epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Хадкевіч

Неспакой

Як слаўна красавіцкім вечарам стаяць на развілку палявых дарог і любавацца з узгорка неабдымным прасторам! Захад сонца накладвае пурпуровыя фарбы на край лесу, што цямнее на небасхіле. Палі разлегліся карычневымі прастакутнікамі раллі, бледна-жоўтымі плямамі ржышча, зеленаватымі прасцягамі азіміны, і няма, здаецца, ім канца-краю.

Дзе-кольвек у канавах і ярах яшчэ ляжыць снег, але паводка ўжо адбушавала, пакінуўшы ў нізінах часовыя азёры, у якіх, быццам у вялізных люстэрках, адбіваецца ружовае неба.

Звіняць ручаі ў вячэрняй цішыні. Кажуць, гэта вясна бразгае срэбранымі ключамі, адмыкаючы дзверы цёплым вятрам. Ляцяць вятры з далёкага поўдня і нясуць з сабой неўгамонную вясновую сілу. Скараецца перад імі зіма, адступае ў невядомыя паўночныя далі, а наўздагон ёй імчыцца вясёлая пераклічка пералётных птушак, пяшчотны звон ручайкоў і шэлест маладой зелені, што шчацініцца на сонечных мясцінах.

Прасякнутае цеплынёй і пахамі адталай зямлі, паветра крыштальна чыстае, і далягляд вырысоўваецца выразна, акрэслена.

- Эх! - вырываецца з грудзей майго субяседніка. - Шырыня якая!.. Воля!.. Аж дух зацінае...

То Цярэшка з Зелянцоў.

Ён стаіць, шырока і моцна паставіўшы ногі, нібы ўросшы ў зямлю, прыземісты, шыракаплечы, у ссунутай на патыліцу салдацкай вушанцы, у паношанай зялёнай ватоўцы і ў старых салдацкіх ботах, запэцканых суглінкам. Левая рука з пакалечанай далоняй ляжыць на сяўні, з якой ён нядаўна рассяваў канюшыну па азімым жыце, правай жвава размахвае ў такт сваім словам. Водбліск сонечнага заходу асвятляе яго скуласты твар з адрастаючай бародкай - не то пасівелай, не то проста бялявай - і вузкімі шэрымі вачыма.

Я сустракаю Цярэшку не ўпершыню.

Заўсёды, калі заязджаю ў Зелянцы, я або бачу яго, або чую пра яго ад другіх. Ён лічыцца ў калгасе неспакойным чалавекам, не праміне ўмяшацца ў любую справу, сунуцца ў любы калгасны закутак. Неўзабаве пасля дэмабілізацыі з арміі ён пры людзях на таку нанёс абразу старшыні калгаса. Пра гэты яго ўчынак гаварылі доўга і па-рознаму - адны апраўдвалі, іншыя ганілі, а старшыня, мабыць, і цяпер тоіць у сабе крыўду на блізкага ў мінулым сябра, з якім разам раслі і разам будавалі калгас.

Сам па сабе Цярэшка негаваркі, і цяпер, адчуваючы, што ён хоча нешта сказаць, я радуюся выпадку, не перабіваю яго і стараюся ўсёй сваёй істотай выказаць увагу. Так часта бывае, што чалавек раскрывае сваю душу нечакана, пад уплывам акалічнасцей і настрою.

- Дух зацінае, - паўтарае ён, - ад нейкай нястрымнай радасці. Вось іду полем, рассяваю канюшыну. Пад нагамі вільготная глеба са свежай рунню. А навокал - прастор і цішыня, сонца і жаўранкі, і на сэрцы так радасна, нібыта крылы за плячыма растуць. Узняўся б на іх і абняў бы ўсю гэтую зямлю - так яна мне люба і дорага.

Твар яго павернуты да мяне, але позірк накіраваны кудысьці міма, удалечыню. Я заўважаю ўсхваляванасць у яго вачах.

- А чаму? - раптам пытаецца ён. - Чаму? Таму што я вырас на ёй, яна паліта маім потам, на ёй я збудаваў сваё жыццё перад вайной, за яе я пакутаваў чатыры гады на франтах і бачу зноў яе вольнай і неабдымнай. Вось. Не люблю, хто не разумее гэтага. Не люблю, бо ў таго няма душы, той нічога не перажыў і не ведае цаны жыццю.

Нейкі момант Цярэшка маўчыць, як бы збіраючы словы, што адпавядалі б пачуццям, потым кажа з адценнем дакору:

- Я ведаю, табе нагаворваюць часам, што з Цярэшкам нялёгка ўжыцца, у Цярэшкі, маўляў, натура нікудышная. Не. У душу трэба заглянуць, чалавеча. Разумееш? Я неспакойны - гэта праўда, і, можа, нават занадта гарачы, бо не магу шмат гаварыць недарэчы. Але і неспакой мой ад таго, што бачу, як іншы не ўмее цаніць шчасця. Яно даецца яму ў рукі, а ён топча яго нагамі.

Я ўважліва сачу за бегам думак Цярэшкі і пачынаю глыбей разумець яго. Чалавек, якога многія лічаць дзівакаватым, паўстае перада мной у інакшым святле.

- Ну адляжаў я ў шпіталі, - кажа ён далей, - вылечылі мяне, дэмабілізаваўся. Чатыры з паловай гады не быў дома. Прыязджаю, і сэрца захлынулася радасцю: Зелянцы нашы нейкім цудам уцалелі, жонка з дзецьмі ў хаце, хоць і нагараваліся, не дай ты бог. У Зелянцах зноў, як і да вайны, калгас, і кіруе ім мой сусед і сябра Анцілей - ён быў тут у вайну ў партызанах. Усюды быццам бы парадак. Анцілей у мяне ў гасцях хваліцца:

«Бачыш, калгас ледзь не на даваенным узроўні, на добрым рахунку і ў раёне і ў вобласці, перадавы, можна сказаць».

«Малайчына, - кажу яму, - інакш і быць не можа, недарэмна мы так ладна зажылі перад вайной і ў вайну адстаялі родную зямлю і вольнае жыццё на ёй».

Адпачыў я колькі дзён ды вырашыў зірнуць, што і як у калгасе. Зайшоў на канюшню - жаробная кабыла пала. «Як жа так?» - пытаюся. «Гэта ў нас, - кажуць, - другі выпадак». Заглянуў у свіран - там збожжа пералапачваюць, пачало гарэць у адным засеку. Гляджу далей - на полі сцірта пшаніцы. Сунуў руку - цеплыня. Ажно горача на сэрцы стала. Нешта, думаю тут не так. Калі яшчэ ішла вайна, Анцілей, відаць, працаваў з усіх сіл, а скончылася - апусціў рукі, адпачыць захацеў. Не, думаю, так не выйдзе.

Што ты сам сказаў бы на гэта, га? - узнімае на мяне позірк Цярэшка. - Можа, і трэба было мне гаварыць пра ўсё на праўленні ці на сходзе, але ж завельмі крыўдна стала. Прыходжу на ток. Трашчыць малатарня. Трактар ледзь пыхкае, мала абаротаў. Пшаніца сырая і палавіна зерня ў саломе. Тут усё і ўскіпела ў мяне. «Дзе Анцілей?» - крычу, а ён якраз і быў паблізу. Ну, я развярнуўся з правай рукі і даў яму аплявуху ад усяго сэрца.

«Я будаваў гэты калгас, - думаю сабе, - у ім я жыццё адшукаў. Я сніў яго пад Варонежам, калі побач ірваліся снарады. Я марыў пра яго пад Берлінам, дабіваючы фашысцкую гадзіну. Ён мне стаў родны, бо ў ім маё шчасце, а тут, будзь ласкавы, такія фокусы. Хто-кольвек ужо хіхікае з-за вугла: «Ага, развал». Хіба ж можна захаваць спакой?»

- Ну, вы ўсё ж памірыліся з Анцілеем? - запытваю я, бачачы, што Цярэшка зноў замаўчаў.

- Як табе сказаць, - адказвае ён. - Я прабачэння не прасіў, наадварот, не праміну сказаць яму праўду ў вочы. Аднойчы ён нават ускіпеў: «Бяры старшынства», - кажа. «Не, - кажу, - старшыні з мяне не атрымаецца, здароўе страціў на вайне, я і так буду працаваць, а табе ў любы час скажу проста, калі што не так, бо ўсё тут наша, агульнае, кроўнае, а ты чалавек нядрэнны, толькі цябе падштурхоўваць трэба».

Сёй-той падтрымаў мяне ў гэтым, і Анцілей як бы і перамяніўся.

Цярэшка вынімае з кішэні кісет і абрывак газеты і, прытрымліваючы іх абрубкамі пальцаў левай рукі, другой рукой круціць цыгарку. Сіняваты дымок неўзабаве рассейваецца ў бязветранай празрыстасці, як лёгкае воблачка, пераліваючыся ў водсветах захаду.

За гутаркай мы і не заўважаем, як пачынае зусім вечарэць. Край сонца даўно схаваўся за небасхілам, і захад расплываецца ў бледна-ружовых адценнях. Цьмяная смуга засцілае нізіну, нібы нейкі вялізны цень паўзе па адхонах. Ледзь-ледзь дымяцца нагрэтыя за дзень палі, губляючы ў надыходзячых змроках рознакаляровасць афарбоўкі. Дзе-нідзе падасць яшчэ голас жаўранак, спалоханы нечым, ды па-ранейшаму звіняць ручаі, і гэты звон у палявой цішыні асабліва меладычны.

- Бач ты, ужо цямнее, а мы стаім, - спахапіўся Цярэшка. - Што значыць вясна, і ў хату не цягне... Аднак час, - дадае ён.

Мы перасякаем узгорак, і праз момант унізе пад лесам акрэсліваюцца абрысы вёскі. Дымкі з комінаў спляліся ў суцэльную сіняватую паласу, і здаецца, над вёскай калышацца возера, пакінутае, як і ў тых нізінах, нядаўняй паводкай. Адтуль даносіцца звонкая жаночая гаворка, хтосьці лязгае жалезам, па падсохшай вуліцы бразгацяць калёсы. Вясновае ажыўленне адчуваецца і ў гэтых гуках, што напоўнілі вёску.

Па дарозе нас даганяе коннік. Параўняўшыся з намі, ён крута асаджвае каня, саскаквае на зямлю, і я пазнаю высокую і трошкі грузную постаць старшыні калгаса Анцілея Пятровіча. Яму гадоў пад пяцьдзесят, але я, як бы ўпершыню, заўважаю сёння яго жвавасць і лёгкасць.

- А вось і ты, лёгкі на паміне, - спакойна кажа Цярэшка.

- Добры вечар, мужчыны, - прыветліва вітаецца старшыня і, пазнаўшы Цярэшку, па-сяброўску ляпае яго па плячы. - Што так позна з поля, Цярэнь, ці ўсё яшчэ сеяў?

- Не. Я скончыў з гадзіну таму назад і Ганку Лявонавых адправіў у вёску, а сам пайшоў полем, ды вось спаткаліся з чалавекам і загаварыліся.

- Я таксама з поля, - дабрадушна ўсміхаецца старшыня. - Аб'ездзіў яго ўдоўж і ўпоперак. Усё абгледзеў, усё прыкінуў. Заўтра пачнем ворыва, баранаванне.

- То добра, - задаволена кажа Цярэшка. - Канечне, пара ўжо... А я сеяць буду.

Яны абменьваюцца думкамі пра розныя гаспадарчыя справы, і я ўлаўліваю нешта новае ў іх узаемаадносінах, нешта агульнае, што яднае іх, акрэсленае гэтымі пагоднымі вясновымі днямі з іх новымі клопатамі.

Так, гэта мірная вясна з яе велічным хараством. Спакойнае і чыстае неба распасцерлася над зямлёй, густа палітай крывёю, але не аддадзенай чужынцам. Вясновае сонца песціць яе жыватворнай ласкай, і людскія сэрцы поўняцца радасцю. Жыві, аднаўляй, твары! Усё ў тваіх руках. Зямля чакае тваёй працы і аддасць старыцай за клопаты аб ёй. Так асэнсоўваюцца ў мяне пачуцці, выказаныя Цярэшкам, і ён сам становіцца для мяне яшчэ больш блізкім.

- Ты не злуйся за тое, што выйшла паміж намі, - чую я ў змроку яго словы, звернутыя да старшыні.

- Ды я бадай-што і забыўся на гэта, - адказвае той.

- Можа, яно і дапамагло крыху, - зазначае Цярэшка, але тон яго не насмешлівы, а шчыра зычлівы.

- Можа, і дапамагло, - згаджаецца Анцілей Пятровіч, і яны, ідучы поруч, як старыя сябры, гутараць пра заўтрашні дзень.

 

1946 г.


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая