Сяргей Рассадзін

Землі амаль невядомыя. Будучая Беларусь паводле антычных манускрыптаў

УСТУП
ШЛЯХІ І ВЕДЫ
НЕЎРЫ, «ЗМЕІ» АБО СКІФЫ?
АНДРАФАГІ - НЕ «ЛЮДАЕДЫ»
ВАКОЛ «ГІЕРБАРЭІ РЫФЕІ»
СУЧАСНІКІ РЫМЛЯН. БАСТАРНЫ, ВЕНЕТЫ, ФЕНЫ, ГОТЫ
СПОРЫ, СПАЛЫ, СТАВАНЫ І СЛАВЯНЕ
ЗАКЛЮЧЭННЕ


УСТУП

 

Старажытны Тураў, старажытнае княства Полацкае, Старажытная Русь - гэтыя словазлучэнні мы ўсе ўжываем, часам, аўтаматычна. А па сутнасці атрымліваецца відавочная недарэчнасць: старажытнае Полацкае княства вяло войны супроць сярэднявечных крыжацкіх ордэнаў, Старажытная Русь заключала пагадненні з сярэднявечнай Візантыйскай імперыяй і г.д. І ў Эўропе, і ў Азіі старажытная эпоха ўжо скончылася, змяніўшыся сярэднявеччам, а ў нашых землях працягвалася? Безумоўна не, таму што даўно даказана - па ўзроўню грамадскага развіцця нашы продкі зусім не саступалі суседзям, бліжнім і дальнім, а ў некаторых галінах нават мелі перавагу. Канешне, зараз і Вітаўтавы часы здаюцца сівой мінуўшчынай, сапраўднай старажытнасцю. Але ж на самой справе Грунвальдская бітва 1410 года бліжэй да сучаснасці, чым 476 год, калі фармальна знікла Заходняя Рымская імперыя. Менавіта ў гэтым годзе, 22 (ці 23) жніўня, правадыр наёмных барбарскіх дружын Адаакр пазбавіў пасады свайго гаспадара - апошняга рымскага імператара Ромула Аўгустула. У сусветнай навуцы лічыцца, што гэтая падзея стварае фармальную мяжу паміж старажытнасцю і сярэднявеччам. Такім чынам, тое, што мы звыкла называем старажытным, належыць да наступнай гістарычнай эпохі. А ці можна весці гаворку пра старажытную, ці антычную, эпоху ў гісторыі сучаснай Беларусі? Канешне.

Дзякуючы адкрыццям археолагаў, вядома, што першыя людзі на нашых землях з'явіліся яшчэ ў эпоху палеаліту, неўзабаве пасля адступлення ледавіка. Але археалогія мае справу з рэчавымі помнікамі. Імёны ж іх стваральнікаў застаюцца схаванымі ў цемры стагоддзяў. Не толькі асобы, але і цэлыя плямёны, што жылі ў межах сучаснай Беларусі ў антычны час, з'яўляюцца для нас безыменнымі. Пакінутыя імі помнікі вядомы пад умоўнымі назвамі накшталт: «старажытнасці культуры штрыхаванай керамікі» ці «днепра-дзвінскай», ці «зарубінецкай» і да т. п. У дачыненні да часу стварэння гэтых старажытнасцей у нашай археалогіі ўжываецца таксама ўмоўнае азначэнне «ранні жалезны век», які прыкладна адпавядае эпосе антычнасці. Пакуль што нашым помнікам ранняга жалезнага веку шанцуе відавочна менш, чым раннесярэднявечным.

Раннесярэднявечныя курганы, асабліва тыя, што належаць да X-XIII стст., абгрунтавана суаднесены з летапіснымі ўсходнеславянскімі плямёнамі: крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі. Радзімічы, па словах летапісца, паходзілі ад прашчура-правадыра Радзіма: «...и пришедъша седоста Радимъ на Сожю, и прозвашася радимичи». У басейне Сажа сапраўды сканцэнтраваны курганы, якім уласцівы пэўныя асаблівасці, напрыклад наяўнасць ва ўборах пахаваных жанчын сяміпраменных скроневых кольцаў і інш. Маюць свае адметныя прыкметы курганы дрыгавічоў, севяран, вяцічаў, іншых груповак раннесярэднявечных усходніх славян.

«Бацькам» нашай гісторыі лічыцца летапісец Нестар; мяркуецца, што толькі ягоная «Аповесць мінулых гадоў», створаная ў XI ст., вызначае ў ёй мяжу беспісьмовай эпохі. Нестаравым даным аб рассяленні плямёнаў аддаецца перавага перад усімі іншымі, тым больш перад высновамі антычных аўтараў. Аднак звесткі рымскага гісторыка I ст. Тацыта аб рассяленні германскіх плямёнаў, безумоўна, не менш дакладныя, чым паведамленні кіеўскага летапісца XI ст. аб месцазнаходжанні плямёнаў славянскіх. А Тацыт, у прыватнасці, гаворыць не толькі аб старажытнай Германіі, але і аб народах па-за яе межамі. У тым ліку і аб тых, якія, напэўна, насялялі ў ягоны час нашу Беларусь. Толькі лічыліся яны тады жыхарамі бадай самага аддаленага краю «айкумены». У перакладзе з старажытнагрэчаскай гэта заселеная, абжытая чалавекам частка сушы. У тыя часы меркавалася, што яе абмяжоўваюць бязлюдныя з-за нясцерпнага холаду (ці гарачыні) пустэчы. Што землі сённяшняй Беларусі падобнай пустэчай не былі, у антычным свеце ведалі, мусіць, ужо пачынаючы з VI ст. да н.э. Не менш як тысячу гадоў жыхары прычарнаморскіх гарадоў і краін атрымлівалі звесткі аб насельніках тэрыторыі сучаснай Беларусі. Яны сустракаліся з імі для гандлю, а здаралася, і на полі бітвы. Дапытлівыя антычныя гісторыкі і географы добрасумленна фіксавалі атрыманыя адтуль звесткі. На вялікі жаль, не ўсе іх працы дайшлі да нашых часоў. Але тое, што захавалася, складае адну з першых старонак гісторыі нашай Бацькаўшчыны, якую мы ўсе павінны ведаць.

Гэтая кніга - ці не першая больш-менш маштабная спроба асвятлення мінулага беларускай зямлі паводле антычных пісьмовых крыніц. Магчыма, аўтар не здолеў пазбегнуць хібаў, але, як гаварылі старажытныя рымляне, «хто зможа, няхай зробіць лепш». Спадзяёмся, што і ў такім выглядзе кніга выкліча пэўную цікавасць у чытачоў.

 

ШЛЯХІ І ВЕДЫ

 

Далёка ад нашай Беларусі Чорнае мора, якое атрымала сваю назву ад туркаў. А ў старажытных грэкаў яно мела іншае, мусіць, больш прывабнае імя: Понт Эўксінскі, «гасціннае мора». Ягоныя берагі сапраўды гасцінна прынялі мноства перасяленцаў са Старажытнай Элады, якімі ў VII-VI стст. да н.э. былі заснаваны шматлікія прыморскія гарады: Феадосія, Піцунда, Сіноп і Трапезунд. Але толькі адзін чарнаморскі горад грэкі называлі «шчаслівым» - Ольвію. Для заснавання гэтага горада эліны на самой справе абралі ўдалае месца - каля ўпадзення ў мора Дняпра, ці Барысфена, як называлі яго ў старажытнасці. Па рацэ ішоў надта зручны шлях, і барысфеніты, гэта значыць жыхары Прыдняпроўя, з'язджаліся ў Ольвію гандляваць. Ад гандлю з мясцовым насельніцтвам Ольвія і багацела: нездарма яе называлі яшчэ і «кірмашом барысфенітаў». Можна ўявіць, як на кірмашы жывёлавод прапаноўваў цудоўных стэпавых коней, земляроб-араты - залатое пшанічнае зерне, лесавік-паляўнічы - бабровае футра... Як грэк-гандляр спрабаваў падмануць прастадушных барбараў і ўручыць ім замест патрэбнага тавару танныя шкляныя пацеркі ці келіх-другі віна.

Інтарэсы гандлю вымушалі грэкаў збіраць звесткі аб барбарах. Як далёка жыве пэўнае племя, якім шляхам да яго дабірацца, што везці на продаж, як пазбегнуць небяспекі ў дарозе - усё гэта старажытным альвійскім «бізнесменам», безумоўна, было добра вядома. Яны трымалі ў сваіх руках вываз тавараў з Элады на поўнач. Вельмі зручнай была дарога па Дняпры і ўвогуле па рэках, якія аж да ўзнікнення чыгунак з'яўляліся ці не асноўнымі шляхамі зносін. У межах сучаснай Беларусі набліжаюцца адны да адных вярхоўі рэк, плынь якіх урэшце прыводзіць у мора. Напрыклад, калі ад Балтыкі падымацца ўверх па Дзвіне, а потым звярнуць у Улу, далей у Лукомку, можна было дасягнуць возера Сялява. Тут мяркуюць існаванне волака даўжынёй усяго ў некалькі кіламетраў, па якім ладдзі перацягваліся да Бабра. Верагодна, у наваколлі нашага Лукомля знаходзіўся адзін з важных вузлоў гэтага шляху з Балтыйскага мора ў Чорнае, ці, як яго называлі ў сярэднявеччы, шляху «з варагаў у грэкі».

Аб тым, што варагі, як у тагачасных славян зваліся скандынаўскія вікінгі, тут нярэдка з'яўляліся, сведчаць, дарэчы, матэрыялы раскопак двух курганоў каля былога сярэднявечнага горада Лукомля. Абодва пахаваныя ў іх нябожчыкі «ўзялі» на той свет характэрныя для вікінгаў рэчы - жалезны молат і шлем скандынаўскага тыпу... Верагодныя пахаванні скандынаваў даследаваў у канцы XIX ст. вядомы беларускі археолаг, этнограф і фалькларыст Еўдакім Раманаў. Ён меркаваў, што шлях па Дзвіне выкарыстоўваўся і раней сярэднявечча, у антычную эпоху. «Калі прызнаць старажытную раку Эрыдан цяперашняй Заходняй Дзвіною, - пісаў Е.Раманаў, - то яна была вядома ўжо падчас складання «Іліяды»... У IV ст. да Нараджэння Хрыста ўжо дастаткова дакладна было вызначана яе месцазнаходжанне. Вядома было ў старажытнасці і аб існаванні шляху з Чорнага (і Каспійскага) мора ў акіян. Так, яшчэ ў III ст. да Н.Х. грэкі былі ўпэўнены, што арганаўты, калі ім быў загароджаны выхад з Чорнага мора, прыплылі дамоў кружным шляхам (Дон, волак, ракой, відавочна, Заходняй Дзвіною, у мора - мусіць, у Балтыйскае, потым у акіян і ў Міжземнае мора)».

Канешне, меркаванне, што аб Балтыйскім моры, не кажучы ўжо пра Дзвіну, было вядома ў Грэцыі часоў Гамера, здаецца ўвогуле занадта смелым. Наконт самога існавання Балтыкі сумняваліся не толькі ў трэцім, але і ў першым стагоддзі да новай эры. Напрыклад, «бацька геаграфіі», старажытнарымскі вучоны Страбон (64/63 г. да н.э. - 23/24 г. н.э.), называе рэальнага, а не міфічнага, як арганаўты, мараплаўца Піфея Массалійскага «бессаромным ілгуном». Ён не верыць, што ў IV ст. да н.э. карабель Піфея абышоў вакол Заходняй Эўропы і дасягнуў, напэўна, берагоў Скандынавіі, апынуўшыся такім чынам у той частцы зямлі, якая грэчаскімі вучонымі і праз некалькі вякоў лічылася ненаселенай і недасягальнай з-за холаду. Дарэчы, па словах Страбона, сцвярджэнням накшталт Піфеевых не варта даваць веры, нават калі б яны належалі самому Гермесу, грэчаскаму богу шляхоў і дарог. У часы Гамера, зразумела, межы айкумены ва ўяўленні грэкаў былі яшчэ больш вузкімі. Напэўна, землі цяперашняй Беларусі ўвогуле апынуліся недзе па-за імі. Тады грэкі толькі-толькі пачалі знаёміцца з Чорным морам. Першыя іх наведванні якраз і адлюстраваліся ў міфе пра арганаўтаў, які расказвае аб барацьбе героя Ясона з драконам і чарадзеевым войскам, аб каханні да яго царэўны Медэі, выкраданні залатога руна - падзеях, што нібы адбываліся ў Калхідзе, гэта значыць нават не на паўночным, а на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы яшчэ мала вядомага мора. «Там, - гаворыцца ў бессмяротнай Гамеравай «Адысеі» аб Паўночным Прычарнамор'і, - народ і горад людзей кімерыйскіх, адзетыя цемрай і хмарамі; і ніколі ззяючае сонца не заглядвае да іх сваімі промнямі - ні тады, калі ўзыходзіць на зорнае неба, ні тады, калі з неба схіляецца назад да зямлі, але непраглядная ноч пануе (там) над вартымі жалю смяротнымі». Не пазнаць у Гамера Прычарнамор'я. Няўжо сапраўды старажытным жыхарам берагоў Міжземнага мора яно здавалася чымсьці накшталт прыпалярнай тундры з яе кароткім летам, змрокам доўгай ночы і марозам? Але ж лічылі эўрапейскія бюргеры часоў Тургенева, што па вуліцах сталіцы неабсяжнай Расеі шпацыруюць белыя мядзведзі! Гамер, увогуле, быў паэтам, тады як, прынамсі, Страбон - навукоўцам. Аднак і ён пра курортны зараз паўднёвы бераг Крыма паведамляе прыкладна тое, што Гамер пра краіну «людзей кімерыйскіх». У сваім апісанні клімату Баспорскага царства, чыёй сталіцай быў Пантыкапей, горад на месцы сённяшняй Керчы, Страбон прыводзіць надпіс на меднай пасудзіне для вады - гідрыі, якая ўзімку лопнула ад марозу, і з-за гэтага, як нейкае дзіва, захоўвалася ў пантыкапейскім храме бога медыцыны Асклепія:

 

Калі хто не паверыць, што здарылася ў нашай краіне,

Няхай ён даведаецца тады, гідрыю гэту ўбачыўшы:

Богу не ў дар дарагі, а як адзнаку суровага холаду

Нашай зямлі, жрэц Страцій яе ахвяруе.

 

Здзівіла Страбона і тое, што зімою баспорцы пераязджаюць праз марскі праліў на вазах, як па сушы, а рыбу здабываюць з-пад лёду восцямі. «Бацька гісторыі» грэк Герадот таксама адзначыў, што ў краіне прычарнаморскіх скіфаў здараецца зусім незвычайная для элінаў з'ява - замярзае мора. «Уся гэтая краіна, - гаварыў ён аб Скіфіі, - адрозніваецца надзвычай суровымі зімамі; тут на працягу васьмі месяцаў мароз такі нясцерпны, што калі ў той час разліць ваду, гразі не зробіш...» На поўнач ад Скіфіі, ва ўяўленні Герадота, лета ўвогуле ніколі не бывае. «У вобласці, што находзіцца вышэй гэтай краіны, заўсёды ідзе снег», - гаворыць ён. Мяжа ненаселенай з-за холаду зямлі меркавалася зусім недалёка ад Чорнага мора. Але яшчэ да Герадота грэкі добра пазнаёміліся і з самімі скіфамі, і нават тое-сёе даведаліся пра іх паўночных суседзяў. Найбольш значным яго папярэднікам быў, безумоўна, Гекацей з Мілета, адзін з заснавальнікаў старажытнагрэчаскай навукі. У прыватнасці, па сцвярджэнню Страбона, Гекацей Мілецкі стварыў першую працу па геаграфіі - «Землеапісанне». На жаль, ад гэтага і іншых яго твораў захаваліся толькі цытаты ў пазнейшых аўтараў. Але вядома, што Гекацей за Скіфіяй, напрыклад, апісаў меланхленаў, «названых так з-за іх адзежы»*. Не захавалася таксама і праца «Аб Скіфіі», напісаная Герадотавым сучаснікам Геланікам. Самая важная крыніца, дзе гаворыцца аб жыхарах зямель Беларусі часоў антычнасці, - чацвёртая кніга Герадотавай «Гісторыі». Напэўна, ніхто з аўтараў ні да, ні пасля Герадота не паведамляе нам аб нашых старажытных продках столькі, колькі сказана ім. Якія шляхі прывялі яго ў далёкія землі паўночных барбараў? Шляхі вайны. Растлумачым гэта, спыніўшыся крыху на Герадотавай біяграфіі. Аб яго жыцці ўвогуле вядома надзвычай мала. Лічыцца, што Герадот нарадзіўся напярэдадні нашэсцяў персаў на Эладу ў 490-480 гг. да н.э. і памёр у пачатку Пелапанескай вайны 431-404 гг. да н.э. Яго называюць Герадотам Галікарнаскім, па Галікарнасу, гораду на малаазійскім узбярэжжы Эгейскага мора, недалёка ад вострава Родас. У Галікарнасе, дарэчы, гадоў праз сто пасля Герадота быў пабудаваны маўзалей-грабніца карыйскага цара Маўсола, які лічыўся адным з сямі цудаў свету. Герадота называлі таксама Фурыйскім, па імені Фурый - грэчаскага горада ў Паўднёвай Італіі, адным з заснавальнікаў якога ён быў і дзе, мусіць, памёр. Але ніякі іншы са шматлікіх гарадоў, дзе Герадот той ці іншы час жыў, не адыграў у яго лёсе такую ролю, як Афіны. Герадот трапіў у Афіны падчас іх найвышэйшага росквіту, так званага залатога веку. Тады Афінскую дзяржаву, першую ў Эладзе, узначальваў Перыкл, і Герадот належаў да гуртка яго аднадумцаў, разам з філосафам Анаксагорам, скульптарам Фідзіем, драматургам Сафоклам. У Афінах для народнага сходу грамадзян Герадот чытаў сваю «Гісторыю» і, верагодна, атрымаў за яе высокую ўзнагароду. Справа ў тым, што афіняне адыгралі ці не галоўную ў Эладзе ролю ў барацьбе супраць нашэсця безлічных войскаў персідскага цара Ксеркса. Грандыёзная перамога саюза вольных гарадоў-дзяржаў над велічэзнай усходняй імперыяй абудзіла інтарэс да іншых войнаў элінаў супраць барбараў, увогуле да ўсіх войнаў супраць персаў.

* «Меланхлены», па-грэчаску, - «апранутыя ў чорнае».

Гэтая тэма і зрабілася галоўнай у даследаваннях «бацькі гісторыі». Герадот збіраў адпаведныя звесткі ва ўсіх дасягальных крыніцах. Вучоны гутарыў з удзельнікамі барацьбы супраць персаў і наведваў месцы былых бітваў. Так, у Егіпце ён наведаў поле каля Памперыса, дзе з персамі змагалася войска Інара Лівійца, які імкнуўся аднавіць незалежнасць старажытнай дзяржавы фараонаў. Акрамя Егіпта Герадотавы шляхі пралягалі праз іншыя правінцыі Персідскай манархіі - Сірыю, Фінікію, Вавілонію. Зразумела, «бацька гісторыі» наведаў шмат грэчаскіх гарадоў не толькі ў Эладзе, а і па-за межамі яе. Ёсць падставы для меркавання, што Герадот, у прыватнасці, знаходзіўся ў Ольвіі і гутарыў там не толькі з элінамі, але і са скіфамі. Скіфія і сумежныя з ёй землі і плямёны не маглі не цікавіць Герадота. Тут у 512 г. да н.э. скончыўся крахам заваявальны паход Дарыя, таго персідскага цара, што пасля спрабаваў яшчэ скарыць Эладу і справу якога няўдала працягваў ягоны сын і спадкаемец Ксеркс. Ад скіфаў персідскі цар таксама патрабаваў «зямлі і вады», гэта значыць пакорнасці яму як валадару. Але скіфы, паводле Герадота, паднеслі Дарыю не зямлю і ваду, а птушку, мыш, жабу і пяць стрэл. Персідскі цар ужо вырашыў, што скіфы сапраўды аддаюць яму і саміх сябе, і зямлю з вадою, паколькі мыш жыве ў падземнай нары, жаба - у вадзе, а стрэлы, меркаваў Дарый, сімвалізуюць пераход да яго на службу скіфскіх воінаў. Але апошнія далі ўласнае тлумачэнне гэтых падарункаў: калі персы не адляцяць, як птушкі, не паскачуць, як жабы, не схаваюцца, як мышы, то ўсе загінуць ад стрэл скіфаў.

Як бачым, Герадотаў расказ аб скіфа-персідскай вайне месцамі моцна нагадвае казку. Некаторыя даследчыкі нават зусім не даюць веры Герадотаву апісанню падзей гэтай вайны. Ёсць істотныя падставы меркаваць, што ў Герадотавым апісанні з'яднаны падзеі двух розных сутыкненняў скіфаў з персамі. Адна вайна паміж імі магла адбывацца на ўсходзе, недзе паміж Донам і Каўказам, калі персы спрабавалі пакараць скіфаў за напады на свае закаўказскія ўладанні. Падзеі другой хутчэй за ўсё разгортваліся ў іншы час і ў іншых мясцінах, у заходняй частцы Скіфіі паблізу ад Дуная. Дарэчы, малаверагодна, што рэальнасць была наўмысна скажоная самім Герадотам. Мусіць, калі ён наведаў Скіфію і распытваў мясцовых жыхароў аб барацьбе супраць персаў, памяць пра рэальныя падзеі ўжо моцна абрасла легендамі. Перабольшваліся як подзвігі скіфаў, так і няўдачы паходу персаў, у прыватнасці, працягласць іх адступлення. Герадоту расказвалі, напрыклад, што хітрыя скіфы рукамі персаў пакаралі тыя плямёны, якія адмовіліся дапамагаць ім у вайне з Дарыем. Атрымлівалася, што скіфская конніца, а ўслед за ёй усё незлічонае персідскае войска, якое яе даганяла, хадзілі не толькі па стэпах паблізу ад Чорнага мора, але і па лясных пушчах, што шумелі ў тыя часы паміж сучаснымі Бранскам, Смаленскам, Менскам. Удзел у скіфа-персідскай вайне лясных плямёнаў, якіх сам Герадот змяшчае далёка на поўнач ад Скіфіі, лічыцца цалкам нерэальным. Уяўляецца таксама фантастычнай і рада скіфаў з нейкімі «царамі» андрафагаў, неўраў, будзінаў і іншых плямёнаў на пачатку персідскага нашэсця. Але так ці інакш, збіраючы звесткі аб падзеях вайны з Дарыем, Герадот сабраў шмат даных таксама і аб плямёнах, чый удзел у гэтай вайне сумніцельны.

Ішоў час, але інтарэс да паўночных барбараў у цывілізаваным Міжземнамор'і не знікаў. Ды і як ён мог знікнуць, калі хадзілі ўпартыя чуткі аб казачных багаццях тых краёў... У прыватнасці, у Герадотавы часы лічылася, што паўночныя раёны Эўропы надзвычай багатыя на золата. У I ст. н.э. рымскія эскадры прайшлі па слядах Піфея Масалійскага і пацвердзілі існаванне апрача Міжземнага, другога, гэта значыць Балтыйскага, мора на поўначы Эўропы. Межы айкумены, такім чынам, значна пашырыліся. Ужо стала вядома, што каля гэтага другога мора цягнуцца не халодныя незаселеныя пустэчы, а жывуць людзі, ад якіх на берагі Адрыятычнага мора трапляла дзіўнае рэчыва, якое барбары называлі «глесіўсам», эліны - «электронам», а мы зараз - бурштынам. На пачатку новай эры рымляне даведаліся аб плямёнах гелузіяў і аксіёнаў. Лічылася, што ў гэтых барбараў галовы і твары нібы чалавечыя, а тулавы і канечнасці як у звяроў. Увогуле, у існаванне падобных істот працягвалі верыць і ў сярэднявеччы, і ў эпоху Рэнесанса, толькі змяшчалі іх ужо не ў Эўропе, а недзе ў Паўночнай Азіі. Напрыклад, заходнія падарожнікі XVI-XVII стст. паведамлялі, што недзе ў Сібіры, ва ўладаннях гасудара Масковіі, жывуць людзі пачварнага выгляду - цалкам пакрытыя поўсцю, з сабачымі галовамі і г.д. Цікава, што ва ўяўленні старажытных аўтараў, паўночныя землі насялялі таксама плямёны дасканалых і блажэнных гіпербарэяў. Аб гіпербарэях паведамляў, напрыклад, Герадотаў сучаснік Геланік. Захаваліся спасылкі, што ў сваіх «Гісторыях» ён расказваў, як гэтыя гіпербарэі практыкуюцца ў справядлівасці, не ўжываючы мяса, а харчуючыся пладамі дрэваў. На шчаслівых гіпербарэяў, якія не праліваюць крыві, не ведаюць золата і ўсіх заган, што яно выклікае, вельмі любілі спасылацца ў вядомым разбэшчанасцю нораваў познеімператарскім Рыме...

Але рымскіх палітыкаў і палкаводцаў у першую чаргу цікавілі рэчы больш практычныя. Яны ўжо ведалі, што аднекуль з берагоў Барысфена, ці інакш Данапра, да межаў Рымскай імперыі па Дунаю прыходзяць зусім не «справядлівыя» і «блажэнныя», а ваяўнічыя і дзікія барбарскія плямёны. Прычарнаморскія грэчаскія гарады былі для іх яшчэ бліжэй, і не аднойчы перажывалі падобную пагрозу. Напрыклад, адзін з захаваўшыхся афіцыйных дзяржаўных дакументаў Ольвіі, так званы дэкрэт у гонар Пратагена, паведамляе, як недзе на мяжы III-II стст. да н.э. усе навакольныя жыхары шукалі ўмацаваных месцаў, баючыся нашэсця ваяўнічых галатаў і скіраў. Каб своечасова падрыхтавацца да нападу барбараў, хай сабе пакуль што далёкіх, грэкі і рымляне павінны былі іх ведаць. Можна меркаваць, што шматлікія Герадотавы спадкаемцы складалі свае «Гісторыі», «Геаграфіі», «Хараграфіі» (землеапісанні), «Перысгесы» (апісанні шляхоў па сушы), «Ітыперарыі» (дарожнікі) не толькі для дапытлівых антычных навукоўцаў ці рызыкоўных гандляроў, але і для вайскоўцаў з палітыкамі. У гэтых творах на месцы Герадотавых скіфаў, андрафагаў, неўраў паступова пачынаюць згадвацца іншыя плямёны - бастарны, потым венеты з фенамі, потым готы і, нарэшце, славяне. Усе пералічаныя народы мелі дачыненне да зямель сучаснай Беларусі. Археалагічныя знаходкі, дарэчы, сведчаць на карысць гэтай версіі. Так, тэрыторыю помнікаў мілаградскай археалагічнай культуры займаюць з цягам часу помнікі зарубінецкай, якія саступаюць у сваю чаргу месца кіеўскім, замешчаным потым пражскімі...

Няма сумненняў, што старажытныя жыхары сучаснай Беларусі былі вядомыя антычным аўтарам. Трэба вызначыць, якія дакладна помнікі пакінуты ў нас, напрыклад, Герадотавымі андрафагамі... Гістарычныя і археалагічныя даныя нярэдка цудоўна дапаўняюць адзін аднаго і істотна ўзбагачаюць нашы веды аб мінулым. На жаль, для высвятлення сівой мінуўшчыны Беларусі звесткі пісьмовых крыніц выкарыстоўваліся толькі эпізадычна, а часам і недарэчна. Напрыклад, у самым канцы XIX ст. была выдадзена праца Юліяна Кулакоўскага «Мапа Эўрапейскай Сарматыі па Пталемею». Аўтар, безумоўна, здзейсніў вельмі патрэбную справу: у адпаведнасці з каардынатамі старажытнага географа, ён рэканструяваў мапу зямель паміж Балтыкай і Чорным морам, як яна ўяўлялася ў II ст. н.э. Але далей Кулакоўскі паспрабаваў, следам за польскім вучоным Садоўскім, абгрунтаваць тоеснасць некаторых Пталемеевых гарадоў нашым паўднёвабеларускім, а таксама суседнім украінскім. Атрымалася, што Азагарый у Пталемея адпавядае пазнейшаму Гомелю ці Рэчыцы, Амадока ці Сарон - Лоеву, Сабракон - Мазыру, Ніасон - Чарнобылю. Ю.Кулакоўскі спаслаўся на тое, што ў наваколлі апошняга быў знойдзены скарб рымскіх манет. Але такога доказу відавочна недастаткова, таму што археалогія сведчыць аб адсутнасці ў гэтых гарадоў прамых папярэднікаў, старэйшых за X ст. н.э. Лоеў увогуле ўзнік не раней канца XV ст. Канешне, папярэднікам Мазыра, упершыню згаданага ў летапісе пад 1155 г., можна лічыць гарадзішча Кімбраўку ў яго гістарычным цэнтры. Тут Г.Залашкам і В.Булкіным пад час раскопак былі выяўлены і больш раннія матэрыялы, IX і нават VIII стагоддзяў. Але з'яўлялася гэтае гарадзішча горадам ці было яшчэ проста ўмацаваным славянскім паселішчам? Пры раскопках гарадзішча летапіснага Гомеля М.Ткачовым і А.Макушнікавым былі атрыманы матэрыялы зарубінецкай і мілаградскай культур. Гэтыя знаходкі, мусіць, трэба аднесці да пачатку новай эры ці нават да апошніх вякоў папярэдняга тысячагоддзя. Яны сведчаць толькі аб тым, што Гомель, ці Гомій, як у летапісе, узнік на абжытым ужо месцы, дзе некалі існавала, а потым было закінута старажытнае паселішча. Між тым гарады II ст. н.э. на Барысфене - не выдумка Пталемея. Зусім не на Гомельшчыне, а ў Прычарнамор'і, недалёка ад Ольвіі, былі адкрыты велічэзныя помнікі, памеры якіх, дарэчы, у шмат разоў перавышаюць плошчу раннесярэднявечнага Гомеля ці Мазыра. Калі апошні меў гарадзішча памерам не больш 1,5 га, то Знаменскае і Гаўрылаўскае на ніжнім Дняпры - 32,5 і 24,5 га адпаведна. Гэтыя, а таксама Каменскае, Залатабалкінскае і іншыя ніжнедняпроўскія гарадзішчы з'яўляліся, безумоўна, сапраўднымі гарадамі. Пры раскопках там адкрыты каменныя абарончыя сцены і вежы, унутраныя цытадэлі - акропалі, нават храмы з каланадамі. Істотна, што існавалі гэтыя скіфскія гарады ў апошнія стагоддзі да н.э. і ў пачатку наступнага тысячагоддзя, гэта значыць і ў Пталемееў час. З Пталемеевымі гарадамі, у адпаведнасці з яго данымі аб адлегласцях між імі, гэтыя познескіфскія цэнтры пераканаўча атаясамліваліся Ф.Браўнам. Яго даследаванне, апублікаванае, дарэчы, у адзін год з працай Кулакоўскага, і цяпер лічыцца ў дачыненні да закранутай праблемы найбольш аргументаваным. Так што мы маем зараз і ўдалыя, і няўдалыя прыклады, і трэба толькі выкарыстаць сабраны вопыт, каб паспрабаваць прачытаць невядомыя старонкі з гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

 

НЕЎРЫ, «ЗМЕІ» АБО СКІФЫ?

 

«Я абавязаны перадаць тое, што гавораць, але не абавязаны ўсяму верыць», - вызначаў сваю пазіцыю «бацька гісторыі» Герадот. І ён паслядоўна прытрымліваўся гэтага, у тым ліку і тады, калі збіраў і ацэньваў інфармацыю аб таямнічых, загадкавых землях на поўначы Скіфіі і за ёю, аж да ненаселеных з-за холаду мясцін. Дзівос каля краю айкумены сапраўды хапала. Што толькі ні расказваў яшчэ на два з паловай стагоддзі раней за Герадота ці то паэт, ці то чараўнік Арысцей. Яго ведала ўся Элада. Сын аднаго з найзнатнейшых грамадзян Праканэса, грэчаскага горада ў Малой Азіі, Арысцей зведаў самыя запаведныя таямніцы культу бога сонца і быў, па словах Герадота, «апантаны Фебам». Гэты Арысцей нібы ніколі і не паміраў: перадавалі, што ён неяк зайшоў да аднаго чалавека ў горадзе Кізіку, што побач з Праканэсам, і раптам упаў нежывы. Але калі сваякі прыехалі па нябожчыка, то нікога не знайшлі. Гаварылі, што ўжо пасля смерці Арысцей наведаў многія элінскія гарады. Яго нібыта бачылі і нават размаўлялі з ім на адным востраве ў Мармуровым моры, потым у горадзе Метапонце на поўдні Італіі... Па словах філосафа II ст. н.э. Максіма Цірскага, яго цела ляжала жывое, але амаль без прыкмет жыцця, а тым часам душа вандравала па свеце. А потым Арысцей расказваў, як яго душа наведвала краіны: і элінскія, і барбарскія. Вярнуўшыся, душа нібыта ажывіла Арысцеева цела і натхніла напісаць яго аб сваіх прыгодах славутую паэму «Арымаспейя». Герадот, напэўна, чытаў гэтую паэму і з яе даведаўся, што недзе на поўначы ці на ўсходзе жыве племя аднавокіх арымаспаў, за імі - грыфы, якія пільнуюць свяшчэннае золата цара багоў Зеўса, а потым і шчаслівыя, як бессмяротныя багі Алімпа, гіпербарэі. Папярэднік Герадота Гекацей сцвярджаў, што гэтыя гіпербарэі існавалі да ягонага часу. Гекацей, па некаторых звестках, нават напісаў спецыяльную працу пад назвай «Аб гіпербарэях». Герадот у гэтых гіпербарэяў не верыў, мусіць, таму, што аддаваў перавагу іншым звесткам аб паўночных краінах. «Бацька гісторыі» шкадаваў, што не мае магчымасці праверыць самыя розныя чуткі. Але ён добрасумленна запісваў расказы і элінскіх гандляроў-падарожнікаў, і барбараў, як скіфаў, так і іх суседзяў. Напрыклад, звесткі аб казланогіх і сонных да Герадота дайшлі ад племені аргіпеяў. Апрача Арысцея аб арымаспах і іх ворагах грыфах, па словах Герадота, паведамлялі таксама іседоны. «Пераняўшы ад іседонаў, гэта расказваюць скіфы, а ў скіфаў запазычылі і мы», - называе Герадот крыніцы трапіўшых у яго «Гісторыю» звестак. Можна ўявіць, як уніклівы вучоны патрабаваў ад сваіх інфарматараў, элінаў і барбараў, пацвердзіць свае словы прысягай...

Так здарылася, напэўна, і ў выпадку з неўрамі. «Атрымалася так, - пераказвае «бацька гісторыі» пачутае, - што за адно пакаленне перад Дарыевым паходам яны зусім пакінулі сваю краіну з-за змей. Справа ў тым, што шмат змей з'явілася ў іх краіне, а яшчэ больш накіравалася да іх зверху з пустэчаў, пакуль нарэшце неўры, выціснутыя імі, не пасяліліся разам з будзінамі, пакінуўшы сваю зямлю. Гэтыя людзі, напэўна, чараўнікі. І скіфы, і эліны, што жывуць у Скіфіі, паведамляюць, як раз у год кожны неўр робіцца ваўком на некалькі дзён, а потым зноў вяртаецца ў былы стан. Расказваючы гэта, яны мяне не пераконваюць, але, тым не менш, расказваюць і, расказваючы, прысягаюць». Нягледзячы на скепсіс «бацькі гісторыі», сярод яго пазнейшых калег, гісторыкаў XIX-XX стст., усталявалася меркаванне, што ў гэтых «байках» пра неўраў адлюстраваны сапраўдныя падзеі, прычым ці не першыя з жыцця продкаў усходнеславянскіх народаў, якія трапілі на старонкі пісьмовых крыніц. «Мы не маем права не давяраць гэтаму паданню, - пісаў у канцы XIX ст. гісторык і мовазнавец Ф.Браўн. - Яно ж дадзена нам у такой пэўнай, хаця і легендарнай, форме. Калі ачысціць яго ад фантастычных прыкрас, то мы атрымаем буйны гістарычны факт, які пацвярджаюць ускосныя меркаванні». Гэтае «ачышчэнне» аказалася надзвычай складанай задачай. Змест легенд, пераказаных Герадотам, даваў багата магчымасцей для самых розных тлумачэнняў. Напрыклад, Герадотавы звесткі аб ператварэнні неўраў у ваўкоў проста немагчыма не звязаць з беларускімі паданнямі аб ваўках-пярэваратнях, ваўкалаках. Так, у канцы XI-XII ст., напэўна, па ўсёй Русі людзі ведалі, што вялікі князь Полацкі Ўсяслаў Брачыславіч быццам бы ваўкалак. Вось што палічыў патрэбным сказаць пра яго невядомы аўтар бессмяротнага «Слова пра паход Ігаравы»: «...Усяслаў-князь людзям суды судзіў, гарадамі князёў надзяляў, а сам поначы ваўком гуляў. З Кіева да пеўняў дасягаў Тмутаракані, вялікаму Хорсу ваўком шлях перабягаў»*. Беларускі навуковец Павел Шпілеўскі, які яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. зрабіў спецыяльнае «Даследаванне аб ваўкалаках», нават убачыў падставы меркаваць, што ўвогуле ўяўленне аб пярэваратнях «атрымала зыходны свой пачатак у Беларусі і ўжо потым прышчапілася ў іншых славянскіх плямёнаў».

* Тмутаракань - раннесярэднявечны славянскі горад на Таманскім паўвостраве; Хорс - паганскае боства сонца ў славян.

Гэта меркаванне, уласна, належала славутаму чэшскаму славісту Паўлу Шафарыку. Шафарык увогуле атаясамліваў неўраў антычнай эпохі і сярэднявечных нуран, жыхароў летапіснай Нурскай зямлі, што змяшчалася ў басейне ракі Нараў. У ягоных «Славянскіх старажытнасцях» сказана літаральна наступнае: «Народнае паданне, захаванае Герадотам, аб ператварэнні нуран у ваўкоў і цяпер яшчэ з'яўляецца самай звычайнай тэмай размоў у зямлі Нурскай і суседніх краінах, асабліва на Валыні і ў Беларусі. Просты народ па-ранейшаму верыць гэтаму паўсюды, як і ў тыя аддаленыя часы». Цікава, што сляды Герадотавых неўраў асобныя вучоныя нават цяпер шукаюць у фальклорных крыніцах. У прыватнасці, акадэмік Рыбакоў зрабіў спасылку на тое, што менавіта на Валыні шырока распаўсюджаны казкі аб пярэваратні Іване Сучычу. Але яшчэ на пачатку XX ст. расейскі гісторык А.Пагодзін выступіў супраць вельмі папулярнай тады ідэі П.Шафарыка аб прамой пераемнасці паміж пярэваратнямі-неўрамі і ваўкалакамі ў Беларусі. Пагодзін падкрэсліваў, што легенды аб ператварэннях у ваўкоў добра вядомы былі яшчэ старажытным грэкам, а таксама германскім народам. Сапраўды, эліны ўшаноўвалі Зеўса Лікейскага («лікас» - воўк па-старажытнагрэчаску). Мянушку «лікейскі» меў у іх таксама і Апалон. У Грэцыі адзначалі лікейі - свята ваўчыных пярэваратняў. Увогуле, ператварацца ў ваўка, згодна з вераваннямі грэкаў, мог сам Зеўс. Гэтай жа здольнасцю валодаў і вярхоўны бог старажытных германцаў Ватан, ці Одзін, як яго называлі ў Скандынавіі. Сярэднявечныя скандынаўскія паданні, напрыклад «Сага аб Волсунгах», расказваюць аб пярэваратнях, якія на нейкі час улазілі ў шкуры ваўкоў. Лютыя ульфхэдхіны (літаральна: «ваўчыная шкура») на самой справе знаходзіліся ў складзе дружын скандынаўскіх вікінгаў. Яны наводзілі жах не толькі на ворагаў, але і на ўласных паплечнікаў. Нямецкія народныя паданні гавораць аб вервольфах, французскія - аб лупгарах, румынскія - аб пракіліках, вугорскія - аб басаркоях. Гэта розныя назвы аднолькавых фантастычных істот, накшталт нашых ваўкалакаў. Вера ў іх, як бачым, была распаўсюджана ў мінулым па ўсёй Эўропе. Мяркуюць, што першаасновай Герадотавых звестак аб штогоднім ператварэнні неўраў у ваўкоў былі традыцыйныя святы з пераапрананнем, адпаведнымі танцамі і г.д. Такім чынам, аналагі ваўкалацтва Герадотавых неўраў знаходзяцца на прасторы ад Элады з яе старажытнымі лікейямі да Аляскі, дзе таксама «ператвараліся» ў ваўкоў індзейцы-квакіютлі...

А.Пагодзін, мусіць, слушна лічыў, што паданні аб ваўкалаках зусім не даказваюць пражыванне Герадотавых неўраў менавіта на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Аднак П.Шафарык і яго паслядоўнікі ледзь не да сённяшняга дня спасылаюцца на распаўсюджанасць у басейне Заходняга Буга і ў яго бліжнім і дальнім наваколлі назваў з каранямі «нар», «нур», «нер» накшталт Нараў, Нарва, Неўда і г.д. «Справа відавочная, - сцвярджалася ў выснове П.Шафарыка, - што Герадот называў «краінай Неўрыдай», то славяне называлі і называюць Нурскай зямлёю». І толькі потым высветлілася, што, напрыклад, такая нібы зусім «неўрская» назва ракі, як Неўда, звязваецца лінгвістамі не са старажытным, а з сярэднявечным часам і атрымлівае сваё тлумачэнне з мовы летапісных яцвягаў. Увогуле падобныя найменні ў розных мовах маюць рознае значэнне. Напрыклад, «нур» у паволжскіх марыйцаў значыць «поле», у хантаў Заходняй Сібіры «нор» гэта «мыс», у балканскіх албанцаў «неры» - чалавек і да т.п. Раку Ньеўр і графства Ньевер мы знойдзем у Францыі, а правінцыю Нурыстан - у Афганістане...

Атрымліваецца, што «неўрскія» назвы па-за межамі Беларусі распаўсюджаны гэтак жа шырока, як і паданні аб ваўкалаках-пярэваратнях. Нарэшце, для расшыфроўкі загадкавых Герадотавых паведамленняў аб неўрах былі выкарыстаны і вынікі археалагічных даследаванняў. Неўраў спрабавалі атаясамліваць са стваральнікамі ўсходнелужыцкай археалагічнай культуры XIII-IV стст. да н.э. на Падляшшы, высоцкай X-VI стст. да н.э. у Прыкарпацці і на захадзе Валыні, чарналескай культуры канца X - пачатку VIII ст. да н.э. у лесастэпавай Украіне. Але паступова высветлілася, што рэальнымі прэтэндэнтамі на тоеснасць Герадотавым неўрам варта лічыць толькі носьбітаў мілаградскай культуры. Назва гэтай культуры нагадвае нам аб адным з першых яе помнікаў, дзе адбыліся раскопкі, аб гарадзішчы каля вёскі Мілаград у Рэчыцкім раёне. Падчас свайго росквіту, які адпавядае скіфскай эпосе (VIII-III стст. да н.э.), мілаградская культура была шырока распаўсюджанай на поўначы сучаснай Украіны і поўдні Беларусі, ад вярхоўяў Паўднёвага Буга да сярэдняга цячэння Сажа. Уся яе тэрыторыя лічылася цалкам адпаведнай Герадотавай Неўрыдзе.

Даследчыца мілаградскіх старажытнасцей, маскоўскі археолаг В.М.Мельнікоўская, зрабіла спробу адшукаць у мілаградскіх матэрыялах адлюстраванне Герадотавага паведамлення аб уцёках неўраў ад змей да будзінаў за адно пакаленне перад скіфа-персідскай вайной, гэта значыць прыкладна каля сярэдзіны VI ст. да н.э. Даследчыцай быў апрацаваны сапраўды велізарны археалагічны матэрыял, значная частка якога атрымана ёй асабіста пры шматгадовых раскопках мілаградскіх помнікаў Беларусі. В.М.Мельнікоўскай належыць выснова, што мілаградскія матэрыялы, старэйшыя за сярэдзіну VI ст. да н.э., на поўнач ад Прыпяці адсутнічаюць. Больш раннія знаходкі гэтай культуры яна адзначала на Жытоміршчыне, а самыя раннія - далей на паўднёвы захад, на Валыні. Згодна гіпотэзе даследчыцы, сам узрост мілаградскіх матэрыялаў на розных тэрыторыях сведчыць, што гэтая культура ўзнікла недзе ў заходневалынскім рэгіёне, а потым яе носьбіты пачалі паступова перасяляцца далей і далей на паўночны ўсход, пакуль не апынуліся прыкладна ў адзначаны Герадотам для ўцёкаў неўраў час на берагах Верхняга Дняпра і Сажа.

Гіпотэза гэтая знайшла шмат прыхільнікаў. Яе падмацоўваў, у прыватнасці, аўтарытэт акадэміка Б.А.Рыбакова. Ён знайшоў доказы, дарэчы пераканаўчыя, тоеснасці Герадотавым будзінам носьбітаў юхнаўскай археалагічнай культуры. Адначасова з мілаградскай на Гомельшчыне гэтая культура была распаўсюджана на суседняй Браншчыне. Атрымлівалася, што сапраўды, згодна Герадоту, яго неўры некалі перабраліся бліжэй да будзінаў і, як меркаваў Б.А.Рыбакоў, нават занялі ўсходні край будзінскіх зямель. Тое, што на ўсходзе Гомельшчыны мілаградскія паселішчы адразу атрымлівалі ўмацаванні, на думку даследчыка, тлумачылася варожымі адносінамі перасяленцаў з юхнаўскімі будзінамі. У археалогіі нярэдка здараецца, як у крыміналістыцы. З цягам часу знаходзяцца новыя рэчавыя доказы, і ў вельмі пераканаўчай, здавалася б, папярэдняй версіі падзей з'яўляюцца відавочныя хібы. Нешта падобнае, напэўна, адбылося і з гіпотэзай аб дальнім перасяленні носьбітаў мілаградскай культуры з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Даследаванні мілаградскіх помнікаў, здзейсненыя В.М.Мельнікоўскай у 1950-1960 гг., дзякуючы іншым вучоным атрымалі працяг на тых тэрыторыях, дзе ёй не давялося весці раскопкі. Так, вядомым львоўскім археолагам Л.І.Крушальніцкай вывучаліся старажытнасці эпохі жалеза ў басейне Гарыні і ў раёне горада Роўна. У выніку высветлілася, што наваколле сучаснага Роўна ажно да VI ст. да н.э. займалі носьбіты мясцовага варыянта культуры. магілянскага тыпу. Такім чынам, карані мілаградскай культуры, насуперак версіі В.М.Мельнікоўскай, тут адсутнічалі. Высветлілася таксама, што «мілаградды» на Сярэдняй Гарыні былі прыхаднямі. Л.І.Крушальніцкая нават выказала меркаванне, што яны часткова выціснулі адсюль ранейшае магілянскае насельніцтва. Сляды прамых продкаў носьбітаў мілаградскай культуры пачалі выяўляць там, дзе В.М.Мельнікоўскай іх існаванне адмаўлялася. Украінская даследчыца помнікаў эпохі бронзы С.С.Беразанская зрабіла пераканаўчае абгрунтаванне таго, што мілаградская культура пачатку жалезнага веку ўзнікла ў выніку развіцця старажытнай лебядоўскай культуры. Лебядоўскія помнікі канца II тысячагоддзя да н.э., гэта значыць фіналу бронзавага веку, былі адкрыты як у Ўкраінскім, так і ў Беларускім Палессі і Падняпроўі. Гэта азначала, што, насуперак гіпотэзе аб перасяленні, у паўднёва-ўсходняй частцы сваёй тэрыторыі мілаградскія старажытнасці сваіх лебядоўскіх папярэднікаў пазбаўлены, а ў паўночна-ўсходняй, наадварот, іх мелі. Праўда, нейкія доказы перасялення носьбітаў мілаградскай культуры ў Беларускім Падняпроўі ўсё ж удалося выявіць, але яны не ўмацоўвалі, а хутчэй абвяргалі гіпотэзу В.М.Мельнікоўскай.

Беларускі археолаг М.Лашанкоў у 1980-я гг. раскапаў гарадзішча Ліскі ў Рэчыцкім раёне. Сярод іншых цікавых знаходак яму трапіліся і зусім, на наш погляд, незвычайныя, дагэтуль на тэрыторыі Беларусі невядомыя. Аўтар гэтых радкоў быў вельмі здзіўлены, калі высветліў, што два знойдзеныя каля Рэчыцы люстэркі з пяцельчатымі ручкамі, безумоўна, трэба параўноўваць толькі з адпаведнымі рэчамі, характэрнымі ў VII - пачатку VI ст. да н.э. для тагарскай археалагічнай культуры, распаўсюджанай аж на поўдні Сібіры. Мусіць, менавіта адтуль і трапілі нейкім чынам да нас знойдзеныя М.Лашанковым люстэркі. Цікавыя ліскаўскія знаходкі дазваляюць удакладніць час і абставіны ўзнікнення даследаваных В.М.Мельнікоўскай помнікаў, у прыватнасці гарадзішча каля вёскі Гарошкаў. Таксама як і Ліскаўскае, Гарошкаўскае гарадзішча знаходзіцца недалёка ад Рэчыцы. Але калі першае займае зусім невялікае ўзвышша, то другое размешчана на высокім у тых мясцінах правым беразе Дняпра. Найранейшая знаходка з Гарошкава, а таксама і з іншых мілаградскіх гарадзішчаў, пабудаваных на мысах, узрост якой вызначаецца адносна дакладна, гэта завушніца тыпу вядомых у скіфаў у VI-V стст. да н.э. Калі яшчэ не забыцца пра знаходку скіфскага наканечніка стралы VIII-VII стст. да н.э., зробленую З.Залашкам пры раскопках Ясенецкага гарадзішча на Мазыршчыне, таксама нізіннага, а не мысавага, то меркаванне аб розным узросце двух тыпаў мілаградскіх умацаваных паселішчаў будзе здавацца зусім верагодным.

Атрымлівае належнае тлумачэнне і прычына, з-за якой «мілаградцы» былі вымушаны перасяліцца з невялікіх узвышшаў каля дробных рачулак на высокія стромкія берагі Дняпра. Згодна дадзеным палеакліматалогіі, навукі, якая вывучае змены надвор'я ў аддаленыя эпохі, па ўсёй Эўропе недзе пачынаючы з сярэдзіны VI ст. да н.э., адбываліся кліматычныя змяненні. На думку палеакліматолагаў, тагачасны пачатак перыяду паніжэння сярэдніх тэмператур і ўзрастання вільготнасці праявіўся асабліва ў моцных дажджах, у высокіх паводках, якія адбываліся таксама і ўлетку. Зразумела, што ўсё гэта непазбежна выклікала моцнае забалочванне нізін, якія рабіліся непрыдатнымі для жыцця і гаспадарання. Мілаградскае насельніцтва ў той час мусіла перасяляцца, але, напэўна, не на вялізныя адлегласці, як меркавалася раней, а адносна недалёка, туды, дзе было больш суха. Увогуле сказанае вышэй не больш як адзін з магчымых варыянтаў тлумачэння таго, чаму розныя тыпы мілаградскіх гарадзішчаў даюць знаходкі рознага ўзросту.

А вось Герадотава вызначэнне месца жыхарства неўраў, мусіць, дапускае толькі адназначнае тлумачэнне. «Ад гавані барысфенітаў*, - чытаем мы ў Герадота, - ...першымі жывуць каліпіды, якія з'яўляюцца эліна-скіфамі; над імі - іншае племя, якое называецца алізоны. ...Вышэй за алізонаў жывуць скіфы-аратыя, што сеюць хлеб не для ўласнага ўжытку, а на продаж. Вышэй гэтых жывуць неўры, а за неўрамі зямля ў бок паўночнага ветру, на ўсім вядомым абшары бязлюдная. Гэта плямёны, якія жывуць уздоўж па цячэнні Гіпаніса на захад ад Барысфена». Атрымліваецца, што прамы сэнс Герадотавых звестак пазбаўляе якіх-небудзь падстаў любыя спробы змясціць сучасных яму неўраў на нейкай іншай тэрыторыі, апрача верхняй часткі басейна Гіпаніса. Пашыраць межы Неўрыды да Дняпра і за Дняпро, распаўсюджваць назву неўраў на ўсю тэрыторыю мілаградскай культуры можна толькі насуперак Герадотавым звесткам аб насельніцтве як берагоў Гіпаніса - Паўднёвага Буга, так і Барысфена - Дняпра. «Калі перайсці Барысфен, - паведамляе «бацька гісторыі», - то першая ад мора краіна - Гілея. Калі ж ісці ўверх па рацэ ад яе - там жывуць скіфы-земляробы... у бок паўночнага ветру гэта зямля (скіфаў-земляробаў) пашыраецца на адзінаццаць дзён плавання ўверх па Барысфену. Вышэй над імі пустэча на вялікім абшары. За пустэчай жывуць андрафагі, племя асобнае і зусім не скіфскае. Краіна, што знаходзіцца вышэй іх, ужо сапраўдная пустэча, і ніякага чалавечага племені там няма на ўсёй вядомай працягласці».

* Гавань барысфенітаў - Ольвія.

Да гэтых Герадотавых андрафагаў і скіфаў-земляробаў мы яшчэ вернемся. Зараз адзначым, што мілаградскія помнікі Падняпроўя ці Палесся відавочна не могуць стасавацца з Герадотавымі неўрамі. З неўрамі слушна звязваецца толькі невялікая частка шматлікіх старажытнасцей гэтай культуры. Яны размешчаны каля вярхоўя Паўднёвага Буга. Там паблізу ад вёсак Курылоўка і Мізякоў ужо добра даследаваны мілаградскія пахаванні ў курганных могільніках. Пахаванні належаць да V-IV стст. да н.э., гэта значыць і да Герадотавага часу. Гэтыя курганныя могільнікі разглядаюцца як сведчанне пранікнення на Паўднёвы Буг мілаградскага насельніцтва з поўначы, з суседніх зямель басейна верхняй і сярэдняй Гарыні. Там даследаваны вельмі блізкія, але больш раннія мілаградскія помнікі, у прыватнасці пахаванні VII-VI стст. да н.э. пад курганамі каля горада Роўна і гарадскога пасёлка Ўладзімірац Ровенской вобласці. Калі адкрытыя на Паўднёвым Бугу мілаградскія старажытнасці можна звязваць з сучаснымі Герадоту неўрамі V ст. да н.э., то наваколле Роўна з яго крыху старэйшымі помнікамі - з Неўрыдай, пакінутай неўрамі за адно пакаленне перад персідскай навалай. Але ж у Герадота сказана, што неўры-ўцекачы трапілі не на Гіпаніс, а чамусьці да будзінаў. Будзіны, паводле «бацькі гісторыі», племя вялікае і шматлюднае, зараз пераканаўча атаясамліваецца з носьбітамі юхнаўскай культуры. Яе тэрыторыя сапраўды вельмі вялікая, але на захадзе юхнаўскія помнікі распаўсюджваюцца не далей нізоўя Іпуці ў нас у Беларусі і нізоўя Сейма на суседняй Чарнігаўшчыне. Ад Гарыні і Паўднёвага Буга іх аддзяляе значная адлегласць. Дзіўна, што Герадот, апісаўшы сучасны яму стан краіны будзінаў даволі падрабязна, не забыўшыся ні пра раслінны і жывёльны свет, ні пра знешні выгляд і заняткі жы'хароў, аб прысутнасці неўраў сярод будзінаў не сказаў ні слова. У сувязі з Дарыевым паходам ён таксама не згадаў аб прысутнасці там неўраў на працягу ўжо цэлага пакалення. Кал: Герадот расказвае пра скіфа-персідскую вайну, ён зноў згадвае неўраў зусім не сярод будзінаў, а ў суседстве з племенем агафірсаў, як і ў свае часы.

Буйнейшы знаўца скіфскай культуры А.І.Церапожкін выказваў меркаванне, што «будзіны» ў сувязі з перасяленнем неўраў з'явіліся ў Герадотавай «Гісторыі» ў выніку элементарнай памылкі. Напэўна, замест будзінаў перапісчык «Гісторыі» павінен быў назваць скіфаў*. Сапраўды: неўры, згодна «бацькі гісторыі», жылі каля самых вытокаў Гіпаніса. А гэтая рака, зноў жа паводле Герадота, «рухаецца з межаў Скіфіі». Такім чынам, сам Герадот дапамагае аднавіць першапачатковы дакладны сэнс уласнага паведамлення аб уцёках неўраў. Замест нерэальнага дальняга перасялення некуды да будзінаў мы даведаліся аб цалкам верагодным перасяленні на адносна блізкую адлегласць - з Валыні на суседнюю Падолію. Але загадкавай застаецца прычына гэтага перасялення. Што гэта за «змеі» прымусілі неўраў пакінуць сваю краіну?

* Блытаніна, мусіць, тлумачыцца тым, што побач з легендай аб уцёках неўраў у Герадотавым тэксце сказана яшчэ аб адным перасяленні: гелонаў і таксама ў краіну будзінаў.

Некаторыя даследчыкі ўвогуле адмаўлялі Герадоту ва ўсялякай алегорыі і бачылі ў яго змеях сапраўдных паўзуноў. Другія лічылі, што на Неўрыду адбыўся напад нейкага племені, чыя назва гучала накшталт грэчаскага слова «офіс», гэта значыць «змяя», што і нарадзіла адпаведную легенду. Трэція прапаноўвалі іншае тлумачэнне з'яўлення «змей» у паданні, пра якое ад скіфаў і элінаў даведаўся «бацька гісторыі». Меркавалася, што неўры выгнаны народам, «змяіным» не па назве, а па ўласцівым яму кульце змяі. Акадэмік Б.А.Рыбакоў нават змясціў радзіму гэтых «змей» недзе на поўнач ад Прыпяці, у цэнтральнай частцы сучаснай Беларусі. Ваяўнічых «змей» ён лічыў старажытным балцкім племенем. Ушанаванне змей, сапраўды, вельмі характэрна для балтаў, як старажытных, так і сучасных. Напрыклад, як паведамляе славуты польскі храніст Ян Длугаш, сярэднявечныя балты лічылі, што ў змеях нібыта ўвасоблены іх паганскія багі. Калі Ягайла ў 1387 г. хрысціў Літву, ён, паводле Длугаша, загадаў «вужоў і гадаў, што меліся ў кожным доме як хатнія багі, перабіць і знішчыць». Але, як засведчыў, напрыклад, М.І.Кастамараў, яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. у балтаў «хатні вуж быў гінеем - заступнікам хаты, крыўдзіць яго было небяспечна; наадварот, гаспадар гадаваў яго, падаваў яму асобнае харчаванне; калі вуж еў, гэта лічылася добрай прыкметай». Падобныя звычаі доўгі час захоўваліся таксама ў Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі. Лічыцца, што беларусы атрымалі іх у спадчыну ад старажытных мясцовых плямёнаў, роднасных продкам летувісаў. Б.А.Рыбакоў паспрабаваў выявіць на Валыні сляды ўварвання туды з-за Прыпяці нейкіх старажытных балтаў. Ён адзначыў, напрыклад, даволі прымітыўны ўзровень культуры скіфскага часу ў басейне прытоку Гарыні ракі Случы. Аднак доказаў перасялення ці нават нейкага ўплыву носьбітаў дакладна балцкіх культур ні там, ні дзе-небудзь яшчэ на Валыні проста няма. Затое на верагоднай тэрыторыі пакінутай Неўрыды многія даследчыкі адзначалі ўплыў розных археалагічных культур, якія належалі старажытным фракійцам. У антычную эпоху шматлікія фракійскія плямёны насялялі ўсходнюю частку Балканскага паўвострава (адкуль і назва гістарычнай вобласці Фракія ў сучаснай Грэцыі) на правым, а таксама вялікія абшары на левым беразе Дуная і басейн Днястра. Мяркуюць, што да фракійскай супольнасці належалі агафірсы - паводле Герадота, бліжэйшыя суседзі неўраў з захаду і паўднёвага захаду. На думку даследчыцы старажытнафракійскай гісторыі Ю.К.Каласоўскай, у часы Дарыева паходу на скіфаў неўры былі ім падпарадкаваныя і ўваходзілі ў саюз плямёнаў на чале з агафірсамі. У фракійскім асяроддзі, мусіць, не менш, чым у балцкім, быў папулярны культ змей. У вобразе змей ушаноўваліся галоўныя багі старажытных фракійцаў. Фракамоўныя дакі, цара якіх Дэцэбала рымляне здолелі перамагчы толькі пасля цяжкай працяглай вайны, ішлі ў бой пад штандарамі ў выглядзе змей. Гэтыя штандары аберагаліся як самыя каштоўныя рэліквіі і ні ў якім выпадку не павінны былі трапіць у рукі ворагаў. У аддаленых нашчадкаў фракійцаў, малдаван і румын, вядомы практычна аднолькавыя з балцкімі ўяўленні аб хатніх вужах-заступніках, «шарпэлекасэй». Атрымліваецца, што «змеямі» з перададзенай Герадотам легенды ўвогуле маглі з'яўляцца не толькі балты, але і фракійцы. На наш погляд, аднак, не варта шукаць іх увасаблення ні ў сапраўдных паўзунах, ні ў тым ці іншым старажытным племені.

Мусіць, загадка ворагаў неўраў схавана ў спрадвечнай міфалагічнай сімволіцы змяі. У фальклоры і мастацтве самых розных эпох і народаў змяя адыгрывае ролю сімвала вады, вільгаці, дажджу. Нагадаем, што, па Герадоту, шмат змей нарадзіла сама краіна неўраў. Лічыць і гэтых варожымі іншаземцамі, здаецца, ужо ніяк немагчыма. Куды больш лагічным будзе меркаванне, што ў Герадотавых звестках адлюстраваліся не міжпляменныя сутычкі, а кліматычныя змены. Герадотавы «змеі», у адпаведнасці з універсальнымі ўяўленнямі, павінны сімвалізаваць катастрафічнае ўзрастанне вільготнасці. Карацей кажучы, у тую далёкую эпоху на Валыні адбывалася, напэўна, тое ж самае, што і на Гомельшчыне. Вельмі верагодным здаецца супадзенне ў часе перасялення носьбітаў мілаградскай культуры з Гарыні на Буг у заходняй частцы іх тэрыторыі і з нізін на дняпроўскія кручы ва ўсходняй. Гэта адбывалася недзе каля VI ст. да н.э., гэта значыць у час уцёкаў неўраў, «за адно пакаленне перад Дарыевым паходам», што прыблізна адпавядае пачатку вільготнага кліматычнага перыяду. У раёне Роўна мілаградскія помнікі сканцэнтраваны на абмежаванай прасторы паблізу ад упадзення ў Гарынь ракі Усці. Павелічэнне вільготнасці непазбежна павінна было выклікаць эканамічныя цяжкасці з-за змяшчэння прыдатных для гаспадарчага выкарыстання плошчаў, якіх у гэтым густа населеным раёне, напэўна, і так бракавала. Частка мясцовых «мілаградцаў» мусіла з-за гэтага пакінуць берагі Гарыні. Яны перайшлі праз водападзел і хутка апынуліся ў басейне Паўднёвага Буга, у больш узвышанай Падоліі. А берагі Гіпаніса і па Герадотавых, і па археалагічных звестках мелі гаспадароў, у якіх прыхадні з поўначы, мусіць, павінны былі атрымаць дазвол, каб там пасяліцца. Напэўна, скіфы-аратыя злітаваліся з ахвяр нападу незвычайных ворагаў, нейкіх там «змей». Скіфы-аратыя, згодна Герадоту, вырошчвалі хлеб на продаж, для гандлю з элінаміольвіяпалітамі. Каля самага мора ў Ольвіі, досыць аддаленай ад месца падзей каля вытокаў Гіпаніса, версія аб змеях выглядала ўжо, напэўна, цалкам пераканаўчай. Але прыезджага гісторыка, скептыка і рацыяналіста яна, як вядома, не задаволіла...

«Бацька гісторыі» даведаўся яшчэ аб нейкім возеры, з якога нібыта выцякаў Гіпаніс. Яму расказвалі таксама, што вакол таго возера пасвяцца дзікія белыя коні. «Гэта возера правільна называюць «маці Гіпаніса», - меркаваў Герадот. Некаторыя даследчыкі лічылі ўвогуле, што гэтыя вялікія азёры ў вытоках Буга-Гіпаніса, Ціраса-Днястра, а таксама Танаіса-Дона, проста прыдуманы Герадотам для тлумачэння мнагаводнасці буйных рэк Скіфіі. Але пазнейшыя даныя быццам бы не дазваляюць безумоўна пагадзіцца з гэтым меркаваннем. Так, Сігізмунд Герберштэйн, аўстрыйскі дыпламат, падарожнік і навуковец XV ст., падчас свайго наведвання Масковіі высветліў, што Дон-Танаіс сапраўды выцякае з возера Іванаўскага. Ліцэнцый, рымскі паэт V ст. да н.э., ведаў іншае імя таго ж самага возера, якое Герадотам было названа «маці Гіпаніса». У яго згадваецца Ксампейскае возера, з якога «каліпідская плынь Гіпаніса будзе пеніцца і шумець у скіфскіх хвалях». «Возера» і «балота» на мове старажытных элінаў гучала аднолькава - «лімнес». Існавала меркаванне, што Герадот, паведамляючы аб вытоку Гіпаніса, меў на ўвазе менавіта балота. Балот хапае на Палессі, і там вадзіліся тарпаны, у якіх бачылі «дзікіх белых коней», згаданых Герадотам. Атрымлівалася, што разам з вытокам Герадотавага Гіпаніса і яго неўры павінны былі перамясціцца на поўнач, ці не ў межы сучаснай Беларусі. Але наконт лясных коней - тарпанаў - заолагі трымаюцца меркавання, што гэта толькі прыгнечаная форма тарпана стэпавага, выціснутая ў лясы ў выніку няспыннага палявання. Ёсць шмат звестак аб тым, што яшчэ ў XVIII ст. чароды дзікіх тарпанаў можна было бачыць у наваколлі Вінніцы і Херсона.

Як бачым, і гэтая спроба звязаць Герадотавых неўраў з тэрыторыяй Беларусі таксама не атрымалася. Але, нарэшце, нейкая іх частка апынуцца там усё ж магла. На Століншчыне каля вёсак Відзібор, Бор Дубінецкі, Дубой існуюць старажытныя могільнікі, з якіх, на жаль, даследаваны толькі апошні. Цікава, што здабытыя там матэрыялы даволі істотна адрозніваюцца ад знаходак на мілаградскіх помніках з іншых частак Беларускага Палесся. Па абраду пахавання і пахавальнаму інвентару дубойскія курганы вельмі блізкія да мілаградскіх курганоў на Ровеншчыне і Віннічыне. Атрымліваецца, што сваім паўночным краем Герадотава Неўрыда магла дасягаць цяперашніх беларускіх зямель. Але наваколле ўтоку Гарыні ў Прыпяць - толькі малая частка той вялізнай тэрыторыі, на якой у раннім жалезным веку была распаўсюджана мілаградская культура. Калі няма падстаў звязваць усю яе з неўрамі, то трэба высветліць, якімі яшчэ з Герадотавых плямёнаў маглі быць пакінуты помнікі гэтай культуры, асабліва шматлікія на берагах Дняпра. Дарэчы, у Кіеўскім Падняпроўі археолагі - даследчыкі скіфскага перыяду вызначылі вельмі цікавую сітуацыю. На гэтай тэрыторыі мясцовыя помнікі скіфскага тыпу размяшчаюцца ўперамешку з мілаградскімі, ці падгорцаўскімі, як іх тут часам называюць па назве вёскі Падгорцы. Каля гэтай вёскі на Кіеўшчыне яшчэ ў 1915 г. быў знойдзены вельмі цікавы набор ажурных металічных упрыгожанняў жаночага касцюма. Гэты «скарб», зразумела, паходзіў з пахавання. Потым каля Падгорцаў у шмат якіх іншых пунктах Сярэдняга Падняпроўя былі адкрыты рэшткі пахаванняў і паселішчаў той самай мілаградскай, ці падгорцаўскай культуры. Яны даследаваліся кіеўскімі археолагамі Ў.М.Даніленкам і А.А.Пятроўскай. Атрыманыя імі вынікі сведчаць аб вельмі моцных уплывах з боку мясцовай культуры скіфскага тыпу. Гэтыя ўплывы літаральна працінаюць падгорцаўскую культуру. Напэўна, інакш не магло і быць: носьбіты абедзвюх культур у Сярэднім Падняпроўі жылі цераспалосна на працягу прыкладна пяці-шасці стагоддзяў. Падгорцаўскае насельніцтва карысталася прыладамі працы, зброяй, упрыгожаннямі, посудам скіфскіх узораў. Нават пахаванні рабіліся не так, як у паўночнай частцы мілаградскай тэрыторыі, на ўсходзе сучаснай Гомельшчыны. Там нябожчыкаў аддавалі агню, а рэшткі абпаленых костак хавалі толькі разам з кавалкамі знарок пабітага гаршчка. На Кіеўшчыне іх суродзічы нябожчыкаў часцей не спальвалі і ў магілу клалі ўпрыгожванні, зброю, не пабіты, а цэлы посуд. Усё гэта прадугледжвалася рытуалам сярэднедняпроўскіх «скіфаў». Звычайна ўласны пахавальны абрад захоўваецца вельмі трывала. Адзначаныя змяненні, мусіць, сведчаць аб вельмі значнай скіфізацыі падгорцаўскага насельніцтва. Нават аб перайманні ім у суседзяў ідэалагічных уяўленняў і пэўнай змене светапогляду.

Падгорцаўскае насельніцтва, мусіць, знаходзілася ў падпарадкаваным стане. Аб гэтым можна меркаваць ужо на падставе таго, што практычна ўсе тамтэйшыя гарадзішчы належаць да культуры скіфскага тыпу. Некаторыя з іх проста велічэзныя: напрыклад, умацаванні гарадзішча паблізу ад сяла Трахцеміраў каля горада Канева ахоплівалі плошчу ў 500 га. Сапраўдны горад па памерах! Накшталт старажытнагрэчаскіх гарадоў-полісаў, на такіх сярэднедняпроўскіх гарадзішчах вылучаюць акропаль - унутраную цытадэль, ці своеасаблівы крэмль. А на суседніх з імі падгорцаўскіх паселішчах, звычайна вельмі сціплых па памерах, практычна не зафіксавана ніякіх слядоў умацаванняў. Зразумела: панавалі ўладальнікі крэпасцей. Яны, напэўна, у выпадку небяспекі павінны былі даваць абарону жыхарам не толькі сваіх, «скіфскіх», але і падгорцаўскіх неўмацаваных паселішчаў. Ворагам супрацьстаяла ўся сярэднедняпроўская супольнасць разам. Таму чужынцы хутчэй за ўсё ўяўлялі сабе ўсё насельніцтва Сярэдняга Падняпроўя як адзіны народ. Некаторыя даследчыкі ўжо звярнулі ўвагу на тое, што ва ўжытых Герадотам назвах «скіфы-геаргой»*, ці інакш, «скіфы-барысфеніты» відавочна падкрэслены тэрытарыяльны і эканамічны, а зусім не нацыянальны аспект. Так ці інакш, у «бацькі гісторыі» жыхары берагоў Сярэдняга Дняпра-Барысфена ўвогуле не падзеленыя: і суродзічы неўраў, і мясцовыя «скіфы» аб'яднаны ў яго агульнай назвай.

* У выкарыстаным Герадотам грэчаскім слове «геаргой» (земляробы) хаваецца, на думку буйнейшага знаўцы скіфскай мовы В.І.Абаева, скіфскае «гаўварга» - падобнае па гучанню, але іншае па сэнсу: «тыя, хто разводзіць жывёлу».

Цяпер трэба высветліць, як далёка ўверх па Дняпры цягнулася вобласць гэтых «геаргой», ці «барысфенітаў». Практычна няма сумненняў, што апрача Кіеўшчыны яна ахоплівала і Гомельшчыну. Літаральна на мяжы Беларусі і Ўкраіны, каля ўтоку Прыпяці ў Дняпро, паблізу ад вёскі Ладыжычы, быў раскапаны тыповы скіфскі курган з пахаваннем воіна. Як можна меркаваць па характару змешчанага там узбраення, ён належаў да IV ст. да н.э., гэта значыць да часу адразу пасля Герадота. На поўнач ад Ладыжычаў скіфскія помнікі пакуль што не выяўлены, затое там шмат скіфізаваных мілаградскіх. У прыватнасці, на мілаградскіх гарадзішчы і могільніку каля вёскі Асарэвічы ў Брагінскім раёне характар знаходак практычна не адрозніваецца ад матэрыялаў з падгорцаўскіх паселішчаў Кіеўшчыны. Некалі аўтар гэтых радкоў падрыхтаваў спецыяльную публікацыю аб знаходках скіфскіх імпартаў на тэрыторыі Беларусі. Калі гэтыя знаходкі былі картаграфаваны, то зрабілася відавочным, што іх распаўсюджванне практычна абмежавана тэрыторыяй, занятай у нас мілаградскімі помнікамі. Далей на поўнач амаль не трапляюцца ні прывазныя скіфскія рэчы, ні вырабленыя на месцы па іх узорах. Мусіць, па-за межамі мілаградскай тэрыторыі ў Беларускім Падняпроўі і трэба шукаць старажытнасці тых паўночных плямёнаў, пра якія «бацька гісторыі» гаворыць: «Асобныя, зусім не скіфскія». Відавочна, што гэтае Герадотава вызначэнне да носьбітаў мілаградскай культуры і на Гомельшчыне, і на Кіеўшчыне зусім не прыдатнае. Яны, безумоўна, павінны адпавядаць пэўнай частцы Герадотавых «скіфаў-геаргой». Дарэчы, як сведчаць археалагічныя раскопкі, «мілаградцы» і «падгорцаўцы» сапраўды разводзілі розную жывёлу...

Такім чынам, у Беларусі помнікі Герадотавых неўраў мы знойдзем, хутчэй за ўсё, толькі ў невялікім раёне нашага Палесся, паблізу ад утоку Гарыні ў Прыпяць. Куды больш значныя абшары, на поўдзень ад лініі Бабруйск-Быхаў-Крычаў, былі заняты ў нас Герадотавымі «скіфамі-геаргой». Далей на поўнач павінны адшукацца Герадотавы андрафагі.

 

АНДРАФАГІ - НЕ «ЛЮДАЕДЫ»

 

Напэўна, нешта перашкаджае згадзіцца з тым, што андрафагі - нашы, хоць і старажытныя, землякі. Але, як вышэй ужо адзначана, паводле Герадота, яны павінны абавязкова трапіць у межы сучаснай Беларусі. Не будзем спяшацца адмовіцца ад іх, і паглядзім, ці варта лічыць Герадотавых андрафагаў сапраўднымі канібаламі, накшталт індзейцаў-карыбаў або маоры з Новай Зеландыі. У паслядоўнікаў «бацькі гісторыі» гаворка ідзе менавіта аб племені людаедаў. Эфар стварыў сваю «Гісторыю» амаль адразу пасля Герадота, у пачатку IV ст. да н.э. Дарэчы, яго твор быў яшчэ большы, чым аднайменны Герадотаў, таму што складаўся не з сямі, а ажно з трыццаці кніг. Але ад вялікай Эфаравай «Гісторыі» захавалася толькі некалькі фрагментаў, у тым ліку ў нейкага невядомага аўтара, якога раней атаясамлівалі са Скімнам Хіоскім. У псеўдаскімнавай «Хараграфіі» гаворыцца таксама і аб плямёнах на поўнач ад Скіфіі - са спасылкай на Эфаравы звесткі. «Эфар гаворыць, - адзначана ў «Хараграфіі», - ... (што за земляробамі) далёка цягнецца пустынная мясцовасць, за якой жыве скіфскае племя людаедаў, а за імі зноў пустэча». Гэтыя ж скіфы-людаеды, ці, па-грэчаску, антрапафагі, згадваюцца і ў рымскага навукоўца-энцыклапедыста Гая Плінія Старшага. Яны, паводле Плініевай «Натуральнай гісторыі», размяшчаліся недзе вышэй скіфскіх намадаў, але, увогуле, бліжэйшых суседзяў не мелі. Дарэчы, адсутнасць у наваколлі іншага насельніцтва «Натуральная гісторыя» растлумачвае наступным чынам: «Там сядзяць скіфы-антрапафагі, што харчуюцца чалавечым мясам, і таму паблізу ёсць вялікія пустэчы з мноствам звяроў, на якіх па дзікасці падобныя тутэйшыя жыхары».

Пазнейшыя аўтары рымскай эпохі яшчэ больш замацавалі дзікунскі імідж гэтых паўночных суседзяў Скіфіі. Згадаць іх, як узор крыважэрнасці барбараў далёкай поўначы, палічыў неабходным Гай Юлій Салін. У яго «Калекцыі славутасцей» нават удакладнены пачварны густ гэтых канібалаў: «Затым ідуць антрапафагі, у якіх чалавечыя ўнутранасці з'яўляюцца агіднай ежаю...». Напэўна, варта падкрэсліць наступнае. Антычныя аўтары, што пасля Герадота звярталіся да гэтага племені, практычна не паведамляюць аб ім нічога іншага, апрача ўжо вядомай прыхільнасці да канібалізму.

Што тычыцца Герадотавай «Гісторыі», то заўвагай пра канібалізм андрафагаў зусім не абмяжоўваюцца звесткі аб іх. Гэтая заўвага ў «бацькі гісторыі» нават не з'яўляецца галоўным момантам расказу аб андрафагах. Як мы ўбачым зараз, Герадотавы звесткі пра гэта племя значна больш падрабязныя і цікавыя, чым прыведзеныя вышэй згадкі пазнейшых гісторыкаў. У розных месцах IV кнігі Герадотавай «Гісторыі» андрафагі згадваюцца аж пяць разоў. «Бацька гісторыі» гаворыць аб іх, калі акрэслівае паўночную мяжу Скіфіі і калі дае апісанне доўгага шляху ад Ольвіі на ўсход аж да Паўднёвага Ўрала, да плямёнаў іседонаў і напалову міфічных арымаспаў, што нібыта крадуць свяшчэннае золата ў грыфаў. Герадот паведамляе таксама аб удзеле гэтага племені і яго «цара» Андрафага ў падзеях 512 г. да н.э. падчас персідскага нашэсця на Скіфію. Урэшце, гісторык асобна спыняецца на андрафагах, каб адзначыць асаблівасці ладу іх жыцця, звычаяў, вызначыць, у чым іх падабенства і ў чым адрозненне ад скіфаў. «У андрафагаў, - на думку Герадота, - самыя жорсткія звычаі са ўсіх людзей. Яны не ўшаноўваюць справядлівасці і не маюць ніякага закону, яны вандроўнікі, адзенне носяць падобнае да скіфскага, але мова ў іх свая ўласная. З гэтых (плямёнаў на сумежжы са Скіфіяй) толькі яны харчуюцца чалавечым мясам». Такім чынам, Герадот ведаў аб аддаленых андрафагах даволі шмат. Напэўна, нават тое, што яны, накшталт скіфаў, таксама ўжывалі «анаксерыды», гэта значыць штаны - частку касцюма, не ўласцівую старажытным элінам. Герадот, у адрозненне ад пазнейшых аўтараў, добра ведаў, што андрафагаў нельга блытаць са скіфамі, і спецыяльна падкрэсліваў, што гэта «племя асобнае і зусім не скіфскае», са сваёй уласнай мовай, звычаямі і да т. п. Але здзіўляе, чаму «бацька гісторыі» паставіўся да андрафагаў надта ж негатыўна. Высвятляецца, што яго адносіны да гэтага племені не могуць цалкам тлумачыцца агідай да канібалізму. Прыкаспійскія плямёны іседонаў і масагетаў у Азіі, у адрозненне ад андрафагаў, вызначаны ў Герадота як «справядлівыя». Але адразу ж услед за гэтым Герадот паведамляе нам аб канібальскіх звычаях і ў тых, і ў другіх. Хутчэй за ўсё не толькі і не столькі канібалізмам андрафагаў тлумачыцца адмоўнае стаўленне да іх Герадота. Тут варта адзначыць, што С.А.Жэбелеў, буйнейшы знаўца скіфаантычнай эпохі Прычарнамор'я, увогуле лічыў Герадотаву характарыстыку племені андрафагаў па сутнасці беспадстаўнай, заснаванай толькі на ўласнай фантазіі «бацькі гісторыі». С.А.Жэбелеў сумняваўся, што Герадот, у прыватнасці, валодаў сур'ёзнымі доказамі на карысць таго, што андрафагі, маўляў, не маюць ніякіх законаў і ўвогуле не шануюць справядлівасці. І сапраўды, у іншым месцы сваёй «Гісторыі» Герадот супярэчыць сам сабе, калі паказвае тых жа самых андрафагаў сярод прынцыповых прыхільнікаў справядлівасці. Згодна «бацьку гісторыі», «цары» неўраў, меланхленаў і таўраў, а разам з імі таксама «цар Андрафаг» нібы адмовілі скіфам у ваеннай дапамозе супраць Дарыя Гістаспа менавіта з-за таго, што некалі скіфы, а не персы, парушылі справядлівасць. «Мы мяркуем, - быццам бы адказалі скіфам на іх запрашэнне ўсе гэтыя цары, - што персы ідуць не супраць нас, а супраць тых, хто вінаваты ў несправядлівасці»*. Такім чынам у самога Герадота атрымліваецца, што андрафагі «справядлівасць» усё ж ушаноўвалі, і, мусіць, не менш за астатнія плямёны. Здаецца верагодным, што і да канібалізму яны былі прыхільныя не больш за іншых сваіх сучаснікаў.

* Гэта значыць супраць скіфаў, чые продкі за 200 гадоў раней персідскага нашэсця ў Паўночнае Прычарнамор'е зрабілі напад на мідзян - роднасны персам старажытны народ на поўдні ад Каўказа, на тэрыторыі сённяшняга Ірана. Мідзійская дынастыя таксама была роднаснай персідскім царам Ахеменідам. Атрымлівалася, што Дарый, выступіўшы супраць скіфаў, дзейнічаў справядліва.

У мінулым археолагамі рабіліся спробы вызначыць месца знаходжання Герадотавых андрафагаў на падставе знаходак сярод кухонных адкідаў рэштак чалавечых касцей. Напрыклад, харкаўскі археолаг Б.А.Шрамко меркаваў, што тэрыторыя андрафагаў павінна была ахопліваць басейн ракі Сулы ў Левабярэжнай Украіне, дзе археалагічна было засведчана існаванне людаедства ў эпоху ранняга жалеза. Б.А.Шрамко спасылаўся, у прыватнасці, на вынікі раскопак Басаўскага гарадзішча (Сумская вобласць). Пласт гэтага гарадзішча ўтрымліваў шмат чалавечых костак, частка якіх захавала відавочныя сляды гвалтоўнай смерці. Басаўскае гарадзішча даследавала ў свой час В.А.Ільінская, і яна, між іншым, адзначыла, што знаходкі падобнага характару на Ўкраіне трапляюцца яшчэ на шмат якіх іншых помніках перадскіфскага і скіфскага часу, у прыватнасці на Бельскім гарадзішчы. Падкрэслім, што грандыёзнае Бельскае гарадзішча па Палтаўшчыне Б.А.Шрамко цалкам слушна атаясамлівае са славутым горадам Гелонам, пра які даволі падрабязна расказваецца ў «бацькі гісторыі». Атрымліваецца, што, магчыма, нейкія элементы канібалізму былі ўласцівыя нават цывілізаваным гараджанам-гелонам. Увогуле, В.А.Ільінская прыйшла да высновы, што сляды людаедства нельга звязаць толькі менавіта з андрафагамі. На думку даследчыцы, пытанне аб знаходках чалавечых касцей у культурных пластах розных паселішчаў з цягам часу павінна атрымаць іншае, больш празаічнае, тлумачэнне. Патрабуе тлумачэння, мусіць, і Герадотава вызначэнне андрафагаў як вандроўнікаў. Яно часам разумелася літаральна, і сляды андрафагаў пачыналі шукаць недзе сярод стэпаў. Нягледзячы на тое што «бацька гісторыі» зусім нічога не гаворыць аб іх занятках, меркавалася, што андрафагі з'яўляліся менавіта жывёлаводамі. У прыватнасці, знаўца эпохі жалеза А.П.Смірноў лічыў, што няма ніякіх падстаў, каб выводзіць Герадотавых андрафагаў некуды за межы стэпавай зоны і бачыць у іх аселых земляробаў. Але сярод старажытнасцей Герадотавай эпохі паблізу ад стэпавага цячэння Дняпра іншых помнікаў, апрача пакінутых самімі вандроўнымі скіфамі, не вызначана. Помнікі андрафагаў, згодна Герадоту, племені «зусім не скіфскага», у прыдняпроўскім стэпе відавочна адсутнічаюць. Верагодна, таму А.П.Смірноў і мусіў адзначыць, што на гэтай тэрыторыі культуры, якую можна было б звязаць з андрафагамі, археалагічная навука пакуль не ведае.

А Герадот, хутчэй за ўсё, ведаў і іншыя вандроўныя плямёны, апрача згаданых у А.П.Смірнова стэпавых жывёлаводаў. Таксама вандроўнікамі, ці, па-грэчаску, намадамі, у «бацькі гісторыі» названы будзіны. Але Герадот разам з тым паведамляе, што «ўся іх краіна густа зарасла разнастайнымі лясамі». Будзіны, паводле Герадота, нават харчуюцца сасновымі шышкамі. Між іншым Герадотаву назву будзінаў, «фцірафагі», часам перакладалі як «паядальнікі вошаў». Але ў кантэксце апісання жыцця будзінаў сярод лясоў больш прыдатным здаецца ўжыванне шышак, дакладней, насення, што ў іх утрымліваецца. Вядома, што для некаторых плямёнаў падобная ежа была звычайнай. Гішпанскі падарожнік XVI ст. Кабеса дэ Вака сустрэў індзейцаў, што харчаваліся сасновым насеннем, недзе на паўночным беразе Мексіканскага заліва. Кабеса дэ Вака паведамляе: «...на той зямлі растуць маленькія сосны, а іх шышкі падобныя на невялікія яйкі, але насенне ў іх лепшае, чым у касцільскіх соснаў, таму што лупіны ў іх вельмі тонкія; калі гэтае насенне яшчэ зялёнае, іх размолваюць, робяць з мукі круглыя праснакі і так ядуць, калі ж насенне сухое, то іх мелюць з лупінамі і ядуць муку».

Такім чынам, «бацька гісторыі» добра ўяўляў адрозненні будзінскай зямлі ад пазбаўленай дрэваў краіны стэпавых вандроўнікаў. З-за іх адсутнасці скіфам часам даводзілася выкарыстоўваць у якасці паліва косткі жывёлы. Аб жывёлагадоўлі будзінаў Герадот таксама нічога не паведамляе, але згадвае пра іх паляванне на баброў, выдраў, іншых жывёл. Увогуле не цяжка заўважыць, што лясныя паляўнічыя, будзіны, названы гісторыкам «намадамі», каб падкрэсліць іх адрозненне ад суседніх гелонаў, аселых земляробаў, якія харчуюцца хлебам, маюць сады і г.д. Лясныя «намады»-паляўнічыя ў Герадота ні ў якім разе не зблытаны са стэпавымі жывёлаводамі. Апошнія, па словах «бацькі гісторыі», атрымліваюць харчаванне не ад плуга, а ад развядзення жывёлы, маюць жытло на вазах і г.д. Верагодна, «намадызм» андрафагаў зусім не сведчыць аб тым, што яны вандравалі па стэпах услед за статкамі, накшталт скіфаў. Увогуле, досыць рухомы лад жыцця некалі трэба было весці і сярод лясоў. Апрача палявання і іншых лясных промыслаў да гэтага прымушаў таксама занятак земляробствам у ранняй, прымітыўнай форме падсекі. У лесе выбіраўся ўчастак, на якім дрэвы падсякаліся, а потым сухастой спальваўся. Угноеная попелам і вуглямі зямля давала добры ўраджай, асабліва ў першы год. Але ўрадлівасць хутка страчвалася і даводзілася рыхтаваць новае поле. Верагодна, падобным ладам мусілі жыць і падсечныя земляробы Герадотавай эпохі. Герадотавы андрафагі адпаведна зусім не абавязкова з'яўляліся толькі ляснымі бадзягамі - паляўнічымі. Меркаванне аб «вандроўным» - падсечным - земляробстве як аб занятку гэтага племені здаецца цалкам верагодным. Такім чынам, ніякіх перашкод для размяшчэння Герадотавых андрафагаў не ў стэпавай, а ў лясной частцы Падняпроўя, як бачым, на самой справе няма. Але чамусьці здаўна павялося змяшчаць іх менавіта на Смаленшчыне. Андрафагі жылі прыблізна на месцах цяперашняй Смаленскай губерні», - меркаваў, напрыклад, адзін з найлепшых перакладчыкаў Герадотавай «Гісторыі», вядомы філолаг канца XIX ст. Ф.Р.Мішчанка.

Падобнага ж погляду ў наш час прытрымліваецца і акадэмік Б.А.Рыбакоў. Ён адводзіць Герадотавым андрафагам таксама Смаленшчыну, тэрыторыя якой у адпаведны час была населена носьбітамі днепра-дзвінскай культуры (смаленскі варыянт). Звернем увагу на ход думкі Б.А.Рыбакова на гэты конт. Ён адштурхоўваецца ад таго, што ў Герадота андрафагі змешчаны на Дняпры-Барысфене вышэй за ўсе іншыя плямёны. А вытокі Дняпра знаходзяцца якраз на тэрыторыі днепра-дзвінскай культуры Смаленшчыны. Грунтуючыся на гэтым, Б.А.Рыбакоў і атаясамлівае яе носьбітаў з андрафагамі. Усё здаецца цалкам слушным, але Б.А.Рыбакоў, мусіць, усё ж не звярнуў увагу на адзін істотны момант. У Герадота зусім не сцвярджаецца, што Барысфен выцякае ад андрафагаў. Наадварот, «бацька гісторыі» знарок падкрэсліў сваю ўласную і агульную ў яго час недасведчанасць наконт таго, у землях якіх плямёнаў пачынаецца Барысфен. «Толькі ў гэтай ракі і ў Ніла я не магу паказаць вытокі і, мяркую, не здатны ніхто з элінаў», - падкрэсліў Герадот. Згодна Герадоту, андрафагам належалі не ўласна вытокі, а толькі верхняе цячэнне Барысфена. А ці адпавядала яно верхняму Дняпру на Смаленшчыне, яшчэ патрабуецца ўдакладніць. Такога ўдакладнення ў Б.А.Рыбакова няма, таму мы паспрабуем зрабіць яго самі. Спашлемся хаця б на тое, што ўжо Сігізмунд Герберштэйн усумніўся ў тым, што пачатак Дняпра паблізу ад Смаленска адпавядае вытоку Барысфена антычных аўтараў. Верхняе цячэнне апошняга, на думку Герберштэйна, ён асабіста бачыў каля Барысава. «Я сапраўды мяркую, - адзначыў Герберштэйн, - што гэтую Бярэзіну ў старажытнасці лічылі Барысфенам, на што, відавочна, паказвае нават і сугучнасць яе назвы. Таму што, калі мы прыгледзімся да Пталемеева апісання, то яно падыдзе значна больш да вытокаў Бярэзіны, чым Барысфен, які зараз называюць Дняпром». Расейскі гісторык Іван Забелін спасылаўся на тое, што ў сярэдзіне XIX ст. у вытоку Бярэзіны існавала возера Берэшта, напэўна, «прабацька» гэтай ракі. «Калі такое тлумачэнне слушнае, - пісаў Забелін, - то адпаведна рака Бярэзіна, агрэчаная ў Барысфен... у Герадотаў час лічылася за верхняе цячэнне самога Дняпра і з-за яе сам Дняпро называўся Бярэзінаю, Барысфенам». Зараз гэтае меркаванне замацавалася. У прыватнасці, пецярбургскі даследчык В.А.Булкін падкрэслівае, што «цяпер не выклікае пярэчанняў той факт, што Барысфен антычных аўтараў, адпавядаючы ў ніжнім і сярэднім цячэнні Дняпру, у сваёй верхняй частцы працягваўся па Бярэзіне». Арыенціроўка Барысфена па Бярэзіне, на яго думку, магла мець адхіленне па Свіслачы. Такім чынам, здаецца, ёсць падставы аддаць перавагу меркаванню аб знаходжанні Герадотавых андрафагаў недзе ў межах сучаснай Меншчыны (разам з Заходняй Віцебшчынай), а не на Смаленшчыне. Не на карысць Смаленшчыны і тамтэйшага ўсходняга варыянта днепра-дзвінскай культуры адносна Герадотавых андрафагаў «працуе», мусіць, і наступнае. Заўважана, што ад заходніх днепра-дзвінскіх помнікаў Віцебшчыны роднасныя ім старажытнасці Смаленшчыны адрознівае адчувальны скіфскі ўплыў.

У выніку гэтага ўплыву ў днепра-дзвінскага насельніцтва Смаленшчыны распаўсюдзіліся не толькі некаторыя тыпы ўпрыгожанняў, але жалезныя прылады працы скіфскага тыпу. «Жалезныя вырабы смаленскіх гарадзішчаў, - меркаваў іх даследчык П.М.Траццякоў, - могуць характарызавацца як «скіфа-дняпроўскія»; відавочна, што «жалезны век» у вобласці Верхняга Падняпроўя склаўся не без удзелу сярэднедняпроўскай жалезнай металургіі». Мусіць, андрафагаў як «племя асобнае і зусім не скіфскае» варта пашукаць па-за межамі ўплыву паўднёвых традыцый. Напрыклад, у басейне Бярэзіны, гэта значыць, паводле Герадота, недзе па верхнім цячэнні Барысфена. На сярэдняй Бярэзіне, а таксама на верхняй Свіслачы А.Мітрафанавым яшчэ ў 1950-я гг. даследаваліся гарадзішчы, безумоўна, найстаражытнейшыя ў гэтай частцы Меншчыны. На жаль, пэўных даных аб часе іх узнікнення атрымаць не ўдалося, але, на думку А.Мітрафанава, гэта адбылося не пазней III ст. да н.э., а магчыма, і раней, каля сярэдзіны I тысячагоддзя да н.э. Даследчык меркаваў, што гарадзішчы каля вёсак Аздзяцічы, Навасёлкі пад Барысавам, Лабеншчына пад Заслаўем утрымліваюць самыя раннія матэрыялы культуры штрыхаванай керамікі, і адзначаў іх адрозненні ад больш позніх. Паступова высвятляецца, што знаходкі ў ніжніх пластах Лабеншчыны і блізкія ім да штрыхаванай керамікі непасрэднага дачынення не маюць. Відавочна, гэтыя помнікі сярэдняй Меншчыны не належалі да названай археалагічнай культуры, а былі больш блізкія іншым. Яны прыкладна ў аднолькавай ступені падобныя і на мілаградскія старажытнасці Гомельшчыны, і на днепра-дзвінскія Віцебшчыны. У прыватнасці, Аўгустоўскае гарадзішча на Лепельшчыне часам разглядаецца як днепра-дзвінскае, а часам аб'ядноўваецца з размешчанымі на поўдзень Аздзяцічамі, Навасёлкамі, Лабеншчынай. На гэтых помніках тыпу ніжніх пластоў Лабеншчыны скіфскі ўплыў зусім неадчувальны. Мусіць, сувязі са скіфамі, у адрозненне ад Смаленшчыны, абміналі таксама і суседнія з імі днепра-дзвінскія паселішчы ў наваколлі Полацка. Для тагачаснай гаспадаркі як на Меншчыне, так і на Віцебшчыне адзначаецца вялікая роля палявання і жывёлагадоўлі, а існаванне земляробства мяркуецца ў форме падсекі. Усе гэтыя заняткі патрабавалі весці рухомы - «вандроўны» - лад жыцця. Найбольш верагодным здаецца меркаванне, што помнікі тыпу ніжніх пластоў Лабеншчыны на Меншчыне і раннія днепра-дзвінскія ў суседняй частцы Віцебшчыны пакінуты андрафагамі. Наяўнасць ці адсутнасць на іх рэшткаў чал'авечых касцей або іншых слядоў канібалізму прынцыповага значэння не мае. Увогуле, Герадотава назва «андрафагі» магла з'яўляцца проста няўдалай грэчаскай перадачай уласнага імя гэтага племені. Так меркаваў Павел Шафарык, які спасылаўся пры гэтым на выпадак з назвай лапараў, ці саамаў. Сапраўды, апошнія разам з роднаснымі ім народамі некалі атрымалі ў славян зняважлівую мянушку «самаядзь», ці «самаеды». Мянушка таксама асацыіравалася з нейкім канібалізмам, а на самой справе проста ў сапсаваным выглядзе перадавала назву «краіна саамаў», на іх уласнай мове: «сааме-еднам».

Не выключана, што ў Герадота таксама прыведзена зняважлівая мянушка, якую далі сваім паўночным суседзям скіфы, толькі ў перакладзе са скіфскай мовы на грэчаскую. «Андрафагі» па-грэчаску - гэта дакладна не «людаеды» (было б «антрапафагі»), а менавіта «мужаеды», ці «паядальнікі мужоў». Дарэчы, гэтая мянушка магла і не мець зневажальнага адцення. Герадот паведаміў, што скіфы называлі ваяўнічых жанчын-амазонак, і, напэўна, з павагай, - «айярпата», што па-элінску значыла «мужазабойца»*. Магчыма, дакладны сэнс Герадотавай назвы «мужаеды» дапаможа высветліць яе параўнанне з прынятымі ў зулусаў Паўднёвай Афрыкі найменнямі «паядальнік крааляў»**, «паядальнік правадыроў» і да т. п. Славуты зулускі ваяр Чака поклічам «Нгадла!» («Я пад'еў!») адзначаў свае перамогі. Усё гэта зусім не прадугледжвала літаральнага канібалізму. Нарэшце, магчыма таксама, што Герадотава назва «андрафагі» проста з'яўлялася літаратурным эпітэтам, як і вельмі папулярныя ў антычны час вызначэнні народаў і плямёнаў накшталт «галактафагі» («тыя, хто харчуецца кіслым малаком») у дачыненні да кімерыйцаў, «фцірафагі» («паядальнікі шышак») у дачыненні да будзінаў, «гіпафагі» («каняеды») удачыненніда сарматаў. Мяркуюць, што другое імя Герадотавых андрафагаў згадвалася ў страчаным творы яго сучасніка Геланіка.

* Такі варыянт перакладу падтрыманы мовазнаўцам В.І.Абаевым.

** Крааль - паселішча ў паўднёваафрыканскіх жывёлаводаў і адначасова - частка племені ці клана; род.

Калі даваць веру пераказу, зробленаму праз тысячу гадоў пасля Геланіка Сцяфанам Візантыйскім, на месцы андрафагаў у тым творы згадвалася іншая назва. Сцяфан цытуе так: «Амадокі - скіфскае племя, якое згадвае Геланік у сачыненні «Аб Скіфіі». Зямля іх завецца Амадокіяй». У Пталемеевай «Геаграфіі» пры апісанні Азіяцкай Сарматыі нейкі «народ мадокі» размешчаны недзе на самай поўначы, побач з гіпербарэямі. Цікава, што ў Паўсаніевым «Апісанні Элады» гаворыцца пра героя па імені Амадок, які прыйшоў у свяшчэнныя Дэльфы нібы таксама ж з паўночнай краіны гіпербарэяў. А таямнічая «гара Гіпербарэя Рыфея» часам змяшчалася недзе каля вытокаў Барысфена, гэта значыць у межах сучаснай Беларусі...

 

ВАКОЛ «ГІЕРБАРЭІ РЫФЕІ»

 

Мы пакінулі Герадотавы плямёны ў V ст. да н.э. Але з усімі імі мы сустрэнемся, і не аднойчы, калі звернемся да твораў паслядоўнікаў «бацькі гісторыі». Відавочна, сувязі з гэтымі барбарамі не губляліся, і падарожнікі, што вярталіся ў пантыйскія гавані, прывозілі новыя звесткі аб звычаях, зусім непадобных ні на элінаў, ні на рымлян, ні на карфагенян, ні на нейкі іншы народ Міжземнамор'я плямёнаў. Аб дзіўных рэчах, што можна было ўбачыць у іх землях.

...І чаго толькі не плятуць купцы ў тавернах Ольвіі, Херсанэса, Пантыкапея, любога прычарнаморскага горада, што вядзе прыбытковы гандаль з барбарскімі землямі! Вось той калматы, нібы скіф, баспорскі гандляр гучна апавядае пра нейкіх там цісагетаў, ад якіх ён толькі што вярнуўся. Але добра ўжо п'яны субяседнік зусім не слухае баспорца і сам спрабуе нешта ўставіць аб дзіўнай жывёліне, якую ён быццам бы на ўласныя вочы - хай будзе сведкам Зеўс-кідальнік маланак! - бачыў мінулым летам у краіне неўраў...

Такія звесткі траплялі не толькі да Герадота. Нешта падобнае нібыта запісаў, між іншым, і славуты антычны філосаф Арыстоцель. У пераказе выпадкова захаваўся фрагмент з нейкага невядомага яго твора. «Арыстоцель гаворыць, - сказана там, - што ў краіне неўраў быкі маюць рогі на плячах... што ў быкоў у краіне неўраў «рогі і вушы вырастаюць з аднаго месца, і звязаны між сабою». У Плутарха таксама захаваліся звесткі, якія адсутнічаюць у Герадота. «Цісагеты, - гаворыць ён, - ахвяруюць багам косткі, а мяса (ахвярнай жывёлы) з'ядаюць самі». Але даных, якія не дапаўняюць, а супярэчаць звесткам «бацькі гісторыі», непараўнальна больш. Звернем увагу, напрыклад, на наступны характэрны выпадак. Згодна Герадоту, самым культурным племенем у Скіфіі былі гелоны. «Бацька гісторыі» меркаваў нават, што яны мелі не барбарскае, а элінскае паходжанне: «Гелоны ж у старажытнасці - гэта эліны, якія пакінулі гавані і пасяліліся ў будзінаў. Размаўляюць яны часткова па-скіфску, часткова па-элінску». Мусіць, уражанне аб элінскім паходжанні і нават мове гэтага племені склалася ў Герадотавых інфарматараў з-за цывілізаванага, набліжанага да грэчаскага ладу жыцця, што назіраўся імі ў гелонаў. Сапраўды, у Герадотаў час ніхто з барбараў Скіфіі, апрача гелонаў, не меў сапраўдных гарадоў. Апрача элінскіх калоній на поўнач ад Чорнага мора «бацька гісторыі» згадвае толькі адзін горад, і, мяркуючы па ўсім, буйны. Гэта Гелон. Напэўна, яго наведвальнікам гелонскі горад здаваўся падобным на грэчаскі, хоць і быў ён пабудаваны не з каменю, а з дрэва. Здаваліся тоеснымі алімпійскай рэлігіі грэкаў нават вераванні гараджан-гелонаў. «Там, - сцвярджаў Герадот, - ёсць храмы элінскіх багоў, упрыгожаныя па-элінску драўлянымі статуямі, альтанкамі і наасамі». Магчыма, рэшткі аднаго такога храма ўжо знойдзены - на адным з самых цікавых паселішчаў Скіфіі Бельскім гарадзішчы ў Палтаўскай вобласці. Свяцілішча, упрыгожанае калонамі, мела значныя памеры: аж 40 х 260 м. Вельмі буйныя памеры і самога Бельскага гарадзішча, дакладней, трох, з'яднаных разам, - 152 гектары! Апрача звычайных, так званых хатніх промыслаў, ганчарства, ткацтва, дрэваапрацоўкі, на Бельскім гарадзішчы квітнелі здабыча з руды жалеза і кавальства, відавочна яно з'яўлялася буйным вытворчым цэнтрам. Сапраўдны горад! І нездарма харкаўскі археолаг Б.А.Шрамко назваў прысвечаную сваім даследаванням гэтага помніка кнігу менавіта так: «Бельскае гарадзішча скіфскай эпохі (горад Гелон)». Насуперак і археалагічным, і Герадотавым звесткам, у пісьменнікаў наступных стагоддзяў гелоны сустракаюцца сярод іншых плямёнаў Скіфіі як барбары і дзікуны, вартыя параўнання толькі з людаедамі. Побач з антрапафагамі, дарэчы, і змешчаны гелоны ў рымскага вучонага Пампонія Мелы. «Гелоны, - гаворыць Мела, - пакрываюць чалавечай скураю сваіх коней і саміх сябе; першых - скурай з астатняга цела, а сябе - скурай з галавы». «Хараграфія» Мелы была напісана ў сярэдзіне I ст. н.э., праз паўтысячы гадоў пасля Герадотавай «Гісторыі». Няўжо за гэты тэрмін гелоны сапраўды цалкам дэградавалі і страцілі ўсе свае культурныя дасягненні? Апрача Мелы, гэта быццам бы засведчана і Гаем Юліем Салінам. У Салінавай «Калекцыі славутасцей» (пачатак III ст. н.э.) таксама падкрэсліваецца «надзвычайнае дзікунства» гелонаў, гаворыцца аб звычаі выкарыстоўваць скуру забітых ворагаў на конскія гунькі і г.д. Салін адзначыў, што гелоны - «бліжэйшыя суседзі» неўраў. Аб суседстве гэтых плямёнаў («...за імі (жывуць)...гелоны з неўрамі...») гаворыцца і ў лацінскага пісьменніка V ст. н.э. Прысцыяна.

Атрымліваецца, што ў часы пасля Герадота яго гелоны не толькі здзічэлі, але і перасяліліся некуды далёка на захад ад тых мясцін, дзе іх адзначыў Герадот. У яго гелоны змешчаны каля ўсходняй мяжы Скіфіі, паблізу ад суседніх з ёй саўраматаў. Паводле «бацькі гісторыі», шлях да славутага горада Гелона пачынаўся ад самага дальняга вугла Меатыда» (гэта значыць ад Таганрогскага заліва Азоўскага мора) і перасякаў раку Танаіс (Дон).

Неўры ж у Герадота, як мы ўжо высветлілі вышэй, звязаны з зусім іншай ракой, не на ўсходзе, а на захадзе Скіфіі. Рака неўраў у Герадота - гэта Паўднёвы Буг, антычны Гіпаніс, а ў Саліна - ужо Барысфен - наш Дняпро. Увогуле, гэтыя «неўры, у якіх (бярэ пачатак) Барысфен», адзначаны і ў творах іншых аўтараў познерымскай эпохі, напрыклад у «Геаметрыі» Марціна Фелікса Капэлы. «Гісторыя» Аміяна Марцэліна (IV ст. н.э.) больш вядома, і звесткі яе аб неўрах, ці нервіях, яшчэ цікавейшыя. У Марцэліна аб нервіях і Барысфене мы прачытаем наступнае: «Затым Барысфен, што бярэ пачатак у гарах нервіяў; (ён) багаты на першапачатковыя крыніцы, і (робіцца) яшчэ большы з-за ўтоку ў яго многіх рэк, (потым) уліваецца ў мора сваімі імклівымі хвалямі...» Па звестках Аміяна Марцэліна, неўраў трэба змяшчаць не на Гіпанісе, а ў Верхнім Падняпроўі, гэта значыць у нас у Беларусі. Недзе недалёка ад Менска трэба шукаць і Марцэлінавы «горы нервіяў» - таму што вытоку антычнага Барысфена адпавядае наша Бярэзіна. Удакладнім: па Марцэліну, Барысфен пачынаўся зусім не з пагоркаў ці ўзвышшаў. Яго «нервы» - «суседзі высокіх абрывістых гор, на якіх усё дубее ад марозу і шалёных паўночных вятроў». Дарэчы, лад жыцця «скіфскіх» у шырокім сэнсе плямёнаў паміж Істрам-Дунаем і Меатыдай - Азоўскім морам падобным жа чынам уяўляў сабе, мяркуючы па яго «Буколіках», і рымскі паэт Вергілій. «Там вечная зіма, і вечна дзьмуць халодныя вятры», - сустракаем мы ў «Буколіках» тоеснае Марцэліну. - «... Між тым снег ідзе па ўсім паветры; гінуць чароды, вялізныя тушы быкоў стаяць сярод снягоў, і алені вязнуць у снегавых гарах, адкуль ледзь бачныя вершаліны іх рагоў... А жыхары бавяць свой час у вырытых глыбока пад зямлёй пячорах, дзе прыкатваюць да вогнішчаў сабраныя дубы і цэлыя вязы і паляць іх у агні. Тут яны бавяць ночы ў гульнях, і весела ў кубках мяняюць віно на кумыс і кіслы рабінавы сок. Гэта вольнае племя, што пад гіпербарэйскай (зоркай) Мядзведзіцай паражаецца подыхам рыфейскага ветру і прыкрываецца калматым рудым футрам». Слушна заўважыў англійскі даследчык Дж. Томсан наконт таго, што рымскія паэты пісалі пра гэтых «скіфаў» так, нібы тыя былі эскімосамі... Да нервіяў у Аміяна Марцэліна, апрача гелонаў, далучаюцца таксама агафірсы, якія ў Мелы і Саліна названы «размаляванымі» (татуіраванымі), а ў Дзіянісія Перыягета, аўтара II ст. н.э., - «халоднымі». Падставы, каб зрабіць «халодных» агафірсаў суседзямі неўраў у Дзіянісія, дарэчы, былі. У Герадота абодва племені змяшчаліся таксама побач, і з Неўрыды можна было трапіць непасрэдна да агафірсаў. Калі перанеслі з Гіпаніса на Барысфен неўраў, то тамсама мусілі апынуцца і агафірсы... Горы, дзе меркаваўся пачатак Барысфена, часцей называлі не «гарамі нервіяў», а «рыфейскімі» (Дзіянісій Перыягет, Прысцыян і інш.). У Юлія Ганорыя ў «Касмаграфіі» (V ст. н.э.) так і адзначалася: «Рака Барысфен пачынаецца з гары Гіпербарэя Рыфея...»

Такім чынам, наконт вытокаў Барысфена ў познерымскую эпоху пераважалі іншыя меркаванні, чым у Герадотаву. «Бацька гісторыі» падкрэсліваў, што іх, як і вытокі Ніла, не ведае ніхто з элінаў. А ў часы закату Рымскай імперыі вытокі Барысфена ўжо нібы вызначаны: у нейкіх гарах, высокіх і сцюдзёных, ці то нервіевых, ці то Рыфейскіх, ці нават Гіпербарэйскіх, населеных «нервіямі», «дзікімі гелонамі» і «халоднымі» агафірсамі. Мы бачылі вышэй, што Герадотавы звесткі аб рассяленні плямёнаў атрымліваюць пацвярджэнне ў выніку археалагічных даследаванняў. Але ж пакуль што мы не знайшлі падстаў, каб цалкам адхіліць супрацьлеглыя даныя.

...Каля сяла Пясчанае недалёка ад Кіева аднойчы пачалі распрацоўваць тарфянік. І раптам у торфе адкрыліся рэшткі чоўна, нагружанага бронзавым посудам несумненна грэчаскай вытворчасці. Амфары, гідрыі, сітулы V ст. да н.э. не трапілі ў выніку нейкага здарэння да спажыўцоў, човен з усім грузам апынуўся на дне ракі Супой, быў зацягнуты ў мул, які потым ператварыўся ў торф. Нейкі гандляр пацярпеў сур'ёзную страту і добра, калі выратаваў уласнае жыццё. Але старажытных купцоў верагоднасць падобнага не спыняла. Вядомы прадпрымальны характар элінскіх гандляроў, іх здольнасць пайсці на рызыку, калі гэта абяцала прыбыткі. Мусіць, некаму з іх удалося падняцца вышэй па Дняпры, абмінуўшы месца ўпадзення рэчкі Супой. Ажно да самых дняпроўскіх вытокаў, дзе жылі зусім недасведчаныя тубыльцы, якія за дробязь, шкляную пацерку аддавалі цудоўнае футра бабра ці выдры. Такі гандляр багатым вяртаўся ў свой горад, дзе яго апавяданні аб паўночных землях мог нехта запісаць. Увогуле, шлях ад Ольвіі да вытокаў Бярэзіны ў шмат разоў карацейшы, чым ад Масаліі* да шатландскага ці скандынаўскага берага. Адважны Піфей Масалійскі, між іншым, бачыў і потым апісваў тое, чаго зусім няма ў Герадота. У «бацькі гісторыі», у прыватнасці, мы не знойдзем ні слова пра «ульціма Туле» - крайні Туле, які Піфей хутчэй за ўсё бачыў на ўласныя вочы, калі яго карабель ішоў уздоўж Скандынавіі. «Далей, - гаворыць Піфей, - ужо не было нічога: ні мора, ні зямлі, ні паветра». Піфей мусіў вярнуцца, каб расказаць пра ўбачанае, і на стагоддзі атрымаць рэпутацыю падманшчыка. Антычным навукоўцам было больш зручна пагадзіцца з існаваннем ледавіковых велічэзных гор пры вытоках Барысфена, чым паверыць у рэальнасць сцюдзёнага мора, адкрытага Піфеем. Пра вялікія горы, дзе пачынаюцца рэкі, гаварыў яшчэ Гекацей. Што хочаш пачуць, тое і чуеш...

* Грэчаскі горад на месцы сучаснага Марселя.

А наш мяркуемы гандляр-падарожнік мог расказваць усяго толькі пра Менскае ўзвышша, якое ператварылася, адпаведна Гекацеевай ідэі, у горны хрыбет Рыфея, ці Гіпербарэя Рыфея. Канешне, наваколле гэтых гор трэба было «насяліць» адпаведнымі плямёнамі. У Дзіянісія Перыягета і Прысцыяна, напрыклад, каля вытокаў Барысфена побач з агафірсамі, гелонамі і неўрамі апынаюцца нейкія «багатыя канямі агавы», «гіпемолгі» (даіцелі кабыл), нават «гіпаподы» (тыя, хто маюць конскія ногі). Цяжка паверыць, што гэта сапраўдныя народы, якія сапраўды жылі на Бярэзіне ў II-V стст. н.э. Ужо самыя іх назвы, надта архаічныя, здаюцца проста запазычанымі, магчыма, у Гамера. У «Іліядзе» гаворыцца пра «дзіўных мужоў гіпемолгаў». Міфалагічнае паходжанне часткі Дзіянісіевых звестак аб наваколлі вытокаў Барысфена асабліва падкрэслівае наступнае. Перыягет, а ўслед за ім і Прысцыян, згадваюць пра «плыні Алдэска» (ці «Ардзіска»), што нібыта збягаюць з Рыфейскіх гор. Пра раку Ардэск, народжаную ад Ціфіі і Акіяна, гаворыцца ў міфалагічнай паэме Гесіёда «Радавод багоў», створанай яшчэ ў VII ст. да н.э. З падобнымі архаічнымі ўяўленнямі Дзіянісій Перыягет спалучыў непараўнальна больш познія звесткі. Апрача гіпемолгаў Гамераўскай эпохі ён «зрабіў» сучаснікамі Герадотавых неўраў паўночнапрычарнаморскія плямёны перыяду ранняй Рымскай імперыі. «На поўнач ад Істра, - чытаем мы ў Дзіянісія Перыягета, - жыве мноства плямёнаў, аж да вусця Меатыйскага возера»*: германцы, са(р)маты, геты і бастарны, невымяральная зямля дакаў, і храбрыя аланы, таўры...» Гэты ж самы спіс плямёнаў мы сустрэнем і ў пазнейшых рымскіх аўтараў, а таксама ў Плініевай «Натуральнай гісторыі». Несумненна, што Дзіянісій Перыягет запазычыў гэты пералік менавіта ад Гая Плінія Старшага, а ўсе астатнія гэта паўтарылі. А між тым, у прыватнасці, Прысцыяну на мяжы V-VI стст. н.э. зусім не след было сцвярджаць, што бастарны ўсё яшчэ існуюць побач з дакамі. Тыя і другія тады ўжо сышлі з арэны гісторыі, саступіўшы месца іншым плямёнам. А ў Плініевай «Натуральнай гісторыі», завершанай недзе каля 77 г. н.э., падобны пералік выглядае зусім дарэчы. У 50-60-х гг. н.э. германцы-бастарны і сармацкія раксаланы прайшлі праз тэрыторыю гетаў на паўночным беразе Істра-Дуная, пераправіліся праз яго і здзейснілі напады на рымскую правінцыю Мёзія**. «Калі прыходзяць конныя атрады (раксаланаў), аніякі строй не ў стане ім супрацьстаяць», - наракаў адзін рымскі вайсковец. Паўночнапрычарнаморскія барбары ў пачатку той вайны сапраўды знішчалі адразу цэлыя кагорты рымскіх легіянераў. Рымляне атрымалі выпадак добра пазнаёміцца з гэтымі небяспечнымі суседзямі, і Пліній проста выкарыстаў агульнавядомыя ў той час звесткі. Месца для састарэлых даных ці нейкіх фантазій, такім чынам, тады не было. Пасля Плінія апісанні паўночнапрычарнаморскіх плямёнаў нярэдка зарыентаваны на ніжэйшы ўзровень патрабаванняў. У II ст. на Мёзію замест раксаланаў і бастарнаў рабілі напады аланы, у III ст. - готы, з IV ст. - гуны, але рымскія гісторыкі нібы і не ведалі пра гэтыя змены, зноў і зноў перапісваючы Плінія. Як, дарэчы, і Герадота і нават Гамера. Нездарма Дж. Томсан гаворыць аб дэградацыі геаграфічных ведаў у эпоху заняпаду Рымскай імперыі. У тагачасных аўтараў нярэдка атрымліваўся своеасаблівы кактэйль з вельмі разнастайных звестак, зусім не адпавядаючых рэчаіснасці.

* Гэта значыць да Керчанскага праліва.

** Паўночна-ўсходняя частка цяперашняй Балгарыі.

Адна недакладнасць чаплялася за другую. Паглядзім, напрыклад, якім чынам «здзічэлі» ў іх гелоны. У Герадота даецца апісанне ўласцівага стэпавым скіфам звычаю скальпіравання ворагаў: «Скуру ён (скіф) здзірае з галавы (забітага ворага) такім чынам. Зрабіўшы кругавы надрэз і схапіўшы галаву, вытрасае чэрап, затым, ачысціўшы скуру рабром быка ад мяса, ён размінае яе рукамі і карыстаецца (скальпам), як хусткай...» А згаданы вышэй Пампоній Мела лічыў гелонаў племенем скіфаў і аднёс адпаведныя Герадотавы звесткі выключна на іх рахунак. Напэўна, дзякуючы зноў жа менавіта яму неўры «перайшлі» з вытокаў Гіпаніса да вытокаў Барысфена. Увогуле, адносна апошніх Мела яшчэ дакладна прытрымліваецца Герадота. У яго «Хараграфіі» наконт Барысфена сказана, што гэтая рака «цячэ здалёку і бярэцца з невядомых крыніц...». Але адносна вытокаў Ціраса-Днястра Мела ўжо дазволіў сабе крышачку адхіліцца ад паведамлення «бацькі гісторыі». У «Хараграфіі» сцвярджаецца, што Цірас непасрэдна «бярэ пачатак у зямлі неўраў». Герадот, аднак, адзначыў пачатак гэтай ракі не ў Неўрыдзе, а на сумежжы краіны неўраў і Скіфіі. Дзякуючы Меле, напэўна, узнікла меркаванне аб сувязі з вытокамі ракі, ці то Ціраса, ці то Гіпаніса, ці то нейкай іншай. З неўрамі пачатак Барысфена ўпершыню звязаў, відаць, Пліній. Ужо даўно высветлена, што ў яго «Натуральнай гісторыі» новыя і дакладныя звесткі накшталт запазычаных з афіцыйнай мапы Рымскай імперыі і навакольных зямель, складзенай пры Актавіяне Аўгусце Віпсаніем Агрыпай, чаргуюцца з безнадзейна на той час састарэлымі, Герадотавай ці нават дагерадотавай эпохі. Па састарэлых даных Пліній складаў свае апісанні больш аддаленых зямель, тады як у дачыненні да сумежных з імперыяй тэрыторый ён звычайна карыстаўся сучаснымі звесткамі. Зразумела, што ў Плініеў час на Гіпанісе ніякіх неўраў ужо не было, і гэтую раку разам з вытокамі ён адводзіць племені аўхетаў. Неўрам застаецца больш аддалены ад межаў імперыі выток Барысфена. У «Натуральнай гісторыі» мы сустракаем наступнае: «...аўхеты, ва ўладаннях каторых бярэ пачатак Гіпаніс, неўры, ад якіх выцякае Барысфен, затым гелоны, цісагеты, будзіны, басіліды* і цёмнавалосыя агафірсы: вышэй іх жывуць намады, потым антрапафагі». Заўважым, што гэты «ланцуг» плямёнаў на поўнач ад Чорнага мора прыпадае ў Плінія на тое ж самае месца, дзе ён змясціў таксама раксаланаў, бастарнаў («басцярнеяў»), аорсаў-сарматаў - сваіх рэальных сучаснікаў. Плінія, мусіць, мала турбавала тое, што сучасны яму пералік плямёнаў выключае правамоцтва састарэлага. Апошні, увогуле, трэба разглядаць як досыць сапсаваны спіс плямёнаў Скіфіі і наваколля, узяты ў Герадота. Да таго ж, аўтар «Натуральнай гісторыі», на жаль, зблытаў дзве ракі, Паўднёвы Буг і Кубань, якія ў антычную эпоху мелі аднолькавую назву Гіпаніс. У Плінія размова пачынаецца быццам бы з Буга, са слушнай заўвагі, што Гіпаніс упадае ў адзін заліў з Барысфенам, гэта значыць у Днепра-Бугскі ліман. Ён спачатку адмаўляе нават само існаванне другога Гіпаніса, таму што падкрэслівае: «... вельмі памыляюцца тыя, хто перадае аб знаходжанні гэтай ракі ў азіяцкай частцы (Скіфіі)». Але потым Пліній тым не менш гаворыць, што Гіпаніс упадае ў Карэт, заліў Меатыды, а да таго цячэ праз Скіндскую (азіяцкую) Скіфію. Тут, безумоўна, ён меў на ўвазе менавіта Кубань. Трэба дадаць, што, на думку, у прыватнасці, Л.А.Ельніцкага, з Прыкубання ў наваколле Ольвіі Пліній «перанёс» Ахейскую гавань і племя сіракаў. Мяркуецца, што племя аўхетаў у яго таксама «перанесена» на Паўднёвы Буг з Паўночнага Каўказа... Як бачым, у «Натуральнай гісторыі» мусілі «вандраваць» з ракі на раку не адны толькі неўры.

* Басіліды - «царскія», ці сапраўдныя скіфы (ад грэчаскага «басілеўс» - цар).

Такім чынам, міжволі складаецца ўражанне, што неўры на Барысфене, а разам з імі агафірсы, гелоны і інш. - гэта тыповае кабінетнае «адкрыццё», вынік скажэння першапачатковых Герадотавых звестак. Механізм «з'яўлення» гэтых плямёнаў у I-V стст. н.э. усярэдзіне сучасных беларускіх зямель здаецца даволі зразумелым. Увогуле, не варта, мусіць, цалкам адмаўляць існаванне нейкай ананімнай крыніцы інфармацыі аб гэтых землях. Пазней Герадота іх тэарэтычна мог наведаць нейкі Піфеяў калега, першапраходзец шляхоў па рэках. Але ў гэтым выпадку даводзіцца меркаваць, што яго звесткі да нас практычна не дайшлі. Аб высокіх гарах каля вытокаў Барысфена, нароўні з Гекацеем, магло гаварыць, дарэчы, і нейкае скіфскае паданне. Прынамсі, у роднасных скіфам старажытных іранцаў існаваў міф аб велічэзнай гары Хара Беразайці («Высокая Хара»), якая меркавалася недзе на поўначы. У «Авесце», свяшчэннай кнізе зораастрыйцаў, сцвярджаецца, што менавіта з Хары бяруць пачатак усе рэкі Зямлі. Параўнаем гэта з адным сюжэтам з Арыстоцелевай «Метралогіі». «Пад самай поўначчу, вышэй апошніх рубяжоў Скіфіі знаходзяцца, - гаворыць вялікі філосаф, - так званыя Рыпы, аб велічыні якіх перадаюць зусім неверагодныя чуткі. Адтуль, паведамляюць, цякуць многія і пры гэтым самыя вялікія з іншых рэк (Скіфіі) пасля Істра». Напэўна, Хара і Рыпы - нешта блізкае і аднолькава міфалагічнае. Арыстоцелева паведамленне, на нашу думку, магло грунтавацца на ўяўленнях як элінаў, так і скіфаў. Па велічыні сярод рэк Скіфіі пасля Істра звычайна называлі Барысфен; мусіць, яго і меў на ўвазе Арыстоцель. З Барысфенам было прынята параўноўваць Танаіс. Танаіс, паводле Плінія, пачынаўся ў тых жа самых міфічных Рыфейскіх гарах. Гэта шмат стагоддзяў паўтаралася шматлікімі Плініевымі паслядоўнікамі. У раннехрысціянскага пісьменніка Філасторгія такое архаічнае ўяўленне арыгінальна спалучалася з новымі звесткамі - аб навале на Эўропу ў IV ст. н.э. ордаў гунаў. Аб тых драматычных падзеях у Філасторгіевай «Царкоўнай гісторыі» гаворыцца так: «Скіфы, што жылі за Істрам (гэта значыць готы), з-за нашэсця на іх унаў (гунаў) падняліся з радзімы і пераправіліся мірна на Рымскую зямлю. Уны, верагодна, той самы народ, які старажытныя аўтары называлі неўрамі, яны жылі (раней) каля Рыфейскіх гор, адкуль коціць свае воды Танаіс, што ўліваецца ў Меатыйскае возера». Дзякуючы Філасторгію можна ўбачыць, як канчаткова аформілася літаратурная легенда. Неўры «ператварыліся» ў гунаў, Барысфен - у Танаіс... Надта ж вялікая адлегласць аддзяляе гэтую легенду ад Герадотавай «Гісторыі» - адной з першакрыніц звестак аб неўрах, Барысфене, Танаісе. Неўры, гелоны, гіпемолгі і іншыя персанажы падобных легенд, канешне, не маглі з'яўляцца сапраўднымі сучаснікамі рымлян.

 

СУЧАСНІКІ РЫМЛЯН. БАСТАРНЫ, ВЕНЕТЫ, ФЕНЫ, ГОТЫ

 

Аўтарытэт «бацькі гісторыі» быў такі вялікі, што на працягу многіх стагоддзяў да самага канца антычнасці, і нават пазней, Герадотавы звесткі актыўна выкарыстоўваліся. Нягледзячы на тое, што размяшчэнне плямёнаў у межах былой Скіфіі і ў яе наваколлі паспела ўжо кардынальна змяніцца, многія' старажытныя аўтары ўпарта імкнуліся неяк прыстасаваць да свайго часу даныя, атрыманыя яшчэ «бацькам гісторыі». Яскравы прыклад гэтаму дае Плініева «Натуральная гісторыя». Пліній увогуле прынцыпова аддаваў перавагу ўсяму старажытнаму перад сучасным. Але яшчэ да Плінія з'явілася іншая, дарэчы, занадта крытычная ацэнка Герадотавай «Гісторыі». Так, Страбон лічыў Герадота адным са «складальнікаў міфаў», што «намалоў нам шмат небыліц».

Чым жа «бацьку геаграфіі» (ганаровая мянушка Страбона) так не дагадзіў «бацька гісторыі»? Справа, мусіць, у тым, што Страбон быў чалавекам зусім іншай, ужо рымскай эпохі і, галоўнае, сведкам новага, паўторнага знаёмства прадстаўнікоў антычнага міжземнаморскага свету з краінамі барбараў на поўнач ад Понту Эўксінскага. У Міжземнамор'і замест элінаў пачалі дамінаваць рымляне; у Прычарнамор'і з'явілася Сарматыя. Ва ўладанні скіфаў засталіся толькі нізоўі Дняпра і Крым, дзе непадалёк ад сучаснага Сімферопаля ўзнікла сталіца іх дзяржавы Неапаліс Скіфскі. З сарматамі гэтыя познія скіфы варагавалі, часта вялі ўпартыя войны. Не дзіўна, што Страбона абуралі аўтары, паводле якіх нібы нічога і не мянялася ад часоў Герадотавых. За кампанію ад Страбона перапала і іх улюбёнаму «бацьку гісторыі»...

Не пагаджаючыся з Герадотам, Страбон спасылаецца на іншыя крыніцы дакладных, на яго погляд, звестак. «(Гэта) Мітрыдат, празваны Еўпатарам, і яго палкаводцы пазнаёмілі нас з краінамі, што ляжаць за ракой Цірасам да Меатыйскага возера», - чытаем мы ў славутай Страбонавай «Геаграфіі». Хто такі Мітрыдат і чаму менавіта дзякуючы яму антычны свет мусіў аднавіць сваё знаёмства з паўночнымі барбарамі? Мітрыдат Еўпатар, цар Пантыйскі, смяротны вораг Рыма. Вораг жорсткі, які не спыняўся перад пагалоўным знішчэннем усіх асоб рымскага і нават італійскага паходжання ў межах сваіх уладанняў. Супраць Мітрыдата рымляне мусілі весці аж тры вайны (89-63 гг. да н.э.). Мітрыдат здолеў, праўда на кароткі час, падпарадкаваць сабе ўсю Малую Азію, нават заваяваць Эладу. Для Рыма ўзнікла пагроза як мінімум страты свайго кантролю над усходняй паловай Міжземнамор'я. Гэтыя Мітрыдатавы поспехі, як лічаць даследчыкі, тлумачацца таксама тым, што ён здолеў мабілізаваць на барацьбу супраць Рыма велізарныя матэрыяльныя і людскія рэсурсы Паўночнага Прычарнамор'я. Значная частка пантыйскага войска складалася менавіта з паўночнапрычарнаморскіх барбараў.

Перад пачаткам ваенных дзеянняў пасол цара заявіў рымлянам наступнае: «Ён (Мітрыдат) мае сяброў, якія гатовы на ўсё, што б ён ім ні загадаў - скіфаў, таўраў, басцернаў, сарматаў і ўсіх вакол Танаіса і Істра і яшчэ Меатыйскага возера». Далей у 12-й кнізе «Рымскай гісторыі» ў Апіяна, аўтара II ст. н.э., паведамляецца, што Мітрыдат нават парадніўся з паўночнымі барбарамі, аддаўшы за іх правадыроў пантыйскіх прынцэс - сваіх дачок. Адзначым, што ўсе саюзнікі-барбары заставаліся адданымі цару аж да яго гібелі, тады як уласны Мітрыдатаў сын здрадзіў яму і перайшоў на бок рымлян.

Не паспелі скончыцца Мітрыдатавы войны, як каля Понта ўзнялася новая магутная сіла, пагражаючая рымскаму панаванню. Роднасныя Герадотавым фракійцам ваяўнічыя геты на тэрыторыі сучаснай Румыніі ў сярэдзіне I ст. да н.э. аб'ядналіся ў магутны саюз на чале з Бірэбістай. «Ён пачаў унушаць жах нават рымлянам, - гаворыць пра Бірэбісту Страбон. - Ён без боязі пераходзіў Істр, разарыўшы Фракію аж да Македоніі і Ілірыі, ён разарыў таксама краіну ... (скардзіскаў), а бойяў і таўрыскаў* зусім знішчаў». Геты на ўсходзе даходзілі да Дняпра, дзе яны захапілі і разрабавалі Ольвію. Павесці рымскія легіёны на Бірэбісту планаваў сам Юлій Цэзар, але яны абодва памерлі амаль адначасова. Пазней нашчадкаў гетаў-дакаў скарыў рымскі імператар Траян. Рымляне здолелі таксама замацавацца на паўночначарнаморскім узбярэжжы. Баспор трапляе ў залежнасць ад Рыма. Цары Баспора мусілі нават атрымліваць абавязковае зацвярджэнне ад Рыма. Яны пры гэтым дадавалі да сваіх асабістых імёнаў рымскія - Ціберыяў, Юліяў. У I ст. н.э. на крымскім мысе Ай-Тадор рымляне пабудавалі крэпасць («кастэл») Харакс, а ў Херсанесе, Ольвіі і Ціры трымалі свае гарнізоны. Такім чынам, яны самі зрабіліся суседзямі тых загадкавых барбараў, з чыіх зямель цяклі ў Понт Цірас, Гіпаніс і Барысфен.

* Скардзіскі, бойі і таўрыскі - усходнеэўрапейскія плямёны кельцкага паходжання.

Істотнае пашырэнне магчымасцей атрымання дакладнай інфармацыі аб насельніцтве ўнутраных зямель Усходняй Эўропы ў рымскую эпоху было абумоўлена таксама наступным. У адрозненне ад элінаў, што не давалі веры Піфею, рымляне пайшлі па яго слядах і даведаліся аб існаванні, апрача ўнутранага, Міжземнага, яшчэ аднаго, знешняга мора з супрацьлеглага боку Эўропы. Пры гэтым Скандынавія ўспрымалася імі як востраў. У 5 г. н.э. рымская эскадра адмірала Ціберыя дайшла да мыса Скаген на самай поўначы Ютландскага паўвострава.

Мусіць, Пліній меў права сцвярджаць, што «адтуль было прасочана ці вызначана па чутках вялікае мора, якое цягнецца да скіфскіх берагоў і да абласцей, абледзянелых з-за залішняй вільготнасці». Трохі пазней, але таксама пры жыцці аўтара «Натуральнай гісторыі», рымляне выйшлі да Балтыкі і сухім шляхам, які атрымаў назву «бурштынавага». «Яшчэ і сёння жывы рымскі коннік, які быў адасланы туды Юліянам, каб высветліць стан спраў, калі той павінен быў падрыхтаваць усё для гладыятарскіх гульняў імператара Нерона. Пры гэтым ён аб'ехаў тамтэйшыя факторыі і берагі і прывёз столькі бурштыну, што ім былі засыпаны сеткі і агароджы подыума ад дзікіх звяроў; насілкі для мёртвых і ўсе святочныя ўпрыгожанні ўсыпаны былі таксама бурштынам. Самы вялікі з прывезеных ім кавалкаў важыў 13 фунтаў». Паспяховае і прыбытковае падарожжа, канешне, выклікала жаданне паўтарыць яго. Магчыма, з падобнымі «бурштынавымі» вандроўкамі звязана з'яўленне скарбаў рымскіх манет, якія знойдзены ў Польшчы, Летуве і ў нас у Беларусі ў вадазборах рэк балтыйскага басейна. Герадот не даваў веры чуткам аб рацэ Эрыдан, якая нібыта прыносіла бурштын. Але ў рымскую эпоху сталі вядомыя назвы шмат якіх бурштынавых рэк, што цякуць з поўдня на поўнач, да «Венедскага заліва», гэта значыць Балтыйскага мора.

Аміян Марцэлін апрача Віслы («Вісулы») называе таксама Хроній, у якім прынята бачыць Нёман. Яшчэ некалькі рэк, што ўліваюцца ў Балтыку, згадваюцца ў «Перыпле* знешняга мора», напісаным Маркіянам Гераклейскім каля 400 г. н.э. «Гэтыя рэкі, - паведамляе Маркіян, - уліваюцца ў Венедскі заліў, які пачынаецца ад ракі Вістулы і займае велічэзную прастору. За ракой Рудонам знаходзіцца вусце ракі Турунта, а за ракой Турунтам ідзе рака Хесін і яе вусце». Мяркуюць, што Маркіянаў Рудон тоесны Заходняй Дзвіне; Турунт і Хесін дакладна ідэнтыфікаваць цяжка. Іх вытокі Маркіян паказвае ў міфічных «Рыфейскіх гарах». Вытокі ж Рудона, як гаворыцца ў «Перыпле знешняга мора», звязаны з вытокамі Барысфена і адзначаны на «Аланскай гары». «... Каля гары, - гаворыцца ў «Перыпле знешняга мора», - і ўвогуле ў гэтай вобласці жыве на вялікай прасторы народ аланаў-сарматаў, у землях якіх знаходзяцца вытокі Барысфена, што ўпадае ў Понт».

* Перыпл - па-элінску «аб'езд вакол».

Тыя ж самыя аланы, «былыя масагеты», адзначаныя ў Марцэлінавай «Гісторыі» паблізу ад ракі Хроній. Канешне, зусім не варта шукаць сляды рассялення аланаў недзе каля Нёмана ці Дзвіны, як і ўвогуле ў любой частцы лясной паласы. Гістарычныя аланы былі тыповымі жывелаводамі-вандроўнікамі, увесь лад жыцця якіх проста не дазваляў далёка адрывацца ад бязлесных стэпаў. У басейне Дняпра яны не заходзілі далей поўдня сучаснай Кіеўскай вобЛасці, і ніколі не дасягалі верхняга цячэння гэтай ракі, гэта значыць межаў сучаснай Беларусі. Мусіць, назва накшталт «сарматы», «аланы» і да т.п. у Маркіяна занадта пашырана і ахоплівае апрача сапраўдных стэпавікоў таксама аселыя плямёны лесастэпавай і лясной частак Падняпроўя.

Што цалкам і зразумела: абодва гэтыя аўтары IV ст. н.э. пісалі ўжо «пост фактум», а самі не з'яўляліся сучаснікамі сарматаў. Больш дэталёва аб рассяленні розных народаў сармацкай эпохі быў дасведчаны безумоўна Страбон. Яго «Геаграфія» стваралася ў першым дзесяцігоддзі новай эры. Але лічыцца, што яна адлюстроўвае і крыху больш раннюю сітуацыю, якая існавала на поўначы ад Понта Эўксінскага ў канцы II-I ст. да н.э. - таксама ў эпоху Мітрыдата Еўпатара. Дарэчы, родны Страбонаў дзед Дарылай з'яўляўся адным з тых Мітрыдатавых палкаводцаў, дзякуючы якім, на ўласных словах «бацькі геаграфіі», і сталі вядомы названыя землі і народы. Размяшчэнне плямёнаў у Страбона, на думку пецярбургскага даследчыка Д.А.Мачынскага, накладаецца на рэальную фізіка-геаграфічную мапу і мапу зон расліннасці нават больш удала, чым славутая Герадотава мапа. Сапраўды, спачатку «бацька геаграфіі» гаворыць аб прычарнаморскіх народах і не выходзіць за межы стэпавай зоны. «Уся краіна, размешчаная над згаданым узбярэжжам (Понту Эўксінскага) паміж Барысфенам і Істрам, складаецца, па-першае, з «пустыні гетаў», па-другое, з вобласці цірэгетаў, за якой (на ўсход) ідзе вобласць язігскіх сарматаў, краіна так званых царскіх сарматаў і краіны ургаў, большай часткай намадаў, хаця няшмат іх займаецца і земляробствам». Потым «Геаграфія» паведамляе пра плямёны больш паўночных ландшафтных зон, лесастэпавай і лясной. «У глыбіні краіны, - гаворыць далей Страбон, - жывуць бастарны, якія мяжуюць (на паўднёвым захадзе) з цірэгетамі і германцамі; бастарны таксама, мусіць, германская народнасць і падзяляюцца на некалькі плямёнаў. Сапраўды, адны з іх называюцца атмонамі, другія сідонамі; тыя, што валодаюць Пеўкай, востравам на Істры, маюць імя пеўкінаў...»

Падстаў для сумнення ў дакладнасці Страбонавай карціны рассялення гэтых плямёнаў зараз няма, як, падкрэслім, не было і раней. У любым выпадку яго бастарны, атмоны ці сідоны, павінны апынуцца ў раёне сучаснага Кіева, і, мусіць, далей на поўнач па правабярэжжы Дняпра - Барысфена. Таму што на супрацьлеглым беразе гэтай ракі Страбон адзначае ўжо іншы народ: раксаланаў, размешчаных «на раўнінах паміж Танаісам і Барысфенам». На поўдні рассяленне бастарнаў, канешне, абмяжоўвалася па краю стэпу, дзе ўжо панавалі ваяўнічыя плямёны «царскіх» і іншых сарматаў. Атрымлівалася, што помнікі гэтых Страбонавых бастарнаў трэба было шукаць сярод старажытнасцей II-I стст. да н.э. на Кіеўшчыне і на сумежных з захаду і поўначы тэрыторыях Палесся і Падняпроўя. Гэтага якраз і не рабілася, хутчэй за ўсё па ідэалагічных прычынах. Менавіта ідэалагічныя кантралёры савецкай навукі ні ў якім разе не маглі дазволіць вылучэнне старажытнасцей бастарнаў у самым цэнтры будучай Кіеўскай Русі. Бастарны, паводле Страбона, верагодна германцы, а па Плінію проста «частка германцаў», былі зусім недарэчы ў «зграбных» афіцыйных канцэпцыях узнікнення ўсходнеславянскай дзяржаўнасці. Падобныя іншаземцы лічыліся тут катэгарычна непажаданымі. Наадварот, прагрэсіўным было ўсюды шукаць і «знаходзіць» старажытных славян. У якасці старажытнаславянскіх, напрыклад, працяглы час прапагандаваліся старажытнасці, што атрымалі назву па могільніку, адкрытаму яшчэ ў канцы XIX ст. каля сяла Зарубінцы ў Кіеўскай губерні.

Шматлікія помнікі зарубінецкай культуры, якія належаць да часу прыблізна рубяжоў дзвюх эр, знойдзены на поўначы Ўкраіны і поўдні - паўднёвым усходзе Беларусі. Росквіт гэтай культуры выпадае на I ст. да н.э., менавіта на той перыяд, да якога адносяцца і Страбонавы звесткі аб бастарнах. Адпаведнасць назіраецца не толькі ў часе, але і ў прасторы: зарубінецкія старажытнасці размяшчаюцца ў Падняпроўі, на поўнач ад сармацкіх, у лесастэпавай і лясной паласе. Уласна зарубінецкія помнікі II-I стст. да н.э. у Палессі, на Верхнім ці Сярэднім Дняпры, таксама маюць мясцовыя адрозненні.

Дыферэнцыяцыя зарубінецкай культуры на некалькі асобных варыянтаў адпавядае, як бачым, звесткам Страбона аб падзеле бастарнаў на некалькі плямёнаў. З захаду ў басейнах рэк Днестр і Прут на тэрыторыі Малдовы і сумежных частак Румыніі да гэтай жа эпохі належаць старажытнасці Паянэшці-Лукашэўкі. Адны даследчыкі вылучаюць іх у асобную, але вельмі блізкую да зарубінецкай, паянэшці-лукашэўскую культуру, а другія разглядаюць толькі як мясцовы варыянт першай. Толькі апошнім часам археолагі сур'ёзна звярнулі ўвагу на наяўнасць як у паянэшці-лукашэўскай, так і ў зарубінецкай культуры элементаў менавіта старажытнагерманскага паходжання. Яны, напрыклад, вылучаюцца ў матэрыялах зарубінецкага могільніка каля в. Чаплін Лоеўскага раёна на Дняпры.

На думку супрацоўніка пецярбургскага Эрмітажа Ў.Я.Яроменкі, частка посуду, выяўленага на могільніку, аднатыпная з посудам III-I стст. да н.э. з паўвострава Ютландыі. Іншыя дэталі чаплінскіх пахаванняў маюць паралелі ў культуры розных частак старажытнагерманскага свету. Яроменка адзначае падабенства знойдзеных у чаплінскіх пахаваннях паясных кручкоў, наканечнікаў дзідаў і суліц да знойдзеных падчас даследаванняў помнікаў усходнегерманскіх ясторфскай і аксыўскай культур*. Як аксыўскі па паходжанню разглядаецца і сам звычай змяшчаць побач з прахам зброю. Вельмі характэрнымі для ясторфскай культуры былі своеасаблівыя кароны. Дзве такія кароны, практычна аднолькавыя з вядомымі, напрыклад, у Даніі, знойдзены ў межах зарубінецкай тэрыторыі ў тарфяніку каля горада Мены на Чарнігаўшчыне. Такія кароны ніколі не былі прадметамі гандлю, а выконвалі ў старажытных германцаў рытуальную функцыю.

* Займалі нізоўі рэк Одэра і Віслы ў канцы I тысячагоддзя да н.э. - на пачатку I тысячагоддзя н.э.

Яны лічыліся найбольш пажаданай ахвярай духам віроў і багнаў, і невыпадкова кароны знаходзяць у тарфяніках. Канешне, аб якойсьці «германскай чысціні» зарубінецкага, як і паянэшці-лукашэўскага, насельніцтва нават гаварыць не варта. У самой тагачаснай Германіі зафіксавана суіснаванне розных па паходжанню груп насельніцтва. Распаўсюдзіўшыся на вялізных абшарах, якія ў папярэдні час на працягу стагоддзяў належалі жыхарам фракійскага, скіфскага і іншага паходжання, бастарны, канешне, мусілі ў пэўнай ступені з імі змяшацца. Таму і не дзіўна, напрыклад, што ў зарубінецкай культуры Беларускага Палесся ці Падняпроўя адчуваецца нейкі ўплыў папярэдняй мілаградскай. Але ж у цэлым ядро носьбітаў зарубінецкай і паянэшці-лукашэўскай культур склалі, безумоўна, перасяленцы з захаду. Мусіць, гэта і былі тыя «прыхадні» - бастарны, згаданыя ў «Землеапісанні» III ст. да н.э., аўтарства якога прыпісваецца Скімну Хіоскаму. У зарубінецкім асяроддзі панавалі ўжо не мясцовыя скіфскія, а заходнія, латэнскія, традыцыі. Латэнская культура Заходняй і Цэнтральнай Эўропы, вельмі яркая і арыгінальная, была створана кельтамі, ці, інакш, галамі. Яе ўплыў адчуваецца далёка за межамі ўласнай тэрыторыі гальскіх плямёнаў, якія ў V-II стст. да н.э. у выніку перасяленняў і заваёў распаўсюдзіліся ад Брытанскіх астравоў да Малой Азіі. Апрача заваяванай потым Цэзарам Галіі, па імені насяляўшых іх некалі галаў, атрымалі свае назвы таксама Галісія ў Гішпаніі і гістарычная Галатыя ў цяперашняй Турцыі.

Ваяўнічыя галаты на мяжы III-II стст. да н.э. з'явіліся таксама ў нізоўях Дняпра, што выклікала жах і ў грамадзян Ольвіі, і ў навакольных барбараў. «... Фісаматы, скіфы і саўраматы шукаюць умацаваныя месцы, баючыся жорсткасці галатаў», - сказана ў тагачасным альвійскім «Дэкрэце ў гонар Пратагена». Мусіць, нейкія галаты прыходзілі ў нізоўі Прыпяці, дзе каля вёскі Залессе Кіеўскай вобласці знойдзена тыповае кельцкае пахаванне. На зарубінецкіх могільніках, у тым ліку на абодвух паблізу ад Велямічаў на Століншчыне, адкрыты асобныя пахаванні чарапоў. Даследчыкі мяркуюць аб сувязі гэтых знаходак з вельмі распаўсюджаным у кельтаў культам адсечаных галоў. Мусіць, звычай «палявання за галовамі» атрымаў папулярнасць і ў зарубінецкім асяроддзі. Звычаі галаў, якія пераможцамі прайшлі праз усю Эўропу, увогуле ахвотна пераймаліся многімі плямёнамі. Мусіць, бастарны дасягнулі ў гэтым перайманні відавочных поспехаў, не дарма ж сучаснік Страбона, рымскі гісторык Ціт Лівій называе іх «галамі». Вядомы археолаг П.М.Траццякоў прапанаваў для зарубінецкіх старажытнасцей назву «дняпроўскі латэн». Сапраўды, значную латэнізаванасць зарубінецкай культуры не заўважыць немагчыма. Асабліва гэта датычыць, напэўна, зарубінецкіх упрыгожанняў. Сярод іх значнае месца належыць своеасаблівым засцежкам, бронзавым і жалезным, так званым фібулам латэнскай схемы. Падчас росквіту гэтай культуры шырока распаўсюджваюцца фібулы «зарубінецкага» тыпу, характэрнай дэталлю якіх з'яўляўся трохкутны шчыток. Сярод латэнскіх фібул яны найбольш блізкія да так званых дзідападобных, што ў адпаведную эпоху былі распаўсюджаны на Балканах, у Македоніі.

«Ідэя рабіць фібулы менавіта такімі ў зарубінцаў магла ўзнікнуць толькі за Дунаем», - лічыць пецярбургскі даследчык М.Б.Шчукін. Аб знаходжанні бастарнаў на Балканскім паўвостраве ў крыніцах, дзякуй Богу, захаваліся даволі падрабязныя звесткі.

Балканская эпапея II-I стст. да н.э., вельмі цікавая ўжо сама па сабе, напэўна, мае непасрэднае дачыненне да аднаго з найбольш незразумелых момантаў у гісторыі плямёнаў нашай бацькаўшчыны антычных часоў. Што падзеі напярэдадні і падчас заваявання Балкан рымлянамі могуць мець дачыненне да старажытнага насельніцтва Беларусі, здаецца, дагэтуль у нас увогуле не меркавалася. Між іншым, гэта, хутчэй за ўсё, менавіта так, калі не заплюшчваць вочы на тоеснасць «зарубінцаў» і гістарычных бастарнаў. Творы Лівія, Апіяна, Касія Дыёна, Юстына, Плутарха сведчаць, што славутыя паходы Святаслава Ігаравіча Кіеўскага за Дунай і яго планы абаснавацца ў багатых паўднёвых землях ужо мелі старажытны прэцэдэнт у II ст. да н.э. Аб абставінах з'яўлення бастарнаў на Балканах даволі падрабязна паведамляецца ў Лівіевай «Гісторыі ад заснавання горада»*. Па яго звестках, народ бастарнаў запрасіў туды цар Македоніі Філіп V. Дарэчы, тут патрэбна адна заўвага. У адносінах да Філіпа, яго сына Персея, іншых ворагаў сваёй дзяржавы Лівій, як і іншыя рымскія аўтары, не мог быць цалкам аб'ектыўным. Былыя ворагі Рыма ў яго нярэдка выстаўляліся асобамі, якія па справядлівасці былі пераможаны, пазбаўлены ўладанняў, і нават жыцця. «У яго, - гаворыць Лівій пра цара Македоніі, - быў план знішчыць племя дарданаў** і ў іх вобласці пасяліць бастарнаў... Калі атрымаецца, прымусіць бастарнаў пакінуць жонак і дзяцей у Дарданіі і выправіць для спусташэння Італіі... Потым ён прыстасаваў свае планы да любога выніку: калі бастарнаў пераб'юць рымляне, то суцяшэннем будзе спусташэнне дарданаў, здабыча ад бастарнаў і валоданне Дарданіяй. У выпадку ж паспяховых дзеянняў (бастарнаў у Італіі) ён разлічваў вярнуць страчанае ў Грэцыі, паколькі ўвага рымлян будзе адцягнута вайной з бастарнамі». Такім чынам, цар Філіп, абяцаючы бастарнам залатыя горы, нават прапаноўваючы парадніцца з іх правадырамі, патаемна разлічваў выкарыстаць гэтых прастадушных паўночных барбараў як «гарматнае мяса», калі сказаць па мове больш позняй эпохі. Але смерць цара ў 179 г. да н.э. не дазволіла яму здзейсніць гэты план. І ўвогуле падзеі разгортваліся зусім не па сцэнарыю хітрага Філіпа.

* Гэта значыць «вечнага горада», Рыма.

** Дарданы - ілірыйскае племя, суседзі Македонскага царства, насялялі частку зямель цяперашніх Сербіі і Босніі. Ілірыйцы - група роднасных плямёнаў; у старажытнасці жылі на заходніх Балканах. Нашчадкамі ілірыйцаў лічаць албанцаў.

Бастарны даведаліся, што ён памёр, калі ўжо перайшлі праз Істр, апынуліся ў Фракіі (на тэрыторыі сучаснай Балгарыі). Трэба было вырашыць, што рабіць далей: ці вяртацца, ці ваяваць паасобку, ці неяк дамовіцца з новым македонскім царом, Філіпавым сынам Персеем. Мусіць, бастарны разлічвалі на саюз з Македоніяй. Яны перайшлі Істр не для таго, каб толькі ўзяць здабычу і вярнуцца дахаты, а каб пасяліцца на тутэйшых землях. Касій Дыён пацвярджае падобны намер: у яго «Рымскай гісторыі» таксама адзначана, што разам з бастарнамі-воінамі рухаліся на вазах і іх сем'і. А тут яшчэ раптам здарылася страшэнная навальніца. Па словах Лівія, бастарнам тады літаральна здалося, што на іх упалі нябёсы. «... Яны, разагнаныя навальніцай, нібы пасля караблекрушэння, большай часткай толькі напалову ўзброеныя, вярнуліся ў лагер», - гаворыцца далей у Лівія. У гэтых умовах адразу пачаўся народны сход. Частка патрабавала зараз жа вяртацца: яны палічылі навальніцу папярэджаннем з боку разгневаных багоў. Іншыя ж бастарны, якіх было, згодна Лівію, тысяч трыццаць, жадалі, нягледзячы ні на што, ісці ў Дарданію. Яны і выбралі сабе ў правадыры Клондыка; «астатняе мноства» бастарнаў вярнулася з Фракіі на радзіму. Клондык павёў сваё войска ў Дарданію. Паводле Лівія, ён здолеў узнавіць саюз з Македоніяй - мусіць, на тых жа ўмовах, што прапанаваў у свой час Філіп. Бастарны сутыкнуліся з вельмі ўпартымі і жорсткімі праціўнікамі. Дарданы былі, па сведчанню Страбона, зусім дзікімі. Але і бастарны ў вачах эліна ці рымляніна, мусіць, не вызначаліся цывілізаванасцю. «Яны ваяўнічыя і храбрыя, - адзначаецца ў напісанай Плутархам біяграфіі консула Эмілія Паўла. - Не ведаючы ні земляробства, ні жывёлагадоўлі, яны займаюцца толькі ваеннымі практыкаваннямі і думаюць толькі аб вайне». Адзін толькі выгляд воінаў-бастарнаў выклікаў у ворагаў жах. Касій Дыён палічыў патрэбным адзначыць іх празмерную любоў да віна... Кожны конны бастарн меў каля сябе пехацінца-«парабата». Безумоўна, у баях войска несла непазбежныя страты, але Клондык здолеў прыцягнуць да сябе папаўненне з боку балканскіх плямёнаў. Да яго войска далучыліся фракійцы, а таксама скардзіскі.

Скардзіскі-галаты жылі каля рэк Дуная і Савы на поўнач ад дарданаў і з'яўляліся нашчадкамі тых самых галаў, якія ў 279 г. да н.э. здзейснілі нашэсце на Македонію і Грэцыю, разрабавалі свяшчэнныя Дэльфы. Дарэчы, Лівій сцвярджае, што ўласна бастарны мала чым адрозніваліся ад гэтых ваяўнічых скардзіскаў. У 168 г. да н.э. Клондык меў пад сваімі сцягамі 10 тысяч вершнікаў і такую ж колькасць пехацінцаў, «што аб'ядноўвалі пяхотную службу з кавалерыйскай і выкарыстоўвалі ў баі коней загінуўшых вершнікаў». Гэтае немалое і загартаванае ў баях войска захацеў наняць цар Персей, які рыхтаваўся да рашучай барацьбы з Рымам. Ён абяцаў заплаціць кожнаму бастарну-пехацінцу пяць залатых, конніку - дзесяць, а іх правадыру - тысячу. Калі верыць Лівію, то Персей і раней ужо адносна бастарнаў паводзіў сябе нядобрасумленна. Ён падманваў рымскіх паслоў, сцвярджаючы, што гэтыя барбары прыйшлі ў Дарданію без яго згоды і ўвогуле нічога не робяць па яго парадах. Цяпер македонскі цар вырашыў проста падмануць сваіх' саюзнікаў. Лівій паведамляе, што ён паехаў да Клондыкава войска, узяўшы з сабою багатыя падарункі правадырам і зусім трохі золата для простых воінаў. Персей разлічваў, што іх «натоўп захопіцца адной толькі надзеяй». Але Клондык выкрыў падман і патрабаваў у царскага пасла разлічыцца адпаведна дамоўленасці з кожным сваім салдатам. «Ідзі да цара і паведамі, што, пакуль галы не атрымаюць золата і заложнікаў, яны не зробяць ні аднаго кроку», - прыводзіць Лівій словы правадыра бастарнаў. Персей не захацеў даць золата нават на чвэрць Клондыкава войска, і тады яно пайшло за Істр, спустошыўшы ўсё на сваім шляху. Сквапны Персей, па словах Лівія, з'явіўся «больш дбайным вартавым для сваіх грошай, чым для свайго царства». У тым жа годзе ён ужо страціў і тое, і другое, нават свабоду, потым уласнае жыццё. Каля горада Підна рымскі консул Луцый Эмілій Павел цалкам разбіў македонскае войска. Загінула дваццаць тысяч; астатнія адзінаццаць тысяч македонцаў трапілі разам са сваім царом у палон. Хто ведае, магчыма, яго лёс не склаўся б так трагічна, не пашкадуй Персей абяцанага бастарнам золата. Апіян, напрыклад, лічыць, што ў рознаплямённай арміі Мітрыдата Еўпатара менавіта бастарны з'яўляліся лепшымі воінамі. Ім даводзілася наносіць вялікія страты рымлянам і атрымліваць перамогі над імі. Напрыклад, той жа Апіян паведамляе, што пры штурме гавані Халкедона «з рымлян было забіта да 3000, у тым ліку адзін сенатар, Луцый Малій, а ў Мітрыдата загінула 20 чалавек з бастарнаў, якія першыя ўварваліся ў гавань».

Увогуле, у 168 г. да н.э. бастарнам, як мы ўбачылі, не было ніякага сэнсу распачынаць барацьбу з рымлянамі на баку Персея, і Клондык своечасова вывеў іх з-пад удару легіёнаў. Тут цікава будзе дадаць, што другі іх правадыр, Дэльдо (ці Дэлгон), не здолеў гэтае паўтарыць. У 29 г. да н.э., згодна Касію Дыёну, войскі бастарнаў зноў рушылі за Дунай, і таксама з сем'ямі. У гэтым выпадку рымляне адрэзалі ім усе шляхі адступлення. Марк Ліцыній Крас, дарэчы, унук пераможцы Спартака, прымусіў пачаць бітву ў вельмі нязручных умовах і знішчыў гэтых бастарнаў амаль цалкам. «Бегчы ім, - гаворыць Касій Дыён, - перашкаджалі вазы, што стаялі ў тыле, і паколькі яны хацелі выратаваць сваіх жонак і дзяцей, то і загінулі разам з імі. Правадыра іх Дэльдо Крас забіў уласнай рукой... Некаторыя ўцекачы схаваліся ў лесе, але рымляне падпалілі той лес з усіх бакоў, і ўсе яны згарэлі. Іншыя кінуліся ў Істр ці разбегліся па краіне і таксама загінулі». Зменлівае ваеннае шчасце... Але вернемся зноў да часоў Клондыка і паспрабуем высветліць, што ж яшчэ апрача канструкцыі фібул з трохкутнымі шчыткамі прыдбалі нашы старажытныя землякі на Заходніх Балканах. Калі ўлічыць кантакты бастарнаў II ст. да н.э. з мясцовым балканскім асяроддзем, то, на нашу думку, высветляцца істотныя пытанні іх далейшага лёсу, і пакуль што незразумелыя, але вельмі цікавыя моманты старажытнай гісторыі нашай бацькаўшчыны. Мы маем на ўвазе, канешне, не атрыманую Клондыкавымі байцамі здабычу. Яны, мусіць, здолелі набыць на Балканах надзейных сяброў і пабрацімаў, якія потым рушылі разам з астатнімі праз Істр на паўночную радзіму бастарнаў. Ды яны ж самі ўжо лічыліся, напэўна, бастарнамі - і па законах баявога братэрства, і ў адпаведнасці з агульнымі звычаямі «барбараў».

Што да бастарнаў далучаліся цэлыя групоўкі іншапляменнікаў, сведчыць паданне, змешчанае Апіянам у яго дзесятай «ілірыйскай» кнізе. У паданні, мусіць, з'яднаныя розначасовыя падзеі - эпохі нашэсця галатаў на Эладу і бастарнаў на Дарданію. Быццам бы за саўдзел у рабунку Дэльфійскага храма багі наслалі на ілірыйскае племя аўтарэяў (аўтарытаў) страшэнную эпідэмію. У жаху аўтарэі пабеглі са сваёй радзімы. «Яны, - гаворыць паданне, - адолелі дваццацітрохдзённы шлях і пасяліліся ў гецкай зямлі*, балоцістай і незаселенай, каля народа бастарнаў». Цэлае дзесяцігоддзе Клондыкава войска правяло ў заходнебалканскіх землях, занятых галоўным чынам гальска-ілірыйскімі групоўкамі. Сярод сумежных з Дарданіяй да падобных «змяшаных з ілірыйцаў і кельтаў плямёнаў» у Страбона аднесены апрача згаданых вышэй скардзіскаў таксама япіды (ці іяподы). У Страбона згадваюцца назвы япідскіх гарадоў: Метул, Арупіны, Манэцый і Вендон, а ў Апіяна - япідскіх кланаў: метулаў, арупінаў і маэнцыяў. Гэтыя гарады, канешне, з'яўляліся цэнтрамі аднайменных частак япідскага народа. Адпаведна Вендон павінен быў належаць чамусьці да незгаданых у Апіяна япідаў-вендонаў. Згаданае вышэй паданне гаворыць пра бліжэйшых суседзяў гэтага племені - аўтарэяў. Але здаецца цалкам дапушчальным, што разам з іншымі іліра-кельтамі да бастарнаў магла далучыцца нейкая частка япідскіх вендонаў, а таксама іх суседзяў - адрыятычных венетаў. Імя апошніх дагэтуль захавалася ў назве італьянскай вобласці Венета і горада Венецыі. Як і япіды, паўночнаіталійскія венеты таксама належалі да старажытных ілірыйцаў, змяшаных з кельтамі. Кельцкае племя карнаў прыйшло на землі адрыятычных венетаў яшчэ ў IV ст. да н.э. Уладанні гэтых венетаў знаходзіліся далей па ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Назву «венеты» ў дачыненні да нашых земляў мы яшчэ сустрэнем у гістарычных крыніцах.

* Апіян лічыў Клонлыкавых бастарнаў гетамі, а не галамі, як Лівій.

Апрача яе, на былой тэрыторыі зарубінецкай, а таксама паянэшці-лукашэўскай культур выяўляецца цэлы шэраг назваў рэк ілірыйскага ці кельта-ілірыйскага паходжання. Вядомы мовазнавец А.М.Трубачоў вызначыў для тэрыторыі Паўночнай Украіны серыю назваў рэк менавіта ілірыйскага паходжання (Брэшча, Грана, Гарынь, Джурынь, Іква і інш.). Апрача іх там ёсць такія ж ілірыйскія, але пераробленыя ўжо на кельцкі лад: Муравін, Тыня, Атавін. Наяўнасць апошніх, напэўна, ужо сама па сабе сведчыць аб часе і шляхах узнікнення ўсіх згаданых назваў. У гісторыі старажытнага насельніцтва зямель, дзе цякуць гэтыя рэкі, проста не было іншага выпадку для наладжвання кантактаў з кельтызаванымі ілірыйцамі, апрача задунайскіх паходаў бастарнаў у II ст. да н.э. Зразумела, што крэўныя бастарны пасля вяртання з заходнебалканскага паходу наўрад ці пачалі б даваць новыя імёны сваім рэкам, перайначваючы іх на іншаземны лад. Але гэта маглі зрабіць кельта-ілірыйскія па паходжанню перасяленцы, што да іх далучыліся і зрабіліся бастарнамі. Дарэчы, верхнедняпроўскі варыянт зарубінецкай культуры, як лічаць некаторыя даследчыкі, узнік пазней за астатнія, не раней сярэдзіны ці нават канца II ст. да н.э. Гэта значыць, што нейкія бастарны трапілі на ўсход нашай Беларусі ўжо пасля вайны ў Дарданіі. Частка згаданых вышэй рачных назваў на зарубінецкай тэрыторыі, на думку А.М.Трубачова, мае паралелі менавіта ў вобласці адрыятычных венетаў, у прыватнасці Іпатва і Патва, Патава адпаведна. Напярэдадні першага з'яўлення на гістарычнай сцэне ўсходнеэўрапейскіх венетаў бастарны ў I ст. н.э. перажылі, напэўна, вялікую катастрофу. У пісьмовых крыніцах аб ёй зусім нічога не паведамляецца, але гэта ў значнай ступені кампенсуюць крыніцы археалагічныя. Маштабныя даследаванні зарубінецкіх умацаваных паселішчаў, здзейсненыя Я.У.Максімавым на правым беразе Дняпра каля Кіева, засведчылі факт іх масавага разбурэння. У валах гэтых гарадзішчаў тырчалі жалезныя трохлопасныя наканечнікі стрэл, па якіх дакладна вызначаюцца нападаючыя. Такія наканечнікі ўжывалі ў I ст. н.э. стэпавыя качэўнікі. Гэты напад стэпавікоў на лесастэпавыя зарубінецкія паселішчы, мусіць, не быў кароткачасовым уварваннем з мэтай захопу здабычы. Тады ж адбылося, згодна меркаванню кіеўскага археолага А.У.Сіманенкі, масавае перасяленне ваяўнічых вандроўнікаў у лесастэп. Напрыклад, на рацэ Цясмін недалёка ад Кіева абаснавалася нейкае племя ці нават некалькі плямёнаў стэпавікоў. Іх звычайна называюць агульным імем: сарматы. Але пэўныя меркаванні, здаецца, дазваляюць больш дакладна вызначыць гэтых «сарматаў». У I ст. н.э. нашчадкі ранніх сарматаў, язігі, перабраліся на раку Ціса ў сучаснай Вугоршчыне; раксаланы тады таксама згадваюцца не каля Барысфена, а на Істры. У той час у паўночначарнаморскім стэпе пачалося панаванне аланаў. Яны адразу распачалі інтэнсіўную ваенную агрэсію. На захадзе аланы атакавалі ўмацаваную мяжу Рымскай імперыі, а на ўсходзе крыху пазней аланскія орды пачалі рабаваць каўказскія ўладанні Парфянскага царства. Перамогі аланаў забяспечвала наяўнасць у іх войску атрадаў катафрактарыяў - цяжка ўзброеных вершнікаў, якіх не было ў іх праціўнікаў. Накшталт сярэднявечнага рыцара, аланскі катафрактарый быў закуты ў браню; панцыр часам меўся і ў каня. Катафрактарый дзейнічаў даўжэзнай пікай ці таксама доўгім мячом, які ён трымаў дзвюма рукамі...

Цяжкаўзброеная кавалерыя з'явілася менавіта тым родам войска, які здолеў перамагчы славутую рымскую пяхоту. Відавочна, што нейкай контрзброі супраць катафрактарыяў сярэднедняпроўскія «зарубінцы» тым больш не мелі. Яны шукалі паратунку ва ўцёках. Археалагічныя даныя добра адлюстроўваюць працэс гэтага перасялення з Сярэдняга Дняпра, дзе зарубінецкая культура амаль згасае, у напрамку на паўднёвы захад і на паўночны ўсход. Адпаведна на Днястры і Паўднёвым Бугу, а таксама на Трубежы і Дзясне ўзнікаюць шматлікія зарубінецкія помнікі позняга тыпу. На думку спецыялістаў, гэтыя познезарубінецкія паселішчы і могільнікі I-II стст. н.э., у прыватнасці басейна Дзясны, добра дэманструюць сваю роднасць раннезарубінецкім на Сярэднім Дняпры. З другога боку, на Дзясне яны практычна пазбаўлены якіх бы то ні было мясцовых каранёў. Знаўца гэтай зарубінецкай культуры П.М.Траццякоў меркаваў, што перасяленцы імкнуліся авалодаць ужо засвоенымі гаспадарчымі раёнамі. Атрымалася так, што ахвяры агрэсіі самі мусілі зрабіцца захопнікамі чужых тэрыторый. Для адпаведнага часу археолагі фіксуюць адыход мясцовага насельніцтва з сучаснай Заходняй Браншчыны, нават са Смаленшчыны, ажно да міжрэчча Акі і Волгі.

У гэты самы момант на абшарах Усходняй Эўропы і з'яўляюцца тутэйшыя венеты. Аб іх нам паведаміў выдатны рымскі гісторык Публій Карнелій Тацыт. Каля 98 г. н.э. ім быў завершаны невялікі, але вельмі цікавы твор - «Аб паходжанні германцаў і месцазнаходжанні Германіі». Трэба падкрэсліць: Тацыт імкнуўся даць аб'ектыўную характарыстыку сучаснага яму стану Барбарыкума і практычна зусім не выкарыстоўваў састарэлыя звесткі накшталт Плініевых. Давер да Тацытавых даных узмацняе тое, што ён меў магчымасць вывучаць барбарскіх суседзяў на практыцы. Тацыт жа некалькі гадоў быў праконсулам правінцыі Германіі (Верхняй або Ніжняй). Ён і нарадзіўся ў горадзе Аўгуста Трэворум - цяпер Трыр на захадзе сучаснай Нямеччыны. Рухаючыся ў сваім апісанні Германіі з захаду на ўсход, Тацыт даходзіць і да венетаў. «Тут ужо канец Свебіі*, - гаворыць ён. - Да каго адносіць пеўкінаў, венетаў і фенаў, да германцаў ці сарматаў, сапраўды, не ведаю, хоць пеўкіны, якіх некаторыя называюць бастарнамі, мовай, ладам жыцця, аселасцю і жытламі паўтараюць германцаў. Неахайнасць ва ўсім, гультайства і коснасць сярод знаці. З-за змяшаных шлюбаў іх (пеўкінаў) выгляд робіцца ўсё больш агідным, і яны набываюць рысы сарматаў. Венеты шмат чаго перанялі з іх (сарматаў) звычаяў, таму што дзеля рабунку рыскаюць па ўсіх гарах і лясах, якія толькі ні ёсць паміж пеўкінамі і фенамі. Аднак іх хутчэй можна прылічваць да германцаў, таму што яны будуюць сабе дамы, носяць шчыты і рухаюцца пехатою; усё гэта адмяжоўвае іх ад сарматаў, якія праводзяць усё жыццё ў кібітцы ці на кані». У гэтым невялікім фрагменце Тацытава твора пададзена вельмі важная інфармацыя. Калі правільна яе зразумець, то, напрыклад, вызначыцца тэрыторыя рассялення Тацытавых венетаў. Яны, як бачым, змешчаны на прасторы ад пеўкінаў да фенаў. Некаторыя лічаць, што пеўкіны - гэта менавіта жыхары вострава Пеўкі ў дэльце Дуная, а фены - продкі запалярнага народа саамаў. І губляліся венеты недзе на гэтым велічэзным абшары ад Дуная да Лапландыі...

* Свебы - адно з германскіх плямёнаў.

Такім чынам, ад нас патрабуецца толькі дакладна зразумець Тацыта і ўдакладніць месцазнаходжанне яго пеўкінаў і фенаў. Апошнія выглядаюць у Тацыта сапраўднымі дзікунамі, якія здабываюць сабе харчаванне паляваннем, не ведаючы яшчэ як след жывёлагадоўлі. Ён, у прыватнасці, падкрэслівае, што ў гэтых фенаў зусім няма коней. Да таго ж, па Тацытавых звестках, не валодалі яны і вытворчасцю жалеза. «...Усе надзеі свае, - гаворыць далей Тацыт аб фенах, - яны звязваюць са стрэламі, на якія, з-за недахопу жалеза, насаджваюць касцяны наканечнік». Атрымліваецца, што Тацытавы фены, верагодна, ужывалі для сваіх прылад матэрыял каменнага веку. У I ст. н.э. такое нецывілізаванае племя і сапраўды, здаецца, варта шукаць недзе ў глухой тайзе ці тундры. Але рэальныя падставы для падобнай характарыстыкі фенаў археолагі адкрылі значна бліжэй. У нас у Беларусі - на Віцебшчыне, а таксама на суседняй Смаленшчыне, дзе ў адпаведны час яшчэ была распаўсюджана ўжо знаёмая нам днепра-дзвінская культура. Яе носьбіты нават у першыя стагоддзі новай эры працягвалі шырока карыстацца паляўнічымі прыладамі з менавіта касцянымі наканечнікамі. На Віцебшчыне ў той самы час яшчэ выкарыстоўваліся каменныя сякеры. Мусіць, Тацыт знарок выставіў сваіх фенаў надта прымітыўным народам. Напэўна таксама, як у «Арганаўтыцы», славутай паэме Валерыя Флака, згадваецца «нявінны з-за няведання металаў арымасп, што не раскопвае яшчэ сваю зямлю». Уяўленні аб такіх нявінных і таму шчаслівых людзях былі вельмі распаўсюджаныя ў антычную эпоху. Тацыт іх таксама прытрымліваўся, таму і сказаў аб беднасці бадзяг-паляўнічых, сваіх фенаў. «Але яны, - меркаваў Тацыт, - лічаць гэта больш шчаслівай доляй, чым мардаваць сябе працай на палетках, і будаваць дамы, і няспынна думаць, кідаючыся ад надзеі да адчаю, аб сваёй і чужой маёмасці». Напэўна, у Пталемея на месцы Тацытавых фенаў апынаюцца нейкія «фіны», якіх славуты александрыйскі навуковец змясціў недзе на паўднёвым усходзе ад «венедскага (тут, напэўна, - Рыжскага) заліва». Клаўдзій Пталемей* стварыў сваю «Геаграфію» на падставе даных, абагульненых географам Марынам Цірскім у пачатку II ст. н.э.; такім чынам, па ўзросту Пталемеевы звесткі набліжаюцца да Тацытавых. Можа здарыцца, што Тацытавы і Пталемеевы звесткі аб рассяленні гэтых старажытных фенаў-фінаў атрымаюць падмацаванне ў сярэднявечных ці нават сучасных назвах. У сярэднявечным летапісе згадваецца «чудскае» (фінамоўнае) племя нерома, ці нарова. Як адзначае Л.Дучыц, менавіта ў Віцебскім Падзвінні і цяпер існуюць назвы накшталт «Наровы», «Нурава», «Наруць» і да т. п. Такім чынам, атрымліваецца, што Тацыт змяшчаў зямлю справядлівасці недзе на Віцебшчыне і Смаленшчыне. Яго пеўкіны, яны ж бастарны, тэрыторыі Беларусі, канешне, не дасягалі, але тым не менш жылі і на поўнач ад дунайскай дэльты.

* Больш дакладна - Пталемаід, гэта значыць ураджэнец горада Пталемаіда Гермійская ў Верхнім Егіпце. Дачынення да царскай дынастыі Пталемеяў навуковец не меў, хоць такое меркаванне і існавала.

У Пталемея згадана «Пеўка-гара» недзе на ўсходніх схілах Карпат, якія атаясамліваюцца таксама з «Альпамі бастарнаў» у больш позніх крыніцах. Прыкарпацця, вярхоўя Днястра, дасягала згаданая вышэй паянэшці-лукашэўская культура, якую варта звязваць з племенем бастарнаў-пеўкінаў. Паднястроўя дасягнула ў I ст. н.э. зарубінецкая культура, і тады ж там утварыўся адзін з яе позніх варыянтаў. Адначасова познезарубінецкія старажытнасці распаўсюдзіліся на Смаленшчыне, апынуўшыся такім чынам на тэрыторыі Тацытавых фенаў. Атрымліваецца, што Тацытавым венетам I ст. н.э. паміж пеўкінамі і фенамі здольна адпавядаць толькі зарубінецкая культура на позняй ступені свайго развіцця. Узнікае пытанне наконт таго, чаму ж Тацыт сцвярджае, што гэтыя венеты перанялі шмат чаго з нораваў сарматаў. Познезарубінецкае насельніцтва займалася земляробствам сярод лясоў і балот і, здаецца, не магло мець нічога агульнага з вандроўнымі жывёлаводамі стэпаў. Акрамя, мусіць, ваяўнічасці. Якраз у I ст. н.э. зарубінецкае насельніцтва пачало далёкія перасяленні, адбіраючы ўладанні ў мясцовага насельніцтва. Сапраўды, мусіць, рыскалі па ўсіх лясах і гарах дзеля рабунку, як гаворыцца ў Тацыта. Тацыт не згадвае пра агрэсію аланаў супраць насельніцтва Сярэдняга Падняпроўя, але аб выніках гэтых нападаў, як бачым, яму было вядома. Калі ранняя зарубінецкая культура належала бастарнам, I ст. да н.э., а позняя - венетам, I ст. н.э., то і тыя, і другія - гэта пакаленні аднаго і таго ж народа. Прычыну перамены яго назвы, напэўна, трэба бачыць зноў жа ў нанесеным ім аланамі паражэнні.

Мусіць, з-за аланскай перамогі над імі прэстыж назвы бастарнаў увогуле быў страчаны. Такім чынам гэтую назву выцеснілі імёны асобных плямёнаў. Згодна Тацыту, некаторыя яго сучаснікі яшчэ памяталі, што пеўкіны гэта, уласна, бастарны. Назва ж венетаў запанавала канчаткова. Як мы ўбачылі вышэй, ва Ўсходняй Эўропе яна мела ўсходнебалканскае паходжанне. Увогуле, імёны накшталт «генеты», «энеты», «венеты», «венеды» мелі многія старажытныя плямёны. У Малой Азіі мы знаходзім нейкіх мясцовых венетаў яшчэ ў Гамера сярод удзельнікаў Траянскай вайны. У Страбона венеты адзначаны ў Галіі на беразе Атлантыкі і згадваецца аб іх спробе перашкодзіць пераправе Юлія Цэзара ў Брытанію. Пра адрыятычных энетаў ведаў ужо Герадот. Мусіць, шырокае распаўсюджванне гэтай назвы тлумачыцца вельмі старажытным паходжаннем. Магчыма, яе разнеслі па розных частках Эўропы розныя галіны роднасных паміж сабой старажытных індаэўрапейцаў пад час свайго рассялення яшчэ ў эпоху ранняй бронзы. Канешне, меркаваць аб непасрэднай роднаснасці ўсіх генетаў-венедаў ужо на пачатку новай эры ўвогуле не варта. Але ўнутрыкантынентальных Тацытавых венетаў часам неабгрунтавана змешваюць з Плініевымі і Пталемеевымі прыморскімі венедамі, адзначанымі ў іх на ўзбярэжжы «Венедскага заліва». Сапраўды, у Прыбалтыцы засталіся сляды гэтых венедаў - у выглядзе назваў, утвораных ад асновы «вент» - «венд». У Латвіі, напрыклад, гэта рака Вента, горад Вентспілс, замак Вендэн (зараз Цэсіс) і інш. Падкрэслім, што ні Пліній, ні Пталемей не адрывалі сваіх венедаў ад узбярэжжа «Бурштынавага мора». У якасці іх суседзяў згадваюцца не сармацкія стэпавікі ці бастарнаўскія пеўкіны, як у Тацытавых венетаў, а таксама прыбалтыйскія прыморскія плямёны. Напрыклад, у Плінія адзначана, што паміж венедамі і Віслай на ўзбярэжжы жывуць два германскія «народы» - скіры і хіры. Пталемей жа адзначыў, што каля «ракі Вістулы» жывуць «гітоны». Апошнія, мусіць, тоесныя пазнейшым готам. З гэтым, а таксама і некаторымі іншымі блізкімі яму германскімі народамі, перш за ўсё з гепідамі, у археалогіі надзейна звязваецца так званая вельбарская культура I-IV стст. н.э. Добра вядома, што гэтая культура склалася каля нізоўя Віслы, а крыху пазней пачынае інтэнсіўна распаўсюджвацца ў паўднёва-ўсходнім напрамку. Ланцужок вельбарскіх помнікаў уздоўж Заходняга Буга адзначае шлях носьбітаў гэтай культуры. Адзін са значных вельбарскіх помнікаў II-III стст. н.э. раскапаны на ўскраіне Берасця. Гэты вельбарскі могільнік II-III стст. н.э. Берасце-Трышын вывучаўся вядомым маскоўскім археолагам Ю.У.Кухарэнкам, дарэчы адным з асноўных даследчыкаў старажытнасцей Палесся. На Палессе вельбарцы-готы і, мусіць, блізкія да іх гепіды трапілі, такім чынам, на пачатку сваёй экспансіі. Наперадзе ў іх была неверагодна вялікая і складаная будучыня. Прарваўшыся з Прыбалтыкі ў Паўночнае Прычарнамор'е, готы прыкладна па два стагоддзі ўсталявалі там сваё панаванне. На чале з імі склаўся буйны саюз самых розных плямёнаў, так званае царства Германарыха. Усе гэтыя паўночначарнаморскія «готы» (апрача іх саміх і гепідаў, у крыніцах згадваюцца тут герулы і ўрутунды-бургунды, таксама германцы, аданы, карпы, бораны і інш.), вельмі ваяўнічыя і прагныя да здабычы, неаднаразова рабавалі прычарнаморскія ўладанні Рымскай імперыі. Але менавіта ў рымлян яны мусілі шукаць паратунку, калі самі зрабіліся ахвярай яшчэ больш ваяўнічых і жорсткіх барбараў - гунаў. Гунскія орды літаральна змялі «царства Германарыха» і рушылі далей, у глыбіню Эўропы. Готы ж, з дазволу рымлян пераправіўшыся праз Дунай, вельмі хутка пачалі з імі новую вайну. У выніку перамогу атрымалі барбары. Кароль паўстаўшых супраць рымлян вестготаў (заходніх готаў; яны ж цервінгі) Аларых I нават захапіў «Вечны горад»*. Усе падзеі з гісторыі гэтага народа вядомы нам галоўным чынам дзякуючы раннесярэднявечнаму гоцкаму гісторыку Іардану, які ў VI ст. стварае «Геціку», ці «Аб паходжанні і здзяйсненнях гетаў». Іарданава «Геціка» напісана на падставе розных пісьмовых крыніц, а таксама і гоцкіх народных паданняў. Безумоўна, на нейкай легендзе грунтуецца, напрыклад, наступнае Іарданава апавяданне. «...У пошуках больш зручных абласцей і прыдатных для пасялення мясцовасцей ён, - гаворыць Іардан аб правадыры готаў Філімеры, - прайшоў у землі Скіфіі, якая на іх (гоцкай) мове называлася Оюм». Філімер, зачараваны вялікім багаццем тых краёў, перавёў туды палову свайго войска. Пасля, як расказваюць, мост, перакінуты праз раку, непапраўна зламаўся, так што нікому больш не засталося магчымасці ні прайсці, ні вярнуцца. Гавораць, што мясцовасць тая замкнутая, абкружаная дрыгвой і вірамі: такім чынам, ужо сама прырода зрабіла яе недасягальнай, з'яднаўшы тое і другое. Можна праверыць звесткі падарожнікаў, што і сёння там чутныя галасы жывёлы і ёсць адзнакі чалавечага знаходжання, хаця чутно гэта здалёку». Канешне, у гэтым гоцкім народным паданні вобразна тлумачыцца гістарычны факт. Частка готаў чамусьці не пайшла разам з усімі да шчодрага берага Чорнага мора, а засталася ў балоцістай краіне, перасечанай вялікай ракою Прыпяццю? Характарыстыка загадкавай краіны цалкам адпавядае асаблівасцям нашага Палесся. Ці захаваліся на Палессі нейкія готы, невядома. Аднак яны дакладна пражывалі ў раёне сучаснага Берасця досыць працяглы час. Згодна меркаванню Ю.А.Кухарэнкі, пахаванні на могільніку Берасце-Трышын беспераменна рабіліся на працягу цэлага стагоддзя, прыкладна з 170 па 270 г. н.э. А праз некалькі стагоддзяў у тых жа самых мясцінах мы сустракаем славян, нашых прамых і непасрэдных продкаў.

* У 410 г. вестготы стварылі потым першае ў межах Заходняй Рымскай імперыі Тулузскае «барбарскае» каралеўства (на поўдні сучаснай Францыі і ў Гішпаніі). У 493 г. роднасныя ім остготы (астраготы, ці груйтунгі) на чале з Цеадорыхам перамаглі Адаакра, авалодалі Італіяй і заснавалі ў былым сэрцы імперыі ўласнае каралеўства.

 

СПОРЫ, СПАЛЫ, СТАВАНЫ І СЛАВЯНЕ

 

Натуральна, навукоўцы славянскіх краін заўсёды імкнуліся знайсці ў старажытных крыніцах згадкі аб непасрэдных продках сваіх народаў. Іншая справа, што ў XIX ст. бракавала ведаў. Таму з тагачаснымі доказамі славянства неўраў ці будзінаў, напрыклад, змешчанымі ў Шафарыкавых «Славянскіх старажытнасцях», зараз пагадзіцца немагчыма. У XX ст. савецкім даследчыкам вельмі бракавала творчай свабоды. У гады сталіншчыны афіцыйным доўгі час з'яўлялася так званае марксісцкае вучэнне аб мове, распрацаванае М.Я.Марам. Згодна тэорыі Мара, мова мае класавую прыроду і пераўтвараецца са зменай класавых адносін. Напрыклад, першабытнаабшчыннаму ладу адпавядае фінская стадыя развіцця мовы, рабаўладальніцкаму - скіфская, феадальнаму - славянская і да т. п. На практыцы даследчыкі, каб пазбегнуць небяспекі, мусілі не аб'ектыўна даследаваць крыніцы, а шукаць доказы на карысць гэтай «тэорыі». Адны народы мусілі «ператварацца» ў зусім іншыя, і славянамі рабіліся нават Гамеравы кімерыйцы. Падчас барацьбы супраць «касмапалітызму» ўвогуле было небяспечна вылучаць у славянскіх землях старажытных неславян. Лічылася, што славяне жылі тут спрадвеку, а ў пісьмовых крыніцах трапляюцца толькі розныя імёны адных і тых жа плямёнаў на розных этапах іх развіцця. Шкодны ўплыў падобных уяўленняў адчуваўся вельмі працяглы час; не пазбавілася яшчэ ад яго і сучасная навука.

Частка даследчыкаў, напрыклад, упарта трымаецца за ўяўленні не толькі аб роднаснасці, але і аб славянскай прыналежнасці ўсіх згаданых у пісьмовых крыніцах венетаў. Але зараз ужо зразумела, што Іарданавых ве�етаў, у прыватнасці, зусім не варта блытаць з больш раннімі, асабліва з Тацытавымі.

Чытач разумее, што падабенства іх назваў не даказвае яшчэ існавання пераемнасці паміж імі. У адрозненне ад Тацыта, гоцкі гісторык адводзіць гэтаму племені землі не ў сучаснай Беларусі, а, хутчэй, у сучаснай Польшчы, недзе там, дзе пазней узнік Кракаў. «Каля левага іх (Карпацкіх гор) схілу, пачынаючы ад месца нараджэння ракі Вістулы - удакладнена ў Іардана, - на бязмерных абшарах размясцілася шматлюднае племя венетаў». Паводле Іардана, гэтых незлічоных венетаў нібыта перамог у IV ст. н.э., напярэдадні гунскага нашэсця, вялікі гоцкі кароль Германарых. Але добра вядома, як гэты гісторык імкнуўся ўсяляк узвысіць Германарыха і ўсіх іншых каралёў гоцкай дынастыі Амалаў. Напрыклад, ён запазычыў у рымскага гісторыка Пампея Трога апісанне скіфскіх паходаў VII ст. да н.э. на Блізкі Ўсход. Толькі Іардан скіфаў замяніў готамі, і ў яго атрымалася, што гоцкі кароль перамог нават егіпецкага фараона. Аўтар «Гетыкі» жыў у эпоху з'яўлення на гістарычнай арэне ваяўнічых славянскіх плямёнаў, склавенаў і антаў. Ён сцвярджае, што раней гэтыя славяне называліся менавіта венетамі. Але даваць таму веры, мусіць, не след. «Цяпер яны, - гаворыць пра сучасных яму славян VI ст. Іардан, - лютуюць паўсюдна, але тады ўсе яны (гэта значыць венеты IV ст.) падпарадкоўваліся ўладзе Германарыха». Атрымлівалася, што ворагі паходзяць ад нягодных, скароных продкаў, тады як готы - нашчадкі славутых прашчураў. Іардан выводзіў готаў ад гетаў нягледзячы на тое, што добра ведаў аб іх паходжанні не з Прычарнамор'я, а зусім з іншай часткі Эўропы. У Скандынавіі ён адзначае гоцкуто прарадзіму, Скандзу, а ў нізоўях Віслы - Гоціскандзу, адкуль да Чорнага мора готы дабіраліся цяжкім і працяглым шляхам. Іарданаў сучаснік візантыйскі гісторык Пракопій з Кесарыі таксама ведаў венетаў, з аднаго боку, і антаў са склавенамі - з другога. Як і Іардан, ён таксама падкрэсліваў, што апошнія «лютуюць паўсюдна»: «Уся Эўропа разрабавана гунамі, славянамі і антамі», - адзначана ў Пракопіевай «Патаемнай гісторыі». Там згаданы і венеты, дакладней, землі венетаў, але продкамі славян і антаў візантыйскі гісторык, дарэчы, не менш дасведчаны, чым гоцкі, лічыў не іх, а нейкіх загадкавых спораў. «Споры» па-грэчаску будзе «рассеяныя». У «Вайне з готамі» Пракопія мы чытаем наступнае: «У мінулым славяне і анты мелі адно імя, таму што ў старажытнасці называліся спорамі, ад таго, мяркую, што жылі па раскіданых, аддаленых адно ад другога, паселішчах; вось чаму яны і займаюць такія вялікія абшары. На самой справе, большая частка краін на той (левы) бок Істра належыць ім». Пракопію не патрабавалася, падобна Іардану, шукаць для славян VI ст. н.э. нявартых продкаў: у любым выпадку яны паходзілі ад нейкіх там барбараў, безумоўна ніжэйшых за старажытных рымлян, нашчадкамі якіх лічылі сябе візантыйцы-рамеі. Пракопій мусіў растлумачыць сваім «высакародным» чытачам, чаму гэтыя барбары зрабіліся занадта шматлікімі і авалодалі вялікімі абшарамі. Вось таму з'явілася, напэўна, яго меркаванне аб «рассеяных» спорах. Яго «спораў» у мінулым спрабавалі атаясамліваць з Герадотавымі скіфамі-аратымі на той падставе, што скіфскае «супор» можна прыблізна перакладаць як «плуг», «саха».

Але, згодна В.І.Абаеву, «спар» ці «спор» у роднасных скіфскай старажытных мовах мела сэнс «напіраць», «наступаць»: мусіць, адсюль сучасныя расейскія «спор» і «шпора». Гэтых Пракопіевых спораў, як магчымых продкаў сапраўдных славян, натуральна, паспрабавалі атаясаміць з Іарданавымі венетамі, і з яго спаламі. Сапраўды, «споры» і «спалы» гучыць досыць падобна. Да таго ж, паводле Іардана, спалы, як і венеты, былі аднымі з першых ворагаў готаў-перасяленцаў. Атрымліваецца, што, падобна венетам, спалаў таксама трэба шукаць далёка на поўнач ад узбярэжжа Чорнага мора, магчыма, нават недзе ў Беларускім Палессі. Але будзем мець на ўвазе, што аб спалах - праціўніках готаў мы ведаем толькі са слоў Іардана. А Іардан, у сваю чаргу, спасылаецца на Аблавіеву «дакладнейшую гісторыю» і на народныя паданні - «старажытныя песні» готаў. Аўтар «Гетыкі» пераказвае змест падання, пачынаючы ад напалову ўдалай пераправы праз безыменную раку, наступным чынам. «Тая частка готаў, што была пры Філімеры, - гаворыць Іардан, - перайшла праз раку і апынулася, як расказваюць, у вобласці Оюм і завалодала жаданай зямлёю. Не марнуючы часу, падступаюць яны да племені спалаў, і завязаўшы бітву, атрымліваюць перамогу. Адсюль ужо як пераможцы рушылі яны ў крайнюю частку Скіфіі, па суседству з Пантыйскім морам...» У паданні пераможаныя часам адыгрываюць ролю пераможцаў, а нязначная сутычка павялічваецца да маштабаў бітвы пры Гаўгамелах... Падзеі там лёгка перамяшчаюцца і ў прасторы, і ў часе. Оюмам, згодна Іардану, на гоцкай мове называлася Скіфія. Але спецыялісты лічаць, што гоцкі «Оюм», увогуле, гэта тое ж самае, што славянскі «Ірый», ці «Вырай» - міфічная шчаслівая краіна, цёплая, шчодрая, багатая. Цікава, што наданні паўночных народаў змяшчаюць такую зямлю на поўдні, куды адлятаюць увосень птушкі, а міфы народаў поўдня - наадварот, на поўначы, у прыватнасці індыйскія - у Гімалаях і г.д. Міфічная Шамбала індыйцаў толькі прыблізна адпавядае Гімалайскім гарам. Мусіць, таксама і Оюм «старажытных песень» готаў толькі ўмоўна адпавядаў Прычарнамор'ю, наваколлю зямлі загадкавых спалаў...

Але гэтае племя хутчэй за ўсё існавала рэальна. У Плініевай «Натуральнай гісторыі» сярод плямёнаў, што з-за Танаіса - Дона перасяліліся ў Скіфію, названы і «сатархеі-спалеі». Нейкія «сатархі-піраты» згаданы ў адным з надпісаў канца II ст. да н.э. з Неапаліса Скіфскага. У наступным, I ст. да н.э. пірацтва гэтых сатархаў у прыбярэжных водах Крыма, а таксама іх рабаўніцкія напады на Баспорскае царства засведчаны і ў творах антычных пісьменнікаў. Сатархі насялялі як стэпавую, так, мусіць, і нагорную часткі Крымскага паўвострава. Эпітэт «спалеі» перакладаецца як «горцы», ці «пячорнікі» (ад грэчаскага «спелайён» - пячора). Па гэтай прычыне, дарэчы, Ю.М.Дзесятчыкавым прапанавана атаясамліваць іх са Страбонавымі трагладзітамі... Але ў блізкіх да скіфскай старажытных мовах «палеі» і «сатахра» магло значыць адпаведна «ваенная слава», «моц», «волат»*. З нашчадкамі гэтых «волатаў» не на Палессі, а менавіта ў Крыме і маглі сутыкнуцца готы. У сярэдзіне III ст. н.э. гоцкае войска прыйшло на паўвостраў, напала на познескіфскае царства і нанесла Крымскай Скіфіі смяротны ўдар. Готамі, як сведчаць вынікі археалагічных раскопак, быў знішчаны Неапаліс Скіфскі, а таксама іншыя гарады гэтай дзяржавы. Частку захопленых зямель засялілі самі готы, ці так званыя готы-цетраксіты. У эпоху сярэднявечча існавала Крымская Готыя з цэнтрам у крэпасці Доры... Такім чынам, у гоцкіх «старажытных песнях» хутчэй за ўсё былі з'яднаны дзве розначасавыя падзеі, пранікненне ў паўночную частку Скіфіі і ўварванне на Крымскі паўвостраў, у землі сатархаў-«спалаў». Атрымліваецца, што апошнія ні да Палесся, ні да спораў ці венетаў, ні да славян дачынення мець не могуць. Дарэчы, гэта, напэўна, зразумеў яшчэ Любар Нідэрле, вядомы чэшскі славяназнавец XIX-XX стст., які лічыў Іарданавых спалаў «татарскім» племенем. Яго вялікі суайчыннік Павел Шафарык жыў у эпоху, калі свядомасць славянскіх народаў толькі абуджалася. Чэхія ў пачатку XIX ст. належала аўстрыйскім імператарам Габсбургам і магла толькі марыць аб нацыянальнай незалежнасці. Нават у Расеі захоўваўся ўплыў рэакцыйных тэорый, якія адмаўлялі саму здольнасць славян да ўласнага дзяржаўнага жыцця і ў сучаснасці, і ў старажытнасці. Вядома, колькі сіл на барацьбу з такімі поглядамі патраціў, у прыватнасці, вялікі асветнік М.В.Ламаносаў.

* Параўн. расейскае «исполин» - волат.

Змагаўся з імі і Шафарык. Таму трэба разумець, чаму іншым разам ён бачыў старажытных славян там, дзе на самой справе дастатковыя падставы для гэтага адсутнічалі. Напрыклад, славянская прыналежнасць меркавалася П.Шафарыкам для некалькіх згаданых Пталемеем плямёнаў толькі таму, што іх назвы здаваліся сугучнымі адпаведным славянскім. «Пталемеевы савары, - лічыў аўтар «Славянскіх старажытнасцей», - гэта народ, тоесны з Нестаравымі севяранамі». Шматвяковы разрыў паміж Нестарам і Пталемеем Шафарыка не бянтэжыў. Не збянтэжыла Шафарыка таксама і тэрытарыяльная аддаленасць, калі ён атаясамліваў з славянамі-сербамі Пталемеевых сірбаў. У Пталемея ж гэтыя сірбы-сербы - племя Азіяцкай Сарматыі, недзе на беразе Каспійскага мора паміж Волгай і Каўказам. П.Шафарык лічыў таксама, што «споры» - гэта сапсаваная Пракопіем славянская назва, усё тыя ж сербы. Увогуле, у Шафарыка мы знойдзем шмат спасылак на тое, што, маўляў, грэка-рымскія пісьменнікі сапсавалі ўласныя імёны славянскіх плямёнаў. Памылковасць большасці гэтых яго меркаванняў ужо даўно відавочная, але ў выпадку са ставанамі Шафарык, мусіць, меў рацыю. Яго тлумачэнне папулярнае і зараз: «ставаны» гэта, на самой справе, «стлаваны» ці «славены», гэта значыць славяне.

Гэтая версія выкарыстана Д.А.Мачынскім, які імкнуўся давесці, што ставаны-славяне павінны быць змешчаны на тэрыторыі Цэнтральнай Беларусі, дзе імі пакінуты помнікі культуры штрыхаванай керамікі. На ставанах нам трэба спыніцца. Гэтае племя згадвае Пталемей такім чынам: «... ніжэй венедаў (жывуць) галінды, судзіны і ставаны да аланаў; ніжэй іх - ігілліёны, затым кістабокі і трасмантаны да Пеўкійскіх гор». Мяркуецца, што Пталемеевы судзіны - гэта продкі сярэднявечных судаваў-яцвягаў у польскай Сувалкіі. Тады ставаны сапраўды могуць апынуцца на ўсход ад іх, недзе ўздоўж Нёмана і Бярэзіны. Мачынскі лічыць, што Пталемей і змясціў іх на гандлёвым шляху, які ішоў па гэтых рэках, а потым па Дняпры, з Прыбалтыкі ў Прычарнамор'е. Але сумніцельна, каб гэтым шляхам інтэнсіўна карысталіся рымскія гандляры II ст. н.э., часоў Марына Цірскага і Пталемея. Што ў папярэднім, I ст. н.э. рымляне ў зносінах з «бурштынавым берагам» карысталіся не дняпроўскім, а вісленскім шляхам, засведчана, мусіць, ужо ў Плінія. Пліній гаворыць, што бурштын рымляне атрымлівалі праз Панонію, гэта значыць тэрыторыю сучаснай Вугоршчыны, а не праз Паўночнае Прычарнамор'е. Тым больш, як ужо гаварылася, у II ст. н.э. у прычарнаморскім стэпе панавалі ваяўнічыя аланы, зацятыя ворагі Рыма. Роля Ольвіі, як цэнтра дняпроўскага гандлю няўхільна падала. У часы імператара Антаніна Пія (138-161 гг. н.э.) на «шчаслівы» горад напалі таўра-скіфы, і яго грамадзяне мусілі прасіць дапамогі ў рымлян. Калі ў Пталемея і ідзе гаворка пра рачны гандлёвы шлях, то, напэўна, пра так званы бурштынавы. «Бурштынавы» шлях з Італіі праз заваяваную Рымам Панонію ішоў на тэрыторыі сучаснай Славакіі, дзе каля сучаснага горада Трэнчын існавала рымская крэпасць Лаўгарцыё. Далей праз карпацкія перавалы ён выводзіў на Віслу, каля ўтоку якой у Венедскі заліў і жылі плямёны, што здабывалі бурштын. Недзе недалёка ад Карпат у вярхоўях Віслы жылі, паводле Ф.Браўна, Пталемеевы ігілліёны. Таксама каля пачатку «бурштынавага шляху» Пталемей змясціў кістабокаў трансмантанаў («загорных») да Пеўкійскіх (Карпацкіх) гор. У Пталемея гэтая група плямёнаў у наваколлі пачатку «бурштынавага шляху» на Вісле лагічна змешчана «ніжэй» тых, што жылі каля яго заканчэння ў багатых «сонечным каменем» прыбалтыйскіх землях. Да іх належалі і ставаны, якія ні ў якім разе, канешне, не маглі дасягаць стэпавых аланаў. Увогуле, Пталемей, як і іншыя антычныя аўтары, адводзіў магутным аланам такія вялікія абшары, што яны, напэўна, штучна рабіліся суседзямі мноства аддаленых плямёнаў. Дарэчы, вышэй адзначалася, што Маркіян Гераклейскі аланам адводзіў нават тэрыторыю сучаснай Беларусі. Высновы мовазнаўцаў дазваляюць зняць з Пталемея абвінавачванні ў скажэнні сапраўднай назвы ставанаў. Старажытнае племя з менавіта такім іменем магло сапраўды існаваць у яго час. «Ставана» - «ухвалены» на старажытных індыйскай і іранскай мовах. Назва «славены», між іншым, мела зусім іншы сэнс: «людзі адной мовы», ці «тыя, што маюць мову», у адрозненне ад «нямых», «немцаў».

Нарэшце, адпаведнасць раннім славянам не толькі ставанаў, але і культуры штрыхаванай керамікі, таксама выклікала пярэчанні. Яе помнікі, што існавалі спачатку ў Летуве, а ў I ст. да н.э. - I ст. н.э. распаўсюджваюцца і ў Беларусі, даследчыкі абгрунтавана лічаць не славянскімі, а балцкімі. Увогуле, і Пталемеевы ставаны маглі быць старажытнабалцкім племенем, што жыло недзе паблізу ад галіндаў і судзінаў, таксама, хутчэй за ўсё, за межамі Беларусі.

Падкрэслім, што пошук звестак аб сапраўдных славянскіх плямёнах у антычных крыніцах і не мог, напэўна, ісці іншым шляхам, апрача шляху спроб і памылак. Нам няма за што папракаць Шафарыка і ўвогуле сучаснае яму славяназнаўства. Падобныя хібы ў той, як і ў пазнейшы, час былі непазбежнымі. У прыватнасці, вугорскія вучоныя лічылі венграмі-вуграмі Страбонавых ургаў, а ў Пталемеевых хунах бачылі гунаў, таксама. толькі на падставе сугучнасці назваў. Зараз даследчыкі ранніх этапаў гісторыі славян карыстаюцца ведамі, якіх зусім не мелі іх папярэднікі. Нямецкімі, чэшскімі, славацкімі, польскімі, румынскімі, расейскімі, украінскімі, а таксама і беларускімі археолагамі ўжо даволі добра вывучана так званая пражская археалагічная культура, безумоўна, раннеславянская. У VI ст. н.э. яе носьбіты насялялі вялізныя абшары паміж Эльбай, Сярэднім Дунаем і Верхнім - Сярэднім Дняпром. Беларускае Палессе належала ім таксама. На поўдзень і паўднёвы ўсход ад пражскай культуры ў той час была распаўсюджана ў украінскім лесастэпе роднасная ёй пянькоўская. Гэтыя старажытнасці і лічацца дакладна адпаведнымі самым раннім безумоўным славянам. Сапраўды, археолагамі ўжо даволі добра прасочана, як з гэтых старажытнасцей шляхам павольных змяненняў узнікла ў тых жа мясцінах культура сярэднявечных славянскіх дзяржаў, Маравіі, Русі, Польшчы. Апрача таго, тэрыторыя гэтых культур адпавядае той, якую адводзілі сучасным ім склавенам-славянам і антам гісторыкі VI ст. н.э. «Склавіны, - пісаў Іярдан, - жывуць ад горада Навіендуна* і возера, якое называецца Мурсіянскім, да Данастра, а на поўначы да Віслы. Замест гарадоў у іх балоты і лясы. Анты, самыя храбрыя з іх, жывуць на выгібе Понта і распаўсюджваюцца да Данапра. Рэкі гэтыя знаходзяцца адна ад адной на адлегласці многіх дзённых пераходаў». Зразумела, што Іярдан лепш ведаў паўднёвую частку славянскіх зямель, якія на поўнач і паўночны ўсход цягнуліся значна далей вытокаў Віслы. Таксама і Пракопій Кесарыйскі лепш ведаў славян па суседству з візантыйскімі ўладаннямі на паўночным беразе Дуная, дзе, па словах гісторыка, яны валодалі «большай часткай краін». «Незлічоныя плямёны антаў» Пракопій змяшчае менш пэўна, недзе на поўнач ад гунаў-уцігураў у прычарнаморскім стэпе.

* Навіендун, ці Невіядун - горад на рацэ Сане паблізу ад сучаснай сталіцы Славеніі - Любляны.

Пройдзе ўсяго некалькі стагоддзяў, і гэтыя барбары, якіх Пракопій амаль не адрозніваў ад дзікіх гунаў, утвораць дзяржавы, пакінуць шанаванне паганскага «бога, стваральніка маланак», паверыўшы ў Хрыста-Выратавальніка. Сярод балот і лясоў узнікнуць славянскія гарады, дзе апрача «вартых жалю халуп» узнімуцца велічныя храмы, у тым ліку - наша святая Сафія ў Полацку. Але на ўсе стагоддзі застануцца нашчадкі тых ранніх славян падобнымі «па свайму ладу жыцця, па сваіх звычаях і па сваёй любові да свабоды».

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

За пошукам нашых продкаў-славян мы і не заўважылі, як перасяклі ўмоўную мяжу паміж старажытнасцю і сярэднявеччам і апынуліся ўжо ў самым пачатку апошняга, у VI ст. н.э. У стагоддзі славянскіх «буры і націску»: заваяванняў, перасяленняў, упартай барацьбы за кавалак «жыццёвай прасторы»... Мы, аднак, заўважылі, што гэтая барацьба ў папярэднюю антычную эпоху ўвогуле была няспыннай, у тым ліку на нашых землях. Гэта сёння яны нашы, а тады, дзесяткі стагоддзяў назад, нейкая рачулка і пагорак па-над ёй і лес за пагоркам былі такой жа бацькаўшчынай для чалавека, ад якога зараз засталася толькі жменька перапаленых костак, а то і ўвогуле зусім нічога. Нам трэба ўбачыць ва ўсіх тых неўрах, андрафагах, скіфах, бастарнах, венетах, готах, фенах, славянах людзей, асоб, ва ўсім падобных да нас з вамі. Няхай сабе пад уладай розных забабонаў (іх і ў нас не бракуе!), але з прагай да жыцця і імкненнем да шчасця. З тугою па родных мясцінах, напрыклад па нізоўях Віслы ці там Эльбы, якія перасяленец мусіў памяняць на павольную плынь Прыпяці, на палескія паплавы і лясы...

Старажытныя рымляне лічылі зямлю канчаткова заваяванай зусім не тады, калі імі быў пераможаны апошні ўзброены вораг. А тады, калі на ёй, разаранай і засеянай рукамі рымляніна, удавалася нарэшце сабраць першы ўраджай. Колькі ж ураджаяў знялі з беларускіх палеткаў усе згаданыя ў нас тутэйшыя «барбары» - безліч! У пэўным сэнсе ўсім ім мы - прамыя нашчадкі. Падзякуем археолагам, што рупліва вяртаюць з нябыту матэрыяльныя сведчанні аб нашых папярэдніках. Падзякуем этнографам, якія ў розных частках планеты ўжо здабылі і яшчэ здабудуць шмат звестак, што часам вельмі дапамагаюць нам зразумець уласнае мінулае. Апрача сучасных даследчыкаў, нам трэба, канешне, выказаць падзяку і старажытным географам, што адводзілі месца на мапах Зямлі таксама для той краіны, якую потым пазавуць Беларуссю.

Няхай сабе і не знойдзеш дакладныя яе прыкметы ні на Гекацеевым дыску, абкружаным ракой Акіян, ні на Эратасфенавай «македонскай хламідзе» сярод сусветнага мора, ні на Кратэсавым глобусе. Наша ж зямля лічылася ўсё ж часткай Айкумены, хай сабе і крайняй, аддаленай. Антычныя гісторыкі напісалі першыя радкі ў шматтомным летапісе беларускай зямлі...

Углядзіцеся ў твары антычных партрэтаў, бюстаў, статуй. Ад гэтых людзей засталіся, па вялікім рахунку, не чарапкі бітага посуду ці руіны дамоў і храмаў. І не зброя - яе даўно з'ела іржа. Ад іх засталіся мы з вамі, усе нашы сучаснікі. І нічога яшчэ не скончана і, па Божай літасці, не скончыцца.

 

Рэцэнзент доктар гістарычных навук, прафесар В.Фядосік




Крыніца: Сяргей Рассадзін. Землі амаль невядомыя: Будучая Беларусь паводле антычных манускрыптаў. Менск, Полымя, 1996. ISBN 5-345-00758-6

Беларуская Палічка: http://knihi.com