epub
 
падключыць
слоўнікі

Тацьцяна Барысік

Ведзьма беларуская

Не выкідвала ікон, не забыла Бога,

Нават хата, як ва ўсіх – столя ды падлога!

Завушніцы, манікюр ды спадніца вузкая,

Прыгажуня хоць куды – ведзьма беларуская!

Прынясе з сабой пірог ці то яблык сопкі -

Знае, што лягчэй зрабіць шкоду на салодкім.

 

Падабенства ні на грам да старой шаптухі,

Танчыць лепей за куму полечку трасуху!

Быццам шчыра да цябе туліцца ля печы,

А ў пярыну голку ткне, на вільчак пашэпча!

Усміхаецца паўсюль ды з усімі ладзіць,

Небяспечней утрая ведзьма пры пасадзе!

І скажу вам, землякі, бо не кожны знае

І з мужчынаў ведзьмакі нібяды бываюць.

 

Стукаць страшна ў кабінет, калі ў кабінеце

Засядае за сталом ці вядзьмак, ці ведзьма!

Не выкідвалі ікон, хоць забылі Бога :

Шклопакеты, ламінат, ў дыванах падлога...

Сцеражыся, беларус, варажбы атрутнае!

Яна побач, яна тут – ведзьма ўсемагутная!

 

Каб спакойным быць удзень, добра спаць уночы

Трэба тройчы прашаптаць – «Солі табе ў вочы»,

А калі пасля дадаць: - «І дзяркач у сраку! »

Злыя чары на цябе не нагоняць жаху.

 


2000; 2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае