epub
 
падключыць
слоўнікі

Сымон Кандыбовіч

Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі

ПРАДМОВА
I
II
III
IV
V
АНАТАВАНЫ ПАКАЗНІК АСОБАЎ


ПРАДМОВА

 

Пра эмігранта Сымона Кандыбовіча, які ў 30-я гады ў Менску быў кіраўніком справаў Савета Народных Камісараў БССР, упершыню пачуў яшчэ напачатку 70-х ад Мікалая Камінскага, легендарнага беларускага архівіста і энцыклапедыста, чые веды і сістэма ўнікальных картатэк і ўласных даведачных матэрыялаў шмат у чым прадвызначылі інфармацыйную напоўненасць першых беларускіх энцыклапедычных выданняў, прынамсі, па гісторыі і культуры Беларусі ХХ ст. Хіба толькі недаглядам цэнзуры можна растлумачыць тое, што ў зборнікі дакументаў «Індустрыялізацыя Беларускай ССР» (Мн., 1975, на расейскай мове, с.227) і «Мастацтва Савецкай Беларусі» (Мн., 1976, с.145-146) трапілі пастановы Саўнаркама за подпісам кіраўніка справаў Сымона Кандыбовіча.

Сёння гэтае імя вяртаецца ў Беларусь. Артыкулы пра Кандыбовіча (Кабыша) надрукаваны ў Энцыклапедыі гісторыі Беларусі і ў 18-томнай Беларускай Энцыклапедыі (на жаль, без подпісу аўтара). З публікацый даведваемся, што беларускі дзяржаўны дзеяч і гісторык Сымон Сцяпанавіч Кандыбовіч нарадзіўся ў 1891 г. у вёсцы Старыца Слуцкага раёна. Меў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам. У 1932-37 г. быў кіраўніком справаў СНК БССР, потым упаўнаважаным Камітэта нарыхтовак БССР. У 1940 г. арыштаваны. Уваходзіў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады, са студзеня 1944 г. быў кіраўніком яе агульнага аддзела. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэса ў Менску ў чэрвені 1944 г. З лета 1944 г. у Нямеччыне. З 1963 г. супрацоўнік Інстытута па вывучэнні СССР у Мюнхене, з 1954 г. у беларускім аддзеле радыёстанцыі «Свабода». З 1956 г. рэферэнт Сакратарыята Рады Беларускай Народнай Рэспублікі па пытаннях народнай гаспадаркі. У сваіх артыкулах па беларускім нацыянальным пытанні рабіў высновы, што «ні Польшча, ні Савецкая Расея не спрыялі нацыянальнаму развіццю беларускага народа» (ЭГБ. Т.4, с.84).

Гэтая інфармацыя патрабуе ўдакладнення. Памёр С.Кандыбовіч 27 верасня 1972 г. у Мюнхене, а нарадзіўся 21 ліпеня 1891 г. Пра месца нараджэння - асобная гаворка. Энцыклапедысты скарысталі звесткі з кнігі А.Салаўёва «Беларуская Цэнтральная рада» (Мн., 1995), што С.Кандыбовіч нарадзіўся ў вёсцы Старыца Слуцкага раёна. Але ж у «Слоўніку назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці» Яўгена Рапановіча (Мн., 1981) такой вёскі ў Слуцкім раёне няма, затое ёсць у суседнім, Капыльскім. Прычым капыльская Старыца ўвайшла ў летапіс ХХ ст. тым, што ў 1918-20 г. у вёсцы дзейнічаў гурток беларускай моладзі «Зарніца» на чале з А.Калпаком, а сярод яго ўдзельнікаў быў Адам Бабарэка (будучы заснавальнік «Узвышша») з суседняй Слабады - Кучынкі. Вышэйшай адукацыі С.Кандыбовіч не меў. Ён скончыў настаўніцкую семінарыю (верагодна Нясвіжскую). У 1914-17 г. служыў у войску. У 1922 г. працаваў старшынёй валаснога выканкама ў Бабруйскім павеце, быў дэлегатам чацвёртага Ўсебеларускага з'езда Саветаў. У 1926 г. уступіў у Камуністычную партыю. Быў старшынёй райвыканкама, загадчыкам акруговага фінансавага аддзела, акруговым інспектарам народнай асветы ў Гомелі. У сакавіку 1931 - кастрычніку 1933 г. (а не ў 1932-37 г.) быў кіраўніком справаў Саўнаркама. У 1935 г. з'яўляўся начальнікам нарыхтовак Упаўнаважанага Наркамхарчпрама СССР пры СНК БССР.

Тэкст, прапанаваны ўвазе чытачоў, пісаўся ў 50-я гады для радыё «Вызваленне» («Свабода»). У 1998 г. Вячка Станкевіч перадаў рукапіс Янку Юхнаўцу (зяцю Сымона Кандыбовіча), ад якога працу атрымаў Лявон Юрэвіч. Яе выданне асобнай кнігай ажыццяўляецца паводле супольнага праекту Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку і часопіса Беларускі Гістарычны Агляд.

Праца Сымона Кандыбовіча каштоўная тым, што гэта адна з першых спробаў даследавання гісторыі рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі ў 30-я гады. Асаблівую цікавасць маюць характарыстыкі і замалёўкі, напісаныя аўтарам як відавочцам тых падзей.

Для публікацыі тэкст быў перакладзены з расейскай на беларускую мову (пераклад Ларысы Дарожкі) і забяспечаны анатаваным паказнікам асобаў, падрыхтаваным Наталляй Мазоўкай і Віталём Скалабанам (у пошуку інфармацыі істотна дапамаглі Аляксандра Гесь і Яўгенія Фалей). Рэдакцыя імкнулася максімальна захоўваць аўтарскую адметнасць тэксту. Фактычныя недакладнасці выпраўляюцца ў рэдакцыйных заўвагах і анатаваным паказніку.

Віталь Скалабан

I

 

Паваротным пунктам у развіцці нацыянальнага руху ў Беларусі трэба лічыць лютаўскую рэвалюцыю 1917 г., якая паклікала да жыцця і дзейнасці прыгнечаныя першай сусветнай вайной нацыянальна-палітычныя памкненні беларускага народа. З першых дзён рэвалюцыі па ўсёй Беларусі і асабліва ў Менску, які пазней стане сталіцай, адбываліся розныя з'езды, нарады, канферэнцыі, дзе побач з абмеркаваннем спецыяльных пытанняў не апошняе месца займалі пытанні лёсу краю і яго дзяржаўнага ладу ў будучыні. На ўсёй працягласці вялізнага фронту, быццам у адказ на дзеянні на радзіме, беларускімі афіцэрамі і жаўнерамі былі арганізаваныя свае нацыянальныя камітэты і аб'яднанні - Петраград, Балтыйскі флот, Румынскі фронт, Адэса і інш. Беларусаў на фронце цікавіла палітычнае жыццё ў Беларусі. Пазней бальшыня з арганізатараў франтавых камітэтаў займалі важнае месца ў нацыянальнай працы на радзіме.

Падзеі пасля рэвалюцыі і ўзнятыя масамі нацыянальныя пытанні патрабавалі пэўнага развязання. Палітычныя дзеячы таго часу ў пошуках выйсця прыйшлі да высновы, што толькі абраны ад усяго народа з'езд дэлегатаў будзе мець права вызначыць форму дзяржаўнага ладу Беларусі, а таксама развязаць найбольш істотныя паслярэвалюцыйныя пытанні.

Першы Ўсебеларускі Кангрэс праходзіў у Менску 18-31 снежня 1917 г. У ім удзельнічалі 1167 дэлегатаў з вырашальным і 705 дэлегатаў з дарадчым голасам. Аднак Кангрэс не скончыў сваёй працы і 30 снежня быў разагнаны бальшавіцкімі ўзброенымі фармаваннямі. Свае паўнамоцтвы для наступнай працы Кангрэс перадаў абранай тамсама Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі, якая працавала ў складаных умовах вайсковага часу і бальшавіцкага тэрору пераважна падпольна. На пасяджэнні 25 сакавіка 1918 г. Рада прыняла гістарычнае для беларускага народа рашэнне, вядомае пад назвай Маніфеста 25 Сакавіка, дзе гаварылася, што «Беларусь абвяшчаецца незалежнай Народнай Рэспублікай».

Бальшавіцкі рэжым гвалтам адабраў незалежнасць у беларускага народа. Край быў спачатку акупаваны немцамі, а ў 1919-1920 г. стаў арэнай жорсткай і спусташальнай савецка-польскай вайны. Вайна скончылася толькі ў лістападзе 1920 г. Паміж саветамі і палякамі ў Рызе была падпісаная трагічная для Беларусі мірная дамова, паводле якой васемнаццацімільённы народ падзялілі на тры часткі. Прыкладна чатыры мільёны беларусаў бальшавікі аддалі Польшчы, якая на працягу свайго існавання рознымі недапушчальнымі сродкамі апалячвала і акаталічвала беларусаў. Над астатняй тэрыторыяй запанавала камуністычная дыктатура. Але і падсавецкая тэрыторыя была падзелена на дзве часткі. З пяці ўездаў* былой Менскай губерні была арганізаваная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР). Віцебская, Магілеўская і зноў створаная Гомельская губерні засталіся ў складзе Расейскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі (РСФСР). З БССР быў створаны вельмі зручны плацдарм для пасляваеннай барацьбы з Польшчай. З першых дзён пасля замірэння з польскай дзяржавай Саветы розным чынам імкнуліся выклікаць незадавальненне і хваляванні сярод насельніцтва, асабліва сярод беларусаў пад польскай уладай. Саветы таксама хацелі падарваць слабую эканоміку Польшчы. Дзеля гэтага ў памежных раёнах БССР ДПУ ўтварала ўзброеныя фармаванні, якія засылаліся ў Заходнюю Беларусь. Такія атрады рабавалі і падпальвалі панскія маёнткі, здзекваліся з паліцэйскіх і чыноўнікаў, забівалі іх. Асабліва вядомы быў Муха - кіраўнік аднаго з атрадаў. Гэтыя «паўстанцы» мелі сталы прытулак на савецкай тэрыторыі. Між тым, савецкая прапаганда паказвала «подзвігі» Мухі і іншых атрадаў як выступленні беларускага народа супраць капіталістычнай Польшчы. З БССР у Заходнюю Беларусь накіроўвалася спецыяльная прапагандысцкая літаратура і падрыхтаваныя для падпольнай дзейнасці камуністы, якія арганізоўвалі там камуністычныя і камсамольскія ячэйкі. Палякі таксама стваралі атрады і групы дзеля налётаў на тэрыторыю Савецкай Беларусі, не грэбавалі ў некаторых выпадках і жыдоўскімі пагромамі. Вядомыя такія налёты на мястэчкі Капыль і Койданава Менскай вобласці.

* Недакладнасць: Менская губерня складалася з шасці ўездаў.

Памежныя мястэчкі БССР сталі месцам працы шпіёнаў, дыверсантаў, кантрабандыстаў. Некаторыя з іх працавалі на два бакі - на Саветы і на Польшчу. У такіх абставінах не было магчымасці для стваральнай працы ў разбураным краі. Бальшавікі ў сваёй палітыцы спадзяваліся на хуткую і непазбежную рэвалюцыю на Захадзе.

Спусташальныя войны і бальшавіцкі тэрор падарвалі нацыянальныя сілы Беларусі. Значная частка актыўных палітычных дзеячаў, якая брала ўдзел ва Ўсебеларускім Кангрэсе і ў стварэнні незалежнай Народнай Рэспублікі, вымушаная была эміграваць. У Беларусі засталіся адзінкі, да якіх далучыліся тыя, хто вярнуўся з фронту і з царскай высылкі. Нацыянальна-дэмакратычная інтэлігенцыя слушна ацаніла тады палітычны стан. Крэмль і Варшава дбалі пра свае палітычныя інтарэсы, зусім чужыя беларускаму народу. Варшава паставіла сабе на мэце як мага хутчэй апалячыць беларусаў, а Масква вызначыла БССР як зручную пляцоўку для падрыхтоўкі сваіх спецыфічных мераў дзеля найхутчэйшай камуністычнай рэвалюцыі на Захадзе і перш за ўсё ў суседняй Польшчы. Беларускія нацыянальныя сілы не маглі змірыцца з такім прызначэннем свайго краю. Адразу пасля савецка-польскай вайны былі спробы захаваць незалежнасць узброенай сілай. У канцы 1920 г. пачалося вядомае Слуцкае паўстанне, у якім удзельнічала больш за дзесяць тысяч барацьбітоў за свабоду і незалежнасць. Але Слуцкае паўстанне было задушана Чырвонай арміяй. У Беларусі ўзнікла шмат партызанскіх атрадаў, некаторыя з іх змагаліся амаль да 1930 г. З улікам тагачасных абставінаў беларускія нацыянальныя лідэры абралі шлях доўгай, карпатлівай і цярплівай працы ў БССР шляхам падняцця нацыянальнай свядомасці народных масаў і падрыхтоўкі маладых актыўных кадраў.

Калі бальшавікі вымушаныя былі адмовіцца ад галоднага і бязладнага вайсковага камунізму і перайсці да новай эканамічнай палітыкі, шмат у каго з'явілася надзея на перараджэнне савецкай улады. Некаторыя разглядалі пераход да нэпа як уступку здароваму сэнсу, як адыход бальшавікоў з сваіх пазіцыяў перад неабходнасцю і, нарэшце, як сродак утрымаць уладу ў сваіх руках. Шанцы на звяржэнне савецкага рэжыму пасля грамадзянскай вайны і ўвядзення нэпа былі малыя і амаль не браліся ў разлік. Трэба было выкарыстоўваць нэп дзеля сваіх нацыянальных мэтаў.

Кіраўнічую ролю ў нацыянальным руху ўзяў на сябе ў Беларусі прафесар Усевалад Ігнатоўскі. Ён быў народным камісарам асветы БССР. Вакол Ігнатоўскага згуртавалася група актыўных нацыяналістаў, апрача таго, групе спачувалі і дапамагалі шэраг вядомых культурных і гаспадарчых дзеячаў, якія па розных прычынах не хацелі адкрыта выяўляць сябе ў працы. Напачатку неабходна было знайсці нацыянальна скіраваную інтэлігенцыю ў правінцыі, куды загнала яе галоднае гарадское існаванне. Трэба было арганізоўваць і адчыняць вышэйшыя і сярэднія школы, рыхтаваць моладзь да працы ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі і культуры. Лідэры руху ў вузкім коле прыйшлі да дзіўнай, на першы погляд, высновы: не перашкаджаць свядомай маладой інтэлігенцыі ісці ў камуністычную партыю, нават падштурхоўваць да гэтага, а ў некаторых выпадках і абавязваць быць членам партыі. Улічвалася, што беларусы, асабліва інтэлігенцыя, калі будуць членамі партыі, хутчэй зоймуць кіраўнічыя пасады ў партыі і ў адміністрацыйным апараце. Меркавалася праз партыю больш хутка і больш паспяхова дамагчыся развязання нацыянальных задачаў.

Штабам дзейнасці стаў Наркамасветы Беларусі. Вось кароткае апісанне найважнейшых мерапрыемстваў, праведзеных да 1930 г. Наркамасветы зрабіў захады да пераводу навучання на родную мову ва ўсіх школах. Праца гэтая была цяжкай, бо школы не мелі падручнікаў на роднай мове, не было хрэстаматый для чытання ў пачатковай школе. Аднак вопытныя педагогі за параўнальна кароткі тэрмін склалі кнігі для чытання на літаратурных узорах беларускіх пісьменнікаў, а вядомы беларускі мовазнаўца Язэп Лёсік падрыхтаваў граматыку роднай мовы. Пад час вайны бальшыня друкарняў у Беларусі была разбураная, да таго ж гэтыя друкарні не былі прыстасаваныя для масавага выпуску падручнікаў. На працягу года падручнікі надрукавалі ў Германіі і часткова ў Вільні пад кіраўніцтвам члена калегіі Наркамасветы вядомага пісьменніка Змітра Жылуновіча. Пазней ён стварыў у Менску друкарні і наладзіў выдавецкую справу. Пры сучаснай тэхніцы зробленая праца падасца маленькай справай, але на той час гэта было вялікім дасягненнем.

Для падрыхтоўкі настаўнікаў у Менску і іншых гарадах адчынілі педагагічныя вучэльні. Асаблівую ролю выканала вучэльня ў Менску. Яна была забяспечана лепшымі выкладчыкамі, насіла імя прафесара Ігнатоўскага, выхаванне там было накіраванае на падрыхтоўку актыўных настаўнікаў-нацыяналістаў. Выпускнікі вучэльні потым з вялікім поспехам працавалі над культурным адраджэннем свайго народа. Многія з іх прайшлі ўніверсітэцкі курс, і з былых выхаванцаў Менскай педагагічнай вучэльні выйшла некалькі таленавітых паэтаў.

У сярэдніх школах не хапала выкладчыкаў беларускай мовы, і для іх падрыхтоўкі былі адчыненыя гадавыя курсы. Гэтыя курсы як часовая мера існавалі да рэгулярных выпускаў педагагічнага факультэта Беларускага ўніверсітэта. Такія мерапрыемствы далі магчымасць ужо ў пачатку 1924 навучальнага года перавесці навучанне ў школах, дзіцячых садках, вячэрніх школах для дарослых і пунктах ліквідацыі непісьменнасці на родную мову.

Паралельна з беларусізацыяй школ Наркамасветы зрабіў захады для забеспячэння нацыянальных меншасцяў школай і іншымі культурнымі ўстановамі на роднай мове. Асабліва паспяховай была праца сярод жыдоўскага насельніцтва. Спецыяльная жыдоўская інспектура Наркамасветы і акружных гарадоў інтэнсіўна працавала над адкрыццём школ, дзіцячых садкоў, дзіцячых дамоў для беспрытульных дзяцей, бібліятэк для абслугоўвання жыдоўскага насельніцтва. У гэтай вялікай працы не ўсё ішло гладка, што выклікала пэўнае незадавальненне заўзятых праваднікоў нацыянальнай палітыкі. Паводле ўсталяванага парадку ў той час не існавала свабоднага выбару школ бацькамі. Дзеці размяркоўваліся па школах у залежнасці ад нацыянальнасці. Прынцып гэты захоўваўся, і часта ніякія лагічныя доказы і аргументы не браліся пад увагу. Між тым у гарадах часцей за ўсё жыдоўская інтэлігенцыя ў сям'і карысталася расейскай мовай і роднай мовы дзеці не ведалі. Калі такія дзеці траплялі ў жыдоўскую нацыянальную школу, узнікалі непатрэбныя цяжкасці па вывучэнні жыдоўскай мовы для праходжання школьнага курса. Больш за тое, дзеці такой інтэлігенцыі пасля заканчэння сярэдняй жыдоўскай школы былі абмежаваныя ў выбары вышэйшай школы. Патрабавалася грунтоўнае веданне расейскай мовы, каб вытрымаць іспыты ў вышэйшую навучальную ўстанову за межамі Беларусі. Пры Беларускім універсітэце было толькі адно педагагічнае аддзяленне (факультэт), дзе лекцыі чыталіся на жыдоўскай мове. Некаторыя бацькі, каб пазбегнуць такіх нязручнасцяў, пераводзіліся на працу ў РСФСР ці выпраўлялі сваіх дзяцей туды ў школу. З гэтай прычыны жыдоўскія сярэднія школы, асабліва старэйшыя класы, былі незапоўненыя - па 3-5 чалавек у класе. Тым не менш праца была праведзена вялікая і цалкам адпавядала нацыянальным настроям масы, у якой яшчэ назіраліся сіянісцкія тэндэнцыі. Сярод спецыяльных навучальных установаў у Беларусі функцыянавалі Гомельская педагагічная вучэльня з выкладаннем на жыдоўскай мове і сельскагаспадарчы тэхнікум у Курасоўшчыне непадалёк ад Менска. Сямігадовай школай жыдоўскія дзеці былі забяспечаны цалкам, а ў некаторых гарадах і поўнай сярэдняй школай. Беспрытульных дзяцей сабралі ў жыдоўскіх дзіцячых дамах, было дастаткова дзіцячых садкоў. Менш было культурных установаў на польскай мове, хоць існавала спецыяльная польская школьная інспектура пры Наркамасветы. Прычыны такога становішча будуць адзначаны далей.

Асаблівую ўвагу аддаў Наркамасветы арганізацыі і развіццю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Агульнымі намаганнямі гэты малады культурны цэнтр сур'ёзна паставіў навучанне і набыў заслужаны аўтарытэт. За параўнальна кароткі тэрмін падабралі значную групу вядомых прафесараў. Сярод іх былі і беларускія вучоныя: папулярны і ўсімі паважаны мовазнаўца Язэп Лёсік, матэматык Круталевіч, Піятуховіч, Шчакаціхін і іншыя. Трэба адзначыць, што першыя выпускнікі ўніверсітэта былі лепшыя, чым наступныя. Прычына ў тым, што, нягледзячы на даволі цяжкія ўмовы жыцця студэнтаў, іх не накіроўвалі на іншую працу. Ад студэнтаў патрабаваліся веды, а не ўдзел у розных траскучых палітычных кампаніях, якія праводзіліся камуністычнай партыяй. На жаль, пазней удзелам у палітычных мерапрыемствах вымяраліся на заліках веды студэнтаў-актывістаў.

Значную ролю ў арганізацыі ўніверсітэта выканаў удала падабраны на гэтую высокую пасаду рэктар універсітэта прафесар Уладзімір Пічэта. Ён не быў беларусам, але актыўна і добрасумленна праводзіў патрэбныя мерапрыемствы па ўмацаванні ўніверсітэта. У трыццатыя гады прафесар Пічэта быў арыштаваны і трапіў на вольнае пасяленне ў Ніжагародскую губерню, дзе спагадлівы старшыня калгаса прыняў яго на пасаду рахункавода. Хадзілі праўдападобныя чуткі пра вызваленне прафесара ад гэтай пасады пры наступных абставінах. У.Пічэта сваімі навуковымі працамі быў вядомы за мяжой, асабліва ў славянскіх краінах. Маскву наведала нейкая экскурсія, якую прымаў сам Сталін. Удзельнік экскурсіі буйны чэшскі прафесар у размове з Сталіным выказаў жаданне сустрэцца з сваім даўнім сябрам прафесарам Пічэтам. Сталін паабяцаў адшукаць прафесара. НКУС на самалёце прывёз прафесара-рахункавода ў Маскву. Ні ў Менск, ні ў калгас ён не вярнуўся. У савецкіх газетах з'явілася паведамленне, што прафесар Пічэта стаў членам-карэспандэнтам Усесаюзнай Акадэміі навук. Калі палітычная кан'юнктура запатрабавала ад Крамля арганізацыі Славянскага Камітэта, прафесар Пічэта быў выкарыстаны ў працы Камітэта. Прыблізна тры гады таму ён памёр, і ў савецкіх газетах у паведамленнях пра смерць яго называлі буйным вучоным і, вядома, патрыётам.

Для вядзення навуковай працы і аб'яднання дзеячаў навукі і культуры ў Менску быў арганізаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Інстытутам кіраваў прафесар Усевалад Ігнатоўскі. За параўнальна кароткі тэрмін гэты інстытут падрыхтаваў усе ўмовы для арганізацыі Акадэміі навук. У 1928 г. Інбелкульт быў урачыста перайменаваны ў Беларускую Акадэмію навук. На гэты час у Акадэміі навук з'явіліся першыя аспіранты з першых выпускаў універсітэта. Прафесар Ігнатоўскі пакінуў Наркамасветы і стаў прэзідэнтам Акадэміі навук.

Апрача ўніверсітэта ў Беларусі функцыянаваў вышэйшы сельскагаспадарчы інстытут. Спачатку ён знаходзіўся ў Менску, потым быў перайменаваны ў сельскагаспадарчую акадэмію і пераведзены ў горад Горы-Горкі Аршанскай акругі, дзе мелася зямля для практычных заняткаў і адпаведныя лабараторыі. Да рэвалюцыі там месцілася сярэдняя сельскагаспадарчая агранамічная школа, а да паўстання 1863 г. вышэйшы сельскагаспадарчы інстытут. Сельскагаспадарчая акадэмія і ветэрынарны інстытут былі падначаленыя Народнаму камісарыяту земляробства БССР.

На пачатак 1928 г. народны камісар асветы БССР Антон Баліцкі распрацаваў сістэму народнай адукацыі, прыстасаваную да ўмоваў Беларусі. Праект гэтай сістэмы ў нечым адрозніваўся ад сістэмы народнай адукацыі ў РСФСР. Там за аснову бралася агульнаадукацыйная сярэдняя школа з дзесяцігадовым курсам навучання. Паводле праекта наркама асветы Беларусі за аснову бралася агульнаадукацыйная сямігадовая школа, якая падзялялася на два канцэнтры. Першы канцэнтр складаў першыя чатыры гады навучання і другі - тры гады навучання. Згодна з планам наркама асветы меркавалася ўвядзенне ўсеагульнага абавязковага навучання на аснове першага канцэнтра сямігадовай школы да 1928 г. У гарадах навучанне вялося ў аб'ёме поўнай сямігадовай школы. Для падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна сістэмай прадугледжвалася адкрыццё прафесійных школ і тэхнікумаў з трох- або чатырохгадовым курсам навучання. Прафесійныя школы і тэхнікумы ішлі пасля агульнаадукацыйнай сямігадовай школы і завяршалі курс сярэдняй адукацыі. Наступным этапам былі вышэйшыя навучальныя ўстановы - універсітэт і вышэйшыя спецыяльныя інстытуты. Да сістэмы народнай адукацыі была дастасаваная і сістэма вячэрніх школ для дарослых. У 1930 г. гэтая сістэма была пахаваная пасля арышту яе аўтара.

Рознабаковая культурная праца, якая ў пэўнай ступені насіла толькі форму нацыянальную, а паводле зместу была ў значнай ступені па неабходнасці камуністычнай, тым не менш дала магутны штуршок далучэнню да працы вялікай колькасці людзей, асабліва моладзі. Моладзь была захопленая ідэяй адраджэння культуры свайго народа. Значна вырасла колькасць паэтаў, празаікаў, крытыкаў, навукоўцаў па гісторыі і геаграфіі, па даследаванні прыродных багаццяў, па вывучэнні разнастайных праблемаў у Беларусі. Беларуская Акадэмія навук, універсітэт, сельскагаспадарчая акадэмія выклікалі і падтрымлівалі смелую ініцыятыву маладых у літаратуры, мастацтве і ў даследчай працы. Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі не адмаўляла ў друкаванні прац маладых паэтаў і вучоных, якія падавалі надзеі. Уважлівае стаўленне да маладых кадраў з боку нацыянальных дзеячаў натхняла моладзь на працу і адцягвала яе ўвагу ад даволі складаных побытавых умоваў.

У Менску выходзілі газеты «Звязда» і «Савецкая Беларусь». «Звязда» лічылася партыйным органам, «Савецкая Беларусь» - органам савецкай улады. У акруговых гарадах выдаваліся яшчэ і акруговыя газеты, а пазней сваю газету меў кожны раён. Самай уплывовай лічылася «Звязда». Праўда, уплывовасць яе вымяралася пэўным страхам не апынуцца аб'ектам апрацоўкі на старонках газеты. Як партыйны орган «Звязда» прэтэндавала на непагрэшнасць і безапеляцыйнасць таго, што там друкавалася. Гэтая газета капіявала кірунак маскоўскай «Правды» і намагалася пераймаць яе. Выдаваліся яшчэ газеты на жыдоўскай і польскай мовах. Сярод літаратурна-грамадскіх часопісаў папулярнымі былі «Полымя», «Маладняк» і «Узвышша». На фармаванне нацыянальнай свядомасці ўплываў часопіс «Полымя», на моладзь арыентавалася «Узвышша». Выдаваліся і ведамасныя часопісы. Быў вядомы орган Наркамасветы БССР «Асьвета».

Тэатральнаму мастацтву павінна быць прысвечана спецыяльная тэма. Трэба адзначыць паспяховае развіццё нацыянальных тэатраў у Беларусі, асаблівай увагі заслугоўвае Першы беларускі тэатр у Менску. У сваёй творчай працы ён да 1930 г. быў самабытным. Вельмі рэдка ставіў перакладныя п'есы. З тэатра выйшлі таленавітыя артысты. Другі беларускі тэатр утварыўся з студыі. Асаблівую ролю трэба аддаць Беларускаму вандроўнаму тэатру, якім кіраваў энтузіяст Уладыслаў Галубок, асоба ўсебакова адораная. Ён напісаў некалькі п'есаў з беларускага народнага жыцця, якія доўга жылі на сцэне і былі знятыя з рэпертуару перасоўнага тэатра, калі пачаўся разгром усяго нацыянальнага ў Беларусі. Заслуга Галубка і яго тэатра перад беларускім народам вельмі вялікая. За час свайго існавання пры складаных матэрыяльных і іншых умовах гэты тэатр аб'ехаў па некалькі разоў не толькі гарады, але і аддаленыя мястэчкі. Пастаноўкі перасоўнага тэатра адпавядалі густу народа, яны заўсёды былі з народнымі песнямі, музыкай і танцамі. У.Галубок першы заслужыў званне народнага артыста. У 1937 г. яго арыштаваў НКУС.

Заслужанай славай карыстаўся Менскі жыдоўскі тэатр пад таленавітым кіраўніцтвам Рафальскага. Тэатр паставіў шэраг п'есаў з нацыянальнай тэматыкай. Асабліва папулярнай сярод жыдоўскіх гледачоў была п'еса «Гірш Лекерт», прысвечаная рэвалюцыйнай барацьбе з царскім урадам у Вільні ў 1905 г. і яе герою Гіршу Лекерту.

Асаблівай увагі заслугоўвае дзейнасць беларускіх і жыдоўскіх кампазітараў - збіральнікаў народнай музыкі, песняў і танцаў. Іх праца была вельмі своечасовай і ўяўляла вялізную каштоўнасць. Гэтая частка народнага фальклору да рэвалюцыі не даследавалася і не запісвалася. Часткова даследчыкі запісалі казкі, прыказкі, прымаўкі, але яны былі раскіданыя па розных зборніках. Беларуская песня, музыка, танец маглі быць страчаныя назаўсёды. За дзесяць-пятнаццаць гадоў калектывізацыя паглынула б цудоўны народны фальклор, замяніўшы савецкай, штучна створанай прыпеўкай з усхваленнем шчаслівага калгаснага жыцця і стваральніка шчасця, паднесенай паслужлівымі літаратурнымі і музычнымі майстрамі. Нястомную дзейнасць выявіў пасля рэвалюцыі таленавіты збіральнік народных песняў кампазітар Уладзімір Тэраўскі. Яго карысная дзейнасць была перапынена ДПУ. Тэраўскага арыштавалі, а зборнік песняў у яго апрацоўцы канфіскавалі і выключылі з ужытку. Савецкая этыка не дазваляе карыстацца працай арыштаванага, нават выдатнай. Такі самы лёс напаткаў і яшчэ аднаго збіральніка народнага фальклору Антона Грыневіча, які ўжо ў сталым узросце пакінуў Заходнюю Беларусь і перайшоў на савецкую тэрыторыю з надзеяй знайсці шырокае поле для сваёй дзейнасці. Частка прац разам з іх аўтарамі ацалела, ёсць спадзяванне, што дзе-небудзь захаваліся працы Тэраўскага, Грыневіча і іншых. Народная песня, музыка і танец захаваныя, запісаныя і апрацаваныя. Яны выконваюцца рознымі харавымі і музычнымі гурткамі ў калгасах і працоўных клубах. Арганізаваныя Народным камісарыятам асветы ансамблі - беларускі і жыдоўскі - выступаюць на канцэртах, на радыё, выконваючы сваю праграму пад акампанемент народных інструментаў.

Шырока разгарнулася праца па краязнаўстве. Гэта быў любімы занятак сельскай інтэлігенцыі, асабліва настаўнікаў. На той час у краязнаўчай працы яшчэ не было бюракратычнага шаблону і казённага плану. Яна будавалася на ініцыятыве, схільнасці і вольным выбары прадмета даследавання і вывучэння. Краязнаўцы ў свой вольны час вывучалі і запісвалі фальклор, гістарычнае мінулае свайго краю, помнікі даўніны - цэрквы і царкоўнае начынне, старадаўнія абразы, архівы і г. д. Фатаграфавалі і збіралі калекцыі нацыянальнага адзення, строяў, прадметаў хатняга ўжытку. Вывучалі мясцовую флору і фаўну, рабілі захады да аховы тых відаў, што былі пад пагрозай знікнення (бабровых стаянак). У некаторых месцах краязнаўцы выдалі свае працы (Гомель) і з мясцовых экспанатаў стварылі музеі. Краязнаўцы працавалі добраахвотна, грошай за гэта не атрымлівалі. Краязнаўчай працай апекаваўся спачатку Наркамасветы БССР, а потым Акадэмія навук, якая выдавала спецыяльны краязнаўчы часопіс.

Самым балючым і неўладкаваным было зямельнае пытанне. У дарэвалюцыйны час у Беларусі існаваў іншы парадак сялянскага карыстання зямлёй, чым у Расеі. Там зямля належала абшчыне і перыядычна пераразмяркоўвалася паміж яе членамі. У Беларусі зямля была спадчыннай уласнасцю. Станоўчая рыса гэтага - сталае карыстанне зямлёю, адмоўная - дзяльба сялянскіх гаспадарак, у выніку чаго ўтварылася масавае малазямелле і слабыя гаспадаркі ў вёсках. Бальшавіцкі пераварот не прынёс значнага паляпшэння ў жыццё дробных сялянскіх гаспадарак, бо на панскіх землях арганізаваліся савецкія гаспадаркі. Да 1930 г. Народны камісарыят земляробства ўзначальваў Дзмітрый Прышчэпаў, былы сацыяліст-рэвалюцыянер, які добра разумеў сялянскую патрэбу ў зямлі і бачыў прычыны адсталасці сельскай гаспадаркі. За мяжой ён пазнаёміўся з арганізацыяй сельскай гаспадаркі ў Даніі і Нямеччыне. Па вяртанні ў Беларусь Прышчэпаў запланаваў шэраг карысных мерапрыемстваў, тым больш што гэтыя мерапрыемствы адпавядалі жаданням беларускага сялянства. Каб павялічыць зямельны фонд і размеркаваць яго паміж малазямельнымі і беззямельнымі, Прышчэпаў змог зліквідаваць пэўную, хоць і нязначную, частку савецкіх гаспадарак, а таксама правесці значную абрэзку земляў гэтых гаспадарак. Асноўнай формай землекарыстання Прышчэпаў абраў пасёлак з 12-20 сялянскіх двароў, з зручнай сядзібай да аднаго гектара. Нават у той час Прышчэпаву каштавала вялікіх намаганняў паказаць перавагу пасялковага землекарыстання над вялікай вёскай. Неабходнасць тэрміновага землеўладкавання ў Беларусі была відавочная. Першачарговым было землеўладкаванне запасных зямельных фондаў, якія перадалі ў часовае карыстанне малазямельным і беззямельным. Потым меркавалася падзяліць на пасёлкі цесныя і неўладкаваныя вёскі. Частка сялянства пад час землеўладкавання хацела атрымаць хутар. Аднак Прышчэпаву ніякім чынам нельга было афіцыйна ўводзіць хутары. Толькі пад час практычнага правядзення працы, як выключэнне, вылучаліся разам з пасёлкамі і хутары, калі зямля ўкліньвалася ў лес. Між тым партыйныя тэарэтыкі не забываліся, што нэп - мера часовая, што прыйдзе час перабудовы адзінаасобнай сельскай гаспадаркі. Яны толькі не маглі прадбачыць, што перыяд нэпа, уведзены Леніным «сур'ёзна і надоўга», будзе зведзены да сямі-васьмігадовага існавання. Каб супакоіць тэарэтыкаў, Прышчэпаву трэба было пераканаць іх, што ад пасёлка лёгка перайсці да сельскагаспадарчай камуны. Прышчэпаў цудоўна разумеў абсурднасць гэтых сцвярджэнняў. Ён належаў да лідэраў нацыянальнага руху і кіраваўся інтарэсамі краіны, а не выкананнем незразумелых і цьмяных камуністычных дапушчэнняў. Разам з павелічэннем агранамічнай дапамогі Прышчэпаў увёў яшчэ і шэраг заахвочвальных мерапрыемстваў для фіксацыі дасягненняў у адзінаасобных сялянскіх гаспадарках. Наркамзем шырока практыкаваў разнастайныя сельскагаспадарчыя выставы з дыпломамі, пахвальнымі лістамі, рэчавымі і грашовымі ўзнагародамі. Усе гэтыя мерапрыемствы Дз. Прышчэпава павярнуліся супраць яго як абвінавачванне ў варожай, шкоднай працы.

Толькі на пачатак 1927 г. завяршылася «збіранне» беларускіх земляў і далучэнне іх да БССР. Як вядома, БССР была арганізаваная з пяці ўездаў. Большая частка этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі засталася ў складзе РСФСР. Перад Крамлём некалькі разоў ставілася пытанне пра далучэнне да БССР земляў з аднароднымі насельніцтвам і эканомікай. Аднак Масква вельмі неахвотна ішла насустрач хадайніцтвам беларускіх дзеячаў. Толькі ў 1924 г. гэтае пытанне часткова вырашылася далучэннем часткі Віцебскай і Магілеўскай губерняў. З нагоды далучэння гэтых тэрыторыяў у Менску была скліканая Надзвычайная сесія Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта з удзелам запрошаных сялян і рабочых. На сесіі прысутнічаў старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта РСФСР Міхаіл Калінін, а таксама выдатныя дзеячы Камінтэрна палякі Фелікс Кон і Тамаш Домбаль. Т.Домбаль у час выступу, у рэвалюцыйным запале, звяртаючыся да польскага консула, крыкнуў: «Памятайце, што толькі мы маем права гаварыць ад імя польскіх рабочых і сялян!». Домбаль - дэпутат польскага сейма - за прыналежнасць да камуністычнай партыі быў асуджаны і на кагосьці абмяняны. На сесіі прысутнічаў і вытрыманы, карэктны Тухачэўскі, чаго нельга сказаць пра камандзіра коннага корпуса каўказца Гая. Пад час выступлення ён нервова хадзіў і крычаў: «Мы яшчэ напоім коней у Вісле!». Сесія ўхваляла савецкую нацыянальную палітыку. <...>* падкрэсліваў «добраахвотнае» саступленне БССР тэрыторыі, палякі-камуністы дэманстравалі салідарнасць з савецкай уладай у пытаннях нацыянальнай палітыкі ў процівагу палітыцы Польшчы, якая заняла Заходнюю Беларусь і генерал Жалігоўскі сілком захапіў Вільню. Выступы камандзіра Беларускай Ваеннай Акругі Тухачэўскага і ўдзельніка рэйда (хоць і няўдалага) на Варшаву Гая сведчылі пра незавершаныя прэтэнзіі да Польшчы, якія абапіраліся на вайсковую сілу.

* Тут і далей так пазначаны страчаныя або нерасчытаныя месцы ў тэксце (Рэд.).

Толькі пры канцы 1926 г., пасля настойлівых хадайніцтваў перад Крамлём (тады яшчэ было не страшна хадайнічаць), паставілі пытанне і пра далучэнне Гомельскай губерні да БССР. Аднак супраць далучэння вельмі востра выступаў сам старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта РСФСР М.Калінін. Крэмль вымушаны быў звярнуцца да своеасаблівага плебісцыту, каб абвергнуць дамаганні беларусаў. Арганізавалі спецыяльную камісію на чале з латышом Петэрсам, якая павінна была на месцы вызначыць, на якой мове гаворыць насельніцтва Гомельскай губерні. Разлічвалі, што беларусы забыліся сваю мову і канчаткова зрусіфікаваліся. Навуковых даследаванняў пра этнаграфічную прыналежнасць насельніцтва не патрабавалася. Камісія аб'ехала значную тэрыторыю Гомельскай губерні. Карысталася яна такім метадам: члены камісіі, прыехаўшы ў які-небудзь населены пункт, пад час сустрэчы з жыхарамі пачыналі неафіцыйную размову, якую стэнаграфавалі. Аналіз стэнаграфічных запісаў не пацвердзіў разліку на недалучэнне Гомельскай губерні да БССР. Сапраўднымі прычынамі нежадання далучыць губерню былі прычыны эканамічныя. Гомельская губерня - вельмі багатая на разнастайную сыравіну, асабліва на высакаякасны лес, што размяшчаўся на зручных для транспартавання месцах. Губерня перасякалася чыгуначнымі і воднымі шляхамі. Тут знаходзілася добра абсталяваная запалкавая прамысловасць, найбуйнейшая на той час у СССР папяровая фабрыка ў Добрушы. Напэўна, не планавалася ўмацаванне эканомікі БССР і аслабленне яе ў РСФСР. Гэта пацвярджаецца і тым, што такія прамысловыя пункты за 20-30 км ад Гомеля, як Злынка, Новазыбкаў, Клінцы, Старадуб не былі перададзеныя БССР толькі таму, што там знаходзілася некалькі запалкавых фабрык і мануфактурная прамысловасць. Сам факт далучэння прайшоў непрыкметна для шырокай грамадскасці. Гомельская губерня была далучана да БССР без звычайнай пышнасці. Перад беларускімі нацыянальнымі коламі паўсталі новыя задачы. Неабходна было новую тэрыторыю з беларускім насельніцтвам як мага хутчэй далучыць да агульнай сістэмы працы, і гэты пераходны працэс трэба было правесці вельмі асцярожна. Усё залежала ад удалых дзеянняў новых працаўнікоў-беларусаў, якіх прыслалі ў Гомельскую губерню. Гэтае заданне беларусы выканалі.

Пастановай Урада на тэрыторыі БССР была прызнаная роўнасць чатырох дзяржаўных моваў: беларускай, расейскай, жыдоўскай і польскай. Практычна шырока ўжывалася толькі беларуская мова, а ў кантактаванні з установамі СССР выкарыстоўвалася расейская. Жыдоўскай і польскай мовамі карысталіся ў нацыянальных школах, дзіцячых дамах, тэатрах, бібліятэках і г. д. Дакладнае выкананне роўнасці чатырох моваў часам прыводзіла да абсурду. У 1928 г. у Рэчыцы на агульнагарадской настаўніцкай канферэнцыі абмяркоўваўся праект сістэмы народнай адукацыі Беларусі. Удзельніца канферэнцыі - загадчыца жыдоўскай школы - выступіла з заўвагамі на жыдоўскай мове. Напэўна, на расейскай мове яна выступаць не захацела, беларускай не валодала, а магчыма, з нацыянальных памкненняў выкарыстала права роўнасці моваў. Спатрэбіўся перакладчык. Настаўнік беларускай школы Махнач, у мінулым вядомы сваімі ліберальнымі перакананнямі і ўчынкамі, аднак не спрактыкаваны ў нечаканых паваротах савецкай палітыкі, карэктна прапанаваў выступоўцам гаварыць на «агульназразумелай расейскай мове». За гэтую, здавалася б, бяскрыўдную прапанову Махнача абвінавацілі ў расейскім вялікадзяржаўным шавінізме, адразу знялі з працы, выключылі з прафесійнага саюза, а таксама пазбавілі пенсіі за сорак пяць гадоў працы настаўнікам у школе. Так няўдала быў абраны аб'ект, на якім савецкі рэжым паказаў, як строга і няўмольна караюцца парушальнікі сталінскай нацыянальнай палітыкі.

У вялікіх гарадах для абслугоўвання жыдоўскага насельніцтва адчынілі спецыяльныя судовыя камеры, дзе судовыя справы вяліся на жыдоўскай мове. У мястэчках і некаторых месцах, дзе кампактна жылі жыды, былі ўтвораны местачковыя і сельскія жыдоўскія саветы, якія абслугоўвалі насельніцтва на роднай мове.

Мела свае асаблівасці нацыянальная праца з так званым польскім насельніцтвам Беларусі. У Менску і іншых гарадах было некалькі адказных работнікаў - палякаў па нацыянальнасці. Амаль усе яны былі камуністамі, у большасці - з польскай партыі сацыялістычнай (ППС). Радзімай іх была этнічная Польшча. Між тым, каля 25% карэннага беларускага насельніцтва спавядала каталіцтва, 75% беларусаў - праваслаўныя. Яшчэ да рэвалюцыі ксяндзы (амаль усе яны былі палякамі) у касцёле і па-за ім вучылі беларусаў-каталікоў, што ўсе тыя, хто спавядае каталіцтва - палякі. Фактычна гэтыя «палякі» нават не валодалі польскай мовай і па нацыянальнасці былі беларусамі. Пад час правядзення нацыянальнай палітыкі камуністы-палякі, магчыма, толькі з мэтай прапаганды, вядома, з дазволу ЦК камуністычнай партыі, ля самай польска-савецкай мяжы перайменавалі цэлы Койданаўскі раён з трыццацітысячным беларускім насельніцтвам у польскі нацыянальны. Раённы цэнтр мястэчка Койданава стаў горадам Дзяржынскам, а ўвесь раён - Дзяржынскім. У раённым цэнтры на плошчы жорсткаму шэфу раёна ўзвялі манумент - Дзяржынскі стаіць на пастаменце ва ўвесь рост у салдацкім шынялі. У нацыянальным раёне пачалося прымусовае і незразумелае насаджэнне польскай мовы. Усе ўстановы, школы, хаты-чытальні былі пераведзеныя на польскую мову. Раённая газета выходзіла па-польску. Для насельніцтва ўзніклі незразумелыя цяжкасці. Пасля 1930 г. усю працу па арганізацыі нацыянальнага польскага раёна імя Дзяржынскага прызналі дыверсіяй польскіх шпіёнаў. Кіраўнікоў і арганізатараў арыштавалі і пакаралі. Такі самы лёс напаткаў і Шастакоўскі нацыянальны польскі савет імя польскага камуніста Мархлеўскага ў Капыльскім раёне Менскай вобласці. Дзяржынскі раён захаваў толькі назву і стаў беларускім. Былі пакараныя і мясцовыя жыхары гэтага раёна і сельсавета - амаль палова насельніцтва апынулася ў Сібіры. Так дорага абышлася нацыянальная палітыка ні ў чым не вінаватаму насельніцтву.

Беларусізацыя закранула і Чырвоную армію. 2-я дывізія ў Менску і 33-я ў Магілеве прыблізна ў 1927 г. былі перайменаваныя ў Беларускія тэрытарыяльныя дывізіі. Гэтыя дзве дывізіі камплектаваліся выключна беларусамі, меркавалася ў самы кароткі тэрмін каманду і навучанне перавесці на беларускую мову. Для падрыхтоўкі афіцэрскага складу палова навучэнцаў у Менскай афіцэрскай школе таксама камплектавалася выключна беларусамі, і ўсё навучанне адбывалася па-беларуску. У афіцэрскую школу падабралі спецыяльны штат беларусазнаўцаў, якім кіраваў вопытны мовазнаўца Бараноўскі. Былі перакладзены на беларускую мову ўсе вайсковыя статуты Чырвонай арміі. Беларусізацыя гэтых дзвюх дывізій была раптоўна спыненая пасля 1930 г. Беларусазнаўцаў з афіцэрскай вайсковай школы звольнілі, а значную частку іх на чале з кіраўніком пазней і арыштавалі. Да 1932 г. не засталося і знаку беларусізацыі дзвюх тэрытарыяльных дывізій. Раскватараваная дывізія ў Менску была перайменавана з тэрытарыяльнай у вопытную кадравую дывізію. Беларусізацыю частак Чырвонай арміі прызналі варожай дыверсійнай працай.

Для ўмацавання савецкага апарату адзін час прапаноўваўся лозунг аб правядзенні ў Беларусі «карэнізацыі». Сэнс карэнізацыі быў ў тым, што савецкі апарат павінен укамплектоўвацца мясцовымі кадрамі, незалежна ад нацыянальнасці. Меркавалася, што мясцовыя жыхары краю, ведаючы мову, звычаі і побыт беларусаў, будуць бліжэй да народа. Аднак гэтая кампанія не мела шырокага распаўсюджання, яе паглынулі наступныя, больш шырокія.

Пры канцы 1924 г. у Беларусі пад гучнай назвай «тварам да вёскі» пачалося накіраванне адказных работнікаў з цэнтра ў раёны і сельсаветы для агітацыйна-арганізацыйнай працы. Калі нэп набраў тэмп, сялянства апынулася ў вельмі цяжкім стане. Кошт на сельскагаспадарчыя прадукты быў вельмі нізкі, а на прадметы фабрычна-заводскай вытворчасці - неверагодна высокі. Напрыклад, за звычайны тульскі самавар селяніну трэба было плаціць не менш за 320 кг зерня. Тады ўжо панаваў моцны і ўстойлівы савецкі чырвонец, прадукт фінансавай рэформы, якую правёў Сакольнікаў. Сялянства чырвонцаў не мела, а яны былі патрэбныя, каб заплаціць падаткі, купіць лес і дровы, набыць сельскагаспадарчыя інструменты ды ўсё самае неабходнае ў побыце. З мэтай узняць прыгнечаны настрой сялянства на доўгі час паслалі прапагандыстаў, а частка іх так і засталася на сталай працы як адказныя партыйныя кіраўнікі ў раёнах. Адначасова было вырашана вылучыць на адказныя пасады беспартыйных сялян і рабочых. Звычайна вылучэнцы («выдвиженцы») прызначаліся намеснікамі, самастойнай працы ім не давалі, каб пазбегнуць скрыўлення партыйнай лініі. Вылучэнцы, калі былі падабраныя ўдумліва, з улікам іх маральных і справавых якасцяў, на працы сябе апраўдвалі. Праўда, у практычнай дзейнасці ім часта даводзілася прыстасоўвацца да абставінаў, азірацца на партыйцаў і ісці насуперак сваім перакананням, асабліва ў вырашэнні сялянскіх пытанняў. Гэтую гучную і вялікую кампанію лідэры беларускага нацыянальнага руху выкарысталі для пасылкі лепшых сваіх прапагандыстаў, для правядзення на месцах карэнізацыі савецкага апарата, а галоўнае - для падбору вылучэнцаў. Можна паказаць шмат удалых прыкладаў вылучэнства. Так, вялікім аўтарытэтам у Слуцкай акрузе карыстаўся селянін-вылучэнец Федаровіч, які займаў пасаду намесніка акружнога старшыні выканаўчага камітэта. Добра зарэкамендаваў сябе на працы і селянін-вылучэнец Дубоўцаў, які быў намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета БССР. Ён меў неабходныя для адміністравання здольнасці, быў паслядоўны ў нацыянальнай працы, сціплы ў побыце. Частка вылучэнцаў вярнулася да сваёй ранейшай працы ў калгасы і саўгасы. Вельмі нязначная частка ўступіла ў партыю.

Афіцыйнымі органамі, якія павінны былі кіраваць нацыянальнай працай, былі так званыя Нацыянальныя Камісіі ў цэнтры і ў акруговых цэнтрах. У склад нацыянальнай камісіі ўваходзілі прадстаўнікі асобных нацыянальнасцяў. Аднак арганізацыйнага і практычнага значэння нацыянальныя камісіі не мелі. Праца вялася без іх. Гэта была амаль мёртвая надбудова, якіх многа было і ёсць у сістэме савецкага рэжыму.

Усё зробленае нацыяналістамі ў БССР мела каласальны ўплыў на беларусаў, асабліва на моладзь і інтэлігенцыю, у Заходняй Беларусі, што была пад Польшчай. Там беларусы, нават не мелі права набываць уласнасць. Інтэлігенцыя не магла атрымаць працы, не адмовіўшыся ад сваёй нацыянальнасці. Беларускія школы і гімназіі былі зачыненыя, хоць яны і ўтрымліваліся на прыватныя сродкі. Вышэйшая школа для беларускай моладзі стала недасягальнай. Нацыянальную грамадскую арганізацыю «Беларуская Грамада», якая мела 120 тысяч сяброў, забаранілі, а кіраўнікоў судзілі і пасадзілі ў турму. Праваслаўнае духавенства абавязана было весці набажэнства і выкладаць у школах Закон Божы на польскай мове. Насельніцтва Заходняй Беларусі ведала, што ў БССР будуецца дзяржаўнасць, дзяржаўная мова - беларуская, існуе Беларуская Акадэмія навук, дзяржаўны ўніверсітэт ды іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы, патрапіць куды было не вельмі складана. Наадварот, былі так званыя рабочыя факультэты, якія рыхтавалі да паступлення ва ўніверсітэт тых, хто не меў сярэдняй адукацыі. Працавалі нацыянальныя тэатры, квітнела літаратура. Савецкі друк, што даходзіў у Заходнюю Беларусь, радыё і падпольныя камуністычныя арганізацыі ўзмоцнена прапагандавалі працу ў СССР. Савецкае консульства ў Варшаве праз намесніка консула Аляксандра Ўльянава, што быў родам з Менска, шчодра фінансавала далярамі разнастайную антыпольскую прапаганду, пракамуністычны друк і розныя арганізацыі ў Заходняй Беларусі. У выніку сотні маладых людзей з вялікай для сябе рызыкай і небяспекай памкнуліся нелегальна праз мяжу ў БССР, з надзеяй трапіць у светлыя аўдыторыі беларускага ўніверсітэта. Інтэлігенцыя пераходзіла мяжу, каб знайсці працу і прымяніць веды. І колькі ж было потым, пасля 1930 г., горкіх расчараванняў, цяжкога безвыходнага смутку і шкадавання за разбураныя надзеі і маладое жыццё. Яны паддаліся захапленню і даверліва памкнуліся на падступна абманлівы савецкі агонь. Хто мог прадбачыць тады, што вялікая стваральная праца будзе бязлітасна растаптаная, а тысячы беларусаў загінуць у скляпеннях НКУС і канцэнтрацыйных лагерах.

Да 1930 г. змянілася некалькі першых сакратароў Цэнтральнага Камітэта камуністычнай партыі Беларусі. Усе гэтыя сакратары былі пасланнікамі Крамля, фактычна ўпаўнаважанымі ЦК ВКП, ахоўнікамі і праваднікамі генеральнай лініі Палітбюро. Так склалася, што першыя сакратары камуністычнай партыі заўсёды былі прысланыя ў Беларусь і беларусамі не былі. Кожны з іх у большай ці меншай ступені ўплываў на нацыянальную працу. Крэмль не давяраў беларускай камуністычнай арганізацыі, а пасылаў сваіх першых сакратароў. Сярод беларусаў не было камуністаў з дарэвалюцыйным стажам. Бальшыня беларусаў сталі членамі партыі ўжо пасля 1920 г.

Першым сакратаром партыі ў 1920 г. быў паляк Мігуцкі*. У той час нацыянальная праца яшчэ не вялася шырока, было збіранне сілаў і вывучэнне абставінаў. Асаблівага ўплыву на жыццё беларускага народа Мігуцкі не меў. Яго дзейнасць выяўлялася ў выступленнях на мітынгах і сходах. Мітынговым прамоўцам ён быў някепскім. Мігуцкага змяніў латыш Вільгельм Кнорын. Сваёй дзейнасцю ён пакінуў след, тым больш што на пасаду сакратара ў Беларусь ён накіроўваўся двойчы. Кнорын зжыўся з лідэрамі беларускага руху і разумеў памкненні беларусаў да нацыянальнага адраджэння, ён дапамагаў у нацыянальнай працы і падтрымліваў ініцыятыву беларусаў. Пасля Кнорына быў сакратар Асадкін, расеец па нацыянальнасці. Ён сябе ніяк не выявіў, пры ім да БССР была далучана Віцебская і Магілеўская губерні, і ў хуткім часе Асадкіна адклікалі ў Маскву. Пасля яго прыслалі Аляксандра Крыніцкага, таксама расейца. Партыйнае кіраўніцтва ён ажыццяўляў каля трох гадоў. Крыніцкі па натуры быў кар'ерыст, у сваёй дзейнасці мала самастойны, увесь час азіраўся на Крэмль. У партыі тады пераважаў беларускі ўплыў, Крыніцкі быў адзін. Беларусы ў сваіх інтарэсах выкарыстоўвалі крамлёўскі лозунг пра будаўніцтва «культуры нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па змесце». Крыніцкі не мог перашкаджаць нацыянальнай працы, галоўным для яго было ўсачыць, каб гэтая культура захавала сацыялістычны змест. Крыніцкі не карыстаўся аўтарытэтам сярод партыйцаў. Ён быў адкліканы ў Маскву ў агітацыйна-прапагандысцкі аддзел ЦК ВКП. Пасля пераезду ў Маскву ён хутка забыўся на працу ў Беларусі. Калі Крыніцкі быў загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды ў Крамлі, то на адным з пасяджэнняў рэзка спыніў прадстаўніка Беларусі, які выступаў на беларускай мове (бо добра не валодаў расейскай), зрабіў яму заўвагу і прапанаваў гаварыць па-расейску. Пасля Крыніцкага сакратаром быў Ян Гамарнік, нібыта аўстрыец па нацыянальнасці. Карэктны і тактоўны, добры выступоўца і арганізатар, у нацыянальную працу ён не прынёс ніякіх зменаў. У Беларусі Гамарнік асабліва блізка ні з кім не кантактаваў. Дзейнасць яго была непрацяглай, спачатку яго прызначылі начальнікам Палітычнага ўпраўлення Беларускай ваеннай акругі, а потым перавялі на пасаду начальніка Палітычнага ўпраўлення Чырвонай арміі. Прыкладна ў 1928 або 1929 г. Крэмль паслаў сакратаром у Беларусь эстонца Гея.

* Памылка. Маецца на ўвазе В.А.Багуцкі.

За параўнальна кароткі тэрмін нацыянальная праца ў Беларусі прайшла вялізны шлях. Нацыянальнае адраджэнне стала неаспрэчным фактам. Былі выхаваны нацыянальныя кадры, якія займалі пасады ў дзяржаўным апараце. Край загойваў раны пасля войнаў і акупацыяў. Здавалася, вайсковы камунізм знік незваротна. Узнікалі думкі пра заваёўванне новых пазіцыяў. Усе нацыянальныя мерапрыемствы і праца знаходзілі бясспрэчную падтрымку з боку беларускага народа. Поспехі былі дасягнутыя таму, што лідэры нацыянальнага руху ў сваёй дзейнасці не былі адны, яны заўсёды знаходзілі падтрымку і дапамогу. Партыйнае кіраўніцтва, якое прысылала Палітбюро ў асобе першых сакратароў, да правядзення нацыянальнай працы ў большасці выпадкаў ставілася фармальна. Іх не цікавіла вывучэнне мовы, побыту, культуры таго народа, дзе яны фактычна ажыццяўлялі вярхоўнае кіраўніцтва. Адзін Кнорын, магчыма, разумеў сваё прызначэнне. Сакратар Крыніцкі, хоць і вывучыў беларускую мову ды часам выступаў па-беларуску, рабіў гэта дзеля эфекту перад Крамлём і з мэтай партыйнай кар'еры.

Да 1930 г. быў адзіны працэс, накіраваны непасрэдна супраць нацыяналіста. У 1926 г. у Слуцку арыштавалі беспартыйнага выкладчыка беларускай мовы ў сярэдніх школах Юрыя Лістапада. Судзілі яго ў Менску за арганізацыю нейкай змовы супраць савецкай улады. Суд быў публічны, з пракурорамі і абаронцамі, з мноствам публікі. Студэнты ладзілі Лістападу бурныя авацыі, пад час працэсу неслі кветкі. Аднак увесь працэс быў арганізаваны хітра і падступна. Суддзямі былі інтэлігенты-беларусы, а грамадскім абвінаваўцам - вядомы беларускі пісьменнік-нацыяналіст Зміцер Жылуновіч. Усё арганізавалі так, што палымяныя прыхільнікі Лістапада павінны былі яго судзіць і абвінавачваць. Лістападу прысудзілі пяць гадоў прымусовага папраўчага дому (так тады яшчэ называліся турмы). Аднак хмары збіраліся, хоць працэс над Лістападам хутка забыўся. Надыходзіла сутонне нэпа, ужо пры канцы 1928 г. у гарадах стаў адчувацца недахоп прадуктаў. На Ўкраіне і ў іншых хлебных месцах пачалі арганізоўвацца першыя машынна-трактарныя станцыі, прадвеснікі хуткай калектывізацыі.

На пачатку 1930 г. першай ахвярай ДПУ стаў лідэр беларускіх нацыяналістаў акадэмік, прафесар Усевалад Ігнатоўскі. Яго выклікалі ў ДПУ на допыт, і пасля допыту ён застрэліўся на сваёй кватэры. Прафесар Ігнатоўскі быў вельмі добра вядомы і папулярны сваёй выдатнай дзейнасцю. На той час ДПУ яшчэ не адважылася кінуць яго ў скляпенне і расправіцца. Пазней хаділі чуткі, што ДПУ дамагалася ад прафесара Ігнатоўскага, каб той назваў асобаў нацыянальнага руху, якія ставілі задачу звяржэння ў Беларусі савецкага рэжыму і ўсталявання дэмакратычнага ладу. Прафесар аддаў перавагу смерці. Другім адчувальным ударам быў арышт наркамзема БССР Дзмітрыя Прышчэпава. Выхадзец з народа, былы настаўнік, ён выдатна разумеў імкненне беларускага сялянства мець у адзінаасобным карыстанні сваю ўладкаваную гаспадарку, ведаў прычыны адсталасці, беднасці і галечы ў вёсцы. Дзейнасць Прышчэпава да калектывізацыі была накіраваная на ўмацаванне адзінаасобнай сялянскай гаспадаркі, якая павінна будавацца ў невялікіх пасёлках і часткова на хутарах, дзе селяніну давалася шырокая ініцыятыва вольнай працы пры дзяржаўнай агранамічнай дапамозе. Такі кірунак ў працы наркамзема апынуўся ў поўнай супярэчнасці з абвешчанай Крамлём калектывізацыяй сельскай гаспадаркі. Крэмль патрабаваў нябачных тэмпаў калектывізацыі. Уся праца ў краіне была накіраваная на разбурэнне адзінаасобных гаспадарак і на замену іншай, так званай сацыялістычнай, формай землекарыстання. Гаспадаркі моцных сялян зусім разбураліся, іх уласнікаў залічвалі ў бяспраўную катэгорыю кулакоў, якіх у нечалавечых умовах вывозілі ў гіблыя бязлюдныя мясціны Сібіры. Да непакорлівых сялян прымацоўвалася пазнака падкулачніка, на іх уздзейнічалі эканамічна (высокі індывідуальны падатак) і публічна цкавалі. Між тым, у руках заможнай часткі сялянства былі ганаровыя граматы і дыпломы, выдадзеныя ад імя савецкага ўрада за высокія паказчыкі ў вобласці жывёлагадоўлі, садаўніцтва, гародніцтва і інш. У гэтай разбуральнай працы наркамзем павінны быў першым знішчаць усё, што з душою будавалася ў перыяд нэпа. Патрэбныя былі новыя людзі. Прышчэпаву прычапілі ярлык ворага народа і шкодніка, памочніка і абаронцы кулакоў, насаджальніка варожых сацыялістычнаму землекарыстанню хутароў і пасёлкаў. У афіцыйных дакументах і прапагандзе дзейнасць Дз. Прышчэпава зняважліва называлася «прышчэпаўшчынай». Аднак зганьбаваная дзейнасць наркамзема Прышчэпава пакінула глыбокі след і добрую памяць сярод беларускага сялянства.

Смерць акадэміка прафесара Ігнатоўскага і арышт Прышчэпава не сталі адзінкавымі. Амаль адначасова была арыштаваная вялікая група выдатных культурных і гаспадарчых працаўнікоў. Сярод іх вельмі папулярны мовазнаўца акадэмік Язэп Лёсік, вядомы беларускі географ акадэмік Аркадзь Смоліч, сакратар Беларускай Акадэміі навук акадэмік Вацлаў Ластоўскі, рэктар універсітэта прафесар Уладзімір Пічэта і інш.

Адбыліся вялікія змены і ў працы ДПУ. Гэтая арганізацыя атрымала пастаянны і непадкантрольны ордэр на арышт членаў партыі. Аж да 1930 г. ДПУ не датыкалася да ўнутраных справаў камуністычнай партыі. Партыя сама вяршыла суд над непакорнымі членамі. У яе былі свае кантрольныя і карныя органы - Цэнтральная Кантрольная Камісія і яе ўпаўнаважаныя ў рэспубліцы і вобласцях. Партыйныя арганізацыі вінаватым членам партыі давалі вымовы, здымалі з адказных пасадаў і выключалі з партыі. Калі член партыі здзяйсняў крымінальнае злачынства, ён выключаўся з партыі, у яго адбіралі партыйны білет і потым ужо без партыйнага білета арыштоўвалі і аддавалі пад суд. За палітычныя злачынствы членаў партыі сама партыя таксама адбірала партыйны білет, ДПУ ўзгадняла дазвол на арышт. Аднак было б няслушным меркаваць, што ДПУ не сачыла за дзеяннямі членаў партыі. Не, гэты орган быў усюдыісным і фіксаваў самыя дробныя дзеянні.

 

II

 

Наступнай ахвярай ДПУ стаў народны камісар асветы БССР Антон Баліцкі. Да 1928 г. ён быў намеснікам, але і тады фактычна кіраваў усёй працай наркамата. Прафесар Усевалад Ігнатоўскі меў шмат абавязкаў апрача Наркамата асветы. Шмат увагі ён аддаваў Інстытуту беларускай культуры, чытаў лекцыі ва ўніверсітэце і сельскагаспадарчым інстытуце, літаратурна-навуковая праца таксама адбірала шмат часу. Прафесар Ігнатоўскі напісаў некалькі даследаванняў па гісторыі Беларусі, а «Кароткі нарыс па гісторыі Беларусі» да яго смерці быў асноўным падручнікам у сярэдніх школах.

У першай палове 1930 г. А.Баліцкі быў зняты з працы наркама асветы, аднак пасля звальнення яго не арыштавалі. Напэўна, ужо тады ДПУ распрацоўвала план «вялікіх» арыштаў. Ім патрэбны быў матэрыял, каб «прышпіліць» А.Баліцкага да працэсу па змове. Для гэтага ДПУ разлічвала грунтоўна папоўніць абвінаваўчы матэрыял яшчэ і сведчаннямі асобаў, пазней арыштаваных. На той час арышт буйных рэспубліканскіх працаўнікоў выклікаў сенсацыю, да масавых арыштаў такіх асобаў яшчэ не прызвычаіліся. Бюро ЦК камуністычнай партыі, зняўшы А.Баліцкага з пасады ў Наркамасветы, прыняло пастанову паслаць яго на так званую нізавую працу агітатарам-прапагандыстам у чыгуначныя майстэрні Гомеля. Такое рашэнне, відаць, было следствам ціску членаў бюро ЦК - беларусаў, мелася на ўвазе крыху адхіліць Баліцкага ўбок, каб пра яго ў Менску на нейкі час забыліся. Афіцыйнае матываванне такога рашэння было ў тым, каб Антон Баліцкі, што нарабіў у сваёй працы шмат памылак, «паварыўся» ў працоўным катле вялікага прадпрыемства, якім ва ўмовах Беларусі былі майстэрні ў Гомелі, дзе налічвалася больш за дзве тысячы рабочых. Трэба адзначыць, што А.Баліцкі меў вялікія арганізатарскія здольнасці, працаздольнасць, уменне выбраць патрэбных супрацоўнікаў. Пад час яго працы наркамам асветы быў распрацаваны і даволі паспяхова выконваўся генеральны план увядзення ўсеагульнага абавязковага навучання па беларускай сістэме народнай адукацыі. У гэтую справу шмат працы і практычных ведаў унёс стары педагог Д.Сцяпура. Антон Баліцкі належаў да так званай групы беларусаў-«адэсітаў». Пад час першай сусветнай вайны А.Баліцкі быў афіцэрам, і разам з іншымі вайскоўцамі на Румынскім фронце пасля лютаўскай рэвалюцыі ў 1917 г. арганізаваў беларусаў-франтавікоў. Гэтая група арганізатараў потым асталявалася ў Адэсе і трымала сувязь з менскімі нацыянальнымі дзеячамі. Пасля развалу фронта немцы занялі значную тэрыторыю Беларусі, а бальшавікі ставілі сабе на мэце чырвонагвардзейскімі атрадамі «вызваліць» Беларусь. З А.Баліцкім у Адэсе быў у той час адзін выдатны беларус Сцяпан Некрашэвіч. Пазней ён шмат працы і энергіі аддаў на стварэнне Інстытута беларускай культуры, потым быў віцэ-прэзідэнтам Беларускай Акадэміі навук. У Адэсе ад імя беларусаў 13 студзеня 1919 г. С.Некрашэвіч меў неасцярожнасць вітаць французскага генерала Бартэля. Пра гэты выпадак было вядома ў Менску. Калі пачаўся разгром нацдэмаў, С.Вальфсон у сваёй працы «Ідэалогія і метадалогія нацдэмаўшчыны», накіраванай супраць нацдэмаў, пісаў так: «С.Некрашэвіч вітаў у Адэсе генерала Бартэля «ад імя Нацыянальнага Цэнтра Беларусі як галоўнакамандуючага саюзнымі сіламі на Поўдні Расеі, якія прыносяць нам не толькі надзею, але, я сказаў бы, упэўненасць хуткага вызвалення ад гвалту бальшавікоў, што на працягу больш чым пятнаццаці месяцаў знішчаюць наш край»... Некрашэвіч прасіў у генерала Бартэля вайсковай дапамогі» (с. 69-70).

Беларусь стала савецкай, беларусы-«адэсіты» вярнуліся ў Менск і шмат хто з іх заняў адказныя пасады. Аднак пра выпадак з вітаннем Сцяпанам Некрашэвічам генерала Бартэля не забыліся, факт узялі з архіва і пры кожным выпадку ён фігураваў як яскравы ўзор палітычнай ненадзейнасці не толькі Некрашэвіча, але і ўсёй групы «адэсітаў». Разлікі беларусаў не спраўдзіліся, прызначэнне Антона Баліцкага ў Гомель не выратавала яго ад ДПУ. Ён быў арыштаваны, не пачаўшы працаваць у Гомелі, асуджаны і высланы, каб адбываць пакаранне на Мядзведжай гары ў раёне будаўніцтва Беламорскага канала. Напэўна, А.Баліцкі там загінуў, бо ніякіх звестак пра яго больш няма. Трагічным быў і лёс яго жонкі. Доктар медыцыны па адукацыі, яна не была арыштаваная, але страціла розум.

Значнае месца ў нацыянальнай працы займала Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. У Беларусі гэта была адзіная ўстанова, якая выпускала ўсе друкаваныя матэрыялы, за выключэннем газет і часопісаў. Выдавецтва таксама рэгулявала чарговасць таго, што друкавалася. Кіраваў выдавецтвам вядомы беларускі пісьменнік і палітычны дзеяч старэйшага пакалення Зміцер Жылуновіч (псеўданім Цішка Гартны). З ім, відаць, было цяжэй разлічыцца. Рэч у тым, што З.Жылуновіч быў арганізатарам БССР і першым старшынёй Саўнаркама, яго асабіста ведаў Сталін, які на час арганізацыі Савецкай Беларусі быў камісарам нацыянальнасцяў. Аднак З.Жылуновіч ад кіраўніцтва выдавецтвам быў адхілены, але ў партыі пакінуты. Працаваў ён у Акадэміі навук. Лёс стваральніка БССР павучальны і трагічны. Ён паходзіў з працоўнай сям'і рэвалюцыйнага мястэчка Капыль Менскай губерні, прайшоў цяжкі, багаты на падзеі жыццёвы шлях. У адрозненне ад іншых глухіх мясцін радзіма Жылуновіча вылучалася арганізаванай рэвалюцыйнасцю насельніцтва. Пра гэта сведчыць той факт, што ў 1905 г. улады вымушаныя былі трымаць у гэтым мястэчку роту жаўнераў дзеля захавання парадку. На той час тут можна было сустрэць прадстаўнікоў усіх рэвалюцыйных партый - сацыялістаў-рэвалюцыянераў, сацыял-дэмакратаў, народнікаў і даволі значную колькасць бундаўцаў. У такім рэвалюцыйным атачэнні прайшло дзяцінства і юнацтва З.Жылуновіча. Працаваў ён гарбаром. Быў дапытлівы, здольны. Трапіў у Пецярбург, дзе нейкі час наведваў універсітэт Шаняўскага. Пад час рэвалюцыі 1917 г. ён з галавой увайшоў у рэвалюцыйную дзейнасць, закінуўшы нават пісьменніцкую працу. Калі ў Беларусі ўсталявалася савецкая ўлада, адначасова былі дасягнутыя значныя поспехі ў нацыянальнай працы ў перыяд нэпа, Зміцер Жылуновіч і іншыя нацыянальныя дзеячы прыйшлі да няслушных высноваў і зрабілі шэраг палітычных памылак. Перакананы дэмакрат і нацыяналіст, З.Жылуновіч высока ацэньваў культуру і побыт Захаду. Ён захапляўся арганізаванасцю і ўпарадкаванасцю жыцця ў Нямеччыне, дзе пражыў больш за год, калі кіраваў друкаваннем падручнікаў для беларускіх школаў. Шчыра верыў, што ў БССР будзе пабудаваная сапраўды народная дэмакратычная рэспубліка. Гэты памылковы погляд падзялялі шмат якія беларускія дзеячы таго часу. Гэтымі памылковымі высновамі пакарысталася Масква. На Жылуновіча ўсклалі місію «ўгаварыць» беларускіх эмігрантаў, асабліва сяброў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, здаць свае мандаты ад Беларускага Кангрэсу і вярнуцца ў Менск, дзе ім будзе дадзена адказная праца. Не ведаючы яшчэ метадаў працы Крамля, некаторая частка вядомых палітычных беларускіх эмігрантаў паддалася на ўгаворы і вярнулася на радзіму. Пазней усіх іх ліквідавала ДПУ.

У 1926 г. Зміцер Жылуновіч быў адным з ініцыятараў і арганізатараў Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. На канферэнцыі прысутнічалі і эмігранты-беларусы, што прыехалі з-за мяжы. Брыгада кафедры марксізму-ленінізму, аддзел мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук у выкрыцці нацдэмакратызму так пісалі пра гэта: «Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі фактычна была адкрытай дэманстрацыяй нацыянал-дэмакратычных сілаў - як тых, што знаходзіліся ў БССР, так і тых, якія ў той час былі за мяжой Савецкай Беларусі і прыехалі на канферэнцыю з эміграцыі - Ластоўскі, Езавітаў, Жылка, Галавінскі і іншыя» (с. 110-111). У зале, дзе адбывалася Акадэмічная канферэнцыя, не было партрэтаў правадыроў і савецкага сцяга, не было, вядома ж, і прапагандысцкіх лозунгаў. Усё гэта, зразумела, было магчымым у 1926 г., калі беларускім эмігрантам хацелі паказаць, што культурная праца ў БССР не звязаная з палітыкай. За ўсё гэта дорага расплочваўся Зміцер Жылуновіч з 1930 г. і да самай смерці. Яму прыгадалі ўсё. У 1933 г. у час чысткі партыі ён быў выключаны. Пры канцы 1936 або на пачатку 1937 г. Жылуновіча арыштавалі. Ад катаванняў на допытах ён страціў розум і быў накіраваны ў Магілеў у арыштанцкае аддзяленне лякарні для псіхічна хворых. Там ён памёр ці быў атручаны. Яшчэ ў 1937 г. адзін яго прыхільнік (як ні дзіўна, начальнік раённай міліцыі) спрабаваў сакрэтна вызначыць, дзе быў пахаваны гэты пакутнік. ДПУ ўмее хаваць сляды, пошукі нічога не далі.

У палове 1930 г. у Менску ДПУ былі праведзены масавыя арышты. Арышты амаль не закранулі правінцыю. Былі арыштаваныя вядомыя культурныя беларускія дзеячы Акадэміі навук, універсітэта, Наркамасветы і часткова Наркамзема. Сярод арыштаваных быў і намеснік наркамзема Прышчэпава Алесь Адамовіч. Яшчэ юнаком ён актыўна ўдзельнічаў у савецкай працы Бабруйскага ўезда Менскай губерні. Праз некалькі гадоў яго запал зменшыўся і прыблізна ўжо да 1925 г. ён стаў заўзятым народнікам і нацыяналістам. Перад аднадумцамі А.Адамовіч горача і шчыра каяўся, што ў першыя гады сваёй савецкай працы з-за нявопытнасці не быў дастаткова чулым да патрэбаў абяздоленага савецкага сялянства. Адамовіч рана разгледзеў сэнс, курс і тактыку камуністычнай партыі. Калі ён знаходзіўся ў менскай турме, то, па словах відавочцаў, зусім не быў прыгнечаны арыштам, а быў бы нават засмучаны, каб якім-небудзь цудам быў вызвалены з турмы. Адбываць пакаранне А.Адамовіча выслалі ў Салавецкі лагер. Адзін з ацалелых вязняў гэтага лагера ўкраінец Підгайны ў сваіх успамінах «Недастраляныя» на с. 115 піша пра А.Адамовіча так: «Адамовіча я, праўда, на Салаўках не сустракаў, але ён быў у 1937 г. у ізалятары на «Мораплаве», дзе яго абвінавачвалі ў нейкіх смяротных фашысцкіх грахах, і як быццам за гэта атрымаў ён там яшчэ новых дзесяць гадоў зняволення». Далейшых слядоў Адамовіча няма. Малады і здаровы, відаць, загінуў у суровых ізалятарах.

Сярод культурных дзеячаў, арыштаваных у 1930 і 1931 г., большасць сфармавала свае палітычныя погляды яшчэ да рэвалюцыі. Шмат хто меў навуковыя працы. Прафесар гісторыі Мітрафан Доўнар-Запольскі сваю першую працу «Очерки истории кривичской и дреговичской земель до конца ХII столетия» выдаў у 1891 г. у Кіеве. «Литовская метрика» (СПб, 1903), «Исследования и статьи. Т.1. Этнография и социология - обычное право, статистика, белорусская письменность» (Кіеў, 1900), «Асновы Дзяржаўнасці Беларусі» (Вільня, 1919, на беларускай мове) - гэты кароткі пералік часткі шматлікіх прац прафесара Доўнара-Запольскага сведчыць пра кірунак яго навуковай дзейнасці з (1891) года. Ён быў арыштаваны ў 1930 г. і высланы ў Сібір, дзе і загінуў, ужо ў сталым узросце.*

* Недакладна. Доўнар-Запольскі ў Сібір не высылаўся. Памёр у Маскве ў 1934 г.

Прафесар Максім Гарэцкі таксама арыштаваны ў 1930 г., высланы ў Сібір, дзе і загінуў у 1937 г. Ён напісаў: «Гісторыя беларускай культуры» (Вільня, 1921), «Гісторыя беларускай літаратуры» (Менск, 1926), «Хрэстаматыя беларускай літаратуры ХI - 1905 г.». Усё напісана па-беларуску. Прафесар Пічэта, шматгадовы (вядома, параўнальна) рэктар Беларускага ўніверсітэта, меў вельмі шмат гістарычных прац. Калі быў рэктарам універсітэта, напісаў «Гісторыю Беларусі» (ч. 1, Менск, 1924), «Пытанні вышэйшай школы ў Беларусі ў мінулым» (Менск, 1923). Гэтыя працы напісаныя па-беларуску. Прафесар Пічэта быў арыштаваны ў 1930 г. Калі яго выпадкова вызвалілі з высылкі, ён напісаў яшчэ «Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии» (Масква, 1940). Не маючы магчымасці пазнаёміцца з гэтай працай прафесара Пічэты, можна смела сцвярджаць, што матэрыял напісаны па замове для абгрунтавання захопу Чырвонай арміяй Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Прафесар геаграфіі Беларускага ўніверсітэта Мікалай Азбукін арыштаваны і высланы ў Сібір у горад Налінск у 1930 г., пра яго далейшы лёс звестак няма. Акадэмік філолаг Язэп Лёсік быў арыштаваны і высланы ў 1930 г., а ў 1936 г. у турме пад час яжоўшчыны быў закатаваны да смерці. Я.Лёсік, асабліва пасля арышту <...> Вядомая брыгада кафедры марксізму-ленінізму Беларускай Акадэміі навук, што складалася з «вучоных» Л.Бабровіча, І.Шпілеўскага, В.Бандарэнкі, С.Вальфсона і Я.Мацюкевіча, пісала: «Пасля таго, як Чырвоная армія выгнала з тэрыторыі цяперашняй Беларусі белапалякаў і белабандытаў з БНР, частка былых міністраў, Я.Лёсік і іншых радаўцы, засталіся ў Менску. З дапамогай прыслужнікаў французскага генерала Бартэля Баліцкага і Некрашэвіча, якія прыехалі з Адэсы, яны пачалі сваю «працу». Калі ў выніку перамогі рабочага класа пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі ўзнікла думка пра арганізацыю ў БССР Навукова-даследчага цэнтра (Інстытут беларускай культуры), нацдэмы адразу выявілі значную актыўнасць, каб захапіць гэты цэнтр і выкарыстаць яго ў антыпралетарскіх мэтах. Яны сталі групавацца вакол Народнага камісарыята асветы, каб адразу ж пачаць «працу». Сабраўшыся ў Наркамасветы пад крылом Ігнатоўскага, яны заслухалі 27 студзеня 1921 г. адпаведны даклад Некрашэвіча, таго Некрашэвіча, які толькі 13 студзеня 1919 г. пісаў ліст французскаму генералу Бартэлю, дзе прасіў у яго дапамогі для вызвалення «радзімы» Беларусі ад варвараў бальшавікоў» (с. 130). У іншым месцы брыгада пісала: «На жаль, высілкі нацдэмаў у гэтым кірунку мелі значны поспех. Так, напрыклад, Лёсік і Ластоўскі даволі шмат дамагліся ў ліквідацыі такога ненавіснага рэакцыянера ўсіх колераў, як «таварыш». Гэтае насычанае рэвалюцыйнай эмацыйнасцю слова ... агульнымі высілкамі нацдэмаў было амаль выштурхнутае з беларускай мовы і замененае ў поўнай адпаведнасці з «скарынаўскай традыцыяй» патрыярхальна-пачцівым «дзядзька» (дядя) ... І адказныя савецкія работнікі, часта партыйцы, тытулавалі і цяпер тытулуюць адно аднаго «дзядзькамі» і «цёткамі» (дядя і тетя). Лёсік у 1918-1919 г. у белагвардзейскіх газетах, адчуўшы сваю сілу, здзекваўся з слова «таварыш», якое яны нязменна бралі ў насмешлівае двукоссе... Калі савецкая ўлада перамагла, ім амаль што ўдалося выгнаць гэтае ненавіснае слова з ужывання ...» (с. 124).

Прафесар філолаг Чаржынскі (Дзяржынскі) Уладыслаў арыштаваны і высланы ў Казань. Некалькі яго прац па гісторыі беларускай літаратуры карысталіся шырокай вядомасцю. Так, яго «Выпіскі з беларускай літаратуры ХIХ-ХХ стагоддзя» (Менск, 1926) былі асноўным дапаможнікам для выкладчыкаў беларускай літаратуры. З кароткага пераліку арыштаваных бачна, што гэта былі людзі старэйшага пакалення. Яны былі асноўнымі і актыўнымі дзеячамі культурнага адраджэння, выхавацелямі і настаўнікамі маладых кадраў, усе мелі грунтоўную навуковую падрыхтоўку.

Другую групу арыштаваных складалі маладыя пісьменнікі, дацэнты, выкладчыкі школ, выхаваныя ў савецкі час, якія выявілі свае здольнасці. Большасць з іх выйшла з народа, галоўным чынам з сялянства. Усё гэта была адораная моладзь, стойкая і адданая. Адам Бабарэка - з сялян, дацэнт філалогіі, таленавіты літаратурны крытык, першы раз быў арыштаваны ў 1930 г., загінуў у турме ў 1937 г. Малады таленавіты паэт Уладзімір Дубоўка першы раз быў арыштаваны і высланы ў 1931 г., у 1934 г. яго перавялі на высылку ў Чувашыю, а ў 1937 г. быў высланы ў Сібір. Яшчэ адзін таленавіты малады паэт Алесь Дудар у 1929 г. першы раз быў высланы ў Смаленскую вобласць, другі раз быў арыштаваны ў 1937 г. і ў турме закатаваны да смерці. Васіль Шашалевіч - драматург, першы раз арыштаваны ў 1930 г., другі раз - у 1936 г. і высланы на Калыму, дзе і загінуў.

Характэрнай рысай арыштаў 1930 і 1931 г. было тое, што нязначнай частцы арыштаваных у якасці пакарання была прызначана вольная высылка. На той час яшчэ не збудавалі дастатковай колькасці канцэнтрацыйных лагераў, таму і высылалі на вольнае пасяленне. Аднак гэта не была высылка з мяккім рэжымам. Для зручнасці назірання за высланымі ДПУ звычайна канцэнтравала іх у маланаселеных паселішчах паўночных губерняў, дзе яны не маглі знайсці працу, каб зарабіць на харчаванне. Калі ўлічыць, што большасць высланых - людзі разумовай працы, часта ўжо сталага ўзросту, няздольныя да працы фізічнай, а іх літаратурная праца стала ўжо нікому не патрэбная, то становішча высланых было вельмі цяжкім. Не ўсе мелі сваякоў, якія маглі б сістэматычна дапамагаць ім. Трыццатыя гады - самыя цяжкія, галодныя, насельніцтва ўтрымлівалася на мізэрных нормах харчавання, таму значная частка высланых была асуджана на галоднае выміранне.

На працягу 1930-1931 г. была зрэзаныя вярхі дзеячаў нацыянальнага руху ў Беларусі. ДПУ сваю справу зрабіла, паўстала задача прапагандай апраўдаць такі круты і нечаканы паварот палітыкі. Суд над арыштаванымі быў закрытым, людзі знікалі, каб пазней апынуцца ў Сібіры, на Салаўках, на будаўніцтве Беламорскага канала ці ў высылцы. Хадзілі чуткі, што арыштаваных абвінавацілі ў арганізацыі і прыналежнасці да «Саюза адраджэння Беларусі» і «Саюза вызвалення Беларусі». Звычайна ў тыя часы ДПУ ў сваёй друкарні выдавала тэндэнцыйна падабраныя вытрымкі з «паказанняў» арыштаваных, здабытых гвалтоўным шляхам. У выглядзе спецыяльнай брашуры, як зусім сакрэтны, гэты матэрыял перадаваўся для азнаямлення высокаадказным камуністам. Партыйныя газеты, часопісы і спецыяльныя выкрывальныя «працы» спасылаліся на вытрымкі з паказанняў, не называючы крыніцы, з якіх атрыманы паказанні арыштаваных. Вытрымкамі мог пакарыстацца таксама сакратар ЦК партыі, член бюро ЦК у сваіх выступленнях дзе-небудзь на сходзе партыйнага актыву.

Задачай прапаганды было паказаць нацыянальны рух у Беларусі як контррэвалюцыйную, шкодніцкую, шпіёнскую працу беларускіх нацыяналістаў, накіраваную на адлучэнне БССР ад Савецкага Саюза і на стварэнне буржуазнай нацыянальна-дэмакратычнай рэспублікі. Арыштавалі беларускую інтэлігенцыю, мозг нацыянальнага руху, яго тэарэтыкаў і практычных выканаўцаў. Прапаганда павінна была іх скампраметаваць, паказаць у самым агідным выглядзе не толькі ў гэтай дзейнасці, але і выкарыстаць розныя выпадкі з прыватнага жыцця і грамадскай дзейнасці, незалежна ад таго, калі і пры якіх абставінах яны былі. Улічвалася, вядома, і сацыяльнае паходжанне. Было зроблена ўсё, каб абняславіць арыштаваных. Нацыянальны рух зневажальна ахрысцілі «нацдэмаўшчынай», а ўсіх, хто ўдзельнічаў у нацыянальнай працы ці спачуваў нацыяналістам, назвалі «нацдэмамі». Савецкі друк, прамоўцы на афіцыйных і неафіцыйных сходах у розных варыянтах скланялі гэтыя эпітэты. Характэрна, што да беларускага нацыяналізму прышпілілі і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў - буйнога савецкага работніка летувіса Пятра Амбражунаса, беларускага пісьменніка жыда Самуіла Плаўніка, вядомага пад псеўданімам Змітрок Бядуля. Брыгада кафедры марксізму-ленінізму Беларускай Акадэміі навук у выкрывальных працах пісала: «Не адставаў і З.Бядуля, на старонках "Беларускага Шляху" пад бойкім псеўданімам ён пісаў: "Наша мова - гэта тая святыня-пакутніца, якая вытрымала розныя катаванні і варожы ўціск, і тым не менш не была пераможаная, жыве і сёння"» (с. 100-101). Дырэктар Інстытута філасофіі Акадэміі навук акадэмік С.Вальфсон у сваёй таксама выкрывальнай працы «Ідэалогія і метадалогія нацдэмакратызму» пісаў: «Нацдэмы ў сваёй дзейнасці кіраваліся "залатым правілам" пра тое, што без Бога ні да парога. І таму паэты пачыналі свае працы псалмамі пра тое, што "Істота мая рвецца да Бога, да Госпада жывога" (Бядуля)... Істота нацдэмаў нязменна "рвалася да Бога"» (с. 39-40). Гэтыя думкі З.Бядулі занатаваныя ў 1918 г., а прыгадаў іх акадэмік Вальфсон у 1930 г. Між іншым, пісьменнік Змітрок Бядуля ацалеў ад арыштаў, памёр у 1941 г. і нават трапіў у «Анталогію беларускай паэзіі», якая выйшла ў Ленінградскім выдавецтве ў 1948 г. Па заданні сакратара ЦК камуністычнай партыі Гея ў Акадэміі навук былі створаныя «брыгады», якія старанна вышуквалі ў друкаваных працах, у стэнаграмах дакладаў і выступленняў элементы нацдэмаўшчыны. Старанна рэвізаваліся паэзія і проза западозраных у «нацдэмаўшчыне» пісьменнікаў, газетныя артыкулы і г. д. Апрача арыштаваных, шукалі новых, т. зв. нявыяўленых нацдэмаў. Нападкі ператвараліся ў цкаванне. У выніку вядомы беларускі паэт Янка Купала быў даведзены да адчаю і спрабаваў скончыць жыццё самагубствам спосабам японскіх самураяў. Старанна праглядваліся школьныя падручнікі. Большасць падручнікаў былі знятыя з ужытку, асабліва хрэстаматыі для чытання, граматыкі, зборнікі дыктовак. Адны здымаліся аўтаматычна з прычыны арышту іх аўтара, незалежна ад зместу. Іншыя падручнікі былі знятыя, бо не адпавядалі эпосе калектывізацыі сельскай гаспадаркі і сталінскіх пяцігодак. У хрэстаматыях для чытання не дазвалялася называць узорныя адзінаасобныя гаспадаркі пасялкоўцаў або хутаран, у задачніках - выкарыстоўваць прыклады з жыцця адзінаасобнай гаспадаркі. Настаўнікі павінны былі самі выдумляць арыфметычныя задачы з жыцця калгасаў, гандлю кааператыўных крамаў, пры гэтым у задачах павінен фігураваць калгасны прадукт толькі высокай якасці, а скаціна - толькі ўкормленая. Тое самае і ў дачыненні да кааператыўнага гандлю. Дазвалялася прыводзіць толькі такія прыклады, якія б пацвярджалі перавагу кааператыўнага гандлю над прыватным. Некаторыя настаўнікі, асабліва ў правінцыі, не дасведчаныя ў тонкасцях гэтай савецкай палітыкі, не толькі здымаліся з працы, але і арыштоўваліся за прыблізна такі сказ у дыктоўцы: «На лузе пасвіліся тры худыя калгасныя каровы». Усё гэтае, безумоўна, адбілася на якасці школьнай працы. Аднак кіраўнікі школьнай справы менш адказвалі за адсутнасць у школах падручнікаў, чым за карыстанне «ідэалагічна нявытрыманымі <...>».

Строга пераглядаўся і рэпертуар тэатраў. Усё, што хоць аддалена нагадвала беларускае нацыянальнае, са сцэны выганялася, нягледзячы на мастацкую вартасць п'есы. У Першым беларускім тэатры была знятая цудоўная феерыя «На Купалле», пабудаваная на народным фальклоры, на легендзе пра пошукі кветкі шчасця ў купальскую ноч. Знятая была і гістарычная п'еса «Кастусь Каліноўскі», якая паказвала гераічную барацьбу беларусаў у 1863 г. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Не абараніла твор і тое, што ў адпаведнасці з гістарычнай рэальнасцю Кастусь Каліноўскі ў Вільні быў павешаны Мураўёвым. Знялі са сцэны і п'есу «Машэка», пабудаваную на легендзе пра заснаванне Магілева. Дабраліся і да перасоўнага тэатра, якім кіраваў народны артыст Уладыслаў Галубок. Замест блізкіх і зразумелых шырокім сялянскім і рабочым масам драмаў з жыцця народа тэатру былі навязаныя чужыя і незразумелыя перакладныя пастаноўкі. Рэпертуар перасоўнага тэатра ўзялі пад строгі кантроль. Перагледжаны быў таксама рэпертуар ансамбля народнай песні і музыкі. Асаблівую «пільнасць» выявіў загадчык аддзела мастацтва Наркамасветы Ілля Гурскі. Ён бачыў нацдэмаўшчыну не толькі ў тэатральных пастаноўках, але і ў касцюмах артыстаў. Артысты беларускага народнага ансамбля песні і музыкі звычайна выступалі на сцэне ў нацыянальных строях: у кашулях, вышытых беларускім арнаментам, і белых штанах. Гурскі загадаў замяніць белыя штаны на чорныя, а кашулі сталі нагадваць пінжакі, толькі без беларускага арнаменту. З франтона будынка Першага беларускага тэатра былі знятыя бюсты народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Выяўленне шавінізму знайшлі і ў жыдоўскай нацыянальнай працы. Пад вялікае падазрэнне былі ўзятыя жыдоўскія культурныя работнікі, асабліва выхадцы з іншых партый - сацыял-дэмакратычнай (меншавікі), былыя сіяністы, бундаўцы, поалей-цыяністы. У жыдоўскім тэатры вялікім поспехам карысталася п'еса «Гірш Лекерт», дзе паказвалася рэвалюцыйная барацьба жыдоўскіх рабочых у 1905 г. у Вільні. Галоўны герой п'есы - рабочы Гірш Лекерт, які зрабіў замах на жыццё віленскага генерал-губернатара фон Валя. Гэта гістарычны факт. Апрача п'есы для ўвекавечвання памяці Лекерта на пастаменце помніка цару Аляксандру II, бюст якога пасля рэвалюцыі быў звергнуты, зрабілі адпаведны надпіс пра подзвіг Лекерта ў 1905 г. У пошуках нацыянальных шавіністаў было вызначана, што Гірш Лекерт належаў да партыі Бунд. З гэтага зрабілі выснову, што жыдоўскія шавіністы ідэалізуюць нацыяналістычную партыю і яе членаў. Гэтага было дастаткова, каб адразу ж зняць п'есу са сцэны. Давялося таксама знішчыць і надпісы на пастаменце помніка. Бальшавікі не дазваляюць ніякіх папулярызацый (нават калі яны і адпавядаюць гістарычнай рэальнасці) іншых партый і яе членаў, апрача партыі бальшавікоў. Характэрны ў гэтых адносінах яшчэ адзін прыклад. Дзяржаўнае выдавецтва выпусціла шэраг біяграфій з серыі «Жыццё выдатных людзей», у тым ліку і кнігу пра жыццё і дзейнасць вядомага нарадавольца Жалябава. Праз пэўны час пасля выдання кнігі ў савецкім друку з'явілася рэцэнзія на кнігу пра Жалябава. У выніку яна была знятая з ужытку таму, што там ідэалізуецца асоба Жалябава-народніка, нягледзячы на тое, што Ленін у свой час не пагаджаўся з тактыкай нарадавольцаў, але назваў нарадавольніцтва «гераічнай эпохай». Сапраўдная прычына была ў тым, што Жалябаў прызнаваў індывідуальны тэрор, асабістую самаахвярнасць, што вельмі прываблівае моладзь. Бальшавікі па праграме адмаўляюць індывідуальны тэрор, а на практыцы цішком яго ўжываюць. Яны баяцца захапіць ідэямі нарадавольства пра самаахвярнасць савецкую моладзь і гэтым скіраваць яе супраць сябе.

Беларусы заўсёды ганарыліся сваім вялікім продкам, вучоным з Полацка, доктарам і першым кнігадрукаром у Беларусі Францішкам Скарынам. У 1512 г. ён атрымаў званне доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце. У адной з музейных залаў універсітэта і сёння ёсць партрэт на ўвесь рост доктара Скарыны сярод іншых знакамітых асобаў. Да 1930 г. вывучэнню жыцця і дзейнасці Скарыны было прысвечана шмат працаў і даследаванняў. Партрэты выпускаліся вялікім накладам і ўпрыгожвалі залы навуковых і культурных установаў, школаў, музеяў і г. д. Вялікая гіпсавая фігура Скарыны была размешчана ў вестыбюлі Інстытута беларускай культуры, а потым, у 1928 г., яе перанеслі ў Акадэмію навук. З выгнаннем нацдэмаўшчыны статуя вучонага, доктара ХVI ст. была выкінутая. Знішчылі таксама і малыя статуэткі Скарыны. Такі самы лёс напаткаў партрэты і статуэткі народнага героя, кіраўніка беларускіх паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

Каб канчаткова скампраметаваць нацдэмаў ды іх дзейнасць, новы загадчык аддзела мастацтва Наркамасветы БССР І.Гурскі атрымаў замову напісаць п'есу адпаведнага зместу. Гурскі вырашыў напісаць п'есу сам і такім чынам зрабіць сабе кар'еру. Не валодаючы здольнасцямі драматурга, ён напісаў не п'есу, а бяздарны пасквіль на людзей, што ўжо апынуліся ў скляпеннях ДПУ. Выкарыстаўшы сваё службовае становішча, Гурскі абавязаў першы тэатр прыняць да пастаноўкі сваю бяздарную працу. Былі выкарыстаныя вялізныя матэрыяльныя рэсурсы на шкоду іншым тэатрам. Тэма была «актуальная» і ніхто не асмеліўся паказаць бяздарнасці п'есы. Аднак ні матэрыяльныя выдаткі, ні старанні рэжысёра не маглі хоць крыху дапамагчы гэтаму твору. Гурскі намаляваў нацыянальных дзеячаў Беларусі п'яніцамі, разбэшчаным элементам. Спроба самагубства паважанага ўсімі таленавітага паэта Янкі Купалы паказана як неразумны ўчынак у п'яным выглядзе. Пасля дзвюх-трох пастановак п'еса Гурскага як відавочна бяздарная, надуманая, фальшывая без звычайных шуміхі, крытыкі, пакаянных выступленняў і прызнання памылак аўтарам была знятая з сцэны тэатра. Бяздарнасць аўтара была занадта відавочнай, каб можна было што-небудзь ад яго патрабаваць. Гурскаму хацелася зрабіць кар'еру, а тым, хто падштурхнуў яго да такой думкі, выслужыцца. Спроба выкарыстаць тэатр для цкавання нацдэмаў пакуль не ўдалася. З савецкіх газет стала вядома, што І.Гурскі нядаўна «адгукнуўся» дзвюма п'есамі з пасляваеннага калгаснага жыцця: «Хлеб» і «Свае людзі». П'есы напаткаў той самы лёс, што і «водгук» Гурскага 22 гады таму. Яны былі раскрытыкаваныя і не дапушчаныя да пастаноўкі.

Адначасова з арыштамі нацдэмаў з бібліятэк, чытальняў канфіскавалі ўсе працы арыштаваных, незалежна ад таго, мелі яны дачыненне да абвінавачванняў ці не. Усё, што стваралася на працягу некалькіх гадоў - працы па гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, літаратуры, мастацтве, краязнаўстве, творы маладых і старых таленавітых паэтаў і празаікаў, навуковыя даследаванні спецыялістаў, - пасля арышту аўтараў было названа шкодным нацдэмаўскім хламам. Кожны савецкі грамадзянін, асабліва калі ён меў справу з кнігай, лічыў сябе кандыдатам на арышт. Кожны інтэлігент, каб пазбегнуць непрыемнасцяў, калі давядзецца быць арыштаваным, вельмі старанна сачыў, каб своечасова знішчыць кнігі, газеты, фотаздымкі, карціны тых, хто ўжо арыштаваны. Звычайна кожны арышт суправаджаецца старанным вобшукам, забіраюцца фотаздымкі нават даўно памерлых або тых, хто не меў ніякага дачынення да арыштаванага, забіраецца прыватнае ліставанне, дакументы і кнігі ўжо арыштаваных аўтараў. Потым у ДПУ ўсё гэта сартуецца і вышукваецца матэрыял для абвінавачвання. Такім чынам загінулі і гінуць ў агні найкаштоўнейшыя працы, дарагія чалавеку фотаздымкі блізкіх і родных, сямейнае ліставанне. Кожны палічыць за лепшае аддаць агню, а не брудным рукам следчага ДПУ ўсё падазронае.

Вось кароткі пералік знішчаных прац, якія маюць агульнае значэнне:

1. Зборнік беларускай народнай творчасці.

2. Краёвыя слоўнікі: Чэрвеньшчыны, Мазыршчыны, Віцебшчыны.

3. Чатырохсотгоддзе беларускага друку.

4. Беларускі архіў (перыёдыка).

5. Усе творы паэта Алеся Гаруна (памёр на эміграцыі).

6. Працы першага з'езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі.

7. Працы аддзела гуманітарных навук Беларускай Акадэміі навук (філалогіі, гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, мастацтва, права).

8. Серыя выданняў беларускай навуковай тэрміналогіі.

9. Матэрыялы да беларускай навуковай тэрміналогіі.

10. Беларускія казкі, прыказкі і замовы, запісаныя і апрацаваныя Аляксандрам Сержпутоўскім.

Гэта толькі нязначная частка каласальнай варварскай працы.

У кнігарнях ужо не выстаўляліся і не рэкламаваліся кнігі беларускіх пісьменнікаў з-за боязі ўсялякіх нечаканасцяў у дачыненні да аўтараў-беларусаў. Зніклі разнастайныя плакаты з беларускім арнаментам, што віселі дзеля прапаганды ў грамадскіх месцах - клубах, чытальнях, у фае тэатраў і кіно. Некаторыя занадта палахлівыя кіраўнікі ўстановаў паспяшаліся перафарбаваць свае службовыя кабінеты, якія ў свой час таксама без патрэбы былі распісаныя беларускім арнаментам і эмблемамі.

Нельга сказаць, што гэтая «чыстка» ад усяго беларускага нацыянальнага, часта даведзеная да абсурду, выконвалася паводле спецыяльных дырэктываў. Новыя кіраўнікі, а асабліва тыя з іх, што былі па-за падазрэннямі ў нацыянальнай працы, імкнуліся застрахаваць сябе ад усялякіх непрыемных нечаканасцяў. Страх трапіць у нацдэмы прымушаў некаторых панікёраў рабіць вельмі неабдуманыя ўчынкі.

Беларускі дзяржаўны музей быў цалкам разгромлены. Правялі кардынальныя змены і перастаноўкі, змянілі планы працы, сурова крытыкавалася ўся дзейнасць музея. Брыгада Беларускай Акадэміі навук, кафедры марксізму-ленінізму ў складзе Л.Бабровіча, І.Шпілеўскага, М.Грынблата і А.Ляўданскага ў сваёй «выкрывальніцкай» працы «Этнаграфія, музейная справа» піша так: «Нацыянал-дэмакраты ў якасці асноўных аб'ектаў сваёй дзейнасці абралі этнаграфію. Этнаграфія давала шырокае поле для «самабытніцкіх» установак нацдэмаў... Этнаграфізм нацдэмаўскіх «вучоных» уяўляў з сябе масток для іх палітыкі» (с. 151). У іншым месцы акадэмічная брыгада піша: «Беларускія музеі, у прыватнасці, Беларускі дзяржаўны музей і цэлы шэраг краязнаўчых мясцовых музеяў, кіраўніцтва якіх апынулася ў руках верхаводаў нацдэмакратызму, з'явілася «ўдзячным» месцам, адкуль шырокімі плынямі цякла атрута нацдэмакратызму» (с. 203). «Нацдэмы арганізавана выкарыстоўвалі музеі ў сваіх рабаўніцкіх мэтах. Яны планава праводзілі сваё шкодніцтва, калі адрывалі музеі - гэты магутны сродак агітацыі і прапаганды сацыялістычнага будаўніцтва - ад патрабаванняў сучаснасці» (с. 204). Пераацэньваліся і мэты музеяў, ад іх патрабуецца культурна-масавая праца сярод шырокіх працоўных масаў. «Перш за ўсё цікава, як беларускія нацыяналдэмакраты ўяўлялі сабе задачу музея ўвогуле. "Галоўнай задачай музею з'яўляецца збіранне, ахова і вывучэнне прадметаў археалогіі, гісторыі, этнаграфіі і мастацтва, якія характарызуюць Беларусь" (Харламповіч. Пяцігоддзе Беларускага Дзяржаўнага Музею. «Наш край», 1927, №1, с. 10). Старая, што быллём парасла, буржуазная ўстаноўка: музей - збор "цікавых" рэчаў, музей-кунсткамера. Нават няма розніцы паміж савецкім музеем і рэакцыйнымі "краязнаўчымі" ўстаноўкамі "добрага старога часу"» (с. 204) - павучае брыгада Акадэміі навук. Асабліва музеі абвінавачваліся ў тым, што яны не праводзілі антырэлігійнай працы, а, наадварот, збіралі ўсё каштоўнае, што знаходзілі ў цэрквах, касцёлах, сінагогах, і захоўвалі гэта з любоўю. У выніку такой прачуханкі змест музеяў зусім змяніўся. Усё, што нагадвала нацыянальнае і беларускае, знікла з стэндаў. Яркія нацыянальныя строі, адзенне, па-майстэрску вышытыя абрусы, рушнікі, высокамастацкія тканыя вырабы ручной працы былі схаваныя. Кудысьці зніклі царскія вароты, адмыслова зробленыя з спецыяльна падабранай саломы невядомым майстрам з беларускага Палесся. Беларускі нацыянальны рух абвінавацілі таксама ў імкненні захаваць рэлігійнасць у народзе, стварыць сваю беларускую аўтакефальную царкву. Ставілася ў віну імкненне захаваць старадаўнія царкоўныя, касцельныя і сінагагіяльныя будынкі, пры гэтым адмаўлялася іх значэнне як помнікаў даўніны. Характэрныя заўвагі той самай акадэмічнай выкрывальніцкай брыгады: «Прычыны такога ўважлівага стаўлення да царквы з боку контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму далёка шукаць не даводзіцца, калі мець на ўвазе асноўныя ўстаноўкі і мэты нацдэмакратаў. Увесь час беларускіх нацдэмаў-«незалежнікаў», якія марылі пра «незалежную народную рэспубліку», не пакідала думка і пра «незалежную» аўтакефальную беларускую царкву. Без царквы буржуазная дзяржава не можа існаваць. І невыпадкова, што размовы пра аўтакефальную царкву, якія ідуць яшчэ з часоў «Нашай Нівы», не перапыняюцца ні на хвіліну як беларускімі нацыянал-фашыстамі на той бок мяжы, так і контррэвалюцыйнымі нацдэмамі ў БССР» (с. 226).

Асабліва пацярпела добра арганізаваная праца па краязнаўстве. Усё, што было зроблена цягам гадоў, падпала пад знішчальную крытыку. Краязнаўства павінна было служыць толькі калгаснаму будаўніцтву ў вёсцы, усё, што было накіравана на чыстае вывучэнне, прызналі контррэвалюцыйным, шкодным для сацыялістычнага будаўніцтва ў вёсцы. Р.Выдра ў сваёй выкрывальніцкай працы «Беларускі нацдэмакратызм ў краязнаўчым руху БССР» піша так: «Беларускія нацдэмы, якія амаль цалкам авалодалі краязнаўчым рухам у Савецкай Беларусі, падпарадкавалі яго сваім буржуазна-рэстаўратарскім, контррэвалюцыйным і фашыстоўскім задачам, ніколі не хавалі сваёй гістарычнай роднасці з сваімі шавіністычна-нацыяналістычнымі папярэднікамі з лагеру беларускай буржуазіі. Вось чаму ў высокай ступені характэрныя тыя гістарычныя нарысы «беларусазнаўства» ці «беларускага краязнаўства», якія з'яўляліся ў «Нашым Краі» («Наш Край» - орган ЦБ краязнаўства, у гэтым часопісе якраз і змяшчаліся галоўныя артыкулы нацдэмаў) і паказваюць карані сучаснага «беларусазнаўства». Артыкулы Васілеўскага, Каспяровіча ў «Нашым Краі», гістарычны нарыс ў кнізе Каспяровіча «Краязнаўства, выступленні на 1 і 2 Усебеларускіх з'ездах краязнаўства» - усе гэтыя матэрыялы ў адзін голас, адкрыта, без усялякага сораму, усталёўваюць ідэйную і арганізацыйную сувязь сучаснага нацдэмакратызму ў краязнаўчым руху БССР з беларускім буржуазна-дэмакратычным рухам ў дарэвалюцыйны час» (с. 244-245). Ідэйныя працаўнікі краязнаўчага руху Каспяровіч, Шлюбскі і інш. былі адхіленыя, а ў 1931 г. і арыштаваныя. Краязнаўства ў Беларусі ўзначаліў абмежаваны кар'ерыст Серафімаў. У органе краязнаўства ў самой яго назве «Наш Край» быў таксама знойдзены нацыянал-шавінізм. Назву замянілі, часопіс назвалі «Савецкі Край». Паняцце няпэўнае на ўвесь Савецкі Саюз. Пра гэта Р.Выдра піша так: «Другі артыкул т. Садоўскага - "Агонь па контррэвалюцыйнаму нацыянал-дэмакратызму ў краязнаўстве" таксама рашуча ўзнімае пытанне пра барацьбу з нацыянал-дэмакратычнай спадчынай і пра поўную перабудову працы краязнаўства. Сама назва "Наш Край" павінна быць выкінута на сметнік гісторыі. Орган краязнаўства будзе насіць і ўжо цяпер носіць адпаведную яму назву "Савецкая Краіна"» (с. 327).

Кім жа былі заменены арыштаваныя кіраўнікі беларускага нацыянальнага руху? Замест арыштаванага наркамасветы БССР Антона Баліцкага быў прызначаны былы старшыня прафсаюза работнікаў асветы Антон Платун. Кіраваў прафсаюзамі ён вельмі нязначны час. Да гэтых прызначэнняў некаторы час быў пракурорам у Барысаве, потым сакратаром камуністычнай партыі ў Слуцкай акрузе, лічыўся работнікам сярэдняга звяна. Ні педагагічнай, ні нават сярэдняй адукацыі Платун не меў, скончыў так званую вышэйшую пачатковую вучэльню. Дзеля падвышэння аўтарытэту з прызначэннем на пасаду наркама асветы БССР Платуну было нададзена званне акадэміка. Навуковых прац ён не меў, лекцый не чытаў, за выключэннем мітынговых выступаў. Калі пачалася кампанія вышуквання нацдэмаўшчыны, Платун даволі актыўна ўдзельнічаў у выкрыцці нацыянальных ухілаў паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Працуючы ў Наркамасветы, асаблівай ініцыятывы не выяўляў, не разбураў і той сістэмы, што склалася яшчэ пры прафесары Ігнатоўскім. Вядома, апарат Наркамасветы ў значнай ступені змяніўся, што было звязана з арыштамі. Пры ім правялі рэформу вышэйшых навучальных установаў Беларусі. Універсітэт і сельскагаспадарчую акадэмію падзялілі на асобныя інстытуты. Аднак гэтая ініцыятыва зыходзіла не ад Платуна, такім было ўказанне Масквы.

Замест высланага рэктара ўніверсітэта прафесара Пічэты туды накіравалі члена калегіі Наркамасветы Я.Каранеўскага. Ідэалагічна ён быў блізкі з арыштаванымі беларусамі. У 1931 г. Каранеўскага знялі з працы і арыштавалі.

Народным камісарам земляробства БССР быў прызначаны работнік сельскагаспадарчай кааперацыі Рачыцкі. Даволі разважлівы, з веданнем сялянскай гаспадаркі, хоць і малапісьменны, Рачыцкі меў некаторыя практычныя навыкі савецкай працы. Наркам быў цалкам захоплены правядзеннем калектывізацыі і выкананнем дырэктываў па гэтым пытанні. Выкрыццём дзейнасці свайго папярэдніка не займаўся і не меў схільнасці да кар'ерызму. Працоўны апарат гэтага вялікага наркамата не быў разгромлены. Арыштавалі некалькі кіраўнікоў, блізкіх памочнікаў Прышчэпава (Смоліча, галоўнага землеўпарадчыка Годэса, Савіча). Рачыцкі лічыўся вылучэнцам з нізавой працы і таму на першым часе да яго было менш патрабаванняў.

Доўгі час заставалася незанятай пасада прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук. У Беларусі на гэтую значную пасаду не маглі падабраць нескампраметаванай фігуры. Можна было прызначыць акадэмікам чалавека з пачатковай адукацыяй, але прэзідэнтам - патрабавалася «фігура». На гэты пост Крэмль прыслаў з Масквы нейкага Горына. Па нацыянальнасці беларус, з Заходняй Беларусі, але беларускай мовай не валодаў, беларускае прозвішча Каляда памяняў. Горын па спецыяльнасці лічыўся гісторыкам. Быў малады, ганарысты і патрабавальны. Глядзеў на сябе як на пасланніка Масквы, перад якім стаяла задача разграміць нацдэмаўскую акадэмію і арганізаваць сапраўдную камуністычную, падпарадкаваную інтарэсам сацыялістычнага будаўніцтва. Ад усіх арганізацый патрабаваў дапамогі, часта неабгрунтавана папракаў, што, маўляў, нацдэмаўская акадэмія паўсюль мела падтрымку і дапамогу, а ён, Горын, гэтай дапамогі не бачыць. Каб стварыць Горыну ў Беларусі аўтарытэт, яго камандзіравалі ў Варшаву на з'езд гісторыкаў. На з'ездзе ён зрабіў даклад, наколькі той быў паспяховым - цяжка сказаць. Вядома толькі, што нейкая польская навуковая арганізацыя прасіла Горына зрабіць даклад на іншую гістарычную тэму, але ён ад такога гонару ўхіліўся, трэба меркаваць, па той простай прычыне, што ў Маскве не былі ўпэўненыя, ці выканае Горын гэтую задачу самастойна, без указанняў. Прыблізна ў 1932 г. на старонках часопіса «Бальшавік» з'явіліся артыкулы Горына, у якіх ён дыскутаваў з Яраслаўскім, не памятаецца толькі, па якім пытанні. Пасля двух-трох артыкулаў «Бальшавік» абвясціў, што дыскусія перапыняецца. Была прызнаная канцэпцыя Яраслаўскага, але і Горыну не было зроблена ніякіх заўваг пра памылковасць яго сцвярджэнняў. Такі вынік дыскусіі, апублікаваны ў тэарэтычным часопісе камуністычнай партыі «Бальшавік», у Менску разглядалі зноў-такі як стварэнне Горыну навуковай вагі. У практычнай дзейнасці ў Акадэміі навук Горын нічым сябе не выявіў, хіба толькі тым, што ствараў выкрывальніцкія брыгады з супрацоўнікаў акадэміі дзеля разгрому «нацдэмаўскай акадэміі». Прыблізна ў 1935 г. Акадэмію ўзначальваў прэзідэнт Сурта, які перад тым быў народным камісарам аховы здароўя БССР, таксама прысланы з Масквы. Далейшы лёс Горына невядомы.*

* Акадэмік П.Горын быў расстраляны ў 1938 г.

Першым віцэ-прэзідэнтам Беларускай Акадэміі навук быў прысланы паляк Тамаш Домбаль. Першы раз ён наведаў Менск у 1924 г. як удзельнік Надзвычайнай сесіі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР, калі да Беларусі былі далучаныя Віцебская і Магілеўская губерні. Домбаль быў першым камуністычным дэпутатам у польскім сейме. За «камуністычную дзейнасць» яго пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасці, арыштавалі і асудзілі на дзесяць гадоў турмы. Варшава абмяняла Домбаля на арыштаванага Масквой каталіцкага біскупа. Меркавалася, што Домбаль будзе ўзначальваць Сялянскі Інтэрнацыянал, які павінен быў арганізавацца паралельна з Камінтэрнам. Але чамусьці гэтая задума не ажыццявілася, Сялянскі Інтэрнацыянал не быў арганізаваны і Домбаль, відаць, да 1931 г. працаваў у Камінтэрне. Хадзілі чуткі, што пад час першай сусветнай вайны ён быў афіцэрам аўстра-венгерскай арміі, што Домбаль праслухаў курс некалькіх вышэйшых навучальных установаў. Самавіты з выгляду, заўжды вясёлы, жыццярадасны і гаваркі, любіў вясёлую кампанію, ён не быў падобны да навукоўца. Сам сцвярджаў, што займаецца вялікай навуковай працай - апісаннем рэк Беларусі. У агульнай атмасферы савецкай насцярожанасці збіранне матэрыялаў і вядзенне картатэкі рэк з пазначэннем глыбіні, шырыні, хуткасці цячэння і апісаннем берагоў паставіла працу Домбаля пад падазрэнне. Пад час узвядзення новага будынка для Акадэміі навук па яго ўказанні і для яго недалёка ад акадэміі, крыху ўбаку ад гарадскога руху, быў збудаваны дамок, які архітэктурай нагадваў Захад, а галоўнае - побач была зроблена галубятня. Ва ўмовах вольнага жыцця гэтыя «ўхілы» не выклікалі б ніякіх падазрэнняў. Здаецца, ужо пад час яжоўшчыны Домбаль быў арыштаваны і крывёй расплаціўся за ўсё. Суд над ім у Варшаве быў вытлумачаны як спецыяльная містыфікацыя. Аднак адначасова абмяняны з Домбалем іншы работнік у размове сцвярджаў, што Домбаль у Варшаве трымаўся вельмі рэвалюцыйна, калі быў разам з ім у адной камеры варшаўскай турмы, арганізаваў галадоўку. Яго навуковую працу вывучэння рэк Беларусі абвясцілі прызначанай для шпіёнскіх мэтаў на карысць Польшчы, галубятню - станцыяй паштовых галубоў. У сувязі з разгромам нацыяльнага руху былі праведзены перамены і ў Варшаўскім савецкім консульстве. Беларускі сектар там узначальваў А.Ульянаў, сын доктара з Менска, яго памочнікамі былі беларусы Браўковіч (да працы ў Варшаўскім консульстве - народны камісар фінансаў) ды Ільючонак. Ульянаў тады не пацярпеў і пазней быў прызначаны консулам ці то ў Латвію, ці то ў Эстонію. Браўковіча адклікалі з Варшавы, вельмі нядоўга ён узначальваў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, потым быў зняты з гэтай працы, прызначаны дырэктарам рыбнай гаспадаркі за 60 км ад Менска, пазней арыштаваны. Работніку консульства Ільючонку была прапанаваная другарадная праца ў Дзяржаўным выдавецтве, а ў 1931 г. яго арыштавалі і выслалі на Поўнач. Сляды яго згубіліся. У Менску на той час была група, што складалася з трох чалавек, якая ўяўляла сабой апарат Упаўнаважанага Камісарыята замежных справаў СССР у БССР. У нацыянальным дэмакратызме западозрылі намесніка кіраўніка, маладога камуніста, што скончыў Беларускі ўніверсітэт, і таксама арыштавалі.

 

Спіс беларусаў, арыштаваных у 1930 і 1931 г. за нацыяналізм.

1. Адамовіч Алесь, нам. наркамзема Дз. Прышчэпава, высланы на Салаўкі ў 1930 г.

2. Азбукін Мікалай, праф. Бел. універсітэта, высланы ў 1930 г. у г. Налінск.

3. Аніхоўскі Аляксандар, інспектар Наркамасветы, дацэнт, высланы ў 1930 г. у Яраслаўль.

4. Апацёнак, высланы на Поўнач у 1931 г.

5. Афанасьеў, праф., арыштаваны ў 1930 г.

6. Бабарэка Адам, дацэнт, крытык, арыштаваны ў 1930 г., высланы ў 1931 г.

7. Байкоў Мікалай, дац. філалогіі, першы раз арыштаваны ў 1930 г.

8. Баліцкі Антон, наркам асветы БССР, арыштаваны ў 1930 г.

9. Бойка Іван, аграном, арыштаваны ў 1930 г., расстраляны ў 1933 г.

10. Бурдзейка, высланы на Поўнач у 1931 г.

11. Бялькевіч Іван, філолаг, арыштаваны ў 1931 г.

12. Галавінскі Аляксандар, інжынер, арыштаваны ў 1931 г.

13. Гарэцкі Максім, праф., арыштаваны ў 1930 г., высланы ў Сібір, дзе і загінуў ў 1937 г.

14. Гарэцкі Гаўрыла, акадэмік, арыштаваны ў 1931 г., другі раз ў 1936 г., загінуў.

15. Грамыка Міхаіл, геолаг, арыштаваны ў 1931 г., высланы ў Сібір.

16. Гурскі Міхась, высланы ў 1930 г. у Малмыш.

17. Даўгяла Зміцер, праф., археолаг, высланы ў Сібір у 1931 г., загінуў.

18. Доўнар-Запольскі Мітрафан, праф., арыштаваны ў 1930 г., у Сібіры загінуў.

19. Друшчыц Васіль, гісторык, у 1931 г. высланы на Поўнач.

20. Дубінскі Сяргей, археолаг, арыштаваны ў 1930 г.

21. Дубоўка Ўладзімір, паэт, высланы ў 1930 г.

22. Дудар Алесь, паэт, арыштаваны ў 1929 г., у 1937 г. загінуў.

23. Дыла Язэп, гісторык, арыштаваны ў 1930 г.

24. Жарскі Платон, філолаг, першы раз арыштава ны ў 1930 г.

25. Жылка Ўладзімір, паэт, арыштаваны ў 1931 г., памёр на катарзе ў 1933 г. у г. Уржуме.

26 Забела, дац. гісторыі, арыштаваны ў 1931 г., высланы на Поўнач, загінуў.

27. Ігнатоўскі Ўсевалад, праф., прэзідэнт Акадэміі навук, застрэліўся ў 1930 г.

28. Ільючонак, высланы ў 1931 г. на Поўнач.

29. Каравайчык Павел (Любецкі), докт. медыцыны, арыштаваны ў 1931 г.

30. Кандрацьеў, арыштаваны ў 1930 г.

31. Каранеўскі Язэп, рэктар універсітэта, арыштаваны ў 1931 г.

32. Каспяровіч Мікалай, этнолаг, арыштаваны ў 1931 г., высланы ў Сібір.

33. Кацярыніч, настаўнік, высланы ў 1930 г.

34. Кіркевіч М., аграном, арыштаваны ў 1931 г., загінуў у Сібіры.

35. Красінскі Мікалай, праф., філолаг, арыш таваны ў 1931 г., высланы на Поўнач, г. Пашахонск.

36. Краскоўскі Іван, праф., гісторык, высланы ў 1931 г., загінуў.

37. Крыніца, артыст, высланы, загінуў.

38. Купцэвіч Фелікс, крытык, высланы ў 1931 г. у Сібір, загінуў.

39. Ластоўскі Вацлаў, акадэмік, арыштаваны ў 1931 г.

40. Лёсік Язэп, філолаг, арыштаваны ў 1930 г., загінуў у 1936 г.

41. Лістапад Юры, настаўнік, арыштаваны ў 1937 г., высланы ў Сібір.

42. Ляжневіч Аляксандар, драматург, у 1931 г. высланы ў Сібір, загінуў.

43. Мамчыц, выкладчык, высланы ў канцлагер у 1930 г.

44. Марук, грамадскі дзеяч, высланы ў 1931 г.

45. Міцкевіч Адам, дац. фізікі, у 1931 г. высланы ў Вяцкі край.

46. Муха Іван, выкладчык, дац., высланы ў 1931 г. на Поўнач.

47. Мялешка Сяргей, дац. гісторыі, у 1931 г. высланы ў Сібір.

48. Некрашэвіч Сцяпан, віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук, у 1931 г. высланы на Поўнач, загінуў.

49. Рагачэўскі Пятро, белетрыст, у 1931 г. высланы ў Сібір, загінуў.

50. Родзевіч Часлаў, інжынер, высланы ў 1931 г. у Сібір.

51. Савіч, як нацдэм высланы ў 1930 г.

52. Серада Іван, праф., філолаг, у 1931 г. высланыў Яраслаўль.

53. Скандракоў, праф., аграном, у 1931 г. высланы ў Сібір.

54. Смоліч Аркадзь, праф., акадэмік, арыштаваны ў 1931 г., загінуў у ДПУ.

55. Трамповіч Павел, доктар, высланы ў 1931 г. на Поўнач.

56. Улашэвіч*, як нацдэм у 1930 г. высланы ў Налінск.

* Памылка: маецца на ўвазе М.М.Улашчык

57. Уліцін, дацэнт, арыштаваны ў 1930 г. і расстраляны.

58. Функ Аляксандар, крытык, арыштаваны ў 1930 г.

59. Харламповіч, праф. археалогіі, у 1931 г. высланы на Поўнач.

60. Цвікевіч Аляксандар, пал. дзеяч, арыштаваны ў 1930 г., у 1937 г. загінуў.

61. Цвікевіч Іван, доктар мед., у 1931 г. высланы на Поўнач, загінуў.

62. Чаржынскі (Дзяржынскі) Уладыслаў, праф., філолаг, высланы ў 1930 г. у Казань.

63. Чарнушэвіч Мікалай, паэт, высланы ў 1931 г.

64. Чарнушэвіч Нічыпар дац. хіміі, паэт, у 1931 г. высланы ў Вяцкі край.

65. Шалай Макар, звар' яцеў у турме, крытык.

66. Шашалевіч Васіль, драматург, арыштаваны ў 1930 г., высланы на Калыму, загінуў.

67. Шлюбскі Альгерд, археолаг, высланы ў 1931 г. на Поўнач.

68. Шчакаціхін Мікалай, праф., высланы ў 1931 г. у Вяцкі край.

69. Ярашчук Мікалай, аграном, высланы ў 1931 г. у Астрахань.

 

III

 

Пасля вялікіх арыштаў у першай палове 1930 г. можна было ўжо тады прадбачыць, што гэта - толькі пачатак шырока задуманай кампаніі разгрому нацыянальнага руху ў Беларусі. Арышты прайшлі толькі ў Менску і амаль не закранулі правінцыю. Пацярпелі Акадэмія навук, універсітэт, Наркамасветы, Наркамзем, Навукова-даследчы інстытут сельскай гаспадаркі, Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Пытанне ізаляцыі нацдэмаў у правінцыі, відаць, было ў стадыі «вывучэння» ДПУ. Важна было зрэзаць вярхушку, чаго і дасягнулі арыштамі ў Менску. У Менску ж ліхаманкава працавалі акадэмічныя брыгады па выяўленні нацыянальна-дэмакратычных ухілаў у друкаваных працах Акадэміі перыяду нэпа. Выяўленыя гэтымі брыгадамі «ўхілы» старанна сістэматызаваліся, вывучаліся, рабіліся пажаданыя для ДПУ навуковыя высновы, потым друкаваліся ад імя Акадэміі навук як праца Сацыялістычнай абноўленай Акадэміі навук. Усе гэтыя працы пасылаліся ў ДПУ і былі абвінаваўчым матэрыялам на арыштаваных, а таксама і на тых, што былі яшчэ на волі. Працавалі ў брыгадах так званыя навуковыя супрацоўнікі Акадэміі навук, універсітэта, Камвуза. Пазней гэтыя брыгады таксама трапілі ў няміласць. Узначальваў брыгады і кіраваў імі прафесар С.Вальфсон. Ён нарадзіўся ў Бабруйску, скончыў у Жэневе ўніверсітэт. З першых гадоў савецкай улады быў блізкі да камуністычнай партыі - загадваў аддзелам народнай адукацыі ў Бабруйскім ўездзе. Прафесар Вальфсон доўгі час не ўступаў у камуністычную партыю і лічыў сябе пляханаўцам. У перыяд разгрому нацыянальнага руху ён быў ужо кандыдатам камуністычнай партыі. Сваёй выкрывальніцкай дзейнасцю Вальфсон меркаваў апраўдаць сябе перад камуністамі за ранейшае захапленне тэорыямі першага марксіста Пляханава, а таксама палегчыць сабе пераход з кандыдатаў у сапраўдныя члены партыі.

У другой палове 1930 г., у сувязі з пачаткам разгрому нацыянальнага руху, адбыліся змены і ў апараце ЦК камуністычнай партыі Беларусі. Першым быў адкліканы ў Маскву загадчык культурна-прапагандным аддзелам ЦК доктар Сянкевіч. Па прафесіі настаўнік, ён у 1905 г. быў удзельнікам рэвалюцыйнага руху. Калі пачаліся рэпрэсіі, ён вымушаны быў уцякаць у ЗША, дзе і пражыў да рэвалюцыі 1917 г. Між іншым, па адной з Сянкевічам справе вядомы беларускі пісьменнік Якуб Колас тады быў асуджаны на тры гады крэпасці, якія і адседзеў у Менскай турме. У ЗША Сянкевіч паспеў скончыць універсітэт і атрымаць званне ўрача. Пасля рэвалюцыі 1917 г. Сянкевіч праз Японію вярнуўся ў Расею, дзе, відаць, і стаў членам камуністычнай партыі. Пазней, як беларус, ён быў накіраваны на працу ў Беларусь і прызначаны загадчыкам аддзела ЦК. Сціплы ад прыроды, ужо немалады, ён падзяляў погляды нацыяналістаў па культурным адраджэнні беларускага народа. Як загадчык аддзела ЦК партыі Сянкевіч дапамагаў у ажыццяўленні ўсіх культурных мерапрыемстваў. Фактычна праз яго ў ЦК праходзілі і афармляліся ўсе пытанні і пастановы, звязаныя з культурным адраджэннем у Беларусі. Пасля самагубства праф. Ігнатоўскага далейшы лёс яго невядомы, напэўна, загінуў. На яго месца быў прызначаны малады камуніст А.Чарнушэвіч, які даволі хутка пасоўваўся па лесвіцы камуністычнай ерархіі. У 1925 г. Чарнушэвіч быў яшчэ толькі начальнікам міліцыі глухога раёна.

Значную ролю ў ЦК партыі Беларусі выконваў тады другі сакратар партыі. Прыкладна з 1928 г. гэтую пасаду займаў беларус Іван Васілевіч, да прызначэння другім сакратаром ён быў народным камісарам фінансаў Беларусі. Па ўсталяваным парадку другі сакратар быў фактычным кіраўніком усёй арганізацыйнай працы, ён, у асноўным, распараджаўся расстаноўкай партыйных кадраў па рэспубліцы. Першы сакратар у Беларусі заўсёды прысылаўся з Крамля, на ім былі абавязкі агульнага кіраўніцтва і назірання за ажыццяўленнем дырэктываў Масквы. На той час існаваў наступны парадак прызначэння і перамяшчэння партыйных кадраў. Калі якому-небудзь наркаму для працы ў наркамаце або акрузе патрэбен быў адказны работнік, ён звычайна звяртаўся да другога сакратара ЦК партыі і прапаноўваў кандыдатуру. Пытанне пра адкліканне работніка ўзгаднялася з кіраўніком той установы, дзе працуе камуніст, і звычайна на гэтым справа сканчалася. У такіх выпадках прызначэнне афармлялася пасылкай наноў прызначанаму работніку так званай пуцёўкі. Калі работнік больш адказны, то рух яго або прызначэнне ўносіцца ў пратакол пастановаў бюро ЦК. Ва ўсіх выпадках было дастаткова згоды ці распараджэння другога сакратара партыі. Калі наркаму неабходна было свайго работніка ў акрузе перавесці ў іншую акругу або адклікаць у накрамат, ён павінен быў узгадніць гэта з сакратаром акруговага камітэта партыі. У выпадку нязгоды акругі адпусціць свайго работніка апошняе слова належала зноў-такі другому сакратару партыі. З гэтага вынікае, што другі сакратар быў размеркавальнікам партыйных кадраў. Гэта мела вельмі істотнае значэнне ў нацыянальнай рабоце. Васілевіч быў цесна звязаны з лідэрамі нацыянальнага руху ў Беларусі і падзяляў іх погляды. Праз яго праходзілі ўсе прызначэнні, зняцце з працы і ў патрэбных выпадках адкліканне работнікаў, што давала магчымасць апераваць праверанымі работнікамі і прызначаць іх на працу. З другім сакратаром узгадняўся парадак дня пасяджэнняў бюро ЦК, рыхтаваліся праекты пастановаў, прызначаліся дакладчыкі. Праца сакратара Васілевіча была навідавоку ў Крамлі, асабліва пасля арыштаў у 1937 г. У другой палове 1930 г. яго адклікалі з Беларусі і накіравалі на працу загадчыкам зямельнага аддзела ў адну з вобласцяў Сібіры. Пазней, ужо пад час яжоўшчыны, Васілевічу прыгадалі ўсе справы ў Беларусі і ён падзяліў лёс тысячаў арыштаваных у той час. Пераведзены былі на іншыя пасады і менш значныя работнікі ЦК партыі.

На месца Васілевіча ў Беларусь другім сакратаром з Масквы прыслалі Васіля Шаранговіча. Беларус, у першыя гады савецкай улады Шаранговіч працаваў у Беларусі пракурорам Народнага камісарыяту юстыцыі. Пад час савецка-польскай вайны Шаранговіч нібыта быў партызанам і трапіў у палон да палякаў, пасля замірэння быў на кагосьці выменяны. Напачатку працы другім сакратаром Шаранговіч хутка знайшоў агульную мову з кіраўнічымі беларускімі работнікамі, быў простым і даступным. Пад сваё апякунства і кіраўніцтва ён узяў маладых камуністаў, што выйшлі з камсамолу. Ён рашуча высоўваў іх на даволі адказныя пасады, сачыў за іх поспехамі і дапамагаў у працы. Бальшыня беларускіх работнікаў лічыла Шаранговіча сваім чалавекам, даверылася яму.

Першым сакратаром ЦК партыі на той час у Беларусі быў эстонец Гей. Яго прыслаў Крэмль прыблізна ў канцы 1929 г. Да прызначэння ў Беларусь пра яго не было чуваць ні добрага, ні дрэннага, магчыма, дзе-небудзь у РСФСР Гей быў шэраговым работнікам у вобласці. У любым выпадку прызначэнне яго ў Беларусь разглядалася як вылучэнне. Беларусь лічылася даволі адказным партыйным участкам працы. Памежнае становішча рэспублікі, складаны нацыянальны пераплёт і тая палітыка, што праводзілася тады ў Беларусі, патрабавалі ад сакратара партыі гнуткасці, тактоўнасці і асцярожнасці ў працы. Гей не меў выдатных арганізацыйных здольнасцяў. Як партыйны рэспубліканскі кіраўнік нічым не вылучаўся, самарэкламай не займаўся і іншых не падштурхоўваў да гэтага. Асаблівага сяброўства і блізкіх стасункаў ні з кім не меў. Пасля прыезду Шаранговіча ў сістэме працы нічога не змянілася. На той час усё было падпарадкавана адной задачы - хутчэйшаму правядзенню ў Беларусі калектывізацыі. У акругі і раёны на дапамогу пасылаліся сотні работнікаў, розных брыгадаў, з цэнтра накіроўваліся найстражэйшыя дырэктыўныя тэлеграмы, патрабаваліся ўсемагчымыя зводкі і звесткі. Памкненні былі скіраваныя на абвяшчэнне ў Беларусі «суцэльнай калектывізацыі», пра што была б дасланая тэлеграма ў Крэмль. Калгасам даваліся розныя гучныя рэвалюцыйныя найменні. Дзе-нідзе ўспомнілі і пра першага сакратара партыі Гея, імя Гея далі калгасу, а таксама даволі вялікаму торфазаводу непадалёк ад Менска. Пад час яжоўшчыны гэтыя імёны былі знятыя. Па гэтых прыкметах беларусы здагадаліся, што Гей апынуўся сярод «ворагаў народа».

У групе важных беларускіх работнікаў, спачатку нясмела і ў абмежаваным коле, абмяркоўваўся намер дамагчыся такога становішча, каб першым сакратаром ЦК партыі быў беларус. Гэтая думка стала больш пэўнай з прыездам на працу ў Менск Шаранговіча. Магчыма, гэтаму імкненню спрыяла апазіцыя, якая вяла барацьбу за спадчыну Леніна. Магчыма, беларусы вырашылі, што гэта спрыяльны час. Так ці інакш, пазначылася тэндэнцыя бачыць першым сакратаром Васіля Шаранговіча або старшыню саўнаркама БССР Мікалая Галадзеда. Параўнальна невялікі ўплыў Гея на справы і яго аўтарытэт сярод кіраўнікоў яшчэ больш зменшыліся. Шаранговіч супрацоўнічаў з Геем фармальна, маючы за сабой групу партыйных сакратароў у абласцях і раёнах. Бальшыня наркамаў групавалася вакол старшыні савета народных камісараў М.Галадзеда. Яго аўтарытэт быў бясспрэчны. Галадзед меў вельмі нязначную адукацыю, але быў здольны ад прыроды, умеў кіраваць. У Маскве ім апекаваліся Молатаў, Варашылаў, Арджанікідзе. Другой значнай беларускай фігурай быў нязменны старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР Аляксандар Чарвякоў. Стварылася такое становішча, што Гей быў амаль ізаляваны. У некаторых выпадках М.Галадзед яго ігнараваў. Становішча Гея не было трывалым яшчэ і таму, што першыя гады яго працы ў Беларусі прыпалі на час правядзення нацыянальнай палітыкі. Тады наркамам земляробства працаваў Дзмітрый Прышчэпаў, дзейнасць якога была скіраваная на ўмацаванне адзінаасобнай гаспадаркі. Зразумела, што на рашэннях і пастановах таго перыяду працы па культурным будаўніцтве і зямельных пытаннях першым быў подпіс сакратара Гея. Крэмль патрабаваў больш рашучай барацьбы з нацдэмаўшчынай і прышчэпаўшчынай. Лаўры «пільнасці» па выкрыцці «контррэвалюцыі» ў нацыянальным пытанні належалі ДПУ. Сакратар Гей заднім днём праз розныя акадэмічныя брыгады абгрунтоўваў варожыя тэорыі нацыяналістаў і правільнасць іх арыштаў у 1930 г. У 1931 г. Гея адклікалі з Беларусі. Некаторыя беларускія кіраўнікі ў адкліканні Гея ўбачылі набліжэнне сваіх жаданняў мець першым сакратаром беларуса.

Праз нейкі час замест Гея першым сакратаром у Беларусь Крэмль прыслаў інгуша Мікалая Гікалу. Спадзяванні беларускіх кіраўнікоў не спраўдзіліся. Накіраваннем сакратара Гікалы Крэмль грунтоўна паказаў беларускаму партыйнаму кіраўніцтву, што Масква не збіраецца патураць жаданням і імкненням змяніць вызначаны парадак прызначэння першага сакратара партыі ў Беларусі. Наступная дзейнасць Гікалы цалкам гэта пацвердзіла. Відаць, Крэмль надаў яму спецыяльныя і шырокія паўнамоцтвы і дырэктывы, каб упарадкаваць беларускую партыйную арганізацыю, прымусіць падпарадкоўвацца адзінаму кіраўніцтву ў асобе прысланага сакратара. З-за змены Гея на Гікалу беларусы страцілі вельмі шмат. Беларускія партыйныя вярхі відавочна пралічыліся. Іх роля наступнай працай Гікалы звялася на нішто. Метады для падпарадкавання Гікала ўжываў разнастайныя. Раней лічылася няёмкім, хоць бы і першаму сакратару партыі, цягнуць з сабою супрацоўнікаў. Гэты парадак Гікала парушыў. У Менск ён прыехаў з сваім асабістым сакратаром, якога адрэкамендаваў як свайго памочніка. Да гэтага часу ні ў камуністычнай, ні ў савецкай наменклатуры такіх пасадаў, як памочнікі, не існавала. Памочнік Гікалы ў дачыненні да камуністаў, у тым ліку і кіраўнікоў, паводзіў сябе самастойна і падкрэслена патрабаваў выканання ўсіх сваіх распараджэнняў, нібы яны ідуць ад самога Гікалы. Гікала не толькі не быў супраць, але нават і патрабаваў выканання. Блізка Гікала ні з кім не сыходзіўся, трымаўся самастойна і незалежна. Увага яго спынілася на другім сакратары Шаранговічы ... Гікала ведаў, што сярод беларусаў Шаранговіч карыстаецца пэўнай папулярнасцю і аўтарытэтам, таму і пастараўся перацягнуць яго на свой бок, падпарадкаваць свайму ўплыву. Гэтага ён дасягнуў даволі хутка. Пачалося з таго, што паводле загаду Гікалы Шаранговічу пачалі прыпісвацца заслугі, пра якія раней ніхто не чуў. Прапаганда зрабіла Шаранговіча кіраўніком партызанскага руху ў Беларусі ў час савецка-польскай вайны. Па ўказанні Гікалы знайшліся паслужлівыя камуністы, якія пачалі збіраць подпісы на заявах з просьбай узнагародзіць Шаранговіча ордэнам за яго былыя заслугі. У выніку гэтай кампаніі пры падтрымцы «з месцаў» праз дванаццаць гадоў пасля «партызанскіх подзвігаў» Шаранговіч быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонага Сцяга, які на той час быў самай высокай вайсковай узнагародай. Сапраўдныя партызаны такой несправядлівасцю былі пакрыўджаны і адчулі, што мала мець заслугі і подзвігі, патрэбныя яшчэ пратэкцыя і апякунства. Гэтым спрытным крокам Гікала разбіў кансалідацыю вярхушкі беларускіх камуністаў, а Шаранговіча цалкам падпарадкаваў свайму ўплыву.

Частка камуністаў, што групаваліся вакол старшыні саўнаркама Галадзеда, таксама вырашыла, што яму патрэбен ордэн. З першых гадоў савецкай улады Галадзед працаваў старшынёй выканаўчага камітэта ў правінцыйным горадзе Горы-Горкі. У той час у лясах Беларусі дзейнічалі партызаны, з якімі савецкая ўлада вяла жорсткую барацьбу. Па службовым становішчы Галадзед таксама браў некаторы ўдзел у дзеяннях супраць антысавецкіх партызанаў. З прыкладу ўзнагарождання ордэнам Шаранговіча прыхільнікі Галадзеда таксама сталі збіраць подпісы на заявах. Але подпісаў сабралі няшмат, таму што кола дзейнасці было абмежаванае толькі адным уездам, многіх сведкаў «подзвігаў» Галадзеда не было, а больш асцярожныя азіраліся назад - як на гэтую кампанію паглядзіць сакратар Гікала. Аднак пытанне пра ўзнагароджанне Галадзеда было ўнесена на разгляд бюро ЦК партыі, але адклалася і ў рух не пайшло. Гэты выпадак моцна закрануў Галадзеда. Паміж Гікалам і Галадзедам прабегла чорная кошка. Галадзед прыхаваў злосць, але на адкрыты канфлікт з Гікалам не пайшоў, бо лічыў небяспечным для сябе пачынаць барацьбу.

З першых дзён сваёй дзейнасці Гікала паставіў сваіх людзей на найбольш важных участках працы. З Масквы быў выпісаны яго добры знаёмы нехта Пасэ, які скончыў Інстытут чырвонай прафесуры. Пасэ займаў некалькі пасадаў у культурных установах. Быў лектарам у Камуністычным універсітэце, у Інстытуце журналістыкі, а таксама працаваў у Інстытуце гісторыі партыі. Пасэ добра валодаў пяром і словам і часта друкаваў свае артыкулы ў партыйных выданнях. Ён актыўна выкараняў у Беларусі нацдэмаўшчыну. Праз Пасэ Гікала ўплываў на культурны фронт працы. У апараце ЦК з'явіліся новыя людзі ад Гікалы. Спачатку яны займалі заўсёды вельмі сціплыя пасады. У гэтых адносінах вельмі характэрная фігура нейкі Ленцнер. Раней ён быў асабістым сакратаром Троцкага, як высветлілі зацікаўленыя асобы. Ленцнер цудоўна разумеў, што з-за становішча блізкай да Троцкага асобы без падтрымкі і вытрымкі яму цяжка выйсці на шырокую дарогу. Гэта ўлічваў і Гікала. Між тым, дзейная натура Ленцнера прагнула ўлады, чаго жадаў і Гікала, якому падабалася настойлівасць Ленцнера, тым больш што Гікала, відаць, ведаў яго раней. Каб узброіць Ленцнера стажам нізавой партыйнай працы, дзе б ён выявіў свае здольнасці, Гікала прызначыў Ленцнера сакратаром Сенніцкага раённага камітэта партыі. Ва ўмовах Беларусі гэты раён займае даволі значнае месца: вялікі па тэрыторыі, мае льнаводчы кірунак. Па выкананні планаў пасеву лёну, яго ўборкі, а, галоўнае, здачы прадукцыі дзяржаве ацэньваецца ўся праца сакратара партыі ў раёне. Ленцнер цалкам улічыў гэтае. Пры дапамозе жорскіх рэпрэсій і націску на калгасы Сенніцкі раён не толькі выканаў план ільнонарыхтовак, але нават і перавыканаў. Падцягнуўся раён і па іншых відах шматлікіх савецкіх гаспадарчых кампаній. Пасля гэтых «перамогаў» Ленцнер з мэтай самарэкламы напісаў брашуру пад назвай: «Из отстающих в передовые». Брашура была напісана ў духу ўсхвалення партыйнага кіраўніцтва з боку сакратара Гікалы, дзякуючы чаму Сенніцкі раён стаў перадавым у выкананні нарыхтовак лёну. У працэнтах і лічбах параўноўваліся вынікі працы ранейшых гадоў з апошнім годам, калі сакратаром партыі стаў Ленцнер. Фарбаў і фальшывых супастаўленняў у брашуры было шмат. Гэтымі дзеяннямі Ленцнер даў магчымасць Гікалу <...> сябе апраўдаў, а галоўнае, праз некалькі месяцаў працы ў раёне прапанаваць пленуму ЦК камуністычнай партыі Беларусі прызначыць Ленцнера рэдактарам партыйнай газеты «Звязда». Ленцнера адклікалі з раёна і прызначылі рэдактарам, а гэта пасада значная і ўплывовая, а галоўнае, вельмі патрэбная для Гікалы - каб там быў яго чалавек, адданы і паслухмяны ў выкананні яго ўказанняў. Ленцнер у сваёй новай працы пачаў цалкам капіяваць метады працы маскоўскай «Праўды», якая ніколі не памылялася.

Момант быў вельмі зручны. Сталін разлічыўся з апазіцыямі і стаў поўнаўладным правадыром. Тэорыя і практыка «вождизма» перакінулася і на правінцыі і стала хутка распаўсюджвацца. У дальніх раёнах вясковыя калгаснікі-партыйцы на сходах крычалі: «Няхай жыве наш правадыр такі і такі!». Гэтым правадыром лічыўся ўсялякі сакратар раённага камітэта партыі. «Правадыр» захапленне прымаў як належнае. «Вождизм» і падхалімства вакол Гікалы былі, вядома ж, яшчэ лепшымі. Рэдактар Ленцнер не шкадаваў слоў і выразаў дзеля ўсхвалення ў «Звяздзе» Гікалы. Яго партрэты выдалі вялікім накладам. Імі ў вялікай колькасці былі ўпрыгожаныя клубы, чытальні, савецкія і партыйныя ўстановы, школы і вітрыны пустых крамаў. Доступ да Гікалы быў значна цяжэйшым. Каб патрапіць да яго, патрэбен быў спецыяльны пропуск. Нават адказныя партыйныя работнікі не заўсёды маглі трапіць да яго на прыём. Наколькі трывала ўкараніліся «вождизм» і падхалімства, сведчыць такі выпадак. На адным партыйным пленуме пасля пасяджэння, на банкеце, крычалі: «Няхай жыве наш правадыр таварыш Гікала!». Аднак знайшоўся адзін удзельнік банкета, відаць, пасля значнай дозы выпіўкі, які пачаў аспрэчваць правільнасць называння Гікалы правадыром. Пра гэты выпадак неадкладна давялі да ведама сакратара Шаранговіча. Смельчака выключылі з партыі. Справа цягнулася больш за год і ўрэшце дайшла да разгляду ў Маскве. Вінаваты апраўдваўся тым, што ў нас, маўляў, адзін правадыр - Сталін, а Гікала - цудоўны партыйны кіраўнік, але не правадыр. Яго аднавілі ў партыі, аднак вынеслі вымову «за непрынцыповую спрэчку». На той час у ЦК замест двух было пяць сакратароў партыі па розных галінах працы. Рэспубліканскіх правадыроў неадлучна ахоўвалі агенты ДПУ.

У 1933 г. у партыі правялі чыстку. Гікала пакарыстаўся гэтым, каб разлічыцца з нежаданымі элементамі і яшчэ больш умацаваць сваё становішча. Для правядзення сваіх мэтаў ён вельмі старанна падбіраў камісіі, якія павінны былі ажыццявіць гэтую працу. Істотным было падабраць старшыню па чыстцы. Каб канчаткова разлічыцца з нацыянальным рухам у Наркамаце асветы, Акадэміі навук, універсітэце, Дзяржаўным выдавецтве, Наркамздраве, старшынёй камісіі па чыстцы ў гэтых установах была прызначана жонка Гікалы - Чыжова. Яна лічылася партызанкай з Каўказа. Прыехаўшы ў Беларусь, займала пасаду дырэктара інстытута журналістыкі. Форма чысткі была публічная, патрабавалася расказаць сваю біяграфію і пакаяцца ў грахах. Уваход быў вольны, не толькі дазваляліся, але заахвочваліся ўсялякія выкрывальніцкія выступленні. Былі выпадкі, калі камуністы, якія лічылі сябе сталымі барацьбітамі, не хацелі перажываць непрыемнасці і самі здавалі свае партыйныя білеты. І наадварот, дальнабачныя дамаўляліся з прыяцелямі, якія ў дзень чысткі прыходзілі на сход і сваімі выступленнямі імкнуліся паказаць сябра з найлепшага боку. Асаблівы націск быў на асобаў, звязаных з нацыянальным рухам, на трацкістаў і выхадцаў з іншых партый. Яны выключаліся з партыі бязлітасна. Ужо напярэдадні чысткі старанна праглядаліся розныя партыйныя архівы, падбіраліся зводкі ДПУ, якія і былі асновай для выключэння з партыі. Каб скампраметаваць кіраўнікоў установаў, якія па сваіх партыйных якасцях не маглі быць выключаны з партыі, ужываўся іншы метад. Звычайна ў такіх выпадках Гікала даваў дырэктыву бязлітасна выключаць з партыі камуністаў, што працуюць разам з тым, каго трэба скампраметаваць. Зганьбіўшы тых, хто працаваў побач, лёгка было кінуць абвінавачванне, што кіраўнік меў нездаровае атачэнне. Так зрабілі з старшынёй Саўнаркама Галадзедам, старшынёй ЦВК Чарвяковым, наркамздравам Цэнцыперам.

У 1933 г. былі праведзены, хоць і менш масавыя, але ўсё ж значныя арышты беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. У бальшыні выпадкаў арыштавалі маладых беларускіх пісьменнікаў. Іх, напэўна, разглядалі як рэцыдыў пасля масавых арыштаў у 1930 г. Гэта пісьменніцкая моладзь падавала надзеі і гарэла жаданнем служыць свайму народу. Другую групу арыштаваных складалі вядомыя беларускія дзеячы, у асноўным паслы польскага сейма ад беларускага насельніцтва. Амаль усе яны належалі да заходнебеларускай арганізацыі «Беларуская Народная Грамада». Фактычна яны былі кіраўнікамі гэтай стотысячнай арганізацыі. Гэтых паслоў-беларусаў пазбавілі пасольскай недатыкальнасці і арыштавалі ў 1926 г. У 1927 г. яны былі асуджаны польскім судом на розныя тэрміны зняволення. Па ўзгадненні з польскім урадам іх выдалі БССР. Беларускія савецкія ўлады прымалі гэтых дзеячаў урачыста, з мітынгамі і аркестрамі, іх дзейнасць асвятлялася ў савецкім друку. Шмат каго з іх прызначылі на адказныя пасады. Аднак даверу гэтыя людзі не мелі. Самастойнымі ў працы яны не былі, бо іх прызначалі звычайна намеснікамі ў Наркамат асветы, Дзяржаўную планавую камісію, музеі, Акадэмію навук і г. д. Часы мітынгаў і радасных спадзяванняў мінулі і змяніліся суровымі савецкімі буднямі, пра якія паслы і не думалі. Ім патрэбна было ўсё самае неабходнае, не кажучы пра цесныя кватэры, адсутнасць мэблі і інш. Пра гэта яны гаварылі між сабою, асцярожна выказвалі сваё незадавальненне і іншым савецкім людзям. Вядома ж, усё гэта фіксавалася і перадавалася ў ДПУ. Трывожыла паслоў і яшчэ адна дэталь. Самы ўплывовы з іх прафесар Браніслаў Тарашкевіч па нейкіх прычынах не прыязджаў у Менск, а потым пайшлі чуткі, што ён з Польшчы паехаў проста ў Маскву. Прафесара Тарашкевіча, вядомага як буйнога філолага, польскі суд прыгаварыў да трынаццаці гадоў зняволення. Калі ён сядзеў у турме, Беларуская Акадэмія навук абрала яго акадэмікам. Дарэмна чакалі Тарашкевіча ў Менску, сюды яго не пусцілі. Ён быў арыштаваны ў Маскве. Арыштаваныя былі і ўсе паслы ў Менску, а таксама і беларусы, асуджаныя польскім судом за прыналежнасць да Беларускай Грамады і адпушчаныя ў БССР. Так у адну ноч былі ліквідаваныя лёгкаверныя энтузіясты. Хадзілі цёмныя чуткі, што польская дэфензіва пазбавілася ад кіраўнікоў беларускіх масаў у Заходняй Беларусі, а ДПУ ў БССР пастаралася знішчыць вярхушку нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. Адзін зняволены ў Салаўках у сваіх успамінах апісвае сустрэчу з беларускімі пасламі і іншымі зняволенымі беларусамі. Яны перадавалі, што ў Менску ў ДПУ прасядзелі ў скляпеннях каля года. У сваіх успамінах пра Салавецкі лагер пад назвай «Недастраляныя» на с. 111 Підгайны піша так: «На Салаўкі прыбылі гэтыя кіраўнікі, што сталі найпаслухмянейшымі рабамі. Няшчасныя, яны выклікалі жаль. З усіх найлепшым і самым бадзёрым быў Рак-Міхайлоўскі. Не ведаю яго мінулага, не ведаю пра яго дзейнасць і ў савецкай Беларусі. Магу толькі пацвердзіць, што гэты чалавек шчыра і без шкадавання сказаў: так нам і трэба. Мне давялося некалькі разоў гаварыць з Рак-Міхайлоўскім, і ён зрабіў на мяне цудоўнае ўражанне... Ён рашуча і катэгарычна асуджаў усё, у што так слепа паверыў, і папракаў сябе за мінулае. На Салаўках працаваў на цяжкіх фізічных працах, трымаўся самастойна, заўсёды і паўсюль падкрэсліваў сваю нянавісць да бальшавізму, да Масквы, урэшце ў 1936 г. трапіў у адзін з салавецкіх ізалятараў. Высокі, стройны, з сіня-шэрымі вачыма Мятла быў пяшчотна-лірычным, ціхім чалавекам. Ён быў хворы на чахотку, кашляў, але быў на непасільнай для яго працы. Яшчэ на «Марсплаве», калі габляваў брускі ў дрэваапрацоўчай майстэрні, кідаў рубанак і гаварыў: «Не, не вытрымаю. Хоць бы нормы былі меншыя!», і ніколі не мог выканаць нормаў. На Салаўках давялося капаць канавы на меліяратыўных работах, і ўрэшце ён апынуўся ў шпіталі, адкуль таемна вынеслі яго труп. Дзе пахаваны Мятла - ніхто не даведаўся. Гэтая сумная вестка дайшла да мяне вясной 1936 г.». Гэткія самыя цёплыя, сумныя ўспаміны пакінуў украінец Підгайны пра паслоў доктара Ігната Дварчаніна, грамадскага дзеяча Гаўрыліка, з якімі сустракаўся на Салаўках. Ліквідаваў гэтых беларускіх дзеячаў вядомы сваёй жорсткасцю наркам НКУС Закоўскі. Ён прыехаў у Беларусь з Сібіры з цэлым штатам сваіх давераных людзей. Пасля забойства Кірава Закоўскі быў пераведзены ўпаўнаважаным у Ленінград, замест упаўнаважанага Мядзведзя, які быў асуджаны на дзесяць гадоў. Калі да ўлады ў НКУС прыйшоў Яжоў, Закоўскі быў прызначаны яго намеснікам і пазней падзяліў лёс свайго шэфа.

Пасля забойства Кірава правялі новую чыстку партыі, якая насіла бязвінную назву «праверка партыйных дакументаў». Гэтая чыстка не была публічнай і праходзіла пад лозунгам «Навесці парадак у партыйнай гаспадарцы!». Вонкава звяраліся ўсе партыйныя фармуляры і запісы. Ва ўсім патрабавалася дакладнасць. Аднак гэта была самая суровая чыстка. Усіх камуністаў, што мелі якія-небудзь вымовы, выключэнні з партыі раней, якіх падазравалі ў нацыянальных ухілах, трацкізме, выхадцаў з іншых партый бралі пад падазрэнне і партыйныя білеты адбіралі. На іх складаліся спісы, і звычайна пастановай ЦК яны афармляліся як выключаныя з партыі. Гэтую працу праводзіў так званы ўпаўнаважаны партыйнага кантролю, орган, які замяніў цэнтральную кантрольную камісію. У некаторых установах выключэнне складала больш за 50%. Па апеляцыях рэдка хто выклікаўся, усё рабілася завочна. Аднак у некаторых выпадках, вельмі рэдкіх, Гікала прымаў выключаных. У Менску пад час праверкі партыйных дакументаў быў выключаны прафесар Камінскі, буйны спецыяліст па хваробах вачэй. Яму было каля 75 гадоў. Абвінавачвалі яго ў тым, што да ўступлення ў камуністычную партыю прафесар быў у Бундзе і ў сацыял-рэвалюцыйнай партыі. На пытанне Гікалы, чаму ён змяніў некалькі партый, Камінскі дасціпна адказаў, што ўсё жыццё шукаў самую лепшую і ў канцы жыцця знайшоў. Гікала ўчыніў допыт і яшчэ аднаму прафесару ўніверсітэта, які таксама быў выключаны пад час праверкі партыйных дакументаў. Яго Гікала абвінаваціў у меншавіцкім выглядзе, бо той меў бараду і насіў капялюш. Прафесар пацвердзіў гэтае абвінавачванне і дадаў, што ў яго ўжо былі непрыемнасці з-за вонкавага выгляду, яго арыштоўвалі. Усё гэтае падобнае да показкі, але так было сапраўды, пра што ў Менску хадзіла шмат размоваў.

Пазней, вядома ж, частку выключаных узнавілла Масква, але гэта цягнулася гадамі. У «Праўдзе» з'явіліся артыкулы пра перагібы - што з партыі былі выключаны сумленныя людзі, што былі праяўлены нячуласць і фармальнае стаўленне.

Пасля праверкі партыйных дакументаў з Беларусі адклікалі некалькі наркамаў, хоць яны не мелі ніякіх партыйных спагнанняў і з партыі іх не выключалі. Прычыны тут хаваліся глыбокія. Адкліканыя наркамы-беларусы ў мінулым не былі актыўнымі ў нацыянальнай працы, наадварот, яны змянілі тых наркамаў, якія былі знятыя і арыштаваныя ў 1930 г. Аднак у сваёй працы яны не імкнуліся агульна зняславіць усё нацыянальнае, беларускае, шмат у якіх выпадках нават маўкліва падтрымлівалі праявы нацыянальнай працы. Яны цярпелі ад дыктатарскай дзейнасці сакратара Гікалы. Былі і іншыя матывы. Гэтыя наркамы групаваліся вакол старшыні Саўнаркама Галадзеда, моцнага і настойлівага суперніка Гікалы. Яны не пераставалі лічыць яго магчымым кандыдатам на пасаду першага сакратара партыі ў Беларусі, пасля таго як Шаранговіч, атрымаўшы ордэн, перакінуўся на бок Гікалы. Галадзед быў добрым гаспадарнікам, а не нацыянальным дзеячам. Старшынёй Саўнаркама ён быў з 1928 г. і добра вывучыў эканоміку краю, імкнуўся развіваць у рэспубліцы прамысловасць, дапамагаў беларускім культурным установам і тэатрам. Гікала бачыў ў Галадзеду моцнага і ўплывовага канкурэнта. Аднак сваёй хітрай тактыкай пад час партыйных чыстак Гікала змог напалову ізаляваць Галадзеда. З Наркамасветы адклікалі Платуна і паслалі ў Сібір начальнікам палітаддзела саўгаса. На яго месца быў прызначаны А.Чарнушэвіч, загадчык культпрапаганднага аддзела ЦК. Народнага камісара земляробства Рачыцкага адклікалі і паслалі ў Прыволжскую вобласць загадваць транспартам. На яго месца быў прызначаны намеснік Галадзеда паляк Бенек. Старшыня Вышэйшага Савета Народнай Гаспадаркі (так называлася тады ўпраўленне прамысловасцю да арганізацыі спецыяльных камісій) Грысевіч быў прызначаны начальнікам палітаддзела нейкай чыгункі ў Сібіры. Адклікалі і наркамздрава Цэнцыпера, прыяцеля Галадзеда, а наркамздравам з Масквы быў прысланы нейкі Сурта. Усё гэта былі старыя работнікі Беларусі. Іх напярэдадні яжоўшчыны чакала пакуль ганаровая высылка.

 

Спіс арыштаваных у 1933 г. за правядзенне нацыянальнай працы ў Беларусі.

1. Астапенка Зміцер, паэт, арыштаваны ў 1933 г., другі раз у 1936 г.

2. Бойка Янка, дацэнт аграноміі, арыштаваны другі раз у 1933 г.

3. Вашына Канстанцін (Лукаш Калюга), пісьменнік, высланы ў Ірбіт.

4. Вечар Алесь, паэт, арыштаваны ў 1933 г., слядоў няма.

5. Гаўрук Юрка, паэт, белетрыст, арыштаваны ў 1933 г., слядоў няма.

6. Нікановіч Мікалай, пісьменнік, высланы ў 1933 г. на Ўрал, загінуў.

7. Прыбыткоўскі Вадзім, паэт, арыштаваны ў 1933 г., слядоў няма.

8. Родзевіч Леапольд, пісьменнік, грамадскі дзеяч, арыштаваны ў 1933 г.

9. Салагуб Аляксандар, паэт, арыштаваны ў 1933 г., расстраляны.

10. Сушынскі, дацэнт хіміі, высланы ў 1933 г. у Астрахань.

11. Таўбін Юлі, паэт, арыштаваны ў 1933 г., другі раз ў 1936 г.

12. Хатулёў Пятро, пісьменнік, крытык, арыштаваны ў 1934 г.

13. Шашалевіч Андрэй (Мрый Андрэй), драматург, сатырык, арыштаваны ў 1933 г.

 

Беларусы, што прыбылі з Польшчы.

1. Баран С., пасол Польскага сейма, асуджаны польскім судом, вывезены ў БССР, дзе ў 1933 г. арыштаваны.

2. Бурсевіч, пасол Польскага сейма, арыштаваны ў 1933 г.

3. Валошын Павел, тое самае, вывезены ў Салаўкі.

4. Валынец Флягонт, тое самае.

5. Гаўрылік Язэп, тое самае.

6. Дварчанін Ігнат, доктар філалогіі, лёс як і ў папя рэдніх.

7. Каліноўскі Ў., арыштаваны ў 1933 г., слядоў няма.

8. Кахановіч М., арыштаваны ў 1933 г.

9. Мятла Пётр, польскім судом асуджаны на 13 гадоў, у БССР арыштаваны ў 1933 г., высланы на Салаўкі, дзе і загінуў.

10. Рак-Міхайлоўскі, таксама асуджаны польскім судом на 13 гадоў, арыштаваны ў 1933 г. і высланы на Салаўкі.

11. Тарашкевіч Браніслаў, праф. філалогіі, асуджаны ў Польшчы на 13 гадоў, вывезены ў Маскву, арыштаваны ў 1933 г. і высланы ў Сібір, загінуў.

 

IV

 

Прыкладна ў 1934 г. з Беларусі быў адкліканы другі сакратар ЦК камуністычнай партыі Васіль Шаранговіч. Пераводу яго з Беларусі, відаць, спрыяў першы сакратар Гікала. Як ужо адзначалася, Шаранговіч на пачатку працы карыстаўся пэўным аўтарытэтам сярод беларускіх камуністаў. Яго лічылі сваім чалавекам, які быў больш блізкі і даступны, чым інгуш Гікала, тым больш што ён не выяўляў той выключнай варожасці да беларускага руху, якую праводзіў Гікала. З мэтай раскалоць адзінства беларускіх камуністычных кіраўнікоў Гікала пастараўся залучыць на свой бок Шаранговіча, што яму амаль што і ўдалося зрабіць праз выпінанне яго партызанскіх заслугаў і ўзнагароджанне ордэнам. Праз пэўны час Шаранговіч быў ужо не патрэбны Гікалу ў Беларусі. Адкліканне Шаранговіча супала з рэарганізацыяй Цэнтральнай партыйнай камісіі і Наркамата рабоча-сялянскай інспекцыі, так званага ЦКК-РКІ. Гэтыя два органы былі раз'яднаныя ў дзве самастойныя ўстановы. Шаранговіч атрымаў прызначэнне ўпаўнаважаным партыйнага кантролю ў Казахстан. Дзейнасць сакратара камуністычнай партыі Беларусі была больш шырокай, больш разнастайнай, штодзённа сакратар партыі сустракаўся з мноствам кіраўнікоў, ад яго чакалі дырэктываў па ўсіх пытаннях партыйнага і савецкага будаўніцтва. Вобласць дзейнасці ўпаўнаважанага партыйнага кантролю была вельмі абмежаваная, насіла характар разбору ўсемагчымых парушэнняў партыйнай этыкі, выключэння з партыі, разгляд разнастайных апеляцый па пытаннях выключэння або ўжывання розных партыйных спагнанняў. Звычайна ў такія кантрольныя органы прызначаліся старыя члены партыі, няздольныя да шырокай практычнай дзейнасці ў разнастайных установах. З аднаго боку, прызначэнне Шаранговіча ў кантрольныя партыйныя органы цешыла яго самалюбства - яму былі давераны Крамлём кантрольныя функцыі партыі Казахстана, але адначасова яго адхілілі ад практычнай дзейнасці, што не адпавядала яго актыўнай натуры.

Другім сакратаром ЦК партыі па рэкамендацыі Шаранговіча быў прызначаны беларус Валковіч. Да гэтага Валковіч быў старшынёй Бабруйскага выканаўчага камітэта і шырокай вядомасцю не карыстаўся. На новай працы ён сябе ніяк не выявіў, шмат хварэў. Калі сакратаром быў Шаранговіч, беларускія работнікі звычайна імкнуліся да яго, каб вырашыць нейкія пытанні, да Валковіча ж мала хто заходзіў, бо ведалі яго слабое арыентаванне ў пытаннях партыйнага і савецкага будаўніцтва. Усе імкнуліся трапіць на прыём да самога Гікалы, які стаў у Беларусі адзіным партыйным валадаром. Праўда, у ЦК партыі былі яшчэ тры сакратары, але яны значнай ролі не выконвалі, бо адказвалі за спецыяльныя галіны працы. Так, напрыклад, быў спецыяльны сакратар па транспарце Іваноў. У агульнае партыйнае кіраўніцтва ён не ўваходзіў. У апазіцыі да Гікалы быў толькі старшыня Саўнаркама БССР Галадзед. Іх узаемаадносіны вельмі абвастрыліся.

Напружанне ў краіне на той час павялічылася. У Маскве ўзмацнілася праца па разгрому і ліквідацыі апазіцыянераў. Па ўсім Савецкім Саюзе адбылася значная перастаноўка партыйных кіраўнікоў, камандзіраў вайсковых акругаў. Ад усіх патрабавалася абвостраная «пільнасць», заахвочваліся разнастайныя выкрывальніцтвы. Усё было скіравана на выяўленне правых і левых апазіцыянераў, трацкістаў, буржуазных нацыяналістаў і г. д. Вось прыклад з Беларусі. Рэдактарам партыйнага органа «Звязда» быў былы сакратар Троцкага Ленцнер. Гэта быў вельмі спрытны чалавек, сакратар Гікала яму сімпатызаваў. Калі выкрывальніцкая кампанія набрала дастатковы тэмп, Гікала паспяшаўся пераправіць свайго любімца ў Днепрапятроўскую вобласць. Зрабіў ён гэта ціха і без неабходных партыйных афармленняў. Дамовіўшыся з добра вядомым у Савецкім Саюзе партыйным сакратаром Днепрапятроўскай вобласці Хатаевічам, Гікала без пастановы бюро ЦК партыі адправіў Ленцнера да Хатаевіча, дзе той быў прызначаны на пасаду загадчыка абласнога зямельнага аддзела. Гэта выкарыстаў Галадзед, які быў членам бюро ЦК партыі. На пасяджэнні бюро Галадзед запатрабаваў вытлумачыць, на падставе чаго работнік найвышэйшай партыйнай наменклатуры, рэдактар партыйнага органа, прызначаны на гэтую працу пленумам ЦК партыі, без дазволу бюро быў адпушчаны з Беларусі. Гікала быў у вельмі цяжкім становішчы, тым больш, што на Ленцнеры вісеў такі цяжар, як блізкасць да Троцкага. Галадзед запісаў у пратакол пасяджэння бюро ЦК сваю думку пра няслушныя дзеянні сакратара Гікалы наконт пераводу Ленцнера. Гэты выпадак стаў вядомы ў Крамлі, бо ўсе пратаколы дасылаліся ў ЦК партыі бальшавікоў у Маскву.

Здаецца, у першай палове 1936 г. сакратар Гікала з Беларусі быў адкліканы. Яго прызначылі ў Харкаўскую вобласць другім сакратаром партыі. Відавочна, Гікала атрымаў паніжэнне, нягледзячы на яго актыўную і бязлітасную барацьбу ў Беларусі з нацыянальным рухам, умацаванне партыйнага ўплыву на ўсе віды працы ў рэспубліцы. Старшыня Саўнаркама Галадзед стаяў пакуль цвёрда, у Маскве ён быў па-за падазрэннямі. Гікала быў спушчаны з рэспубліканскага партыйнага кіраўніка да другога сакратара вобласці, хоць і буйнамаштабнай.

Пасля адклікання Гікалы Крэмль прыслаў першым сакратаром ЦК партыі В.Шаранговіча, які больш за год быў у Казахстане. Здавалася б, беларускія камуністы дачакаліся выканання свайго жадання, яны атрымалі першым сакратаром беларуса, які трэці раз вяртаўся сюды на працу. Наступны год прынёс мноства сумных зменаў.

У палове 1936 г. або ў 1937 г., дакладна не памятаю, скончыў жыццё самагубствам старшыня Вярхоўнага Савета БССР і СССР Аляксандар Рыгоравіч Чарвякоў. Беларус, з вёскі Дукорка за 35 км ад Менска, па адукацыі настаўнік, закончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Пад час першай сусветнай вайны быў афіцэрам, лютаўская рэвалюцыя заспела А.Чарвякова ў Петраградзе, дзе ён пазней арганізоўваў беларусаў-вайскоўцаў, якія служылі ў Петраградскім гарнізоне. Пасля захопу ўлады бальшавікамі Чарвякоў уступіў у камуністычную партыю. Калі 27 лютага 1919 г. на тэрыторыі Беларусі і Летувы была створана так званая Летувіска-Беларуская Савецкая Рэспубліка, Чарвякова прызначылі камісарам народнай асветы. З дня абвяшчэння Беларускай ССР Чарвякоў да самай смерці быў нязменным старшынёй Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта, а потым Вярхоўнага Савета БССР. Ён не быў чалавекам рэвалюцыйных дзеянняў. Магчыма, у першыя гады рэвалюцыі яго захапіла ідэя нацыянальнага адраджэння Беларусі, як і ў многіх інтэлігентаў-беларусаў былі надзеі на перараджэнне савецкай улады і стварэнне Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Вядома, што Чарвякоў у перыяд нацыянальнага беларускага руху пад час нэпа належаў да падпольнай арганізацыі беларускіх нацыяналістаў. Ён цудоўна разумеў псіхалогію народных масаў, асабліва сялянства, быў выдатным прамоўцам. У першыя гады савецкай улады, калі былі большыя магчымасці, Чарвякоў зрабіў шмат добрага. Зразумела ж, ён не мог выдаваць свае беларускія законы, але кожны пакрыўджаны, абмежаваны ў сваім праве, асуджаны на доўгі тэрмін, а то і на смерць, сустракаў у асобе Чарвякова верагодную дапамогу, калі гэтую дапамогу можна было падаць у якой-небудзь форме. Асабліва ў яго прыёмную імкнуліся сяляне. Папулярнасць яго была незвычайная. Службовае становішча Чарвякова давала яму магчымасць ездзіць у гарады, мястэчкі Беларусі. У адрозненне ад іншых савецкіх кіраўнікоў ён заўсёды імкнуўся да людзей, хацеў бачыць усё на свае вочы, гаварыць з рабочымі і сялянамі. Ужо пасля трыццатых гадоў ад кожнага савецкага чалавека, тым больш буйнога кіраўніка, патрабаваліся вытрымка, асцярожнасць не толькі ў дзеяннях, але і ў словах, сустрэчах, размовах. Яшчэ ў перыяд нэпа Чарвякоў, прыехаўшы з Масквы, меў неасцярожнасць на адным сходзе ў сваім выступленні паўтарыць бухарынскі лозунг «Узбагачайцеся!». Пазней гэтая недальнабачнасць прынесла Чарвякову шмат непрыемнасцяў. Розныя выскачкі і кар'ерысты пад час калектывізацыі і пасля кожны раз нагадвалі Чарвякову гэты вялікі «грэх». Бухарын быў абвінавачаны ў тым, што сваім лозунгам заклікаў да індывідуальнага, а не да грамадскага ўзбагачэння, якое павінна было прыйсці праз калгас і нацыяналізаваную дзяржаўную прамысловасць. Чарвякову яго нядобразычліўцы імкнуліся «прышыць» правы ўхіл. Аднак усялякія спробы скінуць Чарвякова, асабліва з боку сакратара Гікалы, не мелі поспеху. Крэмль даваў дырэктыву пакінуць яго старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. У жыцці гэты быў вельмі сціплы чалавек, не любіў ніякай шуміхі і бутафорыі. У час партыйнага пленума, які адбываўся ў зале пасяджэнняў Дома Ўраду, Чарвякоў выйшаў, пайшоў у свой кабінет, замкнуўся на ключ і застрэліўся. Калі дзверы адчынілі, ён быў ужо мёртвы. Назаўтра ў менскіх газетах на апошняй старонцы дробным шрыфтам была надрукаваная маленькая нататка: «Учора на глебе сямейных непаразуменняў застрэліўся старшыня Вярхоўнага Савета БССР і СССР А.Чарвякоў». Цела Чарвякова выставілі ў клубе прафесійнага саюза савецкіх і гандлёвых служачых. У дзень пахавання простую драўляную, нават не пафарбаваную, труну паставілі на пляцоўку грузавога аўтамабіля, без вянкоў і звыклых у такіх выпадках жалобных стужак з надпісамі, без жалобнай музыкі, і адвезлі на могілкі. Тым не менш пахаванне Чарвякова вылілася ў магутную, шматлікую, але маўклівую дэманстрацыю жыхароў Менска. Праводзіў труну вялізны натоўп, міліцыянеры пешшу і конна разганялі народ, загадвалі разысціся: «Ну что, не видели похорон? Разойдитесь!». У час пахавальнай працэсіі з-за вялікай колькасці людзей вулічны рух прыпынілі. Пад час самога пахавання не было ніякіх прамоваў. Пахавалі, але не забыліся. Больш за год магіла Чарвякова заўсёды была ўпрыгожаная свежымі жывымі кветкамі, якія прыносілі яго сябры і добразычліўцы. Жонка і дзве прыёмныя дачкі Чарвякова пасля пахавання выехалі з Менска і пазней былі арыштаваныя. Чарвякоў пасля сябе пакінуў у беларусаў самую светлую і добрую памяць.

<...> Восіп Стакун. Ён з'явіўся ў Беларусі прыблізна ў 1934 або ў 1935 г. Дзе і кім ён працаваў раней - звестак няма. Вядома, што Стакун быў старым членам камуністычнай партыі, у якую ўступіў яшчэ да лютаўскай рэвалюцыі, калі быў майстрам на Пуцілаўскім заводзе ў Петраградзе. Па сваіх манерах і вытрымцы нагадваў старых партыйных інтэлігентаў-ідэалістаў, мала ўвагі звартаў на асабістае жыццё. Далікатны з людзьмі, у працы Стакун не выяўляў рэзкасці. Сам з Віленскай губерні, беларус, але беларускай нацыянальнай працай не цікавіўся, хоць на той час яна была моцна заглушана і заціснута. З прызначэннем Стакуна на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета існавала думка, што ён хоць у нейкай ступені заменіць чулага ды інтэлігентнага А.Чарвякова. Аднак Стакун на пасадзе старшыні прабыў не больш за тры-чатыры месяцы, быў арыштаваны і лёс яго невядомы. Тады старшынёй быў прызначаны нейкі Наталевіч. Яго ніхто не ведаў, хадзілі чуткі, што ён быў капітанам Чырвонай арміі, нават наўрад ці быў членам Вярхоўнага Савета БССР. Пра яго былую дзейнасць ніхто нічога не ведаў. Ён пратрымаўся да вайны, відаць, і ў час вайны лічыўся старшынёй, бо і пасля вайны быў на гэтай пасадзе. Што з ім сталася - невядома, бо цяпер старшыня Вярхоўнага Савета БССР іншы.

Пасля самагубства другой знакамітай ахвярай яжоўшчыны стаў старшыня Саўнаркама БССР Мікалай Галадзед. Галадзед не быў арыштаваны, калі сакратар ЦК партыі абвясціў, што ён з гэтай пасады адклікаецца. На месца Галадзеда быў рэкамендаваны другі сакратар Валковіч. Галадзед быў арыштаваны ў Маскве або па дарозе ў Маскву. Пазней стала вядома, што Галадзед пад час допыту ў НКУС выкінуўся з пятага паверха і разбіўся на смерць. Ёсць меркаванне, што НКУС знарок стварыў умовы для самагубства. Пра дзейнасць Галадзеда згадвалася некалі разоў. Старшынёй Саўнаркама БССР ён прабыў амаль дзесяць гадоў, змяніў ён Язэпа Адамовіча, які быў адкліканы з Беларусі і пад час яжоўшчыны застрэліўся. Галадзед меў цудоўную памяць і здольнасці кіраваць, адміністраваць. Ён ледзьве скончыў тры класы рабочага факультэта пры сельскагаспадарчай акадэміі. Аднак прыродныя здольнасці далі яму магчымасць працаваць на адказнай савецкай пасадзе. На службе ён быў скрытны і самалюбівы, умеў падпарадкоўваць сабе людзей. Блізка ні з кім не сыходзіўся, заўсёды быў пільны. У Маскве ўмела і спрытна праводзіў гаспадарчыя пытанні, што мелі дачыненне да Беларусі. Быў у добрых стасунках з Молатавым, Варашылавым, Мікаянам, Арджанікідзе. Аднак усё гэтае не выратавала Галадзеда ад пагібелі.

Дайшла чарга і да сакратара партыі Шаранговіча. Пасля нядоўгага выканання абавязкаў першага сакратара партыі ён быў арыштаваны. Лёс яго стаў вядомы з маскоўскіх газетаў. Шаранговіча судзілі з групай, якую ўзначальваў М.Бухарын. Судовы працэс быў адкрыты, і справаздачы пасяджэнняў змяшчаліся ў друку. Здаецца, усе ўдзельнікі працэсу былі асуджаны на смерць, у тым ліку і Шаранговіч. Шаранговіч рабіў уражанне сардэчнага і шчырага чалавека, як ужо адзначалася, ён заваяваў давер многіх беларускіх камуністаў, асабліва маладых. Аднак яго праца ў Беларусі ў святле наступных падзеяў сведчыць пра скрытнасць і няшчырасць у дачыненні да тых, хто яму давяраў. Ніхто з беларусаў не атрымаў ордэна за партызаншчыну пад час савецка-польскай вайны, а Шаранговіч праз дзесяць гадоў быў узнагароджаны. Ды і пра партызанскія подзвігі Шаранговіча амаль не было чуваць. Вядома, што ў 1919-20-я г. цэнтралізаванага кірав�ння партызаншчынай не было, а між тым Шаранговіча зрабілі кіраўніком партызанскага руху ўсёй Беларусі, пра што толькі праз дзесяць гадоў даведаліся сапраўдныя ўдзельнікі партызаншчыны. Нядобрае ўражанне засталося ў многіх камуністаў, калі за ордэн ён перакінуўся на бок Гікалы і стаў яго паслухмяным выканаўцам. На час працы Шаранговіча першым сакратаром партыі прыпадае гібель старшыні Вярхоўнага Савета БССР А.Чарвякова і старшыні Саўнаркама БССР М.Галадзеда. Калі Шаранговіч і не быў напрамую вінаваты ў іх пагібелі, бо яны наўрад ці ўтрымаліся б пад час яжоўшчыны, тым не менш ён блізка ў гэтым удзельнічаў. На апошнім этапе свайго жыцця, пад час працэсу ў бухарынскай групе пасля паказанняў Бухарына Шаранговіч кінуў рэпліку такога зместу: «Бухарын, навошта тут, на судзе, ілгаць». Значыць, і на савецкім судзе Шаранговіч хацеў выгадна сябе вылучыць.

Замест Шаранговіча Крэмль прыслаў у Беларусь першым сакратаром нейкага Волкава. Уся яго «дзейнасць» адбывалася ў самы разгар яжоўшчыны. Волкаў не займаўся кіраўніцтвам, а быў памагатым НКУС, і гэты «ганаровы» абавязак выконваў з асаблівай ахвотай і задавальненнем. Пра метады працы НКУС таго часу шмат гаварылася і пісалася.

Новы сакратар ЦК партыі Волкаў быў грубым дэспатам з прыёмамі чэкіста першых гадоў савецкага ладу. Малакультурны і бессаромны ў выразах, ён рабіў адмоўнае ўражанне. Час праводзіў у выступленнях на розных сходах, дзе «граміў» ворагаў народа. Направа і налева прыпісваў абраным ахвярам разнастайныя злачынствы, галоўным чынам шпіянаж і шкодніцтва. Пасля такой характарыстыкі агентам НКУС заставалася толькі падбіраць ахвяры і накіроўваць іх у скляпенні. Давялося чуць аповед аднаго прафесара па скураных захворваннях Пракапчука. На сходзе медыцынскіх работнікаў у сваім выступленні Волкаў абвінаваціў прафесара ў распаўсюджванні сярод пацыентаў венерычных хваробаў з мэтай шкодніцтва. А між тым, з савецкага пункту погляду прафесар Пракапчук менш за ўсё выклікаў сумненняў у палітычнай добранадзейнасці. У мінулым партызан савецка-польскай вайны, пасля заканчэння медыцынскага інстытута як надзейны чалавек і камуніст, як спецыяліст, што падаваў надзеі, ён быў камандзіраваны ў Парыж для ўдасканалення па спецыяльнасці. Пасля абвінавачвання на сходзе Волкаў не дазволіў Пракапчуку выступіць з апраўданнем.

У раёны Волкаў пасылаў супрацоўнікаў ЦК, якія дзейнічалі такімі самымі метадамі. Яны, так званыя інструктары ЦК, прыехаўшы ў раён, склікалі партыйныя сходы і, абвінаваціўшы прызначаную ахвяру ў шкодніцтве і шпіянажы, забіралі партыйныя білеты. Справу заканчваў НКУС. Вядомы асаблівы выпадак такой працы. За 60 км ад Менска ёсць раённы цэнтр г. Чэрвень (раней г. Ігумен). У гэтым раёне сакратаром партыі быў нейкі Плятнёў. Кіраўніком ён быў звычайным, нічым асабліва не вылучаўся. У мінулым - вясковы настаўнік. На партыйным сходзе пасланец Волкава адабраў у яго партыйны білет і абвінаваціў у шпіянажы. Плятнёў, чалавек нервовы і хворы, у прадчуванні далейшых падзеяў, вырашыў скончыць жыццё самагубствам. Выстрал у скроню быў няўдалы. Цяжка параненага Плятнёва НКУС арыштаваў і змясціў у арыштанцкае аддзяленне бальніцы. Жыццё яму захавалі, але выстрал перасек вочныя нервы, і ён застаўся сляпым на два вокі. Доўгі час быў пад арыштам, пасля вызвалены. Яжоўшчына мінула, дзе-нідзе нясмела, без асаблівага абвяшчэння пачалі знаходзіць новых «ворагаў народа», тых, хто арыштоўваў, бесчалавечна праводзіў следства з вытанчанымі формамі здзеку па злачынствах, якіх не існавала. Успомнілі і пра інструктара ЦК, які быў вінаваты ў слепаце Плятнёва. У Менску арганізавалі публічны паказальны працэс. Паводле ходу справы і па велічыні злачынства шмат хто меркаваў, што вінаватаму пагражае смерць, аднак яму прысудзілі толькі пяць гадоў зняволення. Наўрад ці адбываў ён яго ў лагерах.

У Гомелі пад час яжоўшчыны быў арганізаваны адкрыты паказальны суд над «шкоднікамі». Судзілі старшыню гомельскага гарадскога савета (прозвішча не запомнілася), загадчыка гарадскога аддзела аховы здароўя Гурло і начальніка машынна-трактарных майстэрняў Валюкевіча. Усе трое - камуністы. Яны абвінавачваліся ў неверагодных злачынствах, у чым прызналіся не толькі ў скляпеннях НКУС, але і на судзе, што зрабіла вялікае ўражанне на прысутных. Між іншым, да рэвалюцыі Гурло быў на вельмі сціплай працы паштара ў мястэчку, з першых дзён савецкай улады далучыўся да бальшавікоў і потым ужо некалькі гадоў быў кіраўніком буйных паштова-тэлеграфных кантораў. Гурло, як і двум астатнім абвінавачаным, не было прычынаў стаць шкоднікамі. А між тым Гурло «прызнаўся», што ён маленькім дзецям яшчэ ў радзільных дамах праз сваю агентуру прышчэпліваў сіфіліс. Усім тром быў прысуджаны расстрэл. Вядома, на той час без суда загінула агентура Гурло. На вачах публікі канваіры НКУС схапілі асуджаных пад рукі і павезлі на «чорным воране». Потым хадзілі чуткі, што ім абяцалі захаваць жыццё і выпусціць на волю за «прызнанне».

Быў і іншы выпадак. У Гомелі арыштавалі жанчыну гадоў сарака па прозвішчы Новікава, члена партыі, малапісьменную, якая арганізоўвала жанчын у калгасах. Яе абвінавацілі ў шпіянажы на карысць немцаў, грунтуючыся на тым, што пад час першай сусветнай вайны тая за хлеб мыла нямецкім салдатам бялізну. Абвінавачванне было абсурдным, і ахвяра не прызналася следчаму. Тады следчы пачаў пераконваць Новікаву, што яе «прызнанне неабходнае і патрэбнае для камуністычнай партыі». Як просты чалавек Новікава сказала, што следчы - таксама член партыі, і калі партыі трэба, то няхай хто-небудзь з членаў партыі возьме на сябе абвінавачванне ў шпіянажы, такая магчымасць ёсць і ў следчага. Новікава змагла выпадкова вызваліцца, ёй дапамагла добрая прыяцелька, што была знаёмая з уплывовым супрацоўнікам НКУС. Новікава расказвала пра гэтае сама.

Арыштавалі аднаго камсамольца. Яму была прызначана роля шпіёна на карысць Італіі. Не маючы за сабой зусім ніякай віны, камсамолец упарта не прызнаваўся. Следчы збіваў яго, садзіў у карцар, пасылаў на канвеер, камсамолец не мог вытрымаць такіх прыёмаў і быў гатовы прызнацца. Суседзі па камеры шкадавалі бязвіннага юнака, але, вядома ж, нічым не маглі яму дапамагчы. Гэты камсамолец быў студэнтам школы малявання. У камеры знайшоўся дасціпны чалавек, які навучыў камсамольца, як «прызнацца». На чарговым допыце камсамолец сказаў, што па шпіянажы ён быў звязаны з італьянцамі Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, Рафаэлем і інш. Следчы ўзрадаваўся, што нарэшце дамогся свайго і выканаў заданне «старэйшага» начальніка, накарміў камсамольца, даў махоркі і адправіў у камеру. Прыблізна два тыдні камсамолец сядзеў спакойна ў камеры і дзякаваў свайму настаўніку за ўдалую форму прызнання. Яго выклікалі яшчэ раз на допыт. Старшы следчы насварыўся на яго за здзек з следства, але юнак растлумачыў, што яго настаўнікамі сапраўды былі славутыя італьянцы. Невук следчы і ўяўлення не меў пра сусветна вядомых вялікіх людзей і паверыў, што Рафаэль быў арганізатарам шпіянажу.

Пад час яжоўшчыны асабліва ганебную ролю выконваў беларускі камуністычны друк. Так званыя газетныя карэспандэнты ў савецкіх установах шукалі розны абвінаваўчы матэрыял. У гэтай працы асабліва дапамагалі загадчыкі сакрэтных аддзелаў наркаматаў і буйных установаў. Называліся яны «спецаддзеламі» і ў бальшыні выпадкаў іх кіраўнікамі былі сакратары камуністычных ячэек. Назбіраўшы такога-сякога матэрыялу, газета, і асабліва орган камуністычнай партыі «Звязда», рыхтавала абвінаваўчы матэрыял, у якім імкнулася як мага больш ачарніць прызначаную ахвяру. Факты перакручваліся, у бальшыні выпадкаў былі выдуманыя, фальшывыя. Усё станоўчае ў лепшым выпадку замоўчвалася або паказвалася як контррэвалюцыйныя ўчынкі, як інтрыгі ворагаў народа. Звычайна абвінаваўчы матэрыял заканчваўся «абурэннем», што такі закаранелы вораг народа сядзіць, замаскіраваўшыся, у савецкай установе. Пасля такой падрыхтоўкі ў той самы дзень зганьбаваная ахвяра знікала ў скляпеннях НКУС. Турмы не змяшчалі ўсіх арыштаваных. Выкарыстоўваліся скляпы і напаўразбураныя старадаўнія сутарэнні, напрыклад, у Менску прыстасавалі былы манастыр. Арыштоўваў не толькі НКУС, але і органы савецкай міліцыі пад выглядам крымінальных злачынстваў, а потым ужо перадавалі па прызначэнні.

Паводле такога абвінаваўча-ілжывага газетнага артыкула ў газеце «Звязда» быў арыштаваны грамадзянін С. Яго арыштавала міліцыя за крымінальныя дзеянні, якіх не было. Калі ён сядзеў у міліцыі, жонка з вялікімі цяжкасцямі магла бачыць яго пад час прагулкі. Яго ні ў чым не абвінавачвалі і не дапытвалі. Праз тры месяцы забралі ў НКУС. Усялякія спробы жонкі даведацца пра далейшы лёс мужа не мелі поспеху. Прыблізна праз паўгода пасля арышту С. да яе прыйшоў агент НКУС з лістом ад мужа. Ліст ў рукі не даў, дазволіў прачытаць здалёк. Яна сцвярджала, што ліст як быццам бы сапраўды быў напісаны і падпісаны рукой мужа. Той прасіў даслаць яму крыху тлушчаў і цёплую вопратку. Ліст забралі, аднак пасланец «суцешыў» яе звесткамі пра добрыя паводзіны мужа, якога трэба падтрымаць яшчэ месяц, і ён будзе адпушчаны дадому. Бедная жанчына зрабіла ўсё, каб сабраць пасылку і перадаць крыху тлушчаў да сухароў. Пасылку забралі, жонка кожную ноч да раніцы чакала мужа, бо хадзілі чуткі, што вызваленых з турмы адпускаюць толькі апоўначы. Сапраўды, у адну ноч прыйшлі і арыштавалі жонку С., канфіскавалі маёмасць і забралі ў распараджэнне НКУС кватэру. Засталіся двое беспрытульных хлопчыкаў: адзін дванаццаці гадоў, другі - чатырох-пяці.

Цяжкім і жахлівым было становішча сям'і арыштаванага. Часта яна лічылася сям'ёй ворага народа і не мела ніякіх сродкаў на існаванне. Сямейнікаў не бралі на працу, а тых, хто працаваў, звальнялі з любой прычыны або проста выганялі на вуліцу. Дзеці арыштаваных перажывалі страшэнную трагедыю, становішча іх было адчайным. З вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установаў выключалі. У агульнаадукацыйных - выганялі з усіх вучнёўскіх арганізацый. Сям'я ворага народа станавілася за абмежаванай савецкай законнасцю. Суседзі і знаёмыя ў такіх выпадках абміналі сямейнікаў арыштаванага, не пазнавалі іх. Кожны ведаў і разумеў, што дапамагчы чужому гору немагчыма, а наклікаць на сябе падазрэнне ў сувязі з сям'ёй ворага народа можна. Такое нячулае стаўленне да лёсу блізкіх арыштаванага тлумачыцца не абурэннем і варожасцю, а імкненнем застацца ўбаку і пазбегнуць лёсу няшчасных.

Усе беларускія наркамы, іх намеснікі, дырэктары трэстаў, шматлікіх установаў былі арыштаваныя. На іх месца прызначаліся іншыя, якія часта праз вельмі кароткі тэрмін таксама арыштоўваліся. Напрыклад, можна паказаць перамены ў Наркамаце асветы. Пасля адклікання з наркамата Платуна на яго месца быў прызначаны А.Чарнушэвіч. Незадоўга да арышту яго вызвалілі ад пасады па абвінавачванні ў нацыянальным дэмакратызме. Месяцы два ён быў на волі, спрабаваў выехаць з Беларусі ў Растоў-на-Доне. Не атрымалася. Праз месяц яго арыштавалі, а праз нейкі час такі самы лёс спасціг і яго жонку. Пару месяцаў наркамам асветы быў супрацоўнік ЦК партыі Дзьякаў, чалавек малакультурны і малапісьменны, тупы. Дзьякаў таксама быў арыштаваны. Наркамам прызначылі Варончанку. Па спецыяльнасці інжынер, малады і энергічны, камуніст, выйшаў з камсамольцаў. Таксама выконваў абавязкі нядоўга, быў арыштаваны. Утрымалася наркамам асветы Ўралава, якая, відаць, лічылася наркамам у час вайны і яшчэ нядаўна была на гэтай пасадзе. Паводле газетных звестак, Уралава цяпер прызначана намеснікам старшыні Саўнаркама БССР.

Лічу неабходным адзначыць абсурднасць некаторых сцвярджэнняў, нібы НКУС арыштоўваў не ўсіх аднолькава, нібы менш рэпрэсій было ў дачыненні да жыдоў. Гэтыя сцвярджэнні няправільныя і маюць адценне антысемітызму. Калі б даследчык стаў высвятляць праўду, то паводле дакументальных дадзеных вызначыў бы, што ўсіх наркамаў Беларусі, частка якіх была жыдамі, нягледзячы на іх самае пралетарскае паходжанне, арыштавалі. Прыкладам можа быць наркам камунальнай гаспадаркі БССР Васерман. Да прызначэння наркамам ён працаваў маляром. Пад час яжоўшчыны разам з іншымі быў арыштаваны, у турме звар'яцеў, арыштавалі і яго жонку. Ацалеў адзін толькі намеснік наркама харчовай прамысловасці Раксін Яўсей. Гэта выпадковасць. Не ацалелі і высокія партыйныя кіраўнікі - жыды.

Неверагодна жахлівыя справы адбываліся і ў раёнах. Там на хапок былі зроблены самыя прымітыўныя прыстасаванні для ўтрымання тысяч арыштаваных. У Рагачове арыштаваных узімку трымалі ў сутарэннях старадаўняга замка, там не было печаў, дзвярэй, вокнаў. Разваліны абнеслі калючым дротам, стаяла ахова. Людзі гінулі, пачалася эпідэмія сыпнога тыфу, тады НКУС вымушаны быў ліквідаваць гэтую турму. У выключна цяжкіх умовах жыло насельніцтва памежных з Польшчай раёнаў. Там гаспадарыла памежная ахова НКУС. Пустымі заставаліся цэлыя вёскі. Арыштоўвалі ўсіх, каго нават нязначна падазравалі ў нядобранадзейнасці, хто быў незадаволены савецкім рэжымам. Можна без перабольшвання сказаць, што рэпрэсавалі больш за палову мужчынскага насельніцтва. Разлічваліся з арыштаванымі тройкі. Суд іх быў канчатковы і безапеляцыйны. Уначы асуджаных на расстрэл грузавымі машынамі вывозілі ў глухія лясы.

 

V

 

Пра памеры ахвяраў тэрору ў 1936-1937 г. можна меркаваць па такіх паказчыках: да вайны ў Менску налічвалася каля 250 тыс. чалавек насельніцтва, а пад час яжоўшчыны за адну ноч арыштоўвалася ад 400 да 500 чалавек. Каля дванаццаці гадзін ночы, калі звычайна пачыналася «нармальная» праца НКУС, насельнікаў горада ахопліваў страх. Людзі не спалі, нервова прыслухоўваліся да стуку, шоргату, у кватэрах уздымалася паніка ад гуку аўтамашыны на вуліцы. Кожная сям'я чакала жахлівых наведвальнікаў. Часта ў адной сям'і арыштоўвалі некалькі чалавек. Супрацоўнікі ва ўстановах, прыйшоўшы раніцай на працу, з трывогай аглядаліся і вызначалі колькасць начных ахвяраў. Былі патрэбныя нечалавечыя высілкі, каб вонкава захоўваць спакой, вытрымку і выконваць працу. Трэба было паказаць абыякавасць да знікнення людзей, часта блізкіх сяброў і аднадумцаў. Зацікаўленасць арыштаванымі і роспыты пра лёс іх сем'яў былі небяспечнымі. У некаторых з тых, хто застаўся на волі, не вытрымлівалі нервы: людзі не клаліся спаць, апраналіся і без мэты блукалі па пустых вуліцах горада да раніцы. Дзеянне нічым не апраўданае, аднак на вуліцы чалавек адчуваў сябе неяк спакайней, чым калі б чакаў пагібелі ў кватэры. Суцяшаў сябе тым, што крыху раней даведаецца пра смяротны ўдар. Некаторыя імкнуліся паехаць ў доўгатэрміновую і дальнюю камандзіроўку, хто меў магчымасць - спрабавалі пераехаць у іншую вобласць, край. Былі добраахвотныя просьбы перавесці на працу за Палярны круг, на далёкую Поўнач, у Якуцію з надзеяй пазбегнуць арышту. Аднак гэтыя меры ад арыштаў ратавалі рэдка. Прадбачлівыя на выпадак арышту мелі падрыхтаваны клунак з бялізнай і неабходнымі прадуктамі. Трывогу павялічвалі чуткі пра жахлівыя ўмовы ўтрымання арыштаваных у карцэрах, пра катаванні пад час допытаў, пра вымушаныя прызнанні. Камеры ў турмах былі перапоўненыя, арыштаваныя спалі па чарзе, усе клаліся ў адзін бок, каб займаць менш месца, і праз пэўны прамежак часу па камандзе пераварочваліся на другі бок.

Перад пасадкай у камеру арыштаванага вельмі старанна абшуквалі, забіралі гадзіннікі, акуляры, падцяжкі, у хворых - бандажы, выцягваліся шнуркі з чаравікаў, абразаліся ўсе гузікі на штанах, пінжаках, паліто, з абутку выразаліся спражкі. Асаблівая ўвага звярталася на тое, каб у арыштаванага не засталося якой-небудзь металічнай рэчы. Адсутнасць у хворых акуляраў і бандажаў выклікала не толькі нязручнасць, але і боль. Старыя губернскія і ўездныя турмы пад час яжоўшчыны былі пераробленыя. Вокны на тры чвэрці зменшаныя і закладзеныя цэглай, на некаторых падвешаныя драўляныя шчыткі, якія не давалі магчымасці бачыць двор турмы або край вуліцы, наогул бачыць свет. У двары турмы для прагулак былі зробленыя спецыяльныя клеткі, абнесеныя высокім дашчаным плотам без даху. У турмах меліся спецыяльныя камеры-мяхі без вокнаў, павялічылася колькасць разнастайных карцэраў. Турэмныя майстэрні былі пераробленыя пад камеры. Турмы ператварыліся ў месцы для ўтрымання тых, хто быў пад следствам. Асуджаных накіроўвалі ў дальнія лагеры. Паўсюль захоўвалася найстражэйшае ізаляванне арыштаваных адных камераў ад іншых, але звесткі хутка распаўсюджваліся не толькі па турме, але і па-за яе сценамі.

Адзін з тых, хто ацалеў і быў выпушчаны на волю - нейкі Баранчык, які ўтрымліваўся ва ўезднай турме Барысава, - перадаваў, што ён быў амаль упэўнены, нібыта ў Савецкім Саюзе адбыўся нейкі пераварот і ў выніку ўсталявалася лютая дыктатура. Ён сцвярджаў, што на допыце следчы спытаўся, ці верыць ён у Бога. Пачуўшы адмоўны адказ, Баранчыка збілі за атэізм, а на наступны дзень следчы збіў яго за веру. Баранчыка толькі бянтэжылі партрэты савецкіх правадыроў, што былі ў кабінеце следчага. Адзін буйны камандзір памежных войскаў, вызвалены з-пад арышту, у размове сцвярджаў, што прычына масавых арыштаў - замежная агентура, якая пракралася ў вярхі НКУС з мэтай знішчыць сумленных савецкіх супрацоўнікаў ва ўсіх галінах дзяржаўнай сферы, каб зменшыць магутнасць савецкай дзяржавы, апрача таго, масавыя арышты былі разлічаны на кампраметаванне савецкай улады. Так гэтаму абмежаванаму вайскоўцу хацелася абяліць сапраўды вінаватых арганізатараў тэрору, ці ён сур'ёзна памыляўся.

Калі тэрор зменшыўся, вельмі нязначная частка арыштаваных была выпушчаная на волю. Аднак усе яны страцілі здароўе: былі выбітыя зубы, паламаныя рэбры, прабітая барабанная перапонка, пашкоджана прамая кішка ад вымушанага сядзення на вострай ножцы крэсла або зэдліка. Галоўным болем была душэўная пустата, горкае расчараванне, прыбітасць, апатыя. Вызваленыя беспартыйныя вярталіся на ранейшае месца працы, калі тое не было занятае новай асобай. «Вымушаны» прагул установа не аплочвала, хоць паводле савецкага працоўнага заканадаўства прадугледжвалася выплата ўстановай заробку супрацоўніку, калі той не па сваёй віне не мог выконваць працы. Падпіска пра нераспаўсюджванне ўбачанага і пачутага ў НКУС абавязвала шмат да чаго і паралізавала патрабаванні абароны законных правоў, якія былі бязлітасна парушаны. Незайздросным быў і лёс вызваленых членаў партыі. Перад імі быў клопат узнавіць сябе ў партыі, сам факт арышту ставіў партыйца ў становішча выключанага. Няма сумнення, што шмат хто з выключаных ахвотна застаўся б беспартыйным, аднак той, хто быў выключаны і не імкнуўся ўзнавіць сябе, аўтаматычна пераходзіў у становішча непараўнальна горшае, чым любы беспартыйны. Да ўсіх вызваленых з-пад арышту кіраўнікі ставіліся з пэўнай насцярожанасцю. Яна выклікалася страхам перад магчымымі паваротамі нечаканай і зменлівай палітыкі камуністычнай партыі.

Яжоўшчына знішчыла амаль усіх старых членаў партыі, а партыйцаў з дакастрычніцкім стажам 1917 г., відаць, засталіся літаральна адзінкі. Гэта пацвярджаецца складам дэлегатаў на апошні, ХIХ, з'езд камуністычнай партыі, дзе з 1192 дэлегатаў толькі 1,2%, або 12 чалавек, былі членамі партыі з стажам да 1917 г. Гэта мізэрная колькасць. У Беларусі былі знішчаныя і ўсе партызаны савецка- <...> мерапрыемстваў у раёнах, асабліва пры савецка-польскай мяжы. Ні адна палітычная кампанія не адбывалася без іх актыўнага ўдзелу. Не ацалелі і тыя члены камуністычнай партыі, што ў свой час накіроўваліся на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь. Іх абвінавачвалі як польскіх шпіёнаў. Не шкадавалі таксама і тых, хто ў першую сусветную вайну трапіў у палон да немцаў - яны былі за мяжой і захавалі ўспаміны пра яе, праўда, не вельмі добрыя, таму што бальшыні палонных давялося перажыць голад. Былі арыштаваныя і ўсе без выключэння члены партыі, якія хоць у нейкай ступені мелі дачыненне да трацкізму або іншых відаў апазіцыі.

Арыштавалі і рэшткі беларускай інтэлігенцыі, якая актыўна ні ў чым не ўдзельнічала, але было меркаванне, што яны - настаўнікі, аграномы, інжынеры, планавікі і іншыя - могуць думаць самастойна. Амаль ніхто не ацалеў і з беларускіх пісьменнікаў. Усе тыя, што пасля арышту ў 1930 г. адбылі пакаранне, пад час яжоўшчыны былі зноў арыштаваныя і пакараныя яшчэ больш жорстка. Меліся звесткі, што беларускіх супрацоўнікаў, якія ў 1930 г. былі асуджаныя за нацыянальны дэмакратызм, пад час яжоўшчыны абвінавачвалі ў фашызме, яны атрымлівалі новыя гады лагераў або былі расстраляныя. Частку арыштаваных і асуджаных у 1930 г. з лагераў пераправілі ў Менск, у НКУС. Праз допыты і вочныя стаўкі іх выкарыстоўвалі як сведкаў па абвінавачванні новых арыштаваных, а таксама па паказаннях новых арыштаваных старым павялічвалі тэрміны пакарання або расстрэльвалі. З вядомых беларускіх пісьменнікаў ацалелі народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас, сатырык Кандрат Крапіва і былы старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў камуніст Міхась Клімковіч, які ад страху быць арыштаваным перарэзаў сабе горла лязом, але ад смерці яго выратавалі. Магчыма, гэта і дапамагло яму пазбегнуць арышту. Не быў арыштаваны Змітрок Бядуля і пісьменнікі-пачаткоўцы Пятрусь Броўка і Пятро Глебка.

Пасля яжоўшчыны пачалася расправа з тымі, хто выконваў волю арганізатараў тэрору. Аднак гэтая расправа адбывалася ў НКУС. Арыштаваны ў Віцебску і пазней вызвалены нейкі Грэчкін быў выкліканы ў суд (НКУС) па справе недазволеных катаванняў пад час допыту. Следчы, які выбіў Грэчкіну некалькі зубоў, быў асуджаны, але Грэчкін даў падпіску пра нераспаўсюджванне звестак. Пра частковыя дзеянні НКУС у Беларусі пад час яжоўшчыны будзе дакумент на ангельскай мове «I accuse the Kremlin of genocide of my nation», выдадзены ў Таронта (Канада) у 1950 г. Мікалаем Абрамчыкам.

Сакратар ЦК камуністычнай партыі Волкаў пасля яжоўшчыны быў адкліканы і накіраваны Крамлём у Мардоўскую вобласць. Далейшы яго лёс невядомы. Гэтую змрочную постаць беларускі народ не забудзе, бо Волкаў меў дачыненне да знішчэння дзесяткаў тысяч чалавек, жорсткасць яго была выключнай. Сакратаром прыслалі П.Панамарэнку, які раней быў палітычным работнікам у Чырвонай арміі на Далёкім Усходзе. У партыйнай працы адчуўся новы курс, асабліва гэта было відавочнае ў працы нацыянальнай. Калі раней пры розных выбарах, прызначэннях, камплектаваннях улічваліся нацыянальныя асаблівасці краю, то з прыездам Панамарэнкі нацыянальная праблема знікла. Усё старое кіраўніцтва было знішчана. У Вярхоўным Савеце БССР старшынёй стабілізаваўся малавядомы беларусам, неаўтарытэтны і неініцыятыўны, паслухмяны волі сакратара ЦК Наталевіч. Сакратаром Вярхоўнага Савета, які фактычна быў намеснікам старшыні, быў прызначаны таксама нікому не вядомы супрацоўнік з Магілеўшчыны. Старшынёй Саўнаркама быў малады доктар па адукацыі Кісялёў, зусім незнаёмы з гаспадаркай Беларусі, яе народам. Перад вайной

Кісялёў быў адкліканы ў Маскву і прызначаны трэцім намеснікам наркама аховы здароўя РСФСР. Пасля яжоўшчыны ўсё кіраўніцтва, у тым ліку Вярхоўны Савет, Саўнаркам, ЦК камуністычнай партыі, Акадэмія навук і іншыя ўжылі ўсе захады, каб выкрасліць з памяці народа дзеячаў, якія сталі ахвярамі тэрору. У выпадку неабходнасці ўжывання якіх-небудзь заканадаўчых актаў подпісы і прозвішчы на іх тых, хто ўжо быў мёртвы або знаходзіўся ў лагерах, старанна зафарбоўваліся. Розныя граматы ўзнагароджання асобаў або ўстановаў, напрыклад, тэатраў, знішчаліся як выдадзеныя ворагамі народа. Пры Панамарэнку знікла даўняя традыцыя прызначаць у Беларусі другім сакратаром беларуса. На просьбу Панамарэнкі Масква накіравала супрацоўнікаў для прызначэння наркамамі, кіраўнікамі аддзелаў ЦК партыі і сакратарамі. Панамарэнка не імкнуўся папулярызаваць сябе на розных сходах і мітынгах. Арганізацыйную працу праводзілі іншыя сакратары партыі і загадчыкі аддзелаў. Панамарэнка любіў выявіць сябе як апякун мастацтва. Шмат увагі аддаваў арганізацыі разнастайных дэкадаў, у тым ліку і ў Маскве. Яго можна было ўбачыць у тэатрах на прэм'ерах, у беларускай оперы. Цікавіўся і спортам, наведваў футбольныя спаборніцтвы. У яго дзеяннях не было ранейшай мітуслівасці і гарачнасці.

У Менску ёсць невялікая рака Свіслач, непрыдатная для купання і воднага спорту. Панамарэнка вырашыў ашчаслівіць жыхароў беларускай сталіцы - выкапаць вялікае возера з пляжамі для купання і воднай станцыяй. Выбралі месца, але Масква адмовілася фінансаваць гэты праект. Але гэта не спыніла сакратара партыі, тым больш што дзесьці ў Ташкенце возера ўжо выкапалі. Капаць вырашылі рукамі рабочых і служачых горада ў выхадныя дні замест адпачынку. Раз на тыдзень зачынялі ўстановы, пакідалі дзяжурнага, мабілізавалі таксама студэнтаў і вучняў старэйшых класаў сярэдніх школаў. Ад працы не вызвалялі нікога. Асабліва цяжка было сталым прафесарам, выкладчыкам, дактарам, артыстам, музыкам. Экскаватараў не было, кубаметры зямлі выкідваліся рыдлёўкамі. Выкарыстоўваліся правераныя метады працы - сацыялістычнае спаборніцтва, ударніцтва, але справа рухалася вельмі марудна. Выпадкова чуткі пра стварэнне возера ў Менску дайшлі да самога Сталіна. З нагоды нейкай урачыстасці ў Маскве ішоў балет «Лебядзінае возера», на якім прысутнічаў Сталін і іншыя кіраўнікі. Быў у тэатры і Панамарэнка. Пад час антракту Сталін запрасіў яго ў сваю ложу і спытаўся, якое ж Лебядзінае возера задумаў той капаць у Менску. Панамарэнка збянтэжыўся. На другі дзень у газеце «Праўда» з'явілася нататка пра не зусім законную мабілізацыю працоўных на капанне возера. Выйшла няёмка і канфузна, праца была адразу ж спынена. Так Панамарэнку не ўдалося ўвекавечыць сваё імя ў назве возера.

У 1939 г. Чырвоная армія далучыла да Савецкай Беларусі яе заходнюю частку. Дадалося яшчэ сто раёнаў з зусім іншымі звычкамі да формаў дзяржаўнага жыцця. Як і можна было чакаць, на новай тэрыторыі разгарнулася каласальная прапаганда ідэальных вартасцяў савецкай формы і перабудовы ўсіх арганізацый на савецкі лад. Савецкая Беларусь не магла абысціся сваімі сіламі ў асваенні новай тэрыторыі. Прыслалі супрацоўнікаў з цэнтральных абласцей РСФСР. Падбор гэтых супрацоўнікаў быў не заўсёды ўдалы, збывалі ўсё горшае, а туды якраз патрабавалася найлепшае. Трэба сказаць, што ў асноўным беларускае карэннае насельніцтва не палохалася прыходу савецкай улады, шмат хто, асабліва найбяднейшае сялянства, спадзяваліся на атрыманне зямлі без выкупу, а рабочыя - на ліквідацыю беспрацоўя. Інтэлігенцыя спадзявалася на прымяненне сваіх ведаў на роднай мове без гвалтоўнай паланізацыі і акаталічвання, на шырокі доступ беларускай моладзі ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Праўда, у першыя дні прыходу савецкай улады шмат што для беларусаў было незразумелым. Напрыклад, скупліванне савецкімі людзьмі прадуктаў харчавання, абутку, адзення, мануфактуры і інш., чаго было дастаткова ў крамах. А тым часам на разнастайных сходах і мітынгах, па радыё насельніцтва чула пра багатае і шчаслівае жыццё. Падштурхоўваў да роздуму і бедны вонкавы выгляд нават адказных савецкіх работнікаў, што прыбылі на працу або ў камандзіроўку ў Заходнюю Беларусь. Было незразумела, чаму пакінулі старую мяжу з прапускамі і адмаўлялі мясцовым жыхарам у выдачы прапускоў, каб адведаць сваякоў на савецкім баку. Створаныя савецкія ўстановы працавалі не надта добра. Насельніцтва было непрыемна ўражана, калі нечаканым дэкрэтам адмянілі польскія грошы амаль без замены іх на грошы савецкія, былі канфіскаваны працоўныя і іншыя грашовыя ўклады ў ашчадныя касы і банкі. Гэтая мера стварыла цяжкое становішча для пенсіянераў ды і наогул для людзей працы. Былі выпадкі забойстваў у выніку цкавання памешчыкаў і заможных людзей прапагандыстамі. Вінаватых у забойствах не прыцягвалі да адказнасці, сам Панамарэнка ў інструкцыйным дакладзе даў зразумець, што крывавым расправам не трэба надаваць значэння, бо такія факты будуць сведчыць пра «народны гнеў».

Адначасова па ўсёй Заходняй Беларусі ішлі бесперарыўныя арышты. Турмы былі перапоўненыя польскімі чыноўнікамі, сялянамі, так ці інакш звязанымі з польскімі ўстановамі - старшынямі воласцяў, сельскімі старастамі, паліцэйскімі. Арыштоўвалі старых расейскіх эмігрантаў, салдатаў-беларусаў, якія ўцяклі з нямецкага палону, перабежчыкаў, што імкнуліся трапіць у цэнтральную Польшчу, акупаваную немцамі, а таксама святароў і заможных людзей. Вельмі падазроных накіроўвалі ў Менск, у распараджэнне НКУС, а астатніх - у Сібір, у лагеры. Турэмнае ўтрыманне было страшэннае, метады допытаў горшыя, чым у польскай дыфензіве. Беларусы гаварылі слечым, што палякі апалячвалі іх на працягу дваццаці гадоў, і не мелі поспеху, а з прыходам савецкай улады апалячванне адбылося за некалькі месяцаў. Гэтым было сказана ўсё. Апрача агульных арыштаў правялі і прыватныя - ліквідавалі цэлыя групы насельніцтва. Першай ахвярай сталі так званыя польскія асаднікі - польскія каланізатары, апірышча польскай дзяржаўнасці ў Заходняй Беларусі. Асаднікі - былыя вайскоўцы польскай арміі, якім на льготных умовах даваліся хутары памерам ад 20 да 50 га зямлі з выгаднымі крэдытамі. Праваслаўнае беларускае насельніцтва не мела права купіць зямлю ў паноў. Асаднікаў з сем'ямі вывезлі на ўсход. У адну ноч, узімку, былі вывезены ў тым самым кірунку ўсе працаўнікі лясной аховы, ад лясных вартаўнікоў, часткова прызначаных ужо пры савецкай уладзе, і да навукоўцаў-лесаводаў. Меркавалася, што ў лесе было схавана шмат зброі польскага войска, пра якую ведала лясная ахова. Гэта і стала прычынай іх вывазу ў Сібір. Арыштавалі і вывезлі ўсе сем'і вайскоўцаў польскай арміі.

Некалькі словаў пра перадачу Вільні яшчэ напалову самастойнай на той час Летуве. Гэта адбылося на пачатку 1940 або пры канцы 1939 г. Вільня - багаты гандлёвы горад, захоплены польскім генералам Жалігоўскім і потым далучаны па Польскай дзяржавы. Калі Чырвоная армія заняла Вільню, меркавалася, што яна ўвойдзе ў склад Савецкай Беларусі. Аднак ужо саспеў план захопу Прыбалтыкі. Каб стварыць у летувісаў меркаванне пра шчырую добразычлівасць да іх, вырашылі аддаць Вільню Летуве, ведаючы, што яна і так стане савецкай. Аднак перад тым як пакінуць горад хоць на нейкі час, камандаванне Чырвонай арміі стварыла спецыяльную закупачную камісію, якая за трафейныя польскія грошы пачала скупляць мануфактуру, скуру і вырабы з яе, разнастайныя машыны і інш. <...> Буйныя аптавікі асноўную масу тавараў схавалі, але склады выявілі пры дапамозе найманых супрацоўнікаў (прыказчыкаў). Пасля афіцыйна прызначанага тэрміну перадачы Вільні летувісам горад двое сутак быў у распараджэнні НКУС, які ліквідаваў у турмах і ў горадзе «непатрэбны» элемент.

Камуністычнае кіраўніцтва П.Панамарэнкі жыццём беларускага народа можна ахарактарызаваць як перыяд параўнальнага спакою. Яго асобай і метадамі працы асабліва ніхто не захапляўся, але не было і фактаў абуральных, як пры сакратарах Гікалу і Волкаву. Далучэнне Заходняй Беларусі ў значнай ступені адцягнула ўвагу ад розных непатрэбных эксперыментаў на старой тэрыторыі Савецкай Беларусі. Усе, хто меў магчымасць, асабліва інтэлігенцыя, пісьменнікі, паэты, супрацоўнікі тэатраў, спевакі, музыкі ўсяляк імкнуліся патрапіць у камандзіроўку на далучаную тэрыторыю. Бальшыня хацела пазнаёміцца з новым, капіталістычным светам, убачыць там страшэнныя пакуты рабочых і сялян, іх убогае існаванне. Замест гэтага там яны ўбачылі калі і не зусім высокі ўзровень жыцця, але магчымасць свабоднага набыцця і прадуктаў харчавання, і іншых тавараў. Гэта развянчала легенду пра прыгнёт капіталізму. У залежнасці ад сродкаў кожны імкнуўся апрануцца, абуцца, а галоўнае - набыць што-небудзь жонцы і дзецям. Імкнуліся трапіць у Заходнюю Беларусь у камандзіроўку разнастайныя супрацоўнікі з саюзных наркаматаў і розных трэстаў Масквы, аж да намеснікаў наркамаў. Беларускія кіраўнікі гаспадарчых трэстаў набывалі легкавыя машыны - малалітражкі і часта падносілі іх нават наркамам саюзнага ўрада за параўнальна невялікія грошы. Не толькі ў Менску, але і ў Маскве з'явіўся гэты тып легкавых машын. У Маскву яны траплялі таксама і з Заходняй Украіны. Яны лічыліся вельмі зручнымі, бо не патрабавалі вялікай колькасці дэфіцытнага бензіну. Праўда, савецкім людзям быў незразумелы нацыянальны антаганізм былой Польшчы. Калі ў Савецкай Беларусі <...> і жыдамі, то ў Заходняй Беларусі гэта было амаль немагчымым, у кожным выпадку лічылася падзеяй надзвычайнай. Крыху дзівіла савецкіх людзей нізкапаклонства мясцовага насельніцтва, асабліва сялянства, перад прадстаўніком улады і наогул перад гарадскім чалавекам. Гэта быў прадукт выхавання польскага рэжыму. Тым не менш за вельмі кароткі час панавання савецкай улады насельніцтва расчаравалася. Новая ўлада прынесла знікненне тавараў, чэргі за рознай драбязой, малавартасную савецкую валюту, вышукванне ў мінулым мясцовага насельніцтва самых дробных злачынстваў у дачыненні да савецкай улады, якой на той час тут не было. Паўсюль стваралася шырокая сетка інфармацыйнай агентуры НКУС, спакойнае жыццё было парушана арыштамі і нечаканымі, часта бязмэтавымі, вобшукамі. На захопленай тэрыторыі знайшлі сабе месца страх і падазронасць. Мясцовае насельніцтва, асабліва заможныя людзі ды інтэлігенцыя, да савецкіх людзей ставіліся з пагардай, хоць вонкава гэта і хавалася.

На гэтым можна было б і скончыць апісанне савецкага жыцця перад другой сусветнай вайной. Некалькі слоў пра дзейнасць НКУС у гэты параўнальна спакойны перыяд. Арышты не спыняліся. Увесь час браліся людзі, адны - паводле паказанняў арыштаваных пад час яжоўшчыны, другія - за слуханне замежных перадачаў. Адбылася чыстка сярод супрацоўнікаў радыёзавода, які быў перанесены з Вільні ў Менск. Асабліва старанна правяралася картатэка тых, на каго былі мізэрныя і нават абсурдныя паказанні агентуры, а галоўнае тых, хто ўжо быў арыштаваны і адбываў пакаранне ў лагерах.

Каб завяршыць свае шматгадовыя назіранні, паспрабуем адказаць на пытанні, ці быў нацыянальны рух у Беларусі станоўчым фактам, ці прынёс ён карысць беларускаму народу, ці апраўдаліся тыя незлічоныя каласальныя крывавыя ахвяры, што былі прынесены на алтар у апраўданне народнай справы. На маё сціплае меркаванне, нацыянальны беларускі рух, безумоўна, быў станоўчым фактам у гісторыі беларускага народа. Ён даў магутны штуршок да падняцця самасвядомасці людзей, да культурнага адраджэння, да небывалага развіцця літаратурнай нацыянальнай творчасці, блізкай і зразумелай народу. Дзякуючы нацыянальнаму ўздыму, які часта пераходзіў у энтузіязм, з народа выйшлі вельмі здольныя, таленавітыя дзеячы ва ўсіх галінах культурнага і гаспадарчага жыцця краю. Дзякуючы гэтай ахвярнай дзейнасці высокага ўзроўню дасягнула даследчая праца, былі несумненныя поспехі ў вывучэнні гістарычнага мінулага беларускага народа, быў пакладзены трывалы падмурак да вывучэння прыродных багаццяў і мэтазгоднага іх выкарыстання ў краі. Неацэннай заслугай перад народам ёсць і тое, што старое пакаленне беларускіх дзеячаў змагло выхаваць у моладзі любоў да працы па адраджэнні беларускага народа, заразіць іх энтузіязмам і верай у шчаслівую будучыню. Быў створаны адзіны фронт паміж старым і новым пакаленнем для вырашэння задач, што стаялі перад імі. Праца была паспяховай і плённай таму, што вялася барацьба не за ажыццяўленне нейкіх абстрактных ідэяў, не супраць нейкага пэўнага класа ці на карысць аднаго класа, а дзеля ўсяго народа. Мэта была ясная, дарога была простая. На ўзорах працы дзеячаў беларускага народа выхоўвалася новае пакаленне. Прыйдзе час, і яно паслужыць для новага ўздыму.

Нацыянальны рух меў і іншы станоўчы бок. Ён разбіў памылковае ўяўленне народаў Расеі пра беларускі народ, пра яго культуру, побыт, норавы, паказаў магчымасці эканамічнага развіцця Беларусі. Яшчэ ў царскія часы былі спробы даследавання краю. Побач з добрасумленнымі працамі існавалі і павярхоўныя, неаб'ектыўныя даследаванні, якія стваралі няправільнае меркаванне пра Беларусь. У матэрыялах пра Беларусь не ўлічвалася гістарычнае мінулае, трагічныя сляды бясконцых жаданняў Захаду і Ўсходу авалодаць тэрыторыяй Беларусі, а народ дэнацыяналізаваць. Таму нават такія грунтоўныя даведнікі, як энцыклапедыя Бракгаўза і Эфрона, змяшчалі зусім неаб'ектыўныя дадзеныя пра Беларусь і яе народ. Нават беларускія пісьменнікі, шчырыя патрыёты, у сваёй творчасці да 1917 г. у некаторых выпадках скажалі сваімі творамі беларускую рэчаіснасць. У паказе беларуса яны карысталіся непатрэбнымі формамі перабольшвання забітасці і прыгнечанасці беларускага сялянства, беднасці прыроды, паныласці беларускага ландшафту, свядомага змяншэння відаў жывёльнага і расліннага свету. Не былі аб'ектыўнымі і падручнікі, асабліва па геаграфіі, якія звычайна паказвалі беларуса кволым, непісьменным, з прымітыўнымі формамі жыцця, а прыроду Беларусі - суцэльным балотам. Усё гэта стварала памылковае ўяўленне. Пад час нацыянальнага руху ўзніклі літаратурныя, тэатральныя, музычныя творы, гістарычныя і этнаграфічныя працы, спецыяльныя даследаванні сельскай гаспадаркі, якія былі не горшыя, а часам і лепшыя, чым у іншых нацыянальнасцяў Савецкага Саюза. Усё гэта стала вядомым ва ўсім Савецкім Саюзе. Больш за тое, навуковыя працы, літаратурныя творы, перыядычны друк трапілі ў бібліятэкі ўніверсітэцкіх сховішчаў ЗША і заходніх дзяржаваў, дзе сталі аб'ектамі вывучэння. Гэтыя працы выгадна вылучалі Беларусь з шэрагу губерняў і вобласцяў Савецкага Саюза. Так, выпадкова нам стала вядома, што ў галоўнай бібліятэцы штатнага горада Калумбус захоўваецца вялікая колькасць тамоў навуковых прац Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі на беларускай мове, Беларускага ўніверсітэта і Акадэміі навук. Калі гэтыя працы ў выніку палітыкі НКУС былі спаленыя ў сувязі з арыштам іх аўтараў, то ёсць упэўненасць, што яны захаваліся тут, у свабодным свеце, і рана ці позна стануць набыткам беларускага народа. Надыдзе час, калі заходні свет лепш прыгледзіцца да малавядомай Беларусі.

Нацыянальны рух у Савецкай Беларусі меў станоўчы ўплыў і на Заходнюю Беларусь. Гераічная дзейнасць і вытрымка беларускіх патрыётаў падтрымлівала дух свядомай часткі беларускага насельніцтва, што апынулася пад уладай Польшчы, дапамагала не паддавацца гвалтоўнай паланізацыі, захаваць сваю нацыянальную прыналежнасць і магчымымі сродкамі супраціўляцца наступленню польскіх шавіністаў у дэнацыяналізацыі беларусаў. Нягледзячы на закрыццё ў Заходняй Беларусі ўсіх беларускіх школаў, інтэлігенцыя выхоўвалася і вучылася на беларускай літаратуры, захоўвала сваю мову і адданасць свайму народу.

Дзеячы беларускага нацыянальнага руху, іх наступнікі і вучні былі знішчаныя. Беларускі народ перажыў страшэнную страту, ён застаўся без сваіх нацыянальных настаўнікаў, моладзь - без выхавацеляў, усе нацыянальныя каштоўнасці, створаныя каласальнымі высілкамі і працай, растаптаныя. Ідэалы беларускага народа глыбока схаваныя. Ці ўсё загінула? Не. Парасткі ўздыму падрыхтаваныя, каб паказаць яскравыя ўзоры дзейнасці ў прыгнечанай Беларусі. Гэтае адраджэнне і будзе найкаштоўнейшай памяццю і пайлепшым помнікам тым беларусам, што аддалі сваё жыццё за шчасце народа.

 

 

АНАТАВАНЫ ПАКАЗНІК АСОБАЎ

Укладальнікі: Наталля Мазоўка і Віталь Скалабан

 

Абрамчык Мікалай Сямёнавіч (1903-1970), адзін з лідэраў беларускай эміграцыі. З 1947 г. прэзідэнт Рады БНР.

Адамовіч Аляксандар Фаміч (1900-1937), партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. У 1928-1929 г. намеснік наркама земляробства БССР. З 1926 г. член ЦК КП(б)Б. У 1930 г. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Паўторна арыштаваны ў 1935 г., асуджаны на 7 гадоў. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім і трэцім - у 1957 г.

Адамовіч Язэп Аляксандравіч (1897-1937), дзяржаўны дзеяч БССР. З 1920 г. наркам ваенных справаў, адначасова з 1921 г. наркам унутраных справаў, намеснік старшыні ЦВК і СНК БССР. У 1924-1927 г. старшыня СНК БССР. Скончыў жыццё самагубствам.

Азбукін Мікалай Васілевіч (1894-1942?), беларускі краязнавец, географ, дзеяч беларускага нацыянальнага руху. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, у Інбелкульце, з 1929 г. на кафедры геаграфіі АН БССР. Адзін з арганізатараў краязнаўчага руху ў Беларусі. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Памёр (?). Рэабілітаваны ў 1957 г.

Аляксандар II (1818-1881), расейскі імператар у 1855-1881 г.

Амбражунас Пётр (Пятрас) Іосіфавіч (1892-1937), дзяржаўны дзеяч БССР. З 1930 г. намеснік старшыні ВСНГ БССР, з 1934 г. наркам, намеснік наркама камунальнай гаспадаркі БССР. Член ЦВК БССР у 1924-1937 г., кандыдат у члены Прэзідыума ЦВК БССР у 1929-1931 і ў 1935-1937 г. Член ЦК КП(Б)Б у 1930-1937 г. Рэпрэсаваны. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Аніхоўскі Аляксандар Георгіевіч (1897-?), інспектар пед. тэхнікумаў Наркамата асветы БССР у 1927-1930 г. У 1931 г. сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1935 г., сасланы на 5 гадоў. У 1956 г. жыў у г. Іванава-Вазнясенску (Расея). Далейшы лёс невядомы.

Апацёнак Фёдар (Тодар) Андрэевіч (1902-?). У 1921 г. скончыў беларускія настаўніцкія курсы. Вучыўся ў БДУ, адначасова працаваў у школе і на вышэйшых курсах беларусазнаўства.

Арджанікідзе Грыгор Канстанцінавіч (1886-1937), савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч. У 1926-1930 г. старшыня ЦКК ВКП(б) і наркам Рабоча-сялянскай інспекцыі, намеснік старшыні СНК і Савета Працы і Абароны СССР, член Рэўваенсавета СССР. З 1930 г. старшыня ВСНГ, з 1932 г. наркам цяжкай прамысловасці. Член ЦК з 1921 г., член Палітбюро ЦК ВКП(б) з 1930 г. Член ЦВК СССР усіх скліканняў. Скончыў жыццё самагубствам.

Асаткін-Уладзімірскі Аляксандар Мікалаевіч (1885-1937), савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. У 1924 г. сакратар Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б), потым першы сакратар і член Бюро ЦК КП(б)Б. У 1933-1935 г. член Аргбюро ЦК Кампартыі Ўкраіны, член ЦК ВКП(б). З 1936 г. член Прэзідыума АН УССР, дырэктар Інстытута эканомікі АН УССР. Арыштаваны ў 1937 г., расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Астапенка Зміцер (Дзмітрый Емяльянавіч; 1910-1944), беларускі паэт. Арыштаваны ў 1936 г., асуджаны на 8 гадоў. Уцёк з лагера. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Загінуў у Карпатах.

Афанасьеў Якаў Мікітавіч (1877-1937), беларускі глебазнавец. Акадэмік АН БССР з 1928 г. З 1921 г. прафесар, загадчык кафедры глебазнаўства Горацкага сельскагаспадарчага інстытута (з 1925 Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія). У 1931-1937 г. дырэктар Інстытута аграглебазнаўства АН БССР. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Бабарэка Адам Антонавіч (1899-1938), беларускі пісьменнік, крытык. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Памёр у лагеры. Рэабілітаваны ў 1958 г.

Бабровіч Леан Андрэевіч (1904-1934), беларускі гісторык. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі АН БССР. Арыштаваны ў 1933 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Багуцкі Вацлаў Антонавіч (1884-1937), рэвалюцыянер, савецкі партыйны дзеяч. У 1922-1924 г. сакратар Цэнтральнага Бюро КП(б)Б і намеснік старшыні СНК БССР, член прэзідыума і намеснік сакратара Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б). З 1929 г. у ВЦСПС. З 1936 г. на працы ў Хабараўску, член калегіі краявога суда. Член ЦВК СССР у 1922-1924 г. і яго Прэзідыума ў 1924 г. Член ЦВК БССР у 1921-1924 г. і яго Прэзідыума ў 1922-1924 г. Рэпрэсаваны ў 1937 г. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Байкоў Мікалай Якаўлевіч (1889 - пасля 1946), беларускі літаратуразнавец, крытык, лінгвіст. Працаваў вучоным сакратаром слоўнікавай камісіі пры Інбелкульце. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», але ў гэтым самым годзе вызвалены. У Вялікую Айчынную вайну знаходзіўся ў Менску.

Баліцкі Антон Васілевіч (1891-1937), дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. З 1922 г. намеснік наркама асветы, у 1926-1929 г. наркам асветы БССР. Адзін з актыўных творцаў і праваднікоў палітыкі беларусізацыі. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім - у 1958 г.

Бандарэнка В., біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Баран Сяргей Іосіфавіч (1892-?), беларускі грамадска-палітычны дзеяч. У 1918 г. актыўны ўдзельнік партыі беларускіх эсэраў. У 1922 г. абраны дэпутатам польскага сейма. У 1925 г. прыехаў у БССР. Арыштаваны ў 1933 г. па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1935 г. знаходзіўся ў Дальлагу. Далейшы лёс невядомы.

Бараноўскі, беларускі мовазнавец. Біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Баранчык, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Бартэль, французскі генерал. 13 студзеня 1919 г. у Адэсе С.Некрашэвіч ад імя беларусаў вітаў яго як галоўнакамандуючага саюзнымі сіламі.

Бенек Казімір Францавіч (1895-1938), дзяржаўны дзеяч БССР. Наркам працы (1927-1929), гандлю (1929-1930), земляробства (1933-1937) БССР, намеснік старшыні СНК БССР у 1930-1934 г. Член ЦК з 1927 г. і Бюро ЦК КП(б)Б з 1930 г. Член ЦВК БССР з 1924 г. і яго Прэзідыума з 1931 г. Член ЦВК СССР з 1931 г. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Бойка Іван, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Браўковіч Фадзей Аляксеевіч (1894-?), савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Наркам фінансаў БССР. З 1927 г. пастаянны прадстаўнік урада БССР пры СНК СССР у Маскве, з 1928 г. саветнік паўпрэдства СССР у Варшаве. Член ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР у 1924-1935 г. Арыштаваны ў 1936 г., асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Броўка Пётр Усцінавіч (1905-1980), беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Акадэмік АН БССР (1966). Народны паэт Беларусі (1962). У 1948-1967 г. старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1967-1980 г. галоўны рэдактар Беларускай савецкай энцыклапедыі.

Бурдзейка Андрэй Вікенцевіч (1899-1941), беларускі гісторык. Навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея. Аўтар прац па сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі. Арыштаваны ў 1930 г., сасланы на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Бурсевіч Максім Тарасавіч (1890-1937), дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. З 1926 г. у складзе ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі. У 1931 г. у выніку абмену палітвязнямі пераехаў у Менск. Арыштаваны ў 1933 г. па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай 10 гадамі папраўча-працоўных лагераў. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Бухарын Мікалай Іванавіч (1888-1938), савецкі палітычны і дзяржаўны дзеяч. Акадэмік АН СССР (1929). Член ЦК ВКП(б) у 1917-1934 г., член Палітбюро ЦК у 1924-1929 г. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Бядуля Змітрок (сапр. Плаўнік Самуіл Яфімавіч; 1886-1941), беларускі пісьменнік.

Бялькевіч Іван Кандратавіч (1883-1960), беларускі мовазнавец. Скончыў БДУ (1925). Працаваў настаўнікам, у Наркамасветы БССР, дырэктарам Мсціслаўскага педтэхнікума, у Інбелкульце, Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г., высланы на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1960 г.

Валковіч Даніла Іванавіч (1900-1937), дзяржаўны і партыйны дзеяч БССР. У 1934 г. намеснік наркама земляробства БССР, потым другі сакратар ЦК КП(б)Б. У 1937 г. старшыня СНК БССР. Член ЦВК БССР у 1931-1937 г., член Бюро ЦК КП(б)Б у 1934-1937 г. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Валошын Павел Пятровіч (1891-1937), дзеяч беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У 1923 г. абраны дэпутатам польскага сейма. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі. У 1932 г. у выніку абмену палітвязнямі пераехаў у Менск. Арыштаваны ў 1933 г. па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Валынец Флягонт Ігнатавіч (1879-1937), дзеяч рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У 1928 і 1930 г. абраны дэпутатам польскага сейма. У 1930 г. арыштаваны польскімі ўладамі. У 1932 г. у выніку абмену палітвязнямі пераехаў у Менск. Арыштаваны ў 1933 г. па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Валь фон, віленскі генерал-губернатар у пачатку ХХ ст.

Вальфсон Сямён Якаўлевіч (1894-1941), беларускі філосаф, літаратуразнавец. Акадэмік АН БССР (1928). З 1931 г. дырэктар Інстытута філасофіі і права, акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР. У 1930-я г. адзін з афіцыйных бальшавіцкіх апалагетаў, распрацоўшчыкаў стратэгіі і тактыкі барацьбы з г.зв. беларускім буржуазным нацыяналізмам.

Валюкевіч, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Варашылаў Клімент Яфрэмавіч (1881-1969), савецкі партыйны, дзяржаўны і ваенны дзеяч. З 1925 г. наркам абароны СССР. З 1940 г. намеснік старшыні СНК СССР, з 1946 г. - Савета міністраў СССР. Член Палітбюро (Прэзідыума) ЦК КПСС у 1926-1960 г. У 1953-1960 г. старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Варончанка Аляксандар Аўксенцевіч (1905-1937), дзяржаўны дзеяч БССР. У 1937 г. наркам асветы БССР, член Бюро ЦК КП(б)Б. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Васерман Саул (Самуіл) Ісакавіч (1893-1938), дзяржаўны дзеяч БССР. У 1936-1937 г. наркам камунальнай гаспадаркі БССР. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Васілевіч Іван Антонавіч (1894-1937), дзяржаўны і партыйны дзеяч БССР. У 1919-1920 г. намеснік наркама харчавання Летувіска-Беларускай ССР. У 1925 г. наркам гандлю, потым наркам фінансаў БССР. У 1927-1930 г. другі сакратар ЦК КП(б)Б. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Васілеўскі Даніла Мінавіч (1889-1963), беларускі краязнавец, гісторык, літаратуразнавец. У 1923 г. арганізаваў Віцебскае губернскае бюро краязнаўства, з 1924 г. намеснік старшыні Аршанскага акруговага таварыства краязнаўства. У 1930-1936 г. дэкан геаграфічнага факультэта Магілеўскага педагагічнага інстытута. Арыштаваны ў 1936 г., сасланы. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Вечар Аляксандар Сцяпанавіч (1905-1985), беларускі вучоны-біёлаг, паэт. Акадэмік АН БССР (1966).

Волкаў Аляксей Аляксеевіч (1890-1941), савецкі партыйны дзеяч. У 1937-1938 г. выконваў абавязкі першага сакратара ЦК КП(б)Б.

Выдра Рувім Маркавіч (1894-1938), беларускі філосаф. У 1930-я г. прафесар БДУ, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права АН БССР. Арыштаваны ў 1938 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Гай Гая Дзмітрыевіч (сапр. Бжышкян Гайк; 1887-1937), савецкі ваенны дзеяч. У 1924-1925 г. член ЦВК БССР. Арыштаваны ў 1935 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Галавінскі Аляксандар Кузьміч (1886-?), дзеяч беларускага нацыянальнага руху. Быў саветнікам па тэхнічна-эканамічных пытаннях у Міністэрстве замежных справаў урада БНР. У 1927 г. арыштаваны летувіскімі ўладамі. Пасля вызвалення пераехаў у Менск, працаваў у ВСНГ БССР, НДІ прамысловасці. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988 г.

Галадзед Мікалай Мацвеевіч (1894-1937), партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. Другі сакратар ЦК КП(б)Б з 1925 г., старшыня СНК БССР у 1927-1937 г. Член ЦК КП(б)Б з 1924 г. і Бюро ЦК КП(б)Б з 1925 г. Член ЦВК СССР і ЦВК БССР з 1924 г., член Прэзідыума ЦВК БССР з 1927 г. Арыштаваны ў 1937 г., у час допыту выкінуўся з акна будынка НКУС. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Галубок (сапр. Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч (1882-1937), беларускі пісьменнік, рэжысёр, акцёр, тэатральны дзеяч, мастак. Першы народны артыст БССР (1928). Арыштаваны ў 1937 г. Паводле афіцыйнага паведамлення, памёр ад гіпертанічнай хваробы. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Гамарнік Ян Барысавіч (1894-1937), савецкі партыйны, дзяржаўны і ваенны дзеяч. У 1928-1929 г. першы сакратар ЦК КП(б)Б. Скончыў жыццё самагубствам.

Гарун Алесь (сапр. Прушынскі Аляксандар Уладзіміравіч; 1887-1920), дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, паэт. Віцэ-старшыня Першага ўсебеларускага кангрэса (1917). У час польскай акупацыі старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. Пакінуў Менск з польскімі войскамі.

Гарэцкі Гаўрыла Іванавіч (1900-1988), беларускі геолаг, географ, эканаміст, статыстык, дэмограф, дзеяч беларускага нацыянальна-культурнага руху. Акадэмік АН БССР (1928). З 1927 г. дырэктар Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі пры СНК БССР. Арыштаваны ў 1930 г., высланы за межы Беларусі. Зноў арыштаваны ў 1937 і 1938 г. Рэабілітаваны ў 1958 г.

Гарэцкі Максім Іванавіч (1893-1938), дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, пісьменнік, літаратуразнавец, лексікограф. Брат Г.Гарэцкага. Працаваў у Інбелкульце і АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Гаўрук Юрка (Юрый Паўлавіч; 1905-1979), беларускі перакладчык, крытык, паэт. Арыштаваны ў 1935 г., высланы за межы Беларусі. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Гаўрылік Язэп (Іосіф Емяльянавіч (1893-1937), дзеяч рэвалюцыйнага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У 1928 г. абраны дэпутатам польскага сейма. У 1930 г. арыштаваны польскімі ўладамі. У выніку абмену палітвязнямі ў 1932 г. прыехаў у Менск. У 1933 г. арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Гей Канстанцін Веньямінавіч (1896-1939), савецкі партыйны дзеяч. У 1930-1932 г. першы сакратар і член Бюро ЦК КП(б)Б. Член ЦВК БССР у 1930-1932. Прымаў актыўны ўдзел у барацьбе супраць г.зв. беларускага буржуазнага нацыяналізму: пры ім быў сфальсіфікаваны працэс па справе «Саюза вызвалення Беларусі», пераследаваўся Янка Купала, які зрабіў спробу самагубства. У 1939 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Гікала Мікалай Фёдаравіч (1897-1938), савецкі ваенны і партыйны дзеяч. З 1932 г. першы сакратар ЦК КП(б)Б, член Бюро ЦК КП(б)Б, Прэзідыума ЦВК БССР, Рэўваенсавета Беларускай ваеннай акругі (1932-1937). Член ЦВК СССР. Удзельнічаў у разгортванні масавых рэпрэсій у БССР. Рэпрэсаваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Глебка Пятро (Пётр Фёдаравіч; 1905-1969), беларускі паэт, перакладчык, драматург, вучоны, грамадскі дзеяч. Акадэмік АН БССР (1957).

Годэс, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Горын (Каляда) Павел Восіпавіч (1900-1939), беларускі гісторык, дзяржаўны дзеяч БССР. Акадэмік АН БССР (1931). У 1931-1936 г. прэзідэнт АН БССР, дырэктар Інстытута гісторыі АН БССР. Член ЦК і кандыдат у члены Бюро ЦК КП(б)Б у 1932-1936 г. Член ЦВК і Прэзідыума ЦВК БССР у 1931-1936 г. Член ЦВК СССР (1935). Арыштаваны ў 1937 г. Рэабілітаваны ў 1955 г.

Грамыка Міхаіл Аляксандравіч (1885-1969), беларускі пісьменнік і вучоны. Працаваў у Інбелкульце, выкладаў геалогію ў БДУ. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Грынблат Майсей Якаўлевіч (1905-1983), беларускі этнограф, фалькларыст, гісторык. У 1931-1941 г. і з 1945 г. працаваў у Інстытуце гісторыі, у 1957-1976 г. у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР.

Грыневіч Антон Антонавіч (1877-1937), збіральнік беларускага музычнага фальклору, выдавец, педагог, кампазітар. Арыштаваны ў 1933 г., асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Грысевіч Рыгор Пятровіч (1896-1938), дзяржаўны дзеяч БССР. З 1929 г. старшыня ВСНГ БССР, у 1932-1933 г. наркам лёгкай прамысловасці БССР. Член ЦК КП(б)Б у 1927-1934 г., член Бюро ЦК КП(б)Б у 1929-1934 г. Арыштаваны ў 1938 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Грэчкін, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Гурло, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Гурскі Ілля Данілавіч (1899-1972), беларускі пісьменнік. У 1924-1932 г. працаваў у Галоўліце, Галоўрэперткаме, Галоўмастацтве БССР.

Гурскі Міхаіл Адамавіч (1890 - пасля 1960), супрацоўнік АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г., сасланы на 5 гадоў. У 1960 г. жыў у Менску. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1960 г.

Даўгяла Дзмітрый Іванавіч (1868-1942?), беларускі гісторык, архівіст, археограф, крыніцазнавец. З 1929 г. дырэктар бібліятэкі АН БССР, у 1937 г. навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР. Арыштаваны ў 1937 г., высланы на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1964 г.

Дварчанін Ігнат Сымонавіч (1896-1937), беларускі літаратуразнавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. У 1928 г. абраны дэпутатам польскага сейма. У 1930 г. арыштаваны польскімі ўладамі. У выніку абмену палітвязнямі пераехаў у БССР. Працаваў у АН БССР. Арыштаваны ў 1933 г. па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай на 10 гадоў пазбаўлення волі. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Дзякаў Васіль Уладзіміравіч (1897-?), загадчык агітацыйна-прапагандысцкага аддзела Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б), прадстаўнік ад Віцебскай губерні, член Прэзідыума Часовага Беларускага бюро, член Бюро ЦК КП(б)Б, Сакратарыята ЦК КП(б)Б. Далейшы лёс невядомы.

Дзяржынскі Фелікс Эдмундавіч (1877-1926), савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч. З 1917 г. старшыня ВЧК па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам. Адзін з ініцыятараў стварэння папраўча-працоўных лагераў.

Домбаль Тамаш Францавіч (1890-1938), беларускі эканаміст. Акадэмік АН БССР (1933). З 1919 г. дэпутат польскага сейма. У 1921 г. арыштаваны польскімі ўладамі. У 1923 г. вызвалены ў выніку абмену палітвязнямі паміж Польшчай і СССР. У 1932-1935 г. віцэ-прэзідэнт АН БССР і дырэктар Інстытута эканомікі АН БССР. Член ЦК КП(б)Б у 1932-1937 г., член ЦВК БССР у 1935-1937 г. Арыштаваны ў 1936 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Доўнар-Запольскі Мітрафан Віктаравіч (1867-1934), беларускі гісторык, эканаміст, этнограф. У 1925-1926 г. прафесар БДУ, правадзейны член Інбелкульта, старшыня яго гісторыка-археалагічнай камісіі і супрацоўнік Дзяржплана БССР. З 1926 г. у Маскве, прафесар Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі, правадзейны член Інстытута гісторыі АН СССР.

Дружчыц (Друшчыц) Васіль Данілавіч (1886-1937), беларускі гісторык. З 1924 г. правадзейны член Інбелкульта, з 1927 г. старшыня яго камісіі па гісторыі гарадоў. Прафесар БДУ (1927). З 1933 г. супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 г.

Дубінскі Сяргей Антонавіч (1884-1937), беларускі археолаг. З 1925 г. член гісторыка-археалагічнай камісіі, з 1928 г. навуковы супрацоўнік Інбелкульта, з 1929 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР. Арыштаваны ў 1937 г. Рэабілітаваны ў 1958 г.

Дубоўка Уладзімір Мікалаевіч (1900-1976), беларускі паэт. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Зноў арыштаваны ў 1949 г., прыгавораны да 25 гадоў пазбаўлення волі. Па ўсіх прыгаворах рэабілітаваны ў 1956 і 1957 г.

Дубоўцаў Андрэй Ананьевіч (?-?). У 1934 г. загадчык прыёмнай Прэзідыума ЦВК БССР. У 1937 г. выключаны са складу членаў ЦВК БССР.

Дудар Алесь (сапр. Дайлідовіч Аляксандар Міхайлавіч; 1904-1937), беларускі паэт і крытык. У 1923 г. адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання «Маладняк», сакратар яго Цэнтральнага бюро, рэдактар аднайменнага часопіса (1926). Арыштаваны ў 1929 г., сасланы на 3 гады. Паўторна арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пасля сканчэння тэрміну высылкі - у Менску. Зноў арыштаваны ў 1936 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Дыла Язэп (Восіп Лявонавіч; 1880-1973), дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, пісьменнік. У 1919 г. камісар працы ў першым урадзе БССР. З 1921 г. у Наркамасветы, Дзяржплане, Інбелкульце. У 1925-1926 г. дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1). Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1938 г. У 1939 г. крымінальная справа на яго спынена за адсутнасцю злачынства. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Езавітаў Канстанцін Барысавіч (1893-1946), дзеяч беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, публіцыст, перакладчык, педагог, гісторык. Удзельнічаў у абвяшчэнні БНР, уваходзіў у склад яе Рады, быў народным сакратаром ваенных справаў у першым урадзе БНР. Адзін з заснавальнікаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. На 2-м Усебеларускім кангрэсе ў Менску (чэрвень 1944) абраны ў склад Беларускай цэнтральнай рады, дзе ўзначаліў галоўнае ваеннае ўпраўленне, быў генеральным інспектарам «беларускага вызваленчага войска», якое фармавалася на тэрыторыі Германіі. Затрыманы ў 1945 г. контрразведкай 1-га Ўкраінскага фронту. Пераведзены ў Менск. Памёр у турэмнай бальніцы.

Жалігоўскі Люцыян (1865-1947), польскі ваенны дзеяч, генерал. Удзельнік польска-савецкай вайны 1919-1920 г.: дывізія пад яго камандаваннем захапіла Вільню і Віленскі край. У 1925-1926 г. ваенны міністр, у 1927-1939 г. дэпутат польскага сейма.

Жалябаў Андрэй Іванавіч (1851-1881), расейскі рэвалюцыянер. Член выканаўчага камітэта «Народнай волі». Адзін з удзельнікаў замаху на жыццё імператара Аляксандра II. Арыштаваны, прыгавораны да смяротнага пакарання. Павешаны.

Жарскі Платон, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Жылка Уладзімір Адамавіч (1900-1933), беларускі паэт. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Памёр у ссылцы ад сухотаў. Рэабілітаваны ў 1960 г.

Жылуновіч Зміцер Фёдаравіч (Цішка Гартны; 1887-1937), дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. У 1919 г. узначальваў першы ўрад БССР. Арыштаваны ў 1936 г. Памёр у Магілеўскай псіхіятрычнай лякарні. Рэабілітаваны ў 1954 г.

Забела Фёдар Іванавіч (1896-1935?), беларускі гісторык. Працаваў у Інбелкульце, у 1929-1930 г. старшы архівіст у Магілеўскім архіве. Арыштаваны ў 1930 г., сасланы на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Закоўскі Леанід Міхайлавіч (сапр. Штубіс Генрых Эрнеставіч; 1894-1938), адзін з вышэйшых кіраўнікоў НКУС і галоўных арганізатараў палітычных рэпрэсій у СССР. З 1932 г. паўнамоцны прадстаўнік АДПУ ў БССР, з 1934 г. наркам унутраных справаў БССР. Пасля забойства ў 1934 г. С.Кірава начальнік УНКУС па Ленінградскай, з 1938 г. - па Маскоўскай абласцях. Першы намеснік наркама ўнутраных справаў СССР. Арыштаваны ў 1938 г. Расстраляны.

Іваноў Іван Аляксандравіч (1898-1937), беларускі дзяржаўны дзеяч. У 1926-1929 г. старшыня Беларускага бюро ЦК чыгуначнікаў. З 1930 г. намеснік наркама Рабоча-сялянскай інспекцыі БССР, з 1932 г. сакратар ЦК КП(б)Б па транспарце і член Бюро ЦК КП (б)Б. З 1933 г. начальнік палітаддзела Горкаўскай чыгункі. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Ігнатоўскі Усевалад Макаравіч (1881-1931), дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. Акадэмік АН БССР (1928). У 1920-1926 г. наркам земляробства, потым асветы БССР. З 1926 г. старшыня Інбелкульта, у 1929-1931 г. прэзідэнт АН БССР. Скончыў жыццё самагубствам пасля допыту ў ДПУ БССР.

Ільючонак Пётр Вікенцевіч (1891-1945), дзяржаўны дзеяч БССР. У 1921 г. намеснік наркама сацзабеспячэння, у 1921-1922 г. загадчык беларускага аддзела Наркамасветы, у 1925-1926 г. супрацоўнік паўпрэдства ў Варшаве. Арыштаваны ў 1930 г., далучаны да справы «Саюза вызвалення Беларусі» і асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Зноў арыштаваны ў 1943 г., асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Памёр (?) у Тайшэтлагу. Рэабілітаваны ў 1988 г.

Калінін Міхаіл Іванавіч (1875-1946), дзеяч КПСС і Савецкай дзяржавы. З 1922 г. старшыня ЦВК СССР, з 1938 г. старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. З 1926 г. член Палітбюро ЦК ВКП(б).

Каліноўскі Канстанцін Вікенцій Сямёнавіч (1838-1864), рэвалюцыянер-дэмакрат, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 г. у Польшчы, Беларусі і Летуве. Прыгавораны ваенна-палявым судом да смяротнага пакарання. Павешаны.

Каліноўскі Уладзімір Сямёнавіч (1889-?), беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст. У 1922 г. абраны дэпутатам польскага сейма. З 1923 г. у Менску. У 1925-1927 г. у ЦВК БССР. У 1929 г. дацэнт БДУ. Далейшы лёс невядомы.

Калюга Лукаш (сапр. Вашына Канстанцін Пятровіч; 1909-1937), беларускі пісьменнік. Арыштаваны ў 1933 г., сасланы. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Камінскі Сямён Давыдавіч (1861-1939), беларускі вучоны-афтальмолаг. У 1920 г. наркам аховы здароўя БССР. У 1923-1939 г. загадчык кафедры вочных хваробаў БДУ і Менскага медыцынскага інстытута.

Кандрацьеў, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Каравайчык Павел Гіляравіч (1896-1937), беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік. У 1922-1926 г. працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», у Інбелкульце. У 1926-1930 г. у клініцы медыцынскага факультэта БДУ. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Каранеўскі Язэп Пятровіч (1888-1937), дзяржаўны дзеяч БССР, педагог. Правадзейны член Інбелкульта. З 1920 г. загадчык аддзела сацыяльнага выхавання Наркамата асветы БССР. З 1926 г. намеснік старшыні і член прэзідыума Інбелкульта. У 1921-1931 г. рэктар БДУ, кандыдат у члены ЦВК БССР. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Каспяровіч Мікалай Іванавіч (1900-1937), беларускі гісторык, мовазнавец, этнограф. З 1926 г. вучоны сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце і АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1960 г., па другім - у 1958 г.

Кахановіч Міхаіл Сілуянавіч (1882-1934), дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння. Актыўны ўдзельнік Першага ўсебеларускага кангрэса (1917). Арганізатар і першы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. У 1922-1925 г. дэпутат польскага сейма. У 1925 г. прыехаў у БССР. Арыштаваны ў 1933 г. па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Кацярыніч, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Кіраў (сапр. Кострыкаў) Сяргей Міронавіч (1886-1934), савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Член ЦК з 1923 г. і Палітбюро ЦК ВКП(б) з 1930 г., сакратар ЦК ВКП(б) з 1934 г. У 1921-1925 г. сакратар ЦК Кампартыі Азербайджана. З 1926 г. першы сакратар Ленінградскага губкама (з 1927 абкама) і Паўночна-Заходняга бюро ЦК ВКП(б). Загінуў у выніку тэрарыстычнага акта.

Кіркевіч М., біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Кісялёў Кузьма Венядзіктавіч (1903-1977), партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, дыпламат. З 1937 г. наркам аховы здароўя БССР. У 1938-1940 г. старшыня СНК БССР, у 1943-1958 г. першы намеснік старшыні СНК (з 1946 Савета Міністраў) БССР.

Клімковіч Міхась (Міхаіл Мікалаевіч; 1899-1954), беларускі паэт, драматург, празаік, крытык. У 1932-1934 г. старшыня аргкамітэта, у 1934-1939 г. старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1932-1937 г. кандыдат у члены ЦК КП(б)Б. Член ЦВК БССР у 1931-1938 г.

Кнорын Вільгельм Георгіевіч (1890-1938), савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч. У 1920-1922 г. сакратар ЦК КП(б)Б, у 1927-1928 г. першы сакратар ЦК КП(б)Б. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955 г.

Колас Якуб (Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 1882-1956), класік беларускай літаратуры. Народны паэт БССР (1926). Акадэмік АН БССР (1928). З 1929 г. член Прэзідыума і віцэ-прэзідэнт АН БССР. Член ЦВК БССР у 1929-1931 і 1935-1938 г. Член ЦК КПБ у 1952-1956 г. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1946-1956 г., Вярхоўнага Савета БССР у 1938-1956 г.

Кон Фелікс Якаўлевіч (1864-1941), дзеяч польскага і расейскага рэвалюцыйнага руху. У 1919-1930 г. член Польскага бюро пры ЦК ВКП(б), адначасова ў 1921 г. сакратар ЦК Кампартыі Ўкраіны. У 1922-1923 г. сакратар Выканкама Камінтэрна. Член калегіі Наркамасветы РСФСР (1930-1931). Член ВЦВК і ЦВК СССР.

Крапіва (Атраховіч) Кандрат Кандратавіч (1896-1991), беларускі драматург, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Акадэмік АН БССР (1950). Народны пісьменнік БССР (1956). У 1956-1982 г. віцэ-прэзідэнт АН БССР.

Красінскі Мікалай Фёдаравіч (1891-1938), беларускі дзеяч культуры. Працаваў дырэктарам Другога Беларускага тэатра ў Віцебску, адказным сакратаром Беларускага таварыства драматургаў і кампазітараў. З 1928 г. вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея. Арыштаваны ў 1930 г., далучаны да справы «Саюза вызвалення Беларусі» і сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1938 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1960 г.

Краскоўскі Іван Ігнатавіч (1880-1955), дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння. З 1920 г. старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, у 1922-1925 г. дырэктар Беларускай гімназіі ў Дзвінску. З 1925 г. працаваў у БДУ, Інбелкульце, АН БССР, член прэзідыума Дзяржплана БССР. З 1930 г. у Дзяржплане СССР. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., у 1940 г. вызвалены з-пад следства. Рэабілітаваны ў 1988 г.

Круталевіч Аляксандар Прохаравіч (1894-?), беларускі матэматык. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт (1918). Працаваў у менскіх школах, Белпедтэхнікуме. З 1927 г. дацэнт кафедры матэматыкі педфака БДУ. Член Інбелкульта. Аўтар падручнікаў па матэматыцы. Распрацоўваў беларускую матэматычную тэрміналогію. Далейшы лёс невядомы.

Крыніца Антук (сапр. Ждановіч Антон Паўлавіч; 1898-1937), беларускі акцёр. Брат Ф.Ждановіча. З 1917 г. у Першым беларускім таварыстве драмы і камедыі, з 1920 г. - у БДТ-1. Рэпрэсаваны ў 1937 г. Рэабілітаваны ў 1958 г.

Крыніцкі Аляксандар Іванавіч (1894-1937), савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. У 1924-1927 г. першы сакратар ЦК КП(б)Б. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Купала Янка (сапр. Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 1882-1942), класік беларускай літаратуры, першы народны паэт БССР (1925). Акадэмік АН БССР (1928). У 1930 г., пасля допыту ў ДПУ, зрабіў спробу скончыць жыццё самагубствам.

Купцэвіч Фелікс Піліпавіч (1900-1938), беларускі літаратурны крытык. У 1926 г. выбраны членам ЦВК БССР, быў на нелегальнай працы ў Латвіі. У 1929 г. накіраваны на вучобу ў Інстытут чырвонай прафесуры ў Маскве. Арыштаваны ў жніўні 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», але ў кастрычніку гэтага самага года вызвалены з-пад следства. У 1935 г. арыштаваны па справе Беларускай народнай грамады, асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1937 г. арыштаваны ў лагеры, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Ластоўскі Вацлаў Юстынавіч (1883-1938), дзеяч беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст. Акадэмік АН БССР (1928). У 1919 г. узначальваў урад БНР. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, потым неадменным сакратаром Інбелкульта і АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім - у 1958 г.

Леанарда да Вінчы (1452-1519), італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, інжынер, вучоны.

Лекерт Гірш (1879-1902), жыдоўскі рэвалюцыянер. У 1900 г. узначаліў напад блізу 500 жыдоў-рабочых на паліцэйскі ўчастак каля Вільні і вызваліў арыштаваных таварышаў. У 1902 г., пасля таго, як па загадзе віленскага генерал-губернатара фон Валя былі высцебаны 28 арыштаваных за ўдзел у першамайскай дэманстрацыі, страляў у губернатара і параніў яго. Павешаны паводле прыгавора ваеннага трыбунала.

Ленін (сапр. Ульянаў) Уладзімір Ільіч (1870-1924), расейскі рэвалюцыянер, вучоны. Стваральнік Савецкай дзяржавы, дзеяч міжнароднага рабочага і камуністычнага руху.

Ленцнер Навум Міхайлавіч (1902-1936). Скончыў Інстытут чырвонай прафесуры (1926). Адзін з рэдактараў і аўтар каментараў 3-га тома Поўнага збору твораў Л.Троцкага. З 1932 г. у Беларусі, рэдактар газет «Рабочий» і «Звязда». Арыштаваны ў 1936 г., расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Лёсік Язэп Юр'евіч (1883-1940), дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, мовазнавец і пісьменнік. Акадэмік АН БССР (1928). Удзельнічаў у абвяшчэнні БНР, уваходзіў у склад яе Рады. У 1918 г. адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Выкладаў у БДУ, працаваў у Інбелкульце і АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1938 г., асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Памёр у турме. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім - у 1958 г.

Лістапад Юры (Георгі) Іванавіч (1897-1938), беларускі палітычны дзеяч. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 г. Пасля разгрому паўстання ўцёк у Польшчу. У 1922 г. нелегальна вярнуўся ў Слуцк. У сярэдзіне 1920-х г. стыльрэдактар у Дзяржвыдавецтве БССР. Арыштаваны ў 1925 г., асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. Вызвалены ў 1927 г. у сувязі з тым, што стаў сакрэтным супрацоўнікам ДПУ. У 1930 г. арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», праз некалькі месяцаў вызвалены. У 1933 г. зноў арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», асуджаны на 8 гадоў. У 1938 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Ляжневіч Аляксандар Францавіч (1890-1937), беларускі дзеяч культуры, драматург. З 1921 г. дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1). У 1922-1926 г. дырэктар беларускай студыі Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва ў Маскве. З 1927 г. на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Ляўданскі Аляксандар Мікалаевіч (1893-1937), беларускі археолаг. З 1927 г. член гісторыка-археалагічнай камісіі Інбелкульта, з 1931 г. вучоны сакратар, загадчык секцыі археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР, адначасова дацэнт БДУ. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 г.

Мамчыц Мікалай Мікалаевіч (1899-?). У 1923-1924 г. вучыўся ў БДУ, потым працаваў інспектарам школ у Калінінскай акрузе (да 1927), у Полацку. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1960 г.

Марук Іван Нічыпаравіч (1903-?), студэнт БДУ. У 1929-1930 г. працаваў у Белдзяржвыдавецтве, потым ва Ўсебеларускім камітэце радыёвяшчання. У 1930 г. выключаны з КП(б)Б за падтрымку (разам з М.Гарэцкім, П.Ільючонкам і І.Цвікевічам) З.Жылуновіча ў час яго партыйнай чысткі. Далейшы лёс невядомы.

Мархлеўскі Юльян (1866-1925), дзеяч польскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху.

Махнач, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Мацюкевіч Язэп (Іосіф) Ігнатавіч (1890-1938), беларускі мовазнавец. З 1930 г. вучоны сакратар, з 1931 г. намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г., асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1938 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Мікаян Анастас Іванавіч (1895-1978), савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. У 1926-1946 г. наркам знешняга і ўнутранага гандлю, наркам забеспячэння, наркам харчовай прамысловасці, наркам знешняга гандлю СССР. З 1937 г. намеснік старшыні СНК СССР. З 1946 г. намеснік старшыні Савета Міністраў СССР. Адначасова ў 1946-1955 г. міністр знешняга гандлю, міністр гандлю СССР. У 1964-1965 г. старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Член ЦК КПСС у 1923-1976 г., член Палітбюро (Прэзідыума) у 1935-1966 г. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1937-1974 г.

Мікеланджэла Буанароці (1475-1564), італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт.

Міцкевіч Адам Юр'евіч (1889-?). Асістэнт кафедры фізікі БДУ. У 1931 г. сасланы на 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы.

Молатаў (сапр. Скрабін) Вячаслаў Міхайлавіч (1890-1986), савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. З 1921 г. сакратар ЦК ВКП(б). У 1930-1941 г. старшыня СНК СССР, потым першы намеснік старшыні Савета Міністраў СССР. У 1939-1949 і 1953-1957 г. міністр замежных справаў СССР. З 1926 г. член Палітбюро ЦК ВКП(б), потым Прэзідыума ЦК КПСС. У 1962 г. выключаны з партыі.

Мураўёў Міхаіл Мікалаевіч (1796-1866), дзяржаўны дзеяч Расеі. Кіраўнік задушэння паўстання 1863-1864 г. у Польшчы, Беларусі і Летуве.

Муха Іван, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Муха-Міхальскі (у тэксце - Муха), крыптанім, якім карысталіся многія кіраўнікі партызанскага руху ў Заходняй Беларусі. Узяты ад прозвішча камандзіра ўзвода польскай арміі Юзафа Муха-Міхальскага, які ў 1922 г. перайшоў на бок партызан у атрад К.Арлоўскага.

Мядзведзь Піліп Дзям'янавіч (1890-1937), удзельнік барацьбы за савецкую ўладу ў Беларусі і Расеі. З 1918 г. ў органах ВЧК. У 1924-1925 г. паўнамоцны прадстаўнік АДПУ па Заходнім краі, старшыня ДПУ БССР. Член Бюро ЦК КП(б)Б у 1924-1925 г. Удзельнічаў у аперацыі па арышце ў Менску Б.Савінкава (1924). У 1926-1933 г. паўнамоцны прадстаўнік АДПУ Далёкаўсходняга краю, АДПУ СССР у Ленінградскай ваеннай акрузе, начальнік Ленінградскага палітупраўлення. У 1934 г. начальнік УНКУС СССР па Ленінградскай вобласці. Арыштаваны ў 1934 г., асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Мялешка Сяргей Міронавіч (1901-?). Скончыў БДУ. Выкладчык Полацкага педтэхнікума. Далейшы лёс невядомы.

Мятла Пётр Васілевіч (1890-1936), дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У 1922 г. абраны дэпутатам польскага сейма. Адзін са стваральнікаў, член ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Пасля яе разгрому ў 1927 г. арыштаваны, прыгавораны да 12 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1930 г. у БССР. У 1932-1933 г. старшыня Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі АН БССР. Арыштаваны ў 1933 г. па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Памёр у лагеры. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Наталевіч Нічыпар Якаўлевіч (1900-1964), дзяржаўны дзеяч БССР. У 1937-1938 г. выконваў абавязкі старшыні ЦВК БССР. У 1938-1947 г. старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Член ЦК у 1937-1947 г., Бюро ЦК КП(б)Б у 1938-1947 г. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1937-1950 г., Вярхоўнага Савета БССР у 1938-1951 г.

Некрашэвіч Сцяпан Міхайлавіч (1883-1937), дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, мовазнавец. Акадэмік АН БССР (1928). Старшыня Інбелкульта. З 1929 г. віцэ-прэзідэнт АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім - у 1957 г.

Нікановіч Мікола (Мікалай Уладзіміравіч; 1902-1944), беларускі пісьменнік, перакладчык. У 1933 г. рэпрэсаваны, сасланы на 3 гады. У 1942 г. прызваны ў армію. Прапаў без вестак. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Новікава, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Панамарэнка Панцеляймон Кандратавіч (1902-1984), савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч.У 1938-1947 г. першы сакратар ЦК КП(б)Б. Даваў згоду на арышт і асуджэнне дзяржаўных і партыйных работнікаў БССР. З пачатку 1939 г. удзельнічаў у выкрыцці кіраўнікоў НКУС БССР, абвінавачаных у грубых парушэннях рэвалюцыйнай законнасці і злоўжываннях уладай. У 1942-1944 г. начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання. У 1944-1948 г. Старшыня СНК (з 1946 Савет Міністраў) БССР. У 1948-1953 г. сакратар ЦК ВКП(б), адначасова ў 1950-1953 г. міністр нарыхтовак СССР. У 1953-1954 г. міністр культуры СССР. У 1954-1955 г. першы сакратар ЦК Кампартыі Казахстана.

Пасэ Сяргей Уладзіміравіч (1901-1939), дзяржаўны і партыйны дзеяч БССР. У 1932-1934 г. памочнік першага сакратара ЦК КП(б)Б, у 1934-1937 г. дырэктар Інстытута гісторыі партыі і памочнік сакратара ЦК КП(б)Б. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Петэрс Якаў Хрыстафоравіч (1886-1938), савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. член калегіі, намеснік старшыні ВЧК, старшыня Рэвалюцыйнага трыбунала. З 1923 г. член калегіі АДПУ. У 1926 г. кіраўнік камісіі Палітбюро ЦК ВКП(б) па абследаванні Гомельскай вобласці з мэтай далучэння яе да БССР. Рэпрэсаваны.

Підгайны Сямён (1907-1965), украінскі гісторык, грамадскі дзеяч. Скончыў аспірантуру ў Харкаўскім Навукова-даследчым інстытуце матэрыяльнай культуры. Арыштаваны ў 1933 г. Да 1941 г. у савецкіх канцэнтрацыйных лагерах. Пасля вайны на эміграцыі. Аўтар кніг «Украінская інтэлігенцыя на Салаўках» (1947), «Недостріляні» (2 т., 1949, 1953).

Пічэта Уладзімір Іванавіч (1878-1947), гісторык-славіст. Акадэмік АН БССР (1928), АН СССР (1946). У 1921-1929 г. рэктар БДУ. Арыштаваны ў 1930 г., сасланы на 5 гадоў. З 1937 г. працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР.

Піятуховіч Міхаіл Мікалаевіч (1891-1937), беларускі літаратуразнавец. З 1922 г. выкладаў у БДУ. Да 1936 г. працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Платун Антон Мартынавіч (1896-1938), партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. Акадэмік АН БССР (1931). У 1929-1933 г. наркам асветы БССР. Член ЦК КП(б)Б у 1927-1933 г. Член ЦВК БССР у 1927-1933 г., Прэзідыума ЦВК у 1931-1933 г. Рэпрэсаваны ў 1937 г.

Плятнёў Мікалай Васілевіч (1896-?), дзяржаўны і партыйны дзеяч БССР. У 1932-1933 г. намеснік наркама працы, у 1933 г. намеснік упаўнаважанага Наркамата цяжкай прамысловасці СССР пры СНК БССР. У 1934-1935 г. начальнік палітаддзела МТС у Менску. З 1935 г. першы сакратар Рудзенскага РК КП(б)Б, з 1937 г. першы сакратар Смілавіцкага РК КП(б)Б. Выключаны з партыі ў 1938 г., але хутка рэабілітаваны.

Пляханаў Георгі Валянцінавіч (1856-1918), дзеяч расейскага і міжнароднага сацыял-дэмакратычнага руху, філосаф, прапагандыст марксізму. З 1875 г. народнік, адзін з кіраўнікоў «Зямлі і волі», «Чорнага перадзелу». З 1870 г. у эміграцыі. У 1917 г. вярнуўся ў Расею. Падтрымліваў Часовы ўрад. Адмоўна ставіўся да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Пракапчук Андрэй Якаўлевіч (1896-1970), беларускі вучоны ў галіне дэрматавенералогіі. Акадэмік АН БССР (1940). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1944). З 1927 г. у клініцы скурных і венерычных хваробаў БДУ. З 1931 г. загадчык кафедры дэрматавенералогіі Менскага медыцынскага інстытута, адначасова ў 1932-1938, 1945-1963 г. дырэктар скурна-венералагічнага НДІ Міністэрства аховы здароўя БССР.

Прыбыткоўскі Уладзімір (?-?), беларускі паэт. Арыштаваны ў 1936 г., сасланы. Далейшы лёс невядомы.

Прышчэпаў Дзмітрый Філімонавіч (1896-1940), дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. У 1924-1929 г. наркам земляробства БССР, затым намеснік старшыні Дзяржплана БССР. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», асуджаны на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Памёр у турэмнай бальніцы. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім - у 1958 г.

Рагачэўскі Пятро, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Рак-Міхайлоўскі Сымон Аляксандравіч (1885-1938), дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. Член Беларускай сацыялістычнай грамады да 1918 г., Рады БНР і яе вайсковай камісіі. З 1922 г. дэпутат польскага сейма, адзін са стваральнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, намеснік старшыні яе ЦК. У 1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі, асуджаны на 12 гадоў турмы. У 1931 г. у выніку абмену палітвязнямі пераехаў у Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. Арыштаваны ў 1933 г. па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў на Салаўках. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Раксін Аўсей (Яўсей) Львовіч (?-?), дзяржаўны дзеяч БССР. У 1935 г. намеснік упаўнаважанага Народнага камісарыята харчовай прамысловасці СССР пры СНК БССР. З 1936 г. намеснік наркама харчовай прамысловасці БССР. Далейшы лёс невядомы.

Рафальскі Міхаіл Фёдаравіч (1889-1937?), жыдоўскі акцёр, рэжысёр, педагог. У 1926 г. заснаваў у Менску Беларускі дзяржаўны жыдоўскі тэатр. Рэпрэсаваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Рафаэль Санці (1483-1520), італьянскі жывапісец і архітэктар.

Рачыцкі Піліп Мікалаевіч, наркам земляробства БССР у 1929-1933 г. Член Бюро ЦК КП(б)Б у 1930-1933 г.

Родзевіч Леапольд Іванавіч (1895-1938), беларускі пісьменнік, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР. Рэпрэсаваны.

Родзевіч Часлаў Іванавіч (1889-1942), беларускі тэатральны і грамадскі дзеяч. Брат Л.Родзевіча. Працаваў у Інбелкульце, АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г., сасланы на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1957 г.

С., біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Савіч, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Садоўскі Ф.П., аўтар артыкула «Савецкая краіна - барацьбіт за савецкае краязнаўства» ў часопісе «Савецкая краіна», 1930 г., № 2 (11-12).

Сакольнікаў Рыгор Якаўлевіч (1888-1939), савецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч. У 1918 г. кіраўнік савецкай дэлегацыі на перамовах з Нямеччынай, падпісаў Берасцейскі мір. У 1922-1926 г. міністр фінансаў СССР. Рэпрэсаваны.

Салагуб Алесь Феафілавіч (1906-1934), беларускі паэт, публіцыст, мемуарыст. Член Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1928 г. нелегальна перайшоў у БССР. Арыштаваны ў 1933 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Серада Іван Мікітавіч (1879-?), беларускі палітычны дзеяч. У час грамадзянскай вайны ўзначальваў урад БНР. Быў членам Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у Інбелкульце, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Арыштаваны ў 1930 г., сасланы на 5 гадоў. У 1941 г. асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Вызвалены ў 1943 г. Далейшы лёс невядомы. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім - у 1989 г.

Серафімаў Васіль Сцяпанавіч (1897-1972), дзяржаўны дзеяч БССР. З 1925 г. загадчык Бабруйскага акруговага аддзела народнай адукацыі, з 1926 г. намеснік загадчыка Менскага акруговага аддзела народнай адукацыі. З 1930 г. у АН БССР, старшыня Цэнтральнага бюро краязнаўства. У 1937 г. першы намеснік наркама асветы БССР. Арыштаваны ў 1937 г., хутка вызвалены. Скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) у 1951 г. Больш за 20 гадоў быў рэктарам Берасцейскага педагагічнага інстытута.

Сержпутоўскі Аляксандар Казіміравіч (1864-1940), беларускі фалькларыст, этнограф, публіцыст, мовазнавец. Правадзейны член Інбелкульта (1925).

Скандракоў Сяргей Вячаслававіч (1876-1953), беларускі вучоны ў галіне земляробства. З 1921 г. прафесар, выкладчык БДУ, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1923-1925 г. адказны сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства. У 1931 г. высланы за межы Беларусі.

Скарына Францішак (да 1490 - каля 1551), беларускі і ўсходнеславянскі асветнік-гуманіст, першадрукар, вучоны, пісьменнік, перакладчык, мастак, лекар.

Смоліч Аркадзь Антонавіч (1891-1938), дзеяч беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, географ. Удзельнічаў у абвяшчэнні БНР, быў народным сакратаром земляробства. З 1922 г. працаваў у Наркамземе БССР, Інбелкульце. Загадчык кафедры геаграфіі БДУ. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім - у 1957 г.

Стакун Міхаіл Восіпавіч (1893-1943), дзяржаўны дзеяч БССР. З 1935 г. упаўнаважаны Наркамата цяжкай прамысловасці СССР па БССР, сакратар Гомельскага гаркама КП(б)Б. У 1937 г. член Прэзідыума і старшыня ЦВК БССР, член Бюро ЦК КП(б)Б. Рэпрэсаваны. У траўні 1940 г. апраўданы, аднак у ліпені гэтага года апраўдальны прыгавор адменены, а справа спынена ў сувязі са смерцю. Рэабілітаваны пасмяротна.

Сталін (сапр. Джугашвілі) Іосіф Вісарыёнавіч (1879-1953), адзін з кіруючых дзеячаў КПСС, Савецкай дзяржавы. З 1917 г. наркам па справах нацыянальнасцяў, наркам дзяржкантролю, Рабоча-сялянскай інспекцыі. Член ЦК партыі з 1917 г., Палітбюро ЦК з 1919 г. З 1922 г. Генеральны сакратар ЦК КПСС. З 1941 г. Старшыня СНК (СМ) СССР і Дзяржаўнага камітэта абароны, Вярхоўны галоўнакамандуючы.

Сурта Іван Захаравіч (1893-1937), дзяржаўны дзеяч БССР. Акадэмік АН БССР (1936). У 1920-1926 г. працаваў у органах ВЧК і АДПУ. У 1933 г. намеснік наркама асветы БССР, у 1933-1936 г. наркам аховы здароўя БССР. У 1936-1937 г. прэзідэнт АН БССР. Член ЦК КП(б)Б у 1934-1937 г., член Бюро ЦК КП(б)Б у 1937 г. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Сушынскі Язэп Францавіч (1885-1967), беларускі мовазнавец. У 1921-1926 г. працаваў ва ўстановах народнай адукацыі БССР, потым у Інбелкульце. У 1929-1939 г. вучоны спецыяліст Інстытута мовазнаўства АН СССР. Арыштаваны ў 1930 г., сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1935 г. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Сцяпура Д., біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Сянкевіч Аляксандар Антонавіч (1884-1938), партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. З 1921 г. наркам аховы здароўя БССР. З 1928 г. рэктар Камуністычнага ўніверсітэта Беларусі, адначасова загадчык аддзелаў друку, культуры і прапаганды ЦК КП(б)Б. Арыштаваны ў 1938 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч (1892-1938), дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, мовазнавец. Акадэмік АН БССР (1928). У 1918-1923 г. адзін з лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1922 г. абраны дэпутатам польскага сейма. Адзін з арганізатараў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Арыштаваны польскімі ўладамі. У 1933 г. у выніку абмену палітвязнямі пераехаў у СССР. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Таўбін Юлі (Юдаль) Абрамавіч (1911-1937), беларускі паэт. У 1933 г. сасланы на 2 гады. У 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Трамповіч Павел Віктаравіч (1888-?). Працаваў у Інбелкульце, загадчык кафедры БДУ. Арыштаваны ў 1930 г., сасланы на 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988 г.

Троцкі (сапр. Бранштэйн) Леў Давідавіч (1879-1940), палітычны дзеяч, непрымірымы праціўнік ленінізму і бальшавіцкай партыі. У 1918 г. выступіў супраць заключэння Берасцейскага міру. У 1929 г. за антысавецкую дзейнасць высланы з СССР. Забіты агентам НКУС СССР.

Тухачэўскі Міхаіл Мікалаевіч (1893-1937), савецкі ваенны дзеяч. Маршал СССР (1935). У 1920-1921 г. камандуючы войскамі Заходняга фронту, у час савецка-польскай вайны 1920 г. кіраваў наступленнем савецкіх войск на Варшаву. З 1936 г. першы намеснік наркама абароны. Рэпрэсаваны ў 1937 г. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тэраўскі Уладзімір Васілевіч (1871-1938), беларускі культурна-грамадскі дзеяч, кампазітар. У 1921 г. арыштаваны па сфабрыкаванай менскай ЧК справе. Прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай на 5 гадоў турмы. Член Камісіі беларускай песні пры Інбелкульце. Паўторна арыштаваны ў 1938 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны.

Улашчык Мікалай Мікалаевіч (1906-1986), беларускі гісторык, археолаг. Доктар гістарычных навук. Скончыў БДУ (1929). У 1930-1955 г. тройчы рэпрэсаваны. У 1948-1949 г. у Маскоўскім універсітэце, з 1955 г. у Інстытуце гісторыі СССР АН СССР. Член Археаграфічнай камісіі АН СССР (1968).

Уліцін, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Ульянаў Аляксандар Фёдаравіч (1901-1937), дзяржаўны дзеяч БССР. Знаходзіўся на дыпламатычнай працы ў Польшчы, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956 г. (гл.: Крапивин С., Скалабан В. Товарищ «У» и Белорусская Народная Республика // Советская Белоруссия. 1998. 21 марта).

Уралава Еўдакія Ільінічна (1902-?), дзяржаўны дзеяч БССР. У 1930-я г. наркам асветы БССР.

Федаровіч, біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Функ Аляксандар Эраставіч (Алесь Гародня; 1899-1944), беларускі празаік, крытык. Арыштаваны ў 1930 г., да 1934 г. адбываў пакаранне ў месцах зняволення. У 1942 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, замененай на 10 гадоў зняволення.

Харламповіч Павел Васілевіч (1884-?), беларускі нумізмат. У 2-й палове 1920-х г. дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея, член гісторыка-археалагічнай секцыі Інбелкульта, выкладчык БДУ. У 1931 г. сасланы на Поўнач.

Хатаевіч Мендэль Маркавіч (1893-1939), савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч. У 1919 г. старшыня Гомельскага павятова-гарадскога камітэта РКП(б). З 1921 г. сакратар Гомельскага, з 1923 г. Адэскага губкамаў РКП(б). У 1924-1925 г. у апараце ЦК ВКП(б). З 1925 г. сакратар Татарскага абкама, з 1928 г. Сярэдняволжскага крайкама ВКП (б). З 1932 г. сакратар ЦК КП(б)У, адначасова з 1933 г. Днепрапятроўскага абкама, з 1937 г. другі сакратар ЦК КП(б)У. У 1932-1937 г. член Палітбюро ЦК КП(б)У. Член ВЦВК (1922), з 1930 г. член ЦВК СССР. Рэпрэсаваны.

Хатулёў Пятро (Пётр Фёдаравіч; 1912-1937), беларускі крытык. Арыштаваны ў 1936 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1966 г.

Хведаровіч Мікола (сапр. Чарнушэвіч Мікалай Фёдаравіч; 1904-1981), беларускі паэт, празаік, перакладчык. Брат Н.Чарнушэвіча. Дэлегат першага ўсесаюзнага з'езда пісьменнікаў (1934). У 1934-1937 г. адказны сакратар часопіса «Полымя рэвалюцыі». Арыштаваны ў 1938 г., сасланы.

Цвікевіч Аляксандар Іванавіч (1888-1937), дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння. Міністр замежных справаў, з 1923 г. прэм'ер-міністр ва ўрадзе БНР. З 1929 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Па першым прыгаворы рэабілітаваны ў 1988 г., па другім - у 1989 г.

Цвікевіч Іван Іванавіч (1891-1938), беларускі дзеяч навукі і культуры. Брат А.Цвікевіча. Працаваў у Белдзяржвыдавецтве, быў членам камісіі Наркамата аховы здароўя БССР і старшынёй медсекцыі Інбелкульта. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1960 г.

Цэнцыпер Якаў Саламонавіч (1888-?), дзяржаўны дзеяч БССР. У 1930-1933 г. наркам аховы здароўя БССР.

Чарвякоў Аляксандар Рыгоравіч (1892-1937), дзяржаўны дзеяч БССР. У 1920-1937 г. старшыня ЦВК БССР, адзін са старшынь ЦВК СССР (1922-1937), у 1920-1924 г. старшыня СНК БССР. Скончыў жыццё самагубствам ці быў застрэлены.

Чаржынскі (Дзяржынскі) Уладзіслаў Вікенцевіч (1897-1974), беларускі літаратуразнавец, крытык. Працаваў у Інбелкульце, часопісе «Полымя». У 1925-1930 г. выкладчык Камвуза Беларусі. Арыштаваны ў 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1988 г.

Чарнушэвіч Аляксандар Анікеевіч (1899-1938), партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. У 1932-1933 г. сакратар Менскага гаркама КП(б)Б. У 1933-1936 г. наркам асветы БССР. У 1931-1934 г. член Бюро ЦК, у 1935-1936 г. кандыдат у члены Бюро ЦК КП(б)Б. Член ЦВК БССР (1931-1936), член Прэзідыума ЦВК БССР (1935-1936). У 1938 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны пасмяротна.

Чарнушэвіч Нічыпар Фёдаравіч (1900-1987), беларускі паэт, драматург. Брат М.Хведаровіча. Арыштаваны ў 1930 г., далучаны да справы «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1960 г.

Чыжова, жонка М.Гікалы.

Шалаеў (Шалай) Макар Ксенафонтавіч (1906-?), беларускі пісьменнік. Арыштаваны ў 1933 г. па справе Беларускай Народнай Грамады. Праз некалькі месяцаў вызвалены з-за хваробы, следства спынена. Далейшы лёс невядомы.

Шаранговіч Васіль Фаміч (1897-1938), савецкі партыйны дзеяч. У час акупацыі Беларусі войскамі Польшчы ў 1919 г. накіраваны на падпольную партыйную працу ў Менскую губерню. У 1920 г. арыштаваны, асуджаны на 20 гадоў катаргі. У выніку абмену палітвязнямі з 1921 г. у БССР. Намеснік наркама юстыцыі БССР. З 1930 г. член Бюро і другі сакратар ЦК КП(б)Б. З 1937 г. член Бюро і першы сакратар ЦК КП(б)Б. Член ЦВК БССР (1931-1934), член Прэзідыума ЦВК БССР (1931-1934). Рэпрэсаваны. У 1938 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны пасмяротна.

Шашалевіч Андрэй Антонавіч (Андрэй Мрый; 1893-1943), беларускі пісьменнік. У 1934 г. арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1937 і 1940 г. зноў арыштоўваўся. Сасланы. Рэабілітаваны ў 1961 г.

Шашалевіч Васіль Антонавіч (1897-1941), беларускі драматург. Брат А.Шашалевіча. Арыштаваны ў 1930 г., выпушчаны ў 1931 г. Паўторна арыштаваны ў 1937 г., асуджаны на 10 гадоў лагернага зняволення. Рэабілітаваны пасмяротна.

Шлюбскі Аляксандар Ануфрыевіч (1897-?), беларускі этнограф і фалькларыст. З 1923 г. працаваў у Інбелкульце, у 1929-1930 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР. Арыштаваны ў 1930 г., сасланы на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў 1935 г., асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны па першым прыгаворы ў 1960 г.

Шпілеўскі І., біяграфічныя звесткі не выяўлены.

Шчакаціхін Мікалай Мікалаевіч (1896-1940), беларускі мастацтвазнавец, педагог. З 1924 г. працаваў у БДУ, Інбелкульце, АН БССР. Адзін з заснавальнікаў беларускага мастацтвазнаўства. Арыштаваны ў 1930 г., сасланы на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Яжоў Мікалай Іванавіч (1895-1940), наркам НКУС СССР у 1937-1939 г. Арыштаваны ў 1939 г., прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны.

Яраслаўскі Емяльян Міхайлавіч (сапр. Губельман Міней Ізраілевіч; 1878-1943), савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч. Акадэмік АН СССР (1939). У 1921 г. сакратар ЦК ВКП(б). Член ЦК ВКП(б) у 1921-1923 г. і з 1939 г. Член ЦВК СССР.

Ярашчук Мікалай, біяграфічныя звесткі не выяўлены.


1950-1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Сымон Кандыбовіч. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Менск, Беларускі Гістарычны Агляд, 2000. ISBN 985-6374-15-4; Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд»
Крыніца: скан