Стах Дзедзіч

Эпілог. Спроба ўбачыць наш шлях

Гістарычная перспектыва недалёкай будучыні
  Заўвагі
Мы і нашыя наступнікі
  Заўвагі
Нацыянальная меншыня ва ўмовах этнацыду
  Заўвагі
Стратэгія дасягнення будучыні
  Заўвагі
Неабавязковы план дзеля найхутчэйшае...[1]
  Заўвагі
Summary


У брашуры ў даступнай форме з улікам апошніх дасягненняў этналогіі, генэтыкі, сінэргетыкі падаецца арыгінальная канцэпцыя гісторыі беларускага этнасу, яго сучаснага стану і перспектывы далейшай трансфармацыі.

Разлічана на шырокае кола чытачоў.

 

Рэдактар Зьміцер Санько

 

Гістарычная перспектыва недалёкай будучыні

 

Twas brilling, and the slithy toves

Did gyre and gimble in the wabe:

All mimsy were the borogoves,

And the mome raths outgrab

Lewis Carroll.

Alice's adventures in wonderland [1]

 

Этнагенэз • Кругабежны росквіт і заняпад этнасаў • Нацыянальны дух і ягоныя носьбіты

Раней ці пазней кожны чалавек спыняецца ў одуме, хто ён і навошта ён на гэтым свеце. Але далёка не кожны ў сваіх роздумах падымаецца да абагульненага пытання: «Хто ёсць «МЫ»? «Што такое «МЫ»? Адной з найвышэйшых прыступак гэтага абагульнення ёсць уяўленне сябе як неадлучнай і непадзельнай часткі нейкай этнічнай супольнасці. Больш абагульненым, здаецца, можа быць толькі ўяўленне пра сябе як непадзельную частку чалавецтва. Але агульная дынаміка развіцця чалавецтва ўяўляецца пакуль абстрактней, чым гісторыя развіцця асобнага этнасу, і яшчэ занадта цьмяная для пабудовы дастаткова абгрунтаваных прагнозаў. Разам з тым тэорыя этнагенэзу, што зараз інтэнсіўна развіваецца, дазваляе рабіць пэўныя прагнозы, чым мы скарысталіся ў дачыненні да Беларусі.

Пачаць нам давядзецца крыху з іншага. Сучасная этналогія больш-менш упэўнена сцвярджае, што жыццё любой нацыі не бясконцае, этнас зазнае як росквіт, гэтак і заняпад і смерць. Прычыны гэтай эвалюцыі могуць быць розныя, для нас гэта не прынцыпова. Такія меркаванні выказваліся здавён[2], але бадай што ўпершыню гэтая тэза была пераканаўча абгрунтаваная для філосафаў на пачатку стагоддзя Шпэнглерам. У сваім доследзе «Заняпад Эўропы»[3], які цяпер лічыцца класікай, Шпэнглер грунтаваўся амаль вылучна на паралелях і аналогіях з эўрапейскай гісторыі, хоць іншыя цывілізацыі, прынамсі Бабілён і Эгіпет, згадваліся ў параўнаўчых табліцах. Істотныя дапаўненні ў агульную схему эвалюцыі этнасу былі зробленыя ўжо пазней іншымі даследнікамі. Асабліва важкі ўклад зрабіў Гумілёў так званай тэорыяй пасіянарнасці. Ён больш шырока выкарыстоўваў звесткі з гісторыі Азіі, што дазволіла літаральна раскласці па паліцах менавіта працэс эвалюцыі. Як ён зараз уяўляецца?

Аналіз гістарычных цывілізацыяў дазволіў Гумілёву[4] сцвярджаць, што для кожнага этнасу адпушчаны пэўны тэрмін існавання, прыблізна тысяча дзвесце гадоў. Пад час гэтага тэрміну этнас праходзіць шэраг стадыяў - ад з'яўлення, імклівага ўзлёту і пашырэння да паступовага плаўнага спаду і наступнай кансервацыі. Велічынёй, што вымярае фазу развіцця этнасу і ягоную перспектыву надалей, з'яўляецца пасіянарнасць. Пасіянарнасць - гэта нібыта падсумаваная энергія народа, агульная здольнасць групы разумных істотаў процідзейнічаць усеагульнаму памкненню энтрапіі знівеляваць, прыгладзіць усе магчымыя адхіленні ад раўнавагі сусветнай цеплавой смерці.

Калі для аналізу цяперашняй сітуацыі ў Беларусі апірацца на тэорыю Гумілёва, можна зрабіць цікавыя высновы. Пачатак фазы ўздыму для этнасаў, што насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі, прыпадае якраз на VІІІ стагоддзе па Нараджэнні Хрыстовым. Чаму менавіта гэты час? Паўднёвая Эўропа толькі-толькі пачала ачуньваць ад спустошанняў, выкліканых вайною готаў і гунаў. У ёй толькі пачынаюць утварацца новыя дзяржавы, інспіраваныя паўночнымі народамі, што знаходзяцца на самым пачатку фазы ўздыму. Маладыя, поўныя сілаў і пасіянарнасці этнасы распаўсюджваюцца ва ўсе бакі, як цеста, якое ад рошчыны вылазіць з дзяжы. З'яўляюцца Гасконь, Брэтань, Германскія дзяржавы, Італія. Вікінгі шукаюць сваё месца і таму былі запрошаныя - або самі прыйшлі - на паўночныя ўскраіны колішняй дзяржавы Германарыха, на Балтыйскае ўзбярэжжа, потым на Кіеўскую Русь. Хутчэй гэта і не паход у ваенным сэнсе, але нястрымнае імкненне найбольш пасіянарных прадстаўнікоў нацыі ажыццявіць гераічны ўчынак. Узаемадзеянне з мясцовымі народамі перадавала штуршкі далей і хваля пасіянарнасці распаўсюджвалася шырэй і шырэй.

Гэтаксама і славяне, выцісканыя ад Лабы (Эльбы) і Дуная, ідуць вузкай стужкай тады яшчэ цяжкапраходных мяшаных лясоў, сярод варожых балцкіх плямёнаў на Поўначы і стэпавых народаў на Поўдні. Менавіта тут, у непралазных балотах Палесся, частка з іх знаходзіць прытулак і пачынае патроху асвойваць Цэнтральную і Паўночную Беларусь, мяшаючыся з тубыльцамі-балтамі, расаланамі ды венэдамі. Археалагічныя матэрыялы дазваляюць дастаткова выразна прасачыць гэты працэс, летапісныя ж звесткі пра гэты час надзвычай абмежаваныя. Першы час узлёту этнасу схаваны. Гэтак і павінна быць. Народ яшчэ не зрабіў нічога, што было б вартае занясення на старонкі летапісаў і ў аналы гісторыі. А ўзаемадзеянне этнасаў і іх узаемная канвергенцыя нарэшце даюць якасна новы плён. Падзеі пачынаюць развівацца імкліва, калі літаральна на працягу жыцця аднаго пакалення карэнным чынам мяняецца лёс цэлых народаў.

Звернем увагу на яшчэ адну акалічнасць. Звычайна сцвярджаецца, што беларускі народ - народ сялянскі, што менавіта сяляне з'яўляюцца носьбітамі беларускасці і г.д. Але дазволім сабе не пагадзіцца з гэтай думкай. Яна грунтуецца на ўяўленні, нібыта носьбітам этнічнай адметнасці заўжды была вёска. Адкуль паходзіць гэтае ўяўленне, высветліць цяпер даволі праблематычна, ва ўсялякім разе ў класічным марксісцкім азначэнні нацыі[5] - а беларускія і савецкія этнолагі не адыходзілі ад сутнасці гэтага азначэння - асаблівая роля вёскі нідзе не падкрэслівалася. Аднак жа Беларусь нараджалася менавіта як краіна гарадоў. Першыя сістэматычныя згадкі пра Беларусь з'яўляюцца адначасова са згадкамі пра яе гарады. Уся гісторыя Беларусі - гэта гісторыя яе гарадоў (местаў) і гарадскога насельніцтва. Вярнадскі ў сваім часе прапаноўваў тэрмін «ноасфера» для азначэння сумы духоўных набыткаў чалавечае цывілізацыі. Занадта цяжка рабіць тут нейкія колькасныя ацэнкі, але ўсё ж можна сцвярджаць, што асноўнымі творцамі ноасферы Беларусі былі гараджане (мяшчане, месцічы). Дадатковым сведчаннем гэтага ёсць той факт, што нават ува ўсіх збройных падзеях гісторыі, якія на прымітыўным роўні даюць найпрасцейшую магчымасць самавыяўлення - ці то адпор татарскай навале, ці то вайна з Іванам Жахлівым, ці то паўстанне Каліноўскага, - сялянства выступала выключна ў якасці падасновы, фону. Мы не бярэм пад асаблівую ўвагу культуру побытавую, якая стваралася адначасова, паралельна і ў горадзе, і на вёсцы і мела адметныя характэрныя рысы і тут, і там. Адасоблена стаяць яшчэ прадстаўнікі шляхты і розныя формы служылых наймітаў (кшталту панцырных баяраў або татарскіх асаднікаў). Гэтыя класы (не ў марксісцкім сэнсе, але як сацыяльныя групы) нельга ў поўнай ступені далучыць ні да гараджан, ні да вяскоўцаў. Безумоўна, у межах этнасу ўвесь час адбывалася перамешванне, змена сацыяльнага становішча - сяляне збягалі ў гарады, гараджане і шляхцічы абсяляньваліся. (Ці не адбіткам гэтых працэсаў ёсць вядомае назіранне: «Вунь шляхцюк на поле гной павёз, шабля побач з сахаром тырчыць»?) Побач з прымушана-дынамічнымі гараджанамі сяляне з іхнай інертнасцяй і традыцыяналізмам заўжды выступалі як спажыўцы, а не як творцы. (Часткова, асабліва ў пазнейшыя часы, гэтая інертнасць выклікалася штучнай палітыкай улады, але пра тое гаворка будзе пазней.) Гэтая тэза не абвінавачванне, а толькі канстатацыя факта. І ні ў якім разе нельга весці размову аб перавагах вёскі над горадам альбо наадварот; існуюць велічыні, якія прынцыпова не могуць быць вымераныя ў адной сістэме каштоўнасцяў[6]. Пад прымушаным дынамізмам мы разумеем тую сітуацыю, што гараджанін не мог існаваць натуральнай гаспадаркай - бо ён проста не меў гэтай гаспадаркі - і змушаны быў увесь час працаваць у паўрынкавых умовах, шукаючы магчымасці існавання. Гаворачы мовай сінэргетыкі, горад адрозна ад вёскі ўяўляе больш адчыненую сістэму.

Першыя гарады, хрышчэнне (Х ст.), паходы на Царгорад, на Візантыю, утварэнне Вялікага Княства Літоўскага ад мора да мора, смяротнае процістаянне пры Грунвальдзе. Потым доўгачасовае процістаянне з Масквой і татарамі, сілы якіх увесь час падмацоўвалі найбольш здольныя і энергічныя прадстаўнікі народаў-сатэлітаў з іх бязмежных ускраінаў. У гэтым процістаянні, што адыгрывала ролю клапана, праз які сыходзіла лішняя напружанасць, быў свой заканамерны вынік: этнас праскочыў сваю вяршыню і застаўся на лакалізаванай тэрыторыі, практычна не мяняючы сваіх межаў. Тое самае, дарэчы, адбывалася і ў Эўропе, дзе гэткім клапанам былі крыжовыя паходы, ператвараючы астатнія войны па сутнасці ў лакальныя канфлікты, якія ўплывалі хіба толькі на тыя два бакі, што варагавалі, а то і ўвогуле ў лакальныя памежныя канфлікты двух баронаў альбо герцагаў. Далей ідзе заміранне, ідзе інерцыйная частка развіцця.

Магчымасці экстэнсіўнага развіцця вычарпаныя. Этнас змушаны развівацца ў абмежаваных умовах, і ў дадатак развіццё ягонае ідзе ўжо па інерцыі. Так, і пад час гэтай інерцыі былі выдатныя падзеі і ўчынкі, але гэта ўсё адно фаза згасання. З прычыны адсутнасці іншых магчымасцяў самавыяўлення буяе культура і мастацтва, асноўныя памкненні народа (маецца на ўвазе ягоная найбольш дзейная, актыўная частка) скіраваны найперш на інтэлектуальную сферу (возьмем такія з'явы, як Статут Вялікага Княства Літоўскага ці асобу Скарыны, крыху пазней па часе дасягненні ў літаратуры ды філасофіі). У народа стае сілы нават для культурнай экспансіі (згадайма, напрыклад, хаця б Сымона Полацкага або Казіміра Семяновіча). Разам з гэтымі рэшткамі дзейных асобаў няўхільна павялічваецца доля пасіўных, здатных толькі на задавальненне прымітыўных жаданняў і зацікаўленых толькі ва ўласным існаванні. Народ як дзейсная адзінка пачынае знікаць з гістарычнай арэны. Таму многія навукоўцы ніяк і дагэтуль не могуць пагадзіцца, што ўвогуле існаваў гэткі незалежны народ, бо іншыя, больш знаёмыя народы, нібыта і роднасныя, тады толькі пачыналі праяўляць сябе ў гісторыі.

Далейшы лёс Беларусі збоку не выглядае вельмі драматычным. Этнас замыкаецца сам у сабе, губляе цікавасць да навакольнага свету. Ва ўсялякім разе характар беларуса, сфармаваны, як слушна сцвярджаюць сёння даследнікі-этнапсіхолагі, прынамсі Іван Чарота[7], у значнай ступені пад уздзеяннем балотна-ляснога ландшафту, ні разу не быў узрушаны да такой ступені, каб даць яскравы прыклад масавага гераізму і ахвярнасці ўсяго народа. Але нутраны драматызм згасання народа ніяк не можа быць ацэнены па вонкавых праявах. І кароткачасовыя з'явы рэнесансу толькі пацвярджаюць агульную тэндэнцыю. Для нас гэткім апошнім рэнесансам, кароткім уздымам актыўнасці жыццёвае сілы народа быў пачатак стагоддзя, калі ідэя пабудовы Беларускае дзяржавы пасля доўгага гістарычнага перапынку апанавала не толькі вузкім колам інтэлігенцыі, але і значна шырэйшымі масамі. Аднак паколькі атрымалася, што той уздым у пэўным часе супаў з кампаніяй беларусізацыі, распачатай бальшавікамі, гэта дае падставы сяму-таму сцвярджаць, што ён быў інспіраваны звонку.

Беларусь не адзінокая ў сваім заняпадзе. Мы ўжо згадвалі сучасныя рэгіёны Францыі і Нямеччыны як актыўныя на тым сама гістарычным адрэзку часу (843 год - утварэнне Заходне-Францкага каралеўства, ХVІ стагоддзе - пры Людовіку XІV - апагей абсалютызму, у нашыя часы - страта калоніяў, адыход ад становішча лідэраў у эканоміцы і культурным жыцці). Таму і гэтыя краіны, калі нашыя меркаванні маюць падставы, павінны мець вялікія «этнічныя» цяжкасці. Мы гэта і назіраем у рэчаіснасці, бо там зараз імкліва расце колькасць актыўных «нетубыльцаў» - арабаў, туркаў, афрыканцаў, г.зн. народаў, якія знаходзяцца ў іншай, больш актыўнай стадыі этнагенэзу. Да прыкладу, у Нямеччыне, дзе сітуацыя нам крыху больш знаёмая, у трохмільённым Берліне, паводле афіцыйнай статыстыкі, 10% жыхароў - прадстаўнікі турэцкае абшчыны. Колькі складае неафіцыйная доля - меркаваць цяжка, але відавочна, што рэальны працэнт яшчэ вышэйшы. Тое ж датычыць і іншых старых нацыяў свету з адпаведнай папраўкай на зрух пачатковага пункту адліку. І растлумачыць гэтую сітуацыю толькі імкненнем да паляпшэння жыццёвых умоваў дастаткова цяжка.

У гісторыі багата прыкладаў такога памірання народаў. І заўжды наўзамен памерлых прыходзілі новыя. Такі прыход часам прыводзіў да крывавых войнаў - у выпадку, калі новыя этнасы прэтэндавалі на жыццёвую прастору яшчэ не зусім згаслага этнасу, дзе яшчэ сустракаліся героі-адзіночкі, і тады народ яшчэ спрабаваў бараніцца. Іншым разам гэтыя змены адбываліся ціхамірна, калі экалагічная ніша была незапоўненая або запоўненая слаба, быццам поўнач Сібіры ці бязлюдныя прасторы амэрыканскага кантынента пры першай, індзейскай, каланізацыі. Але застаецца спадзявацца, што незалежна ад фазы этнагенэзу цяпер, маючы гэткі ровень развіцця тэхнікі вынішчэння, народы здолеюць развязваць канфліктныя пытанні без татальных войнаў. Хаця, канешне, апошнія падзеі на Блізкім Усходзе і нават у Эўропе вельмі моцна сведчаць супраць гэтага спадзявання.

 

Заўвагі

[1] На жаль, вядомы толькі расейскі пераклад «Алісы ў краіне цудаў» Л.Кэрала. Пераклад верша Д.А.Арлоўскай:

Варкалось. Хливкие шорьки

Пырялись по наве,

И хрюкатали зелюки,

Как мюмзики в мове.

[2] Абат Дзюбо, Жан Батыст (1670-1742) - гісторык, сакратар Французскай акадэміі навук. Яшчэ ў 1719 г. надрукаваў кнігу «Развагі пра жывапіс і паэзію і г.д.», дзе сцвярджаў, што віды жывёлаў, не змешаныя з іншымі, выраджаюцца. Цытуецца па: Вольтер. Метафизический трактат, гл.І «О различных видах людей» (Вольтер. Философские сочинения. - М.: Наука, 1988. С.230).

[3] Шпэнглер Освальд. Закат Европы. - М.: Мысль, 1993. - 663 с.

[4] Гл., напрыклад: Гумилёв Л.Н. Тысячелетие вокруг Каспия. - М.: «Мишель и К°», 1993. - 335 с.

[5] Сталин И.В. Марксизм и национальный вопрос // Соч. Т.2, с.296. Усе іншыя азначэнні, прынятыя ў савецкай і беларускай этнаграфіі, ёсць парафразы гэтай дэфініцыі.

[6] Добры прыклад такіх непараўнальных у культурным сэнсе рэчаў прыводзіць вядомы этнограф і гісторык культуры Э.Б.Тайлар: «Ідэальнага дзікуна ХVІІІ стагоддзя можна падаць як жывы дакор распуснаму і легкадумнаму жыхару Лондана, але, па сутнасці, жыхар Лондана, які намерыўся б весці такое зверскае жыццё, якое сапраўдны дзікун можа весці беспакарана і нават карыстаючыся павагай, быў бы такім злачынцам, які мог бы пераймаць свае дзікія прыклады толькі ў кароткія моманты знаходжання па-за турмою» (Тайлор Э.Б. Первобытная культура. - М.: Изд-во полит. лит-ры, 1989. С.39). Акрамя таго, дачыненні ў сферы ідэалогіі і культуры падпадаюць пад дзеянне гэтак званых тэарэмаў аб непаўнаце Гёдэля (Gцdel, 1931), паводле якой у межах кожнай сістэмы аксіёмаў існуюць ісціны, якія не могуць быць даказаныя ў межах гэтае сістэмы аксіёмаў. Яскравым прыкладам дзеяння тэарэмы Гёдэля ў ідэалагічнай сферы ёсць дыспут пра існаванне або неіснаванне Бога - доказ гэтае тэзы ў межах нашае сістэмы ўяўленняў немагчымы, у яго можна або верыць, або не верыць.

[7] Чарота І. Пошукі спрадвечнай існасці: Беларуская літаратура ХХ ст. у пошуках нацыянальнага самавызначэння. - Мн.: Навука і тэхніка, 1995.

 

Мы і нашыя наступнікі

 

Мы шмат чаму верым без доказу,

і гэта натуральна,

але мы не ўпэўнены

шмат у чым, што даказана,

і гэта таксама натуральна.

Вавенарг. Развагі і максімы, 946

 

Новыя народы • Мутацыі і этнагенэз • Сінэргетыка • Мутацыі як статыстычны працэс • Крывая становішчаў этнасу • Дэградацыя асноўнае часткі этнасу і змушанае знікненне іманентных нацыянальных мяншыняў

Так, на змену тым, хто памірае, прыходзяць новыя народы, новыя людзі. Калі пачаць разважаць на гэтую тэму, міжволі мусім закрануць ролю асобы і ролю народа. Хто ж будзе нашымі наступнікамі? Калі гуны пачыналі рухацца на Эўропу, іх было ўсяго колькі тысячаў. Варагаў на Русь прыйшло яшчэ меней. Каланізацыя ўсёй гіганцкай Амэрыкі пачыналася ад невялічкай купкі людзей адной крыві (сто? дзвесце? чалавек), якія з невядомых прычынаў (ці не пераслед нейкіх ворагаў?) наважыліся на пераадоленне Берынгава праліва. Гэтыя прыклады сведчаць, што завадатараў новага і не павінна быць шмат. Але гэта мусяць быць людзі, якія нечым няўлоўным адрозніваюцца ад застылых, задаволеных і абыякавых тубыльцаў. Адсутнасць рукі альбо нагі таксама адрозненне, але гаворка ідзе аб іншым - пра асобы, у якіх з тых ці іншых прычынаў адбылася мадыфікацыя розуму і сістэмы мыслення. Такая змена на сучаснай мове завецца мутацыяй.

Калі даўней мутацыі выклікаліся толькі прыроднымі фактарамі, дык зараз з'явіўся гэтаксама магутны тэхнічны мутагенны фактар. Асноўнай прыроднай прычынай мутацый ёсць прыродная радыяцыя. Дарэчы, трэба адзначыць адну акалічнасць. Цэнтры цывілізацыі і культуры часам зусім нечакана развіваліся на высакагорных раўнінах (сыртах) накшталт Талгара або Тыбецкага нагор'я. Паводле прыродных умоваў гэтыя пляцоўкі дастаткова суровыя і непрыдатныя для жыцця, і ўсе намаганні іх насельнікаў былі скіраваныя на падтрыманне свайго існавання. Тым не меней яны былі цэнтрамі фармавання выдатных узораў дзяржаўнай арганізацыі і сур'ёзных культурных і навуковых дасягненняў. Гэта не можа быць выпадковасцяй, а павінна мець нейкае тлумачэнне. Мы згадвалі радыяцыю як адзін з прыродных мутагенных фактараў. У звычайных умовах асноўнымі крыніцамі радыяцыйнага апраменьвання на Зямлі ёсць прыродны радыяцыйны фон зямных пародаў, радыяцыйнае выпрамяненне ад крыніцаў радону і касмічнае выпрамяненне. Радонавы фактар у сувязі з асаблівасцямі побыту нашых продкаў можна не браць пад увагу (радон захоўваецца найлепей у герметычных каменных памяшканнях, пераважна заглыбленых у зямлю, - гэткімі спарудамі маглі быць хіба што лёхі замкаў). Прыродны радыяцыйны фон горных пародаў уласцівы не асадкавым пародам, а асноўным пародам зямной кары (кшталту гранітаў, базальту і г.д.).

На раўнінах асноўныя пароды пакрыты тоўстым пластом (да некалькіх кіламетраў) асадкавых пародаў (пясок, гліна і г.д.), а ў гарах пароды, што ўтрымліваюць радыеактыўныя элементы (той жа граніт, напрыклад), геалагічнымі працэсамі вынеcеныя на паверхню, што адразу падвышае радыяцыйны фон. Акрамя таго, агульная эфектыўная таўшчыня[1] атмасферы на вышыні значна меншая, што, зразумела, аслабляе яе ахоўныя ўласцівасці для пранікнення касмічнай радыяцыі. Яшчэ адна асаблівасць. Паводле сваёй геалагічнай будовы высакагорныя раўніны Азіі шмат дзе ёсць старажытныя пенеплены[2] і таму таксама маюць падвышаны ровень радыяцыі. Тое сама можна аднесці і да высакагорных цывілізацыяў Лацінскай Амэрыкі (возера Тытыкака, адзін з цэнтраў старажытнай цывілізацыі інкаў, ляжыць на вышыні 3812 метраў). Уздзеянне малых дозаў радыяцыі на чалавечы арганізм - тыповы прыклад сінэргетычнага, альбо калектыўнага, працэсу, бо малыя дозы, паступова назапашваючыся, даюць у выніку нелінейны і далёка не малы эфект. Радыяцыйны мутагенэз тым больш эфектыўны, што ўплывае на ўсе стадыі развіцця клеткі, і вынікі яго даюць найбольшы спектр мутацыйных магчымасцяў[3].

Вядома, ёсць мутагенныя фактары, выкліканыя тэхнічным развіццём і агульныя для ўсяго свету. Сумна вядомы пестыцыд ДДТ быў паўсюдна забаронены да ўжывання яшчэ ў 60-х гадах. Аднак з прычыны трываласці хімічнай будовы ДДТ рэшткавыя колькасці яго і дагэтуль знаходзяць па ўсім свеце ў прадуктах і чалавечым арганізме. Але на фоне гэтага агульнага забруджвання ёсць лакальныя рэгіёны асаблівай экалагічнай небяспекі. Гэтыя звесткі сістэматызуюцца ў першую чаргу эколагамі і часткова медыкамі. Для нашых высноваў істотна, што адной з такіх зонаў цяпер безумоўна з'яўляецца Беларусь. Да хімічнага фактару мутагенэзу, выкліканага размяшчэннем на яе тэрыторыі шматлікіх і, галоўнае, недасканалых хімічных і біяхімічных вытворчасцяў, цяпер дадаўся яшчэ перманентна дзейны фактар радыяцыйнага апрамянення, звязаны з Чарнобыльскай аварыяй. Можна спрачацца, ці прыносяць бачную шкоду тыя дозы радыяцыі, што атрымлівае дарослы чалавечы арганізм у выніку паглынання гэтага выпрамянення, але немагчыма запярэчыць, што для зародкавых клетак досыць нават аднаго паглынутага кванта (энергія якога перавышае энергію сувязі ДНК), каб структура, што ўсталёўваецца пры развіцці мозга зародка, была змененая. Мы не можам зараз прадказаць такое пераключэнне з дастатковай доляй імавернасці, але, паколькі гэты працэс статыстычны, ягоную карэктную матэматычную мадэль прынцыпова можна пабудаваць. Безумоўна, бальшыня зменаў або не будзе мець сур'ёзных вынікаў, або будзе весці да спрашчэння сістэмы (для чалавека гэта значыць пагаршэнне разумовых здольнасцяў і фізічнага стану). Разлік долі людзей, што ў выніку апрамянення і іншых уздзеянняў маюць разумовыя адхіленні ў горшы бок, або павелічэнне працэнта хворых на радыяцыйна-індукаваны рак, іншыя падрабязнасці можна знайсці ў адумысловых працах, што цяпер нарэшце зрабіліся даступнымі. Можна было б параіць, напрыклад, кнігу амэрыканскага эксперта, спецыяліста ў галіне ядзернай хіміі і медыцыны, доктара Дж.Гофмана[4] і пашкадаваць, што падобныя кнігі не з'явіліся неўзабаве пасля аварыі.

Мы ўжо адзначалі, што грамадства можна разглядаць як статыстычную сістэму са сваімі спецыфічнымі законамі. Для кожнай статыстычнай сістэмы можна ўвесці гэтак званую крывую становішчаў. Звычайна па восях каардынатаў для гэтай крывой адкладваюць тую ці іншую энергетычную характарыстыку і шчыльнасць становішчаў. Як правіла, часцей за ўсё разгляданыя велічыні маюць нармальны, або Гаўсаў, закон размеркавання (падобныя да звона з шырокай ніжняй часткай). Гэтакую крывую становішчаў можна пабудаваць і для этнасу. Галоўная праблема ў тым, якія менавіта характарыстыкі сацыяльнай сістэмы павінны быць узятыя за асноўныя характарыстыкі жыццядзейнасці і жыццяздольнасці этнасу. Калі будаваць абстрактную тэорыю, можна прапанаваць наступнае выйсце. Мы ўжо згадвалі ноасферу. Лічачы, што яна мае прыроду звычайнага фізічнага поля, няхай сабе і не зусім вядомай фізічнай прыроды, можна ўвесці стандартную працэдуру апісання гэтага поля праз патэнцыял альбо напругу поля. Але далёкай перспектывы на шляху такога «чыстага канструявання» не бачна. У кожным разе паўстае пытанне інтэрпрэтацыі атрыманых вынікаў. Таму лепей было б адразу абраць характарыстыку, якая мае зразумелы сэнс у дачыненні да этнасу, і будаваць крывую становішчаў для гэтай велічыні. Гумілёў казаў пра пасіянарнасць (здольнасць чалавека да самастойнай стваральнай працы), але ўжо задоўга да яго Ігнат Абдзіраловіч у сваім эсэ «Адвечным шляхам»[5] згадваў творчасць як падставу жыцця.

Здольнасць да творчасці звязана (натуральна, не наўпрост, а праз нейкія функцыйныя залежнасці) з роўнем разумовага развіцця кожнага асобнага індывіда. Разам з тым гэты ровень можа быць вымераны - метады такіх вымярэнняў добра распрацаваныя ў псіхалогіі (так, вельмі папулярныя тэсты на вызначэнне IQ[6] шырока выкарыстоўваюцца для гэтых мэтаў). У свой час Э.Рэзэрфорд, адзін з вялікіх фізікаў нашага стагоддзя, казаў, што ўсе навукі можна падзяліць на фізіку (гэта там, дзе нешта можна вымераць) і калекцыянаванне марак (там нічога не вымяраецца). На падставе статыстычных звестак, атрыманых такім чынам, могуць быць пабудаваныя адпаведныя матэматычныя мадэлі. Вынікі абагульнення эксперыментальных даследванняў сведчаць, што для сярэднестатыстычнага чалавецтва крывая размеркавання разумовых здольнасцяў асобных людзей апісваецца якраз крывою нармальнага размеркавання, якую мы згадвалі вышэй. Прычым агульныя характарыстыкі яе для якой-небудзь афрыканскай краіны слаба адрозніваюцца ад такіх для прадстаўнікоў адукаванай Эўропы. Матэматычны разгляд атрыманых сацыялагічна-статыстычных вынікаў і пабудовы тэорыяў, што апісваюць этнагенэз на падставе прыродных законаў, зрабіўся магчымым параўнальна нядаўна, у сувязі з інтэнсіўным развіццём сінэргетыкі.

Сінэргетыка - новая навуковая дысцыпліна, якая ўзнікла ў 70-х гадах нашага стагоддзя на сутыку фізікі, хіміі, матэматыкі, статыстыкі, біялогіі ды сацыялогіі, найперш з даследванняў Хакена і Прыгожына для нераўнаважных тэрмадынамічных сістэмаў. Прадметам яе даследвання якраз і ёсць вывучэнне сістэмаў, эвалюцыя якіх адбываецца ў выніку калектыўнага ўздзеяння ўсіх кампанентаў сістэмы на сістэму як цэлае. Паколькі разгляданыя сістэмы, як правіла, вельмі нелінейныя, дык і атрыманыя вынікі не заўжды ёсць простая сума вонкавых уздзеянняў. Не трэба лішні раз падкрэсліваць, што ўсялякі соцыум - гэта не простая сума асобных індывідаў, якія складаюць яго, а вынік узаемадзеянняў і кантактаў, што выпадковым чынам адбываюцца ўнутры сістэмы. Вынік нейкага вонкавага ўздзеяння ў кожным разе можа быць іншым у залежнасці ад таго, якія кантакты адбыліся. Іншымі словамі, у сінэргетыцы не заўжды «два ў два - чатыры», але можна атрымаць і «тры», і «чатыры», і «пяць». Гэтаксама адбываецца і ў эканоміцы, калі мы, укладаючы ўдвая большыя сродкі, не атрымліваем удвая лепшых вынікаў.

Згодна з эксперыментальнымі звесткамі, у выніку радыяцыйнага апрамянення крывая адхіленняў разумовых здольнасцяў захоўвае Гаўсаў выгляд, але зрушваецца ў бок пагаршэння здольнасцяў такім чынам, што доля разумова адсталых рэзка павялічваецца. Акрамя гэтага, неабходна ўлічваць эфекты, звязаныя з генэтычнай дэфектнасцю: храмасомнымі аберацыямі, дэлецыямі і г.д. Носьбіты гэтых дэфектаў з генэтычнага гледзішча таксама рэгрэсіўныя. Але ў бальшыні выпадкаў рэпрадукцыйная функцыя ў індывіда з параўнальна невялікім роўнем генэтычных дэфектаў захоўваецца і падобныя дэфекты перадаюцца нашчадкам, натуральна, не спрыяючы падвышэнню творчага патэнцыялу этнасу. Апроч таго, узрастае і доля нежыццяздольных ці аслабленых мутацыямі індывідаў, якія існуюць за кошт астатняй часткі этнасу, тым самым аслабляючы яго.

Але побач з дэградацыяй абавязкова будуць існаваць і змены, што вядуць да падвышэння складанасці элементаў сістэмы. Носьбіты такіх зменаў - паколькі змены прагрэсіўныя, а не рэгрэсіўныя - будуць валодаць большай жыццяздольнасцю, асабліва відавочнай на фоне ўсеагульнага заняпаду. Тады робіцца зразумелым эфект горных цывілізацый. Агульны ровень генэтычнай дэфектнасці там мусіць перавышаць сярэднестатыстычны (для цяперашніх умоваў ровень генэтычнага грузу прымаецца блізу 10%, гл. згаданую кнігу Дубініна). У дадатак больш суровыя прыродна-кліматычныя ўмовы спрычыняліся да таго, што доля людзей з рэцэсіўнымі мутацыямі ў працэсе этнагенэзу скарачалася, бо іх нашчадкі параўнаўча аслабленыя. Такім чынам, этнас падвышаў абсалютную здольнасць да творчасці і развіцця, покуль назапашванне зменаў не давала якасна новага выніку. Для апрамененай Беларусі працэс мае тыя асаблівасці, што доля людзей з пашкоджанай спадчыннасцю будзе захоўвацца дзякуючы сістэме аховы здароўя. У дадатак мы практычна не маем сістэмы генэтычнага маніторынгу, хоць ягоная неабходнасць даўно наспела. Прыклады такіх нацыянальных сістэмаў, накіраваных на папярэднюю дыягностыку і прадухіленне вядомых генэтычных хваробаў, добра вядомыя ў свеце: назіранне за альфа-пратэінам у Вялікабрытаніі для прадухілення дэфектаў нервовага галамня (ствала), дэтэктаванне таласэміі сярод маладых перад шлюбам на Кіпры, ранняя дыягностыка хваробы Тая-Сакса сярод жыдоў ЗША. Безумоўна, асноўны цяжар адхіленняў, звязаных з радыяцыяй, будзе класціся на апрамененыя раёны, але працэсы безупыннай міграцыі і агульнае назапашванне генэтычных дэфектаў у межах этнасу неўзабаве прывядуць да дэлакалізацыі мутацыйных працэсаў. А прысутнасць нават параўнаўча невялікай колькасці хворых можа вельмі лёгка паламаць няўстойлівую раўнавагу здароўя этнасу. Працэс этнагенэзу скокам пераходзіць у новую якасць, у фазе згасання з'яўляюцца зародкі нейкай новай супольнасці, якая павінна прыйсці на змену існуючаму народу.

Такім чынам, Чарнобыльская катастрофа спрыяе падзелу беларускага этнасу на дзве часткі: большую, якая імкліва дэградуе, няздатная пераадолець генэтычны цяжар тысячагадовай гісторыі і апошніх удараў цывілізацыі, і значна меншую, напоўненую новай энергіяй стварэння. Унутры гэтая меншая частка не аднародная, у ёй існуе свой дробны падзел, але адрозненні паміж часткамі, або складнікамі, меншыні не такія прынцыповыя, як агульны падзел на бальшыню і меншыню. Сярод асноўных частак гэтай нацыянальнай меншыні мы можам вылучыць, да прыкладу, «нацыяналістаў», «бізнэсмэнаў», у нечым «інтэлігентаў». Двукоссе тут пастаўленае не выпадкова, у поўнай меры ніводная з пералічаных катэгорыяў не адпавядае звыклым фармальным азначэнням. Таму далей, разглядаючы гэтыя часткі, мы будзем даваць нейкія тлумачэнні.

Найперш звернемся да нацыяналістаў. Беларускі сэнс гэтага тэрміна, які ўжываецца ў нас у негатыўным сэнсе, не зусім супадае з агульнапрынятым. Гэтая парадаксальная сітуацыя засталася нам у спадчыну ад часоў панавання камуністычнай партыі, калі ўсе праявы нацыянальных пачуццяў імгненна кваліфікаваліся як нацыяналізм. У нашых умовах беларускім нацыяналістам у масавай свядомасці, гэта значыць у свядомасці бальшыні, чалавек робіцца адразу, як толькі пачынае весці гаворку пра сваю прыналежнасць да беларускага этнасу. Погляд, з якім, напэўна, кожны сутыкаўся неаднаразова: «Я тоже белорус, но...» Класічны нацыяналізм мае як іншыя мэты[7], гэтак і іншых носьбітаў. Носьбіты яго - сярэднія пласты гарадскога насельніцтва, тым часам як у Беларусі з гістарычных прычынаў сярэдні клас практычна адсутнічае (гэта датычыць цяперашняе сітуацыі) або прадстаўлены найперш тэхнічнай інтэлігенцыяй, дэнацыяналізаванай у найбольшай ступені. Калі ж узяць развіццё гарадоў за апошнія некалькі стагоддзяў, дык сярэдні клас, а гэта не менш за палову насельніцтва беларускіх гарадоў, складалі прадстаўнікі жыдоўства[8]. Менавіта яно давала нейкі эталон этнасу[9]. Масавая дэнацыяналізацыя тэхнічнай інтэлігенцыі звязана ў значнай ступені з тым фактам, што нацыянальнае азначэнне ніколі не ўваходзіла ў шэраг крытэраў, неабходных для атрымання і пацверджання сацыяльнага статусу (быў проста «інжынер», а не «грузінскі інжынер»), а сістэма ўзнаўлення кадраў таксама пазбаўляла будучыя шрубкі дзяржаўнай машыны ўсялякае патрэбы самаідэнтыфікацыі. Бясспрэчна, і для прадстаўнікоў тэхнічнай інтэлігенцыі магчымае нацыянальнае атаесамленне, але, падкрэсліваю, яно не ўваходзіць у сістэму сацыяльных каштоўнасцяў, а існуе адно як прыватная ініцыятыва. Таму, гаворачы пра носьбітаў нацыяналістычнай (у класічным сэнсе гэтага слова) ідэалогіі, мы казалі толькі пра найбольш гуманітарную частку інтэлігенцыі, для якой такое самаазначэнне неабходнае. Безумоўна, дзеля цяжкасцяў атаесамлення з асобнымі этнасамі ў межах гэтае сацыяльнае групы існуюць самыя супярэчлівыя плыні і погляды, але гэта не ўплывае на агульны стан рэчаў. Разам з тым робяцца зразумелымі папрокі шматлікіх «носьбітаў беларушчыны» да астатняга народа, які ніяк не рэагуе на палымяныя і разумныя заклікі. Носьбіты падсвядома адчуваюць непазбежнасць згасання этнасу, бо самі, безумоўна, з'яўляюцца ягонымі прадстаўнікамі. Разам з тым, па вялікім рахунку, яны ёсць носьбіты не згаслага дарэшты духу творчасці, і гэта змушае іх нават у абсалютна безвыходных умовах рабіць нейкія захады для паляпшэння ці выпраўлення сітуацыі. Натуральна, калі гэтыя спробы і даюць нейкі плён, дык ён вельмі кароткачасовы, і прынцыпова праз нейкі час сітуацыя вяртаецца да ранейшага стану ці нават рэзка пагаршаецца, бо ў выніку дзейнасці асобных персонаў рэшткі энергіі этнасу, выдаткаваныя марна, знікаюць.

Інертнасць (альбо нават варожасць) бальшыні да нацыянальнай ідэалогіі выклікана якраз тым, што высілкі меншыні прымушаюць парушыць status quo, прымушаюць да нейкіх крокаў, да актыўнага дзеяння. Разам з тым гэтая бальшыня не здольная на актыўныя дзеянні менавіта з прычыны асаблівасцяў сваёй псіхічнай арганізацыі. Зазначым, што для бальшыні актыўная меншыня выступае не ў якасці часткі сябе, але як вонкавы аб'ект ці вонкавае ўздзеянне з гледзішча сінэргетыкі. У сувязі з гэтым і адпаведна з «прынцыпам гультайства» (падрабязней разглядаць гэты тэрмін мы будзем пазней) узнікае рэакцыя сістэмы, накіраваная на мінімізацыю вонкавага ўздзеяння. Адным з магчымых шляхоў мінімізацыі ўздзеяння можа быць адпрэчванне аб'екта ўздзеяння, што вядзе да далейшага паглыблення прысутных у этнасе супярэчнасцяў.

Апошнім часам у Беларусі прыхаваныя ў межах этнасу канфлікты пачалі імкліва выкрышталізоўвацца ў яўным выглядзе. Найчасцей у гэтым абвінавачваюць БНФ. На самой справе Фронт зусім не вінны ў такім разгортванні падзеяў. Ён проста сыграў ролю дробнага крышталіка, апушчанага ў перанасычаную рашчыну. Менавіта вакол гэтага крышталю і адбываецца - а магчыма, ужо канчаткова адбылася - далейшая крышталізацыя і палярызацыя субэтнасаў. Якраз у гэтай крышталізацыі і заслуга, і «віна» Фронта перад Беларусяй. Уплыў падобнай крышталізацыі, здаецца, нідзе не ўлічаны, і геапалітычныя прагнозы, што аперуюць глабальнымі катэгорыямі (хартленд і г.д.), вырачаныя ад гэтага на глабальную недакладнасць. Ні для каго не сакрэт, што ў грунце дзейнасці БНФ на першым этапе ляжала - дый ляжыць зараз - даволі памяркоўная праграма адраджэння нацыі, распрацаваная адпаведна з класічнымі нацыянальна-адраджэнцкімі канонамі. І напачатку здавалася, што прынцыпы, абвешчаныя Фронтам, маюць перспектыву і падтрымліваюцца ўсімі ці, прынамсі, большай часткай народа. Але рэальны рух падзеяў засведчыў, што спадзяванні былі марныя. На самой справе адбылася яскрава выражаная рэакцыя адпрэчвання меншыні. Прыкладаў канфліктаў у межах адной этнічнай тэрыторыі і негатыўнага вопыту іх развязання ў гісторыі дастаткова. Сучасныя нам канфлікты згадваюцца досыць часта: Індыя, Пакістан, Судан, урэшце, былая Югаславія. Апошні па часе застарэлы этнічны канфлікт, што рэзка выбухнуў, - вайна паміж тутсі і хуту. Цікава, што вядомыя канфлікты ўзнікаюць не толькі на чыста этнічнай глебе (чаго на першы погляд не павінна здарыцца ў Беларусі), але і на сацыяльнай, што ўжо больш небяспечнае для нашай краіны. І ад гэтага канфлікты не робяцца лягчэйшымі і менш крывавымі. Яшчэ адным адмоўным фактарам, што ўплывае на мірнае развіццё канфлікту, ёсць тое, што фактычна ніводны з субэтнасаў (ці сацыяльных групаў, калі гэты тэрмін лепей пасуе да нашай сітуацыі) не мае гістарычнае перспектывы развіцця па-за межамі этнасу. А паколькі асноўны этнас ідзе да вымірання, разам з ім знікае і нацыянальна свядомая частка этнасу.

Гэты працэс у межах дэградацыі этнасу яскрава прасочваецца ў нашых умовах. Ужо зараз асобнымі этнографамі і фалькларыстамі сур'ёзна абмяркоўваецца неабходнасць навучання народа нацыянальнай спадчыне і далучэння яго да каштоўнасцяў фальклору. (З гледзішча традыцыйнай фалькларыстыкі дастаткова парадаксальная сітуацыя - носьбіта фальклору навучаць нацыянальнаму фальклору.) Але гэтая з'ява робіцца больш зразумелай у агульным кантэксце развіцця Беларусі. Неверагодна хуткая ўрбанізацыя на пачатку 70-80-х гадоў, неабходнасць якой для ўласнага захавання адчувалі ўладныя структуры нават без дадатковага тэарэтычнага абгрунтавання, прывяла да колькаснай перавагі ў гарадскіх паселішчах носьбітаў вясковай ідэалогіі. Цяперашні Менск ёсць прыкладам такой мэтанакіраванай штучнай урбанізацыі, калі на пачатку васьмідзесятых гадоў літаральна за некалькі год насельніцтва яго ўзрасло ледзь не ўдвая. Гэтыя «асаднікі» прынеслі ў горад сваю ідэалогію і імкнуцца захаваць яе, не здолеўшы ўспрыняць гарадскі светапогляд і адаптавацца да яго. (Гэтым было разбуранае гарадское ментальнае асяроддзе і знішчаныя традыцыі і паняцці, яму ўласцівыя. Паняцце нацыянальнай адметнасці, навуковыя, адукацыйныя традыцыі, сама гістарычная сувязь духоўна творчых пакаленняў, на жаль, трапілі пад гэты цяжкі прас.) У выніку гарады сталіся татальна дэнацыяналізаванымі або яшчэ горш - антынацыяналізаванымі. Аднак нягледзячы ні на што, паводле свайго статусу яны застаюцца гарадамі, г.зн. месцам, у якім вясковы фальклор не можа плённа развівацца, таму знікае і гэтая галіна агульнай нацыянальнай спадчыны. Даследнікі, скіраваныя пераважна, калі не амаль выключна, на вёску, бачаць гэты працэс і імкнуцца ўжыць захады да выпраўлення становішча. Атрымліваецца амаль замкнёнае кола, усе высілкі выдаткуюцца марна.

Класічным прыкладам абвастрэння сітуацыі да крайнасці можа быць становішча з вышэйшымі праявамі нацыянальнай духоўнасці - музыкай, пісьменствам, прыгожымі мастацтвамі. Апошні па часе ўздым у гэтай сферы пачынаючы з канца XІX стагоддзя ёсць вынікам таго ж памкнення сацыяльнай сукупнасці (этнасу, прынамсі) знайсці далейшыя шляхі свайго выжывання. Гэты культуралагічны феномен тлумачыцца тым, што кожная сацыяльная сістэма на стадыі згасання абавязкова мае ў сваім складзе зародкі новае фазы, якія павінны быць наступнікамі ў працэсе соцыягенэзу. І гэтыя «вяршыні» павінны былі выклікаць крышталізацыю новых ідэяў, новае духоўнасці. Безумоўна, працэс гэты не імгненны, ён дастаткова працяглы ў часе. Але і дзеянне гэтых духоўных вяршыняў, духоўных арыенціраў нашмат больш працяглае, чым нейкага лакальнага эканамічнага ці палітычнага фактару. Аналагічныя працэсы адбываюцца і ў іншых сферах чалавечай інтэлектуальнай дзейнасці. Так, карацейшы па часе і таму больш відавочны ёсць працэс тэхнічнага прагрэсу, працэс развіцця якой-небудзь тэхнічнай ідэі (менавіта таму зараз такую вялікую ўвагу звяртаюць на тэорыю інавацый, бо хто здолее эфектыўней выкарыстаць найноўшыя дасягненні навукі, той зможа атрымаць пэўныя перавагі для сваёй эканомікі). Можна запярэчыць, што гэтыя дзве з'явы не звязаныя адна з адной, але з гледзішча статыстычнай тэорыі, ці тэорыі кіраваня, раўнанні, што будуць апісваць гэтыя працэсы, надзіва падобныя.

Вернемся да культурнага ўздыму. Натуральна, што прадстаўнікі гэтае плеяды шукалі найбольш эфектыўных шляхоў ажыццяўлення свае місіі. Хто ўсведамляў яе лепей, хто дзейнічаў на роўні падсвядомасці, але тым не меней атрымалася парадаксальная з'ява. Частка (напрыклад, мастацтва ў асобах Малевіча, Суціна, Шагала, Вало, іншых) перайшла ад нацыянальнага да наднацыянальнага, відавочна не здолеўшы адшукаць перспектыву этнагенэзу і сваю, у прыватнасці, як часткі этнасу. Разам з тым яны не зрабіліся ненацыянальнымі, бо прынцыпова не маглі пазбавіцца пячаткі беларускага духу, паколькі былі ягонымі найвышэйшымі спараджэннямі. І гэтая іхная арганічная беларускасць і «нетутэйшасць» лепей адчувалася і ўсведамлялася там, дзе яны прымушаныя былі ствараць. А для Радзімы, якая на іх забылася, яны найчасцей рабіліся «замежнымі класікамі», але зусім не носьбітамі нацыянальнага духу.

Другая частка, кшталту літаратурна-філасофскага, здолела да пэўнае ступені абраць іншы шлях, у межах нацыянальнае традыцыі, дала на гэтым шляху некалькі тытанічных імёнаў, што годна выглядаюць на агульнасусветным роўні. Але разам з этнасам памірае і гэтая частка нашае духоўнасці, бо праява без носьбіта немагчымая. Як толькі мова і яе носьбіт - этнас памірае, адыходзіць з гістарычнае арэны, літаратура застаецца толькі ў выглядзе літаратурнага ці філасофскага помніка (Сафокл, Гамэр, Арыстотэль...). У гэтым плане, калі сітуацыя не зменіцца, ужо нашыя дзеці дачакаюць таго моманту, калі з сумам і жалем здолеюць разбіць герб (як пісаў Караткевіч) над магілай апошняга ў родзе пісьменнікаў беларускага пісьменніка. Факты, дарэчы, наўкола.

Трэцяя магчымасць, таксама ажыццёўленая ў Беларусі, - пераход адразу да інтэрнацыянальнага або іншанацыянальнага ў творчасці (музыка?..) - не дала пакуль надзвычай істотнага плёну (калі інтэрнацыянальнае, з выняткам ідэалагічных вучэнняў, увогуле можа даць такі плён). Такім чынам, напэўна, толькі першая са згаданых намі магчымасцяў можа даць нейкі катэгарычны імператыў да дзеянняў нашым наступнікам, бо толькі нацыянальна-прасякнутае наднацыянальнае здолее паступова стварыць нацыянальную легенду, якая можа падацца прывабнай для спадчыннікаў. Толькі гэтае наднацыянальнае дзякуючы свайму замацаванаму часам вэлюму недасяжнага і ўзвышанага выкліча памкненне да ягонага дасягнення. Разам з тым больш зразумелымі робяцца прычыны апошніх досыць напружаных дыскусіяў у літаратурных і калялітаратурных колах пра патрэбу нейкай новай літаратуры: старая, традыцыйная літаратура смяротна хворая, а новая, менавіта гэткая, наднацыянальна-традыцыйная яшчэ толькі спрабуе стварацца. І ёсць вялікі сумнеў, ці паспеем мы яе стварыць.

Крыху засяродзім увагу яшчэ на адной згаданай нацыянальнай меншыні - бізнэсмэнах. Калі мы казалі пра сацыяльныя канфлікты як найбольш верагодныя для Беларусі, то апіраліся на рэальныя факты. Менавіта клас бізнэсмэнаў, які цяпер толькі пачынае фармавацца, вылучацца з астатняе масы, хутчэй за ўсё выкліча сацыяльную напружанасць у этнасе, ахопленым стагнацыяй. Звязана гэта як з найпрымітыўнейшымі чалавечымі пачуццямі - зайздрасцю да больш забяспечанага суседа або суседкі, гэтак і з няпоўным усведамленнем бізнэсмэнамі свае ролі ў грамадстве. Зайздрасць, безумоўна, уласцівая кожнаму чалавечаму індывіду, але адна справа, калі воля і розум могуць панаваць над пачуццямі і рэгуляваць іх, другая справа, калі такое рэгуляванне немагчымае. Але больш важнай здаецца ацэнка ролі бізнэсмэна ў грамадстве. Тут гаворка ідзе не аб прымітыўным бізнэсе дробных «чаўнакоў», прызначаным воляй лёсу, збегам абставінаў ці яшчэ нечым выключна для забеспячэння жыццёвых патрэбаў асобнага індывіда, а пра людзей, якія забяспечваюць інавацыйны працэс, ствараюць падставы для тэхнічнага і навуковага прагрэсу. Але падрабязней на ўсведамленнні мяншынямі сваіх функцыяў і на наступствах гэтага ўсведамлення мы спынімся крыху пазней.

Адпаведна з дывергенцыяй[10] этнасу фармуюцца асноўныя тэндэнцыі паводзінаў народа. Адзін шлях, найпрасцейшы, - скласці рукі і з мілажалем аглядаць свае колішнія набыткі, дбаючы толькі пра сённяшняе існаванне. Бальшыня абірае менавіта яго. Але ёсць і іншы шлях. Разумеючы вынік эвалюцыі, неабходна накіраваць яго ў патрэбнае рэчышча. Такім рэчышчам магла б быць падрыхтоўка глебы і гадаванне тых нашых наступнікаў, што мусяць прыйсці пасля нас. Абранне другога шляху дазваляе пэўным чынам зрушыць акцэнты ў паводзінах дзейнай часткі этнасу. Дарэмнай і непатрэбнай робіцца ўсялякая агітацыя асноўнае часткі насельніцтва, бо ўсе заклікі да «змянення поглядаў», «разумення ненармальнасці становішча» і г.д. проста не могуць быць успрынятыя гэтай асноўнай масай. Яна, гэтая маса, шчыра перакананая (і гэта праўда для яе), што сітуацыя якраз нармальная, а погляды адпавядаюць рэчаіснасці. Вось ужо дзе ўзапраўды біблейнае «хто мае вушы - пачуе...» (Дарэчы, пра немэтазгоднасць і безвыніковасць усялякіх публічных дыскусіяў мы ўжо пісалі раней.) Затое замест няпэўна-расплывістых фармулёвак «шукаць карані», «памятаць пра гонар» з'яўляецца дастаткова акрэсленая перспектыва і праграма дзеянняў.

Яшчэ раз падкрэслім: мы не займаемся аператыўным прагназаваннем эканамічнай і палітычнай сітуацыі. Мы не прапануем універсальнага рэцэпта выратавання, прыдатнага для пабежнага моманту. Увогуле, нам не хацелася б, каб гэтыя развагі нехта ўспрыняў як простае кіраўніцтва да дзеяння. (Колькі ўжо разоў неадэкватнае і просталінейнае перанясенне тэарэтычных пастулатаў у жыццё выклікала крывавыя эксцэсы.) Наша задача - «макрафутурыстычны» прагноз этнагенэзу (няхай даруе чытач такі грувасткі тэрмін). Мы паспрабавалі даследваць агульныя заканамернасці этнагенэзу і вылучыць нейкія рэгуляцыйныя фактары. Нешта падобнае, але ў дачыненні да тэхнагенэзу ўсяго чалавецтва ў свой час паспрабаваў ажыццявіць Станіслаў Лем у сваёй нашумелай кнізе «Сума тэхналогіяў»[11].

 

Заўвагі

[1] Эфектыўная таўшчыня звязана са здольнасцю рэчываў затрымліваць радыяцыйнае выпрамяненне і для выпадку газаў наўпрост звязана з іхнай шчыльнасцю.

[2] Пенеплены - геалагічнае паняцце, што азначае рэшткі старажытных горных масіваў, якія разбурыліся ад часу.

[3] Дубинин Н.П. Некоторые проблемы современной генетики. - М.: Наука, 1994. - 224 с.

[4] Гофман Дж. Чернобыльская авария: Радиационные последствия для настоящего и будущих поколений. - Мн.: Вышэйш. шк., 1994. - 574 с.

[5] Абдзіраловіч Ігнат. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. - Мн.: Навука і тэхніка, 1993. - 44 с. (першае выданне - Вільня: Беларускае Выдавецкае Т-ва, 1921).

[6] IQ - каэфіцыент інтэлекту, звычайна вызначаецца ў нейкіх параўнальных адзінках.

[7] ...на практыцы нацыяналізм намагаецца стварыць нацыянальна свядомую і з'яднаную эліту, распаўсюдзіць нацыянальную ідэю сярод іншых частак насельніцтва, сфармаваць з насельніцтва нацыю, пазбавіцца ад чужаземцаў і заваяваць правы для карэннага насельніцтва кантраляваць свае ўласныя справы і, нарэшце, стварыць свет на свой уласны капыл, свет тэарэтычна незалежных і раўнапраўных нацыянальных дзяржаваў (Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. - Мн.: Беларускі Фонд Сораса, 1995. - 272 с. С.51).

[8] Сёе-тое са статыстычных звестак. Полацак, 1780 г. - мяшчан 437, жыдоў 478 ды яшчэ небагатыя дваране, вучні, чыноўнікі; 1810 г. - мяшчан 4332, жыдоў 3531; 1855 г. - жыхароў болей 9000, жыдоў 6000. Невель, 1855 г. - жыхароў 5000, жыдоў болей за палову. Сураж, 1780 г. - мяшчан 328, жыдоў мужчынскага полу 6; 1855 г. - жыхароў да 2000, жыдоў больш за палову. Магілеў, «Пры Сігізмундзе ІІІ у горадзе было багата жыдоў». Быхаў, 1855 г. - жыхароў каля 5500, жыдоў 3/4. Звесткі ўзятыя з кн.: Без-Корнилович М.О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии. - СПб., 1855. Факсімільнае перавыданне. Мн.: Алфавит. 1995.

[9] Гэта адзначалася даследнікамі досыць даўно. «В западных губерниях мерилом национальности могут служить евреи» (Живописная Россия. Отечество наше в его земельном, историческом, племенном и бытовом значении / Под общ. ред. П.П.Семенова. Т.3; Ч.1: Литовское Полесье. Ч.2: Белорусское Полесье. С.361. Спб., 1882. Рэпрынтнае ўзнаўленне: Мн.: БелЭн, 1994).

[10] Дывергенцыя - разыходжанне.

[11] Лем С. Сумма технологий. - М.: Мир, 1968. - 608 с.

 

 

Нацыянальная меншыня ва ўмовах этнацыду

Найбольш агульная

для ўсіх рэчаў прыкмета -

іх разнастайнасць і непадабенства.

М.Мантэнь. Спробы. Кн. 3

 

Азначэнне тэрмінаў • Магчымыя мадэлі этнагенэзу • Этнацыд • Межавыя варункі, мэты і ўсведамленне свае ролі

 

Для большай адэкватнасці і дакладнасці далейшага разумення разгляданай тэмы дамо некалькі азначэнняў.

Этнацыд - гэта працэс самазнікнення ці самазнішчэння этнасу ў працэсе этнагенэзу. Фармальнымі параметрамі ён падобны да генацыду, ад якога адрозніваецца тым, што не мае дзейнага суб'екта права, адказнага за ягонае правядзенне. Пры генацыдзе гэты суб'ект альбо не належыць этнасу, альбо ёсць ягонай часткай. З найноўшае гісторыі першы варыянт адпавядае гітлераўскаму халакосту ці апошнім міжплямёнавым вынішчэнням у Афрыцы. Да другога варыянту можна аднесці генацыд «чырвоных кхмераў» у Камбоджы. У этнацыдзе ж няма вінаватых, акрамя самога этнасу, этнацыд ёсць працэс эвалюцыйны. Безумоўна, могуць існаваць асобныя персоны ці асобныя падзеі, здольныя спрыяць этнацыду альбо замаруджваць яго, але ўвогуле ён аб'ектыўна існуе.

Паколькі этнацыд - працэс аб'ектыўны, ён павінны падпарадкоўвацца аб'ектыўным законам, якія магчыма даследваць. Гэта і ёсць адна з нашых далейшых мэтаў.

Пад іманентнай[1] нацыянальнай меншынёй мы разумеем не класічную меншыню (прадстаўнікі іншых этнасаў, што стала жывуць на тэрыторыі Беларусі), а ў першую чаргу нейкую частку этнасу (яна безумоўна належыць этнасу!), якая з выпадковых прычынаў мае адрозны ад масавага менталітэт, іншую сістэму мыслення, мадыфікаваную з прычыны імавернасных флюктуацый (адхіленняў) ад раўнавагі. Такія адхіленні непазбежныя ў кожнай складанай сістэме, іх існаванне перадвызначана на роўні асноўных законаў прыроды, звязана з флюктуацыямі энтрапіі ў працэсе самаарганізацыі і эвалюцыі і ў глабальным плане не залежыць ад суб'ектыўнай волі і жадання асобных прадстаўнікоў этнасу. У нашых развагах пад нацыянальнай меншынёю мы разумеем не толькі тую частку насельніцтва Беларусі, якая свядома падыходзіць да самога існавання Беларусі як цэлага, адметнага ад іншых самастойнага этнасу, але і, больш абагульнена, усіх прадстаўнікоў этнасу, якія яшчэ валодаюць стваральным патэнцыялам і здольныя да ўласнага волевыяўлення і творчага асэнсавання рэчаіснасці. Колькасць гэтай нацыянальнай меншыні можа быць ускосна ацэненая на падставе апошніх палітычных падзеяў (рэферэндумы, выбары і г.д.), якія дазволілі хаця б часткова зрабіць сацыялагічнае апытанне насельніцтва Беларусі ў масавым маштабе. Безумоўна, гэткія ацэнкі не зусім дакладныя і не прэтэндуюць на поўную і навукова абгрунтаваную рэпрэзентатыўнасць, але лічба пяцьсот тысяч (гэта прыблізна 5% насельніцтва) уяўляецца даволі праўдападобнай.

Дывергенцыя на фазы ёсць працэс падзелу аднароднага этнасу на асобныя групы, у межах якіх аб'яднанне адбываецца паводле нейкай спецыфічнай прыкметы або ўласцівасці. У нейкім сэнсе фаза можа ўспрымацца эквівалентам субэтнасу, але субэтнас змяшчае ў сабе глыбейшы падзел, чым фаза.

З гледзішча агульных прынцыпаў фізікі ўсе фізічныя сістэмы падзяляюцца на адчыненыя і зачыненыя. Зачыненыя сістэмы - гэта тыя, што не ўзаемадзейнічаюць з навакольным асяроддзем альбо гэтым узаемадзеяннем можна грэбаваць. Адчыненыя сістэмы абменьваюцца з навакольным асяроддзем рэчывам, выпрамяненнем і інфармацыяй. Апошняе для нас найбольш важнае. Амаль ідэальным прыкладам зачыненай сістэмы можа быць камень дзе-небудзь у міжгалактычнай прасторы: сам камень амаль нічога не выпраменьвае, вонкавыя палі таксама амаль не ўплываюць на яго. Соцыумы - добры прыклад адчыненай сістэмы, бо ў іх увесь час адбываецца абмен рэчывам і інфармацыяй з вонкавым асяроддзем. Такім асяроддзем для соцыуму будзе ўся экасістэма Зямлі (уплывае найперш праз абмен рэчывам) і іншыя этнасы (уплываюць на абмен інфармацыяй). І абодва гэтыя кампаненты істотныя для жыццядзейнасці этнасу. «Выключэнне» якога-небудзь кампанента вядзе да знікнення этнасу.

Фізіка тут прыгадана не выпадкова. Апошнім часам прадстаўнікі прыродазнаўчых навукаў усё актыўней спрабуюць пабудаваць матэматычныя мадэлі соцыумаў і сацыяльных структураў (гл., напрыклад, працу А.Дабралюбава[2]). Як ні парадаксальна, але мадэлі часам вельмі няблага працуюць. Калі не спавядаць адно сінэргетычны падыход, такая макрафізічная мадэль мае быць пабудаваная і для этнасу. У першым набліжэнні этнас можа быць змадэляваны як класічная шматкампанентная сістэма, для якой існуе пэўная статыстыка (гэтак званы закон узаемадзеяння). Для першых прагнозаў дастаткова ўявіць этнас Беларусі як газ часцінак з адной статыстыкай, у якім знаходзяцца вобласці дамешкаў (тыя ж 5%), што падпарадкоўваюцца зусім іншай статыстыцы (сістэмы са слабой неаднароднасцю). Для падвышэння дакладнасці мадэлі трэба было б асобна разгледзець яшчэ адну частку сістэмы, колькасна невялікую, патэнцыял самаўзаемадзеяння якой, аднак, нашмат большы за патэнцыял узаемадзеяння з вонкавым асяроддзем (кандэнсаванае рэчыва ў асяроддзі газаў, сістэма з моцнай неаднароднасцю). У нашых варунках такім кандэнсаваным (або цвёрдым) целам ёсць чыноўніцтва, спачатку партыйнае, цяпер прэзідэнцкае, якое жыве выключна паводле сваіх законаў, ніяк не звязаных з нармальным існаваннем этнасу. Падставай для асаблівай увагі да ўвядзення гэтага кампанента ёсць той факт, што для этнасу, які дэградуе, нават восемдзесят гадоў могуць зрабіцца крытычнымі для выбару тае ці іншае мадэлі далейшай эвалюцыі. Дадаткова гэтая мадэльная сістэма часцінак знаходзіцца ў неаднародным вонкавым сілавым полі.

Далей можна было б разгледзець працэс эвалюцыі гэтай сістэмы, напрыклад, пабудаваць графікі залежнасці асобных характарыстык гэтай сістэмы ад часу, знайсці крытычныя пункты або пункты перагіну. Потым трэба было б перакласці атрыманыя матэматычныя вынікі на мову этналогіі. Фактычна гэта проста шлях больш паслядоўнага ўжывання фізічнай мовы для характарыстык соцыуму паводле поглядаў школы Марэна[3].

Відавочна, што мадэль усялякай сістэмы мусіць улічваць найбольш характэрныя рысы сістэмы. Вышэйзгаданыя мадэлі не зусім здавальняюць гэтаму крытэру, таму павінны быць удакладненыя. Для сацыяльнай сістэмы галоўнейшы фактар, што адрознівае соцыумы ад іншых адчыненых сістэмаў, - здольнасць перапрацоўваць і ствараць новую інфармацыю. Інфармацыя таксама звязаная з энтрапіяй (гэтак званая энтрапія паводле Шэнона). Калі мы лічым, што асоба можа ўспрыняць нейкую колькасць інфармацыі, перапрацаваць яе і выдаць новую колькасць, дык крытэр творчасці фармулюецца досыць проста: агульны баланс інфармацыі для асобнага індывіда павінны быць дадатны. Тады агульны інфармацыйны баланс этнасу можа быць пабудаваны як нелінейная суперпазіцыя індывідуальных інфармацыйных балансаў. Такім чынам, стадыя этнагенэзу вызначаецца выглядам крывой вытворчасці энтрапіі. З прычыны таго, што суперпазіцыя нелінейная, можна, ведаючы яе закон, мінімальнымі ўздзеяннямі ў крытычных пунктах значна мяняць выгляд інтэгральнай крывой, і задача аптымізацыі этнагенэзу будзе выглядаць не такой безнадзейна-невырашальнай, як падаецца на першы погляд.

Фізічныя аспекты эвалюцыі. Разглядаючы іншыя вядомыя адчыненыя сістэмы (напрыклад, аўтакаталітычныя рэакцыі ў хіміі, якія адбываюцца толькі пры абмене атамамі каталізатара паміж рэагавальнымі рэчывамі), можна зрабіць шэраг цікавых высноваў, што вынікаюць з прынцыповага падабенства разгляданых працэсаў. Трэба адзначыць, што сацыяльныя структуры маюць пэўныя асаблівасці, звязаныя з тым, што яны ёсць сістэмы не замкнёныя, і энергія такой сістэмы можа не толькі зніжацца, але падвышацца ў выніку ўзаемадзеяння з іншымі адчыненымі сістэмамі. Гэтакімі якасцямі валодаюць толькі сістэмы, што ўлучаюць жывыя арганізмы. Але пытанне эвалюцыі ўсялякай сістэмы не такое простае, як магло здавацца, - крытэры ўзнікнення самаарганізацыі, на жаль, не закладзеныя ні ў адчыненых, ні ў зачыненых сістэмах. Больш за тое, усім сістэмам натуральна ўласціва імкненне да дэградацыі[4]. Агульны кірунак эвалюцыі задаецца гэтак званай Н-тэарэмай Больцмана. Сфармуляваць яе можна наступным чынам: «У працэсе часавай эвалюцыі да стацыянарнага альбо раўнаважнага становішча пры пэўных дадатковых умовах сістэма развіваецца такім чынам, што энтрапія яе ўзрастае».

Энтрапія ёсць фізічная характарыстыка, што апісвае ступень спарадкаванасці структуры. Чым вышэйшая аднароднасць сістэмы, тым большая энтрапія. Як толькі ў сістэме з'яўляецца неаднароднасць, энтрапія падае. Найвышэйшай энтрапіяй валодае поўны хаос, бо менавіта бязладдзе ёсць найбольш аднароднае становішча. Але жыццё ўвогуле несумяшчальнае з абсалютным хаосам[5], таму што вынікам дзейнасці чалавека ёсць падвышэнне неаднароднасці сістэмы. (Сама просты і прымітыўны прыклад: чалавек перамяшчае гіганцкія аб'ёмы пяску з больш-менш раўнамерных радовішчаў у адзінае скопішча (гарадскія будыніны).) Гэты прыклад не зусім карэктны з боку навукі. Але ён зразумелы без дадатковых тлумачэнняў. Такім чынам, пачатковае раўнаважнае становішча ў выніку нейкай гіганцкай флюктуацыі адхіляецца ад раўнавагі. Гэтая флюктуацыя мае сваю гісторыю развіцця, дзе існуе гэтак званы пункт біфуркацыі[6], пасля якога магчымыя два варыянты эвалюцыі - да развіцця і да дэградацыі. І ўжо пасля гэтага падзелу пачынае дзейнічаць прынцып, што вызначае развіццё. Спрошчана (няхай даруюць карыфеі за нефізічны жаргон) яго можна назваць прынцыпам гультайства: «Пры працэсах самаарганізацыі сістэма ідзе шляхам змяншэння вытворчасці энтрапіі»[7]. Гэты прынцып дазваляе больш усвядомлена праводзіць аналіз працэсаў этнагенэзу. Развіццё этнасу з гледзішча матэматыкі можа быць апісана, напрыклад, вядомым раўнаннем канкурэнцыі, якое ёсць нестацыянарнае, неаднароднае нелінейнае дыферэнцыйнае раўнанне. Развязанне гэтага раўнання даволі складанае і залежыць ад шматлікіх параметраў. Усе працэсы, што мы разглядалі вышэй, у тым ліку і дывергенцыя на субсістэмы, развіццё і згасанне адчыненай сістэмы, пераход да становішча хаоса, апісваюцца гэтым раўнаннем даволі добра. Праблема толькі ў тым, каб надаць фізічным параметрам, што ўваходзяць у гэтае раўнанне, адпаведны сацыялагічны сэнс.

Такія падыходы ўжо даўно выкарыстоўваюцца ў дынаміцы жывёльных папуляцый (хвалі лемінгаў у Арктыцы, колькасць рыбы ў акіяне і г.д.). Але дынаміка папуляцый прасцейшая ў тым сэнсе, што інфармацыйная кампанента можа быць зведзеная да мінімуму, да наяўнасці ўсяго двух параметраў - інфармацыі пра колькасць ежы і пра колькасць драпежнікаў.

Разгляд дынамікі развіцця кожнай прыроднай сістэмы паказвае, што паступовая страта энергіі і рост энтрапіі непазбежна вядуць да спрашчэння яе структуры. Той сама вынік чакае і этнас. Для яго структура крывой становішча траціць просты Гаўсаў выгляд, набывае нелінейны характар. «Энергетычны ўклад» вёскі ў крывую інтэгральнай характарыстыкі этнасу стварае ніжнюю, невысокую, але шырокую частку, падмурак, а самую форму крывой, яе максімумы і мінімумы стварае менавіта нязначная верхняя частка.

Але на канчатковы вынік развіцця (у нашым выпадку этнацыд) гэтыя акалічнасці ўплываюць слаба: сістэмы ўсё адно дэградуюць і распадаюцца. Пад час шматлікіх навалаў - войнаў, пошасцяў - у першую чаргу цярпела менавіта гарадское насельніцтва, таму гэтак часта беларуская этнічная ідэя згасала ледзь не да знікнення. Але ацалелыя рэшткі носьбітаў ідэі давалі развіццё новым генерацыям дзейных прадстаўнікоў этнасу. Пры гэтым, безумоўна, на падтрыманне існага стану этнасу рэкрутаваліся ўсе магчымыя кандыдаты, у тым ліку і найбольш дзейныя вяскоўцы. Але з кожным разам пачынаць працэс развіцця этнасу даводзілася з усё больш і больш нізкай прыступкі, што вымагала ўсё большых і большых высілкаў. Для бальшыні прадстаўнікоў этнасу гэта рабілася немагчымым, і яны спаўзалі ў ніжнюю частку крывой становішчаў. Такія «энергетычныя» выдаткі не маглі не даць свайго выніку, сістэма павінна была скаціцца - і скацілася - да максімальнага спрашчэння.

Мэты і ўсведамленне ролі. Дакладную мадэль канкрэтнага этнагенэзу пабудаваць вельмі складана. Але з улікам вядомых агульных уласцівасцяў развязкаў раўнанняў росту падзеі ХХ стагоддзя амаль непазбежна вядуць да знікнення беларускага этнасу. На спадальнай галіне этнагенэзу (стадыя этнацыду) нават нязначнага змянення балансу энергіі дастаткова для змены кірунку развіцця. Адным з такіх штуршкоў, ад якога найбольш дзейная частка была паспяхова выключана з працэсу пашырэння і ўзнаўлення спецыфічнай «энергіі этнасу», быў час сталінскіх рэпрэсіяў. Ацалелыя рэшткі творчае часткі этнасу пачалі звыклую і традыцыйную ў гістарычным плане кампанію набору неафітаў са звычайнае крыніцы - вёскі.

Напачатку традыцыйныя захады здолелі спыніць дэградацыю, але на нармальнае аднаўленне этнасу сталі ўплываць фактары, якіх раней прынцыпова не існавала. Разбуранне генэтычнай структуры насельніцтва Беларусі, выкліканае тэхнагеннымі фактарамі, істотна памяняла сітуацыю. На вёсцы да асноўных мутагенных фактараў трэба адносіць бязмежную хімізацыю з парушэннем усіх магчымых нормаў бяспекі, у гарадах - шматлікія і недасканалыя хімічныя вытворчасці. І там і там вялікі ўплыў гэтаксама рабіла прымусовае спойванне насельніцтва. (Алкагалізацыя, паколькі яна вядзе да дэградацыі на працягу аднаго пакалення, была і застаецца свядомай палітыкай людзей, што трымаюць уладу. Таму нават пры нібыта добраахвотнасці алкагалізацыі яна была і ёсць працэсам, штучна створаным і падтрыманым.) Зацікаўленасць у хуткай дэбілізацыі элементаў сацыяльнай сістэмы (людзей) існуе ў кожнай уладнай сістэме[8]. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС да гэтых традыцыйных фактараў дадаўся ўплыў радыяцыйнага апрамянення на спадчыннасць наступных пакаленняў. Аб'ектыўны малюнак паслярадыяцыйнага генезісу генафонду невядомы і дагэтуль. Гэта выклікана шматлікімі фактарамі як навуковага, гэтак і палітычнага кшталту. Прычым менавіта палітычны аспект здаецца нам галоўным у стаўленні да гэтае праблемы. Часткова на праблемах, звязаных з Чарнобыльскай аварыяй, мы ўжо крыху спыняліся.

Тут не месца для падрабязнага разгляду матэматычных тэорыяў. Як правіла, яны толькі магутны інструмент для аналізу рэчаіснасці, і дэталі іх не настолькі цікавыя для шырокага абмеркавання. У сувязі з гэтым хацелася б прыгадаць паўжартоўны каментар аднаго матэматыка да кнігі другога матэматыка на нематэматычную тэму: «Выраз «усмешка без ката» ўяўляе сабой неблагое апісанне чыстай матэматыкі»[9]. Тым не меней на пэўных высновах з матэматычных развагаў хацелася б спыніцца. Этнас як адчыненая фізічная сістэма можа развівацца ў двух кірунках: ён або падзяляецца на некалькі незалежных фазаў, або пераходзіць у стан гамагенных (аднародных) сістэмаў. Захаванне status quo (становішча дынамічнай раўнавагі) практычна немагчымае. Вядома, існуюць так званыя патройныя пункты (напрыклад, вядомы пункт, дзе адначасова могуць суіснаваць лёд, вада, вадзяная пара), але дыяпазон іх існавання надзвычай абмежаваны (таму гэта і не лінія, а пункт). Асабіста для аўтара прывабнейшым варыянтам уяўляецца распад сістэмы на фазы.

Такім чынам, задача іманентнай нацыянальнай меншыні ва ўмовах беларускай рэчаіснасці зараз можа быць сфармулявана дастаткова пэўна: разумеючы, што ў цяперашні момант беларускі этнас знаходзіцца ў стадыі этнацыду, захавацца самім, тым самым забяспечыўшы сабе і сваім нашчадкам магчымасць далейшага развіцця.

 

Заўвагі

[1] Іманентны, паводле філасофскага слоўніка, - унутрана прысутны, уласцівы. Такім чынам, яшчэ раз падкрэсліваецца той факт, што нашыя нацыянальныя мяншыні ёсць часткай этнасу, а не нейкім траянскім канём, адумыслова прыдуманым і сфармаваным некім для выканання далёкасяжных планаў.

[2] Добролюбов А.И. Государственная власть как техническая система: О трех великих социальных изобретениях человечества. - Мн.: Навука і тэхніка, 1995. - 239 с.

[3] Морено Д.Л. Социометрия. - М., 1958.

[4] Климонтович Ю.Л. Статистическая теория открытых систем, І. - М.: Янус, 1995. - 622 с.

[5] Балеску Р. Равновесная и неравновесная статистическая механика. - М.: Мир, 1978. Т. 1. - 405 с.

[6] Біфуркацыя - на мове тэорыі катастроф падзел, раздваенне; пункт, пасля якога падзеі могуць развівацца двума шляхамі.

[7] Добролюбов А. И. Цыт. праца.

[8] Падрабязней гэтае пытанне разгледжана, напрыклад, у згаданай кнізе А.І.Дабралюбава. Сутнасць гэтай зацікаўленасці: такой сацыяльнай сістэмай прасцей і бяспечней кіраваць.

[9] Gardner M. The Annotated Alice. - N.Y., 1960.

 

 

Стратэгія дасягнення будучыні

 

Где начало того конца,

которым оканчивается начало.

К.Прутков. Плоды раздумья.

Мысли и афоризмы. 78

 

Усведамленне неабходнасці меншыні • Роля асобы і адасаблення • Дачыненні з уладай і замежжам

Сфармуляваная задача дастаткова трывіяльная, і ёсць проста распаўсюджванне імкнення аднаго, асобна ўзятага жывога арганізма захаваць сваё існаванне на нейкую большую сукупнасць істотаў. Найбольш цікавым, натуральна, уяўляецца не абстрактнае тэарэтызаванне, але атрыманне (калі гэта магчыма) нейкіх практычных парадаў. Якім шляхам можна змяніць кірунак этнагенэзу? На жаль, для ўсяго этнасу гэта, напэўна, немагчыма, але для нейкай яго часткі перспектывы могуць існаваць. Я адумыслова падкрэсліваю - напэўна, бо пэўнасць у дачыненні да чалавечых супольнасцяў вельмі небяспечная. Паспрабуем адказаць на гэтае пытанне зыходзячы з таго, што выкладзеныя погляды небеспадстаўныя. Тады з аналізу матэматычных мадэляў адразу бачацца некалькі магчымасцяў: 1) зніжэнне патэнцыялу фазаў, з якімі знаходзішся ў кантакце; 2) змена межавых варункаў; 3) змена вонкавага сілавога поля; 4) павелічэнне патэнцыялу ўнутрыфазавага ўзаемадзеяння.

У дачыненні да этнічнай сістэмы гэтыя палажэнні могуць быць патлумачаныя наступным чынам.

1. Неабходна зрабіць усё магчымае, каб іманентная нацыянальная меншыня зразумела сваё становішча менавіта як нацыянальнай меншыні. Тады, абраўшы за прынцып адасаблення нейкі вонкавы фактар (дапусцім, у якасці фантастычнай прапановы, усе доліхацэфалы адасабляюцца ад брахіцэфалаў[1]), можна было б заканадаўчым чынам змагацца за прызнанне існавання гэтага адасобленага статусу. Зрэшты, наконт фантастычнасці гэтай прапановы. У гісторыі чалавецтва вядомыя настолькі экзатычныя выпадкі, што нават вытанчаная чалавечая фантазія не заўжды прымае іх за рэчаіснасць. А падобны падзел па форме галавы існаваў і быў замацаваны заканадаўча на выспе Рапануі (Вялікадня), як паказалі археалагічныя даследванні Тура Хэердала і расшыфроўка «кахаў ронга-ронга»[2]. Першым рэальным крокам да набыцця афіцыйнага статусу магло б быць поўнае далучэнне Беларусі да эўрапейскай Канвенцыі ў абарону нацыянальных мяншыняў і прызнанне самога існавання гэтай нацыянальнай меншыні.

Сутнасць у тым, што паводле гэтай Канвенцыі меншыня валодала б большымі правамі, чым яна прынцыпова валодае зараз[3]. Вядома, усялякае міжнароднае пагадненне цяпер зусім не закон для Беларусі, але гэта не нашая тэма. А як толькі з'яўляецца гэтае афіцыйна прызнанае адасабленне, у масаў адразу знікае цікавасць да дзейнасці гэтай вылучанай супольнасці. (Ну каго, з выняткам сяброў «Таварыства аматараў узвару», хвалююць праблемы якасці ўзвару?) Існаванне гэтага адасобленага статусу адразу абмяжоўвае пашырэнне кола сяброў супольнасці, а гэта не дазволіць балоту засмактаць таго, хто яшчэ боўтаецца, спрабуючы выкараскацца з дрыгвы. (Калі ты прызнаны «аматарам узвару», з табой як мінімум абмяркоўваюць праблему вытворчасці ўзвару і большага яго распаўсюджання.) Безумоўна, не павінна быць ніякіх штучных абмежаванняў, бо, зразумела, гэтая праблематыка мае быць цікавай далёка не ўсяму этнасу. Пры ўсвядомленай і разумнай палітыцы ўсе спрэчкі, што датычаць меншыні, паступова выводзяцца з поля зроку і кола інтарэсаў астатняе часткі этнасу. (Ужо ў Бібліі адзначалася: «Добра тым, хто не ведае».) На гэтым этапе, як ні парадаксальна, мэты меншыні будуць супадаць з мэтамі ўладных структураў. Такое ўзмацненне і падштурхоўванне падзелу будзе спрыяць далейшаму паніжэнню агульнага роўню творчае здольнасці этнасу. (Для ўладаў тым самым спрашчаецца, як мы ўжо згадвалі, кіруемасць дзяржавай.) Тады ў меншыні раптам раскрываецца неабсяжнае поле дзейнасці.

2. Межавымі варункамі для нашай задачы ёсць дачыненні з афіцыйнымі ўладамі і астатнім этнасам. Задача палягае ў тым, каб прымусіць улады памяняць сваё стаўленне да найбольш актыўнае часткі насельніцтва. Гэта азначае пераход, свядомы ці вымушаны, але гучна не абвешчаны ўладамі, ад падтрымкі «ўсіх» да падтрымкі «асобных». Прашу ні ў якім разе не блытаць падтрымку «асобных» з падтрымкай «сваіх». Колькі б «сваіх» ні падтрымлівалі, калі яны не маюць Божага дару вылучанасці, нічога добрага з гэтае падтрымкі не выходзіць. Апошнія прыклады з «найвышэйшай» камерцыйнай падтрымкай асабліва набліжаных, кшталту «Торгэкспо», фонду Махмуда Эсамбаева ды іншых, яскрава паказваюць усю бесперспектыўнасць менавіта такой палітыкі «падтрымкі». Натуральна, нічога страшнага ў такой змене прыярытэтаў няма, бо гэтыя «асобныя» для ўмацавання ўласнае перспектывы самастойна пяройдуць на падтрымку астатніх (а калі змена не будзе здзейснена, гэтыя «асобныя» вымруць як маманты, таму што іх існаванне ажыццяўляецца згодна з аб'ектыўнымі законамі, што не маюць нічога агульнага з суб'ектыўнымі поглядамі асобных людзей, якімі б уплывовымі іх погляды ні здаваліся). Адным з прыкладаў такога пераразмеркавання ўвагі магла б быць сацыяльная палітыка ў дачыненні да пенсіянераў. Можна даваць падачкі для пажылых людзей, гучна абвяшчаючы іх падтрымкай маламаёмных. Гэтым шляхам зараз ідзе ўлада. Але можна было б пайсці па іншым шляху - падтрымаць дзяцей ці ўнукаў тых жа пенсіянераў, даючы ім магчымасць забяспечыць сваіх бацькоў. Калі ў псіхічна нармальнага чалавека ёсць магчымасць забяспечыць сваіх бацькоў, хіба ён не зробіць гэта? Падкрэсліваю, гаворка ідзе пра псіхічна здаровае грамадства. Калі яно хворае, не аб развіцці трэба дбаць, а перадусім выклікаць доктара. Як ужо адзначалася, асабліва на першым этапе, такая падтрымка павінна з'явіцца, бо мэты абедзвюх супольнасцяў супадаюць - і адны, і другія дбаюць пра ўласнае выжыванне і захаванне. Тое процістаянне, якое існуе цяпер, ёсць вынік не да канца ўсвядомленага ўладай развіцця сістэмнага крызісу, калі кожны асобны прадстаўнік уладных структураў не адчувае непасрэднай небяспекі ўласнаму існаванню (не абавязкова ў сэнсе фізічнага існавання, але як часткі апарату, што забяспечвае рэпрадукцыю і ўзнаўленне). Але ў гэтай сітуацыі вельмі істотны палітычны фактар, і для ўлады падтрымка паўжабрацкага існавання пенсіянераў абыходзіцца танней, чым дзейнае супрацоўніцтва з кім-небудзь, ды ў дадатак дае хутчэйшыя і больш адчувальныя тактычныя, палітычныя (=эканамічныя) дывідэнды.

3. Змена вонкавага сілавога поля разумее пад сабой змену замежнапалітычных дачыненняў. І менавіта тут пачынаецца разыходжанне інтарэсаў уладных структураў і мяншыняў. Адна справа, калі міжнароднае супольніцтва ўспрымае краіну як дэмакратычную і адкрытую - тады ва ўсіх магчымых цяжкасцях вонкавыя ўздзеянні будуюць такім чынам, каб мінімізаваць гэтыя цяжкасці. Іншая справа, калі краіна мае імідж дзяржавы з усталяванай дыктатурай і прынцыпы яе існавання не адпавядаюць прынцыпам існавання сусветнай супольнасці. Тады кожнае ўздзеянне аб'ектыўна можа быць накіраванае на развал існай структуры (не можа ўстойліва існаваць адчыненая фізічная падсістэма, законы якой адрозніваюцца ад законаў асноўнай сістэмы). Таму на цяперашнім этапе ў вачах сусветнае супольнасці ўсімі даступнымі сродкамі мусіць раскрывацца сапраўдны воблік Беларусі. Магчымасці ў гэтым плане дастаткова вялікія, і цалкам перакрыць іх пры сучасным роўні развіцця тэлекамунікацый практычна нельга. Напрыклад, можна абрэзаць канал сувязі з дзяржаўным прадпрыемствам «Белпак», адзіным рэальным правайдэрам сістэмы «Internet» у Беларусі, тым самым закрыўшы выхад у сетку ўсім карыстальнікам[4], але гэтак жа паспяхова можна ўсталяваць прыватную спадарожнікавую антэну і працаваць з «Internet» наўпрост. Тое самае датычыць і тэлевізіі. Можна спыніць трансляцыю якога хочаш канала на тэрыторыі Беларусі, але покуль ніхто не забараняе карыстацца спадарожнікавай антэнай[5]. Безумоўна, адразу ўзнікнуць пытанні наконт ліцэнзій і дазволаў - каму ахвота траціць манапольнае становішча на рынку паслугаў, асабліва калі гэтае становішча мае палітычны падтэкст, але ж зразумела, што ўсялякі закон можна перайначыць на сваю карысць. Дык няўжо ў нас не хопіць мазгоў павярнуць закон так, каб выйшла на нашу карысць? Тым больш што гэта крыху іншая сфера дзейнасці, чым продаж без акцызаў падакцызных тавараў або няўплата падаткаў на паўзаконных падставах. У выніку ўзаемадзеяння з вонкавым полем менавіта кандэнсаваныя структуры атрымліваюць найбольшыя нутраныя напругі, што хутчэй выклікае іх дэфармацыю і разбурэнне. Вынік уздзеяння на нейтральную газападобную фазу найменшы. Натуральна, мы абмяркоўваем грамадства, дзе існуюць хаця б мінімальныя магчымасці нешта думаць і рабіць. Выпадак жорсткага таталітарызму ёсць клінічны і падлягае толькі хірургічнай аперацыі.

4. Павелічэнне патэнцыялу ўнутрыфазавага ўзаемадзеяння звычайна вядзе да кандэнсацыі фазы. Мы не разглядаем выпадак, калі назіраецца ўзаемнае адштурхоўванне, бо гэта не вядзе да дасягнення нашае мэты - гетэрагеннасці сістэмы. Павелічэнне патэнцыялу адпавядае ўзнікненню тых ці іншых формаў аб'яднанняў - прафесійных, па інтарэсах і г.д. Можна запярэчыць, што эпоху масавых прафсаюзаў і ўсеагульных удзелаў у працы ДТСААФ мы ўжо праходзілі. Але гаворка ідзе пра іншае. Ранейшыя аб'яднанні былі прымусова ўсеагульныя, і вельмі рэдка аб'ядноўвалі па інтарэсах. У нашай сітуацыі задзіночанне патрэбнае для ратавання ад смерці ягоных супольнікаў. Пра тое, што яно будзе дзейнічаць усімі магчымымі сродкамі, гаварыць не даводзіцца. Дзе вы бачылі таварыства вырачаных на смерць, якое б не абмяркоўвала праблемы ўцёкаў ці паўстання на галеры, а займалася б пытаннем навядзення бліску на кіпцях? Гэтаксама патапленне галеры, тэхнічна прынцыпова нескладанае для прыкутых галернікаў, бадай, не выкліча прыхільнага стаўлення тых, каму тануць разам з ёю. Цяперашні падкрэслены індывідуалізм людзей, якія хоць чаго дамагліся ў жыцці, ёсць з'ява вымушаная. Становішча адразу зменіцца, калі сфармуецца якая-небудзь структура, што будзе больш-менш адпавядаць інтарэсам гэтых людзей. Таму палітычныя партыі застануцца толькі абсалютна неўплывовымі купкамі энтузіястаў, покуль яны не здолеюць перайсці ад фармулявання лакальных тактычных задачаў да выразу жыццёвых інтарэсаў асобных групаў. У гэтым плане - пры ўсёй парадаксальнасці сітуацыі - трэба вучыцца ў Лукашэнкі, які на абсалютна бесструктурным балоце бальшыні, скарыстоўваючы тыповыя прыёмы пабудовы ахлакратыі[6], здолеў узвесці хмарачос неабмежаванае прыватнае ўлады. І зараз застаецца толькі разлічваць, што пры ўмелым абвадненні балота раскісне яшчэ болей і непралічаная на трываласць канструкцыя пабурыцца. Хаця не выключаны варыянт, што ў пабудове гэтага хмарачоса бралі ўдзел запрошаныя спецыялісты такой кваліфікацыі, што мы, цёмныя тубыльцы, проста не ў стане зразумець дакладнага разліку вышэйшага стваральнага розуму.

Але мы, здаецца, адхіліліся ад тэмы і заняліся не зусім сваімі пытаннямі. Міжнароднае прызнанне Беларусі ў якасці зоны «нацыянальнай катастрофы» (альбо ў якасці зоны «этнічнай катастрофы») павінна абвастрыць цікаўнасць да нашае сітуацыі і спрыяць усведамленню нацыянальнай меншынёю магчымага шляху да ўласнага выжывання.

 

Заўвагі

[1] Доліхацэфалы і брахіцэфалы - тэрміны з антрапалогіі, што абазначаюць розныя тыпы формы чэрапа; доўгагаловыя і круглагаловыя.

[2] Кахаў ронга-ронга - палінэзійскія шыльдачкі з своеасаблівымі надпісамі, яшчэ дарэшты не расшыфраваныя.

[3] Артыкул 5. ... Бакі будуць устрымлівацца ад усялякай палітыкі або практыкі, накіраванай на асіміляцыю супраць іхнае волі асобаў, якія належаць да нацыянальных мяншыняў, і будуць абараняць гэтых асобаў ад усялякага дзеяння, накіраванага на такую асіміляцыю.

Артыкул 15. Бакі абавязваюцца ствараць умовы, неабходныя для эфектыўнага ўдзелу асобаў, якія належаць да нацыянальных мяншыняў, у культурным, сацыяльным і эканамічным жыцці, а таксама ў справах дзяржаўнага кіравання, у прыватнасці тых, якія датычаць гэтых асобаў. Поўны тэкст Канвенцыі гл.: «Форум». Інфармацыйна-культурны бюлетэнь, вясна 1996, No.3, с.32-37.

[4] Падобнае ўжо адбывалася напярэдадні вядомага рэферэндуму па канстытуцыйных пытаннях 24 лістапада 1996 г., калі карэспандэнтам замежных выданняў было заяўлена, што раптам перастала працаваць сістэма электроннай пошты, і яны былі пазбаўленыя магчымасці перадаваць рэпартажы. Але, тым не меней, інфармацыя ішла і ўсе яе бачылі.

[5] Таксама вядомыя таталітарныя прэцэдэнты - ісламскія краіны, дзе ўсталяванне спадарожнікавай антэны забаронена пад страхам смяротнай кары, або загад здаць усе радыёпрыймальнікі на пачатку вайны ў савецкай гісторыі.

[6] Ахлакратыя - улада натоўпу.

 

 

Неабавязковы план дзеля найхутчэйшае...[1]

 

С любым доброжелателен и прост,

ни хитростью не тронут, ни коварством,

я выжига, пройдоха и прохвост,

когда имею дело с государством.

И.Губерман. «Гарики на каждый день»

 

Этнагенэз і грамадскі лад • Праграма падтрымкі і выжывання • Падрахунак набыткаў

Спачатку трэба вызначыцца, што за грамадства мы ўсё-ткі будуем. Не будзем спыняцца на разборы новаўтвораных тэрмінаў «рынкавы сацыялізм», «сацыяльны капіталізм», папулярных сёння. Гаворка ідзе пра іншае. Асноўнае пытанне, на якое мы мусім зараз адказаць: будуем мы дэмакратычнае грамадства ці нейкае іншае[2]? Гэта не так трывіяльна, як здаецца на першы погляд. Ці мы імкнемся да пабудовы працэдурнай дэмакратыі, калі ў грамадстве пануюць законы, а не канкрэтна абраныя для ажыццяўлення прадстаўнічых функцыяў асобы? Або мы імкнемся да ажыццяўлення змястоўнай (прагрэсіўнай) дэмакратыі? На гэтым другім шляху, што пачынаецца ад Рабэсп'ера і Леніна, прымат індывідуальнай свабоды цалкам адхіляецца. Але ж якраз гэтай другой дэмакратыі мы ўжо пакаштавалі напоўніцу. Ці не таму сёй-той і дагэтуль толькі такім чынам успрымае саму дэмакратыю. Асноўныя прыкметы ўсталявання новых дэмакратый агульнавядомыя - вольныя выбары і справаздачнасць перад выбаршчыкамі, наяўнасць юрыдычных нормаў, накіраванасць палітыкі на інтарэсы народа. Але ж магчыма, што, не маючы ніякага палітычнага вопыту, бальшыня будзе зацікаўлена ў пабудове папулісцкай дэмакратыі, характэрнай раней толькі для Лацінскай Амэрыкі. У гэтай сітуацыі сфальсіфікаваныя альбо напалову сфальсіфікаваныя выбары прыводзяць да ўлады асобаў, што абяцаюць народу вызваленне ад хлуслівых палітыкаў, абяцаюць вялікую чыстку ад парламенцкай альбо алігархічнай карупцыі. Мяркуючы па цяперашніх падзеях, у Беларусі ажыццяўляецца менавіта гэткі сцэнар, і можна цалкам пагадзіцца з Гі Эрме, што маладыя дэмакратыі звычайна кволыя, слабыя, бедныя на сродкі кантролю і прымусу, часам нават абцяжараныя ліхой воляй ці непадпарадкаваннем ваенных або цывільных кадраў, якія яны атрымалі ў спадчыну ад дыктатуры, што ім папярэднічала[3]. І ў такой сітуацыі, асабліва характэрнай для папулісцкай дэмакратыі, вельмі цяжка разабрацца, ці гэта яшчэ дэмакратыя, ці ўжо аўтарытарызм.

Мы ўсе (гаворачы гэтак, я маю на ўвазе народ, народную свядомасць) зараз зноў жывем асветленыя адзіна слушным меркаваннем, падпарадкаваныя гіганцкаму ідэалагічна-палітычнаму праекту, які мае наперадзе добра бачную і абсалютна канкрэтную мэту. І ініцыятарам праекта здаецца, што гэтае мэты дасягнуць зусім не складана, дастаткова толькі асабіста кожнаму давесці і патлумачыць яе і персанальна прасачыць, каб усе ішлі ў патрэбным кірунку. Такую апантанасць і такое стаўленне да эксперыментаў над масамі мы ўжо таксама разбіралі. Але хто ведае, магчыма, менавіта гэткая грамадская сістэма больш пасуе колькасна дамінавальнаму субэтнасу на дадзеным гістарычным кругабегу? Тым болей з гледзішча эканомікі вядомыя выпадкі, калі ўсталяванне дыктатуры спрычынялася да значнага эканамічнага росту (дыктатура Піначэта ў Чылі). Але менавіта таму, што ў Чылі назіраўся эканамічны рост, дыктатура там даволі хутка была замененая на больш-менш дэмакратычны грамадскі лад. Іншыя лацінаамэрыканскія дыктатуры (Аргенціна, Гаіці), шматлікія афрыканскія краіны сведчаць, што гэтыя прыклады станоўчага развіцця хутчэй выключэнне, чым правіла. Мусіць, ахлакратычныя дыктатуры ўвогуле сама агідны тып дзяржаўнага ўладкавання. Нездарма Вальтэр аддаваў перавагу адукаванаму манарху перад плебсам і ягонай уладай. Але ж ад аўтарытарызму да дыктатуры ўсяго нейкай паўпрыступкі.

Паўстае пытанне, якое дачыненне мае этнагенэз да грамадскага ладу краіны. Сутнасць вельмі простая. Развязанне пытання аб ладзе, які існуе, і ладзе, які будуецца, неабходна перадусім для ацэнкі магчымай рэакцыі суседзяў - і блізкіх і аддаленых - на магчымыя вельмі «спецыфічныя» падзеі ў Беларусі ў бліжэйшым часе і ў пэўнай перспектыве. Адпаведна з сукупнасцю гэтых фактараў неабходна імкнуцца да правядзення тае ці іншае замежнае палітыкі. Натуральна, гэта будзе не дзяржаўная палітыка, але ж вядома, што вельмі часта зусім не ўрад рэпрэзентуе той ці іншы этнас па-за ягонымі межамі. Акрамя таго, і нам самім хацелася б ведаць, чаго можна чакаць ад улады.

Наступнае дзеянне, якое трэба выканаць (або праграма, якую трэба распрацаваць), - знайсці крыніцу існавання рэшткаў народа, калі працэсы дэградацыі і распаду яшчэ паскорацца і ўзмацняцца. Неабходнасць такой доўгачасовай праграмы зразумелая, і аналагі яе ёсць у свеце. У адной з нафтаздабыўных краінаў Блізкага Ўсходу - ці то ў Арабскіх Эміратах, ці то ў Саўдаўскай Аравіі - існуе спецыяльны фонд, куды адлічваецца пэўная доля прыбытку ад продажу нафты. Ён менавіта гэтак і завецца - фонд будучых пакаленняў і прызначаны для выкарыстання ў тым выпадку, калі скончацца запасы нафты, якімі зараз сілкуецца эканоміка краіны. Эмір і ягоны кабінет разумеюць: хоць і вялікія радовішчы, але яны не бяздонныя. На жаль - хаця па цяперашняй сітуацыі, магчыма, і на шчасце - гэтулькі нафты ў нас няма, гэтакага фонду няма таксама. Таму бяздумнай і бяздзейнай стабільнасці быць не можа. Усе ўрадавыя і няўрадавыя фонды ідуць альбо на цыраванне асобных пабежных дзірак у бюджэце, альбо на прыватныя мэты аднаго чалавека - прэзідэнта, няхай і не наўпрост у кішэню, а ўскосна, на дасягненне ягоных мэтаў і ажыццяўленне ягоных планаў[4].

Мы адумыслова нічога не кажам пра развіццё вытворчасці, перадавыя тэхналогіі і г.д. І гэта нездарма, усё тлумачыцца вельмі проста. Усялякая сучасная тэхналогія без своечасовай мадэрнізацыі і ўдасканальвання праз дзесяць гадоў робіцца ўчорашнім днём, неэфектыўным і неапраўданым для выкарыстання (можна зноў прыгадаць працэс выкарыстання і знікнення інавацый). І нават калі мы зараз закупім ці распрацуем найдасканалейшую тэхналогію ў якой-небудзь галіне прамысловасці, праз пяць гадоў абнавіць яе ўжо не будзе каму, бо ровень творчай актыўнасці на стадыі этнацыду падае імкліва, і з кожным годам усё менш і менш людзей будуць папросту разумець, пра што ідзе гаворка ў тэхнічных даведніках ды інструкцыях. Прыкладу шукаць недалёка. Мы колісь мелі вельмі неблагую, на сусветным роўні, навуковую школу ў оптыцы і лазернай тэхналогіі. Ці здолелі мы скарыстаць з гэтай тэхналогіі раней і хто здолее скарыстаць з яе цяпер, нават у самых спрыяльных варунках? Сімптомы працэсу заняпаду ўжо відавочныя: акрамя паніжэння долі працаздольнага насельніцтва ў агульнай колькасці насельніцтва ў Беларусі (працэсы старэння насельніцтва характэрныя для многіх краін свету) назіраецца таксама змяншэнне агульнай колькасці насельніцтва - і гэта пры каласальным аб'ёме міграцыйных працэсаў, што непасрэдным чынам закранаюць Беларусь і статыстычна прыхоўваюць гэтае паніжэнне. Гэтаксама, толькі больш высокімі тэмпамі, памяншаецца і агульная колькасць навучэнцаў і моладзі. У дадатак сярод імігрантаў пераважаюць зусім не тыя, хто здольны падвысіць пасіянарнасць карэннага насельніцтва. Як вынік, паніжаецца колькасць і якасць навучання, як сярэдняга, гэтак і вышэйшага, - і мы трапляем у зачараванае кола, выйсця з якога на сённяшні момант не відаць.

Таму пытанне забеспячэння існавання дзяржавы застаецца пакуль неразвязаным. Наяўныя планы развіцця Беларусі ні ў якім разе не ўлічваюць тэндэнцыі заняпаду і папросту ігнаруюць пытанні стратэгічнага развіцця. І гэта тое поле дзейнасці, дзе напачатку будуць супадаць інтарэсы меншыні і ўлады. Адзінае простае развязанне можа існаваць толькі ў выпадку, калі Беларусь будзе або анексавана сілком, або свядома, заканадаўчым чынам, далучыцца да каго-небудзь з суседзяў. Улада ў асобе Лукашэнкі інстынктыўна знайшла гэтае выйсце і актыўна імкнецца ў Расею. Спрыяюць гэтаму і асаблівасці расейскага менталітэту (псіхалогія «вялікасці» нацыі), якія Лукашэнка паспяхова эксплуатуе. На гэтае памкненне накладаюцца таксама далёкасяжныя асабістыя планы Лукашэнкі на месца ў расейскіх уладных структурах. У такім разе новы гаспадар сам вымушаны будзе нейкім чынам забяспечваць існаванне нованабытых тэрыторый. І не выключана, што замест чаканага паляпшэння мы пасля інкарпарацыі атрымаем толькі безумоўнае пагаршэнне і ў дадатак рэзка адмоўны псіхалагічны клімат у метраполіі. Таму не хацелася б сур'ёзна разглядаць гэты варыянт развіцця падзеяў. Варта паспрабаваць усё-ткі знайсці варыянты захавання незалежнасці. Незалежнасць дазволіць пазней пазбегнуць вайсковых і іншых сутыкненняў, бо падзеі, што адбываюцца ў межах суверэннае дзяржавы, па вялікім рахунку ёсць справа суверэннае дзяржавы, асабліва калі яны не надта парушаюць прызнанае сусветам сужыццё і ўзаемадзеянне. У межах гэтае незалежнасці мы маглі б фактычна прызнаць сябе рэзервацыяй міжнароднай значнасці для адпрацоўкі сцэнараў памірання нацыі (ствараюць жа і ўтрымліваюць запаведнікі, дзе выміраюць чорныя насарогі альбо рэдкія птушкі). І гэты выпадак быў бы для нас, відаць, найлепшым, і менавіта яго трэба было б прызнаць галоўнай мэтай беларускай дыпламатыі. Такі статус быў бы найбольш выгодным міжнародным статусам і для ўлады, бо пакідаў бы ёй поўную нутраную свабоду дзеянняў - ва ўсялякім запаведніку аднаўленчая дзейнасць чалавека непажаданая. Мы ўжо з'яўляемся планетарнага маштабу палігонам па ўздзеянні радыяцыі на чалавека, але не атрымліваем за гэта практычна нічога, бо праблема здаецца бальшыні чалавецтва дастаткова абстрактнай і прыватнай. Магчыма, з гэтым рэзерватам атрымаецца іначай?

Далей (а яшчэ лепей адначасова, бо гэтыя працэсы ў прынцыпе не звязаныя адзін з адным) неабходна пачынаць гіганцкую і вельмі адказную працу па падсумоўванні і сістэматызацыі ўсяго культурна-гістарычнага набытку Беларусі. Па сутнасці, такога зводу не мае ніводная вядомая нам культура. А не існуюць яны таму, што дагэтуль (наколькі нам вядома) ніводзін народ не падыходзіў свядома да ўласнага лёсу і папросту не ставіў перад сабою такой задачы. Ужо адно гэта дазваляе меркаваць пра грандыёзнасць справы, якую трэба выканаць. Безумоўна, адразу знойдзецца прарок, што будзе вяшчаць пра адсутнасць неабходных сродкаў і сілаў, але гэта і ёсць абавязак і сутнасць прарока - прарокаваць. У якім выглядзе павінна існаваць гэтая спадчына - прадмет магчымай дыскусіі. У найпрасцейшым варыянце гэта можа быць агульнадаступны - у сусветным сэнсе - банк звестак, у якім была б сабраная ўся інфармацыя, назапашаная этнасам на працягу этнагенэзу. Сюды могуць уваходзіць як асобныя кампаненты, кнігазборы, фанатэкі спеваў, картатэкі карцінаў і г.д. У кожным разе падрыхтоўка і здзяйсненне гэтага гіганцкага праекта зойме багата часу, і пры яго ажыццяўленні дакладней выкрышталізуюцца асноўныя прынцыпы, паводле якіх ён мусіць рэалізоўвацца. Вельмі важна, каб гэты масіў звестак быў сапраўды даступны кожнаму чалавеку ў любым пункце свету. Палёгкаю ў фармаванні гэтае базы можа быць тое, што яна не вымагае крытычнага асэнсавання і каментароў, яна павінна быць запоўненая выключна аўтэнтычнай інфармацыяй. Наступнікі самі ацэняць і адсартуюць інфармацыю, успрымуць неабходнае і адкінуць другаснае. Галоўная мэта гэтае базы звестак - падрыхтаваць глебу для стварэння і нараджэння гістарычна-культурнага міфа, які павінны легчы ў падмурак свядомасці нашчадкаў. Найлепей было б, каб мы здолелі самі і стварыць падмурак гэтага міфа (кшталту жыдоўскага міфа пра Ізраіль). Але, мабыць, не здолеем - гэта вымагае вялізных інтэлектуальных высілкаў, на якія нацыя ўжо не здатная.

Наступным крокам павінна быць спарадкаванне міжнародных дачыненняў Беларусі. Што маецца на ўвазе? Апошнія дзвесце гадоў Беларусь не мела ўласнай незалежнай міждзяржаўнай палітыкі, таму тут назапасілася багата неўрэгуляваных пытанняў. Спектр іх вельмі шырокі, і ўзнікаць яны могуць абсалютна нечакана. Гэта могуць быць і пытанні пра межы і тэрыторыі, якія фармальна-юрыдычна нібыта і развязаныя на цяперашні момант, але ўвесь час цепляцца пад прысакам гістарычнае памяці. Гэта могуць быць пытанні вяртання культурна-гістарычных набыткаў - ці то сваіх, ці то суседскіх. Гэта могуць быць і пытанні ўвогуле існавання Беларусі дэ-юрэ (гл. магчымы варыянт вышэй). Хаця менавіта апошні пункт насамсправе можа быць і не сама істотным, бо нашыя наступнікі будуць мець патрэбу ў нейкай гістарычнай прарадзіме для стварэння ўласнага гістарычнага міфа, і яны здолеюць аднавіць гэтую прарадзіму нават у вельмі неспрыяльных варунках навакольнага атачэння. Дапамагаць гэтаму будзе і тое, што асяроддзе нашых наступнікаў будуць таксама складаць этнасы на стадыі памірання, жывыя толькі дзякуючы колішняй велічы (у гісторыі прыкладам такой сітуацыі быў Рым у першых стагоддзях па Нараджэнні Хрыстовым). Але ўсё ж хацелася б, каб яны прыходзілі ў спарадкаваны і ўладкаваны свет, а не на руіны і друз. Спадзявацца на паспяховае развязанне гэтае праблемы дазваляе тое, што ўсё-ткі сучасная цывілізацыя назапасіла пэўны арсенал метадаў бесканфліктнага вырашэння міжнародных спрэчак. Хаця... апошнія войны ў свеце сур'ёзна пахіснулі гэты аптымізм.

Але найбольш важным пытаннем, якое неабходна развязаць у бліжэйшы час, ёсць гадаванне нашых наступнікаў. Безумоўна, Беларусь ва ўсялякім разе не знялюдзее дарэшты - імігранты запоўняць яе, калі шчыльнасць этнасу і напруга поля жыццядзейнасці зменшыцца ніжэй за крытычную мяжу. Гэта можа быць зусім не найгоршым варыянтам, таму што ніжэйшыя прыступкі іміграцыйнай піраміды (злодзеі, люмпены, чорнарабочыя, etc.) запаўняюцца ўжо зараз, калі яшчэ існуе інерцыя процідзеяння карэннага этнасу. Надалей для замацавання на новай этнічнай тэрыторыі імігранты павінны валодаць усё вышэйшым стваральным патэнцыялам. Аднак у гэтым разе казаць аб перспектывах уздыму на новы этап развіцця менавіта беларускага этнасу не выпадае. Таму мы мусім цяпер стварыць праграму селекцыі і падтрымкі тых прадстаўнікоў этнасу (найперш моладзі), якія па сваіх здольнасцях могуць запачаткаваць новую актыўную і дзейную генерацыю, няхай нават за кошт астатніх. Існуюць «каляўладныя» спробы стварэння такіх праграмаў, але ім бракуе разумення накіраванасці гэтай селекцыі. А праграма падтрымкі, у якой фармулююцца абстрактныя або толькі тактычная мэты, - нежыццяздольная, бо ніхто рэальна не зацікаўлены ў яе выкананні. Тое вылучэнне, што адбываецца цяпер, не ёсць вылучэннем па прыкмеце лепшасці, яно пабудавана выключна па крытэру «набліжанасці». Чым такое вылучэнне сканчаецца, добра бачна ў рэчаіснасці. Дарэчы, якраз гэтая праграма падтрымкі лепшых павінна выклікаць найбольшае зацікаўленне і падтрымку сусветнае супольнасці, таму што толькі такім чынам супольнасць з мінімальнымі фінансавымі выдаткамі рэальна можа пазбегнуць фармавання зоны зацяжнога канфлікту ў цэнтры Эўропы. Ліквідацыя наступстваў канфлікту будзе каштаваць эканоміцы аб'яднанай Эўропы нашмат болей, чым яго прадухіленне.

Мы спецыяльна не закранаем бальшыні экалагічных пытанняў. З нашай пазіцыі ўплыў Чарнобыля відавочны: для кожнага асабіста ён не дае нічога, акрамя шкоды, але ў гістарычнай перспектыве ён, магчыма, будзе выглядаць зусім іначай. І наступствы ягоныя належаць да тых фактараў, уздзеянне якіх, відаць, не будзе нейтралізавана ў агляднай будучыні. Хімічныя вытворчасці - на гэта ёсць надзея - паступова, з развіццём тэхналогіяў альбо закрыццём састарэлых камбінатаў, здолеюць дасягнуць параўнальна бяспечнага роўню, і гэты фактар мутагеннасці знікне (параўнальна бяспечнага, бо абсалютна бяспечнай не можа быць ніводная тэхналогія, нават здабыча паліва каменнай сякерай). Застаецца толькі яшчэ адзін доўгачасовы этнапсіхалагічны фактар. Мы ўжо згадвалі, што менталітэт беларусаў фармаваўся пад уздзеяннем балотна-ляснога ландшафту. З развіццём бяздумнай меліярацыі і высечкай лясоў гэты ландшафт рэзка змяніўся. Калі лясістасць у той ці іншай ступені захавалася (няхай на роўні маладзенькіх лесапасадак, якім да нармальнай спеласці гадавацца гадоў 30-50), дык балоты (прынамсі ў тых даўнейшых, неабсяжных, маштабах), відаць, назаўсёды зніклі з нашае зямлі. Размова ідзе не пра эканамічную мэтазгоднасць разворвання асушаных балотаў або неабходнасць стварэння новых багнаў, а аб прынцыповых момантах, звязаных з існаваннем і развіццём этнасу ў пэўным прыродным асяроддзі. Менавіта дзеля гэтага фактару новы народ, што будзе складвацца з цягам часу, сфармуе свой светапогляд, у якім не будзе месца Лесавіку і Змяінаму цару. Але адсутнасць гэтых персанажаў дапаможа нарэшце пазбавіцца адзначанай усімі калізіі, калі леса-балотная свядомасць вяскоўца пераносіцца на глебу гарадскога асяроддзя. Дакладней, старыя персанажы пяройдуць у катэгорыю літаратурных герояў, падобна Толкіенавым хобітам або грэцкім наядам. І хобіты і наяды ў сваім часе былі жывымі персанажамі пантэона багоў, і іх паспяхова здолелі адаптаваць да новай рэчаіснасці існавання. Панаванне балотнай ідэалогіі, як ўжо абмяркоўвалі, звязана з даўным падзелам на два субэтнасы, адзін з якіх быў проста знішчаны (вымер?) пад час гістарычнага развіцця. Да гэтага спрычыніліся не толькі войны ХVІІ стагоддзя, калі загінула болей за палову насельніцтва Беларусі, але і падзеі найноўшай гісторыі. А запаўненне экалагічнай нішы, перанясенне старых звычак на новую глебу - працэс даволі працяглы і балючы, што і нараджае цяперашнія псіхалагічныя канфлікты.

Такім чынам, пытанні экалогіі ўвогуле і экалогіі ландшафту ў прыватнасці цікавяць нас выключна з пазіцыяў сувязі характару этнасу з натуральным асяроддзем. Спрашчаючы, можна сказаць, што на могільніку бляшанак можа выгадавацца толькі аматар старых бляшанак. І калі мы хочам, каб ён добрым словам прыгадаў колішняе балота і людзей, што на ім жылі, неабходна, каб ён зразумеў, што бляшанкам папярэднічала балота (і каб не яно, дык і бляшанак не было б) і што гэтыя людзі ёсць ягоныя продкі.

Выкладзеныя думкі далёка не бясспрэчныя і ўсяго толькі першыя накіды па гэтай надзвычай цікавай праблеме. Далейшая яе распрацоўка дазволіць дэталёвей і дакладней раскрыць шэраг пытанняў, якія толькі крыху закранутыя ў гэтых нататках.

 

Заўвагі

 

[1] Рэмінісцэнцыя з кнігі С.М.Аскеркі «Неабавязковы план дзеля найхутчэйшага асваення пусткавых земляў у Брандэнбургскай марцы».

[2] Значная частка гэтых нататкаў напісана да таго, як само жыццё адказала на шмат якія пытанні, пастаўленыя ў гэтым раздзеле. Але яны пакінутыя таму, што, кажучы словамі песні, «...а часы мінаюць...»

[3] Гі Эрме. Культура і дэмакратыя. - Мн.: Беларусь; ЮНЕСКО, 1995. - 144 с.

[4] Пасля рэферэндуму, калі «народ адмовіўся» ад усялякай магчымасці кантролю над бюджэтам, апошняе сцверджанне варта было б узмацніць.

 

Summary

Dziedzic Stach. EPILOGUE

A brief precis is represented below of the research results of the phenomenon of the modern political, economic, and social situation of the Republic of Belarus. The book is addressed, first of all, to mass reader, being dedicated to modern problems and analyses recent happenings the aftereffect of which can have an impact on the destiny of the nations of Europe.

1. Analysis of modern situation in the Republic of Belarus is carried out from the viewpoint of consideration of ethnos as of an open system. It's demonstrated that in the current historic moment the Belarusan ethnos is experiencing the stage of homeostasis - final ethnogenesis stage that might lead either to disappearance of an ethnos, or to its death and emergence of a new one.

It is demonstrated that Belarus is not only a unique phenomenon, but rather an example of possible development of events in other, now successful, countries of Europe. The problems are observed to emerge currently: the number of active «strangers» - Arabs, Turks, Africans - that is representatives of the nations being in other ethnoses of Europe, thought, with an appropriate adjustment to the moment of the starting point of ethnos's development.

2. Brief analysis of historic past of Belarus has been accomplished. One of the key thesis of Soviet historians and modern official historians that the countryside population is being the carrier of the Belarusan national spirit has been questioned. It is demonstrated that the Belarusan ethnos emerged and developed as a typical city ethnos, and it is stated that it was the cities' inhabitants that were the main creators of the Belarus's noosphere. The ratio city/village belongs to the sphere of action of Hoedel's mathematical theorems of incompleteness: the significance of city and village cannot be «measured» in one system in principle.

The effect has been analyzed of the «First President of the Republic of Belarus» being a result of specifically passionate outburst in the dying ethnos with respect to the «denationalized nation» formed for the years if the Soviet power.

3. Since from the synergetic' viewpoint ethnos is an open system, certain synergetics irregularities are expected to be valid with its regard. As a result, at the ethnogenesis stage under consideration groups of people emerge differing from the main ethnos's mass (immanent national minority). For Belarus, the emergence of immanent minority is additionally initiated and catalyzed by the radiation exposure caused by the Chernobyl catastrophe. The present research justifies the existence of induced maximum on the distribution curve of mental abilities; a conclusion is made that the major difference of immanent minority from the rest ethnos's mass in Belarus is modification (mutation) of the thinking system caused modification of brainwork.

Mutations are a statistical process, yet it seems quite possible to build its correct mathematical model. The principle of building this kind of a model is suggested by the author. It is assumed that major part of changes will either have no serious consequences, or will lead to the system's simplification ( for man this means aggravation of mental abilities and physical condition).

For society taken as a statistical system a so-called condition curve can be drawn; similar curve can be drawn for ethnos. The main problem is what parameters have to be picked out as major ones to describe the ethnos's vital activity and viability. Ethnos and society being considered as statistical systems are strongly nonlinear, and the results this obtained cannot be a simple sum of external influences. The concept of immanent national minority (or simply national minority) is considered based not on the nationality, but on a broader scale - it embraces all ethnos's representatives that posses creative potential, able to express their will and creative comprehension of reality.

4. The Chernobyl catastrophe facilitates the division of the Belarusan ethnos into two parts: a bigger one degrading rapidly; and a significally smaller one filled with creative energy. This smaller part can also be divided into two parts depending on the way on the way of releasing the said energy. This smaller part can also parts of this minority are not as fundamental as the differences between the majority and minority.

This, for the Belarusan ethnos on its modern stage a problem of ethnocide arises formulated for the first time in the present work. Etnocide is a process of self-eliminating of ethnos in the process of ethnogenesis. In a number of features etnocide is similar to genocide. Basic difference is that under genocide a certain acting subject of law exists responsible for carrying it out. In case of ethnocide there is nobody to declare guilty except for the ethnos itself. Ethnocide is an evolution process, and this is the difference between etnocide - self-destruction of the ethnos - and suicide - self destruction of an individual.

Ethnos as an open system can develop in two directions: in either separates into several independent phases, or transforms into a homogenous system, that is disappears. On this basis the following conclusion is made.

Proceeding from general physical consideration of the theory of open systems, the methods of solving the problem have been formulated:

1) Reduction of the potential of phase with which the national minority contacts. It is necessary to do all possible to let the immanent national minority to realize itself as such.

2) Changing the boundary conditions. The boundary conditions in respect to the phenomenon under consideration are the relationships with the authorities and with the rest of the ethnos. The task is to change the attitude of the authorities to the most active part of the population.

3) Changing external force influence. This means changing external political conditions, and it is that very thing that can be observed presently.

4) Increase of potential inside the interaction of phases. This is the process of forming and consolidation of voluntary associations according to interests, lobbyists groups, ets.

5. One of the main conclusions having immediate practical significance for the world community is the following:

Today, Belarus is a testing area of a planetary scale where due to it's fate will be possible to study the long-term impact of radiation on man as on a biological creature and on the ethnos on the whole. In similar way, Belarus is a non-recognized, but a really existing testing area for studying scenarios of ethnoses dying because of technological, social and economic circumstances. Based on the research and formalization of main regularities of this kind of processes and comparison of the results of theoretical investigation and practical (experimental) results it is possible to build a determined models for the ethnoses experiencing the influence of similar factors, be it social or ethnic ones.




Крыніца: Стах Дзедзіч. Эпілог. Менск, 1997.

Беларуская Палічка: http://knihi.com