epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Каханне

Да іншых яно завіталася рана,

Валодала думкамі, сном,

А я яго доўга шукаў у раманах,

На белым экране кіно.

 

Не бачыў тады, як пад вечар ля хаты

Хадзілі сяброўкі штодзень,

Не горшыя нат, чым у кнігах, дзяўчаты,

А ўсё ж я над кнігай сядзеў.

 

Дзяўчат не страчаў я усмешкай лагоднай,

Пры іх чамусь больш чырванеў,

Не раз чуў папрокі ў свой адрас: халодны...

Хоць шмат і цяпла ў сэрцы меў.

 

А сёння пры стрэчы з табой хваляванне

Душу мне шчакоча цяплом:

Як госць, што спазніўся, нарэшце каханне

Зусім не з раманаў прыйшло.

 

Прыйшло і трывожыць парою начамі,

Як смелы і новы пачын.

Хачу гэты скарб, здабыты з гадамі,

Да скроняў сівых зберагчы.


1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 126
Крыніца: скан