epub
 
падключыць
слоўнікі

Севярын Квяткоўскі

Сяброўка Прэзыдэнта

Выпадкова кантралёрка заўважыла, што ўсё зьмянілася ў ейным жыцьці. Гэта было непрыемнае адчуваньне, бо сапраўднае жыцьцё пачалося ня так даўна, каля дзесяці гадоў таму, калі ў горадзе праклалі першую лінію мэтро. Тады кабета зразумела, што мусіць прысьвяціць усю сябе для служэньня людзям, і зрабілася кантралёркай.

Як хораша было ў тыя гады! Цэлы дзень не сьціхаў звон манэтак - любых зь дзяцінства «пятачкоў». Несканчальны струмень маленькіх грошыкаў нібы зьліваўся зь людзкою плыняй. Прапускаючы праз свой пільны позірк людзей да падземных харомаў, кантралёрка нібы прапускала празь сябе іхнюю радасьць. Радасьць ад спрычыненьня да грандыёзнай казкі.

Натуральна, усякае бывала ў гэтым вялікім бясконцым жыцьці. Часам радасьць плямілася горыччу: сьлязьмі, крыкам, і нават кроўю. Але гэта толькі ўзмацняла адчуваньне сапраўднасьці жыцьця. І вось, сёньня кантралёрка ўцяміла чаму апошнія некалькі гадоў яна пачала адчуваць няўтульнасьць у сваёй душы.

Не, справа ня ў тым, што зьнік звон манэтак. Гэта яна адзначыла даўно. Але зараз - перад ёй прайшоў адзін, другі, трэці... пятнаццаты пасажыр, і ня кінуў жэтон у аўтамат. Кантралёрка злавіла сябе на тым, што ня сочыць, ці паказваюць ёй дакумэнты ільготнікі і ці сапраўдныя дакумэнты тое, што яны паказваюць. То бок, кантралёрка адчула, што перастала быць патрэбнай гэтым людзям. Ім, якім аддала лепшыя гады свайго жыцьця!

- Стой, прад'яві студэнцкі!

- Няма, цёценька...

- Тады купляй жэтон.

- Няма грошай.

- Тады йдзі пешшу.

- Што з вамі, цёценька? Хіба сёньня акцыя?

- Не затрымлівай.

- Ці, можа, вас асабіста Прэзыдэнт папрасіў? - зіранізаваў стомлены студэнт.

- Так, Прэзыдэнт папрасіў мяне АСАБІСТА!

Студэнт ужо даўно зьнік за шклянымі дзьвярыма ўваходу, а кантралёрка ўсё ўслухоўвалася ва ўласныя словы, якія рэхам пульсавалі ў ейнай сьвядомасьці - «папрасіў, папрасіў... асабіста, асабіста...» Цяпер яна ўзгадала штосьці падобнае. Хутчэй, гэта была ня згадка, а цень згадкі. Так, так, аднойчы, ці, нават, некалькі разоў, Прэзыдэнт зьвяртаўся да яе праз тэлевізар. Ён штосьці казаў... Не, ён прасіў. Прасіў і прасіў, а яна, дурніца, ня слухала, бо ў стоме пасьля працоўнага дня засынала проста перад экранам. Ёй было хораша чуць гэты незвычайны голас. Яна забывалася на нявыкінутае сьмецьце, на зламаны ўнітаз, на нявыбітыя дываны, і на цела мужа, якое ляжала ў вітальні ў клубох сьпірытусовае пары. Голас абуджаў у ёй даўно забытыя жаданьні, выклікаў салодкую млосьць, яна засынала ў мроях...

Станцыя, дзе працавала кантралёрка, месьцілася побач з Унівэрсытэтам. А студэнты - гэткае «племя», якое не абыходзіць сваёй увагай касту вахцёраў, ліфцёраў, дыспэчараў і, тым больш, кантралёраў. Кожны, хто быў студэнтам, можа прыгадаць мянушкі, больш падобныя да ганаровых званьняў, якія прысвойваліся ўлюблёным «пэрсанажам» гэтай адмысловай касты, кшталту «Гітлераўна», «Сільвэр», «Грамазека», ці проста «Гарыныч». Ня дзіўна, што праз пэўны час распаўсюдзілася «зьвестка», што на станцыі працуе Сяброўка Прэзыдэнта.

Кантралёрка абсалютна не зьдзівілася, калі ў першы раз пачула ад незнаёмай старой жанчыны просьбу да Прэзыдэнта. «Добра, - адказала яна, - я абавязкова перадам. Ня ведаю дакладны тэрмін, але неўзабаве ў нас будзе прэзыдэнцкая праверка, і мы аб усім перамовім. Толькі трэба пісаць просьбы на паперцы, каб я не забылася». Кантралёрка завяла невялікую скрынку, здаецца, з-пад ківі, куды пачала зьбіраць просьбы людзей. Паўната жыцьця вярнулася да яе.

Цяпер праца стамляла нават больш, чым пасьля адкрыцьця мэтро, калі плынь людзей была шчыльная, як ледавік. Якая гэта была стома! Людзей пабольшала, але амаль усе яны ўсьміхаліся, віталіся, прамаўлялі цёплыя словы, і, натуральна ж, паказвалі дакумэнты. Яна ўглядалася ў твары людзей, і штохвіліны чакала ЯГО. «Праверка - сустрэча - салодкая млосьць. Плынь людзей - пошук - жаданьне». Тым часам стос паперак-прашэньняў рос гэтаксама, як колькасьць экскурсіяў на станцыю, якія ладзілі прадпрамальныя студэнты. Здавалася, увесь горад жыў чаканьнем СУСТРЭЧЫ.

Так здарылася, што кабета зьмяніла месца жыхарства. Перад тым кантралёрка жыла непасрэдна побач з станцыяй, на якой працавала. Яна ня памятала, калі апошні раз карысталася грамадзкім транспартам. Пэўна, гэта было перад пабудовай мэтро. Вакзал, рынак, ГУМ, ЦУМ, дзіцячы парк, і нават шпіталь, карацей, усё, што патрэбна для нармальнага жыцьця, месьцілася ўздоўж запаветнай лініі. А за ўваход на працу супрацоўнікі, вядома, ня плоцяць. Але цяпер кабета мусіла клапацацца пра аплату ўласнага праезду.

Калі кантралёрку штрафавалі першы раз, яна ледзь ня страціла прытомнасьць. З таго часу штосьці зьмянілася ў ейных вачох. Не, яна не спыніла радавацца жыцьцю. Ёй па-ранейшаму ўсьміхаліся пасажыры, яна па-ранейшаму складала паперкі ў скрынку, і ўсе разам працягвалі чакаць СУСТРЭЧУ. Проста, яна адчула, што губляе моц на сваім штодзённым пасту. Але ж у цяперашні час моц сталася патрэбнаю, як ніколі. ЁН, ейны Сябра сказаў нядаўна, што безьліч нябачных ворагаў улілася ў шэрагі пасажыраў, каб падбухторваць іх не плаціць за праезд, і не паказваць кантралёрцы дакумэнты. Жанчына пачала больш пільна ўзірацца ў твары мінакоў, што імкнуліся пад зямлю. Жанчына падрыхтавалася да ЗМАГАНЬНЯ.

Калі ня маеш звычкі купляць квіткі - лепш набыць праязны. Але кантралёрка ня мела звычкі набываць праязны. Таму ня дзіўна, што адным сьцюдзёным восеньскім днём, калі пачалася Праверка, кантралёрка ехала ў тралейбусе безь білету. Дакладней, квіточак на праезд ляжаў у ейным вацку, але яна забылася скарыстацца кампостарам.

Жынчына сядзела на ардынарным сядзеньні адразу за сярэднімі дзьвярыма, бліжэй да задняй пляцоўкі. Яна думала пра тое, як прыйдзе на працу, пераапранецца і заступіць на сваю пачэсную вахту. А яшчэ жанчына ўзгадвала дзяцінства, і ў гэтых згадках чамусьці прысутнічаў ЁН, ягоныя вялікія рукі, мужныя вочы й непрыгожы прыцягальны голас, які выклікае салодкую млосьць ва ўсім целе...

Тралейбус рэзка затармазіў і спыніўся пасярод праспэкту. Чыясьці мужная рука проста на хаду адчапіла «рожкі» ад дроту. Людзі пасыпаліся ўперад салёну. Хтосьці застагнаў, пачуўся дзіцячы енк... Кіроўца, перапэцканы крывёю з расьсечанага брыва, схапіўся за манціроўку, каб пакараць невядомага ліхача. Ён расчыніў дзьверы, і адразу абмяк, нібы садзьмуты балёнік. У салён тралейбуса ўвайшоў ЁН.

- Прэзыдэнцкая праверка! Усе застаюцца на месцах. Прад'явіць бялецікі!

- Ваш білецік? Добра. Ваш? Вельмі добра. А ў вас, жанчына?

- Зараз, зараз, - рукі кантралёркі дрыжэлі, гэтак як вусны, як сэрца, - вы ведаеце, я кантралёрка, памятаеце, вы мяне прасілі?.. Я ўсё зрабіла. Там на станцыі... Я ўсё падрыхтавала...

- У вас што, няма білеціка?! А можа ты ня чула мой учорашні ўказ?!!

- Зараз, зараз, любы мой сябра...

- Гэтую вывесьці, - загад быў кінуты іншым членам Прэзыдэнцкай праверкі. - Далей, ваш білецік?..

Кантралёрку ахайна ўзялі пад локці, вывелі на тратуар, бліжэй да сьцяны Галоўнай Гарадзкой Крамы, і расстралялі.


1996-2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая