epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Блатун

Вішнёвая замець

Зноў успамінам устрывожыў памяць,

На крылах песня даўняя ляціць...

Шугае май, і з вішань сыпле замець —

Рой беласнежна-чыстай канфеці.

 

Настоем хмельным поіць, поіць квецень

Мацней за шматгадовае віно,

І мы з табой шчаслівыя, як дзеці,

Ідзём ўдваіх у месячную ноч.

 

Вішняк, сцяжынка... За гароды выйшлі,

У казачна-нямую цішыню,

Чакай, чупрыну беласнежнай вішні

Ад радасці я моцна страсяну.

 

Ляцяць пялёсткі ў прахалодзе роснай,

І нас з табой як снегам замяло...

— Я індыянка,— кажаш ты, пялёстак

Прыклеіўшы гарэзліва на лоб.

 

З тае пары не раз гулі завеі

І дрэвы буйнай квеценню цвілі.

Іду па ўзмежку сёння. Іржавеюць

Пялёсткі з вішань на сырой зямлі.

 

Ды хваляй цёплаю пульсуе памяць,

На крылах песня даўняя ляціць...

І адчуваю я: на сэрцы замець —

Рой беласнежна-чыстай канфеці.


1961?

Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 143
Крыніца: скан