epub
 
падключыць
слоўнікі

Тацьцяна Барысік

Прыступка да поспеху

Віталь Мурашоў з дзяцінства быў паслухмяным і здольным. У школе за што не возьмецца –усюды першы, паводзіны ўзорныя. Настаўнікі не нахваляцца, бацькі не нацешацца. Сям’я ў хлопца была ня дужа багатая, але недахвату ні ў чым ня меў. Дзед па матчынай лініі ўсё жыццё марыў выбіцца ў вышэйшае кіраўніцтва. Не ўдалося. Дык ён унуку загадаў на гістфак паступаць, каб мару ягоную спраўдзіў. Віталь не пярэчыў. Ва ўніверсітэце ўсё тое ж самае – выкладчыкі не нахваляцца, бацькі не нацешацца.

Выдатнік, дошка гонару ў калідоры, прызавыя месцы ў студэнцкіх навуковых канферэнцыях. На людзях не губляецца, знешнасць прыемная. Ды яшчэ й на сваю бяду вершы пісаць пачаў- адразу на трох мовах: беларускай, рускай і ангельскай! На чацвёртым курсе далі імянную стыпендыю, загадалі ўдзельнічаць у грамадзкім жыцці. Віталь не пярэчыў. БРСмаўскую суполку ўзначаліў, у літаратурнае аб’яднанне “Раніца” пры студэнцкай шматтыражцы запісаўся.

А тут як раз гарадзкі паэтычны конкурс абвесцілі. Старшыня конкурснай камісіі ажно з самой сталіцы прыехаў! То быў знаны беларускі літаратар Адам Кашлаты (Віктар Пятровіч Бязменаў), зямляк, ураджэнец прыгараднай вёскі Міхалёва, выпускнік універсітэту.

Найлепшы студэнт і грамадзкі актывіст канешне не мог абысці такую падзею.

-Піша вершы, нават па-беларуску можа! -адрэкамендавалі Адаму Кашлатаму творы Віталя Мурашова.

Трэцяе месца ў конкурсе заваявала дзевяцікласніца Ірына Гарбуз, якая дужа жаласна распавяла аб смерці любімага цюцькі ў вершаванай форме, другое-аддалі навучэнцу музычнага каледжа, нейкаму кіраўнічаму ўнуку, бо за яго надта з выканкаму прасілі. Адгадайце хто ж быў першы? Правільна! Віталь Мурашоў, дакладней ягоны верш “Зімовы плач”. Чаму? Ды таму што падаўся Адаму Кашлатаму бадай адзіным творам, каторы напісаў жывы чалавек. Ідэйны змест зімовага плачу пераказаць было цяжка, але вобразы яскравыя, часам процілеглыя апаноўвалі назаўжды і больш не адпускалі. То жах і роспач як перад безданню, то ўтульная сцішанасць роднай хаты...Нават не верылася што такое мог напісаць гэты прылізаны, узорна-паказальны маладзён з бадзёрай усмешкаю.

На ангельскія вершы Віталя Кашлаты нават не паглядзеў, бо недастаткова добра ведаў мову, а па- праўдзе кажучы па-ангельску неразумеў зусім. Рускія ж творы, былі гэткія як і ў астатніх канкурсантаў, бы пад капірку пісаныя, прысвечаныя двум тэмам: нешчасліваму каханню, якога не было ніколі і любові да роднага горада, які Кашлаты цярпець ня мог з тае самае пары калі ўпершыню яго пабачыў:на захадзе-хімкамбінат, на ўсходзе-клейзавод, між імі-хрушчоўкі ды новабудоўлі спальных раёнаў. Вядомага літаратара заўжды апаноўваў жывёльны жах пры адной, думцы, што калі б дзядзька па бацькавай лініі-Васіль Сямёнавіч Бязменаў, былы супрацоўнік міністэрства, царства яму нябеснае, у свой час не перацягнуў пляменніка ў сталіцу і не ўладзіў яго тамака на працу ў часопіс, дык замест Адама Кашлатага быў бы Бязменаў Віктар, у лепшым выпадку настаўнік рускай мовы ў пэтэвэ хімікаў, пазаштатнік раёнкі.

Жывы класік павіншаваў пераможцаў, пасядзеў у прэзідыуме, пад’еў і выпіў на банкеце як мае быць. Сказаў колькі развітальных слоў пра сустрэчу з роднымі, дарагімі сэрцу мясцінамі. І ўчысціў у Мінск, толькі яго бачылі.

2011

Адам Кашлаты з’ехаў, а Аляксандр Міхайлавіч, кіраўнік літаб’яднання “Раніца” ды Валянціна Пракопаўна, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце засталіся. Дужа ганарыліся сваім выхаванцам Віталём Мурашовым.

А тут наступны год выдаўся ўраджайным на разнастайныя юбілеі, атэстацыі. Правяраючыя і госці не зводзіліся, не паспявалі рыхтаваць тэматычныя вечарыны і самадзейныя канцэрты. Вось Валянціна Пракопаўна і папрасіла маладога паэта №1 напісаць оду на адкрыццё факультэта і выступіць з ёю на ўрачыстым сходзе. Можна было канешне каго іншага напружыць, але Віталь ёсць Віталь, прыгожы выхаваны адказны, да таго ж іменны стыпендыят, дыпламант гарадзкога конкурсу-а гэта гучыць. Няхай ведаюць якія ў нас студэнты, мо менш чапляцца будуць!

Віталь не пярэчыў, як заўжды. Напісаў “Оду”, хаця назваць гэты твор арыгінальным , таленавітым было цяжка, затое кіраўніцтва факультэта і правяраючыя задаволены. Але з таго моманту ужо, нажаль не”Зімовы плач”, а клятая “Ода” зрабілася самым запатрабаваным вершам, большасць студэнтаў думала, што ён увогуле адзіны. Чытаць яе прымушалі незлічоную колькасць разоў, перарабляючы тэкст у залежнасці ад нагоды. А кволыя спробы Віталя прапанаваць для выступаў нешта іншае рашуча адхіляліся. Часы надышлі ня тыя, кожны за сваё месца калаціўся, тут ужо не да талентаў.

Няўмольна набліжаўся галоўны юбілей- 70-годдзе заснавання ўніверсітэта. Валянціна Пракопаўна ізноў выклікала да пачынаючага паэта да сябе ў кабінет і расплываючыся ў ласкавай ўсмешцы паставіла перад фактам:

-Віталік, на наступным тыдні ў нас вялікае свята. Падрыхтуйся. Будзе канцэрт. Прачытаеш сваю “Оду”. Падпраў, каб у кантэксце гучала. Не мне цябе вучыць. І тут упершыню Віталь запярэчыў у адказ:

-Вы мяне прабачце, але я больш не хачу і не буду гэта чытаць.

-Ну, што ты , не выдумляй, цудоўны верш нам так падабаецца, праўда, Аляксандр Міхайлавіч? - звярнулася па падтрымку да кіраўніка літаб’яднання. Ды марна.

-Не хачу і не буду. Ужо ўсе студэнты смяюцца-стаяў на сваім Мурашоў.

-Дурні смяюцца, бо зайздросцяць, -угаворвала бы спявала намеснік дэкана.

Пабачыўшы, што справу з месца не зрушыць, да спрэчкі далучыўся Аляксандр Міхайлавіч:

-Ты , хлопец, мусіць на сонейку перагрэўся? Угодкі універсітэту-адказнае мерапрыемства, а не ёлка ў дзіцячым садзе! Хачу, не хачу...Табе навошта стыпендыю далі імянную? Каб удзельнічаў.

-Дык я ж не супраць толькі давайце я лепш “Зімовы плач” пачытаю. Сам Адам Кашлаты хваліў. -прапанаваў ужо без ранейшай непахіснаці, але яшчэ з кволай надзеяй нешта змяніць Віталь.

Тут ужо Валянціна Пракопаўна адчуўшы слабіну ў голасе насупіла бровы і рэзка абарвала просьбу:

-Толькі Кашлаты ў Мінску, а мы тут. Іадказнасць за урачыстую вечарыну нясе не ён а адміністрацыя універсітэту. Нам і вырашаць. Ты ж разумны хлопец, на пятым курсе ўжо. Марыш на кафедры застацца. Мо табе ў Краснапольскі раён хочацца ці горад Дрыбін? Падумай, падумай...

Віталь памаўчаў якую хвіліну. Пры словах Краснапольскі раён перад вачыма ўмомант пранесліся спалоханыя бацькі, незадаволены дзед, усмешачкі аднакурснікаў, во, маўляў, са скуры вылузваўся, а карысці? Гразкая дарога, новабудоўлі ў чыстым полі са шчылінамі таўшчынёю ў палец.

-Я згодны, зразумеў памылку...

У актавай залі-не прабіцца. Віталь выйшаў да мікрафона, завучана ўсміхнуўся:

-Ода на открытие университета!

Першыя шэрагі займалі студэнты філфака. Яны лузгалі семкі і балбаталі міжсобку:

-Во, дарваўся чувак да сцэны! Зноў пад Дзяржавіна косіць.

-Ага, прычым тупа...

Мурашоў быў рахманым і безадказным але не глухім і дурным. Скончыўшы свой выступ, ён выбег на ганак, абапёрся аб сцяну і прашаптаў ледзь стрымліваючы слёзы:

-Як жа я ўсім надакучыў.

Знічкаю мільганула думка аб адрознасці дзіцячай і дарослай паслухмянасці, а потым прыйшло цвёрдае вырашэнне ніколі не пісаць вершаў бо ад іх адзін клопат.

Прайшло сем гадоў. Віталь насамрэч кінуў свае літаратурныя спробы. Застаўся на кафедры, абараніўся. Чытае лекцыі ў родным універсітэце. Нагрузка неблагая. Увосень збіраецца ажаніцца з дачкою дырэктара аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў горада. Бацькі не нацешацца! Паспяховы чалавек, што і казаць! І, ведаеце, амаль што шчаслівы.

 

Супадзенні ў назвах твораў, літаратурных суполак лічыць выпадковымі.

 


2014?

Тэкст падаецца паводле выдання: Барысік Т. Жанчына і леапард: апавяданні / Таццяна Барысік. - Минск : Кнігазбор, 2014. - 131 с.