epub
 
падключыць
слоўнікі

Святлана Бязлепкіна

Аднойчы ў Грамічэле

Аднойчы - усё адно што ніколі.

Італьянская прымаўка

 

Менскіх турыстаў чакалі тры дні. Валянціна Піліпаўна спачатку і слухаць не хацела пра паветраную экскурсію над Грамічэле. Навошта марнаваць грошы, калі яна за тыдзень пешых вандровак няблага пазнаёмілася з гарадком? Але і дачка Галя, і ейны муж Алесандра, і сваты дона Лаура з донам Луіджы, і ўся радня Праецці пераканалі яе, што на Грамічэле варта падзівіцца зверху, з экскурсійнага верталёту. Маўляў, незвычайную тапаграфію запраграмавалі дойліды XVIII стагоддзя, і на гэты цуд з'язджаюцца людзі з усяго свету. Быць у Грамічэле і не паглядзець на яго з вышыні птушынага палёту?

Можа, яна проста баялася той вышыні ці, што яшчэ бліжэй да праўды, асцерагалася нечым нашкодзіць дачцэ, якая будзе працаваць з турыстамі? Наогул жа Валянціна Піліпаўна ніколі не любіла шумных экскурсій, калектыўных паходаў у музеі. За дваццаць паслячарнобыльскіх гадоў з вучнямі лічы што паўсвета аб'ездзілі, але ж знаёмства са славутымі мясцінамі для настаўніцы кожны раз было тлумным, клапатлівым, бо не столькі слухала тых экскурсаводаў, колькі апекавалася дзецьмі. І ніколі ёй не падабаліся дзяжурна-ўзнёслыя аповеды штатных гідаў. А тут жа наогул сітуацыя асаблівая: раптам Галя ў прысутнасці роднай маткі будзе адчуваць пэўную нязручнасць, бо адна справа - расказваць блізкім людзям пра горад, пра ўсё, што ён перажыў пасля страшэннага землятрусу, бясконцасці варожых заваёў ды пірацкіх набегаў, і зусім іншае - забаўляць нуварышаў, якія едуць па прыемныя ўражанні, вясёлыя гісторыі і дзеля якіх, відаць, трэба выкарыстоўваць тую пустую пафаснасць.

І вось яны ўтрох - Валянціна Піліпаўна, Галя і яе калега Марыо - сустракаюць адпачыннікаў, якія яшчэ ўчора песціліся на сіцылійскіх пляжах, чым сёння ахвяруюць дзеля некурортнага гарадка ў глыбіні вострава. Завабілі іх кідкая рэклама з фотаздымкамі незвычайнай тапаграфіі ды інтрыгоўныя абяцанні кіраўніцы групы Вікторыі Вікенцеўны, што везла турыстаў да сваёй былой студэнткі, а зараз паспяховай італьянскай бізнес-вумэн.

- Калега Марыо, пастарайцеся быць незаўважным, - просіць Галя і першая ж заліваецца смехам. Калега, ён жа стрыечны брат Галінага мужа, ён жа дваццацітрохгадовы «чычэроне» з бліскучымі вачыма колеру спелых алівак і даўгімі хвалістымі валасамі, вулканічным тэмпераментам і добрым веданнем расейскай мовы, якое даў не столькі ўніверсітэт у Палерма, колькі зносіны з Галяй, артыстычна жэстыкулюючы, нешта тлумачыць на мігах, і Галя паблажліва ківае галавой.

Відаць, што яна крыху хвалюецца, а як толькі пабачыла аўтобус, з нецярпеннем пабегла насустрач жанчыне, якая першай выскачыла з салона. Маленькая канапаценькая таўстуха ў вясёлай кепачцы з даўгім брыльком спрабуе дацягнуцца да Галі, але ёй замінаюць і рост, і доўгі брыль. Галя схіляецца над сваёй выкладчыцай, хаваючы яе ў абдымках.

- Ну, сіцылійка! Выкапаная сіцылійка! - крычыць Вікторыя Вікенцеўна, а потым спахопліваецца: А каса? Куды дзелася твая каса?

- Прынесла ў ахвяру перунам Этны, - аджартоўваецца Галя і прыкмячае нарэшце, з якой цікаўнасцю яе абглядваюць турысты. А дзве дзяўчыны з высветленымі валасамі, па ўсім відаць сястрычкі-блізняты, недаверліва перапытваюць:

- Вы праўда родам з Беларусі? Ну, проста не верыцца!

Валянціна Піліпаўна ледзьве стрымалася, каб не сказаць, што ў мужавым родзе (Галя падобна да бацькі) усе такія чарнявыя, нездарма ж у вёсцы да іх прыклеілася мянушка Жукі. А дачка толькі аджартоўваецца:

- На такой спякоце праз год кожны з вас будзе выдаваць на сіцылійскага маўра.

І экскурсію яна пачынае нязмушана:

- Вы хацелі б заблудзіцца ў нашым горадзе? Адразу папярэджваю - не атрымаецца! І не таму, што ён крыху меншы за Венецыю (турысты засмяяліся, ацаніўшы жарт), а таму, што ён пабудаваны па адмысловым плане. Зірніце, на адваротным баку вашых квіткоў змешчаны тапаграфічны план Грамічэле, які нагадвае прыгожую павуцінку альбо карункавую сурвэтку. Праўда, падобна? Ад галоўнай плошчы-шасцікутніка адыходзяць шэсць цэнтральных старажытных вуліц. Кожная ўпіраецца ў чатырохвугольную плошчу, іх, як вы ўжо здагадаліся, таксама шэсць. Шэсць плошчаў даюць жыццё наступным трыццаці шасці вуліцам, а завулкі злучаюць па кругу ўсе вуліцы між сабой. Такая вось чароўная сумесь геаметрыі з гармоніяй.

Гэтак жа проста Галя распавяла пра манаха Мічэле, які стаў архітэктарам горада, што быў пабудаваны наноў замест разбуранага пад час землятрусу, і пра гішпанскага гранда Карла Мары Кафара, тагачаснага ўладальніка ўрадлівай катанскай раўніны, які не пашкадаваў грошаў для таленавітага дойліда.

Калі ж з ангару на ўзлётную пляцоўку выруліў экскурсійны верталёт, Галя папярэдзіла турыстаў:

- Просьба здаць вашу фотавідэатэхніку, бо яна вам у паветры не спатрэбіцца.

- Здымаць зверху забаронена італьянскімі законамі? - з'едліва спытаў мужчына, абвешаны бы той рэпарцёр рознай апаратурай.

- Тут хутчэй клопат пра вашу бяспеку, - імгненна адрэагавала Галя, якой, відаць, не ўпершыню было чуць такое пытанне. Прэвентыўны ўдар быў яе прафесійным метадам: - Мы ж як звычайна здымаем? Канечне, у фармаце «я і Пізанская вежа», «Я і Калізей», ну то на зямлі мы такія выхвалякі, так што даверцеся ўжо сіцылійскім папарацы. Вы нам - апаратуру, мы вам - прафесійныя аэраздымкі. Абмен, я лічу, роўнакаштоўны.

Усе засмяяліся. Жарт ацаніў нават той незадаволены мужчына, бо першым працягнуў сваю «рэпарцёрскую» сумку.

- Ну што, стартуем? - спытала Галя. - Марыо сустрэне нас у Кальтаджыроне.

- Касцёл Святого Мічэле, плошча заснавальніка горада Карла Мары Кафара, - Галя цяпер была нешматслоўнай, бо турысты мала зважалі на яе каментары, іх цяпер нельга было адарваць ад відовішча, якое адкрывалася ўнізе.

Горад ляжаў як на далоні, вуліцы, нібыта адмераныя з лінейкай і цыркулем, промнямі разыходзіліся ад плошчаў. Зверху Грамічэле і праўда быў падобны на выштукаваную павуцінку альбо карункавую сурвэтку. Светлыя дахі, высокія чарапічныя і пляскатыя каменныя, зеляніна магнолій і пальм, увітыя вінаградам і плюшчам унутраныя дворыкі і галерэі, яркія парасоны вулічных кавярняў - усё выглядала ненатуральна маляўніча, быццам якісьці мастак не пашкадаваў светла-радасных фарбаў на сваю карціну.

Верталёт ляцеў на такой вышыні, што Валянціна Піліпаўна нават згледзела маленькага осліка, якога яна неаднойчы сустракала на віа Сан-Сімоне ля дзіцячай кавярні. Яшчэ круг, яшчэ адзін круг над Грамічэле. Турысты ва ўсе вочы глядзелі ўніз і ўдалячынь, бо цяпер ужо кожны мог заўважыць і мандарынавыя гаі паабапал горада, і лімонныя сады пад вартай у эўкаліптаў, і горы, з якіх плаўна збягалі вінаграднікі, і мора, якое не столькі пазнавалася, колькі ўгадвалася, бо было ўсё-ткі недзе далёка. Ранішняе сонца, па-сіцылійску яркае і моцнае, рабілася ўсё больш бязлітасным.

Прызямліліся ў суседнім Кальтаджыроне, дзе групу чакаў знаёмы турыстычны аўтобус і прыгажун Марыо, які цяпер не імкнуўся быць незаўважным, а, наадварот, вяртаючы фотаапарат альбо відэакамеру, зачароўваў сваёй усмешкай і кожнай сіньёры, і кожнаму сіньёру казаў які-небудзь камплімент. Марыо ж і павёў далей экскурсійны рэй:

- Мы вернемся па старажытнай дарозе Сан-Джорджа праз вінаграднікі і алівавыя сады, праз колішні Грамічэле, які загінуў пад час землятрусу, і дзе ўжо трыста гадоў вырошчваем мы на былым папялішчы салодкія сіцылійскія лімоны.

- Са-лод-кія сіцылійскія лімоны, - ён паўтарыў словы, як адчаканіў, укладваючы ў іх толькі яму зразумелы сэнс.

А потым неяк зусім па-сялянску пачаў расказваць пра гатункі вінаграду, якія вырошчваюцца наўкол Грамічэле, пра магутныя дрэвы інжыру, што сваёй пышнай кронай засцерагаюць больш далікатныя культуры ад халодных вятроў, пра «сірока», які ўвосень дзьме так моцна, што дачасна ападаюць апельсіны, лімоны і алівы. Марыо прадэкламаваў верш якогась сіцылійскага паэта Тарнэлы і тут жа яго ператлумачыў - пра прыгажосць духмяных крэмавых кветак аліўкавага дрэва, срэбра ягоных далікатных лісцяў, пра тое, што аліва - сімвал Адраджэння і велічы Італіі. Столькі гонару было на ягоным твары, такое замілаванне чулася ў ягоным голасе, што і той, хто пад час свайго турыстычнага туру не раз разглядаў зблізку аліўкавае дрэва і той, хто не звяртаў на яго асаблівай увагі, зараз усведамлялі ягоную веліч і значнасць.

Калі аўтобус спыніўся на выпаленым сонцы ўзгорку, дзе над камяністым абрывам расло непрыгожае дрэва з шурпатымі выпнутымі стваламі, нехта з мужчын пажартаваў:

- Хлопчыкі - налева, дзяўчаткі - направа!

Выбухнуў рогат, не смяяўся хіба што толькі Марыо, «не ўязджаючы» ў жарт. Галя нешта патлумачыла яму, а Вікторыя Вікенцеўна залапатала, абняўшы хлопца і адводзячы яго ўбок. Потым Марыо абвёў усіх дакорлівым позіркам, урачыста ўзняў правую руку, вытрымаў паўзу і загаварыў:

- Гэтае свяшчэннае дрэва памятае трохсотгадовую гісторыю нашых мясцін. Яно адзінае ўцалела ў тым страшэнным землятрусе.

- Ну і мастакі вы заліваць! - ці з ухваленнем, ці з асуджэннем выгукнуў высокі мускулісты мужчына з фігурай былога спартоўца. - Заўчора ў Палерма такі ж казачнік запрашаў пакарміць чарапаху Максіма Горкага. Таксама навыдумляў гісторый пра чарапаху, ды яшчэ раіў звярнуць увагу на надпіс. Вось фокуснікі, надрапалі на панцыры, - ён палез у кішэню за нататнікам і працытаваў: «Выпусціў на волю маю чарапаху Тато 1 красавіка 1922 года вагой 52 кг і даўжынёй 90 см. Тато любіць сардзінкі. Максім Горкі. Капры».

- І мы, лопухі несусветныя, і з чарапахай у стаўку пазабаўляліся, і сардзінкі, якія так любіць Тато, купілі ў кавярні - за касмічную, дарэчы, цану, - ён узняў у паветры тоўсты палец і некаму прыгразіў: «Ну, мафія, сапраўдная сіцылійская мафія!»

- Што ж ты хочаш, падарожжа заўжды звужае аб'ёмы кашалька, але пашырае наш кругагляд! - пажартавала Вікторыя Вікенцеўна.

- Дык ты ж, Косцік, быў у захапленні ад той Тато, нікога да яе не падпускаў, а сёння ўжо абураешся, - пакепліваў ягоны сябра.

Смяяліся ізноў усе, акрамя Марыо. Ён паляпаў Канстанціна па плячы і сказаў:

- Вы скептык альбо журналіст, так? Я ведаю! Вы і скептык, і журналіст!

- І ўсё гэта шкодна для здароўя! - пажартаваў нехта з жанчын.

Але цяпер ужо смяяліся адзінкі. Па твары Марыо было бачна, што яму не даспадобы такія жарты, што яму, больш таго, непрыемна іх чуць. На дапамогу прыйшла Галя:

- Чарапахі, дарэчы, таксама доўгажыхары, і ў Горкага на Капры сапраўды была ручная чарапаха Тато. Толькі ж вы не звярнулі ўвагу на дату. На панцыры было накрэслена «1 красавіка». Але я зараз не пра жарты. Ёсць раны, якія не загойваюцца, - яна падышла да алівы.

Старое вялізнае дрэва расло не адным ствалом, як тыя маладзейшыя алівы, міма якіх турысты толькі што праязджалі, а шасцю стваламі, адзін, праўда, быў спілаваны і акуратна зафарбаваны паўпразрыстым рэчывам кшталту лаку. Можа, у гэтай «сямейнасці» і хаваўся сакрэт доўгажыхарства дрэва, якое некалі зачароўвала сваёй прыгажосцю, а сёння здзіўляе сваёй трывушчасцю ды прагай да жыцця?

- Шэсць ствалоў, шэсць граняў у цэнтральнай плошчы, шэсць галоўных вуліц... Цікава, праўда? - уголас прамовіла Валянціна Піліпаўна, але ніхто не звярнуў увагі на яе наіўныя параўнанні, сярод турыстаў панаваў легкадумны настрой, які, відаць, не першы дзень заахвочваў гэты «скептык-журналіст» Канстанцін.

- Ну, не хоча Марыо паспавядацца тут перад вамі! - Галя развяла рукамі, нібыта просячы прабачэння. - Ля такіх помнікаў італьянцы больш маўчаць. У Марыо і ў майго мужа, а яны стрыечныя браты, пад час землятрусу загінулі ўсе продкі, акрамя шчасліўчыка, які спаўна адпрацаваў свой шанс, даўшы жыццё дванаццаці дзецям. Так працягнуўся род Праецці.

Галя перамаўчала, як быццам не наважваючыся дадаць штосьці асабістае.

- Ёсць раны, якія ніколі не загойваюцца. Вось мае карані на Гомельшчыне. Невялікі населены пункт па дарозе з Брагіна на Камарын, далей на Чарнобыль. Няма цяпер вёскі, пахавана пад зямлёй пад час дэзактывацыі. Засталася ад яе толькі вялікая груша, усе мы ведалі, што равесніца яшчэ Першай Сусветнай вайны. Так што дрэвы жывуць нашмат даўжэй, чым людзі.

Валянціна Піліпаўна больш за ўсё баялася, што зараз нехта перапыніць яе дачку.

- І людзі аказаліся малайцы, ні ў кога не паднялася рука губіць вялікае дрэва, - Галя абвяла ўсіх строгім позіркам. - І не кажыце мне, што проста не знайшлося такой тэхнікі, каб яго выкарчаваць. Я не хачу быць скептыкам! На Радуніцу мае аднавяскоўцы спачатку едуць на могілкі, потым да грушы, больш няма куды, усё спрэс пустэча. А грамічэльцы прыходзяць да старой алівы, вось і ўсё гісторыя.

Запала такая цішыня, што Валянціна Піліпаўна пачула, як пульсуе кроў у скронях. Не хапала толькі разрумзацца тут, перад гэтымі цынічнымі землякамі, гуллівасць якіх можна спыніць толькі цаной уласных пакутлівых слоў. Перасіліла сябе, зрабіўшы выгляд, што вымае парушынку, і выцерла вочы.

Галя з прафесійнай ветлівасцю прапанавала:

- Калі ласка, вяртаемся ў аўтобус, зараз мы заедзем у адно прыгожае месца, дзе любяць спыняцца мастакі і турысты. Там добры краявід, прыгожыя горы, лімонны сад, Кальтаджыроне, і сонца апоўдні вельмі спрыяе фотаграфаванню. А неба такое аквамарынавае, якое бывае толькі на Сіцыліі.

Месца сапраўды было нешараговым: адсюль адкрываўся такі відарыс, што ўсе заахалі ад захаплення. І кожны навыперадкі прасіў Марыо і Галю стаць побач, каб застаўся на памяць здымак з імі.

- «У душы неба і рай», як пісаў пра Італію ваш вялікі Гогаль! - пафасна прамовіў Марыо, і ніхто не насмеліўся яго выправіць, што Гогаль, на жаль, не беларускі пісьменнік.

Калі ж экскурсійны аўтобус закружляў па Грамічэле, Галя праз мікрафон абвясціла:

- Скептыкаў прашу звярнуць увагу на лічбы на франтонах будынкаў. Спадзяюся, ніхто з вас не засумняваецца ў іх сапраўднасці. Жылыя дамы пачатку XVIII стагоддзя ўзяты пад ахову дзяржавы, гэта помнікі архітэктуры. Я сама жыву ў адным з такіх дамоў, дарэчы, вы з ім пазнаёміцеся крыху пазней. Усе рамонтныя работы праводзяцца толькі пасля ўзгаднення з архітэктурным саветам муніцыпалітэта. Усе ўнутраныя пераробкі - пад кантролем, але ўжо не такім пільным. Заўважце, продкі нашага Марыо будавалі вельмі якаснае жыллё. І яшчэ - досыць зручнае, паверце пакуль на слова.

Выскоквалі ля галоўнага касцёла горада, ля ратушы, ля знакамітага палацца, ля старажытнай аптэкі. Марыо, як заўжды, красамоўна жэстыкуляваў, Галя ж была больш стрыманай. Валянціна Піліпаўна цяпер не выходзіла з аўтобуса, патлумачыўшы дачцэ, што крыху стамілася: надта ж забалелі ацёклыя ногі, давялося нават зняць абутак. Моўчкі пазірала жанчына на прыгожанькія будынкі з галерэямі і лоджыямі, якія з вуліцы выглядалі нашмат меншымі, чым калі бачыш іх знутры, яна гэта прыкмеціла і ў доме сватоў, і ў дамах іхніх сваякоў. Спачувала дзяўчатам-блізнятам, якія неабачліва фарсілі на высокіх абцасах, такіх недарэчных на брукаваных вулачках. Углядалася ў дачку, якая моцна змянілася за гады замуства: ейную фігурку старанна «абгаблявалі» сіцылійская спякота ды непаседлівая работа. Наогул Галя выглядае зараз вельмі ўпэўненай і ў сваёй прывабнасці (чаго, здаецца, раней не было), і ў сваёй самакаштоўнасці. І вось жа, ніколі ні ў дзяцінстве, ні ў студэнцкія гады не насіла стрыжак, заўсёды касу, доўгую і таўстую, якая ёй пасавала, а тут вельмі кароценькае «карэ» робіць яе нашмат прыгажэй і маладзей. І чаго там казаць, і так матцы заўважна, што дачка шчаслівая на Сіцыліі, што кахае яна свайго Алесандра, як і ён яе. І ад гэтага такое прыгожае ў дачкі аблічча.

І чамусьці насуперак добрым думкам нечакана для сябе самой жанчына заплакала ўголас, не зважаючы на тое, што кіроўца аўтобуса пачуў яе плач і пытаецца:

- Вам, сіньёра, дрэнна?

...Да вялікага двухпавярховага дома, левае крыло якога займае рэстаранчык, а правае - жыллё сямейства Праецці, гаспадароў рэстарана і мясцовай турыстычнай фірмы, пад'ехалі ў самую спякоту. За столікамі на вуліцы пад аплеценымі кветкамі галерэямі сядзелі нешматлікія кліенты, але турыстаў завялі ўнутр, дзе дона Лаура пачціва запрасіла:

- Мочите руки и в стол, прошу!

Гэтым яна не толькі развесяліла турыстаў, але і прымусіла ацаніць, як добра Марыо валодае расейскай мовай. А экзальтаваны чычэроне ўзяў у рукі мікрафон, і ўсе як па камандзе скіравалі на яго ўвагу.

- Звяжы рукі Марыо, і ён будзе, што нямко: кожны свой сказ прызвычаіўся суправаджаць эмацыйнымі жэстамі, - расказала пра яго Галя. І расказала пра здарэнне, якое адбылося мінулым летам з гарачым Марыо: паспрачаўся той у бары ў суседнім Кальтаджыроне з нейкімі мачо. Дык тыя ўзялі хлопца пад рукі і «ветліва» пасадзілі ў сваё аўто, каб адвезці далей і адлупцаваць. На адным з паваротаў горнай дарогі дзяжурыла патрульная машына, дык Марыо патрапіў паказаць паліцэйскаму знак «карнута», што азначае «раганосец». Праз тры хвіліны ўгневаны страж парадку дагнаў крыўдзіцеля - і выратаваў яго. Хтосьці калекцыянуе анекдоты, песні, запальнічкі, маркі, кепкі, Марыо ж - жэсты. Ён і ад Валянціны Піліпаўны не адыходзіў усе дні, просячы паказаць на мігах, як на яе радзіме будзе «вітаю вас», «я цябе кахаю», «дурань», «адчапіся», так што ўрэшце жанчыне давялося сходу прыдумляць апошні жэст, а потым і паўтараць яго, каб сапраўды адчапіўся.

І зараз Марыо быў у сваім амплуа:

- Пры ўмове, што вам спадабаюцца наша віно, наша ежа і наш рэстаран, вы зробіце вось так, - ён пакруціў указальным пальцам у сярэдзіне шчакі і заахвочвальна заківаў:

- Ну, давайце патрэніруемся!

Калі ж кожны са смехам паспрабаваў паўтарыць немудрагелістыя жэсты, Марыо задаволена абвясціў:

- Вы заслужылі! Смакуйце нашы лепшыя сіцылійскія віны «Брунела дзі Мантальчына» і «Піна нуар».

Ён узяў у рукі келіхі - першы быў вузкі і высокі, другі ж - прысадзісты і шырокі - і прапанаваў адгадаць, з якога каштуюць якое віно. Але беларусам складаней было выбраць ежу. Пасты, рызота, фарфале, тальаліні мала што казалі турыстам, хаця, вядома, яны ўжо шмат чаго каштавалі ў розных траторыях і бірэрыях на ўзбярэжжы, але кожны раз гэта былі не падобныя адна да другой стравы і вонкава і на смак.

- А давайце вашу фірмовую піцу! У Менску з дурацкімі СВЧ мы так і не ацанілі яе сапраўдны смак, - загадала Вікторыя Вікенцеўна, не паспрабаваўшы нават пацікавіцца пажаданнямі сваіх падапечных.

Але замест чаканай піцы падалі «ла салата парміджана» - вялізную порцыю салаты з крэветкамі, сырам і зелянінай. А потым нібыта ў якім тэатры ад'ехала ўбок пластыкавая заслона і выйшаў на паклон чырвонашчокі, з вялізнымі таўстымі рукамі сіньёр Марцыана (Валянціна Піліпаўна ведала, што ён шэф-повар рэстарана і найлепшы сябар свата Праецці) і залапатаў па-італьянску.

- Сіньёр Марцыана просіць вас сваёй увагай паўдзельнічаць у прыгатаванні піцы і падтрымаць яго сваімі апладысментамі, - пераклаў Марыо.

Да сіньёра Марцыана далучыліся два маладзейшыя памочнікі ў такіх самых каўпаках і фартучках. Яны «шуфлявалі» патэльню за патэльняй на пліту ці нешта сярэдняе між плітой і печчу, звычайнай рэччу для якога-небудзь XVIII стагоддзя і незвычайнай для сённяшняй Італіі. Валянціне Піліпаўне прыгадаліся свае колішнія дачарнобыльскія печ і грубка, у чэраве якіх смажыліся не піцы - тады і слова такога не ведалі, а розныя блінцы-наліснікі і падумала, што ніякія сучасныя пліты не падораць колішніх водарных смачных страў.

На новым месцы ў адбудаваных для чарнобыльцаў катэджах мала хто карыстаўся печчу, сапраўднага печніка і ў старыя гады знайсці было вялікай удачай, а тут жа працавалі шараговыя будаўнікі, таму навасёлы напоўніцу карысталіся выгодамі цэнтральных газа- і цеплазабеспячэння. У рэстаране сіньёра Праецці хапала ўсялякага электрычнага начыння, дзе варыліся, запякаліся і смажыліся стравы, але ж замежнікам звычайна «падавалі» экзотыку, што загадзя было агаворана ў турыстычных кантрактах.

- Піца па старадаўнім рэцэпце - напраўду вельмі здорава! - нахвальвае Вікторыя Вікенцеўна, нагадваючы турыстам, што ні ў Таарміне, ні ў Катаніі, у ніводнай траторыі на ўзбярэжжы не гатавалі страву ў такой вось сапраўднай сіцылійскай печцы.

А з вуліцы гучна дзынькнуў званочак. На парозе стаяў стары з барадой і даўгімі валасамі ў велічным капелюшы з шырокімі палямі, паўзверх ярка-сіняй кашулі была накінута бліскуча-фіялетавая туніка. У адной руцэ дзядуля трымаў таўсты кій, упрыгожаны замест булдавешкі белай штучнай кветкай, другую ж руку трымаў за спінай.

- Апіцца сту куатру! - гучна прамовіў стары і стукнуў сваім кіем, быццам Дзед Мароз, толькі з-пад навессі броваў глядзелі не ўсмешлівыя, а насцярожаныя вочкі.

- Ага, дзед таксама захацеў піцы! - усклікнуў весялун Косця.

- Зусім не, - строга выправіла яго, бы настаўніца якога двоечніка, Вікторыя Вікенцеўна. - Калі перакласці з італьянскае дакладна, то ён сказаў: «Павесьце гэтую карціну!»

І праўда, стары працягнуў доне Лауры карціну ў тонкай белай рамачцы, якую дагэтуль хаваў за спінай. Гаспадыня зрабіла знак, і з глыбіні залы выбег высокі хлопец, моўчкі зняў з цвіка нацюрморт і на гэнае месца павесіў дзядулеў падарунак - ікону з выявай нейкага святога.

Дона Лаура запрасіла госця за стол, не агульны, дзе сядзелі турысты, а адзін з тых невялічкіх, што месціліся ля бакавога акна, пачціва схілілася да старога, прапаноўваючы яму выбраць стравы на свой густ. Потым госць перахрысціўся, абвёў прысутных спакойным цікаўным позіркам і прыгожа перакуліў у рот келіх з віном.

Валянціна Піліпаўна глядзела на старога, спрабуючы ўспомніць, дзе ж яна яго сустракала. У тым велічным касцёле на цэнтральнай плошчы, куды яе вадзіла дона Лаура? На прадстаўленні аматарскага тэатра? На якой-небудзь вуліцы пад час сваіх шпацыраў? І толькі калі стары падняўся ад стала, пакланіўся доне Лауры, а тая ізноў падала знак, каб хлапчына зняў з цвіка ікону і вярнуў госцю, Валянціна Піліпаўна ўспомніла, адкуль яна ведае старога. А візітант спрытна падхапіў мяшэчак, у які дона Лаура склала фрукты, узяў ікону, кій і велічна пакінуў рэстаран.

Валянціна Піліпаўна ўспомніла, як глядзелі дома ў сватоў відэафільмы, на адным з іх было знята гарадское свята - Дзень святога Джузэппе, з пышнай каталіцкай службай проста на плошчы, са свецкімі святкаваннямі бліжэй да ночы і са своеасаблівай «латарэяй», калі гараджане выбіралі сярод адзінокіх старых чарговага «святога Джузэппе». Цэлы год, да наступнага сакавіцкага свята, ён будзе выходзіць у людзі ў стылізаваным касцюме і мець права харчавацца ў любой кавярні, у любым доме, згодна спрадвечнай грамічэльскай традыцыі. І пакуль ён будзе абедаць, сапраўдны святы Джузэппе пад шклом у рамачцы з вышыні свайго стану і становішча дае адзнаку гасціннасці гаспадароў. Такі вось прыгожы звычай міласэрнасці, які Галя пракаментавала ў той вечар проста:

- Памятаеш, была ў нашай вёсцы баба Дуня, у якой узімку згарэла хата, і людзі па чарзе давалі ёй прытулак? Падобны выпадак і тут. На Сіцыліі сям'я - святыня, і калі чалавек дажывае свой век у адзіноце, яму спачуваюць і дапамагаюць, яго заўжды падтрымліваюць.

- Адваявалі мы для цёткі Дуні жытло ў пасёлку для перасяленцаў, дык яна ў катэджы сапраўдны інтэрнат зладзіла, усе дзяўчаты, што прыязджаюць працаваць па размеркаванню ў нашу школу альбо ў амбулаторыю, жывуць у яе. І грошаў ні з каго не бярэ, маўляў, грэх, - сказала Валянціна Піліпаўна.

Дзынькнуў зноў званочак, дзверы за старым зачыніліся, і ў зале прагучала цікаўнае «чаму?», «чаму ён забраў ікону?»

- Ёсць такая традыцыя - частаваць «святога Джузэппе», аднаго з апекуноў нашага гарадка, - скупа патлумачыў Марыо, і тут загучала лёгкая музыка, і, нават не ведаючы італьянскай мовы, можна было зразумець, што прыгожы барытон спяваў пра каханне Пепіна да Разіты. Марыо напружыў голас:

- А зараз папрашу - нашыя «шоп-меню».

- Не трэба «прасаваць» усе крамы запар, у гандлёвым цэнтры, што месціцца насупраць рэстарана, вам прапануюць тавары на любы густ, - дадала Галя.

І кожны засяродзіўся на тым «шоп-меню», дзе ці то дзеля жарту, ці то дзеля рэкламы было прыгожа выдрукавана на расейскай мове: сарафан ад «Версачэ» 170$ - сарафан ад «Грамічэле» 20$; купальнік ад «Біблас» 300$ - купальнік ад «Грамічэле» 30$; сукенка ад «Дольчэ і Габана» 500$ - сукенка ад «Грамічэле» 40$...

Ішло доўгае і вясёлае пералічэнне ці, хутчэй, супрацьпастаўленне-параўнанне коштаў і тавараў, якое заканчвалася не менш жартаўлівым завабліваннем: «Парфума жаночая і мужчынская ад Трусардзі і Ферэ - пакупнікам рэчаў ад «Грамічэле» бясплатна».

Валянціна Піліпаўна сачыла за неўразумелымі тварамі суайчыннікаў, якіх такое «шоп-меню» спачатку збянтэжыла, потым развесяліла і абнадзеіла, калі Марыо з жэстам «ад сэрца» патлумачыў, што тут ніякі не розыгрыш, што якраз у спякотны пасляабедзенны час - «памярыджыо» - можна заняцца прыемным выбарам пакупак. Валянціна Піліпаўна была ўпэўнена, што зараз турысты дружна пойдуць у «Грамічэле». Яна прадбачыла, якім будзе іхні паход, сама праз тое прайшла тыдзень таму. Спачатку жанчыны будуць у гарачцы хапаць сукенку за сукенкай, пакуль прадавачкі не патлумачаць, што ўсе тавары ёсць у мностве экземпляраў. Потым тыя ж ветлівыя сіньярыты патлумачаць, што фірмовыя рэчы сапраўды каштуюць дорага, бо зроблены не на паток, а таннейшыя не горшай якасці таму, што выпускаюцца па лекалах знакамітых фірмаў, але на мясцовай фабрыцы. І парфума, няхай сабе маленечкія флаконы-пробнікі, але ж сапраўды ад Трусардзі і Ферэ прэзентуюцца кожнаму наведвальніку «Грамічэле». Чаму кожнаму? Бо ніхто пакуль не выходзіў адсюль з пустымі рукамі.

Дагодлівы Марыо вызваўся правесці турыстаў у гандлёвы цэнтр. Дона Лаура села за столік і на ноўтбуку пачала падводзіць рахункі, рэстаранная абслуга занялася прыбіраннем. Галя падышла да Валянціны Піліпаўны:

- Стамілася, мама? У мяне вольныя гадзіна-паўтары, давай пасядзім наверсе.

Пакой на паўночным баку дома дарыў прахалоду, з-пад апушчаных жалюзі на падлогу леглі вузенькія паскі святла. Маці глядзела на дачку са шкадаваннем:

- Пахудзела ты як, мая донечка... Якая ж мітуслівая ў цябе праца, як я пагляджу...

- Ну што ты, мама, гэта сёння так тлумна, але турысты ў нас усяго два разы на тыдзень, так што часу вольнага хапае.

- Тады чаму дзетак не заводзіце з Алесандра? - скрушліва прамовіла Валянціна Піліпаўна.

- Санёк мяркуе, што нашыя песцікі-тычынкі ў такой спякоце не прыжываюцца. Жартую, мама, жартую. Па праўдзе, дык вось унукаў вам плануем завесці крыху пазней, у Алесандра сёлета абарона, а яшчэ мы серыю кніжак пра Сіцылію рыхтуем для расейскамоўнага рынку.

- Вы пераедзеце, калі Алесандра дадуць кафедру?

- У тутэйшых універсітэтах крыху інакшы парадак, і лекцыі чытаюцца за адзін раз адным блокам. Ды і яго кафедра - побач, у Рагузе, у археалагічным музеі. Усе нармальна, мама, мы Грамічэле не здраджваем, - і на здзіўлены позірк Валянціны Піліпаўны паспешліва патлумачыла: - Як здрадзіла я Беларусі.

- Ты не здрадзіла, такі твой лёс, а яго, як кажуць, і на кані не аб'едзеш, і на самалёце не абмінеш. Цяпер і з Менску каторыя дзеці раз на год да бацькоў прыязджаюць, дык і ты бываеш дома не радзей.

- Вікторыя Вікенцеўна прапаноўвае наладзіць сумесныя туры ў Беларусь, і я пагадзілася, мама, нават не задумваючыся, і сям'я мяне падтрымала. Уяўляеш, Марыо ўсё не верыць, што ў нас зусім няма гор, адны пагоркі. Нават Алесандра яго не пераканаў.

- А Марыо, дачушка, па-мойму, крыху ў цябе закаханы.

- Ён кожны дзень у каго-небудзь закаханы, - засмяялася Галя. - Трэба ведаць Марыо. Але ён, мама, зусім не гуляка, ён блюзнер, весялун, проста зусім іншы, чым Алесандра, хаця знешне яны падобныя. Алесандра больш стрыманы і сур'ёзны, шэсць разоў я вазіла турыстаў на Сіцылію, дык ён ні разу нават выгляду не падаў, што я яму падабаюся. Кожны раз вадзіў нас па Рагузе, пра ўсё расказваў - ён не толькі пра археалагічны музей, ён пра кожны будынак і помнік можа расказваць да бясконцасці. А ў Грамічэле нас сустракаў іншы супрацоўнік, я нават не здагадвалася, што Алесандра адтуль родам. У апошнюю паездку ён спытаў у мяне: «Галя, а як вам Грамічэле?». «Вельмі, кажу, падабаецца. Такі прыгожы гарадок, шкада толькі, што размешчаны не на моры». «Наадварот, кажа, у гэтым ягонае шчасце: не такі тлумны. Хочаце, я пакажу не вядомы вам Грамічэле». «Мне, перапытваю, ці маёй групе?»

На экскурсію ў Пампеі група паехала з маёй напарніцай, я ж пагадзілася яшчэ раз наведаць Грамічэле. Ведаеш, мама, пакуль вучылася ў «ін'язе», у мяне не было ніводнага кавалера. У інтэрнаце юнакоў было няшмат, ды і тыя заглядаліся на іншых дзяўчат. На ўніверсітэцкіх вечарынах ніводны хлопец ніколі не запрасіў мяне на танец. Дзявочае асяроддзе, яно спецыфічнае... А тут сур'ёзны італьянскі хлопец звярнуў на мяне ўвагу. Было ад чаго згубіць галаву...

Мы гулялі пешкі, ездзілі на машыне, у бацькоўскім рэстаране разоў колькі харчаваліся, і я нават не здагадвалася, што на мяне сыходзілася глядзець усё сямейства Праецці. Аднойчы ў самую спякоту мы з Алесандра зайшлі ў маленькі касцёл. Прахалода, паўзмрок, сядзім, трымаючыся за рукі. Наперадзе на лаўцы праз праход бабуля малілася на сваёй сіцылійскай трасянцы. Алесандра маўчаў, а я міжволі сачыла за жанчынай і спрабавала адгадаць, чаго яна прасіла ў Бога. Разбірала асобныя словы, разумела, што кабета шматкроць паўтарала адное і тое ж. Адзін круг слоў, другі, трэці... Прыгадалася наша баба Ніна, якая заўжды, калі я адсыпалася пасля сесіі, садзілася ля майго ложка ўранні і, мяркуючы, што я не чую, шаптала сваё адвечнае «Госпаду Богу памалюся, Святой Прачыстай Мацеры пакланюся...» Аднойчы я падлічыла, што бабуля паўтарае сваю малітву роўна дванаццаць разоў. Потым яна ціхенька ўставала, перахрышчвала мяне і сыходзіла. І дзіўная здагадка мільгнула ў маёй галаве:

- Малітва! У гэтых віа, лібера віа і страда зашыфравана малітва, - я гаварыла на сваёй трасянцы, блытаючы італьянскія і расейскія словы. - У плане горада манах Мічэле зашыфраваў малітву, і самыя важныя тут не плошчы, не вуліцы-промні, а тыя, што ўтвараюць кола, замкнёнае кола. Магічнае кола. Адзін круг, другі, трэці... Як у малітве набожнай сіцылійскай жанчыны, як у малітвах маёй бабулі. Я гаварыла, гаварыла, я нават не пыталася, а сцвярджала, я была цяпер упэўненая, што адкрыла праўду, і адчувала, як у паўзмроку ўзрушаны Алесандра схапіў мае рукі: «Галя, будзьце маёй жонкай».

У Грамічэле гэта вялікая таямніца - параўноўваць горад з малітвай. Яны кажуць пра геаметрыю і гармонію, павуцінку, сурвэтку ці сняжынку, яны параўноўваюць свой горад з чым заўгодна, але ўголас ніколі не атаясамліваюць з малітвай. Грамічэльскія дзеці растуць, пазнаюць свой горад, любяць яго і не заўсёды здагадваюцца пра свяшчэнны замысел манаха Мічэле, але той, хто нарэшце здагадваецца пра тое без старонніх падказак, пачынае любіць Грамічэле да скону жыцця. Сюды вяртаюцца і знакамітыя, і шараговыя землякі, хто раней, хто пазней, каб жыць далей у гармоніі з сабой і сусветам. Нават я, нядаўна зусім чужы чалавек для Грамічэле, усведамляю, што тут цяпер мае калі не карані, то атожылкі...

- Грамічэльцы асаблівы народ, людзі між горадам і вёскай, многім яны нагадваюць нас, беларусаў. Ім вінаграднікі, апельсінавыя і лімонныя гаі, алівавыя сады нашмат важней, чым турызм, які, дарэчы, дае неблагі прыбытак. Славуты Вердзі, кажуць, спяшаўся кожны раз пасля прэм'еры да сваёй зямлі і шчыраваў на ёй, як звычайны селянін, зусім не дзеля грошаў, грошы якраз давала музыка.

У мінулую восень нечакана выпаў снег, грамічэльцы кінуліся ў ваколіцы ратаваць сады. Мы працавалі да позняга вечара, а дон Луіджы з донам Марцыана згатавалі для работнікаў адмысловую вячэру. Вядома ж, людзі былі стомленыя, але калі загучалі тарантэла і сіцыліана, усе кінуліся ў скокі. Мы з Алесандра весяліліся, як дзеці. А пазней ізноў пайшоў снег, я глядзела ў вось гэтае акно і плакала. Алесандра зазірнуў у пакой і, не пытаючыся, з якой прычыны слёзы, стаў перада мною на калені:

- Даруй мне... Я ведаю, ты зараз успомніла сваіх родных, ваш снег...

Я сапраўды глядзела ў акно і думала, што ў вас дома ляжыць снег, што бабуля абула свае цёплыя буркі, што вы з татам чысціце двор, а навокал такая цішыня... і што мае дзеці будуць баяцца снегу, які я заўжды любіла. Я плакала, мама, што нічога ў жыцці не перайначыць, я шкадавала сябе, усіх вас, ад якіх я з'ехала так далёка і назаўжды, Алесандра супакойваў мяне, як мог, і ад гэтага я плакала яшчэ больш. Але тое было аднойчы, а на Сіцыліі ёсць прымаўка: «Аднойчы - усё адно, што ніколі», - бадзёрым, як ёй здавалася, голасам, завяршыла Галя сваю споведзь, не заўважаючы ні ўласных, ні матчыных слёз.

 

2005


2005

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае