epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Манвад

Пантамім

Ну вось, з сённяшняга дня маё нядаўняе студэнцкае жыццё, замешанае на тысячы самых розных надзей, закончылася. Я - сапраўдны акцёр, афіцыйна працую ў тэатры. Ёсць у адным з гарадоў Беларусі такая ўстанова пад патранажам цэлага міністэрства культуры і, аднак, не без прэтэнзіі на мясцовую арыгінальнасць. Таму назва майго новага месца гучыць проста і ў той жа час салідна - «Моладзевы тэатр імя П.Мядзёлкі».

Па чутках, якія да мяне ўжо дайшлі, раней тут размяшчаўся кінатэатр, але паколькі ён перастаў карыстацца папулярнасцю, дык вырашылі даць моладзі самой праявіць сябе. Моладзь праявіла; прынамсі, ніхто ў калектыве не ходзіць з апушчанай галавою, і, шчыра кажучы, я пачынаю хвалявацца за сваю тэарэтычную падрыхтоўку. Ці не падвяду калег? Ці змагу рэалізаваць тое, што даўно закіпала ўнутры і прасілася ў форму слоў, жэстаў і душэўнага пафасу?

А старт усяму ў мяне даволі празаічны: да сярэдзіны жніўня ў будынку праводзіўся рамонт, і ўвесь той друз, смецце, якія накапіліся, нам неабходна выносіць. Дакладней, бегаем з насілкамі толькі я і Жорж. Астатнія мужчыны: Адась, белабрысы, бязбровы і з вострымі каленкамі, што вытыркаюцца нават праз джынсы, - умее абы-як упраўляцца з фанернай лапатай, а Кузьма Ільіч, дырэктар, і рэжысёр, і наогул усяму галава - умее адно камандаваць.

- Шпарчэй, раз-два, раз-два! - падганяе ён дзяўчат у зале, хлопаючы рукамі. Далоні ў яго шырокія, пульхныя, і гук атрымліваецца, бы ад удару дзвюх булачак. Потым Кузьма Ільіч выходзіць да нас у хол і дапамагае падняць насілкі: - Віра!

Выкінуўшы груз у кантэйнер, Жорж выцірае краем карычневай майкі лоб і нязменна і запыхана кажа:

- Катарга!

Я стаю, абапёршыся на насілкі, і нічога не адказваю. Рукі гудуць, рубашка каля падмышак узмакрэла, але мне ўсё даспадобы, і я не маю намеру крытыкаваць. У парку, дзе знаходзіцца наш тэатр, ціха, аж занадта, чырыкаюць вераб'і, а машыны справа і злева праязджаюць зусім бязгучна. Уверсе, на самых кронах дрэў ляжыць ранішняе, густа-сіняе неба. Я забаўляюся з сонцам, якое рассякаецца лістотай на тысячы, мірыяды тысяч цёплых і млявых валаконцаў. Зыход лета!..

Мы вяртаемся. Жоржа ўжо не стрымаць, і ён з пакрыўджанай наіўнасцю ў голасе прыстае да рэжысёра, патрабуе справядлівасці:

- Чаму я, інтэлектуал, мушу за кагосьці выконваць фізічную працу? Няправільна. Я не займаюся сваімі прамымі абавязкамі, я грубею, станаўлюся злым і кіслым. Бардак!

- Бунтуеш? - Кузьма Ільіч прыўздымае верхнюю губу з натапыранымі вусамі, бы ад нязгоды.

- А як іначай?

- Пантамімаў жа не бунтуе...

Яны абодва глядзяць у мой бок, і з такім дзівацкім чаканнем, быццам я ім штосьці павінен. Пачынаю здагадвацца, што маё прозвішча нездарма ўплялі ў размову, высвятляюць: што я за карась? Аднаасобнік ці разам з усімі? Пажывём - пабачым, кажу я ў сабе і толькі ўсміхаюся.

Тым часам прыходзяць дзяўчаты. Я неяк хвалююся, іхнія галасы блытаюцца ў маёй галаве, і я не паспяваю толкам разабрацца, якія яны - мае будучыя напарніцы. Зрэшты, адзін вывад напрошваецца ўжо сам сабою: гэта даўно не студэнткі-выпускніцы. Яны маюць сваё месца ў жыцці, месца многае вырашае. Напрыклад, пэўную тэатралізаванасць паводзін. Не-не дый успамінаюцца імі рэплікі ці праступкі герояў. Мне, мусіць, давядзецца прабыць тут не адзін дзень, каб так свабодна апеляваць з вядомымі клішэ.

Дзяўчаты некалькі разоў прабягаюць швабрамі па цэментнай падлозе хола, разводзяць гразь кругамі, пакідаюць яе на белых плінтусах і нават на сцяне з гіпсавых квадратных плітак. Я з Адасем рухаю туды-сюды масіўную тумбу з экзатычным кактусам. Саламея спярша выцірае мокрай анучай падаконнік, затым апускаецца ля тумбы, і я заўважаю, як з-пад чорнага трыко ў яе агаляецца спіна. Малочна-потная палоска шырыцца і шырыцца, аж пакуль не даходзіць да вузенькай лагчынкі...

Я разумею, што занадта доўга ўзіраюся ў нечаканую карціну. Саламея, нібы знарок, акуратна паліруе тумбу і дражніць мяне тоўстымі клубамі, зацягнутымі ў трыко. Выбух смеху, што ўспыхвае каля Жоржа, прымушае здрыгануцца. Смяюцца не з мяне, аднак я ўсё роўна адварочваюся ад Саламеі і іду на выхад.

Шырокі ганак упрыгожаны чатырма калонамі, пафарбаванымі ў фіялетавы колер, паміж імі змураваны невысокія пралёты - нешта накшталт лавак, каб прысесці. Я адпачываю ў цяньку. Асфальтавая дарожка ад тэатра вядзе да цэнтральнай плошчы горада, на ёй высяцца даўжэзныя рулі для сцягоў, а таксама павернуты тылам да мяне шэры помнік Леніну. Гэтае суседства майго настрою пасля Саламеі і самога Леніна нараджае незвычайную катавасію: я пачынаю думаць, як сумясціць асабістае і грамадскае, і ці магчыма наогул яго сумясціць? Для чаго тое ўсё патрэбна, я яшчэ не прыдумваю, аднак хвілін пяць упарта б'юся ў разгадках.

З'яўляецца Жорж. Мабыць, яму не церпіцца раскусіць мяне, калі так старанна абыходзіць. Сядае побач і закурвае цыгарэту. Атрасае попел, і я бачу яго худыя доўгія пальцы з дзіцячымі ружовымі пазногцямі.

- Глеб, - пытае ён пасля зацяжкі, - ты дзе-небудзь ужо выступаў?

- У інстытуце. На апошнім курсе. У студыі «Роднае слова». - Я не забываю пацікавіцца: - А што?

- «Роднае слова»? Слухай, пане-каханку: я ж там таксама ўдзельнічаў. Праўда, больш за цябе. Імправізаваў на гітары. Нябось, чуў?

- Н-не...

Жорж касавурыцца так, быццам хоча ўпэўніцца, што пачуў лухту. Ад яго буйных вяснушак у мяне рабаціць уваччу. Здаецца, ён сілай змушае мяне паверыць у свой колішні поспех. Творчыя людзі раўнівыя, але каб на столькі!.. Я вось-вось засмяюся. Жорж неўзабаве змяняецца, калыша нагой на назе і дзелавіта і заклапочана гаворыць:

- Па сабе ведаю, што ў студыю набіраюць не абы-каго... Ты ў чым дока?

Я паціскаю плячыма.

- Пішу.

- Прозу?

- Яе.

- Друкаваўся?

- Яшчэ не. Стараюся не разменьвацца на дробныя рэчы. Адразу цягне на аповесць: не толькі паказаць, а і зрабіць вывады: хто я, чаго варты?.. Ну, і т.д. і т.п., - ніякавею я, упершыню гэтулькі расказаўшы пра сябе.

- Глабальна! - Жоржа яно, відаць, уражвае, таму што ён, прыкмячаю, калі задзеты, абавязкова пераходзіць на сціслы тэлеграфны тэмп. - Адабраю! Надзеюся на дружбу. Разам - мы сіла. Віват багемнай моладзі!

- Віват!

Я цісну яго працягнутую далонь - сухую і цвёрдую, як заўсёды ў тых, каторыя ні ў чым не сумняваюцца, застаюся адзін. Па-ранейшаму ўглядаюся на помнік, на плошчу, дзе пад гарачынёй пачынае плавіцца асфальт. Неба траціць свой бляск, робіцца падобным да выцвілай тканіны. Над горадам пануе смуга, ды такая прыкметная, нібыта яна пераліваецца між стандартных трохпавярховак, над школай з чырвонай чарапіцай, над далекаватай воданапорнай башняй. Усё замірае. Акрамя гэтага тэатра, даводжу я. Гаварыць у нашым сонным царстве пра літаратуру, пра творчасць - многае значыць. Мы - сапраўды багема!

Дзень коціцца далей. Менавіта коціцца, бо я не паспяваю нават сачыць за гадзіннікам. Мы чысцім, адмываем, прыводзім усё ў парадак. Развешваем на сцэне бакавыя і цэнтральную заслоны з грубай ільняной матэрыі, якая прыкрывае грымёрныя і рэквізіт. Чапляем эмблему тэатра - выразаную з меднай адпаліраванай пласціны ліру. Я задзіраю галаву да пражэктараў, што свецяць зверху, слепну, потым паварочваюся да неглыбокай залы, месцаў на сто-сто дваццаць. Ахоплівае невытлумачальная трывога, быццам і ў дзень выступлення я буду сляпы і няўважлівы і не сумею гаварыць тэкст. Б-р-р!

Я далучаюся да іншых - з імі камфортней.

Кузьма Ільіч у гадзіны тры пасля абеду даручае Жоржу трымаць дысцыпліну, а сам збягае ад нас на нараду ў выканкам. Ён надзвычай пацешны перад такой сустрэчай: з тоўстых, гладка выбрытых шчокаў сцякае пот, жывот пад тэніскай трасецца і падступае адышка ад мітусні і лішніх размоў.

- Адрываюць ад працы, - скардзіцца ён, аднак бачна, што няшчыра і што яму не да бунту, у якім падазраваў Жоржа. Адзіная праблема, што ў выканкаме трэба ператварыцца з начальніка ў падначаленага. Кузьма Ільіч на гэта і намякае: - Паслаў бы, каб мог, каго-небудзь з вас, малодшых...

Потым знікае Ліля - пара забіраць дзіця з садка, за ёю, адыходзіць Вольга - скандал у сям'і, яна хоча сёння разабрацца з мужам, з сабою, з усім на свеце. Вольга высокая кабета, жоўтая сукенка з сінімі кветкамі ніжэй калень яшчэ больш выцягвае яе, валасы зачасаныя назад і схопленыя ў тугую касу. Яна з валявым строгім выглядам развітваецца з намі, валявым крокам ступае басаножкамі па дарожцы паміж радоў крэсел. Я матаю галавою сам сабе, што такая жанчына не можа камусьці паддавацца...

- Адась! - неўзабаве пасля гэтага гаворыць Жорж, загадвае: - Напшуд да сваёй хібары!

- Ёсць! - лаканічна адзываецца той, саскоквае са сцэны, гучна шлопае кедамі па дарожцы-хадніку - і толькі яго бачылі.

Жорж спяшаецца зачыніць дзверы. Саламея хапае вядро і кіруецца ў прыбіральню, за заслону: яна стомленая, але вочкі з вясёлай учэпістасцю страляюць у мой бок. Яе сяброўка Агата з анучамі ў руках сунецца моўчкі, безуважна, хаця мне ад гэтага не лягчэй. Такое ўражанне, што мы наўмысна засталіся тут учатырох, парамі.

- Памагай мне, - шэпча з таямнічым відам Жорж, падміргвае і зманьвае ісці за ім. Мы выносім на сярэдзіну сцэны драўляны стол, шырокую лаўку са спінкай, плеценае крэсла. Пакідаем толькі адзін пражэктар - той, каторы ў самым зеніце; ён дзіўна заключае нас у свой зыркі і шчыльны конус святла. Жорж падае ў крэсла і качаецца з нейкай нуднай застыласцю. Па-мойму, ён рашае, ці варта прымаць новага чалавека ў іхнюю кампанію.

Я ўвесь як на іголках. Не ведаю тутэйшых звычаяў і правіл, стараюся, каб не нашкодзіць сабе з першых крокаў у тэатры, а разам з тым да ўсяго экстраардынарнага ўжо цягне, што магнітам. Напэўна, уплывае сама аўра, якая прытаілася ў гэтых сценах. Інстытут да падобнага, на жаль, паралізоўваў - нейкай несамастойнасцю: я арыентаваўся на прыклады з кніжак, на дакор выкладчыкаў, калі што не па-іхняму, на кпіны равеснікаў. Цяпер у мяне было права паступаць па ўласнаму жаданню.

Дзяўчаты прыносяць каньяк, плітку шакаладу і маленькія чарачкі. Побач са мною сядае Агата - у чорным плацці ледзь не да пят, з хвосцікам светла-іржавых рэдкіх валасоў, перахопленых на патыліцы. Саламея прызямляецца бліжэй да Жоржа, хапае яго за каленку:

- Банкуй! - абураецца тонкім і вясёлым галаском.

- М-э, м-н, - жуе вусны Жорж, падымаецца і прапаноўвае цэлую тыраду замест тоста. Просіць растапыранымі пальцамі ўвагі: - Паважанае спадарства! Мы сабраліся сёння, каб прыняць у нашыя шарэнгі маладога артыста. Веру ад пачатку: будучыня ў яго грандыёзная. Інакшай яна, дарэчы, і не можа быць у такім акружэнні. Са свайго боку мы пастараемся даць таленту дарогу для святога служэння нашаму народу і айчыне... Смялей, Глеб! Бяры цётухну Музу за талію і не адпускай яе да самай старасці! Паехалі!

Я выпіваю, ледзь стрымліваючы дрыготку па ўсім целе. Запознена дзякую. Гэтага мала. Наступны тост - мой. Я кашляю. Аказваецца, рэха на сцэне, калі задзейнічаць яе для якой-небудзь афіцыйнай часткі, даволі гучнае, нават громападобнае. Рэха збівае мяне спанталыку. Выказваю звычайную банальшчыну:

- За вас.

Чокаюся і чырванею. У прынцыпе, з непрывычкі. Калі я апускаюся зноў на лаўку, то стукаю локцем па адкрытай руцэ Агаты, і гэтага дастаткова, каб адчуць, якая ў яе цёплая скура з дробнымі залацістымі валаскамі. Агата бачыць маю збянтэжанасць і падсоўвае плітку шакаладу на фальзе. Робіць усё без лішніх слоў, як і заўсёды. З-за яе тонкага профілю раптам вытыркаецца галава Саламеі - шчокі ўжо ірдзяцца, роўныя вострыя зубкі смяюцца, і яна распеўна журыць з нас:

- Вы пагляньце на іх: галубкі!

- Асцярожней з ёю, пане-каханку, - папярэджвае мяне Жорж. - Агата гаворыць рэдка, ды метка. Снайпер!

Агата шумна ўздыхае.

- Снайперша! Вамі, мужыкамі, не пакіруй - самі нікуды не патрапіце.

- А я пра што?!

Мы смяёмся і за гэта выпіваем яшчэ. Ужо ў агульным розгаласе тое-сёе ўтыкаю і я, знарок грубаватае і сексуальнае. Успрымаецца па-свойску. А потым Жорж бярэ гітару, грае нешта з лацінаамерыканскіх мелодый. Пальцы яго шалёна перабіраюць струны, пры пераходах ён для большага рытму хлопае па фанеры, тупае нагою і пружыніста ўзмахвае сваёй вогненна-рыжай шавялюраю. Вочы ў Жоржа прыжмураныя, але адчуванне гэтай сцэны, нешматлікіх прысутных у яго зайздроснае. Ён, здаецца, ловіць нашы таемныя охі і ахі і нагнятае іх, павялічвае шматкроць. Я радуюся за калегу. Без сполаху пазіраю ў залу і нарэшце прабягаю па пярэдніх цёмных радах - раней мроілася, быццам там нехта сядзіць. Цікавы від: адсюль - туды, са сцэны - да гледачоў. Вось бы мне такую ўпэўненасць у першы дзень сезона!..

- Брава! - зрываецца ў мяне з вуснаў ад няўтрымнай узбуджанасці. - У-у!

Трасуць дзверы. Мы хуценька збіраемся, тушым пражэктар і ў поўнай цемнаце рухаемся да службовага плафона - «Выхад». Я трымаюся кончыкамі пальцаў за плацце Агаты, нічога не разбіраю, дарожка па нахіленай падымаецца ўгору, ад выпітага мяне ўжо раскачвае, - таго і сцеражыся, каб не паслізнуцца і не паляцець кубарам. Разбірае дзікі смех. Дзесьці спераду з ахвотай адклікаецца Саламея. Жорж спахоплена крычыць: што? чаго?, а мы, бы па дамоўленасці, выбухаем рогатам. Мне - слаўна!

У вартаўніка, які нас патурбаваў, у роце трубка і да палавіны шчокаў пасівелыя бакенбарды. Буйны прамы нос, хрыпаты бас, - калі б не шлёпанцы на нагах, я прызнаў бы яго за пірата.. Саламея абдымае вартаўніка за шыю; Жорж цмокае трубку, каб хоць крыху зацягнуцца дымам.

- Анаша, Архіпыч! - кажа ён, закаціўшы вочы.

- Не трымаем-с, брэшаш, - насмешліва парыруе Архіпыч; невысокі, вяртлявы, ён паспявае ўсіх абгледзець і падаць руку на развітанне. Мы жадаем яму «спакойнай ночы».

На двары сапраўды ноч або позні вечар. Я і не заўважыў, як прамінуў час. У тэатры яго нібыта не існуе зусім. Што значыць: належаць адной спадарыні Музе, аб чым раіў мне Жорж. Мы ўразнабой спускаемся з прыступак. На дарожцы, між суцэльнымі высокімі падстрыжанымі кустамі шыпшыны, зусім цёмна. Мае знаёмыя ідуць наперадзе, ім больш вядомы гэты маршрут, а я арыентуюся на іхнія смяшкі і жарты. Пры выхадзе на плошчу змрок разрываецца, святло з дамоў падае на вуліцу, дапаўзае да помніка Леніну. Жорж нечакана зрываецца і, угнуўшыся, бяжыць да яго масіўнай глыбы, лоўка падцягваецца на руках - і ён ужо на паўтараметровым пастаменце. З задыханым шэптам узвалакае за сабою Саламею, у якой нешта трашчыць па швах, затым - пушынку Агату. Відаць, ім не ўпершыню такая эквілібрыстыка. Яны згінаюцца адтуль крукам і падганяюць мяне:

- Давай, Глеб!

Кроў мая гарачыцца. Я ўскідваю галаву, бачу тры сілуэты збоч бронзавага Леніна; яны непакояцца, шэпчуць мне ласкавыя словы, і над кожнай галавой - там, дзе неба падсвечваецца кватэрным святлом, зараз вырастае дзівосны цёмна-сіні німб. Што гэта? Атмасферныя сюрпрызы на стыку дзённай спёкі і прахалоды ці праява маладой шчаслівай душы? Я схіляюся да апошняга. Цікаўлюся: а нада мною будзе ззяць такі німб, затым з гатоўнасцю працягваю ім руку...

Назаўтра я прачынаюся досыць рана, бодры і настроены працаваць, пісаць. Акно маё адчынена, пахне садам і падсушанай травою: гаспадыня трымае казу і рыхтуе ёй на зіму сена. Вераб'і, бы па заказу, усчыняюць ранішні гармідар; я ажно паварочваю галаву да цюлю, каб прагнаць іх. Ускрыкваю: «Кыш!» - і смяюся. Гэты раён горада з нізенькімі дамамі, такой-сякой гаспадаркай і печкамі на дровы нагадвае вёску - міжволі думаеш па-вясковаму.

Пакойчык у мяне мініяцюрны - тры на чатыры метры. Ложак упрытык да печкі, стол ля акна, трумо, вешалка і занавеска замест дзвярэй. На падлозе - даматканыя дываны, усё болей з блакітных і зялёных нітак. Галоўнае, што многа колеру, мяркую я пра такую абстаноўку, а прасторы ў жыцці можна дасягнуць («Адваяваць на помніку!») запраста.

У сувязі з гэтымі думкамі мне адразу прыходзіць у галаву наступны план: малады чалавек, пасля вышэйшай адукацыі, славалюбівы, з немалымі задаткамі, едзе на працу ў ціхае, нават сумнае месца і сваёй энергіяй ператварае яго ў месца здзяйснення людскіх магчымасцей. Сэнс існавання героя, такім чынам, быў навідавоку - дапамагчы другім раскрыць іхні патэнцыял. Хаця тут, пры намеры стварыць аўтабіяграфічную аповесць, мяне заканамерна адносіць да яе першавытокаў: а сам ты што? Альбо твой правобраз? Вам не трэба ўдасканальвацца? Я падазраю за сабою дачасную непагрэшнасць. Зарана, пане-каханку, як сказаў бы Жорж. Апраўдваюся тым, што аповесць толькі-толькі вырысоўваецца. Урэшце, можа, само жыццё дасць адказы на ўсе пытанні, запаліць зялёны ліхтар перад маімі літаратурнымі вопытамі.

Пакідаю хату. Развітвацца няма з кім - гаспадыня бубніць на казу ў канцы двара. Брукаванай сцежкай выходжу за жалезныя вароты, на іх замок і тырчыць ключ са шнурком, накіроўваюся цэлай вуліцай такіх жа дамоў і варот у цэнтр горада. Зранку толькі і выпадае пакуль што пачуць той асаблівы пах, па якім распазнаеш, што восень ужо не за гарамі. Ён настоены на ядрана налітых каштэлях, на легкавеснасці першага апалага лісця, шоргат каторага, здаецца, даносіцца за вярсту, на сухой запыленай выпусташанасці зямлі з-пад маладых клубняў...

Ого! - перахопліваю знянацку я сябе ў гэтых разважаннях. Крылы, канешне, не паказваюцца з-за мяне, але што перажываю прыліў эйфарыі - несумненна. Зрэшты, раптам эйфарыя - мой звычайны цяперашні стан. Я ж аўтар, акцёр, ува мне няма нічога застылага, я гатовы здзіўляцца і здзіўляць. Падобным чынам жывуць, напэўна, многія духоўна адораныя асобы. Параўнанне ўзносіць мяне да нябёс. Я, аказваецца, ужо не толькі фармальна належу да багемнай праслойкі, а і па сваёй спазнанай унутранай сутнасці. Цудоўнае адкрыццё!

Вузкая і пыльная вуліца паступова змяняецца шэрагам адміністрацыйных будынкаў - міліцыяй, пажарным участкам, банкам і паштамтам. Апошні стаіць на скрыжаванні, за каторым пачынаецца парк і ў ім - мой тэатр. Святлафор - з чырвоным сігналам. Я азіраюся на тых, хто побач. Многія, мабыць, працуюць паблізу, што няцяжка распазнаць, - па мужчынскай службовай адзежы, пагонах ці спецыяльных значках і ромбах, па жаночых партфелях і прычосках. Відавочна, што мы будзем ад сёння сустракацца ледзь не штодня. Я з імі - тут, яны са мною - на спектаклях. Так і дасягаецца, шапчу я, стартуючы ў натоўпе на процілеглы бок, грамадзянская супольнасць.

У парку на траве, на земляных вытаптаных сцежках ужо амаль няма ніводнага ценю. Забаўна лопаецца пад падэшвамі туфель дробнае і абседжанае варонамі галлё, якога на доле навалам; далей трапляюцца зялёныя і раздушаныя каштаны, мусіць, збітыя дзеля забавы дзецьмі. Я што-нішто падфутбольваю нагамі. Вось і тэатр. Тыльная сцяна будынка пацярпела ад прагніўшага казырка, проста пад ім расплылася пляма дыяметрам у тры метры, а месцамі жоўтая фарба палушчылася і цяпер выдаецца, як адтапыраная луска ў рыбы.

Я ступаю ў хол - і ўсё ўбачанае і перадуманае ў дарозе застаецца дзесьці ззаду. У нашым калектыве нейкі арганізацыйны сход. Усе сядзяць на мяккіх, пад чорным дзерманцінам лаўках, накшталт бальнічных, і слухаюць рэжысёра. Той жэстам запрашае мяне далучацца да астатніх. Кузьма Ільіч на гэты раз у спартыўным касцюме з закасанымі рукавамі, у красоўках, баявіта шморгае далонню па «вожыку» на галаве і з імпэтам загінае пальцы:

- Інструкцыі выканкама! Зменшыць склад тэхнічных работнікаў з-за недафінансавання - раз. Даць тэатру права на правядзенне ўласных тэматычных ці святочных мерапрыемстваў - два. Растлумачыць змяненні перад кожным удзельнікам трупы - тры.

- Пытанні? - вальяжна ўмешваецца Жорж.

- Што пытанні?

- Каму што не ясна...

Яны глядзяць адзін на аднаго, нібыта ўпершыню бачацца. Паўза. Нарэшце Кузьма Ільіч моршчыць нізкі пакаты лоб, ажывае і паслухмяна пераказвае:

- Трэці пункт інструкцыі таму і называецца: растлумачыць змяненні. Я і пытаю: ну?

Рэжысёр блытаецца сам і, напэўна, блытае другіх. Мае калегі нудзяцца ў недаўменні, Жорж барабаніць пальцамі па дзерманціне, а мне таксама выпінацца - не заслуга. Няхай Кузьма Ільіч і прынімае рашэнні. Яго на гэта абавязвала начальства, ён - абавяжа нас.

- Значыць, параіліся і пастанавілі, - са строгасцю кашляе Кузьма Ільіч, раскручвае паперу, якую дагэтуль трымаў трубачкай. Пастановы зноў па пунктах: Вольга на паўстаўкі будзе працаваць бухгалтарам і білецёрам - раз; Архіпыч пераводзіцца на графік ноч праз дзве, у каторыя дзяжурыць пачнуць хлопцы, - два; і, нарэшце, прыбіральшчыкамі станем мы ўсе - гэта тры.

Ненавязчыва адчуваецца, што рэжысёр у гэтых справах неяк «хімічыць». Аднак унікаць у розныя прызначэнні альбо чужыя зарплаты ў мяне няма ніякай ахвоты. Праз акно на фоне сіняга неба мне відаць плячо Леніна, я ўспамінаю мінулы вечар, цёплыя рукі дзяўчат, і тая гульба забірае ўсе мае думкі. Змушае салодка пацягнуцца, бы соннаму, прыспешыць надыход вечара зноў.

- Пантамімаў, беражы кактус!

Вокліч Кузьмы Ільіча застае мяне знянацку, я ўздрыгваю, перапытваю, каб паўтарыў. Ён папярэджвае: ноччу трэба спаць, а не гуляць, як кату. Усе смяюцца; мне прыемна, што распаўзаюцца такія чуткі, і таксама смяюся.

На гэтай ноце мы кіруемся ў залу. Сцэна асвятляецца ад пажарных вокнаў, што былі прыкрытыя бакавымі заслонамі і цяпер адчыненыя; углыб залы - шэры прыцемак. Мурашкі бягуць па маім целе - і ўсё барджэй з кожным крокам да падмосткаў. Крыху не па сабе. Учора быў страх, і сёння - нешта блізкае. У мяне можа выпрацавацца комплекс. Пад грукат ног я ліхаманкава рашаю, якой тактыкі прытрымлівацца, каб хутчэй асвоіцца. Помню, што адзін выкладчык раіў у падобнай сітуацыі прымерыць або нават ужыцца ў нейкі вобраз. Заданне не з лёгкіх, аднак чым не варыянт? Па крайняй меры, ён растармасіць і канкрэтны мой задатак, і дасць час для ўзмужання ўсяго характару.

Мы выходзім на сцэну. Я станаўлюся самым апошнім у шарэнзе, і на мяне з акна выглядае сонца. Цёпла, і менш унутры хвалявання. Рэжысёр сядае ў крэсла гледача, плечы падымаюцца, шыя прападае, і галава ў яго робіцца, што груша без хвосціка. У гэты момант ён больш падобны да грузчыка, чым да дзеяча культуры. Вось-вось, пераконваю я сябе, да жыцця нельга мерыцца толькі з сур'ёзнымі меркамі і баяцца яго. Кузьма Ільіч, можа, займае не сваё месца, але ён выпінае вусы і гаворыць чужыя інструкцыі, - і яму бы з гуся вада. Я зусім весялею з-за таго, як думаю пра рэжысёра.

Візітная картка Моладзевага тэатра - «Паўлінка» Я.Купалы; мы абмяркоўваем зараз усё, што з ёю звязана: размеркаванне ролей, пастаноўка, прынцыпы сцэнічнага ўвасаблення.

- Пустарэвіча я хачу, каб паспрабаваў - ты, - рэжысёр указвае на мяне, пытае такім тонам, быццам ужо праз хвіліну мне трэба трымаць перад ім справаздачу: - Так?

Я махаю галавой. Канешне ж, хто адкажацца ад Пранціся Пустарэвіча з яго бутэлечкай у кішэні і непазбыўным, крыху насмешлівым рэфрэнам - «пане-дабрудзею»? Мне шанцуе, цьфу-цьфу! Праўду кажучы, і самаму карцела нечага лёгкага і, як гаворыцца, без двайнога падтэксту. Каб адыграць з душой і павесяліцца. З другога боку, калі ў мяне з дэбютам не заладзіцца, можна ўсё спісаць на такога героя, беспрынцыпнасць і крыўлянне якога дастануць любога гледача. Я для сябе гэтак адразу вызначыў.

Потым на працягу доўгага часу мы валэндаемся з абстаноўкай на сцэне, нешта звязваем, прыбіваем цвікамі, некалькі разоў перайначваем ужо падагнаныя да месца рэчы. Я ў захапленні. Для мяне гэта не проста дэкарацыі: сцяна, печ, занавескі; тут паўстае цэлы, няхай і тэатралізаваны, свет, па якім я буду хадзіць, у ім гаварыць і жыць. Учора яшчэ мне рэзала слух прывязанасць калег да кніжных фразаў і жэстаў, а вось я ўжо ў тайным нецярпенні: хутчэй бы!

- Ну, як? - сутыкаючыся са мною, пытаецца Жорж.

Я паказваю вялікі палец угору:

- Во!

- Пане-каханку!

- Пане-дабрудзею! - выпраўляю я яго. З гэтым вобразам у мяне з'яўляецца нібыта штосьці сваё, вельмі раўнапраўнае сярод нашага акружэння, і я кожны раз на паддзеўку Жоржа б'ю нагою па падлозе і выстаўляю грудзі калясом. - Пустар-рэвіч! - гавару і цягну ўрачыстае «р».

Пачынаем рэпетыцыю. Дакладней, нават не яе, а нейкае дэфіле на падмостках. Так заманулася рэжысёру: як мы выходзім на сцэну, ці раскаваныя, ці ўмеем гаварыць экспромтам. Ставім выбарачныя дзеянні - чытаем з аддрукаваных экземпляраў п'есы, якія ў нас на руках. У мяне крыху напяты голас, што зразумела, аднак жывы і гнуткі, мне нярэдка ўдаецца выдрэсіраваць свайго героя да смеху. У рэпліках Кузьма Ільіч, бывае, пахвальвае за спраўнасць. Зрэшты, для мяне важней іншае: ён не чакаў і здзіўлены мною. Я не ўнушаў даверу, таму здзіўленне ў яго па-дзіцячы разгубленае. Не апошняе, пане-дабрудзею, абяцаю я.

На большым перапынку мы сілкуемся чаем і пончыкамі за рэжысёрскія грошы. Смяёмся з Адася, каторы есць не жуючы. У хлопца на нагах, напэўна, электрычныя маторы - ён мітусіцца туды-сюды пастаянна. Увесь у бясконцай вершаванай фантазіі, у рыфмах на абы-якія тэмы і абы-якія прадметы перад сабою. Друкаваная машынка па заказу і без.

- Адаська, зарыфмуй слова «пончык», - тонам загаду просіць рэжысёр.

Той гатовы на хаду:

- Стала Маша на ўслончык, засадзіла ў пробку пончык! - Пры гэтым твар у яго абсалютна невыразны, бледны, запраграмаваны на ўспрыманне да аўтаматызму, так што смяяцца хочацца яшчэ мацней.

- А Саламею?

- Яшчэ чаго! - усміхаецца Саламея аднымі зубкамі, ямкі на шчоках у яе пунсавеюць, але гэтыя ямкі не абяцаюць паэту ніякай рамантыкі. І ён маўчыць.

Я ў гэтыя хвіліны лаўлю сябе на думцы, што патроху абжываюся ў калектыве, сярод здольнасцей маіх калег і іх прывычак...

Пад вечар усе зноў разбрыдаюцца ў той жа паслядоўнасці: Ліля, Вольга, Адась. У рэжысёра нейкія справы з Архіпычам, значыць, наша чацверка таксама трапляе на вуліцу. Схаваны цэлы дзень у сценах, я хваравіта рэагую на святло, на помнік і плошчу пад нагамі. Сонца знізілася, тэмпература спала, выразней стала выглядаць і пахнуць гарадская зеляніна. Людзі гуляюць парамі, весяляцца ды цешацца каля фантана. Чым не змястоўная сцэнка з натуры? У мяне слабаваты вопыт такога жыцця, я ў ім амаль не разбіраюся, упрыдачу дачасна пастараўся замкнуцца ў тэатральных дэкарацыях і выдумках. Па-мойму, так абмяжоўвацца нельга, усё на свеце ўзаемазвязана: ява, мастацтва і гульня і лагічна выцякае адно з другога.

- Жыццё тэатр... - звяртаюся я за падтрымкай да Шэкспіра, аднак умешваецца Жорж і пераводзіць другую частку знакамітага выказвання па-свойму:

- І мы не ведаем, куды нам дзецца.

Жорж крочыць размашыста, махае рукамі, і вяснушкі, што ўтыканыя на іх, здаюцца балячкамі ад нервовага напружання. За плошчай ён вядзе нас налева, да гастранома, дзе ёсць кафетэрый. Ужо ледзьве не подбегам накіроўваецца да тэлефона, прымушае ўсіх чакаць. Круціць дыск, адрывіста аб нечым дамаўляецца, потым бразгае трубкай і цэдзіць праз зубы: «Істэрычка!» Я такім яго яшчэ не бачыў, і дурная перамена так не пасуе да ўвогуле кампраміснай натуры майго калегі, што мне не па сабе.

- Нявеста... - затоена шэпча Саламея. У голасе яе чуваць асуджэнне саперніцы.

У кафетэрыі Жорж адпраўляе нас да круглай стойкі, сам прыносіць у бакалах піва, затым - бутэльку гарэлкі і робіць «ёршык». Чокаемся, маўчым, ажно пакуль ад выпітага не пачынае кашляць Агата. Дрыжыць яе бедны хвосцік, калі яна згінаецца і прыкрывае далонню рот. Я асцярожна стукаю Агаце па плячах, між лапатак, і худоба дзяўчыны пад шарсцяным плаццем мяне ўражвае. Нічога не дапамагае. Тады мы проста безутрымна смяёмся.

«Ершык» хутка туманіць мазгі, хоць, напэўна, пасля лаянкі Жоржа па тэлефоне нам толькі і хацелася гэтага - асалавець. Зноў усё нармальна. І Жорж мірыцца са сваёй праблемай, каламбурыць, а на развітанне ўжо без ніякай хмурай затоенасці кажа:

- Глеб, даручаю іх табе.

- Мы яшчэ пагуляем і разам, - супакойваю я яго ўсё роўна.

- Сто працэнтаў!

Над горадам знікае сонца, промні вузеюць і выцягваюцца, нібыта ўпарцяцца назусім адарвацца ад зямлі. За дамамі цямнее, а калі мы праходзім дварамі і азіраемся на які-небудзь пад'езд, то там ужо не бачна лесвіцы. Тым не менш я прыкідваю, што разбягацца ранавата, і запрашаю дзяўчат у яшчэ адзін гастраном. Заказваем марожанае ў сподачках. Грае гучная музыка, траскочуць вентылятары на вокнах, наведвальнікі і прадаўцы, як прыварожаныя, не зводзяць з мяне вачэй. Ім не падлічыць, хто са мною на пару. Кадр з нямога кіно. Я стараюся павялічыць чужое ўражанне сваёй галантнасцю. Прытварацца, аказваецца, забаўна.

Запальваюцца ліхтары на слупах. Мікрараён, куды мы ідзём, знаходзіцца на ўзвышанасці, асфальтавыя дарожкі час ад часу перарываюцца прыступкамі, па іх падымацца нам ужо цяжэй, і Саламея хапаецца за маю руку. У яе ўчэпістыя пальцы з доўгімі пазногцямі. Бядро, якім кранаецца мяне, пад джынсавай спадніцай - тугое і цёплае. Праходзім стадыён. На захадзе відаць апошнюю светлую палоску гэтага дня, і ў тым накірунку яшчэ не зліваюцца ў густую шэрую масу сілуэты дрэў і шматпавярховак.

За стадыёнам - дом Агаты. Пад балконамі, на дзялках пахне морквай і ўкропам. Я збіраюся пажартаваць з Агаты наконт гэтай сельгаспрадукцыі, але яна, не прыпыняючыся, буркае: «Да заўтра!» і прападае ў сваім пад'ездзе. Паўза. Раззлаваныя галасы даносяцца з бліжняга занавешанага акна; Саламея ўздрыгвае і неяк вінавата адпускае пальцы ад мяне.

- Прыраўнавала, - выціскае яна без заўсёднай бодрасці.

- Няўжо?

Я пытаюся, здаецца, ніколькі не задаваючыся, ды Саламея раптам рэзка заварочваецца і бяжыць у прыцемку прэч. Я спярша нерашуча, затым усё настойлівей спрабую ўгнацца за ёю. Белая блузка то спатыкаецца, то бязмэтна тузаецца ўправа-ўлева, чуючы шум за сабою. Мы выбягаем на нейкі пустыр, пад нагамі многа бітай цэглы, ямы і каляіны. Не дзіва, што праз хвіліну Саламея, бы падкошаная, падае на зямлю. Я, збянтэжаны ад гэтай гонкі, з гатоўнасцю падаю таксама, хапаюся за яе рукі, цягну да сябе; яна з болем войкае; я шапчу: «ціха, ціха!», і тут кроў прылівае мне да твару, я цалую валасы Саламеі, лоб, нос... Мой жар не застаецца без адказу. Мы цалуемся з узаемнай настырнасцю. Няўтрымнасць наша такая, і абдымкі, і глухія стогны, што адрываемся мы з не меншай сілай, каб не задыхнуцца.

- На сёння - тупік!.. - зноў звыкла распеўным голасам папярэджвае Саламея, і мы, быццам бачым адзін другога, заразліва смяёмся.

Неўзабаве я паціскаю Саламеі руку на прыступках рабочага інтэрната, дзе яна жыве з маці. Гэта недалёка ад воданапорнай башні, якую відаць з-пад нашага тэатра. На ёй цяпер свеціцца чырвоны маяк. Я сыходжу. Вуліцай трымаюся пасярэдзіне - жоўтыя плямы ляжаць вельмі рэдка, а паміж імі хоць пальцам тыкайся; дый усё роўна машын няма. Раздолле! Каблукі адбіваюць задорную чачотку, у маіх вушах - вецер. Ён скрадліва нашэптвае мне: жыцця не бойся - іграй пад гэтым нябесным амфітэатрам у сваё задавальненне. Што я ўжо і раблю.

Наступныя дні запоўнены для нас рэпетыцыямі, завучваннем тэксту да апошняй коскі, трэніроўкамі з мімікай і жэстамі герояў. Вакхалічны збор яшчэ той! У тэатры толькі і чуваць, што: «гу, гу, гу!» Ад сцэны - да хола, ад мужчынскай грымёрнай да жаночай. Рэжысёр грозіцца нам, каб стараліся, бо прыйдзе гарадское начальства, маўляў, ім карціць паглядзець, на што мы здатныя, даць свае настаўленні. Аднак, па-мойму, ён сам асцерагаецца чарговых інструкцый альбо нават аргвывадаў.

Урачыстасці ў гэтым годзе выпадаюць на суботу. Я на поўную катушку адседжваюся на кватэры, бывае, паўтараю нейкі кавалак п'есы, а ўвогуле адпачываю. Псіхалагічная нагрузка каласальная. Вераб'і і тыя быццам адчуваюць мой стан - змаўкаюць сярод дрэў у садзе. На небе плывуць лёгкія воблакі; я аналагічна жадаю сабе такога ж плавання. Выбіраюся за гадзіну да пачатку. Развітацца, як водзіцца, няма з кім.

Каля тэатра я ўпершыню заўважаю ажыўленне. Чамусьці ўсё болей сустракаюцца малыя шумлівыя дзеці і дзяўчаты-падлеткі яшчэ з бантамі ў валасах і сарамяжліва-прывучаным позіркам у ясных вачах. Іду міма іх і паблажліва ўсміхаюся: яны выхаваны на кніжках і кіно, глядзяць міла, мараць многа, а зусім хутка, на сцэне яны ўбачаць мяне, я ім спадабаюся і, хто ведае, завалодаю дзявочымі думкамі і праступкамі. Сам стану героем для пераймання. У мяне ад усведамлення гэтага акцёрскага лёсу быццам здымаецца лішняя несупакоенасць на сэрцы і ўжо прывычней уваходзіць у тэатр паміж фіялетавых калон.

У холе таўкуцца дарослыя, пахне мяккімі духамі і мужчынскім адэкалонам. Акенца касы справа ўжо зачынена; хтосьці заведзена гугніць мне збоку: «Куплю білецік!» Знайшоў у каго пытаць, хмыкаю я, ступаю да дзвярэй, дзе на вахце - Кузьма Ільіч. Ён сёння пры парадзе: у чорным касцюме, цёмным гальштуку, лакіраваных туфлях. Трэ потныя пальцы. Выгляд у яго, бы ў вялікага няшчаснага барбоса.

Мне прагне яго паддзець.

- У нас траўр?

- Цы-ц! - палохаецца рэжысёр, запіхвае мяне ў залу і прыгаворвае: - Марш на сцэну, раз-два!

Насупраць мужчынскай грымёрнай якраз нешырокая дзірачка ў заслоне; мы пераапранаемся ў сцэнічную вопратку і па чарзе сочым, чым займаецца публіка. Гул нарастае, як усё чужое і няяснае, ён крыху бянтэжыць. Але вось Кузьма Ільіч расчыняе насцеж дзверы, і гледачы з білетамі ўваходзяць у залу, шукаюць рады крэсел, свае месцы. Уключаныя плафоны на сценах дазваляюць распазнаць усіх прысутных. Нічога асаблівага, зрэшты: публіка нязмушаная і лёгка адзетая, бы на пляжы. Большае здзіўленне, канешне, выклікаюць тыя шэсць-сем чалавек, якіх прыводзіць рэжысёр і дагодліва рассаджвае наперадзе. Мусіць, выканкамаўскія работнікі. Яны таксама, як і Кузьма Ільіч, у касцюмах, сур'ёзныя і важныя. Паміж імі знаходзіцца адна жанчына: матрона гадоў пад пяцьдзесят, з белымі фарбаванымі валасамі, саламянай шляпкай і кветкай пры ёй у выглядзе ружы.

Роўна ў 18 гадзін кулісы рассоўваюцца, сцэна адкрываецца, і - камедыя пачынае сваё дзеянне. Спакойна, без натугі ідзе з'ява да з'явы, хвіліна за хвілінай. Мае калегі працуюць зладжана, што вінцікі. Вольныя акцёра чакаюць выхаду за заслонай, потым дапаўняюць ці мяняюцца з тымі, што рухалі сюжэт да іх. Я - не адстаю. Я ўвесь у нашай камандзе, і з цягам часу ад гэтай запраграмаванай бегатні, ад гучных слоў і жэстаў ува мне складваецца такое ўражанне, нібыта мы запусцілі вялізарны махавік, ён круціцца з бешанай сілай, падмінае нас, і мы носімся і гаворым ужо па інерцыі. Роля захоплівае мяне без астатку. Смех майго Пустарэвіча незаўважна ператвараецца ў гамерычны, а калі ў самым фінале я пырскаю са сваёй знакамітай бутэлькі на непрытомную Паўлінку, каторая ляжыць ускрай сцэны, дык узмах атрымліваецца неяк з-за пляча, рэзкавата, так што матрона ў першым радзе пужаецца, адскоквае назад, і ў яе адрываецца ружа са шляпкі. Які эфект! Я на сёмым небе ад асалоды!

Праз момант грымяць апладысменты. Шквал апладысментаў у маленькім будынку, які, здаецца, ажно хадуном ходзіць у гэтую хвіліну. Нясуцца неаднаразовыя крыкі: «Брава!» Стаяць і хлопаюць нават выканкамаўцы. Жорж з усёй сілы таксама пляскае ў далоні над маім вухам, надуваецца і фыркае ад поту і падміргвае мне. Я ўсміхаюся на поўны рот, галёкаю і думаю, што мы, напэўна, геніі або ўжо блізкія да іх.

Рэжысёр пад гэты шум умудраецца падзякаваць публіку за ўвагу і прыхільнасць і запрашае на наступныя пастаноўкі. Похапкам напамінае нам, што пакінуў у кожнай грымёрнай шампанскае - «замачыць» адкрыццё сезона. Бяжыць на выхад, каб праводзіць начальства, і мы здагадваемся, як яго душыць гальштук, муляюць туфлі, бо ён ступае, бы раскурчаная курыца, толькі на каблуках і круціць шыяй адначасова.

За паўгадзіны мы прыводзім сябе ў парадак і збіраемся на сцэне зноў. Укруг стала, на ім - пластмасавыя стаканчыкі. Нецярплівая ўзбуджанасць. Жорж адкаркоўвае шампанскае, пробка страляе, а Саламея і Ліля пішчаць, як школьніцы. Пены - поўны стол. Мы разбіраем стаканчыкі, дружна чокаемся, і калегі, пазабыўшы, што я не ў курсе, крычаць свой традыцыйны дэвіз:

- За Мельпамену!

Я ніколі не бачыў наш калектыў у поўным складзе ў такой абстаноўцы, калі нішто чалавека не трымае, а ён усё роўна не сыходзіць. Кураж гэтага вечара, значыць, працягваецца. Мы застаёмся разам, і мне зараз страшна хочацца верыць, што не з-за шампанскага, нават не з нейкай прафесійнай прычыны - успомніць, абмазгаваць пэўныя сітуацыі з мінулай п'есы, а таму што людзям так натуральна збірацца, дружыць, адчуваць цяпло адзін другога. Тым больш нам - творчым асобам, якім сам Бог, што называецца, усклаў гэта на душу.

- Ой, я п'яненькая-п'яненькая! - шчабеча, бы дзынькае ў медны званочак, Ліля. Светлавалосая, у светлым касцюме, у пробкавых сандалях з рознакаляровымі завязкамі ледзь не да калена, яна выдаецца мне такой лёгкай, чыстай, з чыстым жа, неабцяжараным ніякімі сумненнямі позіркам, што мае пачуцці няўлоўна скіроўваюцца да неабходнасці ўсеагульнай любові.

- А давайце: за ўсіх нас! - выкрыкваю я.

Зноў бухае пробка. Віск узмацняецца; мільгацяць у паветры стаканчыкі з гейзерамі пузыркоў. Жорж пад шумок адклікае мяне ад стала і з ахвотай задае рытарычнае пытанне:

- Цяпер усёк, пане-каханку, у чыіх руках спадарыня Муза? - і выстаўляе свае перада мною.

Я гляджу на ўласныя рукі, і мы абодва рагочам. Абняўшыся, далучаемся да кампаніі. Тут ужо прапала, аказваецца, Ліля: пырхнула, як і не было. Іншыя таксама варушацца, сунуцца памалу са сцэны, праз залу - у хол, дзе Жорж, як гаспадар сабаку, зычным голасам падае каманду:

- Адаська, вершык!

Той, застаючыся на ноч вартаўніком, ужо трымае напагатове драўляную засаўку для дзвярэй і ўміг, паслухмяна рэагуе:

- Сёння, браткі-кролікі, мы з вамі - трудаголікі!

- Рыфмаваць кожнаму па свайму жаданню! - апярэджваю я другія варыянты, у запале шчыпаю Саламею і кідаюся ад яе па дарожцы да помніка Леніну. Зноў неба цёмнае, пах роснага лісця і густыя сілуэты дрэў і кустоў упрытык. Усё ўва мне просіцца, каб падурэць. За пастаментам я чакаю Саламею, пужаю, а затым прыцягваю да сябе і злёгку намацваю вусны. Яны яшчэ трымаюць смак шампанскага; іскрыстасць яго перадалася, здаецца, вачам Саламеі, у якіх, пад водсветам з кватэр, я заўважаю сустрэчнае ўзбуджэнне... Мы за лепшае пакуль што разыходзімся па баках.

І якраз своечасова, бо псуе ўсю маліну Жорж. Я тут прыкмячаю адну заканамернасць, што на вуліцы ён заўсёды капрызнічае і, быццам спахапіўшыся, кудысьці спяшаецца. Падобна на тое, каб за чалавекам адусюль сачылі і з-за гэтага ён асцерагаўся адкрытай прасторы. Мабыць, Жоржу бокам выходзіць рэўнасць яго нявесты.

Ён у пэўнай меры і пацвярджае гэта, калі прапаноўвае цераз гастраном вярнуцца назад у тэатр і там прадоўжыць міні-банкет. Адмаўляецца Агата. Яна, па прывычцы, манерна, але катэгарычна гаворыць:

- Мне трэба пасля спектакля прыняць ванну.

- Ну, факт, - згаджаецца з крыўдлівай лёгкасцю Жорж. Яго галава ў прыцемку плошчы выдаецца нейкай узлахмачанай, твар нізка схілены да мяне, як у падслепаватага. Ён з відавочнай няшчырасцю шэпча мне: - Жадаю поспеху...

Вольга праводзіць нас да першага газетнага кіёска. Яна курыць з Агатай і вучыць яе пускаць колцы з дыму. І гэтым фокусам з цыгарэтай, і ўсёй постаццю, матроскай хадзьбой - ступнямі ўшыркі, і ўпрыдачу асіплай басавітасцю Вольга больш нагадвае мужыка, чым жанчыну, так што мне зусім няўцям, чаму яна не заканчвае з праблемамі ў сям'і. Узяла б ды сілай стварыла вакол сябе аазіс спакою і любові. Хто ёй перашкаджае? Аднак замест нават сімвалічнага жадання нешта змяніць яна зноў пакутліва ўздыхае, на развітанне абдымаецца з дзяўчатамі, а мне моцна цісне руку.

На хвіліну мяне нібыта самога аблытвае Вольчына бязвольнасць, я стаю і ўзгадваю свае нядаўнія намеры. На шчасце, гэта адбываецца зусім нядоўга, усё ўва мне ўздымаецца, каб пратэставаць, і я не марудзячы, нахабна (іншага слова і не падбярэш) ушчыльняю нашу парадзелую шарэнгу.

- Будзем цалавацца? - пытаю дзяўчат напрамую.

Саламея гулліва свеціцца.

- Я за!

- Я супраць, - адрэзвае Агата і ўпершыню ўважліва прыглядаецца да мяне. У яе мяккія вочы, маленькі - кнопкай - нос і ледзь заўважны падбародак, і каб не рост за метр восемдзесят, то можна было б падумаць, што гэта яшчэ школьніца, якая развіваецца і некалі пасталее. Яна, здаецца, па-хітраму ўсміхаецца мне. - Не тут, - пакідае шанс для пацалункаў. - Мае, - гэта пра бацькоў, - з'ехалі на дачу, кватэра пустая. Пайшлі правядзём заручыны Паўлінкі.

Ідэя, канешне, арыгінальная. У маёй калегі, відаць па ўсім, ёсць падабенства з Агатай Крысці не толькі па імю, але і па ўменню падначальваць другіх правілам сваёй гульні. Што хаваецца за яе запрашэннем? Зрэшты, ужо не так і важна. Я ж сам жадаў, каб тэатральныя дэкарацыі прасціраліся як мага далей і здаваліся такімі ж натуральнымі, як само жыццё. Насустрач ім!

Я бяру дзяўчат за таліі і вяду іх спярша пад жоўтымі агнямі па тратуары, затым - пад адзінокімі ліхтарамі ў дварах, нарэшце, у цьмяным мігаценні лямпачак на лесвічных пляцоўках. Спрацоўвае прафесійнае адчуванне, што спакваля гасне святло ў зале з гледачамі, і пачынаецца яшчэ адно прадстаўленне.

Вось і кватэра Агаты. Кідаецца ў вочы прыгожая абстаноўка, усе тыя дробязі ў прыхожай, на кухні, якія, як прынята, робяць жыццё больш камфортным і практычным, а не заграмаджаюць яго. Пры гэтым усюды - спецыяльна някідкія, прыглушаныя колеры і невыразныя малюнкі шпалераў. Шторы ў пакоях такія ж. Даводзіцца ўключаць люстры, і тады прыходзіць перакананне, што слаўнымі бліскучымі крышталікамі напоўнена цэлая кватэра, і з'яўляецца азарт прабегчыся на ўдачу і што-небудзь схапіць у свае далоні.

Я з Саламеяй і спяшаюся, каб усё ўбачыць і не прапусціць чагосьці важнага. Яна - мой гід. Водзіць, паказвае, тлумачыць, хто на фатаграфіях. Я нічога не запамінаю, і галава мая ідзе кругам. Гэта, напэўна, з-за таго, што я думаю не перастаючы, што будзе яшчэ далей. І праўда, сітуацыя прымае незваротны ход. Прыходзіць Агата і адпраўляе сяброўку пад душ. Самі мы застаёмся ў пакойчыку Агаты, яна сядае за стол, бярэ аловак і звычайны альбом для малявання і запрашае мяне сесці таксама - на непрыбраную сафу. Энергічна крэмзае мой партрэт. Так, што нават дрыжыць хвосцік на патыліцы і спадае крысо яе бардовага халата, агаляючы загарэлую ляжку. Ёю зараз цікавіцца не абавязкова. Я ў неўразуменні, як Агата малюе і што з гэтага можа атрымацца.

Нарэшце яна распісваецца ў альбоме і ломіць заадно грыфельны стрыжань. Я выцягваю шыю:

- Можна?

Замест адказу Агата ўручае мне цэлы альбом. Я не ў стане стрымаць усмешку: там шарж на мяне. Гартаю лісткі назад: на іх таксама шаржы, карыкатуры. Галерэя галавастых, вушастых, каратканогіх людзей. Пацешна, хаця крыху аднапланава.

- Ты не займалася чым-небудзь сур'ёзным? - пытаюся ў яе.

- А гэта і ёсць сур'ёзна, - з унушэннем гаворыць Агата і дабаўляе: - Я разбіраюся ў чалавеку з аднаго-другога разу і адным-двума штрыхамі перадаю яго на паперы.

Я зноў гляджу на свой адбітак: у мяне вялікія наіўныя вочы і шырокі рот, - што яна хацела гэтым сказаць? Аддавацца аналізу позна: каля сябе я бачу круглы, распараны, канапаценькі твар Саламеі. Ад яе пахне мылам, над вушамі і на плячах - мокрыя кудзеркі. Саламея па-ранейшаму ўсміхаецца аднымі зубкамі, быццам намерваецца мяне ўкусіць. Маё хваляванне вяртаецца і запаўзае ў грудзі, як гарачая пякучая смала...

На аслабелых нагах я іду ў ванну. Здымаю вопратку і станаўлюся пад струю вады. Распісаны на з'явы і дзеянні працэс на нейкі момант аглушае мяне сваёй няўмольнасцю. Механічна намыльваюся; пена сцякае па жываце, на мой пеніс, ён увесь у пушыстай шапцы, і я звяртаюся да яго: нам гэта патрэбна? А раптам тут свядомы падман? Ад кіпеню, ад жарсці («Адзін на дзвюх!») пеніс падымаецца, на ім глыбакадумна пульсуе пругкая жылка; мне нічога не застаецца, як узяць на сябе функцыю рэжысёра і даць адмашку на працяг спектакля. Няхай уяўная, але і шаноўная роля. Любыя ж спектаклі, якія разыгрываюцца з нашым лёсам, служаць не для прыніжэння, а для ўслаўлення жыцця. Я галасую за тое ўсім сэрцам і, натуральна, усім целам.

Я загортваюся ў рушнік, звілістым калідорам вяртаюся ў пакой Агаты. Святло прытушанае, гарыць жоўтае бра над сафой. Пад прастынёй - толькі Саламея. Голая, яна нібыта зменшылася, патаўсцела, і рукі ў яе, ружовыя, пухленькія, зрабіліся, як у лялькі. Саламея разгладжвае месца каля сябе, потым прыўздымае мне насустрач галаву. Я лягаю побач. Рот у яе круглы і страсны, а вусны - ненасытныя; мы цалуемся доўга, ціха задыхаючыся.

Затым, ужо нават запамятаўшы, я чую на сваёй спіне пальцы Агаты. Яны - халодныя. Я міжволі выгінаюся, быццам па мне водзяць іголкамі. Цалуецца яна суха, коратка. Поўная процілегласць сяброўцы - і па росту, і па тэмпераменту. Аднак бярэ іншым - неаднастайнасцю. Гэта як у порнафільме: ведаеш, чым усё закончыцца, ды не перастаеш глядзець, нечага чакаючы.

Я раскрываю прастыню і прыпадаю да грудзей Саламеі: яны ў яе шыкоўныя, не змяшчаюцца ў падстаўленых далонях, так што мой твар хаваецца да самых вушэй. Я смяюся, бы грудное дзіця, якое знайшло даўно згубленую забаўку. А можа, якой у яго і не было... Прынамсі, мне заўсёды не хапала бацькоўскай ласкі, дый, папраўдзе, я не ўяўляў, што гэта такое. Напэўна, таму зараз я радасны і вымучаны адначасова, дрыжу, сціскаю цела Саламеі, цалую яго ад вачэй да рыжых валаскоў на лабку, да тугіх расчырванелых калень, нібыта з намерам насаліць сваёй нядаўняй адзіноце. Вось табе! Ты ўжо для мяне - нішто!

Агата прыціскаецца да мяне так шчыльна, водзіць па мне рукамі, дыхае ля пеніса, што я, услед за Саламеяй, заходжуся стогнам і ледзьве стрымліваюся ад нецярпення. Целы нашыя сплятаюцца, зусім побач - вочы, валасы, грудзі. Пот, жар. Кроў ужо не бухае малаточкамі ў скронях, ад хвалявання ўжо ўсё ахінаецца ў цягучую павалоку, зрывае з месца і нясе над зямлёю. «Сюды! сюды!..» - чую я шэпт Саламеі. Яна расстаўляе ногі і закідвае галаву. Мае штуршкі хуткія, адрывістыя. У такт ім Агата масіруе мне ягадзіцы, праводзіць языком паміж лапатак. Здаецца, я гатовы ўзарвацца. Я апаражняюся вокамгненна; Саламея войкае пада мною, Агата расслаблена прынікае ззаду, і я, таксама знясілены, урэшце падаю ніцма, паспеўшы з выклікам падумаць, што гэтакая блізкасць - пік маёй мары. Якая вычарпальная рэалізацыя для творчага чалавека! Апладысменты, мой нябачны глядач!..

На наступным тыдні ў нас - два спектаклі, у якіх я атрымліваю эпізадычныя ролі, але галоўнае, аказваецца, цяпер не спектаклі, а ініцыятыва рэжысёра тэатра. Дакладней, тое, што ён арганізоўвае з дазволу выканкама. За такія мерапрыемствы можна займець неблагія грошы, прычым заранёў. Кузьма Ілыч кідае ўсе сілы на гэтую справу. Пачынаем з ранішніка для студэнтаў-пэтэвушнікаў, каторым неабходна ехаць на вёску збіраць бульбу, - так сказаць, ад майстроў культуры ўдарнікам фізічнай працы шлём прывет!

Як ні дзіўна, кіраўніцтва ранішнікам поўнасцю бярэ на сябе Жорж. Рэжысёр сядзіць перад сцэнай, хмурыць бровы і запаўняе нейкія паперы. Жорж, як, напэўна б, любы на яго месцы, мітусіцца, збірае нас вакол стала і намячае агульны план. Ён такі: кожны выступіць з тым, на што здольны. На першы раз хопіць. Усё роўна пэтэвушнікам не да эстэтыкі, яны ўжо на чамаданах і ім абы пазубаскаліць. Само сабой, што ў далейшым праграма ўскладніцца, набудзе форму капусніка або нават аўтарскага вечара і апраўдае святое прызначэнне гэтага тэатра. Амінь!

У Жоржа язык падвешаны, што ў сабакі хвост. І адчуваецца нейкая нахрапістасць у голасе, нібыта ён вышуквае, каб каго-небудзь даняць на правах начальніка. Ён круціць, бы размінае, плячыма пад цяльняшкай, дрыгае доўгімі нагамі і вядзе пальцам па прысутных, усякі з якіх паслухмяна тлумачыць свой нумар. Я ў гэтым апытанні - апошні; стаю насупраць Жоржа, але ён ні разу так і не глядзіць на мяне.

Улада адразу псуе чалавека, спадцішка іранізірую я. Аднак крыўды - убок, трэба тэрмінова прыдумаць, што я ўмею. Атрымоўваецца: нічога з таго, што мае калегі. Ні граць, ні спяваць, ні танцаваць. Мне, папраўдзе, даволі сорамна. Унутраныя якасці, душа, самаўдасканаленне, на якія я да сёння рабіў галоўны акцэнт, - гэта, канешне, і правільна, і справядліва, але ж куды падзецца, калі прыспічыць, без працоўных навыкаў, без элементарнага рамесніцтва? Быць белай варонай? Няўжо я такі няздатны?

- Ну, а ты? - нібы падсцёбвае мяне Жорж.

- Я?..

- Ты-ты. Які фокус пакажаш?

Я здагадваюся, што ўсе ўважліва пазіраюць у мой бок, і, безумоўна, ім хопіць аднаго намёку, каб прызнаць мяне паўнапраўным удзельнікам ранішніка. Прынамсі, я на тое вельмі надзеюся: блізкія ж людзі ўжо. А з некаторымі нават - палюбоўнікі. Затое Жорж зусім непадступны. Задзірае галаву з прылізанымі, як грэбень у пеўня, рыжымі валасамі і зырыцца з застылай ухмылкай. Радуецца, што я не магу адразу адказаць? Якая муха яго ўкусіла?

- Толькі не гавары, што ты будзеш чытаць сваю аповесць... - Жорж крывіцца. - Гэта сумна і доўга. Карацей, непрыемна, пане-каханку.

Кузьма Ільіч зацікаўлена падае голас:

- У каго аповесць?

Яго ўвага быццам вяртае мне ўпэўненасць. Я хапаюся за гэты шанец, адварочваюся да рэжысёра і, збіваючыся, не надта лагічна, расказваю яму пра матрону ў першым радзе на адкрыцці сезона і пра тое, як я яе напалохаў ці ашаламіў. Для большага эфекту смяюся па памяці зноў з гэтай сцэны.

- А ты хоць кумекаеш, - прыўздымаецца з крэсла рэжысёр; вочы ў яго круглыя і злыя; пальцы моцна трымаюцца за падлакотнікі, - кумекаеш: на каго ты наехаў? Яна ж - загадчык нашага аддзела культуры! Наш бог і цар! Ну, хіба было не ясна?.. - Ён робіць недвухсэнсоўны выверт ля скроні: - Яна ж заўсёды носіць ружу, гэта намёк для тупагаловых - яе не рушыць!

У мяне ўсё ападае ўнутры.

- Я... я не хацеў...

- Ой, Пантамімаў, ой, Пантамімаў! Пры табе, мусіць, я спакойна не засну. З першага спектакля пачаў кідацца на начальства... Вось ты клоўн. Пантамім сапраўдны, як і ёсць па прозвішчу.

Вакол дружна, аж занадта - перад рэжысёрам таму што, рагочуць, я чырванею, і самае страшнае ў тым, што мне ніяк не перакрыць гэты смех. Няма што супрацьпаставіць: для калегаў я - няўмека, для Кузьмы Ільіча - ужо ледзь не злыдух. Нявыкрутка, проста да слёз. І яшчэ - поўная паралізаванасць. Стаю на сцэне, пры ўсеагульным асуджэнні, сцэна выпіхае мяне прэч, здзекуецца, а ў мяне не знаходзіцца ні мізэрнейшага жэста, ні завучанага слова, каб абараніцца, і толькі ўсплывае аднекуль здалёк, з адчаю, з майго расчаравання здрадліва бязлітасная, упартая думка, што тут зусім мала ад таго тэатра, пра які я марыў і які з усіх сіл ажыццяўляў...

- Ладна, ладна: хопіць іржаць, - нібыта прыходзіць мне на выручку Кузьма Ільіч. Складвае рукі на жываце і тлумачыць Жоржу: - Ён будзе, - гэта я, значыцца, - у вас клоўнам-канферансье: аб'яўляць, выдурняцца дзеля пацехі. Увогуле будзе шутом, калі ўжо ў яго гэта так добра атрымоўваецца.

Жорж паддзяе наўздагон:

- Які выбар, ого!

Потым мяне кліча рэжысёр, яшчэ раз перапытвае, ці пішу я прозу, і, не даслухаўшы (а пра што слухаць, дарэчы?), прапануе сумесна скласці невялікую нататку пра адкрыццё сезона і сёння ж аднесці яе ў газету. Складаю, вядома, я адзін, Кузьма Ільіч толькі карэктуе, але для мяне гэта нават лепш. Заняты абы-чым, занятыя мазгі; я паволі сціхаю, і ўжо, здаецца, не хочацца кудысьці бегчы, бы на злом галавы. Можа, не ўсё так прыкра, як падалося напачатку? Аднак што мне тады падалося?

Ногі самі выносяць мяне з будынка, затым вядуць цераз плошчу, каля фантана, па шэрай вуліцы пад гэтакім жа шэрым небам, збоч жоўтага трохпавярховага прамавугольніка выканкама - да рэдакцыі газеты. Яна месціцца ў драўляным зялёным доме з блакітнымі аканіцамі. Усярэдзіне падлога рыпіць і качаецца пад лінолеумам, быццам гатовая праваліцца. Я спацеў па дарозе, а тут яшчэ прыходзіцца быць асцярожным, каб не шумець. Жах! Дзень нешчаслівы ва ўсім. Аддам нататку, вырашаю я, і стралой - на кватэру. Зачынюся, перачакаю гэты вал. Студэнтам са мною ўжо здаралася падобнае. Я таксама хаваўся ад кагосьці ў сваім пакоі, і назаўтра ўсё вырашалася неяк само па сабе. Авось так будзе і цяпер.

У рэдакцыі ні душы, толькі з кабінета галоўнага рэдактара прабіваецца палоска святла. Гугняць галасы. Я цягну на сябе дзверы, завесы скрыпяць, і чалавек, што сядзіць начальнікам за Т-падобным сталом, энергічна ўскідвае рукі, без усялякага пераходу пераключаецца на мяне:

- Калі ласка! Праходзьце, нам пра вас Кузьма Ільіч тэлефанаваў якраз. Прынеслі, што мы прасілі?

Я даю яму ліст паперы.

- Так, ага... Усё дакладна, усё правільна. Нам няма чаго папраўляць. - Галоўны рэдактар падымае сваю маленькую галаву з плешынай на макаўцы і з вясёлымі адтапыранымі вушамі, перасоўвае з пляча на плячо прасторны каптан і зноў з актыўным жэстам бярэцца за мяне: - Нябось, нешта ствараеце?

- Пішу... Хаця зусім рэдка... Не, ужо перастаў...

- А вы далучайцеся да нас, натхненне абавязкова вернецца. У нас жа літаратурнае аб'яднанне «Крынічка», мы радыя ўсім. Калі ласка, - і галоўны рэдактар паказвае на крэсла за сталом.

Не ўяўляю - чаму, аднак я згаджаюся. Сядаю насупраць двух іншых, прысутных тут, сябраў «Крынічкі» - пажылога хударлявага мужчыны ў запыленай скураной куртцы і са шлемам перад сабою, а таксама хлопца гадоў за трыццаць, у якога пранізлівы сумны позірк і шырокая радзімка пад расхінутым каўняром сіняй байкавай рубашкі. Мне чамусьці ўспамінаецца вычытанае, што радзімка на шыі - гэта прыкмета прыгажосці і адначасова нешчаслівасці. Можа, апошняя акалічнасць і змушае мяне затрымацца, падагрэўшы цікавасць да таго, чым быў я сам зараз. Як-ніяк, а роднасныя душы.

- Занясём вас у наш пратакол паседжання, - з канцылярскай усмешкай гаворыць галоўны рэдактар. - Парадак!.. Мы абмяркоўваем праблему рыфмаванага верша і верлібра. Вы за каго?

У яго даволі своеасаблівы і, нягледзячы на ўсю бяскрыўднасць сітуацыі, аглабельны падзел аматараў паэзіі. Не выратоўвае і дабрадушны выгляд, і тое, што ён пастаянна называе сябе - «мы», «нас». Пры чым тады абавязковы выбар, нібыта спрэчка і на вузкапрафесійную тэму, аднак з відавочным намерам падзяліць усіх на лепшых і горшых? Божа, якое зачараванае кола, калі задумацца. У тэатры мяне нізвялі да клоўна, тут - да механічнага прыхільніка ямбаў ці верлібраў. І ніякай павагі да ўласнай думкі, ніякага разумення, што чалавек можа абыходзіць бокам іхняе супрацьстаянне і жыць пры гэтым творчым і паўнакроўным жыццём.

Мне карціць нагаварыць многа, папракнуць за такую тупіковую пазіцыю, ды бяда ў тым, што прысутныя нічога не ведаюць пра мяне, ім будзе ўсё неспадзеўкі; таму я толькі хмура адказваю:

- Вершы пішуцца так, як яны перад гэтым кладуцца на душу.

- Я не згодзен, - укліньваецца ў гутарку мужчына ў запыленай куртцы; у яго таропкі і гарачлівы голас - з ім не паспрачаешся. - Не згодзен! Прагрэс, людзям няма калі чытаць. А каб навучыць іх культуры, патрэбен верлібр - практычны вершык, як і само наваколле.

І далей у падобным тоне на паўгадзіны.

За акном спакваля цямнее; не відаць ужо, ці спусціўся дождж. Святло ў кабінеце зырчыць ярчэй, і лямпачка пад высокай столлю гудзіць, як трансфарматар. Пачынае ажно пастрэльваць у патыліцы. Я ў смутным одуме напружваюся і не знаходжу болей прычын тут заставацца. Ледзь чутна ўстаю, моўчкі прашу прабачэння і з палёгкай вывальваюся за дзверы. Гэтыя аб'яднанні, розныя калектывы па інтарэсах мне ўжо камяком у горле!

У канцы калідора спехам мяне наганяе хлопец з «Крынічкі». Памуляўшыся, першым падае руку:

- Сяргей.

- Глеб, - адказваю, заінтрыгаваны.

Выходзім на вуліцу. Я - за ім. Пад ліхтаром на ганку заўважаю: у яго чорных густых валасах, бы згубленая пража, - рэдкія сівыя варсінкі. Псуюць яшчэ маладзецкі выгляд. Сівізна, мабыць, ад перажыванняў. Хутка даведаюся. Нездарма ж Сяргей знарок ідзе са мною. То-та! Вось табе і тайна ў горадзе абыякавым і злым!

- Ты ў тэатры... працуеш?

- Ну.

- І як табе?

- Нармальна...

- Кузьма Ільіч, Жора...

- Жорж? - Я крыху здзіўлены, што ён знаёмы з імі.

- Ужо зрабіўся Жоржам? - скептычна перапытвае Сяргей. Ён крочыць, ссутуліўшы плечы, гаворыць быццам толькі для сябе, і не разабраць урэшце, што ў яго на вуме. - Ну, ён і пры мне хацеў назвацца па-другому. Любіць французскі Манпарнас... Я, - тлумачыць Сяргей нарэшце, - тры гады назад яшчэ і сам быў у тэатры.

Паўза. Мы спускаемся вузкімі і ўжо вільготнымі прыступкамі з адхону, глядзім пад ногі, але я ўпэўнены, што маўчу не з-за гэтага. У яго прызнанні ёсць нешта такое, што датычыцца неяк і мяне. Здаецца, Сяргей беспамылкова разумее, чым дыхае нечаканы спадарожнік наперадзе. Дакладней, я. Мне мутарна. Вусцішна. Нам варта, напэўна, разысціся ў розныя бакі, пакуль не позна. Па-мойму, чалавек не павінен ведаць пра тое, што ад яго не залежыць. Па крайняй меры, не капіраваць чужую біяграфію...

Мы пераходзім вуліцу і па тратуары заварочваем за вугал, дзе стаіць пяльменная, з дзвярэй пахне варывам і таўчэцца процьма мужчын проста на ўваходзе. У натоўпе мы разлучаемся з Сяргеем; я стараюся не губляць з віду яго капюшон з тонкай плашчовай матэрыі; Сяргей быццам горбіцца яшчэ мацней і спяшаецца адсюль. Дождж, зусім вечарэе. Ліхтары слаба рассейваюць непагадзь. Такое адчуванне, што позняя восень. Я ўжо дрыжу ад слаты, але не менш ад настойлівага неспакою, што наўрад ці даганю і дапытаю ў свайго субяседніка пра наш агульны тэатр, а таму застануся ў гэтакай восені адзін назаўсёды.

За метраў пяцьдзесят Сяргей запыняецца сам - гэта прыпынак для прыгарадных аўтобусаў. Мы зноў сустракаемся вачыма, фары не-не дый асвятляюць яго твар поўнасцю, і я без цяжкасцей распазнаю на ім перамену да лепшага. Налёт меланхалічнага спакою. Вейкі прыжмураныя, як у чалавека, які думае ўжо толькі аб прыемным.

Я, бы падбухтораны адчайнай сілай, кідаюся да яго са сваім, спакуслівым:

- І што? Чаму ты перастаў быць?..

- Акцёрам? - здагадваецца Сяргей. Хвіліну не рашаецца, а пасля выстрэльвае, відаць, здаўна выпакутаваным, маналогам; падступае да мяне блізка, каб не чулі другія: - Не да Шэкспіра, калі многія так здрабнелі, што жывуць толькі сваімі інстынктамі. Калі ходзяць іграць у тэатр, як на працу; за інтрыгамі і зларадствам. Калі зло - абсалютны прыярытэт, і ты жыццём ахвяруеш не для любові і ўзвышэння, не для ўласнага душэўнага самаўдасканалення, а для чужога эгаізму, людской бутафорыі і клаўнады... Я такога не жадаю! - заяўляе ён мне.

- А кім ты зараз?

- Нікім. На вёсцы, у бацькоў. Займаюся па гаспадарцы. Не галадаю і не шкадую.

Усё гэта не вельмі лёгка асэнсаваць, і я губляюся, як прадоўжыць размову. Прыемнага мала: чалавек адказваецца ад тэатра, ад акцёрства, дзеля якога ён патраціў столькі год вучобы і да якога, мусіць жа, меў прызванне, і едзе на правінцыю, каб зашыцца ад усіх у нізенькай драўлянай хатцы. З агня - у лёд. З культурнага асяроддзя - у ціхае балота. Малады і здаровы. Дзе логіка?

- Самае дзіўнае, - усміхаецца Сяргей, прычым бровы ў яго распаўзаюцца ад пераносся і від становіцца зусім бесклапотным, - што тады я таксама перастаў пісаць, нават для сябе...

- Ну, не знаю... Супадзенне... У мяне, можа, і не крызіс...

Ён не слухае маіх адгаворак, апавядае роўным і трохі вясёлым голасам, у якім тым не менш чуецца рашучасць намнога большая, чым маю я; і гэта мне дужа імпануе.

- А калі не пішаш для сябе, лічы: катастрофа. Творчасць застывае, і ты сам - таксама. Паспрабуй выпутайся, асабліва сярод абыякавасці, - ківае ён у кірунку пяльменнай, - ці беларускага самаедства, - ківок у кірунку тэатра. - ІІачынаеш думаць, нібыта хтосьці знарок расстаўляе гэтыя пасткі і ловы. Што ж, робіш адступленне - унутраную іміграцыю, каб не перайначваць свой лёс сілай, не наламаць яшчэ горшай бяды і не разняверыцца канчаткова.

- Раптам адступаць давядзецца занадта доўга?

- Гатовых рэцэптаў ніхто не падкажа... Магу судзіць толькі па сабе. Нядаўна зноў узяўся пісаць. Вось, - ён сціпла ўсміхаецца, - удзельнічаю нават у літаб'яднанні «Крынічка». Дзеля пратакола.

Нячутна пад'язджае аўтобус. Сяргей махае мне рукой і бяжыць да яго; бягуць і мужчыны з-пад пяльменнай. Неўзабаве знаёмы капюшон знікае ў салоне, дзверы з ляскатам зачыняюцца, і колы шапацяць па мокрым асфальце далей. Я гляджу на апусцелую цьмяную вуліцу і гадаю, што, можа, дарэмна аб усім гэтым дазнаваўся, спачуваў, хутчэй за ўсё, выпадковаму чалавеку. Ён паехаў, а рабіць выбар (не дай Бог!) - цяпер давядзецца ўжо мне?

Дождж узмацняецца. Я, як і другія прахожыя, подбегам імчуся па тратуары, чужыя парасоны б'юць мяне па галаве, у туфлях - поўна вады. Заўважаю: у гастраноме ля плошчы бітком людзей, сюды не зайсці. Па інерцыі перасякаю плошчу, абмінаюся з чорнай плямай, якою зараз выдаецца помнік Леніну, кірую ў слаба асветлены хол і праз адчыненыя дзверы - у залу. Над сцэнай гарыць цэнтральны пражэктар. У яго конусе, за сталом сядзіць звычайная кампанія: Агата - злева і справа - Жорж у плеценым крэсле з Саламеяй на каленях.

- Прывет, - гавару я, паціраючы мокрыя рукі, і пазіраю на калег знізу ўверх. Тут намнога цяплей, суха, і гітара на стале - як прыкмета ўтульнасці. Так і хочацца сказаць: хто ранейшае ўспомніць - той няхай язык прыкусіць! З падвоенай бадзёрасцю звяртаюся да Жоржа: - Уяўляеш! У рэдакцыі бачыў Сяргея. Памятаеш такога?

- Н-не! - фанабэрліва пырхае ён, але па хуткасці, з якой Жорж адмаўляецца, і па гэтай фанабэрлівай інтанацыі я пазнаю, што ён не забыў ні Сяргея, ні нават мой адказ - такое самае «н-не!» у першы дзень нашага знаёмства...

Ад яго несправядлівасці, нахабства мяне ўсчынае калаціць дрыготка; я шукаю вачыма падтрымкі ў дзяўчат, ды ім на маю ўзрушанасць, па вялікім рахунку, напляваць: Агата курыць, уталопіўшыся прама перад сабою і трымаючы спіну і галаву так напята, бы праглынуўшы кол, а Саламея хіхікае і казыча Жоржа. Каменныя дуры! Нуль увагі... Нібыта сапраўды, са слоў Сяргея, хтосьці ўсё падстройвае так, што расчароўваешся за пару дзён і ў людзях, і ў тэатры, і ў сваім прызванні. Толькі хто падстройвае: лёс, Жорж, яшчэ каторы?..

Паніклы, я безаглядна прасоўваюся да выхаду.

Для ранішніка мяне апранаюць у такія-сякія клоўнскія лахманы: каўпак, шаравары, красоўкі, мусіць, пяцідзесятага памеру. Такая брыда! Здаецца, нават без апошніх патрасенняў я неўзлюбіў бы гэтакія мерапрыемствы да колікаў у баку. Смех па заказу, смех за плату - што можа быць праціўней для акцёра, які настройваўся на салідныя ролі? Так, Пустарэвіч, - але ён сацыяльны тып. Я ганаруся ім. Я ганаруся класічнай вечнасцю, што стаіць за тым вобразам... Не ўсведамляючы да канца, я з нейкага часу наважваюся думаць пра цэлае грамадства, аб праблемах, каторыя яно стварае, і прыходжу да высновы, быццам грамадства пэўным чынам, стратай традыцый узаемапавагі, неадрэгуляванасцю адносін у ім тожа вінавата ў тым, што я знаходжуся на раздарожжы. Зрэшты, гэта новая і завялікая тэма для мяне і падобная ў дадзены момант да крыўды на ўвесь свет.

Пэтэвушнікаў набіваецца ў залу, што селядцоў у бочку, і яны шумяць, рагочуць, перакрыкваюцца, нягледзячы на ўшчуванні выкладчыкаў. Усе ў куртках, шапках, бо на вуліцы зноў дождж. У бакавых вокнах тэатра - брудна-свінцовае неба. Гразь тут, гразь - там...

Вытрымаўшы непрацяглую паўзу, я выстаўляю галаву з-за заслоны і дураслівым голасам крычу:

- Ага!

Усчынаецца гвалт, свіст; нехта запускае ў мяне самалёцікам з паперы. Я з'яўляюся на сцэне, смешна ўскідваючы нагамі, вытрасаючы з калашыны шаравараў хлапушку. Падымаю яе і бухаю рознакаляровым градам на першыя рады. Студэнткі пішчаць, бы ашалелыя. Я, каб спадабацца прысутным, крычу і выдурняюся не горш за астатніх. Была не была, настройваю сябе на канкрэтны сённяшні выпадак.

- Дзве сястрычкі, як сінічкі, заспяваюць вам прыпеўкі! - аб'яўляю я асноўную частку ранішніка, якую пачынаюць Ліля і Саламея. У белых хусцінах, шырокіх, быццам парашуты, расейскіх сарафанах, яны выконваюць некалькі песень з народнага. Партнёрства ў іх, як і чакаецца, нераўнацэннае. У Лілі голас чысты, моцны, натрэніравана меладычны; Саламея дапаўняе яго сваім нізкім і смяшлівым, на канцы прыпеву закругляючыся так, што ледзь не падвывае. Але ўсё роўна яны ўздымаюць у зале грукат і апладысменты да самай столі.

Мяне пэтэвушнікі сустракаюць ужо з відавочнымі насмешкамі. Што ж, я - шут, менш кваліфікаваны акцёр. Прынята грэбаваць. Не зважаючы на такія прымусовыя (не па ўласнай жа ахвоце клоўн!) недарэчнасці, гну сваю лінію далей і пацяшаю публіку.

- Платная карыкатура! Хто болей? - дакладваю пра конкурс Агаты. Ён заключаецца ў тым, што Агата будзе маляваць толькі таго, каторы заплаціць самы высокі кошт. Як на аукцыёне. Яна сядае ў крэсла з алоўкам і альбомам напагатове, а я выклікаю паднятыя рукі... Прапануюць дробязь, канешне. Аднак усіх захапляе магчымасць уміг перарасці ў дарослых і патаргавацца. Таму і гучыць базарны слэнг. Перамагае 1 даляр. Пакрыўджаны студэнт або ўра-патрыёт шпурляе ў мой бок агрызкам; я насілу паспяваю адхіліцца. Уздыхаю: пацярпі яшчэ крыху...

Пасля заводзіць студэнтаў Адась - без упынку сыпле бязглуздымі двухрадкоўямі. Усе проста на вушах. Я ціхутка заміраю збоку, шапчу сабе: няхай іх забаўляе гэты белабрысы, худы і доўгі, што бамбук, рыфмаплёт. Ён жа ў такой пашане. Але быць, як па Камю, чужаніцай мне ўжо не ўдаецца. Спектакль працягваецца, і неразлучна зацягвае ў свой вір і мяне: Адась, прытанцоўваючы каблукамі, крычыць на ўсю глотку:

- Выступаў гарохавы шут, гэта быў наш Глеб-баламут!

Заканамерна, што ў зале нарастае яшчэ большая хваля непрыязнасці да папугая, разадзетага пад клоўна. Ад кпінаў мяне муціць. Трасуцца калені. Мала што праясняецца з кожнай хвілінай у галаве. Хіба тое, каб скінуць усе лахманы, сцерці з твару каляровыя плямы і самаму стаць гледачом. Самаму свістаць і гігікаць. Аднак як набрацца духу і пайсці з падмосткаў, нягледзячы на праграму, на рэжысёра і студэнтаў, для каторых я ўжо, нібы чырвоная ануча перад быком? Не ўяўляю. І праца, і роля, і дзіўнае адчуванне наканаванасці - усё раптам сплятаецца ў тугі клубок; я быццам загіпназаваны на далейшы ўдзел у падобным акце, і таму і сам, і мой клоўн, пад маскай якога я хаваюся, - мы ўдвох ужо загнана бяжым па сцэне, вочы нам слепяць ліхтары, і зусім не разабраць, ці гэта пот цячэ па шчоках, ці, можа, слёзы...

Бягу я потым і ад Вольгі - за тое, што каўпаком спрабую лавіць яе колцы з дыму, і зала праводзіць гэтыя ўцёкі зларадным улюлюканнем; а калі за справу бярэцца Жорж, якому перашкаджаю брынькаць яго лацінаамерыканскія мелодыі, і дае мне такога балючага прыкладзістага выспятка, ад каторага я стукаюся аб падлогу ілбом і носам, то прысутныя разам ускокваюць і вішчаць немаведама што. Я нямею ад іх нянавісці. Ляжу, сутаргава глытаю кроў і, здаецца, як паранены гладыятар, абавязкова бачу над сабою вялікі, апушчаны данізу палец і чую ўжо ўладны вокліч: «Забі яго!» Мне страшна...

Мерапрыемства заканчваецца якраз на самым зыходзе маіх маральных і фізічных сіл. Трупа размяшчаецца шарэнгай для падзякі; пэтэвушнікі - стаяць і бязладна хлопаюць. Зняслаўлены, я нічога для сябе ўжо не чакаю і без прамаруджання выходжу за заслону. Праз дзірачку ў ёй наглядаю, што там - на сцэне. Відаць па ўсім, ідылія. Апладысменты, смех, крыкі: «Брава!» Яны цудоўна паразумеліся - акцёры і гледачы, і мне цяпер здаецца, што ў гэтакага мясцовага пабрацімства закладзена надзейная аснова, бо калі для бескультурнага студэнта абплёўваць і травіць гарохавага шута - норма паводзін, дык хіба настойлівае жаданне маіх калег перарабіць мяне ў таго ж шута - таксама не норма паводзін? Чорта з два! Асабліва для халоднай, сябелюбівай, абыякавай да другіх Лілі. Мужападобнай Вольгі, каторая вечна тузаецца са сваёй палавінай і ўжо міжволі пераняла ад яго многія дурныя прывычкі. Для ўсіх астатніх, якіх не варта і пералічваць... Тэатр агрэсіўных і бязлітасных аднадумцаў, дзе ты з часам не пазнаеш сам сябе.

Тупат ног перапыняе мае здагадкі, ад каторых умомант стыне кроў у жылах. Я зрываю з сябе клоўнскую амуніцыю, змываю фарбу, спяшаюся і хачу як мага хутчэй пазбыцца атмасферы, усёй аўры гэтага будынка. Ну яго! Не на ім свет сышоўся клінам. Я малады, амбіцыйны, і недарэчны вобраз клоўна - толькі роля. Толькі эпізод, прымушаю я паверыць у гэта. Жыццё ж намнога шырэй тутэйшых сцен і не прызнае намаляваных штучных дэкарацый ці чужых умоўнасцей. Ау, жыццё?

У грымёрную ўвальваецца Жорж, за імклівасцю і імпульсіўнасцю стараецца прытаіць тое, што паміж намі здарылася. Ён звёў са мною рахункі, бачна, як ужо гатовы і да прымірэння. Набіраецца бессаромнасці і брэша мне ў самы твар:

- Ты сёння вартуеш, Глеб? Мы прыйдзем - пасвяткуем...

Я ўспыхваю, думаю абразіць яго, паслаць да д'ябла ці, пры апошняй рашучасці, заявіць, што не збіраюся далей ні ў чым удзельнічаць, нікуды не ўмешвацца, а збіраюся быць простым і нейтральным абывацелем. Няўжо гэта складана зразумець? У чалавека, няхай і акцёра-клоўна, таксама ёсць свабода, і ён мае права рабіць, што захоча... Ды гнеў асядае, так і не дасягнуўшы апагея; я - не баец, трэба, як раіў Сяргей, адступаць. Пытанне: куды, наколькі? Вырашаю, што лепшым доказам свабоды зараз будзе - мая незапамятаная адзінота. І іду на двор.

Дождж - густы, люты, ён прабівае крону каштана, бы пругкімі калючымі клінкамі. У парку на сцежках бяжыць вада, нідзе няма як прытуліцца. Я ў імгненне вока прамакаю да ніткі. Уцягваю галаву ў плечы і плюхаю па лужах, не разбіраючы дарогі. Насупраць - нібыта мігатлівая вадзяная сетка, яна заварожвае, і ў мяне неўзабаве ўзнікае дапушчэнне, што гэтая сетка сама рухае мною, волакам валачэ па перакрыжаванню, на якім я зусім не заўважаю святлафора, міма банка, потым - міліцыі, на самюткую маю вуліцу. Пакорна аддаюся стыхіі. Шкада толькі, што не магу распазнаваць у ёй ні колераў, ні пахаў. Знаходжу апраўданне ў тым, што, можа быць, стыхія змывае ўсё мінулае дарэшты, да мізэрнейшага напамінку, а заадно колеры і пахі, каб пачаць зусім новае жыццё. Вельмі нават можа быць. А яшчэ мне здаецца, што пасля дажджу абмытым і новым стану і я. Здорава! Вадохрышча! Я радуюся. І ўсміхаюся выключна сабе за такую блізкую нечаканую перамену...

Нарэшце жалезныя вароты, брукаваная сцежка, веранда, накрытая ацынкаванай бляхай, - сколькі я тут буду яшчэ хадзіць? І ці буду наогул? Гэтае «ці буду» яшчэ болей весяліць мяне, нібыта я заранёў угадваю тое, што прадвырашае далейшы ход падзей. Запыняюся перад дзвярыма, з асалодай адчуваючы свае здольнасці... Праходзіць, мабыць, хвіліна-другая, і дзверы раптам самі адчыняюцца; я ўздрыгваю. Паўза, якая да неймавернага абвастрае мой слых. Замірае сэрца. Што гэта? Адначасова я чую голас, і ён падобны на гаспадынін, злы і скрыпучы, як з казкі пра старую вядзьмарку:

- Палюбуйцеся на яго! Заявіўся - не запыліўся!.. - І ўжо з пераходам на пагрозлівы: - Ты са свайго цырка такі? Клоўн хіба?

Ад дажджу перада мною - суцэльная заслона. Яна глушыць і скажае голас, і я пачынаю падазраваць, што ён мне напамінае кагосьці іншага. Такога, як гаспадыню. Рука мая паволі цягнецца да гэтай заслоны, каб адхіліць, і нечакана завісае ў паветры... Сапраўды, я не мог памыліцца. Пра цырк, злосна, здзекліва, ледзь не з праклёнам гаварылі мне бацькі, калі я не паслухаўся іх і выбраў вучобу ў тэатральным інстытуце. З той пары мы і не бачыліся. Яны працягвалі жыць у сваім, канешне ж, раз і назаўсёды ўсталяваным свеце, а я спрабаваў яго хоць неяк выправіць, даказаць, што не ўсё ў ім так безнадзейна.

Думка, што я даказаў якраз адваротнае, мяне шакіруе. Я чую слабасць у суставах, прыхінаюся да сцяны дома і нават апускаюся на каменны падмурак. Божа мой! У рэальнасці такое ж класічнае пастаянства, як і ў спектаклі. Холад, плюта, адзінота з дзяцінства да маладосці, ад маладосці - да старасці, і не дапаможа табе тут ні часовае адступленне, ні ўнутраная іміграцыя, бо ўсё яно толькі надуманы самападман. А калі хочаш жыць, то іграй сваю ролю, прытварайся, наколькі хопіць змогі...

Гэта, здаецца, і ёсць тая мая перамена, на якую я спадзяваўся.

 

2002


2002

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая