epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяржук Горбік

Гісторыя катэхізму ў Беларусі. Кароткі агляд для беларускіх грэка-каталікоў

Рыхтуючы гэтую працу мы знарок разьлічвалі на чытача, якому цікава ўласна беларуская нацыянальная хрысьціянская спадчына. Таму мы не разглядаем катэхізічную літаратуру, што выдавалася на абшарах Беларусі лацінскаю, нямецкаю, польскаю ці расейскаю мовамі. Таксама не разглядаюцца кірылічныя выданьня, што былі распрацаваны і выдадзены на Ўкраіне, але распаўсюджваліся ў Беларусі. Гэты пласт гісторыі яшчэ чакае свайго дасьледчыка...

 

Гісторыя катэхізму ў Беларусі бярэ свой пачатак ў ХІІ ст. Менавіта тады сьв. Ефрасіньня Полацкая, асьветніца Беларусі, склала першыя «Навучаньні Веры». Нажаль, сёньня мы ня маем сьпіс дадзенага твору, але, згодна з жыцьцяпісам сьвятой, ведаем, што гэта была «...досыць вялікая кніга, багата аздобленая», якую «...чыталі ў Царкве людскаю моваю пасьля сьвятой Літургіі...» [Жизнеописание святой Ефрасинии, княжны Полоцкой... Вильно, 1878 г. С.123]. Некаторыя старажытныя крыніцы дадаюць, што дадзены твор быў бласлаўлёны Кіеўскім мітрапалітам і Канстантынопальскім Патрыярхам [Жизнеописание святой Ефросинии, княжны Полоцкой... Вильно, 1878 г. С.125].

Праўдападобна, што стылёвасьцю напісаньня першых катэхітычных зборнікаў было казаньне. Складальнікі разьлічвалі на чытаньне вялікай колькасьці вернікаў, найчасьцей - ня вельмі адукаваных.

Стварэньне Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і афіцыйны прыход на землі Беларусі Каталіцтва, далі новы штуршок у пытаньні тлумачэньня веры. Вядома, што пасьля вяртаньня беларускіх біскупаў з Уладзімірскага сабору (канец ХІІІ ст.), у храмах агалошвалі «вернае навучаньне веры» [Влодимирский собор и его роль в истории Православия Западно-Русского края. Вильно, 1897 г. С.43]. Некаторыя расейскія дасьледчыкі пачатку ХХ ст. лічаць, што гэта была адна зь першых спроб масавай катэхізацыі ў Беларусі.

Новым этапам, што выклікаў патрэбу навучаньня веры, яе тлумачэньне, быў Фларэнтыйскі сабор 1439 г. Заходне-Праваслаўная Царква ВКЛ, у адрозьненьні ад Праваслаўнае Царквы Маскоўскага княства, прыняла ўмовы вуніі. Таму іерархі Царквы мусілі давесьці зьмены ў стане Царквы, яе дагматыцы да вернікаў. У гісторыі й апісаньні бібліятэцы Супрасльскага манастыра ўзгадваюцца сьпісы «Навучаньня» [Описание рукописей библиотеки Супрасльского, бывшего униатского, а ныне Православного монастыря. Варшава-Санкт-Петербург 1897 г.], што было складзена пасьля 1440 г. і атрымала блаславеньне тагачаснага Мітрапаліта Кардынала Ісыдора. Праўдападобна, што гэтыя правілы, зь некаторымі зьменамі, мелі ўжытак у Заходне-Праваслаўнай Царкве да канца ХVІ ст. Ва ўсялякім разе мы не знаходзім узгадваньня аб іншых падобных працах у дадзены пэрыяд. Нажаль, сёньня мы ня ведаем формы і зьместу гэтых «навучаньняў».

Пратэстантызм, што прыйшоў у Беларусь у ХVІ ст., таксама ўнёс свой уклад у гісторыю стварэньня й выданьня катэхізмаў. Так, у 1562 годзе, выдатны беларускі асьветнік, кальвініст па веравызнаньню, Сымон Будны напісаў і выдаў у Нясьвіжы «Катехізис» [Катехитисис... Несвиж, 1562]. Гэта першае выданьне катэхізіса беларускае мовай ды асобнай кніжкай. У ёй упершыню падаецца форма кароткіх пытаньняў і адказаў, што ў далейшым перанялі ўсе распрацоўшчыкі катэхізысаў. Брак падобных выданьняў у Заходне-Праваслаўнае Царкве прымусіў карыстацца Катэхізмам Сымона Буднага і Праваслаўных [Документы повествующие о ... Православных братствах Литвы и Польши, Вильно 1853 г. С.43, 56].

Катэхізічна-асьветніцкая праца праводзілася й Рыма-Каталіцкаю Царквой у ВКЛ. У прыватнасьці, езуіт а. Пётр Казінскі перакладае з лаціны на старабеларускую мову і ў 1585 годзе выдае «Катехизм или наоука всем православным християном...» [Катехизм. Вильна, 1585]. Гэтае выданьне цікава тым, што, па-першае, гэта фактычна першае друкаванае выданьне, дзе катэхізічныя пытаньні разглядаюцца з пункту гледжаньня злучаных Цэркваў; па-другое, дадзенае выданьне разьбівае міф аб выключна паланізатарскае ролі айцоў Езуітаў у Беларусі; па-трэцяе, сьведчыць аб фактычнай падрыхтоўцы Берасьцейскага сабору 1596 году.

Яшчэ адно катэхітычнае выданьне пабачыла сьвет у 1596 годе. Гэта «Азбука» Лаўрэнція і Стэфана Зізнаяў [Наука ку читаню и розуменю писма словенского, ту тыж о святой троици и о въчловечении господни. Вильно, 1596]. Апрача самае альфабэты, у ей зьмяшчаецца кароткі катэхізіс, пры гэтым упершыню ён адрасуецца «християнским дзетям» [Кніга Беларусі, зводны каталог. Мінск, 1986. Ст.75]. Цікавасьць выклікае факт напісаньня катэхізічнае часткі Стэфанам Зізнаем. Так, аўтар ужывае агульны зварот «хрысьціянскім» і слова «праваслаўны» у кантэксце «правільны, верны». Практыка зьмяшчэньня кароткага катэхізму ў «Букварах» ды «Азбуках» і надалей моцна трывала, незалежна, хто рыхтаваў гэтыя выданьні: Вуніяты ці Праваслаўныя брацтвы [Кніга Беларусі, зводны каталог. Мінск, 1986. Ст. 90, 91, 95, 101, 114, 116, 119, 135, 145, 147, 157, 178].

Заключэньне Берасьцейскае Вуніі дало новы імпульс катэхізму як навуцэ ў ВКЛ. Першы Вуніяцкі катэхізм быў складзены сьв. Язафатам Кунцэвічам недзе ў 1605-1613 гг. напачатку ў Віленскім Базыльянскім манастыры, а потым, у бытнасьць яго ігуменам Жыровіцкага манастыра. Захаваўся рукапіс сьв.Язафата - «Зборнік». Менавіта ў ім месьціца ягоны катэхізм «Наука против грехов вельми есть потребна». Рукапіс добра вядомы яшчэ ў ХІХ ст. і быў апісаны расейскім дасьледчыкам Дабранскім [Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской Публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильно, 1882 г.] і Жуковічам [Жукович П.Н. О неизданных сочинениях Иосафата Кунцевича. // Известия отделения русского языка и словестности АН. 1909, т.14, кн.3.]. Нажаль, гэты навуковец не дае дадзеных аб выданьні гэтага катэхізісу. Іншыя дадзеныя падаюцца ў кнігах, што пабачылі сьвет пасьля сьмерці сьв.Язафата, ў пэрыяд працэсу беніфікацыі [Kreuza L. Kazanie o swiatobliwym zywocie chwalebney smierci. Roku 1625]. Кіруючыся гэтымі дадзенымі, мы знайшлі часткі катэхізма сьв.Язафата ў выданьні «ΘΕΣΕΣ...», што выйшла пад рэдакцыяй мітрапаліта Іосіфа Вільяміна Руцкага ў 1608 годзе [ΘΕΣΕΣ сиреч изъвесны предъложения от оучений еже о тайнах церъковных на размышление к объщему состезанию даны честным Иосифом Вельямином Рутъским, иноком закону святого Василия в монастыру Виленъском святое живоначалное тройцы... року от нарожения Христова 1608 месяца генваря дня 8]. У 1628 годзе Катэхізіс сьв.Язафата выдаецца асобнай кнігай [Наука яко верити мает каждый который щитится наречением православия, згодная з писмом святым и со святыми оучителми церковными и прынятая от соборное апостолское церкви от единого з отцов в монастыре виленском святое жывоначалное Троицы пребывающых выдана в Вильне в друкарни тых же отцов року тисеча 628.]. Ён складаўся з пытаньняў і адказаў, меў чатыры часткі: 1. Аб веры, аб знаменьні хроснам; 2. Аб малітве Гасподняй «Ойча наш»; 3. Аб дзесяці запаветах Боскіх; 4. Аб сямі таямніцах Царкоўных. Па зьместу дадзены катэхізіс амаль цалкам адпавядае рукапісам сьв.Язафата. На падставе аналізу больш пазьнейшых Вуніяцкіх катэхізіных выданьняў, катэхітычных разьдзелаў у «Азбуках» й «Букварах», што пабачылі сьвет у друкарнях айцоў Базыльянаў, мы маем усе падставы меркаваць, што на працягу ХVІІ-ХVІІІ стст. дадзены катэхізм выкарыстоўваўся ва ўсіх базыльянскіх школах, усіх Цэрквах у Беларусі. Ён быў часткова перапрацаваны, але асноўная частка засталася нязьменая й цалкам саўпадае з рукапісам, апісаным Дабранскім.

Палемічнае змаганьне ХVІ-ХVІІ стст. выклікала патрэбу і ў складаньні Праваслаўнага катэхізма. Па некаторым дадзеным, яго меўся скласьці Мілеці Сматрыцкі. Дзе і як пісаўся падобны катэхізм, нажаль, невядома. Верагодней за ўсе, ён ня быў дапісаны ў сувязі зь Віцебскімі падзеямі 1623 г. Але, у перапісцы праваслаўных брацтваў другой паловы ХVІІ ст. сустракаюцца ўзгадкі аб «...навуцы веры Сматрыцкага» ці «...Мілецевай навукі». «Дасьледуя выданьні Віленскага Сьвятадухаўскага Праваслаўнага манастыра, брацкіх праваслаўных выданьняў, сустракаем канвалютнае «выкладаньне веры». Аналізуючы зьмест катэхізма, можна заўважыць разнастылёвасьць напісаньня.» [Документы повествующие о .... Православных братствах Литвы и Польши, Вильно 1853 г. С.76]. Але некаторыя мовазнаўцы лічаць, што па стылістыцы некаторыя старонкі Праваслаўнага катэхізіса падобныя на вядомыя творы Сматрыцкага [Документы повествующие о ... Православных братствах Литвы и Польши, Вильно 1853 г. С.77]. На нашу думку, Мілеці Сматрыцкі ня скончыў дадзеную працу, але яна засталася ў руках Праваслаўных. Апошнія апрацавалі, дапісалі яе і, за няйменьнем іншага, выдалі ды карысталіся ёй да 1757 году, калі ў Магілеве быў выдадзены новы Праваслаўны катэхізіс, што некалькі разоў перавыдаваўся [Катехизм... Могилев, 1757, 1761]. Пры гэтым расейскія дасьледчыкі ХІХ ст. лічылі, што ўзорам дзеля Мілеція Сматрыцкага і яго пасьлядоўнікаў былі катэхізмы Сымона Буднага і сьв.Язафата. Асабліва ўзорным прыкладам праваслаўнай кампіляцыі вуніяцкіх выданьняў зьяўляецца катэхізм Кіеўскага дэзуніцкага архімандрыта, а ў далейшым мітрапаліта Пятра Магілы. Маскоўскія праваслаўныя Патрыярхі лічылі іх «лацінскімі» і ў 1690 г. забаранілі да ўжываньня. Цікава, што на Маскоўскім саборы 1690 г., які ўласна і вынес «забарону», катэхізм, выдадзены ў Кіевапячэрскім манастыры названы «беларускім» [Документы повествующие о ... Православных братствах Литвы и Польши. Вильно, 1853 г. С.82, 84, 85-88].

Яшчэ адно цікавае праваслаўнае выданьне пабачыла сьвет у Гродна. Гэта «Книга глаголемая по гречески Катихисис, по литовски Оглашение, русским же языком нарицается Беседословие» [Книга глаголемая по гречески Катихисис, по литовски Оглашение, русским же языком нарицается Беседословие. Гродно, 1783]. Гэта перадрук маскоўскага выданьня 1627 г., але, як пішацца ў прадмове, «перакладзенная» - г.зн. адаптаваная пад беларускую мову.

Новы этап распрацоўкі Грэка-Каталіцкіх катэхізісу распачаўся ў Беларусі пасьля Замойскага сыноду 1720 году. Апрача «Буквароў», якіх ў друкарнях айцоў Базыльянаў у Беларусі выйшла восемь, а пасьля 1720 году - семь [Букварь языка славенскаго. Супрасль, 1715; Букварь языка славенскаго. Супрасль, 1727; Букварь языка славенскаго. Супрасль, 1754; Букварь славенскаго языка. Супрасль, 1761; Букварь славенскаго языка. Вильно, 1767; Букварь славенскаго языка. Супрасль, 1781; Букварь языка славенскаго. Вильно, 1782; Букварь славенскаго языка. Супрасль, 1792]. У 1759 годзе пабачыла сьвет «Краткое сословие науки християнской» [Краткое сословие науки хрисианской. Супрасль, 1759]. Таксама вядома некалькі ўзгадак пра новыя «Навучаньні Праваслаўна-Вуніяцкае веры». Але, нажаль, аналіз тэкстаў не праводзіўся. Адметнаю асаблівасьцю некаторых выданьняў было іх выданьне беларускай лацінкай.

Падзелы Рэчы Паспалітай, што пачаліся ў 1772 г., распачынаюць пэрыяд занепаду ўласна беларускай рэлігійнай літаратуры. Праўда, айцамі Базыльянамі пасьля 1772 году было выдадзена шэраг катэхізісаў. Ніжэй мы падаем сьпіс гэтых выданьняў: Букварь славенскаго языка. Супрасль, 1781; Общих и естественных поученый христианского богочестия. Собрание великаго Катехизму. Супрасль, 1788; Собрание краткия науки о артикулях веры. Супрасль, 1788; Букварь славенскаго языка. Супрасль, 1792.

Гэта былі апошнія выданьні беларускамоўных катэхізісаў у Беларусі ў XVIII ст. Разглядаючы рэлігійныя тэксты катэхізічнае літаратуры, што пабачылі сьвет у ХVII-XVIII стст., назіраецца іх фактычная аднатыповасьць. Нават тлумачэньне Феліокфы праваслаўных выданьняў калі-некалі падаецца з Каталіцкага пункту гледжаньня. Вызначыць канфэсійную прыналежнасьць выданьня магчыма толькі па выходных дадзеных ці малітоўнаму зьместу (зварот да Канстантынопальскага Патрыярха ці Папы Рымскага). Амаль усе яны складзены ў форме кароткіх пытаньняў і адказаў, што характэрна для дадзенага часу. Карэнныя зьмены адбыліся толькі пасьля 1684 году, калі рэшту праваслаўных ВКЛ Канстантынопаль перадаў пад юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярха. Менавіта пасьля гэтай падзеі ў Беларусі пачалі зьяўляцца перадрукі расейскіх рэлігійных выданьняў, у тым ліку і катэхізмаў. Маскоўскае Праваслаўе было настолькі непадобнае на Заходняе Праваслаўе Рэчы Паспалітай, што менавіта ў канцы ХVІІ назіраецца масавы пераход былых Праваслаўных у Вунію.

Выданьне рэлігійнае, у тым ліку катэхізічнае літаратуры беларускаю моваю ў ХІХ ст. шчыльна павязана са зьменай канфэсійнага становішча ў краіне. Ужо ад пачатку анэксіі беларускіх земляў расейскае самаўладзе пачало праводзіць палітыку на зьнішчэньне Грэка-Каталіцкае Царквы. Яе правы паступова абмяжоўваліся, сьвятароў прымушалі карыстацца катэхізічнай літаратурай і малітоўнікамі «маскоўскага друку». Нежадаючыя далучацца да Расейскага Праваслаўя вернікі Грэка-Каталіцкае Царквы масава пераходзілі на Лацінскі абрад. Узбуйненьне Рыма-Каталіцкае Царквы за кошт этнічнага беларускага насельніцтва, выклікала неабходнасьць правядзеньня катэхізічнае працы на беларускай мове. Але, як піша вядомы беларускі дасьледчык Юры Туронак, Рыма-Каталіцкі Касьцёл сутыкнуўся зь «нераспрацаванасьцю (у касьцёле - С.Г.) беларускай мовы, тэрміналёгіі, адсутнасьцю слоўнікаў і іншых дапаможнікаў для яе вывучэньня» [Юры Туронак. З пачыну Пралата Стэфана Дэнісевіча. Сайт часопіса «Наша Вера»]. Да гэтага дадаваліся забароны Расейскае ўлады друкаваць кнігі беларускаю моваю.

Нягледзячы на неспрыяльныя варункі, у 1835 годзе пабачыў сьвет Рыма-Каталіцкі катэхізіс [Krotkie zebranie nauki Chrescianskiej. Wilno, 1835], а яшчэ адзін - напярэдадні паўстаньня Кастуся Каліноўскага [Elementarz dla dobryh dzietak katolikau. Warszawa, 1862]. «Але на самой справе гэты буквар быў адрасаваны ў першую чаргу ня дзецям, а іх бацькам. Пасьля некалькіх старонак з традыцыйна вялікімі літарамі і табліцай множаньня пачыналася выкладаньне рэлігійных дагматаў і навучаньняў, адрэсаваных беларускаму селяніну...» [Кніга Беларусі, зводны каталог. Мінск, 1986 г. С.262].

З новым этапам беларускага адраджэньня, што распачалося ў канцы ХІХ ст., паўстала праблема «беларускай мовы ў сьвятынях» [Stankiewic Ad, ks. Rodnaja mowa u swiatyniach. Wilna, 1929]. Асабліва гэта зрабілася актуальным пасьля загаду аб «веротерпімості» 1905 г., калі больш за 350 тысяч былых вуніятаў ды іх нашчадкаў пакінулі ўлоньне Рускае Праваслаўнае Царквы і перайшлі ў адзінаверную ім Рыма-Каталіцкую Царкву. Ініцыятарам й ідыёлягам беларускага рэлігійнага выдаўніцтва быў прылат, а з 1908 г. біскуп Стэфан Дэнісэвіч. Менавіта ён заахвоціў сэмінарыстаў Пяцярбурскае Духоўнае Акадэміі да працы на беларускае ніве. Неўзабаве выдаецца некалькі катэхізычных кніжак беларускай лацінкай [Elementarz dla dobryh dzetak katalikau. Pb., 1906; Filachouski R. Karotki katachizm dla pryspasablennia dziaciej da piersaj spowiedzi і kamunji swiatoj. Wilnia, 1907]. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што архіпастыр сам першапачаткова фінансаваў выдаўніцтва беларускамоўнай рэлігійнай літаратуры [Юры Туронак. З пачыну Пралата Стэфана Дэнісевіча. Сайт часопіса «Наша Вера»].

У 1912 годзе студэнты-беларусы з Рыма-Каталіцкае сэмінарыі й акадэміі ў Пецярбурзе стварылі «Беларускі гурток». Яны пачалі актыўна рыхтаваць да друку беларускамоўную рэлігійную літаратуру, у тым ліку й катэхізічную. Ужо ў 1912 годзе выдаеца эвагельская навука ксяндза І.Бобича [Bobic Ild. Ks. Dr. Niadzielasnija ewanhielii I nawuki. Tri castki. Wilnia, 1912], а перад самай вайной шэраг прац у перакладзе ды перапрацоўцы а.Францішка Будзькі [Szuster J Ks. Karotka historyja swiata. Pb, 1914; Branczkouski D. Karotkaje wyjasniennie abradau R.-katalickaho kasciola. Z polskaha pieratlumaczyu X. Wilnia, 1914]. Нажаль, І Сусьветная вайна перапыніла гэтую працу.

Праўда ў 1915 годзе ў Вільне Баляслаў Пачопка выдае свой малітоўнік, які меў і катэхізічную частку [P-ка B. Boh z nami. Belaruski madliteunic. Wilna, 1915]. Гэта была досыць вялікая кніга: 264 с. з малюнкамі. Яе складальнік на той час зьяўлялся сьвецкай асобай, хоць скончыў два курсы Віленскай духоўнай сэмінарыі. Пазьней Баляслаў Пячотка атрымаў сьвятарскія пасьвячэньні як Грэка-Каталіцкі сьвятар. Таму цалкам мажліва, што дадзены малітоўнік выкарыстоўвалі і беларускія Грэка-Каталікі.

Новая рэлігійна-палітычная сытуацыя паўстала пасьля 1917 году. Пэўная свабода давала магчымасьць распачаць новы этап у справе катэхізацыі ў Беларусі. Праўда, пасьля падзелу нашай тэрыторыі паміж Масквой і Варшавай, рэальна казаць толькі пра рэлігійную працу ў Заходняй Беларусі.

Па нашаму меркаваньню, можна вылучыць тры плыні: Рыма-Каталіцкую, Грэка-Каталіцкую й Праваслаўную. Падобны падыход абумоўліваецца палітычнымі абставінамі ды рэлігійнай разьяднанасьцю беларускага народу. Паспрабуем прааналізаваць кожную з плыняў.

Рыма-Каталіцкая плынь, якая ўзьнікла яшчэ на пачатку ХХ ст., з 1921 году мела на мэце найперш спыненьне паланізацыі беларускага народу, што ішла праз Рыма-Каталіцкі Касьцёл. Рэлігійная Каталіцкая літаратура пабачыла сьвет намаганьнямі нацыянальна сьвядомых ксяндзоў беларусаў: айцоў А.Станкевіча, В.Талочка, Я.Германовіча, Ф.Абрантовіча ды іншых беларускіх сьвятароў. Выдаваліся яны пераважна беларускай лацінкай. Так у 1927 годзе пабачыў сьвет новы Катэхізм для беларусаў-каталікоў [Resec J, k-c d-r. Karotki katechizm dla bielarusau - katalikou, Wilna 1927], а ў 1934 г. другое выданьне кс.Стэповіча К. «Голас душы» [Holas Dusy. Wilnia, 1934 h.]. Адметнай рысай апошняга было тое, што па некаторым дадзеным, яго выкарыстоўвалі беларускія каталікі Ўсходняга абраду.

З пачаткам ІІ Сусьветнай вайны і акупацыяй Беларусі нямецкімі войскамі, частка сьвядомага беларускага сьвятарства спрабавала наладзіць нацыянальнае рэлігійнае жыцьцё. Галоўным школьным інспэктарам на акупаваных тэрыторыях робіцца вядомы дзеяч беларускага адраджэньня ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Ён складае новую школьную праграму, правіць набажэнствы ў Менскіх касьцёлах... Зь ягонай дапамогай кс. С.Глякоўскі выдае «Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў» [Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў. Менск, 1942]. Нажаль, дакладнага сьпіса беларускіх кніг, што былі выдадзены пад немцамі пакуль няма. Няпоўная ксэракопія дадзенага выданьня, што трапіла нам у рукі была выдадзена кірылічным шрыфтам. Але, па некаторых сьведчаньнях, ёсьць дадзеныя аб яе выданьні і лацінкай.

На пачатку 20-х гадоў ХХ ст. распачынаюцца актыўныя захады па адраджэньню Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Ідэйным і навуковым цэнтрам гэтага руху робіцца невялікае мястэчка Альбярцын паблізу г. Слоніма. Менавіта там ад 4 лістапада 1923 г. дзейнічала місія айцоў Езуітаў Ўсходняга абраду. Яны мелі выдаўнічы адзьдзел, які выдаваў багата літаратуры беларускаю моваю. Таксама выходзіў часопіс «Да злучэньня», рэдактарам якога з 1932 г. быў будучы Экзарх Беларускае Грэка - Каталіцкае Царквы а.Антон Неманцэвіч. Адной з распрацовак місійнага цэнтру быў «Катэхізм Усходняе Царквы» [Катэхізм Усходне-Каталіцкае Царквы. Альбярцін?, 1928, Слонім? 1933 г.]. На нашу думку, гэта быў першы беларускі катэхізм для беларусаў Грэка-Каталікоў у ХХ ст. Ён выходзіў двойчы: у 1928 і 1933 гг. Нажаль, асобнікі выданьня 1928 г. не захаваліся, а вядомы нам асобнік выданьня 1933 году захаваўся фрагмэнтарна. Ён складаўся з 64 старонак, на пачатку меў кароткую гісторыю Грэка-Каталіцтва. Зьмест знаходзіўся ў канцы кнігі. Былі дадзены асноўныя сьвяты (згодна грэгарыянскаму каляндару) і пасхалія (як па грэгарыянскаму, так і па юліянскаму каляндару). На частке другой старонкі ёсьць надпісы: «...па выданьню 1928 г. з дадаткамі» і «Дазволена Царкоўнаю ўладай». Апошняе дае падставы меркаваць, што да распрацоўкі дадзенага катэхізма меў дачыненьня дабрадзейны біскуп Мікола Чарнецкі, што ад 1931 г. быў Апостальскім Візытатарам для Грэка-Каталікоў беларускага Палесься і багата працаваў у тыя гады ў Беларусі [Чудо життя і смерті владики Миколая Чарнецького, ЧНІ. Львів, 2002 р. С.9]. Невядома дакладнае месца выданьня, складальнікі...

Яшчэ адзін Грэка-Каталіцкі катэхізм выйшаў у складзе малітоўніка «Божым шляхам» пад рэдакцыяй а.Лява Гарошка ў Рыме [Божым Шляхам, Малітоўнік для Беларусаў каталікоў, Рым 1946]. Менавіта дадзеным выданьнем карысталіся беларускія Грэка-Каталікі з пачатку новага адраджэньня Грэка-Каталіцкае Царквы ў Беларусі ў канцы 80-х гадоў ХХ ст. Малітоўнік быў перавыдадзены ў Менску на пачатку 90-х гадоў без аніякіх зьменаў.

Гаворачы аб дзейнасьці Праваслаўнае Царквы ў Беларусі трэба ўлічваць, што практычна ўвесь час яна была рэпрэзэнтавана Маскоўскім Праваслаўем. Спробы закласьці Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (БАПЦ) пасьля 1917 г. былі спынены падзелам нашае краіны паміж СССР і Польшчай, а заснаваная пад нямецкай акупацыяй БАПЦ дзейнічала толькі некалькі год (зараз дзейнічае выключна на эміграцыі). Акрамя таго, яе сьвятары былі выхаваны Маскоўскім Праваслаўем. Таму праца праваслаўных на ніве беларушчыны была вельмі слабая. Як ні дзіўна, пачынальнікам беларускамоўнае праваслаўнае рэлігійнае літаратуры зьяўляецца вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэньня, каталік па веравызнаньню, Вацлаў Ластоўскі. Ён пераклаў на беларускую мову кнігу расейскага сьвятара Васіля Раманава «Першыя малітвы і пазнаньне хрысціянскай праваслаўнай веры». Асаблівую цікавасьць выклікае той факт, што гэтая кніга была выдадзена лацінкай. Гэта не адпавядала праваслаўнай традыцыі і неўзабаве яе перавыдалі кірыліцай [Васіль Раманаў. Першыя малітвы і пазнанне хрысціянскай праваслаўнай веры. Менск, 1918]. Традыцыя перакладаў з выданьняў Расейскае Праваслаўнае Царквы трывала і надалей [Рыгор Чальцоў. Аб'ясьненьне сімвала веры, малітваў і запавядзяў. Вільня, 1918]. Увогуле: «Беларускае Праваслаўнае духавенства пастарому крэпка сьпіць і наогул варожа настроена да беларускага руху. Паказаў гэта як найляпей епархіяльны зьезд у Вільне летась 1921 году, на якім вынесены пастановы проці беларускіх школ, беларуская мова названа «наречіем»...» [Беларускі каляндар на 1922 год. Вільня, 1922. С.70]. У падобных абставінах казаць аб зьяўленьні беларускіх катэхітычных прац амаль не выпадае. Некаторую Беларускую Праваслаўную катэхітычную працу спрабавала наладзіць «Таварыства Сьвятой Тройцы», што было створана ў Вільне. Але «...праваслаўныя беларусы, пакінутыя сваімі духоўнымі...» [Беларускі каляндар на 1922 год. Вільня, 1922. С.71] мала што здолелі зрабіць...

Новы этап гісторыі катэхізму ў Беларусі распачаўся ў 1988 г., калі ў Рыме быў выдадзены новы беларускамоўны катэхізм [Кароткі катэхізм хрысьціянскай навукі. Рым, 1988]. З 1989 г. ён вольна распаўсюджваецца ў Беларусі. У 1990 г. да выданьня катэхізму далучылася й адраджаючаяся Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі. Напачатку ў часопісе «Унія» [Унія, №1, Менск, 1990 г.], а потым у малітоўніках ды асобнымі выданьнямі [Катэхізм айца Пётры, Мінск, 1991] пабачыла сьвет некалькі Грэка-Каталіцкіх варыянтаў катэхізмаў. Сення гэтая праца працягваеца надалей.

 

Менск, 2002 г.

 

 

Літаратура

 

1. Жизнеописание святой Ефрасинии, княжны Полоцкой... Вильно, 1878 г.

2. Влодимирский собор и его роль в истории Православия Западно-Русского края. Вильно, 1897 г.

3. Описание рукописей библиотеки Супрасльского, бывшего униатского, а ныне Православного монастыря. Варшава-Санкт-Петербург 1897 г.

4. Катехитисис.... Несвиж, 1562

5. (Канизий Петр) Катехизм. Вильна, 1585

6. Кніга Беларусі, зводны каталог. Мінск, 1986.

7. Наука ку читаню и розуменю писма словенского, ту тыж о святой троици и о въчловечении господни. Вильно, 1596. Вильна, 1596

8. Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской Публивчной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильно, 1882 г

9. Жукович П.Н. О неизданных сочинениях Иосафата Кунцевича.\\ Известия отделения русского языка и словестности АН. 1909, т.14, кн.3.

10. Kreuza L. Kazanie o swiatobliwym zywocie chwalebney smierci.... Roku 1625.

11. ΘΕΣΕΣ сиреч изъвесны предъложения от оучений еже о тайнах церъковных...». Вильна, 1608.

12. Наука яко верити мает каждый который щитится наречением православия, згодная з писмом святым и со святыми оучителми церковными и прынятая от соборное апостолское церкви от единого з отцов в монастыре виленском святое жывоначалное Троицы пребывающых выдана в Вильне в друкарни тых же отцов року тисеча 628.

13. Документы повествующие о...Православных братствах Литвы и Польши, Вильно 1853 г.

14. Катехизм... Могилев, 1757.

15. Катехизм. Могилев, 1761

16. Книга глаголемая по гречески Катихисис, по литовски Оглашение, русским же языком нарицается Беседословие. Гродно, 1783

17. Букварь языка славенскаго. Супрасль, 1715; Букварь языка славенскаго. Супрасль, 1727; Букварь языка славенскаго. Супрасль, 1754; Букварь славенскаго языка. Супрасль, 1761; Букварь славенскаго языка. Вильно, 1767; Букварь славенскаго языка. Супрасль, 1781; Букварь языка славенскаго. Вильно, 1782; Букварь славенскаго языка. Супрасль, 1792

18. Краткое сословие науки хрисианской. Супрасль, 1759

19. Букварь славенскаго языка. Супрасль, 1781

20. Общих и естественных поученый христианского богочестия. Собрание великаго Катехизму. Супрасль, 1788.

21. Собрание краткой науки об артикулах веры. Супрасль, 1788 г.

22. Букварь славенскаго языка. Супрасль, 1792

23. Юры Туронак. З пачыну Пралата Стэфана Дэнісевіча. Сайт час. Наша Вера.

24. Krotkie zebranie nauki Chrescianskiej. Wilno, 1835

25. Elementarz dla dobryh dzietak katolikau. Warszawa, 1862

26. Stankiewic Ad, ks. Rodnaja mowa u swiatyniach. Wilna, 1929

27. Elementarz dla dobryh dzetak katalikau. Pb., 1906

28. Filachouski R. Karotki katachizm dla pryspasablennia dziaciej da piersaj spowiedzi i kamunji swiatoj. Wilnia, 1907

29. Bobic Ild. Ks. Dr. Niadzielasnija ewanhielii I nawuki. Tri castki. Wilnia, 1912.

30. Szuster J Ks. Karotka historyja swiata. Pb, 1914.

31. Branczkouski D. Karotkaje wyjasniennie abradau R.-katalickaho kasciola. Z polskaha pieratlumaczyu X. Wilnia, 1914

32. P-ка B. Boh z nami. Belaruski madliteunic. Wilna, 1915.

33. Resec J, k-c d-r. Karotki katechizm dla bielarusau - katalikou, Wilna 1927

34. Holas Dusy. Wilnia, 1934 h.

35. Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў. Менск, 1942

36. Катэхізм Усходне-Каталіцкае Царквы. Альбярцін?, 1928, Слонім? 1933 г.

37. Чудо життя і смерті владики Миколая Чарнецького, ЧНІ. Львів, 2002 р.

38. Божым Шляхам, Малітоўнік для Беларусаў каталікоў, Рым 1946.

39. Васіль Раманаў. Першыя малітвы і пазнаньне хрысціянскай праваслаўнай веры. Менск, 1918

40. Рыгор Чальцоў. «Аб'ясьненьне сімвала веры, малітваў і запавядзяў. Вільня, 1918

41. Беларускі каляндар на 1922 год. Вільня, 1922.

42. Кароткі катэхізм хрысьціянскай навукі, Рым, 1988

43. Унія, №1, Менск, 1990 г.

44. Катэхізм айца Пётры, Мінск, 1991 г.


2002

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая