epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Хохлік

Зімовая казка

З’ява першая
З’ява другая
З’ява трэцяя
З’ява чацвёртая


 

АСОБЫ

 

Дзяўчынка.

Хохлік.

Карузлік.

Слімак.

 

 

Калі прачнемся мы, калі мы

Убачым снежныя кілімы,

Што ноч паслала за акном,

На сэрцы радасць заіскрыцца,

І на старой маленькай скрыпцы

Зайграе раптам хохлік-гном.

Алег Мінкін

 

 

З’ява першая

Прыцемкі ў зімовым лесе. Па снегавых сумётах брыдзе маленькая Дзяўчынка. Дзяўчынка збілася з дарогі і ледзь перастаўляе ногі ад стомы.

Дзяўчынка. Матуля, дзе ты? Ма-ма!..

Голас. Я тут, дачушка, я тут, родненькая!

Між дрэў, адкуль далятае голас, міргае святло ліхтара. Дзяўчынка ідзе на гэтае святло й на голас.

Дзяўчынка. Чаму ты гуляеш са мной у хованкі, мама? Я стамілася, я змерзла, я болей не магу! (Знікае між дрэў.)

На паляне з’яўляецца маленькі вяртлявы чалавечак з ліхтаром у руках. Гэта — Карузлік, а карузлікі, як вядома,— найгоршыя з сямейства гномаў. Зараз ён забаўляецца тым, чым займаецца звычайна Лясун: гукае-водзіць Дзяўчынку па лесе. Але калі Лясун пажартуе ды адпусціць чалавека, Карузлік — жартаўнік бязлітасны: ён можа закружыць Дзяўчынку да смерці.

Карузлік (матчыным голасам). Ідзі да мяне, мілая, ідзі да мяне, любая! Я цябе сагрэю, я цябе з лесу выведу. (Запальвае на імгненне ліхтар і пасля хаваецца.)

З’яўляецца Дзяўчынка, зусім стомленая, змерзлая. Яна выходзіць на паляну і валіцца ў сумёт.

Дзяўчынка. Не магу ісці, мама, няма болей сілы. Адпачну хвілінку ў сумёце, пагрэюся пад снегавой коўдрай. (Засынае.)

Карузлік (матчыным голасам). Адпачні, птушачка, сагрэйся, рыбанька! (Выходзіць з-за дрэва, нахіляецца над Дзяўчынкай, здымае з яе прыгожанькія чырвоныя рукавічкі і кладзе сабе ў кішэню.) Спі, дурнічка, спі вечным сном. А рукавічкі я забяру. Табе яны больш не спатрэбяцца. (Пакідае Дзяўчынку ў сумёце.)

Неба зацягваюць хмары, шалёна вые вецер. Нечакана цемру прарэзвае святло ліхтара, і на паляне з’яўляецца маленькі барадаты дзядок у стракатай апранасе. Гэта — Xохлік, сярдзіты і непрыязны з выгляду, але добры ў душы гном (хохлікі і карузлікі хоць і знаходзяцца ў блізкім сваяцтве, але і звонку, і па характары зусім розныя). Хохлік цягне за сабой санкі з ламаччам для печы. Заўважае ў сумёце Дзяўчынку, схіляецца над ёй, слухае, ці б’ецца сэрца.

Хохлік (узрадавана). Сэрца яшчэ б’ецца! Яна жывая! Завязу яе ў нашую хатку, уладкую ля цёплае печы, пачастую сунічнаю гарбатаю! (Скідае з санак ламачча, кладзе Дзяўчынку і вязе па сумётах да сваёй хаткі. Трывожна.) Але як беднае дзіця апынулася ў лесе, далёка ад чалавечага жытла?..

 

З’ява другая

Хохлікава хатка. Стол, лаўкі, два ложкі ды прыгожы срэбны куфар — вось і ўсё багацце. На сцяне ля печы прыляпіўся вялізны Слімак, зусім не брыдкі і нават сімпатычны. Слімак зімуе ў хатцы ў Хохліка, але мае і ўласную хатку-ракаўку, з якой час ад часу высоўваецца.

Слімак (высоўвае галаву). Бр-р-р... як злосна вые за сцяной вецер! Спачуваю звярам, якія не маюць зараз цёплага жытла. Добра, што я — слімак, а не заяц які, што грэюся зараз ля цёплай печы, а не скачу ад холаду па сумётах. Дзякуй Хохліку, які прытуліў старога адзінокага Слімака ў сваёй хатцы. Шкада толькі, што ён прытуліў таксама нягодніка Карузліка, які здзекуецца з мяне і казыча птушыным пёркам. (Прыслухоўваецца.) Ці не гаспадар вярнуўся?

Уваходзіць вясёлы, задаволены Карузлік.

Не, гэта прывалокся той мярзотнік. Цьфу, бачыць яго не магу. (Хаваецца ў ракаўку.)

Карузлік. Гэй, чарвяк, ты зноў схаваўся ў сваёй шкарлупіне? (Падкрадаецца да Слімака і казыча яго пёркам.)

Слімак (высоўвае галаву). Ну, не трэба, не трэба, я не зношу, калі мяне казычуць птушыным пёркам!

Карузлік (рагоча). Таму я цябе і казычу, што ты гэтага не зносіш, стары дурань!

Слімак. Досыць, досыць! Што табе ад мяне трэба?!

Карузлік (хавае пёрка ў кішэню). Паслухай, я прынёс прыемную навіну. Толькі не раві адразу і не пагражай, што паскардзішся майму брату. Дык вось: маленькая-маленькая дзяўчынка халодным-халодным вечарам...

Слімак (плача). Ы-ы-ы-ы...

Карузлік. Зноў? Я не паспеў пачаць, а ты ўжо румзаеш. Яшчэ ж нічога не здарылася.

Слімак (праз слёзы). Здарылася! Я ведаю: калі ты пра нешта гаворыш, яно ўжо здарылася!

Карузлік (задаволена). І сапраўды. Маленькая-маленькая дзяўчынка...

Слімак (румзае). Маленькая-маленькая!..

Карузлік (працягвае). ...халодным-халодным вечарам...

Слімак. Халодным-халодным!..

Карузлік. Заблукала ў цёмным-цёмным лесе.

Слімак. Цёмным-цёмным!

Карузлік. І замерзла. (Вымае з кішэні рукавічкі і паказвае Слімаку.) Толькі рукавічкі ад яе засталіся.

Слімак. Ы-ы-ы-ы... (Цвёрда.) Я ўсё раскажу Хохліку пра твае злачынствы!

Карузлік. Зноў пагрозы? (Хавае рукавічкі ў кішэні.) Нічога ты нікому не раскажаш, стары палахлівы чарвяк. А раскажаш — Хохлік табе не паверыць. Ён такі лагодны, такі добры гномік, што і ўсіх астатніх лічыць добрымі, лагоднымі стварэннямі. (Прыслухоўваецца.) А вось і ён сам. (Да Слімака.) Знікні, старая порхаўка!

Пакрыўджаны Слімак хаваецца ў ракаўку. У дзвярах паказваецца Хохлік.

Хохлік. Братка Карузлік, дапамажы мне!

Карузлік. Што здарылася, братка Хохлік?

Гномы знікаюць у сенцах, пасля вяртаюцца з Дзяўчынка й на руках. Кладуць Дзяўчынку на ложак, Карузлік застаецца ля яе, Хохлік завіхаецца ля печы.

Беднае дзіця! Пэўна што, насмерць замерзла ў якім сумёце.

Xохлік. Не, яна жывая.

Карузлік (незадаволена). Жывая?

Слімак (высоўвае галаву, радасна). Жывая!

Хохлік. Так, я ў час на яе натрапіў. (Налівае з імбрыка кубачак гарбаты.) Мы адагрэем яе ля цёплай печы, напоім сунічнай гарбаткай, накрыем тоўстаю, пухнатаю коўдраю.

Карузлік. Ах, братка! Ты ўчыніў такі высакародны подзвіг. Ты выратаваў ад смерці маленькую дзяўчынку. Як я зайздрошчу табе!

Слімак. Не, я не магу яго слухаць! (Хаваецца ў ракаўку.)

Хохлік. На маім месцы ты зрабіў бы тое самае. Ага, яна ажывае! (Поіць Дзяўчынку гарбатаю.)

Карузлік. Ажывае, ажывае! Якая міленькая дзяўчынка! П’е сунічную гарбатку і ажывае.

Дзяўчынка (расплюшчыўшы вочы). Дзе я?

Xохлік. Ты — сярод сяброў, у хатцы Хохліка-гнома.

Дзяўчынка. Гнома? Ты — страшны, я баюся цябе! Я хачу дадому, да мамы! (Закрывае твар рукамі.)

Хохлік (разгублена). Яна баіцца мяне. (Пакрыўджаны, адыходзіць ад ложка.)

Карузлік. Тут патрэбны іншы падыход. (Да Дзяўчынкі, пяшчотна.) Не бойся нас, мы — добрыя гномы і вельмі любім маленькіх дзяцей. Мы выратавалі цябе ад смерці і, як толькі ты паправішся, на санках завязём да маці. Во яна ўзрадуецца! А пакуль — на, пакаштуй арэшкаў у шакаладзе! (Частуе Дзяўчынку арэшкамі.)

Дзяўчынка. А ты — хто? Таксама — хохлік? (Частуецца арэшкам.)

Карузлік. Я — Карузлік, Хохлік — мой стрыечны брат!

Дзяўчынка. Ты — не страшны, ты мне падабаешся. Я буду з табой сябраваць, Карузлік. У цябе ёсць яшчэ арэшкі?

Карузлік. Анягож, мілая мая! Вось, вазьмі! (Высыпае Дзяўчынцы на далонь жменю арэшкаў.) Якая прыемная дзяўчынка!

Слімак (высоўвае галаву). Я заўсёды казаў: няма справядлівасці на свеце! (Хаваецца ў ракаўцы.)

 

З’ява трэцяя

Хохлікава хатка. Задуменны гаспадар сядзіць ля акна і трымае ў руках скрыпачку ды смычок. Слімак высунуў галаву з ракаўкі і назірае за Хохлік а м. Нарэшце Хохлік бярэцца граць на скрыпцы, за акном пачынае падаць снег. Хохлік кідае граць, снег перастае падаць.

Слімак. Чаго ты змоўк?

Хохлік. Пачакаю, пакуль вернуцца са шпацыру Карузлік з Дзяўчынкай. Раптам Дзяўчынцы не падабаецца снег?

Слімак. Дзеці любяць снег. А я люблю слухаць, як ты граеш.

Xохлік. І ўсё ж пачакаем. Нашая Дзяўчынка такая далікатная, ніколі не здагадаешся, што ёй даспадобы, а што — не.

Слімак. Яна проста капрызлівая і распешчаная, а падабаюцца ёй арэшкі ў шакаладзе. Ды яшчэ Карузлік.

Xохлік (уздыхае). Мяне яна баіцца, ты выклікаеш у яе агіду. Каб не Карузлік, з кім бы яна гуляла?

Слімак. Не падабаецца мне гэтае сяброўства. І Карузлік таксама.

Хохлік. Годзе, я не жадаю цябе слухаць. (Зірнуўшы ў акно.) А вось і яны. (Грае на скрыпцы.)

За акном падае снег. Уваходзяць Дзяўчынка і Карузлік.

Дзяўчынка. Ах, як цудоўна мы бавіліся ў лесе! Карузлік гуляў са мной у хованкі, а пасля мы каталіся на санках. Проста не хацелася вяртацца. Зноў гэты агідны чарвяк вылез са сваёй шкарлупіны! (Паказвае на Слімака і гнеўна тупае ножкай.)

Пакрыўджаны Слімак хаваецца ў ракаўку.

Карузлік. Ай-яй-яй, як табе не сорамна, золатца маё? Абражаць нашага паважанага чарвяка... я хацеў сказаць — нашага паважанага Слімака...

Хохлік (мякка). Яна яшчэ маленькая, не разумее, што кажа.

Дзяўчынка (абурана). Я — не маленькая, я ўсё разумею. Я ведаю, што ты ўзяў у рукі сваю брыдкую скрыпку, каб засыпаць усю зямлю снегам! Пэўна ж, хацеў засыпаць снегам і нас з Карузлікам, ды не паспеў!

Хохлік кідае граць, кладзе скрыпку і смычок у срэбны куфар і кіруецца да дзвярэй.

Слімак (высоўвае галаву). Вось і ратуй пасля гэтага замерзлых у сумётах дзяцей! (Хаваецца.)

Карузлік (няшчыра). Зараз жа прасі ў Хохліка прабачэння, дурненькая дзяўчынка! Інакш ніколі не пачастую цябе арэшкамі ў шакаладзе!

Хохлік (змахнуўшы слязу). Не трэба, братка Карузлік. Яна проста не разумее, што снег для дрэў і раслін, як цёплая коўдра для дзяцей... Пайду прайдуся па лесе, зірну, ці ўсё схавана ад начных маразоў. (Выходзіць.)

Дзяўчынка. Ух, які нязносны гном! Ненавіджу ягоныя павучэнні! Што я рабіла б тут без цябе, мілы Карузлік! Ты ж пажартаваў, ты ж пачастуеш мяне арэшкамі ў шакаладзе?

Карузлік. Вядома, рыбанька! (Лезе ў кішэню.) Ой!..

Дзяўчынка. Што?

Карузлік. Арэшкі... скончыліся.

Дзяўчынка (смяецца). Няпраўда, ты маніш!

Карузлік (трагічна). Скончыліся. Няма.

Дзяўчынка (зразумеўшы). Ня-ма... (Плача.)

Карузлік (суцяшае). Не плач, не плач, птушачка. Будуць табе арэшкі ў шакаладзе. Будуць цукеркі і пернікі. Але ты павінна дзеля гэтага тое-сёе зрабіць.

Дзяўчынка (праз слёзы). Што?

Слімак (высоўвае галаву). Не слухай яго! Не слухай гэтага мярзотніка!

Карузлік (на Слімака). Згінь!

Слімак хаваецца. Карузлік бярэ з печы засланку і закрывае ёй Слімакову ракаўку.

Карузлік (па-змоўніцку). Слухай уважліва, мая разумніца. Скрыпка Хохліка — чароўная скрыпка.

Дзяўчынка. Брыдкая!

Карузлік. Не перапыняй! Гэта чароўная скрыпка. Калі граеш на ёй адну мелодыю — падае снег, другую — ідзе дождж...

Дзяўчынка (капрызна). Хачу шакаладных арэшкаў!

Карузлік. ...калі граеш трэцюю мелодыю — падаюць арэшкі ў шакаладзе...

Дзяўчынка (уважліва). А?

Карузлік. ...чацвёртую — цукеркі і пернікі.

Дзяўчынка. Зразумела, я зразумела!

Карузлік (усхвалявана). Дый ці мала чаго можна на гэтай скрыпцы зайграць, такое ніколі й не снілася маленькай дзяўчынцы! Залаты дождж, срэбны снег!

Дзяўчынка. Хачу скрыпку!

Карузлік падводзіць Дзяўчынку да срэбнага Хохлікавага куфра.

Карузлік. Вось у гэтым куфры ляжыць чароўная скрыпка Хохліка. Вазьмі яе.

Дзяўчынка нахіляецца над куфрам, але рантам хавае рукі за спіну і недаверліва глядзіць на Карузліка.

Дзяўчынка (падазрона). А чаму — я? Чаму ты не адчыніш куфар і не возьмеш скрыпку сам?

Карузлік (стрымліваючы гнеў). А таму, курачка мая, што куфар зачараваны і ніводны гном, акрамя гаспадара, не можа яго адчыніць. Але на цябе чары не дзейнічаюць, бо ты — чалавечае дзіця. Зразумела?

Дзяўчынка. Зразумела.

Карузлік. Вось і цудоўна! Ой! Што гэта? (Вымае руку з кішэні.) Арэшак у шакаладзе! Апошні. Як мы яго не заўважылі? (Аддае арэшак Дзяўчынцы.)

Дзяўчынка. Я цябе так люблю, Карузлік!

Карузлік. А цяпер адчыні куфар і вазьмі скрыпку.

Дзяўчынка адчыняе куфар і вымае скрыпку са смычком.

Дзяўчынка. Вось!

Карузлік (сквапна). Дай! Дай яе мне! (Адбірае ў Дзяўчынкі скрыпку і смычок.) Нарэшце яна мая. Улада, багацце, сіла!

Дзяўчынка. А калі будуць арэшкі ў шакаладзе?

Карузлік. Будуць, будуць. Але спачатку ўцякайма адсюль!

Карузлік і Дзяўчынка ўцякаюць з хаткі.

Вяртаецца Xохлік і здзіўлена аглядае пустое жытло.

Хохлік. Куды гэта ўсе падзеліся? (Заўважае засланку на Слімаковай ракаўцы і здымае яе.) Чаму ты закрыўся засланкай?

Слімак (высоўвае галаву). Я — закрыўся? (Абурана.) Мяне закрылі!

Xохлік. Хто?

Слімак (убачыўшы, што куфар адчынены). Куфар! Зірні, Хохлік, куфар адчынены!

Хохлік падыходзіць да срэбнага куфра і зазірае ў яго.

Хохлік (усхвалявана). Няма маёй чароўнай скрыпкі! (Разглядаецца.) А дзе Карузлік з Дзяўчынкай?

Слімак. Бо гэта Карузлік з Дзяўчынкай і выкралі чароўную скрыпку! А потым — збеглі.

Xохлік. Карузлік з Дзяўчынкай? Не можа быць!

Слімак. Цьфу! Свет не бачыў такіх даверлівых дурняў!

Хохлік. Ах, бяда, бяда! Я адзін ува ўсім вінаваты. Не адрозніваю, дзе дабро, дзе зло, дзе праўда, дзе падман. Але што зараз пра гэта казаць? Трэба збірацца ў дарогу.

Слімак. Збірацца ў дарогу? Куды? Навошта?

Xохлік. Шукаць сваю скрыпку. Што за Хохлік без скрыпкі? Дый нельга пакідаць яе Карузліку. Надта небяспечны гэты інструмент у злых руках.

Слімак. Ды ён не ўмее на ёй граць!

Хохлік. Вось гэта і страшна.

Раптам па даху пачынае нешта барабаніць, ад чаго хатка дрыжыць і трасецца.

Слімак. Ратуйце, землятрус!

Хохлік падбягае да акна.

Хохлік (глядзіць у акно). Не, братка Слімак, камняпад. Гэта Карузлік зайграў на чароўнай скрыпачцы.

 

З’ява чацвёртая

Па снежных сумётах скача Карузлік з чароўнай скрыпкай у руках. За ім бяжыць, ледзь паспявае Дзяўчынка.

Дзяўчынка. Карузлік, пачакай, я за табой не паспяваю!

Карузлік (абыякава). А ты паспявай.

Дзяўчынка. Я не магу скакаць па сумётах так, як ты,— я правальваюся.

Карузлік (абыякава). А ты не правальвайся.

Дзяўчынка. Бяздушны гном! Я стамілася, я змерзла, я больш не магу! Я хачу да мамы!

Карузлік (спыняецца). А мне што да таго? Во, прычапілася! (Раптам нядобра ўсміхаецца, сядае на сумёт і кажа матчыным голасам.) Ты прыляж, дачушка, адпачні хвілінку ў сумёце, пагрэйся пад снежнай коўдрай!

Дзяўчынка (здзіўлена). Ой, што гэта? Я чула голас маці? (Азіраецца.)

Карузлік (матчыным голасам). Адпачні, птушачка, пагрэйся, рыбанька. (Звычайным голасам.) Спі, дурнічка, спі вечным сном. Няхай табе прысняцца арэшкі ў шакаладзе. (Вымае з кішэні Дзяўчыніны рукавічкі.) І твае прыгожыя чырвоныя рукавічкі.

Дзяўчынка (здагадаўшыся). Дык гэта быў ты? Гэта ты звёў мяне ў лес, каб я заблукала і замерзла? А калі я замярзала ў сумёце, зняў з мяне рукавічкі? Не хачу! Не веру! (Плача.)

Карузлік. Ха-ха-ха! Пазнала нарэшце. Так, гэта быў я. А Хохлік выратаваў цябе, дурніцу. А ты выкрала ягоную чароўную скрыпку і аддала мне. Няўжо ты сапраўды паверыла, што скрыпка мне патрэбна дзеля таго, каб карміць цябе арэшкамі ды цукеркамі?

Дзяўчынка (праз слёзы). Гнюсны ашуканец! Я дапамагла табе, а ты...

Карузлік (устае з сумёта). Бывай, дзіцятка! Няма ў мяне на цябе часу. Спадзяюся, ты неўзабаве закалееш у гэтым сумёце. А рукавічкі я вазьму на памяць. Табе яны больш не спатрэбяцца.

Дзяўчынка. ...а ты ўсё роўна не ўмееш граць на скрыпцы! І нічога ў цябе не выйдзе!

Карузлік (пакрыўджана). Я не ўмею? У мяне — не выйдзе?

Дзяўчынка. Не выйдзе! Не будзе табе ні залатога дажджу, ні срэбнага снегу!

Карузлік (абражана). Ах ты, нахабнае дзяўчо! Ты сумняваешся ў маіх здольнасцях? Ну, глядзі! (Прыладжвае скрыпку і ўзмахвае смычком.) Хачу залаты дождж! (Водзіць смычком па срэбных струнах.)

Скрыпка выдае некалькі нязграбных, фальшывых гукаў, аднекуль зверху на Карузліка падае некалькі жабак. Дзяўчынка ўскрыквае і хаваецца за дрэва, ашалелыя ад холаду жабкі скачуць па сумётах.

Хм, не атрымалася. Паспрабуем яшчэ раз. (Водзіць смычком па струнах.)

Скрыпка віскоча, аднекуль зверху падае на гнома тузін мышэй, якія пішчаць і разбягаюцца па сумётах за жабкамі.

Дзяўчынка (высоўваецца з-за дрэва). Дождж з жабак і мышэй. Які музыка — такая і музыка!

Карузлік (замахваецца скрыпкай на Дзяўчынку). Змоўкні, дурніца! Мусіць, яшчэ не сезон для дажджу. Трэба заказаць снег! Хачу срэбнага снегу!

Дзяўчынка хаваецца пад дрэва. Карузлік прыладжвае скрыпку і пачынае «граць». Ніякага выніку: ні снегу, ні дажджу. Няма нават жабак і мышэй.

Дзяўчынка (з-за дрэва). Няма ні срэбра, ні золата! Скрыпка не хоча граць для махляра і злодзея!

Карузлік (раз’юшана). Ах ты, нікчэмны інструмент! Ты не хочаш выконваць маіх загадаў?! Дык я прымушу цябе! усяе сілы рве смыком струны скрыпкі.)

Скрыпка жудасна стогне, і... пачынаецца камняпад.

Дзяўчынка (з-пад дрэва). Ой, што гэта?

Карузлік (круціцца на сумёце). Ай! Досыць! Балюча! Перастань!

Нарэшце на Карузліка валіцца вялізны камень, ад чаго гном страчвае прытомнасць і падае на снег. Камняпад спыняецца. З-пад дрэва асцярожна выбіраецца Дзяўчынка, падкрадаецца да Карузліка. Падбірае скрыпку з абарванымі струнамі і смык.

Дзяўчынка. Дайграўся, музыка. (Перадражнівае.) «Залаты дождж, срэбны снег». Вось і атрымаў каменем па галаве.

Хохлік а ў Голас. Дзяўчынка, Карузлік, дзе вы?

Дзяўчынка (узрадавана). Я тут! Ой! (Заціскае рот далоняй.) Я ж украла ягоную скрыпку...

З’яўляецца ўстрывожаны Хохлік з санкамі. Тым часам Карузлік ажывае і неўпрыкмет уцякае.

Хохлік (з палёгкаю). Жывая-здаровая! А я так хваляваўся, калі пачаўся камняпад. Што з Карузлікам?

Дзяўчынка. На яго зваліўся камень. Так яму і трэба!

Хохлік (разглядаецца). І дзе ж ён? Камень бачу, а Карузліка — не.

Дзяўчынка (зазірае пад камень). Уцёк, спрытнюга.

Xохлік. Ну і добра. Значыцца, жывы. А цяпер — сядай на санкі, я завязу цябе дадому, да мамы.

Дзяўчынка. Ах, Хохлік, мне так сорамна. Ты такі добры, такі шляхетны, а я такая... (Працягвае скрыпку і смычок Хохліку.) Вось. Гэта я выкрала скрыпку з куфра. Я хацела...

Хохлік гладзіць Дзяўчынку па галаве і ўсаджвае на санкі.

Xохлік. Не трэба пра гэта. Скрыпку я напраўлю, і ўсё забудзецца. А хочаш, я навучу цябе спяваць песеньку? Песеньку пра Хохліка?

Дзяўчынка. Вельмі! Я так люблю спяваць!

Xохлік. Ну, слухай. (Вязе санкі з Дзяўчынкай і спявае, ажно пакуль яны не знікаюць між дрэў і песенька не губляецца ў сумётах.)

 

Як зайграе ў лесе хохлік,—

Замірае песень воклік;

Як зачэпіць мох і лозы,—

Ажываюць смех і слёзы.

Ў цёмным яры скачуць чары,

Кветка чахне на папары,

Ліст трасецца на асіне,

Вогнік блукаецца сіні...1

 

Заслона

1 Верш Янкі Купалы.




Тэкст падаецца паводле выдання: Кавалёў, Сяргей Валер'евіч. Шлях да Бэтлеему : п'есы-казкі : [для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту] / Сяргей Кавалёў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. - 229, [2] с. - (Школьная бібліятэка)