epub
 
падключыць
слоўнікі

Штэфан Цвайг

Гувернантка

Дзеці - дзве сястры - адны ў сваім пакоі. Святло патушана. Паміж імі змрок, толькі слаба бялеюць пасцелі на ложках. Ледзь чутно іх дыханне, можна падумаць, што яны спяць.

- Паслухай, - чуецца голас дванаццацігадовай сястры, і ён гучыць ціхенька, амаль спалохана ў цемры.

- Чаго табе? - адказвае са свайго ложка сястра. Яна ўсяго на год старэйшая.

- Ты не спіш. Гэта добра. Я... я хачу нешта расказаць табе...

Адказу няма. Толькі шолах на ложку. Сястра прыўзнялася, чакальна глядзіць у яе бок; відаць, як блішчаць яе вочы.

- Ведаеш... я хацела сказаць табе... Але раней скажы ты мне: табе не кінулася ў вочы, што ў апошнія дні з нашай фрэйлен нешта не тое?

Другая задумваецца.

- Але, - кажа яна пасля паўзы, - хоць я і не ведаю дакладна, што з ёю. Яна болей не такая строгая, як раней. Нядаўна я два дні не рыхтавала ўрокаў, і яна мне нічога не сказала. І потым яна нейкая такая... не ведаю, як тут сказаць. Я думаю, ёй болей не да нас, яна ўвесь час сядзіць збоку і не гуляе з намі, як раней.

- Мне здаецца, у яе вялікае гора, але яна не хоча гэтага паказаць. І на раялі яна болей не іграе.

Зноў маўчанне. Старэйшая сястра напамінае:

- Ты хацела нешта расказаць.

- Так, але не кажы нікому, ніводнаму чалавеку - ні маме, ні сяброўцы.

- Не, не скажу, - у яе голасе гучыць нецярпенне. - Дык што там такое?

- Вось што... Цяпер, калі мы клаліся спаць, я раптам успомніла, што забылася сказаць фрэйлен дабранач. Чаравікі я ўжо зняла, але ўсё-такі пабегла да яе ў пакой, ціхенька-ціхенька, ведаеш, каб усё было неспадзеўкі. Я вельмі асцярожна адчыняю дзверы. Спачатку мне здалося, што яе няма ў пакоі. Святло гарыць, а яе я не бачу. І раптам - я так спалохалася - чую, нехта плача, і бачу тут - яна, адзетая, ляжыць на ложку, галавою ў падушцы. Так яна плакала, што я аж здрыганулася. Але яна мяне не заўважыла. І я зноў ціхенька зачыніла дзверы. Я так дрыжала, што нейкі час не магла зрушыцца з месца. Потым зноў пачула праз дзверы, што яна плача, зусім выразна пачула, і хутчэй пабегла ўніз.

Абедзве маўчаць. Потым адна ледзь чутна кажа:

- Бедная фрэйлен.

Словы трапечуць у пакоі, і іх гук губляецца і замірае ў цемры.

- Хацела б я ведаць, чаму яна плакала, - пачынае малодшая. - Яна ж ні з кім не сварылася ў апошнія дні, мама таксама, нарэшце, пакінула яе ў спакоі, не прыдзіраецца вечна, а мы ўжо пэўна ёй нічога не зрабілі. Чаму ж яна гэтак плача?

- Я, здаецца, ведаю, - гаворыць старэйшая.

- Чаму, скажы мне, чаму?

Сястра марудзіць адказваць. Нарэшце кажа:

- Я думаю, яна закахалася.

- Закахалася? - Малодшая аж падскочыла на ложку. - Закахалася? У каго?

- Ты нічога не заўважыла?

- Няўжо ў Ота?

- Ты думаеш? А не ён у яе? Ён ужо тры гады як вучыцца тут і жыве ў нас, але дагэтуль ніколі не гуляў з намі. Чаму ж ён цяпер у апошнія месяцы гуляе з намі раптам кожны дзень? Ці ж быў ён калі-небудзь ласкавы са мною ці з табою, пакуль не было фрэйлен? А цяпер ён увесь дзень круціцца вакол нас. Мы заўсёды сустракаем яго выпадкова, выпадкова, куды б ні пайшлі з фрэйлен, - у Народны сад, у Гарадскі парк, у Пратэр. Няўжо табе гэта не кінулася ў вочы?

Малодшая зусім спалохана выціскае з сябе:

- Але... але, канечне, я гэта заўважыла. Толькі я думала, што...

Голас ёй здраджвае. Яна больш нічога не можа сказаць.

- Раней я гэтаксама думала, бо мы, дзяўчынкі, заўсёды такія дурніцы. Але я хутка заўважыла, што мы ў яго толькі зачэпка.

Цяпер абедзве маўчаць. Гутарка быццам скончылася.

Абедзве паглыбіліся ў думкі, а мо яны ўжо сняць што-небудзь?

Але яшчэ раз з цемры чуваць разгублены голас малодшай:

- Але чаму тады яна плача? Яна ж яму падабаецца. А я заўсёды думала: закаханыя адчуваюць сябе цудоўна.

- Не ведаю, - гаворыць старэйшая сонным голасам, - я таксама думала, што гэта вельмі цудоўна.

І яшчэ раз, ціха і жаласліва, вылятае з вуснаў паўсоннай дзяўчынкі:

- Бедная фрэйлен!

У пакоі ўсталёўваецца цішыня.

 

Назаўтра яны пра гэта болей не гавораць, але, як тая, так і другая, адчуваюць, што думкі іх круцяцца вакол аднаго. Яны пазбягаюць адна аднае, не глядзяць у вочы, але позіркі іх міжвольна сустракаюцца, калі яны тайком пазіраюць на гувернантку. За сталом яны сочаць за стрыечным братам Ота, які ўжо гадамі жыве ў іх доме, як за чужым. Яны з ім не размаўляюць, але пад апушчанымі павекамі вочы іх скоса глядзяць, ці не дасць ён знак фрэйлен. Абедзве ахоплены непакоем. Пасля абеду яны не гуляюць, як звычайна, а, узбуджаныя жаданнем разгадаць таямніцу, робяць незразумелыя і нікому не патрэбныя рэчы. Толькі ўвечары адна холадна пытаецца ў другой, як быццам ёй гэта ўсё роўна:

- Ты зноў што-небудзь заўважыла?

- Не, - адказвае сястра і адварочваецца.

Абедзве як бы баяцца размаўляць. І так праходзіць некалькі дзён, дзяўчынкі моўчкі сочаць і падглядваюць, міжвольна ў сваім непакоі адчуваюць блізкасць хвалюючай таямніцы.

Нарэшце, праз некалькі дзён, малодшая за абедам заўважае, што гувернантка непрыкметна робіць Ота знак вачамі. Ён адказвае кіўком галавы. Дзяўчынка дрыжыць ад хвалявання. Пад сталом яна ціхенька дакранаецца да рукі старэйшай сястры. Калі тая паварочваецца, яна кідае на яе бліскучы позірк, і тая адразу разумее гэты жэст і таксама пачынае хвалявацца.

Ледзь яны ўсталі з-за стала, як гувернантка звяртаецца да дзяўчынак:

- Ідзіце ў свой пакой і займіцеся крыху чым-небудзь. У мяне баліць галава, і я хачу адпачыць з паўгадзіны.

Дзеці апускаюць вочы. Яны лёгенька дакранаюцца рукамі адна да аднае, нібы хочуць звярнуць на гэта ўвагу. Ледзь толькі гувернантка знікае, малодшая адразу падскоквае да сястры:

- Глядзі, зараз Ота пойдзе да яе ў пакой.

- Канечне. Таму яна нас і адаслала.

- Давай падслухаем каля дзвярэй!

- А раптам хто-небудзь прыйдзе?

- А хто ж можа прыйсці?

- Мама.

Дзяўчынка палохаецца.

- Але, канечне...

- Ведаеш што? Я буду падслухоўваць каля дзвярэй, а ты застанешся ў калідоры і дасі мне знак, калі хто-небудзь прыйдзе. Так будзе больш надзейна.

Малодшая хмурыцца.

- Але ж ты мне нічога не раскажаш!

- Раскажу!

- Усё раскажаш? Папраўдзе ўсё?

- Але, чэснае слова. А ты кашляй, калі пачуеш, што хто-небудзь ідзе.

Яны чакаюць у калідоры, усхваляваныя, іх сэрцы трывожна б'юцца. Што ж тут будзе? Яны моцна прыціскаюцца адна да аднае.

Крокі. Іх як ветрам здзьмула. Далей у цемру. Так і ёсць: гэта Ота. Ён бярэцца за ручку, дзверы за ім зачыняюцца. Старэйшая маланкаю імчыцца ўслед, прыкладвае вуха да дзвярэй, прыслухоўваецца, затаіўшы дыханне. Малодшая з зайздрасцю глядзіць на яе. Цікаўнасць не дае ёй спакою, цягне з паста. Яна падкрадваецца да сястры, але тая сярдзіта адштурхоўвае яе назад. І зноў яна чакае ў калідоры, праходзяць дзве-тры хвіліны, яны здаюцца ёй вечнасцю. Яе грызе нецярпенне, яна падскоквае, як на гарачым вуголлі, гатовая заплакаць ад хвалявання і злосці, што сястра ўсё чуе, а яна нічога. Але вось дзесьці ў пакоі ў канцы калідора стукаюць дзверы. Яна кашляе. Абедзве стрымгалоў кідаюцца прэч, у свой пакой. Там яны стаяць з хвіліну, пераводзяць дыханне, іхнія сэрцы моцна б'юцца.

Потым малодшая прыспешвае сястру:

- Ну, расказвай, што там.

Старэйшая стаіць з задумлівым тварам. Нарэшце гаворыць разгублена, як бы самой сабе:

- Нічога не разумею.

- Што?

- Гэта так дзіўна.

- Што?.. Што?.. - задыхаючыся, пытаецца малодшая.

Старэйшая прыходзіць у сябе, а меншая моцна прыціснулася да яе, каб не прапусціць ніводнага слова.

- Гэта вельмі дзіўна... зусім не так, як я думала. Ён увайшоў у пакой і, мусіць, хацеў яе абняць ці пацалаваць, бо яна сказала яму: «Кінь гэта, мне трэба пагаварыць з табою сур'ёзна». Я нічога не бачыла, ключ тырчаў знутры, але я добра ўсё чула. «Што здарылася?» - спытаўся тут Ота, але не такім голасам, як звычайна. Ты ж ведаеш, звычайна ён гаворыць нахабна і гучна, а тут сказаў усё гэтак нясмела, што я адразу зразумела - ён чагосьці баіцца. І яна, мусіць, заўважыла, што ён прыкідваецца, бо сказала ціха-ціха: «Ты ж усё ведаеш». - «Не, я нічога не ведаю». - «Вось як, - сказала яна такім сумным, такім сумным голасам, - а чаму ж ты тады раптам пачаў пазбягаць мяне? Болей за тыдзень ты не перакінуўся са мною ні словам, абыходзіш мяне, дзе толькі можна, не ходзіш гуляць з дзецьмі, не бываеш болей у парку. Няўжо я табе адразу стала чужою? О, ты добра ведаеш, чаму раптам стаў трымацца ад мяне далей». Ён памаўчаў, а потым сказаў: «У мяне хутка экзамены, мне трэба шмат працаваць, і ў мяне ні на што болей не застаецца часу. Цяпер я не магу іначай». Яна заплакала і сказала праз слёзы, але так ласкава і хораша: «Ота, чаму ты маніш? Скажы праўду, няўжо ж я яе не заслужыла? Я ж нічога ад цябе не патрабую, але ўсё-такі павінны ж мы хоць пагаварыць пра гэта. Ты ж ведаеш, што я хачу сказаць табе, па вачах бачу». - «А што?» - прамармытаў ён зусім, зусім ціха. І тут яна сказала...

Дзяўчынка пачынае раптам дрыжаць і не можа ад хвалявання вымавіць ні слова. Малодшая яшчэ мацней прыціскаецца да яе.

- Што... што ж?

- І тут яна сказала: «У мяне ж дзіця ад цябе».

Малодшая аж падскоквае:

- Дзіця? Дзіця! Гэтага не можа быць!

- Але яна ж сказала гэта.

- Ты, мабыць, дрэнна пачула.

- Не, не! Ён паўтарыў яе словы; як і ты, ён аж падскочыў і сказаў: «Дзіця?» Яна доўга маўчала, а потым кажа: «Што ж цяпер будзе?» А потым...

- Што потым?

- Потым ты кашлянула, і мне прыйшлося ўцякаць.

Малодшая зусім разгублена глядзіць перад сабою.

- Дзіця! Гэтага не можа быць. Дзе ж у яе дзіця?

- Не ведаю. Вось гэтага я і не магу зразумець.

- Можа, дзе-небудзь дома... там, адкуль яна прыйшла да нас. Мама, канечне, не дазволіла ёй узяць яго з сабою з-за нас. І таму яна такая засмучаная.

- Ты што? Яна ж тады нават не ведала Ота.

Яны зноў змаўкаюць, доўга думаюць, але не знаходзяць адгадкі. І гэта мучыць іх.

Першай пачынае гаварыць малодшая:

- Дзіця - гэтага не можа быць! Адкуль у яе дзіця? Яна ж не замужам, а толькі ў замужніх бываюць дзеці, гэта я ведаю добра.

- Можа, яна была замужам?

- Глупства. Не за Ота ж.

- Але адкуль жа...

Яны разгублена пазіраюць адна на адну.

- Бедная фрэйлен, - засмучана гаворыць адна.

Зноў і зноў з іх вуснаў злятаюць гэтыя словы - уздых шчырага спачування. І тут жа зноў успыхвае цікаўнасць.

- Хто ў яе - дзяўчынка ці хлопчык?

- А хто яго ведае.

- Што ты думаеш - калі я ў яе папытаюся... вельмі, вельмі асцярожна?..

- Ты з глузду з'ехала!

- Чаму? Яна ж такая добрая да нас.

- Ці ж можна так? Нам пра такія рэчы не гавораць. Ад нас усё ўтойваюць. Калі мы ўваходзім у пакой, яны заўсёды адразу спыняюць размову і пачынаюць гаварыць усякае глупства з намі, быццам мы маленькія, а мне ж ужо трынаццаць гадоў. Навошта тады пытацца ў іх? Нам усё роўна скажуць няпраўду.

- А мне гэтак хочацца ведаць!

- А мне, думаеш, не хочацца?

- Ведаеш... што мне зусім не зразумела, - што Ота як бы нічога не ведаў. Кожны ведае, што ў яго ёсць дзіця, гэтак жа, як і кожны ведае, што ў яго ёсць бацькі.

- Ён прыкідваецца, нягоднік, ён увесь час прыкідваецца.

- Але ж не ў такой справе. Толькі... толькі... калі ён хоча нас падмануць...

Уваходзіць фрэйлен. Яны адразу змаўкаюць і робяць выгляд, што вучаць урокі. Але тайком касавурацца ў яе бок. Вочы ў яе як быццам чырвоныя, голас стаў ніжэйшы і дрыжыць. Дзяўчынкі прыціхлі і глядзяць раптам на яе пачціва і са страхам. «У яе ёсць дзіця, таму яна такая засмучаная», - не пакідае іх думка. І пакрысе яе смутак ахоплівае і іх саміх.

 

Назаўтра за абедам яны даведваюцца нечаканую навіну: Ота пакідае іх дом. Ён заявіў дзядзьку, што ў яго хутка экзамены і яму трэба старанна да іх рыхтавацца, а тут яму вельмі перашкаджаюць. Ён нойме сабе дзе-небудзь пакойчык на адзін-два месяцы, пакуль не скончацца экзамены.

Абедзвюх дзяўчынак ахоплівае страшэннае хваляванне. Яны ўгадваюць тайную сувяць гэтай навіны з учарашняй размовай, сваім абвостраным інстынктам адчуваюць нейкае ашуканства, баязлівыя ўцёкі. Калі Ота развітваецца з імі, яны груба паварочваюцца да яго спінаю. Але тайком сочаць за ім, калі ён падыходзіць развітвацца з фрэйлен. У яе дрыжаць губы, але яна маўчыць і спакойна падае яму руку.

За апошнія дні дзяўчынак быццам падмянілі. Яны не гуляюць, не смяюцца, вочы страцілі вясёлы, бесклапотны бляск. Імі валодаюць непакой і разгубленасць, пануры недавер да тых, хто іх акружае. Яны болей не вераць таму, што ім гавораць, у кожным слове падазраюць хлусню ці нейкі намер. Цэлымі днямі яны прыглядваюцца і цікуюць, сочаць за кожным рухам, ловяць кожны жэст, кожную інтанацыю. Як цені, сноўдаюцца яны за ўсімі, падслухоўваюць пад дзвярамі, спрабуюць даведацца што-небудзь. Горача імкнуцца яны зняць са сваіх незадаволеных плячэй цёмную сетку гэтых таямніц або кінуць хоць адзін позірк праз яе ячэйку на свет рэчаіснасці. Дзіцячая вера - гэтая вясёлая бесклапотная слепата - пакінула іх. Акрамя таго, яны прадчуваюць, што гэта яшчэ не ўсё, што трэба чакаць развязкі, і баяцца прапусціць яе. З таго часу, як дзеці ведаюць, што іх акружае мана, яны сталі прыдзірлівыя і падазроныя, самі пачалі хітраваць і прыкідвацца. У прысутнасці бацькоў яны надзяваюць на сябе маску дзіцячай прастаты, каб потым праявіць нечаканую актыўнасць. Яны незвычайна ўзбуджаныя, імі валодае нервовы непакой; вочы, якія раней свяціліся мяккім роўным бляскам, цяпер гараць ліхаманкавым агнём, а іх позірк стаў болей глыбокі. Яны такія бездапаможныя ў сваім пастаянным высочванні і падпільноўванні, што ўсё болей і болей прывязваюцца адна да аднае. Часам у іх раптоўна ўзнікае патрэба ласкі, яны падпарадкоўваюцца ёй і раптам парывіста абдымаюцца або, прыгнечаныя сваім няведаннем, пачынаюць плакаць. Без усякай, здаецца, прычыны ў іх жыцці нечакана настаў пералом.

Сярод многіх крыўд, да якіх яны сталі цяпер вельмі чуллівыя, адна асабліва кранае іх. Яны, здавалася, моўчкі абавязаліся як мага болей радаваць сваю засмучаную фрэйлен. Урокі яны рыхтуюць старанна і акуратна, памагаюць адна адной. Іх не чуваць, яны не даюць падставы для скаргаў, папярэджваюць кожнае яе жаданне. Але фрэйлен нічога не заўважае, і ім гэта вельмі балюча. Яна стала зусім іншая ў апошні час. Часам, калі адна дзяўчынка звяртаецца да яе, тая ўздрыгвае, быццам яе разбудзілі. Позірк яе тады паволі, як бы шукальна, вяртаецца аднекуль здалёку. Часам яна гадзінамі сядзіць нерухома і глядзіць перад сабою, паглыбленая ў мары. Тады дзяўчынкі на дыбачках ходзяць наўкола, каб не трывожыць яе, яны няясна і таямніча адчуваюць, што яна цяпер думае пра сваё дзіця, якое дзесьці далёка. З нейкіх глыбінь у іх абуджаецца жаноцкасць і мацнее любоў да фрэйлен, якая стала цяпер такою ласкаваю і такою ціхаю. Яе звычайна хуткая і ганарлівая паходка зрабілася больш паважнаю, рухі асцярожней, і ва ўсім гэтым дзеці адчуваюць таемны смутак. Яе слёз яны ніколі не бачаць, але павекі ў яе часта чырвоныя. Яны заўважаюць, што фрэйлен спрабуе ўтоіць ад іх сваё гора, і яны ў роспачы, што не могуць ёй дапамагчы.

І вось аднаго разу, калі фрэйлен павярнулася да акна і правяла насоўкаю па вачах, малодшая раптам набіраецца адвагі, ціхенька бярэ яе за руку і кажа:

- Фрэйлен, вы такая засмучаная ў апошні час. Гэта не наша віна, праўда?

Фрэйлен расчулена глядзіць на дзяўчынку і праводзіць рукою па яе мяккіх валасах.

- Не, дзеці, не, - кажа яна, - канечне, не ваша. - І пяшчотна цалуе яе ў лоб.

 

Яны ўсё назіраюць і высочваюць, не мінаюць нічога, што трапляе на вочы. І вось адна з іх, зайшоўшы неяк у пакой, улавіла некалькі слоў. Гэта была толькі адна фраза, бо бацькі адразу ж абарвалі размову, але кожнае слова выклікае ў іх цяпер тысячу здагадак. «Мне таксама нешта здалося, - сказала мама. - Я зраблю ёй допыт». Дзяўчынка спачатку аднесла гэта на сябе і, спалоханая, пабегла да сястры шукаць парады і дапамогі. Але за абедам яны заўважаюць, што бацькі дапытліва пазіраюць на адлучана-задумлівы твар фрэйлен, а потым пераглядваюцца паміж сабою.

Пасля абеду мама, як між іншым, звяртаецца да фрэйлен:

- Зайдзіце, калі ласка, да мяне ў пакой. Мне трэба з вамі пагаварыць.

Фрэйлен моўчкі схіляе галаву. Дзяўчынкі моцна дрыжаць, яны адчуваюць: цяпер штосьці павінна здарыцца.

І як толькі фрэйлен уваходзіць у пакой, яны кідаюцца ўслед за ёю. Прыхінацца да дзвярэй, абшукваць усе закуткі, падслухоўваць і высочваць стала ў іх чымсьці звычайным. Яны ўжо не адчуваюць ні непрыстойнасці, ні дзёрзкасці сваіх паводзін, у іх толькі адна думка - разгадаць усе таямніцы, якімі ім захіляюць доступ да жыцця.

Яны падслухоўваюць. Але да іх даносіцца толькі ціхенькі шэпт. Яны нервова дрыжаць. Яны баяцца, што ўсё прапусцяць.

Але вось за дзвярамі чуваць гучны голас. Гэта мамін голас. Ён гучыць сярдзіта і злосна:

- Няўжо вы думаеце, што ўсе людзі сляпыя і ніхто гэтага не заўважыць? Уяўляю сабе, як вы выконвалі свае абавязкі з такімі думкамі і з такімі маральнымі прынцыпамі. І вось такой асобе я даверыла выхаванне дзяцей, маіх дзяўчынак! Вы ж іх зусім занядбалі...

Фрэйлен, мусіць, штосьці пярэчыць. Але яна гаворыць вельмі ціха, і дзеці нічога не могуць зразумець.

- Адгаворкі, адны адгаворкі! У легкадумных жанчын заўсёды ёсць адгаворкі. Аддаецца першаму сустрэчнаму і ні пра што не думае. А там - хоць трава не расці. І вось такая хоча быць выхавальніцай, выхоўваць дзяўчынак. Нахабства, дый годзе! Думаю, вы не разлічваеце, што вось такою я буду трымаць вас і далей у маім доме?

Дзеці падслухоўваюць за дзвярамі. Ад страху ў іх па целе бягуць дрыжыкі. Яны нічога не разумеюць, але ім страшна чуць злосны мамін голас. А цяпер яны чуюць у адказ ціхі нястрымны плач фрэйлен. З вачэй у іх цякуць слёзы. Але мамін голас робіцца яшчэ болей сярдзітым:

- Гэта ўсё, што вы ўмееце - цяпер плакаць! Мяне вы гэтым не кранеце. Такіх асоб мне не шкада. Што з вамі цяпер будзе, мяне зусім не тычыцца. Вы самі ведаеце, да каго вам трэба звярнуцца, я ў вас нават не пытаюся пра гэта. Я ведаю толькі адно: пасля таго, як вы гэтак нізка паставіліся да сваіх абавязкаў, я ні хвіліны болей не стану трымаць вас у сябе дома.

У адказ - толькі рыданні, роспачныя, нястрымныя рыданні, ад якіх дзяўчынак за дзвярамі трасе як ў ліхаманцы. Ніколі яны не чулі такога плачу. І цьмяна яны адчуваюць: хто гэтак плача, не можа быць вінаватым. Мама цяпер змоўкла і чакае. Потым яна рэзка кажа:

- Вось і ўсё, што я хацела вам сказаць. Збярыце сёння свае рэчы і заўтра раніцаю прыходзьце ўзяць разлік. Бывайце!

Дзеці адскокваюць ад дзвярэй і ратуюцца ў свой пакой. Што гэта было? Быццам маланка ўдарыла паблізу. Яны стаяць бледныя і дрыжаць. Упершыню яны сутыкаюцца з рэчаіснасцю. І ўпершыню яны асмельваюцца паспрабаваць узбунтавацца супраць бацькоў.

- Гэта подла так гаварыць з ёю, - выціскае з сябе старэйшая і кусае вусны.

Малодшую яшчэ палохаюць такія дзёрзкія словы.

- Але мы нават не ведаем, што яна зрабіла, - ляпеча яна жаласна.

- Нічога, пэўна, дрэннага. Фрэйлен не можа зрабіць нічога дрэннага. Мама яе не ведае. А потым - як яна плакала. Мне стала так страшна.

- Але, гэта было жахліва. А як мама на яе крычала. Гэта подла, чуеш, подла.

Яна тупае нагою. Слёзы засцяць ёй вочы. Тут уваходзіць фрэйлен. Выгляд у яе вельмі стомлены.

- Дзеці, я занятая сёння пасля абеду. Вы пабудзеце адны, добра? Магу я на вас разлічваць? А ўвечары я да вас прыйду.

Яна выходзіць, не заўважаючы хвалявання дзяцей.

- Ты бачыла, якія ў яе заплаканыя вочы? Я не разумею, як мама магла з ёю гэтак абысціся.

- Бедная фрэйлен!

І зноў гучаць гэтыя словы, поўныя спачування і слёз. Дзеці не ведаюць, што і думаць. Уваходзіць мама і пытаецца, ці не хочуць яны пакатацца з ёю. Дзеці адмаўляюцца. Яны адчуваюць страх перад мамаю. Іх абурае, што ім нічога не кажуць пра звальненне фрэйлен. Яны лічаць за лепшае застацца адны. Як дзве ластаўкі ў цеснай клетцы, яны лётаюць сюды-туды, задыхаюцца ў атмасферы хлусні і замоўчвання. Яны раздумваюць, ці не пайсці ім да фрэйлен і папытацца ў яе, угаварыць яе застацца, сказаць ёй, што мама памыляецца. Але яны баяцца пакрыўдзіць яе. І потым яны саромеюцца: усё, што яны ведаюць, яны ж падслухалі і высачылі. Трэба прыкідвацца дурнымі, такімі дурнымі, якімі яны былі два-тры тыдні таму назад. Яны застаюцца адны і ўвесь бясконца доўгі дзень думаюць і плачуць, а ў вушах увесь час гэтыя жудасныя галасы - злая бессардэчная водпаведзь мамы і роспачныя рыданні фрэйлен.

Вечарам фрэйлен мяльком заглядвае ў іх пакой і гаворыць ім дабранач. Дзеці дрыжаць, яны бачаць, як яна выходзіць, ім хочацца што-небудзь сказаць ёй. Але тут, ужо каля дзвярэй, фрэйлен раптам сама паварочваецца - як быццам яе спыніла іхняе маўклівае жаданне. На вачах у яе блішчаць слёзы. Яна абдымае дзяўчынак, тыя пачынаюць плакаць наўзрыд. Фрэйлен яшчэ раз цалуе іх і хутка выходзіць.

Дзеці ў слязах. Яны адчуваюць, што гэта было развітанне.

- Мы яе болей не ўбачым! - гаворыць адна праз слёзы. - Пабачыш - калі мы заўтра вернемся са школы, яе ўжо не будзе тут.

- Можа, мы наведаем яе калі-небудзь пазней. Тады яна, канечне, пакажа нам дзіця.

- Але, яна такая добрая.

- Бедная фрэйлен! - Гэта як яшчэ адзін уздых іхняга ўласнага лёсу.

- Можаш уявіць сабе, як мы будзем жыць без яе?

- Я ніколі не палюблю другую фрэйлен.

- Я таксама.

- Ні адна не будзе такою добраю да нас. А потым... Яна не адважваецца дагаварыць да канца. Але інстынктыўнае жаноцкае пачуццё выклікала ў іх да яе пашану, як толькі ім стала вядома, што ў яе ёсць дзіця. Абедзве ўвесь час думаюць пра гэта, і цяпер ужо не з ранейшаю дзіцячаю цікаўнасцю, а з замілаваннем і глыбокім спачуваннем.

- Паслухай, - гаворыць адна, - што я скажу.

- Слухаю.

- Ведаеш, я хацела б абрадаваць чым-небудзь фрэйлен, перш чым яна паедзе. Каб яна ведала, што мы яе любім і што мы не такія, як мама. Хочаш?

- Як ты можаш пытацца?

- Я падумала, што ёй вельмі падабаецца белы гваздзік, і яшчэ я падумала, што заўтра раніцаю, ведаеш, перш чым ісці ў школу, мы купім кветак і паставім іх у яе пакой.

- Калі?

- У абед.

- Яе тады, пэўна, ужо не будзе там. Ведаеш, я лепш збегаю ранічкаю па кветкі і хуценька прынясу іх, каб ніхто не ўбачыў. А потым мы паставім іх у яе пакой.

- Добра. І ўстанем раненька.

Яны дастаюць свае скарбонкі і шчыра высыпаюць на стол усе грошы. Цяпер яны зноў павесялелі, бо ведаюць, што яшчэ змогуць выказаць фрэйлен сваю нямую верную любоў.

Яны ўстаюць на досвітку. З цудоўнымі свежымі гваздзікамі ў крыху дрыготкіх руках стукаюць у дзверы да фрэйлен, але ніхто не адказвае. Яны думаюць, што фрэйлен яшчэ спіць, і ўваходзяць на дыбачках у пакой. Але там нікога няма, пасцель некранутая. Усё раскідана ў беспарадку, на цёмным абрусе на стале бялеюць лісты.

Дзеці палохаюцца. Што здарылася?

- Я пайду да мамы, - рашуча заяўляе старэйшая. І дзёрзка, без ніякага страху, са змрочным позіркам яна паўстае перад мамаю і пытаецца: - Дзе наша фрэйлен?

- Яна, мусіць, у сябе ў пакоі, - здзіўлена адказвае мама.

- У пакоі яе няма, пасцель некранутая. Яна, відаць, пайшла яшчэ ўчора ўвечары. Чаму нам нічога не сказалі пра гэта?

Мама нават не заўважае сярдзітага, задзірлівага тону пытання. Яна збялела і пайшла да таты, той хутка знікае ў пакоі фрэйлен.

Ён доўга застаецца ў пакоі. Дзяўчынка злоснымі вачамі сочыць за мамаю, якая, відаць, моцна ўсхвалявана і не адважваецца сустрэцца з ёю позіркам.

Тата вяртаецца нарэшце. Ён вельмі бледны, у яго ў руцэ ліст. Ён з мамаю заходзіць у пакой фрэйлен і ціхенька шэпчацца там з ёю. Дзеці стаяць за дзвярамі, але падслухоўваць не асмельваюцца. Яны баяцца татавага гневу: такім, як цяпер, яны яго яшчэ ніколі не бачылі.

Мама выходзіць з пакоя з заплаканымі вачамі і вельмі ўсхваляваная. Дзеці самі сабою, быццам гнаныя страхам, падбягаюць да яе з пытаннямі. Але яна рэзка асаджае іх:

- Ідзіце цяпер у школу, вы спозніцеся.

І дзяўчынкі вымушаны ісці. Як у сне, яны сядзяць на ўроках чатыры, пяць гадзін, з другімі вучнямі, але не чуюць ніводнага слова. Потым стрымгалоў імчацца дадому.

Там усё па-ранейшаму, толькі адчуваецца, што ўсіх гняце адна страшэнная думка. Усе маўчаць, але ў іх, нават у чэлядзі, нейкія дзіўныя позіркі. Мама ідзе дзяўчынкам насустрач. Яна, відаць, падрыхтавалася да размовы з дзецьмі.

- Дзеці, - пачынае яна, - ваша фрэйлен болей не вернецца, яна...

Яна не знаходзіць смеласці кончыць. Бліскучыя вочы дзяўчынак гэтак грозна ўтаропіліся ў яе твар, што яна не адважваецца зманіць ім. Яна адварочваецца і адыходзіць, ратуецца ўцёкамі ў свой пакой.

Пасля абеду раптам з'яўляецца Ота. Яго паклікалі, яму пакінуты ліст. Ён таксама бледны. Збянтэжана азіраецца па баках. Ніхто з ім не загаворвае. Усе пазбягаюць яго. Ён бачыць дзяўчынак, якія забіліся ў куток, і хоча з імі прывітацца.

- Не падыходзь! - ускліквае адна і крывіцца ад агіды. А другая плюе перад ім на падлогу. Збянтэжана, баязліва ён блукае нейкі час па пакоях. Потым знікае.

Ніхто не размаўляе з дзецьмі. Яны самі таксама маўчаць. Бледныя, спалоханыя, яны снуюць з пакоя ў пакой, няспынна, як дзікія жывёлы ў клетцы, сустракаюцца зноў, глядзяць адна адной у заплаканыя вочы і не гавораць ні слова. Яны ведаюць цяпер усё. Яны ведаюць, што іх падманвалі, што ўсе людзі могуць быць дрэннымі і подлымі. Яны болей не любяць сваіх бацькоў, яны ім болей не вераць. Яны ведаюць, што нікому нельга верыць; цяпер увесь цяжар жахлівага жыцця ляжа на іх кволыя плечы. З вясёлай утульнасці дзяцінства яны быццам зваліліся ў бяздонне. Яны яшчэ не могуць зразумець усёй жахлівасці таго, што здарылася, але думкі гнятуць і пагражаюць задушыць іх. На шчоках выступіла ліхаманкавая чырвань, і вочы пазіраюць злосна, насцярожана. Яны не знаходзяць сабе месца, курчацца, быццам ім халодна ў іх адзіноцтве. Ніхто, нават бацька, не асмельваецца загаварыць з імі - гэтак грозна пазіраюць яны на кожнага, хто набліжаецца да іх. Няспыннае блуканне па пакоях адлюстроўвае хваляванне, якое мучыць іх. І ёсць у іх жахлівая агульнасць, хоць яны і не гавораць адна з адною. Гэтае маўчанне, непранікальнае маўчанне, маўчанне, якое ні аб чым не пытаецца, зацяты, замкнуты ў сабе боль без крыку і слёз адгароджваюць іх ад усіх і выклікаюць страх. Ніхто не падыходзіць да іх, доступ да іх сэрцаў закрыты, можа, на доўгія гады. Усе адчуваюць, што яны ворагі, ворагі бязлітасныя, якія болей не змогуць прабачаць. Бо з учарашняга дня яны ўжо не дзеці.

За адзін сённяшні дзень яны пастарэлі на мноства гадоў. І толькі ўвечары, калі яны асталіся адны, у змроку пакоя, прачынаецца ў іх дзіцячы страх - страх перад адзінотай, перад зданню нябожчыцы, і яшчэ адзін спрадвечны страх - перад невядомаю будучыняю. Сярод агульнага перапалоху ў доме забыліся натапіць іх пакой. Дрыжучы ад холаду, яны забіраюцца на адзін ложак, тонкімі дзіцячымі ручкамі моцна абдымаюцца, прыціскаюцца адна да аднае кволымі, яшчэ не расквітнелымі цельцамі, быццам шукаюць абароны ад страху, які авалодаў імі. Яны ўсё яшчэ баяцца гаварыць паміж сабою. Нарэшце малодшая пачынае плакаць, і старэйшая горка рыдае разам з ёю. Цесна абняўшыся, яны ўсё плачуць і плачуць, іх твары ў слязах, і гарачыя слёзы капаюць спачатку павольна, а потым льюцца ракою. Яны прыціснуліся адна да аднае грудзямі і аж трасуцца ад рыданняў. Абедзве яны - адзін боль, адно цела, якое плача ў змроку. Яны аплакваюць ужо не фрэйлен, не бацькоў, якія страчаны для іх, іх трасе страх - страх перад тым, што чакае іх у гэтым невядомым свеце, куды яны кінулі сёння свой першы спалоханы позірк. Яны баяцца жыцця, у якое ўваходзяць цяпер, жыцця, якое пагрозлівым ценем паўстае перад імі, быццам цёмны лес, праз які ім трэба прайсці. Усё невыразней робіцца гэты блытаны страх, уступае месца дрымоце, усё цішэй рыданні. Іх дыханне паступова зліваецца, як перад гэтым іх слёзы. І нарэшце яны засынаюць.



Пераклад: Уладзімір Чапега
Крыніца: Zweig St. Novellen in zwei Baenden. - Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1966.