epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Малочная раніца

У студню сыплюцца зоркі...

Я ўстаю, памаладзелы

на адну ноч,

Расчэсваю русыя валасы

Сінім грабянцом лесу.

Умываюся —

аж наваколле грыміць.

Бачу:

кот — вартаўнік вусаты —

Пазяхае на ўвесь свой

ружовы рот.

Ля парога,

Дзе дрэмле камень,—

асколак метэарыта.

Гэ, кот не дрэмле,—

Ён першы дэгустатар

сырадою,

Яму чуваць,

Як пружыніста б’юцца

У дно даёнкі струмені...

Звіняць,

Звіняць струмені

над вёскаю...

І ў гэтым цымбальным звоне

Займаецца малочная раніца

І кліча жыць.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 28
Крыніца: скан