epub
 
падключыць
слоўнікі

Станіслаў Станкевіч

«Змагарныя Дарогі» К.Акулы

Кніжка маладога беларускага публіцыстага Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі» станецца бясспрэчна цэнным і цікавым укладам у сучасную беларускую літаратуру ў вольным сьвеце. У наагул сьціплай нашай літаратурнай прадукцыі яна на сяньняшні дзень зьяўляецца адзіным, прычым вельмі ўдалым і годным далейшага насьледваньня, узорам мэмуарнай літаратуры, гэтак багата і ўсебакова культываванай як у нашых найбліжэйшых суседзяў, гэтак і сярод народаў Захаду. Бурныя падзеі апошняй вайны й спрычыненыя ёй вялізарныя зьмены ў узаемадачыненьнях людзей і народаў прыдбалі шмат цікавага матарыялу для мэмуарыстыкі, за якую апошнімі гадамі сквапна хапіліся ня толькі прафэсыянальныя, але й зусім прыпадковыя аўтары, будучыя гэтых падзеяў беспасярэднімі сьветкамі й актыўнымі ўдзельнікамі. Дык ужо навет з аднаго гэтага гледзішча кніга Акулы, як адзіная пакуль што ў нас спроба чыста мэмуарнае аповесьці, заслугоўвае на ўвагу.

Хаця яна й названая літаратурным жанрам «аповесьць», фактычна-ж зьяўляецца аўтабіяграфічным дзёньнікам аўтаравых усамінаў зь мінулае вайны і такім чынам належыць не да мастацкае ў сьціслым ейным значаньні, але, як успаміналася, да мэмуарнае літаратуры, адно пададзенай у мастацкай форме. Таму ў вадрозьненьне ад чыста літаратурна-мастацкіх твораў, у ваповесьці «Змагарныя Дарогі» няма літаратурнага сюжэту, вакол якога канцэнтраваліся-б паасобныя эпічныя матывы апавяданьня, не знаходзім драматычнае інтрыгі, якая трымала-б у напружаньні ўвагу чытача, адсутнічаюць і канфлікты характараў, якія раскрывалі-б узаемадачыненьні ўведзеных у акцыю пэрсанажаў. Але ня гледзячы на адсутнасьць у «Змагарных Дарогах» найбольш вызначальных літаратурных элемэнтаў, твор Акулы, як закругленая тэматычная цэласьць, чытаецца з напружанай увагай і родзіць глыбокія рэфлексіі й перажываньні. Гэта ўжо доказ, што мы маем дачыненьне з творам асаблівай якасьці.

Такая рэакцыя чытача на падзеі, апісаныя ў «Змагарных Дарогах», выклікаецца галоўным чынам іх дакумэнтальным характарам, паказаным з тонкай знаёмасьцяй жыцьця й людзей ды авееным глыбокай пачуцьцёвасьцяй аўтара. Пры гэтым аўтар ня толькі рэгіструе ведамыя яму здарэньні й факты, ня толькі выводзіць цікавыя й часта ўдала зьіндывідуалізаваныя постаці людзей, але, - што найважнейшае - углыбляецца ў сэнс гэтых здарэньняў, знаходзіць прычыны, што іх выклікаюць дае ім глыбокую маральную й палітычную ацэну, раскрывае духовы зьмест людзкіх перажываньняў і імкненьняў.

Апавяданьне пачынаецца мамэнтам эвакуацыі зь Менску пад націскам бальшавіцкага наступу ў канцы чэрвеня - пачатку ліпаеня 1944 году неадкрытай яшчэ школы Камандзераў Беларускае Краёвае Абароны й разьвіваецца шляхам маршу сяброў гэтае Школы цераз Заходнюю Беларусь, Летуву, Усходнюю Прусію, Польшчу, Нямеччыну, Францыю й Італію, а заканчваецца ў Ангельшчыне, дзе пасьля заканчэньня вайны знайшлі сабе часовае прыпынішча ўжо моцна працярэбляныя рады гэтае Школы й іншых беларускіх вайсковых фармацыяў. Спасярод вялікага мноства ўведзеных у вапавяданьне пэрсанажаў вырозьніваюцца, як цэнтральныя фігуры, Кастусь Дзежка, Віктар Караткевіч і Сымон Спарыш, зьвязаныя між сабою супольнымі ніцямі ранейшага жыцьця й цяперашняга лёсу. Усе тры спаткаліся й пазнаёміліся на настаўніцкіх курсах у Глыбокім падчас нямецкае акупацыі, пасьлей разам вучыліся ў Беларускай Гімназіі ў Вільні, там-жа навет і жылі разам на аднэй гасподзе. Вакол гэтых трох дзеючых асобаў канцэнтруецца вялікае мноства іншых існаваўшых ў запраўднасьці пэрсанажаў апавяданьня, названых або рознымі выдуманымі псэўдонімамі, або іхнымі аўтэнтычнымі прозьвішчамі, якіх супольны лёс кінуў у вір вайны й прымусіў быць навочнымі сьветкамі й актыўнымі ўдзельнікамі ейных падзеяў. Усе гэтыя пэрсанажы, узятыя з розных нацыянальнасьцяў (беларусы, немцы, палякі, расейцы, украінцы), з розных сацыяльных слаёў і розных, часамі ўзаемна супярэчных маральных і ідэйных катэгорыяў, пачынаючы ад прадстаўнікоў кіраўнічых палітычных ворганаў ды канчаючы звычайнымі радавымі шэрымі людзьмі, даюць у разрэзе разнастайны й аўтэнтычны праўдзівы абраз людзей, што ў часе апошняе вайны й нямецкае акупацыі былі дзейнымі ў Беларусі й мелі той або іншы ўплыў на лёс беларускага народу. Вымушанае вандраваньне ўспомненае тройкі разам з мноствам ей падобных зь Менску церазь Вільню, Коўню, гарады й вёскі Ўсходняе Прусіі, Польшчы, Нямеччыны, Францыі, Італіі й напасьледак Ангельшчыны й твораць сабою хоць і складаную, але багатую падзеямі й перажываньнямі эпапэю.

Перажываньняў галоўнага гэроя апавяданьня Сымона Спарыша нельга ўспрымаць абыякава. Замнога ў іх болю й жыцьцёвае праўды, каб прайсьці міма іх, як звычайна праходзім міма каля перажываньняў фікцыйных літаратурных пэрсанажаў. Увесь жах цярпеньняў беларусакага народу ў умовах жорсткага нацыянальнага паняволеньня даваеннае Польшчы, бальшавіцкае Расеі й напасьледак гітлераўскае Нямеччыны паказаны ў перажываньнях Сымона Спарыша, як і ў дыгрэсіях, паходзячых ад самаго аўтара, зь нязвычайнай жыцьцёвай сілай і праўдай. У гэтым, на нашую думку, і хаваецца галоўная, як літаратурная, гэтак і ідэйная вартасьць «Змагарных Дарогаў».

Асабліва ярка й праўдзіва адмаляваныя ў ваповесьці адмоўныя тыпы ўсякага роду ворагаў і прыгнятальнікаў безбароннага беларускага народу, што рэкрутаваліся з розных народаў, ня рэдка й зь беларускіх рэнэгатаў і дэгэнэратаў, якія, выкарыстоўваючы спрыяльныя для іх умовы ваеннага часу, бязьлітасна зьдзекваліся з народу й нажываліся на ягонай крыўдзе. Яшчэ да надрукаваньня «Змагарных Дарог» некаторыя прыпадковыя іх чытачы нярэдка рабілі аўтару заўвагі, што, паказваючы ў вельмі адмоўным сьвятле нашых суседзяў, ён быццам паліць масты да будучага паразуменьня зь імі. Нажаль, аднак, такое, а ня іншае прадстаўленьне нашых нацыянальных суседзяў, пададзенае ў «Змагарных Дарогах», было пўнасьцяй, навет у паасобных жахлівых дэталях, згоднае з праўдай. Пры гэтым суровы асуд паасобных нацыянальных вайсковых адзінак зь нямецкае дапамаговае службы й канкрэтных іх удзельнікаў, як неаднаразова падчыркавае й сам аўтар, у ніякім выпадку не расьцягваецца на дадзеныя нацыянальнасьці ў іхнай цэласьці, да якіх групы гэтыя належылі. Таму ў ніякай аднабакосьці, а тым больш тэндэцыйнасьці абвінавачваць аўтара нельга. Адзіным ягоным заданьнем, як у дачыненьні да сваіх, гэтак і чужых было паказаць праўду й тым самым пакінуць аўтэнтычны дакумант панурай запраўднасьці нядаўняга мінулага. І гэтае важнае, хоць мо й няўдзячнае заданьне аўтар выканаў.

Некатарага выясьненьня вымагае й сам назоў «Змагарныя Дарогі», які даў аўтар сваёй аповесьці. Ізь зьместу твору бачым, што слова «змагарныя» нельга разумець даслоўна, як змаганьня збройнага із аружжам у руках, бо для такога ня было ані магчымасьцяў, ані патрэбы, а трэба яго разумець у значэньні пераносным, як змаганьне маральнае, ідэйнае, духовае, па сваей сіле й глыбіні ня менш эфэктоўнае за змаганьне фізычнае. Выразна аб гэтым гаворыць і сам аўтар: «Памінаючы розную лебяду, што заўсёды стараецца ўкараніцца побач карыснага й плённага на добрай глебе, два асноўныя імкненьні былі целам і душою асноўнае масы вайскоўцаў гэтай нешчасьлівай дывізіі (дывізіі «Беларусь»): жаданьне служыць пакрыўджанай і паняволенай бацькаўшчыне й адмова ваяваць за сваіх ворагаў. Хаця першаму імкненьню ня суджана было зьдзейсьніцца, беларускія вайскоўцы да канца вытрымалі без кравапраліцьця за чужыя інтарэсы» (бачына 434). Хаця, як сьцьвярджае аўтар, «першаму імкненьню ня суджана было зьдзейсьніцца», аднак маладыя беларускія вайскоўцы рабілі ўсё для іх магчымае, нярэдка здабываючыся на на акты бяспрыкладнага гэраізму й самаахвярнасьці, дзеля зьдзейсьненьня сваіх нацыянальных імкненьняў, і якраз у гэткім сэньсе трэба расшыфроўваць назоў «Змагарныя Дарогі». Чыстыя й з кажнага гледзішча ідэальныя патрыятычныя пачуцьці й нацыянальныя імкненьні нашае моладзі, безаглядная ейная гатоўнасьць пасьвяціцца поўнасьцю для народнае справы - з аднаго боку, а немагчымасьць зьдзейсьненьня гэтых імкненьняў і дарэмнасьць бяспрыкладных ахвяраў, для гэтага зьдзейсьненьня ахвотна, часамі безразважна прыношаных - з другога стваралі той глыбокі нацыянальны трагізм, які стаўся агульным удзелам беларускага народу ў часе апошняе вайны. Аб гэтай гістарычнай трагэдыі беларускага народу і ў першую чаргу ягонае моладзі зь нязвычайнай сілай перакананьня гаворыць кажная бачына «Змагарных Дарогаў».

Кніга К.Акулы, напісаная сакавітым літаратурным стылем, авееная глыбокімі пачуцьцямі й перажываньнямі аўтара ды шырака адсланяючая жахлівую жыцьцёвую праўду недалёкае мінуўшчыны, якая сталася балючай трагэдыяй беларускага народу, напэўна знойдзе шырокае кола сваіх чытачоў і энтузіястых, асабліва сярод былых беларускіх вайскавікоў, якія ў кнізе напаткаюць шмат знаёмага й асабіста імі перажытага.

 

Мюнхен, у сьнежні 1961 г.


снежань 1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Акула К. Змагарныя дарогі: аповесць / Канстантын Акула. - Таронта : Мюнхен : выданне аўтара, 1962. - 583, [3] с.
Крыніца: скан
Падрыхтавана: Уладзімір Васькоў, Раман Кардонскі