epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Чарнакніжнік

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
  З’ява першая
  З’ява другая
  З'ява трэцяя
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
  З’ява чацвёртая
  З'ява пятая
  З'ява шостая


 

 

АСОБЫ

 

Агапка, дзяўчына-сірата.

Стась, малады палясоўшчык.

Парамон, певень.

Варгін, кот.

Люцыпар, цмок.

Чарнакніжнік.

 

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

 

З’ява першая

Сонечным ранкам на падворку перад хатай у Агапкі. Цішыню абуджае крык пеўня: «Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку!» Услед за крыкам на даху паказваецца і сам певень Парамон — чорны як смоль, ніводнага белага ці чырвонага пёрка. Адначасова на падворку з’яўляецца кот Варгін, увесь белы, як першы зімовы снег.

Парамон. Ку-ка-рэ-ку! Добрае раніцы, сонейка! Ты сён­ня такое яркае, а неба такое чыстае, што я абавязкова палячу! Няхай нарэшце гэта здарыцца! (Адважна кідаецца з даху, бяз­ладна махаючы крыламі, і апускаецца на падворак.) Зноў не выйшла! Чаму я такі нешчаслівы? Усе птушкі лётаюць, а я — не.

Варгін. Бо праўду кажуць: певень — не птушка.

Парамон (заўважыўшы Варгіна). А ты што за птушка? Адкуль узяўся на нашым двары?

Варгін. Я — кот Варгін. Уцёк ад свайго гаспадара Чарнакніжніка. Хачу пажыць у здаровым сялянскім асяроддзі. (Мыецца.) Харчавацца натуральнымі вясковымі прадуктамі: малаком, смятанкай, кілбаскай.

Парамон. Добры кот ад гаспадара не ўцячэ. Пэўна ж, ты пацягаў у свайго гаспадара ўсю смятану ды кілбасы, дык ён цябе і выгнаў. Ідзі прэч, маёй гаспадыні не патрэбен кот-злодзей!

Варгін. Не ўцякаюць ад добрых гаспадароў, а мой — злы чараўнік. Карміў мяне жабамі, яшчаркамі, кажанамі. Прымушаў чыніць нядобрыя рэчы.

Парамон. Цьфу, нечысць!

Варгін. Колькі разоў ад яго ўцякаў, а ён мяне з-пад зямлі знаходзіў. Мае чароўную кнігу, гад. А твая гаспадыня — не чараўніца?

Парамон. Не, мая гаспадыня — Агапка. Добрая, пра­цавітая дзяўчына.

Варгін. Шкада.

Парамон. Чаму?

Варгін. Бо гаспадар мяне ўсё роўна знойдзе. Вось каб я трапіў да іншага чараўніка, больш магутнага,— ён бы мяне абараніў.

Парамон. Не бойся, Варгін. Мая гаспадыня хоць і не чараўніца, а цябе ад каго хочаш абароніць. Калі што — пакліча на дапамогу свайго жаніха, лесніка Стася. У яго сапраўдная стрэльба ёсць.

Варгін. Майму гаспадару ніякая стрэльба не страшная. Бывае, перакінецца ў ваўка, збегае ў вёску, схопіць якое няшчаснае дзіцё — і ніводная куля яго не бярэ. Хоць ты з гарматы па ім бі.

Парамон. Во, мярзотнік! Бедны каток, нацярпеўся ты ў сваім жыцці.

Варгін (па-філасофску). І не кажы. А колькі яшчэ цяр­пець?

Парамон. Няхай толькі твой Чарнакніжнік з’явіцца на нашым двары! Папомніць ён пеўня Парамона!

Варгін. Ты што, не ўспамінай яго, бо ён адразу будзе тут! (Спалохана.) Мяў!

Пасярод двара з’яўляецца Чарнакніжнік.

Чарнакніжнік (да Варгіна). Варгін! Ты зноў уцёк?! Давядзецца цябе пакараць. (Хапае ката.) Ператвару цябе ў белую мыш.

Варгін (вырываецца). Толькі не ў мыш!

Парамон. Ану, адпусці ката, нягоднік! Зараз як выйдзе гаспадыня, дасць табе дубца! (Наскоквае на Чарнакніжніка, спрабуе яго дзеўбануць.)

Чарнакніжнік (заўважыўшы Парамона). Чорны певень! (Да Варгіна.) Ты знайшоў мне чорнага пеўня?! (Узрадавана.) Ах ты, мой мілы каток! А я на цябе сварыўся! (Гладзіць Варгіна.)

Варгін (пакрыўджана). Мяў! Заўсёды так!

На шум, узняты Парамонам, з хаты выходзіць Агапка.

Агапка. Парамон, пакінь добрага чалавека ў спакоі!

Парамон. Гэта не добры чалавек, гаспадыня! Гэта злы чараўнік! Ён хоча ператварыць ката Варгіна ў мыш. (Наскоквае на Чарнакніжніка.)

Чарнакніжнік (да Парамона). Змоўч! Зашмат гаво­рыш. (Выпускае ката і робіць у бок пеўня таямнічы знак рукою.)

Парамон слупянее на месцы: хістаецца на адной назе, схіліўшы галаву набок. Агапка са здзіўленнем глядзіць на пеўня. Чарнакніжнік бессаромна разглядвае Агапку.

Ах, якая кветачка! (Да Варгіна.) Зусім дарэмна я на цябе сва­рыўся, Варгін. Знайшоў мне і чорнага пеўня і прыгажуню жонку.

Варгін. Толькі ўбачыў — і адразу жаніцца?! Ф-фу!

Чарнакніжнік. Што ты разумееш, дурань! Апсік!

Варгін (незадаволена). Ваў!

Агапка. Што сталася з Парамонам? Ты сапраўды — чараўнік?

Чарнакніжнік. Не. Гэта ты — чараўніца. Паглядзела на мяне — і зачаравала. Як тваё імя, красуня?

Агапка. Агапка.

Чарнакніжнік. Будзь маёй жонкай, Агапка. (Здымае з пальца пярсцёнак і падае Агапцы.) Прымі гэты пярсцёнак.

Агапка (схаваўшы рукі за спіну). Не! Я цябе баюся. Словы твае салодкія, ліслівыя, а вочы нядобрыя. Да таго ж у мяне ўжо ёсць жаніх. Таму схавай свой пярсцёнак.

Чарнакніжнік (весела). Ах, шкада, спазніўся. Вядома, у такой гожай паненкі ўжо ёсць жаніх. Напэўна, нейкі князь ці каралевіч? (Да Варгіна.) Варгін, павіншуй нявесту!

Кот паслухмяна ўстае на заднія лапкі, падыходзіць да Агапкі і кла­няецца.

Агапка (смяецца са штукарства ката). Ніякі не князь, а просты ляснік Стась. Неўзабаве ён прыйдзе да мяне і прынясе букецік лясных кветак.

Чарнакніжнік (зноў падаючы пярсцёнак). А ад мяне вазьмі ў падарунак гэты пярсцёнак. Проста так, вам са Ста­сем на вяселле.

Агапка. Не. Бацькі вучылі мяне не браць каштоўных падарункаў ад незнаёмых людзей. (Гладзіць ката.)

Чарнакніжнік (ціха). Упартая дзяўчына! (Да Агапкі.) Бачу, спадабаўся табе мой кот, а не я.

Агапка. Так, вельмі спадабаўся. (Лашчыць Варгіна.)

Чарнакніжнік. Бяры яго сабе, а мне аддай свайго чорнага пеўня. Памяняем белае на чорнае. (Падыходзіць да Парамона.)

Агапка. Што ты, я свайго Парамона нікому не аддам! Ён мне як сябар.

Чарнакніжнік. Але ўпартая ты дзяўчына! «Пярсцёнак не вазьму, пеўня не аддам». Што ж, забірай ката... проста так. Бачу, ён цябе таксама ўпадабаў.

Агапка. Няхай застаецца, калі хоча. Нам з Парамонам будзе весялей, а малако для яго заўсёды знойдзецца.

Варгін (трэцца ля ног Агапкі). І смятанка. Мяў!

Чарнакніжнік. Бывай, Агапка.

Агапка. Бывай, незнаёмец!

Чарнакніжнік. Яшчэ сустрэнемся, красуня! (Робіць знак рукой у бок Парамона.) І з табою таксама. (Знікае.)

Парамон (ачуняўшы). Прэч, прэч з нашага двара!

 

З’ява другая

Па лясной сцяжынцы ідзе ляснік Стась з паляўнічай стрэльбай за плячыма. У руках ён трымае букецік кветак — падарунак для сваёй нявесты Агапкі.

Стась (спявае)

 

Ой, рана, рана сонейка ўстало.

Сонейка ўстало краснае.

Сонейка ўстало, а ў вачах маіх

Ночкай цёмненькай ясны дзень.

Ночкай цёмненькай, дзевачка мая

Замуж за мяне не ідзе.

Замуж не ідзе, таму што ў мяне

Ні кала няма, ні двара.

Нічога няма, акрамя каня,

Маяго каня вернага...

 

Ой, рана, рана сонейка ўстало.

Сонейка ўстало краснае...

 

Чуваць спалоханы крык: «Ратуйце, воўк! Дапамажыце!» З гушчыні лесу даносіцца злоснае воўчае гырчанне. Стась скідае з пляча стрэльбу і бахае ў паветра. Сцяжынку перабягае вялізны калматы воўк. Стась прыцэльваецца і страляе ў ваўка, але воўк бяжыць да­лей, нават вухам не павёўшы.

Стась. Эх, не патрапіў! (Кідаецца за ваўком, згубіўшы квет­кі.)

Воўк і ляснік знікаюць за дрэвамі. Чуюцца стрэлы. Праз нейкі час воўк выбягае на сцяжыну і перакідваецца ў Чарнакніжнік а.

Чарнакніжнік. Але ж і спрытны хлопец гэты Стась! Ледзь ад яго ўцёк! (Кладзецца на зямлю і ляжыць як нежывы.)

Вяртаецца Стась, заўважае Чарнакніжніка, нахіляецца над ім.

Стась. Гэй, чалавеча! Ты жывы? (Асцярожна кранае Чар­накніжніка рукою.)

Чарнакніжнік (расплюшчвае вочы). Не ведаю, ці жывы я, ці мёртвы. Напалохаў мяне гэты воўк. (Прыўздымаецца.)

Стась. Не бойся, я яго прагнаў.

Чарнакніжнік. А чаму не забіў?

Стась. Дзіўна: колькі разоў страляў — і не патрапіў. Упершыню са мною такое здараецца.

Чарнакніжнік. Але дзякуй табе, адважны юнак. Выратаваў ты мне жыццё. Хачу цябе за гэта ўзнагародзіць.

Стась. На тое і паляўнічы, каб звер не драмаў. (Збірае кінутыя кветкі.) А ўзнагароды мне ніякае не трэба.

Чарнакніжнік. А для каго кветкі, калі не сакрэт? Пэўна ж у такога спраўнага малойца ёсць прыгожая нявеста?

Стась. Так, найхарашэйшая ў свеце. Агапкай завуць.

Чарнакніжнік. То мой падарунак будзе якраз дарэчы. (Здымае з пальца пярсцёнак і падае Стасю.) Вазьмі гэты пярсцёнак, надзенеш на пальчык сваёй Агапцы — будзе кахаць цябе ўсё жыццё.

Стась (бярэ пярсцёнак, разглядае). Ух ты, які прыгожы пярсцёнак! Каштоўны, мусіць. Не, не магу я яго ўзяць. (Хоча вярнуць пярсцёнак.)

Чарнакніжнік. Ты мне жыццё выратаваў, а яно каштоўнейшае за пярсцёнак. Бяры, не адмаўляйся, калі не хочаш мяне пакрыўдзіць. Не для сябе бярэш — для каханае дзяўчыны.

Стась. Дзякуй, добры чалавек. (Хавае пярсцёнак.) Во Агапка ўзрадуецца.

Чарнакніжнік. Толькі не паказвай яго ёй адразу і не кажы, хто даў. Зрабі ёй неспадзяванку. Дзяўчатам гэта падабаецца.

Стась. Ведаю, як зраблю. Аддам кветкі, пацалую і надзену ёй пярсцёнак на пальчык.

Чарнакніжнік. А што гэта ў цябе за торбачка на поясе?

Стась. А гэта зярняты для Парамона, пеўня Агапкі. Заўсёды прыношу яму пачастунак, калі прыходжу. Каб ты бачыў, які ён ладны: чорны як смоль, ніводнага белага ці чырвонага пёрка! Марыць навучыцца лётаць, дзівак. Толькі дзе яму, вядома: певень — не птушка.

Чарнакніжнік. Дарэмна ты гэтак кажаш. Ёсць у мяне падарунак і для твайго пеўня. (Вымае з кішэні маленькую чырвоную торбачку і аддае Стасю.) Дай пеўню зерне з гэтае торбачкі, ён з’есць яго — і паляціць.

Стась (бярэ торбачку). Ды ты — сапраўдны чараўнік!

Чарнакніжнік. Звычайны вандроўнік. Шмат дзе бываю, шмат чаго бачу, тое-сёе ведаю.

Стась. Бывай, вандроўнік! Дзякуй за падарункі!

Чарнакніжнік. Бывай, Стась. (Ціха.) Хутка сустрэ­немся.

Разыходзяцца ў розныя бакі.

 

З'ява трэцяя

На падворку перад хатай Агапкі. Агапка сядзіць на ганку, на каленях у яе ляжыць кот Варгін. Певень Парамон сядзіць на плоце і ўглядаецца, ці не ідзе Стась.

Агапка (непакоіцца). Нешта Стася доўга няма. Можа, што здарылася? (Лашчыць ката і спявае.)

 

Ой, лясы, бары ды лугі-разлогі!

Цераз вас ідуць пуцінкі-дарогі.

Калі хлопца я шчыра любіла,

Да яго сцяжынку пралажыла.

Йшла сцяжынка — дайшла да расстання:

Тут і скончылася нашае каханне.

Я вазьму — і зноў па ёй пахаджу.

Я ізноў на сцяжынку пагляджу.

А на ёй ужо трава-мурава;

Усцяж крушыннік разрастаецца,

Над дарогай галлём навісаецца:

Ні праходу, ні праезду няма...

 

Варгін (распешчана). Мур-р-р!

Парамон. Не маркоцься, гаспадыня, вунь твой Стась ідзе.

Агапка. Ах! (Ускоквае, выпусціўшы з рук ката.)

З’яўляецца Стась з букетам кветак у руках.

Стась. Дзень добры, Агапка! Прывітанне, Парамон! (Заўважае ката Варгіна.) А адкуль гэты кот? Які важны!

Парамон. Гэта цяпер наш кот. А клічуць яго Варгін.

Агапка. Мы цябе зачакаліся, Стась. Парамон увесь ранак сядзеў на плоце, і ў мяне праца не ладзілася.

Стась. Меў невялікую прыгоду ў лесе, таму спазніўся.

Агапка. Ой, што здарылася?

Стась. Потым раскажу. Спачатку хачу ўзнагародзіць вас за вашае чаканне. Маю для вас неспадзяванкі. (Здымае з пояса чырвоную торбачку.) Парамон, ці навучыўся ты лётаць?

Парамон. Дзе там, нічога ў мяне не выходзіць!

Стась (высыпае зерне з торбачкі перад пеўнем). З’еш гэтыя зернейкі — абавязкова паляціш.

Парамон. Дзякуй! Такія вялікія! Смачныя, напэўна. (Есць зерне.)

Стась падыходзіць да Агапкі.

Агапка. Якія прыгожыя кветкі!

Стась. Маю для цябе нешта лепшае за кветкі, Агапка. Заплюшчы вочы і дай мне руку.

Агапка смяецца, заплюшчвае вочы і працягвае Стасю руку. Хлопец вымае з кішэні Чарнакніжнікаў пярсцёнак і насоўвае дзяўчыне на пальчык. Убачыўшы пярсцёнак, кот Варгін сіпіць. Агапка расплюшчвае вочы і глядзіць на пярсцёнак.

Агапка. Ой! Шлюбны пярсцёнак! (Уздымае галаву.) А дзе мой жаніх?

Стась (узрадавана). Вось ён я!

Агапка (зірнуўшы на Стася). Ты? Такі нязграбны і брыд­кі? (Смяецца.) Не, ты не мой жаніх.

Стась (здзіўлена). Агапка, што ты кажаш?

Агапка. Мой жаніх — багаты і магутны князь. А ты — просты ляснік. Ідзі прэч! Я буду чакаць свайго сапраўднага жаніха.

Стась. Што яна кажа? (Разгублена разглядаецца.) Парамон, што здарылася з тваёй гаспадыняй?

Парамон (сядзіць пасярод двара з няшчасным выглядам). Ко-ко-ко!

Стась. Парамон, што ты робіш?

Варгін. Не бачыш? Ён хоча знесці яйка.

Стась. Певень — яйка? Ці я звар’яцеў?

Варгін. Звар’яцеў не звар’яцеў, а здурэў пэўна. Сам ува ўсім вінаваты. Сам даў Парамону гэтыя зернейкі, а Агапцы — пярсцёнак.

Агапка. Звар’яцелы ляснік! (Пляскае ў далоні.) Звар'яцелы ляснік!

Стась. Што я нарабіў! Ашукаў мяне вандроўнік. Ну, пачакай, чараўнік, сустрэнемся мы яшчэ з табой!

Варгін (спалохана). Не ўспамінай яго, ён адразу ж з’явіцца!

Пасярод двара з’яўляецца Чарнакніжнік.

Чарнакніжнік. Вось і сустрэліся, Стась.

Агапка (падбягае да Чарнакніжніка). Мілы мой! Нарэшце! (Абдымае Чарнакніжніка.) Я цябе так чакала!

Стась. Агапка, апамятайся!

Чарнакніжнік. Што зробіш, Стась: не цябе, а мяне яна кахае. Не крыўдуй.

Стась. Гэта ўсё чары. Ты яе зачараваў, вядзьмак! (Скідае з плячэй стрэльбу і наводзіць на Чарнакніжніка.)

Агапка (засланяе сабой Чарнакніжніка). Не, не!

Стась. Эх!.. (Апускае стрэльбу.) Што мне рабіць?

Чарнакніжнік (адхіляе Агапку). Ідзі дадому і забудзься пра Агапку, ляснік. А то раззлуюся і ператвару цябе ў сабаку.

Варгін. Толькі не ў сабаку!

Агапка (да Стася). Прэч з майго двара! Я не хачу цябе бачыць!

Стась. Добра, Агапка. (Закідвае стрэльбу за плячо.) Але я яшчэ вярнуся.

Чарнакніжнік. Прыходзь на вяселле.

Стась пакідае падворак.

Парамон (занепакоена). Ко-ко-ко-ко!

Варгін. Гаспадар, певень знёс яйка.

Чарнакніжнік. Ах ты, мой даражэнькі! (Падбягае да Пеўня і вымае з-пад яго вялізнае чорнае яйка.) Малайчына! (Робіць знак рукой у бок Пеўня.) З гэтага яйка вылупіцца Цмок, які будзе шукаць для мяне схаваныя скарбы, прыносіць золата і дыяменты. Мы будзем багатыя, Агапка!

Агапка. Мы будзем шчаслівыя, мілы.

 

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

 

З’ява чацвёртая

Праз месяц на падворку перад хаткай Агапкі. На ганку сядзіць кот Варгін і мыецца. Пасярод двара ляжыць цмок Люцыпар. На страсе — певень Парамон, які чарговы раз спрабуе паляцець. Люцыпар зацікаўлена назірае за намаганнямі Парамона.

Парамон. Божа, няхай сёння гэта здарыцца! Няхай сёння я палячу! Хоць адзін раз у жыцці! (Узмахвае крыламі.)

Люцыпар (усхвалявана). Глядзі, Варгін, глядзі! Зараз мой тата паляціць!

Варгін (ляніва). Не паляціць. Пеўні не лётаюць.

Люцыпар. А мой тата паляціць! Ён незвычайны певень. І я палячу, калі вырасту.

Варгін. Куды табе расці, дурань? І так ледзь у хлеў улазіш.

Парамон. Э-э-эх! (Кідаецца з даху.)

Люцыпар (узрадавана). Ляціць, ляціць!

Варгін. Падае.

Певень апускаецца на падворак, цяжка стукнуўшыся.

Люцыпар. Упаў! (Падбягае да Парамона.) Бедны тата, ты пабіўся?

Парамон (устае). Колькі разоў табе паўтараць: не называй мяне татам! Пачуюць суседскія куры — засмяюць.

Люцыпар. Ты саромеешся мяне, тата?

Парамон. Цьфу!

Люцыпар. Што мне рабіць, каб ты перастаў мяне саромецца? Я цябе так люблю.

Варгін. Навучыся лётаць, Люцыпар. Ён будзе табою ганарыцца.

Люцыпар. Праўда? Тата, навучы мяне лётаць!

Парамон. Ды я сам не ўмею!

Варгін. Каб вучыць — неабавязкова умець.

Люцыпар. Скажы мне толькі, што і як рабіць!

Парамон. Добра, Люцыпар. Рабі ўсё так, як і я. Спачатку навучыся махаць крыламі. (Паказвае.) Вось так.

Певень, а за ім і цмок махаюць крыламі.

Так. А зараз залезь на страху і скокні, з усіх сіл махаючы крыламі.

Цмок залазіць на хату.

Варгін. А страха пад ім не праломіцца?

Люцыпар (спыняецца). Тата, а страха пада мною не праломіцца?

Парамон. Не праломіцца, лезь смела.

Цмок узбіраецца на страху і глядзіць уніз.

Люцыпар. Залез!

Парамон. Пачынай махаць крыламі. Так. А зараз — скачы. Ты куды?

Люцыпар (злазіць са страхі). Баюся, тата. Можа, іншым разам?

Парамон. Ану, вярніся на страху! У нашым родзе ніколі не было баязліўцаў.

Варгін. А цмокі былі?

Люцыпар (вярнуўшыся на страху). Добра, тата. Я паспрабую. (Узмахвае крыламі.)

Парамон. Смялей, Люцыпар, я з табою!

Цмок кідаецца з даху і — ляціць, нясмела, але даволі лёгка.

Люцыпар. Тата, лячу!

Парамон. Ляціць! Глядзіце, мой сын ляціць!

Варгін. Увесь у бацьку.

Цмок лётае над дваром. З хаты выходзіць Чарнакніжнік, назірае за лётам цмока. Пры з’яўленні Чарнакніжніка певень зноў слупянее.

Люцыпар. Гаспадар, зірні, я лячу!

Чарнакніжнік. Малайчына, Люцыпар! (Ціха.) Цмок вырас, неўзабаве пачне прыносіць мне золата і дыяменты.

Люцыпар (прызямляецца). Гэта тата навучыў мяне лётаць. (Да Парамона.) Цяпер ты не будзеш мяне саромецца, тата?

Чарнакніжнік. Які яшчэ тата? Хто табе сказаў гэтае глупства?

Люцыпар. Кот Варгін. Сказаў, што Парамон знёс яйка, з якога я вылупіўся, і таму ён — мой тата.

Чарнакніжнік (да ката). Давядзецца, аднак, ператварыць цябе ў белую мыш!

Варгін (з жахам). Мяў!

Чарнакніжнік. Запомні, Люцыпар: няма ў цябе ні таты, ні мамы. Ёсць толькі я, гаспадар. І толькі мяне ты павінен слухацца. Сёння ўночы паляціш шукаць для мяне схаваныя скарбы, золата і дыяменты.

Люцыпар. Слухаюся, гаспадар.

Чарнакніжнік (да пеўня). А ты мне больш не патрэбны. Пойдзеш у суп. (Кліча.) Агапка!

З хаты выходзіць Агапка.

Агапка. Што, мілы?

Чарнакніжнік. Зварыш заўтра з пеўня суп. Зачыні толькі яго нанач у скрыню, каб не ўцёк.

Агапка. Твая воля, любы.

Чарнакніжнік. Неўзабаве мы будзем багатыя і тады справім вяселле. Самае шыкоўнае ў свеце!

Агапка. Як скажаш, каханы. (Ловіць пеўня і нясе яго ў сенцы, у скрыню.)

Чарнакніжнік вяртаецца ў хату.

Люцыпар. А што такое суп, Варгін?

Варгін. Бедалага Парамон. Адкукарэкаў сваё.

 

З'ява пятая

Ноччу на падворку перад хатай Агапкі. Ля плота стаіць скрыня з пеўнем. З хаты выходзіць Чарнакніжнік, задзірае галаву і глядзіць на месячык.

Чарнакніжнік. Поўня, на дварэ светла, як удзень. (Па­дыходзіць да скрыні.) Апошняя твая ноч, Парамон. Падыхай свежым паветрам, падумай пра заўтрашні дзень, калі твая мілая гаспадыня зварыць са свайго ўлюбёнага пеўня суп. (Смяецца.) Крыўдная смерць, праўда? (Перакідваецца ў ваўка і бяжыць у лес.)

Праз нейкі час з хаты выслізгвае кот Варгін, падкрадаецца да скрыні.

Варгін. Парамон, ты не спіш?

Парамон. А ты спаў бы на маім месцы?

Варгін. На тваім месцы? З катоў не вараць супу. Табе страшна?

Парамон. Эх, Варгін... Не так страшна, як крыўдна.

Варгін. А я прыйшоў развітацца. Зноў уцякаю ад гаспадара. Ведаю, што ён мяне знойдзе. Але хоць колькі дзён пажыву на волі.

Парамон. Не ўцякаць трэба, а змагацца! Перамагчы Чарнакніжніка!

Варгін. А што мы з табой можам зрабіць? Я нават са скрыні не магу цябе вызваліць — на ёй цяжкі, вялізны замок.

У небе над хатаю з’яўляецца цмок Люцыпар з вялізным куфэркам у лапах. Прызямляецца на падворку каля скрыні з пеўнем.

Люцыпар. Ух, цяжкі куфэрак. Тата, паглядзі, які я скарб знайшоў! (Адчыняе куфэрак.) Золата, дыяменты. Во гаспадар узрадуецца!

Кот Варгін зазірае ў куфэрак.

Варгін. Пашанцавала нягодніку.

Люцыпар. Я што падумаў: аддам гаспадару скарб і папрашу, каб не рабіў з майго таты супу!

Парамон (расчулена).} Дзякуй, сынок, што пра мяне не забыўся.

Варгін. Нічога ў цябе не выйдзе, Люцыпар. Чарнакніжнік забярэ скарб і ўсё роўна адправіць Парамона ў суп. А цябе пашле шукаць новага скарбу.

Люцыпар. Што ж рабіць? Як вызваліць тату?

Варгін. Зламай замок ды адчыні скрыню, калі не баішся гаспадара. Сілы ў цябе будзе, а адвагі?

Люцыпар (з гонарам). У нашым родзе не было баязліўцаў! (Зрывае лапай замок і адчыняе скрыню.)

Парамон выбіраецца на свабоду.

Тата, ты вольны!

Варгін. А што далей? Уцякаем разам?

Парамон. Не, я не магу пакінуць гаспадыню ў бядзе. Эх, каб мы ведалі, як забіць Чарнакніжніка! Яго ж ніякая куля не бярэ.

Варгін. Хто сказаў?

Парамон (здзіўлена). Ты.

Варгін. Але можна забіць ваўка, у якога ператвараецца Чарнакніжнік. Срэбнай куляй, асвечанай у касцёле.

Парамон. Што ж ты маўчаў дагэтуль?

Варгін. А ў цябе ёсць стрэльба? І срэбная куля?

Парамон. Бяжым хутчэй да Стася! Ён выратуе нас і Агапку! Ён заб’е Чарнакніжніка!

Варгін. Ты бяжы, а я тут застануся. Буду сачыць за Чар­накніжнікам.

Люцыпар. Тата, я з табой!

Парамон. Не, Люцыпар, ты не можаш хутка бегаць.

Люцыпар. А навошта бегаць? Мы паляцім! (Хапае пеўня ў лапы і ўзнімаецца ў паветра.)

Парамон. Ох! Варгін, я лячу!

Варгін. Толькі б ён цябе не выпусціў!

Люцыпар з Парамонам знікаюць у ночным небе.

 

З'ява шостая

На світанку перад хатай Агапкі. На падворку нікога няма, але раптам чуваць ваўчынае выццё і з’яўляецца вялізны калматы воўк.

Чарнакніжнік (у скуры ваўка). Слаўнае было паляванне! Добра разварушыў свае косці. (Разглядаецца, бачыць пустую скрыню.) Певень уцёк! Не мог ён сам уцячы, нехта яго выпусціў.

З-за хаты выходзіць Стась са стрэльбаю ў руках.

Стась. Вось і сустрэліся мы з табой, чараўнік. Гэтым разам я не спудлую.

Чарнакніжнік (у воўчай скуры). Ха-ха, дык во хто тут круціцца! Развітвайся з жыццём, Стась: мяне ніякая куля не бярэ. Страляй колькі хочаш.

Стась (навёўшы стрэльбу). А як табе спадабаецца срэбная куля, асвечаная ў касцёле?

З жудасным гырчаннем воўк кідаецца на Стася, але Стась паспявае стрэліць і трапляе ваўку проста ў сэрца. Воўк падае на зямлю нежывы, ператвараецца спачатку ў Чарнакніжніка, а потым зусім знікае, нібы правальваецца скрозьдонна.

З-за хаты выбягае певень Парамон, выходзіць кот Варгін, высоўвае галаву цмок Люцыпар.

Парамон. Малайчына, Стась! Ты адважны чалавек і добры паляўнічы!

Варгін. Нарэшце я вольны. Ніхто не ператворыць мяне ў белую мыш.

Люцыпар (з-за хаты). Тата, ён больш не будзе страляць?

Стась (здзіўлена). А дзе падзелася цела? Ні ваўка, ні чараўніка.

Варгін. Зямля праглынула яго, нічога не засталося. (Па­дыходзіць да таго месца, дзе ўпаў воўк, і грэбліва кратае пярэдняй лапкай зямлю.)

З хаты выходзіць занепакоеная Агапка.

Агапка. Што здарылася? Хто страляў? (Заўважае Стася.) Стась!

Парамон (ускочыўшы на плот). Ку-ка-рэ-ку! Ку-ка-рэ-ку! Добрае раніцы, сонейка! Добрае раніцы, гаспадыня! Чарнакніжніка больш няма, мы яго перамаглі! Жахлівая ноч мінула, пачынаецца шчаслівы, радасны дзень!

Агапка. Стась, мілы, чаму ты так доўга не прыходзіў? Я так сумавала без цябе. (Абдымае Стася.)

Стась. Сумавала? А дзе твой... дзе твой пярсцёнак?

Агапка (здзіўлена). Які пярсцёнак? (Глядзіць на свае рукі, але ніякага пярсцёнка не бачыць.)

Стась. Сапраўды, пярсцёнка няма.

Варгін. Разам з Чарнакніжнікам зніклі ўсе ягоныя чары.

Агапка (да Стася). Не пакідай мяне больш, любы.

Стась. Ніколі, каханая.

Агапка (заўважыўшы цмока). Ой! Што гэта за страхалюд там, за хатай?

Люцыпар (пакрыўджана). Ніякі я не страхалюд. (Хаваецца.)

Парамон (зляцеўшы з плота). Гэта мой сынок, гаспадыня. Цмок Люцыпар. Няўжо ты яго не памятаеш?

Агапка. Сынок? Адкуль ён у цябе? Дзе ягоная маці?

Парамон (сарамліва). Няма маці. Сірата ён у мяне.

Агапка. Ох, Парамон, а дзе ж твой сынок будзе жыць? Чым мы яго карміць будзем?

Стась (пачухаўшы патыліцу). Гэта праблема.

Парамон. Ніякае праблемы. Мы цябе пакідаем, гаспадыня. Цяпер ёсць каму пра цябе дбаць. А мы з Люцыпарам паляцім вандраваць. (Кліча цмока.) Выходзь, Люцыпар. Не бойся.

Люцыпар выходзіць з-за хаты. На спіне ў яго прымацаваны ко­шык, дзе зможа сядзець Парамон у час падарожжа.

Стась. Ты паглядзі, Агапка: у іх ужо ўсё падрыхтавана для падарожжа!

Агапка. Парамон даўно марыў паляцець у вырай з пералётнымі птушкамі...

Варгін. І куды вы адразу паляціце? У якую краіну?

Парамон. Найперш хачу пабываць у Паўднёвай Амерыцы. Адзін пералётны гусь мне расказваў, што там вядуцца райскія пеўні. Калі там райскія пеўні, значыць, там сапраўдны рай! Ну, а пасля — на выспу Барнэа, у краіну цмокаў. Люцыпар вельмі хоча там пабываць.

Люцыпар. Вельмі хачу, тата!

Парамон. Паляцелі з намі, Варгін. Месца ў кошыку будзе і для цябе.

Варгін. Не, Парамон. Я — хатняя істота. Не люблю вандраванняў. Люблю грэцца на печы, ласавацца смятанкай ды кілбасамі.

Агапка (узяўшы ката на рукі). Заставайся, Варгін! У нас табе будзе добра.

Варгін (задаволена). Мур-р-р-р!

Стась (абдымае Агапку і гладзіць ката). Хітры Варгін ужо знайшоў свой рай!

Парамон. Ну, мы паляцелі. (Хоча залезці ў кошык.)

Люцыпар. Пачакай, тата! Пра падарунак забыліся.

Стась (насцярожана). Які яшчэ падарунак?

Цмок знікае за хатай, вяртаецца з куфэркам. Ставіць перад Ста­сем і Агапкай, расчыняе.

Агапка. Божа, якое багацце! (Нахіляецца над куфэркам.) Золата, дыяменты! Пацеркі, пярсцёнкі, каралі!

Стась (пагрозліва). Дзе ўзяў? Зноў д’ябальскія чары?

Люцыпар. Што ты, чалавеча! Усё сапраўднае. Старажытны беларускі скарб.

Кот скача з Агапчыных рук на зямлю, бярэ лапкамі манету з куфэрка, разглядае, спрабуе на зуб.

Варгін. Золата. Без падману. Беларускі талер шаснаццатага стагоддзя.

Парамон. Гэта вам падарунак на вяселле. (Залазіць у кошык.) Ну, бывайце. Паляцелі, Люцыпар!

Цмок уздымаецца ў паветра.

Стась. Дзякуй за падарунак! Шчаслівай дарогі!

Агапка. Прылятайце ў госці!

Парамон (крычыць). Прыляцім разам з бусламі! Каб дзеткі ў вас вяліся!

Варгін. Не вываліся з кошыка, бусел.

Цмок Люцыпар з пеўнем Парамон а м узлятаюць высока-вы­сока і знікаюць у блакіце неба. Стась і Агапка стаяць на падворку і махаюць ім услед рукамі. Кот Варгін сядзіць ля іхніх ног і махае ўслед падарожнікам лапкай.

Стась. А кажуць, што певень — не птушка, не лятае...

Заслона




Тэкст падаецца паводле выдання: Кавалёў, Сяргей Валер'евіч. Шлях да Бэтлеему : п'есы-казкі : [для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту] / Сяргей Кавалёў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. - 229, [2] с. - ( Школьная бібліятэка)