epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяржук Сокалаў-Воюш

Ь (Мяккі знак)

Лекцыя 47

... пар.53. Перад мяккімі зычнымі з, с, ц, дз

зьмякчаюцца: зьняць, сьляза, цьвіце, дзьве і г.д.

Б.Тарашкевіч. Беларуская граматыка

для школ. Выд. пятае. Вільня, 1929.

 

...У радзе выпадкаў... ужыванне літары ь

можна разглядаць як свядомае імкненне

абазначыць асімілятыўную мяккасць зычных:

зьведенье, злость, масть, радость, сьвет,

сьвиренъ, сьмерть...

 

А.І.Жураўскі. Гісторыя беларускай

літаратурнай мовы. Т.І, Мн., 1967.

С.203 (Раздзел «Перакладчыцкая

дзейнасць В.Цяпінскага»).

 

 

I

 

Быў далёкі і страшны час,

Як зляталі з плячэй галовы,

Як знішчалі, мо ў соты раз,

Нашу памяць і нашу мову.

 

Што я ведаю з тых часоў?

Калі быць немагчыма шчырым -

Інфармацыю з галасоў,

Ледзь нашморганую з эфіру,

 

Пару кніжак хрушчоўскіх год,

Зачытаных да латак кволых,

Ды маўчання калючы дрот,

Што пануе у нашых школах...

 

Ну не верыць жа галасам,

Як і культаўскім звонкім одам.

Лёс гукнуў: «Разбярыся сам,

Хто быў вораг твайму народу...»

 

Колькі розных прайшло сустрэч:

Інфарматары, дыверсанты...

І над кожным зіхцеўся меч,

Кожны - контра, ці проста - анты...

 

Хто ж былі ўладары падзей? -

Сведкі, доказы, бланкі, справы

Ды нібыта сябры людзей

Ад даносчыка да Цанавы.

 

Нейчы лёс дзеля іх - нішто,

Свой - усё, бо на тым паўсталі,

Пад нагамі - з людзей плато,

Над галовамі - бацька Сталін.

 

Нікне вечар, іду дамоў,

Думкі чэрап ірвуць на часткі,

Быццам вынік усіх размоў

Мне навокал здаюцца пасткі.

 

І ў паветры, нібы ядваб,

Распрамляючы зноў калені,

Вырываюцца з іхніх лап

Без віны вінаватых цені.

 

II

 

Самых цвёрдых бралі спярша:

Гэта цвёрдыя чыняць шкоду,

Гэта ў іх не баліць душа

Пра патрэбы свайго народу.

 

Гэта цвёрдыя (хто ж яшчэ?)

Нас вядуць па шляхох няслушных.

Кат, нібыта мяснік, ссячэ

Іх галовы пад спеў задушны.

 

Спеў халодных турэмных брам,

Спеў завей у далёкім Сібіру,

Дзе ярэмна нават вятрам,

Дзе прыгонна таёжнай шыры.

 

Горкай праўдай сталее люд,

А салодкай - марнее, гіне,

Што народжана без пакут,

Тое цяжка цягнуць на спіне.

 

Бралі ж лёгка і без разваг,

Пазбаўлялі падсудных лавы,

Бо кароткае слова «враг!»

Бараніцца знішчала права.

 

Іх не стала, на іх табу,

Догма ж, выраслая ў пачвару,

Абвастраючы барацьбу,

Зноў шукала сабе ахвяру.

 

І тады, быццам цень, няўзнак,

Безгалосы слуга граматык,

Раптам выступіў Мяккі Знак

На арэну смяротных схватак.

 

Самы мяккі пайшоў у бой,

Браў, як цвёрды, сцены крутыя,

Каб цвярдзейшых прыкрыць сабой,

Каб паспелі ачуцца тыя.

 

А з фатэляў наўкол віжы

Падымалі свае азадкі,

І зіхцелі, нібы нажы,

Здрадай востраные асадкі.

 

Быў свінец непатрэбных слоў,

Кананада бязладных гукаў

Вылятала, як гром, з галоў

І лічылася звышнавукай.

 

Білі ціхага, як заўжды,

Ды навошта (не дайма веры!):

Што па-варварску праз гады

Забірае ён шмат паперы.

 

Ну, вядома ж, паперы брак,

Калі чорных спіскаў замрога

І яны даўжэй, чым барак,

Ці у люты Сібір дарога.

 

Выспяваў спакваля закон,

Як мярцвяк ажываў пад снегам:

Мяккі Знак асудзіць на скон,

Як буржуйскага здрадцу-шпега.

 

Колькі «супраць» было і «за»?

Ды з абодвух бакоў нямала,

А ў віжоў на канцы ляза

Кожны спрэчнік засеў трывала.

 

На ашчаджаным аркушы,

У атраманце зберажоным

Затрымцела святло душы

І зайшлося кайданным звонам.

 

Скон цянёты плёў, як павук,

Рассыпалі завеі спевы,

Тэарэтыкі звышнавук

Для паперняў валілі дрэвы.

 

І хацелі пляваць яны,

Што ў далёкай бацькоўскай хаце

Ад сапраўднае іх віны

Нехта родную мову страціў:

 

Песьні - песнямі сталі спрэс,

Сьлёзы - сталі слязьмі наўкола.

Тарашкевіч ішоў пад прэс,

І злачынства вітала школа.

 

Над жывымі вітаў праклён,

А над мёртвымі? Мёртвы скуль тут?!

Волат Цяпінскі. Нават ён(!)

Здолеў стацца ахвярай культу...

 

Восень лісце кладзе на дол,

Воз гісторыі ў брудзе вязне,

Не падкласці пад колы кол -

У Сібіру канаюць вязні.

 

III

 

Божа! Як жа навокал ціха,

Цішыня і тая знямела,

А ні руху табе, ні дыху

У паветры мярцвяна-белым.

 

Можа, нехта сканаў вялікі,

А малыя па ім не плачуць,

Бо застылі на вуснах крыкі,

Што нічога не перайначыць,

 

Бо застылі на вуснах словы,

Бо патухла у словах памяць.

Калі нельга вынішчыць мову,

То імкнуцца хаця б параніць.

 

І сцякае яна крывёю

Па халодных маўклівых вуснах.

Колькі ж вас, паяднаных ёю,

Неразумных, сляпых распусных.

 

Людзі - волаты (нат здаля),

А галовы й мазгі - пігмеяў,

І ўсе яны спакваля

Набываюць абрысы змеяў.

 

Хто згадае той гук і зык,

Хто паўторыць яго нанова?

Калі змейны ва ўсіх язык,

Калі ён двайны да паловы...

 

Уцякаю, бягу - куды?

Дзе ні ткніся, паўсюдна «змеі»:

Як жахліва «сіпяць» гарады,

Як пачварна вёскі нямеюць!

 

Быццам хто апрануў аброць

Ды кіруе свет зацугляны,

І ніхто ні слова супроць,

Толькі продкаў крывяняць раны.

 

Мо таму і маўчым цяпер,

Што на гэтай крыві паўсталі,

Што, як ікламі ў цела звер,

Нам у гены уеўся Сталін.

 

Слова стала нібы праснак,

Раз пачуеш - навек абрыдне,

Алегорыя - Мяккі Знак,

Калі ў хаце пануюць злыдні...

 

Я, прывыкшы глядзець у ноч,

Але я не прыхільнік ночы,

Калі тая шапоча: збоч

Ці заплюшчы ціхенька вочы.

 

І таму на свечку лячу,

Як матыль ля яе шалею,

Каб гарэла ярчэй хачу,

А яна не гарыць, а тлее...

 


1990-1999?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: Вераб'іны тачок