epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Драўляны Рыцар

Дзея першая
  З’ява першая
  З’ява другая
  З’ява трэцяя
Дзея другая
  З’ява чацвёртая
  З’ява пятая
  З’ява шостая


П’еса-казка ў 2-х дзеях

Тэксты песень Галіны Булыкі

 

АСОБЫ

 

Ён, Хлопчык.

Яна, Дзяўчынка.

Дамавічок.

Драўляны Рыцар.

Змора.

Скныр.

Кветка-Сон.

Кароль-Баязліўца.

Жаўнер.

Здань.

Цмок.

Фея Сноў.

 

Дзея першая

З’ява першая

Стары драўляны дом на ўскрайку лесу. Недарэчны замок на дзвярах вартуе цішу, пустэчу і змрок. Некалі тут жылі людзі, гарэў агонь у печы, спяваліся песні. Але гэта было даўно, так даўно, што пакінуты дом забыўся на чалавечы голас, адвык ад чалавечых крокаў і таму не адразу прачнуўся, калі раптам бразнуў замок, рыпнулі дзверы, увайшлі мужчына з ліхтарыкам і жанчына з парасонам.

Ён. Тваё жаданне споўнілася, сястра. Праз шмат гадоў мы завіталі ў дом, дзе прайшло наша дзяцінства.

Яна. Колькі разоў я вярталася сюды ў сне, распальвала агмень, працірала пыл з рэчаў. Знаходзіла свае старыя лялькі, размаўляла з імі, дзялілася крыўдамі і радасцямі, прасіла дапамогі і парады... (Падымае з падлогі старую ляльку, страсае з яе пыл.)

Ён. Нарэшце твой сон спраўдзіўся. Толькі няма часу, каб распаліць агмень. (Зазірае ў печ.)

Яна. Але ў сне мне здавалася, што, вярнуўшыся ў стары дом, я вярнуся і ў дзяцінства. Зноў стану маленькай дзяўчынкай, і ты зноў будзеш палохаць мяне прыдумкамі пра дамавічка ў падпечку, пра барвянага цмока, пра служак феі, якія выкрадаюць дзяцей...

Ён. Дзіўна, але ў печы ляжаць дровы, быццам гэты дом мы пакінулі не шмат гадоў таму, а толькі ўчора.

Яна. ...А я зноў буду табе верыць і баяцца кожнага шоргату за сцяной, прыслухоўвацца да трывожнага рыпання масніц і мышынага піскату на гарышчы. А на ноч буду стаўляць на варту каля ложка Драўлянага Рыцара — маю ўлюбёную цацку. Зірні, ён і зараз вісіць на сваім цвіку.

Ён (жартуе). Ну, мая даражэнькая сястрыца, не буду табе зараз хлусіць пра цмокаў і фей, але існаванне Дамавічка — рэч бясспрэчная. Колькі разоў бачыў яго на ўласныя вочы: шэранькі такі, калматы, гарэза і выкруцень. Маці, бывала, падоіць карову, прынясе малако ў хату, ноччу Дамавічок шусь — і згоніць вяршкі.

Яна (іранічна). Дамавічок?

Ён. Ага, Дамавічок. Каму больш?

Яна. А маці казала, што ты.

Ён. Я? Дзе там, маці так казала, каб не пакрыўдзіць Дамавічка. Памятаеш, як нехта паскідваў глячыкі з акна? Маці таксама сварылася на мяне.

Яна. А гэта зноў Дамавічок?

Ён. Ну, вядома, ён, саромнік. Як у хаце нікога не было — ганяўся за катом, незнарок штурхнуў глячыкі, тыя і разляцеліся на аскепкі. Тут якраз маці вярнулася, а ён, нахабнік, пахаджвае па хаце, заклаўшы рукі ў кішэні, быццам і ні пры чым зусім. А памятаеш, яшчэ даўней...

Яна. Хто?!

Ён (не ўцяміўшы). Што — «хто»?

Яна. Хто пахаджвае перад маці, заклаўшы рукі ў кішэні? Дамавічок?

Ён (смяецца). Заўсёды ты чаплялася да слоў, нявера. А Драўляны Рыцар сапраўды вісіць на цвіку. Я таксама ў дзяцінстве вельмі любіў гэтую цацку. Рыцар быў такі недарэчны, няскладны з выгляду, але ў маіх фантазіях ператвараўся ў адважнага героя і вернага сябра.

Стары зламаны гадзіннік на сцяне раптам ажывае і адмярае сем.

Яна. Чуеш? Прачнуўся стары гадзіннік, сапсаваны з пракаветных часоў.

Ён. Неверагодна. Але нам трэба выехаць адсюль, пакуль не сцямнела. Пайду набяру ў студні вады для машыны. (Бярэ з лавы парожняе вядро і выходзіць.)

Яна. Дзіўны вечар... І дзіўны дом, дзе ўсё засталося такім, якім было шмат гадоў таму. Гэтая старая шафа, дзе жылі паліто і футры і дзе так зручна было хавацца ад старэйшых. (Глядзіцца ў люстэрка, што ў шафе.) Нязграбны куфэрак, дзе жылі бабульчыны ўспаміны і таямнічыя шоргаты. Мой маленькі драўляны ложак, які па жаданні ператвараўся то ў хуткасны аўтамабіль, то ў паветраны карабель. Здаецца, варта прылегчы на яго і сон адразу накіне на мяне сваю чароўную коўдру. (Кладзецца на ложак.) Усе апошнія гады мне сніўся гэты дом. Што прысніцца цяпер? (Сапраўды засынае.)

У печы загараецца агонь, пачынаюць трашчаць дровы. З падпечка, адкінуўшы нейкія лахманы, валёнкі, з’яўляецца Дамавічок.

Дамавічок. Так заўсёды: ён насваволіць, а я вінаваты. Кажуць, што дамавікі патрэбныя людзям для таго, каб ахоўваць дом, падтрымваць агмень і пужаць мышэй. За гэта, маўляў, людзі і паважаюць дамавікоў, а пасля вячэры пакідаюць ім частку ежы. (Зазірае ў ложак.) Спіць. (Кладзецца на лаву і далей гаворыць лежачы, аж пакуль сам не засынае.) Хлусня! Дамавікі патрэбны людзям дзеля таго, каб было на каго звярнуць усе свае шматлікія грахі. Згубілася рэч — успомні, як учора сам на дурную галаву шыбнуў яе за печ. Ды ты што! Ніколі! Гэта ж дамавік пажартаваў! Або спаляць неасцярожна хату — і тут нават кажуць, што дамавік спаліў, помсціў за няўвагу. Э-эх, людзі! (У бок ложка.) Адна ты мяне ніколі не крыўдзіла і зараз таксама заступілася. Добрая, выхаваная дзяўчынка, і такі ў цябе хлуслівы, шкадлівы брат. (Засынае.)

За сцяной чуваць нейкі падазроны шум, сцішаныя крокі. У акне з’яўляюцца насцярожаныя твары Скныра і Зморы.

Змора (шэптам). Ну што? Ёсць?

Скныр. Ёсць. Дзяўчынка. Якраз таго веку, які нам патрэбны. Прыгожанькая, пэўна што наіўная.

Змора. Нарэшце пашанцавала. У мяне ўжо ногі гудзяць ад гэтых шуканняў. Фея любіць прыгожых дзяцей. Калі яна пабачыць Дзяўчынку, яна адчыніць перад ёй усе сем сноў. А Дзяўчынка ніколі не здагадаецца, што яе выкралі: будзе думаць, што ўсё адбываецца з ёй у сне.

Скныр. І Фея не здагадаецца. А залаты сон Фея таксама адчыніць?

Змора. Абавязкова! А гэтага нам якраз і трэба. Мы пралезем туды за Дзяўчынкай і набярэм золата, колькі захочам. Ой, а хто гэта такі ляжыць на лаве?

Скныр. Дамавічок. Таксама, здаецца, спіць.

Змора. Ён можа прачнуцца і нам перашкодзіць. Без дапамогі аднаго з тваіх чароўных пярсцёнкаў нам не абысціся.

Скныр. Шкада пярсцёнка. Рэч чароўная і каштоўная.

Змора. Не будзь сквапным. У залатым сне набярэш сабе пярсцёнкаў, колькі захочаш. А зараз трэба зрабіць так, каб Дзяўчынка з Дамавічком не прачнуліся, і яшчэ патрэбны падманны бот.

Скныр паслухмяна здымае з пальца пярсцёнак і варожыць над ім. Пярсцёнак ператвараецца ў слуп дыму, з якога ўзнікае вялізны, велічынёю з чалавека, бот. Змора працягвае руку да Дзяўчынкі, тая ўстае з ложка і. не прачнуўшыся, паслухмяна падыходзіць да Зморы. Скныр робіць падманным ботам падманныя сляды.

Скныр (задаволена). Пабачыўшы гэтыя жахлівыя сляды, ніхто не адважыцца кінуцца за намі ў пагоню. (Хавае бот за печчу.)

Змора. А цяпер — хутчэй да Феі. Шлях назад, з Дзяўчынкай, у два разы даўжэйшы.

Знікаюць разам з Дзяўчынкай.

Чуваць крокі і шум за дзвярыма. Дамавічок прачынаецца, салодка пацягваецца.

Дамавічок. Няўжо зноў трэба хавацца? Толькі заснуў, як чалавек, ізноў — пад печ. Абрыдла. Вось вазьму — і наўмысна застануся. Колькі можна! (Сядае на лаву.) Трэба разабрацца, хто ў гэтым доме сваволіць і шкодзіць.

Уваходзіць Хлопчык з вядром. Ён прычыняе дзверы, таму з’яўляецца спінай да Дамавічка. Паварочваецца, бачыць Дамавічка. Вядро з бразгатам падае.

Xлопчык (закрывае твар рукамі). Ай!

Дамавічок. Ай. Цудоўны пачатак.

Xлопчык (адкрывае вочы, але бачыць, што маленькі страшыдла не знік). Ты — хто?

Дамавічок (здзіўлена). От табе і маеш! Не пазнаў?

Xлопчык. Н-не.

Дамавічок. Дык гэта ж я, Дамавічок! (Спявае.)

 

Ёсць у лесе Лесавік,

Ёсць у рэчцы Вадзянік,

Ёсць у полі Палявік,

А я ў хаце — Дамавік.

 

У падпечку я сяджу,

Праз шчылінку я гляджу,

На праменнях варажу,

Ды нікому не скажу.

 

Мне зайздросціць Лесавік,

Мне зайздросціць Вадзянік,

Мне зайздросціць Палявік,

Што я дома жыць прывык.

 

Не блукаю ў гушчары,

Не кусаюць камары.

Не жаўцею без пары,

Не малы і не стары.

 

Хлопчык. Дамавічок?

Дамавічок. Так. Ты ж мяне шмат разоў бачыў. Я той самы злодзей, які ўпотай збірае вяршкі з малака, той самы нахабнік, які разбівае глячыкі, а потым пахаджвае па хаце, заклаўшы рукі ў гэтыя, як іх,— кішэні! (Спрабуе ўявіць сябе ў такой паставе, але рукі яму відавочна няма куды падзець, бо ў яго не толькі кішэняў няма, але і штаноў таксама. Пасля няўдалай спробы.) Цьфу!

Xлопчык (вінавата). Гэта не Дамавічок збірае вяршкі. І глячыкі пабіў не Дамавічок.

Дамавічок. Не Дамавічок? А хто ж гэта тады зрабіў?

Xлопчык (уздыхае). Гэта зрабіў я.

Дамавічок. Ты? Ай-яй-яй.

Хлопчык. Прабач, Дамавічок... Калі б я ведаў, што ты сапраўды існуеш, я ніколі б на цябе не нагаворваў.

Дамавічок. Эх ты! Вось твая сястра ніколі не спіхвала віну на іншага... (Падыходзіць да ложка, зазірае ў яго.) Ой! А дзе Дзяўчынка?

Хлопчык кідаецца да ложка.

Хлопчык. Няма. (Заўважае падманныя сляды падманнага бота.) Сляды! Нехта выкраў маю сястру!

Дамавічок (глядзіць на сляды). Якія вялізныя! Пакуль я спаў, у хаце пабываў нейкі волат і забраў Дзяўчынку. Што рабіць?

Хлопчык. Выпраўляцца ў пагоню!

Дамавічок. А як мы адбярэм Дзяўчынку ў гэткага страшыдлы? Вунь у яго якія сляды. Які ж тады ён сам?

Хлопчык (здымае са сцяны стрэльбу). У мяне ёсць бацькоўская стрэльба!

Дамавічок. У мяне таксама нешта ёсць. (Корпаецца ў падпечку і знаходзіць дудачку.) Гэтую дудачку пакінуў мне дзядуля. Можа, яна чароўная?

Хлопчык. У пагоню!

Дамавічок (вагаецца). Паляўнічая стрэльба і дудачка — слабая зброя супраць магутнага волата. Мне і Дзяўчынку шкада і боязна.

Хлопчык. Думаеш, мне не боязна? Але хто, акрамя нас, выратуе сястру?

Дамавічок. А хто выратуе нас, калі мы трапім у бяду? Можа, твой улюбёны Драўляны Рыцар са зламаным мячом?

Хлопчык. Калі б ён мог — абавязкова дапамог бы. Ён не такі баязліўца, як ты.

З цвіка на сцяне зрываецца Драўляны Рыцар. На вачах спалоханых Хлопчыка і Дамавічка лялька ператвараецца ў сапраўднага рыцара.

Рыцар (спявае)

 

У волата драўлянага

Нязменныя здавён

І зброя гартаваная,

І рыцарскі закон.

 

Я полымю падзякую —

Хай меч навострыць мне,

Калі чырвонай зяпаю

Пачвара ў твар дыхне.

 

Мне ворагі не страшныя,

Я усіх іх правучыў.

Адно баюся шашаля,

Што шчыт мой патачыў.

 

Рыцар. Я з вамі, сябры! Я ўсё чуў і бачыў. У пагоню!

 

З’ява другая

Прыгожы луг. Мноства траў, кветак, птушыны шчэбет. З’яўляецца Скныр, які вядзе за руку Дзяўчынку. Крыху ззаду цягнецца Змора.

Змора. Скныр, пачакай. Я больш не магу. Я змарылася.

Скныр. Змора — «змарылася»! Лепш бы ты змарыла нашых даганятых.

Змора (азіраецца). Ой! Яны зусім блізка. А наперадзе — драўляны цурбан. Адкуль ён толькі ўзяўся на нашыя галовы? У драўлянага — зламаны меч, у малога — паляўнічая стрэльба, а ў калматага — нейкая дудка.

Скныр. Га-га-га... Якая магутная зброя!

Змора. Скныр, я зусім стамілася. Прыдумай, як іх затрымаць. Здымі з пальца чароўны пярсцёнак і наваражы чаго.

Скныр. Ногі перастаўляць трэба жвавей.

Змора (сядае на траву). Я далей не зраблю ні кроку. Я — стварэнне далікатнае, мяне шанаваць трэба. Толькі я ведаю дарогу ў залаты сон.

Скныр. На цябе пярсцёнкаў не набярэшся! (Неахвотна здымае з пальца пярсцёнак, варожыць.)

Змора падыходзіць да яго, спрабуе падслухоўваць.

Не замінай! Усё сапсуеш!

Выбухае слуп дыму, з яго ўзнікае прыгожая Кветка-Сон. Каля Кветкі стаіць вядро з вадой.

Кветка-Сон (спявае)

 

Чалавек заўжды блукае,

Бо шукае шчасця ён,

Чалавек заўжды жадае,

А жаданні здзейсніць сон!

 

Сон, сон, хуткі сон

Вам падорыць Кветка-Сон!

Хто заснуў — таму не трэба

Па дарогах вандраваць,

 

Думаць пра акраец хлеба,

Дні і ночы працаваць!

Сон, сон, салодкі сон

Вам падорыць Кветка-Сон!

 

Скныр. Цудоўная кветачка! Прыгожая, духмяная. Але не падыходзь да яе блізка, бо заснеш і ніколі не прачнешся. Кветка-Сон нізашто не прапусціць нашых ворагаў у каралеўства Феі.

Змора (здзіўлена). А чаму каля кветкі стаіць вядро з вадой?

Скныр (раздражнёна). Адкуль я ведаю?! Не трэба было соваць свайго носа ў чужое чараўніцтва! Хадзем адсюль, нашы ворагі зусім блізка.

Знікаюць разам з Дзяўчынкай. На сцэне з’яўляюцца Хлопчык і Дамавічок.

Хлопчык. Ух ты, якая прыгожая мясціна! Вось тут мы і пачакаем Рыцара, пакуль ён дапаможа сялянам адрамантаваць плаціну. Ты не супраць адпачынку, Дамавічок?

Дамавічок. Чакаць, сядзець, адпачываць — я ніколі не супраць.

Хлопчык. Паглядзі, якая дзіўная кветка. (Заўважае вядро.) А вось нехта пакінуў вядро з вадой, каб падарожнікі ў такую спёку маглі наталіць смагу. (П'е, мые твар, потым зачэрпвае ваду ў прыгаршчы і лье на Дамавічка.)

Дамавічок. Перастань пырскацца! Я не зношу вады!

Хлопчык падыходзіць да Кветкі-Сон, яна кладзе на яго свае пялёсткі.

Хлопчык. А які ў гэтай кветкі вабны, духмяны па-а-а-ах... (Траціць прытомнасць і спаўзае на зямлю.)

Дамавічок. Што з табой?! Табе кепска?! (Падбягае да Хлопчыка, нахіляецца над ім, Кветка-Сон кладзе свае пялёсткі на Дамавічка.)

Хлопчык. До-о-бра-а...

Дамавічок. До-о-бра-а-а... (Таксама спаўзае на зямлю і засынае.)

Кветка-Сон (спявае)

 

Сон навечна ўсіх прымае,

Бо пачнецца ён ледзь-ледзь,

Як за ім чаргу займае,

Прачынаючыся, Смерць!

Сон, сон, чароўны сон

Вам падорыць Кветка-Сон!

 

На лузе з’яўляецца Драўляны Рыцар. Ён спяшаецца — шукае сваіх сяброў. Заўважае Хлопчыка і Дамавічка, нахіляецца над імі. Кветка-Сон кладзе на яго свае пялёсткі. Рыцар выпростваецца, асцярожна здымае з сябе пялёсткі.

Рыцар. Мае маленькія сябры стаміліся ў дарозе і заснулі пад гэтай прыгожай кветкай. Няхай хвілінку адпачнуць. А я пакуль што палью добрую расліну, якая ў спёку прытуліла іх пад сваімі пялёсткамі. (Бярэ вядро і палівае Кветку-Сон.)

Кветка-Сон. Дзякуй табе, шляхетны падарожнік. Але твае сябры не проста спяць. Я зачаравала іх.

Рыцар. Зачаравала? Навошта?

Кветка-Сон. Па загаду злога чараўніка, які мяне стварыў. Я хацела зачараваць і цябе, але не выйшла.

Рыцар. Ну так, бо я — драўляны. (Занепакоена.) Мілая Кветка, здымі з маіх сяброў свае чары.

Кветка-Сон. Я магу толькі спакусіць да сну. Але сам сон і прабуджэнне мне не падуладныя.

Рыцар (абхапіўшы галаву рукамі). Гэта я ўва ўсім вінаваты! Затрымаўся ля плаціны і пакінуў іх адных.

Кветка-Сон. За тваю дабрыню мне хочацца дапамагчы табе. Я не магу выратаваць тваіх сяброў, але ведаю, як гэта можаш зрабіць ты.

Рыцар. Я?

Кветка-Сон. У Дамавічка ёсць чароўная дудка. Зайграй на ёй, і твае сябры прачнуцца.

Рыцар (бярэ ў рукі дудачку, разглядае яе). Але я зусім не ўмею граць. Дый дудачка — простая, не чароўная.

Кветка-Сон. На такіх дудачках граюць у вашым краі? Прыкладзі яе да вуснаў, і яна сама зробіць, што трэба.

Рыцар падносіць дудачку да вуснаў, дудачка грае тужлівую народную мелодыю. Нейкі час Хлопчык і Дамавічок спяць, але раптам пачынаюць войкаць, стагнаць, захінацца рукамі ад невідомых удараў. Так прачынаюцца.

Хлопчык. (абмацвае сябе і войкае пры кожным дотыку). Ой, баліць! Ой, смыліць!

Дамавічок. (трымаецца за галаву). А ў мяне гузак будзе!

Хлопчык. Аў мяне — сіняк!

Рыцар. Што з вамі, сябры? Такі выгляд, быццам вас нехта адлупцаваў.

Дамавічок. Каб толькі выгляд! Мяне сапраўды адлупцавалі!

Хлопчык. І мяне!

Рыцар. Але як гэта магло здарыцца, калі вы моцна спалі? Можа, вас пакрыўдзілі ў сне?

Хлопчык, Дамавічок (разам). Дык гэта быў сон?

Рыцар. Так, толькі сон. Але раскажыце, што за дзіўныя сны вы бачылі?

Хлопчык. Ах, мой сон спачатку быў такі прыгожы...

Дамавічок. І мой... спачатку.

Хлопчык. Яшчэ калі я засынаў, зайграла нейкая незнаёмая мілагучная музыка, усё навакол зрабілася бліскучым і квяцістым, быццам які чарадзей разліў па аблоках, дрэвах, красках, траве свае фантастычныя фарбы. Потым аднекуль з’явілася шмат людзей, таксама незнаёмых, але з ветлымі тварамі і зычлівымі ўсмешкамі. Апранутыя ў багатыя ўборы, вышываны золатам грызет, яркія шкарлаты і аксаміт, яны трымалі ў руках нейкія дзівосныя інструменты, якія і стваралі тую чароўную музыку. І ніхто з музыкаў не быў падобны да іншага, усе былі розныя...

Дамавічок. І інструменты...

Хлопчык. Што?

Дамавічок. І інструменты ў іх таксама былі розныя.

Хлопчык. Так, інструменты ў іх таксама былі ўсе розныя, шыкоўныя і мудрагелістыя. Людзі па чарзе гралі на сваіх чароўных інструментах, адна мелодыя змянялася іншай, яшчэ харашэйшай. І такой вабнай была гэтая музыка, што знікала ўсё: хто я, дзе і навошта — якая розніца, калі ёсць гэтая музыка! А потым...

Дамавічок. Потым музыкі пачалі вучыць граць і цябе.

Хлопчык. Так, потым яны пачалі вучыць граць і мяне. І вось дзіўна — у мяне адразу ўсё выходзіла, і музыкі прыязна ўсміхаліся мне і пляскалі ў ладкі. Кожны з іх прапаноўваў мне свой інструмент, і калі я браў яго, музыка задаволена смяяўся і пляскаў у ладкі мацней за іншых. Ах, усё было так добра, так цудоўна, як і бывае толькі ў казцы ці ў сне!

Рыцар. Што ж здарылася потым?

Хлопчык. А потым у мяне ў руках з’явілася невядома адкуль вось гэтая самая дудачка, і я зайграў на ёй таксама. Гукі дудачкі былі не такія мілагучныя, як гукі тых чароўных інструментаў, але я адразу ўспомніў наш дом, маці з ручніком у руках, радасны смех сястры, ранішні смак халодных яблыкаў...

Дамавічок. Цёплую печ сярод студзеньскіх завеяў і лютаўскіх маразоў...

Хлопчык. Але што сталася з музыкамі, калі яны ўбачылі ў мяне ў руках дудачку і пачулі яе гранне! Адразу некуды зніклі прыязныя, зычлівыя ўсмешкі, твары зрабіліся злымі і жорсткімі. Музыкі пачалі крычаць, каб я кінуў дудачку, пачалі адбіраць яе сілай і лупіць мяне сваімі інструментамі па чым папала.

Дамавічок. Па галаве.

Хлопчык. Што — па галаве? ,

Дамавічок. Лупіць пачалі не па чым папала, а па галаве.

Хлопчык. А ты адкуль ведаеш, па чым мяне лупілі ў маім уласным сне? Нешта цябе я там не заўважыў

Дамавічок. Ніякі ён табе не ўласны. Я бачыў яго таксама. Але не было там цябе.

Рыцар. Сябры, не спрачайцеся дарма. Вы сапраўды бачылі той самы сон, бо абодва былі зачараваныя. І толькі гэтая добрая кветка дапамагла мне абудзіць вас, а дудачка выратавала вас ад ліслівых музыкаў і іх зваблівых інструментаў.

Кветка-Сон. Дзякуй за добрае слова, шляхетны Рыцар. І дзякуй, што не сказаў пра мяне слова злога. Шчаслівай вам дарогі!

Рыцар. Наперад, сябры!

Хлопчык, Дамавічок, Рыцар (спяваюць)

 

Шпарка крочым без дарог,

Княства Сноў паўсюль шукаем.

Неразлучныя, утрох

Дойдзем хоць да небакраю.

 

Наша зброя не звініць,

Спіць драўляны меч ціхутка.

Нашу зброю пабудзіць

Дапаможа дзіва-дудка.

 

Заспявае дудка зноў

Там, дзе дрэвы спяць і людзі,

І ў чароўным Княстве Сноў

Казку новую пабудзіць.

 

З’ява трэцяя

Пад сценамі старадаўняга замка. Брама гасцінна адчынена. З’яўляюцца Скныр з Дзяўчынкай і Змора, якая дэманстрацыйна кульгае.

Змора. Ой, не магу больш! Бедная я, няшчасная Зморачка. Баляць мае ножкі, ломяць ручкі. Ніхто мяне не пашкадуе. Ніхто не ахвяруе чароўным пярсцёнкам, каб затрымаць маіх ворагаў. А Зморачка нікому-нікому не скажа, як прайсці ў залаты сон і набраць поўныя мяхі золата.

Скныр. Не хныкай, Змора. Чароўны пярсцёнак застаўся толькі адзін, ён спатрэбіцца нам у палацы Феі. А вось бачыш гэты замак? Яго гаспадар — Кароль-Баязліўца — дапаможа нам пазбыцца пагоні.

Змора. Як ён дапаможа, калі сам — баязліўца?

Скныр. О, баязліўцы — самыя небяспечныя з людзей. Моцнаму з імі лёгка, але калі ў іх рукі трапіць хто слабейшы — няхай сцеражэцца. Скажам Каралю, што сама ўсёмагутная Фея загадала яму кінуць у вязніцу нашых ворагаў. А калі ён даведаецца, з якімі гора-асілкамі давядзецца яму мець справу, ён з радасцю выканае загад.

Змора (у захапленні). Які ты ў мяне разумны, Скнырчык!

Скныр (самазадаволена). Я яшчэ разумнейшы. Хутчэй у замак, да Караля-Баязліўца!

Знікаюць за брамай. Праз нейкі час пад сценамі замка з’яўляюцца Драўляны Рыцар, Хлопчык і Дамавічок.

Рыцар. Сябры мае, перад намі сапраўдны замак! Брама гасцінна адчынена, значыць, ягоны гаспадар — сапраўдны рыцар.

Дамавічок. Давайце адпачнем з дарогі ў гэтым замку.

Хлопчык. Ты, Дамавічок, гультай і дамасед. Мы не павінны траціць часу.

Дамавічок. Зноў здзекуешся? Ну, дамасед. А дзе мне было вандраваць? Ад печы да лавы? Нельга было — баяўся глячыкі разбіць.

Рыцар. Сябры, не сварыцеся. Мне таксама хочацца завітаць у гэты прыгожы замак і пазнаёміцца з ягоным гаспадаром. Але Хлопчык праўду кажа: мы не можам траціць часу.

Дамавічок. А колькі мы сёння яго ўжо страцілі? Варта якому гультаю ці баязліўцу крыкнуць «на дапамогу» — і ты ляціш да яго з усіх ног, быццам без цябе не абыдзецца!

Хлопчык. Як табе не сорамна, Дамавічок?! Ён жа — Рыцар. А рыцар павінен прыходзіць на дапамогу ўсім, хто трапіў у бяду.

Дамавічок. А можа, і ў гэтым замку некаму патрэбна наша дапамога? Можа, і тут нехта трапіў у бяду? Мы выпраўляемся далей, а ён тут гіне і крычыць: «На дапамогу! На дапамогу!»

Голас з-за брамы. На дапамогу! На дапамогу!

Дамавічок. О! Чуеце?

Голас з-за брамы. Ратуйце! Гіну!

Рыцар. Сябры, нехта трапіў у бяду і кліча нас на паратунак! За мной!

Кідаюцца да замка. Хлопчык затрымоўваецца, каб набіць стрэльбу. Перад самай брамай Драўляны Рыцар і Дамавічок правальваюцца ў нейкую яміну-пастку. Чуваць задаволены рогат з-за брамы, і неўзабаве адтуль выходзяць Кароль-Баязліўца і ягоны Жаўнер.

Кароль, Жаўнер (спяваюць)

 

Расправімся з ворагам

Не сілай, а розумам.

І ў громе, і ў шоргаце

Расчуем пагрозу мы.

 

Прыпеў:

Сонца свеціць. Жах, жах!

Вее вецер. Жах, жах!

Мышка шкрабне. Жах, жах!

Нашы шаблі: «Жах, жах!» (Робяць гук шаблямі.)

 

Мы звышасцярожныя,

Катуем без літасці.

Мы непераможныя

Ні сілай, ні хітрасцю.

Прыпеў.

 

Кароль (глядзіць у яму і задаволена пацірае рукі). Папаліся, птушачкі! Наступным разам будзеце ведаць, як бегчы на дапамогу невядома куды і невядома каму!

Жаўнер. Наступнага разу не будзе, ваша міласць.

Кароль (уздымае галаву). Жарт?

Жаўнер. Жарт, ваша міласць.

Кароль. Ухваляю. Сёння ж атрымаеш узнагароду.

Жаўнер. Дзякую, ваша міласць.

Xлопчык (наводзіць стрэльбу). Не атрымае.

Кароль. Хто сказаў?

Жаўнер (паказвае на Хлопчыка). Ён, ваша міласць.

Кароль. Ты?

Хлопчык. Я.

Кароль. Жарт зразумеў, але не ўхваляю. Чаму ты не ў яміне? (Робіць крок да Хлопчыка.)

Хлопчык. Яшчэ адзін крок — і я страляю.

Кароль. Ай! (Хаваецца за Жаўнера.)

Хлопчык. Ану, адпусці маіх сяброў!

Кароль (больш смела). Не магу.

Хлопчык. Чаму?

Кароль. Бо стрэльба не зараджана.

Хлопчык. Ах, не зараджана! Ну, гэта мы зараз спраўдзім. (Узводзіць курок.) Лічу да пяці. Адзін...

Жаўнер. Ваша міласць! Ваша міласць! Ён страляе!

Кароль. Не бойся, дурненькі. Стрэльба не зараджана.

Хлопчык. ...Два...

Жаўнер. Ага, не зараджана. А чаму вы тады за мяне схаваліся?

Хлопчык. Тры...

Кароль. Гэта не я схаваўся за цябе, гэта ты ў гераічным парыве засланіў мяне! Сёння ж атрымаеш узнагароду.

Хлопчык. Чатыры...

Жаўнер. Ваша міласць, мне здаецца, яна ўсё-ткі стрэліць. Што тады, ваша міласць?

Кароль. Тады атрымаеш узнагароду пасмяротна.

Хлопчык. Пяць!..

Жаўнер. А-а-а... (Падае ніцма, прыкрывае галаву рукамі.)

Кароль (рукі ўгору). Здаёмся! Здаёмся!

Хлопчык. Так бы адразу. Вызваляй маіх сяброў.

Кароль. Не магу.

Хлопчык. Што?! Зноў? (Наводзіць стрэльбу.)

Кароль. Слова Караля — не магу. Так боязна зрабілася — ногі адняліся, рукой паварухнуць нельга. Ад усёй душы хачу дапамагчы, а да драбін кроку зрабіць не дам рады.

Хлопчык. Дзе драбіны?

Кароль. Ды вунь, ля брамы.

Хлопчык. Глядзі ў мяне! (Не зводзячы з Караля вачэй, ідзе па драбіны. Але калі стаўляе іх у яму, міжволі паварочваецца да Караля спінай.)

Таму толькі гэтага і трэба — ён штурхае Хлопчыка ў яму.

Кароль. Ну, цяпер усе там. Уставай, адважны Жаўнер. Мы перамаглі.

Жаўнер з вінаватым выглядам уздымаецца з зямлі. Чуваць бой гадзінніка на вежы.

Жаўнер. Ваша міласць, да поўначы засталося паўгадзіны. Зараз з’явіцца Здань. Уцякайма, ваша міласць.

Кароль. Так-так, трэба хавацца. А палонных пакінем тут: няхай нацерпяцца страху! (Ідзе да брамы.)

Жаўнер падбірае Хлопчыкаву стрэльбу і слухае, што яму кажуць з ямы.

Жаўнер. Ваша міласць! Той, што драўляны, кліча вас.

Кароль. Перадай яму, што мы сустрэнемся заўтра. У катоўні.

Жаўнер. Ваша міласць! Ён кажа, што не баіцца ніякай Здані і можа нас ад яе збавіць, калі вы вызваліце ягоных сяброў.

Кароль (спыняецца). Ён так сказаў? Хлусіць, нягоднік. (Ідзе далей.) А можа, не хлусіць? (Зноў спыняецца.) Паспрабаваць, ці што?

Жаўнер. Паспрабуйце, ваша міласць, паспрабуйце. Ці яго замучыць кат, ці да смерці напужае Здань — нам усё роўна.

Кароль. А калі ён раптам пераможа? Як я растлумачу Феі, чаму я іх адпусціў?

Жаўнер (шэптам). А навошта адпускаць, ваша міласць? (Хіхікае.)

Кароль. Ты сёння абавязкова атрымаеш узнагароду! Стаўляй драбіны — будзем выпускаць палонных.

Жаўнер стаўляе ў яму драбіны. Жаўнер са стрэльбай, Кароль — з мячом напагатове.

Першым вылазіць Хлопчык... А цяпер той, калматы... Драўляны вылазіць апошнім. (Да Драўлянага Рыцара.) Тваіх сяброў мы забіраем у замак. Там для іх знойдзецца ўтульнае месцейка ў вязніцы. А ты застанешся чакаць Здань. Пераможаш — і цябе, і сяброў тваіх адпушчу. Ну а калі не пераможаш...

Зноў чуваць бой гадзінніка. Замітусіліся Кароль і Жаўнер.

Жаўнер (з жахам). Да поўначы засталося чвэрць гадзіны!

Кароль. Хутчэй у замак!

Знікаюць за брамай разам з палоннымі. Брама зачыняецца.

Рыцар. Пачакайце! Дзе мне шукаць Здань?

Голас з-за брамы. Не хвалюйся, даражэнькі. Яна цябе сама знойдзе, сама. (Рогат.)

Рыцар застаецца пад сценамі замка адзін, даглядае сваю немудрагелістую зброю.

Рыцар. Бедныя мае сябры! Як ім страшна цяпер у вязніцы, як тужліва! Змрочныя каменныя сцены, пакрытыя шэрым слізкім павуціннем, зверху капае брудная халодная вільгаць. Валтузня пацукоў па кутах, а недзе пад самай столлю агідны кажан знайшоў сабе прытулак. Я ўва ўсім вінаваты! Праўду казаў Дамавічок: нельга быць такім наіўным і даверлівым.

Бой гадзінніка — поўнач. Чуваць нейкія дзіўныя гукі і мерныя крокі. Рыцар прыслухоўваецца.

Нехта ідзе. (Паварочваецца насустрач таямнічым крокам і з мячом у руцэ чакае набліжэння Здані.)

Крокі чуваць з боку лесу. Раптам з процілеглага боку з’яўляецца Здань. Яна бязгучна падплывае да Рыцара, які стаіць да яе спінай. Здань уздымае рукі і, як любяць жартаваць дзеці, заплюшчвае Рыцару вочы. Здрыгануўшыся, Рыцар паварочваецца. Здань адплывае.

Здань (пяшчотным дзявочым голасам). Хі-хі...

Рыцар. Божухна, дзякуй табе, што я драўляны!

Здань зноў падплывае да Рыцара ззаду, заплюшчвае яму вочы і зноў адплывае.

Здань. Хі-хі...

Рыцар. Кім бы ты ні была, пачвара,— параджэннем пекла ці жыхаркай ночных туманоў, я, Драўляны Рыцар, выклікаю цябе на двубой!

Рыцар з мячом кідаецца на тое месца, дзе толькі што была Здань. Але Здань ужо ў яго за спінай.

Я не збіраюся гуляць з табой у каты і мышы!

Здань (з дзіцячай наіўнасцю). Чаму?

Рыцар (разгублена). Як — чаму? Мы — ворагі і павінны біцца да смерці аднаго з нас.

Здань. А я не люблю біцца. І не ўмею. Я люблю гуляць. Чаму ты хочаш мяне забіць? (Зноў заплюшчвае Рыцару вочы.)

Рыцар (задумаўся, не звяртае ўвагі на яе рукі). Чаму?.. Ну, ты палохаеш добрых людзей...

Здань (смяецца). Якіх добрых людзей? У гэтым замку?

Рыцар. Твая праўда: добрыя людзі не капаюць ямін-пастак і не кідаюць падарожнікаў у вязніцу.

Здань. Вось бачыш! Цяпер ты будзеш са мной гуляць?

Рыцар. Гуляць? (Рэзка паварочваецца.) Калі мае сябры ў небяспецы?! Калі ў іх няма ні скарынкі хлеба, ні глытка вады?! Калі на іх шчэрацца з усіх кутоў пацукі?! (Уздымае свой меч над Зданню.)

Здань крычыць, як маленькая спалоханая дзяўчынка. Рыцар на імгненне нерухомее, потым апускае меч і адыходзіць убок. Здань плача.

Не плач, я не зраблю табе крыўды. Ты хто — чалавек? Румзаеш, як маленькая дзяўчынка...

Здань. Я — Здань. (Усхліпвае.) Але мне вельмі сумна, бо ніхто не хоча са мной сябраваць. Усе мяне баяцца, як толькі я з’яўляюся — разбягаюцца хто куды. Ты — першы, хто застаўся, але адразу захацеў мяне забіць. (Спявае.)

 

Раз, два, тры, чатыры, пяць!

Здань выходзіць пагуляць

І цямрэчу, і агні

Запрашае да гульні.

Як мне сумна...

Ой-ой-ой!

Пагуляй хоць ты са мной.

Раз, два, тры, чатыры, пяць!

Буду бегаць і скакаць,

З ноччу ў хованкі гуляць,

З ценяў ляльку майстраваць.

Як маркотна...

Ой-ой-ой!

Пагуляй хоць ты са мной.

 

Рыцар. Не з уласнай волі хацеў я цябе забіць. Кароль абяцаў за гэта вызваліць маіх сяброў.

Здань. А ты пашкадаваў мяне, і цяпер твае сябры застануцца ў вязніцы?

Рыцар. Хутчэй за ўсё Кароль проста падмануў бы мяне.

Здань. Ты — сапраўдны рыцар! І я дапамагу табе вызваліць сяброў. Мне гэта будзе не цяжка. (Знікае.)

Рыцар (задумліва). Дзіўна, гэтая здань — зусім не чалавек. Але наколькі яна чалавечней і шляхетней за жыхароў замка. Тыя, хто крычаць святыя словы «ратуйце, на дапамогу», каб завабіць сваіх ахвяр у пастку,— не маюць права называцца людзьмі. Прыйдзе час, калі яны сапраўды трапяць у бяду і будуць прасіць дапамогі. Але колькі б ні крычалі яны «ратуйце, на дапамогу!» — ні адна жывая душа не адгукнецца на іх покліч!

У замку — шум, бразгат зброі, крыкі: «Ратуйце! На дапамогу!» Рыцар ускоквае на ногі. З-за брамы куляй вылятаюць Кароль і Жаўнер і знікаюць у лесе. Наўздагон ім ляціць Здань, потым выходзяць Хлопчык і Дамавічок.

Здань. Бывай, мілы Рыцар! Я адплаціла табе дабром за дабро: твае сябры цяпер вольныя. Будзеш у гэтых мясцінах — успомні пра маё існаванне!

Рыцар. Дзякуй табе, Здань! Я цябе ніколі не забуду! (З узнятай на развітанне рукой глядзіць Здані ўслед.)

Хлопчык і Дамавічок (асцярожна тузаюць Рыцара за другую руку). Што з табой, адважны Рыцар?

Рыцар. Нічога, мае маленькія сябры. Усё добра. (Цвёрда.) Мы вольныя, але Дзяўчынка чакае нашае дапамогі. Наперад!

Хлопчык, Дамавічок, Рыцар (спяваюць)

 

Шпарка крочым без дарог,

Княства Сноў паўсюль шукаем.

Неразлучныя, утрох

Дойдзем хоць да небакраю.

 

Дзея другая

 

З’ява чацвёртая

Палац Феі. Перад брамай сядзіць Цмокі, напяваючы сумную песенку, вострыць свой меч: клац-клац, клац-клац.

Цмок (спявае)

 

Хто не ведае пра Цмока?

Чулі блізка і далёка:

Ёсць такі нягоднік Цмок,

Што хаваецца у змрок.

 

Кажуць, ён людзей хапае,

Кажуць, ён дзяцей глытае,

А як есці неахвота —

Цягне да сябе ў балота.

 

Цяжка жыць ад плётак Цмоку,

Не зрабіць нікуды кроку:

Толькі ступіць на парог,

Як крычаць: «Ратуйце, Цмок!»

 

Вось і новы дзень пачаўся. І зноў — ніякіх табе ворагаў, ніякіх прыгод. Сядзі, адпачывай. Зусім не такой мне ўяўлялася служба ў Феі. Дармаедства гэта, а не служба. Навошта вартаўнік, калі няма ад каго вартаваць?..

Неўпрыкмет ад Цмока з’яўляюцца Скныр і Змора, якія вядуць за сабой Дзяўчынку.

Скныр. Я завяду Дзяўчынку ў палац, а ты падрыхтуй Цмока. Гэты дурань можа пра ўсё здагадацца і расчуліцца, а трэба, каб ён быў злым і бязлітасным.

Змора. Нацкую яго як трэба, не хвалюйся. (Бяжыць да Цмока.) Ратуйце, ратуйце! Забіваюць!

Цмок (узрадавана). Нарэшце! Дзе?! Каго?!

Скныр з Дзяўчынкай знікаюць за брамай.

Змора. Вялікая небяспека пагражае Феі Сноў і ўсяму каралеўству! Толькі адважны Цмок можа нас выратаваць!

Цмок. Хто пагражае?! Адкуль? Куды бегчы?

Змора (пераходзіць на таямнічы шэпт). Бегчы якраз нікуды не трэба. Схавайся лепш і чакай. Неўзабаве тут з’явяцца тры вельмі небяспечныя злачынцы, якія пагражаюць жыццю Феі!

Цмок. Дачакаўся нарэшце! (Бяжыць хавацца.)

Змора робіць некалькі крокаў да брамы. Але нечакана Цмок вяртаецца.

(Падазрона.) Змора, пачакай! А ты часам не хлусіш?

Змора. Як гэта — хлусіш?

Цмок. Ну, пажартаваць надумала, ці што?

Змора. Пагроза жыццю Феі — гэта для цябе жарты? Добра ж ты служыш сваёй гаспадыні!

Цмок. Бягу, бягу!

Змора робіць яшчэ некалькі крокаў да брамы, але Цмок зноў вяртаецца.

(Недаверліва). Змора, пачакай! А як злачынцы дабраліся сюды праз лясы і горы, праз рэкі і балоты?

Змора. Лясы выпалілі, горы зраўнялі з зямлёй, рэкі вычарпалі, а балоты высушылі!

Цмок. Ух, якія моцныя асілкі, гэтыя злачынцы. (Бяжыць.)

Змора (ідзе да брамы). Страшэнна моцныя!

Цмок (зноу вяртаецца). Змора, пачакай! А як яны прайшлі праз уладанні Караля-Баязліўца?

Змора. Выцягнулі хітрасцю з замка і забілі! (Знікае за брамай.)

Цмок. Ух, якія хітрыя і жорсткія тыя злачынцы! Нарэшце пашанцавала! (Хаваецца ў засаду.)

Праз нейкі час перад брамай з’яўляецца Драўляны Рыцар.

Рыцар. Дык гэта і ёсць палац Феі? (Разглядаецца.) Але дзе Дамавічок і Хлопчык? Пакуль я дапамагаў рыбакам адшукаць сеці, схаваныя русалкамі, сябры рушылі далей. А можа, яны ўжо ў палацы? Трэба спяшацца. (Ідзе да брамы.)

З засады выбягае Цмок. Меч яго ў похвах.

Цмок. Ні з месца, зламыснік! Ты не зробіш ні кроку, пакуль не станеш са мной у двубою! (Убок.) А пасля двубою ты ўвогуле не зробіш ні кроку. Га-га-га...

Рыцар. У двубою? Ты вызываеш мяне на рыцарскі паядынак? (Узрадавана.) Я згодны!

Цмок. Малайчына, што пагадзіўся! Інакш мне давялося б забіць цябе проста так. Слова Цмока! Га-га-га...

Рыцар. Ты — сапраўдны цмок? Не хлусіш?

Цмок. Я ніколі не хлушу! Я найсапраўднейшы, чыстапародны цмок, хоць зусім не хачу ім быць. Не хачу чыніць зла, хапаць дзяцей і глытаць рыцараў. Я сам хачу быць рыцарам!

Рыцар. За кім права выбару зброі?

Цмок. А гэта навошта?

Рыцар. Паводле правілаў рыцарскіх паядынкаў, адзін з праціўнікаў, звычайна пакрыўджаны, мае права выбару зброі.

Цмок. Тады я выбіраю меч.

Рыцар. Ты — пакрыўджаны?

Цмок. Не, проста іншай зброі ў мяне няма.

Рыцар. Слова рыцара — лепшага выбару зрабіць нельга. У мяне таксама толькі меч.

Цмок. Абараняйся! (Торгае меч за рукаятку, аж той не паддаецца.) Ой!

Рыцар (стаіць з выцягненым мячом). Што здарылася?

Цмок. Не паддаецца! (Хныча.) Ну вось, мне заўсёды не шанцуе. Трыста гадоў толькі тым і займаўся, што даглядаў зброю, а ў найважнейшы момант даў маху!

Рыцар. Давай разам. (Бярэцца за рукаятку мяча і цягне ў свой бок.)

Цмок за похвы — у адваротны. Разлятаюцца ў розныя бакі: Рыцар з мячом, Цмок з похвамі.

(Падае меч.) Ваша зброя, пане Цмок.

Цмок. Дзякую, пане Рыцар.

Рыцар. Пачнем, пане Цмок?

Цмок (уздымае меч). З вялікай ахвотай, пане Рыцар.

Б’юцца на мячах з захапленнем і энтузіязмам. Пасля чарговага выпаду Рыцар выбівае меч з Цмокавых лап.

Цмок. Так нецікава! Толькі пачалі — і я ўжо прайграў.

Рыцар. Тады падымай меч, і працягнем паядынак.

Цмок. Ага! (Падымае зброю.)

Бойка працягваецца да таго моманту, пакуль меч не вылятае з Рыцаравых рук.

А зараз перамог я! Хутчэй бяры меч, і пачнем зноў!

Рыцар. Але гэта ўжо не двубой-паядынак, а нейкае спартыўнае спаборніцтва. Так нельга.

Цмок. Ну яшчэ разок, а? Каб ты ведаў, колькі гадоў я чакаў гэтага двубою!

Бойка працягваецца зноў. Перад палацам неўпрыкметку з’яўляюцца Хлопчык і Дамавічок, якіх спадужнікі ў азарце паядынку не заўважаюць.

Хлопчык. Наш Рыцар перамагае нейкага страшыдлу!

Дамавічок. Не, гэта страшыдла перамагае Рыцара!

Xлопчык. Рыцар!

Дамавічок. Страшыдла!

Хлопчык. Ты чый сябар — Рыцараў ці страшыдлаў?

Дамавічок. Вось таму я і сябар Рыцару, што бачу, як яго перамагае страшыдла. Мы павінны памагчы Рыцару.

Хлопчык. Правільна! (Кідаецца ў бойку.)

Дамавічок. Стой! Ты куды? (Цягне Хлопчыка назад.)

Xлопчык (здзіўлена). На дапамогу.

Дамавічок. Супраць страшыдлы трэба дзеіць хітрасцю.

Хлопчык. А што ты збіраешся рабіць?

Дамавічок (вымае шнурок і робіць пятлю). Калі на мяне ў падпечку находзіў сум, я браў шнурок і лавіў мышэй. А зараз мы зловім страшыдлу.

Хлопчык. Малайчына!

Дамавічок (кідае пятлю пад ногі спадужнікам). Чакаем, пакуль страшыдла трапіць у пятлю, а потым... разам... моцна... торгаем! Ой!

Рыцар падае.

Хлопчык. Што ты нарабіў?! Бяжым на дапамогу! (Кідаецца да Цмока.)

Цмок (Рыцару). Чаму ты ўпаў? Я зноў перамог? А гэта што за малеча?

Хлопчык і Дамавічок з разгону налятаюць на Цмока, той ловіць іх у ахапак: аднаго злева, другога справа.

Хлопчык, Дамавічок (разам). Пусці! (Адбіваюцца.)

Рыцар (устаўшы з долу і ўгледзеўшы пятлю). Гэта мае сябры. Яны хацелі злавіць цябе, а трапіўся я.

Цмок. Ха-ха... Якія хітруны. (Ставіць Хлопчыка і Дамавічка на зямлю.) Але тады выходзіць, што я цябе не перамог?

Рыцар (усміхаецца). Выходзіць так. Што будзем рабіць?

Цмок. А нічога. Я вас адпускаю. На ўсе чатыры бакі. Вы мне спадабаліся і зусім не падобныя на злачынцаў.

Рыцар. Але нам не трэба на ўсе чатыры бакі, нам трэба ў адзін — у палац Феі.

Цмок. Што?! Вы сапраўды хочаце знішчыць Фею? Які жах! Значыць, я памыліўся, вы ўсё-ткі — злачынцы?

Хлопчык, Дамавічок (разам). Мы не злачынцы!

Рыцар. Мы не злачынцы, шаноўны Цмок. Фея выкрала Дзяўчынку, сястрычку гэтага Хлопчыка. А мы хочам вярнуць яе.

Цмок. Наша Фея выкрала дзяўчынку? Га-га-га!..

Дамавічок. Выкрала! І няма чаго рагатаць!

Цмок. Прабачце мяне, шаноўныя чужаземцы, за гэты незразумелы для вас смех. Але наша Фея не магла гэтага зрабіць. Вось ужо дзве тысячы гадоў, ад самага свайго нараджэння, яна — добрая Фея, і першы ж злы ўчынак пазбыў бы яе жыцця. Такі Чарадзейны закон фей: калі ты нарадзілася добрай — робіш толькі добрыя справы, калі злой — толькі злыя. Наша Фея не магла выкрасці Дзяўчынкі, хто вам такое сказаў?

Рыцар. Не магла?

Цмок. Гэта нейкая памылка!

Хлопчык. А яе служкі?

Цмок. Служкі? Ох, служкі маглі. Гэта такія нягоднікі і ашуканцы! Як іх толькі Фея трымае каля сябе? Можа, не здагадваецца?

Рыцар. Нам трэба ў палац!

Цмок. Добра, я прапушчу вас. Але спачатку дайце слова, што не зробіце зла маёй гаспадыні.

Рыцар. Калі ўсё гэта праўда...

Цмок. Праўда, шчырая праўда!

Рыцар. Я даю слова, што ні я, ні мае сябры ніколі не зробім зла тваёй гаспадыні, калі...

Цмок. Калі... Калі што?

Дамавічок. Калі яна не зробіць зла нам!

Цмок. Згода! (З надзеяй.) А калі вы будзеце вяртацца, можна зноў выклікаць цябе на двубой, Рыцар?

Рыцар. Згода!

Хлопчык, Дамавічок (разам). Да пабачэння!

Цмок. Удачы вам, дзеці!

Драўляны Рыцар, Хлопчык і Дамавічок знікаюць за брамай. Цмок сядае на камень і, напяваючы тую самую песеньку, але ўжо вясёлым голасам, вострыць свой меч: клац-клац, клац-клац.

(Спявае.)

 

Хто не ведае пра Цмока?

Чулі блізка і далёка:

Ёсць адзін адважны Цмок,

Што ў двубоі перамог!

 

 

З’ява пятая

Зала ў палацы Феі Сноў. На троне, заклаўшы нагу за нагу, сядзіць Скныр, грае на гітары і спявае.

Скныр (спявае)

 

Скажы мне, што ты робіш

У вольную гадзіну?

Якое маеш хобі:

Чытаеш мо няспынна?

 

Сабраў паштовак тону,

Стракатых марак кошык?

А я не злажу з трона,

А я збіраю грошы.

 

Я марыў стаць багатым

Яшчэ ў дзяцінстве самым.

Не слухаў Скныра-маму,

Не слухаў Скныра-тату.

 

Вучыўся кепска ў школе,

Не мёў падлогі ў хаце,

Не працаваў ніколі,

А думаў пра багацце!

 

Уваходзіць Змора, спыняецца ля трона і з замілаваннем глядзіць на Скныра.

Змора. Які ты ў мяне ўсёмагутны, Скнырчык!

Скныр (задраўшы галаву). Я яшчэ ўсёмагутнейшы! Змора, а дзе Дзяўчынка?

Змора. Фея паказвае ёй каралеўства. Цяпер яны ў першым, квяточным сне.

Скныр. А залаты — трэці?

Змора. Так, залаты — трэці. Мы пойдзем за імі ў гэты сон і возьмем сабе гэтулькі золата, колькі зможам вынесці. І купім усё на свеце...

Скныр. Усё!

Змора. Але для гэтага трэба спачатку знішчыць Фею.

Скныр. Нарэшце ў тваю галаву прыйшла хоць адна разумная думка.

Змора. Я заўсёды была тваёй аднадумцай.

Скныр. Тады я — двудумца. Бо ў маю галаву прыйшлі адразу дзве разумныя думкі.

Змора (з захапленнем). У адну галаву — дзве думкі?!

Скныр. Але. Па-першае, трэба ўкрасці ў Феі магічныя словы ад усіх сноў.

Змора. З дзяцінства мару нешта ўкрасці. Які ты ў мяне хітры, Скнырчык.

Скныр. Я яшчэ хітрэйшы. А цяпер слухай другую думку. Мы прымусім Фею зрабіць злы ўчынак, і тады ўсё каралеўства будзе наша.

Змора. Які ты ў мяне хітры, Скнырчык. Толькі наша Фея ніколі не зробіць злога ўчынку.

Скныр. Не зробіць?

Змора. Ніколі!

Скныр. А я яшчэ хітрэйшы. Таму і захаваў на гэты выпадак апошні чароўны пярсцёнак. (Варожыць над пярсцёнкам.)

Пярсцёнак ператвараецца ў слуп дыму, з якога вылятае вялікі прыгожы матылёк.

Калі на капялюшык Феі сядзе гэты матылёк, яна забудзецца, што павінна чыніць толькі дабро.

Змора (падыходзіць і гладзіць Скныра па галаве). Які ты ў мяне мудры, Скнырчык.

Скныр. Я яшчэ мудрэйшы.

Змора (працягвае гладзіць Скныра). Які ты ў мяне прыгожы, Скнырчык.

Скныр. Я яшчэ прыгажэйшы. (Глядзіцца ў маленькае люстэрка.) Ой, Фея ідзе!

Змора. Злазь, дурань, з трона!

Змора і Скныр хаваюцца за трон. Уваходзіць Фея — маладая, прыгожая жанчына ў элегантнай сукенцы. На галаве ў яе лёгкі капялюшык. Фея вядзе за рукі Дзяўчынку.

Фея. Каралеўства Сноў — самае дзіўнае каралеўства ў свеце. У ім сем сноў. Цяпер мы з табой знаходзімся ў першым сне — кветкавым. Гэта сон кветак, колераў і пахаў, у гэтым сне я апранаю найярчэйшыя сукенкі. Каб трапіць у кветкавы сон мне нават не трэба гаварыць магічнага слова «Абраф», для каралеўства гэты сон — рэальнасць. Другі сон — люстэркавы, каб зазірнуць у яго, трэба сказаць «Арбэрс».

З-за трона паказваецца Змора, якая падслухоўвае і запісвае магічныя словы ў нататнік.

Фея. Тут можна ўбачыць у срэбных люстэрках, не толькі свой твар, але і сваю душу, даведацца пра сябе такое, пра што і не падазраваў. Каб увайсці ў трэці сон, залаты, гаворым магічнае слова «Аталоз».

Скныр (высоўваецца з-за трона, шэптам). Запісвай, Змора, запісвай!

Фея. Тут захоўваюцца найвышэйшыя духоўныя каштоўнасці. Але толькі выбраныя ведаюць пра гэта. Звычайныя людзі бачаць адно груды золата і дыяментаў. Сапраўдныя каштоўнасці схаваныя ад іх сквапных вачэй. У чацвёртым, кашмарным касцяным сне, небяспечна доўга затрымвацца. Сказаўшы «Арэміх», мы трапляем у палон чорных жахаў, жудасных пачвараў, і сама смерць ходзіць недзе паблізу. Таму трэба вымавіць слова «Амур» і хуценька перанесціся ў пяты сон — ружовы сон кахання і любові. Дарослыя памылкова лічаць, што дзецям нельга паказваць гэты сон. Але без любові ў сэрцы дзіця не вырасце ў шчаслівага чалавека, трапіць у палон чацвёртага, чорнага сну. І толькі прайшоўшы праз сон кахання і любові можна дасягнуць шостага, шклянога сну, сказаўшы «Акмуд». У гэты празрысты бязгучны сон я прыходжу думаць. Тут нараджаюцца геніяльныя ідэі, прыадчыняецца мудрасць. Што ёсць у сёмым, агністым сне — не ведае ніхто. Магічнае слова ад яго страчана шмат тысячагоддзяў таму, і найвялікшыя варажбіты і чарадзеі шукаюць яго дарэмна.

Чуваць нейкі шум, недзе разбіваецца шкло. Чароўная музыка, якая суправаджала падарожжа Феі і Дзяўчынкі па снах, абрываецца.

Нехта патрабуе мяне ў кветкавым сне. (Да Дзяўчынкі.) А цябе, мілая госця, я пакіну ў другім сне. Там, сярод мноства срэбных люстэркаў, табе не будзе сумна і ты, калі захочаш, зможаш пабачыць сваю будучыню. Арбэрс! (Дзяўчынка знікае.) Ну а я вярнуся ў першы сон. Абраф!

У зале з’яўляюцца Драўляны Рыцар, Хлопчык і Дамавічок. Фея сядае на трон, з боку ад якога становяцца Змора і Скныр.

Рыцар. Вітаем цябе, шаноўная Фея!

Фея. І я рада вас бачыць, дарагія госці. Як вам падабаецца маё каралеўства?

Рыцар. Цудоўнае каралеўства. Нідзе не бачыў такіх духмяных кветак, такіх шляхетных спадужнікаў і такой прыгожай каралевы. (Робіць галантны паклон.)

Дамавічок. І такіх нікчэмных служак, як гэтыя. (Паказвае на Змору і Скныра.)

Хлопчык (тузае Дамавічка). Мы ж дамовіліся захоўваць этыкет.

Фея. Якія ў цябе нявыхаваныя сябры, Рыцар.

Рыцар. Яны просты разгубіліся, убачыўшы тваё каралеўства, Фея.

Фея. Так, у мяне сапраўды самае незвычайнае і дзіўнае каралеўства ў свеце: каралеўства Сноў. Калі чалавек трапляе сюды, яму здаецца, што ён бачыць сон. А вярнуўшыся дадому, ён адразу забывае маё каралеўства, як забываюць сны.

Дамавічок (пазяхае, упаўголаса). А мне хочацца спаць, калі я слухаю Фею.

Фея. Якія ў цябе нахабныя сябры, Рыцар.

Рыцар. Проста яны стаміліся ў дарозе, Фея.

Дамавічок. Няма часу слухаць казкі, мы прыйшлі па справе!

Хлопчык (гнеўна). Навошта ты загадала служкам выкрасць маю сястру?

Скныр (ціха). Самы час. (Дастае матылька і садзіць на капялюшык Феі.)

Фея. Якія няўдзячныя госці. Да таго ж, нязваныя. Пэўна што, трэба ператварыць іх у кветкі, каб не раздражнялі мяне. (Уздымае рукі і адразу ж разгублена апускае.) Ой, здаецца, я развучылася чараваць. Я не ведаю патрэбных для гэтага чараўніцтва магічных слоў.

Скныр (падказвае). Абрафартысіма!

Змора (падказвае). Абрап’янісіма!

Фея (устае з трона і ўрачыста прамаўляе). Я, Фея каралеўства Сноў, за нявыхаванасць і нахабства ператвараю чужаземцаў у кветкі. Абрафартысіма! Абрап’янісіма!

Замест Хлопчыка і Дамавічка пасярод залы з’яўляюцца дзве кветкі: мак і званочак. На шаломе ў Рыцара вырастаюць вялікія свечкі каштана. Змора і Скныр неўпрыкмет пакідаюць залу. Матылёк уздымаецца з капялюшыка Феі і адлятае.

Што са мной? Я сто гадоў не злавалася, а гэтыя нязваныя госці так раз’юшылі мяне, што я забылася на Чарадзейны закон. Я зрабіла дрэнны ўчынак і цяпер павінна знікнуць... знікнуць... знікнуць... (Растае ў паветры.)

Рыцар. Што цяпер рабіць? Сябры зачараваныя. Фея знікла. (Сядае ля падножжа трона, у роспачы абхапіўшы галаву рукамі.)

Неўзабаве ў зале з’яўляюцца Змора і Скныр, нагружаныя шматлікімі клункамі, валізкамі, куфэркамі.

Змора. Скнырчык, давай адпачнем. Цяжкія клункі!

Скныр (спыняецца, аглядае набыткі). Можна і адпачыць, усё роўна ўсе зачараваныя. Нашага золата хопіць на ўсё жыццё. Змора, ты шчаслівая? Усё жыццё разам...

Змора (усхвалявана). Усё жыццё разам?!

Скныр. Усё жыццё разам з золатам. (Заўважае Драўлянага Рыцара.) А ты чаму не зачараваўся?

Змора. Ты ж павінен быў ператварыцца ў каштан!

Рыцар. О, я ўжо быў каштанам, вельмі-вельмі даўно. Магутным, раскідзістым каштанам. Штогод у траўні мае дужыя галіны распускаліся белымі духмянымі кветкамі. Калі ж я пастарэў, мяне ссеклі і зрабілі Драўляным Рыцарам... А куды знікла ваша гаспадыня?

Скныр (з гонарам). У нас няма гаспадыні! Мы цяпер — уладары каралеўства Сноў, і нам належыць усё золата — найвялікшая каштоўнасць на свеце.

Рыцар. Не разумею, якая карысць з золата? Яно ж такое мяккае, што ніякую зброю з яго не зробіш. І так здрадліва блішчыць.

Змора (пагардліва аглядае Рыцара з ног да галавы). Таму ты такі пашарпаны і занядбаны, што не разумееш. Золата можа ўсё!

Рыцар. А золата можа расчараваць маіх сяброў, знайсці Дзяўчынку і вярнуць Фею?

Скныр (рагоча). Але ж і ёлуп! Навошта сябры, калі ўжо ёсць золата?!

Змора. Тваіх сяброў можа расчараваць толькі Фея, а яна цяпер знаходзіцца ва ўладаннях Смерці, у самай глыбіні чацвёртага, кашмарнага, сну. І ніколі не вернецца адтуль, бо Смерць не адпускае сваіх палонных.

Рыцар. Але калі золата — найвышэйшая каштоўнасць, ці нельга яго абмяняць у Смерці на жыццё Феі?

Змора. Дурань, жыццё можна абмяняць толькі на жыццё. А які вар’ят аддасць добраахвотна сваё жыццё дзеля жыцця іншага? Вяртайся дадому і забудзься на сваіх сяброў.

Рыцар (сядае паміж макам і званочкам). Не, я не вярнуся, пакуль іх не выратую.

Скныр (адводзіць Змору ўбок). Трэба пазбыцца гэтага драўлянага цурбана. Ён хоча абмяняць наша золата.

Змора. Але як гэта зрабіць?

Скныр. Вось што: пойдзем у шкляны сон. Там прыадчыняецца мудрасць і мы адразу здагадаемся, як пазбыцца Рыцара. Зірні ў сваім нататніку магічнае слова ад шостага сну.

Змора. Ой! Я пакінула нататнік у залатым сне! Але, памятаю, каб трапіць у шосты сон, трэба сказаць «Арэміх».

Скныр (крычыць). Дурніца! Сказаўшы «Арэміх», трапіш у чацвёрты, кашмарны сон! Каб увайсці ў шосты сон, трэба вымавіць «Амур».

Рыцар (усхопліваецца, паўтарае шэптам). Сказаўшы «Арэміх», трапіш у чацвёрты, кашмарны, сон! Я пайду туды, а Фея вернецца і зможа расчараваць Хлопчыка і Дамавічка!

Змора. Які ты ў мяне разумны, Скнырчык!

Скныр. Я яшчэ разумнейшы!

Змора, Скныр (разам). Хочам у шкляны сон: Амур!

Рыцар. Хачу ў кашмарны сон, каб Смерць забрала маё жыццё замест жыцця Феі! Арэміх!

На тым месцы, дзе толькі што стаяў Драўляны Рыцар, матэрыялізуецца Фея. Замест мака і званочка з’яўляюцца Хлопчык і Дамавічок. Зніклі ў пятым сне Змора і Скныр, вярнулася з другога сну Дзяўчынка. Дзеці і Дамавічок радуюцца сустрэчы, крычаць, абдымаюцца.

Фея. Як прыемна бачыць шчаслівых дзяцей! Хочацца выканаць усякае іх жаданне. Дзеці, якое ў вас самае вялікае жаданне?

Дзяўчынка, Хлопчык, Дамавічок (разам). Мы хочам вярнуцца дадому!

Фея. А вы ні пра што не забыліся?

Дзяўчынка, Хлопчык, Дамавічок (разам). Хутчэй дадому!

Фея (сумна ўздыхае). Што ж, няхай будзе па-вашаму! Адпраўляйцеся дадому!

Дзяўчынка, Хлопчык, Дамавічок (разам). І каб Драўляны Рыцар вярнуўся разам з намі.

Фея. Нарэшце! (Узмахвае рукой.) Рыцар, цяпер ты вольны!

З’яўляецца Драўляны Рыцар. Дзеці скачуць вакол яго ад радасці.

Рыцар (разглядаецца). Няўжо смерць адпусціла мяне?

Фея. Так, бо жыццё тваё належыць дзецям. І пакуль яны будуць любіць цябе — будзеш жыць ты. Але дзеці хутка вырастаюць у дарослых і забываюцца на свае ўлюбёныя лялькі і цацкі.

Хлопчык, Дзяўчынка (разам). Няпраўда, мы ніколі не забудзем пра Драўлянага Рыцара!

Фея. Добра, але выпраўляйцеся ўжо дадому. І ты, Дамавічок, разам з імі. Рыцар вас дагоніць. (Узмахвае рукой.)

Дзеці і Дамавічок знікаюць.

Ты ім верыш?

Рыцар. Нічога не зробіш, такое жыццё.

Праз залу праходзяць Змора і Скныр, закаханыя і шчаслівыя.

Змора. Скнырчык, ты самы прыгожы і мілы на свеце!

Скныр. Ты яшчэ прыгажэйшая і мілейшая, Зморачка!

Рыцар (здзіўлена). Што гэта з імі?

Фея. Яны пераблыталі магічныя словы, трапілі ў пяты сон і закахаліся адно ў аднаго. (Пяшчотна.) Рыцар, заставайся ў маім каралеўстве. Будзеш мне першым памочнікам і сябрам.

Рыцар. Дзякуй, Фея, але я не магу.

Фея (падае люстэрка). Паглядзі ў гэтае люстэрка часу! Яно пакажа, што будзе з табой праз пяць гадоў.

Рыцар (глядзіць). Бачу.

Фея. Што?

Рыцар (сумна). Пакінуты дом, пакрытыя пылам рэчы. І сябе на сцяне. (Апускае люстэрка.)

Фея. Застанешся?!

Рыцар. Не.

Фея. Чаму?

Рыцар. Бо веру, што дзеці гэтых дзяцей некалі вернуцца ў пакінуты дом і знойдуць кінутую бацькамі ляльку. Бывай, Фея.

Фея. Бывай, шляхетны Рыцар... (Узмахвае рукой.)

Драўляны Рыцар знікае.

Праз залу зноў праходзяць, узяўшыся пад рукі, Змора і Скныр.

Змора. Залаценькі ты мой, Скнырчык!

Скныр. Ты мне даражэй за ўсё золата на свеце, Зморачка!

Фея (спявае)

 

Сем зорак схаваліся ў крылах птушыных.

Сем нотаў у згубленай флейце заснулі.

Сем сноў пралятае ў празрыстых вышынях.

Спі, соннае царства маё,

Люлі-люлі.

 

Спіць неба, што мерала зорныя крокі.

Спяць флейты, што гэту мелодыю чулі.

Спяць сны, кулачкі падгарнуўшы пад шчокі.

Спі, соннае царства маё,

Люлі-люлі.

 

Сон-птушкі лунаюць пад полагам сінім —

Іх крылы планету ад буры затуляць.

А зорка на золку мне перайка скіне.

Спі, соннае царства маё,

Люлі-люлі.

 

З’ява шостая

Стары, пакінуты дом на ўскрайку лесу. Дзверы адчыняюцца, уваходзіць мужчына з парожнім вядром. Стаўляе вядро на лаву, падыходзіць да ложка.

Ён. Прачынайся, соня, нам трэба ехаць!

Яна (праз сон). Дзякуй, я застануся ў пятым сне.

Ён (нахіляецца і кранае яе за плячо). Уставай, машына нас чакае.

Яна (прыўздымаецца з ложка, працірае вочы). Дзе гэта я? Няўжо дома? Мы ўжо вярнуліся з каралеўства Сноў?

Ён. Не. Ты яшчэ не вярнулася. Ты спіш.

Яна. Дык гэта быў сон? Мяне не выкрадалі служкі Феі? Ты з Дамавічком не сядзеў у падземнай вязніцы Караля-Баязліўца...

Ён. Брр!

Яна. Драўляны Рыцар не ратаваў вас ад чараў Кветкі-Сон і не змагаўся з Цмокам? Не было насамрэч ні добрай Феі, ні самотнай Здані і ніколі не было Дамавічка? Сумна...

Ён. Паехалі, фантазёрка. Нас чакаюць у горадзе.

Стары гадзіннік на сцяне зноў ажывае і адмярае сем гадзін.

Яна (паказвае некуды). Ой, што гэта?

Ён (глядзіць). Дзіўна, у халоднай, няпаленай печы свецяцца чырвоныя жарынкі.

Яна. Але ж не! На цвіку няма Драўлянага Рыцара!

Ён (глядзіць). Сапраўды няма. Хм, а толькі што, здаецца, вісеў.

Яна. Але тады значыць... значыць, усё было не ў сне?

Брат з сястрой здзіўлена глядзяць адно на аднаго. Чуваць нечыя крокі, стук у дзверы. Уваходзіць Незнаёмы, вельмі падобны на Драўлянага Рыцара, толькі ў сучасным гарнітуры замест даспехаў.

Незнаёмы (голасам Рыцара). Не давезяце да горада, шаноўныя гаспадары?

Заслона