epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Кавалёў

Дзівосныя авантуры Кубліцкага ды Заблоцкага

Дзея першая. Яйка ад куры-шчабятуры
  З’ява першая
  З’ява другая
Дзея другая. Падазроная труба
  З’ява трэцяя
  З’ява чацвёртая
  З’ява пятая
  З’ява шостая
  З’ява сёмая


П’еса-казка ў 2-х дзеях

(у сааўтарстве з Пятром Васючэнкам)

 

АСОБЫ

 

Пан Кубліцкі.

Пан Заблоцкі.

Дзеўка Дрыпа.

Кура-Шчабятура.

Страшыдла.

Цыганка.

Гетман Трыбуховіч.

Князь Дрыгайла.

Пастрыгач.

Цар Максімілян.

Царэвіч Адолька.

Фіцьмаршал.

Людзі на кірмашы.

Гісторыя гэтая — пра знакамітых паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Ото ж былі паны! Колькі гузоў пазараблялі на свае галовы — усё праз фанабэрыю, прагавітасць, недарэчныя дзівацтвы. А галоўнае, надта пад’есці любілі. Пан Кубліцкі на сняданак, бывала, аплятаў засмажанага вепрука. Пан Заблоцкі адным махам мог выпіць цэлую барылу мёду. Нядзіўна, што гаспадарка ў абодвух звялася дазвання: ні курчаці, ні парасяці, хлеба ані каліва. Засталася на дваіх адна ўбогая хаціна ды невялічкая дзялянка рэпы на гародзе...

 

 

Дзея першая. Яйка ад куры-шчабятуры

 

З’ява першая

Уздымаецца заслона, і перад гледачамі ўзнікае адзіны пакойчык ва ўбогай хатцы паноў. Пан Кубліцкі, надзьмуты, быццам вожыка праглынуў, ляжыць на лаве і разглядае партрэты сваіх продкаў. Пан Заблоцкі ў вялікай злосці ходзіць ад сцяны да сцяны, моцна грукаючы ботамі.

Кубліцкі (раздражнёна). Хай бы пан Заблоцкі падбіваў боты не зялезнымі, а драўлянымі цвікамі. Яно танней і менш грукату.

Заблоцкі (злосна). Хай бы пан Кубліцкі не брахаў абы-чаго, а пайшоў бы ў вёску ды папрасіў у мужыкоў хлеба!

Кубліцкі. О не, я не магу прасіць у мужыкоў-лапатнікаў, хай лепей я свае боты з’ем. А што — боты ў мяне дыхтоўныя, з казлінае скуры, дзёгцем наваксаваныя.

Заблоцкі. А ў мяне са свінячае скуры, затое гусіным шмальцам падмазаныя. Мае куды смачнейшыя.

Кубліцкі. Вось зараз зварым у чыгуне дый пакаштуем, чые смачнейшыя! (Усхопліваецца з лавы.)

Паны раскладаюць агонь, набухторваюць вады ў чыгун і кідаюць туды боты. Кожны свае.

Заблоцкі. Якраз да палудня зварацца. Але во дзе штука — хто будзе чыгун мыць, пад’еўшы?

Кубліцкі. Навошта пан пытае? Ясна хто. У каго боты шмальцам змазаныя. Пасля такіх ботаў чыгун ох як цяжка адмыць!

Заблоцкі. Брахня! Якраз ад дзёгцю чыгун будзе чорны, што мурза.

Кубліцкі. А я кажу, што гусінае сала брыдка пахне!

Заблоцкі. А дзёгцем адно мужыкі боты мажуць!

Кубліцкі. Пан ёсць грубіянам!

Заблоцкі. Ад хама чую! Дзе мая шабля?

Стаяць адзін проці другога, страшна вырачыўшы вочы, раз-пораз хапаюцца за бакі, дзе раней былі прычэпленыя шаблі.

Кубліцкі (з'едліва). Хіба пан Заблоцкі забыўся, як аддаў сваю шаблю мужыкам за два кубельцы сала?

Заблоцкі. А ты, пане Кубліцкі, хіба не прамяняў свае зброі на два колцы кілбасаў?

Кубліцкі (не стрываўшы). Але ж і смачныя былі кілбасы — з часначком ды кменам, проста цуд!..

Заблоцкі (палагаднеўшы). Яно й сала было нішто сабе, асабліва як з цыбулькай ды з гурочкам...

Кубліцкі (круціць носам). А што гэтак непрыемна пахне, ці не свінячая скура?

Заблоцкі. Не, гэта няйначай падсмалены казёл смярдзіць.

Кубліцкі. Авой, дык гэта ж нашыя боты зварыліся! Падбягаюць да чыгуна і, разганяючы дым рукамі, зазіраюць у яго.

Заблоцкі. А дзе ж поліўка? Стаўлялі боты варыць, а яны — засмажыліся.

Кубліцкі. Відаць, пан замала вады ў чыгун уліў.

Заблоцкі. А нашто было такі вялікі агонь раскладаць?

Паны хапаюць з чыгуна па боту і пачынаюць іх есці. Ад такой далікатнай ежы панскія жываты бурчаць і скрыгочуць. Пан Заблоцкі злосна выплёўвае нешта назад у чыгун.

Няйначай падэшва. Халера, не зварылася чамусьці.

Кубліцкі. Што, нясмачна? Казаў жа я, каб не падбіваў пан боты зялезнымі цвікамі. З драўлянымі яно б уежней было.

Заблоцкі. Бачу я, што пан Кубліцкі разбіраецца ў стравах, як кот у каўбасных абрэзках.

Кубліцкі (пакрыўджана). Хто? Гэта я не разбіраюся ў стравах? Хіба пан забыўся, якога адмысловага кухара я некалі выпісаў сабе з Парыжу? Хіба пан не ласаваўся ў мяне мядзведжаю шынкаю, калдунамі з зайчацінаю, пірагамі з дзічынаю? Уга! Мой кухар кожны дзень гатаваў новую страву. Ужо што толькі ні вымышляў, як толькі ні круціўся гэты кухар, каб дагадзіць мне і маім гасцям! Рабіў ён вужыную яечню, верашчаку з мышыных хвастоў, ціснуў чарвяковае масла, засмажваў цэлага каня ды саліў на зіму апельсіны. Бывала, возьме моху, чартапалоху ды ўсякага іншага патроху, змяшае з камарынымі лапкамі, палье зверху жабурыннем — такая салата атрымаецца, што будзь здароў!

Заблоцкі. Было, ды сплыло. Ад такіх успамінаў яшчэ болей есці хочацца! Пасля ботаў у брусе ўсё адно пуста, не раўнуючы, як на таку.

Кубліцкі (летуценна). Хутчэй бы наша рэпа паспела, казалі мужыкі, што надта смачная рэч — параная рэпа.

Заблоцкі. От калі наямося ад пуза!

Кубліцкі. А што не з’ямо, тое павязем у Смургонь на продаж. Накупляем тады розных страваў ды прысмакаў, абаранкаў з макам, марцыпанаў з гэрцамі — от смаката!.. А пад’еўшы, можна і пра сур’ёзныя рэчы падумаць. Вось я дык надта хачу ажаніцца. Дальбог, знайду сабе маладзенькую паненку, ясачку такую...

Заблоцкі. Эх, голад не свой брат, як засмокча, дык і на паненак забудзешся, і на шляхетнасць.

Кубліцкі. Авохці, надта ўжо есці хочацца...

У дзвярах паказваецца Кура-Шчабятура — вялікая птушка ў пярэстым убранні. Нахіліўшы набок галаву, з цікавасцю разглядае гаспадароў убогае хаціны.

Кура-Шчабятура. Чаго паны занудзіліся, мо есці хочуць?

Заблоцкі. А хто ты такая, каб у нас пытацца?

Кура-Шчабятура. Я — заморская птушка, Кура-Шчабятура, гандлюю яйкамі. Багатым за грошы прадаю, бедным ды галодным за так. Магу і вам знесці яйка, калі вы галодныя.

Заблоцкі. А што нам за наедак з твайго яйка, калі мы з панам Кубліцкім глытаем іх адразу цэлае рэшата...

Кубліцкі. От каб з яйка ды куранятка вывелася!

Кура-Шчабятура. А што? Можна і каб вывелася.

Кубліцкі. Але ж у кураняці толькі дзве маленькія ножкі... А ці можна, пані Шчабятура, каб у яго было чатыры нагі?

Заблоцкі. Не чатыры, а сорак! Падавай нам кураня-сараканожку!

Кура-Шчабятура. (згаджаецца). Можна і гэта. (Сядае на падлогу і пачынае несціся.)

Паны бегаюць вакол Куры-Шчабятуры ды даюць каштоўныя парады.

Кубліцкі. Каб жа толькі куранятка не выйшла благенькае ды худое...

Заблоцкі. Каб сала на тым кураняці было з даланю таўшчынёю...

Кубліцкі. Ды ростам каб яно было з ладнага парсюка...

Заблоцкі. Не з парсюка, а з быка каб было велічынёю! Во!

Кура-Шчабятура. Добра, панове, усё будзе так, як вы хочаце. (Перастае нарэшце квахтаць — зносіць яйка. Яно вялізнае, як бочка, а можа, і большае.) Вось вам яйка, панове. Толькі я такую гаргару не бяруся наседжваць. Ужо самі неяк старайцеся, а я пайду.

Заблоцкі. Гэта не курыная справа. Было б яйка, а мы ўжо самі дамо яму рады!

Кура-Шчабятура выходзіць з хаткі. Пан Кубліцкі ды пан Заблоцкі бяруцца наседжваць яйка. Сядаюць на яго ўдвох як на лаву, яшчэ й месца застаецца — вунь якое аграмаднае яйка.

Кубліцкі. А што, пане Заблоцкі, добра будзе павячэраць смажаным кураняткам?

Заблоцкі. Чаму гэта — смажаным? Лепей звараным у крупніку.

Кубліцкі. Не, лепей засмажаным пад смятанаю.

Заблоцкі. А дзе пан возьме тае смятаны?

Кубліцкі. А дзе пан расстараецца тых круп?

Заблоцкі (падскоквае). Чым смажанае, то лепш пражанае!

Кубліцкі (падскоквае). Чым пражанае, то лепш вэнджанае!

Заблоцкі. Ой, злазьма хутчэй з яйка — па маім азадку нехта дзяўбе.

Кубліцкі. І па маім таксама!

Адыходзяцца на некалькі крокаў і баязліва назіраюць за ажыўшым яйкам. У яйку нешта грукоча, нешта стукоча, як у малатарні, асыпаецца шалупінне, і перад панамі з’яўляецца куранятка. Страшыдла: гара гарою, наперадзе бычыныя рогі і свінячы лыч, назаду хвост, як у пеўня. Страшыдла рохкае страшным голасам, лопае скрыдламі. Нарэшце заўважае перапалоханых, збялелых паноў і сунецца проста на іх.

Страшыдла. Што вырачыліся, ёлупы?! Есці хачу! Нясіце есці!

Паны страчваюць прытомнасць і, як падкошаныя, валяцца на падлогу. Страшыдла нахіляецца над імі, абнюхвае і круціць носам. Спрабуе грызці пас пана Заблоцкага, але выплёўвае, бо нясмачна.

Што за хацінка — няма і хлеба скарынкі. Прапахла панскаю пыхаю, ледзьве дыхаю. Пайду лепш на агарод, можа, вырасла рэпа ці гарох. (Выпаўзае з хаты.)

Паны нарэшце ачомваюцца, вохкаюць, чухаюць патыліцы.

Кубліцкі. Дык што ж гэта робіцца, панове? Заміж кураняці вылупілася нейкае страшыдла!

Заблоцкі. Не, каб на патэльню ўскочыць ды засмажыцца — сам есці патрабуе, нахаба!

Кубліцкі. Гэта ж ён можа ўсчыніць несусветны грандзёж ды гвалт. Пачне парсючкоў ды цялятак глытаць, прыгожанькіх паненак хапаць. Як усіх паненак перахапае, з кім я ажанюся?

Заблоцкі. Што паненкі... Не бяды, застанецца й пану Кубліцкаму якая-кольвек дзеўка-дрыпа. Але баюся, каб жа гэтая пачвара не ўбілася ў рэпу...

Кубліцкі (кідаецца да акна). А дапраўды! Разлёгся, страшнік, паміж градаў і топча сабе нашую недаспелую рэпу, закідвае ў прадоннае горла, як у сячкарню!

Заблоцкі. Гэтак ізноў давядзецца зубы на паліцу класці! Няма чаго марудзіць, трэба ісці ваяваць страхалюда праклятага, іначай не будзе ані рэпы, ані нявестаў! Хапай, пане Кубліцкі, качаргу, а я вазьму чапялу, ды паспяшаемся на агарод!

Паны ўзбройваюцца качаргою ды чапялою і выбягаюць з хаты.

 

З’ява другая

Панскі гарод, збоку — хатка. У гародзе паміж градаў пасвіцца Страшыдла: трушчыць разам з бацвіннем недаспелую рэпу, з якой у гаспадароў звязваліся ўсе надзеі на лепшую будучыню. З хаткі выбягаюць паны Кубліцкі ды Заблоцкі.

Заблоцкі. Раскірэка чортава, недавярак гэты! Рэпу павытоптваў, павырываў, каб табе зубы павырывала! Залез у рэпу і жарэ, каб яна табе бокам вылезла, каб ты жыватом качаўся! Столькі бацвіння аб’еў, каб табе моль галаву аб’ела, каб цябе свінні елі, каб ты зямлю грыз! Ану, прэч з гарода, не бачыш — шляхта ідзе!

Страшыдла. Маўчаць, пакуль зубы тырчаць! (Працягвае грызці рэпу.)

Кубліцкі. Ну ж і страхотная праява, авохці! Сядзіць, наладаванае рэпаю, дый думае, мабыць, дзе б якой паненкай закусіць. Але ўсё-ткі мы яго самі выседжвалі з яйка, значыцца, ёсць і ў гэтым стварэнні нешта шляхетнае. Паспрабуем пагаварыць з ім далікатна. Ідзіце, проша пана, тут няможна пасвіцца! Гэта нашая з панам Заблоцкім рэпа.

Страшыдла грызе рэпу.

Заблоцкі. Страхалюд гэны на лагодныя словы й не шманае, ані. Адно чэрава пагладжвае, нячысты дух.

Прыкінуўся, што на адно вока глухаваты, на адно вуха слепаваты.

Кубліцкі (настойліва). Гэтак, як пан Страшыдла робіць, няможна рабіць. Нельга есці недаспелай рэпы ў чужым гародзе, і ў гаспадарчым статуце гэта напісана...

Страшыдла (ляніва). Самі чытайце ваш сабачы статут, ён не для мяне напісаны. Я іншаземны грамадзянін, заморскае птушкі сынок.

Заблоцкі. От жа мярзотнік! Ну, пачакай, зараз шляхта дасць табе дыхту, дажджэшся, страшнік. (Натапырвае вусы, ссоўвае бровы і рыкае грамавым голасам.) Прэч з гарода, галгане!!!

Страшыдла ў адказ на гэта выплёўвае рэпу, набірае паветра — ды як свісне! Паны ад такога свісту адлятаюць на некалькі метраў і хляпаюцца вобзем. Падымаюцца, абтрасаюць з сябе пыл і спрытна займаюць абаронную пазіцыю за хатай.

Яшчэ й свішча, каб ты крывёю свіснуў, каб праз твае вушы вецер свістаў!

Кубліцкі. Уга, якое нявыхаванае Страшыдла!

Заблоцкі. На двубой хама памаўзлівага выклікаю! Шукайма секундантаў!

Кубліцкі. Які з гэткім двубой... Ён мо й не ведае, з якога канца за зброю брацца. Зусім не шляхетная натура.

Тым часам праз гарод шыбуе з аброццю ў руках дзеўка Дрыпа.

Заблоцкі. Куды ты, дзеўка? Не хадзі туды, наложышся галавой!

Кубліцкі. Хіба не бачыш, якая там поскудзь ляжыць?

Дрыпа, аднак, смела набліжаецца да Страшыдлы і з цікавасцю аглядае яго. Той касавурыцца, але не спяшаецца яе глытаць, не панаравіў, ці што.

Дрыпа (разважліва). Чаму — поскудзь? Нішто сабе жывёлінка. Магла б у гаспадарцы спатрэбіцца. Во каб яго запрэгчы ды араць на ім. У таткі якраз конь уцёк. (Тузае Страшыдлу.) Падымайся, даражэнькі, пойдзем у стайню.

Страшыдла (збянтэжаны ад такога нахабства). На кім, на мне араць? Толькі з яйка вылупіўся — і адразу ў працу? Ды я ж не конь зусім, а малое куранятка.

Дрыпа. Яшчэ лепш. Днём паарэш, а ўвечары яйка знясеш. (Тузае Страшыдлу настойлівей.) Падымайся, залаценькі, пойдзем у куратнік.

Страшыдла (абурана). Якія яйкі? Я — не курыца, я — пеўнік!

Дрыпа. І гэта няблага. Будзеш курэй вадзіць і кукарэкаць. Ану, падымайся, пакуль у суп не ўкінулі. (Спрабуе накінуць на Страшыдлу аброць, той не даецца.) А вы, панове, чаго раты паразяўлялі? Дапамажыце злавіць гэтага абібока.

Паны бачаць, што дзеўка не баіцца, і спяшаюцца на дапамогу: адзін з качаргою, другі з чапялою. Страшыдла зусім разгубіўся і дае дзёру з гарода, бегае вакол хаты, а паны і дзеўка Дрыпа — за ім.

Страшыдла (раве немым голасам). Мамачка, ратуй, забіваюць! Не хачу араць, не хачу яйкі несці, не хачу кукарэкаць! Я яшчэ малы! Не хачу ў суп!

Заблоцкі. Вылезе табе бокам нашая рэпа!

Кубліцкі. Будзеш ведаць, як шляхту зневажаць!

На Страшыдлаў лямант з кудахтаннем прыбягае Кура-Шчабятура і бароніць яго.

Кура-Шчабятура. Збілі цябе гэтыя здаровыя бамбізы. Ну, не плач, дзіцятка. Хадзі да мамкі пад крылца. А вам, панове, як не сорамна крыўдзіць малое куранятка?

Заблоцкі. Нішто сабе — малое, ростам з быка і страшнейшае ад заморскага звера кракадзіла!

Кубліцкі. А што ўжо ненажэрнае — нібы статак дзікоў. Зглуміла блізу ўсю нашу рэпу.

Кура-Шчабятура. Якое заказвалі, якое наседжвалі, такое і вылупілася. І не такія яшчэ вырастаюць праз чалавечую зайздрасць ды прагавітасць. Хадзем адсюль, дзіцятка, самі не ведаюць, чаго хочуць. (Пакідаюць гарод.)

Дрыпа (расчараваная). Шкада, такі конік збег! Прыйдзецца ісці свайго шукаць.

Заблоцкі. Гэй, дзеўка, пачакай!

Кубліцкі. Скажы нам хоць сваё імя, ясная паненка!

Заблоцкі. А яшчэ — ці маеш герб і якога ты роду?

Дрыпа. Клічуць мяне Параска, па вясковай мянушцы — Дрыпа. Гэта цераз тое, што ніяк не выпраўлю сабе новай сукні. Гарба пакуль, дзякаваць Богу, не маю, а родам я з суседняе вёскі, дачка селяніна Ахрэма Верацённіка.

Заблоцкі. Дазволь правесці цябе, Параска, да бацькоўскае хаты. Мала якая яшчэ пачвара ў ваколіцы завялася.

Кубліцкі (убок). А нішто сабе дзеўка, з ёй нават ажаніцца можна!

 

Дзея другая. Падазроная труба

З’ява трэцяя

На лаве пад вярбою сядзіць дзеўка Дрыпа і румзае. З’яўляецца Цыганка, заўважае Дрыпу і спрабуе даведацца прычыну ейных слёз.

Дрыпа (румзае). ЬІ-ы-ы...

Цыганка. Што здарылася, красуня? Мо гарох не ўрадзіў ці малако ў каровы скісла?

Дрыпа. Не-е-е... Замуж хачу!

Цыганка. От гора, дык гора! А чаму ж не ідзеш? Ці жаніха няма?

Дрыпа. Жаніхоў ажно два, але не ведаю, якога выбраць. А татка не пускае ні за аднаго, ні за другога.

Цыганка. Гэта яшчэ чаму?

Дрыпа. Кажа, шалапуты абодва, хоць і шляхціцы. Ніякага рамяства рабіць не ўмеюць.

Цыганка. Адкуль гэта вядома?

Дрыпа. Пан Заблоцкі паспрабаваў сані майстраваць. Як пачаў полаз гнуць, дык жардзіна адскочыла ды бэнц! — проста пану ў лабаціну. Пан Кубліцкі быў узяўся гаршкі ды міскі круціць на ганчарным коле. Але першаму ж купцу не дагадзіў, той зазлаваў, што гаршчок дзіравы, ды разбіў яго аб панаву галаву.

Цыганка. Дзе ж гэта запісана, каб шляхціц сам майстраваў сані ды гаршкі ляпіў? Не такое шляхецкае рамяство!

Дрыпа (з надзеяй). А якое?

Цыганка. Шляхецкае рамяство — на вараным коніку скакаць, шабліцай махаць, паганага ворага перамагаць. Ды іншыя геройствы чыніць. А пасля — мёд-гарэлачку смактаць, кілбасы ды кумпякі пуцаваць.

Дрыпа (узрадавана). Ах, гарэлку смактаць ды кілбасы таптаць яны добра ўмеюць!

Цыганка. Значыцца, сапраўдныя шляхціцы! І астатняму навучацца. Дам табе добрую параду: выпраўляй сваіх жаніхоў у белы свет геройствы чыніць. Каторы з іх самае пачэснае геройства ўчыніць, за таго і замуж выходзь. А мне за добрую параду пазалаці ручку.

Дрыпа. Дзякуй табе, цётачка. (Дае Цыганцы грошай.) Навучыла неразумную дзеўку, як з бяды выйсці. А вунь і мае жаніхі па адказ ідуць.

Цыганка знікае. Да лавы падыходзяць паны Кубліцкі ды Заблоцкі, гжэчна вітаюцца і сядаюць поруч з дзеўкай Дрыпай.

Кубліцкі. Маё вам шанаванне, паненка Дрыпа!

Заблоцкі. Чэсць!

Кубліцкі. Дык што ж адкажа ясная паненка на маю прапанову? Ці пойдзе за мяне замуж? Я з такое нагоды паненцы Дрыпе новую сукню куплю...

Заблоцкі (перапыняе). ...Ага, як толькі грошай дзе пазычыш. (Да Дрыпы.) Не слухай, красуня, выходзь за мяне. Я цябе на жарабцы вазіць буду. У мяне ёсць такі жарабец — агонь, а не жарабец. У стайню не можа прасунуцца, такі вялікі, дык ён я-а-ак разгоніцца і ў дзірку пад дзвярыма — шусь!.. Цьфу, пра што гэта я?

Кубліцкі (з'едліва). Мусіць, гэта ў пана сабака такі, а не жарабец?

Дрыпа. Ну, досыць, наслухалася ўжо я вас, панове. І вось мой адказ: годзе вам на печы ляжаць ды на партрэты продкаў паглядаць. Выпраўляйцеся ў белы свет розныя геройствы чыніць! Хто з вас будзе адважнейшы, за таго і замуж пайду. З тым і бывайце. Я пайшла карову даіць. (Пакідае паноў.)

Заблоцкі (чухае патыліцу). Геройствы чыніць — гэта занятак добры, шляхецкі. Толькі што за геройствы — без ботаў і зброі?

Кубліцкі. А яшчэ без амуніцыі ды правіянту? Дый хто нам за геройствы будзе грошы плаціць?

Заблоцкі. Эх, пане Кубліцкі! Цяжка ў наш час ажаніцца. Ці не лепш вярнуцца дахаты, балазе і рэпа сёлета ўрадзіла?

Раптам чуецца барабанны дробат, спявае паходны ражок. Проста на паноў маршыруе гетман Трыбуховіч і махае шабляю.

Гетман. Дзень добры, храбрыя лыцары! Хто такія будзеце, чаму седзіцё панурыя, насы апусціўшы, вусы не падкруціўшы?

Кубліцкі. Мы людзі шляхецкага роду, паны Кубліцкі ды Заблоцкі. Хацелі б учыніць якое-кольвек геройства, але не маем ані зброі, ані правіянту.

Гетман. Вас-то мне й трэба! Я — вялікі каронны гетман Трыбуховіч, пасланы каралём Гарбузом Восьмым ваяваць непаслухмянага князя Дрыгайлу. Хадземце са мною, панове!

Кубліцкі. А ад чаго пачалася тая вайна, чаго не падзялілі Кароль ды князь?

Заблоцкі. Можа, чорнага хорта?

Кубліцкі. Ці сівае кабылы?

Гетман. Каб жа так! Ведаеце, гэты князь Дрыгайла нейкі несамавіты. Усе князі як князі: палююць, ваююць, балююць, з яснымі паненкамі амуры круцяць. А той дзівак улез па вушы ў навуку, змайстраваў сабе нейкую падазроную трубу ды ўсё глядзіць на неба, нешта ў ім вышуквае...

Кубліцкі. Як, проша пана, завецца тая труба?

Трыбуховіч. Падазроная.

Кубліцкі. Можа, падзорная, а не падазроная?

Трыбуховіч. Не, труба падазроная, вельмі падазроная. Бо што, калі князь навядзе сваю трубу на Гарбузоў палац ды ўсе каралеўскія сакрэты падглядзіць? Вельмі падазроную трубу змайстраваў князёк. Вось і загадаў яго вялікасць Гарбуз Восьмы князя Дрыгайлу зваяваць, княскае войска паланіць, а падазроную трубу паламаць.

Кубліцкі. І гэта будзе геройскі ўчынак?

Гетман. Так, гэта будзе самы геройскі ўчынак.

Заблоцкі. А як, пане гетман, у вашым войску наконт харчу ды ўзнагароды?

Гетман. Харчу ў вас будзе ўволю: вэнджаныя куры, кілбасы, шынкі, карчагі з віном, разынкі, пернікі ды розныя іншыя прысмакі. А як пераможам князя Дрыгайлу, будзе вам і ўзнагарода — па сто залатых дукатаў на пана.

Кубліцкі, Заблоцкі (разам). О, тады згода!

Гетман. Рушце, адважныя воі, за мною, выдам вам зброю, выдам амуніцыю ды павяду на пазіцыю.

Выпраўляюцца на вайну. Гучыць ваяцкі марш.

 

 

З’ява чацвёртая

На бярозавым троне на пагорку сядзіць князь Дрыгайла, сілкуецца пражаным гарохам ды назірае праз падзорную трубу за ходам бітвы. Бухаюць гарматы, гахаюць гакаўніцы, свішчуць кулі. Нарэшце чуюцца салют і крыкі: «Віват! Віват! Хай жыве непераможны князь Дрыгайла!»

Дрыгайла. Віват! Віват! Я перамог! Войска караля Гарбуза разбітае! Гетман Трыбуховіч уцёк з поля бою, пакінуўшы зброю і правіянт. Дулю яму, а не падзорную трубу. (Пераводзіць трубу на неба.) Цяпер ізноў можна назіраць за зоркамі і Месяцам. (У той бок, адкуль чуюцца крыкі.) Гэй, вы там! Годзе галёкаць! Перамаглі ворага — і добра. Я на камету гляджу.

На сцэну асцярожна выпаўзае, задам наперад, пан Кубліцкі, перапэцканы порахам, у пашкуматанай вопратцы, але затое і з мехам у руках. Насустрач яму сунецца гэткі ж мурзаты пан Заблоцкі, таксама рачкуючы і таксама з мехам. Паны сутыкаюцца і, напалоханыя, разлятаюцца ў розныя бакі.

Заблоцкі. Пан Кубліцкі!

Кубліцкі. Пан Заблоцкі!

Заблоцкі. А я ўжо думаў, што сустрэнемся на тым свеце, калі гарматнае ядро гахнула па вайсковай скарбніцы, за якой пан Кубліцкі схаваўся.

Кубліцкі. І я так думаў, калі ворагі штурмавалі вазы з правіянтам, пад якімі сядзеў пан Заблоцкі.

Заблоцкі. Я дык недарэмна сядзеў — сёе-тое выседзеў. Воз перакуліўся, я — хап за мех ды ўцякаць. От зараз развяжу мех — падсілкуемся кілбаскаю! (Развязвае мех.) Што за д’ябал! Цьфу! Заміж кілбасаў — гнілыя яблыкі. Чорт пабірай гэтага прайдзісвета гетмана Трыбуховіча.

Кубліцкі. Гэта ж трэба — так падмануць сумленную шляхту. Яшчэ добра, што я пазычыў у скарбніцы торбу з залатымі дукатамі. Пойдзем у якую карчму — там за грошы і пачастуюць, і ў дарогу дадуць. (Развязвае торбу.) Авой! Што гэта?! Каменьчыкі заміж залатых дукатаў!

Заблоцкі. Каб ён выдах разам са сваім Гарбузом Восьмым і з князем Дрыгайлам заадно! Праз іх, праклятых, мы ў гэтую калатнечу ўхляпаліся.

Пры гэтых словах князь Дрыгайла ледзь не выпускае падзорнай трубы з рук і імгненна вяртаецца з Месяца на зямлю.

Дрыгайла. Што-што? Хто насмеліўся праклінаць мяне, князя Дрыгайлу, у дзень маёй найвялікшай вікторыі?! (Заўважае перапалоханых паноў.) Гэта яшчэ што за абшарпанцы? Ага, усё зразумела — гэта дэзерціры з разбітага Гарбузовага войска. Або шпегі. Гэй, варта!

Кубліцкі, Заблоцкі (разам). Здаёмся, здаёмся, ваша мосць!

Дрыгайла. Ну, добра ўжо, бяру вас у палон. Што ўмееце рабіць? Гаспадарка ў мяне вялікая, але даглядаць яе не маю часу — назіраю праз падзорную трубу зоры ды Месяц.

Кубліцкі (муляецца). Сказаць па праўдзе, ваша мосць, мы — шляхціцы, прывучаныя да высакародных заняткаў.

Дрыгайла. Няма ў мяне для вас чыстае работы. Ёсць звычайная мужыцкая праца: гной растрасаць або скаціну пасвіць.

Заблоцкі (чухае патыліцу). Лепей тады ўжо скаціну пасвіць.

Дрыгайла. Ну, то выганяйце каровы на пашу. Праца не надта мудрая, навучыцеся. Адно глядзіце, каб скаціна не ўбілася ў шкоду.

Паны выпраўляюцца пасвіць каровы. Дрыгайла зноў бярэцца за падзорную трубу. Рыкаюць каровы, ляскаюць пугі, тады ўсё сціхае.

Эх, хмара закрыла неба, не відаць ні зорак, ні месячыка. Трэба паглядзець, як там паны з каровамі ўпраўляюцца. (Наводзіць падзорную трубу.) Што такое — няма нідзе кароў, а паны назад вяртаюцца.

З’яўляюцца паны Кубліцкі ды Заблоцкі з бізунамі ў руках.

А дзе каровы?

Заблоцкі. У моры, ваша мосць, дзе ж ім яшчэ быць? Убіліся, праклятыя, у гарод, патрушчылі ўсё чыста — моркву, капусту, гуркі. Мы іх — пугамі, яны ўцякаць. Беглі, беглі ды забеглі проста ў сіняе мора. А адтуль іх калом не выб’еш, надта ўжо ім даспадобы прыйшлася морская капуста. Дарэмна мы з панам Кубліцкім бегалі па беразе ды ўпрошвалі, каб вярнуліся назад.

Дрыгайла. Што за лухта? Не могуць каровы жыць у моры!

Кубліцкі. Чаму не могуць? Жывуць жа морскія каровы, вось і гэтыя неяк прызвычаіліся. А як добра цяпер будзе вашае мосці плаваць у госці да ангельскага караля! Будуць у моры і сырадой, і сыракваша, і смятана.

Дрыгайла. Каб жа вы самі ў тым моры патапіліся, абібокі! І навошта я вас у палон браў? Ідзіце пасвіць гусей. Толькі глядзіце, гусь — птушка памяркоўная, трымаецца ў чарадзе, але і за ёю догляд патрэбны.

Паны выпраўляюцца пасвіць гусей. Дрыгайла цяжка ўздыхае і наводзіць на неба падзорную трубу. Гагаюць гусі, свішчуць дубцы, потым усё сціхае. Раптам Дрыгайла падхопліваецца з трона і аберуч хапаецца за падзорную трубу.

Дрыгайла. Што такое: на Месяцы паміж каменняў ды кратэраў гуляюць мае гусі!

З’яўляюцца змораныя паны Кубліцкі ды Заблоцкі з дубцамі ў руках.

А дзе ж гусі?

Заблоцкі. А халера іх ведае, ваша мосць. Узняліся ў паветра ўсёй чарадой ды схаваліся паміж аблокамі. Пэўна што, надакучыла ім пасвіцца, то палётаюць крыху, разрухаюць крылы і вернуцца да вашае мосці.

Дрыгайла. А гэта хто? (Тыцкае пад нос пану Кубліцкаму падзорную трубу.)

Кубліцкі (дзівіцца). Няўжо гусі? Чаго іх на Месяц панесла, небаракаў? Там жа гола, пуста, ані травінкі. Агылі, агылі, злазьце з Месяца, даражэнькія, пагулялі, дый годзе.

Дрыгайла не вытрымвае і паказвае пану Кубліцкаму праз падзорную трубу дулю, якую труба спраўна павялічвае ў некалькі разоў.

Авой, што гэта? Фу, як непрыстойна. Хай вашамосць прабачыць, але зусім невыхаванае ягонае птаства — дулі з Месяца круціць!

Дрыгайла (стомлена). Былі б вы мужыкі — загадаў бы вас адперыць бізунамі на стайні. А са шляхты што возьмеш! Звялі мне ўсю гаспадарку, каб вас мядзведзь задраў. Адпраўляйцеся на пасеку пчолы даглядаць. Пчала — паслухмяная гмызурка, трымаецца сваёй дамоўкі. Там вадзічкі падальеце ў сподачак, там рамкі з сотамі паправіце — вось і ўся праца.

Кубліцкі. А яны не кусаюцца, вашыя пчолы?

Дрыгайла. Калі і джыгне якая ў спіну або ніжэй — не бяды. Бо ў паноў, як бачу, раматус, а пчаліныя джалы добра ад гэтай хваробы лечаць.

Паны выпраўляюцца на пасеку, а Дрыгайла зноў утаропліваецца ў падзорную трубу.

Кубліцкі (адыходзячы). Што б такое прыдумаць, каб пчолы паболей мёду цягалі? Можа, навесіць кожнай на шыю цэбар? Хай у цэбры мёд збіраюць.

Заблоцкі. Але хто тыя цэбры мыць будзе?..

 

З’ява пятая

Дарога. З’яўляецца дзеўка Дрыпа.

Дрыпа. Куды ж гэта жаніхі мае падзеліся? Пайшлі — як скрозьдонна праваліліся, хоць бы вестку якую даслалі. А я ўжо галасіла-галасіла... (Плача.) Усе блізу валасы на галаве выдрала. (Паказвае.) Во, зірніце. А пасля думаю: пайду шукаць паноў. Трэці дзень у дарозе. (Усхліпвае.) А што гэта там, наперадзе? Людзей-людзей — што кіем набіта. Ці не смургонскі кірмаш? А гоману — аж у вушах гудзе! Проста як чарадзейства, як насланнё якое.

Прабіраецца цераз кірмаш. Яе пераследуюць пранізлівыя крыкі гандляроў, чыесьці рукі не даюць праходу, хапаюць за крысо світы.

Галасы. Дзеўка! Ты куды? Пачакай! Купі мармышкі!

— Не купляй у яго, лепей у мяне купі — во, смалы купі гарачай!

— Парашок для клапоў! Найлепшы ў свеце парашок для клапоў! Купіце — і праз месяц клапоў будзе поўная хата!

— Купі хусту! Купі перніка! Купі дзірку ад бубліка! Купі чорта лысага!

З нейкага будана выскоквае Пастрыгач у белым хвартуху, з аграмаднымі нажніцамі.

Пастрыгач. Шаноўныя мамзелі і мусью, хто хоча пастрыгчыся па апошняй пранцузскай модзе, валі сюды!

Дзеўка стала каля будана, губу адвесіўшы, і ўтаропілася на Пастрыгача.

Чаго зяпу раскрыла, шаноўная мамзеля?

Дрыпа (нясмела). Выбачайце, паночку, ці не вашаць стрыгла летась авечкі ў тутэйшага пана Кіндзюшкі?

Пастрыгач. Не, гэта не я! Я — з Парыжу, парызкі цырульнік, гэта па-вашаму пастрыгач. Магу й цябе пастрыгчы, шаноўная мамзеля. Станеш надта харошая: вочынна красівая, вужасна прыўкрасная.

Дрыпа. Чаго мне стрыгчыся, калі я валасы павырывала з гора. Бяда ў мяне. Жаніхі мае недзе прапалі, пан Кубліцкі ды пан Заблоцкі... Не даводзілася, спадарыку, такіх сустракаць?

Пастрыгач. Гм... А якія яны на выгляд, твае жаніхі?

Дрыпа (задумваецца). Ну, такія, крыху худаватыя. А можа, і таўставатыя трошачку. Не сказаць, каб дужа высокія, але і не нізкія. У кожнага два вухі, адзін нос. Спераду.

Пастрыгач. Пардон, такіх багата. (Схаваўся ў будане, з ляскам зачыніў дзверы і... праваліўся некуды разам з буданом.)

Дрыпа. Авой, куды гэта ён?

Да Дрыпы падскоквае Цыганка.

Цыганка. Пазалаці ручку, ясная паненка. Я табе паваражу, за каго пойдзеш замуж, скажу.

Дрыпа (дае Цыганцы грошы, працягвае руку). За каго замуж — я і так ведаю. За пана Кубліцкага ды пана Заблоцкага. От толькі куды яны падзеліся? (Узіраецца.) Ой, цётачка, дык вы ж мне і параілі іх на подзвігі адправіць! Вось яны і прапалі... Што мне зараз рабіць?

Цыганка. Чакай, зараз паглядзім. Ну, у гэтых паноў цяпер добрае, салодкае жыццё пайшло, яны й думаць забыліся на жаніцьбу. Дый нашто яны табе, галубка? Табе суджана пайсці замуж за нейкага ганаровага чалавека, за цара або князя! Такая твая планіда.

Дрыпа. А што гэта будзе за цар? Як яго зваць, цётачка?

Цыганка. А пярун яго ведае. (Правальваецца скрозьдонна з трэскам, з грукатам.)

Дрыпа. Чаго гэта яны ўсе правальваюцца?

Голас. Просім да нас у ціятр. Толькі адзін паказ! Паказваем прыстаўленне пра цара Максіміляна і яго непакорнага сына Адольку!

Дрыпа. Пра цара? Ці не пра майго жаніха будуць паказваць? Трэба паглядзець. (Прабіраецца бліжэй да «ціятра».)

Прадстаўленне пачынаецца. Цар Максімілян у бліскучай кароне, з доўгай рыжай барадой гукае да Фіцьмаршала.

Цар Максімілян. Гэй, Фіцьмаршал! Стань перада мной, як ліст перад травой!

Дрыпа (сама сабе). Царок крыху стараваты, але нішто сабе, важны дзядзька.

Прыбягае Фіцьмаршал — усе грудзі ў медалях, штаны з кутасамі, шпоры звіняць.

Фіцьмаршал. Што пажадае ваша анпіратарская вялікасць?

Цар Максімілян. Правесці да мяне майго непакорнага сына Адольку!

Прыводзяць царэвіча Адольку. Ён у ружовай кашульцы, у запраўленых у боты портках. І нечым вельмі нагадвае князя Дрыгайлу.

Дрыпа. Ах, які маладзенькі, кучаравенькі! Якія штонікі ладныя! А што, як за гэтага пайсці замуж?

Цар Максімілян. (да Адолькі). Дык што, непакорны сын мой Адолька, пытаюся ў цябе: ты будзеш цара слухацца або не?

Адолька. Не буду, ваша анпіратарская вялікасць!

Цар Максімілян. Яшчэ раз у цябе пытаюся: будзеш мяне слухацца?

Адолька. Не буду, ваша анпіратарская вялікасць!

Цар Максімілян. У астатні раз буду пытацца: паслухаешся бацькі ці не?

Адолька. Не паслухаюся, ваша анпіратарская вялікасць!

Цар Максімілян. Фіцьмаршал! Зараз жа адсячы яму галаву!

Царэвічу Адольку адсякаюць галаву — пакацілася пад ногі цара Максіміляна.

Дрыпа. От табе і маеш. Ужо галаву адсеклі. Як жа цяпер жаніцца? Што гэта за жаніх — без галавы?

Цар Максімілян. (падымае адсечаную галаву і пачынае раўці). Авохці мне! Бедны, няшчасны сын мой Адолька! Чаго ж ты не слухаўся свайго татачкі?.. (Кладзе галаву, здымае карону, адчапляе бараду і кажа абыякавым голасам.) Прыстаўленне закончана! Плаціце грошы.

Дрыпа. Як гэта — закончана? Бараду адчапіў — і ўжо закончана? А калі жаніцца? (Кідаецца да цара Максіміляна.)

Цар здзіўлена глядзіць на дзеўку Дрыпу, тады дзіка рагоча — і з грукатам, са стукатам правальваецца скрозьдонна. А за ім — і «ціятр», і ўвесь кірмаш. Дзеўка Дрыпа застаецца адна.

(У роспачы.) Бацюхны мае, куды ж яны ўсе пахаваліся? Як насланнё нейкае было! Бедная мая галованька! (Кідаецца па сцэне.) Дзе яны? Толькі што было жаніхоў як дроў, а цяпер — каб хоць адзін... Што рабіць? Шукаць трэба! А каго? Цара? Царэвіча? Паноў? Усё адно каго, галоўнае — некага шукаць. Буду шукаць, пакуль не знайду. Такая мая планіда! (Выбягае.)

 

 

З’ява шостая

Увечары на пасецы. Паны Кубліцкі ды Заблоцкі няспешна ласуюцца мёдам. Глядзець пчолы ім, відавочна, больш даспадобы, чым пасвіць каровы або гусі.

Заблоцкі. Уладзіў нам князь Дрыгайла, дык уладзіў! Вось гэта праца: палежвай сабе ды чэрпай мёд лыжкаю.

Кубліцкі. І праўда, праца добрая, адно слова — шляхетная. Аднаго я баюся: каб які мядзведзь не залез на пасеку і не нарабіў бяды. Бо што казаў, адпраўляючы нас сюды, князь Дрыгайла? «Каб вас мядзведзь задраў!» Значыцца, тут здараюцца мядзведзі...

Заблоцкі. Нам, шляхціцам, ніякі мядзведзь не страшны. Не гэтакіх пачвараў з рэпы выганялі. Толькі каб ён не надумаўся рабаваць пчаліных вулляў... Надта ж ласыя мядзведзі да чужога мёду. (Зачэрпвае вялікую лыжку мёду.)

Тым часам зусім цямнее. На пасецы відаць толькі панскія постаці ды сілуэты пчаліных дамкоў. Паны трывожна ўзіраюцца ў цемру. Раптам чуваць нейчыя крокі, трэск сучча. Паны ўсхопліваюцца.

Кубліцкі. Ну, што я казаў? Што рабіць, калі гэта сапраўды мядзведзь падкрадаецца?

Заблоцкі (з удаванай бадзёрасцю). Што, што... Абкружым нахабніка і нападзем нечакана з абодвух бакоў. Звяжам пасамі, а як будзе супраціўляцца,— надаем па карку. Недзе тут я бачыў ладную жардзіну... ды вось яна. А што? Не заставацца ж без мёду.

Кубліцкі. А пакуль што лепей схаваемся. Як мядзведзь пакажацца, тады й нападзем на яго знянацку.

Хаваюцца. Неўзабаве з цемры ўзнікае таямнічая фігура, пачынае разбураць адзін з вулляў. Дабіраецца да мёду і жарэ яго, цмокаючы ад задавальнення. Мабыць, гэта і праўда мядзведзь. Нечакана з двух бакоў на прыхадня накідваюцца паны Кубліцкі ды Заблоцкі. Уся гэтая валтузня ў цемры ледзь відаць, затое крыкі, лаянку і рыканне чуваць далёка, і то лаюцца не толькі раз’юшаныя пчаляры, але і напалоханы «звер».

Трымай звяругу!

Заблоцкі. Жардзінай яго па рэбрах! Ой! Ды не мяне, а мядзведзя!

Голас. Авой! Балюча!

Кубліцкі. Уга, які валасаты!

Голас. Адпусці чупрыну, дурань!

Заблоцкі. Вяжы яго пасам! Папаўся, валацуга! Не будзеш болей есці чужога мёду.

Голас. А каб вас пярун забіў!

Заблоцкі. Яшчэ й лаецца, хамула.

Кубліцкі. А мы яму цэбар на галаву надзенем, каб не было чуваць мядзведжае лаянкі.

Накідваюць «зверу» на галаву цэбар. Цяпер «мядзведзь» глуха бубніць у цэбры, але не разабраць што.

Заблоцкі. Ды не вырывайся ты, халера, а то як дам зверху жардзінаю, дык адразу ўсе зоры ў небе ўбачыш, і дрыгайлаўская труба не спатрэбіцца.

Кубліцкі. Во, павядзем яго да князя Дрыгайлы! Няхай ведае, якія ў яго храбрыя ды спрытныя пчаляры.

Заблоцкі. Не будзе абзываць нас абібокамі ды няздарамі. Гэта ж такога звера ўпаляваць, ды амаль голымі рукамі! А што, можа, гэта і ёсць сапраўдны геройскі ўчынак?

Кубліцкі. От, пабачыла б нас зараз шаноўная паненка Дрыпа!

Пакідаюць пасеку, папіхаючы ў спіну злоўленага «звера».

 

 

З’ява сёмая

На пагорку сядзіць на сваім бярозавым троне князь Дрыгайла і, ведама ж, глядзіць у падзорную трубу.

Убягае дзеўка Дрыпа, заўважае князя Дрыгайлу і проста вачам сваім не верыць: гэтак той падобны да Адолькі.

Дрыпа. Маладзенькі! Кучаравенькі! У белых штоніках! У ружовай кашульцы! Ён! Адолька!!! (Кідаецца да Дрыгайлы і зграбае яго ў ахапак.)

Дрыгайла (ледзь вырваўшыся з Дрыпіных абдымкаў). Ты чаго, дзеўка, блёкату аб’елася? Які я табе Адолька?

Дрыпа. Ды той самы, якому галаву на кірмашы адсеклі.

Дрыгайла. А чым жа я, па-твойму, у трубу гляджу? А? Ніякі я не Адолька!

Дрыпа. Не Адолька? А хто ж ты такі?

Дрыгайла (з гонарам). Я найсвятлейшы князь Дрыгайла!

Дрыпа (узрадавана). Кня-а-азь? Тады ўсё адно павінен са мной жаніцца! Такая нашая планіда. (Хапае Дрыгайлу за руку.)

Дрыгайла (вырываецца). Ды хто табе такое сказаў?

Дрыпа. Кабета на кірмашы сказала. А пасля скрозьдонна правалілася.

Дрыгайла (пакруціўшы пальцам каля скроні, убок). Нейкая шалёная дзеўка на маю галаву звалілася! (Да Дрыпы, нібы згадзіўшыся.) Добра-добра, ажанюся, толькі пайду новыя штаны надзену. (Хоча збегчы, але Дрыпа яго не выпускае.)

Дрыпа (няўмольна). Не, галубок, не ўцячэш. Тыя паўцякалі, а табе не ўдасца. Я цяпер вучаная!

Дрыгайла, спалохаўшыся не на жарт, нарэшце вылузваецца з абдымкаў Дрыпы і дае дзёру. Дрыпа бяжыць за ім, спрабуе дагнаць, але Дрыгайла спрытна хаваецца ў нейкую нару.

Бач, які жэўжык, уцёк-такі. А шкада, нішто сабе князёк быў. І труба ў яго нейкая адмысловая. (Падыходзіць да падзорнай трубы і зазірае ў яе.) Божухна, якое хараство! А-ёй, колькі зораў! А што гэта за белая дарога ідзе цераз усё неба, быццам малако хто разліў?

Дрыгайла (не вытрымаўшы, вытыркае голаў з нары). Гэта Птушыны Шлях, а яшчэ кажуць: Млечны.

Дрыпа (зачараваная). А як вунь тыя сем зорачак называюцца, што блішчаць, як дыямэнты?

Дрыгайла (напалову высунуўся). Гэта па-вучонаму Пляяды. Або, па-простаму, Валоскі. Чула?

Дрыпа. Ага, чула. Мне татка паказваў, калі коней ганялі ў начлег. Яшчэ Воза ведаю, Мілавіцу. Але ніколі не бачыла зоркі так блізка. Хто ж такі разумны, што трубу гэтую змайстраваў?

Дрыгайла (вылез з нары, з гонарам). Я, князь Дрыгайла, вядомы на ўвесь свет астраном, змайстраваў гэтую падзорную трубу. Давай, незнаёмая паненка, я табе зорку Венеру пакажу. (Наводзіць трубу, напявае: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю...»)

Недзе ціхенька зайграла скрыпка. Дыялог адбываецца пад гэтае гранне.

Дрыпа (глядзіць у трубу). Ну і цуды! Такое і ў ціятры не пабачыш! Дай Бог князю здароўя, што такую карысную рэч змайстраваў.

Дрыгайла (аглядае Дрыпу з ног да галавы). А ты і не такая дурная, дзеўка. З табой і жаніцца можна. Як тваё імя, разумная паненка?

Дрыпа. Зваць мяне Параска, а яшчэ — дзеўка Дрыпа. Гэта мяне так дражняць, што не магу сабе справіць новай сукні.

Дрыгайла. «Дрыпа» — гэта немілагучна неяк. Я буду зваць цябе Параска. (Задумваецца.) Дык што, ці не перадумала яшчэ, Параска, за мяне замуж ісці? Будзем разам у падзорную трубу глядзець... Пойдзеш, га?

Дрыпа застыдалася.

(З трывогай.) Што, можа, не падабаюся ўжо?

Дрыпа. Дзе там... Наадварот...

Князь і Дрыпа абняліся, мілуюцца. Грае скрыпка.

(Млосна.) Толькі... гэта нічога, што за мяне ўжо сваталіся паны Кубліцкі ды Заблоцкі? Дзеля мяне пайшлі геройствы чыніць... Што з імі цяперака рабіць?

Дрыгайла (млосна). А, я іх ведаю. Яны ў мяне каровы пасвілі, а цяпер на пасецы служаць, мёд лыжкамі грабуць. У іх там мядовы месяц, ім цяпер не да гераізму... (Зазірае ў падзорную трубу.) Чакай, а ці не яны там ідуць, лёгкія на ўспамін? Ды яшчэ з сабой нейкае пудзіла цягнуць...

І адразу ідылія знікае. Змоўкла скрынка. Чуваць крыкі паноў, мядзведжы рык. Увальваюцца паны з «мядзведзем». Усчыняюцца мітусня, дзікі вэрхал.

Кубліцкі. Ага, якраз і паненка Дрыпа з’явілася дарэчы! Я вось геройства ўчыніў — злавіў на пасецы драпежнага мядзведзя.

Заблоцкі. Брэшаш! Гэта я яго схапіў!

Кубліцкі. Няхай сам мядзведзь скажа, хто яго жардзінай па рэбрах аперазаў.

Здымаюць з галавы «звера» цэбар і са здзіўленнем пазнаюць у «мядзведзю» гетмана Трыбуховіча.

Заблоцкі. Каго я бачу!

Кубліцкі. Вялікі гетман Трыбуховіч!

Гетман. Так, гэта я, мае храбрыя воі. (Пачынае гневацца.) Дык гэта вы мяне, свайго камандзіра, жардзінай аперазалі? Ану, развяжыце мяне, чаго раты паразяўлялі?!

Паны запытальна глядзяць на князя Дрыгайлу, той дае загад развязаць палоннага, што паны і робяць, праўда, неахвотна.

Дрыгайла. Але чаму пан гетман стаўся такі касматы ды страшны?

Гетман. Бо, адступіўшы з поля бою, хаваўся ад ворага па лясох, адседжваўся ў карчох, у норах. От і здзічэў трошачкі ды поўсцю крыху аброс.

Дрыпа. Дый не крыху, а добра-такі, дзядзечка, аброс!

Заблоцкі (змрочна). Так яму і трэба. Хто заміж кілбасаў у торбу рознае брыды напхаў?

Кубліцкі. А хто ў мяхі заміж залатых дукатаў камення насыпаў?

Заблоцкі. У горла б табе тыя кілбасы ды каменне!

Гетман. Што-о? Са мною, каронным гетманам, так гаварыць? Ды я каралю Гарбузу на вас данос напішу! Ды я вас пад трыбунал!

Дрыгайла. Хай шаноўны гетман не дужа спадзяецца на ласку караля Гарбуза. Бо ўжо абвешчаны каралеўскі загад: гетмана Трыбуховіча адшукаць, арыштаваць, у вязніцу кінуць — за тое, што ўцёк з поля бою, кінуўшы войска ды зброю.

Гетман (спалохана). Што я чую? Гора мне! Давядзецца перабегчы да ангельскага караля. (Да паноў.) Хто са мной, панове? Хто ахвочы да новых геройстваў?

Заблоцкі. Не, толькі не я! Болей не абдурыш.

Кубліцкі. Нешта не цягне нас на геройствы — надта небяспечная гэта рэч.

Дрыпа. Панове, панове, а як жа вашае сватанне?

Заблоцкі. Якое да д’ябла сватанне! Не хочам, стаміліся мы. Мы на пасецы застаемся.

Кубліцкі. Во дзе салодкае жыццё!

Дрыгайла (усцешана). Ну, добра, панове, хай будзе па-вашаму. Давядзецца мне самому з Параскаю жаніцца. Дазваляю вам жыць на пасецы. Адно прашу — мёду на вяселле пакіньце хоць трохі.

Кубліцкі (успомніўшы). Чакайце, а як жа нашая рэпа? Прападзе без нас?

Дрыгайла. А рэпу вашую хай пан гетман вартуе. Чым па норах хавацца ці ў далёкі свет ехаць, хай лепш у панскай хацінцы жыве. Там яго Кароль не знойдзе.

Гетман. Хораша прыдумана!

І адразу пачынаецца вяселле князя Дрыгайлы і паненкі Дрыпы, на якім гуляюць усе персанажы казкі: паны Кубліцкі ды Заблоцкі, гетман Трыбуховіч, Страшыдла і Кура-Шчабятура, Цыганка і Пастрыгач са смургонскага кірмашу, каровы з мора і гусі з Месяца.

Госці. Шчасця маладым на доўгія гады!

— Вось вам медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі!

— Дару Дрыпе грошы, каб мужык быў харошы!

Страшыдла. Цьфу!

Госці (спуджана). Чаго ты?

Страшыдла. Віно нейкае горкае!

Госці (узрадавана). Горка! Горка! Горка!

Заблоцкі (да пана Кубліцкага, падняўшы чарку). А добра, што мы раздумаліся сватацца да дзеўкі Дрыпы. Ці мала што яшчэ ёй у галаву стрэльне!

Кубліцкі (закусваючы). Ведама, добра. А так — кожны пры сваім інтарэсе. Гетман Трыбуховіч — пры рэпе. Князь Дрыгайла — з падзорнай трубой ды з маладой жонкай. А мы — з пчолкамі ды з мёдам. (Падымаючы чарку.) Галоўнае — што? Галоўнае, каб кожны быў на сваім мейсцы. Там, дзе яму лепш. Тваё здароўе, пан Заблоцкі!

Заблоцкі. Жыві доўга, пане Кубліцкі!

Заслона