epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Манвад

Тэктанічны разлом

1
2
3
4
5
6
7


1

 

Данік вярнуўся дахаты зранку. Вакол ледзь пачынала світаць, і неба скрозь пакрывалі баваўняныя воблакі-баранчыкі; яно з кожнай хвілінай яснела. Маці выйшла на падворак дый так застыла, згледзеўшы госця. Данік скінуў з пляча рукзак і ўсміхнуўся ёй. Амаль цэлы год ён быў у горадзе на падрыхтоўчых курсах, думаў паступаць на геаграфічны факультэт і не паступіў.

Маці ўжо падвязала хустку, надзела фартух і, з вядром у руцэ, маленькая, ціхая, з сумнымі вачыма, аб усім здагадалася і не перапытвала, што ды як. Яна толькі выдыхнула нязменнае: «Ах, божа мой, божа», сказала:

- У другі раз тады...

Ён па-дзіцячы - ахвотна - кіўнуў. Там, у чужым горадзе, Данік вельмі перажываў гэтую няўдачу, ведаў, як маці надзеелася, і цяпер чакаў самага горшага. Але ўсё абышлося. І потым, калі маці даіла карову, або карміла парасят, або насыпала круп курам і пазірала на іх, падпёршы рукою шчаку, ён таксама заставаўся на прыгуменні, наглядаў за яе работай, якая паўтаралася з году ў год, і нібы згаджаўся, што праз некалькі месяцаў у яго зноў будзе спроба пайсці вучыцца.

За гэты час, пакуль Данік жыў у інтэрнаце, ён рэдка прыязджаў назад, можа, разы тры-чатыры, таму памаленьку адвыкаў ад роднага месца. Хата здавалася для яго нізкай, нейкай смешнай, як якой-небудзь мазанкай з «Клуба падарожнікаў», і ён ужо лічыў яе за экзотыку. Увайшоўшы сёння, Данік нетаропка агледзеў два пакоі і пабеленую кухню, пакратаў занавескі на вокнах, выпіў нагбом вады і адразу адчуў мулкасць ад сцен і столі, быццам здушаны імі.

Забегла на хвіліну маці. Яна заўсёды любіла дапамагаць сыну распакоўвацца з дарогі. Любая рэч, нават нязначная і някідкая, выклікала ў яе відавочную радасць, нібыта Данік набыў гэта невядома дзе, бачыў невядома што і сам мог расказаць аб тым. І маці пазірала на яго ўжо прасветленымі вачыма, маршчыны згладжваліся, рот усміхаўся, і вусны паўтаралі ўсё, што ёй гаварыў сын.

- Мам, я пазнаёміўся з хлопцам, які быў у Парыжы. Вось, - і ён паказаў фота, - бачыш: Эйфелева вежа.

- Вежа...

- А гэта - статуя Свабоды. Яна ў Амерыцы, у Нью-Ёрку.

- У Ёрку...

Маці ўзяла паштоўкі цёмнымі спрацаванымі пальцамі, і яны задрыжалі, быццам гэта была не проста папера, а сапраўдная вежа, сапраўдная статуя, і ад дотыку да іх жанчына адчула і тую вышыню, і веліч, і славу, што далі ім людзі. А калі адчула, то скрывілася і хутка заплакала.

- Сынок...

Яна была негаваркой істотай, вельмі ўражлівай, і таму ў яе, бы ў малой, вокамгненна мяняўся настрой. І нягледзячы на сялянскую аднастайнасць жыцця, на гэтае вечнае кола праблем, на якіх, здавалася, зацыкліўся свет, маці не-не дый цягнулася да чагосьці далёкага і незвычайнага, перажывала аб ім і, можа, нават малілася на яго і ўжо не ўспрымала як нешта неспатканае і недасягальнае.

Затарахцеў трактар, разрываючы ранішнюю цішыню. Данік прыгнуўся да акна, убачыў сіняваты дымок за хлявом.

- Аляксей, - уздыхнуўшы, сказала маці. Заспяшалася выходзіць, скрушліва прыгаворваючы: - Паехаў на нарад, не паеў. Цябе, мусіць, напалохаўся... Пару хлопцаў на вёсцы, і тыя п'юць - аж страх! П'юць і валяюцца. Ах, божа...

Маці, калі расказвала пра старэйшага сына, заўсёды пераводзіла гутарку на ўсіх, і голас у яе быў такі, быццам яна вінавацілася за чужых. Данік толькі паціскаў плячыма. У яго спярша была школа, затым - падрыхтоўчыя курсы, адным словам, цікавіўся іншым, хаця, канешне, ведаў і пра п'янку, і пра тое, што Аляксей слаба дапамагаў па гаспадарцы. Трагедыі з гэтага ён не рабіў. Навошта? Ад гарэлкі без пары загнуўся бацька, тую дарожку паўтараў брат, па ёй ішоў і дзядзька, і сусед, і праз пятую хату, і праз дзесятую была аднолькавая карціна, але ж жыццё неяк сунулася, людзі не панікавалі, і вёска не правальвалася ў тар-тарары. Значыць, усё было правільна, як прывычней і найлягчэй.

З такой перакананасцю Данік лёг у ложак і праз хвіліну забыўся. Ён ехаў ноччу, стаміўся, чакаючы сваю станцыю, бо праваднік нікога не будзіў, і цяпер праспаў да самага падвячорка. Калі ўстаў, цела было акрэплым і бадзёрым. Ён радаваўся, як радуецца чалавек, у якога ўжо ўсё засталося за плячыма.

«Ладна, - паабяцаў сабе Данік, - перажывём!»

Маці па-ранейшаму завіхалася ля хлява. Убачыўшы сына, яна зноў усміхнулася, але ўжо без таго запалу, калі Данік заявіўся ранішнім госцем. Ён гэта зразумеў, і, не чакаючы запрашэння, па-гаспадарску закасаў рукавы. Рабіў, здаецца, не высільваючыся, хадзіў не подбегам, а да вечара завалэндаўся так, як не намучваўся, шпацыруючы па горадзе. Што было гаварыць пра маці, якая праводзіла ў гэтым колавароце цэлае жыццё...

Прыехаў з працы Аляксей, скокнуў з кабіны і падняў воблака пылу сваімі стаптанымі кірзачамі. Брат быў невысокага росту, шырокі ў плячах, рэзкі ў рухах, і да чаго б ён ні дакранаўся, усё пад яго рукамі трэслася і шумела, нібы ў шуме яму чулася намнога спадручней.

Прывіталіся. Аляксей, расставіўшы ногі, гучна выпаліў:

- Ну, як?

- Праваліўся.

- Эх, трэба было стукнуць кулаком па стале, каб прафесура языкі пралыгнула!

- Не знаў.

Аляксей болей ужо не слухаў: палез назад у кабіну. Данік здагадваўся, чаму брат пасля першых слоў адразу скісаў: з ім, Данікам, было занадта ціха. І ніякага шуму.

Паляскаўшы ключамі, Аляксей вывудзіў з трактара бутэльку самагонкі, паказаў жоўтыя зубы:

- Самі гонім - самі п'ём!

Напіхаўшы ў торбу рушнік, люстэрка, мыла, брытву, а заадно хлеба і цыбулі, браты пайшлі на возера. На прыбярэжных плітах, нагрэтых за дзень, ужо сядзелі іншыя хлопцы, і ад вячэрняга сонца чырвоныя водсветы беглі па хвалях і па шчоках, шыях купальшчыкаў. Яны шыкоўна загарэлі, гэтыя трактарысты, якія прападалі амаль цэлых дванаццаць гадзін на полі, але было відаць, што ні шакаладны загар, ні само лета іх не хвалявалі - проста была такая пара, і ад яе - нікуды не дзецца. Ногі ж ва ўсіх бялелі, як напудраныя...

Выпілі па чарцы. Аляксей потым палез у ваду, пачаў мыліцца, брыцца і змываць пену, і боўтаўся з размахам, бы круціў нябачную турбіну. Пырскі ляцелі ў розныя бакі, і на яго закрычалі з берага:

- О, вадзяны пацук!

Даніка ўжо называлі Студэнтам, і ён прыкінуў: так нядрэнна. І сядзеў ціха, лішне не выстаўляўся, абы не дражнілі па-другому. Мянушкі тут прыклейваліся лёгка, здаралася, як каму на язык узбрыдзе, тое і стане; і мянушкі часцяком давалі звярыныя, лясныя ці балотныя. Хто ад якой засцерагаўся, тую і ўспамінаў, каб самаму яе не насіць. Зямля карміла, паіла, трымала на нагах, служыла ўсім на свеце для гэтых людзей, таму жыццё было напоўнена паганствам, якое ніяк не выветрылася адсюль за доўгія стагоддзі.

Калі прыцямнела, даўгалыгі Змей падхапіўся на непаслухмяныя ўжо ногі і пачаў крычаць у азёрную непраглядзь, палохаючы рыбакоў: «Я вам налаўлю, крысы вы!» Крыкі яго паглынала цішыня, і ён неўзабаве выдахся, паслізнуўся і з'ехаў з пліты ў ваду. Змея кампаніяй выцягнулі на бераг, склалі на рукі вопратку і з апошнімі жартамі, кпінамі няспешна рушылі па хатах.

Дзень знік, вёска змоўкла; усё ўпарта адыходзіла ў густы змрок. А калі Данік, напіўшыся малака, палез на вышкі спаць, ён ужо нічога не мог разгледзець, акрамя зорак на небе. Іх высыпала многа-многа, і за адной Данік употайкай сачыў праз шчыліну ў дошцы. Мізэрная, яна свяцілася так прывабна, ажно не верылася, што яе святло ляціць да зямлі безліч гадоў і што за сенавалам сотні і тысячы кіламетраў бясконцай прасторы. Разагрэты самагонкай і ўражаннямі, ён дыхаў на поўныя грудзі і радаваўся сваёй далучанасці да той прасторы...

 

2

 

Нядзелі гэтыя нібы прапахлі сенам. Ім была напоўнена не толькі ноч на вышках, але і дзень. Хаця ў гаспадарцы трымалі адну карову, траву касілі і сушылі не шкадуючы, быццам нарыхтоўвалі пра запас яшчэ і на будучы год. Сапраўды, хто мог прадказаць, што і тады надарыцца добрае надвор'е? Ужо колькі разоў, помніцца, ішлі дажджлівыя сезоны, прападала сена, за ім, як па якой злой волі, гніла збажына ў полі, бульба вырастала што гарох, людзі нылі, заглядвалі ў скляпы і ўсё гадалі: як перажыць да вясны? Ніхто не паміраў ад голаду, ніхто не з'язджаў, на ранейшы капыл, у Сібір ці ў Амерыку, аднак такое прымітыўнае пытанне: «Як?» ужо стрэмкай сядзела ў падсвядомасці, было прыроджаным страхам, што засціў свет. Адзіным выратаваннем тады служыў калгас, які заўсёды лічылі нейкім чудародным нарастам, з чужым дабром і грабілі яго няшчадна.

Навазіўшы сена сабе, хлопцы браліся дапамагаць другім. Данік кожны ранак чуў, як брата каля трактара перапынялі пенсіянеры і прасілі даставіць з лугу, з саду то воз, то копнаў пару. Яны, канешне, падманвалі, бо старыя былі даўняй закалкі, двужыльныя і рабілі за траіх, але, называючы колькасць, ужо быццам загадзя намякалі на плату. Такі быў няпісаны закон. І, каб не аканфузіцца, не чакаць дарэмна, адразу плацілі Аляксею аванс - бутэльку самагонкі.

- Прыеду. Памочнікаў я маю, - басам спрасонку згаджаўся брат, каб хутчэй адвязацца ад плаксівай бабулькі. - Ідзіце.

Тая не адыходзіла і праз шум матора зноў прасіла:

- Прыедзь, сыночак...

Трактарыстаў дый усіх хлопцаў, ад каторых звычайна чакалі дапамогі, называлі па-дамашняму памяншальна-ласкава - «сыночкамі». Была ў тых словах нявыказаная туга. Данік на гэта думаў: «Вымірае вёска». І яна сапраўды вымірала. Дзеці пенсіянераў паўцякалі ў горад, ажаніліся, мелі сем'і, прывозілі на канікулы ўнукаў, аднак было ясна, што ўнукам назад шлях ужо заказаны. Яны ўжо былі далёкія ад вясковай мітрэнгі, не паважалі работу дзеля работы і часта не ведалі нават, як падграбаць сена або рубаць дровы. Пецю і Машу балавалі грашыма і, па сутнасці, кожны з іх жыў у памяці старых толькі тым коштам, які яны плацілі за ўсялякія падарункі і прысмакі; затое суседскі сын-забулдыга быў пастаянна на віду і, добра ці кепска, ды неяк падтрымоўваў таемныя спадзяванні...

Данік таксама неўпрыкмет прыбіўся да кампаніі дабравольных памочнікаў, стаў, як гаварыла маці, качагарам. У дзесяць рук работа, канешне, спорылася, і каб не абавязковыя папойкі, дык усё было б нармальна. Данік паправіўся пасля горада, загарэў, падужэў і яшчэ падрос, аднак піць, як астатнія, не навучыўся і назаўтра заўсёды мучыўся ад галаўнога болю.

- Ты чытай, - не раз і не два хмурылася маці і, бывала, сілком заганяла Даніка ў хату, за стол і не сыходзіла да той пары, пакуль ён не раскрываў якую-небудзь кніжку. Гэта яе супакойвала.

Аднойчы іхняя «брыгада» запазнілася з працай, усе намучыліся цягаць вілы і вырашылі не хадзіць на возера. Паселі прама ў прычэпе і разлажылі «калым». Было пяць чалавек, самагонкі многа, закускі мала, і неўзабаве паўпіваліся так, што ўжо не бачылі шклянкі.

Данік здаўся першым; акрамя таго, што аслеп, ён яшчэ і аглух ад такой самагонкі - была градусаў за шэсцьдзесят. Заснуў мяртвецкім сном, а пазней, калі абудзіўся ад тупату і крыкаў, доўга не мог уцяміць, што гарыць і куды трэба бегчы. Пакуль злез па лесвіцы на зямлю, пажар патушылі, і было зноў цёмна, густа пахла дымам, і, заплятаючыся языком, чамусьці апраўдваўся Змей.

- Ды я... ды мне... Ды што? - і ўсё ў падобным лаканічным стылі.

У рэшце рэшт аказалася, што Змей заснуў у прычэпе, і ад ягонай самакруткі загарэлася сена, якое там ляжала.

Пасля гэтага маці моўчкі звярнула Данікаў цюфяк на вышках і зняла ўніз. Ён не спрачаўся і не перажываў: адчуваў агульную віну. Зорнае неба прапала, свет звузіўся да памераў хаткі, і ў першую ноч было нават непрывычна ўжо і душна спаць. Затым асвоіўся. Лета ўсё роўна праходзіла.

 

3

 

У пачатку восені праліліся дажджы, налятаў парывамі халодны вецер, цяжкія хмары засцілалі ўсё неба; было гразка і туманна. А потым раптам праяснілася зноў, засвяціла сонца, праўда, ужо слабей, і гэта быў нібыта покліч да новых клопатаў - ехаць у лес за дрывамі. Нядаўняе пахаладанне скарысталі для такой паспешкі: маўляў, зіма стане ранняя, наваліць снегу, марозы будуць за трыццаць, так што займацца варта выключна абагрэвам.

У суботу ў Аляксея быў выхадны. Сабраліся нарыхтоўваць метры для Івана Іванавіча - былога настаўніка. Дарэчы, географа, таму Данік з ахвотай згадзіўся дапамагаць. Суслік - дробны, бялявы, няскладны хлопец - прынёс бензапілу, іншыя ўзялі двухручку, сякеру, селі ў воз і паехалі.

Быў лёгкі ранак, дыхалася прыемна, свежа пахла расою. Конь ішоў пешшу, дарога слалася ўзлескам, справа ўздымаліся азімыя, а над галавой вісеў алешнік. І калі галлё перарывалася, то ўзнікала чыстае-чыстае, як сляза, вока-просінь. Яно пералівалася вясёлкай ад сонечных промняў, раз-пораз павучок плёў перад ім свае мудрагелістыя карункі, яны трымцелі ў паветры, і тады здавалася, што гэтыя павуцінкі разбягаюцца ва ўсе канцы лесу, бы тэлефонныя правады, да кожнага дрэва і да кожнага кусточка. Праўдападобна, што загадкавае вока слухала ўсю зямлю, несла яе згукі яшчэ далей і вышэй. Хацелася спадзявацца: каму трэба...

Рыпеў хамут, мякка шапацелі калёсы, каню, мусіць, таксама падабаўся гэты выезд, і ён задаволена фыркаў. Хлопцы ўшасцёх моўчкі сядзелі на возе, высунуўшы ногі праз драбіны; хто курыў, а хто забаўляўся з галінай ці лістком.

«Вялікі лес, вялікая зямля, і многа тут сілы, але што за сіла трымае нас саміх? Якая яна? - збянтэжаны гэтымі чуйнымі хвілінамі, думаў Данік. - Мы забыліся пра вёску, пра самагонку, дыхаем свабодна, і мы амаль шчаслівыя. Дык што трэба, каб так жыць? - Не вагаючыся, прызнаўся: - Адчуваць свой вольны дух. - Памаўчаў, потым сумеўся: - Патэтыка, і больш нічога!»

Год, праведзены ў горадзе, даў Даніку многа ў параўнанні з вёскай, і падрыхтоўчы курс быў тым адметны, што на ім сабраліся шустрыя хлопцы, каторых што і скоўвала, дык толькі будучыя экзамены. Але для экзаменаў былі выкладчыкі ўніверсітэта, прызначаныя дні, а на ўвесь астатні час - уласны досціп і язык не ведалі ніякіх межаў і забаронаў. Папраўдзе, год праляцеў як харошая казка, што лёгка расказваецца, бо не мае канца. Ці ж ёсць канец для таго, які думае, што ён пуп зямлі?

Данік успомніў сябе на другі дзень пасля выпіўкі, калі галава была чугунная і звінела, як колакал, і хмыкнуў: «Не пуп, а толькі - пупок...»

На дзялянцы іх ужо чакаў аб'ездчык - нізкі чалавечак, прапіты і бяззубы, шапялявячы, паказаў, якія хвойкі варта рэзаць. Сасна ляжала ў некалькіх штабялях, гонкая, срабрыстая, нібы толькі што знятая з пнёў. Суслік скоса паслухаў аб'ездчыка, з кіслай мінай сплюнуў, распрануўся да майкі і са сквапнасцю накінуўся на дровы. Апілкі тоўстай лентай пацюрчэлі з-пад бензапілы.

Перапынак зрабілі праз гадзіны тры, задымленыя, з ліпкімі ад смалы рукамі. Пакуль прыводзілі сябе ў парадак, Аляксей пагнаў каня назад у вёску, каб перасесці на трактар. Між тым нацягнуліся хмары, стала прахладна; у лесе пацямнела, і ўжо зусім не радавала зрок пажаўцелае лісце на бярозах, а пахілы алешнік ствараў уражанне непралазнага гушчару. Згаладнелыя хлопцы разбрыліся пашукаць запозненых грыбоў ці арэхаў і, падманутыя прыродай, вярнуліся ні з чым, раззлаваныя. Заядаліся адзін да аднаго і часцяком гадалі хутчэй апынуцца ў хаце - выпіць і закусіць.

Аляксей прымчаўся яшчэ з трактарыстам - поўненькім ды чырванашчокім па мянушцы Хамяк. Голас у таго быў тонкі, бы дзявочы, з кабіны яго не чулі, але любы разумеў, што ён гаворыць.

- Каб жыць у шчасці, трэба красці, красці й красці! - адабральна рагочучы, расшыфраваў Змей.

І скралі на гэты раз нямала. Было якраз пад руку: вазілі нібыта па квітанцыі настаўніку, а на самай справе грузілі прычэпы яшчэ кожнаму з пілавальшчыкаў і, канешне, Хамяку, зверху прыкрывалі метры сукамі і на паўзімы дрывамі былі ўжо забяспечаныя. Пайдзі, аб'ездчык, залажы, калі назаўтра раненька ўсё будзе сумленна распілавана на калодкі!..

Пілі ў Івана Іванавіча ў летняй кухні - ледзьве памясціліся такой кампаніяй за адным сталом. Спрацаваныя, дружна спачатку налягалі на закусь, нават не зважалі на двух гаспадарскіх катоў, якія мяўкалі пад нагамі. Іван Іванавіч, акрамя вялізнай міскі агуркоў у смятане, частаваў чамусьці толькі малочным - маслам, тварагом, сушаным сырам і ў гутарцы ўсё гаварыў пра кароў і пра надоі. Ён быў ужо пастарэлы, азызлы і ад свайго дзіўнага захаплення нейкі пульхны, мяккацелы, быццам наліты малаком. За вочы яго называлі Барсікам. І Іван Іванавіч быў падобны на ката - з рахманым сытым тварам, з кароткімі вусамі; хадзіў таксама паволі, асцярожна, як ступаў, не раўнуючы, на падушачках.

Асалавеўшы, Данік захацеў сказаць яму што-небудзь прыемнае, падзякаваць за сваю любоў да геаграфіі.

- Іван Іванавіч, і-ік...

- Ну, куды ты? - не зразумеў той. Падняў трохлітровы слоік, панёс па чарках. - Пасядзі з людзьмі, так сказаць. Намі не грэбуй.

- Вы помніце, як мне пяцёрку?.. Аднаму з класа?

- І ты не паступіў?

- Не...

- Бачыш? - расчаравана махнуў Барсік, трацячы да Даніка ўвагу. - Якая з цябе тады карысць?

- А вы паслухайце! Паслухайце... Пытаюць на экзамене: тэктанічны зрух у прыродзе, так? Ну. А скажы: што такое тэктанічны разлом у дзяржаве? У народзе, карацей?..

- Іш ты, разумнікі ўзяліся! - пасля невялікай паўзы ўспыхнуў раптам мужчына, і шчокі ў яго ненатуральна запунсавеліся ад злосці. Ён тыцнуў рукою на Даніка, грузна засоп і выпаліў тое, што, мабыць, збіралася ў ім не за адзін дзень. - Іш ты! Выдумалі нам разломы-пераломы!.. А мы жывём нармальна. Праўда, хлопцы? Нармальна! Цяжкасці будуць, як заўсягды ў пераходны перыяд, але гэта аб'ектыўныя цяжкасці, яны - пераадольныя. І нечага лезці ў душу да людзей...

Хлопцы, задобрываючы старэйшага, зладна загергеталі ў тон яму.

Данік запнуўся, пакрыўдзіўся, потым пачаў апраўдвацца, і даказваў горача, з імпэтам, нібы на экзамене, і стараўся, каб словы былі правільныя і пераканаўчыя, каб гучалі па-гарадскому і ўсім стала сорамна за іхнюю няпраўду. Безумоўна, яны падманвалі сябе, і Барсік злаваўся зусім дарэмна. Ва ўніверсітэце не маглі памыляцца, задаючы такія пытанні і патрабуючы на іх адказы. Горад - не вёска, адно з другім не было чаго раўняць, дык чаму ж не згадзіцца было з тым, што ў народзе сапраўды разлом? Данік, дарэчы, за сваё няведанне ўжо здорава паплаціўся...

Пасядзеўшы для прыліку, ён выйшаў прэч і не развітаўся.

 

4

 

Данік пасвіў кароў. Цадзілася імжа, поле было шырокае, і каровы хадзілі спакойна, нібы чуючы, што зіма не за гарамі. Лес знаходзіўся з трох бакоў, змрочны, затуманены, і ён ужо не вабіў, як раней; а перад вачыма ляжала вёска, сіратлівая пад голымі ліпамі, і ўся яна выразна сціснулася і прыплюснулася яшчэ ніжэй да зямлі, - здавалася, ад доўгіх начэй і халодных золакаў. На агародах дзе-нідзе запознена поркаліся людзі - выбіралі буракі і капусту. А ў астатнім была такая пустэча і адзінота, што замірала сэрца...

«Як звужаецца свет!» - агоркла думаў Данік.

Праз гадзіну-другую пад'ехаў Аляксей са Змеем; яны скінулі з прычэпа саломы, пакрышку, аблілі ўсё гэта саляркай і падпалілі. Полымя стаўбуном шуганула ўгору і павесяліла Аляксея.

- Домна, ха-ха! - прыгаворваў ён і варушыў манціроўкай агонь, каб мацней трашчала і сыпаліся іскры. - Ну, дабывайце руду.

- Руда знойдзецца, - з гатоўнасцю пацёр свае вялікія і чырвоныя, як у гусака, далоні Змей, дастаў літровую бутэльку з-пад «Кока-колы»: у ёй калывалася знаёмая штодзённая вадкасць. - Гы-гы-гы!

Данік умольна застагнаў.

- Не пазасынайце! - крыкнуў Аляксей і неўзабаве паехаў ад іх.

Яны палезлі пад плашч, развешаны на кіёчках, выпілі па чарцы. Змей закурыў, распавёў, круцячы кірпатым носам ад дыму:

- Загналі саломы - утаргавалі.

- А я ўсё кумекаю: скуль вам перапала так рана?

- Самагонкі хапае. Ёю можна хоць цэлы калгас заліць - дна не ўбачыш.

- Зараз замест грошай будзе...

- Хм, - буркнуў Змей, падняў перад сабою поўную чарку і штосьці нагледзеў у каламуці: падчапіў саломінкай і кінуў у агонь. - Будзе не будзе, а тое, што яна ўсіх выручае, - гэта точна.

- Нічога не папішаш: се ля ві.

- Ну, а нам адзін хрэн! Пілі бацькі, пілі дзядкі... Яно ўжо не калыша. Правільна? Было - сплыло. Затое мы п'ём, во! І як не піць - не знаем.

Данік ужо не перабіваў яго. Змей, калі п'янеў, то ў гэтую хвіліну гаварыў адно, у наступную - другое, і яму цяжка было дагадзіць, каб не пасварыцца. Дзесьці за тым бяздумным, на першы погляд, жыццём хлопца таілася глыбозная скруха, вярэдзіла душу, ён не ведаў ці не жадаў ведаць прычын таго суму, здаваўся, мучыўся і злосць сваю пераносіў на іншых. Падобных да сябе. Адтуль яна зноў вярталася да Змея, атрымлівалася бясконцая рэакцыя і замкнутае кола.

- Маці даўно выпіхала з хаты, - жаліўся Змей. - Едзь, паступай хоць куды. Можа, там лепш... - Памаўчаўшы, усё перакручваў з ног на галаву. - Паехаў бы, чакай! А хто з ёю? Ні дроў, ні вады. А там тожа: ні работы, ні жыць дзе... На храна мне!

Данік падлавіў сябе на думцы, што ён згодны. Згодны з п'яным Змеем, з яго довадамі, з усім. У вачах ажно пацямнела ад такога прызнання. Як і яго паглынула гэтая вёска! За лічаныя месяцы. І ён, помніцца, калісьці яшчэ ўпотайкай ганарыўся сам сабою, спадзяваўся на нешта, на нейкае сваё Эльдарада. Калумб мясцовы! Ды вось - не атрымаўся. Уразумеў толькі, што далёкія краіны далёкія, канешне, геаграфічна, пры гэтым да іх можна запраста даплыць, даляцець, але калі табе наканавана тут дыхаць і, на жаль, падыхаць, то ты будзеш тут падыхаць, як ні рвіся з рубашкі. Жыццё - яно, па вялікім рахунку, аднолькавае для любога; толькі перад шчасліўцам лёс ахвотна сцелецца, а няўдачніка - вядзе на вяроўцы, куды захоча.

«Мне ўжо ўсё распісана», - фатальна вызначыў Данік, паказаў Змею: налівай.

Яны пілі, пакуль не пападалі. А калі Данік зноў расплюшчыў вочы, побач нікога не было: ні Змея, ні кароў. Церушыў ужо неблагі дождж, дагарала пакрышка, і ў полі было шэра і смутна, як перад патопам. Захацелася ад сораму адразу ж накрыцца чым-небудзь з галавой, схавацца да лепшых часін і забыць гэты дзень назаўжды.

Ён ішоў дахаты агародамі і яшчэ здалёк пачуў шум на вуліцы. Ганілі пастуха. Сярод агульнага гулу вылучаўся гнеўны барытон Барсіка; Данік уявіў сабе, як тросся ягоны, падобны на жэле, падбародак.

- Іш ты: як хачу, так і пасу! Ого! Не паступіў там, гляджу, а гаварыць навучыўся спраўна... Разбоўтаўся ён у цябе, Пятроўна, іш ты!

Жанчыны без злосці, быццам для формы, аднак навучана гудзелі. Барсік, няйначай, лічыўся ў іх грозным аўтарытэтам, зрадні якому-небудзь калгаснаму начальству.

Данік прастаяў за сенцамі да густога вечара...

 

5

 

Навалілася зіма, і на цалюткім свеце нібы толькі і засталася адна бязлюдная вуліца. Усюды было ні прайсці ні праехаць. Снегу, як і меркавалі, насыпала пад самыя вокны. Пачуеш скрып, прыткнешся да шыбы, а перад тваімі вачыма праходзяць чыесьці ногі альбо палазы ад саней, і такая ўнутры неразгаданая зайздрасць прачнецца, што мучышся ажно да наступнага падарожніка: куды ж і яго вядзе патрэба? Скаваная зямля, скаванае цела, ды чалавек жыве. Пра што ён думае? Ці думае наогул? Замірае таксама да будучай вясны?

Данік цяпер часта залазіў на вышкі, каб скінуць карове сена, і калі нікога не было знізу, падоўгу ўглядаўся ў шчыліну ў шчыце. За хлявом ляжала роўнае поле, снег быў чысты, як ліст паперы, і на ім мігцелі сляды. Безліч слядоў. Голад не даваў зверу прыпыніцца хаця б на хвіліну.

«Які інстынкт гоніць нас па свеце?.. - зляканы ад марозу, нязменна адзначаў Данік. - Мы назапасіліся яшчэ з восені і куды больш прыставіць свае рукі-ногі - не ведаем».

Непрыкметна падкаціўся Новы год. Спачатку раіліся нідзе не збірацца, выпіць і ісці ў суседнюю вёску ў клуб. Але з горада якраз заявіўся яшчэ адзін хлопец, былы, так сказаць, хаўруснік, які пасля арміі ўладкаваўся на заводзе, жыў у інтэрнаце і штосьці зарабляў. Відаць, насілу зводзіў канцы з канцамі, бо гэтую зіму ўжо вырашыў даседзець у закінутай бацькоўскай хаце. Яго адразу ахрысцілі па-інтэлігентнаму - Бамжом.

На свята сцякаліся да Бамжа ўжо з шасці гадзін вечара. Праход ад брамкі быў старанна пракапаны сярод снегу, на ганку ляжалі яловыя лапкі, з вокнаў лілося яркае святло - усё гэта так уздымала настрой! Гасцей сустракаў сам гаспадар - у летняй майцы без рукавоў і ў джынсах з падцяжкамі. Бомж быў сярэдняга росту, без верхняга пярэдняга зуба, і калі ён смяяўся, то ўскідваў вострымі плечукамі і нібыта пасвістваў. Валасы ў яго стаялі дыбам, як іголкі ў вожыка, і кожны стараўся даць яму пстрычку па галаве.

- Ну-ну, павырываю ручкі і хварасціны паўтыкаю! - энергічна адбіваўся ён.

«Стыляга!» - скептычна аднёсся да яго Данік, прызнаўся, што такіх у горадзе ў свой час не бачыў. Значыць, быў наіўным. Не жадаў бачыць, не навучыўся. Бомж, вядома, не адзіны, хто матырхаўся ў жыцці, як перакаці-поле: тут - там. Колькі іх было ўжо на слыху па акрузе... Дык дзе ж знаходзілася тая праўда, за якую Данік спрачаўся з Барсікам, у горадзе ці на вёсцы? Ці яе не было наогул?

Немагчыма было разабрацца без ста грамаў.

У пакоі красавалася ёлка, прыбраная такімі-сякімі цацкамі, цукеркамі і - о, цуд! - маленькімі сюрпрызамі: паперкамі з пажаданнямі на будучы год. Кожнае з іх абавязкова завяршалася наказам знайсці сабе другую палавіну сэрца і настругаць кучу дзяцей.

- Бомж, ты ж не ўмееш пісаць, - усумніўся Хамяк, хаваючы паперку ў кішэню. - Разыгрываеш?

Той, харобрачыся, усміхнуўся.

- А што, нам не паложана? - Скамандаваў: - Опля!

У наступную хвіліну з кухні выйшла дзяўчына ў фартуху і з нажом, павярнулася кругом у туфлях на высокім каблуку і сарамяжліва азірнулася на прысутных.

- Марына. - Яе пісклявы яшчэ галасок адазваўся такім дысанансам сярод нядаўняга мужчынскага хору, што хлопцы на момант разгубіліся. Паўза задоўжылася, і Марына, чырванеючы, зноў схавалася за перагародкай.

- У-цю-цю, - склаў вусны трубачкай Змей, быццам шукаючы мянушку, і не змог. Яго моўчкі падтрымалі.

Бомж абвясціў праграму-мінімум: падрыхтаваць сталы, выпіць бутэльку самагонкі і паглядзець «відзік». Работы на паўгадзіны знайшлося кожнаму. Данік узяўся адкрываць слоікі і нарэзваць агуркі і памідоры. Побач упраўлялася з катлетамі Марына, і гэтае суседства яго няясна хвалявала: ён нават параніў сабе палец. Крыху раззлаваны, падумаў: «Што яна мне?» І ўсё-ткі праз хвіліну дабавіў, што так заведзена прыродай - кахацца, жадаць друг дружку. Марына была жвавай дзяўчынай, з цёмнымі вачыма, мяккімі каштанавымі валасамі і вяснушкамі на носе, і яе рухі, гутарка, беспрычынны смех былі без наўмыснай нацяжкі і ўжо чуць-чуць какетлівымі. Даніку яна, напэўна, падабалася.

Перад тым як стрэлкі сышліся на 12, адкупорылі шампанскае. Нязвыклая ўрачыстасць і Марына напачатку скоўвалі кампанію, але хутка ўсё паправілася. Расказалі пару анекдотаў, паслухалі музыку, пажартавалі, і ўжо для наступных тостаў выстраілася чарга кавалераў. Тут здарыўся казус. Бомж няўдала трымаў бутэльку ў руках, корак ад яе трапіў Змею ў вуха, і той упаў з табурэткі. Яны кінуліся бегчы адзін за адным, і невядома, чым гэта скончылася б, ні ўключы Марына «парнуху».

Забіякі адразу памірыліся, абняўшыся, пачалі каментаваць позы, што з'яўляліся на экране. Марына таксама п'яна выскалялася, калываючыся на ложку і агаляючы калені. Хлопцы спацелі і зачырванеліся, нібы іх толькі што акунулі ў кіпень. Бомж неўзабаве, фацэтна ляснуўшы падцяжкамі, вывеў сваю сяброўку на кухню; усе з зайздрасцю паглядзелі яму ўслед.

- І я хачу, - шапнуў Хамяк.

«І я...» - паўтарыў Данік. Кроў зайграла ў ім, як шампанскае; жадалася, каб усё ў гэты вечар было ўзапраўду лёгка даступным і іскрыстым.

Бомж пасля адлучкі зрабіўся героем. Яму болей падлівалі, хлопалі па плячу і аддана зазіралі ў вочы. Ён ганарліва скаліўся, важна аддуваўся, быццам толькі і чакаў гэткай пахвальбы...

Першым не вытрымаў Аляксей. Ён і так сядзеў наўздзіў ціха, трымаў рукі пад сталом і амаль не закусваў. Пакуль Бамжа забаўлялі, ён збег з Марынай за перагародку. Пачаў занадта рэзка, бо загрымеў нейкім посудам і прымусіў яе застагнаць. Бомж страпянуўся, выставіў вузкія грудзі і заявіў упарта і катэгарычна:

- Не рушце маю жонку!

- А мы што - чужыя? У-у, сямейка! - устрывожыўся Хамяк і садануў яму кулаком.

Аляксей пасля сябе паказаў на брата: ідзі. За Данікам шпарка і крадучыся, абы не спудзіць дабычу, прайшлі тыя, хто яшчэ змог, ды неўзабаве ўсё скончылася. Прымораныя, хлопцы налілі і пажавалі. «Парнуху» замянілі на баявік, аднак настрой як выветрыўся. У новы год уступалі цяжкавата...

Як ні ў чым не бывала, вярнулася да кампаніі Марына, утаропілася ў тэлевізар, і на яе ўжо не звярталі ўвагі. Зняважаны Бомж закаціў вочы ўгору, задраў разбітую губу і, хнычучы, выліў у рот самагонку. Яго не слухалі, і ён, скруціўшыся ў куце на сваім паліто, заснуў.

Данік болей не піў і цверазеў. За сталом зрабілася сумна. Хтосьці пстрыкнуў выключальнікам, і матавае святло агарнула ўсіх з экрана. На сценах з'явіліся цені. Ад прыкрай адзіноты Данік паглядзеў на Марынін, цішком заўсміхаўся і, як бывалец, ацаніў:

«Карова!»

 

6

 

У вёсцы памёр яшчэ адзін пенсіянер. Пражыў больш чым за восемдзесят гадоў, і смерць яго сталася прывычнай. Як прывычным быў пры гэтым паварот зімы на вясну, на лужы і гразь, якія ўтварыліся ад падталага снегу. За падвойнымі вокнамі ўжо прачнуліся мухі, лазілі па мокрай ваце і біліся аб шкло. Каля хаты агаліліся лапікі зямлі з пабурэлай травой. Вечарамі на дамбе рака сумятліва грымела крыгамі.

Данік браўся за кнігі і кідаў іх прэч: вучоба не лезла ў галаву. Хата, сцены душылі нейкай нябачнай сілай, і вочы засцілаў гарачы туман, быццам унутры ў хлопца ўсё проста закіпала. Гэта былі слёзы. Данік не мог растлумачыць, адкуль яны, але трэба было аслепнуць, каб не адчуваць, што прычынай усяму з'яўлялася вясна.

Жыццё працягвалася...

Нябожчыку Данік пайшоў капаць магілу. На траіх ім далі літар самагонкі. Фактычна ёю грэліся толькі Змей і Крот - так называлі галоўнага далакопа ў вёсцы. Данік з нядаўняга часу закончыў піць і апахмяляцца. Сказаў сабе: калі не кінуць дурную прывычку, усё паўторыцца, як у мінулым годзе. Яму не хацелася станавіцца ў загадзя вядомую чаргу. Было нецікава так жыць. Не цікавіла ўжо нават другая спроба паступлення ва ўніверсітэт. Што яна ўрэшце дасць? Студэнцтва? А раптам ён праваліцца паўторна? Значыць, упадзе яшчэ раз ніжэй сваёй сілы волі? На гэта Данік рашуча адказваў: пераходны перыяд для яго прайшоў беспаваротна, і намерваўся нешта вырашыць, каб не таптацца на месцы.

Могільнік быў невялікі, з параскіданымі ў беспарадку крыжамі, і, капаючы, хлопцы абавязкова натыкаліся на чужыя косці. Данік штохвіліны пруцянеў, аддыхваўся і глытаў вецер, які дуў на пагорку не сціхаючы.

Чарнявы, падобны на цыгана Крот шчэрыў з'едзеныя зубы і даводзіў адно і тое:

- Прывыкай, чарвяком будзеш!

«Чарвяком, канешне», - не крыўдаваў Данік. І Змей, і Крот зацята дзяўбалі гліністую зямлю рыдлёўкамі, мацюкаліся на яе, а ён сядзеў і думаў: што зямля? Хіба яна дае жыццё? Што ж тады за самім жыццём? Яма-магіла? Значыць, зямля ў сваю чаргу з'ядае таго, каго яна нараджае і корміць? Тут Данік не мог памыліцца. Безгалосая непрыкметная смерць была найлепшым доказам згаданага канібалізму...

Труну апусцілі спачатку на табурэткі. Пакуль чакалі ксяндза, правялі грамадзянскую паніхіду. Выступаў Барсік, і ў сваім ладным паліто з каракулевым каўняром, у шапцы са скураным верхам, паголены і суровы, ён паходзіў на адстаўніка. Яго постаць ніяк не ўпісвалася ў гурт знябожаных жанчын і абыякавых далакопаў. Данік прыслухаўся, што ён гаворыць, і здагадаўся, што дзесьці ўжо чуў падобнае. Безумоўна, з тэлевізара. Толькі так можна было пераканаць розных барсікаў, што жыць стала лепей, жыць стала весялей. Які тып! Вось чаму ён і вызверыўся на Даніка, калі той ляпнуў нешта неўпапад, не пачутае з экрана.

- Павысілася ў нас, таварышы, ураджайнасць, мяса і малака адпаведна... - Барсіку не далі завяршыць фразу, таму што бабы заплакалі, убачыўшы ксяндза. Прыйшла чарга аддаваць Богу богава.

- Прывет, - шэптам прагучала ля Даніка.

Ён машынальна азірнуўся: гэты голас належаў толькі аднаму чалавеку, і ім быў, канешне ж, Саня. Той самы, з якім яны жылі на падрыхтоўчых курсах у адным пакоі, з'елі пуд солі і, як водзіцца, здружыліся. Данік крадком засвяціўся: нават на могілках здараліся такія цуды!

- Салют, - адказаў ён. Разгублены ад неспадзеўкі, пацікавіўся: - Якім гальфстрымам?

Саня, крэкнуўшы, паказаў на дарогу.

- «Опелем».

- Купіў?

- На днях. Прыехаў да дзядзькі-ксяндза, - кіўнуў на мажнага святара, - а ён папрасіў падвезці да вас...

Саня заставаўся ўсё такім жа імклівым і непаседлівым, як у інтэрнаце, і калі размаўляў, то часта моргаў светлымі вейкамі і ўсяму здзіўляўся. Складвалася ўражанне, што яму многае знаёмае, проста ён запамятаваў. Данік, папраўдзе, крыху зайздросціў той лёгкасці, з якой сябар адносіўся да жыцця.

- Ну, а ты як кукуеш?

- Рыю... - Данік нехаця калупнуў рыдлёўкай зямлю.

- Э-э?

- Капаю магілы. І закапваю. Геаграфія тожа.

- Так можна закапацца і самаму, ці не?..

Данік прамаўчаў. Якраз закалацілі цвікамі труну, працягнулі пад яе вяроўкі, і Даніка зноў ахапіў смяртэльны сум. Божа, і гэта ўсё, што застаецца ад чалавека? Як жа быць, ведаючы такое завяршэнне? Калывацца, як Змей, на краю магілы і ні на што не звяртаць увагі? Па прыкладу Барсіка, травіць сваіх вучняў самагонкай і чакаць далейшых інструкцый з экрана? Хадзіць у царкву і адначасова займацца варагамі, злавацца і праклінаць суседа, што ў яго лепш урадзіла бульба, хоць кожнаму ясна, што рана ці позна зямля ўсіх зробіць роўнымі і нікому не патрэбнымі? Якое страшнае, няправільнае, жывёльнае існаванне! Людзі самі сабе не належаць, іх жыцці падуладныя выпадку, і заўтрашні дзень для іх - збег акалічнасцей, і паслязаўтрашні таксама. І калі набіраецца ў іх такі-сякі век, нейкія здарэнні і ўспаміны, то яны радуюцца і прызнаюцца, што лепш пражыць не маглі...

Данік запрацаваўся, закідаючы магілу, і калі Саня прыгнуўся сказаць пра свае планы, то ён мала што разабраў. Толькі як знікла зусім труна і яма, бы раззяўленая пашча зямлі, закрылася насыпам з крыжам, унутры палягчэла, а вусны самі прашапталі:

- Я згодны.

 

7

 

У хаце нікога не было: брат паехаў на працу, а маці, заклапочаная, пайшла глядзець соткі пад бульбу. Зранку яны развіталіся з Данікам і, мусіць, паразумеліся, бо ніхто ўжо не гаварыў лішніх слоў, толькі заведзенае: пішы. Ён паабяцаў. Наогул пасля намеру Сані адправіць яго да сваіх родзічаў у Польшчу Данік вёў сябе падкрэслена спакойна, нібы паездка была не ўпершыню, хаця ведаў, што прытвараўся і не меў душэўнай раўнавагі. Аднак сённяшняе развітанне расставіла ўсё па сваіх месцах. Ён ужо не баяўся гэтай вёскі, гэтай зямлі з яе канібалізмам. Мабыць, Данік нешта перабольшваў, зацыкліўся на прэтэнзіях, але проста не ўяўляў, як пра іх не думаць, і таму ад'язджаў.

«Уцякаю - бо малады. Не магу ж я паміраць маладым!..» - ужо сотню разоў паўтараў сабе Данік, нібы апраўдваючыся сам перад сабою.

Саня пасігналіў на вуліцы. Затым, ладкуючы ў багажнік сябраў рукзак, напомніў:

- У эўропах не забывай пра мяне.

«У эўропах?» - рэхам адгукнулася ў Даніка. Хваляванне няўзнак далося ў скроні. Аказваецца, усё на свеце далёкае не геаграфічна, як ён думаў раней, а з-за таго, што чалавек рана старэе душой, апускаецца і сам сябе зводзіць нудою. А жыць жа варта як найлепш, каб ніколі не гаварыць сабе: баста, дажыўся; каб смерць была толькі заслугай і не гнала ад страху на край зямлі.

Вясенні дзень стаяў над вёскай такі агромісты, як само неба. «Опель» таксама іскрыўся і пераліваўся, лёгкі і празрысты, быццам напоўнены светлым шампанскім. Ад блізкай дарогі і чакання чагосьці незвычайнага ў Даніка ажно закружылася галава. Не затрымоўваючыся далей ля хаты, ён сеў у машыну, зажмурыўся насустрач вечнаму сонцу і, расхваляваны, узмахнуў рукою:

- Услед яму!

 

1997


1997

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая