epub
 
Падключыць
слоўнікі

Серафім Андраюк

Даверлівы талент

 

Янка Сіпакоў — пісьменнік разнастайных творчых магчымасцей. Талент ягоны шчодры і шматгранны. Паэт, празаік, перакладчык, нарысіст. Хоць рэдка, але выступае і як публіцыст, крытык, эсэіст; выйшлі тры зборнікі гумарэсак — «Лысы юбілей», «Плюс на мінус» і «Ланцугі для мух». Ёсць значныя набыткі ва ўсіх галінах творчасці, ва ўсіх жанрах. Яны вядомыя. Кніга паэзіі «Веча славянскіх балад» адзначана ў 1976 г. Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы; заняла сваё сталае месца ў беларускай прозе апошніх дзесяцігоддзяў кніга аповесцей «Крыло цішыні»; калі ідзе гаворка пра дасягненні нашай сучаснай нарысістыкі, абавязкова называюцца творы гэтага жанру Я. Сіпакова; а ягоныя пераклады, у прыватнасці, Уолта Уітмена і Хо Шы Міна з поўнай падставай адносяцца спецыялістамі да найбольш адпаведных духу і літары арыгінала, глыбокіх і паэтычных.

І ўсё ж асноўнае поле творчай дзейнасці, галоўная сфера пісьменнікавых клопатаў і турбот — арыгінальная паэзія і проза. Тут у яго ёсць ужо свае адметныя дзялянкі, пазначаныя арыгінальнасцю таленту і высокай культурай працы. І цяжка сказаць, на якой з гэтых творчых дзялянак больш значныя дасягненні пісьменніка, да чаго больш хінецца ягоная душа — да паэзіі ці да прозы, дзе талент знаходзіць больш арганічнае і поўнае ўвасабленне. Ды і ці трэба казаць?..

Пачаў Я. Сіпакоў як паэт. У 1960 годзе з’явіўся першы паэтычны зборнік «Сонечны дождж». Потым былі іншыя зборнікі. Лепшае з іх склала кнігу выбранай паэзіі «Вочы ў вочы» (1978). «Вочы ў вочы з Радзімай і часам, з мінулым і з сённяшнім днём, з прыродаю і з роднаю зямлёю, з каханай і з сябрамі» — так ёміста, метафарычна вобразна і дакладна быў вызначаны ў анатацыі ідэйны змест гэтай паэтычнай кнігі. У мінулым годзе чытач пазнаёміўся з новай кнігай вершаў «Усміхніся мне». «Кніга трывогі» — такое жанрава-змястоўнае вызначэнне даў ёй аўтар.

Да прозы пісьменнік прыйшоў некалькі пазней, чым да паэзіі. Першая празаічная кніга, кніга нарысаў «Па зялёную маланку», з’явілася больш як праз дзесяць гадоў пасля паэтычнай — у 1971-м. Сапраўдны ж поспех Сіпакову-празаіку прынесла кніга аповесцей «Крыло цішыні» (1976). Цяпер прозвішча пісьменніка ўпамінаецца (ды не толькі ўпамінаецца) амаль ва ўсіх размовах пра сучасную прозу. Асабліва прозу, прысвечаную жыццю вёскі. Зборніку было дадзена жанравае вызначэнне «кніга вёскі». Пазней з’яўляюцца зборнікі аповесцей і апавяданняў «Жанчына сярод мужчын» (1980) і «Спадзяванне на радасць» (1983), а таксама кніга публіцыстыкі і эсэістыкі «Пяць струн» (1984). Яна пазначана як «кніга настрояў». Дарэчы, заўважаецца, Сіпакоў любіць даваць сваім кнігам своеасаблівыя жанравыя вызначэнні або падзагалоўкі. Як у гэтым двухтомніку: «Сад людзей». І гэта не проста імкненне да арыгінальнічання, да адметнасці ў што б там ні стала. То — характар, своеасаблівасць мастакоўскага мыслення — канцэптуальнага, мэтанакіраванага. Такія жанравыя вызначэнні ці падзагалоўкі, а таксама назвы кніг (яны амаль заўсёды метафарычна шматзначныя), па-першае, як бы задаюць для чытача пэўны эмацыянальны настрой, вызначаюць ідэйна-змястоўны ракурс успрымання твораў, па-другое, акрэсліваюць аўтарскую задуму, тое кола духоўных клопатаў і турботаў, якімі ён жыў у гэты час, па-трэцяе, дапамагаюць, хоць бы ў нейкай ступені, адчуць духоўную атмасферу грамадства пэўнага часу.

Чытаючы кнігі Сіпакова (і прозы, і паэзіі), бачыш, адчуваеш, што ў кожным канкрэтным выпадку пісьменнік вырашае свае ідэйна-мастацкія задачы, уласцівыя толькі гэтай кнізе. Арыгінальнасць, свежасць формы — для яго пастаянны клопат. Прычым формы не дзеля формы, а формы змястоўнай, якая як найлепш дазваляе выказаць пэўную ідэю, данесці да чытача думку як ягонае адкрыццё і здзіўленне. Так, у прыватнасці, успрымаюцца кнігі паэзіі «Веча славянскіх балад» і «Усміхніся мне».

Сіпакоў жыве няўрымслівым творчым жыццём. Многа шукае, эксперыментуе. Ён уважліва сочыць за мастацкімі набыткамі, пошукамі сусветнай літаратуры, сам увесь час жыве ў пошуку. Апрабоўвае асобныя мастацкія формы, прыёмы, набытыя сусветнай літаратурай, на нацыянальнай эстэтычнай глебе, імкнецца іх укараніць у нацыянальную мастацкую стыхію. Амаль заўсёды гэта ўдаецца. Творы ўспрымаюцца натуральна, арганічна. Бо сама форма, нават калі яна трохі і нязвыклая, заўсёды напоўнена канкрэтным, адчувальным, знаёмым чытачу не толькі ў агульных абрысах, але і ў дэталях, падрабязнасцях — жыццём. Бо яна (форма гэтая) насычана, пранізана наскрозь чыстым, неяк асабліва блізкім душы лірычным пачуццём.

Як няўрымслівы, дбайны садоўнік, рупіцца пісьменнік пра тое, каб на нашай літаратурнай глебе прыжывалася, расло і пладаносіла як мага больш раслін розных краёў і народаў. Руплівасць гэтая дае свой плён.

 

Быццам саксаул з ранетам,

Перайшоўшы грэх мяжы,

Я хачу верлібр з санетам,

Як садоўнік, падружыць.

Хай сябруюць, спеляць одум,

Хай карэняцца ў траве.

Хопіць месца ім абодвум

І на нашай мураве.

 

Але пры ўсёй сваёй унутранай творчай няўрымслівасці, пастаянных пошуках Сіпакоў застаецца верны свайму таленту, роднай зямлі, верны памяці — народнай, уласнай, застаецца пісьменнікам вельмі чулым да клопатаў і турботаў сучаснасці — жыццёвых і літаратурных. Нават там, дзе ён звяртаецца да падзей мінулага — далёкага ці больш блізкага,— сучаснасць актыўна пульсуе ў творах. Так здарылася з кнігай «Веча славянскіх балад», дзе гісторыя загучала неяк асабліва надзённа, усхвалявана.

Есць у Сіпакова, які вельмі неахвотна дзеліцца з чытачом думкамі пра сваю творчасць, успамінамі пра сваё дзяцінства і юнацтва, характэрнае прызнанне.

У гутарцы з карэспандэнтам газеты «Звязда» (14 жніўня 1983 г.) ён хоць трохі расказаў пра свае пасляваенныя дзіцячыя гады, пра сваю працу вясковым паштальёнам, якая малога хлопчыка асабіста прылучыла да бедаў і радасцей людзей роднай вёскі, бедаў і радасцей вялікага свету. «Мне чамусьці думаецца, што вось без гэтага дотыку — праз паштарства — да штодзённага клопату маіх Зубрэвіч, а ў той жа час і да ўсяго свету, не было б не толькі маіх вясковых аповесцей, але таксама і «Веча славянскіх балад».

Агульнавядомае сцверджанне наконт таго, што мастак вырастае з дзяцінства, у адносінах да пісьменніцкага пакалення, да якога належыць Сіпакоў, мае асаблівы сэнс. У кожнага з яго прадстаўнікоў вайна пакінула глыбокі балючы след на ўсё жыццё. Яе вялікія ахвяры і незагойныя раны, яе пякучы боль і глыбокі смутак, як і яе нечуваныя ў свеце гераізм і самаахвярнасць, высокія ўзлёты чалавечага духу і невычэрпная прага жыцця навечна ўвайшлі ў дзіцячую памяць і дзіцячае сэрца, прадвызначылі характар і пафас іхняй (пісьменнікаў гэтага пакалення) творчасці. Пра што б ні пісалі Барадулін ці Пташнікаў, Гілевіч ці Чыгрынаў, Вярцінскі ці Сачанка, іншыя іхнія аднагодкі, вайна так ці інакш прысутнічае ўсюды.

У свядомасці Сіпакова, у ягонай душы тыя ваенныя гады, як і першыя пасляваенныя, якія да краёў былі перапоўнены болем жыцця папярэдняга, пакінулі, можа, асабліва адчувальны адбітак. У даведніку «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» сказана: «Рана страціў бацькоў — у час Вялікай Айчыннай вайны за сувязь з партызанамі іх закатавалі фашысты. Выхоўваўся ў цёткі, бацькавай сястры».

У вершы «Неадасланы ліст да маці» паэт напіша:

 

Як вялі цябе ў горад пад вартай,

Зразумець я не мог анічога:

Слёзы... Слёзы...

Сястрычкі галосяць...

А мяне суцяшаюць, малога.

Мне ж і цётка-суседка сказала,

Што дамоў цябе пусцяць уранні...

І хоць слёзы ёй засцілі вочы,

Я не мог не паверыць Ганне...

А калі ўжо слязой перад смерцю

Ты сіроцтва маё абмывала,

Я дзівіўся, чаму гэта цётка

Не сваіх,

А мяне забаўляла.

 

Побач з болем, пакутамі, крыўдамі жыццё дае першыя ўрокі дабрыні, чуласці, спагадлівасці. Урокі гэтыя засвойваліся яшчэ неяк неўсвядомлена, сэрцам, але засвойваліся на ўсё жыццё. Пазней, у першыя пасляваенныя гады, урокі гэтыя памнажаліся і паглыбляліся.

Урокі жыцця заўсёды самыя эфектыўныя. Жыццё ж тых гадоў поўнае асабліва вострых, рэзкіх супярэчнасцей. Неабдымная радасць людзей, якія перамаглі і засталіся жыць, ішла побач з незагойным болем і горыччу страт, з пахаронкамі, што ўжо пасля заканчэння вайны прыносілі ўсё новыя і новыя смерці; высокі свет дабрыні лунаў над здратаванай зямлёю, разбуранымі вёскамі і гарадамі, сярод знявечаных і пакалечаных людзей. У гэтай складанай, выключна эмацыянальна насычанай атмасферы рос чалавек, фармаваўся як асоба. Адтуль, з тых незабыўных радасна-светлых і пякуча-горкіх гадоў народнага жыцця вырастаў Янка Сіпакоў як пісьменнік. Менавіта гэтым часам вызначаны характар ягонага светаўспрымання, эмацыянальны лад многіх і многіх твораў, духоўны пафас творчасці, шматлікія тэмы і ідэі, канфлікты і вобразы.

Талент Сіпакова пераважна лірычны. Лірычны пачатак з’яўляецца вызначальным ва ўсіх, па сутнасці, творах — незалежна ад таго паэзія гэта, нарысістыка ці проза. Не выпадкова напачатку была паэзія. Проза — таксама лірычная. Моцны лірычны струмень вызначае яе танальнасць. Асабісты пачатак адчувальны ва ўсіх празаічных творах: у першых асабліва моцны, у апошніх — крыху паслаблены. Хоць, праўда, інтэнсіўнасць лірычнага пачатку носіць усё ж унутрана змястоўную абумоўленасць. У адных выпадках (аповесці «Крыло цішыні», «Даверлівая зямля») асноўныя падзеі звязаны непасрэдна з жыццём, з асабістым лёсам самога аўтара, прысутнасць ягоная надзвычай адчувальная; у іншых (кнігі «Жанчына сярод мужчын» і «Спадзяванне на радасць») сувязь аўтара з падзеямі даволі ўмоўная, адчуваецца калі-нікалі: героі — ягоныя аднагодкі, іх непакояць (такое адчуванне) тыя ж жыццёвыя пытанні, што і самога пісьменніка — як чалавека.

Зразумела, наяўнасць моцнага лірычна-асабістага пачатку, нават яго вызначальнасць, ніколі і ніколькі не прыводзіць да жыццёвай абмежаванасці і вузкасці, да суб’ектывізму, бо ў творах моцная прысутнасць складанага, драматычнага жыцця, бо выяўленне аўтарскай асобы арганічна спалучаецца з аб’ектыўным узнаўленнем падзей, з апалітычна-апавядальнай манерай іх падачы.

Пэўная эпічнасць, як істотны момант мастакоўскага светабачання, адчувалася ўжо ў першых паэтычных зборніках; яна рана ці позна абавязкова павінна была прывесці да прозы (няхай сабе спачатку і лірычнай), ёю абумоўлены зварот да балад, у нейкай ступені, магчыма, і да перакладаў з Уітмена. А свет пісьменнік успрымае рэчыўна-адчувальна, прадметна, у выразных, часам метафарычна завостраных дэталях і падрабязнасцях. Дастаткова хаця б звярнуць увагу на назвы вершаў са зборніка «Усміхніся мне» — «*** Конь, сівы ад гадоў...», «Дымок у збажыне», «Ялта, Максім, кіпарысы», «Дождж ля вёскі Шастакі», «*** Лятай, лятай, маленькі каралёк...», «*** Дываны выбіваюць — нібыта малоцяць...». Прыклады ўзяты выпадкова. Колькасць іх можна было б павялічваць яшчэ і яшчэ. Вельмі многія вершы ў Сіпакова сюжэтна-падзейныя. Пра балады ж і размовы няма. Лірычнае пачуццё выпраменьваецца з даследавання (калі так можна гаварыць у адносінах да верша), асэнсавання канкрэтных рэальных падзей, з’яў, фактаў.

Як празаік Я. Сіпакоў пачынаў з нарысаў. Сёння ён іх называе «лірычнай прозай». Сапраўды, «Акно, расчыненае ў зіму», «Па зялёную маланку», «Там, дзе Сібір», «Даверлівая зямля» ўспрымаюцца менавіта так. Бо сам аўтар жыў у гэтых творах — шчыры, багаты і адкрыты душою, асабіста зацікаўлены ў тым, пра што пісаў, непасрэдны ў выяўленні сваіх адносін да ўсяго, у выказванні думак і пачуццяў. І тады, калі пісаў пра родную вёску Зубрэвічы, пра тых, з кім жыў, з кім дзяліў нягоды і радасці, дзяліў непароўну (бо дарослыя заўсёды імкнуліся засцерагчы дзіцячае сэрца ад зла і як мага больш аддаць увагі, сардэчнага цяпла), пра тых, хто вывеў яго ў вялікі свет жыцця («Акно, расчыненае ў зіму»). І тады, ужо некалькі пазней, калі расказвае пра адзін год аднаго калгаса на Аршаншчыне, якім кіруе ягоны зямляк і сябра, пра клопаты і турботы і старшыні, і брыгадзіраў, механізатараў, жывёлаводаў — усіх тых, хто дае народу хлеб, малако, мяса, хто сваёй самаадданай працай, разумнымі адносінамі да навакольнага творыць дабро і прыгажосць («Даверлівая зямля»). І нават тады, калі расказвае пра далёкі сібірскі край, пра землякоў-беларусаў, якія знайшлі там другую радзіму («Па зялёную маланку»).

Ды нарысы цікавыя, каштоўныя не толькі лірычным героем, чалавекам, шчырым, асабіста заклапочаным тым, што адбываецца навокал, чалавекам, што любіць, цэніць іншых людзей, умее ўбачыць і адкрыць у кожным добрае, жыццятворнае. Яны, нарысы, цікавыя, каштоўныя ўзноўленымі жывымі карцінамі жыцця, няпростага і нялёгкага, але творчага, прыгожага.

«Аповесці «Крыло цішыні» і «Усе мы з хат» маюць усе асаблівасці нарысаў, гэта зусім не шкодзіць мастацкаму ўспрыманню, а, наадварот, спараджае ў чытача асаблівы давер: так, усё гэта было. І ўсё гэта было так, як расказана і паказана Я. Сіпаковым. Нібы гаварыла само сэрца, застаўшыся з праўдай сам-насам» («Полымя», 1977, № 3, с. 235). Так пісаў у рэцэнзіі на кнігу «Крыло цішыні» пісьменнік П. Місько.

Гэтыя аповесці — даніна памяці аб перажытым, даніна тым клопатам самой літаратуры, якімі жыла яна ў сямідзесятыя гады, хварэла. Асабліва тая яе частка, што названа была вясковай прозай. Творы Сіпакова лірычныя сваёй танальнасцю. Прычым лірызм гэты, асабліва ў «Крыле цішыні» — выключнай інтэнсіўнасці і чысціні. Інакш і быць не магло: тут вельмі многа пісьменнікавага болю, удзячнай сынавай памяці — балючай і светлай. Пісьменнік нібы другі раз вяртаецца да таго, пра што ўжо пісаў у ранейшых нарысах, вяртаецца, каб з большай аналітычна-абагульняльнай сілай раскрыць драматычны лёс беларускай вёскі, паказаць вялікую жыццястойкасць яе людзей, уславіць іх душэўную прыгажосць і духоўную веліч.

І вось сёння, суадносячы аповесць «Крыло цішыні» з усім, што зроблена пісьменнікам за мінулыя гады, яшчэ раз пераконваешся, што твор гэты ў яго самы задушэўны і шчыры, самы асабісты. За лёсам вёскі Сябрынь і яе людзей, за лёсам хлопчыка Ясіка вельмі празрыста бачыцца лёс самога пісьменніка і ягоных родных Зубрэвіч.

Ва «Уваходзінах» да аповесці Сіпакоў піша:

«Тады, хаця ішоў ужо трэці год пасля вайны, над сцішанай і надзіва супакоенай зямлёю Сябрыні да болю ў вушах звінела нязвыклая цішыня. Людзі, нядаўнія партызаны і салдаты, удовы і сіроты, інваліды і вязні канцлагераў, усё яшчэ аглушаныя вайною, асцярожна абвыкаліся ў ёй, у гэтай мірнай цішыні. Ніхто пакуль не ведаў, што пройдзе і год, і дзесяць, і пяцьдзесят гадоў, а яна, вайна, усё яшчэ доўга і настойліва будзе ўмешвацца ў іхняе жыццё...» Тут — ключ да ўспрымання, разумення твора. Чытаючы, адчуваеш усёй існасцю цішыню, нейкую неабдымную, нібы ўсясветную і светлую, але ў якой нібы чакае зручнага часу трывога, у якой затаілася і не хоча адыходзіць вайна. Гэтай светлай цішынёю і прытоенай трывогай ахутана ў аповесці ўсё; яе нясуць у сабе героі: салдаты, партызаны, старыя, жанчыны, дзеці, параненыя, знявечаныя, калекі — у кожным з іх у душы, у памяці, у целе жыве вайна і кожны жыве радасцю перамогі, цішынёй міру. У аповесці створана цэлая галерэя запамінальных, не знешне, а сваёй дабрынёй, душэўнасцю, чалавечнасцю, вобразаў людзей вёскі 1947 года: гэта і аднарукі скалечаны Гарлач — Рагатун, і дзед Сянчыла, і вартаўнікі калгаснага саду Яўсей і Манах у Белых Штанах, гэта і цётка Еўка, і Туньціха... Менавіта яны, такія людзі, перамаглі ў вайне, адолелі пасляваенную бясхлебіцу, аднавілі разбураныя гарады і вёскі, вырошчвалі хлеб і бульбу і, галоўнае, ажывілі, напоўнілі цеплынёй і дабрынёй пакалечаныя вайною дзіцячыя, наогул чалавечыя, душы. Такія людзі — жыццядайная сіла, духоўнае апірышча, крыніца дабрыні і чалавечнасці для народа, для чалавека. Адзін з герояў аповесці «Усе мы з хат» гаворыць: «...Мы ўсе... з хат. Толькі разышліся ў розныя бакі — на поўнач і на поўдзень, на захад і на ўсход, абараняем нашы рубяжы, будуем новыя гарады, пускаем новыя заводы, перавыконваем пяцігодкі, але ж не забываемся, адкуль мы родам, і помнім, што хлеб, які ўсе мы ядзім кожны дзень, хлеб, які трэба нам як паветра, вырас на дабрыні клапатлівых нашых бацькоў».

Сучасным імкненнем сказаць сваё турботнае слова пра вёску, удзячнай памяццю прадыктаваны вясковыя аповесці Сіпакова. Яны — яскравае сведчанне і таго, што на чалавечай дабрыні вырастае не толькі хлеб; на ёй вырастаюць таленты, на ёй вырастае сапраўдная літаратура.

У прозе Янка Сіпакоў ішоў ад сябе, ад жыцця свайго, ішоў ад прозы непасрэдна лірычнай да прозы аналітычна-філасофскай, да адлюстравання жыцця іншых. Вернасць сабе і жыццю — гэтыя істотныя моманты, у рознай ступені і характару іх узаемазалежнасці, вызначаюць адметнасць празаічных твораў, іх надзейную насычанасць, узаемаадносіны героя з навакольным светам, тон.

У аповесцях і нарысах, што склалі кнігі «На зялёную маланку» і «Крыло цішыні», прысутнасць аўтара была непасрэдная, часта падзеі былі падзеямі ягонымі асабіста, лірычная стыхія ў тоне, настроі была вызначальнай. Па-іншаму ўспрымаюцца аповесці і апавяданні кніг «Жанчына сярод мужчын», «Спадзяванне на радасць». Лірычны настрой іх прыцішаны, непасрэдная прысутнасць аўтара адчуваецца зрэдку, відаць большая жанравая і сюжэтная акрэсленасць, прысутнічае момант рацыяналістычны ў іх структуры і ідэйнай накіраванасці, узмацняецца пачатак аналітычны, больш выразна вылучаецца праблемная ўстаноўка.

Асабліва значнае месца ў апошніх па часе кнігах прозы Сіпакова займаюць творы, прысвечаныя асабістым узаемаадносінам, усяму комплексу пытанняў, што ўзнікаюць сёння паміж Ім і Ёю, пытанняў, якія кожны час, кожны чалавек вырашаюць па-свойму.

Чалавек жыве сярод людзей. Ягоныя справы і ўчынкі, думкі і разважанні, пачуцці і перажыванні — яны заўсёды так ці інакш закранаюць іншых людзей. Той мікрасвет, у якім знаходзяцца Ён і Яна або толькі Ён ці толькі Яна, гэта не толькі свет іхні, але і свет іншых, больш таго, ён невідочна ўваходзіць у вялікі свет жыцця. Адчуванне, разуменне гэтага становішча чалавека ў сённяшнім жыцці з’яўляецца галоўнай прадумовай мастацкага спасціжэння рэчаіснасці, найперш такой яе сферы, як сямейна-бытавыя дачыненні людзей, дзе момант суб’ектыўна-асабісты асабліва адчувальны. Да таго ж узаемаадносіны асабістыя ўскладняюцца, абвастраюцца нават канфліктам «нецярплівай эмансіпацыі і стойкага патрыярхату» (Г. Наан, акадэмік АН Эстонскай ССР).

Унутраным адчуваннем гэтага канфлікту якраз і народжаны (ёсць такое адчуванне) многія творы Сіпакова. У яго канфлікт гэты ўзмацняецца дылемай узроставага характару. Вось што ў сувязі з гэтым гаварыў сам пісьменнік карэспандэнту газеты «Голас Радзімы» (12 сакавіка 1981 г.): «У кожнага чалавека, мусіць, бывае такая часіна, калі яму здаецца, што ён калісьці праскочыў міма чагосьці вельмі важнага і сур’ёзнага ў сваім жыцці, чаго зараз якраз не хапае. Чалавек шукае гэтае «штосьці»...» Найчасцей гэта ў каханні. Але тое, што прайшло,— не вяртаецца. Ды калі б і вярнулася, ці тое гэта было б? Мы ж не тыя, ды і жыццё не тое.

«Госць падчас сенакосу», «Жаночы вальс», «У гарадку, які называецца Учора», «Развітанне з пісьмом», «Сустрэча пасля сустрэч», «У ліфце», «Саната»... Ці не гэтая праблема ў самых розных яе праяўленнях хвалюе тут пісьменніка?!

А аповесць «Жыві як хочацца»...

У цэнтры твора гісторыя, тыповая для нашых дзён, калі назіраецца няўстойлівасць сямейных адносін, калі асабліва ўзрастае колькасць разводаў. Алега Жавейку, галоўнага героя аповесці, кінула жонка. Пайшла да другога, з дзіцем. Паехалі на Далёкі Усход. Праз тры гады вярнулася.

Тры гады Жавейка пражыў адзін. Шмат чаго за гэты час было ў ягоным жыцці. Былі вясёлыя, шумныя мужчынскія кампаніі, былі жанчыны. Але характэрна: гады, што прайшлі, былі для Жавейкі і доўгія, і нудныя, і цяжкія, «дні шамацелі нейкія бескалёрныя, амаль падобныя між сабою, і плылі яны, як у цяжкім і свінцовым сне». Усё, што адбывалася з ім у гэты час, не адпавядала сэнсу і мэце яго жыцця, а ўсяго толькі настрою, часоваму няўстойліваму душэўнаму стану.

Менавіта гэты стан і даследуе пісьменнік. Даследаванне своеасаблівае. Уся гісторыя пададзена як успамін-перажыванне. Тут важны настрой, агульная эмацыянальная атмасфера твора. Дарэчы, Сіпакоў заўсёды ўмее стварыць настрой, адпаведны таму, пра што ў творы гаворыцца, адпаведны ўнутранаму стану героя. У дадзеным жа выпадку, уласцівае для пісьменніка светлае, жыццесцвярджальнае светаўспрыманне напоўнена тугою, унутраным болем.

Настрой узнікае ўжо напачатку, яшчэ да таго, як нешта стане вядома пра жыццё галоўнага героя.

Жавейка едзе з камандзіроўкі: «Аўтобус не спяшаючыся прадзіраўся праз восеньскую непагадзь... Дождж са снегам сыпаў на разараныя на зіму палі, на голыя, пачарнелыя ўжо ад макрэчы кусты, што паныла праплывалі за акном.

У палях, дзе яшчэ толькі пачынала світаць, было шэра, мокра і таксама няўтульна. Тыя ж шэрань і няўтульнасць гусціліся і ў аўтобусе — у ім усё было, як і на вуліцы, і толькі, можа, адно не хапала ветру ці дажджу...» Крыху пазней як бы між іншым пра Жавейку будзе сказана: «Хмурна было і ў яго на душы».

Герой аповесці пасля здрады жонкі жыў нейкі час падуладны ўплывам абставін, асабліва неяк адкрыты для іх не заўсёды станоўчага ўздзеяння. Не ўсё ў гэты час рабіў ён як трэба, не ўсе ягоныя ўчынкі былі ўнутрана апраўданы. Жончын прынцып «жыві як хочацца» не прымаў, «нават ненавідзеў. Але той, як прытопленая ў вадзе крыга, зноў і зноў усплываў у яго думках і балюча цёрся аб іх сваімі абламанымі — вострымі і шурпатымі — краямі...»

Пісьменнік паслядоўна, псіхалагічна абгрунтавана даводзіць, што такія людзі, як Жавейка, не могуць па сваёй духоўнай і душэўнай сутнасці жыць толькі так, як ім хочацца. Не могуць, бо гэта шкодна адбіваецца на іншых, разбурае і іх чалавечую асобу.

«Прыватная гісторыя» нашага сучаснага жыцця, па-мастацку даследаваная і асэнсаваная, набывае агульназначнае гучанне. Усім пафасам твора, логікай унутранага разгортвання характараў аўтар рашуча адмаўляе жорсткі прынцып: «жыві як хочацца», сцвярджае такія адносіны да жыцця, да чалавека, сутнасць якіх можна выказаць наступным чынам: жыві не так, як хочацца, а так, як трэба жыць сярод людзей.

Аповесць гэтая засведчыла, што пісьменнік, чый талент раней глыбока выявіў сябе ў лірычнай празаічнай плыні, здольны аналітычна распрацоўваць складаныя жыццёвыя сітуацыі, дакладна псіхалагічна даследаваць няпростыя чалавечыя характары.

Знаёмячыся з прозай Сіпакова апошніх гадоў, прозай кніг «Жанчына сярод мужчын», «Спадзяванне на радасць», «Пяць струн», яскрава бачыш, што пісьменнік цяпер, можа, больш, чым у ранейшыя, маладзейшыя гады, знаходзіцца ўвесь у пошуку, у напружанай творчай рабоце. Асвойвае новыя жыццёвыя «плацдармы» і «пятачкі», новыя жыццёвыя і чалавечыя глыбіні, апрабоўвае новыя падыходы і прынцыпы сацыяльнага і псіхалагічнага даследавання характараў, шукае свежыя апавядальныя і выяўленчыя прыёмы, шукае скрытыя моўныя і слоўныя магчымасці.

Пісьменнік з дарослай уважлівасцю і дзіцячай непасрэднасцю і даверлівасцю адносіцца да жыцця, здольны сур’ёзна і адказна думаць пра яго і з усёй адкрытасцю душы дзівіцца ім, захапляцца. Устойлівасць творчасці надае грунтоўная народная этычная і эстэтычная аснова, выверанасць (уласным нялёгкім жыццём і лёсам народа) сацыяльных і духоўных крытэрыяў, сумленнасць і чысціня творчых памкненняў.

Вынікі — і лепшае ў творчасці Янкі Сіпакова пра гэта неабвержна сведчыць — залежаць ад наяўнасці і арганічнай узаемазалежнасці гэтых асноватворных момантаў.

Серафім Андраюк

 

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com