epub
 
падключыць
слоўнікі

Сімяон Полацкі

Зварот да найпадобнай маці Еўфрасінні

Ты зноўку маці, о Еўфрасіння,

Горада ўсіх жыхароў міласэрнасць,

Якая змагла ікону святую

Унесці здаля ў край Палачанскі.

З Царграда, куды з самога Эфесу

Цар дабраверны яе годна прынёс,

Зважаючы просьбам тваім шматлікім

Дзеля русінскіх краёў упрыгожання.

Схіліся да ног нябёс уладара

Ды не пазбаў нас вышняга дару.

Упрасі, каб ізноўку вернутай быць,

Іконе святой Полацк наш упрыгожыць.

Ойчы горад твой, аб ім ты падбай.

Хрысту жаніху ўнявесціся ты.

Толькі наш горад бо ўпрыгожвае

Дзевы абраз і паўсюль услаўляе,

Колькі сонцам неба прывечана,

Яснымі зорамі цудна аздоблена.

Гораду Полацку — умацаванне,

Падмога, стоўп, сцяна й запора.

Як немагчыма без сонца жыць,

Так нам без гэтага дару не быць.

Таму, о маці, Госпаду Богу

Прыпадзі за намі, тваімі рабамі.

Ды зверне нам ікону найсвятую,

Спашлі святло ты зямлі беларускай.

Малі старанна і Дзеву Марыю,

Хай уз'явіць нам міласць сваю,

Ды апякае горад твой ойчы,

Прававернага стада свайго не пакідае.

Відавочна па сіле табе ўпрасіць.

Заручыся хадайніцай нашаю быць.

Малі за нас, о маці святая,

Ахавай ва ўлонні тваёй благадаці,

Мы ж ёй яшчэ не абыйдзены, маці.

Усё на ўхвалу табе скіраваўшы,

Ва ўсе дні, цябе, апякунка, уславім,

Вянок пашаны песняй сплятаючы.


1656-1670?

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
Крыніца: скан