epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Да Аснавяненкі

З украінскай — Т. Шаўчэнкі

 

Б’юць парогі; ўсходзіць месяц,

Як і перш усходзіў...

Няма Сечы, прапаў і той,

Хто ўсім верхаводзіў.

Няма Сечы! А чароты

У Дняпра пытаюць:

«Дзе дзеліся нашы дзеці?

Дзе яны гуляюць?»

Лятаючы скігліць чайка,

Бы па дзецях плача;

Сонца грэе, вецер вее

На стэпу казачым.

На тым стэпу скрозь магілы

Стаяць ды сумуюць;

Ветра буйнага спытаюць:

«Дзе нашы пануюць?

Дзе пануюць, банкятуюць?

Дзе вы загасцілі?..

Вярніцеся! Во пшаніцы

Колас пахілілі,

Дзе пасліся вашы коні,

Дзе трава шумела,

Дзе кроў ляхаў і татараў

Морам чырванела.

Вярніцеся!..»

«Не вернуцца! —

Загулі, сказалі

Хвалі мора.— Не вернуцца,

Навекі прапалі!»

Праўда, праўда, сіне мора:

Такая іх доля!

Не вернуцца чаканыя,

Не вернецца воля,

Не вернуцца запарожцы,

Не ўстануць гетманы,

Не пакрыюць Украіну

Чырвоны жупаны.

Абадрана сіратою

Па-над Днепрам плача;

Цяжка-цяжка сіраціне,

А ніхто не бача,

Толькі вораг, што смяецца...

Смейся, люты ўража!

Дый не дужа, бо ўсё гіне,—

Слава не паляжа;

Не паляжа, а раскажа,

Што было на свеце,

Чыя праўда, чыя крыўда

І чые мы дзеці.

Наша дума, наша песня

Не ўмрэ, не загіне...

Вось дзе, людзі, наша слава,

Слава Украіны!

Без золата, без камення,

Без хітрае мовы,

Галасіста ды праўдзіва,

Як Божае слова...

Ці так, бацька-атамане?

Ці праўду спяваю?

Эх, каб тое!.. Ды казаць што! —

Таленту не маю.

Маскоўшчына йшчэ пры гэтым,

Скрозь чужыя людзі.

«Не патурай!» — можа, скажаш:

Ды што з таго будзе?

Насмяюцца з таго псалму,

Што вылью слязамі;

Насмяюцца!.. Цяжка, бацька,

Жыці з варагамі!

Пабароўся б і я, можа,

Каб сілы прыклікаў;

Заспяваў бы,— галасок быў,

Ды з’елі пазыкі.

Вось яна бяда якая,

Бацька мой, ліхая!

Блуджу ў снезе ды сабе сам:

«Ой, не шумі, гаю!»

Не зайграю больш. Ты ж, бацька,

Як сам здароў знаеш,

Цябе людзі паважаюць,

Добры голас маеш.

Спявай жа ім, мой галубе!

Пра Сеч, пра магілы,

Дзе насыпалі якую,

Каго палажылі;

Пра былое й тыя дзівы,

Што былі, мінулі...

Зайграй, бацька! Каб нехаця

На ўвесь свет пачулі,

Што тварылася на Ўкрайне,

За што памірала,

За што слава казацкая

На ўсім свеце стала!

…............................................

Зайграй, бацька, арол сізы!

Няхай я заплачу,

Няхай сваю Украіну

Я йшчэ раз пабачу;

Хай паслухаю яшчэ раз,

Як мора іграе,

Як дзяўчына пад вярбою

Грыца заспявае;

Хай яшчэ раз усміхнецца

Сэрца на чужыне,

Пакуль ляжа ў чужу землю,

Ў чужой дамавіне!

 

[1938]


[1938]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан