epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Дзявочыя ночы

 

Высушылі кары вочы

Дзявочыя ночы.

 

«Чарніца Марʼяна»

 

 

Расплялася пышна каса

Аж да пояса;

Раскрыліся персі-горы —

Хвалі сярод мора;

Засвяцілі кары вочы —

Зоры сярод ночы;

Працягліся белы рукі —

Так бы й абвіліся

Вакол стану... I з падушкай

Горка абняліся,

Дый замлелі, дый замерлі,

З плачам разняліся.

 

«Ды нашто мне каса-краса

I карыя вочкі,

Стан мой гнуткі... Калі няма

Мілага дружочка?

Няма з кім мне палюбіцца,

Сэрцам падзяліцца...

Сэрца маё! сэрца маё!

Цяжка табе біцца

Адзінокаму. З кім жыці,

З кім, свеце лукавы,

Скажы ты мне?.. I нашто мне

Слава... тая слава?

Я любіць і жыці хочу

Сэрцам — не красою!

А мне яшчэ і зайздросцяць,

Гордаю і злою

Злыя людзі называюць.

А таго не знаюць,

Што я ў сэрцы захавала...

Няхай называюць —

Грэх ім будзе... Божа мілы!

Чаму ты не хочаш

Укароціць свае цемры,

Цяжкае мне ночы!..

Бо я ўдзень не адзінока —

З полем размаўляю,

Размаўляю і нядолю

Ў полі забываю.

А ўначы...» Дый анямела,

Слёзы паліліся...

Рукі самі з падушкаю

Горка зноў звіліся.

 

18 мая 1844

С. П. Б.


1907; 1937-1940; 1951

Пераклад: Якуб Колас
Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11