epub
 
падключыць
слоўнікі

Славамір Адамовіч

Каханьне пад акупацыяй

КАЛІ ЯНА ПАКІДАЕ АРГАН
* * *
ТРАЕКТОРЫЯ НЭРВОВАГА ЦІСКУ
* * *
* * *
КРЫЗАСТОМІЯ
СЭНТЫМЭНТАЛЬНАЯ СУСТРЭЧА НА ЛІНІІ АГНЮ
ОДА ЖАНОЧЫМ ВУСІКАМ: ЯК ЭРАТЫЧНАМУ СЫМБАЛЮ, ЯК ЗНАКУ ЖАНОЧАЙ МУЖНАСЬЦІ, ЯК ПРЫЧЫНЕ МУЖЧЫНСКАГА НЕСПАКОЮ
* * *
* * *
* * *
* * *
ЛІТАНІЯ, АЛЬБО ЗАПРАШЭНЬНЕ ДЗЕВЫ НА БЕЛАРУСКІ ПАСАД
АНТРАПАМОРФНЫЯ ТРАНСФАРМАЦЫІ З ГРААЛЕМ НАПЯРЭДАДНІ ЖАНОЧАГА ЦЫКЛУ
А Л Ж Ы Р (паэма)
* * *
* * *
ВЯЧЭРНІЯ МРОІ З ЭЛЕМЭНТАМІ ПАГАНСТВА
БІЛІНГВІЗМ, АЛЬБО ФУНДАМЭНТАЛЬНАЕ СПАСЬЦІЖЭНЬНЕ РУСКАЙ ГРАМАТЫКІ
ПИСЬМО СУДЕБНОМУ ИСПОЛНИТЕЛЮ ПО СЛУЧАЮ ОЧЕРЕДНОЙ ПОВЕСТКИ
* * *
ЭЛЕКТАРАЛЬНЫЯ ТРАНСПЛЯНТАЦЫІ, АЛЬБО ШТО ДУМАЮЦЬ ТУТЭЙШЫЯ, ЧАКАЮЧЫ ЗАРПЛАТЫ
РАЗЬВІТАЛЬНАЯ ДЛЯ САШКІ
УБЕЙ ПРЕЗИДЕНТА
* * *
ПЭДЭЛЬ
СУСТРЭЧА
* * *
ВІТАЛЬНЫЯ ГАЛЮЦЫНАЦЫІ НА ВЫХАДЗЕ З ГАЛАДОЎКІ
* * *
* * *
ЧЫСТАЕ


КАЛІ ЯНА ПАКІДАЕ АРГАН

 

Іграючы ў белым касьцёле,

кахаючыся з ксяндзом,

жанчына марыць у полі

застацца на ноч з касцом.

 

Іграючы штосьці з Баха,

жанчына імкнецца туды,

дзе весела-вольна птахам,

дзе многа чыстай вады.

 

Заціхлі гукі. І клірык,

забыўшыся пра Хрыста,

самотна, як юны лірык,

чытае ёй верш зь ліста.

 

Жанчына зьнікае з хораў,

жанчыне абрыд арган,

жанчына едзе на мора

і там заводзіць раман.

 

Жанчына ажыцьцяўляе,

што мусіць ажыцьцявіць.

На хорах арган сьціхае

і доўга жанчына сьпіць.

 

 

* * *

 

Я чуў, каханая, што ты будуеш дом,

вялікі дом для ўласнага сямейства,

а твой ваюе рыфмамі са злом,

спаўзаючы паціху ў фарысэйства.

 

Я ведаю цяпер, што помніш ты

зьнікомую пару сустрэчаў нашых -

супольны шлях да пляцу (дзьве вярсты),

злучэньне рук і хвойны водар фашын.

 

Тады таксама будавалі дом:

рабочыя раствор мяшалі ў цэбры

і квэцалі ім цэглу, і нагбом

ваду пілі - жалезістае срэбра.

 

А мы блукалі побач. Нам было

цікава назіраць за ростам сьценаў

і думаць, як празь нейкі час жытло

завершыцца страхой і жменяй зерня,

якое гаспадар па сьвежых дошках

рассыпле, згодна звычаю дзядоў.

 

Ты не была маёй тады і потым,

бянтэжыла цябе, што я жанаты,

што не з табой ляплю сямейства соты,

хоць ты пайшла б са мною і за краты.

 

Бягуць гады (банальная раскладка):

мне трыццаць тры, ты замужам нібы,

ды кожны раз, калі занадта гладка,

мы заадно і прагнем барацьбы.

 

Менск, 5-я клініка

 

 

ТРАЕКТОРЫЯ НЭРВОВАГА ЦІСКУ

 

Кідаеш позірк на мяне

дыяганальна.

Табе 13. Ты - сама антыбрутальнасьць.

А мне ўжо 33, дзяўчо,

я злосны, брудны,

каторы дзень баліць плячо

і голас нудны.

Але і я насустрач дню

гляджу з хітрынкай,

і юны позірк твой лаўлю,

нібы разынку

у чорным хлебе нашых дзён.

Сэнтымэнтальнасьць

яшчэ наведвае душу

маю часамі.

Ты засаромелася і

вала-

самі

прыкрыла шматаблічны цік

воч, вуснаў, шчочак...

Глушу ў грудзях ільвіны рык

і стаўлю про-

чырк -.

Я палюбіў цябе, дзяўчо,

маніякальна,

каб сьціхла хворае плячо,

каб нешакальна

жыцьцё працягваць,

жыць далей

з нэрвовым цікам

і між наструненых грудзей

зьвівацца сыкам,

а потым ціха запаўзьці

ў трохкутнік

тваіх бэрмудаў

і там навечна прарасьці

сакральным цудам.

 

 

* * *

 

Зьнікла энэргія слова і цела,

і засталося вяршэнства сноў.

Божа, як непасрэдна хацела

гэта жанчына маіх замоў.

 

Як жа шаптала яна: «Ты прелесть...».

Як жа прасіла: «Ещё... люби...».

І пэрманэнтна ішла на нераст

з мора шатрэзу ў раку шаблі.

 

 

* * *

 

Не магу, не хачу адмовіць,

калі просяць вочы твае,

калі рукі пяшчотна ловяць,

твае рукі ловяць мае.

 

Сёньня твой, я сьцялю нам ложак,

выдзяляючы эндарпін;

я твой бог, твой д'ябал бяз рожак,

муж любімы твой, бацька, сын.

 

Я прыйшоў. Ты рабі, што трэба:

расцалуй альбо прагані,

альбо выплаві зь мяне срэбра

на сваім залатым агні.

 

 

КРЫЗАСТОМІЯ

 

Хвароба ўзрэзала мне

філасаВІЧна;

шукаюць штосьці дактары

апалітычна;

працялі вэртыкаль маю

гарызантальна;

я лекі п'ю, я не пяю,

што ненармальна...

 

Адмоўна - сьведчыць Васэрман.

Я ажываю,

я зноў гатовы на таран,

бо зноў кахаю!

 

 

СЭНТЫМЭНТАЛЬНАЯ СУСТРЭЧА НА ЛІНІІ АГНЮ

 

Я гляджу, якая ты сьветлая,

ты стаіш у промнях у сонечных,

папраўляючы кабуру пісталетную,

са знаёмымі пра штосьці гамонячы.

Я таксама апраўляю партупею, рэгаліі,

каб да цябе падыйсьці, паздароўкацца,

але

кулямётнай стужкай ты, нібы каралямі,

бліснула насустрач мне, папярэдзіўшы: не высоўвацца!

 

І я стаю, чакаю каханую,

боты мае юхтавыя прыемна рыпяць,

стаю, трамбую зямлю ханаанаву,

каб заўтра снарадамі цёплую араць.

 

І вось паклікала мяне любачка

(а жоўтыя патрончыкі з ражка пок-пок

на травачку зялёную, як фасоля на сподачак),

паклікала й сама зрабіла першы крок.

 

І вось ужо разам ты, я і рэгаліі,

і прэч кабуру, і партупею з плеч!

І неяк раптам нікнуць вайны рэаліі,

бо ў рукі свае белыя бярэш ты помсты меч.

 

Люблю я гэту зброю, дальбог, непераможную,

халоднай яе ніяк не назавеш,

выходзь на поле бітвы зь ёй хоць ночку кожную,

хоць заваёўвай тысячы белых веж.

 

Гляджу, гляджу, каханая, якая ты сьветлая,

стаіш пад поўняю, пад сонцам ці дажджом,

і ўсё табе пасуе - хоць кабура пісталетная,

хоць новы аўтамат, хоць старое ружжо.

 

 

ОДА ЖАНОЧЫМ ВУСІКАМ: ЯК ЭРАТЫЧНАМУ СЫМБАЛЮ, ЯК ЗНАКУ ЖАНОЧАЙ МУЖНАСЬЦІ, ЯК ПРЫЧЫНЕ МУЖЧЫНСКАГА НЕСПАКОЮ

 

Для вока пільнага прыкметны,

пяшчотны чорненькі пушок

над верхняй вуснаю эфэктна

зьявіўся, каб наводзіць шок

на юных, ведама ж, паэтаў,

і на мужчын ужо ў гадах.

Ён, відавочна, быў апеты

недастаткова. Сам алах

і трыадзіны праваслаўны

любілі часам назіраць

за цёмным пасачкам над вуснай

стварэньня божага з касой,

за тым, як лёгка, без прымусу

ён пакрываецца расой,

калі жанчына жарсьці смагу

з законным мужам спаганяе,

а потым крыху спачывае,

прыкрыўшы белую нагу

артадаксальнай прасьціною,

другую ж зьвешваеш на дол

з канапы шлюбнай.

Ах, з усьмешкай

пад рымскім носам чорны вус

блішчыць у сонечным сьвятле.

Ён падабаецца і мне.

І з гэтай дзіўнае прычыны

так жыць сьпяшаюцца мужы,

чмялі, андатры і вужы,

ваўкі, тарпаны і смаўжы,

буслы, вароны і стрыжы,

і мноства іншых біямас.

Дык слаўся, чорны вусік-пас,

блішчы пад промнямі ў расе,

спрыяй жаночае красе!

 

Менск, 5-я клініка

 

 

* * *

 

Зайшла. Расказала пра мужа,

аптэку, праблемы дачкі,

згадала, што трэба стужак

чырвоных купіць і гаршчкі

пад кветкі (растуць яны хутка,

каму, як ня ім, расьці).

Шапнула: «Гуляе чутка,

што могуць па вас прыйсьці».

«Напэўна. І ўжо хадзілі...

Ды што ж нам стаяць вось так?

Пакуль яшчэ не пасадзілі,

давайце мы зьдзейсьнім акт.

Давайце накрыем белым

казённае кана-пэ

і нашым супольным целам

мы выкажам ворагу «фэ».

Пакуль ён стаіць за дзьвярыма,

мы будзем спружынай рыпець

і пахнуць любоўным зарынам,

і плакаць, і ксьціцца, і пець.

Вы згодны з такім праектам?»

«Я згодна, давайце зьдзяйсьняць:

я буду вашым аб'ектам,

які неабходна кахаць...»

І так мы любіліся доўга,

а ён за дзьвярыма стаяў

і кляў на чым сьвет свайго бога,

пакуль канчаткова ня зьвяў.

У дзевяць мы выйшлі з кватэры,

зірнулі на скурчаны труп

і сталі сьмяяцца бязь меры

спакусьлівым сьмехам суккуб.

 

 

* * *

 

Калі ты здрадзіш мне аднойчы,

ад гэтай здрады атрымаўшы

так многа-многа асалоды;

калі ты прыйдзеш, пераспаўшы,

калі суцішыш свае воды

з тым, іншым, мне зусім ня братам,

з тым чорным, белым, жоўтым фатам;

калі ты прыйдзеш ці ня прыйдзеш;

калі, ўнікаючы сустрэчаў,

ты панавацьмеш у сябровак,

альбо ў сяброў, або ў прылеску,

альбо ў пясках зімнога мора, -

я не павешуся ад гора,

як, зрэшты, і не расьсьмяюся,

я не пайду і не ўтаплюся, -

я ўспомню, дзе ляжаць набоі.

 

 

* * *

 

Ты ведаеш, а сьвет яшчэ пякнейшы,

чым думалася нам

там,

у аўсах

над Зах.

Дзьвіною.

Ты мне раўня,

радня,

і лёс мой я хвалю за тое,

што люблю

радовішчы тваіх

вачэй начных,

я, золатаздабытчык, мніх,

на берагах рачных

любоўнік сталых і дружок малых,

і маладых.

Пакуль я не заціх,

я буду пры варштаце, пры такім,

які рабіцьме пекнату ў кантэксьце

тэрарыстычных актаў у мэтро

і хіматак у мэрых і банках.

Ты ведаеш, так файна быць з табой

і вызваляць твой рот ад успамінаў

пра тых, што цалавалі проста так,

бо думалі пра як бы зьдзейсьніць акт.

А як прыемна ціха аддаляць

ад лёгкай павуціны летуценьняў

жанчыну маладую, каб кахаць

магутна, па-сапраўднаму, бязь ценяў,

бязь церняў здрады, доўга і заўжды

яе кахаць;

любіцца так, як любяцца жыды

з уладай і грашыма ва ўсім сьвеце.

Як гэта клясна, клёва, проста ў кайф -

цябе любіць на самай верхняй ноце,

на адпачынку, дома, на рабоце...

Люблю цябе татальна, як тэрор,

як бомбу з пластыку, якая ліквідуе

таго, хто нам закрыў шляхі да зор

і дух наш вольны разгайдаць спрабуе;

люблю ізноў, спачатку, ад яйка,

як некалі сказалі лаціняне;

люблю цябе, як рэзкі ўдар клінка,

як белы бінт на лёгкай чыстай ране.

 

 

* * *

 

Ты плывеш са мною побач

у натомленай прасторы,

паміж дрэў экстравагантных

у чырвоных каптурах.

Кроны дрэваў прагнуць глебы,

чарназёму, глею, глейсу;

дрэвы мусяць размнажацца,

а таму штогод увосень

лістападам, лістападам

заварожвае прасторы.

Дык плыві, мая сяброўка,

побач я, і мы жадаем

гэтаксама плоднай глебы,

а яшчэ - пяскоў гарачых,

а яшчэ - блакіту неба,

мора сіняга і сонца

многа-многа, і салодкіх

кавуноў, мундэраў, вішняў,

каб у соках садавіны

і гародніны знаходзіць

падтрыманьне нашым сілам.

Мы жадаем больш чым дрэвы,

мы жадаем плоду, плоймы

самых розных штучак дзіўных.

І ня дзіва: мы ж з табою

прыналежым да людзкога

роду-племені, а гэта

значыць, што акром зямліцы

трэба нам азону, волі,

каб маглі мы плод здаровы,

чысты, крэпкі, без каросты

данасіць да свайго часу.

Ах, сяброўка! Плаўна, плыўна

мы плывём з табою ўпрочкі.

Мы кахаемся, як людзі.

Львы прыгожыя ня могуць

так кахацца, вось і мала

іх на сьвеце, львоў прыгожых.

Дай жа мне, маё прыняўшы;

выйдзем разам з акіяну,

станем сохнуць на ўзьбярэжжы

нашых стомленных пачуцьцяў.

Суму актаў мы завершым

актам паглынаньня ежы.

Як звычайна, будзе многа

птушкі, рыбы і мучное,

кавы, чаю, вінаграду,

крыху лёгкага віна.

Мы адновім нашы сілы,

пульхнасьць нашых вуснаў, губак,

каб злучыцца зноў і разам

наша ўсё пачаць спачатку.

Дык плыві, мая сяброўка,

побач я, і мы жадаем.

 

 

ЛІТАНІЯ, АЛЬБО ЗАПРАШЭНЬНЕ ДЗЕВЫ НА БЕЛАРУСКІ ПАСАД

 

І стаю цяпер прад Табою, нікчэмны я, а Ты не адпрэч. Выслухай, пачуй і прыйдзі. Мужчыны нашы ўпалі духам дазваньня. Ня могуць яны больш народ бараніць свой. Ня могуць, няшчасныя, заступіць дарогу водам мора чужынскага. У пустэльні пяскоў, імкнучых з усходу, патанаюць іх корды. У плазме атрутнай, што з захаду льецца, замёрлі іх душы. Гора ім, гора мужчынам нямужным і слабым! Гора народу, які сваёй ганьбы ня бачыць! Зьлітуйся, Дзева! Прыйдзі, прывядзі сваё войска дзеваў нямужніх і жоначак мужных прыгожых. Станьце як сонцы, з абліччаў лініце на Край наш ясны промні красы і пяшчоты, і ласкі. Веру, пад гэтымі промнямі ўздыміцца новае племя. Белай рукой дабраслаў Ты яго на змаганьне, але й сама не сыходзь.

 

Дзева Красы, Абароны і Вечнасьці нашай! Патрыярхата ўлады вяртаем Табе, бо зьнядужалі грэшна, бо запавет нашых продкаў ня спраўдзілі і адступілі. Вось я, зьнячэўлены, ніцма ўпаў прад Табою, нікчэмны між іншых нікчэмных. Карай любою карай, але дай потым шанц для рэваншу. Дзева палескіх абшараў, модлы мае за мужчынскі наш род не адпрэчвай. Мы яшчэ зможам, мы здолеем, толькі зьявіся. Мы паклікаем Цябе на Пасад Беларускі. Зь вераю ў наша паўстаньне зь нябыту. Мужчыны.

 

 

АНТРАПАМОРФНЫЯ ТРАНСФАРМАЦЫІ З ГРААЛЕМ НАПЯРЭДАДНІ ЖАНОЧАГА ЦЫКЛУ

 

Калі я прыручаў цябе,

колькі вучыў любіць,

колькі цела тваё вялікае

я мусіў начамі сьніць.

 

Колькі часу я думаць думаў,

што гэта і ёсьць ты

жанчына мая разумная,

ратавальніца ад нематы.

 

Колькі табою кляўся я

апаўночах і апаўднях,

і зь іншымі спаці ня клаўся,

і быў мне ня страшны страх.

 

Начамі, заліты сьпермаю,

я памятаў пра цябе,

табой, а не праблемай кватэрнаю,

жыў я як пан бог бек.

 

Колькі я, табою забраны,

і цяпер, як шабелькі сталь,

і люблю, і цалую, і ў брамы

уваходжу, нібы Грааль.

 

 

А Л Ж Ы Р (паэма)

 

1.

Гэта музыка заўсёды з табою,

з табою, што б ні рабіў ты,

куды б ты ні бег, куды ні сьпяшаўся.

Гэта музыка паміраючай хаты,

шашаль яе патачыў, і пацукі

за абшыўкай фанэрнай, і вечная

асеньняя муха, нейкая мхастая,

як з моху, калі быць дакладным

у параўнаньнях і не злоўжываць новатворамі.

Гэта музыка заўсёды з табою,

бо хіба ты можаш забыцца,

хіба ты можаш ня памятаць,

як трашчыць сухая фасоля ў струках,

як перакочваецца сухое зернейка ў гарэсе,

як трашчаць дровы ў печы,

якая стаіць у тваёй беларускай хаце,

у тваёй хаце, бо ты нашчадак

старога крывіцкага роду,

які тут адвеку

і будзе.

І музыка, гэта музыка,

якая заўсёды з табою,

бо ты і цяпер вось чуеш,

як бацька настройвае радыёлу «Riga»

(хоча злавіць «Свободу»).

Ах, якая гэта цудоўная музыка,

але яна занадта гучная

і маці ня можа заснуць,

а я на тыле шафы,

нібы ў ноты ці ў пропісі,

крэсьлю першыя знакі.

Адтуль плыве гэта музыка:

чуеш, як цела жанчыны

валіца на падлогу,

чуеш удары нагамі

і крык, і хрыпеньне жаночае,

і горлам жаночая кроў,

і потым усё сціхае.

Ах, дайце ж гэтае музыкі,

якая заўсёды з табою:

гудзяць залатыя хрушчыкі,

вуркоча сабака Мухтар,

бо сьніцца яму Мухтарыха;

карова рыміць, бо нядоена;

Мурка гавэньдзіць,

бо ёй ніхто

у кансароўку з-пад кілек

не налівае млека,

бо ў хаце тваёй беларускай

твайго крывіцкага роду

ляжыць нерухомае цела

і стынуць удары нагамі.

 

2.

Мне сьніцца Алжыр,

а можа

мне сьніцца раскошная Індыя,

і я ўмураваны ў фундамэнт

Храму Каханьня Арыйскага.

А можа мне сьніцца Кенія,

тамтэйшы горад Найробі,

дзе абсалютна да фені мне

вашы тутэйшыя фобіі.

Мне сьніцца паўвыспа Юкатан,

я ўздымаюся на Кракатау,

а потым я лава і попел,

танцую шалёны канкан я

і закладаю заставу;

я жыву на вяршыні вулкану,

тут цэзій кожнае раньне

высейваецца на пароду,

як раса выпадае штораніцы

на мхі беларускіх балот;

тут лава заўсёды цёплая,

як цёплым палок быў

пасьля твайго дзеда,

і ты на цёплыя ўзлазіў дошкі

дасьніваць дзіцячыя сны,

а дзед завіхаўся ў дварышчы

(любіў ён работу з дрэвам).

А потым прыйшлося мулка мне,

бо дзед аднойчы астыў,

і дрэва яго не сагрэла,

і стаў халодным палок.

 

3.

Весела мне на Юкатане,

дзе плешчацца мора лавы,

дзе на вяршынях вулканаў

прарастае папараць кветка

і нашы крывіцкія мхі.

Весела тут, бо перамяшчэньне

ёсьць тое, чаго мне жадаецца,

люблю я

працэс пэрманэнтнага прырашчэньня

новых боляў, крыўд і каханьняў.

Я запаведнік, і пераплаўляю я

фэкаліі вашых дурнотаў, вы.

І толькі ўласныя гульні гуляю,

рызыкуючы застацца без галавы.

Няхай жа сьняцца мне бомбакідальнікі,

хачу я бачыць вольным Алжыр,

хачу прысьніць, як мае начальнічкі

валакуць на Галготу свае крыжы.

 

4.

Мы - салдаты, таму мы мусім быць са зброяй,

здабываць зброю,

вырабляць зброю,

берагчы зброю.

Наша філязофія знаходзіцца на вастрыі клінка.

Мы любім горача халоднае лязо,

няхай па ім сьцякае кроў ахвяры,

каб вольна жыць і спраўдзіць нашы мары,

мы адназначна выбіраем зло.

Але для нас, для нас яно дабро,

злом ёсьць яно для ворагаў Айчыны.

Паставім здрадзе піку пад рабро

за герб, за сьцяг ды іншыя злачыны.

Пячыся, сука, падла, на нажы,

энэргію спазнай беларусінаў,

а служкаў ейных, навалач і псіну,

закінем у пушчанскія лаўжы.

Мы шыхт у шыхт ідзём, і наш клінок

гатовы ўзрэзаць ворагу вантробы.

Мы не баімся арыштанцкай робы,

мы за Радзіму робім гэты крок.

З дарогі, страх! Зашыйцеся ў нару,

гайня інтэлігентных імпатэнтаў.

Гару бяруць, сягаючы ў гару,

і тыя, хто гатоў да інцыдэнтаў.

Мы шыхт у шыхт... Устаўлены запал,

глядзець за гарызонт прыцэл і руля.

І фаўст-патрон рахуе: ці прапаў,

ці панам буду, калі схібіць куля.

І вось прыйшлі. Займаем нумары.

Яшчэ пясок не разагрэла сонца,

яшчэ раса, і сьвет такі бясконцы,

і сьпяць у пад'яленцах камары.

Хвіліна-дзьве - і «пяты» распачне,

затым «сямёрка» паласьне канкрэтна,

пасьля імпэтна шухне эРПэГэ,

і дух кладоў адчуецца ў паветры.

 

....................

 

Вось і ціха стала. Цішыня.

Наразная стыне ў хлярафіле.

Нашай стала ўрэшце вышыня,

мы яе сабой усю накрылі.

 

5.

Хата. Род. Гняздо. Мы птушкі, мы пакінулі наш дом: на фатэлі пыл і стужкі, недапіты ў бутлі ром, абразы старыя, цьмяныя, крыж з расьпяцьцем, сьцяг Літвы, этажэрка і парваныя школьных пропісяў лісты. Ідзе наступленьне на новыя пазіцыі. Што будзе заўтра, пакажа час. Той, хто пераможаны, пакідае амбіцыі. Новыя атакі чакаюць новых нас. Пад шквальным агнём, пластаючы зямлічку, з раніцы да вечара ў кожным лесе мы прарастаем зялёнымі лычкамі вечнай травы у бліскучай расе.

 

 

* * *

 

Каляды. Посная Куцьця.

Ня піша пісьмаў Арганістка.

Вісіць над установай сьцяг

усенароднага фашыста.

 

У пераходах прадаюць

падпольную літаратуру,

якую ў Вільні выдаюць

мне невядомыя структуры.

 

Зіма крыху. Сьняжок ледзь-ледзь.

Бамжы акупавалі крамы,

дзе можна целы свае грэць,

наколкі сінія і шрамы.

 

Зіма! Вярнулася, дальбог!

Іду з прагляду «Мадэрністаў»,

і кліча штосьці за парог,

у запарожжа рэканкісты.

 

Каляды, 1995

 

 

* * *

 

Я паганы, мне добра з поганьню:

воўк шалёны і ліс худы

мне сябры, зь імі разам гонямі

я бягу да жывой вады.

Мы на ўсход нашы морды ўскінулі,

нашы лапы ўздымаюць пыл,

мы жывём, мы яшчэ ня згінулі,

і бяжым не з апошніх сіл.

Сухажыльлі напяўшы патава,

прарываемся напрасткі,

адчуваючы кожным атамам

нашы крушні, ральлю, пяскі.

Мы расістыя, мы рассаднікі

новай волі, нам трэба шмат.

Абмінаючы палісаднікі

мы бяжым на прастор з-за крат.

 

 

ВЯЧЭРНІЯ МРОІ З ЭЛЕМЭНТАМІ ПАГАНСТВА

 

Нешта ёсьць у тым, каб глядзець

у расчыненае вакно,

і халодныя рукі грэць,

і нэрвова гартаць блякнот.

Нешта ёсьць у тым, каб дастаць

зь цёплых похваў лязо нажа

і, прыкленчыўшы, цалаваць

сталь халодную, і вужа

запускаць праз парог у дом,

і даваць яму малака,

і вымольваць у неба гром,

і прысьніць, як твая рука

нож трымае і не дрыжыць,

як стабільна цячэ рака

і банальна хочацца жыць.

 

 

БІЛІНГВІЗМ, АЛЬБО ФУНДАМЭНТАЛЬНАЕ СПАСЬЦІЖЭНЬНЕ РУСКАЙ ГРАМАТЫКІ

 

- Извини, я не любила,

видно, просто увлеклась.

Грезя вскользь о волнах Нила,

я с тобою разошлась.

 

- Што ж, дарма, магла быць пара,

я любіў цябе, як бог.

Ты была - як сонца й хмара,

я быў проста кіпень-грог.

 

- Нет, оставь, ты просто много

очень думал о себе.

И потом, твоя дорога

и трудна, и не по мне.

 

- Я кахаў цябе, жанчына,

я любіў, як д'яблаў сто...

Ты прызнайся, што прычына -

цесьць мой з горада Растоў.

 

- Да, возможно, ты не русский,

да и я ведь не совсем,

а язык твой белорусский,

он ведь нравится не всем.

 

- Так, я ведаю, ды толькі

гэта мой гартуе дух,

беражэ ад манаполькі

і штурхае ў дзёрскіх рух.

 

- Ты о чём? Какие «рухи»?

Все уж продано давно,

иль исползано на брюхе,

иль уделано в говно.

 

- Стоп, краса! Мы з нашым хлудам

разьбярэмся тэт-а-тэт,

мы такое зробім цуда,

што яшчэ ня бачыў сьвет.

 

- Если так, то бог вам в помощь.

Заряжайте штуцера!

Съесть мне, что ли, свежий овощ,

вспоминая о вчера?

 

- Да, пожалуй, это дело -

если нам вкусить харчей,

чтобы всё внутрях запело,

чтоб огонь в тоске очей.

 

- Божа мілы, што я чую,

ты па-руску як зь ліста.

Вот возьму и заночую

у тебя до Рождества.

 

- Заставайся, буду рады,

бо люблю, як і раней.

К чёрту всё! Взорвём преграды,

в руку плеть да на коней!

 

Да по полю, перелескам,

да по вспаханной земле,

да по этим странным фрескам,

что начертаны во мгле.

 

Слышишь крики? Это звери

к нам спешат из тьмы пещер.

Открывай же смело двери,

человеческая дщерь.

 

P.S. Это стихотворение - мой маленький стеб на тему двуязычия, известно какого. Они и бесятся, что не могут постичь всю прелесть нашего языка, они его просто не знают. Но мы-то их великий и могучий знаем, мы с особенной приятностию постигаем красоту русского языка. Вот эта именно ситуация и умиляет. Мы победим, потому как знаем язык врага.

 

09.05.95

 

 

ПИСЬМО СУДЕБНОМУ ИСПОЛНИТЕЛЮ ПО СЛУЧАЮ ОЧЕРЕДНОЙ ПОВЕСТКИ

 

Здравствуйте, судебный исполнитель!

Вы меня повестками достали,

но позвольте, я ведь не грабитель,

медь не крал, не помышлял о стали.

 

Не насильник я, не изменяю,

мирно сплю с распутною женой.

Что же вы хотите, я не знаю?

Что ж вы насылаете конвой?

 

Ах, стихи? Те самые, о Сашке?

Где-то я народу их читал?

А потом в растерзанной рубашке

власть бранил и юных дам пугал?

 

Признаю, имел сей случай место.

Так ведь что ж, как люди говорят,

я сварганен из такого теста,

что, пожалуй, мне сам чёрт не брат.

 

И потом, цыганский тот Сашатка,

о котором я стишок чиркнул,

он, простите, как девичья ватка,

заодно и нас туда заткнул.

 

Да, ответьте, разве вам приятно

в сей стране живать и хлеб жевать,

где вас дурят очень многократно,

больно бьют и не велят стонать?

 

Нет? Тогда зачем вы шлёте

письма мне на странном языке?

Ничего с меня вы не возьмёте,

разьве что налью сто грамм «сакэ».

 

А стишки писал, пишу и буду

впредь о всяческих сашках,

потому как юный мой рассудок

не вредил я в красных уголках.

 

 

* * *

 

Если вдруг, не приведи господь,

мне придётся жить в казённом доме,

я не стану чепуху молоть,

говоря о том, что не знакомо.

 

Я не буду паханом. Зачем?

Но хоть каплю гордости имея,

постараясь отсидеть как все,

только чтоб душою не робея.

 

Если ж там случится в паханах

«старший брат» мой, русский из Тамбова,

я ему однажды тихо в пах

засажу «перо», как в строчку слово.

 

Я шепчу в его последний миг:

«Это, «брат», за «Белую Россию»,

за её истерзанность и крик,

за её уже не белый лик

и за свой маскальский глупый шик

в этом месте ты склоняешь выю».

 

И пускай объявят мне конец

паханы все, русские по крови,

кто-то всё же скажет: Молодец!

И нахмурит выцветшие брови.

 

 

ЭЛЕКТАРАЛЬНЫЯ ТРАНСПЛЯНТАЦЫІ, АЛЬБО ШТО ДУМАЮЦЬ ТУТЭЙШЫЯ, ЧАКАЮЧЫ ЗАРПЛАТЫ

 

(з вопыту пісьма «трасянкай»)

 

Як ні дзіўна, я кахаю,

як ні дзіўна, я люблю,

як ні дзіўна, пазяхаю,

хоць заўсёды многа сплю;

як ні дзіўна, я на волі

і хаджу без вартавых,

і магу прысесьці ў полі,

а магу сьпяваць услых;

як ні дзіўна, у кішэні

хвігу я магу насіць,

палавыя атнашэньні

мець магу, як закарціць;

я магу курыць «мальборо»,

а магу і не курыць,

хай мне скажуць, хто мой вораг,

і ўрагу далей ня жыць;

як ні дзіўна, я тутэйшы,

хоць і плішчуся ў вярхі,

дзе сядзіць мой брат «старэйшы»,

«меншых» кормячы з рукі.

Зрэшты, дзе там! Зьелі ўчора

ўвесь кармёж - і па кутках.

Ай жа гора, вось жа гора -

кожны сам сабе дзяржстрах!

 

Гэта ж дзіва - паасобку

колькі часу - і жывём.

Трэба, трэба ставіць кропку,

хоць вайною, хоць дабром.

Позьняк цяніт нас на запад,

этат, сволач, на васток.

Напісаць хіба што рапарт

ну хаця б на трыста строк

і даслаць у «Нар. газэту»,

гдзе цяпер закон прасты:

зарабляюць на катлету,

падаткнуўшы скрозь хвасты.

Не, ў «Савбелію», бадай што,

там надзейна, там свае:

Паша «паркерам», як швайкай,

«праўду-матку» выдае.

Пра «Таварышч» не забыцца б,

там таксама наш аплот.

Час градзёт і суд свяршыцца,

бо Расея ўжэ встаёт.

Мы славянскую ідзею

ў сьвет запусьцім з нашых рук.

Пусьць ляціт, і пусьць глазеют,

як кагда-та дрэўній Кук.

Як ні дзіўна, я кахаю,

як ні дзіўна - і люблю,

і таму я пазяхаю,

што бязглуздае раблю.

Дык жа кіну я чужое,

буду сам сабе ўладар,

і з чырвонаю іржою

век не сяду на папар.

Я ўзгадаю пра законы,

што пісаў мой дзед-крывіч,

і пра бацькавы патроны -

тым і скончу гэты сьпіч.

 

 

РАЗЬВІТАЛЬНАЯ ДЛЯ САШКІ

 

Ну што ж, таварыш Сашка,

прыйшла пара двубою.

Ты ўздумаў нас прыстрашыць

сваёй гэбісцкай зброяй,

 

ты плюнуў на законы,

на Бацькаўшчыну нашу,

і гэты грэх да скону

ты не замоліш, Саша.

 

Васпану ломіць зубы

ад гукаў роднай мовы,

яму другая люба,

яму з Масквою клёва.

 

Васпану муліць плечы

дзяржаўны герб Пагоня,

лепш цыгану на печы,

альбо на чорным поні.

 

Васпану сьцяг дзяржаўны

даўно недаспадобы,

мілей «атцу» іржавы

сярпок з выявай Кобы.

 

Ах, Сашка, парэнь шклоўскі,

ты ўсё ж перастараўся,

ты нейк не па-такоўску,

дальбог, расьперазаўся.

 

Сашок, наш люд спакойны

(ты ж сам пра гэта кажаш),

яму ня трэба войны,

тэроры, эпатажы;

ён любіць жыць, пладзіцца,

браць па сто грам часамі,

а калі дзесь макрыца

закратае вусамі

і ўздумае, паскуда,

пісаць свае законы

майму народу -

згуба

яе чакае сходу.

 

Таму Сашуля-хлопча,

пакінь гульню з агнямі,

інакш Пагоня стопча -

не застанецца й плямы.

 

Пакінь пляваць у студню,

схадзі да Філарэта,

схапі паветра грудью

і дуй з Краіны гэтай.

 

26.03.95

 

 

ДАДАТАК (некаторыя вершы, якія не ўвайшлі ў зборнік)

 

 

УБЕЙ ПРЕЗИДЕНТА

 

Убей эту сволочь, которая

так гнусно топорщит усы

над нашими всё же просторами,

над ликом родимой красы.

 

Чем можешь, убей, не раздумывай,

возьми автомат иль топор

и вскрой эту голову «умную»,

и выбрось в клоаку, как сор.

 

Убей эту мразь авторучкою,

иль зонтиком, или «пером»,

иль вовсе ма-а-аленькой штучкою,

подброшенной в терпкий ром.

 

Убей же врага, чтобы молодость

твоя не осталась в дерьме,

чтоб Край наш воспрянул с гордостью

во славе, а не в ярме!

 

Убей аккуратно, дерзостно,

как может убить лишь Бог,

покончи геройски с мерзостью

и выкинь её за парог!

 

Очищенный дом беларуский наш,

проветренный, солнцу представленный,

он будет закрыт для усатых саш,

но миру свободному явленный.

 

 

* * *

 

«Рукі назад!» - ты ідзеш на допыт.

«Рукі назад!» - ты дзяржаўны злачынца.

«Рукі назад!» - набываеш вопыт.

«Рукі назад!» - і думка, як сьпіца,

 

пра тое, што там красавік і суха,

дзяўчаты скінулі тоўстыя гетры,

на крушні яшчарка сушыць бруха

і пахне гудронам асфальт нагрэты.

 

З рукамі назад выводзяць на пляцык

трохкутнай формы - хадзі і думай

пра тое, як там дэфілююць грацыі,

як там парлямэнт фліртуе з думай.

 

Пра радасьць успомні, калі жанчына

цябе па-крывіцку любіла штоноч,

і вы любоў запівалі «чын-чынам»,

і сьлёзы сьветлыя беглі з воч.

 

А «рукі назад!» - гэта ўсё часова,

а «рукі назад!» - ня страшна, калі

табою валодае вечнае Слова

і памяць пра травеньскі пах ральлі.

 

21.04.96, 9-я камэра СИЗО КГБ

 

 

ПЭДЭЛЬ

 

Пэдэль ходзіць за дзьвярыма,

пэдэль ведае дакладна, як

патрэбна службу правіць

у любых умовах часу, у пару

тэрору, гвалту, летам, восень-

ню, зімою... Пэдэль мае

палку з гумы, не турбуюць

яго думы. Пэдэль, наш

 

любімы пэдэль, безь цябе мы

анікуды. Дай нам, пэдэль,

каб нам ведаць, як хадзіць,

глядзець куды, як пазьбегнуць

нам бяды. У цябе пруток

гумовы, у цябе густыя

бровы. Пэдэль - гэта проста

цуд. Пэдэль - цаца. Пэдэль -

гут! Пэдэль слухае

маўкліва. Пэдэль - млын.

А мы ёсьць мліва?

 

29.04.96, 9-я камэра СИЗО КГБ

 

 

СУСТРЭЧА

 

афіцэрам Смаргонскага пагранатраду

 

- Дзень добры, палкоўнік! Я Славамір.

Будзем знаёмыя? - Будзем.

Трашчыць і рвецца ад гукаў эфір,

і рвуцца ад кашлю грудзі.

 

- Палкоўнік, прыступім. Вось карта і плян.

Далей мы цярпець ня можам...

- Я ведаю, гэты паршывы клан

Мы зьнішчым і пераможам.

 

- Выдатна, палкоўнік! Вы, бачу, наш,

сапраўднай касьці беларускай.

Вы будзеце нішчыць здраднікаў аж

нават на глебе рускай.

 

- Я буду, аднак жа, дзе нашы арлы?

Час «ч» мы павінны прызначыць.

Мы выступім ціха на самай зары,

пакуль вораг сьпіць на дачах.

 

Мы жаль і спагаду адкінем прэч.

За нашых жанчын і дзетак

мы будзем галовы варожыя з плеч

здымаць, як жытцо з палетак.

 

Атрады зьнішчальныя ўжо ў лясах,

чакаюць толькі загаду.

Што ж, кожнаму здрадніку свой пасаг.

Гатова ўсё да нападу.

 

- Палкоўнік, трымайце, вось вам рука,

рука не салдата - паэта.

І вып'ем давайце за колер кукард,

за бела-чырвоны. За гэта!

 

09.05.96, 9-я камэра СИЗО КГБ

 

 

* * *

 

Кавалак чорнага хлеба,

нашага хлеба з нашага жыта

давай пераломім на дзьве палавіны -

табе і мне - і абмочым у мёд,

яшчэ не загуслы, яшчэ з пахам

воску і нашых прастораў.

Давай падсілкуемся, дружа,

насыцім давай нашы целы

высокай энэргіяй пушчы

і гарызанталямі поля.

Пасьля столькіх дзён паміраньня

пахнуць дажджом навальнічным

рамонкі і мята ў букеце,

які нам прынесла інкогніта

жанчына з газэты «Имя».

 

23.06.96, шпіталь КГБ

 

 

ВІТАЛЬНЫЯ ГАЛЮЦЫНАЦЫІ НА ВЫХАДЗЕ З ГАЛАДОЎКІ

 

Незагарнае лета. Холадна.

Час ад часу дажджы ідуць.

Нехта ў госьці паклікаў Воланда,

па кілішках разьліўшы ртуць.

 

Пахне порахам, хной і яблыкам,

стаў на вахту падводны флот...

Сьніцца мне то чырвоная фабрыка,

то вільготны жаночы рот.

 

Хтосьці думае сёньня засіліцца,

хтосьці вену мастырыць лязом,

ну а я, як хацеў бы я ўзмыліцца

на піковай даме тузом.

 

Мэта блізка. Надзея большае.

Я мачаю вусны ў глюканат.

Хутка выйду я, новы і колішні.

Ты чакаеш, «старэйшы брат»?

 

Незагарнае лета. Холадна.

Час ад часу дажджы ідуць.

Господа в ожидании Воданда

что-то очень мерзкое пьют.

 

25.06.96, рэанімацыя

 

 

* * *

 

Няма куды бегчы, таварыш,

закрыты і захад, і ўсход,

падпісаны ордэр на арышт,

пастаўлены штамп: «У расход».

 

Настроены вораг рашуча,

ды толькі і ты не слабак,

і ўголас ты сьмела і гучна

гаворыш пра ўсё, што ня так.

 

Але ўжо і словаў замала,

і, значыць, настала пара

выходзіць насустрач вандалам

пад сьпеў партызанскіх гармат.

 

29.07.1996

 

 

* * *

 

Жыць хочацца, бадай што, як ніколі,

тым больш любіць, тым больш, калі вясна,

тым больш, калі ў цябе дачка на волі,

тым больш, калі яе ў цябе няма...

 

1996

 

 

ЧЫСТАЕ

 

Яно жыве на паверхні,

на плоскасьцях каардынат,

на ніжняй вусьне, на верхняй,

пад сэрцам у нашых дзяўчат.

 

Іскрыцца яно ў зялёным

і ў жоўтым на сонцы блішчыць,

зрываецца кропляй з клёнаў,

у душах зьлёгку шчыміць.

 

Яно жыве ў пацалунках

крывіцкіх жанчын і мужоў,

у сьветлых дзіцячых малюнках

і там, дзе сьляды вужоў.

 

Жыве яно ў самым-самым,

на вейках нашых дрыжыць,

сьвіціцца ў квадраце рамы

і на сталёвым нажы.

 

Яно жыве на сьвітаньні,

і днём, і калі паўзмрок,

і там, дзе нашы спатканьні,

і скрозь, дзе чуваць наш крок.

 

19.05.96, 9-я камэра СИЗО КГБ


19.05.1996

Тэкст падаецца паводле выдання: Адамовіч С. Каханьне пад акупацыяй: Вершы. - Менск: Мастацкая літаратура, 1996