epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Гогалю

За думаю дума роем вылятае:

Адна цісне сэрца, тая раздзірае,

А трэцяя ціха, ціхусенька плача

У саменькім сэрцы — можа й Бог не бачыць.

 

Каму ж яе пакажу я,

I хто тую мову

Прывітае, угадае

Вялікае слова?

Усе глухі. У кайданы

Закованы ў сцюжу!..

Ты смяешся, а я плачу,

Вялікі мой дружа.

А што ўродзіць з таго плачу?

Дурнапʼян пракляты...

Не заравуць на Ўкраіне

Вольныя гарматы.

Не зарэжа бацька сына,

Роднае дзяціны,

За чэсць, славу, за братэрства,

20 За волю Ўкраіны.

Не зарэжа: выкахае

Дый прадасць з кахання

Маскалю ўраздроб. То, бачыш,

Ўдовіна даянне

Цару-бацьку, і айчыне,

I нямчуры плата.

Няхай, браце!

А мы будзем

Смяяцца ды плакаць.

 

30 снежня 1844

С.-Пецярбург


1907; 1937-1940; 1951

Пераклад: Якуб Колас
Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11