epub
 
падключыць
слоўнікі

Севярын Квяткоўскі

Сьветка

Учора я налякаў Сьветку - параіў ёй не выходзіць замуж за таго адстаўніка. Сьветка вельмі спужалася маіх словаў, хоць я й сказаў толькі, што яна дачакаецца пэнсіі, стоячы за смажаньнем аладкаў, і ня тое што ўцехаў, нават пляцка па азадку не атрымае. Ну сапраўды, куды ёй чацьверты раз фату апранаць?!

Я глядзеў, як Сьветка нацягвае на свае абрузглыя сьцёгны вузенькія джынсы, і казаў, што лепей паглядзець у газэце аб'яву, у якой «малады хлапец шукае забясьпечаную даму...» Дзіўна, яна не расьсьмяялася, і не раззлавалася, а менавіта спужалася. Я рэдка зь ёй размаўляю. Ды й яна ня вельмі ўважлівая. Можа гэта ўзрост? Сьветцы неўзабаве стукне пяцьдзясят гадкоў...

Ды халера зь ёй. Мне сумна. Апошнім часам я адчуў, што вонкавы сьвет мяне не зьдзіўляе. Ён часам уражвае і нават узрушвае, але ўсё, што можа зьдзівіць, я знаходжу адно ў сабе. Праўда, гэта здараецца ўсё радзей і радзей. Асабліва цяжка даводзіцца ўначы, калі абгострываецца адчуваньне рэальнасьці. Наплываюць успаміны пра нейкія нерэалізаваныя жаданьні, і немаведама адкуль узьнікаюць алюзіі ўжо даўна нецікавых перажываньняў. Што можа быць больш недарэчным, чым успамін пра нерэалізаваныя жаданьні, калі штодня нараджаюцца новыя?

Калі я гляджу на Сьветку, мне падаецца, што ў ейным жыцьці жаданьняў было ня больш за тузін, і што прынамсі палову зь іх яна не рэалізавала. Я выказаў свае думкі Сьветцы, а яна так тарганулася, што пашкодзіла замок у сваіх навенькіх «Levi's». Што да мяне, я на сёньняшні дзень маю, бадай, толькі адно трывалае жаданьне - спаць бяз сноў.

Раней я клаўся ў ложак, нібы сядаў перад экранам тэлевізара, маўляў: што навенькага сёньня пабачым? Але цяпер мне гэта не цікава. Тым больш, што цяпер у прынцыпе цяжка заснуць - ляжу гадзінамі, і лічу начныя цягнікі, што час ад часу грукочуць за вакном. Я чуў, што ў такіх выпадках добра дапамагае гарэлка. Але, калі меркаваць па твары Сьветкінага адстаўніка, гэта ня самы ўдалы сродак.

Зь іншага боку, цяпер я разьлюбіў прабуджэньне. Навошта прачынацца, калі ўсё, што будзе, вядомае наперад? Прынамсі, у дасягальнай будучыні. А ў недасягальнай неспадзяваны - толькі час здарэньняў. Праўда, розныя людзі, асабліва маці, спрабуюць мне намаляваць нейкія сьветлыя далі. Але я гляджу на іх, і думаю, а дзе ж падзеліся іхнія сьветлыя далі? Я зайздрошчу людзям, якія не спыняюць мроіць аж да сьмяротнага ложку. Тая ж Сьветка - глядзіць на свае абвіслыя да пупа грудзі, і таксама аб чымсьці мроіць.

Па шчырасьці, бывае, што я сам сябе прымушаю мроіць, бо гэта дазваляе хутка заснуць... Дарэчы, мяне лічаць вельмі камунікабэльным чалавекам. Згодны - я люблю быць сярод людзей. Гэта адзін з сродкаў, каб пазбавіцца штосэкундавага адчуваньня сябе як рэчаіснасьці. Вехі чалавечага жыцьця - моманты ісьціны. Але ўсё жыцьцё ня можа быць бясконцым момантам ісьціны, інакш гэта будзе вельмі кароткае жыцьцё. Асабіста я нічога ня маю супраць такога варыянту, але, на жаль, інстынкт самазахаваньня ў мяне разьвіты ня менш, чым у іншых. Таму я дазваляю сабе ўсё тое, што навакольныя людзі: капрызы, істэрыкі, сьмех, плач, патас, зьдзек, пяшчоту, чульлівасьць і г.д. Карацей, забаўляюся. А што яшчэ рабіць?.. Сказаць шчыра? Я ведаю. Бо ведаю самае цікавае, што ёсьць у гэтым жыцьці. Тое, што надае яму сэнс і асалоду, тое, што заварожвае мяне, і пазбаўляе самоты - гэта сьмерць.

Цяпер мы рушым разам зь Сьветкай. Яна трымае мяне сваёй кастлявай і цёплай рукой за ўказальны палец. Сьветка борздка перасоўвае даўгія, нібы цыркуль, ногі, і ейны віслы азадак трасецца ля майго твару ў тахт няроўнай хадзе. Я бягу побач, але ўсё адно крыху адстаю. Вялікі букет пышных кветак, якія сьмярдзяць невыносна задушлівым пахам, валачэцца за мною па пыльнай дарозе. Мы спазьняемся на нейкае сьвята. Сёньня першага верасьня. Здаецца, гэта дзень пачатку Другой сусьветнай вайны?.. Не, маці казала, штосьці іншае наконт сёньняшняга сьвята. Па-мойму, зараз мяне вядуць «першы раз у першую клясу». Абяцалі, што будзе цікава. Паглядзім. У любым выпадку, сёньня я сумаваць ня буду. Калі мы зь Сьветкай вернемся з школы, я, як заўжды, буду да вечара альбо чытаць кніжкі, альбо залезу ў «Інтэрнэт» праз бацькавы кампутар. Потым будзе вячэра, а пасьля вячэры мае бацькі пойдуць у тэатар. Вось тут пачнуцца адносна цікавыя рэчы. Чамусьці Сьветка лазіць мыцца заўжды, калі сыходзяць гаспадары - мае бацькі. Яна кладзецца ў гарачую ванну, а праз колькі хвілінаў просіць, каб я памыў ёй сьпінку. Звычайна я мыю ёй нашмат больш, чым сьпінку... А мінулы раз Сьветка папрасіла, каб я памыўся разам зь ёю. Было казытліва, і сьмешна. Нават, крыху цікава... Дык вось, сёньня Сьветка йзноў пакліча мяне мыцца разам. І калі яна нагне сьпіну, упёршыся рукамі ў край ванны, я ўдару... Не, ня так. Калі будзем піць гарбату, я незаўважна падсыплю ёй снатворнае. У вадзе Сьветка засьне, і мне застанецца крыху націснуць ёй на галаву, каб паглядзець, як разам з бурбалкамі зь яе выходзіць жыцьцё.

Гэтыя думкі робяць мяне вясёлым і бестурботным, амаль шчасьлівым. Але самае непрыемнае ў шчасьці - усьведамленьне таго, што яно ня можа быць доўгім. Гэтая думка як паразіт смокча зь цябе радасьць, і прымушае яшчэ мацней угрызацца ў сваё шчасьце. Таму, бегучы цяпер за Сьветкай, я думаю аб тым, што ня буду забіваць яе сёньня, бо саме галоўнае ў шчасьці - ягонае перадчуваньне. Хай Сьветкін азадак яшчэ больш абвісае, хай яна выходзіць за свайго адстаўніка, і хай той мые ёй сьпінку хоць кожны дзень. Што мне зь Сьветкінай сьмерці? Усё, што можа мяне зьдзівіць, можа быць толькі ўва мне.


1996-2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая