epub
 
падключыць
слоўнікі

Тацьцяна Барысік

Перамагчы палтэргейст

“У з’яўленні палтэргейста могуць быць вінаваты язычніцкія пахаванні” - артыкул раёнкі пад такою назваю патрапіў мне на вочы ціхаю летняй ранічкай, каб змяніць жыццё назаўжды.

Але гэта ўжо потым, тады ж я не пра што такое і блізка не магла здагадацца ці напрарочыць. Проста мой позірк выпадкова зачапіўся за чарнічны россып дробных літараў і ўжо не здолеў адпусціць той газэтны радок далей. “У з’яўленні палтэргейста вінаваты язычніцкія пахаванні – да такой высновы прыйшлі супрацоўнікі абласной газеты “Дняпроўскія хвалі”. Нагадаем, у ноч на дзесятае ліпеня ў доме па завулку Кастрычніцкім рабіліся дзіўныя рэчы: са столі то лілася вада, то сыпаўся пясок, самастойна перамяшчалася мэбля, загараліся фіранкі. “Як паведаміла дырэктар краязнаўчага музею Анціпенка С, некалькі год таму непадалёк ад завулка, на беразе ракі Вільчанкі былі знойдзены старажытныя пахаванні 2-3 ст. н. э, што ўтваралі сабою кола, у цэнтры якога магчыма знаходзіўся ідал, і праводзіліся рытуальныя ахвярапрынашэнні, ” - чытала я і абурэнне скаланала мяне. Канешне, нават па гэткім пытанні ўласных думак няма, абавязкова найперш з вышэйстаячай інстанцыяй параіцца трэба! Усё яны ў вобласці лепей за нас ведаюць – і хто вінаваты і дзе ідал у 2ст. нашай эры стаяў. Так ужо павялося - які б бязьмен з вобласці ці сталіцы не прыехаў - ён тутака і найвышэйшы суд і першы разумнік, адным словам ледзь не намеснік госпада на зямлі.

“Не выключана, што палтэргейст звязаны са старажытнымі могілкамі. Ніякіх рацыянальных тлумачэнняў няма” – запэўнівала раёнка.

“Ёсць, яшчэ й як ёсць”, - затахкала раптам у скронях. Пахаванні тыя стагоддзямі не заміналі нікому, ды й гарадзкі парк адпачынку куды бліжэй да завулка Кастрычніцкі, чым рэчка Вільчанка. Хаця на памерлых усё спіхнуць, вядома, прасцей. Мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна, нечаканае прызнанне ўсплыло словамі калектыўнай споведзі ў касцёле. А ў памяці паўстаў той спякотны травеньскі дзень за які да сёння сорамна.

Высокае блакітнае, яснае аж да рэзі ў вачах неба. Сонца паліць асфальт бы патэльню. Гарадзкі парк адпачынку. Рэзкі гарлавы вокліч, паўсотні ног, нібы адбіваючы нейкі вар’яцкі рытм крочаць па зачараваным коле. Грукочуць , грукочуць нешта забытае нетутэйшае барабаны. Змярцьвелая сцішанасць. Напоказ буйным цветам быццам у апошні раз красуе старая яблыня. Пісягі чужое крыві на дзіцячых шыях. Вялізная шыльда з надпісам. “Дзень піянерскага сяброўства. Агляд сцягавых груп”. Дзяўчынка гадоў дзесяці, ёй бы лялькам косы заплятаць, страявым крокам з каменным выразам твару шыбуе да стала ў цэнтры. Смірна! Рука да пілоткі. Рапарт. Вольна!

Ля стала стаяць бы старажытныя ёлупні чальцы камісіі. Кіраўнік усіх піянераў раёна Ніна Раманаўна, мажная цётка з чырвоным тварам, мужна перамагаючы цяжкасці міжзапойнага перыяду паблажліва ўсміхаецца: - “ Малайчына, і я з гэтага пачынала. Да заканчэння школы яшчэ лепш маршыраваць навучышся! ”Старшыня ветэранскай арганізацым бадзёры дзядок гадоў сямідзесяці, цікава, у якой вайне удзельнічаў, паціскае дзяўчынцы руку і ўручае дыплом пераможцы: -“Расце змена! ”.

А я педагог- арганізатар прыгараднай школы хаваюся ля яблыні , бліжэй да сваіх выхаванцаў. Мае вусны шапочуць як мантру : “Тая ж выхаваўчая работа, тая ж выхаваўчая работа. Мае глузды ўпершыню адмаўляюцца гэта слухаць і ніяк не могуць дапяць, дзе ж мае вочы ўжо бачылі такое жудаснае відовішча. Ага, спапяляючая гарачыня. Ахвярная кроў на руках і шыях хударлявых падлеткаў. Іх ногі зладжана рухаюцца па коле. Гэткія ж гарлавыя воклічы са змярцвелым маўчаннем мяжуюцца. Вялізныя там-тамы ва ўсю моц б’юць. Нават дрэва збоку ёсць. Не яблынька ў квецені, а нешта на акацыю падобнае ці на баобаб які...Тэлеперадача “Клуб кінападарожнікаў” прысвечаная традыцыям дзікіх афрыканскіх плямёнаў.

Абрад нетутэйшай ініцыяцыі на Беларусі. Хіба што ў пыле забыліся пакачацца і птушка грыф у небе не кружыць, і я саўдзельніца чужынскага дзікунства ў белую блузачку ўстроілася . Хоць ільвіная грыва або футра якой гіены былі б больш дарэчы.

Адразу прыгадаліся піянерскае дзяцінства сярэдзіны васьмідзесятых. Хлусня і страх – тая ж выхаваўчая работа. Нейкі ідыёцкі парад у трэцім класе. Я крочу ў форме, якая нагадвае марацкую, на галаве – дзіўны ўбор накшталт бесказыркі. Ён вось - вось збіраецца зваліцца долу, я ж баюся гэтага больш за ўсё на свеце, бо нам знімуць нейкія балы і мяне узненавідзяць праз тую клятую шапку, як узненавідзелі тую дзяўчынку з 4 “Б”, што зараз плача ля сценкі. Побач са мною ідзе мая сяброўка Аня. Яе не прынялі ў піянеры ў першых шэрагах праз урачыстае абяцанне, напісанае чорным фламасцерам замест чарнільнай асадкі. Усё такі добра, што ў хуткім часе тая піянерыя ляснулася! Ужо праз якія два- тры гады пераканаць мяне збіраць макулатуру, то бок бясплатна валтузіцца з бруднай паперай, або насіць піянерскі гальштук на шыі а не ў лепшым выпадку ў кішэні не здатныя былі ані ўхвала, ані пагрозы.

І вось на табе – мінулася дзесяць- дванаццаць год я тая, што хранічна забывалася гальштук дома і як магла унікала ад пазакласнай работы, сама рыхтую вучняў да ўдзелу ў дзікунстве раённага масштабу! Чаму абрала такую работу? Ды гэта работа абрала мяне!

Хаця я й не была актывісткаю ў грамадзкай дзейнасці ў школьныя гады, але вучылася ледзьве не навыдатна. Вось і паслалі мяне ад раёна па мэтавым накіраванні ў інстытут культуры паступаць. Паступіла. Адвучылася. Вярнулася. А тут за пяць год усё перайначылася. У ДК людзей хапае, гурткоў больш як гурткоўцаў, у аддзеле культуры спрэс працоўныя дынастыі. Тады ў райвыканкаме прапанавалі ў школу педагогам -арганізатарам, маўляў, будзеш дыскатэкі ды ранішнікі ладзіць. Я пагадзілася – дзявацца не было куды. А пра піянераў ужо на месцы дазналася. “Тая ж выхаваўчая работа, ” – запэўніла завуч, пабачыўшы мой спалоханы позірк, я ж верыла што ўся тая лажа даўно ў мінулым. Аж не! На сценах піянерскага пакоя – тыя ж міфалагічныя істоты, запомніць якіх праз адсутнасць індывідуальных рысаў у іхніх абліччах я так і не здолела. І чаму на розных партрэтах Паўлік Марозаў ды Марат Казей па-рознаму выглядаюць? Мо таму што насамрэч такіх людзей не было ніколі?

Я пачала працаваць. Па першым часе нават падавалася прыносіла плён грамадзтву. Ладзіла бясконцыя Дні: ведаў, касманаўтыкі, непалення, барацьбы са СНІДам, канстытуцыі, вываду войскаў з Аўганістану, здаровага ладу жыцця, Савецкай Арміі, дарожнага руху, маці, 8 сакавіка, Святога Валянціна і халера ведае чаго яшчэ. Павязвала разумнейшым вучням гальштукі і везла на раённыя конкурсы ды канцэрты. І, ведаеце неяк удавалася ў плынь патрапіць, ніводнага разу без прызавога месца не вярталіся. Аднаго разу загадалі выпусціць насценгазету на ваенную тэматыку. “І калі ўжо тая вайна скончыцца”, - стагналі настаўнікі. Я не стала маляваць сонечнага зайчыка і ляпіць яму на лоб фотаздымак мясцовага ветэрана, не перапісвала самастойна перадавіцу з раёнкі як арганізатар суседняе школы, а пайшла іншым шляхам. Памяняла ў той перадавіцы месцамі сказы, а перапісаць прымусіла вучаніцу, ня дужа кемлівую але старанную дзяўчынку, каб кідаўся ў вочы дзіцячы почырк, апроч таго ўнізе пазначыла выходныя дадзеныя органу друку. У выніку стала пераможцай, атрымаўшы саламяную ляльку ў падарунак!

Піянерскімі справамі ў раёне кіравала Ірачка, дваццацівасьмігадовая маладзічка. Караценькая спаднічка ў гармонік, заўсёдны піянерскі значак на камізэльцы, як гулліва сцвярджала яна сама – цудоўная нагода для знаёмства. Гэтая супрацоўніца аддзелу адукацыі хутчэй нагадвала пераспелую васьмікласніцу і ніколі не забывалася нават на адказных мерапрыемствах у гонар Вялікай Айчыннай страляць вочкамі ў бок баяніста Лёнечкі. Але крыві асабліва не псавала, крыху раззлаваўшы толькі аднойчы. Калі ў 25-градусны мароз запрасіла настаўнікаў з аддаленых вёсак на семінар, каб павучыць іх вырабляць паштовачкі ў форме сэрцайка да дня Святога Валянціна.

Але як бы там не было Ірачка свайго дамаглася, зацугляла Лёньку і сышла ў дэкрэт. Вось тут і пачалося самае цікавае! Горай за ўсё, што вайна не толькі не жадала заканчвацца, а нават умацоўвала свае пазіцыі. І прычынаю стаўся не столькі юбілейны год, сколькі прызначэнне на пасаду метадыста Ніны Раманаўны адзінай жанчыны- ваенрука ў раёне. Здольнага арганізатара, фанаткі піянерскай справы, што апроч мужчынскае прафесіі мела нязломны характар, суворую знешнасць, гучны нізкі голас і нязвычнае для старой дзеўкі захапленне – чарка, часам некалькі дзён запар. Сваю кар’еру ў далёкія васьмідзесятыя Ніна Раманаўна распачала ў якасьці піянерважатай вясковай школы, а ваенную падрыхтоўку ўзялася выкладаць ужо потым, скончыўшы тры курсы нечага завочнага і празьмерна захапіўшыся маршыроўкай ды ганаровымі каравуламі. Таму найперперш арганізавала так званую сустрэчу важацкіх пакаленняў. Звалакла аднекуль сяброў баявога юнацтва, з якімі разам у барабан лупіла, каб тыя павучылі нас працаваць. Сталы ламіліся ад закускі і выпіўкі, фуршэт зладзілі ў Доме дзіцячай творчасці. Забаўляльнай частцы мог нават сталічны цырк пазайздросціць! Падпітыя дзядзькі і цёткі шыхтамі хадзілі ў пілотках пад піянерскім сцягам і спрабавалі спяваць дзіцячыя песні часоў пачатку перабудовы.

А пасля былі бясконцыя навучанні сцяганосцаў, барабаншчыкаў, агляды песні і строю. Складалася уражанне нібы напярэдадні Дня перамогі да ўлады прыйшла ваенная хунта ў асобна ўзятым раёне.

“Дзецям маршыраваць карысна, ля кожнага помніка героям вайны неабходна паставіць піянерскую варту”. Гэтым разам чарговая дырэктыва Ніны Раманаўны выклікала нечуваную радасць у вясковых школьнікаў. Абеліскі збольшага месціліся на могілках альбо ля дарогі, месцах для дзятвы асабліва вабных і аддаленых. А юныя вартавыя вызваляліся ад заняткаў і, мелі выдатную магчымасць гуляць у хованкі паміж магільных камянёў цёплымі вясновымі дзянькамі.

Але росквіт мілітарызму прыпаў на вышэйпамянёны дзень піянерскага сяброўства. Колькі вяровачцы не віцца а канец усе адно відаць.

Ад таго відовішча я не магла ачомацца яшчэ доўга. Самым брыдкім было ўсведамленне таго што я і такія як я дапамаглі яму адбыцца. Празмерна паслухмяныя хлопчыкі і дзяўчынкі пасталелі, ссівелі а дарослымі так і не зрабіліся. Ласыя на пахвальбу старэйшых па пасадзе па званні, па ўзросце – не істотна. Не разумелі? Не бачылі? Шчыра верылі ў сваю правільнасць? Былі і такія. Большасць жа проста сапла ў дзве дзіркі. Прыняўшы правілы гульні, жыццё ў стане перманентнае ганьбы ўзамен на больш- менш забяспечаную старасць. Прыкінуліся ягадкамі- дурнічкамі! Я не такая – такая чакаю трамвая! Тая ж выхаваўчая работа...Усё перамелецца – неяк будзе...

Не перамалолася гэтым разам! Дачакаліся трамваю! Чужынскія нячысцікі гукамі там- тамаў пакліканыя спачатку ў нашыя вантробы ўсяліліся, а потым пачалі і звонку бушаваць. Роўна праз сорак дзён пасля таго сатанінскага параду у горадзе аб’явіўся палтэргейст. Мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна.

Скачуць, скачуць афрыканскія чэрці па нашай зямельцы, а мо гэта духі старога капішча з імі сілаю мераюцца? Мусіць абрыдла стагоддзямі глядзець як кожнае заезжае быдла на іхняй бацькаўшчыне мала што прыжываецца, дык яшчэ і парадкі свае пачынае ўсталёўваць.

З палтэргейстам трэба змагацца – ясна як божы дзень. Але як? Наўрад ці на гэтую нетутэйшую субстанцыю падзейнічаюць царкоўныя водары накшталт ладану, дыхлафос таксама тут не памочнік. Нічога ж іншага я прыдумаць не змагла і тады звярнулася па параду да аднаго з самых дасведчаных людзей нашага гораду ў справах цудадзейных рэчываў і анамальных з’яў. Вядома, ні ізатэрыкам ні акультыстам Юра Хвост не быў, такія ў нашых краёх не вядуцца, затое захапляўся ўсім ад сатанізму да магіі, паліў усякую дрэнь, марыў з’ехаць у Тыбет, каторы год забіваў на вучобу і працу, трэплючы бацькоўскія нервы. Карацей , нефармал круцей няма куды - іракез на галаве, на нагавіцах больш дзірак чым тканіны. Юрка выслухаў мяне ўважліва і адразу прапанаваў вырашэнне – каноплі, мясцовыя каноплі з гароду бабы Адэлі. І як я адразу не скеміла! Па- перш растуць дзе заўгодна – значыць, іхні дым нячысцікам знаёмы. Па-другое знайсці іх няцяжка, гэта ж наша роднае зелле! Каноплі гонкія як сосны, раслі ля ганка і пад вокнамі ў нашай сваячкі бабы Адэлі, каторая жыла непадалёк ад райцэнтру ў спусцелай вёсцы , амаль хутары. Лічылася, нібыта яны добра адганяюць мух, каб не ляцелі ў сенцы. Ну, я зрэзала адно каліва наведаўшыся ў госці. Усё адно на колькасць мух расліны ня дужа ўплывалі – хлеў быў насупраць хаты.

У азначаны дзень, напхаўшы сушаных канопляў у нейкія папяросы Юркам прынесеныя, мы абкурылі ўвесь гарадзкі парк, абышоўшы яго тройчы па гадзіннікавай стрэлцы і на ўсялякі выпадак супраць яе, са словамі: - “Прэч, духі, прэч, тут людзі жывуць. ”Словы тыя я чула ў нейкім фільме пра цёплыя краіны, з імі на вуснах вузкавокая, маршчатая як печаны яблык старая абыходзіла мазанкі.

Можа мы і выглядалі вар’ятамі, але не больш як тады, на сатанінскім парадзе. Ну, а каб канчаткова пазбавіцца ад палтэргейста ня толькі звонку, а і ў душы, я падала заяву на звальненне. У РАА , канешне, упіраліся:

-Вы, падумайце, Ніну Раманаўну, у вобласць збіраюцца пераводзіць, магчыма на яе месца станеце. Маладая, перспектыўная...

Ад перспектыў галава не закружылася. Я была непахіснай. Прызвання да хлусні і выхаваўчай работы болей не адчувала. Палтэргейст - апошняя кропля. Вось і ўсё. Цяперака няхай вырабляюць што хочуць. Хоць сабе ў там-тамы ў парку лупяць, хоць сабе пудзіла Паўліка Марозава на цэнтральнай плошчы спальваюць, маёй віны ў гэтым ужо ня будзе.

Самае цікавае, што неадэкватныя захады супраць анамальнае з’явы насамрэч далі свой плён. Зніклі нячысцікі, як бабка пашаптала. Вось ужо дзесяць, дванаццаць, ці нават пятнаццаць гадоў пра палтэргейста ніхто не чуў. Куды ён падзеўся? Можа на бацькаўшчыну паляцеў, туды дзе так шмат дзікіх малпаў, можа ў душу Юрыка Хваста ўсяліўся, дакладна ж не вызначыш. Але цалкам верагодна ён калі- небудзь вернецца. Бо за гэтыя дзесяць –дванаццаць, не варта падлічваць колькі гадоў жыццё застыла, нічога ў ім не змянілася за выключэннем дробных дэталяў у біяграфіях некаторых жыхароў нашага райцэнтра, акалічнасцяў амаль не заўважных старонняму воку.

Ніна Раманаўна з’ехала ў вобласць і надалей яе сляды там губляюцца. Пагаворвалі, што цягаючыся па піянерскіх святах ды камсамольскіх злётах яна спілася дашчэнту. Метадыстка Ірачка пасля дэкрэту выйшла на працу, але Ірынаю так і не зрабілася, адразу пачала пакрысе ператварацца ў Васільеўну. За гады працоўнага стажу яна ладнага раз’елася, а піянерскі значак недзе збаёдала. Вочкамі Васільеўна больш не страляе, наадварот глядзіць пільна, каб Лёнечка не падгульнуў і не напіўся, таму лётае па доме творчасці як шалёная. Пагаворваюць, можа яшчэ ў другі дэкрэтны збярэцца. Недзе падрастае, ці падрасла ўжо новая Ніна Раманаўна.

Толькі вось каноплі на падворку бабы Адэлі звяліся, старая сама іх зрэзала, бо наркоты ўвесь гарод стапталі. Як што якое – ратавацца няма чым.

І канешне, даўно сышоў у нябыт іракез з галавы Юрыка Хваста. Ужо іншыя прыбіраюцца ў майкі са шкілетамі і захапляюцца акультызмам. А Юрык павыдурваўся яшчэ гадоў колькі і на радасць бацькам за розум узяўся: аднавіўся ў педінстытуце і такі дамучыў яго. Атрымаўшы дыплом , у міліцыю меціў. Ну, чаму менавіта самыя крутыя нефармалы ў юнацтве, пасля ў мянты ці вайскоўцы ідуць? Не пашэнціла Хвасту, для органаў біяграфіяй не выйшаў : ці то ягоны дзед з фронта ўцёк, ці то маці ў краме прагандлявалася. Так што зараз Юрка, перапрашаю Юрый Ігнатавіч, зусім у іншым месцы. Дзе? Вядома, што не ў Тыбеце, працуе ў пэтэвэ, выбачаюся, прафесійным ліцэі, тэкстыльшчыкаў. Спачатку выкладаў там гурток выразнага чытання, пасля прыбраў да рук усю выхаваў чую работу. Штогод ладзіць конкурсы плакатаў на тэму: СТОП СНІД , вышуквае нелегальныя кіпяцільнікі ды прасы ў пакоях інтэрната. Пыхкае як паравоз, выцірае насоўкаю залысіну на ілбе , жаліцца на паводзіны навучэнак. Гэта ж трэба! Замест таго каб слухаць у актавай залі ягоную лекцыю аб інавацыях у галіне маладзёжнай палітыкі, забаўляюць камандзіровачных з будтрэста!

Я ж па страчаным не тужу, яно было мрояю. Толькі людзі з мінулага, найчасцей тыя, што вечна чакаюць сваёй долі на чужым карку наманікюраныя лапкі склаўшы, дасталі спачуваннямі. Маўляў, разумніца, выдатніца, адукацыя вышэйшая, а рыбай у шапіку гандлюеш. А па мне праца як праца, усё як ва ўсіх. Сям’я шчаслівая. Праўда шчаслівы ў ёй кожны па-асобку. Сын, калі да камп’ютара дарвецца, дзе знайшоў сваё шчасце муж нават дакладна не ведаю, але мусіць недзе ўсё ж знайшоў, ля крамы не відаць даўно. Я ж наймацней адчуваю задавальненне жыццём увечары, калі пасляпрацоўная цемра мікрараёна заглынае мяне ў сваю пашчу і я дабраўшыся дадому ахінаюся коўдраю і падаю на канапу. Нягледзячы на сумесь шкадавання і дакору ў бацькоўскіх вачах я не зайздрошчу перспектыўнай моладзі. Часам лаурэаты, стыпендыяты, дыпламанты і іншыя маладыя ўзыходзячыя зоркі, якія так і не ўзыдуць, ні аб чым не здагадваючыся усміхаюцца з блакінага экрану ў кароткіх рэпартажах праграмы “Навіны”. Нават тады я не зайздрошчу. Бо ў іх усё шчэ наперадзе. А я сярод селядцовага смуроду, ў адзёжы запэцканай тлустымі плямамі бруднымі справамі не займаюся.

 


2012

Тэкст падаецца паводле выдання: Барысік Т. Жанчына і леапард: апавяданні / Таццяна Барысік. - Минск : Кнігазбор, 2014. - 131 с.
Крыніца: Надрукавана ў газеце “Наша Ніва” №6 (795) 13 лютага 2013