epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Хадкевіч

Крынічка

Урывак

Чалавек сядзеў на краі кручы над Дзвіной. Круча* тут абрывалася стромкай карычневай сцяной і толькі ўнізе, пры самай рацэ, заканчвалася пакатым шаўкавіста-зялёным схілам. I там, унізе, ля купкі раскідзістага вербалозу, булькатала крынічка. З кручы яна здавалася люстэркам, намнога святлейшым, чым вада ў Дзвіне. Але люстэрка тое, калі прыгледзецца ўважліва, не было застылае. Яно жыло, варушылася, пералівалася цераз ніжэйшы край, і імклівыя струменьчыкі праклалі ў траве і прыбярэжным пяску раўчукі да Дзвіны...

* Кру́ча — абрывісты, круты бераг ракі.

Крынічку Петрык ведаў здаўна. Колькі ён папапіў вады з яе, бегаючы ўлетку з хлапчукамі па ўзбярэжжы! Пад вербалозам быў убіт у зямлю альховы калок і на яго надзеты карэц*, зроблены з бяросты старым пастухом Нічыпарам. Але прыемней было піць не з карца, а прылёгшы грудзьмі на край крынічкі. П'еш крыштальнай чысціні ваду і бачыш, як глыбока на дне варушацца жвір і каменьчыкі, нібы нехта нябачны гуляе з імі, і чуеш, як плюскоча крынічка, быццам яна размаўляе з табой. Вада ж сцюдзёная, смачная, нап'ешся і адчуваеш, як у цябе прыбавілася бадзёрасці і сілы.

* Карэ́ц — посуд для піцця вады.

Стары Нічыпар казаў хлопчыкам, што памятае гэтую крынічку змалку. Яна амаль не змянілася за доўгія гады яго жыцця — такая ж, як і даўней, празрыстая і гаманлівая. Вясновай яснай раніцай, казаў ён, можна ўбачыць, як нізка пырхаюць, кружацца над ёй птушкі, любуючыся сабой, як у люстэрку. I кружацца, і спяваюць, прыхарошваючыся. А калі які злы паляўнічы-браканьер параніць у лесе беланогага прыгажуна лася, дык лось прыходзіць сюды, п'е з крынічкі, і рана неўзабаве загойваецца. Казаў яшчэ дзед Нічыпар, нібыта ў летнюю месячную ноч расчэсвае каля яе свае шаўкавістыя косы русалка, выйшаўшы з глыбінь Дзвіны.

Што да птушак і лася, дык тое, можа быць, і праўда. А ў русалак Петрык не верыць. Старая гэта казка. Ніякіх русалак у Дзвіне няма, ды і наогул яны — выдумка. Ці мала што можа нагаварыць дзед Нічыпар, адно зачапіся з ім ды распусці вушы!

...Бурліць, плюскоча крынічка. Вербалоз прасцірае да яе гонкія галіны. Імклівымі ручайкамі пераліваецца, сцякае з яе ў Дзвіну крыштальная вада, і магутная задумлівая рака нібы прыслухоўваецца да яе гоману, булькату. Пераліваецца, сцякае па раўчуках у траве і пяску вада, а крынічка заўсёды поўная. I калі Петрык праходзіць ці спыняецца каля яе, яму здаецца, што яна расказвае нешта нязнанае, таямнічае. I яшчэ — што яна жывіць Дзвіну, і каб не было такіх крынічак, не было б і той прыгажосці, якой дыхае светлаплынная Дзвіна з яе раскошнымі, гаманлівымі берагамі.

 


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Лазарук, М.А.  Родная літаратура :  Падручнік-хрэстаматыя для 6 кл.агульнаадукац.шк.з бел.і рус.мовамі навучання. -  Мн. :  Нар.асвета, 2001. -  271с.
Крыніца: скан