Штэфан Цвайг

Скон аднаго сэрца

Каб нанесці сэрцу сакрушальны ўдар, лёсу не заўсёды трэба біць моцна і з размаху; выклікаць пагібель якой-небудзь нязначнай прычынаю - вось да чаго імкнецца яго неўтаймаваная творчая сваволя. На нашай няўцямнай чалавечай мове мы называем гэты першы лёгенькі дотык зачэпкаю і здзіўлена параўноўваем яе малюсенькія памеры з магутным уздзеяннем, якое часта выяўляецца пазней; але як хвароба ўзнікае раней, чым яна праяўляецца, так і чалавечы лёс пачынаецца не тады, калі ён робіцца прыкметнаю з'яваю. Лёс даўно праяўляецца дзесьці ў нашай глыбіні, у нашай крыві, перш чым дакрануцца да душы зверху. Самапазнанне раўназначна супраціўленню, і амаль заўсёды яно марнае.

 

Стары - яго звалі Заламансон, і ў сябе на радзіме ён меў званне тайнага камерцыі саветніка - прачнуўся аднаго разу ўночы ў гатэлі ў Гардоне*, дзе ён праводзіў велікоднае свята з сям'ёю, ад моцнага болю: нібы ціскамі здушвала жывот, дыханне ледзь вырывалася з грудзей.

* Зімні курорт на беразе возера Гарда ў Італіі.

Стары спалохаўся: яго часта непакоіла жоўць, не раз мучылі колікі, але ён, наперакор парадзе дактароў, не паехаў лячыцца ў Карлсбад, а згадзіўся дзеля сям'і паехаць на поўдзень. Баючыся небяспечнага прыступу, ён спалохана абмацаў свой вялізны жывот і, нягледзячы на пакутлівы боль, адразу ж адчуў палёгку: ціснула моцна толькі пад лыжачкай, відаць, з-за непрывычнай італійскай кухні, а можа, з-за лёгкага атручэння - яно часта бывала тут у турыстаў. Ён з палёгкаю ўздыхнуў і адняў дрыготкую руку, але боль не праходзіў і не даваў дыхаць. Тады стары са стогнам цяжка падняўся з ложка, каб прайсціся і зняць боль. І сапраўды: боль зменшыўся, ледзь толькі ён стаў на ногі, і, яшчэ болей, калі ён зрабіў некалькі крокаў. Але ў цёмным пакоі было цесна, акрамя таго, ён баяўся разбудзіць і дарэмна патрывожыць жонку, якая спала побач на другім ложку. Таму ён накінуў халат, уступіў у пантофлі на босую нагу і вобмацкам асцярожна пракраўся ў калідор, каб крыху прагуляцца.

У той момант, калі ён адчыняў дзверы ў цёмны калідор, праз насцеж адчыненыя вокны з царкоўнай вежы данёсся бой гадзінніка - чатыры гучныя ўдары, якія з мяккім трымценнем замерлі дзесьці над возерам: было чатыры гадзіны ночы.

У доўгім калідоры панаваў густы змрок. Але стары з дзённых успамінаў добра ведаў, што калідор прамы і вельмі доўгі, і таму патупаў з аднаго канца ў другі, не адчуваючы патрэбы ў асвятленні. Ён глыбока дыхаў і з задавальненнем адзначыў, што ціск у грудзях паступова спадае: хадзьба дапамагла яму амаль поўнасцю пазбавіцца ад болю. Ён ужо збіраўся вярнуцца ў пакой, як раптам яго спалохаў і прымусіў застыць на месцы нейкі шум - слабы, але добра адчувальны шэпт дзесьці паблізу ў цемры. Штосьці зарыпела, нехта зашаптаўся, пачуўся шоргат, і вузкая палоска святла з прачыненых дзвярэй на момант прарэзала цемру. Што гэта? Міжволі стары прыціснуўся ў куточку да сцяны - зусім не з цікаўнасці, а толькі з лёгка зразумелага сораму, што хто-небудзь убачыць яго тут, занятага чымсьці дзіўным - блуканнем уночы. Але ў той момант, калі ў калідоры бліснула святло, яму - амаль супраць волі - здалося, што з таго пакоя выслізнула жаночая фігура ў белым і знікла ў другім канцы калідора. І сапраўды - каля апошніх дзвярэй ціха бразнула дзвярная ручка. І зноў усё сціхла ў змроку.

Стары раптам захістаўся, быццам яго ўдарылі ў сэрца. Там, у самым канцы калідора, дзе па-здрадніцку шчоўкнула ручка, там былі... там жа былі толькі яго пакоі, трохпакаёвы нумар, які ён зняў сваёй сям'і. Жонка - ён бачыў яе ўсяго некалькі хвілін таму назад - моцна спала; значыцца, гэтая жанчына - не, памылкі быць не можа, - што крадком выйшла з чужога пакоя, была яго дачка Эрна, якой ледзь споўнілася дзевятнаццаць гадоў.

Пахаладзелы ад жаху, стары закалаціўся ўсім целам. Яго дачка Эрна, яго дзіця, гарэзлівае, свавольнае дзіця - не, гэтага быць не можа, ён, канечне, памыліўся. Навошта яна хадзіла ў чужы пакой, калі не... Як шалёнага звера адштурхнуў ён гэтую думку, але прывід зніклай жаночай постаці ўладарна ўеўся ў мозг - не вырваць, не пазбавіцца; ён мусіў пераканацца, памыліўся ён ці не. Задыханы, трымаючыся за сцяну, даплёўся ён да дзвярэй яе пакоя, які быў сумежны з ягоным, і з роспаччу ўбачыў, што толькі тут, толькі з-пад гэтых дзвярэй прабівалася тоненькая нітка святла і па-здрадніцку бялела замочная шчыліна: у чатыры гадзіны раніцы ў яе пакоі гарэла святло! І вось яшчэ адзін доказ: шчоўкнуў выключальнік, белую нітку святла паглынуў змрок: не, не, няма чаго падманваць сябе - Эрна, яго дачка, выйшла з чужога пакоя сярод ночы і тайком вярнулася ў свой.

Стары дрыжаў ад жаху, абліваўся халодным потам, яго калаціла. Выламаць дзверы, накінуцца на яе з кулакамі, адлупіць бессаромніцу было яго першым імкненнем. Але ў яго падкошваліся ногі. Ён ледзь давалокся да свайго пакоя і, як да смерці ранены звер, амаль непрытомны, упаў на ложак.

Стары нерухома ляжаў на ложку і шырока расплюшчанымі вачамі глядзеў у цемру. Побач роўна, спакойна дыхала жонка. Першай яго думкай было расштурхаць яе, сказаць пра страшнае адкрыццё, накрычаць, даць волю свайму гневу. Але як вымавіць, як выказаць словамі гэтае жахлівае? Ніколі, ніколі яму не сказаць іх. Але што рабіць? Што рабіць?

Ён паспрабаваў сабрацца з думкамі. Але яны, як кажаны, усляпую мітусіліся ў галаве. Гэта ж проста жах: Эрна, далікатнае, клапатліва выпешчанае дзіця з ласкавымі вачамі... ці даўно, ці даўно яна сядзела над букваром і ружовым пальчыкам вадзіла па цяжкіх незразумелых літарах; ці даўно ён заходзіў па яе ў школу і яна выбягала яму насустрач у блакітнай сукеначцы, а па дарозе дадому ён карміў яе пірожнымі ў кандытарскай - ён яшчэ адчуваў пацалунак дзіцячых вуснаў, салодкіх ад цукру... Ці не ўчора гэта было?.. Не, гады прайшлі з таго часу... Але ж учора - так, учора - яна так па-дзіцячы ўпрошвала яго купіць ёй стракаты блакітны з золатам швэдар, выстаўлены ў вітрыне. «Татачка, ну калі ласка!» - склаўшы лісліва рукі, смяялася яна тым радасным, самаўпэўненым смехам, супраць якога ён ніколі не мог устаяць... А цяпер, цяпер, за два крокі ад яго дзвярэй, яна прабіралася ў пакой чужога мужчыны, у яго ложак, дзе голая аддавалася пажадліваму пачуццю...

«Божа мой, божа мой!.. - міжвольна застагнаў стары. - Якая ганьба, якая ганьба!.. Маё дзіця; маё дзіця, далікатнае, мілае дзіця з якімсьці мужчынам... А з кім?.. Хто б гэта мог быць?.. Усяго толькі тры дні, як мы сюды прыехалі, і раней яна не ведала нікога з гэтых выглянцаваных дурняў - ні графа Ўбальдзі з малюсенькаю галавою, ні італійскага афіцэра, ні гэтага мекленбургскага барона... толькі на другі дзень яны пазнаёміліся на танцах, і ўжо з адным з іх... Не, ён не мог быць у яе першы, не... гэта, мусіць, пачалося яшчэ раней... дома... і я, дурань, нічога не ведаў, не здагадваўся, стары, падмануты дурань... Але што я наогул пра іх ведаю?.. Цэлы дзень я раблю на іх, як чорны вол, сяджу па чатырнаццаць гадзін у канторы, як раней сядзеў у цягніку з чамаданам, поўным узораў тавараў... з-за грошай, усё з-за грошай... каб яны маглі купляць прыгожыя сукенкі, каб яны былі багатыя... а ўвечары, калі я прыходжу з работы, стомлены, разбіты, дома іх няма: яны ў тэатры, на балі, у гасцях... Што я ведаю пра іх, пра тое, як яны бавяць дзень? Вось і ведаю цяпер толькі адно: што мая дачка ноччу аддае мужчынам сваё юнае, чыстае цела, як вулічная дзеўка... О, якая ганьба!»

Стары ўсё стагнаў і стагнаў. Кожная новая думка вярэдзіла рану; яму здавалася, што яго мозг ляжыць адкрыты і ў крывавай мешаніне варушацца чырвоныя чарвякі.

«Але чаму ж я ўсё гэта трываў?.. Чаму я ляжу тут і пакутую, а яна, распусніца, спакойна спіць?.. Чаму я адразу не ўварваўся да яе ў пакой і не сказаў, што ведаю пра яе ганьбу?.. Чаму я не пераламаў ёй усіх касцей?.. Таму што я слабы... Таму што я баязлівец... Я заўсёды быў занадта паблажлівы да іх... ва ўсім ім саступаў... я ж гэтак ганарыўся, што магу забяспечыць ім лёгкае жыццё, хоць за гэта і сапсавана маё... Пазногцямі я выдзіраў пфеніг за пфенігам... я гатовы быў злупіць скуру з рук, каб толькі задаволіць іх... Але ледзь я даў ім багацце, як яны пачалі саромецца мяне... і не вельмі элегантны я... і не вельмі адукаваны... А адкуль у мяне магла быць адукацыя? З дванаццаці гадоў мяне ўжо забралі са школы, і я мусіў зарабляць, зарабляць, зарабляць... вандраваў з узорамі спачатку з вёскі ў вёску, потым з горада ў горад, пакуль не адкрыў сваё прадпрыемства... і як толькі яны разбагацелі і пачалі жыць у сваім доме, дык маё чэснае, добрае імя стала ім не да твару... Прымусілі мяне купіць званне тайнага камерцыі саветніка, каб да іх болей не звярталіся як да фраў Заламансон, каб строіць з сябе арыстакратак... Арыстакраткі!.. Арыстакраткі!.. Яны смяяліся з мяне, калі я супраціўляўся іх прэтэнзіям на арыстакратызм, быў супраць іх «свецкага» кола, калі я расказваў ім, як мая нябожчыца мама вяла гаспадарку, - ціха, сціпла, жыла толькі дзеля таты і дзеля нас... звалі мяне старамодным... «Ты старамодны, татачка», - пасмейвалася яна... так, я старамодны... а яна кладзецца ў ложак з чужымі мужчынамі... маё дзіця, маё адзінае дзіця... Ах, якая ганьба, якая ганьба!»

Ён стагнаў так тужліва, так пакутліва, што жонка нарэшце прачнулася.

- Што з табою? - спыталася яна сонным голасам.

Стары не варухнуўся і затоіў дыханне. Так ён ляжаў нерухома да раніцы ў чорнай труне сваёй тугі, і яго, нібы чарвякі, грызлі думкі.

Раніцаю на снеданне ён прыйшоў першы. З глыбокім уздыхам сеў за стол, але кавалак не лез яму ў горла.

«Зноў адзін, - падумаў ён, - увесь час адзін!.. Калі я раніцаю іду ў кантору, яны яшчэ адсыпаюцца, стомленыя ад тэатраў і баляў, а калі я вяртаюся дадому, яны ўжо весяляцца дзе-небудзь у сваёй кампаніі, куды мяне не бяруць з сабою... Ах, грошы, праклятыя грошы!.. яны іх сапсавалі... ад іх мы сталі чужыя адно аднаму... А я, дурань, стараўся наскрэбці іх як мага болей і, зрэшты, самога сябе абрабаваў, зрабіў сябе жабраком, а іх сапсаваў... Пяцьдзесят гадоў я рабіў як вол, не ведаў, што такое адпачынак, і вось цяпер - адзін...»

Ён пачаў ужо злавацца. «Чаму яна не ідзе?.. Я хачу пагаварыць з ёю, я скажу ёй... нам трэба паехаць адсюль... сёння ж... Чаму яна не ідзе?.. Відаць, яна яшчэ не адпачыла, спіць сабе са спакойным сумленнем, а ў мяне, дурня, сэрца разрываецца... Яе маці гадзінамі прыбіраецца, прымае ванну, наводзіць бляск... манікюр, цырульнік, раней адзінаццаці яна не выйдзе... Чаму ж тут здзіўляцца... што можа атрымацца з дзіцяці?.. Ах, гэтыя грошы, гэтыя праклятыя грошы!..»

За яго спінаю пачуліся лёгкія крокі.

- Добрай раніцы, татачка, як ты спаў? - Дзявочая галоўка схілілася над ім, і пяшчотныя вусны дакрануліся да яго гарачага лба. Міжволі ён рэзка адхіліў галаву: яму быў агідны саладжавы пах духоў Каці. І потым...

- Што з табою, татачка? Зноў не ў гуморы?.. Прынясіце каву і ham and eggs*... Дрэнна спаў ці атрымаў непрыемныя навіны?

* Яечня з вяндлінаю (англ.).

Стары прыглушыў свой гнеў. Ён апусціў галаву, не асмельваючыся зірнуць на дачку, і нічога не адказаў. Ён бачыў толькі кісці яе рук на стале, мілыя, выпешчаныя, якія ляніва гулялі на белым полі абруса, быццам раздураныя пародзістыя харты. Ён увесь дрыжаў, калі нясмела слізгануў позіркам па тонкіх дзявочых руках, яшчэ паўдзіцячых... ці даўно... гэтыя рукі кожны вечар абдымалі яго перад сном... Ён бачыў акругласць дзявочых грудзей, якія роўна дыхалі пад новым швэдарам. «Голая... голая качалася з чужым мужчынам, - пакутаваў стары. - Ён дакранаўся да яе, мілаваў, абмацваў, атрымліваў асалоду... мая плоць і кроў... маё дзіця... О, гэты невядомы нягоднік! О... о...» - Ён гучна застагнаў, сам таго не заўважаючы.

- Што з табою, татачка? - спыталася яна ласкава і з трывогаю.

«Што са мною? - стукала, як малатком, у ім. - У мяне дачка прастытутка, а мне не хапае мужнасці сказаць ёй гэта».

Але ён толькі неразборліва прамармытаў:

- Нічога, нічога! - і, паспешна схапіўшы газету, разгарнуў яе, каб адгарадзіцца ад запытальнага даччынога позірку - ён не мог глядзець ёй у вочы. Рукі ў яго дрыжалі. «Цяпер, цяпер трэба сказаць ёй, пакуль мы адны», - пакутаваў ён, але не мог вымавіць ні слова. Нават зірнуць на яе не хапала сілы.

І раптам ён рэзка адсунуў крэсла, цяжка падняўся з месца і накіраваўся ў сад; ён адчуў, што супраць яго волі буйная сляза пацякла па шчацэ. Гэтага яна не павінна была бачыць.

 

Каратканогі стары доўга блукаў па садзе і ўвесь час глядзеў на возера. Яго вочы, затуманеныя ледзь стрымліваемымі слёзамі, усё ж не маглі не бачыць прыгажосці ландшафту: за серабрыстаю смугою ляжалі мяккія зялёныя хвалі ўзгоркаў, быццам заштрыхаваныя тонкімі чорнымі лініямі кіпарысаў, а за імі стромка ўздымаліся горы, строга, але без ганарлівасці пазіралі на прыгожае возера, як суровыя мужчыны глядзяць на гульню любімых дзяцей. Так ласкава і прыветліва прырода прымала ў абдымкі кожнага, заклікала яго быць добрым і шчаслівым, так чароўна ззяла вечная ўсмешка благаславёнага поўдня!

«Шчаслівы! - Стары няўцямна пакруціў пацяжэлаю галавою. - Будзеш тут шчаслівы. Адзін толькі раз я дазволіў сабе такую раскошу, толькі адзін раз захацеў адчуць, якое добрае жыццё ў тых, хто не ведае клопатаў... упершыню за пяцьдзесят гадоў, якія прайшлі ў падліках, вылічэннях, здзелках, дробным гандлі, я захацеў пацешыцца некалькімі светлымі днямі... адзін, адзін раз, перш чым мяне закапаюць... Божа мой, шэсцьдзесят пяць гадоў, у такім узросце адною нагою ўжо на тым свеце, і тут не памогуць ні грошы, ні дактары... Я хацеў толькі ўздыхнуць на поўныя грудзі, хоць раз падумаць пра сябе... Але нездарма нябожчык тата ўвесь час казаў: «Забавы не для нас, цягні ношку на гарбе да самай магілы...» Толькі ўчора яшчэ я думаў, што магу дазволіць сабе адпачыць... учора яшчэ я быў амаль шчаслівы, цешыўся з маёй прыгожай, вясёлай дачкі, радаваўся яе радасці... і вось ужо бог пакараў мяне, ужо ён усё адабраў... Цяпер канец... я болей не магу гаварыць з роднаю дачкою... не магу глядзець ёй у вочы, гэтак мне сорамна за яе... Увесь час я буду думаць адно - і дома, і ў канторы, і ноччу ў ложку: дзе яна цяпер, дзе яна была, што яна рабіла?.. Ніколі ўжо я не прыйду дадому спакойны. Раней, бывала, яна бяжыць мне насустрач, і сэрца радуецца, калі я бачу яе, маладую і прыгожую... А цяпер, варта ёй пацалаваць мяне, я буду думаць, каму належалі гэтыя вусны ўчора... Пастаянна трывожыцца, калі яе няма, і саромецца зірнуць ёй у вочы, калі яна са мною... Не, гэтак жыць нельга... гэтак жыць нельга...»

Стары хадзіў узад і ўперад, хістаўся і мармытаў сабе нешта пад нос, як п'яны. Позірк яго ўвесь час звяртаўся да возера, слёзы безупынна цяклі ў бараду. Ён зняў пенснэ і спыніўся на вузкай сцяжынцы, прыжмурыўшы мокрыя, блізарукія вочы; выгляд у яго быў такі дурнавата-смешны, што хлопчык-садоўнік, які праходзіў міма, здзіўлена застыў на месцы, потым гучна фыркнуў і насмешліва крыкнуў штосьці па-італійску. Гэта вывела старога са здранцвення, ён паспешна надзеў пенснэ і паплёўся ў глыбіню саду, каб дзе-небудзь там на лаўцы схавацца ад людзей.

Але не паспеў ён знайсці сабе месца, як яго ўспудзіў смех; ён пачуўся аднекуль злева... знаёмы смех, які цяпер разарваў яму сэрца. Музыкай гучаў ён яму цэлых дзевятнаццаць гадоў, гэты звонкі, гарэзлівы смех... дзеля яго ён правёў столькі начэй у вагоне трэцяга класа - валокся ў Познань, у Венгрыю, толькі каб прывезці што-небудзь, высыпаць перад імі крыху жоўтага перагною, на якім квітнела гэтая бесклапотная весялосць... толькі дзеля гэтага смеху ён жыў, дзеля яго давёў сябе да хваробы жоўці... толькі б ён пастаянна звінеў з любых вуснаў. А цяпер ён утыкаўся ў яго цела, як распаленая піла, гэты пракляты смех.

І ўсё ж, нягледзячы на ўнутранае супраціўленне, стары падышоў бліжэй. Яго дачка стаяла на тэніснай пляцоўцы, круціла ў аголенай руцэ ракетку, свабодным рухам падкідвала і лавіла яе. І кожны раз з ракеткай да блакітнага неба ўзлятаў гарэзлівы смех. Трое мужчын з захапленнем глядзелі на яе - граф Убальдзі ў слабкай спартыўнай кашулі, афіцэр у мундзіры, які гладка аблягаў яго, і мекленбургскі барон у бездакорных брыджах - тры рэзка акрэсленыя мужчынскія постаці, быццам статуі вакол гульца, які, як матылёк, пырхаў па пляцоўцы. Стары сам не мог адарвацца ад гэтай карціны. Божа мой, якая яна прыгожая ў белай кароткай сукенцы, як сонца залоціць яе светлыя валасы! І з якою асалодаю выпрабоўвала ў бегу і скачках сваю лёгкасць і спрыт гэтае юнае цела, ап'янёнае і ап'яняючае вольным рытмам рухаў! Вось яна гарэзліва падкідвае ў паветра белы мяч, потым другі і трэці; як грацыёзна выгінаецца яе стройны дзявочы стан; вось яна падскочыла, каб злавіць апошні мяч. Такою ён ніколі яе не бачыў: поўная гарэзлівага агню, яна была нібы белае імклівае полымя, ахутанае серабрыстым дымком смеху, нявінная багіня, якая нарадзілася з плюшчу паўднёвага саду, з мяккага блакіту люстранага возера; ніколі гэтае гнуткае, стройнае цела так вольна, так нястрымна не аддавалася гулліваму рытму рухаў. Не, ніколі не бачыў ён яе такою ў душным горадзе, у яго мураваных сценах, ніколі ні дома, ні на вуліцы так не звінеў яе голас, быццам адарваны ад усяго зямнога, - гэтак жаваранак спявае сваю вясёлую песню. Не, не, ніколі не была яна такая прыгожая! Стары не зводзіў з яе захопленага позірку. Ён усё забыў і толькі глядзеў на белае імклівае полымя. Ён мог бы бясконца стаяць, зачаравана ўбіраць у сябе яе абрысы, - але вось, высока падскочыўшы, яна спрытна злавіла апошні падкінуты мяч і, разгарачаная, цяжка дыхаючы, з пераможнаю ўсмешкаю прыціснула яго да грудзей.

- Брава, брава! - запляскалі, быццам праслухаўшы оперную арыю, мужчыны, якія з захапленнем сачылі за яе гульнёю. Іх гартанныя галасы вывелі старога са здранцвення. Са злосцю ён паглядзеў на іх.

«Вось яны, нягоднікі! - стукала яго сэрца. - Вось яны... Але хто ж з іх? Хто з гэтых трох франтаў валодаў ёю?.. Якія яны прыбраныя, надушаныя, выгаленыя... гультаі... Мы ў іх узросце сядзелі ў залатаных штанах у канторы, стоптвалі чаравікі, абіваючы парогі кліентаў... іх бацькі, мабыць, яшчэ і цяпер пакутуюць, крывёю і потам здабываюць для іх грошы... а яны ездзяць па белым свеце, гультайнічаюць... вунь яны якія - загарэлыя, вочы вясёлыя, нахабныя... Чаму ім не быць прыгожымі і вясёлымі? Варта такому нагаварыць кампліментаў ганарыстай дзяўчыне, як яна ўжо гатова да яго ў ложак... Але хто ж з іх трох, хто?.. Бо адзін з іх, ведаю, і цяпер у думках раздзявае яе і самазадаволена прыцмоквае языком: «Яна была маёю...» Ён ведае яе з галавы да ног і думае: «Сёння ноччу зноў...» і падае ёй знакі вачамі... Ах, паскуднікі... Забіць бы яго, як сабаку!»

На пляцоўцы заўважылі старога. Дачка, усміхаючыся, замахала ракеткаю, мужчыны прывіталіся. Ён не адказаў на прывітанні і толькі глядзеў неадрыўна апухлымі, налітымі крывёю вачамі на яе гарэзлівую ўсмешку: «І ты яшчэ асмельваешся ўсміхацца, бессаромніца!.. Але і той, можа, пасмейваецца сабе ў вусны і думае - вось ён стаіць, стары, дурны жыд, які ўсю ноч храпе ў сваім ложку... каб ён толькі ведаў, стары дурань!.. Так, так, я ведаю, вы смеяцеся, вы гідліва абыходзіце мяне, як плявок... але дачка - прыгожая дзяўчына, і доўга прасіць яе не трэба... дый маці... праўда, крыху таўставатая, расфуфыраная, нафарбаваная, але яшчэ нічога сабе; калі да яе як след падысці, дык і яна, бадай, не адмовіцца... Правільна, сабакі, правільна: вы маеце рацыю - бо яны самі вешаюцца вам на шыю, распусніцы... Што вам да таго, што ў кагосьці сэрца абліваецца крывёю; вам бы толькі пацешыцца, толькі б пацешыць іх, распусніц... Застрэліць бы вас з рэвальвера, адсцябаць бізуном... Але вы маеце рацыю, бо ніхто гэтага не зробіць... бо толькі глытаеш крыўду і гнеў, як сабака свае ваніты... вы маеце рацыю, бо ты баішся, страшна баішся, не ідзеш і не хапаеш бессаромніцу за рукаў, не адцягваеш яе ад вас... стаіш тут, маўчыш і давішся сваёю жоўцю... баязлівец... баязлівец... баязлівец...»

Стары мусіў абаперціся на парэнчы - так моцна калаціў яго бяссільны гнеў. І раптам ён плюнуў сабе пад ногі і, хістаючыся, пайшоў з саду.

Ён накіраваўся ў горад; на адной вуліцы спыніўся перад вітрынаю крамы; за шыбаю ўзвышаліся стракатыя піраміды і ступеньчатыя вежы з разнастайных тавараў, - усё, што магло спатрэбіцца турыстам: кашулі і рыбалоўныя снасці, блузкі і вуды, гальштукі, кніжкі, нават печыва; але стары глядзеў толькі на адну рэч, нядбайна кінутую сярод дарагіх шыкоўных прадметаў, - на тоўстую сукаватую палку з жалезным наканечнікам; такою палкаю, калі моцна ўзяць яе ў руку і добра размахнуцца...

«Забіць... забіць сабаку!» - як ачмурэлы, амаль з асалодаю думаў стары; яго пацягнула ў краму, і там ён за бясцэнак набыў сукаватую важкую дубіну. І толькі ён сціснуў яе ў кулаку, як адчуў прыліў сілы: бо любая зброя дадае фізічна слабаму чалавеку ўпэўненасці. Моцна сціскаючы палку, стары адчуваў, як напружваюцца мышцы рук. «Забіць... забіць сабаку!» - мармытаў ён сам сабе, і міжволі яго цяжкі, няўпэўнены крок рабіўся больш цвёрды, роўны, хуткі; ён не хадзіў, а як бы бегаў па набярэжнай узад і ўперад, задыхаючыся, увесь потны - болей ад злосці, якая, нарэшце, знайшла выйсце, чым ад хуткай хады. А рука яго сутаргава сціскала масіўную булавешку палкі.

Са сваёю зброяй ён і ўвайшоў у блакітны цень халаднаватай тэрасы, шукаючы злоснымі вачамі невядомага яму ворага. І не памыліўся: у кутку сядзелі ў зручных плеценых крэслах яго жонка, дачка і непазбежная тройца. «Хто з іх, хто? - няўцямна думаў ён, моцна сціскаючы палку ў кулаку. - Каму з іх праламаць чэрап?.. каму?.. каму?» Але Эрна памылкова растлумачыла яго шукальны позірк і ўжо ўскочыла з месца, пабегла яму насустрач.

- А вось і ты, татачка! Мы ўсюды шукалі цябе. Ведаеш, пан фон Медвіц запрашае нас пакатацца ў сваім аўтамабілі, мы паедзем берагам да самага Дэзенцана, вакол усяго возера. - Гаворачы, яна ласкава падштурхоўвала яго да століка, мабыць, чакала, што ён падзякуе за запрашэнне.

Мужчыны ветліва ўсталі, каб прывітацца з ім. Стары задрыжаў. Але ён адчуваў блізкасць дачкі, яе цёплую ласку, і гэта пазбавіла яго рашучасці. Воля яго была зламана, і ён паціснуў адну за другою працягнутыя рукі, моўчкі сеў, дастаў цыгару і са злосцю ўпіўся зубамі ў мяккую тытунёвую масу. Перарваная размова на французскай мове, з выбухамі смеху, узнавілася.

Стары скурчыўся, сядзеў моўчкі і з такою сілаю грыз цыгару, што карычневы сок афарбаваў зубы. «Вы маеце рацыю... маеце рацыю, - думаў ён. - Мне можна пляваць у твар... я толькі што паціснуў яму руку!.. усім тром. Я ж ведаю, што адзін з іх і ёсць той нягоднік... а я спакойна сяджу з ім за адным сталом... Я яго не забіў, я ветліва падаў яму руку... Яны маюць рацыю, цалкам і поўнасцю, калі смяюцца з мяне... І як яны размаўляюць пры мне, быццам мяне тут зусім няма!.. быццам я ўжо ляжу ў зямлі... І пры гэтым яны абедзве - і Эрна і яе маці - добра ведаюць, што я не разумею ні слова па-французску... абедзве гэта ведаюць, абедзве, і ніхто з іх не спытаецца ў мяне аб чым-небудзь хоць бы для прыліку, каб мне не выглядаць такім смешным, такім страшэнна смешным... Я для іх пустое месца... толькі непрыемны прыдатак, штосьці лішняе, што ім перашкаджае... чаго яны саромеюцца. І яны не выганяюць мяне толькі таму, што я зарабляю грошы, гэтыя брудныя, гнусныя грошы, якімі я іх сапсаваў... гэтыя грошы, над якімі вісіць боскі праклён... Хоць бы слова сказалі мне жонка, родная дачка... Толькі на гэтых разявакаў глядзяць яны, на гэтых прыбраных, выглянцаваных ёлупняў... і як яны рагочуць, ледзь не вішчаць, быццам іх лапаюць у цёмным месцы... А я... усё гэта я трываю... сяджу, слухаю, як яны смяюцца, нічога не разумею і ўсё-такі сяджу, замест таго каб стукнуць кулаком... пабіць іх гэтаю палкаю, разагнаць, перш чым яны пачнуць спароўвацца ў мяне на вачах... Усё гэта я дазваляю... сяджу і маўчу, як дурань... баязлівец... баязлівец...»

- Дазвольце, - сказаў на ламанай нямецкай мове італійскі афіцэр і пацягнуўся да запальнічкі.

Стары, разбуджаны з глыбокага роздуму, здрыгануўся і кінуў злосны позірк на афіцэра, які ні аб чым не здагадваўся. На момант шалёны гнеў авалодаў ім, і ён сутаргава сціснуў у кулаку палку. Але тут жа губы яго скрывіліся і расплыліся ў бяссэнсавай усмешцы:

- О, я дазваляю, - сказаў ён рэзкім, зрывістым голасам. - Канечне, я дазваляю, хе-хе... усё дазваляю... усё, што хочаце... хе-хе... усё дазваляю... усё, што ў мяне ёсць, да вашых паслуг... са мною можна сабе ўсё дазволіць...

Афіцэр здзіўлена паглядзеў на яго. Ён дрэнна ведаў нямецкую мову і не ўсё зразумеў. Але крывая, няўцямная ўсмешка старога збянтэжыла яго. Немец міжволі падаўся наперад, абедзве жанчыны збялелі - як палатно - на момант усталявалася мёртвая цішыня, як у кароткі прамежак паміж маланкаю і грукатам грому.

Але злосная ўсмешка тут жа знікла з твару старога, палка выслізнула з рук, ён скурчыўся, як пабіты сабака, і збянтэжана кашлянуў, спалоханы сваёю смеласцю. Эрна паспешна паспрабавала ўзнавіць размову, каб зменшыць узніклую няёмкасць, нямецкі барон адказаў з наўмысным ажыўленнем, і праз некалькі хвілін ужо зноў бесклапотна цёк на момант затрыманы паток слоў.

Стары абыякава сядзеў сярод гэтых балбатуноў, цалкам паглыблены ў сябе, - можна было падумаць, што ён спіць. Важкая палка выслізнула з рук і матлялася паміж ног. Усё ніжэй апускалася схіленая на руку галава. Але цяпер ужо ніхто не звяртаў на яго ўвагі: над яго тужлівым маўчаннем гучна плёскаліся хвалі слоў, час ад часу ўскіпала пена смеху ад гуллівага жарту, а ён нерухома ляжаў на дне, у бясконцым змроку сораму і болю.

 

Хтосьці весела прапанаваў пайсці ў гасціную. Мужчыны адразу ўсталі, Эрна паспешна пайшла следам, крыху павольней паднялася маці. Ніхто не палічыў патрэбным звярнуцца з асобым запрашэннем да паглыбленага ў дрымоту старога. Толькі адчуўшы раптоўна вакол сябе пустату, ён прачнуўся - гэтак прачынаецца сярод ночы чалавек, калі з яго саслізне коўдра і халоднае паветра дакранецца да голага цела. Ён міжволі абвёў позіркам апусцелыя крэслы, але з гасцінай, дзе стаяў раяль, ужо чуліся рэзкія, грубыя гукі джазу, смех і падбадзёрлівыя воклічы. Пачалі танцаваць. Так, танцаваць, без канца танцаваць - гэта яны ўмеюць! Зноў і зноў будуць гарачыць кроў, бессаромна прыціскацца адно да аднаго - пакуль не настане час пажынаць плады. Танцуюць, лодыры, вісусы, вечарам, ноччу і сярод белага дня - гэтым яны і спакушаюць жанчын.

Ён зноў са злосцю схапіў палку і падаўся ўслед за імі. У дзвярах ён спыніўся. Барон сядзеў за раялем напаўпаварота, каб бачыць танцораў, брынкаў на памяць і наўгад амерыканскую модную песеньку. Эрна танцавала з афіцэрам, а даўганогі граф Убальдзі не без цяжкасці вёў сваю нязграбную поўную даму. Але стары глядзеў толькі на Эрну і яе кавалера. Як лёгка і лісліва гэты ветрагон паклаў рукі на яе кволыя плечы - быццам яна цалкам належала яму! Як яна падавалася да яго ўсім целам, як яны ліплі адно да аднаго ў яго на вачах і ледзь стрымлівалі дрэнна схаваную страсць! Так, гэта ён, ён - кожны рух выдаваў іх блізкасць, якая ўжо пранікла ў кроў. Так, гэта ён, ён - і ніхто другі, ён чытаў гэта ў яе прыплюшчаных вачах, у якіх зіхотка адлюстроўваўся ўспамін аб больш поўнай асалодзе - вось ён, злодзей, які ноччу палымяна дакранаўся да ўсяго, што цяпер ледзь схавана пад лёгкай хісткай на ветры сукенкай. Вось злодзей, які ўкраў у яго дзіця... яго дзіця! Стары міжволі зрабіў крок наперад, каб вырваць яе з яго рук. Але яна не заўважыла бацькі. Усёй істотай аддавалася яна рытму танца, падпарадкоўвалася ледзьве ўлоўнаму руху рукі спакусніка, якая яе вяла; адкінуўшы галаву, яна самазабыўна неслася ў віхуры музыкі, якая захапляла яе, не адчувала ні прасторы, ні часу, не заўважала старога, які дрыжаў як у ліхаманцы, задыхаўся і не зводзіў з яе запаленага гнеўнага позірку. Яна адчувала толькі сябе, толькі сваё юнае цела, паслухмяна падпарадкоўвалася траскучаму перарывістаму імкліваму рытму. Яна адчувала толькі сябе, ды яшчэ блізкасць гарачага мужчынскага дыхання, дужую руку, якая абдымала яе, і яна думала цяпер толькі, каб не паддацца спакусе кінуцца насустрач жаданню, аддацца яго ўладарнай сіле. І ўсё гэта пакутліва абвостраным чуццём угадваў стары; кожны раз, калі яна адлятала ад яго ў кругавароце танца, яму здавалася, што яна знікае навекі.

Раптам, нібы брынклівая струна, музыка абарвалася сярод такту. Барон ускочыў з месца і, смеючыся, сказаў па-французску:

- Даволі я вам іграў. Сам хачу танцаваць.

Усе весела засмяяліся ў адказ, пары разышліся, і маленькая кампанія рассеялася па пакоі.

Стары апамятаўся: трэба штосьці зрабіць, штосьці сказаць! Толькі не стаяць такою доўбняю, не быць такім нязносна лішнім! Яго жонка якраз праходзіла міма, крыху задыханая, але, відаць, вельмі задаволеная. Гнеў дапамог старому прыняць рашэнне. Ён раптам заступіў ёй дарогу.

- Ідзём, - рэзка сказаў ён, - мне трэба пагаварыць з табою.

Яна здзіўлена зірнула на яго: кроплі поту выступілі на яго бледным твары, вочы блукалі. Што яму трэба? Навошта яму спатрэбілася непакоіць яе менавіта цяпер? Яна ўжо хацела даць ухілісты адказ, але ў яго паводзінах было нешта дзіўнае, палохаючае, і яна, успомніўшы яго нядаўні выбух гневу, неахвотна пайшла за ім.

- Excusez, messieurs, un instant*, - звярнулася яна да мужчын, просячы прабачэння.

* Прабачце, панове, адну хвіліну (фр.).

«У іх яна просіць прабачэння, - з горыччу падумаў стары, - а ў мяне ніхто не папрасіў прабачэння, калі яны ўсталі з-за стала. Я для іх сабака, ануча, якую можна таптаць нагамі. Але яны робяць правільна, робяць правільна, калі я гэта трываю!»

Яна чакала, строга падняўшы бровы; як вучань перад настаўнікам, стаяў ён перад ёю і не асмельваўся загаварыць.

- Што такое? - нарэшце спыталася яна.

- Я не хачу... я не хачу... - замармытаў ён дрыготкім голасам, - я не хачу, каб вы... каб вы вадзіліся з гэтымі людзьмі...

- З якімі людзьмі? - перапытала яна, разыгрываючы неразуменне, і кінула на яго абураны позірк, быццам ён абразіў яе асабіста.

- З тымі, там... - Ён злосна кіўнуў галавою ў бок гасцінай. - Мне гэта не падабаецца... я не хачу...

- Чаму?

«Вечна гэты інквізітарскі тон, - з горыччу думаў стары, - як быццам я ў яе слуга». І дадаў, запінаючыся ад хвалявання:

- У мяне ёсць прычыны... вельмі сур'ёзныя прычыны... Мне не падабаецца... Я не хачу, каб Эрна размаўляла з гэтымі людзьмі... Я не абавязаны ўсё растлумачваць.

- У такім выпадку мне вельмі шкада, - адказала яна высакамерна. - Я лічу, што ўсе трое надзвычай выхаваныя маладыя людзі, прынамсі, яны лепшая кампанія, чым у нас дома.

- Лепшая кампанія!.. Гэтыя гультаі... гэтыя... гэтыя... - Злосць душыла яго. Раптам ён тупнуў нагою. - Я гэтага не хачу... я забараняю... зразумела?

- Не, - адказала яна спакойна. - Я нічога не разумею. Не разумею, чаму я павінна адбіраць у дачкі забаву...

- Забаву!.. Забаву!.. - Ён пахіснуўся, як ад удару, твар заліўся чырванню, халодны пот выступіў на лбе, рука міжволі пацягнулася да палкі, каб абаперціся на яе або нанесці ўдар. Але ён забыўся ўзяць палку. Гэта адразу працверазіла яго. Ён авалодаў сабою - на сэрцы ў яго раптам пацяплела. Ён падышоў да жонкі, як быццам хацеў узяць яе за руку. Голас яго зрабіўся мяккім, амаль умольным: - Паслухай... ты мяне не разумееш... я ж нічога не хачу для сябе... я вас прашу толькі... гэта мая першая просьба за доўгія гады: паедзем адсюль... паедзем у Фларэнцыю, у Рым, куды хочаце, я на ўсё згодны... вырашайце самі, куды вы хочаце... толькі паедзем адсюль... я прашу цябе... паедзем... сёння ж... сёння... я болей не магу гэтага трываць... не магу.

- Сёння? - Яна здзіўлена паглядзела на яго і нахмурылася. - Паехаць сёння? Што за дзіўная фантазія?.. і толькі таму, што гэтыя людзі табе не падабаюцца... Зрэшты, ніхто цябе не прымушае сустракацца з імі.

Але ён не ішоў, ён стаяў перад ёю, умольна склаўшы рукі.

- Я не вытрываю гэтага... я ж сказаў табе... не вытрываю... я не магу. Не пытайся ў мяне, чаму... прашу цябе... але павер, я не вытрываю гэтага... Хоць раз у жыцці зрабіце што-небудзь для мяне... адзін раз...

У суседнім пакоі зноў забарабанілі на раялі. Яна паглядзела на мужа, быццам кранутая ягонаю роспаччу; але які ён смешны - маленькі, тоўсценькі чалавечак, з пачырванелым тварам, з запалёнымі вачамі, з дрыготкімі рукамі, якія тырчаць з занадта кароткіх рукавоў; цяжка бачыць яго такім убогім. І спагада, якая шавяльнулася была ў ёй, адразу саступіла месца халодным словам:

- Гэта немагчыма. Мы паабяцалі паехаць з імі сёння катацца... а паехаць заўтра, калі мы нанялі пакой на тры тыдні... з нас будуць смяяцца... Я не бачу ніякай прычыны для ад'езду... я застаюся тут, і Эрна таксама...

- А я магу ехаць, так?.. я тут толькі псую.. псую вам... забаву, - хрыплым голасам перабіў яе стары. Ён рэзка выпрастаўся, рукі сціснуліся ў кулакі, на лбе пагрозліва выпнуліся жылы. Ён, відаць, намагаўся нешта сказаць або зрабіць. Але раптам крута павярнуўся і, цяжка перавальваючыся з нагі на нагу, хутка затупаў да лесвіцы, каб таропка, паскараючы крок, як быццам ён ратаваўся ад пагоні, падняцца наверх.

Стары, задыхаючыся, бег уверх па лесвіцы: толькі б дабрацца да свайго пакоя, застацца аднаму, авалодаць сабою, утрымаць нервы ў кулаку, перастаць вар'явацца! Вось ён ужо дасягнуў верхняга паверха, і раптам - быццам вострыя кіпцюры ўпіліся ў яго вантробы; ён пабялеў як палатно і прыхіліўся да сцяны. О, гэты шалёны, пякучы боль! Ён сціснуў зубы, каб не закрычаць, і, заглушаючы стогны, курчыўся ад пакутлівых колікаў.

Ён адразу зразумеў, што з ім: гэта быў прыступ жоўцевых колікаў, адзін з тых жахлівых прыступаў, якія нярэдка мучылі яго ў апошні час; але ніколі ён не адчуваў такіх жахлівых пакут, як на гэты раз. «Пазбягайце хваляванняў, - прыгадаў ён параду ўрача, і, нягледзячы на боль, пачаў злосна здзекавацца з сябе: - Лёгка сказаць, пазбягайце хваляванняў... хай пан прафесар сам пакажа, як можна не хвалявацца, калі... ой... ой...»

Стары гучна застагнаў - так пякуча ўпіліся нябачныя кіпцюры ў змучанае цела. Насілу ён давалокся да дзвярэй свайго нумара, адчыніў іх, паваліўся на канапу і ўпіўся зубамі ў падушку. Боль крыху суцішыўся, як толькі ён лёг; распаленае вастрыё ўжо не так глыбока пранікала ў зраненыя вантробы. «Трэба б кампрэс пакласці, - успомніў ён, - прыняць каплі - адразу палягчэе». Але нікога не было, каб памагчы яму, нікога. А ў самога не хапіла сіл дабрацца да суседняга пакоя ці хоць бы да званка.

«Нікога няма, - з горыччу думаў ён, - вось гэтак і здохну дзе-небудзь, як сабака... Я ж ведаю, гэта не жоўць баліць... гэта смерць падкрадваецца да мяне... я ведаю, што мне канец, ніякія прафесары, ніякія лекі не дапамогуць... у шэсцьдзесят пяць гадоў не папраўляюцца... Я ведаю, што боль, які пераварочвае мне ўсё нутро, - гэта смерць, і некалькі гадоў, якіх мне засталося пражыць, гэта ўжо не жыццё, а паміранне, адно паміранне... Але калі... калі ж я жыў?.. Калі я жыў для сябе?.. толькі для самога сябе?.. Ці ж гэта было жыццё? Вечная пагоня за грошамі, толькі за грошамі... і толькі для другіх, а цяпер што гэта мне дасць?.. У мяне была жонка: я ўзяў яе дзяўчынай, знайшоў да яе дарогу і кахаў яе, яна нарадзіла мне дзіця; год за годам мы спалі ў адным ложку, дыхалі адным дыханнем... а цяпер што стала з ёю?.. Я не пазнаю яе твар, яе голас... як чужая гаворыць яна са мною, ёй няма дачынення да майго жыцця, да маіх пачуццяў, думак, пакут... яна даўным-даўно зрабілася мне чужою... Куды ўсё знікла, куды прапала? І дачка была ў мяне... няньчыў яе з малых гадоў, думаў - пачынаеш жыць зноў, лепей, шчаслівей, чым выпала табе на долю, і не памрэш увесь, будзеш жыць у ёй... і вось яна ноччу аддаецца мужчынам, выходзіць з чужога пакоя... Толькі для сябе я памру, для сябе... для другіх я ўжо памёр... Божачка, божачка, ніколі яшчэ я не быў такі адзінокі!»

Кіпцюры час ад часу яшчэ злосна ўпіваліся ў яго цела, але потым боль праходзіў, хоць другі боль усё мацней сціскаў скроні; думкі, як цвёрдыя, вострыя, гарачыя крэмні, бязлітасна пяклі лоб - толькі б забыцца цяпер, ні аб чым не думаць! Стары расшпіліў сурдут і камізэльку; нязграбна, бясформенна выпінаўся вялікі жывот пад успухлай кашуляй. Ён асцярожна націснуў рукою на балючае месца. «Толькі тое, што баліць, - я, - падумаў ён, - толькі гэтае шавяленне пад гарачаю скураю; і толькі гэта яшчэ належыць мне; гэта мая хвароба, мая смерць... толькі гэта - я... няма ўжо ні камерцыі саветніка, ні жонкі, ні дачкі, ні грошай, ні дома, ні канторы... засталося толькі тое, што я цяпер мацаю пальцамі, - мой жывот і пякучы боль унутры... Усё астатняе - глупства, не мае болей ніякага сэнсу... а гэты боль - толькі мой боль, і гэты клопат - толькі мой клопат... Яны болей не разумеюць мяне, і я не разумею іх... я зусім адзін, сам-насам з сабою - ніколі я гэтага не ўсведамляў так ясна. Але цяпер, калі я ляжу вось тут і адчуваю, як знутры ўва мне расце смерць, занадта позна, на шэсцьдзесят пятым годзе, калі я хутка здохну, а яны, бессаромныя, скачуць, гуляюць, сноўдаюцца... цяпер я ведаю, што ўсё сваё жыццё я аддаў ім, няўдзячным, і ніводнай гадзіны не жыў для сябе... Але што мне да таго, што мне да іх?.. навошта думаць аб тых, хто не думае пра мяне? Лепш выпруціцца, чым прыняць іхнюю спагаду... што мне цяпер да іх?..»

Паступова пакідаў яго боль: ужо не так учэпіста, не так пякуча ўпіваліся ў яго лютыя кіпцюры. Але штосьці цьмянае адчувалася, - ужо амаль не боль, а нешта чужое сціскала і гняло, пранікала ўсярэдзіну. Стары ляжаў з заплюшчанымі вачамі і напружана прыслухоўваўся да таго, што адбывалася ў ім: яму здавалася, быццам нейкая чужая, невядомая сіла спачатку вострым, а цяпер тупым інструментам штосьці выграбала з яго, нітку за ніткаю абрывала штосьці ў яго целе. Не было ўжо болю. Не было пакутлівага ціску. Але штосьці ціха тлела і гніло ўнутры, штосьці пачало адміраць у ім. Усё, чым ён жыў, усё, што кахаў, згарала на гэтым павольным агні, абпальвалася, пакрывалася попелам і падала ў вязкую ціну абыякавасці. Ён няясна адчуваў - штосьці здарылася, штосьці здарылася ў той час, калі ён ляжаў тут і з горыччу думаў аб сваім жыцці. Штосьці канчалася. Што? Ён усё ўслухоўваўся і ўслухоўваўся ў сябе.

Так паволі пачаўся скон яго сэрца.

 

Стары ляжаў з заплюшчанымі вачамі ў паўцёмным пакоі. Паступова яго пацягнула на дрымоту, і затуманенай галаве ўявілася - не то ў сне, не то наяве, - што аднекуль, з нейкай нябачнай раны (якая не баліць і якой ён не ведае) сочыцца штосьці вільготнае, гарачае і ўліваецца ў яго жылы, як быццам ён сыходзіць крывёю але кроў цячэ не наверх, а ўнутр. Яму не было балюча, гэта адбывалася няхутка, сачылася нябачна і спакойна. Паволі прасочваліся кроплі і, нібы ціхія, цёплыя слёзы, падалі ў самае сэрца. Але нябачнае сэрца не адклікалася ніводным гукам; моўчкі ўбірала ў сябе чужую вільгаць, усмоктвала яе, як губка, усё цяжэла і цяжэла, і вось яно ўжо набрыняла, яму ўжо цесна ў грудной клетцы. І вось ужо цяжар цягне яго ўніз, расцягвае звязкі, тузае напружаныя мышцы; усё нясцерпней цісне і душыць змучанае вялізнае сэрца. І раптам - ах, як гэта балюча! - яго бязмерна цяжкае сэрца рухаецца з месца і пачынае паволі апускацца. Не адразу, не рыўком, а плаўна, паступова аддзялілася яно ад мышачнай тканкі і рушыла ўніз; не так, як падае кінуты з вышыні камень або спелы плод; не, як губка, насычаная вільгаццю, апускалася яно - глыбей, усё глыбей у пустату, у нябыццё, кудысьці за межы яго істоты, у непраглядную бяскрайнюю ноч. І раптам усталявалася злавесная цішыня - усталявалася там, дзе толькі што білася цёплае перапоўненае сэрца: там стала пуста, холадна і жудасна. Не чуваць стуку, не прасочваліся кроплі: усё сціхла, памерла. І нібы ў чорнай труне ляжала гэтае недаступна нямое нішто ў дрыготкіх грудзях.

Так выразна адчуваў стары ў сне ўсё гэта, такая глыбокая збянтэжанасць авалодала ім, што ён, як толькі прачнуўся, міжволі схапіўся за левы бок грудзей, каб праверыць, ці ёсць у яго сэрца. Але, дзякуй богу! - штосьці білася пад пальцамі, глуха, мерна, і ўсё ж здавалася, што гэтыя глухія ўдары гучаць у пустаце, а сэрца няма. У яго было дзіўнае адчуванне, быццам цела аддзялілася ад яго. Боль болей не трывожыў, нішто ўжо не калаціла змучаных нерваў; усё маўчала, усё застыла, акамянела ў ім. «Як жа гэта так? - падумаў ён. - Я ж толькі што нязносна пакутаваў, штосьці пякло мяне, сціскала, кожны нерв уздрыгваў. Што ж здарылася са мною?» Ён прыслухоўваўся да пустаты ўнутры свайго цела: ці не варухнецца там што-небудзь? Але нічога не было - не струменілася кроў, не стукала сэрца; ён слухаў, слухаў: не, нічога, згаслі, замерлі ўсе гукі. Нічога ўжо не мучыла, не напухала, не балела: там, мусіць, было пуста і чорна, як унутры дрэва з выгарэлым стрыжнем. Раптам яму здалося, што ён ужо памёр ці нешта памерла ў ім - так страшэнна нячутна перастала рухацца кроў у жылах. Халодным, як труп, адчуваў ён сваё цела, і яму было жахліва дакрануцца да яго цёплай рукою.

Стары напружана ўслухоўваўся ў сябе; ён не чуў бою гадзінніка, які далятаў з возера, не заўважаў, што згушчаўся змрок. Набліжалася ноч, вячэрняя цемрадзь паступова выкрэслівала рэчы з цёмнага пакоя; патух, нарэшце, і кавалак неба, які яшчэ слаба свяціўся ў чатырохвугольніку акна. Стары не заўважыў цемры навокал - ён углядваўся толькі ў змрок у сабе самім, услухоўваўся толькі ў пустату ў сабе, як у сваю смерць.

Нарэшце ў суседні пакой уварваўся задзірысты смех, промень святла пырснуў праз шчыліну прачыненых дзвярэй. Стары спалохана прыўзняўся: жонка, дачка! Зараз яны ўбачаць, што ён ляжыць на канапе, пачнуць распытваць. Ён паспешна зашпіліў камізэльку і сурдут; навошта ім ведаць пра яго прыпадак, што ім да гэтага?

Але маці і дачка не шукалі яго. Яны яўна спяшаліся: нецярплівыя ўдары гонга ўжо трэці раз запрашалі на вячэру. Відаць, яны пераадзяваліся, праз дзверы чуваць быў кожны іх рух. Вось яны высунулі шуфляды камоды, вось бразнулі пярсцёнкі на мармуровым умывальніку, грукнулі кінутыя на падлогу чаравікі; і ні на хвіліну не змаўкалі іх галасы - кожнае слова, кожны склад з жахліваю выразнасцю даносіўся да насцярожанага слыху старога. Спачатку яны гаварылі пра сваіх кавалераў, пасмейваліся з іх, успаміналі пра забаўнае выдарэнне ў час прагулкі, абменьваліся адрывістымі заўвагамі, паспешна ўмываліся, прычэсваліся, прыхарошваліся. І тут размова перакінулася на яго.

- А дзе ж тата? - спыталася Эрна, відаць, сама здзіўленая, што так позна ўспомніла пра яго.

- Адкуль мне ведаць? - адказаў голас маці, раздражнёнай ужо адным упамінаннем яго. - Відаць, чакае ўнізе і соты раз перачытвае біржавы бюлетэнь у франкфурцкай газеце - болей ён нічым не цікавіцца. Ты думаеш, ён хоць раз паглядзеў на возера? Ён сказаў мне сёння, што яму тут не падабаецца. Ён хацеў, каб мы сёння ж паехалі адсюль.

- Сёння?.. Але чаму? - прагучаў голас Эрны.

- Не ведаю. Хто яго разбярэ. Тутэйшая кампанія яму не даспадобы, нашы знаёмыя яму яе падыходзяць - відаць, ён сам адчувае, што ён не на месцы сярод іх. Проста сорамна глядзець на яго - заўсёды ў пакамячаным гарнітуры, з расшпіленым каўнерыкам... Ты хоць скажы яму, каб ён, прынамсі, увечары адзяваўся больш прыстойна - ён цябе слухае. А сёння раніцаю... як ён накінуўся на лейтэнанта, - я гатова была скрозь зямлю праваліцца...

- Так, мама... а што гэта было?.. Я ўсё хацела ў цябе спытацца... што гэта найшло на тату?.. Такога яго ніколі не бачыла... я проста спалохалася.

- Глупства, проста ён быў не ў гуморы... мусіць, цэны на біржы ўпалі... ці таму, што мы гаварылі па-французску... Ён не выносіць, калі другія забаўляюцца... ты не заўважыла: калі мы танцавалі, ён стаяў у дзвярах, нібы забойца, які схаваўся за дрэва... Паехаць! Зараз жа паехаць! - і толькі таму, што яму гэтага захацелася... Калі яму тут не падабаецца - гэта не прычына перашкаджаць нам весяліцца... Але я не звяртаю ўвагі на яго капрызы, хай гаворыць і робіць што хоча.

Размова абарвалася. Відаць, яны закончылі вячэрні туалет, бо дзверы ў калідор бразнулі, пачуліся крокі, шчоўкнуў выключальнік, патухла святло.

Стары нерухома сядзеў на канапе. Ён чуў кожнае слова. Але дзіўна: ён болей не адчуваў болю, ніякага болю. Нястомны гадзіннікавы механізм, які яшчэ нядаўна стукаў і шалеў у грудзях, сціх і супакоіўся - мусіць, ён зламаўся. Нічога не ўздрыгнула ў ім ад гэтага грубага дотыку. Не было ні гневу, ні нянавісці... нічога... нічога... Стары паволі паправіў адзежу, асцярожна спусціўся па лесвіцы і падсеў да жонкі і дачкі, як да чужых людзей.

Ён не гаварыў з імі ў той вечар за сталом, а яны не звярнулі ўвагі на яго зацятае, сціснутае, як кулак, маўчанне. Не развітваючыся, ён падняўся ў свой пакой, лёг і патушыў святло. Шмат пазней прыйшла жонка пасля прыемна праведзенага вечара; палічыўшы, што ён спіць, яна раздзелася ў цемры. Хутка ён пачуў яе цяжкае, роўнае дыханне.

Стары, сам-насам з сабою, шырока расплюшчанымі вачамі глядзеў у начную пустату. Побач з ім нешта ляжала і глыбока дыхала ў цемры; ён намагаўся ўспомніць, што гэтую жанчыну, якая ў адным з ім пакоі і дыхае адным з ім паветрам, ён калісьці ведаў маладою і палкаю, што яна нарадзіла яму дзіця і была звязана з ім глыбокаю таямніцаю крыві; ён настойліва пераконваў сябе, што гэтае цёплае і мяккае цела, якое ляжала так блізка, што ён мог дакрануцца да яго рукою, калісьці было жыццём у яго жыцці. Але дзіўна: думкі аб мінулым не выклікалі ў ім ніякіх пачуццяў, і ён слухаў жончына дыханне дакладна таксама, як праз адчыненае акно шум ад плёскату хваляў на прыбярэжнай гальцы. Усё гэта прайшло, даўно мінула, засталося толькі выпадковае і чужое суседства: усё скончана, скончана назаўсёды.

Яшчэ раз ён уздрыгнуў - ціха, як бы тайком, рыпнулі дзверы ў даччыным пакоі. «Значыцца, сёння зноў», - падумаў ён і адчуў лёгкі ўкол ва ўжо амярцвелым, здавалася, сэрцы. З хвіліну штосьці торгалася ў ім, быццам адміраючы нерв. Але і гэта прайшло: «Хай робіць што хоча! Што мне да яе!»

І стары зноў адкінуўся на падушку. Мякчэй ахутваў змрок яго збалелыя скроні, жыватворная прахалода пранікала ў кроў. І неўзабаве неглыбокі сон затуманіў знясіленыя пачуцці.

Калі жонка прачнулася раніцаю, яна ўбачыла, што муж ужо стаіць, у паліто і капелюшы.

- Куды гэта ты? - спыталася яна сонным голасам.

Стары не павярнуўся; ён спакойна засоўваў начную кашулю ў чамадан.

- Ты ж ведаеш, я еду дадому. Я бяру з сабою толькі самае неабходнае, астатняе можаце паслаць мне ўслед.

Жонка спалохалася. Што гэта? Такога голасу яна ніколі ў яго не чула: холадна, жорстка прарываліся словы праз сціснутыя зубы. Яна ўскочыла з ложка.

- Няўжо ты хочаш паехаць?.. Пачакай... мы таксама паедзем, я ўжо сказала Эрне...

Але ён толькі нецярпліва паматаў галавою.

- Не... не... заставайцеся... не трэба... - і, не азіраючыся, пайшоў да дзвярэй. Каб націснуць на ручку дзвярэй, ён мусіў паставіць на падлогу чамадан. І ў гэтае кароткае імгненне ён успомніў: тысячу разоў ён ставіў чамадан з узорамі перад чужымі дзвярамі; перш чым пайсці, пачціва развітваўся і прапаноўваў свае паслугі для далейшых даручэнняў. Але тут у яго не будзе болей ніякіх спраў, і таму ён не палічыў неабходным развітацца. Без адзінага слова, без развітальнага позірку ён падняў чамадан і з трэскам зачыніў за сабою дзверы, аддзяліўшы сябе ад свайго ранейшага жыцця.

 

Ні маці, ні дачка не зразумелі, што адбылося. Але гэты раптоўны ад'езд занепакоіў іх. Адразу ж яны паслалі яму ўслед, у родны горад на поўдні Германіі, лісты, у якіх падрабязна тлумачылі, што мела, мабыць, месца непаразуменне, амаль пяшчотныя, клапатлівыя лісты; яны пыталіся, ці добра ён даехаў, як яго здароўе, і нават былі гатовыя вярнуцца з адпачынку. Ён не адказаў. Яны зноў пісалі, адпраўлялі тэлеграмы, адказу не было. Толькі з канторы прыйшла сума, якую яны прасілі ў адным лісце, - паштовы перавод са штэмпелем фірмы, без ніводнага слова, напісанага рукою, без прывітання.

Такое невытлумачальнае, цяжкае становішча вымусіла іх паскорыць ад'езд. Хоць яны тэлеграмай паведамілі загадзя, калі вернуцца, ніхто не сустрэў іх на вакзале, і дома таксама нічога не было прыгатавана: слугі ўпэўнівалі, што стары рассеяна кінуў тэлеграму на стол і пайшоў, не зрабіўшы ніякіх распараджэнняў. Увечары, калі яны ўжо сядзелі за сталом, нарэшце грукнулі дзверы; яны ўскочылі з месца і пабеглі яму насустрач; ён паглядзеў на іх здзіўлена, - відаць, ён забыўся пра тэлеграму, - але ніякіх пачуццяў не выказаў, а абыякава даў дачцэ абняць сябе, прайшоў з імі ў сталовую і раўнадушна слухаў іх расказы. Ён ні аб чым не пытаўся, моўчкі смактаў цыгару, на пытанні адказваў коратка, але часцей прапускаў іх міма вушэй; здавалася, ён спіць з адкрытымі вачамі. Потым цяжка падняўся і пайшоў у свой пакой.

Так было і ў наступныя дні. Дарэмна ўстрывожаная жонка спрабавала пагаварыць з ім: чым настойлівей дабівалася яна тлумачэнняў, тым упарцей ён ухіляўся ад іх. Штосьці ў ім замкнулася, стала недаступным, адгарадзілася ад дамашніх. Ён яшчэ абедаў з імі за адным сталом, выходзіў у гасціную, калі бывалі госці, але сядзеў моўчкі, паглыблены ў свае думкі. Але ён заставаўся да ўсяго безудзельны, і таму, каму выпадала ў час размовы ўбачыць яго вочы, рабілася не па сабе, бо нежывы позірк іх, скіраваны ўдалечыню, не заўважаў нічога навокал.

Дзівацтвы старога хутка сталі звяртаць на сябе агульную ўвагу. Знаёмыя, сустракаючы яго на вуліцы, крадком падштурхоўвалі адзін аднаго локцем: стары, адзін з самых багатых людзей у горадзе, ціснуўся, нібы жабрак, да сцяны, у змятым, крыва надзетым капелюшы, абсыпаным попелам, неяк дзіўна хістаўся на кожным кроку і амаль заўсёды нешта мармытаў сабе пад нос. Калі з ім віталіся, ён спалохана ўзнімаў вочы: калі з ім загаворвалі, ён глядзеў на субяседніка пустым позіркам і забываў падаць яму руку. Спачатку сёй-той думаў, што стары аглух, і гучней паўтараў свае словы. Але гэта была не глухата: яму патрабаваўся нейкі час, каб прачнуцца ад унутранага сну, і ў гутарцы ён зноў упадаў у дзіўнае забыццё; вочы патухалі, ён абрываў размову на паўслове і спяшаўся далей, не заўважаючы здзіўлення субяседніка. Відаць было, што ён толькі з намаганнем адрываецца ад сонных мрояў, што ён заняты самім сабою і што людзі для яго ўжо не існуюць. Ён ні аб кім не пытаўся, ва ўласным доме не заўважаў нямой роспачы жонкі, збянтэжанага неўразумення дачкі. Ён не чытаў газет, не прыслухоўваўся да размовы; не было слоў, якія маглі б хоць на момант прабіць непранікальную сцяну яго абыякавасці. Нават справы, якім ён прысвяціў столькі гадоў жыцця, - і яны сталі яму чужымі. Зрэдку ён яшчэ заглядваў у кантору, але, калі сакратар заходзіў у кабінет, ён заставаў старога ў той самай позе: седзячы ў крэсле за сталом, ён глядзеў невідушчым позіркам на непрачытаныя лісты. Нарэшце ён сам зразумеў, што ён тут лішні, і перастаў з'яўляцца ў канторы.

Але вось што больш за ўсё здзівіла ўвесь горад: стары, які ніколі не належаў да ліку веруючых членаў суполкі, раптам стаў рэлігійны. Абыякавы да ўсяго, ён раней вечна пазніўся на абед і на дзелавыя спатканні, але цяпер ён ніколі не забываў у вызначаны час прыйсці ў сінагогу; там ён стаяў, у чорнай шаўковай ярмолцы, у накінутым на плечы белым талесе, заўсёды на адным месцы - дзе калісьці стаяў яго бацька, - ён стаяў, гойдаўся і нараспеў чытаў малітвы. У паўпустым храме, дзе вакол яго прыглушана гудзелі чужыя словы, ён болей чым дзе-небудзь адчуваў сябе сам-насам з самім сабою; мір і спакой заглушалі разгубленасць, не так ціснуў змрок у грудзях; калі ж чыталі памінальныя малітвы і ён бачыў сваякоў, дзяцей, сяброў нябожчыка, якія старанна і засмучана рабілі абрад і зноў прасілі боскай міласэрнасці нябожчыку, вочы яго ўвільгатняліся: ён ведаў, што ён апошні ў сваёй сям'і і ніхто потым не памяне яго. І ён набожна мармытаў малітвы і думаў пра сябе як пра нябожчыка.

Аднаго разу, позна ўвечары, калі ён вяртаўся са сваіх блуканняў дадому, яго захапіў дождж. Стары, як звычайна, забыўся ўзяць з сабою парасон; рамізнікі прапаноўвалі яму свае паслугі за невялікую плату; пад'езды і зашклёныя карнізы гасцінна запрашалі схавацца ад раптоўнай навальніцы, але дзівак спакойна ішоў і ішоў сабе пад дажджом. У змятым капелюшы сабралася лужа, з рукавоў сцякалі ручайкі яму пад ногі; ён не звяртаў на гэта ўвагі і ішоў далей - бадай што адзін на апусцелай вуліцы. Прамоклы да ніткі, падобны хутчэй на бадзягу, чым на ўладальніка багатага асабняка, ён падыходзіў да свайго дома. Якраз у гэтую хвіліну каля пад'езда рэзка затармазіў аўтамабіль з запаленымі фарамі, абліўшы няўважлівага пешахода рэдкай гразёю. Дзверцы расчыніліся, з асветленай машыны хуценька выйшла яго жонка з нейкім важным госцем, які паслужліва трымаў над ёю парасон, і яшчэ з адным панам; каля самых дзвярэй яны сутыкнуліся. Жонка пазнала яго і жахнулася, убачыўшы мужа ў такім выглядзе - наскрозь прамоклы, пакамячаны, ён нагадваў выцягнуты з вады клунак; яна міжволі адвяла ўбок вочы. Стары адразу зразумеў: ёй было сорамна за яго перад гасцямі. І без горычы, без хвалявання, - каб пазбавіць яе цяжкай неабходнасці знаёміць яго з імі, - ён зрабіў яшчэ некалькі крокаў і пакорліва ўвайшоў у дом праз чорны ход.

З гэтага дня стары карыстаўся ва ўласным доме толькі чорным ходам: тут ён быў упэўнены, што нікога не сустрэне. Тут ён нікому не перашкаджаў, і ніхто не перашкаджаў яму. Ён перастаў выходзіць да стала - старая служанка прыносіла яму ежу ў пакой; калі жонка або дачка спрабавалі пранікнуць да яго, ён хуценька адсылаў іх, крыху збянтэжаны, але з непахіснаю рашучасцю. Нарэшце яны пакінулі яго ў спакоі, адвыклі цікавіцца ім, і ён таксама нічым не цікавіўся. Часта да яго даносіліся праз сцены смех і музыка з другіх, цяпер ужо чужых яму пакояў; ён да позняй ночы чуў шум экіпажаў, якія пад'язджалі і ад'язджалі. Але ён нават не выглядваў з акна: навошта яму ўсё гэта? Толькі сабака прыходзіў яшчэ зрэдку наверх і клаўся каля ложка ўсімі забытага гаспадара.

 

Ён ужо не адчуваў болю ў змярцвелым сэрцы, але чорны крот угрызаўся ў вантробы. Прыступы з кожным тыднем рабіліся часцей, і, нарэшце, змучаны стары саступіў настойлівым патрабаванням урача і даў сябе агледзець. Прафесар хмурыўся. Асцярожна падрыхтоўваючы хворага, ён сказаў, што патрэбна аперацыя. Але стары не спалохаўся, ён толькі сумна ўсміхаўся: дзякуй богу, хутка канец! Канец паміранню, набліжаецца добрая смерць. Ён забараніў доктару гаварыць аб гэтым сям'і, папрасіў прызначыць дзень і пачаў рыхтавацца. Апошні раз ён пайшоў да сябе ў кантору (дзе ніхто ўжо не чакаў яго і ўсе глядзелі на яго, як на чужога), сеў яшчэ раз у чорнае скураное крэсла, у якім за трыццаць гадоў, за ўсё сваё жыццё прасядзеў тысячы і тысячы гадзін, папрасіў чэкавую кніжку і запоўніў адзін лісток; чэк ён аддаў ашаломленаму велічынёю сумы старшыні суполкі. Гэтыя грошы прызначаліся на дабрачынныя мэты і догляд яго магілы: ён ухіліўся ад падзякі і паспешна выйшаў; пры гэтым у яго з галавы зляцеў капялюш, але ён нават не захацеў нагнуцца, каб падняць яго. І так, з непакрытаю галавою, з мутнымі вачамі на жоўтым маршчыністым твары, ён паплёўся (прахожыя здзіўлена глядзелі яму ўслед) на могілкі, да магілы бацькоў. Там таксама на яго здзіўлена глядзелі цікаўныя. Ён доўга гаварыў з замшэлымі камянямі, як гавораць з жывымі людзьмі. Можа, ён паведамляў ім аб сваім хуткім прыходзе ці прасіў благаславення? Ніхто не чуў яго слоў, толькі губы варушыліся, шапталі малітвы, і ўсё ніжэй гойдалася і апускалася галава. Каля выхаду яго, добра ўсім вядомага, абступілі жабракі. Ён стаў паспешна выцягваць з кішэняў манеты і паперкі; калі ён усё ўжо раздаў, падышла кульгавая старэнькая, высахлая бабулька і ўмольна працягнула руку. Ён разгублена пашукаў у кішэнях і нічога не знайшоў. Толькі на пальцы яшчэ ціснула штосьці цяжкае і чужое - залаты заручальны пярсцёнак. Нейкі цьмяны ўспамін варухнуўся ў ім, - ён паспешна зняў пярсцёнак і аддаў яго здзіўленай старэнькай.

І вось так, бедны, вычарпаны да дна і адзінокі, стары лёг пад нож хірурга.

 

Калі стары апрытомнеў пасля наркозу, дактары, з-за цяжкага стану хворага, выклікалі жонку і дачку, ужо паінфармававых пра аперацыю. З цяжкасцю падняліся сіняватыя павекі. «Дзе я?» - пытаўся позірк, скіраваны на белыя сцены чужога пакоя.

І тут дачка ласкава нахілілася над бледным, асунутым тварам. І раптам штосьці ўспыхнула ў патухлых зрэнках. Іскрынка святла загарэлася ў іх: вось жа яна, горача любімая дачка, вось яна, Эрна, ласкавае, цудоўнае дзіця! Павольна, вельмі павольна паварушыліся горка сціснутыя вусны - усмешка, ледзь прыкметная, даўно забытая ўсмешка кранула кончыкі рота. І, узрушаная гэтым слабым, бездапаможным выказваннем, яна нахілілася, каб пацалаваць абяскроўленую бацькаву шчаку.

Але раптам - ці быў то прыкры пах духоў, які абудзіў цьмяны ўспамін, ці ў дрымотным мозгу ажылі даўнія думкі, - твар у хворага, які толькі што ззяў шчасцем, жахліва перакрывіўся; бледныя губы гнеўна сціснуліся, рука пад коўдраю нервова заторгалася, спрабуючы падняцца, быццам хацела адштурхнуць нешта агіднае, усё змучанае цела дрыжала ад хвалявання.

- Прэч!.. Прэч!.. - ледзь чутна, але ўсё ж зразумела лепяталі змярцвелыя вусны. І такая страшэнная агіда і пакутлівае ўсведамленне немагчымасці ўцячы самому адлюстраваліся ў рысах паміраючага, што ўрач заклапочана адвёў жанчын убок.

- Ён трызніць, - шапнуў ён, - лепш пакінуць яго аднаго.

Як толькі жонка і дачка пайшлі, на твары ў хворага з'явіўся ранейшы выраз стомленасці і спакою. Ён яшчэ глуха дыхаў - хрыплае дыханне вышэй і вышэй узнімала грудзі, якія ўбіралі ў сябе паветра, неабходнае для дыхання ўсяму жывому. Але хутка яны стаміліся прымаць гэтую горкую яду чалавека, і калі ўрач прыклаў вуха да сэрца старога, яно ўжо перастала яму балець.




Крыніца: Zweig St. Novellen in zwei Baenden. - Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1966.
Пераклад: Уладзімір Чапега

Беларуская Палічка: http://knihi.com