epub
 
падключыць
слоўнікі

Стэнлі Элін

Плата

Чацвёра на борце «Бялінды ІІ» сачылі за верталётам берагавой аховы, які са стракатаннем ляцеў у паўднёвым кірунку, патрулюючы ўзбярэжжа Маямі-Біч.

— Зручная штучка, — сказаў Бродэрык, а Ейц, як заўсёды, падтакнуў шэфу.

— Вельмі зручная.

— Гледзячы для чаго, — кісла заўважыў Дэл і зірнуў на Чэпі, які адмоўчваўся.

Бродэрыку і Ейцу было гадоў па сорак пяць, абодва — мажныя, з жыватамі, якія выпучваліся пад марскімі кіцелямі. Чэпі і Дэлу крыху за дваццаць. На стройных фігурах — толькі плаўкі. Бродэрык скоса зірнуў падобнымі на шкляныя колеру кукурузнага віскі вачыма на гадзіннік.

— Трыццаць пяць хвілін. Мінулы раз было трыццаць тры. Для большай пэўнасці хай будзе нават паўгадзіны. — Ён абвёў позіркам зверху ўніз постаць Чэпі. — Ты ўпэўнены, што паспееш за такі час?

— Паспею, — адказаў Чэпі і зноў пачаў тачыць лязо складанага нажа аб камень, які Бродэрык адшукаў недзе на вельбоце. Лязо, даўжынёй дзесяць сантыметраў, было падобна на лязо паляўнічага нажа.

Бродэрык, круцячы штурвал адной рукой, прывёў вельбот у раўнавагу, скіраваўшы нос наперарэз хвалям у бок берага, і перайшоў амаль на халасты ход.

— Ты абсалютна ўпэўнены?

— Ну, ты ж чуў, што ён сказаў. Якога чорта ты назаляеш?

— Таму што мы зводзім да мінімуму элемент адгаворкі, — адказаў Ейц. Ён быў такі ж жалезабетонны, як і Бродэрык, а твар яшчэ больш счырванелы ад ветру і віскі «Джым Бім». — Таму што мы б не хацелі чуць пасля, калі табе гэта не ўдасца, што праз гэтую стракаталку не хапіла часу. Альбо яшчэ нейкія адгаворкі.

— Ну, што ж, адгаворак вы не пачуеце, — сказаў Дэл, а Чэпі шчоўкнуў нажом, складаючы лязо, і дадаў:

— Супакойся. Дарулюй толькі гэты свой човен да месца.

Пакуль Дэл з дапамогай каната буксіраваў за «Бяліндай ІІ» шлюпку, Чэпі засунуў нож у цэлафанавы пакет з-пад бутэрброда, туга закруціў яго і засунуў за пояс плавак. Падвесны рухавік ужо быў прымацаваны да кармы шлюпкі. Чэпі скокнуў на нос шлюпкі, адвязаў канат і адпіхнуў яе ад «Бялінды ІІ». Бродэрык падышоў да Ейца, які стаяў каля парэнчы, і яны абодва праводзілі шлюпку з аднолькавымі крывымі ўхмылкамі. Бродэрык склаў рукі рупарам і крыкнуў скрозь шум рухавіка шлюпкі:

— Засталося дваццаць восем хвілін.

Да мноства гатэляў і шматпавярховых гмахаў, што ўзвышаліся над узбярэжжам, заставалася каля дзвюх міль. Сонца пякло на ўсю моц, але дзякуючы павевам марскога ветру можна было неяк трываць гэтую нясцерпную спёку. Дэл накіраваў нос шлюпкі ў бок вялікага гатэля «Роял-Ашэанік», які ўзвышаўся проста перад імі, каб трымацца дакладнага курсу і не адхіляцца занадта ўбок па дарозе да берага. Ён пазіраў на Чэпі, які сядзеў на кукішках у насавой частцы, гойдаючыся разам з лодкай з абыякавым выразам на твары.

— Ну, а калі планіроўка перамянілася і ўжо не такая, як яе апісаў Бродэрык? — спытаў Дэл, кіўнуўшы ў бок гатэля.

— Як перамянілася?

— Ну, я маю на ўвазе пакоі, калідоры. Прайшло ж гады два з таго часу, як ён там жыў. Маглі тое-сёе пабурыць, а нешта перабудаваць, тут усё мяняецца.

— Ты занадта хвалюешся, — сказаў Чэпі.

— Мне проста не падабаюцца такія справы. Мы б і ў гэтую справу не ўлезлі б, калі б гэты хвалько Бродэрык , не дзейнічаў так на нервы. Ну, ці не праўда?

— Што праўда — то праўда.

— Ведаеш, — Дэл сур'ёзна паківаў галавой, — сёння ўсё пайшло неяк не так. Я маю на ўвазе тое, што там, у Пам-Біч, яны сказалі, што паедзем разам, і падкінулі нас да самага Фрыпорта. Там, фактычна, у мяне і склалася першае ўражанне.

— Адзіны спосаб даведацца больш пра чалавека — гэта сумесна пажыць з ім, — адгукнуўся Чэпі.

Яны набліжаліся да берага. На хвалях, па якіх імчала лодка, з'яўлялася ўсё больш грабянёў, якія разбіваліся аб паласу бруднага на выгляд пяску перад гатэлем. Сярод набягаючых хваляў стаяла некалькі чалавек. Адзін з іх, прыклаўшы да вачэй далонь, паглядзеў у бок шлюпкі. Дэл павярнуў нос лодкі ў адваротны бок — у напрамку мора — і заглушыў матор. Потым ён устаў, каб паглядзець, колькі засталося да берага.

— Можа, метраў трыццаць, — сказаў ён. — Запомні месца — там, дзе нізкі адхон.

— Ты таксама не забудзь, — сказаў Чэпі. Ён пералез цераз борт, нырнуў у ваду, потым выплыў, адкідаючы з вачэй валасы. — Паводзь сябе так, каб не падумалі, што ты некага чакаеш. Быццам проста катаешся. Калі вернешся, зрабі выгляд, што заглух рухавік.

Ён нырнуў глыбока пад лодку, энергічна паплыў наперад, і калі, апынуўшыся на грэбні хвалі, азірнуўся, то ўбачыў, што шлюпка адплывае ў паўночным кірунку. Чэпі лёг на набегшую хвалю, і тая пранесла яго амаль палову адлегласці, што заставалася да пляжа. Калі ён стаў на ногі, аказалася, што вада дастае толькі да жывата. Але адразу ж страціў раўнавагу, збіты з ног новай хваляй. Падаючы, Чэпі адчуў, што цэлафанавы пакет з нажом слізгае па назе. Ён паспрабаваў затрымаць яго, але не змог, схапіўшы замест нажа жмут тонкіх, забруджаных нафтай водарасцяў. Ён адхінуў іх убок. Потым убачыў, што пакет ужо паспеў раскруціцца, нож выпаў адтуль і ляжыць на беразе якраз там, куды даляталі хвалі. Відаць, тыя, хто плаваў побач, не звярнулі асаблівай увагі на Чэпі, які кінуўся да пакета, выліў адтуль ваду, як мага тужэй закруціў у ім нож і засунуў скрутак, як і раней, за пояс плавак.

Ён спыніўся на некалькі секунд, стоячы тварам да мора. «Бялінда ІІ», якая была падобна адсюль на белую плямку, трапіўшы ў Гальфстрым, хутка памяншалася ў памеры.

Верталётаў не было відаць. Ніхто навокал не звярнуў увагі на тое, што адбываецца, і не зацікавіўся ні кацерам, ні шлюпкай, ні пасажырам, які прыплыў на ёй.

Чэпі павярнуўся і пакрочыў цераз пляж да агароджанай тэрасы гатэля. Да тэрасы, прызначанай для сонечных ваннаў, вялі бетонныя прыступкі. Уверсе шырокай лесвіцы, перакрыжаваўшы рукі на грудзях і не зводзячы вачэй з пляжа, стаяў выратавальнік у белых майтках і майцы з назвай гатэля. Ён перавёў вочы на Чэпі, калі той праходзіў побач, але, слізгануўшы па ім позіркам, зноў утаропіўся на пляж.

Большая частка тэрасы была застаўлена роўнымі шэрагамі шэзлонгаў. Астатнюю прастору займаў вялікі плавальны басейн, яго глыбейшая частка выходзіла да мора, а больш плыткая — да ўвахода з тыльнага боку гатэля. Многія шэзлонгі былі заняты, а ў басейне не было амаль нікога.

Чэпі нетаропкім крокам накіраваўся да басейна і ўжо ступіў на край.

— Гэй, ты.

Чэпі застыў на месцы. Ён зірнуў цераз плячо і ўбачыў, што той, хто быў на яго думку выратавальнікам, набліжаецца да басейна, паказваючы пальцам у яго бок.

— Ты што робіш? — сказаў выратавальнік і паказаў пальцам на ногі Чэпі. — Цягаеш пясок з пляжа. Хіба сэр не ведае, што перад басейнам трэба схадзіць пад душ, — ён кіўнуў у бок збудавання, падобнага на тэлефонную будку з брызентавымі сценкамі. — Душавая вунь там.

Чэпі паволі перавёў дых. Трымаючы вялікі палец за поясам і прыкрываючы рукой тое месца, дзе пад плаўкамі вылучаўся нож, ён пакрочыў да душавой, зайшоў унутр і, набраўшыся смеласці, стаў пад струмень халоднай вады.

Калі Чэпі выходзіў з душавой, выратавальнік кіўнуў яму і ўсміхнуўся, і ён у адказ таксама кіўнуў і ўсміхнуўся. Потым спачатку апусціў у басейн ногі, прыціскаючы руку да пояса, і толькі тады перайшоў на звыклы стыль плавання. Праплыўшы амаль увесь басейн пад вадой, ён вынырнуў у тым канцы, дзе было плытка. Да ўвахода ў гатэль заставалася ўсяго некалькі крокаў. Ён прайшоў праз дзверы і апынуўся ў галерэі — з аднаго боку была кавярня, а з другога — сувенірная крама. Пасля сляпучага сонца галерэя здалася халодным, сырым і цёмным склепам, але, мінуўшы кавярню, ён паспеў прызвычаіцца да штучнага асвятлення. На наступных дзвярах, адразу пасля кавярні, быў надпіс: «Саўна для мужчын», і праз іх туды ўвесь час заходзілі і выходзілі людзі.

Чэпі прайшоў праз дзверы і апынуўся ў шырокім доўгім калідоры, ад якога па баках пачыналіся больш вузкія праходы. Тут было горача і цяжка дыхалася, і чым далей ён ішоў, лічачы колькасць паваротаў, тым паветра рабілася ўсё больш гарачым і вільготным, а калі звярнуў убок, апынуўся ў чацвёртым калідоры злева, дзе адчуў непрыемны пах поту. Сцены ў гэтым адсеку былі абкладзены белай кафельнай пліткай, а на дзвярах прымацаваны шыльды: «Парыльня», «Сухая пара», «Душавая», «Абслугоўваючы персанал», «Паслугі». Дзверы ў пакой для паслуг заставаліся шырока адчыненымі дзякуючы гумаваму фіксатару. Праходзячы каля яго, Чэпі заўважыў там паліцы з ручнікамі і прасцінамі. У куце нехта, амаль нябачны з дзвярэй, браў з паліцы ручнікі.

Дайшоўшы да канца калідора, Чэпі абапёрся аб сцяну і нахіліўся, нібыта разглядаючы костачку, а на самай справе скіраваў позірк у бок адчыненых дзвярэй пакоя для паслуг. Адтуль выйшаў юнак у сандалях і плаўках, несучы пад пахай стос ручнікоў. Як толькі ён знік з вачэй, павярнуўшы за рог, Чэпі зайшоў у пакой і ўзяў там бярэма ручнікоў. Ён панёс іх назад у канец калідора, які ўпіраўся ў кароткі праход і быў падобны на верхнюю частку літары «Т».

Дзверы ў гэтым праходзе былі пранумараваны. Чэпі асцярожна, усяго на некалькі сантыметраў, прачыніў дзверы пад нумарам адзін і зазірнуў усярэдзіну. За дзвярамі быў маленькі пакойчык без акон, з абстаноўкі — толькі стол для масажу ды на сцяне паліца з бутэлькамі і флаконамі. На стале ляжаў мажны мужчына з фігурай рэгбіста, якому масажыст рабіў масаж.

Чэпі пакінуў дзверы прачыненымі і зазірнуў у наступны пакой. Там было пуста. А ў трэцім пакоі нехта быў. На масажным стале пад яркім святлом кварцавай лямпы ляжаў на спіне голы мужчына ў цёмных акулярах з цыгарай у зубах. Мужчына быў сівы, хударлявы, увесь у маршчынах і настолькі загарэлы, што скура здавалася дубленай. У святле, якое падала ад лямпы, выразна была відаць непрыемнага колеру татуіроўка на высахлай руцэ. Скручаная грымучая змяя, а вакол яе словы тоўстымі друкаванымі літарамі: «Не наступай на мяне».

Чэпі азірнуўся цераз плячо. Нікога з персаналу паблізу не было, непадалёк хадзілі толькі кліенты ў шлёпанцах з накінутымі на голае цела прасцінамі. Ён зручней абхапіў стос ручнікоў і зайшоў у пакой. Там было поўна дыму ад сігары і даволі горача, таму ён паспеў спацець, пакуль ціхенька зачыняў за сабой дзверы. Ён адчуў, як кроплі поту пакаціліся па лбе і грудзях.

Мужчына пачуў, як шчоўкнуў замок.

— Бені? — спытаў ён, застаючыся ляжаць нерухома.

— Не, сэр, — адказаў Чэпі. Ён накіраваўся да стала. — Але ён паслаў мяне праверыць.

— Праверыць? — перапытаў мужчына. — Якога чорта ён сабе думае, абслугоўвае каго папала ды яшчэ з выглядам нібыта ласку робіць?

— Не, сэр. Але ён сказаў, што вам трэба менш цяпла спераду і больш спіне.

Калі ён ішоў па пакоі, ад удара нагі адляцела ўбок нешта такое, што ляжала побач са сталом. Гэта была пластмасавая попельніца з попелам ад сігары. Вакол на падлозе таксама было панасыпана попелу. Чэпі склаў ручнікі стосам у ніжняй частцы стала і падабраў попельніцу. Калі ён гэта рабіў, нож балюча ўпіраўся ў пахвіну. Са словамі «калі вы не супраць, сэр» ён выцягнуў сігару з зубоў мужчыны і паклаў яе на попельніцу. Потым паставіў попельніцу назад на падлогу і засунуў далёка пад стол.

Шкло акуляраў было настолькі цёмнае, што, калі Чэпі нахіліўся над мужчынам, ён не мог разгледзець яго вочы. Галава чалавека ляжала на скручаным ручніку. Чэпі прыўзняў галаву роўна настолькі, каб выцягнуць ручнік, намоклы ад поту. Ён кінуў яго на падлогу і асцярожна апусціў галаву на месца.

— Вам дапамагчы перавярнуцца, сэр?

— Ты, хлопча, відаць, тут навічок.

— Так, сэр.

— Я так і думаў. Ну, што ж, калі ведаеш, як трэба зрабіць паслугу, то дапамажы перавярнуцца як мага лаўчэй і асцеражней, каб я не адчуў болю. Пракляты бурсіт мяне даканае. Так што лаўчэй і асцеражней.

— Так, сэр, — адказаў Чэпі.

Калі Чэпі варочаў мужчыну, той крактаў і стагнаў.

— Якому чорту ты беражэш гэтыя ручнікі? Гэта не стол — а нейкая пральная дошка.

— Так, сэр, — сказаў Чэпі.

Ён узяў са стоса ручнік, склаў яго і палажыў на стол. Мужчына паклаў на яго галаву.

— Ну, добра, — сказаў ён, — а зараз можаш ісці.

Чэпі зірнуў на зачыненыя дзверы. Потым ён падышоў на дыбачках, нібы тарэадор, які цэліцца ў быка сваёй пікай, узняўшы рукі і адставіўшы левы локаць, як бы папярэджваючы нападзенне. Правая рука мільганула ў паветры, і ён спрактыкавана, з усяе моцы, нібы сякерай ударыў краем далоні па патыліцы старога. Здубянелае тулава канвульсіўна тузанулася, ногі ад каленяў таргануліся ўгору, потым зваліліся на стол, і адна з іх закалацілася. Чэпі зноў стаў на дыбачкі і ўдарыў яшчэ раз. Нага перастала калаціцца. Цела абмякла, здавалася, на стале ляжыць куча цеста. Жылаватая рука са скурчанымі пальцамі саслізнула з паверхні стала і заматлялася ўнізе.

Чэпі выцягнуў з-за пояса цэлафанавы пакет, дастаў адтуль нож, адкрыў лязо. Ён сцягнуў цёмныя акуляры высока на лоб чалавека, каб яны яму не перашкаджалі, і потым адным ударам нажа адсек вуха. Кроў не палілася цурком, толькі пацякла кволым струменьчыкам па самой ране. Чэпі таропка абцёр лязо нажа чыстым ручніком і паклаў вуха ў пакет.

Выходзячы з галерэі на яркае святло, ён аслеп ад сонца і, накіроўваючыся да басейна, ледзь не збіў з ног пару. Ён хутка паплыў да глыбейшага канца, стараючыся трымацца далей ад трамплінаў для скачкоў у ваду, але ўжо каля лесвіцы ў канцы басейна пачуўся моцны ўсплёск вады, вада шуганула яму ў твар, па галаве нешта ўдарыла, і проста перад ім з'явілася нейкая перашкода.

Гэта збоку скокнула ў басейн дзяўчына і цяпер перабірала рукамі ў вадзе, сутыкнуўшыся нос у нос з Чэпі. Ёй было гадоў шаснаццаць-сямнаццаць, твар амаль схаваны за пасмамі доўгіх прамых валасоў. Адкінуўшы іх убок, дзяўчына загаварыла занепакоена:

— Праўда, я не хацела. Усё ў парадку?

— Зразумела, так, — адказаў Чэпі. Ён паклаў далоні на плечы дзяўчыны, і тая не ўспрацівілася. Відаць, ёй гэта падабалася.

Чэпі заўважыў, што некалькі чалавек, якія стаялі каля басейна, глядзяць у іх бок. Ён адпусціў дзяўчыну і палез уверх па лесвіцы.

— Гэй, — крыкнула яму ўслед дзяўчына, — вы жывяце ў гэтым гатэлі?

Але ён не адгукнуўся і нават не азірнуўся.

Той самы тып, падобны на выратавальніка, па-ранейшаму стаяў на верхняй пляцоўцы лесвіцы, што вяла да пляжа. Чэпі сцішыў крок, прайшоўшы міма яго і ўніз па лесвіцы прагулачнай хадой. Ён, не спяшаючыся, прайшоў цераз пляж і зірнуў у бок светла-зялёнай вады. Сярод набягаючых на бераг пеністых хваляў пагойдвалася шлюпка; рухавік быў павернуты гарызантальна, і Дэл рабіў выгляд, што яго наладжвае. Недзе на самым гарызонце ледзь бачна бялела «Бялінда ІІ». Яна здавалася нерухомай, але з такой адлегласці было цяжка сказаць дакладна. Чэпі зірнуў угору. Верталётаў не было відаць.

Ён зайшоў у ваду і, пераадольваючы набягаючыя хвалі, паплыў да шлюпкі. Пакуль ён узлазіў на нос лодкі, Дэл апусціў рухавік назад пад ваду, тузануў за вяроўку, і той, зарыкаўшы, зноў ажыў. Калі шлюпка, цяжка гойдаючыся на хвалях, узяла курс на «Бялінду ІІ», Чэпі сказаў:

— Пастарайся зрабіць так, каб не падумалі, што мы ўцякаем. Прыціш хаду.

Дэл збавіў хуткасць.

— Ты гэта зрабіў? — спытаў ён, зірнуўшы на Чэпі.

— Так, я гэта зрабіў.

— Давялося папацець?

— Не. Ён усё роўна ледзь рыпеў. Акрамя таго, можна было даплыць проста да дзвярэй. Нават не трэба было праходзіць каля людзей. — Чэпі плюнуў за борт, каб пазбавіцца салёнага смаку марской вады ў роце. — Там маэстра па масажу, якога завуць Бені, хутка напаткае сюрпрыз. Можа, нават ужо. — Ён не мог стрымаць усмешкі, думаючы пра гэта.

— І ўсё ж, стары, — сказаў Дэл, — такімі дамовамі нават на хлеб не заробіш. А ў Бродэрыка грошы ёсць. Я не жартую, ён на самай справе мяшок з грашыма.

— Мне трэба толькі тое, што мне належыць. Каб трэба было больш, я б яму так і сказаў.

— Ну, зразумела. Але ведаеш, колькі, як мне сказаў Ейц, каштуе гэты кацер «Бялінда»? Сорак тысяч. А той іхні «кадылак» у Пам-Біч? Колькі ў ім усяго панапхана, не хапае, бадай, толькі аўтамата па продажы «кока-колы».

— Ну і што з таго? Што яны сабой уяўляюць — два тлустыя старыя з кучай грошай? Калі хочаш мець з імі справы, трэба не забываць, што тлушч і старасць неад'емныя ад грошай рэчы.

— Тады гэта не той выпадак. Што будзе далей, пасля Фрыпорта? Ты ж не мяркуеш вяртацца разам з імі?

— Ні ў якім разе. Я думаю, што мы махнём на якія-небудзь астравы ў тым баку. Потым, можа, у Мексіку. У Акапулька. Як ты наконт гэтага?

— Мне любое месца будзе ў самы раз, калі гэта не Дананг або што-небудзь накшталт таго, — азірнуўся цераз плячо Дэл. І калі ўжо гаворка зайшла пра гэта, у небе зноў з'явіўся верталёт берагавой аховы. З моцным строкатам ён ляцеў уздоўж берага ў паўночным кірунку. — Слухай, мне робіцца моташна нават ад гуку вось такіх штук, — сказаў Дэл. — Здаецца, — што спіна ломіцца ад амуніцыі.

— Ад рэчавага мяшка з поўнай паходнай выкладкай, — сказаў Чэпі, — даверху напханага ласункамі тыпу сухіх пайкоў.

Калі яны спыніліся каля «Бялінды ІІ», Бродэрык стаяў за штурвалам кацера, а Ейц — каля борта, назіраючы за імі. Ён узяўся за канец каната, які кінуў Чэпі, і прышвартаваў шлюпку да «Бялінды ІІ».

— Ну! — вымавіў ён. — Гляньце, хто вярнуўся ў наш дом! Каб расказаць, пэўна, нам гісторыю пра тое, што не атрымалася і чаму.

Чэпі не звярнуў на яго ніякай увагі. Ён пералез цераз борт кацера. Да яго далучыўся Дэл пасля таго, як выцягнуў з вады рухавік. Бродэрык абвёў іх позіркам.

— Нават не задыхаліся, — сказаў ён. — Сапраўды крутыя хлопцы.

Чэпі падышоў да стала, за якім Бродэрык і Ейц звычайна гулялі ў карты, калі хто-небудзь іншы стаяў за штурвалам. Ён выцягнуў з-за пояса цэлафанавы пакет і вытрас з яго на стол нож і вуха. Вуха набыло колер аконнай замазкі, а той бок, дзе яго рэзалі, быў чырвоны і ліпкі, з карычневымі згусткамі крыві.

Ухмылка спаўзла з твару Бродэрыка. Ён адпусціў штурвал і пайшоў да стала, не зводзячы з яго вачэй. Дэл кінуўся да штурвала і ўтрымаў кацер у раўнавазе.

— Ну, і чаго ты так здзівіўся? — звярнуўся ён да Бродэрыка. — Няўжо ён не гаварыў, што зробіць гэта? І што прывязе доказы?

Бродэрык стаяў нерухома, не адводзячы вачэй ад стала. Потым гэтак жа ўважліва паглядзеў на Чэпі, правёўшы далонню па вуснах.

— Ты што, на самай справе забіў чалавека? — нарэшце хрыпла спытаў ён. — Я сур'ёзна пытаю — ты забіў яго?

Чэпі кіўнуў галавой у бок стала.

— А ты што думаеш, ён ляжаў там і прасіў мяне адрэзаць яму вуха?

— Але хто ён? Божа, ты, відаць, не мог нават даведацца, хто быў той чалавек!

— Я не спяшаюся, — адказаў Чэпі. — Я магу пачакаць і даведацца, прачытаўшы заўтра газеты ў Фрыпорце. Але плату я хачу атрымаць, не чакаючы гэтага. — Ён выставіў руку і на далоні зрабіў патрабавальны рух. — Цяпер самы раз.

— Плату? — перапытаў Бродэрык.

— Слухай, ты пайшоў у заклад, выставіў сваіх дзесяць даляраў супраць маіх дзесяці цэнтаў, сцвярджаючы, што я не змагу гэтага зрабіць. Я гэта зрабіў. Так што надышоў час плаціць.

— Але клянуся Богам, я зусім не ставіўся да гэтага сур'ёзна, — вымавіў у роспачы Бродэрык. — Я нават не думаў, што ты гэта зробіш. Так, прыйшлося да слова. Ты ведаў, што гэта былі не больш чым разважанні. Ты павінен быў гэта ведаць.

— Ты паведаміў яму план гатэля, — уступіў у гутарку Дэл. — Ты сказаў яму, дзе можна знайсці чалавека для гэтай мэты. Менавіта ты асцерагаўся, што на зваротным шляху нас могуць заўважыць з верталёта. Дык ці не думаеш ты даваць задні ход?

— Слухай, ты, — пачаў Бродэрык, але адразу ж асекся, матляючы галавой згодна са сваімі думкамі.

Да Бродэрыка хуткім крокам падышоў Ейц і ўзяў яго за руку.

— Слухай, Брэд, што я табе скажу як твой юрыст. Аддай яму любыя грошы, бо ты ўлез у гэтую справу па самыя вушы. І не надумай везці іх на Багамы ці куды-небудзь яшчэ за межы краіны. Мы можам дабрацца, пакуль не сцямнела, да Кі-Ларга і выкінуць іх там.

— Фрыпорт, Кі-Ларга — куды толькі вам падабаецца, — паціснуў плячамі Чэпі. Ён узяў са стала нож, выцягнуў лязо, пакруціў яго, любуючыся, як яно паблісквае на сонцы. Потым скіраваў нож у бок жывата Бродэрыка. — Але спачатку я атрымаю ўсё, што мне належыць.

Бродэрык глянуў уніз на нож, потым уверх — на твар Чэпі. З-за яго спіны, ад штурвала пачуўся голас Дэла:

— Нас тут двое.

Бродэрык вызваліў руку, якую моцна трымаў Ейц, і сунуў яе ў заднюю кішэню. Выцягнуўшы адтуль пачак купюр у вялікай залатой сашчэпцы, ён выцягнуў з яго дзесяцідаляравую банкноту і сунуў яе Чэпі.

— За дзесяць вашывых даляраў, — сказаў ён, як бы ўсё яшчэ не верачы таму, што адбылося.

Чэпі ўзяў банкноту, агледзеў яе з двух бакоў, як бы правяраючы, ці не фальшывая яна. Потым разарваў яе на дзве паловы, высока ўзняў іх і пусціў па ветру. Паперкі затрапяталі, падхопленыя ветрам, над гюйс-штокам ля кармы «Бялінды ІІ» і апусціліся на хвалю, што пенілася за кацерам.

— Гэта была нічога не вартая частка закладу, — сказаў Чэпі. — Як цяпер наконт сапраўднай платы?

— Сапраўднай платы? — перапытаў Бродэрык.

— Сэр, вы мне гаварылі, што, калі ўсё ж такі я гэта здзейсню, вы станеце перада мной і скажаце, што вы нічога не ведалі наконт гэтага. Вы гаварылі, што, гледзячы мне проста ў вочы, скажаце, што цяпер у В'етнаме хлопцы не горшыя за тых мокрых курыц, з якімі вы былі ў Карэі. Не горшыя і, можа, нават намнога лепшыя. Ну, дык гаварыце!

— Калі гэта тваё ўяўленне аб сапраўдным мужчыну, — вымавіў праз зубы Бродэрык.

Чэпі выцягнуў руку і злёгку ткнуў нож у жывот Бродэрыка.

Бродэрык сказаў. Потым нечакана крутануўся і, хістаючыся, пайшоў у каюту. Ейц пакрочыў следам за ім. Праз адчыненыя дзверы Чэпі ўбачыў, як яны налілі поўныя шклянкі віскі.

— Кіруй да Кі-Ларга, — крыкнуў ён Дэлу, які па-ранейшаму стаяў за штурвалам, і «Бялінда ІІ», набіраючы хуткасць, павярнула на поўдзень. Чэпі пагардліва ўсміхаўся, пазіраючы, як тыя двое ў каюце глытаюць свой «Джым Бім», пакуль Ейц не заўважыў яго і з усяе сілы з трэскам не зачыніў дзвярэй каюты.



Пераклад: Уладзімір Шчасны