміграцыі рабіць безпасрэдня адпаведныя захады.

 

Афіцэры Бел. Спэц. Батальёну:

1. -- (капітан Гелда)

2. -- (капітан Родзька)

3. -- (надлейтэнант Лазарэвіч)

4. -- (надлейтэнант Рудак)

5. -- (лейтэнант Будахоўскі)

6. -- (лейтэнант Іўчэнка)

7. -- (лейтэнант Луцкевіч)

8. -- (лейтэнант Зуй)

9. -- (лейтэнант Рулінскі)

10. -- (сьцяжны Валасэвіч)

11. -- (сьцяжны Мазура)»

НАРБ, ф. 383, в. 1, спр. 6, арк. 3-4. Аўтэнт., маш.

На першым аркушы зьверху два надпіса ад рукі: «У тайныя справы «Вайск. Камісіі» і 15.XII.1944 Т. Вайсковая Камісія разгледзіць і дасць адказ. К.Ез.».

 

«Да

Сп. Афіцэраў Бел. Спэц. Батальёну

«Дальвіц»

 

У адказ на Вашае пісьмо ад 9.XII.44 г. № 5 Вайсковы Аддзел выясьняе наступнае:

Стварэньне беларускае збройнае сілы ў Нямеччыне ёсьць адным з найгалаўнейшых заданьняў БЦР. У гэтай справе БЦР і ў асобнасьці Вайсковы Аддзел зрабілі і робяць усе магчымыя захады перад нямецкімі ўладамі. Гэтымі днямі мы атрымалі афіцыйнае паведамленьне з боку нямецкіх уладаў ад іх, што пытаньне аб фармаваньні Беларускага Легіёну вырашана канчальна. Мае быць сформаванай беларуская дывізіяпры СС. Падробязьнейшых дадзеных з зразумелых прычынаў ня можам падаць.

Гэткім чынам адпала-б бальшыня Вашых пытаньняў і жаданьняў, бо яны падыктаваныя зусім зразумелым для кажнага беларуса імкненьнем да стварэньня собскае збройнае сілы. Але нават тварэньне собскае дывізіі не выключае таго, каб мы, беларусы, не заапякаваліся тымі беларусамі, якія з розных прычынаў апынуліся, ці могуць апынуцца ў чужых вайсковых фармацыях. Толькі гэтага нельга рабіць у тэй форме, якую прапануеце Вы. Ёсьць іншы шлях, які мы можам выкарыстаць. Аб гэтым падрабязьней скажа Вам сп. кап. Родзька.

Адносна Вашых пытаньняў агульна-палітычнага характару, як паразуменьне з Уласавым, і далучэньне да творанага ім «агульнага» антыбальшавіцкага фронту, - дык можам Вас запэўніць, што БЦР усебакова абмэркавала гэтае пытаньне, перш чымся заняць адносна яго азначанага становішча. БЦР зусім ня супроць аб'яднаньня ўсіх сілаў г.зв. усходніх народаў дзеля супольнае барацьбы з агульным ворагам - бальшавізмам, але, як Вы зусім правільна падчыркваеце, гэтае аб'яднаньне павінна адбыцца на прынцыпе роўных з роўнымі. Нэгатыўная пазыцыя БЦР да Ўласава тлумачыцца аднак тым, што якраз ген. Уласаў гэтага ня хоча. Зь яго боку нам ведама, пакуль што, толькі адно дамаганьне - поўнае падпорадкаваньне, зьвязанае нават з ліквідацыяй усіх арганізацыяў асобных нацыянальнасьцяў. Беларусаў у ягоным Камітэце маюць прадстаўляць вызначаныя ім «прадстаўнікі», (якія ўжо ёсьць у Камітэце), а ўвесь ягоны «вызвольны рух» павінен адбывацца выключна пад расейскім сьцягам. На гэта БЦР пайсьці ня можа. Не пайшлі на гэтае і прадстаўнікі іншых, паняволеных Расеяй, народаў, якія стварылі, запраўды, аб'яднаны Камітэт, дзе не стае толькі расейцаў.

У сувязі з гэтым і бяручы пад увагу, што ўва ўсей гэтай справе гутаркі зь нямецкімі ўладамі незакончаныя, вельмі непажаданымі зьяўляюцца асобныя выступленьні адзінак, ці групаў, хоць бы і з найлепшых пабудоў, але якія ламаюць агульную лінію. Кажны палітычны крок ёсьць толькі тады апраўданы, калі дае якуюсь рэальную карысьць. Пакуль што гэтай карысьці з акцыі ген. Уласава мы, беларусы, для нашага народу ня бачым. Застаецца толькі чыста прапагандовы бок гэтай акцыі. Прапаганда, зразумела таксама, мае сваё значэньне, але і да яе мы можам далучыцца толькі пад умовай, калі яна ня будзе ведзена нашым коштам, і ня будзе накіравана супроць незалежнасьці Беларусі.

Жыве Беларусь!»

НАРБ, ф. 383, в. 1, спр. 6, арк. 5-5 адв. Аўтэнт., рук. К.Езавітава, непадпісаны і недатаваны.




Крыніца: Сяргей Ёрш. Усевалад Родзька. Правадыр беларускіх нацыяналістаў. Менск, «Голас Краю», 2001.

Беларуская Палічка: http://knihi.com