epub
 
падключыць
слоўнікі

Тацьцяна Барысік

Без чытачоў

-Люблю я Амара Хайяма, яго рубаі!

«Уж лучше голодать чем что попало есть...» -натхнёна прамаўляў хрыпаты голас пасярод вясковай вуліцы.

На хвіліну мне падалося нібы я знаходжуся на пасяджэнні літаб’яднання ці на лекцыі па замежнай літаратуры. Але п’янкі пах бэзу ды павалены плот насупраць імгненна вярнулі да рэчаіснасці. Не гэта не універсітэт і не карпаратыў у рэдакцыі. Мы сёння на нашых сотках талакой бульбу садзілі. Потым, як належыць, пілі магарыч. Папаліць і адпачыць ад міні банкету выйшлі на свежае паветра. І прыхільнік Амара Хайяма не спіты выкладчык-філолаг, не пазаштатны аўтар раёнкі, а адзін з нашых дабраахвотных памочнікаў Міша- ці-то бульдазерыст, ці-то трактарыст па спецыяльнасці, майстар з залатымі рукамі і гэткай жа душой –апошняя надзея пенсіянераў.

У маладосці пад час вайсковай службы, або мо на цаліну з’ехаўшы ён апынуўся ў Казахстане. Пасля вярнуўся на бацькаўшчыну. Зараз сям’і сваёй не мае, жыве на цётчыным лецішчы без сталай працы, з казахскім грамадзянствам і дыягназам сухоты. П’е, паліць і чыфірыць. З горада да яго шчэ дзядзька прыязджае чырванатвары здаравец з наборам гэткіх жа шкодных звычак, але зусім адрозным характарам. Міша працавіты і чулы, дзядзька – гультаяваты і нахабны аматар дармаўшчыны. Цётка звычайна перадае сала ці масла. Але ўвесь харч імгненна прадаецца і прапіваецца. Да таго ж хітры дзядзька мае звычку цягацца за пляменнікам па заробках бы бясплатны дадатак. Крыху глынуўшы для настрою, Міша йдзе працаваць. Дзядзька ж часцяком спасылаецца на кепскае самаадчуванне імкнецца прылегчы і праз якую хвіліну храпе як пшанічку прадаўшы!

Не, вы ж хаця не падумайце! Нашыя мясціны славутыя ня толькі Мішам і ягоным сваяком. У вёскі багатая падзеямі мінуўшчына, спрадвечныя традыцыі, вось толькі людзей амаль няма. Усяго восем-шаснаццаць чалавек у залежнасці ад сезону. Сярод іх ёсць канешне і былыя настаўнікі, заатэхнікі, ударнікі працы але ўсім ім пад восемдзесят ці за восемдзесят. Міша ж тут ня толькі самы малады (няма й пяцідзесяці ), але й самы адметны.

Ну, скажыце, хто ж яшчэ здатны дзябнуць конаўку брагі, з запаленай папяроскай у зубах залезці на тэлеграфны слуп, пастроіць ліхтар і гэткім жа чынам спусціцца долу, не выкінуўшы з зубоў папяроскі? У чыстым полі восенню разам з суседам усю ноч вартаваць выкапаную ў кааператыве бульбу, каторую сусед не патрапіў завезці дахаты. Сваю ж уласную карову аднойчы забыць на вуліцы, не загнаўшы ў хлеў. На шчасце бедную жывёлу не ўкралі. Не было каму.

Але мяне захаплялі найперш нават не гэтыя неардынарныя ў разуменні сярэднестатыстычнай асобы ўчынкі. А Мішава прыхільнасць да Амара Хайяма, ягоны падарунак сябру-былому настаўніку-кніга Уладзімер Высоцкі. Выбранае. , пільная ўвага да універсітэцкага паэтычнага зборніка. Што ўжо казаць пра Міхасёвы размовы на бяседах! Людзкая гамана даўно ўжо ператварылася ў перадачу малацікавай інфармацыі пра асаблівасці ўласнага побыту.

-Буракоў дробных наварыла, пад’ела. От, смачна! . . .

-Мой унук паступіў на завочнае, на платнае, другі курс ужо, на сесію паехаў. Дык я ўжо сяджу, думаю хаця ж бы ён здаў экзамены тыя...

-Я такая чысцёха! Люблю парадак у хаце. Як маладзейшая была ўсё паўмываю, паўчышчаю, фіранкі накрухмалю, мост пашкрабу, пыл з фікуса анучкай выцеру...

Вось так бывае сядзіш слухаеш і маўчыш, лянота язык аб зубы біць. Бо смак буракоў не змяняецца год ад году, бабулін унук абавязкова вывучыцца, уладзіцца і шчэ папап’е людзкое крыві. Бо калі пражыўшы жыццё табе няма чаго распавесці нашчадкам апроч прыбірання ў хаце дык пэўна не хваліцца, а галасіць варта.

Міхась жа ў гутарках не кранаў тэлесэрыялаў, не ўзвялічваў сябе пахваляючыся штодзённымі клопатамі. І тут справа, бадай не ў адсутнасці тэлевізара ды наладжанага побыту, праста для гутарак знаходзілася нешта цікавейшае, больш важнае. Так аднаго разу ён прызнаўся што не толькі чытае чужыя вершы, але й мае свае ўласныя:

-У мяне іх багата. Я іх пішу і пад койку кідаю! Лебедзь, рак і шчупак-у падражанне Крылову-абвесціў Міша назву ўласнага твора і пачаў чытаць. Твар ягоны адразу пасвятлеў бы на імшы, але голас...Голас хрыпеў і зрываўся. Каб разабраць праз хрып і сіпенне тэкст змоўклі ўсе хто сядзеў побач. Тое што ўдалося пачуць мо і не з’яўлялася скарбам сусветнай літаратуры, але было куды самабытнейшым за скляпаныя наспех шэдэўры зорак раёнкі. Ды й заканчэнне байкі атрымалася цалкам сучасным. Героі Крылова цягнулі воз у розныя бакі, персанажы Міхася ўвогуле адмовіліся брацца за працу.

Нажаль голас паэта я тады чула ў апошні раз. Нейкі час сустрэцца не выпадала. Казалі нібы Міша быў бы не супраць надрукавацца хаця б на старонках мясцовай прэсы. Але ў хуткім часе яму стала не да вершаў. Урачы выявілі апроч сухотаў яшчэ й анкалогію. Некаторыя ў вёсцы імкнуліся не стыкацца з Мішам, каб хвароба на іх не перайшла.

Ён завітаў да нас напярэдадні дзевятага траўня. Знакам папрасіў у мяне асадку з папераю. Павіншаваў старых са святам. Я ў адказ пажадала яму здароўя.

-Мне засталося год ці паўтара, -прачытала я на аркушы сшытка. Вось так і скончылася наша гутарка-ліставанне.

Чакаеце трагічнага фіналу? А трасцу ў бок! Стары які напярэдадні дня Перамогі збаяўся паціснуць Мішу руку нечакана перакуліўся праз тыдзень з невядомай прычыны. Мішавага дзядзькі здараўца не стала праз год. А Міхасю зрабілі аперацыю. Ён акрыяў, нават звычкі выпіваць не кінуў. Праўда свой голас паэт страціў назаўжды. Далі інваліднасць. У вёсцы ён не з’яўляўся. Цётка прадала лецішча. Болей з Міхасём я не бачылася, у друку ягоныя вершы так і не з’явіліся, ды і наўрад ці ён працягвае іх пісаць. Навошта? Уголас іх чытаць няма як, а напісанае ад рукі хто ж цяперашнім светам разбіраць будзе. Некаторыя толькі друкаванымі літарамі чытаць умеюць.

Ну, й такое бяды! Адным графаманам меней-прабурчыць нехта. І будзе мець рацыю. Нашай квітнеючай краіне патрэбны графаманы іншага кшталу- маладыя здаровыя, без шкодных звычак, каб скапыціліся не хутка, амбітныя, усюдыісныя, адукаваныя настолькі, што аж жах бярэ і галоўнае з абсалютнай няздатнасцю шпурнуць чарговы твор пад ложак, цытаваць усходніх паэтаў без узгаднення і пільнай на тое патрэбы. Толькі ці ўслухоўваецца хто-небудзь кольвечы ў іхняе гучнае, бы мацюгальнік да вуха прыклалі, дэкламаванне, як услухоўваліся мы тады у знікаючы голас вясковага паэта Міхася, хворага на сухоты і анкалогію грамадзяніна Казахстана. І хаця ён ніколі не меў сваіх чытачоў, але ўсе ягоныя нешматлікія слухачы, што пакуль шчэ не адышлі ў лепшы свет дасюль памятаюць і самога паэта і назву яго самага вядомага твора-Лебедзь, рак і шчупак. У падражанне Крылову.

Час бяжыць хутка. Дзесяць год мінулася, а можа і болей.


2011

Тэкст падаецца паводле выдання: Барысік Т. Жанчына і леапард: апавяданні / Таццяна Барысік. - Минск : Кнігазбор, 2014. - 131 с.