epub
 
падключыць
слоўнікі

Севярын Квяткоўскі

Падарунак для Адэлі

Я спазьняюся, я без машыны, я заблукаў. Што мне рабіць? Цяпер я практычна ня п'ю, але сёньня вырашыў адарвацца напоўніцу, як у найлепшыя гады. Вядома, за руль магла б сесьці жонка, але менавіта сёньня я мушу быць сам. Я сам-адзін пасярод зарослага ядлоўцам бору. Вырашыў скараціць дарогу ад чыгункі, ды вось - углядаюся ў цемрадзь, якая навалілася па-трапічнаму раптоўна. Цёпла, нават крыху задушна.

У мяне добрая візуальная памяць, якая дае плён, калі ёсьць хоць якая візія. Я запаліў і ўбачыў валун. Што ж, прысядзем ды вып'ем са срэбнай антыкварнай пляшкі, падоранай сябрамі на мой нядаўні юбілей. У Адэлі сёньня таксама юбілей. У левай кішэні я трымаю срэбную пляшку, а ў правай срэбны... Падарунак для Адэлі ляжыць у маёй правай кішэні.

Ці ж мог хтосьці з нас падумаць, што Адэля перабярэцца са сталіцы ў лясную глушэчу? Не, ад гораду ня надта далёка. Але ж Адэля ня водзіць аўто і ня любіць забітага дачнікамі грамадзкага транспарту. Цяпер Адэля любіць іграць на раялі, гуляць сярод дрэваў, гушкацца на арэлях з кніжкай, піць каву на тэрасе і глядзець на аблокі.

У думках я ўжо там - ля арэляў, тэрасы і раяля. Трэба шукаць дарогу. Мабільная сувязь тут у лесе чамусьці не працуе, а павінна. Што ж, каўтанём з пляшкі ды рушым як-небудзь.

Да знаёмства з Адэляй я ня мог уявіць сабе, што палюблю рамансы. Зрэшты, я і цяпер іх успрымаю толькі ў Адэльчыным выкананьні. Пра нашае знаёмства яна нічога ня ведае. Аднойчы ў гасьцях я пачуў выпадкова запіс і закахаўся ў голас. Ня ў тэмбр, а... Я пачаў хадзіць на імпрэзы, каб хоць раз перахапіць ейны позірк, і аднойчы мне пашанцавала. Дзесьці недалёка ад мясьцін, дзе я цяпер караскаюся празь ядловец, на беразе возера ладзілася Купальле. Я блукаў сярод людзей, нікому не вядомы і нікім не заўважаны. Пасьля выступу Адэлю атачаў натоўп, які насіў яе на руках, лашчыў, цалаваў ручкі... вусны... шыйку... гр...

Плясь - партызанскія акопы! Я ляснуўся ў яміну, поўную плястыковак ды ржавага жалезьзя. Са сьпіны гукнуў далёкі цягнік. Значыць, трэба ўзяць крыху правей. Дзіўна: ані сьцяжыны, ані супрацьпажарнай траншэі. Як сюды забраліся спадары турысты выходнага дня, што пакінулі сярод сьмецьця пустыя бляшанкі? Запальнічкай асьвятліў каленку - праз падраную нагавіцу праступіла кроў.

Тады, ля возера, я таксама падрапаў нагу, але нават не заўважыў болю. «Мур-рр, а вы што сумуеце?» Я ня верыў свайму шчасьцю. Яна зьвярнулася да мяне! Чаму? А вы ня верыце ў цуды? Хаця б калядныя? А купальскія? Мы разам купаліся, мы выпілі на брудэршафт, і цэлую ноч...

Хрумсь. Ледзь пасьпеў адскочыць! Яшчэ імгненьне, і старая велічэзная сасна ляснула б па маёй хрыбціне. Я скокнуў і разьдзёр шчаку аб сук суседняга дрэва.

Вып'ем.

...Пасьля той Купальскай ночы я прачнуўся самым шчасьлівым чалавекам. Ля вогнішча гатавалі каву, налівалі гарэлкі, мазалі бутэрброды. Мне падавалася, што я стаўся вышэйшы ростам і шырэйшы ў плячах. Я жвава памахаў рукой Адэлі. Яна ледзь прыкметна кіўнула і адвярнулася да нейкага ці то паэта, ці то бізнэсоўца... Не, да саліста сталічнай опэры.

Гэта цяпер паспаліты чалавек адно праз тэлевізар можа ўбачыць вяршкі бамонду. А тады... тады вяршкі толькі ўзьбіваліся. Саліст накінуў на Адэлю плед і так і пакінуў руку на ейным плячы. Адэля гучна засьмяялася. Як яна сьмяялася!.. Наступная наша сустрэча адбылася праз шмат гадоў - часу маіх узгадак і трызьненьняў пра яе.

На свой сёньняшні юбілей Адэля нікога не запрашала. Я ня ведаў, як быць, але зранку патэлефанаваў колішні опэрны саліст: «Пойдзеш?» І я вырашыў. І вырушыў. І вось я тут. А тут цяперака балота. Дзіўна, ніколі ня думаў, што ў гэтых ваколіцах ёсьць балоты... Стоп. А куды далей? Хмара на хвіліну адкрыла чырвона-аранжавую велічэзную поўню, і я ўбачыў, што стаю акурат пасярод багны. Я патрос пляшку - хопіць на паўгадзіны нясьпешнай гутаркі з самім сабою. Напрыклад, пра наступную сустрэчу пасьля Купальля.

«А што вы не тэлефануеце?» - «А...» - «Які на вас сымпатычны касьцюмчык. Ну, хадземце, хадземце, раскажаце». Вялікая кватэра зь відам на Стары горад, камін, бутэлька каньяку і кветкі на стале. «Гэты раманс я напісала сёньня, вы будзеце першы, хто яго пачуе». - «Я?!.» - «У бары ёсьць яшчэ пляшка». Я верыў і ня верыў рэальнасьці. Я... дык я, канечне... вядома, я імгненна... «Ну што ж вы?» Яна паклала руку на маю, і мы...

Бульк! Корч пад нагамі пачаў нясьпешна і няўмольна асядаць. Страшна. Я намацаў пляшку і падрыхтаваны падарунак, які назаўжды застанецца пры мне.

- Э, ачкарык, закурыць не найдзёцца?

Мэтраў за дзесяць ад мяне намалявалася фігура. Хмара зноў выслабаніла поўню, якая асьвятліла чалавечка неакрэсьленага ўзросту ў кірзачах, пінжаку, бэйсболцы на галаве і вудай у руках. Я па калена засеў у багну:

- Ты ня бачыш?

- Высунь левую нагу ў бок тага цьвятка. Так. Другую траха ўпірод, тока бліжэй. Гэна, ціпер трохі павярніся. Ня ў ту сторану. Ага, сюдой. Ціпер прыгай да куста. Дзяржы вудачку... Ну во, ачкарык, а ты баяўся.

Чалавечак ашчэрыўся гнілаватымі зубамі.

- Што курыш? «Парламент»? Ніфіга сабе! Гарадзкі, што лі?

- Слухай, дзядзьку, як мне выйсьці на дарогу да...

- Ты дурны? Якія тут дарогі? - адказаў чалавечак і разам з вудай нырцануў у хмызьняк.

Я пагробся праз зарасьнік у адваротны бок. У бок поўні.

 

* * *

 

Адэльчын дом стаіць на самым высокім пагорку навакольля. Да дому вядзе наежджаная дарога: Адэля ня любіць быць на самоце і заўжды чакае гасьцей. Я цудоўна памятаю дарогу, бо апошняя наша сустрэча адбылася на Высокім Пагорку. Дакладней, не сустрэча. Яна ўласнаруч патэлефанавала і запрасіла. Я не хацеў ехаць. Я ж ведаў... Але яна ўмее прасіць: «Мурр, мне сумна, мне самотна». І я скокнуў у машыну. На гадзіньніку была першая гадзіна. Як я імчаў па начным горадзе, як сьвідраваў слой атмасфэры, як лічыў марудныя імгненьні! Гэтак я ненавідзеў мёртвага ўжо кіроўцу, які акурат на скрыжаваньні акружной дарогі і шашы ўпіліўся ў фуру і заблякаваў рух.

Я спазьніўся. Я гэта зразумеў адразу і нават ня выключыў рухавіка. З выключаным сьвятлом ужо стаяла іншая машына. Я зайшоў у прыадчыненыя дзьверы і пачуў, як у залі рыпела канапа, і стогн...

Бац! Калі траціш прытомнасьць, ня ведаеш, колькі часу ляжаў бяз руху. Выглядае, што я ляжу адно некалькі сэкундаў, бо лось (лось?) зусім побач прабівае сабе дарогу напрасткі праз гушчар. Ці ён спужаўся мяне, ці папросту сьпяшаўся па тэрміновых справах? Уздымаюся, падаю, станаўлюся на карачкі. Пагнутыя акуляры не разьбіліся, ляжаць побач з рукой, падарунак у кішэні рэжа бок. Перабіраю ногі і рукі па дарозе, якую праклала жывёліна. Баліць. Дарога ўвесь час дагары. Ужо блізка. Блізка, Адэля...

 

* * *

 

На вялікім лужку перад домам стаяць сталы, на якіх бутэлькі, закускі і кветкі. Усё вакол асьветлена адмыслова прывезенымі пражэктарамі. А таму я ўжо здалёк бачу правым вокам (левае заплыло) гасьцей. Саліста опэрнага тэатру ледзь пазнаць: твар чорны ад запечанай крыві. Смокінг - нібы зьняты з пудзіла, якое памачалі ў сіласную яму. Адна рука ў саліста ненатуральна боўтаецца, другой ён трымае плот, бо ногі падгінаюцца. Астатнія прысутныя нібы двайнікі саліста - такія ж пакоцаныя, пакамячаныя: іх дваццаць, трыццаць, сто? Большасьць я ведаю, калі не па імені, дык у твар. Вунь руды тхарападобны мэн - вядомы ў краіне бізнэсовец. А вунь цыбаты хлюст з моднай фрызурай - дырэктар камэрцыйнага тэлеканалу. І таўстуна-барадача ў чорных (ноччу!) акулярах ведаю - паэт... Я ўжо ўзьняўся з карачак і кульгаю да замерлай грамады. Усе маўчаць. Глядзяць на дзьверы дому. А можа, у сябе. Я сьціснуў у кішэні падарунак. Сьцяў пальцы ацалелай рукі да хрумсту. Колькі цягнулася маўчаньне? А колькі цягнецца жыцьцё? А імгненьне?

Моўчкі праляцеў кажан. Моўчкі прапоўз вужака. Моўчкі з-за плоту міргнулі вочы ваўчыныя. Рыпнула падлога ў доме, павярнулася клямка...

Я ня вытрымаў і выхапіў з кішэні вялікі срэбны рэвальвер, набіты вялікімі срэбнымі кулямі. І тады астатнія імгненна павыхоплівалі свае пісталеты.

Дзьверы расчыніліся, і на ганку паўстала юбілярка з гітарай у руках:

- Мурр, хлопчыкі... Гэты раманс я прыдумала проста цяпер. Вы будзеце першыя, хто яго пачуе.

І ўсьміхнулася.


1996-2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая