Штэфан Цвайг

Шахматная навэла

На пасажырскім параходзе, які адплываў апоўначы з Ню-Ёрка ў Буэнас-Айрэс, панавала, як заўсёды ў апошнія хвіліны перад адыходам, дзелавітая мітусня. Праз натоўп сюды-туды праціскаліся тыя, хто прыйшоў праводзіць; рассыльныя з тэлеграфа ў зухавата ссунутых набакір каскетках насіліся сярод людзей, выкрыкваючы прозвішчы пасажыраў; неслі багаж і кветкі; па лесвіцах уверх і ўніз бегалі цікаўныя дзеці, а на верхняй палубе нястомна іграў суднавы аркестр. Я стаяў на прагулачнай палубе крыху воддаль ад гэтай штурханіны і гутарыў са сваім сябрам. Раптам паблізу два-тры разы ярка ўспыхнуў магній: мусіць, сярод пасажыраў была нейкая славутасць, і рэпарцёрам, якія перад самым адыходам узялі ў яе інтэрв'ю, спатрэбіўся яшчэ і партрэт. Сябар, зірнуўшы ў той бок, усміхнуўся:

- З вамі на параходзе рэдкі птах - Чэнтавіч.

Убачыўшы на маім твары, што прозвішча нічога мне не гаворыць, ён растлумачыў:

- Мірка Чэнтавіч - чэмпіён свету па шахматах. Ён толькі што разграміў на турнірах усіх шахматыстаў на ўсходзе і захадзе Амерыкі і цяпер едзе пажынаць лаўры ў Аргенціну.

Тут я ўспомніў не толькі імя маладога чэмпіёна свету, але і сякія-такія падрабязнасці яго маланкавай кар'еры; сябар, які сачыў за газетамі больш уважліва, чым я, папоўніў мае веды і расказаў у сувязі з гэтым некалькі анекдотаў. Прыкладна з год назад Чэнтавічу ўдалося адразу стаць на ўзровень з такімі прызнанымі шахматнымі карыфеямі, як Алёхін, Капабланка, Тартакавер, Ласкер, Багалюбаў. З моманту з'яўлення ў Ню-Ёрку на турніры 1922 года сямігадовага вундэркінда Рэшэўскага праслаўленая плеяда шахматыстаў не ведала ніводнага навічка, які ўварваўся б у іх асяроддзі з такім шумам і выклікаў такую ўсеагульную цікавасць. Разумовыя здольнасці Чэнтавіча зусім не прадвяшчалі яму такой бліскучай кар'еры. Хутка выявілася таямніца з яго прыватнага жыцця: чэмпіён свету ні на адной мове не мог напісаць без арфаграфічных памылак нават некалькіх слоў, і, як саркастычна адзначаў адзін зласлівы сапернік, «невуцтва яго ва ўсіх галінах было аднолькава ўніверсальнае». Ён быў сынам беднага югаслаўскага лодачніка, невялічкую лодку якога аднаго разу ўначы патапіў дунайскі грузавы параход. Дванаццацігадовага сірату ўзяў да сябе чуллівы святар з іх глухой вёсачкі. Добры айцец з усяе сілы намагаўся дадатковымі заняткамі дома нагнаць тое, чаго не мог вывучыць у школе тупаваты, негаваркі, шыракалобы хлопчык.

Але ўсе намаганні былі марныя. Соты раз няўцямна пазіраў Мірка на літары, але не мог іх ніяк запомніць. Яго непаваротлівы мозг не схопліваў самых простых рэчаў. У чатырнаццаць гадоў ён усё яшчэ лічыў на пальцах, і яму каштавала вялікіх намаганняў прачытаць два-тры словы з якой-небудзь кніжкі ці газеты. Але нельга сказаць, каб Мірка быў нядобрасумленны ці непаслухмяны. Ён выконваў усё, што яму загадвалі: насіў ваду, калоў дровы, працаваў у полі, прыбіраў на кухні, - адным словам, можна было быць упэўненым, што ён урэшце выканае любое даручэнне, хоць яго марудлівасць і выводзіла з цярпення. Але больш за ўсё засмучала добрага святара ва ўпартым падлетку яго абыякавасць да ўсяго на свеце. Ён ніколі нічога не рабіў без спецыяльнага загаду, ніколі ні ў кога нічога не пытаўся, ніколі не гуляў з другімі падлеткамі і ніколі не шукаў сабе сам якога-небудзь занятку, пакуль яму не казалі, што трэба рабіць. Пасля хатняй работы ён моўчкі сядзеў у пакоі, скіраваўшы адсутны позірк удалячынь, як авечка, што пасвіцца на лузе, не праяўляў ніякай цікаўнасці да таго, што адбывалася навокал. Вечарамі, калі святар, смокчучы доўгую сялянскую люльку, гуляў тры заўсёдныя партыі ў шахматы з жандарскім вахмістрам, светлавалосы хлапчук моўчкі масціўся побач і з-пад цяжкіх павекаў, як бы сонна і абыякава, глядзеў на клеткі дошкі.

Аднаго разу зімою ўвечары, калі абодва гульцы паглыбіліся ў чарговую партыю, за акном пачуўся звон бомаў. Па вуліцы да дома хуценька набліжаліся санкі. У пакой убег селянін у заснежанай шапцы і пачаў умольваць святара як мага хутчэй паехаць да паміраючай маці, каб паспець справіць над ёю сабораванне. Святар тут жа выправіўся з ім у дарогу. Вахмістр, які не дапіў свайго куфля піва, раскурыў на развітанне яшчэ раз люльку і ўжо сабраўся нацягнуць цяжкія боты, як раптам заўважыў, што Мірка неадрыўна глядзіць на шахматную дошку з незакончанай партыяй.

- Ну што, можа, хочаш давесці партыю да канца? - жартаўліва папытаўся вахмістр, перакананы, што вечна сонны хлапец не ведае нават, як перастаўляць фігуры. Хлопчык баязліва зірнуў на яго, але сцвярджальна кіўнуў галавою і сеў на святарова месца. На чатырнаццатым ходзе вахмістр пацярпеў паражэнне і мусіў прызнацца, што яго паражэнне зусім не было вынікам якога-небудзь выпадковага зяўка. Другая партыя скончылася гэтаксама.

- Валаамава асліца! - усклікнуў, вярнуўшыся, здзіўлены святар і растлумачыў вахмістру, не надта добра знаёмаму з Бібліяй, што дзве тысячы гадоў таму назад адбыўся такі самы цуд, калі бязмоўная дагэтуль жывёліна раптам загаварыла, і да таго ж вельмі разумна. Нягледзячы на позні час, святар не мог утрымацца ад спакусы самому згуляць са сваім паўпісьменным выхаванцам. Мірка гэтак жа лёгка абыграў і яго. Гуляў ён павольна, зацята, ні разу не падняў ад дошкі шыракалобай галавы, але гуляў з непахіснаю ўпэўненасцю. У наступныя дні ні святар, ні вахмістр не змаглі ні разу перамагчы яго. Святара, які лепей, чым другія, ведаў безнадзейную разумовую адсталасць свайго выхаванца, сур'ёзна зацікавіла, ці зможа гэты аднабокі незвычайны талент вытрымаць больш цяжкае выпрабаванне. З дапамогаю вясковага цырульніка Мірка прывялі ў больш-менш прыстойны выгляд, абрэзаўшы саламяныя валасы, і святар звёз яго на санях у бліжэйшае мястэчка, дзе ў кавярні на галоўнай плошчы збіраліся мясцовыя аматары шахмат, гульцы, як ён ведаў са свайго горкага вопыту, больш моцныя за яго. З'яўленне святара з русявым чырванашчокім падлеткам выклікала немалую цікаўнасць у наведнікаў кавярні. Пакуль яго не паклікалі да шахматнага століка, Мірка стаяў у кутку, нясмела ўтаропіўшы вочы ў падлогу, так і не зняўшы кажушка і высокіх цяжкіх ботаў. Ён прайграў у першай партыі, бо добры святар ніколі не гуляў сіцыліянскай абароны. Наступная партыя з лепшым шахматыстам горада скончылася ўнічыю. Але трэцюю, чацвёртую і ўсе наступныя партыі з рознымі гульцамі Мірка выйграў адну за другою.

У невялічкіх правінцыяльных мястэчках Югаславіі вельмі рэдка адбываюцца хвалюючыя падзеі. Таму першае выступленне вясковага чэмпіёна выклікала сярод паважаных грамадзян сапраўдную сенсацыю. Аднадушна вырашылі, што вундэркінд павінен застацца ў горадзе да заўтра, каб можна было склікаць усіх астатніх членаў шахматнага клуба; і асабліва каб паведаміць пра гэтую падзею старому графу Зімчыцу, заўзятаму аматару шахмат, які жыў у сваім замку. У душы святара змагаліся два пачуцці - гордасць за свайго выхаванца і доўг, які зваў яго назад у вёску на нядзельнае набажэнства. Пачуццё доўгу перамагло, але святар згадзіўся пакінуць Мірку ў горадзе, каб выпрабаваць яго яшчэ раз. Шахматысты змясцілі маладого Чэнтавіча ў гатэлі, дзе ён упершыню ў жыцці ўбачыў сучасную прыбіральню. У нядзелю пасля абеду шахматны пакой быў перапоўнены.

Чатыры гадзіны Мірка нерухома сядзеў за шахматнаю дошкаю, не гаварыў ні слова, не падымаў вачэй і разбіваў аднаго саперніка за другім. Нарэшце яму прапанавалі сеанс адначасовай гульні. Спатрэбілася нямала часу, каб растлумачыць недасведчанаму хлапцу, што яму трэба гуляць адразу супраць некалькіх гульцоў. Але як толькі ён уясніў сабе, чаго ад яго хочуць, ён тут жа ўзяўся за справу і пачаў хадзіць ад стала да стала, паволі перастаўляючы цяжкія скрыпучыя боты; нарэшце ён выйграў сем партый з васьмі.

Пасля гэтага пачалася сур'ёзная нарада. Строга кажучы, новы чэмпіён не быў жыхаром мястэчка, тым не менш мясцовы патрыятызм быў зачэплены за жывое. Можа, у малюсенькага мястэчка, якое наўрад ці было адзначана на карце, нарэшце-такі з'явіцца шанц назвацца радзімаю славутасці. Імпрэсарыа па прозвішчы Колер, які забяспечваў шансанеткамі і спявачкамі мясцовае афіцэрскае казіно, заявіў, што ён згодзен арганізаваць хлапцу на працягу года ўрокі ў свайго венскага знаёмага, неблагога знаўцы шахматнай гульні, калі знойдуцца грошы, каб заплаціць за навучанне. Грошы адразу ж згадзіўся даць граф Зімчыц - бо за шэсцьдзесят гадоў штодзённай гульні ў шахматы яму ні разу не даводзілася змагацца з такім надзвычайным сапернікам. З гэтага дня пачалася кар'ера сына дунайскага лодачніка.

Праз паўгода Мірка авалодаў усімі сакрэтамі шахматнай тэхнікі; праўда, адно яму не давалася - гэта пазней было заўважана спецыялістамі і часта выклікала іх насмешкі. Ніводнай партыі Чэнтавіч не мог запомніць, - кажучы на мове прафесіяналаў, не мог гуляць усляпую. Ён быў абсалютна няздольны ўзнавіць у сваім уяўленні шахматную дошку. Яму абавязкова трэба было мець перад вачамі сапраўдную дошку з шасцюдзесяццю чатырма чорнымі і белымі квадратамі і трыццаццю дзвюма фігурамі; нават калі ён зрабіўся сусветнаю славутасцю, ён нязменна насіў з сабою складаныя кішэнныя шахматы, каб мець магчымасць у любы момант наглядна ўзнавіць патрэбную яму класічную партыю ці рашыць цікавую задачу. Хоць сам па сабе гэты дэфект не быў асабліва важны, ён тым не менш сведчыў пра недахоп фантазіі і выклікаў ажыўленую гаворку ў колах дасведчаных людзей - такая гаворка ўзнікае, напрыклад, у асяроддзі музыкантаў, калі выяўляецца, што выдатны віртуоз або дырыжор не можа іграць ці дырыжыраваць па памяці, без нотаў. Але гэтая дзіўная ўласцівасць не перашкодзіла надзвычайнаму поспеху Міркі. У семнаццаць гадоў у яго ўжо было з дзесятак розных прызоў, у васемнаццаць ён стаў чэмпіёнам Венгрыі і, нарэшце, у дваццаць - чэмпіёнам свету. Самыя выдатныя шахматысты, якія, бясспрэчна, далёка перавышалі яго розумам, палётам фантазіі і смеласцю, не змаглі супрацьстаяць яго жалезнай, халоднай логіцы, як не мог Напалеон супрацьстаяць цяжкаму на пад'ём Кутузаву і Ганібал - Фабію Кунктатару, у якога, па сведчанні Лівія, рысы апатыі і прыдуркаватасці выразна выяўляліся ўжо ў раннім дзяцінстве. І таму атрымалася, што ў бліскучай плеядзе выдатных шахматыстаў, сярод якіх былі значныя прадстаўнікі ў самых розных галінах інтэлектуальнай працы - філосафы, матэматыкі, людзі з мастацкім чуццём, вынаходніцкімі здольнасцямі і нярэдка творчым талентам, - упершыню аказаўся абсалютны чужаніца - хмурны, маўклівы неразвіты вясковы хлапец. Самыя спрытныя журналісты не маглі выцягнуць з яго ні слова, якое можна было б скарыстаць для якога-небудзь артыкула. Калі Чэнтавіч быў вінен газетам вострыя словы, то замест іх ён даваў шчодрую спажыву мноству анекдотаў пра сябе. Варта яму было толькі ўстаць з-за шахматнай дошкі, дзе ён не ведаў сабе роўных, як ён адразу ж рабіўся забаўнаю, ледзь не камічнаю фігураю. Нягледзячы на бездакорны гарнітур, шыкарны гальштук і шпільку з занадта кідкаю жамчужынаю і старанна наманікюраныя ногці, ён заставаўся ў паводзінах і манерах такім жа, як і ранай - абмежаваным вясковым хлапцом, які яшчэ нядаўна падмятаў кухню ў святара. Выкарыстоўваючы свой талент і славу, ён стараўся зарабіць як мага болей грошай, праяўляў пры гэтым дробязную і нярэдка грубую прагнасць. Рабіў ён усё гэта з бессаромнаю адкрытасцю, якая выклікала раздражненне і пастаянныя насмешкі ў калег. Падарожнічаючы з горада ў горад, ён спыняўся ў самых танных гатэлях, згаджаўся гуляць у любым шахматным клубе, які гатовы быў заплаціць яму ганарар, прадаў фабрыканту мыла права змяшчаць свой партрэт на рэкламных аб'явах і, не звяртаючы ўвагі на пагардлівыя насмешкі сапернікаў, якія ведалі, што ён няздольны напісаць без памылак тры сказы, выдаў пад сваім імем кнігу «Філасофія шахматнай гульні» - напісаў яе бедны галіцыйскі студэнт па заказе аднаго прадпрымальнага выдаўца. Як звычайна бывае з людзьмі такога складу, Чэнтавіч цалкам быў пазбаўлены пачуцця гумару; стаўшы чэмпіёнам свету, ён пачаў лічыць сябе самым важным чалавекам на свеце. Усведамленне таго, што ён здолеў перамагчы ўсіх гэтых разумных і культурных людзей, бліскучых прамоўцаў і пісьменнікаў на іх уласным полі, і перш за ўсё той відавочны факт, што ён зарабляе больш за іх грошай, ператварылі яго ранейшую няўпэўненасць у халодную, адкрыта паказную ганарыстасць.

- Ці ж дзіўна, што лёгка здабытая слава закружыла вось такую пустую галаву, - скончыў мой сябар і прывёў некалькі класічных прыкладаў амаль дзіцячага славалюбства Чэнтавіча. - Чаму ж дваццаціаднагадоваму хлапцу з Баната не стаць звышпыхлівым, калі, рухаючы на дошцы фігуркі, ён можа за тыдзень зарабіць болей, чым уся яго вёска за цэлы год на лесапавале ці на якіх-небудзь іншых цяжкіх работах. І потым, шчыра кажучы, вельмі лёгка лічыць сябе вялікім чалавекам, калі ў тваёй галаве няма і следу думкі пра тое, што на свеце жылі калісьці Рэмбрант, Бетховен, Дантэ і Напалеон. Гэты хлапец ведае ў сваім абмежаваным мозгу толькі адно: ужо каторы месяц ён не прайграў ніводнай партыі. А не маючы аніякага ўяўлення пра тое, што на свеце існуюць іншыя вартасці, апроч шахмат і грошай, ён мае ўсе падставы быць у захапленні ад уласнае асобы.

Сябраў расказ, вядома, выклікаў у мяне вялікую цікавасць. Я ўсё жыццё цікавіўся рознымі відамі манаманаў - людзей ва ўладзе адной-адзінай ідэі, бо чым вужэй рамкі, якімі абмяжоўвае сябе чалавек, тым больш ён у пэўным сэнсе набліжаецца да бясконцасці. Якраз такія вонкава абыякавыя да ўсяго на свеце людзі ўпарта, як мурашкі, будуюць з нейкага асаблівага матэрыялу свой ні на што не падобны маленькі свет, які здаецца ім паменшаным адлюстраваннем сусвету. Таму я не схаваў ад сябра свайго намеру - пастарацца за час дванаццацідзённага падарожжа да Рыа бліжэй пазнаёміцца з гэтаю асобаю, надзеленаю такімі аднабаковымі здольнасцямі.

- Але наўрад ці гэта вам удасца, - папярэдзіў мяне сябар. - Наколькі я ведаю, яшчэ нікому не ўдалося вывудзіць з Чэнтавіча хоць крыху матэрыялу, прыдатнага на псіхалагічныя вывады. Пры ўсёй сваёй неверагоднай абмежаванасці гэты хітры селянін дастаткова разумны, каб не паказваць сваіх слабасцяў. Спосаб у яго просты: за выключэннем землякоў, дый то людзей свайго ўзроўню, з якімі ён сустракаецца ў танных гатэлях, Чэнтавіч пазбягае пачынаць з кім-небудзь размову. Адчуўшы, што перад ім адукаваны чалавек, ён адразу, як смоўж, хаваецца ў сваю ракавіну; таму ніхто не можа пахваліцца, што чуў ад яго нейкае глупства і здолеў ацаніць усю глыбіню яго невуцтва.

Мой сябар, здавалася, меў рацыю. Завязаць знаёмства з Чэнтавічам у першыя дні нашага падарожжа аказалася немагчыма - хіба толькі трэба было праявіць нахабства, - але я не прыхільнік такіх метадаў. Часам ён выходзіў на верхнюю палубу і гуляў там, заўсёды з рукамі за спінаю, паглыблены ў горды роздум, зусім як Напалеон на вядомым партрэце; але, гуляючы па палубе, ён заўсёды так спяшаўся, што мне, каб дасягнуць свае мэты, прыйшлося б бегчы за ім трушком. Ён ніколі не паказваўся ў гасцінай, у бары ці ў курыльным салоне; сцюард, ад якога я даведаўся пра гэта пад сакрэтам, сказаў мне, што большую частку дня ён праводзіць у сябе ў каюце за вялікаю шахматнаю дошкаю, разбірае згуляныя партыі ці рашае шахматныя задачы.

Праз тры дні я пачаў ужо сапраўды злавацца, што абарончая тактыка Чэнтавіча аказалася мацнейшай за маё жаданне як-небудзь да яго дабрацца. Дагэтуль мне не даводзілася сустракацца з выдатнымі шахматыстамі; і чым больш я стараўся зразумець гэты тып людзей, тым недаступнейшаю майму розуму здавалася праца чалавечага мозгу, якая цалкам сканцэнтравалася на невялічкай прасторы, раздзеленай на шэсцьдзесят чатыры чорныя і белыя квадраты.

З асабістага вопыту я быў знаёмы з таямнічаю чароўнасцю «каралеўскай гульні», адзінай з гульняў, прыдуманых чалавекам, якая не залежыць ад капрызу выпадку і ўвенчвае лаўрамі толькі розум, ці, дакладней, асобую форму разумовай адоранасці. Але ці ж не з'яўляецца вузкае азначэнне «гульня» абразаю шахматам? А можа, яны навука, нейкае мастацтва, нешта прамежкавае, што лунае паміж гэтымі двума паняццямі, як лунае паміж небам і зямлёю Магаметава труна; у гэтай гульні спалучаюцца самыя супярэчлівыя паняцці: яна і старажытная, і вечна новая; механічная ў сваёй аснове, але прыносіць поспех толькі таму, у каго ёсць фантазія; абмежаваная нерухомай геаметрычнай прасторай - і разам з тым бясконцая ў сваіх камбінацыях; яна няспынна развіваецца - і ўсё-такі зусім бясплодная; думка без вываду, матэматыка без выніку, мастацтва без твораў, архітэктура без камянёў. І тым не менш гэтая гульня вытрымала выпрабаванне часам лепей, чым усе кнігі і ўсё створанае людзьмі, гэта адзіная гульня, якая належыць усім народам і ўсім эпохам, і ніхто не ведае імя боства, якое прынесла яе на зямлю, каб развейваць нуду, удасканальваць розум, весяліць душу. Дзе пачатак яе і дзе канец? Яе простыя правілы можа вывучыць кожнае дзіця, у ёй спрабуе свае сілы любы аматар, і ў той жа час у яе нязменна цесных квадратах нараджаюцца зусім адметныя, ні з кім не параўнальныя майстры - людзі, адораныя выключна шахматнымі здольнасцямі; гэта асаблівыя геніі, якім палёт фантазіі, настойлівасць і майстэрства дакладнасці ўласцівыя не менш, чым матэматыкам, паэтам і кампазітарам - толькі ў іншым спалучэнні і з іншаю накіраванасцю. Раней, у час захаплення фізіянамічнымі даследаваннямі, які-небудзь Галь мусіў бы ў першую чаргу даследаваць галаўны мозг такіх геніяльных шахматыстаў, каб выявіць, ці няма ў шэрым рэчыве мозгу асаблівай звіліны, ці няма там якога-небудзь асаблівага шахматнага нерва або шахматнай шышкі. І якую цікаўнасць выклікаў бы ў фізіянаміста такі індывідуум, як Чэнтавіч, у каго гэтая асаблівая геніяльнасць угняздзілася ў мозгу, зусім некранутым і вялым, - як у глыбе пустой горнай пароды хаваецца адна-адзіная залатая жылка. У прынцыпе я разумеў, што такая па-свайму адзіная геніяльная гульня не магла не спараджаць і адпаведных славутасцей, і ўсё-такі мне было заўсёды цяжка, амаль немагчыма ўявіць сабе жыццё чалавека з дзейным розумам, які абмежаваў бы свой свет невялікаю бела-чорнаю прастораю і задаволіўся б толькі тым, што радасць у жыцці знаходзіў бы адно ў перасоўванні сюды і туды трыццаці дзвюх фігур. Я не мог зразумець псіхалогіі чалавека, які верыць у тое, што ход канём, а не пешкай у новым дэбюце можа прынесці яму славу і забяспечыць месцейка сярод бессмяротных, - хай толькі ў кароценькай заўвазе дзе-небудзь у настаўленні па шахматнай гульні, - чалавека, мыслячага чалавека, які, не будучы вар'ятам, на працягу дзесяці, дваццаці, трыццаці, сарака гадоў зноў і зноў аддае ўсю сілу свайго розуму бязглуздаму занятку - загнаць у вугал драўлянай дошкі драўлянага караля.

І вось нарэшце, упершыню ў жыцці, зусім блізка ад мяне, на адным караблі, усяго праз шэсць кают, апынуўся адзін з такіх феноменаў - выключны геній ці, можа, загадкавы дурань, а я, няшчасны чалавек, у якога жаданне пакапацца ў інтэлектуальных рэчах перарасло ў манію, ніяк не мог пазнаёміцца з ім. Я пачаў прыдумваць самыя хітрыя падыходы: то збіраўся сыграць на яго славалюбстве і папрасіць інтэрв'ю для ўплывовай газеты, то разлічваў на яго прагнасць і прапаноўваў яму прыняць удзел у выгадным турніры ў Шатландыі. Нарэшце мне прыйшоў у галаву выпрабаваны прыём паляўнічых, якія падзываюць глушцоў, імітуючы іх вабны кліч. Што, зрэшты, можа быць самым пераканаўчым, каб прыцягнуць да сябе ўвагу шахматнага маэстра, як не пачаць гуляць у шахматы самому?

Я ніколі не гуляў у шахматы сур'ёзна па той простай прычыне, што я заўсёды лічыў шахматы забаваю, і не болей; калі ж я і баўлю часам гадзіну за шахматнаю дошкаю, то зусім не дзеля таго, каб стамляць свой мозг, а наадварот, каб развеяцца пасля напружанай разумовай працы. Я ў поўным сэнсе гэтага слова «гуляю» ў шахматы, у той час як другія, сапраўдныя шахматысты, «сур'ёзняцца» ў іх, калі ўжываць незвычайнае, новае словаўтварэнне. Шахматы, як і каханне, патрабуюць партнёра, а я яшчэ нават не высветліў, ці ёсць на параходзе аматары гэтай гульні, акрамя мяне і Чэнтавіча. Каб выцягнуць іх з нор, я падрыхтаваў у курыльным салоне прымітыўную пастку: у якасці прынады за шахматны столік селі я і жонка, хоць яна гуляе яшчэ горш за мяне. І, канечне, варта нам было зрабіць некалькі хадоў, як каля нас ужо спыніўся адзін пасажыр, потым яшчэ адзін спытаўся дазволу паглядзець на гульню; а неўзабаве знайшоўся і жаданы партнёр, які прапанаваў мне згуляць з ім партыю. Звалі яго Мак Конар, ён быў горны інжынер з Шатландыі. Я даведаўся, што на нафтавых свідравінах у Каліфорніі ён сабраў вялікае багацце. Мак Конар быў здаравяк з квадратнымі сківіцамі і моцнымі зубамі. Чырвань на твары, несумненна, сведчыла аб празмерным ужыванні віскі, а вельмі шырокія плечы гэтага атлета сведчылі аб яго характары і даволі непрыемна ўздзейнічалі на нас пад час гульні. Бо містэр Мак Конар належаў да той катэгорыі самаўпэўненых, разбалаваных поспехам людзей, якія любое паражэнне, нават у самым бяскрыўдным спаборніцтве, успрымаюць не інакш, як удар па сваім самалюбстве. Гэтага вялізнага чалавека, які ўсім быў абавязаны толькі самому сабе, які прывык напралом прабівацца да мэты, настолькі перапаўняла пачуццё ўласнай перавагі, што любую перашкоду ён лічыў недапушчальным выклікам сабе, ледзь не знявагаю. Пасля пройгрышу ў першай партыі ён спахмурнеў і пачаў грунтоўна, дыктатарскім тонам растлумачваць, што гэтага не адбылося б, каб не выпадковая няўважлівасць. Адказнасць за пройгрыш трэцяй партыі ён усклаў на шум у блізкай гасцінай; ніводнай прайгранай партыі ён не жадаў пакідаць без рэваншу. Спачатку яго крыўдлівасць забаўляла мяне, але потым я ўспрыняў яе як непазбежную акалічнасць, звязаную з дасягненнем маёй уласнай мэты - прывабіць да стала чэмпіёна свету.

На трэці дзень мая задума здзейснілася, хоць і не поўнасцю. Можа, Чэнтавіч убачыў нас за шахматамі праз ілюмінатар, які выходзіў на верхнюю палубу, ці, можа, ён проста вырашыў ушанаваць сваёй прысутнасцю курыльны салон, - ва ўсякім разе, як толькі чэмпіён заўважыў, што ў сферу ягонага мастацтва асмеліліся ўварвацца непасвячоныя, ён міжвольна падышоў бліжэй і, трымаючыся на значнай адлегласці, кінуў дапытлівы позірк на дошку. Быў ход Мак Конара. Аднаго яго ходу аказалася дастаткова, каб Чэнтавіч адразу зразумеў, як мала цікавасці маюць для яго, маэстра, нашы аматарскія намаганні. З нядбайным жэстам, якім звычайна адмахваюцца ад прапанаванага ў кніжнай краме дрэннага дэтэктыўнага рамана, нават не пагартаўшы яго, чэмпіён адвярнуўся і выйшаў з салона.

«Паглядзеў і адразу ўбачыў, што няма на што глядзець», - падумаў я, крыху ўколаты яго халодным, пагардлівым позіркам. Мне захацелася спагнаць на кім-небудзь сваё раздражненне, і я звярнуўся да Мак Конара:

- Здаецца, ваш ход не зрабіў вялікага ўражання на чэмпіёна.

- Якога чэмпіёна?

Я растлумачыў яму, што чалавек, які толькі што прайшоў міма нас і так пагардліва паглядзеў на нашу гульню, быў Чэнтавіч, чэмпіён свету па шахматах. Я дадаў, што не варта засмучацца з-за яго ганарыстасці: для беднякоў гордасць - недапушчальная раскоша. На маё здзіўленне, гэтыя выпадкова сказаныя словы мелі на Мак Конара зусім нечаканае ўздзеянне. Ён адразу моцна расхваляваўся і забыўся пра нашу гульню. У яго ўзніклі славалюбівыя намеры. Ён нават і не падазраваў, што Чэнтавіч тут, на параходзе. Чэнтавіч абавязкова павінен згуляць з ім. Ён ніколі не гуляў з чэмпіёнам свету, за выключэннем аднаго разу, калі ўдзельнічаў у сеансе адначасовай гульні на сарака дошках; але нават гэта было вельмі захапляюча, ён тады ледзь не выйграў. Ці знаёмы я асабіста з чэмпіёнам? Не, не знаёмы. Ці не магу я папрасіць яго падысці да нас? Я адмовіўся і спаслаўся на тое, што Чэнтавіч, наколькі мне вядома, пазбягае новых знаёмстваў. Акрамя таго, якую цікавасць можа мець для чэмпіёна свету гульня з намі, трэцеразраднымі шахматыстамі?

Заўвага аб трэцеразрадных шахматыстах была для такога самалюбівага чалавека, як Мак Конар, бадай што залішняя. Ён сярдзіта адкінуўся назад у крэсле і гарачліва заявіў, што не ўяўляе сабе, каб Чэнтавіч мог адхіліць ветлівае запрашэнне джэнтльмена. Пра гэта паклапоціцца ён сам. Па яго просьбе я коратка апісаў знешні выгляд чэмпіёна, і Мак Конар, поўны нецярпення, пакінуў на волю лёсу незакончаную партыю і падаўся шукаць Чэнтавіча на верхняй палубе. Тут я зноў адчуў, што ўтрымаць чалавека з такімі магутнымі плячамі, калі ён убіў сабе што-небудзь у галаву, рэч зусім безнадзейная.

Я напружана чакаў, што будзе. Праз дзесяць хвілін Мак Конар вярнуўся, як мне здалося, не ў гуморы.

- Ну як? - спытаўся я.

- Вы мелі рацыю, - адказаў з прыкрасцю Мак Конар, - не вельмі прыемны пан. Я прывітаўся і назваў сябе, але ён нават мне рукі не падаў. Я паспрабаваў растлумачыць яму, якія мы ўсе, пасажыры, будзем гордыя і шчаслівыя, калі ён згодзіцца ўдастоіць нас сеансам адначасовай гульні. Але ён паводзіў сябе страшэнна афіцыйна і сказаў, што, на жаль, кантракт з імпрэсарыа, арганізатарам турнэ, абавязвае яго гуляць у час падарожжа толькі за ўзнагароду і што мінімальны ганарар складае дзвесце пяцьдзесят даляраў за партыю.

Я засмяяўся.

- Вось ужо ніколі не думаў, што перасоўваць фігуры з чорных на белыя квадраты - такая прыбытковая справа. Спадзяюся, што вы гэтак жа ветліва развіталіся.

Але Мак Конар застаўся зусім сур'ёзны.

- Гульня адбудзецца заўтра ў тры гадзіны дня тут, у курыльным салоне. Спадзяюся, што яму не так лёгка ўдасца разбіць нас нашчэнт.

- Што? Вы згадзіліся даць яму дзвесце пяцьдзесят даляраў? - усклікнуў я ў вялікім здзіўленні.

- А чаму б і не? С'еst sinmetіеr*. Калі б у мяне забалеў зуб, а на параходзе быў дантыст, то ці ж мог бы я патрабаваць ад яго, каб ён вырываў яго бясплатна? Ён робіць правільна, калі заломвае высокую цану; у любой прафесіі лепшыя спецыялісты адначасова і самыя выдатныя камерсанты. Што ж да мяне, то я за сумленную здзелку. Я лепей заплачу пану Чэнтавічу гатоўкаю, чым стану прасіць яго зрабіць ласку згуляць са мною ды яшчэ адчуваць сябе абавязаным потым дзякаваць яму. Мне даводзілася прайграваць за вечар у нашым клубе і болей, чым дзвесце пяцьдзесят даляраў, пры гэтым я не гуляў з чэмпіёнам свету. «Трэцеразраднаму» шахматысту не сорамна прайграць Чэнтавічу.

* Гэта яго прафесія (фр.).

Мне было смешна, як моцна нявінны выраз «трэцеразрадныя шахматысты» раніў самалюбства Мак Конара. Паколькі, аднак, дарагая забава давала мне магчымасць пазнаёміцца з цікавым і рэдкім суб'ектам і яе аплачваў Мак Конар, я не стаў аспрэчваць яго недарэчнага славалюбства. Мы паспяшаліся паведаміць пра будучую падзею яшчэ чатыром-пяці чалавекам, якія выказалі цягу да шахмат, і патрабавалі пакінуць ім на матч не толькі наш столік, але і ўсе суседнія, каб пазбегнуць магчымых перашкод ад іншых пасажыраў.

На другі дзень дакладна ў вызначаны час наша кампанія сабралася ў поўным складзе. Цэнтральнае месца, насупраць чэмпіёна, было аддадзена, вядома, Мак Конару; ён хваляваўся, курыў адну за друтою моцныя цыгары і нервова пазіраў на гадзіннік. Чэмпіен прымусіў сябе чакаць добрых дзесяць хвілін (памятаючы расказы свайго сябра, я прадбачыў нешта падобнае), і гэта яшчэ больш падкрэсліла ўрачыстасць яго з'яўлення. Ён падышоў да стала са спакойным і абыякавым выглядам, але не прывітаўся. Мусіць, яго няветлівасць павінна была гаварыць: «Вам вядома, хто я, а мне зусім не цікава ведаць, хто вы», - і адразу ж сухім, дзелавітым тонам пачаў тлумачыць свае ўмовы. Таму што на параходзе няма дастатковай колькасці шахматных дошак, каб правесці сеанс адначасовай гульні, ён прапануе ўсім нам гуляць супраць яго супольна. Зрабіўшы ход, ён будзе адыходзіць у другі канец пакоя, каб не перашкаджаць нам раіцца. Мы ж, зрабіўшы ход у адказ, павінны будзем з-за адсутнасці званочка, стукаць аб шклянку чайнаю лыжкаю. Калі не будзе пярэчанняў, ён прапануе на абдумванне кожнага ходу максімум дзесяць хвілін. Мы, як нясмелыя вучні, прынялі, зразумела, усе яго ўмовы. Чэнтавічу дасталіся чорныя фігуры; ён застаўся стаяць, калі рабіў першы ход у адказ, а потым адразу павярнуўся, адышоў на дамоўленае месца, ляніва разваліўся там у крэсле і пачаў перагортваць ілюстраваны часопіс.

Наўрад ці ёсць сэнс апісваць гэтую партыю. Скончылася яна, як і трэба было чакаць, поўным нашым паражэннем, да таго ж ужо на дваццаць чацвёртым ходзе. Не было нічога дзіўнага ў тым, што чэмпіён свету, гуляючы, як кажуць, леваю рукою, ушчэнт разбіў з паўтузіна пасрэдных і зусім слабых шахматыстаў; але ўсім нам было непрыемна адчуваць ганарыстыя паводзіны Чэнтавіча, які ясна даваў зразумець, што ўправіўся з намі без ніякіх намаганняў. Кожны раз, калі ён падыходзіў да стала, ён кідаў на дошку беглы і наўмысна няўважлівы позірк, а на нас і зусім не звяртаў увагі, быццам мы таксама былі драўлянымі фігурамі. Гэтак нават лянуюцца зірнуць на костку, калі кідаюць яе бадзяжнаму сабаку. Мне здавалася, што каб у яго было хоць крышку чуйнасці і такту, ён мусіў бы звярнуць увагу на зробленыя намі памылкі або падбадзёрыць нас прыязным словам. Нават пасля завяршэння партыі гэты шахматны аўтамат не вымавіў ні гуку; ён сказаў «мат» і застаўся нерухома стаяць каля стала, мусіць, каб даведацца, ці не жадаем мы згуляць яшчэ адну партыю. Я ўжо ўстаў з месца і, як заўсёды, калі пасаваў перад бесцырымоннаю грубасцю, падрыхтаваўся даць зразумець жэстам, што я асабіста з задавальненнем буду лічыць наша знаёмства скончаным адразу пасля завяршэння гэтай фінансавай здзелкі. Але, на мой жаль, у гэтае імгненне Мак Конар, якія сядзеў побач са мной, хрыпла выгукнуў: «Рэванш!»

Мяне спалохаў выклік у яго голасе: Мак Конар цяпер хутчэй нагадваў баксёра, які збіраецца нанесці рашаючы ўдар, чым карэктнага джэнтльмена. Можа, яго абурылі зняважлівыя паводзіны Чэнтавіча ці прычынай было ўласнае моцна абражанае самалюбства, але, як бы там ні было, нават вонкава Мак Конар поўнасцю змяніўся. Ён пачырванеў па самыя вушы, ноздры ад унутранага напружання раздзьмуліся, твар пакрыўся потам, ад закушанай губы да ваяўніча настаўленага падбароддзя праляглі рэзкія маршчыны. Я з непакоем заўважыў у яго вачах агеньчык шалёнага азарту, які авалодвае звычайна гульцамі ў рулетку, калі патрэбны колер не выпадае шэсць-сем разоў запар пасля няспыннага падвойвання ставак. У гэты момант я ўжо ведаў, што гэты апантаны славалюб гатовы паставіць супраць Чэнтавіча ўсё сваё багацце і гуляць, гуляць з простымі ці падвоенымі стаўкамі, пакуль не выйграе хоць адну партыю. Калі б у Чэнтавіча хапіла цярпення, Мак Конар мог бы стаць для яго сапраўдным залатым дном, адкуль ён мог бы да Буэнас-Айрэса пакласці сабе ў кішэню не адну тысячу даляраў.

Чэнтавіч не скрануўся з месца.

- Калі ласка, - ветліва адказаў ён. - Цяпер, панове, вы будзеце гуляць чорнымі фігурамі.

Другая партыя мала чым адрознівалася ад першай, толькі наша кампанія крыху павялічылася за кошт яшчэ некалькіх цікаўных, і гульня зрабілася больш жывою. Мак Конар пільна глядзеў на дошку, быццам хацеў загіпнатызаваць шахматныя фігуры і здзейсніць сваё жаданне перамагчы; я адчуваў, што ён з захапленнем ахвяраваў бы і тысячу даляраў за тое, каб з радасцю крыкнуць «мат» у твар нашаму абыякаваму праціўніку. І дзіўна - яго зацятае хваляванне неяк несвядома перадалося ўсім нам. Цяпер кожны ход абмяркоўваўся куды больш актыўна, і мы спрачаліся да апошняй хвіліны, перш чым згаджаліся даць сігнал Чэнтавічу падысці да нашага стала. Дагуляўшы да семнаццатага ходу, мы са здзіўленнем заўважылі, што ў партыі ўзнікла пазіцыя, якая здавалася надзвычайна выгаднаю для нас: мы змаглі прасунуць пешку «с» на перадапошнюю лінію, і ўсё, што нам заставалася цяпер зрабіць, - гэта прасунуць яе наперад на «с1» і паставіць яшчэ аднаго ферзя. Але ў глыбіні душы ў нас не было поўнай упэўненасці: мы не верылі, што ў нас з'явіўся такі яўны шанц на выйгрыш. Усе мы падазравалі, што перавага, якой мы, здавалася, дабіліся, была пастка, пастаўленая Чэнтавічам, які прадбачыў развіццё гульні на шмат хадоў наперад. І ўсё-такі, як мы ні абмяркоўвалі і ні разглядалі становішча з усіх бакоў, мы не маглі разгадаць, у чым тут быў падвох. Нарэшце, калі дзесяць хвілін амаль прайшлі, мы вырашылі рызыкнуць зрабіць гэты ход. Мак Конар ужо ўзяўся за пешку, каб перасунуць яе на апошні квадрат, як раптам нечая рука затрымала яго і ціхі, але настойлівы голас прашаптаў:

- Богам прашу, не трэба!

Мы ўсе міжвольна павярнуліся. За намі стаяў чалавек гадоў пад сорак пяць, - вузкі, з рэзкімі рысамі твар яго ўжо раней на прагулках прыцягваў маю ўвагу незвычайнаю, змярцвелаю бледнасцю. Відаць, ён толькі што далучыўся да нашай кампаніі, і, паглыбленыя ў абмеркаванне чарговага ходу, мы не заўважылі яго з'яўлення. Убачыўшы, што мы глядзім на яго, ён хуценька дадаў:

- Калі вы цяпер паставіце ферзя, ён адразу возьме яго сланом, а вы забераце яго канём. Ён жа тым часам перасуне сваю прахадную пешку на «с17» і будзе пагражаць вашай туры; калі ж вы нават аб'явіце шах канём, усё роўна партыя будзе прайграна - праз дзевяць-дзесяць хадоў вы атрымаеце мат. Амаль такую ж камбінацыю прымяніў у 1922 годзе Алёхін, гуляючы супраць Багалюбава на шахматным турніры ў П'ешцяні.

Здзіўлены Мак Конар выпусціў з рукі пешку і, як і ўсе мы, з нямым здзіўленнем утаропіўся ў анёла-выратавальніка, які спусціўся так нечакана да нас з неба. Бо прадбачыць мат за дзевяць хадоў мог толькі шахматыст самага высокага класа, можа, нават удзельнік міжнародных спаборніцтваў, які ехаў на той самы турнір, што і Чэнтавіч, каб аспрэчваць першынство свету. Яго раптоўнае з'яўленне, яго ўмяшанне ў гульню ў самы крытычны момант здалося нам чымсьці звышнатуральным.

Першы апамятаўся Мак Конар.

- Што ж вы параіце? - прашаптаў ён усхвалявана.

- Пакуль што не перасоўвайце пешкі наперад. Манеўруйце. Перш за ўсё выведзіце караля з небяспечнай зоны - з «g8» на «h7». Тады ваш праціўнік, мусіць, перанясе атаку на другі фланг. Але гэтую атаку вы можаце парыраваць ходам туры «с8-с4»; гэта яму будзе каштаваць страты двух тэмпаў і адной пешкі і, такім чынам, усяе перавагі. У такім выпадку ў вас абодвух будуць прахадныя пешкі, і калі вы будзеце правільна абараняцца, то зможаце звесці партыю ўнічыю. Гэта самае лепшае, што вы можаце зрабіць.

Мы зноў не маглі схаваць здзіўлення. Дакладнасць і хуткасць яго разлікаў уразілі нас. Здавалася, ён чытаў хады па кніжцы. Дзякуючы яго ўмяшанню ў нас з'явіўся нечаканы шанц. Магчымасць згуляць унічыю з чэмпіёнам свету - гэта было так цудоўна! Аднадушна мы ўсе адсунуліся ўбок, каб не перашкаджаць яму глядзець на дошку. Мак Конар перапытаў:

- Значыцца, караля з «g8» на «h7»?

- Канечне. Цяпер самае галоўнае - манеўраваць.

Мак Конар падпарадкаваўся, і мы пастукалі па шклянцы. Чэнтавіч падышоў сваёю звычайнаю ляніваю хадою да стала і паглядзеў, які ход мы зрабілі. Потым ён перасунуў пешку з «h2» на «h4» на каралеўскім флангу, дакладна так, як прадказваў наш невядомы памочнік. А той ужо шаптаў усхвалявана:

- Туру наперад, туру з «с8» на с4», тады ён мусіць спачатку абараніць пешку. Але гэта яму не паможа. Не звяртайце ўвагі на яго прахадную пешку і бярыце канём «с3 - d5»; тады раўнавага адновіцца. Атакуйце з усяе сілы, замест таго каб абараняцца.

Мы не разумелі, пра што ён гаворыць. Ён з такім самым поспехам мог гаварыць з намі па-кітайску. Мак Конар, як зачараваны, не раздумваючы, рабіў тое, што яму загадвалі. Мы зноў пастукалі па шклянцы, гукаючы Чэнтавіча. І тут ён, уважліва ўглядаючыся ў дошку, першы раз памарудзіў, перш чым зрабіць ход. Ход ён зрабіў якраз той, які ўгадаў наперад незнаёмы, і павярнуўся ўжо ісці. Але тут адбылося нешта новае і непрадбачанае: Чэнтавіч падняў вочы і агледзеў нашы рады. Безумоўна, ён хацеў высветліць, хто ж гэта з нас раптам аказаў яму такое энергічнае супраціўленне.

Наша хваляванне расло з кожнай хвілінай. Раней мы гулялі без сур'ёзнай надзеі на выйгрыш, але цяпер думка пра тое, што мы можам зламаць халодную ганарыстасць Чэнтавіча, авалодала ўсімі намі. Без затрымкі наш новы сябар сказаў, які рабіць наступны ход. Можна было запрашаць Чэнтавіча працягваць гульню. Дрыготкаю рукою я ўдарыў лыжкаю па шклянцы, і тут надышла чарга радавацца. Чэнтавіч, які дагэтуль стаяў, калі рабіў свае хады, памарудзіў і нарэшце сеў за стол. Апускаўся ён у крэсла павольна і цяжка, але гэтага было зусім дастаткова, каб мы нарэшце аказаліся гульцамі, якія сядзелі адзін супраць другога на адным узроўні. Мы прымусілі яго паставіцца да нас, як да роўных, прынамсі, вонкава. Ён доўга думаў, пільна гледзячы на дошку; яго цяжкія павекі амаль зусім закрывалі вочы. Ад напружанага роздуму рот у яго крыху прыадкрыўся, што надавала кругламу твару дурнаваты выгляд. Чэнтавіч думаў некалькі хвілін, потым зрабіў ход і ўстаў. І адразу ж наш сябар зашаптаў:

- Стрымальны ход! Добра задумана! Але не ідзіце на гэта. Фарсіруйце размен, абавязкова размен! Пасля гэтага будзе нічыя, ён нічога не зможа зрабіць.

Мак Конар падпарадкаваўся. Наступныя манеўры абодвух гульцоў (мы ўсе ўжо даўно ператварыліся ў простых статыстаў) заключаліся ў незразумелых для нас перамяшчэннях фігур. Хадоў праз сем Чэнтавіч, падумаў крыху, падняў на нас вочы і сказаў: «Нічыя».

На момант усталявалася поўная цішыня. Раптам адразу сталі чуваць і шум мора, і радыё ў суседняй гасцінай, і кожны крок пасажыраў на верхняй палубе, і слабы, тонкі свіст ветру ў аконных рамах. Мы не маглі зрушыцца з месца; усё адбылося так раптоўна, мы былі як быццам напалоханы немагчымым: нейкі невядомы чалавек прымусіў падпарадкавацца сваёй волі чэмпіёна свету, і да таго ж у напалову прайгранай партыі. Мак Конар шумна перавёў дыханне, адкінуўся назад, і з яго вуснаў сарвалася задаволенае «ага!». Я зноў уважліва паглядзеў на Чэнтавіча. Мне яшчэ раней здалося, што ў канцы гульні ён пабляднеў. Але чэмпіён свету ўмеў трымаць сябе ў руках. Па-ранейшаму захоўваючы абыякавы выгляд, ён згроб цвёрдаю рукою фігуры з дошкі і няспешна папытаўся:

- Жадаеце згуляць трэцюю партыю, панове?

Пытанне было пастаўлена спакойным, чыста дзелавым тонам. Але здзіўляла тое, што чэмпіён, як бы зусім не заўважаючы Мак Конара, пільна глядзеў у вочы нашаму ратаўніку. Як конь па ўпэўненай пасадцы пазнае новага, вопытнага конніка, так і Чэнтавіч разгадаў, хто быў яго сапраўдны і адзіны праціўнік. Услед за ім і мы міжвольна ўтаропіліся ў незнаёмага. Але не паспеў той адказаць, як Мак Конар, ахоплены славалюбным азартам і перапоўнены радасцю, усклікнуў:

- Канечне, а як жа! Але толькі цяпер гуляць будзеце вы адзін. Вы адзін супраць Чэнтавіча.

І тут адбылося нешта зусім непрадбачанае. Незнаёмы, які ўсё яшчэ з незразумелым напружаннем глядзеў на пустую дошку, уздрыгнуў, калі пачуў гэтыя энергічныя словы. Убачыўшы, што ўсе позіркі скіраваны на яго, ён збянтэжыўся.

- Ні ў якім разе, панове, - сказаў ён, запінаючыся, яўна ўсхваляваны, - гэта немагчыма... Вам прыйдзецца абысціся без мяне... Бо мінула ўжо дваццаць, не, нават двацццаць пяць гадоў з таго часу, як я апошні раз сядзеў за шахматнаю дошкаю... І я толькі цяпер зразумеў, як няветліва я зрабіў, калі без дазволу ўмяшаўся ў вашу гульню... Прашу дараваць мне за дзёрзкасць...

І перш чым мы паспелі апамятацца ад здзіўлення, ён павярнуўся і выйшаў з салона.

- Але гэта немагчыма! - грукатаў тэмпераментны Мак Конар і барабаніў кулаком па стале. - Зусім немагчыма, каб ён дваццацаь пяць гадоў не гуляў у шахматы! Ён жа прадбачыў кожную камбінацыю, кожны сустрэчны манеўр, прынамсі, на пяць-шэсць хадоў наперад. Так гуляць - не дарогу перайсці. Такога проста быць не можа, праўда?

З апошнім пытаннем Мак Конар звярнуўся да Чэнтавіча, але чэмпіён не страціў ледзянога спакою.

- Не магу сказаць вам нічога пэўнага. Ва ўсякім разе, у гульні гэтага пана было штосьці цікавае і не зусім звычайнае; таму я наўмысна даў яму шанц.

Ён тут жа ляніва ўстаў з месца і дзелавіта скончыў:

- Калі гэты пан ці вы, панове, пажадаеце заўтра згуляць яшчэ партыю, - з трох гадзін я да вашых паслуг.

Мы не маглі схаваць лёгкіх усмешак. Кожны з нас добра ведаў, што зусім не велікадушнасць перашкодзіла Чэнтавічу адолець нашага невядомага помочніка. Заўвага яго была наіўнай спробай апраўдаць сваю няўдачу, і нам яшчэ мацней захацелася стаць сведкамі канчатковай ганьбы гэтага фанабэрыстага ганарліўца. Усімі намі, нічым не занятымі пасажырамі парахода, раптам авалодаў дзікі, славалюбівы азарт. Намі авалодала думка, што тут, на параходзе, у адкрытым моры, пальма першынства будзе вырвана з рук чэмпіёна і тэлеграфныя агенцтвы разнясуць вестку аб падзеі па ўсім свеце. Да гэтага трэба дадаць, што нас заінтрыгавала таямнічае з'яўленне нашага ратаўніка, яго ўмяшанне ў гульню ў самы крытычны момант, кантраст паміж яго хваравітаю сарамлівасцю і непахіснаю прафесіянальнаю самаўпэўненасцю. Хто ж такі гэты незнаёмы? Можа, на нашых вачах выпадкова адкрыўся свету дагэтуль невядомы шахматны геній? Ці, можа, гэта славуты маэстра, які па нейкай там прычыне не пажадаў адкрыць сваё імя? Мы гарачыліся, на ўсе лады абмяркоўвалі кожную магчымасць. Самыя неверагодныя меркаванні ўжо не здаваліся нам неверагоднымі, калі мы ўспаміналі пра яго незразумелую нясмеласць, нечаканую заяву, што ён не гуляў у шахматы шмат гадоў, і супастаўлялі ўсё гэта з відавочным майстэрствам яго гульні. У адным, аднак, мы сыходзіліся ўсе: трэба зрабіць так, каб турнір працягваўся. Мы вырашылі прыкласці ўсе намаганні і ўгаварыць нашага ратаўніка гуляць і заўтра супраць Чэнтавіча. Мак Конар абавязаўся заплаціць усе выдаткі, а мне, як суайчынніку - мы тым часам даведаліся ў сцюарда, што незнаёмы быў аўстрыец, - даручылі перадаць яму нашу агульную просьбу.

Мне не спатрэбілася шмат часу на яго пошукі. Ён выцягнуўся ў шэзлонгу на верхняй палубе і чытаў. Перш чым падысці бліжэй, я скарыстаў магчымасць, каб добра разгледзець яго. Ён ляжаў, адкінуўшыся на падушку, і выглядаў як крыху стомлены чалавек; мяне яшчэ раз уразіла дзіўная бледнасць яго даволі маладога твару. Скроні былі зусім белыя; не ведаю чаму, але ў мяне склалася ўражанне, што пастарэў ён раптоўна. Як толькі я падышоў да яго, ён ветліва ўстаў і прадставіўся. Імя, названае ім, належала сям'і, якая карысталася вялікаю павагаю ў старой Аўстрыі. Я ўспомніў, што адзін член сям'і быў блізкім сябрам Шуберта, другі - прыдворным доктарам старога імператара. Доктар Б. моцна здзівіўся, калі я паўтарыў яму нашу просьбу згуляць з Чэнтавічам. Аказалася, што ён і не падазраваў, што гуляў, ды яшчэ гэтак паспяхова, супраць славутага чэмпіёна свету. Чамусьці гэтая дэталь зрабіла на яго асабліва моцнае ўражанне. Ён зноў і зноў перапытваў, ці ўпэўнены я, што яго праціўнікам сапраўды быў прызнаны ўсімі чэмпіён свету. Хутка я заўважыў, што гэтая акалічнасць значна палягчае маю місію. Але, адчуваючы, што я маю справу з вельмі далікатным і выхаваным чалавекам, я вырашыў не гаварыць яму, што ў тым выпадку, калі ён пацерпіць паражэнне, матэрыяльную страту панясе Мак Конар. Павагаўшыся крыху, доктар Б. згадзіўся прыняць удзел у матчы, але папрасіў папярэдзіць маіх спадарожнікаў, каб яны не вельмі разлічвалі на яго магчымасці.

- Таму што, - дадаў ён з дзіўнаю ўсмешкаю, - я, папраўдзе, не ведаю, ці змагу гуляць па ўсіх правілах. Можаце мне верыць: калі я заявіў, што не дакранаўся да шахмат з часу вучобы ў гімназіі, а гэта больш за дваццаць гадоў, я сказаў гэта не ад паказной сціпласці. І нават тады я нічога не ўяўляў сабою як шахматыст.

Гэта ён сказаў так проста, што я ні на хвіліну не ўсумніўся ў шчырасці ягоных слоў. Але ўсё-такі я не мог не запярэчыць яму, бо мяне ўразіла дакладнасць, з якою ён спасылаўся на самыя дробныя дэталі партый, згуляных рознымі чэмпіёнамі; мусіць, ён шмат часу прысвяціў вывучэнню тэорыі шахматнай гульні. Доктар Б. зноў усміхнуўся сваёю незразумелаю ўсмешкаю.

- Шмат часу? Бачыць бог, гэта праўда. Шахматам я прысвяціў шмат часу. Але ўсё адбылося ў незвычайных, я б сказаў, выключных абставінах. Гэта даволі заблытаная гісторыя; яна можа служыць ілюстрацыяй да расказу аб нашай цудоўнай эпосе. Можа, вы наберацеся цярпення на паўгадзіны?..

Ён паказаў на суседні шэзлонг. Я ахвотна прыняў яго прапанову. Паблізу нікога не было. Доктар Б. зняў акуляры, паклаў іх побач і пачаў:

- Вы мелі ласку заўважыць, што маё прозвішча вам, жыхару Вены, знаёмае. Але мне здаецца, што вы наўрад ці чулі пра юрыдычную кантору, якую ўзначальвалі спачатку мы з бацькам, а потым я адзін. Мы не вялі спраў, якія суправаджаліся шумам у газетах, і прынцыпова пазбягалі браць новых кліентаў. Мы наогул не займаліся звычайнаю юрыдычнаю практыкаю, а абмяжоўваліся тым, што давалі юрыдычныя парады і распараджаліся маёмасцю багатых манастыроў, з якімі быў блізка звязаны мой бацька, у мінулым дэпутат клерыкальнай партыі. Акрамя таго - цяпер, калі манархія ўжо стала здабыткам гісторыі, пра гэта можна гаварыць адкрыта, - нам было даручана распараджацца і капіталамі некаторых членаў імператарскага дому. Сувязі нашай сям'і з дваром і царквою (адзін мой дзядзька быў лейб-медыкам імператара, а другі - абатам у Зайтэнштэцене) пачаліся яшчэ два пакаленні таму назад; нам заставалася толькі захоўваць і падтрымліваць гэтыя сувязі. Давер кліентаў перайшоў да нас як спадчына, і разам з даверам перайшлі і спакойныя, някідкія абавязкі - ад нас патрабаваліся галоўным чынам сціпласць і надзейнасць - дзве якасці, у поўнай меры ўласцівыя нябожчыку бацьку. Толькі дзякуючы яго асцярожнасці нашы кліенты збераглі значныя каштоўнасці ў гады інфляцыі і пасля перавароту. Потым, калі ўладу ў Германіі захапіў Гітлер і пачалася канфіскацыя маёмасці цэркваў і манастыроў, з-за мяжы былі зроблены некаторыя захады, каб выратаваць хоць частку рухомай маёмасці. Перагаворы вяліся цераз нас, і пра здзелкі паміж імператарскім домам і Ватыканам, якія ніколі не стануць здабыткам грамадскасці, ведалі толькі мы абодва. Кантора наша была зусім непрыкметная, у нас не было нават шыльды на дзвярах, мы наўмысна трымаліся воддаль ад манархічных колаў, і гэта была самая надзейная ахова ад няпрошанай цікаўнасці. Ніводная аўстрыйская інстанцыя і не падазравала, што ўсе гэтыя гады таемныя кур'еры імператарскай сям'і дастаўлялі ў нашу сціплую кантору на чацвёртым паверсе надзвычайнай важнасці лісты і везлі адтуль адказы на іх.

Вядома, што яшчэ задоўга да таго, як нацысты рушылі свае арміі супраць усяго свету, яны пачалі ствараць у суседніх з Германіяй краінах яшчэ адну не менш небяспечную і добра вымуштраваную армію - легіёны з людзей, пакрыўджаных, абыдзеных і абдзеленых лёсам. У кожнай канторы, на кожным прадпрыемстве існавалі іхнія так званыя ячэйкі; у іх былі шпіёны і выведнікі ўсюды, уключна да асабістых рэзідэнцый Дольфуса і Шушніга. Быў іхні агент і ў нашай несамавітай канторы, пра што я, на жаль, даведаўся занадта позна, - нікчэмны бяздарны канцылярыст, якога я ўзяў па рэкамендацыі аднаго святара, каб надаць нашай канторы выгляд сапраўднай дзелавой установы. Давалі мы яму толькі самыя нявінныя даручэнні: ён адказваў на тэлефонныя званкі, насіў пошту, падшываў паперы - зразумела, паперы, якія не мелі сур'ёзнага значэння. Яму ніколі не дазвалялася распячатваць карэспандэнцыю, усе важныя лісты пісаў я сам на машынцы і толькі ў адным экземпляры, усе істотныя дакументы я трымаў у сябе дома, а тайныя перагаворы вёў толькі ў пакоі прыёра ў манастыры ці ва ўрачэбным кабінеце майго дзядзькі. Дзякуючы гэтым мерам засцярогі выведнік не мог даведацца нічога істотнага; але, мусіць, няшчасная выпадковасць дазволіла ўбачыць славалюбіваму і фанабэрыстаму чалавеку, што яму не давяраюць і што за яго спінаю адбываюцца цікавыя рэчы. А можа, у маю адсутнасць адзін з кур'ераў неасцярожна сказаў «яго вялікасць» замест умоўленага «барон Берн», ці, можа, нягоднік распячатваў тайком лісты - як бы там ні было, яшчэ да таго, як я пачаў падазраваць што-небудзь, ён ужо атрымаў загад з Мюнхена ці Берліна сачыць за намі. Ужо значна пазней, пасля майго арышту, я ўспомніў, як ён, спачатку лянівы на службе, стаў праяўляць раптам у апошнія месяцы незвычайную стараннасць, шмат разоў настойліва прапаноўваў мне свае паслугі, каб занесці на пошту карэспандэнцыю. Мушу прызнацца, што я праявіў пэўную неасцярожнасць, але ж ці не здолеў Гітлер каварна абысці і перахітрыць буйнейшых дыпламатаў і генералаў? Гестапа сачыла за кожным маім крокам, - гэта наглядна пацвярджае той факт, што эсэсаўцы арыштавалі мяне ўвечары таго ж самага дня, калі адрокся Шушніг, і за дзень да таго, як Гітлер увайшоў у Вену. На шчасце, пачуўшы па радыё развітальную прамову Шушніга, я паспеў спаліць усе найбольш важныя дакументы, а другія, у тым ліку распіскі на каштоўныя паперы, якія былі за мяжою і належалі манастырам і двум эрц-герцагам, схаваў у кош з бруднаю бялізнаю і даручыў вернай аканомцы занесці ў дзядзькаў дом. Усё гэта было зроблена літаральна ў апошнюю хвіліну, калі нацысты ўжо грукалі ў дзверы.

Доктар Б. перарваў свой расказ, каб закурыць цыгару. Успыхнула запалка, і я ўбачыў, што правы куточак рота ў доктара нервова торгаецца. Я ўжо раней заўважыў гэтае мімалётнае, ледзь прыкметнае паторгванне, яно паўтаралася кожныя дзве-тры хвіліны і надавала яго твару надзвычайна неспакойны выгляд.

- Вы, відаць, чакаеце, што я раскажу вам пра канцэнтрацыйны лагер, у які кінулі ўсіх прыхільнікаў старой Аўстрыі і дзе іх мучылі, катавалі і зневажалі. Мая сціплая асоба сама па сабе, канечне, зусім не цікавіла гестапа, але яны здагадваліся, што мы былі падстаўныя асобы, апекуны маёмасці і давераныя іх лютых ворагаў. Яны хацелі прымусіць мяне перадаць ім у рукі дакументы, якія б выкрывалі манастыры, каб абвінаваціць іх ва ўтойванні капіталу; яны хацелі здабыць матэрыял супраць імператарскага дома і ўсіх прыхільнікаў аўстрыйскай манархіі. Яны падазравалі - і мелі на гэта ўсе падставы, - што значная частка фондаў, якія ішлі праз нашы рукі, была добра прыхавана і недасягальная для іх грабежніцкіх намераў. Вось таму яны і арыштавалі мяне ў першы ж дзень; яны разлічвалі, што, ужыўшы выпрабаваныя метады, даб'юцца ад мяне патрэбных звестак. Па гэтай прычыне людзей маёй катэгорыі, з якіх трэба было выціснуць грошы або важныя дакументы, не выслалі ў канцэнтрацыйныя лагеры. Вы, можа, помніце, што нашага канцлера, а таксама барона Ротшыльда, ад сваякоў якога яны разлічвалі атрымаць мільёны, не кінулі ў лагер за калючы дрот; наадварот, ім стварылі асобыя ўмовы - іх змясцілі ў асобныя нумары ў гатэлі «Метраполь», дзе таксама размяшчаўся штаб гестапа.

Асобны пакой у гатэлі - гучыць вельмі чалавечна, ці не праўда? Але, паверце, яны зусім не збіраліся ствараць нам чалавечыя ўмовы. Замест таго каб загнаць нас, «важных асоб», у ледзяныя баракі па дваццаць чалавек у кожным, яны далі нам параўнальна цёплыя нумары ў гатэлі, але пры гэтым кіраваліся тонкім разлікам. Атрымаць ад нас патрэбныя звесткі яны збіраліся без ужывання, як звычайна, пабояў ці катаванняў, а з дапамогаю больш вытанчанага мучэння - мучэння поўнай ізаляцыяй. Яны нічога з намі не рабілі, яны проста змясцілі нас у вакуум, у пустату, добра ведаючы, што мацней, за ўсё ўздзейнічае на чалавечую душу адзінота. Яны ізалявалі нас ад свету. Я быў адзін, сам-насам з чатырма-пяццю маўклівымі рэчамі - сталом, ложкам, акном, умывальнікам. Я быў адзін, нібы вадалаз у батыскафе, якога апусцілі ў чорны акіян маўчання і які няясна адчувае, што выратавальны канат да знешняга свету адарваны і што яго ніколі не выцягнуць з нямой глыбіні. Я нічога не рабіў, нічога яе чуў, нічога не бачыў. Усюды ўвесь час была пустата - без адчування часу і прасторы. Можна было хадзіць з кутка ў куток, і за табою неадчэпна ішлі следам твае думкі. Туды і назад, туды і назад. Але нават думкам патрэбен які-небудзь пункт апоры, інакш яны пачнуць бяссэнсава кружыцца вакол сябе - яны таксама не выносяць пустаты. З раніцы і да вечара ты ўсё чакаеш чагосьці, але нічога яе адбываецца. Ты чакаеш, чакаеш і нічога не адбываецца. І ўсё чакаеш, чакаеш, усё думаеш, думаеш, думаеш, пакуль не пачне балець у скронях. Нічога не адбываецца. Ты па-ранейшаму адзін. Адзін. Адзін.

Так ішло два тыдні. Я жыў па-за часам, па-за жыццём. Пачніся тады вайна, я ніколі не даведаўся: мой свет абмяжоўваўся толькі сталом, дзвярамі, ложкам, умывальнікам, крэслам, акном, сценамі. Кожны раз, калі я глядзеў на шпалеры, мне здавалася, што хтосьці паўтарае іх зігзагападобны малюнак стальным разцом у мяне ў мозгу. Потым нарэшце пачаліся допыты. Выклікалі раптоўна - я не ведаў, удзень гэта было ці ўночы. Па выкліку прыходзілася ісці невядома куды, некалькімі калідорамі, потым чакаць невядома дзе. Нарэшце вы заўважалі, што стаіце перад сталом, за ім сядзіць некалькі чалавек у форме. На стале ляжалі стосы папер - дакументы, зместу якіх вы не ведалі; потым пачыналіся пытанні: патрэбныя і непатрэбныя, прамыя і каварныя, пытанні-шырмы і пытанні-пасткі. Пакуль вы адказвалі на іх, чужыя нядобрыя пальцы перагортвалі паперы, і вы не ведалі, што ў іх напісана, і чужая нядобрая рука запісвала вашы паказанні, і вы не ведалі, што, уласна, яна запісвала. Але самым страшным на допытах было тое, што я не ведаў і не мог даведацца, што сапраўды ўжо вядома гестапа пра аперацыі, якія рабіліся ў маёй канторы, і што яны яшчэ толькі спрабуюць выпытаць у мяне. Я ўжо казаў вам, што ў апошні момант аддаў аканомцы для перадачы дзядзьку самыя важныя паперы. Ці дайшлі да яго гэтыя дакументы? І што мог выдаць той канцылярыст? Колькі лістоў яны перахапілі? Што маглі яны ўжо выпытаць у якога-небудзь праставатага святара ў адным з германскіх манастыроў, чые інтарэсы мы прадстаўлялі? А яны ўсё пыталіся і пыталіся. Якія каштоўныя паперы купляў я такому-та манастыру? З якімі банкамі вёў дзелавую перапіску? Ці ведаў я вось такого пана? Ці атрымліваў я лісты са Швайцарыі ці з бог ведае яшчэ якога месца? Я не мог прадбачыць, да чаго яны ўжо дакапаліся, і кожны мой адказ тоіў вялізную небяспеку.

Але допыты былі яшчэ не самае страшнае. Горш за ўсё было вяртацца пасля допыту ў пустату - у той самы пакой, з тым самым сталом, з тым самым ложкам, з тым самым умывальнікам, тымі самымі шпалерамі. Калі я заставаўся адзін, я адразу пачынаў узнаўляць у памяці ўсё, што было на допыце, думаць, як я больш разумна мог бы адказаць на пытанні, перабіраць, што мне сказаць наступны раз, каб развеяць падазрэнне, выкліканае маёю неабдуманаю заўвагаю. Я ўсё гэта перабіраў у галаве, абдумваў з усіх бакоў, правяраў, узважваў кожнае слова, якое гаварыў следчаму, узнаўляў у памяці яго пытанні і мае адказы; я спрабаваў разабрацца, што з маіх паказанняў заносіцца ў пратакол, хоць добра ўсведамляў, што разлічыць і ўстанавіць усё гэта проста немагчыма. Але варта было мне застацца аднаму ў пустаце, думкі пачыналі шалёна круціцца ў галаве, яны выклікалі ўсё новыя меркаванні, не давалі мне спакою нават у сне; кожны раз услед за допытам у гестапа за работу бязлітасна браліся мае ўласныя думкі. Тут толькі я цалкам усвядоміў, з якою д'ябальскаю вытанчанасцю, з якім жахлівым веданнем чалавечай псіхалогіі была прыдумана сістэма турэмнай адзіноты ў гатэлі. У канцэнтрацыйным лагеры, мабыць, прыйшлося б вазіць на тачцы камяні, пакуль не натрэш на руках крывавых мазалёў і пакуль не адубеюць ногі, жыць у смярдзючай і халоднай каморцы разам з двума дзесяткамі няшчасных людзей. Але ж там вакол сябе можна было б бачыць чалавечыя твары, якое-небудзь поле, тачку, дрэва, зорку, там можна было б на чымсьці запыніць свой позірк; а тут навокал усё было нязменнае, увесь час адно і тое, жахліва нязменнае. Тут не было нічога, што адцягнула б мяне ад думак, ад назойлівых ідэй, ад хваравітых разлікаў. Гэтага яны і дабіваліся: яны хацелі, каб думкі душылі мяне, душылі да таго часу, пакуль я не пачну задыхацца, пакуль у мяне не будзе іншага выйсця, як здацца і нарэшце прызнаць, прызнаць усё, што ім патрэбна, выдаць людзей і дакументы. Паступова я пачаў адчуваць, што пад страшэнным ціскам пустаты нервы мае пачынаюць здаваць. Я разумеў, як гэта небяспечна, і з усіх сіл напружваў волю; каб канчаткова не страціць улады над сабою, я спрабаваў хоць чым-небудзь заняцца. Я спрабаваў дэкламаваць вершы, узнавіць у памяці ўсё, што калі-небудзь ведаў на памяць, - народныя песні, дзіцячыя вершыкі, Гамера, якога калісьці вывучалі ў гімназіі, параграфы грамадзянскага кодэксу. Потым я пачаў рашаць арыфметычныя задачкі, складаў і дзяліў у памяці разнастайныя лічбы, але ў пустаце свядомасці не было за што ўчапіцца. Я не мог ужо ні на чым сканцэнтравацца. У галаву лезла адна і тая ж думка, ліхаманкава пыталася: што яны ведаюць? Што я сказаў учора, што мне трэба сказаць заўтра?

Гэты стан перадаць немагчыма, і быў я ў ім чатыры месяцы. Чатыры месяцы - гэта лёгка напісаць, усяго некалькі літар! Лёгка і сказаць - усяго шэсць складоў. Губы скажуць за чвэрць секунды гэтыя гукі: чатыры месяцы! Але хто можа расказаць і вымераць, хто можа наглядна паказаць, як бясконца доўга цягнуўся гэты час за межамі часу і прасторы? Нікому не растлумачыш, ні сабе, ні каму-небудзь іншаму, як губіць і разбурае чалавека адзінота, калі навокал адна пустата, пустата і той самы стол і ложак, і ўмывальнік, і шпалеры, і ўвесь час цішыня, і ўсё той самы служка, які, не падымаючы вачэй, прасоўвае ў дзверы ежу, усё тыя ж думкі, якія ўночы не даюць табе спакою да таго часу, пакуль не пачнеш траціць розум. Па некаторых нязначных прыкметах я з жахам зразумеў, што мозг мой перастае дзейнічаць нармальна. Спачатку я прыходзіў на допыты з зусім яснаю галавою; я даваў паказанні спакойна і асцярожна і выразна адчуваў, што я павінен гаварыць і чаго не павінен. Цяпер жа я мог толькі адно - запінаючыся, гаварыць самыя простыя фразы, бо вочы мае неадступна сачылі за пяром, як загіпнатызаваныя, а пяро бегала па паперы, запісваючы паказанні, і мне самому хацелася імчацца ўслед за сваімі словамі. Я адчуваў, што сіла ў мяне канчаецца, адчуваў, што набліжаецца момант, калі дзеля выратавання я раскажу ўсё, што ведаю, а можа, нават і болей. Каб вырвацца з гэтай задушлівай пустаты, я выдам дваццаць чалавек і іх таямніцы, выдам без ніякай выгады сабе, атрымаю, мабыць, толькі кароткую перадышку. Аднаго разу ўвечары дайшло да таго, што, калі турэмны наглядчык прынёс мне ежу, я раптам закрычаў яму ўслед:

- Вядзіце мяне на допыт! Я хачу ва ўсім прызнацца! Я ўсё скажу! Я скажу, дзе паперы і грошы!

Але, на шчасце, ён не чуў мяне. А мо не хацеў чуць. І вось у гэты момант крайняй безнадзейнасці адбылося нешта непрадбачанае, што давала мне шанц на выратаванне, хай часовае, але ўсё-такі выратаванне. Быў канец ліпеня, цёмны, хмурны, дажджлівы дзень. Перад допытам заўсёды прымушалі доўга чакаць, гэта ўваходзіла ў іхнюю сістэму. Спачатку ўзбуджалі нервы раптоўным выклікам з камеры сярод ночы, потым, калі вы бралі сябе ў рукі і падрыхтоўваліся да допыту, калі ваша воля і розум былі напружаны і гатовы да супраціўлення, вас прымушалі чакаць, стаяць перад зачыненымі дзвярыма адну, дзве, тры гадзіны. Гэтая бяссэнсавая паўза была разлічана на тое, каб стаміць вас фізічна і зламаць маральна. У той чацвер, 27 ліпеня, яны трымалі мяне асабліва доўга, дзве гадзіны я стаяў і чакаў у прыёмнай. Зразумела, мне ніколі не дазвалялі садзіцца, і за гэтыя дзве гадзіны ногі мае зусім здранцвелі. Ёсць асаблівая прычына, чаму я добра запомніў дату - у пакоі, дзе я чакаў, вісеў каляндар; мне, паверце, цяжка растлумачыць вам, як прагнуў я ўбачыць што-небудзь надрукаванае, што-небудзь напісанае, і таму я, як зачараваны, утаропіўся ў гэтыя лічбы і літары: «27 ліпеня»; я проста ўпіваўся ў іх вачамі. Потым я зноў чакаў, усё чакаў, глядзеў на дзверы, пытаўся ў сябе: калі ж яны нарэшце адчыняцца? Я прыкідваў у галаве, якія пытанні паставяць мне гэты раз мае інквізітары, але добра разумеў, што спытаюцца яны пра нешта зусім іншае, а не пра тое, да чаго я падрыхтаваўся. І ўсё-такі, нягледзячы ні на што, я бласлаўляў гэтую пакутлівую невядомасць, неабходнасць стаяць: бо я быў ў другім, не ў сваім пакоі. Гэты пакой быў крыху большы за мой, з двума вокнамі замест аднаго, без ложка, без умывальніка і без мільён разоў бачанай трэшчыны на падаконніку. Дзверы былі афарбаваны ў другі колер, каля сцяны стаяла другое крэсла, а злева - шафа пад паперы і вешалка, на якой віселі тры ці чатыры мокрыя шынялі, шынялі маіх катаў. Перада мною было нешта новае, нешта іншае, свежае відовішча згаладалым вачам, і яны прагна ўбіралі ўсе падрабязнасці. Я разглядваў кожную складку на шынялях; я заўважыў, напрыклад, што на адным мокрым каўняры павісла кропля, і - вам гэта, пэўна, будзе смешна - я з бяссэнсавым хваляваннем чакаў, ці адарвецца нарэшце гэтая кропля і скоціцца з каўняра, ці яна здолее пераадолець зямное прыцягненне і ўтрымаецца на месцы. Гэта праўда, на некалькі хвілін я затоіў дыханне і сачыў за кропляю, быццам ад яе залежала маё жыццё. Калі кропля нарэшце скацілася, я ўзяўся пералічваць гузікі на шынялях, - на адным было восем, на другім таксама восем, на трэцім - дзесяць; потым я параўноўваў знакі адрознення. І ўбачыў такое, на чым зачаравана замёр мой позірк. Я заўважыў, што бакавая кішэня аднаго шыняля крыху адтапырваецца. Я падсунуўся бліжэй і па прамавугольных абрысах таго, што ляжала ў кішэні, здагадаўся, што гэта была кніжка. Калені мае задрыжалі. Кніжка! Чатыры месяцы я не трымаў у руках кніжкі, і ўжо сама думка пра кніжку, што словы ў ёй могуць складвацца ў радкі, а тыя ў старонкі, аркушы і нарэшце ўсё гэта ў кніжку, у якой можна знайсці і запомніць новыя, невядомыя мне дагэтуль, цікавыя думкі, - усё гэта адначасова і ўзбуджала, і адурманьвала мяне. Я, як загіпнатызаваны, глядзеў на адтапыраную кішэню, у якой ляжала кніжка, глядзеў з такою моцнаю прагаю, быццам хацеў прапаліць сваім позіркам дзірку ў шынялі. Нарэшце я не мог болей стрымліваць нецярпення; міжволі я ўсё бліжэй падсоўваўся да шыняля. Рукі мае моцна дрыжалі пры адной думцы, што я магу дакрануцца да кніжкі, - хоць бы толькі праз тканіну. Ужо хутчэй несвядома, не ведаючы, што я раблю, я ўсё бліжэй падсоўваўся да вешалкі. На шчасце, наглядчык не звяртаў увагі на мае не зусім звычайныя паводзіны; мусіць, ён не бачыў нічога асаблівага ў тым, што чалавек, які прастаяў на нагах дзве гадзіны, хоча абаперціся аб сцяну. Нарэшце я стаяў ужо зусім блізка ад шыняля. Каб атрымаць магчымасць непрыкметна дакрануцца да яго, я адвёў рукі за спіну. Я пакратаў рукою кішэню і пераканаўся, што ў ёй сапраўды было нешта прамавугольнае, гнуткае, крыху хрусткае, - кніжка, кніжка! І раптам у мяне маланкай пранеслася ў галаве думка: «Украдзі гэтую кніжку! Калі табе ўдасца гэта, ты можаш схаваць яе ў камеры і чытаць, чытаць, чытаць, нарэшце-такі зноў чытаць!» Ледзь толькі гэтая думка ўзнікла ў маёй галаве, як яе атрута адразу ж пачала моцна дзейнічаць: у мяне зазвінела ў вушах, моцна затахкала сэрца, пальцы на руках пахаладзелі і адмаўляліся слухацца. Але калі першае здранцвенне мінула, я непрыкметна прыціснуўся да шыняля і, ні на імгненне не зводзячы вачэй з наглядчыка, пачаў схаванымі за спіну рукамі выштурхоўваць кніжку з кішэні - вышэй, вышэй, а потым рывок, асцярожны і лёгенькі рух на сябе, і ў руках у мяне раптам аказалася невялічкая кніжачка. Толькі тут я спалохаўся таго, што зрабіў. Але адступаць было нельга. А куды ж схаваць кніжку? Я засунуў яе ззаду пад штаны так, каб яе трымала папруга, а потым паступова перасунуў набок. Цяпер я мог пры хадзьбе трымаць кніжку на адным месцы, прыціснуўшы па-вайсковаму рукі па швах. Трэба было паспрабаваць, што з гэтага выйдзе. Я зрабіў крок.

Потым пачаўся допыт. Ён патрабаваў ад мяне большага напружання, чым звычайна; адказваючы на пытанні, я не думаў над адказамі, а сканцэнтроўваў усе намаганні на тым, каб не даць упасці кніжцы. На шчасце, допыт гэты раз цягнуўся нядоўга, і мне ўдалося без перашкод пранесці кніжку ў камеру. Не буду стамляць вас падрабязнасцямі; скажу толькі, што ў калідоры быў вельмі небяспечны момант: кніжка выслізнула з-пад папругі ў штаны, і мне прыйшлося сімуляваць бурны прыпадак кашлю, каб сагнуцца аж да падлогі і зноў надзейна засунуць кніжку за папругу. Але якое было маё шчасце, калі я прынёс яе ў сваё пекла і нарэшце застаўся адзін, але болей я ўжо не быў адзін!

Вы, мабыць, думаеце, што першым маім імкненнем было схапіць кніжку, прагледзець яе, пачаць чытаць? Не і яшчэ раз не! Перш за ўсё я пачаў смакаваць радасць валодання ёю; мне хацелася доўга-доўга казытаць свае нервы, штучна адцягваць асалоду, гадаць, якую ж я ўкраў кніжку; мне хацелася, каб яна была з вельмі дробным, спорным шрыфтам, каб у ёй было вельмі-вельмі многа літар і вельмі-вельмі многа тоненькіх старонак, каб я мог чытаць яе як мага даўжэй. Добра было б, каб гэта былі - дзёрзкая мара! - Гамер ці Гётэ. Нарэшце я болей не мог справіцца з прагнаю цікавасцю. Я выцягнуўся на ложку, каб не выклікаць падазрэння ў наглядчыка, калі ён нечакана адчыніць дзверы, і дастаў з-пад папругі кніжку.

Першы позірк на яе не проста расчараваў мяне; я моцна ўзлаваўся: здабыча, з-за якой мне пагражала такая вялізная небяспека, якая выклікала ў мяне такія гарачыя надзеі, аказалася ўсяго толькі падручнікам па шахматнай гульні, зборнікам ста пяцідзесяці партый буйнейшых шахматыстаў свету. Калі б я не быў акружаны з усіх бакоў сценамі і кратамі, я б выкінуў кніжку ў прыступе злосці ў акно. Якая карысць, ну якая карысць мне ад гэткай лухты? Як большасць гімназістаў, я зрэдку, бавячы час, гуляў у шахматы. Але навошта мне гэтая тэарэтычная абракадабра? У шахматы нельга гуляць аднаму, тым болей без фігур і без дошкі. Я перагортваў са злосцю кніжку, думаў знайсці хоць што-небудзь для чытання - якую-небудзь прадмову ці тлумачэнне, - але не знайшоў нічога, акрамя роўных квадратных табліц з партыямі майстроў, з незразумелымі для мяне знакамі: «а2-а3», «Кf1-gЗ» і гэтак далей. Усё гэта было чымсьці накшталт алгебраічных формул, да якіх я не меў ключа. Толькі паступова здагадаўся я, што літары «а», «b», «с» абазначалі вертыкальныя рады, а лічбы ад 1 да 8 - гарызантальныя і што яны сведчылі аб знаходжанні там у гэты момант той ці іншай фігуры. Значыцца, гэтыя чыста графічныя дыяграмы ўсё-такі штосьці гаварылі. «Хто яго ведае, - думаў я, - калі мне ўдасца змайстраваць нешта накшталт шахматнай дошкі, то, можа, я змагу ўзнавіць гэтыя партыі». Прасціна ў мяне была выпадкова клятчастая, і гэта здалося мне божым дарам. Я склаў яе адпаведна, і ў мяне атрымалася поле, расчэрчанае на шэсцьдзесят чатыры квадраты. Я вырваў з кніжкі першы ліст, а яе саму схаваў пад матрац. Потым пачаў ляпіць з хлебнага мякіша караля, ферзя і другія фігуры (што з гэтага выйшла, было, канечне, смехатворна недасканала); нарэшце я адолеў незлічоныя цяжкасці і змог узнавіць на прасціне адну з пазіцый, прыведзеных у кніжцы. Але як толькі я паспрабаваў разыграць усю партыю, высветлілася, што няшчасныя фігуркі з хлеба, палову якіх, каб адрозніць чорных ад белых, я замазаў пылам, зусім не падыходзілі для мае мэты. У першыя дні я ўвесь час блытаўся, і прыходзілася пачынаць партыю зноў і зноў - пяць, дзесяць, дваццаць разоў. Але ў каго яшчэ было столькі лішняга вольнага часу, як у мяне, нявольніка навакольнай пустаты? У каго яшчэ магло быць такое ўпартае жаданне дабіцца свайго і такое цярпенне? Праз шэсць дзён я без ніводнай памылкі даводзіў партыю да канца, яшчэ праз восем дзён мне ўжо не трэба былі фігуры з хлебнага мякішу на прасціне, каб узнавіць у памяці расстаноўку фігур у партыях з падручніка, а яшчэ праз восем дзён мне непатрэбна стала і сама прасціна. Абстрактныя дагэтуль знакі «а1», «а2», «с7», «с8» самастойна паўставалі ў маім уяўленні як выразныя пластычныя вобразы. Пераход гэты адбыўся без ніякіх цяжкасцей: сілаю ўяўлення я мог узнавіць у памяці шахматную дошку і фігуры і дзякуючы строгай канкрэтнасці правіл адразу ж у думках ацаніць любую пазіцыю. Гэтак вопытны музыкант, ледзь зірнуўшы на партытуру, чуе партыю кожнага інструмента паасобна і ўсе галасы разам. Яшчэ праз два тыдні я без ніякага намагання мог згуляць любую партыю з кніжкі на памяць, ці, як гавораць спецыялісты, усляпую; толькі цяпер я да канца зразумеў, якім цудоўным падарункам стаў мне мой дзёрзкі крадзеж. Бо ў мяне з'явіўся занятак, хай бяссэнсавы і бязмэтны, але ўсё-такі занятак, які заступіў месца пустаты. З гэтага часу, імкнучыся зберагчы чароўнасць навізны, я пачаў дзяліць свой дзень: дзве партыі раніцаю, дзве партыі пасля абеду і кароткі разбор партый увечары. Вось так мой дзень, дагэтуль бясформны, як халадзец, аказаўся запоўненым; я быў заняты, але не стамляўся, бо выдатная асаблівасць шахмат у тым, што розум строга абмежаваў поле сваёй дзейнасці і не стамляецца нават пры вельмі моцным напружанні; наадварот, ён робіцца больш жывы, энергічны і востры. Спачатку я разыгрываў партыі механічна, але паступова, раз за разам паўтараючы партыі майстроў, я пачаў знаходзіць у гэтым мастацкае, эстэтычнае задавальненне. Я навучыўся адрозніваць тонкасці, хітрасці і пасткі нападу і абароны, зразумеў, як можна прадбачыць развіццё гульні на некалькі хадоў наперад, як падрыхтоўваюцца камбінацыі з атакаю і контратакаю, і хутка мог адрозніваць індывідуальную манеру гульні кожнага майстра, адрозніваць гэтак жа беспамылкова, як па некалькіх вершаваных радках можна вызначыць, хто іх аўтар; і тое, што спачатку служыла толькі сродкам, каб бавіць час, ператварылася ў асалоду, і непераўзыдзеныя стратэгі шахматнага майстэрства - Алёхін, Ласкер, Багалюбаў, Тартакавер, - як дарагія сябры дзялілі са мною турэмную адзіноту. Штодня ў маю камеру наведвалася мноства гасцей, а рэгулярныя заняткі шахматамі садзейнічалі таму, што мае разумовыя здольнасці, якія пачалі ўжо слабець, пачалі вяртацца да мяне; асвежаны мозг зноў працаваў, як і раней, і нават зрабіўся яшчэ больш гібкі і востры, дзякуючы пастаяннай разумовай дысцыпліне. Перш за ўсё ўзноўленая здольнасць ясна і лагічна мысліць выявілася на допытах; за шахматнаю дошкаю я несвядома выпрацаваў у сабе ўменне абараняцца ад ілжывых пагроз і замаскіраваных выпадаў і з таго часу не дазваляў сабе на допытах рабіць памылак. Мне нават здавалася, што гестапаўцы пачалі ставіцца да мяне з пэўнай павагай. Іх, відаць, здзіўляла, з якой невядомай крыніцы чэрпаю я сілу для далейшага супраціўлення, калі ўжо столькі людзей зламалася ў іх на вачах.

Шчаслівы час, калі я сістэматычна, дзень у дзень, разыгрываў гэтыя сто пяцьдзесят партый, цягнуўся два с паловаю - тры месяцы. А потым я нечакана зноў апынуўся ў тупіку. Вакол мяне раптам зноў была пустата. Як толькі я разоў дваццаць-трыццаць паўтарыў кожную партыю, прывабнасць навізны страцілася, камбінацыі больш не хвалявалі мяне, не зараджалі энергіяй. І таму заставалася адно выйсце з гэтага лабірынта: замест старых, добра вядомых партый самому стварыць новыя. Значыцца, трэба было паспрабаваць гуляць сам з сабою ці, дакладней, супраць сябе.

Не ведаю, ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, як дзейнічае на інтэлект чалавека гэтая самая цудоўная з гульняў. Дастаткова, аднак, крыху падумаць, і стане ясна, што ў шахматах, як чыста разумовай гульні, дзе няма месца выпадковасці, гульня супраць самога сябе з'яўляецца абсурдам. Галоўная прывабнасць шахмат менавіта перш за ўсё ў тым, што стратэгія гульні развіваецца адначасова ў галовах двух розных людзей, і кожны з іх пры гэтым выбірае свой шлях; у гэтай бітве розуму чорныя не ведаюць, які манеўр зробяць белыя, і намагаюцца разгадаць яго, а белыя, са свайго боку, робяць усё, каб пранікнуць у тайную задуму чорных і даць ёй адпор. Пажадай адзін чалавек адначасова быць і белымі і чорнымі, узнікне недарэчнае становішча, калі адзін і той самы мозг у адзін і той самы час і ведае нешта, і не ведае яго; калі ён робіць ход за белых, ён павінен, як па камандзе, забыцца пра той хітры план, які задумаў ён толькі што за чорных. Такое раздваенне патрабавала б, акрамя расшчаплення свядомасці, і яе папераменнага ўключэння і выключэння, як у аўтамаце; карацей, гуляць супраць самога сябе гэтак жа парадаксальна, як спрабаваць пераскочыць цераз свой цень. Адным словам, я некалькі месяцаў адчайна спрабаваў зрабіць немагчымае, абсурднае. Але ў мяне не было выбару, акрамя гэтай недарэчнасці, бо інакш я рызыкаваў бы канчаткова страціць розум і ўпасці ў поўны душэўны маразм. У такім роспачным становішчы, каб не быць зусім раздушаным страшэннаю пустатою, я вымушаны быў хоць паспрабаваць дасягнуць гэтага раздваення паміж чорным і белым «я».

Дык вось, мне думаецца, што дагэтуль я ўсё тлумачыў вам даволі ясна. Але, на жаль, я не ўпэўнены, што гэтак зразумела будзе вам і тое, што здарылася далей. Справа ў тым, што гэты новы занятак патрабаваў такога ўсёабдымнага напружання розуму, што любы другі кантроль над астатняю яго дзейнасцю зрабіўся абсалютна немагчымым. Я ўжо казаў вам, што гульня ў шахматы з самім сабою - недарэчнасць, але, тым не менш, нейкая мінімальная магчымасць для такой гульні існавала б, калі перада мною ляжала б шахматная дошка, бо дошка - адчувальная рэч і выклікала б пачуццё прасторы, стварала б нейкую матэрыяльную мяжу паміж «праціўнікамі». Седзячы за сапраўднаю шахматнаю дошкаю і гуляючы сапраўднымі шахматнымі фігурамі, можна дазволіць сабе пэўны час на абдумванне кожнага ходу, можна знаходзіцца спачатку з аднаго боку і ўявіць сабе, як выглядае пазіцыя за чорных, а потым - як яна ўяўляецца белым. Але таму што гульню супраць сябе ці, калі ласка, з самім сабою, я мусіў весці на ўяўнай дошцы, то мне прыходзілася ўвесь час утрымліваць у галаве становішча ўсіх фігур на шасцідзесяці чатырох квадратах, і пры гэтым не толькі становішча ў цяперашні момант, але і разлічваць наперад усе магчымыя хады абодвух праціўнікаў. Я добра разумею, што ўсё гэта гучыць як абсалютнае вар'яцтва; для кожнага з маіх «я» мне прыходзілася ўяўляць сабе іх пазіцыю двойчы, тройчы, ды не, болей - шэсць, восем, дванаццаць разоў, ды яшчэ на чатыры ці пяць хадоў наперад. Прабачце, калі ласка, што я прымушаю вас разбірацца ва ўсёй гэтай вар'яцкай блытаніне; разыгрываючы ў абстрактнай прасторы фантастычныя партыі, я мусіў разлічваць некалькі хадоў наперад за белых і столькі ж хадоў за чорных, мусіў узважваць усе камбінацыі то з пункту гледжання чорных, то з пункту гледжання белых, іншымі словамі, спалучаць у адным сваім розуме і розум чорных і розум белых. Але самая сур'ёзная небяспека гэтага жудаснага эксперыменту заключалася не ў раздваенні майго «я». Яна была ў тым, што я мусіў самастойна разыгрываць мною ж прыдуманыя партыі і раз за разам траціў усякую глебу пад нагамі і быццам падаў у нейкую прорву. Пакуль я апошнія тыдні разыгрываў партыі майстроў, усё было добра: я проста паўтараў тое, што ўжо аднаго разу мела месца. Менавіта таму, што разыгрыванне чужых партый ніяк не закранала майго «я», яно дабратворна і супакойліва ўздзейнічала на мае разладжаныя нервы. Мне было абсалютна ўсё роўна, хто выйграе, чорныя ці белыя, бо за пальму першынства змагаліся Алёхін з Багалюбавым, у той час як я сам, мой розум, мая свядомасць толькі смакавалі тонкасці паядынку. Але як толькі я пачаў гуляць супраць сябе, я несвядома пачаў сапернічаць сам з сабою. Мае «Я» - белае і чорнае - павінны былі спаборнічаць адно з адным, і кожным з гэтых «я» валодала нецярплівае і славалюбнае жаданне выйграць, перамагчы; зрабіўшы ход за чорнае «я», я ліхаманкава чакаў, што адкажа маё белае «я». Абодва «я» папераменна трыумфавалі, калі другое «я» рабіла няправільны ход, і злаваліся, калі самі рабілі промах. Усё гэта выглядае зусім недарэчна, і, канечне, такая штучна створаная шызафрэнія, такое наўмыснае раздваенне свядомасці з усімі яго небяспечнымі вынікамі былі б немагчымыя ў чалавека ў нармальных абставінах. Не забудзьце, аднак, што з нармальных абставін я быў вырваны сілаю, бязвінна кінуты за краты, шмат месяцаў мяне вытанчана катавалі - катавалі адзінотай; злосць, якая сабралася, мусіла рана ці позна неяк выліцца. Але таму што маім адзіным заняткам была гэтая бяссэнсавая гульня з самім сабою, то злосць, прага помсты фанатычна вылівалася менавіта ў гэтай гульні. Я заўсёды хацеў узяць верх, але ўзяць верх я мог толькі над другім «я», з якім быў у стане пастаяннай барацьбы; вось чаму ў час гульні мною авалодвала амаль маніякальнае ўзбуджэнне. Спачатку я яшчэ гуляў спакойна і разважліва, рабіў перапынкі паміж партыямі, каб адпачыць. Але паступова мае хворыя нервы не маглі болей вытрымліваць гэтай перадышкі. Варта было беламу «я» зрабіць ход, як чорнае «я» ўжо ліхаманкава перасоўвала фігуру, і, як толькі канчалася адна партыя, я тут жа патрабаваў ад сябе наступнай, дакладней, кожны раз, калі адно маё шахматнае «я» цярпела паражэнне, яно неадкладна патрабавала ў другога «я» рэваншу. Я нават прыблізна не магу сказаць, колькі партый супраць сябе самога я згуляў, апанаваны гэтаю ненаеднаю прагнасцю, за доўгія месяцы зняволення, - можа, тысячу, а можа, і болей. Гэтае вар'яцтва запаўняла не толькі час, калі я не спаў, але пранікала потым і ў сон. Я мог думаць толькі пра шахматы, пра шахматныя хады, пра шахматныя задачы; часам я прачынаўся ў халодным поце і адчуваў, што гульня неўсвядомлена працягваецца і ў сне. Калі я бачыў у сне людзей, яны хадзілі, як слон ці тура, скакалі наперад і назад, як конь. Нават калі я быў на допытах, я ўжо забываўся пра адказнасць за свае словы і ўчынкі; мусіць, я выказваўся блытана і цьмяна: следчыя часам неяк дзіўна пазіралі адзін на аднаго. На самай жа справе, пакуль яны задавалі пытанні і думалі над маімі адказамі, я проста з нецярпеннем чакаў, каб мяне хутчэй вялі назад у камеру, дзе я зноў мог бы вярнуцца да свайго вар'яцкага занятку: пачаць новую гульню, потым яшчэ і яшчэ адну. Перапынкі ў гульні ўсё болей злавалі мяне. Нават у тыя пятнаццаць хвілін, калі наглядчык прыбіраў у камеры, у тыя дзве хвіліны, калі ён аддаваў мне ежу, мяне мучыла нецярпенне; часам абед заставаўся некрануты да вечара, бо я, захоплены гульнёю, забываўся пра яго. Адзінае фізічнае пачуццё, якое валодала мною, была страшэнная смага; мусіць, тут выяўлялася ліхаманкавае адчуванне пастаяннага разумовага напружання і гульні. Я двума глыткамі выпіваў бутэльку вады і маліў наглядчыка прынесці яшчэ адну, але праз якую хвіліну ў роце ў мяне зусім перасыхала. Нарэшце я пачаў прыходзіць у час гульні ў такое ўзбуджэнне - тады я з раніцы да ночы ўжо не думаў ні аб чым іншым, - што болей ні хвіліны не мог заставаццца спакойным; абдумваючы ход, я няспынна хадзіў па камеры - туды і назад, усё хутчэй і хутчэй, наперад і назад, наперад і назад. І чым хутчэй набліжалася развязка, тым імклівей лётаў я з кутка ў куток. Прага перамогі, перамогі над самім сабою, прыводзіла мяне ў шаленства, я дрыжаў ад нецярпення, бо адно з маіх шахматных «я» заўсёды адставала ад другога. Адно «я» падганяла другое, і - я разумею, што вам гэта здасца ідыёцтвам, - калі адно з маіх «я» недастаткова хутка рэагавала на ход, зроблены другім «я», то я злосна крычаў «хутчэй, хутчэй!» або «далей, далей!». Нарэшце насланнё пачало разбуральна ўздзейнічаць не толькі на мой мозг, але і на маё цела. Я моцна схуднеў, сон стаў трывожны; прачнуўшыся, я ледзь падымаў цяжкія павекі; часам я адчуваў сябе такім слабым, што, калі браў у рукі шклянку з вадою, дык ледзьве мог паднесці яе да вуснаў - так моцна дрыжалі ў мяне рукі. Але як толькі пачыналася гульня, мяне перапаўняла шалёная энергія. Я бегаў па пакоі, сціснуўшы кулакі, і часам да мяне даносіўся голас, які хрыпла крычаў «шах!» ці «мат!».

Не ведаю, як гэты жудасны, неапісальны стан скончыўся крызісам. Ведаю толькі, што аднаго разу раніцаю я прачнуўся, і абуджэнне было зусім незвычайнае. Знік цяжар ва ўсім целе, мне было лёгка і спакойна. Прыемная стомленасць, якой я не адчуваў ужо шмат месяцаў, ляжала на павеках, і мне было так утульна і добра, што я проста не мог прымусіць сябе расплюшчыць вочы. Нейкі час я ляжаў і цешыўся адчуваннем млявасці.

Раптам мне здалося, што я чую побач жывыя чалавечыя галасы, словы, якія гучалі ціха і асцярожна; вы можаце ўявіць сабе маё захапленне - бо мінула шмат месяцаў, можа, цэлы год, як я не чуў нічога, акрамя рэзкіх, жорсткіх, злых слоў маіх катаў.

«Ты спіш, - сказаў я сабе, - ты спіш. Нізавошта не расплюшчвай вачэй, хай гэты сон цягнецца як мага даўжэй, інакш ты зноў убачыш праклятую камеру, з крэслам, умывальнікам, сталом, шпалеры з нязменным малюнкам. Ты спіш - і спі далей».

Але цікаўнасць перамагла. Павольна, асцярожна расплюшчыў я вочы. І ўбачыў цуд: я быў у другім пакоі, больш прасторным, чым мая камера ў гатэлі; на акне не было кратаў, у яго вольна лілося святло, за акном замест цаглянага муру відаць былі дрэвы, зялёныя дрэвы, і вецер хістаў іх галіны, сцены ў пакоі былі белыя і бліскучыя, і столь - белая і высокая. Я ляжаў на новым. незнаёмым ложку, і - не, гэта не сон - побач са мною па-ранейшаму чуваць быў шэпт. Здзіўлены, я міжвольна зрабіў рэзкі рух і адразу пачуў, як нехта лёгкаю хадою накіраваўся да майго ложка. Падышла жанчына ў белай наколцы - сядзелка, сястра. Я ледзь ачуўся ад шчасця: цэлы год я не бачыў жанчын. Неадрыўна глядзеў я на гэты дзіўны прывід, і, мусіць, у маім позірку было такое шалёнае хваляванне, што яна спыніла мяне: «Спакойна, ляжыце спакойна!» Я слухаў толькі яе голас: няўжо са мною размаўляў чалавек? Няўжо на зямлі яшчэ ёсць людзі, якія не збіраюцца мяне дапытваць і катаваць? І потым - недаступны розуму цуд - гэта быў жаночы голас, мяккі, сардэчны, я б сказаў, нават ласкавы. Я неадрыўна, прагна глядзеў на яе губы - пасля года ў пекле мне здавалася неверагодным, што адзін чалавек можа ласкава гаварыць з другім. Яна ўсміхнулася мне, так, яна ўсміхнулася! Значыцца, на свеце яшчэ ёсць людзі, якія могуць прыветліва ўсміхацца. Потым яна прыклала палец да вуснаў і бясшумна адышла. Але паслухацца яе я не мог. Я яшчэ не насыціўся сузіраннем цуда. Мне захацелася сесці і праводзіць вачамі гэтае дзіўнае ласкавае стварэнне. Але калі я паспрабаваў абаперціся на край ложка, я не мог гэтага зрабіць. Замест правай рукі з далонню, пальцамі і кісцю я ўбачыў нешта чужое - вялікую, тоўстую белую выпукліну. Мая рука была моцна забінтавана. Я няўцямна глядзеў на вялікае патаўшчэнне і спачатку не зразумеў, што са мною; толькі потым я паволі пачаў здагадвацца, дзе я і што са мною здарылася. Мяне, мусіць, паранілі, і я ў бальніцы.

Апоўдні прыйшоў доктар, прыемны чалавек у гадах. Ён ведаў пра маю сям'ю, і мне адразу чамусьці здалося, што ён хоча паказаць сваю схільнасць да мяне, бо ён вельмі пачціва адазваўся пра майго дзядзьку - лейб-медыка імператара. Потым ён задаў мне некалькі пытанняў, адно з іх асабліва здзівіла мяне: хто я - матэматык, хімік? Я адказаў, што не.

- Дзіўна, - прамармытаў ён, - калі вы трызнілі, то ўвесь час выкрыквалі нейкія незразумелыя формулы «с3», «с4». Мы нічога не маглі зразумець.

Я спытаўся ў яго, што здарылася са мною.

- Нічога сур'ёзнага. Вострае расстройства нервовай сістэмы. - Ён азірнуўся навокал і ціхенька дадаў: - Гэта, зрэшты, і зразумела. Вы ж з 13 сакавіка тут, так?

Я кіўнуў.

- Чаго тут здзіўляцца пры іх метадах, - прамармытаў ён. - Не вы першы. Але не турбуйцеся.

Яго зычлівы тон і спачувальная ўсмешка пераканалі мяне, што я ў добрых руках.

Праз два дні доктар сам даволі адкрыта расказаў мне, што адбылося. Наглядчык пачуў у маёй камеры крыкі і спачатку падумаў, што я, мусіць, спрачаюся з кімсьці, хто прабраўся да мяне ў пакой. Але ледзь ён ступіў на парог, як я кінуўся на яго з кулакамі і зароў на ўсё горла нешта, што гучала, як: «Рабі хутчэй ход, нягоднік, баязлівец!» Потым я схапіў яго за горла і з такою злосцю пачаў душыць, што яму прыйшлося клікаць на дапамогу. Я бушаваў і, калі мяне цягнулі на медыцынскі агляд, у калідоры вырваўся і паспрабаваў выкінуцца з акна, разбіў шыбу і моцна парэзаў руку - вось тут яшчэ застаўся глыбокі шрам. У першыя дні ў шпіталі ў мяне было нешта накшталт запалення мозгу, але цяпер, на думку дактароў, мой розум і пачуцці ўжо ў поўным парадку.

«Але, - ціха дадаў ён, - я не буду расказваць пра ўсё гэтым панам, бо тады яны прыйдуць сюды і забяруць вас. Даверцеся мне, я зраблю ўсё».

Што сказаў маім мучыцелям добры доктар, я не ведаю. Ва ўсякім разе, ён дабіўся таго, чаго хацеў: мяне вызвалілі. Можа, ён заявіў, што цяпер я не магу адказваць за свае ўчынкі. Магчыма і другое: гестапа страціла цікавасць да мяне, бо тым часам Гітлер захапіў ужо Багемію і на гэтым для яго аўстрыйская справа была скончана. Мне прыйшлося толькі падпісаць абавязацельства не пазней як праз два тыдні пакінуць радзіму. Гэтыя два тыдні цалкам пайшлі на выкананне тысячы фармальнасцей, якія сёння патрэбны былому грамадзяніну свету, каб выехаць за мяжу: трэба было атрымаць дазвол ваенных улад і паліцыі, заплаціць падаткі, аформіць пасведчанне аб здароўі, пашпарт, візу, - і таму думаць аб мінулым мне не было калі. Мусіць, нейкія таямнічыя сілы рэгулююць дзейнасць чалавечага мозгу і аўтаматычна выключаюць небяспечныя для яго псіхікі ўспаміны; бо варта было мне прыгадаць турэмнае зняволенне, як свядомасць мая быццам зацямнялася. І толькі праз колькі тыдняў на параходзе я знайшоў у сабе мужнасць асэнсаваць перажытае.

Цяпер вы, мусіць, разумееце, чаму я так дзіўна, не зусім звычайна паводзіў сябе з вашымі сябрамі тады, у час гульні. Я выпадкова праходзіў праз курыльню, калі вашы сябры сядзелі за шахматнаю дошкаю. Убачыўшы іх за гульнёю, я ад здзіўлення і страху проста аслупянеў. Бо я зусім забыўся, што можна гуляць у шахматы за сапраўднаю дошкаю і сапраўднымі фігурамі, забыўся, што ў гэтай гульні ўдзельнічаюць два зусім розныя чалавекі, што яны сядзяць адзін насупраць другога. Уласна, мне спатрэбілася некалькі хвілін, перш чым я зразумеў, што гэтыя людзі гуляюць у тую ж самую гульню, у якую я гуляў сам з сабою месяцамі, калі быў у бездапаможным стане. Значыцца, шыфр, з дапамогаю якога я гуляў на памяць, быў эрзац, сімвал вось такіх рэальных фігур; я быў уражаны, убачыўшы, што фігуры на дошцы і іх перамяшчэнне цалкам адпавядаюць тым уяўленням, якія я выпрацаваў у сабе і якія жылі ў маёй галаве. Так, мусіць, бывае ўражаны астраном, які шляхам складаных матэматычных вылічэнняў тэарэтычна даказаў існаванне новай планеты і раптам бачыць яе на свае вочы на небе, выразна бачыць, як белую зорку, ва ўсёй яе рэальнасці. Я як зачараваны глядзеў на дошку і бачыў там мае дыяграмы - каня, туру, караля, ферзя і пешкі - усе рэальныя, выразаныя з дрэва фігуры; каб зразумець пазіцыю, мне міжвольна прыйшлося спачатку перанесціся з абстрактна-матэматычнага шахматнага поля на дошку, на якой перасоўваліся фігуры. Паступова мною авалодала цікаўнасць, мне захацелася паназіраць за сапраўднаю гульнёю двух партнёраў. І тут здарылася тая непрыемнасць, калі я забыўся пра ўсю далікатнасць і ўмяшаўся ў вашу гульню. Але памылковы ход вашага сябра быў як удар у сэрца. Я спыніў яго інстынктыўна, як неўсвядомлена затрымліваюць рукамі дзіця, якое перагнулася цераз парэнчы. Я толькі потым усвядоміў усю недарэчнасць свайго грубага ўмяшання.

Я паспяшаўся запэўніць доктара Б., што ўсе мы вельмі рады гэтаму здарэнню, яно дазволіла нам пазнаёміцца з ім, і дадаў, што пасля ўсяго пачутага мне будзе ўдвая цікава прысутнічаць на заўтрашнім імправізаваным турніры.

Доктар Б. зрабіў неспакойны рух.

- Далібог, вы не павінны чакаць надта многага. Для мяне гэта будзе проста проба... проба, ці магу я... магу я наогул гуляць у шахматы нармальна, седзячы за шахматнаю дошкаю насупраць сапраўднага жывога партнёра, перасоўваючы сапраўдныя фігуры... бо я пачынаю ўсё болей і болей сумняваца, ці гуляў я гэтыя сотні або нават тысячы партый па правілах. А можа, яны проста вынік маёй хворай фантазіі? Ці мо гэта было проста трызненне, шахматная ліхаманка, калі чалавек, як у сне, няспынна ідзе наперад скачкамі? Бо вы ж не думаеце сур'ёзна, што я магу памерацца сіламі з майстрам, ды яшчэ з чэмпіёнам свету па шахматах, і гуляць з ім, як з роўным? Адзінае, што мяне цікавіць і падштурхоўвае гуляць, - простая цікаўнасць. Мне хочацца высветліць заднім днём, што ж папраўдзе адбывалася са мною ў зняволенні: гуляў я ў шахматы ці быў вар'ятам, быў блізкі да вар'яцтва ці ўжо пераступіў мяжу.

У гэты момант на другім баку парахода прагучаў гонг, які склікаў пасажыраў на вячэру. Размова наша працягвалася амаль дзве гадзіны: доктар Б. расказваў мне сваю гісторыю значна больш падрабязна, чым я перадаў яе тут. Я сардэчна падзякаваў яму і развітаўся, але не паспеў яшчэ прайсці палубу, як ён дагнаў мяне; ён быў яўна ўсхваляваны і гаварыў, крыху заікаючыся:

- Яшчэ адно. Я не хачу быць няветлівым у адносінах да вашых сяброў, таму, калі ласка, папярэдзьце іх загадзя, што я згуляю толькі адну партыю. Галоўнае - раз і назаўсёды вырашыць сабе гэтае пытанне, так сказаць, падвесці канчатковы вынік. Я зусім не збіраюся пачынаць усё спачатку. Я не магу дазволіць сабе другі раз захварэць на гэтую шахматную гарачку, пра якую я і цяпер успамінаю з дрыжыкамі... І акрамя таго... акрамя таго, мяне папярэджваў доктар, ён настойліва папярэджваў мяне. У чалавека, які быў адзін раз ва ўладзе маніі, заўсёды існуе небяспека рэцыдыву, і таму мне, хвораму на «шахматную атруту», нават калі мяне лічаць цалкам вылечаным, трэба трымацца ад шахматнай дошкі далей... Таму вы разумееце: толькі адна пробная партыя, і ніводнай болей.

Назаўтра дакладна ў вызначаны час, у тры гадзіны, мы сабраліся ў курыльні. Наш гурток папоўніўся яшчэ двума аматарамі каралеўскай гульні - афіцэрамі парахода, якія спецыяльна папрасілі перанесці ім гадзіны вахты, каб атрымаць магчымасць прысутнічаць на гульні. Чэнтавіч на гэты раз таксама не прымусіў сябе чакаць, і пасля абавязковай жараб'ёўкі пачалася незвычайная гульня: «Ноmо obscurissimus»* супраць славутага чэмпіёна свету.

* Невядомы чалавек (лац.).

Вельмі шкада, што адзінымі сведкамі гэтай партыі былі такія маладасведчаныя ў шахматах людзі, як мы, і што яна незваротна страчана для аналаў шахматнага мастацтва, як страчаны для гісторыі музыкі фартэпіянныя імправізацыі Бетховена. Праўда, на другі дзень мы разам паспрабавалі ўзнавіць яе па памяці, але марна; відаць, мы ўсе ў час гульні занадта захоплена глядзелі на шахматыстаў, замест таго каб сачыць за ходам гульні. Бо розніца ў інтэлектуальным узроўні партнёраў рабілася ўсё больш бачнай і адчувальнай па меры таго, як развівалася гульня. Вопытны Чэнтавіч увесь час сядзеў нерухома, як статуя. Позірк яго быў прыкаваны да шахматнай дошкі; абдумванне ходаў, здавалася, каштавала яму амаль фізічных намаганняў і вымушала да надзвычайнага напружання ўсё цела. Доктар Б., наадварот, трымаўся вольна і натуральна. Як сапраўдны дылетант у лепшым сэнсе гэтага слова, як аматар, для якога ўвесь сэнс і задавальненне ад гульні зводзіліся да самой гульні, «dilettо», ён, здавалася, адпачываў. У пачатку гульні ён размаўляў з намі, тлумачыў свае ходы, элегантна закурваў цыгарэту і, калі прыходзіла яго чарга рабіць ход, кідаў кароткі позірк на дошку і перасоўваў фігуру. Здавалася, ён кожны раз дакладна прадбачыў ход свайго праціўніка.

Першыя агульнавядомыя ходы ў дэбюце былі разыграны хутка. Пэўны план пачаў намячацца толькі пасля сёмага ці восьмага ходу. Чэнтавіч пачаў даўжэй абдумваць свае хады; з гэтага мы зрабілі вывад, што цяпер пачалася сапраўдная барацьба за ініцыятыву. Але, шчыра кажучы, паступовае развіццё партыі, тыповае для партый у сур'ёзных турнірах, нас, непрафесіяналаў, бадай што нават расчаравала. Чым больш ускладняўся малюнак гульні, чым больш дзіўны арнамент утваралі на дошцы фігуры, тым больш незразумелымі рабіліся нам пазіцыі праціўнікаў. Нам было не пад сілу не толькі зразумець іх намеры, але нават разабрацца, хто ж з іх дабіўся перавагі. Мы толькі бачылі, як паасобныя фігуры прабіраліся наперад, дзейнічалі, як тараны, і імкнуліся прарваць фронт праціўніка, але мы не маглі зразумець стратэгічнай задумы ў перасоўванні фігур, бо ў гэтых выдатных шахматыстаў кожны ход быў часткаю камбінацыі і дасканала прадуманы наперад. Потым намі паступова пачала авалодваць цяжкая стомленасць, якую выклікала галоўным чынам тое, што Чэнтавіч бясконца доўга абдумваў кожны свой ход; гэта яўна пачало нерваваць і нашага сябра. З трывогаю заўважыў я, што чым даўжэй цягнулася гульня, тым неспакойнейшы ён рабіўся: круціўся ў крэсле, нервова закурваў адну цыгарэту за другою, час ад часу хапаўся за аловак і нешта запісваў, заказваў мінеральную ваду і прагна піў шклянку за шклянкаю. Было відавочна, што ён прадумваў камбінацыі ў сто разоў хутчэй за Чэнтавіча. Кожны раз калі той пасля бясконцага роздуму нязграбна браў фігуру і адважваўся перасунуць яе, наш сябар, усміхнуўшыся, як усміхаецца чалавек, які даўно чакаў чагосьці такога і нарэшце яго дачакаўся, адразу ж рабіў ход у адказ. Відаць, ён са сваім жывым і рухомым розумам паспяваў загадзя разлічыць усе магчымасці, якія былі ў праціўніка; чым даўжэй абдумваў кожны свой ход Чэнтавіч, тым нецярплівейшы рабіўся доктар Б., тым больш злосна і амаль варожа сціскаў ён губы. Чэнтавіч, аднак, не хацеў спяшацца. Ён думаў моўчкі, зацята, і чым менш заставалася на дошцы фігур, тым даўжэйшыя рабіліся паўзы. На сорак другім ходзе, пасля бітых дзвюх гадзін і сарака пяці хвілін, мы ўсе сядзелі знясіленыя, амаль абыякавыя да таго, што адбывалася на шахматнай дошцы. Адзін афіцэр ужо пайшоў, другі чытаў кніжку і кідаў позірк на дошку толькі тады, калі хто-небудзь з гульцоў рабіў чарговы ход. Але раптам пасля ходу Чэнтавіча адбылося нешта нечаканае. Доктар Б.. заўважыўшы, што Чэнтавіч падрыхтаваўся зрабіць ход і ўжо ўзяўся за каня, сціснуўся, як кошка перад скачком. Ён увесь дрыжаў, і ледзь толькі Чэнтавіч зрабіў ход канём, як доктар Б. энергічна прасунуў наперад свайго ферзя. Потым ён адкінуўся ў крэсле, скрыжаваў рукі на грудзях і з выклікам паглядзеў на Чэнтавіча. У вачах у яго нечакана бліснуў гарачы агеньчык.

Мы ўсе міжволі схіліліся над дошкаю, спрабуючы зразумець ход, які суправаджаўся такім пераможным воклічам. На першы погляд непасрэднай пагрозы каралю не было відаць. Вокліч нашага сябра тычыўся, мусіць, развіцця камбінацыі, якой мы, блізарукія дылетанты, зразумець яшчэ не маглі. Адзін толькі Чэнтавіч не зварухнуўся; ён заставаўся зусім спакойны, быццам і не пачуў зняважлівай заўвагі «канец». Нічога не адбылося. Але ўсе затаілі дыханне, і ў раптоўнай цішыні стала чуваць, як цікае гадзіннік на стале, прынесены спецыяльна для кантролю часу. Прайшло тры хвіліны, сем хвілін, восем - Чэнтавіч сядзеў нерухома, і толькі па тым, як надзімаліся яго тоўстыя ноздры, было відаць, што ён моцна напружваецца. Здавалася, наш сябар, як і мы, з цяжкасцю пераносіў гэтае маўклівае чаканне. Ён раптам рыўком устаў з месца і пачаў хадзіць з кутка ў куток, спачатку павольна, а потым усё паскараючы і паскараючы хаду. Усе прысутныя глядзелі на яго са здзіўленнем, але ніхто не быў гэтак устрывожаны яго паводзінамі, як я; бо мне кінулася ў вочы, што, нягледзячы на хваляванне, якое валодала ім, ён хадзіў па зусім дакладна абмежаванай прасторы, нібы кожны раз натыкаўся на нябачную сцяну, і яна прымушала яго паварочваць назад. Я здрыгануўся, бо зразумеў, што ён несвядома як бы крочыць па сваёй былой камеры: гэтак, менавіта гэтак, з нерухомым позіркам вачэй тысячы разоў за месяцы зняволення ён бегаў там з кутка ў куток, як звер у клетцы, наперад і назад, згорблены, з сутаргава сціснутымі кулакамі, дакладна, як цяпер; і ў ліхаманкава-бліскучых вачах яго ўспыхвалі чырвоныя агеньчыкі вар'яцтва. Але ягоны розум быў, відаць, яшчэ ў поўным парадку, бо час ад часу ён нецярпліва паварочваўся да стала, каб паглядзець, ці надумаўся зрабіць свой ход Чэнтавіч. А час ішоў - дзевяць хвілін... дзесяць. Потым адбылося тое, чаго ніхто з нас не чакаў. Чэнтавіч паволі падняў цяжкую руку, якая дагэтуль нерухома ляжала на стале. Напружана глядзелі мы на дошку, чакаючы яго рашэння. Але Чэнтавіч не зрабіў ходу. Няспешна, але рашуча ён ссунуў тыльным бокам далоні з дошкі ўсе фігуры. Мы не адразу зразумелі, што Чэнтавіч здаў партыю. Ён капітуляваў, ён не жадаў, каб мы сталі сведкамі яго канчатковага паражэння. Адбылося нечаканае: чэмпіён свету, пераможца незлічоных турніраў, спусціў сцяг перад незнаёмым, перад чалавекам, які дваццаць ці дваццаць пяць гадоў не дакранаўся да шахмат. Наш сябар, безыменны, у адкрытым баі дабіўся перамогі над мацнейшым шахматыстам свету!

Самі таго не заўважаючы, мы ўсхвалявана паўскоквалі адзін за адным з месца. У нас усіх было адчуванне, што мы павінны неяк выказаць радаснае здзіўлеяне, якое авалодала намі, павінны нешта сказаць або зрабіць. Адзін толькі чалавек застаўся нерухомым і спакойным - Чэнтавіч. Пачакаўшы нейкі момант, ён падняў галаву, скіраваў на нашага сябра позірк і спытаўся:

- Яшчэ адну партыю?

- Канечне! - адказаў доктар Б. з ажыўленнем, якое непрыемна ўразіла мяне. Потым ён сеў і, перш чым я паспеў нагадаць яму аб яго ўмове - згуляць толькі адну партыю, пачаў з ліхаманкаваю паспешнасцю расстаўляць фігуры. Ён так нерваваўся, калі ставіў іх на месца, што пешка двойчы выслізгвала з дрыготкіх пальцаў і падала на падлогу. Непрыемнае пачуццё, якое авалодала мною ўжо раней, ператварылася з-за яго ненатуральнай усхваляванасці ў страх. Бо гэты раней ціхі і спакойны чалавек быў, відавочна, у нейкім экстазе, ён увесь дрыжаў як у ліхаманцы.

- Не трэба, - шапнуў я яму, - не трэба! На сёння хопіць. Для вас гэта надта вялікае напружанне.

- Напружанне? Ха-ха! - гучна і пагардліва засмяяўся ён. - Пакуль мы тут валаводзіліся, я мог бы згуляць семнаццаць партый. Адзінае, што мне цяжка, гэта старацца не заснуць пры такіх тэмпах. Ну, дык вы калі-небудзь ужо пачняце?

Апошнія словы былі сказаны рэзкім, амаль грубым тонам і датычыліся Чэнтавіча. Той паглядзеў на праціўніка спакойна і абыякава, але яго змрочны, каменны позірк нагадваў удар кулаком. Паміж гульцамі ўзнікла адразу ж нешта новае - небяспечнае напружанне, пякучая нянавісць. Гэта не былі болей партнёры, якія жадалі праверыць майстэрства сваё і другога, а ворагі, якія пакляліся знішчыць адзін аднаго. Чэнтавіч доўга марудзіў, перш чым зрабіць першы ход, і ў мяне склалася цвёрдае перакананне, што марудзіў ён наўмысна. Несумненна, гэты выпрабаваны ў баях стратэг ужо даўно зразумеў, што яго маруднасць стамляе і раздражняе праціўніка. Не менш чатырох хвілін спатрэбілася яму для таго, каб зрабіць самы звычайны дэбютны ход - перасунуць каралеўскую пешку на два палі наперад. Наш сябар адразу ж перасунуў каралеўскую пешку са свайго боку, і зноў Чэнтавіч нязносна доўга марудзіў з ходам у адказ; гэтак бывае, калі з дрыготкім сэрцам чакаеш удару грому пасля яркай успышкі маланкі, а грому ўсё няма. Чэнтавіч не варушыўся. Ён адбумваў хады спакойна і няспешна, і ў мяне ўсё болей расло перакананне, што робіць ён гэта наўмысна; яго маруднасць дазваляла мне добра назіраць за доктарам Б. Ён толькі што выпіў трэцюю шклянку вады, і я міжвольна ўспомніў яго расказ аб няўтольнай смазе, якая мучыла яго ў камеры. Выразна выявіліся ўсе адзнакі ненармальнага стану: лоб яго пакрыўся потам, шрам на руцэ пачырванеў і стаў значна больш прыкметны. Але ўсё-такі ён трымаў сябе яшчэ ў руках. Толькі пасля чацвёртага ходу, калі Чэнтавіч зноў паглыбіўся ў бясконцы роздум, доктар Б., ускіпеўшы, усклікнуў:

- Пойдзеце вы, нарэшце, ці не?

Чэнтавіч холадна паглядзеў на яго.

- Як мне помніцца, мы згадзіліся, што абдумваць кожны ход можна дзесяць хвілін. Я прынцыпова буду прытрымлівацца гэтага тэрміну.

Доктар Б. прыкусіў губу. Я заўважыў, што ён з усё большым нецярпеннем пастуквае нагою па падлозе, і сам ужо не мог саўладаць з трывогаю - я ўсё болей адчуваў, што з ім вось-вось здарыцца нешта неверагоднае. І папраўдзе: на восьмым ходзе зноў адбылася сутычка. Доктар Б., хваляванне якога ўвесь час расло, не мог схаваць нервовага раздражнення; ён ні хвіліны не сядзеў спакойна на месцы і пачаў цяпер неўсвядомлена барабаніць па стале пальцамі. Чэнтавіч зноў падняў сваю цяжкую мужыцкую галаву.

- Магу я папрасіць вас перастаць барабаніць па стале? Мне гэта перашкаджае. Я так не магу гуляць.

- Ха!.. Яно і відаць.

Лоб Чэнтавіча пачырванеў.

- Што вы хочаце гэтым сказаць? - спытаўся ён рэзка, са злосцю.

Доктар Б. зноў коратка, пагардліва засмяяўся.

- Нічога, акрамя таго, што, відаць, вы вельмі хвалюецеся.

Чэнтавіч змоўчаў і зноў схіліўся над дошкаю. Толькі праз сем хвілін ён зрабіў наступны ход. Гульня працягвалася ўсё ў тым жа пахавальным тэмпе. Чэнтавіч быццам ператварыўся ў статую; цяпер, перш чым перасунуць фігуру, ён ужо поўнасцю вытрымліваў вызначаны максімум, а паводзіны нашага сябра з кожным ходам рабіліся ўсё болей дзіўнымі. Здавалася, ён перастаў цікавіцца гульнёю і заняты чымсьці зусім іншым. Ён больш не бегаў усхвалявана з месца на месца, а сядзеў нерухома і, скіраваўшы кудысьці ўдалячынь адсутны, амаль вар'яцкі позірк, мармытаў сабе нешта пад нос; або ён быў паглыблены ў абдумванне нейкіх бясконцых камбінацый, або - і я моцна падазраваў, што гэта менавіта так, - разыгрываў у галаве зусім другія партыі. Што б там ні было, кожны раз, калі Чэнтавіч рабіў ход, яго трэба было вяртаць да рэчаіснасці. Тады яму заўсёды патрэбна была хвіліна, каб зноў разабрацца ў становішчы; я ўсё больш пераконваўся, што ў доктара Б. пачаўся прыпадак ціхага вар'яцтва, які ў любы момант мог перайсці ў буйны. Ён быццам забыўся і пра нас, і пра Чэнтавіча. І папраўдзе, на дзевятнаццатым ходзе выбухнуў крызіс. Ледзь толькі Чэнтавіч зрабіў ход, як доктар Б., кінуўшы мімалётны позірк на дошку, раптам прасунуў свайго слана на тры палі наперад і гучна закрычаў:

- Шах! Шах каралю!

Чакаючы чагосьці незвычайнага, усе ўтаропіліся вачамі ў дошку. Але праз хвіліну адбылося тое, чаго мы ніяк не чакалі. Вельмі павольна Чэнтавіч падняў галаву, чаго ён не рабіў яшчэ ні разу, і абвёў усіх нас поглядам. Нешта, здавалася, прынесла яму надзвычайную асалоду, губы яго паступова расцягнуліся ў задаволенай, прыкметна пагардлівай усмешцы. Толькі калі ён да канца здаволіўся сваім трыумфам, прычына якога была нам пакуль што невядомая, ён з прытворнаю ветлівасцю звярнуўся да прысутных:

- Прабачце, але я не бачу, дзе тут шах. Можа, хто-небудзь з вас, панове, бачыць шах майму каралю?

Мы паглядзелі на дошку, а потым з трывогаю на доктара Б. Кароль Чэнтавіча быў абаронены ад слана пешкаю - гэта заўважыла б і дзіця, - і ні пра які шах не магло быць і гаворкі. Мы занепакоіліся. Можа, наш сябар, у хваляванні перасунуў фігуру на поле далей або бліжэй, чым належала? Наша маўчанне прыцягнула цяпер і ўвагу доктара Б., і ён сказаў:

- Але кароль жа мусіць быць на «f7»... ён стаіць няправільна, зусім няправільна. Вы зрабілі няправільны ход! Усе фігуры стаяць не на сваіх месцах... гэтая пешка павінна быць на «g5», а не на «g4»... гэта зусім другая партыя... гэта...

Ён раптам асекся. Я моцна схапіў яго за руку, дакладней, проста ўшчыпнуў з такою сілаю, што нават ён у сваім ліхаманкавым замяшанні адчуў гэта. Ён павярнуўся і, як самнамбул, паглядзеў на мяне:

- Што... вам трэба?

- Remember!* - сказаў я толькі адно слова і лёгенька пагладзіў пальцам шрам на яго руцэ.

* Успомніце! (англ.)

Ён механічна паўтарыў мой жэст і шклянымі вачамі ўтаропіўся на крывава-чырвоную паласу. Раптам ён задрыжаў усім целам, быццам па скуры прабег мароз.

- Богам прашу, - прашаптаў ён бледнымі губамі, - няўжо я сказаў ці зрабіў якое-небудзь глупства?.. Няўжо магчыма, што я зноў?..

- Не, - ціхім голасам адказаў я, - але вы павінны спыніць гульню зараз жа. Неадкладна! Успомніце, што сказаў вам урач!

Доктар Б. рэзка ўскочыў з крэсла.

- Прашу прабачэння за недарэчную памылку, - сказаў ён сваім ранейшым ветлівым голасам і пакланіўся Чэнтавічу. - Я, канечне, сказаў абсалютнае глупства. Зразумела, гэтую партыю выйгралі вы.

Потым ён звярнуўся да нас:

- І ў вас, панове, я таксама прашу прабачэння. Але я папярэджваў загадзя, што не трэба ўскладаць на мяне вялікіх спадзяванняў. Прабачце, што я вось так ганебна скончыў гульню. Гэта апошні раз, што я спакусіўся гуляць у шахматы.

Ён пакланіўся і пайшоў з тым жа сціплым і загадкавым выглядам, з якім упершыню з'явіўся сярод нас. Я адзін ведаў, чаму гэты чалавек ніколі болей не дакранецца да шахмат, астатнія ж збянтэжана стаялі навокал, няясна здагадваліся, што нешта цёмнае і грознае пранеслася міма і ледзь не закранула іх.

- Damned fool!* - расчаравана прабурчаў Мак Конар.

* Пракляты дурань! (англ.)

Апошні ўстаў са свайго крэсла Чэнтавіч і кінуў яшчэ адзін позірк на незакончаную партыю.

- Шкада, - велікадушна сказаў ён. - Атака была зусім няблага задумана. Як на аматара гэты чалавек гуляе на рэдкасць таленавіта.




Крыніца: Zweig St. Novellen in zwei Baenden. - Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1966.
Пераклад: Уладзімір Чапега

Беларуская Палічка: http://knihi.com