epub
 
падключыць
слоўнікі

Штэфан Цвайг

Пякучая таямніца

ПАРТНЁР
РАПТОЎНАЕ СЯБРОЎСТВА
ТРЫА
АТАКА
СЛАНЫ
ПЕРАСТРЭЛКА
ПЯКУЧАЯ ТАЯМНІЦА
МАЎЧАННЕ
ІЛГУНЫ
СЛЯДЫ Ў МЕСЯЧНЫМ СВЯТЛЕ
НАПАД
НАВАЛЬНІЦА
ПЕРШЫ ЎРОК
ТРЫВОЖНЫ ЗМРОК
АПОШНІ СОН


ПАРТНЁР

 

Паравоз хрыпла засвісцеў: цягнік дасягнуў Зэмерынга. Чорныя вагоны на хвіліну спыніліся ў серабрыстым высакагорным святле, выкінулі некалькі страката апранутых пасажыраў і праглынулі другіх, пераклікнуліся сярдзітыя галасы, і ўжо зноў засвісцела наперадзе сіпатая машына, пацягнула ў пячору тунеля чорны грукатлівы ланцуг. Зноў навокал, колькі бачыць вока, чыста падмецены вільготным ветрам ясны, спакойны ландшафт.

Адзін з прыезджых - малады чалавек, які выгадна адрозніваўся ад другіх ахайнасцю адзення і лёгкаю натуральнаю хадою, - апярэдзіў астатніх, першы наняў фіякр і паехаў у гатэль. Коні няспешна трухалі па крутой горнай дарозе. У паветры пахла вясной. На небе пырхалі хмаркі, белыя, гарэзлівыя, якімі яны бываюць толькі ў маі і чэрвені, калі бесклапотныя, маладыя, яны гулліва імчацца па блакітнай дарозе і то хаваюцца за высокія горы, то абдымаюцца і ўцякаюць, то сціскаюцца ў хустачку, то раздзіраюцца на стужкі і нарэшце дурасліва насоўваюць белыя шапкі на горныя вяршыні. Поўны неспакою быў і вецер - ён так шалёна раскалыхваў тонкія, яшчэ вільготныя пасля дажджу дрэвы, што яны лёгенька паскрыпвалі суставамі і сыпалі ў бакі тысячы іскрыстых кропляў. Часам з вяршынь даходзіў свежы пах снегу, і тады паветра рабілася і салодкім і даўкім. Усё на небе і на зямлі было поўна руху і нецярплівага браджэння сіл. Коні чмыхалі і весела беглі цяпер з гары, далёка чуваць быў звон іх бомкаў.

У гатэлі малады чалавек перш за ўсё прагледзеў спіс прыезджых, але тут жа расчаравана адсунуў яго ўбок. «Навошта, зрэшты, я прыехаў сюды? - з прыкрасцю спытаўся ён у сябе. - Сядзець тут аднаму на гары, без кампаніі - гэта яшчэ горш, чым у канцылярыі. Мусіць, я прыехаў або занадта рана, або занадта позна. Мне ніколі не шанцуе з водпускам. Ніводнага знаёмага прозвішча сярод усіх гэтых людзей. Хоць бы дзве-тры жанчыны, на благі канец - маленькі, нявінны флірт, каб не прасумаваць увесь тыдзень».

Малады чалавек быў баронам і належаў да не вельмі радавітай сям'і аўстрыйскай чыноўнай знаці. Ён служыў ва ўрадавай установе; адпачынак яму быў непатрэбны, але ён узяў водпуск на тыдзень таму, што ўсе калегі выклапаталі сабе веснавыя канікулы, і ён таксама захацеў скарыстаць сваё права. Яго нельга было назваць пустым чалавекам, але без кампаніі ён жыць не мог; агульны ўлюбёнец, якога ўсюды прымалі сардэчна, ён не пераносіў адзіноты і выдатна ведаў гэта. У яго не было ніякай схільнасці заставацца сам-насам з сабою, ён па магчымасці пазбягаў такіх сустрэч, бо зусім не імкнуўся да больш блізкага знаёмства з уласнаю персонаю. Ён ведаў, што яму трэба сутыкацца з людзьмі, каб маглі праявіцца ўсе яго таленты - яго ласкавасць, яго тэмперамент. У адзіноце ён быў халодны і бескарысны, як запалка ў пачку.

У дрэнным настроі бадзяўся ён па пустым вестыбюлі, то рассеяна перагортваў газеты, то заходзіў у гасціную, садзіўся там за раяль і найграваў вальс, - але рытм яму не даваўся. Нарэшце, узлаваны, ён сеў каля акна і пачаў глядзець, як паволі насоўваўся змрок і з-за хвой клубамі падымаўся сівы туман. Так змарнаваў ён, злы і знерваваны, цэлую гадзіну; потым падаўся ў сталовую.

Там было занята ўсяго некалькі сталоў; ён хуценька акінуў іх позіркам. Марна! Ніводнага знаёмага. Толькі вунь там - ён няўважліва адказаў на паклон - трэнер з іпадрома ды яшчэ адзін знаёмы твар з Рынгштрасэ, і болей нікога. Ніводнай жанчыны, нічога, што абяцала б хоць мімалётную прыгоду. Гэта яшчэ мацней узлавала яго. Ён належаў да тых маладых людзей, якія дзякуючы свайму прыгожаму твару карыстаюцца поспехам і заўсёды гатовы да новых сустрэч, заўсёды шукаюць новых прыгод і спатканняў; іх нічога не бянтэжыць, бо ўсё загадзя разлічана, ніводная здабыча не вырвецца з іх рук; ужо першы позірк, які яны кідаюць на жанчыну, ацэньвае яе з гэтага боку - ці гэта сябрава жонка, ці гэта яе пакаёўка. Пра такіх людзей часта гавораць з пагардліваю ўсмешкаю, што яны паляўнічыя на жанчын, не ўсведамляючы, які трапны гэта выраз, бо яны з не меншым жаданнем і жорсткасцю, чым паляўнічыя на дзічыну, высочваюць і гоняць сваю ахвяру. Яны заўсёды напагатове, у любы час могуць кінуцца на след, куды б ён іх ні завёў. У іх заўсёды тлее агонь, але гэта не полымя закаханага сэрца, а запал гульца, халодны, разважлівы і небяспечны. Сярод такіх людзей ёсць упартыя, для іх не толькі юнацтва, але і ўсё жыццё да старасці - суцэльны ланцуг любоўных прыгод, іхні дзень распадаецца на сотні дробных пажадлівых уражанняў - мімалётны позірк, выпадковая ўсмешка, дотык да суседчынага калена, а год - зноў-такі на сотні такіх дзён; пагоня за жанчынамі - вось іх адзіны і пастаянны стымул у жыцці.

Тут не было партнёра на гульню, барон адразу ўбачыў гэта. Няма большай прыкрасці гульцу, што сядзіць і чакае выйгрышу за зялёным сталом з картамі ў руках, як марнае чаканне партнёра. Барон запатрабаваў газету. Яго хмурны позірк прабягаў па радках, але думкі драмалі і, як п'яныя, спатыкаліся на словах.

Раптам ён пачуў за сабою шалясценне сукенкі і голас, які дакорліва і манерна сказаў:

- Mais tais-toi donc, Edgar!*

* Памаўчы, Эдгар! (фр.)

Побач зашамацела шаўковая сукенка, і міма стала праплыла высокая пышная постаць; за ёю ішоў маленькі бледны хлопчык у чорным аксамітным гарнітурчыку, які кінуў на барона цікаўны позірк. Яны селі насупраць яго за зарэзерваваны для іх стол. Хлопчык яўна імкнуўся паводзіць сябе прыстойна, але неспакойны бляск яго чорных вачэй сведчыў, што гэта давалася яму нялёгка. Дама - барон глядзеў толькі на яе - была апранута добра, з густам і належала да таго тыпу жанчын, які асабліва падабаўся барону: крыху паўнаватая жыдоўка, у росквіце сталай прыгажосці, відаць, палкая ў каханні, хоць яна ўмела хавала гэта пад маскаю ўзнёслай меланхоліі. Яму яшчэ не ўдалося зазірнуць у яе вочы, і ён захапляўся пакуль што толькі прыгожым выгінам броваў, вытанчаным носам, які, праўда, выдаваў яе паходжанне, але сваёю высакароднаю формаю надаваў профілю зграбнасць і пікантнасць. Валасы, як і ўсё ў яе поўнай фігуры, вылучаліся надзвычайнаю пышнасцю. Бясспрэчна, гэта была жанчына, сытая пакланеннем, упэўненая ў сабе і ў сваіх чарах. Ціхім голасам яна заказвала абед і рабіла заўвагі хлопчыку, які брынкаў відэльцам, - усё гэта з паказною абыякавасцю, быццам не заўважаючы асцярожнага, шукальнага баронавага позірку, хоць менавіта гэтая неадступная цікаўнасць была прычынаю яе вытанчаных паводзін за абедам.

Змрочны баронаў твар імгненна заззяў, маршчыны разгладзіліся, нябачны ток пабег па нервах, мускулы напружыліся, уся яго постаць ажыла, у вачах заблішчалі агеньчыкі. Ён сам быў падобны на тых жанчын, якім патрэбна прысутнасць мужчыны, каб праявіць усю сваю прывабнасць. Энергія яго абуджалася, толькі калі прадчувала якое-небудзь заляцанне. Гэтак было і цяпер - паляўнічы ўчуў здабычу. Ён задзірліва шукаў яе позірку, які часта слізгаў па ягоным твары, але не даваў яснага адказу на яго выклік. Яму здавалася, што губы яе складваюцца ў ледзь прыкметную ўсмешку, але ўсё гэта было неакрэслена, і гэтая неакрэсленасць яшчэ болей распальвала яго. Адзінае, што падавала надзею, - гэта яе позірк, які ўпарта слізгаў міма яго, ён адчуваў у ім супраціўленне і разам з тым збянтэжанасць, - і яшчэ наўмысны, разлічаны на слухача тон размовы з дзіцём. Ён адчуваў за яе занадта падкрэсленым спакоем лёгкую трывогу. Сам ён таксама быў усхваляваны: гульня пачалася. Ён не спяшаўся кончыць абедаць: паўгадзіны ён амаль не зводзіў вачэй з гэтай жанчыны, пакуль не вывучыў кожную рысу яе твару, не прасачыў позіркам кожную лінію яе пышнай фігуры. За вокнамі гусцеў душны змрок, лес уздыхаў, як ахопленае страхам дзіця, вялізныя дажджавыя хмары працягвалі да яго свае шэрыя рукі, усё гусцей рабіўся цень у пакоі, усё мацней гняла цішыня, якая панавала тут. Размова маці з сынам - ён бачыў гэта - гучала пад пагрозаю цішыні ўсё болей штучна, усё болей ненатуральна; было ясна, што яна вось-вось абарвецца. Тады барон вырашыў зрабіць спробу. Ён першы ўстаў з-за стала, гледзячы міма яе ў акно, і нават накіраваўся да дзвярэй. Там ён хуценька павярнуў галаву, як быццам штосьці забыў, - і злавіў на сабе ўважлівы позірк.

Гэта яго акрыліла. Ён застаўся ў вестыбюлі. Неўзабаве яна з'явілася, трымаючыся за хлопчыкаву руку, мімаходам пагартала часопісы, паказала сыну некалькі малюнкаў. Але калі барон падышоў да стала, быццам каб узяць часопіс, а на самай справе, каб зазірнуць глыбей у яе вільготныя бліскучыя вочы, можа, нават распачаць размову, - яна адвярнулася, паляпала хлопчыка па плячы, сказала: «Viens, Edgar! Au lit!»* і спакойна прайшла міма яго.

* Пойдзем, Эдгар! Спаць пара! (фр.)

Барон з лёгкаю прыкрасцю паглядзеў ёй услед. Ён, папраўдзе, разлічваў пазнаёміцца ў той жа вечар, і тое, што яна гэтак рашуча пайшла, расчаравала яго. Але, зрэшты, у яе супраціўленні была свая прывабнасць, і менавіта няўпэўненасць у поспеху падахвочвала яго. Так ці інакш - ён знайшоў партнёра; можна было пачынаць гульню.

 

РАПТОЎНАЕ СЯБРОЎСТВА

 

Назаўтра раніцаю, увайшоўшы ў вестыбюль, барон убачыў сына прыгожай незнаёмкі - ён ажыўлена гутарыў з двума хлопчыкамі-ліфцёрамі і паказваў ім малюнкі ў кніжцы Карла Мая. Яго маці не было; відаць, яна яшчэ займалася туалетам. Цяпер толькі барон звярнуў увагу на дзіця - сарамлівага, фізічна дрэнна развітага, нервовага хлопчыка гадоў дванаццаці з парывістымі рухамі і цёмнымі неспакойнымі вачамі. Як шмат хто з дзяцей у гэтым узросце, ён, здавалася, быў чымсьці напалоханы, быццам яго толькі што разбудзілі і прывялі на незнаёмае месца. Яго твар нельга было назваць непрыгожым, але рысы яшчэ канчаткова не вызначыліся, барацьба паміж дзяцінствам і сталасцю, мусіць, толькі пачыналася; усё было ледзь акрэслена, ніводная лінія не завершана на хваравіта-бледным, нервовым твары. Да таго ж, як заўсёды ў гэтым няўдзячным узросце, калі дзецям заўсёды не па мерцы іх адзенне, а ганарыстасць яшчэ не прымушае сачыць за вонкавым выглядам, рукавы і штаны ў яго матляліся на занадта худых руках і нагах.

Хлопчык сланяўся па вестыбюлі без занятку і рабіў даволі ўбогае ўражанне. Па сутнасці, ён усім перашкаджаў. Яго то адхіляў убок парцье, да якога ён прыставаў з усялякімі пытаннямі, то адштурхоўваў хто-небудзь ад дзвярэй; відаць, яму не хапала чалавека, з якім ён мог бы пагаварыць па-сяброўску. Дзіцячая патрэба пабалбатаць вымушала яго шукаць субяседнікаў сярод служачых гатэля; тыя адказвалі яму, калі ў іх быў час, і адразу ж абрывалі размову, як толькі паказваўся хто-небудзь з дарослых ці тэрміновая работа патрабавала кудысьці пайсці. Барон з усмешкаю, спачувальна пазіраў на беднага хлопчыка, які на ўсё глядзеў цікаўна і ад якога ўсе непрыветліва адварочваліся. Аднаго разу ён злавіў накіраваны на сябе цікаўны позірк, але чорныя вочы адразу ж спалохана кінуліся ўбок і схаваліся за апушчанымі павекамі. Гэта здалося барону забаўным. Хлопчык зацікавіў яго, і ён падумаў, ці нельга выкарыстаць дзіця, пужлівасць якога тлумачыцца, мусіць, толькі сарамяжнасцю, як пасрэдніка для хутчэйшага збліжэння. Ва ўсякім разе, трэба паспрабаваць. Непрыкметна ён пайшоў услед за хлопчыкам, які толькі што выскачыў на двор і, ахоплены дзіцячаю прагаю да ласкі, пагладзіў ружовыя ноздры белага каня; але і тут яму не пашанцавала - фурман даволі груба прагнаў яго. Пакрыўджаны і маркотны, ён бадзяўся каля дома, і позірк у яго быў пусты і крыху сумны. Вось тут барон і загаварыў з ім.

- Ну, малады чалавек, як табе тут падабаецца? - спытаўся ён, стараючыся вымавіць гэтыя словы самым простым і вясёлым тонам.

Хлопчык пачырванеў да вушэй і баязліва паглядзеў на барона. Ён, здавалася, спалохаўся, прыціснуў руку да грудзей і сарамліва пераступаў з нагі на нагу. Ніколі яшчэ з ім не загаворваў чужы чалавек.

- Дзякуй, вельмі падабаецца, - ледзь выціснуў ён з сябе. Апошняе слова з цяжкасцю выйшла з яго вуснаў.

- Гэта мяне здзіўляе, - сказаў барон, усміхаючыся, - па сутнасці, тут даволі сумна, асабліва такому маладому чалавеку, як ты. Што ж ты робіш цэлы дзень?

Хлопчык быў яшчэ занадта збянтэжаны і не знайшоў, што адказаць. Бо дагэтуль жа яго ніхто ведаць не хацеў, - няўжо гэты шыкоўна адзеты пан папраўдзе хоча з ім пагаварыць! Гэтая думка вызвала ў ім адначасова і нясмеласць і гордасць. Нарэшце ён набраўся духу.

- Я чытаю, і мы шмат гуляем з мамаю. Часам ездзім катацца. Мне трэба тут паправіцца, я быў вельмі хворы. Доктар сказаў, што мне трэба шмат бываць на сонцы.

Апошнія словы ён сказаў ужо даволі ўпэўнена. Дзеці заўсёды ганарацца перанесенаю хваробаю: яны ведаюць, што страх за іх робіць бацькоў яшчэ больш уважлівымі.

- Так, сонца карысна такім юнакам, як ты; табе трэба загараць. Але навошта ты сядзіш тут цэлы дзень? У тваім узросце трэба больш бегаць, дурэць і нават сваволіць крыху. Мне здаецца, ты вельмі ўжо прыстойна паводзіш сябе, сядзіш поседам у пакоі з гэтаю тоўстаю кніжкаю пад пахай. Помню, які я быў гарэза ў твае гады. Кожны вечар прыходзіў дадому ў падраных штанах. Не трэба быць дужа ціхім!

Хлопчык міжволі ўсміхнуўся, і страх яго прапаў. Ён хацеў адказаць, але словы здаліся яму занадта смелымі, занадта дзёрзкімі, каб ён сказаў іх гэтаму слаўнаму незнаёмцу, які так ласкава размаўляў з ім. Ён ніколі не быў бойкі, заўсёды лёгка бянтэжыўся, а цяпер ад радасці і сарамлівасці зусім сумеўся. Яму вельмі хацелася гутарыць яшчэ, але нічога не прыходзіла ў галаву. На шчасце, з'явіўся вялікі жоўты сенбернар з гатэля, абнюхаў іх абодвух і даў сябе пагладзіць.

- Ты любіш сабак? - спытаўся барон.

- Вельмі! У маёй бабулі ў Бадэне на віле ёсць сабака. Калі мы жывём там, сабака цэлы дзень са мною. Але гэта толькі ўлетку, калі мы там гасцюем.

- У нас, у маёнтку, іх, напэўна, дзесяткі два. Калі тут у цябе ўсё будзе добра, я падару табе аднаго. Карычневага шчанюка з белымі вушамі. Хочаш?

Хлопчык пачырванеў ад радасці.

- Хачу.

Гэтыя словы вырваліся ў яго горача і прагна. Але ён адразу дадаў з баязлівым сумненнем:

- Але мама не дазволіць. Яна кажа, што не дазволіць трымаць сабаку ў доме, з ім занадта многа клопату.

Барон усміхнуўся. Нарэшце-такі размова пайшла пра маму.

- Няўжо твая мама такая строгая?

Хлопчык падумаў, паглядзеў на барона, быццам пытаўся, ці можна даверыцца гэтаму чужому чалавеку. Адказ прагучаў асцярожна:

- Не, мама не вельмі строгая. Цяпер, пасля хваробы, яна ўсё мне дазваляе. Можа, яна нават дазволіць узяць сабаку.

- Хочаш, я папрашу яе?

- Ага, калі ласка, папрасіце, - узрадаваўся хлопчык. - Тады мама, напэўна, дазволіць. А які ў вас сабака? У яго белыя вушы, праўда? Умее ён насіць?

- Так, ён усё ўмее. - Барон усміхнуўся, заўважыўшы, як ад ягоных слоў у хлопчыка разгарэліся вочы. Адразу знікла сарамлівасць, і гарачнасць, якую дагэтуль стрымліваў страх, вырвалася наверх. Баязлівае, запалоханае дзіця з маланкаваю хуткасцю ператварылася ў гарэзу. «Каб у яго мацеры за стрыманасцю хавалася такая ж гарачнасць!» - міжволі падумаў барон. Але хлопчык ужо засыпаў яго пытаннямі:

- Як завуць вашага сабаку?

- Каро.

- Каро! - захапляўся хлопчык. Ён смяяўся і радаваўся кожнаму слову, ап'янёны тым, што нехта нечакана паставіўся да яго гэтак прыязна. Барон сам здзіўляўся хуткаму поспеху і вырашыў каваць жалеза, пакуль гарачае. Ён прапанаваў хлопчыку пайсці пагуляць, і беднае дзіця, згаладалае за доўгія тыдні па чалавеку, які хацеў яго выслухаць, было ў вялікім захапленні. Яно бесклапотна выбалботвала тое, на што яго наводзіў новы сябар пры дапамозе бяскрыўдных, як бы выпадковых пытанняў. Неўзабаве барон трапнымі пытаннямі ўжо даведаўся ўсё пра яго сям'ю: што Эдгар - адзіны сын венскага адваката, які належаў, відаць, да заможнай жыдоўскай буржуазіі, што мама не ў захапленні ад Зэмерынга і скардзіцца на адсутнасць прыемнай кампаніі. З ухілістага Эдгаравага адказу на пытанне, ці вельмі мама кахае тату, ён улавіў, што тут не ўсё добра. Яму было амаль сорамна за тую лёгкасць, з якою ён выпытаў у даверлівага хлопчыка ўсе гэтыя маленькія сямейныя таямніцы. Эдгар вельмі ганарыўся, што хтосьці ўважліва слухае яго, і ледзь не навязваў новаму сябру сваю шчырасць. Яго дзіцячае сэрца перапаўняла гордасць - барон гуляў з ім, абнімаў за плечы, і Эдгар ад думкі, што ўсе могуць бачыць яго ў сяброўскай гутарцы з дарослым, паступова забыўся аб розніцы ў гадах і балбатаў лёгка і вольна, як са сваім равеснікам. Эдгар быў, мяркуючы па гаворцы, вельмі разумны, не на ўзрост развіты, як амаль усе хваравітыя дзеці, якія праводзяць больш часу з дарослымі, чым з таварышамі ў школе, і вызначаўся незвычайна абвостраным пачуццём любові і нянавісці. Ні да чаго ён не ставіўся спакойна; пра кожнага чалавека, пра кожную рэч ён гаварыў або з захапленнем, або з такою агідаю, што твар яго крывіўся і рабіўся злым і непрыгожым. У гарачнасці, з якою ён гаварыў, было нешта дзікае, парывістае; можа, у гэтым выяўляліся вынікі нядаўна перанесенай хваробы; здавалася, яго нехлямяжасць не што іншае, як з цяжкасцю заглушаны страх перад сваёю гарачнасцю.

Барон без усякіх намаганняў здабыў яго давер. Усяго паўгадзіны спатрэбілася на тое, каб авалодаць палкім, неспакойным сэрцам. Як бясконца лёгка можна падманваць дзяцей, прастадушных істот, любві якіх рэдка хто дамагаецца. Яму варта было толькі перанесціся ў мінулае - і ён так натуральна і проста ўвайшоў у тон дзіцячай балбатні, што хлопчыку здавалася, быццам ён размаўляе з роўным, і ўжо праз некалькі хвілін ад яго нясмеласці не засталося і следу. Ён быў шчаслівым, што тут, на гэтым пустэльным месцы, нечакана знайшоў сябра - і якога сябра! Забыліся венскія аднагодкі з іх тоненькімі галасамі і наіўнай балбатнёй, выкрэслены з памяці пачынаючы з гэтай знамянальнай гадзіны! Уся яго ўзнёслая сімпатыя належала цяпер новаму, даросламу сябру. Сэрца поўнілася гордасцю, калі барон, развітваючыся, прапанаваў яму заўтра раніцаю зноў пагуляць разам і ўжо здалёк яшчэ раз кіўнуў яму, як брату. Гэта была, мусіць, самая лепшая хвіліна ў яго жыцці. Нічога няма лягчэй, як падманваць дзяцей.

Барон, усміхаючыся, глядзеў услед хлопчыку, які імчаўся да ўвахода. Пасрэднік быў знойдзены. Ён ведаў, што хлопчык замучыць цяпер маці расказамі, перадасць ёй кожнае слова, - і ён з задавальненнем прыгадаў, як трапна ўставіў у размову некалькі кампліментаў у адрас маці, нязменна называючы яе «твая прыгожая мама». Можна не сумнявацца, што гаваркі хлопчык не супакоіцца, пакуль не пазнаёміць яго з маці. Яму самому болей не трэба будзе варушыць і пальцам, каб скараціць адлегласць паміж сабою і прыгожаю незнаёмкаю; ён можа спакойна цешыцца цудоўнымі краявідамі і марыць: ён ведае, што гарачыя дзіцячыя рукі пракладваюць яму мост да яе сэрца.

 

ТРЫА

 

Баронаў план, як высветлілася праз некалькі гадзін, аказаўся выдатным і ўдаўся на ўсе сто працэнтаў. Калі малады барон - наўмысна з некаторым спазненнем - увайшоў у сталовую, Эдгар ускочыў з крэсла, старанна прывітаўся і са шчасліваю ўсмешкаю памахаў яму рукою. Потым ён пацягнуў маці за рукаў, пачаў хутка і ўсхвалявана штосьці шаптаць ёй і ківаць на барона. Яна чырванела і саромелася, дакарала яго за празмерна шумныя паводзіны, але была вымушана ўступіць настойліваму хлопчыкаваму жаданню і зірнуць у бок барона, які адразу выкарыстаў гэта, каб пачціва пакланіцца. Знаёмства адбылося. Ёй прыйшлося адказаць на яго паклон, але потым яна нагнулася над талеркаю і праз увесь абед больш ні разу не паглядзела на барона. Іначай паводзіў сябе Эдгар, які ўвесь час паглядваў на яго і раз нават паспрабаваў загаварыць з ім цераз стол, але гэта была ўжо яўная непрыстойнасць, і маці зараз жа зрабіла яму строгае ўнушэнне. Пасля вячэры яна загадала хлопчыку ісці спаць, але ён пачаў шаптацца з ёю, відаць, горача прасіў дазволу падысці да суседняга століка, каб развітацца са сваім сябрам, і нарэшце атрымаў яго. Барон сказаў яму некалькі ласкавых слоў, ад якіх хлопчыкавы вочы зноў заззялі, і хвіліны дзве балбатаў з ім. Раптам барон устаў і, павярнуўшыся зграбным рухам да суседняга стала, павіншаваў крыху збянтэжаную маці з такім разумным, развітым сынам, упамянуў аб задавальненні, якое прынесла яму ранішняя прагулка - Эдгар стаяў тут жа, увесь чырвоны ад гордасці і шчасця, - і ў заключэнне пачаў распытваць пра яго здароўе так клапатліва і падрабязна, што яна не магла не адказваць. Непрыкметна распачалася доўгая гутарка, да якой хлопчык прыслухоўваўся неяк пачціва, ззяючы ад шчасця. Барон адрэкамендаваўся, і яму здалося, што яго прозвішча і тытул пацешылі яе самалюбства. Ва ўсякім разе, яна была вельмі ласкавая з ім, хоць і стрыманая, і нават рана развіталася, ветліва спаслаўшыся на тое, што хлопчыку пара спаць.

Эдгар запратэставаў, ён горача запэўніваў, што зусім не стаміўся і гатовы прасядзець усю ноч, але маці ўжо працягнула барону руку; той пачціва пацалаваў яе.

Хлопчык дрэнна спаў у гэтую ноч. Дзесьці ў глыбіні душы радасць пераблыталася з дзіцячаю роспаччу. Нешта новае ўвайшло сёння ў яго жыццё. Упершыню ён далучыўся да жыцця дарослых. У паўсне ён забываў свой узрост, і яму здавалася, што ён і сам ужо не хлопчык. Дагэтуль ён рос адзінокім, хваравітым дзіцём, сяброў у яго было мала. Каб задаволіць патрэбу ў ласцы, ён мог звяртацца толькі да бацькоў, якія мала ім цікавіліся, ды яшчэ да слуг. Сілу пачуцця нельга вымераць толькі яго непасрэднаю прычынаю і не браць пад увагу тую змрочную паласу тугі і адзіноты, якая папярэднічае ўсім вялікім падзеям у жыцці сэрца. Хлопчыка даўно мучыў вялізны цяжар нерастрачаных пачуццяў, і цяпер ён стрымгалоў кінуўся ў абдымкі першаму, хто здаўся яму вартым гэтага пачуцця. Эдгар ляжаў у цемры, усхваляваны, шчаслівы, яму хацелася смяяцца, але з вачэй цяклі слёзы, бо ён любіў гэтага чалавека, як ніколі не любіў ні сябра, ні таты, ні мамы, ні нават бога. Усім сваім дзіцячым, недасведчаным сэрцам ён імкнуўся да таго, чыё імя ўпершыню пачуў дзве гадзіны таму назад.

Але хлопчык ён быў разумны, і яго не збянтэжыла нечаканасць гэтага дзіўнага новага сяброўства. Мучыла яго другое: усведамленне ўласнай нікчэмнасці. «Ці варты я яго, я, дванаццацігадовы хлопчык, якому яшчэ доўга хадзіць у школу, якога раней усіх адсылаюць спаць? - пакутліва дапытваўся ён у самога сябе. - Кім я магу быць яму, што я магу яму даць?» Менавіта гэтае пакутліва ўспрынятае ім пачуццё непаўнацэннасці, бяссілле паказаць сваю любоў даводзіла яго да роспачы. Звычайна, калі яму падабаўся хто-небудзь з таварышаў, ён перш за ўсё дзяліўся з ім скарбамі, схаванымі ў парце: паштовымі маркамі або каменьчыкамі, але ўсе гэтыя дзіцячыя каштоўнасці, якія яшчэ ўчора здаваліся яму прывабна-неацэннымі, цяпер адразу пабляклі, пацьмянелі і страцілі сваю цікавасць у яго вачах. Ці мог ён прапанаваць іх новаму сябру, да якога нават не асмельваўся звяртацца на «ты»? Ці ёсць шлях, ці ёсць магчымасць выказаць яму свае пачуцці? Усё мацней пакутаваў ён ад усведамлення ўласнае нясталасці, усведамлення таго, што ён яшчэ толькі паўчалавека, толькі дванаццацігадовае дзіця; ніколі не праклінаў ён гэтак бурна свой дзіцячы ўзрост, ніколі не адчуваў такой прагі прачнуцца другім, такім, якім бачыў сябе ў марах: вялікім і моцным, мужчынам, такім, як і ўсе дарослыя.

У гэтыя трывожныя думкі ўпляталіся хуценька першыя светлыя мары аб новым свеце дарослага мужчыны. Эдгар нарэшце заснуў з усмешкаю на вуснах, але ўспамін аб заўтрашнім спатканні рабіў яго сон неспакойным. Ён баяўся спазніцца і ўскочыў з ложка ўжо ў сем гадзін, хуценька адзеўся, зайшоў павітацца з мамаю ў яе пакой, чаму яна вельмі здзівілася, бо звычайна ёй з цяжкасцю ўдавалася падняць яго з ложка, і, не даўшы ёй магчымасці папытацца яшчэ пра што-небудзь, пабег уніз. Да дзевяці гадзін ён сноўдаўся там, поўны нецярпення, забыўся пра снеданне; яго займала адна думка - каб толькі ён не прымусіў чакаць свайго сябра.

А палове дзесятай барон, нарэшце, паволі, з бесклапотным выглядам спусціўся ў вестыбюль. Ён, вядома, даўно забыўся пра сваё абяцанне, але калі Эдгар імкліва кінуўся да яго, ён усміхнуўся гэтаму палкаму парыву і выказаў гатоўнасць стрымаць сваё слова. Ён узяў хлопчыка пад руку, прагуляўся крыху са сваім юным, ззяючым ад шчасця спадарожнікам, але адмовіўся - мякка, але рашуча - пайсці цяпер куды-небудзь пагуляць далей. Ён як быццам чагосьці чакаў, мяркуючы па нецярплівых позірках, якія ён кідаў на дзверы. Раптам барон насцярожыўся. Эдгарава маці ўвайшла ў вестыбюль і, ветліва адказаўшы на баронава прывітанне, павярнула да іх. Яна ўхвальна ўсміхнулася, пачуўшы пра запланаваную прагулку, пра якую Эдгар не расказваў ёй, раўніва захоўваючы запаветную таямніцу, і адказала згодаю на баронава запрашэнне прыняць у ёй удзел.

Эдгар адразу насупіўся, закусіў губы. Як прыкра, што яна ўвайшла якраз у гэтую хвіліну! Прагулка ж цалкам належала яму; калі ён і пазнаёміў свайго сябра з мамаю, то гэта была толькі яго добрая ласка, але дзяліць сябра з ёю ён не мае намеру. Заўважыўшы галантнае абыходжанне барона з мамаю, ён ужо адчуваў нешта накшталт рэўнасці.

Яны пайшлі на прагулку ўсе, і надта яўная ўвага, якую абое дарослыя спадарожнікі звярталі на дзіця, узмацняла ў ім небяспечнае ўсведамленне сваёй значнасці. Эдгар быў амаль адзіным прадметам іхняй размовы: маці з крыху перабольшанай трывогаю гаварыла, які ён бледны і нервовы, а барон з усмешкаю пярэчыў ёй і рассыпаўся ў пахвалах свайму «сябру», як ён яго зваў. Ніколі Эдгар не быў такі шчаслівы. Упершыню ён атрымаў правы, якіх увесь час быў пазбаўлены. Ён удзельнічаў у размове, і ніхто не спыняў яго; ён нават выказваў дзёрзкія просьбы, і яму даравалі гэта. І нядзіўна, што ў ім з кожнаю хвілінаю расло падманлівае пачуццё, што ён ужо дарослы. Ён цешыў сябе думкаю, што дзяцінства засталося за ім, як застаецца скінутае адзенне, з якога ты ўжо вырас.

У абед, па запрашэнні Эдгаравай маці, якая рабілася ўсё больш ласкавай, барон сядзеў за іх сталом. Візаві ператварыўся ў суседа, знаёмы - у сябра. Трыа наладзілася, і тры галасы - жаночы, мужчынскі і дзіцячы - гучалі ва ўнісон.

 

АТАКА

 

Нецярплівы паляўнічы вырашыў, што настаў час падкрасціся да здабычы. Сямейны ансамбль з трох чалавек надакучыў яму. Вельмі хораша быць разам усім і балбатаць, але, зрэшты, не балбатня ж была ягоная мэта. А ён ведаў, што салонны тон, які патрабаваў маскіроўкі жаданняў, заўсёды ў адносінах паміж мужчынам і жанчынаю ставіць на задні план эратычнае, пазбаўляе словы пачуцця, а націск - палу. Трэба зрабіць так, каб за свецкаю гутаркаю яна не забывалася пра яго сапраўдныя намеры, якія - у гэтым ён не сумняваўся - яна ўжо разгадала.

Было нямала шанцаў, што яго заляцанні да гэтай жанчыны ўвянчаюцца поспехам. Яна дасягнула таго крытычнага ўзросту, калі жанчына пачынае раскайвацца, што ўсё жыццё захоўвала вернасць мужу, якога, зрэшты, ніколі не кахала, і калі закат знікаючай прыгажосці яшчэ дазваляе зрабіць выбар: быць толькі маці або яшчэ раз, апошні, пабыць жанчынаю. Жыццё, здавалася, даўно ўжо адказала на ўсе пытанні, але тут яно яшчэ раз ставіць новае пытанне, апошні раз магнітная стрэлка волі вагаецца паміж надзеяй на эратычнае пачуццё і канчатковым самаадрачэннем. Жанчына тады стаіць перад рашаючым выбарам - або жыць уласным жыццём, або жыццём сваіх дзяцей, быць маці або быць жанчынаю. І барон, дасведчаны ў такога роду справах, заўважыў у Эдгаравай маці адзнакі гэтага небяспечнага вагання. Яна ніколі не ўспамінала ў размове пра мужа і амаль не ведала ўнутранага жыцця дзіцяці. Цень нуды, завуаляваны меланхоліяй, ляжаў на яе міндалепадобных вачах і толькі крыху прыглушаў захаванае ў іх палкае пачуццё. Барон вырашыў ісці да мэты імкліва і разам з тым не выказваць ніякай паспешнасці. Наадварот, як рыбак, што прынаджвае здабычу і адпускае лёску, ён разыгрываў абыякавасць, каб прымусіць яе імкнуцца да збліжэння, хоць сапраўды імкнуўся да яго сам. Ён вырашыў паводзіць сябе крыху высакамерна, падкрэсліваць адрозненне ў грамадскім становішчы; яго спакушала думка авалодаць гэтай пышнай спелай прыгажуняй, разлічваючы толькі на свой выгляд, гучнае арыстакратычнае імя і халоднае абыходжанне.

Гульня пачала ўжо не на жарт хваляваць яго, і таму ён прымусіў сябе быць больш асцярожным. Рэшту дня ён правёў у сваім пакоі, з прыемнасцю ўсведамляючы, што яго чакаюць і шкадуюць аб яго адсутнасці. Але яго адсутнасць не зрабіла асабліва моцнага ўражання на таго, у каго цэліў барон, затое бедны хлопчык зусім змучыўся. Эдгар адчуваў сябе цэлы дзень бясконца няшчасным, быў сам не свой; з упартаю, уласціваю яго ўзросту вернасцю ён усе гэтыя доўгія гадзіны нястомна чакаў сябра. Пайсці гуляць ці заняцца чым-небудзь у адзіноце здавалася яму здрадаю. Ён бадзяўся як непрыкаяны па калідорах, і з кожнаю гадзінаю гора яго расло; у думках ён ужо не раз гаварыў сабе, што з баронам здарылася няшчасце ці што ён выпадкова пакрыўдзіў яго, і хлопчык ледзь не плакаў ад нецярпення і страху.

Калі барон з'явіўся ўвечары да стала, ён быў сустрэты з вялізнаю радасцю. Эдгар, нягледзячы на строгі мацерын вокрык і здзіўленыя позіркі прысутных, кінуўся яму насустрач і парывіста абхапіў яго худзенькімі ручкамі.

- Дзе вы былі? Куды вы хадзілі? - усхвалявана пытаўся ён. - Мы ўсюды шукалі вас.

Пачуўшы гэтае «мы», Эдгарава маці пачырванела і сказала даволі сярдзіта:

- Sois sage, Edgar. Assieds toi!* - Яна заўсёды гаварыла з ім па-французску, хоць валодала гэтаю моваю далёка не дасканала і таму часта садзілася на мель, калі трэба было сказаць што-небудзь больш складанае.

* Паводзь сябе прыстойна, Эдгар. Сядзь на месца! (фр.)

Эдгар паслухаўся, але ўсё прыставаў да барона з пытаннямі.

- Ты забываешся, Эдгар. Барон можа рабіць усё, што яму хочацца. Можа, яму нецікава з намі. - На гэты раз яна гаварыла і ад свайго імя, і барон з радасцю адчуў, што гэтым папрокам яна напрошваецца на камплімент.

Паляўнічы настрой авалодаў ім, п'яніла хваляванне - як хутка ён натрапіў на след, і здабыча ўжо на адлегласці стрэлу. Вочы ў яго блішчалі, кроў кіпела, словы ліліся з вуснаў лёгка і вольна. Як усякі пажадлівы мужчына, ён рабіўся ўдвайне добрым, удвайне самім сабою, ледзь толькі заўважаў, што падабаецца жанчынам; так многія акцёры іграюць з натхненнем толькі тады, калі адчуваюць, што ўся глядзельная зала пакорана імі. Ён заўсёды лічыўся выдатным апавядальнікам, умеў гаварыць ярка і вобразна, але сёння - ён выпіў некалькі келіхаў шампанскага, заказанага ў гонар новага сяброўства, - ён перасягнуў самога сябе. Ён расказваў пра паляванне ў Індыі, у якім прымаў удзел, калі гасцяваў у сябра - знатнага ангельца; ён наўмысна выбраў такую бяспечную тэму; акрамя таго, ён здагадваўся, што гэтую жанчыну павінна хваляваць недасягальная для яе экзотыка. Але каго ён зачараваў канчаткова, дык гэта Эдгара: хлопчыкавы вочы ззялі ад захаплення. Ён забыўся пра яду і пітво і прагна лавіў кожнае слова. Яму і ў сне не снілася, што ён калі-небудзь на свае вочы ўбачыць чалавека, які сапраўды перажыў усе гэтыя неверагодныя прыгоды, пра якія ён чытаў у кніжках: паляванне на тыграў, цемнаскурыя індыйцы, і Джагернаўт - страшэнная свяшчэнная калясніца, якая душыла сваімі коламі тысячы людзей. Дагэтуль ён не верыў, што ёсць на свеце такія людзі, як не верыў у існаванне казачных краін, і з баронавых расказаў перад ім раптоўна адкрыўся вялізны невядомы свет. Ён не зводзіў вачэй з сябра; затаіўшы дыханне, глядзеў на яго рукі, якія забілі тыгра. Ён ледзь асмельваўся дрыготкім голасам задаваць пытанні; жывое ўяўленне малявала яму яркія карціны: вось яго сябар верхам на слане, накрытым пурпуроваю гунькаю, справа і злева цемнаскурыя людзі ў раскошных турбанах, і раптам з джунгляў выскоквае тыгр і б'е цяжкаю лапаю па слановым хобаце. Цяпер барон расказваў яшчэ цікавейшыя рэчы - пра хітрасці, якія ўжываюць, калі палююць на сланоў: як выкарыстоўваюць старых прыручаных жывёлін, каб завабіць у загарадзь маладых, дзікіх і гарэзлівых. Хлопчыкавы вочы гарэлі ліхаманкавым агнём. І раптам яго як аблілі халоднаю вадою - мама сказала, зірнуўшы на гадзіннік:

- Neuf heures! Au lit!*

* Дзевяць гадзін! Спаць пара! (фр.)

Эдгар збялеў ад страху. Для ўсіх дзяцей словы «спаць пара» - жахлівыя словы, бо гэта самае яўнае кляймо непаўнацэннасці, самае нагляднае адрозненне паміж дарослымі і дзецьмі, гэтая немінучая дзіцячая патрэба ісці спаць. Але наколькі жахлівей гэтая ганьба цяпер, калі яго, у самы цікавы момант, пазбаўляюць магчымасці даслухаць да канца такі хвалюючы расказ.

- Мама, дай паслухаць яшчэ хвілінку, толькі яшчэ пра сланоў.

Ён хацеў ужо пачаць кленчыць, але тут жа схамянуўся, успомніўшы пра сваю новую годнасць дарослага мужчыны. Ён адважыўся толькі зрабіць яшчэ адну спробу. Але чамусьці сёння мама была незвычайна строгая:

- Не, не, ужо позна. Ідзі наверх! Sois sage, Edgar. Я табе потым падрабязна раскажу ўсё, што будзе гаварыць барон.

Эдгар марудзіў. Звычайна маці клала яго спаць сама. Але ён не настойваў, не жадаў уніжэння перад сябрам. Дзіцячая гордасць прымусіла яго захаваць, прынамсі, бачнасць добраахвотнага адыходу.

- Праўда, мама? Ты раскажаш мне ўсё, усё? І пра сланоў, і пра ўсё другое?

- Раскажу, дзетка, раскажу.

- І адразу ж! Сёння ж!

- Але, але, а цяпер ідзі спаць. Ідзі!

Эдгар і сам не чакаў, што яму ўдасца так спакойна падаць руку барону і маме, хоць рыданні ўжо падступалі да горла. Барон па-сяброўску ўзлахмаціў яму валасы, і гэта яшчэ выклікала ўсмешку на напружаным хлопчыкавым твары. Але потым ён стрымгалоў кінуўся да дзвярэй - інакш яны ўбачылі б, як буйныя слёзы цяклі па ягоных шчоках.

 

СЛАНЫ

 

Эдгарава маці і барон пасядзелі яшчэ крыху за сталом, але ўжо не гаварылі ні пра сланоў, ні пра паляванне на тыграў. Ледзь толькі хлопчык пакінуў іх, як паміж субяседнікамі ўзнікла нейкая няёмкасць, нейкі няўлоўны непакой. Нарэшце яны перайшлі ў вестыбюль і селі ў кутку. Барон быў сёння як ніколі красамоўны, яна крыху разгарачаная некалькімі келіхамі шампанскага, і размова адразу набыла небяспечны кірунак. Барона, зрэшты, нельга было назваць прыгожым; але ён быў малады, смуглы энергічны твар яго, па-хлапечы каротка пастрыжаныя валасы, рэзкія, амаль развязныя жэсты зачароўвалі яе юнацкаю непасрэднасцю. Яна цяпер з прыемнасцю глядзела на яго зблізку і ўжо не баялася ягонага позірку. Але мала-памалу яго словы рабіліся смялейшымі, у іх прамільгвала ледзь схаванае жаданне - быццам ён дакранаўся да яе цела, абмацваў яго і потым адступаў, - і тады яна бянтэжылася і чырванела. Потым ён зноў смяяўся весела, па-хлапечы натуральна, і гэта надавала ўсім гэтым маленькім нетактоўнасцям выгляд дзіцячага жарту. Ёй часам здавалася, што трэба б яго строга спыніць, але яна была какетлівая ад прыроды і знаходзіла ў гэтай фрывольнай гульні задавальненне, ёй хацелася пабачыць, што будзе далей; нарэшце яна сама захапілася і нават пачала браць прыклад з яго. Яна кідала на яго кароткія, шматабяцальныя позіркі, у словах і жэстах ужо аддавалася яму, калі ён падсоўваўся так блізка, што яна адчувала на сваім плячы яго цёплае, трапяткое дыханне. Падобна ўсім гульцам, яны не заўважылі, як праляцеў час, і апамяталіся толькі апоўначы, калі пачалі тушыць агні.

Яна тут жа ўскочыла з месца і спалохана падумала, як далёка яна дазволіла сабе зайсці. Гульня з агнём не была ёй навіной, але яна падсвядома разумела, што на гэты раз ёй пагражае небяспека. З жахам адчувала яна, што траціць упэўненасць у сабе, што траціць глебу пад нагамі і ўсё здаецца ёй цьмяным, нібы ў паўдрымоце. Галава закружылася ад хвалявання, віна і гарачых слоў, і безразважны незразумелы страх авалодаў ёю - як ужо не раз у такія небяспечныя хвіліны, - але ўпершыню ў жыцці ён авалодаў ёю з такою ўладнаю сілаю.

- Дабранач, дабранач! Да заўтра! - паспешна сказала яна і памкнулася бегчы. Бегчы не столькі ад яго, як ад небяспекі гэтай хвіліны, ад новай, дзіўнай няўпэўненасці ў самой сабе. Але барон з мяккаю настойлівасцю ўтрымаў працягнутую на развітанне руку, пацалаваў яе, і не адзін раз, як патрабавала ветлівасць, а некалькі разоў - ад кончыкаў тонкіх пальцаў да згіну кісці, і яна з лёгкім дрыжаннем адчула на скуры казытлівы дотык яго шорсткіх вусоў. Неспакойная салодкая цяплынь разлілася па ўсім целе, кроў кінулася ў галаву, шалёна застукала ў скронях, страх, неўсвядомлены страх выбухнуў з новаю сілаю, і яна хуценька вырвала руку.

- Застаньцеся, - прашаптаў барон.

Але яна ўжо нязграбна і паспешна бегла ад яго, што яскрава сведчыла аб яе страху і разгубленасці. Ён дабіўся свайго: яна была ва ўладзе хвалявання, трывогі, яна ўжо сама не разумела, што з ёю робіцца. Яе гнаў бязлітасны, пякучы страх, што ён пойдзе ўслед за ёю і схопіць яе, і разам з тым яна шкадавала, што ён гэтага не зрабіў. Бо цяпер магло здарыцца тое, чаго яна несвядома чакала гадамі, сапраўдная любоўная прыгода, пра якую яна заўсёды ў глыбіні душы марыла, але перад якою дагэтуль заўсёды адступала ў апошні момант, - прыгода небяспечная і захапляючая, а не лёгкі, мімалётны флірт. Але барон быў залішне горды, каб выкарыстаць зручны выпадак. Упэўнены ў перамозе, ён не хацеў авалодаць гэтаю жанчынаю ў хвіліну слабасці і ап'янення; наадварот, правілы гульні патрабавалі чэснага паядынку, - яна сама павінна прызнаць сябе пераможанаю. Уцячы ад яго яна не магла. Ён бачыў, што атрута ўжо пранікла ў яе кроў.

На лесвічнай пляцоўцы яна спынілася, цяжка дыхаючы, і прыціснула руку да дрыготкага сэрца. Ёй трэба было крыху прыйсці ў сябе. Яна ледзь стрымлівала нервовае ўзбуджэнне. З грудзей вырваўся ўздых не то радасці, што пазбегла небяспекі, не то жалю; думкі блыталіся, галава крыху кружылася. З паўзаплюшчанымі вачамі, нібы п'яная, дабралася яна да свайго пакоя і ўздыхнула вольна, толькі калі ўзялася за халодную ручку дзвярэй. Толькі цяпер яна адчула сябе ў бяспецы!

Яна ціхенька прачыніла дзверы і тут жа спалохана адхіснулася. Штосьці заварушылася ў глыбіні цёмнага пакоя. Перанапружаныя нервы не вытрымалі, яна ледзь не ўскрыкнула, але тут пачуўся ціхі, сонны голас:

- Гэта ты, мама?

- А божачка, што ты тут робіш? - Яна кінулася да канапы, дзе ляжаў скурчаны Эдгар, які толькі прыходзіў у сябе пасля сну. Яе першаю думкаю было, што дзіця захварэла ці з ім здарылася няшчасце.

Але Эдгар, яшчэ паўсонны, казаў з лёгкім папрокам:

- Я чакаў цябе, доўга чакаў, а потым заснуў.

- Чаму ж ты чакаў мяне?

- З-за сланоў!

- Якіх сланоў?

Тут толькі яна зразумела. Яна ж абяцала яму яшчэ сёння расказаць пра паляванне і ўсе прыгоды. І хлопчык пракраўся ў яе пакой, прастадушны, дурненькі хлопчык, і даверліва чакаў яе, пакуль не заснуў. Гэты недарэчны ўчынак абурыў яе. Ці, дакладней, яна ўзлавалася на самую сябе, хацела заглушыць пачуццё сораму і віны, якое заварушылася ўнутры.

- Зараз жа ідзі спаць, малы ты нягоднік! - крыкнула яна.

Эдгар паглядзеў на яе здзіўлена. Чаго яна гэтак злуецца на яго, ён жа нічога дрэннага не зрабіў? Але яго здзіўленне яшчэ болей узлавала яе.

- Зараз жа ідзі да сябе ў пакой! - закрычала яна шалёна, хоць і адчувала, што робіць няправільна.

Эдгар моўчкі пайшоў. Ён, уласна, страшна стаміўся і толькі праз сонны туман, які душыў яго, цьмяна адчуваў, што мама не стрымала слова і што з ім абышліся нядобра. Але ён не спрачаўся. Усё ў ім атупела ад свінцовай стомы; акрамя таго, ён вельмі злаваўся на сябе, што заснуў, замест таго каб дачакацца мамы. «Як маленькае дзіця», - з абурэннем падумаў ён, перш чым зноў заснуць.

Бо з учарашняга дня ён ненавідзеў сваё дзяцінства.

 

ПЕРАСТРЭЛКА

 

Барон дрэнна спаў уночы. Заўсёды небяспечна ісці спаць пасля перарванай прыгоды; неспакойны, цяжкі сон гэтай ноччу вельмі хутка прымусіў яго пашкадаваць аб упушчаным моманце. Калі раніцаю, нявыспаны і змрочны, ён спусціўся ўніз, насустрач яму са сваёй засады выскачыў Эдгар, радасна абняў яго і пачаў прыставаць з пытаннямі. Хлопчык быў шчаслівы, што можа хоць на хвіліну цалкам завалодаць дарослым сябрам і не дзяліць яго з мамаю. Хай ён надалей расказвае толькі яму, а не маме, настойліва прасіў ён, - бо яна, нягледзячы на абяцанне, нічога не расказала яму пра ўсе цуды. Ён засыпаў захопленага знянацку барона, які не хаваў свайго кепскага настрою, сотняй надакучлівых дзіцячых пытанняў. Да іх ён дамешваў бурнае выяўленне сваёй любові, не помніў сябе ад шчасця, што, нарэшце, ён зноў сам-насам са сваім сябрам, якога чакаў з самага ранку.

Барон адказваў непрыветліва. Гэтае вечнае высочванне, наіўныя хлопчыкавы пытанні і яго празмерная, няпрошаная любоў рабіліся для яго цяжарам. Яму надакучыла дзень пры дні важдацца з дванаццацігадовым дзіцём і балбатаць усякую лухту! Барон хацеў цяпер толькі аднаго: каваць жалеза, пакуль гарачае, застацца з Эдгаравай маці сам-насам, а гэта з-за хлопчыкавай назойлівасці было нялёгкаю задачаю. Упершыню ён падумаў з прыкрасцю, што зрабіў неасцярожна, узбудзіўшы такое гарачае сяброўства, але пакуль што ён не бачыў, як адвязацца ад дакучлівага сябра.

Усё-такі барон вырашыў паспрабаваць. Да дзесяці гадзін, калі ён дамовіўся суправаджаць Эдгараву маці на прагулцы, барон цярпліва трываў ажыўленую хлопчыкаву балбатню, амаль не слухаў яе, толькі зрэдку ўстаўляў слова, каб не пакрыўдзіць яго, і адначасова гартаў газету. Як толькі гадзіннікавая стрэлка падышла да дзесяці, барон, быццам нешта ўспомніўшы, папрасіў Эдгара схадзіць у гатэль напроці і даведацца, ці не прыехаў яго стрыечны брат, граф Грундгейм.

Нічога не падазраючы, хлопчык, шчаслівы, што можа, нарэшце, зрабіць паслугу сябру, горды ад важнага даручэння, адразу ж ірвануўся з месца і памчаўся цераз дарогу так імкліва, што прахожыя праводзілі яго здзіўленымі позіркамі. Але ён хацеў паказаць, як старанна ён выконвае абавязак ганца. У гатэлі яму сказалі, што граф яшчэ не прыехаў і нават не папярэджваў аб сваім прыездзе. З гэтаю навіною ён пабег назад з тою ж шалёнаю хуткасцю. Але барона ў вестыбюлі не было. Тады ён пастукаў да яго ў пакой - і там нікога! Устрывожаны, ён абегаў усе пакоі, заглянуў у гасціную з раялем, у кавярню; потым кінуўся ў пакой да мамы, каб папытацца ў яе; але і мамы таксама нідзе не было. Парцье, да якога ён з роспачы вырашыў звярнуцца, сказаў, на велізарнае яго здзіўленне, што некалькі хвілін таму назад яны пайшлі разам.

Эдгар цярпліва чакаў. Па прастаце сваёй ён не падазраваў нічога дрэннага. Ён быў упэўнены, што яны хутка вернуцца, - бо ж барону трэба атрымаць адказ. Але праходзіла гадзіна за гадзінаю - і пакрысе ім авалодаў непакой. Наогул, з таго дня, як гэты чужы, спакуслівы чалавек уварваўся ў яго маленькае бесклапотнае жыццё, хлопчык увесь час нерваваўся, хваляваўся, не знаходзіў спакою. У кволым дзіцячым арганізме любое звышмоцнае пачуццё пакідае глыбокі след, як на мяккім воску. Нервовае дрыжанне павекаў узнавілася, твар зноў пабляднеў. Эдгар чакаў і чакаў - спачатку спакойна, потым страшэнна ўсхваляваны, пад канец ледзь стрымліваючы слёзы. Але ён усё яшчэ нічога не падазраваў. Ён слепа верыў у свайго цудоўнага сябра і думаў, што адбылося нейкае непаразуменне, і яго мучыў тайны страх, што ён няправільна зразумеў дадзенае яму даручэнне.

Але як дзіўна яму здалося, што калі яны нарэшце вярнуліся, абое весела балбаталі і не выказалі ніякага здзіўлення. Быццам яны зусім не заўважылі яго адсутнасці.

- Мы пайшлі табе насустрач, Эдзі, і спадзяваліся ўбачыць цябе па дарозе, - сказаў барон, нават не пытаючыся пра адказ; а калі хлопчык, спалоханы, што яны марна шукалі яго, пачаў запэўніваць, што ён бег па галоўнай дарозе, і пачаў распытваць, у які бок яны пайшлі, мама абарвала размову:

- Хопіць, хопіць! Дзеці не павінны так многа балбатаць!

Эдгар пачырванеў ад прыкрасці. Гэта была ўжо другая спроба зняважыць яго на вачах у сябра. Навошта яна гэта робіць, навошта яна так намагаецца паказаць яго дзіцём, калі ён цвёрда перакананы, што ўжо дастаткова дарослы? Няйначай, яна зайздросціць яму і хоча адабраць у яго сябра. І гэта, напэўна, яна наўмысна павяла барона другою дарогаю. Але ён не дазволіць, каб з ім так абыходзіліся, - яна гэта хутка ўбачыць. Ён здолее пастаяць за сябе. І Эдгар вырашыў ні слова не гаварыць з ёю сёння за сталом і звяртацца толькі да сябра.

Але гэты намер яму здзейсніць не ўдалося. Здарылася тое, чаго ён менш за ўсё чакаў: ніхто не заўважыў, што ён злаваўся. Ды яны і яго самога як быццам не заўважалі, а яшчэ ж учора ён быў у цэнтры ўвагі; цяпер яны размаўлялі толькі паміж сабою, жартавалі, смяяліся, быццам яго і не існавала, быццам ён зваліўся пад стол. Кроў кінулася яму ў твар, камяк падступіў да горла, дыхаць стала цяжка. З усё большай горыччу думаў ён пра сваё бяссілле. Значыцца, ён павінен спакойна сядзець і глядзець, як мама адбірае ў яго сябра - адзінага чалавека, якога ён любіў, - і ён нічога не можа зрабіць супраць, акрамя як маўчаць. Яму хацелася ўстаць з крэсла і стукнуць кулакамі па стале - хоць бы дзеля таго, каб напомніць ім аб сабе. Але ён стрымаўся, адно адклаў убок нож і відэлец і не дакрануўся болей да яды. Аднак і гэта доўга заставалася незаўважаным, і толькі калі прынеслі апошнюю страву, мама звярнула ўвагу, што ён нічога не есць, і папыталася, ці не хворы ён. «Агідна, - падумаў ён, - у яе толькі адно ў галаве, ці не хворы я, усё астатняе ёй усё роўна». Ён буркнуў, што яму не хочацца есці, і яна гэтым задаволілася. Нічым, абсалютна нічым не мог ён прыцягнуць да сябе ўвагі. Барон быццам зусім забыўся пра яго, прынамсі, ён не сказаў яму ні слова. Слёзы пяклі Эдгару вочы, і ён нават ужыў дзіцячую хітрасць - засланіўся сурвэткаю, каб ніхто не ўбачыў, як гэтыя праклятыя дзіцячыя слёзы цякуць па твары, пакідаюць на губах салёны прысмак. Нарэшце абед скончыўся, і ён уздыхнуў з палёгкаю.

У час абеду мама прапанавала разам з'ездзіць у Марыя-Шуц. Пачуўшы гэта, Эдгар закусіў губу. Ні на хвіліну не пакіне яна яго сам-насам з сябрам. Але як жа ён узненавідзеў яе, калі яна сказала, устаючы з-за стала:

- Эдгар, ты забудзеш усё, што вывучаў у школе, табе лепш пасядзець дома і пазаймацца.

Эдгар сціснуў маленькія кулачкі. Зноў яна зневажае яго перад сябрам, зноў напамінае адкрыта, што ён яшчэ дзіця, што павінен хадзіць у школу і што яго толькі церпяць сярод дарослых. Але гэтым разам яе намер быў занадта відавочны, - ён нават не адказаў і павярнуўся да яе спінаю.

- Ну вось, зноў ты пакрыўдзіўся, - сказала яна з усмешкаю і звярнулася да барона: - Няўжо так цяжка пасядзець з гадзінку над урокамі?

І тут - хлопчыкава сэрца быццам застыла і анямела - барон, які зваў сябе ягоным сябрам, барон, які смяяўся над тым, што ён любіць сядзець у пакоі, сказаў:

- Пазаймацца гадзінку-другую, думаю, не пашкодзіла б.

Што гэта - змова? Няўжо яны сапраўды ў саюзе супраць яго? Хлопчыкавы вочы ўспыхнулі ад гневу.

- Тата забараніў мне займацца. Тата хоча, каб я тут паправіўся, - кінуў ён, як бы горды сваёю хваробаю, роспачна чапляючыся за татаў аўтарытэт. Гэта прагучала як пагроза. І што дзіўна: ягоныя словы сапраўды збянтэжылі абаіх. Мама адвярнулася і нервова забарабаніла пальцамі па стале. Настала няёмкае маўчанне.

- Як хочаш, Эдзі, - прагаварыў нарэшце барон, вымушана ўсміхаючыся. - Мне экзаменаў не здаваць, я даўно праваліўся па ўсіх прадметах.

Але Эдгар не ўсміхнуўся баронаваму жарту, а паглядзеў на яго такім дапытлівым, пільным позіркам, быццам хацеў зазірнуць яму ў самую душу. Што здарылася? Штосьці перамянілася ў іх адносінах, і хлопчык не мог зразумець прычыны. Ён адвёў вочы. У яго сэрцы хутка і дробна стукаў малаточак - першае падазрэнне.

 

ПЯКУЧАЯ ТАЯМНІЦА

 

«Што з імі? - думаў хлопчык, седзячы насупраць іх у калясцы, якая хуценька кацілася па дарозе. - Чаму яны са мною не такія, як раней? Чаму мама не глядзіць мне ў вочы? Чаму ён увесь час жартуе са мною і крыўляецца? Яны больш не гавораць са мною так, як учора і заўчора. У іх і твары як быццам нейкія другія. У мамы сёння такія чырвоныя губы - пэўна, нафарбавала. Гэтага я ў яе яшчэ ніколі не бачыў. А ён усё моршчыць лоб, быццам яго пакрыўдзілі. Я ім нічога не зрабіў, не сказаў ніводнага крыўднага слова. Не, не ва мне рэч, яны самі не такія адно з адным, як раней. Быццам натварылі нечага і баяцца пра гэта гаварыць, не балбочуць, як учора, не смяюцца, ім быццам сорамна, яны нешта хаваюць. У іх ёсць таямніца, якую яны не хочуць мне выдаць. Я павінен раскрыць гэтую таямніцу чаго б яно ні каштавала. Я ведаю - гэта, мусіць, тое ж самае, з-за чаго дарослыя заўсёды зачыняюць дзверы перада мною, пра што пішуць у кніжках і спяваюць у операх, калі жанчыны і мужчыны працягваюць адно аднаму рукі, абдымаюцца, а потым адштурхваюцца. Мусіць, гэта накшталт таго, што было з маёю францужанкай, калі яна дрэнна паводзіла сябе з татам і яе адаслалі. Усё гэта, па-мойму, адно і тое самае, толькі я не ведаю чаму. Каб жа даведацца, даведацца, нарэшце, пра гэтую таямніцу, авалодаць ключом, які адчыніць усе дзверы, перастаць быць дзіцём, ад якога ўсё хаваюць і ўтойваюць, не даваць болей сябе падманваць! Цяпер або ніколі! Я вырву ў іх гэтую таямніцу!»

На лбе ў яго прарэзалася маршчына. Худзенькі дванаццацігадовы хлопчык, які знерухомеў у глыбокім роздуме, выглядаў старым; ні разу не зірнуў на расквечаны яркімі фарбамі краявід, на горы, якія зелянелі свежай хвояй саснякоў, на даліны ў яшчэ нясмелым ззянні запозненай вясны. Ён бачыў толькі сваю маму і барона, якія сядзелі на заднім сядзенні каляскі, ён як бы спрабаваў сваім гарачым позіркам, як вудаю, вылавіць таямніцу з бліскучых глыбінь іх вачэй. Нішто гэтак не адточвае розум, як пакутлівае падазрэнне, нішто з такою сілаю не заахвочвае працу нясталага розуму, як след, які губляецца ў змроку. Часам толькі тоненькія дзверы аддзяляюць дзяцей ад свету, які мы завём рэальным, і выпадковы парыў ветру можа расчыніць іх перад імі.

Эдгар раптам адчуў, што ён яшчэ ніколі так блізка не падыходзіў да невядомага, да вялікай таямніцы; яна была тут, перад ім, пакуль што не раскрытая, не разгаданая, але зусім, зусім блізка да яго. Гэта хвалявала і рабіла яго незвычайна, урачыста сур'ёзным. Бо ён падсвядома ўгадваў, што стаіць на рубяжы свайго дзяцінства.

Эдгарава маці і барон адчулі нейкае глухое супраціўленне, не падазраючы, што яно ідзе ад хлопчыка. Ім было цесна і няёмка ўтраіх у калясцы. Цёмныя Эдгаравы вочы, якія гарэлі неспакойным агнём, моцна трывожылі іх. Яны не адважваліся гаварыць, не адважваліся глядзець адно на аднаго. Да ранейшай лёгкай свецкай размовы шлях быў адрэзаны, яны вельмі ўжо ўцягнуліся ў тон іншасказаў, пад якімі хаваецца тайнае дрыготкае чаканне няскромных жаданняў. Размова не ладзілася; яны раз-пораз змаўкалі, быццам спатыкаліся аб перашкоду, потым пачыналі зноў і зноў змаўкалі, прыгнечаныя ўпартым хлопчыкавым маўчаннем.

Асабліва цяжкім было гэтае змрочнае маўчанне для маці. Яна асцярожна зірнула на яго, убачыла шчыльна сціснутыя вусны і ўпершыню са страхам адзначыла, як ён падобны на свайго бацьку, калі той раздражнёны або незадаволены. Напамінак аб мужу быў непрыемны цяпер, калі яна захапілася любоўнаю гульнёю. Бледны цемнавокі хлопчык з нахмураным лобам і насцярожаным позіркам здаваўся ёй злавесным прывідам, вартавым яе сумлення, і таму, што ён сядзеў так блізка ад яе ў цеснаце каляскі, яго прысутнасць удвайне прыгнятала яе. Раптам Эдгар падняў вочы, усяго на хвілінку, і тут жа і ён і яна апусцілі вочы: упершыню ў жыцці маці і сын адчулі, што сочаць адно за адным. Дагэтуль яны слепа давяраліся, але цяпер штосьці змянілася, штосьці раптам узнікла паміж імі. Упершыню ў жыцці яны сачылі адно за адным збоку, аддзялялі свой лёс ад лёсу другога - ужо з затоенай нянавісцю, такою новаю для іх, што яны яшчэ не асмельваліся прызнацца сабе ў гэтым.

Усе трое з палёгкаю ўздыхнулі, калі каляска спынілася перад гатэлем. Прагулка атрымалася няўдалаю, гэта адчувалі ўсе, але ніхто не адважваўся сказаць аб гэтым. Эдгар першы саскочыў з каляскі. Яго маці спаслалася на галаўны боль і паспешна паднялася да сябе. Яна вельмі стамілася, і ёй хацелася пабыць адной. Эдгар і барон засталіся ўнізе. Барон расплаціўся з фурманам, паглядзеў на гадзіннік і пайшоў у вестыбюль, не звяртаючы ўвагі на хлопчыка. Стройны, элегантны, ён прайшоў міма яго лёгкаю, пругкаю хадою, якая яшчэ ўчора так зачаравала Эдгара, што ён спрабаваў пераняць яе перад люстэркам. Ён прайшоў міма Эдгара, нават не зірнуўшы на яго. Відаць, ён забыўся пра хлопчыка, пакінуў стаяць яго каля каляскі з конямі, быццам не меў да яго ніякага дачынення.

У Эдгара штосьці надламалася ў душы, калі ён убачыў, як абыякава ідзе ад яго той, каго ён, нягледзячы ні на што, усё яшчэ абагаўляў; роспач авалодала ім - пайшоў, нават не дакрануўся да яго плашчом, не сказаў ні слова. Ён жа не адчуваў за сабою ніякай віны. Самавалоданне, якое каштавала яму столькіх намаганняў, пакінула яго; цяжар уласнай годнасці, які ён нёс цераз сілу, саслізнуў з яго слабых плячэй, і ён зноў зрабіўся дзіцём - маленькім і пакорным, якім быў яшчэ ўчора і раней. Усё далейшае адбылося незалежна ад яго волі. Ён ірвануўся дробненькімі крокамі ўслед за баронам, дагнаў яго, загарадзіў яму дарогу да лесвіцы і, увесь дрыжачы, выціснуў здушаным голасам, ледзь стрымліваючы слёзы:

- Што я вам зрабіў, што вы на мяне і глядзець не хочаце? Чаму вы ставіцеся да мяне, як да чужога. І мама таксама. Чаму вы заўсёды адпраўляеце мяне куды-небудзь? Няўжо я вам перашкаджаю ці я ў чым вінаваты?

Барон збянтэжыўся. У Эдгаравым голасе было нешта, што яго засароміла, кранула. Яму стала шкада прастадушнага хлопчыка.

- Эдзі, ты дурненькі! Проста я сёння не ў настроі. А ты добры хлопчык, і я цябе вельмі люблю. - Ён моцна пакудлаціў Эдгараў віхор, але адвярнуўся, каб не глядзець у поўныя слёз умольныя вялізныя дзіцячыя вочы. Камедыя, якую ён разыгрываў, пачынала дакучаць яму. Яму стала сорамна, што ён з такім халодным разлікам абудзіў да сябе любоў у гэтага дзіцяці, і балюча было слухаць тоненькі, дрыготкі ад затоеных рыданняў голас. - Ідзі наверх, Эдзі, а вечарам мы зноў будзем сябрамі, вось пабачыш, - сказаў ён прыміральна.

- І вы паможаце мне, калі мама будзе адпраўляць мяне адразу спаць? Паможаце?

- Памагу, Эдзі, памагу, - усміхнуўся барон. - А цяпер ідзі, мне трэба пераадзецца на вячэру.

Эдгар, супакоены на момант, падняўся да сябе. Але хутка ў яго сэрцы зноў застукаў малаточак. З учарашняга дня ён пастарэў на некалькі гадоў; невядомы госць - недавер - ужо трывала пасяліўся ў яго дзіцячым сэрцы.

Ён чакаў. Бо хутка ўсё павінна было вырашыцца. За вячэраю яны сядзелі ўсе за сталом. Час наблізіўся да дзевяці гадзін, але мама не адпраўляла яго спаць. Гэта ўстрывожыла хлопчыка. Чаму яна, наперакор звычаю, якраз сёння дазваляе яму так доўга заставацца ўнізе? Ці не сказаў барон маці пра іх дамоўленасць? Ён ужо горка раскайваўся, што пабег за баронам і даверліва раскрыў яму душу. У дзесяць гадзін мама раптам паднялася з месца і развіталася з баронам. І дзіўна: відаць, і ён не здзівіўся гэтаму ранняму адыходу і не затрымліваў яе. Усё мацней стукаў малаточак у хлопчыкавых грудзях.

Настаў рашучы момант. Ён, як нічога і не было, без пярэчанняў пайшоў за мамаю да дзвярэй. Каля іх ён раптам падняў вочы. І ў гэты момант ён перахапіў усмешлівы мамін позірк, кінуты цераз яго галаву ў баронаў бок, - позірк, які сведчыў аб тайнай змове. Значыцца, барон выдаў яго. Вось чаму мама так рана ідзе: яны вырашылі сёння развеяць яго падазрэнне, каб ён не перашкаджаў ім заўтра.

- Нягоднік, - прамармытаў ён.

- Што ты кажаш? - спыталася маці.

- Нічога, - працадзіў ён праз зубы. І ў яго цяпер ёсць свая таямніца. Імя ёй - нянавісць, бязмежная нянавісць да іх абаіх.

 

МАЎЧАННЕ

 

Эдгарава хваляванне прайшло. Нарэшце ўсё праяснілася і стала на сваё месца. Значыцца - нянавісць і адкрытая варожасць. Цяпер, калі ён пераканаўся, што ён ім замінае, не адыходзіць ад іх стала для яго жорсткай вытанчанай асалодай. Ён упіваўся думкаю, што перашкаджае ім, што можа, нарэшце, уступіць з імі ў бой, узброены ўсёю моцаю сваёй варожасці. Першы выклік ён кінуў барону. Калі той раніцаю спусціўся ўніз і, праходзячы міма, ласкава прагаварыў: «Маё шанаванне, Эдзі», - Эдгар, не гледзячы на яго і не ўстаючы з крэсла, прабурчаў: «Добрай раніцы», - а на пытанне: «Мама ўжо ўнізе?» - не адрываючы вачэй ад газеты, адказаў: «Не ведаю».

Барон разгубіўся. Што з ім?

- Што, дрэнна спаў, Эдзі? - Як заўсёды, жарт павінен быў выратаваць становішча. Але Эдгар толькі пагардліва кінуў: «Не», - і зноў уткнуўся ў газету.

- Дурное дзіця, - прамармытаў барон, паціснуў плячамі і пайшоў далей. Вайна была аб'яўлена.

З мамаю Эдгар абышоўся холадна і вельмі ветліва. Нязграбная спроба паслаць яго на тэнісны корт пацярпела няўдачу. Горкая ўсмешка, якая прыўзняла кончыкі шчыльна сціснутых вуснаў, гаварыла, што падмануць яго болей не ўдасца.

- Лепш я пайду з вамі гуляць, мама, - сказаў ён з прытворнаю дружалюбнасцю і паглядзеў ёй у вочы. Адказ яўна не спадабаўся ёй. Яна марудзіла і быццам шукала чагосьці.

- Пачакай мяне тут, - нарэшце сказала яна і пайшла ў сталовую.

Эдгар застаўся чакаць, але насцярожыўся. Цяпер у кожным слове сваіх ворагаў ён бачыў тайны злосны намер. Падазронасць, якая авалодала ім, рабіла яго незвычайна здагадлівым. Так, замест таго каб чакаць у вестыбюлі, як яму было сказана, Эдгар палічыў за лепшае выбраць месца для назірання на вуліцы, адкуль ён мог сачыць не толькі за галоўным пад'ездам, але і за ўсімі астатнімі выхадамі. Інстынктыўна ён адчуваў падман. Але ён не дасць ім выслізнуць. Ён схаваўся за штабелем дроў - дакладна так, як у кніжках пра індзейцаў. Праз паўгадзіны - ён нават засмяяўся ад задавальнення - мама сапраўды выйшла праз бакавыя дзверы з букетам цудоўных руж у руках, і з ёю быў здраднік-барон.

Абое выглядалі вельмі вясёлымі. Радыя, што пазбавіліся ад яго і засталіся сам-насам са сваёю таямніцаю? Балбочучы і смеючыся, яны падаліся ў бок лесу.

Пара было дзейнічаць. Павольна, быццам ён трапіў сюды выпадкова, Эдгар выйшаў з-за дроў. Вельмі спакойна, няспешна падыходзіў ён да іх, каб уволю нацешыцца з іх збянтэжанасці. Убачыўшы Эдгара, абое абмяняліся неўразумелымі позіркамі. Павольна, нібы так яно і было трэба, ён падышоў бліжэй, не зводзячы з іх насмешлівага позірку.

- А вось і ты, Эдзі, а мы цябе ўжо там шукалі, - сказала нарэшце мама. «Як жа нахабна яна маніць», - падумаў хлопчык. Але вусны яго не растуліліся. За сціснутымі зубамі яны моцна трымалі таямніцу нянавісці.

Усе трое нерашуча спыніліся. Кожны сачыў, як паводзіць сябе другі.

- Ну што ж, пойдзем, - уздыхнуўшы, сказала Эдгарава маці, ад прыкрасці абрываючы пялёсткі прыгожай ружы. Лёгкае ўздрыгванне ноздраў выдавала яе гнеў. Эдгар стаяў, быццам гэта яго не датычылася, глядзеў па баках, пачакаў, пакуль яны не крануліся з месца, і потым сабраўся ісці за імі следам. Барон зрабіў яшчэ адну спробу:

- Сёння тэнісны турнір. Ты калі-небудзь бачыў такое?

Эдгар нават не адказаў, толькі пагардліва зірнуў на яго і склаў губы, быццам збіраўся свістаць. Вось яго адказ. Нянавісць паказала свае вострыя зубы.

Нязносным цяжарам гняла абаіх няпрошаная хлопчыкава прысутнасць. Гэтак зняволеныя ходзяць услед за турэмшчыкам, тайком сціскаючы кулакі. Хлопчык нічога кепскага не рабіў, і ўсё ж з кожнай хвілінай усё цяжэй рабілася выносіць яго пільны позірк, вільготныя ад нявыплаканых слёз вочы, хмурную зласлівасць, якая бурчаннем адказвала на любую спробу збліжэння.

- Ідзі паперадзе! - раптам сярдзіта сказала маці, устрывожаная яго назойлівым падслухоўваннем. - Не тапчыся ўвесь час пад нагамі, гэта мне дзейнічае на нервы.

Эдгар паслухаўся, але праз кожныя пару крокаў ён паварочваўся, спыняўся, калі яны адставалі, і позірк яго кружыў вакол іх, як Мефістофель у абліччы пудзеля, аблытваючы іх вогненнай сеткай нянавісці, з якой - яны гэта адчувалі - ім не вырвацца.

Жорсткае маўчанне, быццам кіслатою, раз'ела іх весялосць, падазроны позірк забіваў кожную спробу весці размову. Барон ужо не адважваўся сказаць ніводнага ліслівага слова, ён са злосцю адчуваў, што жанчына выслізгвае з яго рук, што з такою цяжкасцю распаленае ў ёй пачуццё астывае з-за страху перад надакучлівым, агідным хлапчуком. Яны зноў і зноў спрабавалі завесці размову - і кожны раз яна абрывалася. Нарэшце яны ўтраіх толькі моўчкі ішлі па дарозе, прыслухоўваліся да шолаху дрэў і ўласных сярдзітых крокаў. Хлопчык задушыў у іх усякае жаданне размаўляць.

Цяпер усе трое былі ва ўладзе раздражнення і злосці. Эдгар помсціў за здраду, упіваўся іх бяссільным гневам і разам з тым з нецярпеннем і нянавісцю чакаў, калі гэты назапашаны гнеў вырвецца наверх. Насмешліва прыжмуранымі вачамі паглядаў ён на сярдзіты баронаў твар. Ён заўважыў, што барон лаецца праз зубы і ледзь стрымліваецца, каб не абрушыць на яго паток лаянкі, і зларадна сачыў за маці, якая ўсё больш злавалася; абое яны толькі і чакалі зачэпкі, каб накінуцца на яго, устараніць або абясшкодзіць яго. Але ён не даваў ніякай зачэпкі; яго нянавісць, якая расла доўгі час, навучыла яго быць асцярожным, і ён не рабіў памылак.

- Давайце вернемся, - раптам сказала маці. Яна адчувала, што болей не вытрымае, што павінна штосьці зрабіць - хоць бы закрычаць ад гэтага катавання.

- Як шкада, - спакойна адазваўся Эдгар, - тут так хораша.

Абое яны разумелі, што хлопчык здзекуецца з іх. Але яны не адважваліся што-небудзь сказаць, так бездакорна маленькі тыран за два дні навучыўся валодаць сабою. Ніводзін мускул на яго твары не выдаваў злой іроніі. Не сказаўшы ні слова за ўсю доўгую дарогу, яны павярнулі назад. Калі маці засталася ў сваім пакоі адна з сынам, яна ўсё яшчэ не магла супакоіцца і сярдзіта адкінула ўбок парасон і пальчаткі. Эдгар адразу заўважыў, што нервы яе напружаны да крайнасці і яна толькі шукае, на чым спагнаць гнеў; але ён прагнуў выбуху і наўмысна заставаўся ў пакоі, каб яшчэ болей раззлаваць яе. Яна прайшлася ўперад і назад, села, пабарабаніла пальцамі па стале, потым зноў ускочыла з месца.

- Які ты раскудлачаны, брудны. Пасаромеўся б людзей! Бо ты ж ужо не маленькі!

Без пярэчання хлопчык пайшоў і прычасаўся. Гэтае маўчанне са здзекліваю ўсмешкаю на вуснах прыводзіла яе ў шаленства. Яна з радасцю адлупцавала б яго.

- Ідзі ў свой пакой! - крыкнула яна, не могучы болей выносіць яго прысутнасць. Эдгар усміхнуўся і выйшаў.

Як яны абое дрыжалі цяпер перад ім, як яны, барон і мама, баяліся застацца ўтраіх, як яны баяліся ягонага ўчэпістага бязлітаснага позірку! Чым горш яны адчувалі сябе, тым большае задавальненне свяцілася ў яго вачах, тым больш адкрытаю рабілася яго радасць. Эдгар мучыў безабаронных з амаль неўсвядомленаю дзіцячаю жорсткасцю. Барон яшчэ стрымліваў свой гнеў, спадзеючыся, што яму ўдасца перахітрыць хлопчыка, і думаў толькі пра сваю мэту. Але Эдгарава маці раз-пораз траціла самавалоданне. Было палёгкаю прыкрыкнуць на яго.

- Не круці відэльцам! - накінулася яна на яго за сталом. - Ты не ўмееш паводзіць сябе, цябе нельга садзіць побач з дарослымі.

Эдгар толькі ўсміхаўся, крыху нагнуўшы галаву ўбок. Ён ведаў, што яна крычыць з роспачы, і ганарыўся, што яны ўвесь час выдаюць сябе. Яго позірк быў цяпер зусім спакойны, як позірк урача. Раней ён, мусіць, гаварыў бы дзёрзкасці, каб пазлаваць маму, але нянавісць хутка навучае шмат чаму. Цяпер ён толькі маўчаў, маўчаў і маўчаў, пакуль яна не пачынала стагнаць пад цяжарам яго маўчання.

Яна болей не магла стрымлівацца. Калі яны выйшлі з-за стала і Эдгар з той самай упартаю назойлівасцю сабраўся ісці за імі, яе раптам скаланула. Яна забылася пра асцярожнасць і кінула яму ў твар усю праўду. Не могучы трываць яго неадступнае высочванне, яна ўстала на дыбкі, як змучаны мухамі конь.

- Чаго ты ўсё бегаеш за мною, як трохгадовае дзіця? Я не хачу, каб ты ўвесь час мазоліў мне вочы. Дзецям не месца сярод дарослых. Запомні гэта! Займіся чым-небудзь хоць на гадзіну! Чытай ці рабі што хочаш. Пакінь мяне ў спакоі! Ты нервуеш мяне сваім высочваннем і агідным настроем.

Нарэшце ён вырваў у яе прызнанне! Эдгар усміхнуўся, а барон і маці адчувалі сябе збянтэжанымі. Яна адвярнулася і хацела пайсці, злуючы на сябе, што не здолела схаваць ад сына сваю прыкрасць. Але Эдгар спакойна адказаў:

- Тата не хоча, каб я заставаўся адзін. Тата ўзяў з мяне слова, што я буду ўвесь час з табою.

Ён напіраў на слова «тата», бо ўжо заўважыў, што яно ўздзейнічала на іх прыгнятальна. Значыцца, і тата неяк ублытаны ў гэтую таямніцу; мабыць, тата мае над імі нейкую тайную, незразумелую ўладу, калі яны палохаюцца аднаго яго імя. І гэтым разам яны зноў нічога не адказалі. Яны склалі зброю. Мама пайшла наперад, барон побач з ёю. Эдгар ішоў за імі, але не пакорна, як слуга, а сурова і строга, як няўмольны вартавы. Ён звінеў нябачным ланцугом, які яны беспаспяхова спрабавалі разарваць. Нянавісць загартавала яго дзіцячую сілу; ён, каму не была адкрыта тайна, быў мацней за тых, каму яна звязвала рукі.

 

ІЛГУНЫ

 

Але часу заставалася ўсё меней, усяго некалькі дзён, і трэба было спяшацца. Яны разумелі, што зламаць упартасць раздражнёнага хлопчыка немагчыма, і звярнуліся да апошняга, самага ганебнага сродку, каб хоць на адну-дзве гадзіны пазбавіцца ад яго дэспатычнага прыставання, - да ўцёкаў.

- Здай гэтыя заказныя лісты на пошту, - сказала Эдгару маці. Яны стаялі ў вестыбюлі, барон каля пад'езда наймаў фіякр.

Эдгар недаверліва ўзяў лісты; перад гэтым ён заўважыў, што адзін слуга нешта гаварыў маме. Ці не задумваюць яны, зрэшты, разам што-небудзь супраць яго?

Ён марудзіў ісці.

- Дзе ты будзеш мяне чакаць?

- Тут.

- Праўда?

- Але.

- Толькі не адыходзь нікуды! Значыцца, ты будзеш чакаць мяне тут, у вестыбюлі, пакуль я не вярнуся?

Усведамляючы сваю перавагу, ён ужо гаварыў з маці загадным тонам. Шмат што змянілася з пазаўчарашняга дня.

Ён пайшоў з лістамі на пошту. У дзвярах ён сутыкнуўся з баронам і ўпершыню за апошнія два дні загаварыў з ім:

- Я толькі здам гэтыя два лісты. Мама будзе чакаць, пакуль я не вярнуся. Калі ласка, без мяне нікуды не ідзіце.

Барон хутка прашмыгнуў міма.

- Але, але, мы пачакаем.

Эдгар памчаўся на пошту. Яму прыйшлося чакаць: пан перад ім задаваў дзесяткі нудных пытанняў. Нарэшце ён выканаў даручэнне і, заціснуўшы квітанцыі ў руцэ, стрымгалоў пабег назад. Ён паспеў у самы раз, каб пабачыць, як барон і мама ад'язджалі ад гатэля.

Эдгарам авалодала шаленства. Ён ледзь не схапіў з зямлі камень, каб шпурнуць ім услед. Уцяклі-такі ад яго, і як подла, як нізка яны манілі! Ён ужо ведаў з учарашняга дня, што мама маніць. Але тое, што яна магла так бессаромна парушыць сваё абяцанне, знішчыла ў ім апошнія рэшткі даверу да яе. Ён перастаў разумець жыццё з таго часу, калі ўбачыў, што словы, якія дагэтуль увасаблялі рэчаіснасць, лопаюцца як мыльныя пузыры. Але што гэта за страшэнная тайна, якая даводзіць дарослых да таго, што яны маняць яму, дзіцяці, і ўцякаюць, быццам зладзеі? У кніжках, якія ён чытаў, людзі забівалі і падманвалі, каб здабыць грошы, магутнасць або царствы. А тут якая прычына? Чаго яны хочуць, чаго хаваюцца ад яго, што спрабуюць утоіць і чаму ўвесь час падманваюць яго? Ён ламаў галаву над гэтаю загадкаю, цьмяна адчуваў, што іх тайна - ключ да замка яго дзяцінства; авалодаць ёю - значыцца стаць дарослым, стаць, нарэшце, мужчынам. Ах, толькі б даведацца! Але думаць ён не мог. Яго душыў гнеў, што яны выслізнулі ад яго, і думкі блыталіся, быццам ён трызніў.

Ён пабег у лес, і там, у выратавальным змроку, дзе яго ніхто не бачыў, даў волю слёзам.

- Ілгуны, сабакі, манюкі, нягоднікі!

Яму здавалася, што, калі ён не выкрыкне гэтых слоў, яны задушаць яго. Гнеў, нецярпенне, прыкрасць, цікаўнасць, бездапаможнасць і крыўда апошніх дзён, задушаныя нясталаю воляю дзіцяці, якое ўявіла сябе дарослым, вырваліся і праліліся слязьмі... Гэта былі апошнія слёзы дзяцінства, апошні раз ён плакаў наўзрыд, з асалодаю, як плачуць жанчыны. Ён выплакаў у гэты час шалёнага сневу і даверлівасць, і любоў, і прастадушнасць, і павагу - усё сваё дзяцінства.

Хлопчык, які вярнуўся ў гатэль, быў ужо не той, хто плакаў у лесе. Ён не хваляваўся і дзейнічаў абдумана. Перш за ўсё ён пайшоў да сябе ў пакой і старанна памыў твар і вочы, бо не жадаў даць ім задавальненне бачыць сляды яго слёз. Потым ён распрацаваў план, як разлічыцца з імі. Ён чакаў цярпліва, зусім спакойна.

У вестыбюлі было даволі людна, калі фіякр з уцекачамі спыніўся каля пад'езда. Некалькі мужчын гулялі ў шахматы, другія чыталі газеты, дамы балбаталі. Тут жа нерухома сядзеў бледны хлопчык з дрыготкімі павекамі. Калі маці і барон увайшлі ў вестыбюль і, крыху збянтэжаныя тым, што адразу наткнуліся на яго, ужо сабраліся прамармытаць прыгатаваную адгаворку, ён спакойна пайшоў ім насустрач і сказаў з выклікам:

- Пан барон, мне трэба сёе-тое сказаць вам.

Барон яўна разгубіўся. Ён адчуваў сябе ў чымсьці вінаватым.

- Добра, добра, пазней, пачакай.

Але Эдгар павысіў голас і сказаў выразна і ясна, гэтак, каб усе навокал маглі пачуць:

- Я хачу пагаварыць з вамі цяпер. Вы подла абышліся са мною. Вы падманулі мяне. Вы ведалі, што мама чакае мяне, і вы...

- Эдгар! - крыкнула маці, заўважыўшы, што ўсе позіркі звернуты на іх, і кінулася да сына.

Але хлопчык, убачыўшы, што мама хоча заглушыць яго словы, раптам пранізліва закрычаў:

- Я паўтараю вам яшчэ раз: вы нахабна зманілі, і гэта нізка, гэта подла.

Барон пабляднеў. Усе глядзелі на іх, сёй-той засмяяўся.

Маці схапіла хлопчыка, які дрыжаў ад хвалявання, за руку:

- Зараз жа ідзі да сябе, або я адлупцую цябе тут, пры ўсіх, - прахрыпела яна.

Але Эдгар ужо супакоіўся. Ён шкадаваў ужо, што выйшаў з сябе, і быў незадаволены сабою: ён хацеў гаварыць з баронам спакойна, але гнеў аказаўся мацнейшым за яго волю. Спакойна, не спяшаючыся, ён падаўся да лесвіцы.

- Прабачце, барон, яго дзёрзкую выхадку. Вы ж ведаеце, які ён нервовы, - прамармытала яна, збянтэжаная насмешлівымі позіркамі прысутных. Больш за ўсё на свеце яна баялася скандалу і цяпер думала толькі, як утрымацца ў правілах прыстойнасці. Замест таго каб адразу пайсці, яна падышла да парцье, спыталася, ці няма ёй пісем і яшчэ аб нейкай драбязе, і толькі пасля гэтага, зашамацеўшы сукенкаю, паднялася наверх, быццам нічога не здарылася. Але за яе спінаю чуўся шэпт і стрыманы смех.

На лесвіцы яна запаволіла крок. Яна заўсёды гублялася ў сур'ёзных сітуацыях і ў глыбіні душы баялася размовы, якая яе чакала. Віны сваёй яна адмаўляць не магла, і, акрамя таго, яе палохаў сынаў позірк - гэты новы, чужы, такі дзіўны позірк, перад якім яна адчувала сябе бяссільнай. Са страху яна вырашыла дзейнічаць ласкаю, бо ведала, што ў выпадку барацьбы раззлаваны хлопчык выйдзе пераможцам.

Яна ціха адчыніла дзверы. Эдгар сядзеў спакойны і халодны. У вачах, звернутых на яе, не было страху, не было нават цікаўнасці. Ён здаваўся вельмі ўпэўненым у сабе.

- Эдгар, - пачала яна па-мацярынску ласкава, - што табе прыйшло ў галаву? Мне сорамна за цябе. Як можна быць такім невыхаваным! Ты яшчэ дзіця і так размаўляеш з дарослымі! Ты павінен зараз жа папрасіць прабачэння ў барона.

Эдгар глядзеў у акно. Ягонае «не» было як быццам адрасавана дрэвам.

Яго самаўпэўненасць уразіла яе.

- Эдгар, што з табою? Чаму ты так змяніўся? Я проста не пазнаю цябе. Ты быў заўсёды разумны, паслухмяны хлопчык, з табою заўсёды можна было дагаварыцца. І раптам ты паводзіш сябе так, быццам у цябе ўсяліўся д'ябал. Што ты маеш супраць барона? Ты ж вельмі любіў яго. Ён быў заўсёды такі ласкавы з табою.

- Гэта так, бо ён хацеў пазнаёміцца з табою.

Яна збянтэжылася.

- Глупства! Што ты выдумляеш? Адкуль у цябе такія дзіўныя думкі?

Хлопчык ускіпеў:

- Ён ілгун, фальшывы чалавек. Ва ўсім, што ён робіць, толькі подлы разлік. Ён хацеў з табою пазнаёміцца, таму пасябраваў са мною і паабяцаў мне сабаку. Не ведаю, што ён паабяцаў табе і чаму ён з табою сябруе, але і ад цябе ён чагосьці хоча. Так, так, мама. А то б ён не быў такі ветлівы і ласкавы. Ён дрэнны чалавек. Ён маніць. Паглядзі на яго як след. Які фальшывы ў яго позірк! О, ненавіджу яго, ён ілгун, ён нягоднік...

- Эдгар, ці ж можна гэтак гаварыць? - Яна збянтэжылася і не ведала, што адказаць. Сумленне ёй падказвала, што сын мае рацыю.

- Так, ён нягоднік, я ў гэтым упэўнены. Ці ж сама ты гэтага не бачыш? Чаму ён баіцца мяне? Чаму хаваецца ад мяне? Бо ён ведае, што я бачу яго наскрозь, што я раскусіў яго, нягодніка!

- Як можна гаварыць такое, як можна гаварыць такое! - У галаве ў яе было пуста, бяскроўныя вусны машынальна паўтаралі адны і тыя ж словы. Ёй раптам стала нясцерпна страшна, і яна не ведала, каго яна баіцца - барона ці сына.

Эдгар зразумеў, што яго перасцярога падзейнічала на маму. І яму захацелася перацягнуць яе на свой бок, набыць саюзніка ў гэтай варожасці, у гэтай нянавісці да барона. Ён падышоў да маці, ласкава абняў яе і загаварыў усхвалявана, дрыготкім голасам:

- Мама, ты ж сама, мусіць, заўважыла, што ён задумаў нядобрае. З-за яго ты стала зусім другою. Гэта ты змянілася, а не я. Ён хоча быць з табою адною і зрабіў так, што ты на мяне злуешся. Вось пабачыш - ён ашукае цябе. Я не ведаю, што ён табе паабяцаў. Я ведаю толькі, што ён не стрымае слова. Асцерагайся яго! Хто адзін раз падмануў, падмане і другі. Ён злы чалавек, яму нельга давяраць.

Гэты голас, жаласны, амаль з плачам, ішоў, здавалася, з яе сэрца. І ў яе было нейкае не зусім прыемнае адчуванне, якое гаварыла ёй тое самае - усё настойлівей і настойлівей. Але яна саромелася прызнаць слушнасць сынавых слоў. І, як гэта часта бывае, каб схаваць хваляванне і збянтэжанасць, яна выпрасталася і сказала з празмернаю рэзкасцю:

- Дзеці ў гэтых справах яшчэ не разбіраюцца. Табе ў іх не трэба ўмешвацца. Табе трэба паводзіць сябе прыстойна. Вось і ўсё.

Эдгараў твар зноў набыў ледзяны выраз.

- Як хочаш, - сказаў ён рэзка, - я папярэдзіў цябе.

- Значыцца, ты не папросіш прабачэння?

- Не.

Яны непрымірыма стаялі адно напроці другога. Маці зразумела, што вырашаецца лёс яе аўтарытэту.

- Тады ты будзеш абедаць тут. Адзін. І ты не сядзеш з намі за стол, пакуль не папросіш прабачэння. Я цябе навучу, як трэба паводзіць сябе. Ты не выйдзеш з пакоя, пакуль я не дазволю. Зразумеў?

Эдгар усміхнуўся. Гэтая каварная ўсмешка як быццам ужо прырасла да яго вуснаў. У душы ён злаваўся на сябе. Як недарэчна, што ён зноў даў волю сваім пачуццям і захацеў перасцерагчы гэтую лгунню.

Маці, зашалясцеўшы сукенкаю, выйшла з пакоя і нават не азірнулася. Яна баялася гэтых калючых вачэй. Ёй стала цяжка з сынам з таго часу, калі яна заўважыла, які ў яго пранізлівы позірк, і яшчэ таму, што ён гаварыў ёй якраз тое, чаго яна не хацела ведаць, не хацела слухаць. Страшна было адчуваць, як яе ўнутраны голас, голас, сумлення, аддзяліўся ад яе ў вобразе дзіцяці, яе дзіцяці, і не дае ёй спакою, перасцерагае яе, здзекуецца з яе. Дагэтуль дзіця было дадаткам да яе жыцця, аздабленнем, цацкаю, чымсьці мілым і блізкім, часам, можа, нейкім цяжарам, але ўсё-такі жыццё яго цякло ў адным рытме і ў лад з яе жыццём. Сёння ўпершыню ён паўстаў супраць яе і адмовіўся падпарадкавацца яе волі. Нешта падобнае на нянавісць прымешвалася цяпер да думкі аб дзіцяці.

І ўсё-такі, калі яна, стомленая спрэчкаю, спускалася па лесвіцы, дзіцячы голас настойліва гучаў у яе вушах. «Асцерагайся яго». Гэтую перасцярогу нельга было заглушыць. Але тут па дарозе бліснула люстэрка, яна запытальна зірнула ў яго, потым пачала ўглядвацца - усё пільней, усё глыбей, - пакуль у ім не адлюстраваліся ў лёгенькай усмешцы вусны, акругленыя, быццам гатовыя вымавіць небяспечнае слова. Унутраны голас не змаўкаў, але яна перасмыкнула плячамі, быццам скідвала з сябе нябачны груз сумненняў, кінула ў люстра задаволены позірк і, падабраўшы сукенку, спусцілася ўніз з рашучым выглядам гульца, які са звонам кідае на стол апошні залаты.

 

СЛЯДЫ Ў МЕСЯЧНЫМ СВЯТЛЕ

 

Кельнер, які прынёс абед арыштаванаму ў сваім пакоі Эдгару, замкнуў, калі выходзіў, за сабою дзверы. Шчоўкнуў замок. Хлопчык ускочыў як ашалелы: гэта было зроблена, канечне, па маміным распараджэнні; яго замкнулі ў клетцы, як драпежнага звера. Змрочныя думкі авалодалі ім.

«Што яны робяць, пакуль я сяджу тут пад замком? Аб чым яны дамаўляюцца? Можа, цяпер якраз адбываецца тое патаемнае, а я прапушчу яго. Што гэта за тайна, якая мроіцца мне заўсёды і ўсюды, калі я сярод дарослых, чаму яны замыкаюцца ад мяне ноччу, чаму пачынаюць шаптацца, калі я нечакана заходжу ў пакой? Вось ужо некалькі дзён яна так блізка ад мяне, сама даецца ў рукі, а я ўсё-такі не магу злавіць яе! Чаго я толькі не рабіў, каб раскрыць гэтую тайну! Я краў кніжкі ў таты з пісьмовага стала, я чытаў пра ўсе гэтыя дзіўныя рэчы, але нічога не зразумеў. Мусіць, ёсць нейкая пячатка, якую трэба сарваць, каб зразумець гэта, - можа, у мяне самога, можа, у другіх. Я пытаўся ў пакаёўкі, прасіў растлумачыць гэтыя месцы ў кнігах, але яна толькі пасмяялася з мяне. Ці ж гэта не жахліва, калі ты дзіця і ў цябе безліч пытанняў, на якія ты не можаш ні ў кога атрымаць адказу, ці ж гэта не жахліва, быць смешным у вачах дарослых, выглядаць дурным і нікому не патрэбным? Але я даведаюся, я адчуваю - хутка я буду ведаць усё. Частка гэтай тайны ўжо ў маіх руках, і я не супакоюся, пакуль не буду ведаць усяго!»

Ён прыслухаўся, ці не ідзе хто. Лёгкі ветрык гойдаў галінкі дрэў за акном, драбніў люстра месячнага святла на сотні хісткіх асколкаў.

«Нічога добрага не можа быць у іх галаве, іначай яны не сталі б гэтак подла маніць, каб адчапіцца ад мяне. Пэўна, яны цяпер смяюцца з мяне, праклятыя, але апошні буду смяяцца я. Як недарэчна, што я дазволіў замкнуць сябе тут, даў ім волю хоць на хвілінку, замест таго каб прыліпнуць да іх і сачыць за кожным іх рухам. Я ведаю, дарослыя наогул вельмі неасцярожныя, і яны таксама выдадуць сябе. Яны заўсёды думаюць, што дзеці яшчэ зусім маленькія і ўвечары моцна спяць. Яны забываюць, што можна прыкінуцца сонным і падслухоўваць, што можна прыкінуцца дурным, а быць вельмі разумным. Нядаўна, калі ў цёткі нарадзілася дзіця, яны гэта ведалі загадзя, а пры мне прыкінуліся, што вельмі здзіўленыя. Але я таксама ведаў, бо даўно чуў іх размову, аднаго разу ўвечары, калі яны думалі, што я сплю. І цяпер я зноў злаўлю іх, нягоднікаў. О, каб мне толькі падгледзець, паназіраць за імі ў шчыліну цяпер, калі яны адчуваюць сябе ў бяспецы! Можа, мне зараз пазваніць? Прыйдзе пакаёўка, адчыніць дзверы і спытаецца, што мне трэба. А можа, закрычаць, пачаць біць посуд - тады таксама адчыняць. І я тут жа выскачу і буду падпільноўваць іх. Не, гэтак я не хачу. Ніхто не павінен бачыць, як подла яны абыходзяцца са мною. Я занадта горды для гэтага. Заўтра я ім адплачу».

Унізе пачуўся жаночы смех. Эдгар здрыгануўся: няўжо гэта мама? Чаму ж ёй не смяяцца, не здзекавацца з яго, бездапаможнага маленькага дзіцяці, якое замыкаюць у пакоі, калі яно перашкаджае, кідаюць у куток, як клунак мокрай бялізны. Ён асцярожна выглянуў у акно. Не, гэта не яна, - гэта чужыя вясёлыя дзяўчаты, якія дражнілі нейкага хлапца.

Тут, у гэты момант, ён заўважыў, як невысока ад зямлі яго акно. І адразу ж сама сабой з'явілася думка: выскачыць, застаць неспадзеўкі, высачыць іх. Ён увесь дрыжаў ад радасці. Яму здавалася, што вялікая, захапляючая тайна ўжо ў яго руках. Усё ў ім дрыжала: «Праз акно, праз акно». Баяцца няма чаго. Нікога няма пад акном. Ён скочыў. Лёгка хруснуў жвір, але гэтага ніхто не пачуў.

За апошнія два дні падкрадвацца, падслухоўваць стала для яго чымсьці прыемным. І цяпер ён адчуваў асалоду, змешаную са страхам, калі крадком, нячутнымі крокамі абыходзіў гатэль, старанна пазбягаючы палос святла, якія падалі з вокнаў. Перш за ўсё ён асцярожна прыціснуў твар да шкла і зазірнуў у сталовую. За іх сталом не было нікога. Ён працягваў шукаць, пераходзіў ад акна да акна. Зайсці ў гатэль ён не асмельваўся з-за боязі сутыкнуцца з імі ў калідоры. Іх нідзе не было відаць. Ён ужо пачаў адчайвацца, як раптам з дзвярэй працягнуліся два цені; ён адскочыў і схаваўся ў цемры - з гатэля выйшла мама са сваім нязменным спадарожнікам. Значыцца, ён прыйшоў якраз у час. Аб чым яны гавораць? Ён не мог пачуць нічога. Яны гаварылі ціха, і вецер занадта моцна шапацеў лісцем. Але вось да яго зусім выразна даляцеў мамін голас. Яна смяялася, і такога смеху ў яе ён раней не чуў: вельмі рэзкі, як ад козыту, нервовы, ён здзівіў і спалохаў яго. Але яна смяецца, значыцца, няма нічога незвычайнага, нічога страшнага ў тым, што ад яго хаваюць. Эдгар быў крыху расчараваны.

Але чаму яны выйшлі з гатэля? Куды яны ідуць цяпер, сярод ночы? Там, наверсе, вятры, мусіць, імчацца на гіганцкіх крылах, бо неба, толькі што чыстае, залітае месячным святлом, пацямнела. Чорныя пакрывалы, накінутыя нябачнымі рукамі, закрывалі часам месяц, і змрок рабіўся такім непраглядным, што не відаць было дарогі, пакуль яе зноў не асвятляла месячнае ззянне. Серабрыстае святло лілося ўсюды. Таямнічаю была гэтая гульня святла і ценю і захапляла, як гульня жанчыны, якая то адкрывае, то хавае сваю галізну. У тую хвіліну, калі ландшафт скінуў з сябе покрыва, Эдгар убачыў два цені, якія аддаляліся, дакладней, адзін сілуэт - яны так цесна прыціскаліся адно да аднаго, быццам абаіх ахапіў тайны страх. Але куды ж яны ідуць? Хвоі стагналі, нейкае замяшанне панавала ў лесе, нібы па ім імчаўся шалёны карагод паляўнічых. «Я пайду за імі, - падумаў Эдгар, - яны не пачуюць маіх крокаў з-за шуму ветру і лесу». І пакуль яны ішлі ўнізе, па шырокай светлай дарозе, ён нячутна прабіраўся вышэй, праз гушчар, ад дрэва да дрэва, ад ценю да ценю. Ён ішоў за імі ўпарта і няўмольна, дзякаваў ветру за тое, што ён рабіў нячутнымі яго крокі, і праклінаў яго за тое, што ён адносіў словы, якімі абменьваліся тыя двое. Толькі б хоць раз пачуць, пра што яны гавораць, і ён, канечне, даведаўся б пра іх тайну.

А яны ішлі па дарозе і нічога не падазравалі. Ім было хораша ў раздоллі шумнай ночы, і яны бесклапотна аддаваліся хваляванню, якое ўсё расло і расло. Яны і не здагадваліся нават, што ў змроку лесу хтосьці зверху сочыць за кожным іх крокам і пара вачэй прыкавана да іх з усёю сілаю нянавісці і цікаўнасці.

Раптам яны спыніліся. Спыніўся і Эдгар, шчыльна прыціснуўшыся да дрэва. Ім авалодаў панічны страх. Што, калі яны павернуць назад і раней за яго прыйдуць у гатэль, што, калі ён не паспее схавацца ў сваім пакоі і мама знойдзе яго пустым? Тады ўсё прапала, яны даведаюцца, што ён за імі сачыў, і ўжо не застанецца ніякай надзеі вырваць у іх тайну. Але яны марудзілі, відаць, аб чымсьці спрачаліся. На шчасце, выбліснуў месяц, і яму было ўсё добра відаць. Барон паказваў на цёмную вузкую сцяжынку, якая вяла ў даліну, дзе месячнае святло не разлівалася, як тут, на дарозе, шырокім патокам, а толькі кроплямі і рэдкімі промнямі прабівалася праз гушчар. «Навошта яму туды?» - здзівіўся Эдгар. Мама, відаць, адмаўлялася, а ён угаворваў яе. Эдгар зразумеў па яго жэстах, што ён вельмі настойвае. Хлопчык спалохаўся. Чаго гэты чалавек хоча ад мамы? Навошта гэты нягоднік заманьвае яе ў цёмны лес? З кніжак, якія замянялі яму рэчаіснасць, перад ім паўсталі малюнкі забойстваў, выкраданняў, самых цяжкіх злачынстваў. Ён, канечне, хоча яе забіць і для гэтага пазбавіўся ад яго і завабіў яе сюды адну. Паклікаць на дапамогу? Забойца! Крык ужо быў гатовы вырвацца з горла, але губы перасохлі, і ён не мог выдавіць з сябе ніводнага гуку. Нервы былі перанапружаны ад хвалявання, ён ледзь трымаўся на нагах і пачаў сутаргава шукаць апоры - і тут пад яго рукамі хруснула галінка.

Яны павярнуліся назад і спалохана ўтаропіліся ў змрок. Эдгар стаяў ціха, прыціснуўшы рукі да цела, і яго маленькая фігурка глыбока схавалася ў цені дрэва. Зноў усталявалася мёртвая цішыня, але яны, здавалася, устрывожыліся. «Вернемся», - пачуў ён мамін голас, ён гучаў спалохана. Барон, відаць, сам занепакоены, згадзіўся. Яны павольна пайшлі назад, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго. Іх збянтэжанасць выратавала Эдгара. Ён папоўз паміж дрэвамі, абдзіраючы рукі да крыві, дабраўся да павароткі і кінуўся бегчы з усіх сіл, што аж дух заняло. Дабегшы да гатэля, ён некалькімі скачкамі апынуўся наверсе. Ключ, якім яго замкнулі ў пакоі, тырчаў, на шчасце, звонку, ён павярнуў яго, адчыніў дзверы і кінуўся на ложак. Некалькі хвілін яму трэба было, каб перавесці дыханне; сэрца шалёна стукала ў грудзях, нібы сэрца звона, які моцна гойдаўся.

Потым ён адважыўся ўстаць, падышоў да акна і пачаў чакаць, пакуль яны вернуцца. Чакаць прыйшлося доўга. Яны, мусіць, ішлі вельмі, вельмі павольна. Ён асцярожна выглянуў з зацемненага акна. Вось яны павольна набліжаюцца, іх адзенне заліта месячным святлом. У гэтым зеленаватым святле яны выглядаюць як здані; хлопчыка ахоплівае салодкая жуда: можа, гэта сапраўды забойца, і тады - якую страшэнную небяспеку ён адхіліў. Ясна відаць іх белыя, як крэйда, твары. На маміным твары незнаёмы яму выраз захаплення, барон, наадварот, сярдзіты і злосны. Відаць, таму, што яго намер не здзейсніўся.

Яны падышлі ўжо зусім блізка. Толькі каля самага гатэля іх постаці раздзяліліся. Ці паглядзяць яны ўгору? Не, ніхто не паглядзеў. «Вы пра мяне забыліся, - падумаў хлопчык з горкаю крыўдаю і з тайнаю радасцю, - але я пра вас не забыўся. Вы думаеце, што я сплю ці што мяне няма на свеце, але вы пераканаецеся ў сваёй памылцы. Я буду сачыць за кожным вашым крокам, пакуль не вырву ў гэтага нягодніка тайну, жахлівую тайну, якая не дае мне спаць. Я разарву ваш саюз. Я не сплю».

Павольна набліжаліся яны да дзвярэй. І калі яны ішлі вось так, адно за адным, іх сілуэты на імгненне зноў зліліся - адзін чорны цень слізгануў у асветленыя дзверы. Потым пляцоўка перад гатэлем зноў забялела ў месячным святле, як вялікі луг, пакрыты снегам.

 

НАПАД

 

Эдгар, цяжка дыхаючы, адышоў ад акна. Ён дрыжаў як у ліхаманцы. Ні разу ў жыцці не быў ён гэтак блізка да таямнічай прыгоды. Хвалюючы свет нечаканых і бурных падзей, свет забойстваў і здрад, знаёмы яму з кніжак, заўсёды заставаўся яму казачным светам, у блізкім суседстве са светам мараў, - чымсьці неіснуючым і недасягальным. Цяпер жа ён, мабыць, апынуўся ў страшным свеце, і гэтая думка ўзрушыла яго да глыбіні душы. Хто такі таямнічы незнаёмы, які раптоўна ўварваўся ў іх спакойнае жыццё? Ці сапраўды ён забойца? Ён жа ўсё імкнуўся адасобіцца і стараўся заманіць маму ў цёмнае месца. Страшная небяспека пагражала ім. Што ж яму рабіць? Заўтра ён абавязкова напіша тату або пашле тэлеграму. Але ці не здарыцца жахлівае, страшнае, загадкавае цяпер, а не заўтра? Бо мамы ўсё яшчэ няма ў пакоі, яна ўсё яшчэ з гэтым ненавісным чужым чалавекам.

Паміж унутранымі і лёгкімі знадворнымі дзвярамі быў вузкі прамежак, не шырэй за адзежную шафу. Уціснуўшыся ў гэты цёмны закутак, хлопчык прыслухоўваўся да крокаў у калідоры. Ён вырашыў ні на хвіліну не пакідаць маму адну.

Калідор апоўначы быў пустэльны, яго цьмяна асвятляла адна лямпачка.

Нарэшце - хвіліны цягнуліся бясконца - ён пачуў асцярожныя крокі. Ён напружана прыслухоўваўся. Гэта былі не хуткія, цвёрдыя крокі чалавека, які накіроўваўся да сябе ў пакой, а павольныя, нерашучыя, быццам хтосьці з неверагоднымі намаганнямі пераадольваў круты пад'ём. Час ад часу крокі заміралі і быў чуваць шэпт. Эдгар дрыжаў ад хвалявання. Можа, гэта яны? Няўжо яна ўсё яшчэ з ім? Шэпт быў занадта далёка. Але крокі, хоць і павольна, набліжаліся. І раптам ён пазнаў ненавісны баронаў голас, які ціха і хрыпла нешта сказаў - Эдгар не разабраў слоў, - і тут жа ў адказ спалоханы, нязгодны мамін голас:

- Не, не! Не сёння! Не!

Эдгар задрыжаў; яны набліжаліся, ён зараз усё пачуе. Кожны ледзь чутны крок у яго бок адзываўся болем у грудзях. І гэты голас - якім гнюсным здаваўся ён яму, гэты прагна пажадлівы, агідны голас ненавіснага ворага!

- Не будзьце такою жорсткаю. Вы былі такая цудоўная сёння ўвечары.

І зноў мамін голас:

- Не, гэтага нельга, я не магу, пакіньце мяне.

У яе голасе было столькі трывогі, што хлопчык палохаецца. Чаго ён хоча ад яе? Чаго яна баіцца? Яны ўжо зусім блізка, цяпер, мусіць, ужо побач з яго дзвярамі. Ён стаіць зусім недалёка ад іх, нябачны, увесь дрыжыць, на адлегласці якой далоні ад іх, аддзелены толькі тонкаю перагародкаю дзвярэй. Шэпт іх гучыць над самым вухам.

- Хадземце, Матыльда, хадземце! - І зноў мамін стогн, але ўжо цішэй - стогн зламанага супраціўлення.

Але што гэта такое? Яны ідуць далей! Мама прайшла ў цемры міма свайго пакоя! Куды ён яе цягне? Чаму яна болей нічога не гаворыць? Ці не заткнуў ён ёй рот? Можа, ён яе душыць?

Гэтая думка прыводзіць яго ў шаленства. Дрыготкаю рукою ён прачыняе дзверы. Цяпер ён бачыць абаіх у паўцёмным калідоры. Барон абняў маму за стан і ціха вядзе яе з сабою; яна, здаецца, болей не супраціўляецца. Вось ён спыняецца каля свайго пакоя. «Ён хоча зацягнуць яе туды, - спалохана думае хлопчык, - зараз здарыцца самае жахлівае».

Адным штуршком ён адчыняе дзверы, потым зачыняе іх за сабою і бяжыць па калідоры за імі. Убачыўшы, што нехта імчыцца на яе з цемры, маці ўскрыквае і ледзь не траціць прытомнасць, барон падхоплівае яе. Але ў тую ж хвіліну ён адчувае на губах удар маленькага, слабага кулачка, і нейкая істота, нібы ашалелая кошка, учэпліваецца ў яго. Ён выпускае з абдымкаў спалоханую жанчыну, яна хуценька ўцякае, і барон, яшчэ не ведаючы, з кім ён б'ецца, адказвае ўдарам на ўдар.

Хлопчык ведае, што ён слабейшы за барона, але не паддаецца. Нарэшце настаў доўгачаканы час расплаты за здраду, нарэшце ён можа выліць назапашаную нянавісць. Сцяўшы зубы, не помнячы сябе, ён ашалела б'е кулакамі куды папала. Цяпер і барон пазнаў Эдгара, і ў ім кіпіць нянавісць да гэтага тайнага шпіёна, які атруціў яму апошнія дні і сапсаваў гульню; ён бязлітасна адказвае на ўдары, не глядзіць, куды б'е. Эдгар ускрыквае, але не здаецца і не кліча на дапамогу. Нейкі час яны злосна і моўчкі б'юцца ў цемры калідора. Нарэшце да барона даходзіць уся недарэчнасць яго бойкі з хлопчыкам; ён хапае яго за плячо, каб адкінуць ад сябе, але Эдгар адчувае, што сіла яго канчаецца, ведае, што яго вось-вось адолеюць і адлупцуюць, і раз'юшана ўпіваецца зубамі ў моцную, цвёрдую руку, якая хоча схапіць яго за каўнер. Барон міжволі ўскрыквае і выпускае хлопчыка - у тое ж імгненне Эдгар кідаецца ў свой пакой і зачыняе дзверы на засаўку.

Усяго хвіліну цягнулася гэтая паўночная бойка. Ніхто яе не заўважыў. Усё ціха, усё ў глыбокім сне. Барон выцірае акрываўленую руку насоўкаю і трывожна глядзіць у цемру. Не, ніхто не чуў. Толькі наверсе - як быццам здзекуецца - мігціць апошні няпэўны агеньчык.

 

НАВАЛЬНІЦА

 

«Што гэта было - сон? Дурны, страшны сон?» - пытаўся ў сябе назаўтра Эдгар, калі прачнуўся ўвесь спацелы ад начных кашмараў. Рукі і ногі занямелі, у скронях глуха стукала. Ён паглядзеў на сябе і з жахам заўважыў, што спаў адзеты. Ён ускочыў, падыбаў да люстра і адхіснуўся, калі ўбачыў свой бледны, перакрыўлены твар з чырвоным сіняком на напухлым ілбе. Ён сабраўся з думкамі і са страхам успомніў начную бойку ў калідоры, успомніў, як, увесь дрыжучы, уляцеў у свой пакой і кінуўся адзеты на ложак, гатовы ў любы момант уцячы. Тут ён, мусіць, заснуў - забыўся цяжкім, трывожным сном і яшчэ раз перажыў усё, але іначай, яшчэ страшней, удыхаючы вільготны пах свежых струменяў крыві.

Унізе пачуўся хруст жвіру пад нагамі; галасы ўзляталі быццам нябачныя птушкі, сонца заглядвала глыбока ў пакой. Мусіць, была ўжо позняя раніца, але, паглядзеўшы на гадзіннік, ён заўважыў, што стрэлка паказвае поўнач. Учора ён забыўся яго завесці, і ад гэтай неакрэсленасці, ад адчування, што ён павіс дзесьці па-за часам, яго ахапіла трывога, якую яшчэ болей узмацніла невядомасць; ён не ведаў, што, зрэшты, здарылася. Ён паспешна прывёў сябе ў парадак і спусціўся ўніз з няясным адчуваннем віны і непакою ў душы.

У сталовай, на звычайным месцы, мама сядзела адна. Эдгар уздыхнуў з палёгкаю, убачыўшы, што яго ворага няма, што яму не прыйдзецца глядзець у гэты ненавісны твар, па якім ён учора біў кулаком. І ўсё ж ён крыху няўпэўнена падышоў да стала.

- Добрай раніцы, - прывітаўся ён.

Мама не адказала. Яна нават не паглядзела на яго; яе позірк з нейкаю дзіўнаю ўпартасцю быў скіраваны на акно. Яна была вельмі бледная, пад вачамі ляглі прыкметныя цені, ноздры часта ўздрыгвалі, як заўсёды, калі яна нервавалася. Эдгар кусаў губы. Гэтае маўчанне бянтэжыла яго. Можа, ён моцна параніў барона? А ці ведае яна наогул аб начной сутычцы? Невядомасць мучыла яго. Але яе твар быў такі нерухомы, што ён нават не асмельваўся глядзець на яго ад страху, што апушчаныя цяпер вочы раптам падымуцца і ўтаропяцца ў яго. Ён сядзеў вельмі ціха, стараўся не рабіць ніякага шуму. Асцярожна падымаў кубак і ставіў яго на сподак, крадком касавурыўся на маміны пальцы, якія нервова гулялі з лыжачкай; іх неспакойныя рухі выдавалі стрыманы гнеў. Гэтак ён прасядзеў чвэрць гадзіны ў пакутлівым чаканні чагосьці. Але нічога не здарылася. Мама не сказала ніводнага слова. І цяпер, калі яна ўстала з месца, усё яшчэ не звяртаючы ўвагі на яго прысутнасць, ён не ведаў, што яму рабіць - заставацца за сталом або ісці за ёю. Нарэшце ён устаў і пакорна падаўся за мамаю, якая па-ранейшаму не звяртала на яго ўвагі; адчуваючы, што смешна плесціся ўслед, ён запаволіў крокі і пакрысе адстаў. Не зірнуўшы на яго, яна пайшла ў свой пакой. Калі Эдгар падняўся наверх, яе дзверы былі замкнёны.

Што здарылася? Ён нічога не разумеў. Учарашняя ўпэўненасць пакінула яго. Можа, ён зрабіў памылку ўчора, калі напаў на барона? І што яны яму цяпер рыхтуюць: кару ці новае ўніжэнне? Штосьці неўзабаве павінна здарыцца - штосьці жахлівае, немінучае. Паміж імі ён адчуваў напружанасць пераднавальнічнага цяжару, двух электрычных полюсаў, якая не магла не разрадзіцца маланкаю. І гэты цяжар прадчуванняў ён цягнуў з сабою да самага абеду, на працягу чатырох адзінокіх гадзін, блукаючы з пакоя ў пакой, пакуль яго вузкія дзіцячыя плечы не сагнуліся пад нябачным грузам; за стол ён сеў, ужо гатовы пакарыцца.

- Добры дзень, - зноў сказаў ён, каб разарваць маўчанне, якое навісла над ім чорнаю хмараю.

Адказу зноў не было; мама зноў глядзела міма. І з новым страхам Эдгар убачыў сябе твар у твар з абдуманаю, сканцэнтраванаю злосцю, якой ён яшчэ не ведаў у сваім жыцці. Дагэтуль выбухі гневу ў мамы выклікала галоўным чынам нервовае раздражненне, і яны хутка канчаліся спагадліваю ўсмешкаю. Але на гэты раз ён, відаць, узбудзіў шалёны гнеў, які вырваўся з патаемных глыбінь яе істоты, і ён сам спалохаўся гэтай неасцярожнай сілы. Ён ледзь дакрануўся да ежы. Камяк стаяў у горле, пагражаў задушыць яго. Але мама як бы нічога не заўважала. Толькі ўстаючы з-за стала, яна павярнулася як бы выпадкова да яго і сказала:

- Прыходзь наверх, Эдгар, мне трэба з табою пагаварыць.

Гэтыя словы не прагучалі пагрозліва, але ў іх было столькі ледзянога холаду, што Эдгара кінула ў дрыжыкі, быццам яму надзелі на шыю жалезны ланцуг. Яго супраціўленне было зламана. Моўчкі, як пабіты сабака, пайшоў ён за маці наверх.

Яна прадоўжыла яго пакуты, памаўчаўшы яшчэ некалькі хвілін. Гэта былі хвіліны, калі ён чуў бой гадзінніка, дзіцячы смех на дварэ і гучны стук свайго сэрца. Але і яна, відаць, не была ўпэўнена ў сабе, бо загаварыла, не гледзячы на яго, павярнуўшыся да яго спінаю.

- Я не буду гаварыць пра твае ўчарашнія паводзіны. Гэта было нечувана, і мне сорамна ўспамінаць іх. За вынікі наракай на самога сябе. Толькі я табе скажу - апошні раз ты быў адзін сярод дарослых. Я толькі што напісала твайму тату, што табе трэба выхавацель або цябе трэба аддаць у пансіён, каб ты навучыўся прыстойна паводзіць сябе. Я болей не хачу пакутаваць з табою.

Эдгар стаяў, апусціўшы галаву. Ён адчуваў, што гэта толькі ўводзіны, і з трывогаю чакаў самага галоўнага.

- А зараз ты папросіш прабачэння ў барона.

Эдгар страпянуўся, але яна не дазволіла яму перабіць сябе.

- Барон сёння паехаў, і ты напішаш яму ліст, які я табе прадыктую.

Эдгар хацеў запярэчыць, але маці была няўмольная.

- Ніякіх пярэчанняў. Вось папера і пяро. Садзіся.

Эдгар падняў вочы. Яе позірк выдаваў непахісную рашучасць. Такою ён яшчэ ніколі не бачыў мамы - такою суроваю і спакойнаю. Яму стала страшна. Ён сеў, узяў пяро і нізка схіліў галаву над сталом.

- Наверсе дату. Напісаў? Перад зваротам прапусці радок. Вось так. Глыбокапаважаны барон! Клічнік. Зноў прапусці радок. Я толькі што з жалем даведаўся, - напісаў? - з жалем даведаўся, што вы ўжо пакінулі Зэмерынг. - Зэмерынг з адным «м», - і я мушу зрабіць у пісьмовай форме тое, што хацеў зрабіць асабіста, а іменна, - пішы хутчэй, каліграфіі тут не трэба! - папрасіць прабачэння за свае ўчарашнія паводзіны. Як вы, мусіць, ведаеце з маміных слоў, я яшчэ не паправіўся пасля цяжкай хваробы і вельмі раздражняльны. Шмат што ўяўляецца мне ў перабольшаным выглядзе, і я праз хвіліну раскайваюся ў тым, што...

Сагнутая над сталом спіна выпрамілася. Эдгар насупіўся: упартасць вярнулася да яго.

- Гэтага я не напішу, гэта няпраўда!

- Эдгар!

У яе голасе чуваць была пагроза.

- Гэта няпраўда. Я нічога не зрабіў, у чым павінен раскайвацца. Я не зрабіў нічога дрэннага, і мне няма за што прасіць прабачэння. Я толькі пабег да цябе, калі ты паклікала на дапамогу.

Яе губы пабялелі, ноздры задрыжалі.

- Я клікала на дапамогу? Ты з глузду з'ехаў!

Эдгар раззлаваўся. Ён парывіста ўскочыў.

- Так, ты клікала на дапамогу, там, у калідоры, учора ноччу, калі ён цябе схапіў. Ты крыкнула. «Пакіньце, пакіньце мяне!» І так гучна, што я пачуў гэта ў сябе ў пакоі.

- Ты маніш, я не была ніколі з баронам тут, у калідоры. Ён мяне праводзіў толькі да лесвіцы...

У Эдгара сэрца замерла ад гэтай бессаромнай хлусні. Шырока адкрытымі, ашклянелымі вачамі глядзеў ён на маці.

- Ты... - сказаў ён зрывістым голасам, - не была... у калідоры? І ён... ён не схапіў цябе? Не трымаў сілаю?

Яна засмяялася сухім, халодным смехам.

- Табе прыснілася.

Гэта было ўжо занадта для Эдгара. Праўда, ён ведаў цяпер, што дарослыя хлусяць, што яны спрытна ўжываюць дробязнае ашуканства, празрысты падман і хітрыя двухсэнсоўнасці, але гэтае нахабнае, абыякавае адпіранне з вока на вока прыводзіла яго ў шаленства.

- А гуз на лбе мне таксама прысніўся?

- Адкуль я ведаю, з кім ты пабіўся? Але я не збіраюся з табою спрачацца. Ты павінен слухацца, і ўсё. Садзіся і пішы!

Яна была вельмі бледная і напружвала апошнія сілы, каб захаваць самавалоданне.

Але ў Эдгара быццам штосьці абарвалася, згасла апошняя іскра веры. Да яго ніяк не даходзіла, што можна вось так проста растаптаць нагамі праўду, нібы запаленую сярнічку. Сэрца сціснула нечым халодным, і словы вырваліся з'едлівыя, злосныя, здзеклівыя:

- Вось як? Усё гэта мне прыснілася? Усё, што было ў калідоры, і гэты гуз? І што вы ўчора гулялі ў месячным святле і што ён хацеў павесці цябе па цёмнай сцяжынцы - і гэта таксама прыснілася? Ты думаеш, мяне можна замкнуць у пакоі, як маленькага? Не, я не такі дурны, як вы думаеце. Я ведаю, што ведаю.

Ён дзёрзка глядзеў ёй у вочы; бачыць перад сабою гэтак блізка твар свайго сына, перакрыўлены нянавісцю, было звыш яе сілы. Ужо не валодаючы сабою, яна крыкнула:

- Марш! Пішы зараз жа! Або...

- Або што?.. - з выклікам спытаўся ён.

- Або я адлупцую цябе, як маленькае дзіця!

Эдгар, насмешліва ўсміхаючыся, зрабіў крок ёй насустрач. І тут жа адчуў, што яго ўдарылі па твары. Эдгар ускрыкнуў. І, як тапелец, які сутаргава б'е рукамі, ён, нічога не ўсведамляючы, акрамя глухога шуму ў вушах і чырвоных кругоў перад вачыма, кінуўся на яе з кулакамі. Ён адчуў, што б'е ў нешта мяккае, вось цяпер у яе твар, пачуў крык...

Гэты крык вярнуў яму прытомнасць. Ён раптам убачыў самога сябе і зразумеў усю жахлівасць свайго ўчынку: ён біў маму! Страх авалодаў ім, і сорам, і жах, нястрымнае жаданне ўцячы, знікнуць, праваліцца скрозь зямлю, куды-небудзь збегчы, толькі б не сустракацца з ёю позіркам. Ён кінуўся да дзвярэй, прамчаўся па лесвіцы, выскачыў на вуліцу - куды-небудзь прэч, прэч адсюль, як быццам за ім гналася цэлая зграя сабак.

 

ПЕРШЫ ЎРОК

 

Ён спыніўся толькі на значнай адлегласці на дарозе ўнізе. Ён мусіў ухапіцца за дрэва, так моцна дрыжалі калені ад стаху і хвалявання, так хрыпла вырывалася дыханне з навярэджаных грудзей. Жах ад зробленага, які неадступна імчаўся за ім, цяпер трымаў яго за горла, калаціў як у ліхаманцы. Што рабіць? Куды ўцякаць? Ужо тут пасярод гэтага ляска, недалёка ад гатэля, усяго за якіх пятнаццаць хвілін хады ад яго, яго ахапіла пачуццё адзіноты. Усё здавалася інакшым - варожым і непрыязным, з таго часу як ён застаўся адзін і яму ніхто не мог дапамагчы. Дрэвы, якія яшчэ ўчора па-братняму шумелі навокал, цяпер тоўпіліся змрочна і злавесна. А тое, што чакае яго, будзе куды болей страшным і незразумелым. Галава кружылася ў хлопчыка ад думкі, што ён адзін у вялізным, невядомым свеце. Не, гэтага яму яшчэ не вытрываць аднаму. Але да каго яму ўцякаць? Таты ён баяўся; той быў запальчывы, недаступны і адразу ж адправіць яго назад. Але назад ён не хоча, лепей кінуцца ў чужы свет, небяспечны і невядомы: яму здавалася, што ён ніколі болей не адважыцца паглядзець у мамін твар, па якім ударыў кулаком.

Тады ён успомніў бабулю, добрую, мілую старэнькую, якая песціла яго з дзяцінства і заўсёды заступалася, калі яму пагражала кара ці незаслужаная крыўда. Ён знойдзе прытулак у Бадэне, пакуль не міне першы выбух гневу, адтуль напіша ліст бацькам і папросіць прабачэння. За гэтую чвэрць гадзіны ён ужо адчуў сябе настолькі ўніжаным, - ад адной думкі, што ён, бездапаможны хлопчык, застаўся адзін на ўсім свеце, - што ён пракляў сваю гордасць, якую выклікаў у яго маною чужы чалавек. Ён хацеў зноў стаць дзіцём, такім, якім быў раней, паслухмяным, цярплівым, без прэтэнзій, усю недарэчнасць якіх ён цяпер разумеў.

Але як дабрацца да Бадэна? Як адолець такую вялікую адлегласць? Ён паспешліва дастаў маленькі скураны партманет, які заўсёды насіў з сабою. Дзякуй богу, там яшчэ паблісквае новенькі залаты ў дваццаць крон, які яму падарылі да дня нараджэння. Ён усё не мог ніяк адважыцца патраціць яго, ледзь не кожны дзень правяраў, ці ляжыць ён на месцы, з асалодаю разглядваў яго, адчуваючы сябе багачом, і з удзячнаю ласкаю старанна цёр яго насоўкаю, пакуль манета не пачынала блішчаць, як маленькае сонца. «Але ці хопіць гэтых грошай?» - раптам спалохана спытаў ён сябе. Ён часта ездзіў чыгункаю і ні разу не падумаў аб тым, што за гэта трэба плаціць і колькі гэта каштуе - адну крону ці сто. Упершыню ён зразумеў, што ў жыцці ёсць рэчы, аб якіх ён ніколі не задумваўся, што ўсе навакольныя рэчы, якія ён трымаў у руках, якімі ён гуляў, мелі кожная свой кошт, сваю асобую вагу. Ён яшчэ гадзіну таму назад лічыў сябе ўсёведным, а аказваецца, праходзіў абыякава міма тысячы таямніц і загадак; і ён з сорамам прызнаваўся сабе, што яго ўбогая мудрасць спатыкнулася ўжо на першай ступені ўваходу ў жыццё. Усё большы страх авалодваў ім, усё карацей рабіліся яго няўпэўненыя крокі па дарозе да станцыі. Як часта ён марыў аб такіх уцёках, марыў акунуцца ў жыццё, стаць імператарам або каралём, салдатам або паэтам - а цяпер ён нерашуча глядзеў на маленькі светлы вакзальны будынак і думаў толькі аб адным: ці хопіць яму дваццаці крон, каб дабрацца да бабулі?

Рэйкі блішчалі на сонцы і беглі ўдалячынь. Вакзал быў пусты, бязлюдны. Эдгар нясмела падышоў да касы і шэптам, каб ніхто не пачуў, спытаўся, колькі каштуе білет да Бадэна. Здзіўлены твар выглянуў з цёмнага акенца, пара вачэй усміхнулася з-за акуляраў сарамліваму хлопчыку.

- Поўны білет?

- Ага, - пралепятаў Эдгар без усякай гордасці, заміраючы ад страху, што поўны білет будзе каштаваць занадта многа.

- Шэсць крон.

- Калі ласка.

З уздыхам аблягчэння ён прасунуў у акенца сваю любімую бліскучую манету. Са стукам упалі манеткі здачы, і Эдгар зноў адчуў сябе неймаверна багатым: у руках карычневы кавалачак кардону - залог волі, у кішэні ціхенька пабразгвае срэбра.

З раскладу ён даведаўся, што цягнік павінен прыйсці праз дваццаць хвілін. Эдгар забраўся ў куточак. На пероне стаяла некалькі чалавек, рассеяна паглядваючы па баках. Але Эдгару здавалася, што ўсе глядзяць на яго і здзіўляюцца, што такі маленькі хлопчык едзе цягніком адзін, як быццам яго злачынства і ўцёкі былі напісаны ў яго на лбе. Ён уздыхнуў вольна, калі, нарэшце, пачуўся свісток паравоза і цягнік падляцеў да станцыі, цягнік, які павінен быў павезці яго ў свет. Толькі калі ён садзіўся ў вагон, ён заўважыў, што ў яго білет трэцяга класа. Дагэтуль ён ездзіў заўсёды ў першым і зноў адчуў, што тут нешта новае, што ёсць адрозненні, якіх ён не заўважаў. І суседзі ў яго аказаліся не такія, як заўсёды. Напроці сядзела некалькі італійцаў-рабочых, з жалезнякамі і шуфлямі ў жорсткіх руках; яны перагаворваліся хрыплымі галасамі, і вочы ў іх былі сумныя і стомленыя. Мусіць, яны добра змучыліся на дарожных работах; некаторыя прыхінуліся да цвёрдай і бруднай сценкі і моцна спалі з адкрытым ротам, нягледзячы на стук колаў. Яны працавалі, каб зарабіць грошай, думаў Эдгар, але ён не меў ніякага ўяўлення, колькі яны маглі зарабіць; ён толькі адчуваў, што грошы ёсць не заўсёды і што іх неяк трэба здабываць. Упершыню ён зразумеў, што ўспрымаў дабрабыт, да якога прывык, як нешта належнае, тады як злева і справа ад яго жыцця зеўрала цёмная бездань, куды ён ніколі не заглядваў. Упершыню ён усвядоміў, што на свеце шмат розных прафесій і прызванняў, што яго з усіх бакоў абступалі таямніцы, а ён ні разу, хоць яны і былі паблізу, не паспрабаваў наблізіцца да іх. Гэтая гадзіна самастойнага жыцця шмат чаму навучыла Эдгара, шмат чаго ён пабачыў з цеснага купэ з вокнамі ў адкрыты прастор. І ў яго душы праз цьмяны страх пачало прабівацца калі не шчасце, дык здзіўленне разнастайнасцю жыцця. Ён уцёк, як баязлівец, са страху - усведамленне гэтага не пакідала яго ні на хвіліну, - але ўпершыню ў жыцці ён дзейнічаў самастойна, даведаўся аб частачцы рэальнага свету, міма якога дагэтуль праходзіў безуважна. Упершыню ў жыцці, магчыма, ён сам стаў для бацькоў такою ж таямніцаю, якою для яго была рэчаіснасць. Другімі вачамі глядзеў ён цяпер у акно. Яму здавалася, што ён упершыню бачыць сапраўднае жыццё, нібы ўпала заслона з усіх з'яў і раскрылася іх сапраўдная сутнасць. Дамы праляталі міма, быццам іх несла ветрам, і ён думаў пра людзей, якія жылі ў іх - багатыя яны ці бедныя, шчаслівыя ці няшчасныя, ці гэтаксама, як і ён, жадаюць ведаць усё, і ці ёсць у іх дзеці, якія дагэтуль, як і ён, таксама толькі гулялі ў жыццё. Пуцявыя абходчыкі стаялі ўздоўж чыгуначнага пуці з паднятымі флажкамі, і ўпершыню яны не здаваліся яму, як дагэтуль, проста лялькамі, нежывымі цацкамі, пастаўленымі тут выпадкова-абыякава; ён пачаў разумець, што ў гэтым іх лёс, іх барацьба з жыццём. Усё хутчэй каціліся колы, па звілістай дарозе цягнік плаўна спускаўся ў даліну, усё ніжэй рабіліся горы, усё далей адыходзілі назад. А вось і раўніна. Эдгар яшчэ раз азірнуўся - горы ўжо толькі ледзь-ледзь цямнелі ўдалечыні, далёкія і недасягальныя, і яму здалося, што там, дзе яны павольна раставалі ў імглістым небе, засталося яго дзяцінства.

 

ТРЫВОЖНЫ ЗМРОК

 

Але калі цягнік спыніўся ў Бадэне і Эдгар застаўся адзін на пероне, дзе ўжо гарэлі ліхтары і мігацелі ўдалечыні зялёныя і чырвоныя сігнальныя агні, ён раптам пачаў баяцца стракатых фарбаў блізкае ночы. Удзень ён яшчэ адчуваў сябе ўпэўнена, бо навокал былі людзі, можна было адпачыць, сесці на лаўку або пастаяць перад вітрынай крамы. Але як вытрываць, калі людзі пахаваюцца па дамах, дзе кожнага чакае ложак, мірная гутарка і потым спакойная ноч, а ён, адчуваючы сваю віну, павінен блукаць адзін, чужы для ўсіх? О, толькі б мець дах над галавою, не заставацца болей ніводнай хвіліны пад чужым адкрытым небам - гэта было яго адзінае яснае жаданне.

Ён хутка ступаў па добра знаёмай дарозе, не гледзячы па баках, пакуль не падышоў да вілы, дзе жыла бабуля. Віла выходзіла на шырокую прыгожую вуліцу, але была схавана ад позіркаў прахожых абвітай хмелем і плюшчом высокай агароджай саду; за гэтай зялёнай сцяной ярка бялеў прыветлівы старасвецкі дом. Эдгар, як чужы, паглядзеў на яго праз закратаваныя вароты. У доме было ціха, вокны зачынены; відаць, усе - і гаспадары, і госці - пайшлі ў глыбіню саду. Ён ужо ўзяўся за халодную клямку, але раптам - дзіўная рэч - застыў на месцы: тое, што дзве гадзіны таму назад уяўлялася яму такім лёгкім і натуральным, цяпер здалося немагчымым. Як увайсці, як прывітацца, вытрываць усе пытанні і адказваць на іх? Як вынесці іх позіркі, калі ён скажа, што тайком уцёк ад мамы? І як растлумачыць свой жахлівы ўчынак, калі ён сам цяпер не разумее яго? У доме раптам з шумам хтосьці адчыніў дзверы; ім авалодаў неадольны страх, што хто-небудзь выйдзе і ўбачыць яго, і ён кінуўся бегчы, сам не ведаючы куды.

Каля парку ён спыніўся - там было цёмна і, відаць, бязлюдна. Можа, яму там пасядзець на лаўцы і нарэшце, нарэшце адпачыць, супакоіцца і падумаць пра свой лёс? Нясмела ўвайшоў ён у парк. Каля ўвахода гарэла некалькі ліхтароў, у іх святле яшчэ рэдкае маладое лісце адлівала вільготным зеленаватым бляскам, ад якога яму было не па сабе; у глыбіні парку яму прыйшлося спусціцца з узгорка, і ўсё навокал было суцэльнай, душнай, чорнай масай, якая танула ў трывожным змроку ранняй вясенняй ночы. Эдгар баязліва прашмыгнуў міма некалькіх чалавек, якія размаўлялі або чыталі, седзячы пад ліхтарамі. Яму хацелася пабыць аднаму. Але і там, у густым цяні неасветленых прысадаў, ён не знайшоў спакою. Усё было насычана таямнічым шамаценнем і шэптам, ціхім шумам лісця ад подыху ветру, шоргатам далёкіх крокаў, прыглушанай гаворкай, нейкім пажадлівым, млявым, спалоханым стогнам-буркаваннем не то ад людзей, не то ад жывёл, не то ад самой трывожна-соннай прыроды. Тут усё дыхала небяспечнай загадкавай трывогай, якая прытаілася і схавалася, быццам у гэтым лесе пад зямлёю ішло нябачнае браджэнне; можа, прычынай таму была ўсяго толькі вясна, але адзінокі, бездапаможны хлопчык адчуваў страх.

Ён увесь сціснуўся ў куточку лаўкі ў гэтым бяздонным змроку і спрабаваў прыдумаць, што яму расказаць дома. Але думкі выслізгвалі раней, чым удавалася іх злавіць; супраць волі ён усё прыслухоўваўся і прыслухоўваўся да прыглушаных гукаў, да таямнічых начных галасоў. Які жахлівы быў гэты змрок, які трывожны і ўсё ж які загадкава прыгожы! Ці людзі, ці жывёлы, ці толькі прывідная рука ветру ўплятае ў ноч гэты незразумелы шоргат, гэты вабны гул? Ён напружыў слых. Так, вецер варушыць лісце, але ён бачыць цяпер выразна і людзей, яны ідуць са светлага горада, ідуць парамі, абняўшыся, і загадкава знікаюць у змроку. Навошта яны прыйшлі сюды? Ён не мог зразумець гэтага. Яны не размаўлялі, ён не чуў іх голасу, толькі жвір хрусцеў пад нагамі; часам у прасвеце паміж дрэвамі мільгануць два цені, моцна прыціснутыя адзін да аднаго, як у той вечар мама з баронам. Гэтая таямніца, вялікая, ззяючая, наканаваная таямніца была і тут. Вось зноў набліжаюцца крокі, а потым гучыць ціхі смех. Эдгар спалохаўся - як бы яны не заўважылі яго, і яшчэ глыбей схаваўся ў цемры. Але тыя двое, выходзячы з непрагляднага змроку, не бачаць яго. Вось яны, абняўшыся, праходзяць міма, і Эдгар з палёгкаю ўздыхае, але тут іх крокі заміраюць, якраз каля яго лаўкі. Яны прыціснуліся тварам адно да аднаго. Эдгару дрэнна відаць, ён толькі чуе стогн, які вырываецца з вуснаў жанчыны, і гарачы, бязладны шэпт мужчыны. Нейкае салодкае прадчуванне пранізвае спалоханага хлопчыка. Гэтак яны стаяць з хвіліну, потым зноў хрусціць жвір пад нагамі, і паступова хруст растае і замірае ўдалечыні.

Эдгар здрыгануўся, кроў хутчэй і гарачэй пабегла па жылах. І раптам ён адчуў, што не можа болей зносіць адзіноты ў гэтым трывожным змроку; з неадольнаю сілаю ім авалодала цяга да сяброўскага голасу, цёплай ласкі, да светлага пакоя, да людзей, якіх ён любіў. Яму здавалася, што ўся трывожная цемра гэтай заблытанай ночы пранікла ў яго і раздзірае яму грудзі.

Ён ускочыў на ногі. Дадому, дадому, толькі б быць дома, у цёплым, светлым пакоі, сярод знаёмых людзей. Зрэшты, што з ім зробяць? Ну, адлупцуюць, аблаюць - нічога яму болей не страшна пасля таго, як ён спазнаў гэты змрок і страх адзіноты.

Ён імчаўся, не адчуваючы пад сабою ног, і вось ён ужо зноў каля вілы, зноў рука яго ўзялася за халодную клямку. Ён бачыў праз зялёны гушчар асветленыя цяпер вокны. Угадваў за кожнаю асветленаю аконнаю шыбаю знаёмы пакой і родных яму людзей. Адна гэтая блізкасць, адна гэтая першая супакойлівая думка, што зараз ён убачыць людзей, якія любяць яго, была ўжо шчасцем. І калі ён яшчэ марудзіў, то толькі таму, што хацеў прадоўжыць радаснае прадчуванне.

Раптам за яго спінаю пачуўся спалоханы, пранізлівы крык:

- Эдгар! Дык вось жа ён!

Бабуліна пакаёўка заўважыла яго раней; яна адразу кінулася да яго і схапіла за руку. Дзверы ў доме адчыніліся, сабака з брэхам скочыў на яго, потым з дому з ліхтарамі выйшлі людзі. Ён пачуў спалоханыя і шчаслівыя галасы, радасную мітусню крыкаў і тупат ног, убачыў, як набліжаюцца знаёмыя постаці. Паперадзе ішла бабуля, працягваючы да яго рукі, а за ёю - ці не сон гэта? - мама. Са слязамі на вачах, дрыжачы, спужаны, стаяў ён сярод гэтага бурнага выбуху ласкі, не ведаў, што рабіць, што сказаць, і сам не разумеў, якое пачуццё валодае ім - страх або шчасце.

 

АПОШНІ СОН

 

Вось як яно было. Яго ўжо даўно шукалі і чакалі тут. Маці, нягледзячы на ўвесь яе гнеў, устрывожылі шалёныя ўцёкі ўсхваляванага хлопчыка, і яна падняла на ногі ўвесь Зэмерынг. Усе моцна занепакоіліся, узнікалі розныя здагадкі, адна страшней за другую, але тут адзін мужчына ўспомніў, што бачыў хлопчыка каля трох гадзін паблізу станцыйнай касы. Касір адразу сказаў, што Эдгар узяў білет да Бадэна, і маці неадкладна выехала ўслед за ім, спачатку адправіўшы тэлеграмы ў Бадэн і мужу ў Вену, якія выклікалі там немалую трывогу. І вось ужо цэлыя дзве гадзіны, як ішла пагоня за ўцекачом.

Цяпер яго трымалі надзейна, але сіла тут была непатрэбна. З затоеным трыумфам яго ўвялі ў пакой, але, як ні дзіўна, Эдгара не засмуціў паток выказаных яму папрокаў, бо ў скіраваных на яго вачах свяціліся любоў і радасць. Да таго ж гэты прытворны гнеў трываў нядоўга. Потым бабуля зноў са слязамі абдымала яго, ніхто болей не загаворваў аб уцёках, яго акружылі ўвагаю і клопатам. Пакаёўка зняла з яго куртачку і прынесла другую, цяплейшую, бабуля пыталася, ці не галодны ён, ці мо яму яшчэ чаго хочацца; усе навыперадкі дагаджалі Эдгару, а калі заўважылі, што гэта бянтэжыць хлопчыка, пакінулі яго ў спакоі. З асалодаю адчуваў ён сябе зноў дзіцём; ён адрокся быў ад гэтага пачуцця і моцна сумаваў па ім і вось цяпер сарамліва ўспамінаў свой дзёрзкі намер апошніх дзён - прамяняць усе прывілеі дзяцінства на падманлівую радасць адзіноты.

У суседнім пакоі зазвінеў тэлефон. Ён чуў мамін голас, разбіраў паасобныя словы: «Эдгар... вярнуўся... прыязджай... апошнім цягніком», і здзіўляўся, што яна не накінулася на яго, а толькі абняла і неяк дзіўна паглядзела яму ў вочы. Пачуццё раскаяння гаварыла ў ім усё мацней, і з якою ахвотаю ён бы ўцёк ад бабуліных і цётчыных клопатаў і падышоў да мамы, каб папрасіць у яе прабачэння; з поўнаю пакораю ёй адной ён сказаў бы, што хоча зноў быць дзіцём і слухацца яе. Але ледзь толькі ён ціхенька ўстаў, бабуля крыху спалохана спыталася:

- Куды ты?

Ён сарамліва спыніўся. Варта яму паварушыцца, як яны ўжо налохаюцца, баяцца, каб ён зноў не ўцёк. Адкуль ім ведаць, што ніхто гэтак не раскайваецца ў тых уцёках, як ён сам!

Стол быў накрыты, і яму прынеслі наспех прыгатаваную вячэру. Бабуля села побач і не зводзіла з яго вачэй. Яна, цётка і пакаёўка як бы акружылі хлопчыка завесай сардэчнага цяпла і ціхай утульнасці, і ён быў перапоўнены шчаслівым пачуццём супакаення. Яго бянтэжыла толькі тое, што мама чамусьці не ішла ў пакой. Ведай яна, як шчыра ён скарыўся, то, канечне, прыйшла б!

На вуліцы застукалі колы, каля варот спынілася каляска. Усе так захваляваліся, што ўстрывожыўся і Эдгар. Бабуля выйшла, з цёмнага саду пачуліся гучныя галасы, і тут да яго дайшло, што прыехаў тата. Эдгар са страхам заўважыў, што ён зноў застаўся адзін у пакоі; цяпер нават хвіліна адзіноты палохала яго. Тата быў строгі, толькі яго аднаго Эдгар па-сапраўднаму баяўся. Ён прыслухаўся: тата быў яўна ўсхваляваны, гаварыў гучна і сярдзіта. Яму адказвалі заспакойлівыя галасы бабулі і мамы, - відаць, яны спрабавалі змякчыць яго. Але татаў голас заставаўся суровы і цвёрды, цвёрды, як яго крокі, якія гучалі ўсё бліжэй і бліжэй, - яны ўжо ў суседнім пакоі, вось ужо каля самых дзвярэй; моцны штуршок - і дзверы адчыняюцца насцеж.

Эдгараў тата быў вельмі высокага росту. І страшэнна маленькім здаўся сабе хлопчык, калі тата ўляцеў у пакой, разнерваваны і не на жарт узлаваны.

- Як гэта табе прыйшло ў галаву ўцякаць, нягодны ты хлапчук? Як ты асмеліўся так напалохаць маму?

Голас яго гучаў гнеўна, і ён увесь час неспакойна рухаў рукамі. За ім ціха ўвайшла мама. Твар у яе быў засмучаны.

Эдгар не адказваў. Ён хацеў сказаць нешта ў апраўданне; але як растлумачыць, што яго падманулі і адлупцавалі? Ці зразумее тата?

- Ну, чаго ты маўчыш? Што здарылася? Гавары, не бойся. Што-небудзь было не так? Павінна ж быць нейкая прычына ўцёкаў! Цябе хто-небудзь пакрыўдзіў?

Эдгар марудзіў. Успамін аб тым, што было, зноў абудзіў у ім гнеў, ён ужо гатовы быў усё расказаць. І тут ён убачыў - сэрца ў яго замерла, - што мама за татаваю спінаю падае яму нейкія таямнічыя знакі. Ён іх спачатку не зразумеў. Але тут яна паглядзела на яго, і ён прачытаў у яе вачах просьбу. Ціха, вельмі ціха яна падняла руку і прылажыла палец да вуснаў - знак маўчання.

І тут хлопчыка ахапіла вялізнае пачуццё шчасця. Ён зразумеў, што яна просіць яго не адкрываць таямніцу і што ад слоў, якія сарвуцца з яго дзіцячых вуснаў, залежыць яе лёс. Усю істоту яго пранізала шалёная радасць, ён сябе не помніў ад гордасці: мама давяралася яму. Ён раптам захацеў ахвяраваць сабою, перабольшыць сваю віну - тады яна ўбачыць, што на яго можна разлічваць, як на дарослага. Ён сабраўся з сіламі:

- Не, не... не было ніякай прычыны. Мама была вельмі добрая да мяне, а я не слухаўся, я дрэнна сябе паводзіў... і вось... вось я ўцёк, я баяўся.

Бацька здзіўлена паглядзеў на яго. Ён чакаў усяго, толькі не гэтага прызнання. Гнеў яго крыху астыў.

- Гэта добра, што ты сам шкадуеш. Не будзем цяпер болей гаварыць пра гэта. Я бачу, што ты ўсё як след сам абдумаў. Глядзі, каб гэтага болей не было.

Ён памаўчаў, гледзячы на сына. Голас яго памякчэў.

- Які ты бледны! Але, здаецца мне, ты падрос. Спадзяюся, ты болей не будзеш рабіць такога глупства; ты ж ужо не маленькі, пара б і паразумнець.

Эдгар увесь час глядзеў на маму. Яму здалося, што нешта бліснула ў яе вачах. Ці гэта проста водбліск лямпы? Не, сапраўды, штосьці блішчыць там, вільготнае і светлае, а на вуснах гуляе ўдзячная ўсмешка. Потым яго паслалі спаць, але ён не засмуціўся, ён нават рады быў застацца адзін, яму ёсць аб чым падумаць, - столькі ў яго новых і розных уражанняў. Усе непрыемнасці апошніх дзён забыліся, ён поўнасцю быў пад уладаю першай у яго жыцці сапраўднай прыгоды, і сэрца соладка замірала ад прадчування будучых падзей. За акном у начным змроку шумелі дрэвы, але страху ў яго ўжо не было. Уся трывога знікла з таго часу, як ён даведаўся, якое багатае жыццё. Сёння ён упершыню ўбачыў рэчаіснасць у непрыкрытым выглядзе, без тысячы падманаў дзяцінства, адчуў яе непаўторную небяспечную прыгажосць. Ён ніколі не думаў, што дні могуць быць так запоўнены горам і шчасцем, і цешыў сябе думкаю, што наперадзе яго чакае шмат такіх дзён, цэлае жыццё, якое прынясе яму яшчэ не адну загадку. Сёння ён упершыню цьмяна ўгадаў, якое разнастайнае жыццё, упершыню, здавалася яму, ён зразумеў чалавечую прыроду, зразумеў, што людзі адчуваюць патрэбу адзін у другім - нават калі лічаць сябе ворагамі - і што ў глыбіні душы прыемна, калі цябе любяць. Ён ні аб чым і ні пра каго не мог думаць з нянавісцю, ні ў чым не раскайваўся, і нават для барона, для гэтага спакусніка, лютага свайго ворага, у яго знайшлося новае пачуццё ўдзячнасці; бо гэта ён адкрыў перад ім дзверы ў свет першых перажыванняў дарослага жыцця.

Было прыемна і радасна ляжаць у цемры і аддавацца думкам, якія ўжо зліваліся са сном; яшчэ хвіліна - і ён бы заснуў. Але тут яму здалося, што адчыніліся дзверы і нехта ціхенька ўвайшоў у пакой. Спачатку ён не паверыў сабе і не падняў пацяжэлых ад дрымоты павекаў. Але вось чыёсьці цёплае дыханне дакранулася да яго твару, і ён зразумеў, што гэта мама. Яна цалавала яго і ласкава гладзіла па галаве. Ён адчуваў яе пацалункі і яе слёзы; адказваючы на ласку, ён прымаў яе як знак прымірэння і ўдзячнасці за яго маўчанне. Толькі пазней, праз шмат гадоў, ён зразумеў, што гэтыя нямыя слёзы былі абяцаннем жанчыны на парозе старасці належаць толькі яму, свайму дзіцяці, зразумеў, што гэта была адмова ад сябелюбівых жаданняў, развітанне з надзеяй на палкае пачуццё. Ён не ведаў, што яна яму ўдзячна і за тое, што ён выратаваў яе ад непатрэбнай ёй цяпер прыгоды, і што, абдымаючы яго, яна завяшчала яму на ўсё будучае жыццё горкі і салодкі цяжар свае любові. Усяго гэтага хлопчык не разумеў тады, але ён адчуваў, што няма большага шчасця, чым быць любімым, і што мамінаю любоўю ён ужо далучыўся да вялікай тайны на свеце.

Калі яна адняла руку, яшчэ раз пацалавала яго і ціха выйшла, на вуснах у хлопчыка засталося адчуванне яе цёплага дыхання. І сэрца соладка заныла ад жадання яшчэ шмат разоў прыціскацца да мяккіх вуснаў і адчуваць ласку яе абдымкаў, але гэтае прарочае прадбачанне пякучай таямніцы было ўжо затуманена сном. Яшчэ раз прамільгнулі перад ім стракатыя малюнкі апошніх гадзін, яшчэ раз спакусліва разгарнулася кніга дзяцінства. Потым хлопчык заснуў, і так пачаўся для яго больш глыбокі сон - сон яго жыцця.



Пераклад: Уладзімір Чапега
Крыніца: Zweig St. Novellen in zwei Baenden. - Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1966.