Тацьцяна Барысік

Жанчына і леапард

У аўтобусе смярдзела саляркаю, пад сядзеннем дрынчэла скрыня з нейкім жалеззем. За вакном плылі ўчарнелыя ад восеньскіх дажджоў слівы, напаўпустыя вёскі ; гарбузы на ганку хат, крытых шыферам ці чырвоным рубероідам, быльнёг у рост чалавека пад праваленымі стрэхамі з дранкі або гонты. Карэспандэнту раённай газеты “Працоўны шлях” Івану Гаўрыльчыку падавалася , што ў гэтую камандзіроўку ён едзе ўжо вельмі даўно, як дванаццаць год таму сеў у аўтобус Панкратавічы – Слабодка , так з яго і не выходзіў, настолькі аднастайным і звыклым быў навакольны краявід, штодзённае жыццё і праца. Сёння, па заданні рэдактара ён мусіў браць інтэрвію ў перадавікоў колішняга філіялу завода гароднінных кансерваў, а зараз ААТ “Добры гаспадар”, стратнай вытворчасці, што ўжо больш як чвэрць стагоддзя вырабляе нязменную закуску “Бурачковая” і кабачковую ікру ў паўлітровых слоіках. Прадукцыя тая, хаця і была добра вядомая айчынным і замежным спажыўцам, але попыту ў іх не знаходзіла. У выніку, гады тры таму завод абвясцілі банкрутам, што аднак не перашкодзіла ягонаму кіраўніцтву будаваць сабе катэджы , набываць аўтамабілі, рэарганізаваўшы прадпрыемства ў акцыянернае таварыства, па- ранейшаму працягваць выпуск , экалагічна чыстай кабачковай ікры ды закускі “Бурачковая”.

Заўчора ў ААТ “Добры гаспадар” адбылося таксама стаўшае ўжо традыцыйным, ушанаванне ўдарнікаў працы, прымеркаванае да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчага комплексу, а тут якраз у газеце на другую паласу не было чаго ставіць, вось і давялося Гаўрыльчыку перціся ў Слабодку.

Божухна! Колькі ж інтэрвію даярак, механізатараў, замалёвак, прысвечаных работнікам гандлю і лясніцтва, рэпартажаў са святаў ураджаю напісаў ён за пятнаццаць гадоў сваёй працы! Спачатку, як толькі прыйшоў пасля заканчэння інстытута ў рэдакцыю раёнкі спрабаваў нават зрабіць такія матэрыялы цікавымі. Тады былі іншыя часы, нават не верыцца ўжо. На старонках “Працоўнага шляху” знаходзілася месца і праблемным артыкулам , нарысам мясцовых краязнаўцаў аб гісторыі вёсак, трагічных лёсах землякоў знявечаных рэпрэсіямі, вершам беларускамоўных паэтаў з тутэйшага літаб’яднання. Але хутка ўсё змянілася і часы і галоўны рэдактар. Са ўсяго шматаблічча і шматгалосся засталіся толькі звесткі з палёў старанна спісаныя з райвыканкамаўскага інфармацыйнага стэнду, дурнавата- бадзёрыя рэпартажы з паседжанняў ды мерапрыемстваў, абавязковыя віншаванні - памінанні з нагоды юбілеяў або ўзнагароджанняў якою граматай мясцовых кіраўнікоў. Фотаздымак з пратакольным выразам твару, нуднае апісанне жыццёвага і працоўнага шляху, якое наўрад ці хто чытаў апроч самога юбіляра. Паміналаўка – так найчасцей клікалі газету яе прымусовыя падпісчыкі. Афіцыйная ж назва дашчэнту сцерлася з народнай памяці, і толькі прынцыповая пазіцыя выканкаму не давала органу друку канчаткова спыніць сваё існаванне. – “У раёне далжна быць свая печаць! А каму не наравіцца, няхай у другі раён едзець! ” – гучала нязменнае на ўсіх сходах, днях інфармавання з кіраўнічае трыбуны.

- “Дык мы не супраць, каб жа нармальная газета была, - бурчалі бюджэтнікі, супрацоўніцы калгасных кантор, паштаркі, падпісваючыся на “Працоўны шлях” узамен на прэмію ці адгул.

“Шчырыя” споведзі “простых” людзей засталіся таксама, асабліва множыліся напярэдадні прафесійных святаў. Пісаў іх звычайна Іван Гаўрыльчык. Цяперака ўжо сталы журналіст ён без лішніх мудрагельстваў мяняў месцамі сказы, падстаўляў патрэбныя імёны . Ды і самі простыя людзі імкнуліся выглядаць як мага прасцейшымі , у сваіх расповедах баяліся ляпнуць языком лішняе. У выніку, артыкулы прызваныя ўславіць чалавека працы выходзілі падобнымі адзін да аднаго бы меладрамы на тэлеканале “Расія” і пачыналіся прыкладна так:

- “Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы (варыянты : службы ў войску, вучобы ў сельгастэхнікуме) застаўся працаваць у роднай гаспадарцы.

Калі ж герой інтэрвью ці нарысу быў не з мясцовых, а з наезжых, што апошнім часам здаралася ўсё часцей, дык з яго вуснаў чулася наступнае :

- “Родам я с Рязанщины , (Казахстана, Малдавии, мать из Вологды, отца не помню). Вербавался на целину, служил на Дальнем Востоке, с первой семьёй на Сахалине жили, в Монголию по кантракту ездил, в восьмидесятых снова на родимой Рязанщине очутился, потом судьба сюда закинула. Да, побросала меня жизнь...”.

Больш падрабязна, хаваючы татуіроўку – крыжык на руцэ, знаёміць з акалічнасцямі свайго лёсу грамадзянін свету не спяшаўся. І Івану заўжды карцела запытацца :

- “Чаго цябе, чалавеча, жыццё кідала бы футбольны мячык па полі? Адусюль праганялі ці сам уцякаў, ажно пяты блішчэлі, так ад адыходнай кіем па спіне ратаваўся? Чаму ж толькі тут такія як ты знаходзяць адвечны прытулак? ”.

Далейшы працяг размовы быў аднолькавы без варыянтаў. Усе перадавікі выказвалі шалёнае захапленне сваёй працай на родным прадпрыемстве ці ў калгасе, некаторыя нават спрабавалі акрэсліць перспектывы развіцця, праўда не заўжды ўдала, дзякавалі кіраўніцтву, чуламу да патрэб простага чалавека. Часам імкнуліся паведаміць цікавыя факты сваёй біяграфіі кшталту:

“- Маці мая – Лаўрынько Ганна Паўлаўна двойчы абіралася дэпутатам сельскага савета. У 1988 годзе мяне за ўдарную працу ўзнагародзілі пуцёўкаю ў саніторыю, але ж я нікуды не паехала, бо не было каму хадзяйства глядзець. ”

Вольнага часу ў гэтых людзей амаль не было таму ўзгадкі пра адпачынак разнастайнасцю не розніліся:

-“ Люблю кветкі ў маім гародчыку іх багата. Па святах, альбо як кабана заб’ем уся сям’я збіраецца за сталом...”

Цікавосткі іншага кшталту з недалёкае пары лічыліся шкоднымі для друку. Ды і самі затурканыя “простыя людзі” лічылі за лепшае не распавядаць карэспандэнту ані пра даўнія крыўды, ані пра несправядлівасць, ані пра бацькоў і сваякоў з сумнеўным мінулым.

“Пасля васьмігодкі засталася ў вёсцы. І вось ужо дваццаць чатыры гады працую на ферме. Аб сваёй долі не шкадую – “, з робленым аптымізмам прамаўляе жанчына, што ў свае няпоўныя сорак глядзіцца на пенсіянерку. А ў вачах такі сум – хоць задавіся, пэўна ад шчаснага жыцця. ”

Нічога іншага мусіць не выпадала чакаць і ад сённяшняй сустрэчы. Дабраўшыся да Слабодкі, Гаўрыльчык патэпаў па гразкай разбітай трактарамі дарозе да знаёмай жалезнай брамы пафарбаванай сёлета ў блакітны колер. Ля вакенца цаглянай прахадной вартаўніца - мажная жанчына, абвязаная пуховай хусткай расклала на стале вырабы замежнай вытворчасці: стракатыя кітайскія шкарпэткі, скрыначкі смаленскіх селядцоў, украінскія цукеркі. Мусіць гандаль на працоўным месцы існаваў амаль легальна, з нечага негалоснага дазволу, бо пабачыўшы карэспандэнта прадпрыймальная цётка ні на грам не збянтэжылася, пачала нахвальваць свой тавар:

- Во, бярыце ўсё свежанькае сястра толькі ўчора з Хмяльніцкага прыехала! Але Гаўрыльчык купляць нічога не збіраўся. А пачуўшы пра нейкіх там перадавікоў вартаўніца наогул страціла да яго прыхільнасць і ўвагу:

- Няма ў нас перадавікоў усе адзінакава робяць, была Алка – п’яніца, дык выгналі яе. Ідзіце во па сцежцы ў жоўтыя дзьверы я зараз Генадзеўне, нашаму начальніку цэха , пазваню.

Кабінет уладнай дамы ў атачэнні іржавай абдрыпанасьці наваколля ўражваў пластыкавай бялюткасцю. А сама Вікторыя Генадзеўна глядзелася местачковаю зоркай ва ўсім сваім бляску: на вушах, шыі, на пальцах і ў роце пераможна ззяла золата . Жыццё ўдалося!

- “Пра перадавікоў, значыт, пісаць будзеце. Очэнь рады, очэнь рады. Адной нашай работніцы тожа грамату уручылі. Эта гордасць нашага праізвоцтва, душа калектыву, брыгадзір аператараў. Січас пазаву. ”Ляпанне дзьвярэй у калідоры:

- Ленку Багуненку прыгласіце! Яшчэ хвілін пяць. Шорханне, тупат. Ліслівы шэпт за дзьвярыма: “- Генадзеўна, мы тут кабанчыка ўчора калолі, дык я вам гасцінчыку прынесла. Самі ў гардэробе забярэце ці мне вечарам падысці?

Паблажлівае:

- Патом , Лена, патом, ідзі з карэспандэнтам пагавары, толька сматры не забудзь нічога.

І ў кабінет увайшла, дакладней увалілася, цягнучы за сабою нагу, гордасць вытворчасці - ускудлачаная кабета перапенсійнага веку. Проста Лена была старэйшай за Генадзеўну гадоў на дзесяць- дванаццаць , ранейшым часам у вёсцы яе б клікалі ўжо цёткай Аленай ці Багуненчыхай.

- Прывітанне, давайце знаёміцца. Я – Іван Гаўрыльчык, карэспандэнт раённай газеты, вырашыў напісаць пра вас артыкул. Дарэчы, Алена, як ваша імя па бацьку? А то кіраўніцтва нешта забылася паведаміць.

- Я, Багуненка Алена Мікалаеўна, ветэран працы. Гэта Генадзеўна маладой мяне лічыць дык Ленкай заве. Ды й няёмка ёй мяне па-бацьку клікаць, усё ж начальства, хаця і ставіцца да мяне па- добраму. І я яе вельмі паважаю як спецыяліста і чулага кіраўніка, - ззяла што новая капеечка Ленка Багуненка , нібыта кіраўнічая прыхільнасць была найвялікшым шчасцем у яе жыцці.

“Ага, толькі чуласць у вас нейкая узаемавыгадная атрымліваецца – зазначыў у думках Гаўрыльчык – ты перад ёй лістом сцелешся , паляндвічкі носіш, а яна цябе ў перадавікі піша і , мусіць не пасылае перабіраць гнілую моркву з цыбуляю як іншых. А што дасюль Ленкаю кліча, бы смаркачку якую, то бяда невялікая.

Між тым усё ішло паводле плану.

- У нас на ўчастку плануюць запускаць новую лінію па перапрацоўцы ягад. Заработную плату выплочваюць во ўрэмя – тарабаніла душа калектыву , камечачы ў руках нейкую паперчыну. І раптам захвалявалася, змоўкла на хвілінку, пасля зірнула ў сваю цыдулку, ізноў пачала шпарыць па- пісанаму, як выдатніца на ўроку :

- У нас на прадпрыемстве праводзяцца святы : “Провады зімы”...

З аптымістычнага маналогу вынікала: ААТ “Добры гаспадар” – проста рай на зямлі, ягонае кіраўніцтва – анёлы божыя, у цэлым свеце нічога смачней і якасней за кабачковую ікру з закускай “Бурачковая”. Сама ж ветэран вытворчасці раскладанне па слоіках падгулялай гародніны лічыць самым захапляльным і прыбытковым у свеце заняткам.

- А кім вы марылі стаць у школьныя гады? – перапыніў Гаўрыльчык у пошуках дазволеных цікавостак. Алена Мікалаеўна памаўчала хвілінку, глыбока ўздыхнула.

- Заўмагам марыла стаць. Пасля школы паступала ў гандлёвы тэхнікум. На сумоўі зрэзалася. Папыталі мяне як прозвішча міністра гандлю. А я ці знаю? Хіба сваяк ён мне? – праз маску штучнай самазадаволенасці пакрысе праступаў чалавечы твар. - Што рабіць было? Вярнулася, уладкавалася сюды, спачатку на сартыроўку. Наступным годам у кулінарны паступаць меціла. А тут Грышка з войска вярнуўся, якая ўжо вучоба! Пасля вясельля думала, ў горад з’едзем, мужу інтэрнат абяцалі, але мяне аператарам паставілі, ды і ў дэкрэтны ўжо збіралася. Як нарадзіўся сын - свякруха нам паўдома адпісала. Карацей, вось ужо трыццаць чацьвёрты год я працую тут.

- Раскажыце, пра сваіх бацькоў, мясцінку, дзе нарадзіліся? – карэспандэнт так і сыпаў звыклымі пытаннямі, якія яму ўжо за пятнаццаць гадоў аскому набілі. Для Алены ж, гэта была хвіліна славы магчыма адзіная ў жыцці , таму яна асцярожнічала як магла, асабліва зараз , калі ўсе “хатнія нарыхтоўкі” былі вычарпаныя. “Так, разважала ў думках душа калектыву”, мацерай пахвалюся, пра бацьку толькі ўзгадаю, хопіць таго , што ў школе паліцайкай дражнілі, кожнаму ж не давядзеш, чаму ён вучаны чалавек рабіў даглядчыкам і нідзе яму ходу не было, і што ў палон не па сваёй волі трапіў. Пра сястру Тамару раскажу, хай ведаюць, і ў мяне радня не абы якая! Ірку і ўспамінаць не буду, зашмат гонару. Ціхая – ціхая , нідзе не чуваць і не відаць было, ледзь васьмігодку агорала, цялятніцаю робіць. Вось так цішком і прыбрала матчыну хату да рук, а ёй, Алене, там ужо і месца нямашака. Толік, той наадварот змалку быў , адарві ды выкінь! Сваволіў ён – а рэмня зараблялі іншыя. І цяперака ні на грам не змяніўся, бацькавы грошы што з Нямеччыны за палон прыйшлі сцягнуў, машыну купіў і кватэру абставіў, а спіхнуў усё на заезжых цыганоў”.

- Нарадзілася я ў вёсцы Тамашова Рудня за два кіламетры ад Слабодкі, у дружнай шматдзетнай сям’і. - ізноўку нацягнуўшы маску паспяховасці – працягнула Ленка Багуненка, узважваючы кожнае слова, - Бацька мой, Мікалай Пракопавіч, працаваў на ферме даглядчыкам, маці, Марыя Макараўна – паштаркаю. Яна спявала ў хоры пры нашым клубе, а ў восемдзесят сёмым годзе яе абралі дэпутатам сельскага савета. Мая старэйшая сястра Тамара жыве ў Гродненскай вобласці, замужам за дырэктарам мукамольнага завода. Катэдж у іх свой, дзьве машыны, дзеці ў Мінску вучацца... - натхнёна нахвальвала сястрын дабрабыт Ленка , зусім забыўшыся на астатніх сваякоў. Гаўрыльчык і не настойваў, неаднойчы пераканаўшыся на ўласным досведзе – калі ў справу мяшаюцца грошы і спадчына ад дружбы ў шматдзетнай сям’і і следу не застаецца.

- Ну, а муж ваш дзе працуе?

Абысьці правакацыйнае пытанне не ўдалося:

- Дзе і ўсе цяпер, у Расіі, - незадаволена буркнула Алена. І перавяла гаворку ў больш пазітыўнае рэчышча:

- Большы сын уладкаваўся механікам на заводе, меншая дачка дзесяты клас заканчвае. Я ва ўсім люблю чысціню і парадак, у мяне ў гародчыку багата кветак. Асабліва падабаецца даглядаць хатнюю гаспадарку. Я аддаю ёй увесь вольны час, бо змалку да працы прывучана...- з апошніх сіл змагалася са сваёю знявечанай свядомасцю ударніца працы, імкнучыся выдаць жаданае за сапраўднае.

- Ну, а як адпачываеце?

- Ат, пакуль усё папарадчыш ды свіням дасі, які адпачынак! Нагу сваю ўкручу ды гляджу тэлевізар – зразумеўшы, што вырвалася нешта не тое Мікалаеўна паспрабавала выправіць становішча, - Камп’ютар дачцэ ў крэдыт узяла. Бывае, з сястрой Тамарай, што за дырэктарам замужам, перапісваюся...

У гэты момант у кабінет зайшла, сакратарка, жанчына неабыякавая да чужога гора :

- Вы ўжо выбачайце мяне, я вазьму паперы ды пайду, бо дадому трэба, абяцалі брыкету прывезці. А ты, Лена, раскажы журналісту пра Сярожу. Хай бы ён у газеце яго прапясочыў ці міліцыі пажаліўся, каб прыстрашылі трохі. А то ж жыцця не дае: п’е, з двара цягне, хату спаліць грозіць...

Суразмоўца спачатку відавочна сумелася. Старанна абмаляваны свет ілюзіі ўласнага шчасця сыпаўся на вачах бы сечка з дзіравага меху . І тут яе нібы прарвала, трываць набалелае не было як:

- Гэта ж мужыка майго брат, у другой палове дома жыве. Алкаш, не робіць нідзе, сябрукі яго цягаюцца. У двары таза алюміневага пакінуць няможна. Краёў не знойдзеш, жыві і бойся! Даруй божа, ці грэх ці два, хай бы ён ўжо пайшоў куды ці ў прымы, ці ў турму ці на той свет. Раз бы адплакалі, затое жылі б па- чалавечы. Толькі не пішыце пра гэта калі- ласка, наша Рая сакратарка па сваёй дурасці ляпнула. Вечна лезе куды не просяць.

- Я ўсё разумею, супакойцеся, давайце лепш пра добрае пагутарым. Ці ёсць у вас запаведная мара? – запытаўся Гаўрыльчык па-звычцы, хаця праўдзівы адказ быў відавочным – пакуль Сярожа на падворку, яго знікненне і ёсць адзіная праўдзівая мара Алены.

- Ай, хаця б да пенсіі дарабіць і нага не балела. Мульціварку яшчэ купіць хацелася б. У дачкі – гастрыт.

Штучна створаны імідж ўдарніцы застаўся ў мінулым, расплыўся бы туман над канаваю. Насупраць карэспандэнта сядзела пажылая жанчына з хвораю нагой, якой усе гэтыя працоўныя дасягненні былі патрэбны як леташні снег.

- Ну, а калі зірнуць на жыццё шырэй, з аптымізмам, - не здаваўся Гаўрыльчык у чаканні дзяжурных словаў. Але дзіўна, Алена яго не даслухала, прыпыніўшы шматкроць чутае, агаломшыла бывалага журналіста з ходу:

- Леапардам хачу стаць, у будучым жыцці.

Пстрыкнула кнопка дыктафону.

- А, цяпер не для друку.

Дзяціны спалох у вачах кабеты:

- Што, ізноў нешта не тое? Ну, вам не дагодзіш.

- Не, працягвайце калі- ласка, мне вельмі цікава.

- Я пра яго ў кніжцы даччыной прачытала і па тэлевізары бачыла. Ён у зграі не жыве. Ляжыць на галіне дрэва над сцежкаю кудой антылопы на вадапой ідуць і палюе сабе сваю здабычу. А футра ў яго - майму паліто не раўня!

Кволы камячок павагі да сапраўднага а не прыдуманага аблічча сваёй суразмоўцы заварушыўся ў душы Івана, дзе хвіліну таму панавала сумесь іроніі і шкадавання. Ад нечаканасці не знайшоўшы патрэбных словаў, ён проста падзякаваў Алене Багуненчысе за змястоўную размову і на развітанне сфатаграфаваў яе на фоне новага абсталявання, якое ўжо больш як паўгады ў куце пылілася.

Усё такі леапард у Індыі і чалавек са Слабодкі, што ні кажыце, шмат агульнага маюць: абодва вольнымі нараджаюцца. Але пасля ў чалавека з’яўляецца прысядзібная гаспадарка, праца, дзеці, раскрадальнік алюміневых тазікаў Сярожка, хворая нага і ён паўстае на раздарожжы: або ўласная годнасць , чыстае сумленне але замардаванае існаванне штодня ды малыя шанцы дасягнуць пенсійнага веку ў выніку, альбо з аптымізмам у будучыню - з паляндвічкаю для чулага кіраўніцтва пад пахай варыкозныя ногі за сабою цягнучы. Тады фінал крыху іншы - трансфармацыя імкнення да свабоды і самапавагі ў нечаканае жаданне стаць леапардам.

Інтэрвію пад назвай “З любоўю да працы”змешчанае ў чарговым нумары раёнкі, заняло ўсю старонку . З фотаздымку змучана ўсміхалася ўдарніца Ленка Багуненка ў бялюткім халаціку, пазычаным для такога выпадку. Ад цёткі Алены Багуненчыхі і яе мары ў газеце, вядома, не засталося і следу.

- Фатаграфія красівая, і напісана харашо дажа і па- беларускі, - зазначыла Вікторыя Генадзеўна прымацаваўшы “Шлях працы” на інфармацыйным стэндзе ля прахадной. Не засталіся абыякавымі да інтэрвію і ў сям’і Багуненкаў, дачка прапанавала нават паслаць яго цётцы Тамары ў Гродненскую вобласць, муж маўчаў, пасміхаючыся ў вусы. Сярод астаніх жыхароў раёна публіцыстычны твор не займеў ніякага рэзанансу. А вось у Івана Гаўрыльчыка тая камандзіроўка ўпершыню за апошнія гады не йшла з галавы.

Па першым нетрывалым сняжку ён крочыў ў кнігарню. Рэдакцыйная бухгалтарка Галіна Карпаўна дала грошы і папрасіла набыць фоташпалеры ці каляндар, каб закрыць урэшце гэтую пляміну на сцяне. А то няёмка - ў кабінеце ж начальства бывае рознае і так людзі прыходзяць. Напярэдадні ў кнігарню завезлі новую друкаваную прадукцыю. У Івана аж вочы разбегліся, чаго тут толькі не было! І васількі ў жыце з надпісам “Квітней Беларусь! ”, і кацяняты ў кошыку, садавіна побач з бутэлькаю віна ў атачэнні курортных краявідаў, вялізны календар з хакеістамі. Але жыццё не пакінула яму выбару з тае секунды, як заўважыў тыя фоташпалеры ў куце паміж кніжнымі паліцамі.

У абедзенны перапынак прыбіральшчыца Сямёнаўна зайшла на хвілінку да сяброўкі бухгалтаркі Карпаўны абмеркаваць набалелае:

- Здаецца, ж граматныя ўсе і культурныя ў газеце пішуць, у прафкаме і на радыё робяць, а бесталковыя. Колькі прасіла ў вакно ля лесвіцы пустыя бутэлькі не кідаць! Рыльцы ж б’юцца, хто ж іх ў мяне потым прыме. Не даходзіць!

- Ой, не кажы, Сямёнаўна, няма цяперашнім светам самастаяцельных мужчынаў, няма. Вось, наш Ваня Гаўрыльчык, здаецца ж не раздзяўбай які і не п’яніца. Папрасіла яго каляндар купіць, думала ён з кветкамі возьме, каб прыгожа, а ён звяругу прывалок, страшыдлу гэтую. Вось паглянь , Сямёнаўна...

Са сцяны цеснага рэдакцыйнага кабінета на Карпаўну з Сямёнаўнай спакойна і гожа пазіраў леапард у атачэнні зялёных шатаў. Над ім дыхала гарачынёй паўднёвае неба, а пад ім ляжала родная зямля і адзіная дарога, тая па якой толькі ягоная здабыча на вадапой ходзіць.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com