Тарас Шаўчэнка

Кацярына

І
ІІ
ІІІ
ІV
V


В.А.Жукоўскаму на памяць

22 красавіка 1838 года

 

І

 

Кахайцеся, чарнабрыўкі,

Ды не з маскалямі,

Маскалі - чужыя людзі,

Чыняць ліха з вамі.

Жартуючы маскаль любіць,

Жартуючы кіне,

Ў Маскоўшчыну сваю пойдзе,

А дзяўчына гіне...

Каб сама, то йшчэ б нічога,

А то й стара маці,

Што на свет зрадзіла Божы,

Мусіць прападаці.

Спяваючы сэрца вяне,

Калі за што знае;

Людзі сэрца не пабачаць,

«Блудніцай» аблаюць.

Кахайцеся ж, чарнабрыўкі,

Ды не з маскалямі.

Маскалі - чужыя людзі,

Здзекваюцца вамі.

Бацькі, маці Кацярына

Слухаці не стала,

Маскаліка палюбіла,

Як сэрцайка знала.

Палюбіла маладога,

Ў садочак хадзіла,

Пакуль сябе, сваю долю

Там не загубіла.

Вячэраці кліча маці,

А дачка не чуе;

Дзе з маскалікам жартуе,

Там і заначуе.

Не дзве ночы кары вочы

Люба цалавала,

Пакуль слава на сяло ўсё

Нядобрая стала.

Няхай сабе тыя людзі

Што хочуць гавораць:

Яна любіць, то й не чуе,

Што ўкралася гора.

Надышлі благія весткі

Ў паход затрубілі,

Маскалі пайшлі на турка,

Катрусю забылі.

Не адчула, ды і што там,

Што дзявоча згуба,

За мілога, як спяваці,

Й патужыці люба.

Абяцаўся чарнабрывы,

Калі не загіне,

Абяцаўся ён вярнуцца -

Тады Кацярына

Будзе сабе маскоўкаю,

Забудзецца гора;

А пакуль што, няхай людзі

Што хочуць гавораць.

Не журыцца Кацярына -

Слёзачкі ўцірае,

Бо на вуліцы дзяўчаты

Без яе спяваюць.

Не журыцца Кацярына -

Памыецца слёзкай,

Возьме ў поўнач вёдры, пойдзе

Па ваду, за вёску,

Каб ворагі не бачылі;

Прыйдзе да крыніцы,

Стане сабе пад каліну,

Заспявае Грыца.

Так спявае, вымаўляе,

Аж каліна плача.

Вярнулася - і радзенька,

Што ніхто не бачыў...

Не журыцца Кацярына

І ў думках не мае -

У новенькай хусціначцы

Ў акно пазірае.

Выглядае Кацярына...

Паўгода мінула;

Занудзіла каля сэрца,

У баку кальнула.

Заняпала Кацярына,

Ледзьве-ледзьве дыша...

Ачуняла ды ў запечку

Дзіцянё калыша.

А замужкі бубняць бубнам,

Матулю бічуюць,

Што маскалі вяртаюцца

Ды ў яе начуюць:

«Дочка ў цябе чарнабрыва,

Ды йшчэ не ядына,

А муштруе ў запечку

Маскоўскага сына.

Чарнабрывага прыдбала...

Знаць, сама вучыла...»

Бадай жа вас, сакатухі,

Маланка пабіла,

Як і матку, што на смех вам

Сына спарадзіла!

Кацярына, маё сэрца!

Горанька з табою!

Дзе ты дзенешся на свеце

З малым сіратою?

Хто без мілага спаткае,

Як сваіх, хто прыме?

Бацькі ўжо - чужыя людзі,

Цяжка жыці з імі!

Ачуняла Кацярына;

Калыша дзіцятка,

А на вуліцу ў аконца

Паглядае ўкрадкам;

Паглядае - а няма ўсё!..

Няўжо ж і не будзе?

У садок пайшла б паплакаць,

Дык пабачаць людзі.

Зойдзе сонца - Кацярына

Па садочку ходзіць,

На ручаньках носіць сына,

Вочкамі паводзіць:

«Вось тут з муштру выглядала,

Вось тут размаўляла,

А там... а там... ах, сыночак!» -

Дый недасказала...

Зелянеюць у садочку

Чарэшні ды вішні;

Як выходзіла й калісьці,

Кацярына выйшла.

Выйшла ды ўжо не спявае,

Як раней спявала,

Як маскаля маладога

Ў вішняку чакала.

Не спявае чарнабрыва,

Кляне сваю долю.

А тым часам варажбіткі

Чыняць сваю волю -

Паганую твораць справу,

Што ж мае рабіці?

Каб быў мілы, чарнабрывы, -

Умеў бы спыніці...

Так далёка чарнабрывы,

Не чуе, не бача,

Як з яе смяюцца злыдні,

Як Катруся плача.

Мо забіты чарнабрывы

За ціхім Дунаем;

Ці ў Маскоўшчыне ўжо, можа, -

Другую кахае!

Не, чарнявы не забіты,

Ён жывы-здаровы...

А дзе ж знойдзе ён такія

І вочы і бровы?

Ў Маскоўшчыне, на край свету,

На тым баку мора,

Няма нідзе Кацярыны;

Ды здалась на гора!..

Бровы, кары вачаняты

Даці ўмела маці,

Ды не ўмела ў гэтым свеце

Шчасця, долі даці.

А без долі твар бяленькі -

Як кветка на полі:

Пячэ сонца, трэпле вецер,

Рве ўсякі паволі.

Умывай жа тварык белы

Дробнымі слязамі, -

Маскалікі вярнуліся

Іншымі шляхамі.

 

ІІ

 

У канцы стала сядзіць бацька,

На рукі схіліўся;

Не глядзіць ён на свет Божы:

Цяжка зажурыўся.

Ля яго старая маці

Сядзіць на ўслоне,

Са слязамі адно толькі

На дачку гамоне:

«Што, вяселле, мая дочка?

А дзе ж твая пара?

Дзе сваточкі з ручнікамі,

Прыданкі, баяры?

Ў Маскоўшчыне, мая дочка!

Ідзі ж іх шукаці,

Ды не кажы добрым людзям,

Што ў цябе ёсць маці.

Ох, праклятаю часінай

Цябе спарадзіла!

Каб ды знала, да ўсход сонца

Была б утапіла...

Гадзюкавай была б стравай,

Цяпер - маскалёвай...

Ой, дачушка, ой, дачушка,

Цвеце мой ружовы!

Як ягадку ды як птушку,

Кахала, расціла

На нядолю... Эх, дачушка,

Што ты нарабіла?..

Адплаціла!.. Йдзі, шукай жа

У Маскве свякрухі.

Не слухала маіх радаў,

Дык яе паслухай!

Ідзі, дочка, знайдзі яе,

Знайдзі, прывітайся,

Будзь шчасліва ў чужых людзях,

Да нас не вяртайся!

Не вяртайся, мая дзетка,

З далёкага краю...

А хто ж костачкі мае тут

Без цябе схавае?

Хто заплача нада мною,

Як родная дзетка?

Хто пасадзіць на магіле

Каліну ды кветкі?

Хто без цябе грэшну душу

Будзе памінаці?

Ой, дачушка, ой, дачушка,

Што болей казаці?

Ідзі ад нас!..»

Ледзьве, ледзьве

Паблагаславіла:

«Бог з табою!» - ды, як мёртва,

Галаву схіліла.

Абазваўся стары бацька:

«Чаго жджэш, нябога?»

Заплакала Кацярына

Ды бух яму ў ногі:

«Даруй ты мне, мой татулька,

Што я нарабіла!

Даруй ты мне, мой галубе,

Мой саколе мілы!»

«Няхай Бог табе даруе

Ды добрыя людзі,

Памаліся ды йдзі з Богам -

Мо лягчэй мне будзе».

Пакланілася, устаўшы,

Выйшла моўчкі з хаткі;

Засталіся сіратамі

Стары бацька й матка.

У садок пайшла вішнёвы,

Малілася Богу,

Узяла зямлі з-пад вішні

Сабе на дарогу;

Прашаптала: «Не вярнуся!

У далёкім краі,

У чужой зямлі чужыя

Мяне пахаваюць;

А сваёй гэты драбочак

Нада мною ляжа,

Ды пра долю, маё гора

Чужым людзям скажа...

Не расказывай, галубка!

Дзе б ні пахавалі,

Каб на гэтым свеце грэшнай

Людзі не чапалі!

Ты не скажаш...

Вось хто скажа,

Што я яго маці!

Мой ты Божа! Маё гора!

Дзе ж мне захавацца?

Схаваюся, мая дзетка,

Сама пад вадою,

А за грэх мой адцярпіш ты

Ў людзях сіратою,

Бязбацькаўцам!..»

Пайшла вёскай

З плачам Кацярына,

Завязаўшыся хусцінай,

Галубячы сына.

Азірнулася, як выйшла,

Сэрцайка заныла,

Паківала галавою

Дый загаласіла.

Як таполя, стала ў полі

Пры бітай дарозе;

Як раса да ўсходу сонца,

Пакапалі слёзы.

За горкімі за слязамі

І свету не бача,

Толькі сына прыгартае,

Цалуе ды плача.

А яно, як ангелятка,

Нічога не знае,

Ручаняткамі малымі

Пазухі шукае.

Села сонца, чуць дзе-нідзе

Зоркі зазіялі,

Слёзы ўцерла, паплялася...

Нікне... знікла ў далі.

Доўга ў сяле гаманілі

Дасужыя свацці,

Ды не чулі тых гамонак

Ні бацька, ні маці...

Вось жа як на гэтым свеце

Робяць людзям людзі!

Таго вяжуць, таго рэжуць,

Той сам сябе губіць...

А за што? Святы іх знае.

Свет, як глянь, шырокі,

Ды няма дзе прыхіліцца

Ў свеце адзінокім.

Таму доля дала месца

Ад краю да краю,

А другому тры аршыны,

Дзе і пахаваюць.

Дзе ж добрыя тыя людзі,

Што сэрца жадала

З імі жыці, іх любіці?

Прапалі, не стала!

Ёсць на свеце доля,

А хто яе знае?

Ёсць на свеце воля,

А хто яе мае?

Ёсць людзі на свеце -

Золатам зіяюць;

Здаецца, пануюць,

А долі не знаюць, -

Ні долі, ні волі!

З нудою ды з горам

Жупан надзяваюць,

А плакаці - сорам...

Забярыце скарбы,

Жывіце ў багацці,

А я вазьму слёзы -

Гора заліваці.

Затаплю нядолю

Дробнымі слязамі,

Затапчу няволю

Босымі нагамі!

Тады я вясёлы,

Тады ўсё - багаццем,

Як сэрцайка будзе

На волі гуляці.

 

ІІІ

 

Крычаць совы, спіць дуброва,

Зорачкі зіяюць;

Па-над шляхам чарадою

Начніцы гуляюць.

Людзі добрыя паснулі;

Што каго ўтаміла:

Каго - шчасце, каго - слёзы,

Ночка ўсіх пакрыла,

Ўсіх цямненькая пакрыла,

Як дзетачак маці;

Дзе ж Катрусю прыгарнула:

Ці ў лесе, ці ў хаце?

Ці на полі пад капою

Сына забаўляе,

Ці ў дуброве з-пад калоды

Ваўка выглядае?

Бадай жа вас, чорны бровы,

Нікому не меці,

Чым за вас бяду такую

Самахоць цярпеці!

А што йшчэ далей сустрэне?

Будзе ліха, будзе!

Сустрэнецца пясок жоўты

І чужыя людзі;

Сустрэнецца зіма, сцюжа...

А той - ці спаткае,

Ці пазнае Кацярыну,

Сына прывітае?

З ім забыла б чарнабрыва

Шляхі, пяскі, гора:

Ён, як маці, прывітае,

Як брат, загавора...

Будзем бачыць, а пакуль што

Адпачыну троху,

Ды тым часам распытаю

На Маскву дарогу.

Ой, далёкі шлях, браточкі!

Знаю яго, знаю!

Ажно сэрца ледзянее,

Як успамінаю.

І я калісь папамераў, -

Каб яго не мераць!..

Расказаў бы я пра гэта,

Але ці ж павераць?

«Хлусіць, - скажуць, - такі-гэткі!

(Ведама, не ў вочы),

А так толькі псуе мову

Ды людзей мароча».

Праўда ваша, праўда, людзі!

Нашто ж тое знаці,

Што слязамі перад вамі

Буду выліваці?

Нашто яно? У кожнага

Ці ж свайго не хваце?..

Ану яго!.. А тым часам

Крэсіва лепш дайце

Ды табакі, каб, як кажуць,

З гора не журыцца.

А то гаварыць аб ліху -

Бяда йшчэ прысніцца!

Няхай яе ліха возьме!

Лепей памяркую,

Дзе мая ўжо Кацярына

З Іванкам вандруе.

За Кіевам ды за Днепрам,

Па-над цёмным гаем,

Чумачэнькі ідуць шляхам,

Пугача спяваюць.

Ідзе шляхам маладзіца,

Неіначай з прошчы.

Чаго ж смутная такая,

Заплаканы вочы?

На плячах звісае клумак,

Латана апратка,

У руцэ кій, на другой жа -

Заснула дзіцятка.

Сустрэлася з чумакамі,

Дзіцё закрывае.

«Ці ў Маскоўшчыну шлях гэты?» -

Чумакоў пытае.

«У Маскоўшчыну? Гэты самы.

Далёка, нябога? »

«У Маскву аж! Майце літасць,

Дайце на дарогу!»

Бярэ грош і аж трасецца:

Цяжка яго браці!..

Дый нашто ёй?.. А дзіцятка?

Яна ж яго маці!..

Заплакала, пайшла шляхам,

У Броварах спачыла,

Ды сыночку за мядзяк той

Перніка купіла.

Доўга, доўга сіраціна

Ішла ды пытала;

Было й гэтак, што пад тынам

З сынам начавала...

 

Бач, нашто здаліся кары вачаняты:

Каб пад чужым тынам слёзы выліваць!

Вось жа пазважайце й кайцеся, дзяўчаты,

Каб не давялося маскаля шукаць,

Каб не давялося, як Кася шукае...

Тады не пытайце, за што людзі лаюць,

За што не пускаюць ў хату начаваць.

 

Не пытайце, чарнабрыўкі,

Бо людзі не знаюць;

Каго Бог караць захоча,

То й яны караюць...

Людзі гнуцца, нібы лозы,

Куды вецер вее;

Сіраціне сонца свеціць

(Свеціць, ды не грэе) -

Людзі сонца б заступілі,

Калі б мелі сілу,

Сіраце каб не свяціла

І слёз не сушыла.

А завошта, Божа мілы?

За што светам нудзіць?

Што яна людзям зрабіла,

Чаго хочуць людзі?

Каб плакала!.. Маё сэрца!

Не плач, Кацярына,

Не паказвай людзям слёзы,

Цярпі да загіну!

А каб твар не марнаваўся

З чорнымі брывамі, -

Да ўсход сонца ў цёмным лесе

Умыйся слязамі.

Умыешся - не пабачаць

І не засмяюцца;

А сэрцайка адпачыне,

Пакуль слёзы льюцца.

 

Вось жа як пагана, бачыце, дзяўчаты!

Жартуючы кінуў Катрусю маскаль.

Нядоля не бачыць, з кім ёй строіць жарты,

А людзі хоць бачаць, ды людзям не жаль.

«Няхай, - кажуць, - гіне лядача дзяўчына,

Калі ўжо не ўмела сябе шанаваць!»

Шануйцеся ж, любкі! У благую часіну

Каб не давялося маскаля шукаць!

 

Дзе ж Катруся блудзіць?

Пад тынамі начавала,

Раненька ўставала,

У Маскоўшчыну паспяшала;

Аж бух - зіма стала.

Свішча полем завіруха;

Ідзе Кацярына

У лапцях - цяжкое гора! -

Вецер рве хусціну.

Кацярына йдзе, дыбае;

Глядзіць - штось віднее...

Маскалікі йдуць, здаецца...

Ой жа! Сэрца млее...

Паглядзела, іх сустрэла:

«Ці няма, - пытае, -

Чарнявага майго Йвана?»

Тыя ж: «Мы не знаем».

І, як маскалі звычайна,

Смяюцца, жартуюць:

«Ай да баба! Ай да наши!

Кого не надуют!»

Паглядзела Кацярына:

«І вы, бачу, людзі!

Не плач, сынку, маё гора!

Што будзе, то й будзе.

Пайду далей - больш хадзіла.

А можа, й спаткаю;

Аддам цябе, мой галубе,

А згіну сама я».

Раве, стогне завіруха,

Коціць, верне полем;

Стаіць Кася сярод поля,

Дала слёзам волю.

Утамілася завея,

Там-сям пазяхае;

Яшчэ б плакала Катруся,

Ды слёз больш не мае.

Паўзіралася на дзіця:

Ўмытае слязою,

Чырванее, нібы кветка

Ўранку пад расою.

Ўсміхнулася Кацярына,

А ва ўсмешцы - мукі:

Каля сэрца скрабянула

Чорная гадзюка.

Вокал моўчкі паглядзела;

Бачыць - лес чарнее,

А пад лесам, край дарогі,

Як бы дом віднее.

«Хадзем, сыне! Змяркаецца...

Ў хату пусцяць, можа,

А не пусцяць, то і ў полі

Начаваці зможам.

Пад хатаю заначуем,

Сыне мой Іване!

Дзе ж ты будзеш начаваці,

Як мяне не стане?

З сабакамі, мой сыночку,

Дзялі сваё гора!

Сабакі хоць пакусаюць,

Ды не загавораць,

Не раскажуць, смеючыся...

З сабакамі жыці...

Бедна ж мая галовачка!

Ой, што мне рабіці?»

 

Сірата-сабака мае сваю долю,

І добрае слова ў свеце сірата;

Яго б'юць і лаюць, куюць у няволю,

І ніхто пра матку не стане пытаць.

А Янку спытаюць, зарання пацешаць,

Не дадуць да мовы дзіцяці дажыць.

На каго сабакі на вуліцы брэшуць?

Хто голы, галодны пад тынам сядзіць?

Абібок, гультай хто, як не байстручаты?!

Адна яго доля - чорны вачаняты,

З зайздрасці й тых людзі не даюць насіць.

 

ІV

 

Каля гары, над ярам-долам,

Як старцы, ўзняўшы сваю голаў,

Дубы з гетманшчыны стаяць.

Грабелька ў яры, вербы ў рад,

Ставок пад крыгаю ў няволі,

У ім палонка - ваду браць,

Як круг чырвоны чырванее, -

З-за хмары сонца ўсплыло;

Надзьмуўся вецер, - як павее!

Няма нічога, скрозь бялее...

Ды толькі ў лесе загуло.

Раве, свішча завіруха,

Па лесе завыла;

Як бы мора, бела поле

Снегам закаціла.

Выйшаў з хаты карбаўнічы

Лесу аглядаці,

Ды куды там!

Гэткі розрух!

Свету не відаці.

«Эге, бачу, што за немач!

Ліха ж яго з лесам!

Пайсці ў хату... Але што там?

Ну іх да ста бесаў!

Ліхаццё іх разнасіла,

Як бы й справу мелі.

Глянь, Нічыпар, прыглядзіся!

Як жа пабялелі!»

«Што, маскалі?.. Дзе маскалі?»

«Што ты? Схамяніся!..»

«Дзе маскалі, галубочкі?»

«Ды вунь, падзівіся!»

Паляцела Кацярына,

Не ўспела адзецца.

«Мабыць, добра Маскоўшчына

Ў знакі ёй даецца!

Бо ўначы толькі і знае,

Што маскаля кліча».

Цераз пні, цераз сувеі

Ляціць, ледзьве дыша.

Босай стала сярод шляху,

Махае рукамі.

А маскалі ёй насустрач,

Як адзін, вярхамі.

«Доля ж мая! бяда-гора!»

Да іх... Калі гляне -

Наперадзе старшы едзе.

«Любы мой Іване!

Каханае маё сэрца!

Дзе ж ты быў падзеўся?»

Ды да яго... за страмёны...

А ён прыглядзеўся

Ды шпорамі каня ў бокі.

«Чаго ж ты ўцякаеш?

Забыў хіба Кацярыну?

Хіба не пазнаеш?

Прыглядзіся, мой галубе,

На мяне глянь, скемі:

Я - Катруся твая люба,

Нашто рвеш ты стрэмя?»

А ён каня паганяе,

Нібы і не бача.

«Пачакай жа, мой галубе!

Зірні - я не плачу.

Непазнаў мяне, Іване?

Сэрца, прыглядзіся,

Ей жа Богу, я - Катруся!»

«Дура, отвяжися!

Возьмите прочь безумную!»

«Божа мой! Івасю!

І ты мяне пакідаеш?

А ты ж прысягаўся!»

«Возьмите прочь! Что ж вы стали?»

«Каго? Мяне ўзяці?

За што ж скажы, мой галубе?

Каму хочаш даці

Сваю Касю, да цябе што

Ў садочак хадзіла,

Сваю Касю, для цябе што

Сына спарадзіла?

Мой бацечка, мой браточак!

Хоць ты не цурайся!

Найміткаю табе стану...

З другою кахайся...

З цэлым светам... я забуду,

Што калісь кахала,

Што ад цябе сына мела,

Пакрыткаю стала...

Пакрыткаю... Які сорам!

І за што я гіну?

Кінь мяне, забудзь мяне ты,

Ды не кідай сына.

Не пакінеш?.. Маё сэрца,

Пастой! Прашу вельмі!..

Я вынесу табе сына».

Выпусціла стрэмя

Ды ў хаціну. Бяжыць з хаты,

Нясе яму сына.

Заплаканы, неспавіты

Бедны сіраціна.

«Во яно дзе, на, прыгледзься!

Дзе ж ты? Захаваўся?

Ўцёк!.. няма ўжо!.. Сына, сына

Бацька адцураўся!

Божа ты мой!.. Мая дзетка!

Дзе ж дзецца з табою?

Маскалікі! Галубочкі!

Вазьміце з сабою;

Не цурайцеся, браточкі:

Яно сіраціна;

Забярыце і аддайце

Старшаму за сына.

Забярыце!.. Бо пакіну,

Як бацька пакінуў, -

Бадай яго не кідала

Горкая часіна!..

Грэхам цябе на свет Божы

Маці спарадзіла;

Вырастай жа на смех людзям!»

На шлях палажыла.

«Заставайся шукаць бацькі,

А я ўжо шукала...»

Ды ў лес з шляху, як вар'ятка!

І следу не стала.

Дзіцё плача... Маскалям што?

Балазе; мінулі.

Яно й добра; ды на ліха

Леснікі пачулі.

Кася бегае па лесе,

Бегае, галосіць,

То кляне свайго Івана,

То плача, то просіць.

Выбягае на ўзлессе;

Зірнула навокал

Ды ў яр... бяжыць... сярод ставу

Стала адзінока.

«Прымі, Божа, маю душу,

А ты - маё цела!»

Бух старчма ў ваду!.. Пад лёдам

Глуха забурлела.

Чарнабрыва Кацярына

Знайшла, што шукала.

Дзьмухнуў вецер па-над ставам -

І следу не стала.

То не вецер, то не буйны,

Што дубы ламае;

То не гора, не ліхое,

Што маці ўмірае;

Не сіроткі тыя дзеці,

Што мамка ў зямельцы,

Слава добрая й магіла

Для іх застанецца.

Як дакучаць злыя людзі

Малой сіраціне, -

Вылье слёзы на магілу -

Сэрцайка спачыне.

А таму якая доля,

Доля засталася,

Каго бацька і не бачыў,

Маці адраклася?

Байструку што засталося?

Хто з ім загавора?

Ні радні той, ні хаціны;

Шляхі, пяскі, гора...

Панскі тварык, чорны бровы...

Нашто? Каб пазналі!

Выпесціла, не схавала...

Бадай палінялі!

 

V

 

Ішоў кабзар да Кіева,

Сеў спачыць з дарогі.

З ім, абчэплены вузламі,

Павадыр убогі.

Ля яго дзіця малое

Дрэмле, як нядбае,

А стары кабзар тым часам

Ісуса спявае.

Хто йдзе, едзе - не мінае:

Хто - праснак, хто - грошы;

Хто старому, а дзяўчаты

Шэлег механошы.

Падзівяцца чарнабрыўкі -

І босы і голы.

«Дала, - кажуць, - вочкі, броўкі,

Ды не дала долі!»

Едзе шляхам да Кіева

Шасцярнёй карэта,

А ў карэце пан і пані,

Багата адзеты.

Апынуліся ля старцаў -

Пыл густы злягае.

Пабег Янка, бо з аконца

Рукою махае.

Дае пані Янку грошы,

Дзівуецца пані,

А пан глянуў... адвярнуўся...

Распазнаў, паганы,

Пазнаў чорныя ён бровы

І карыя вочы...

Пазнаў бацька свайго сына,

Але ўзяць не хоча.

«Як завуць?» - пытае пані.

«Янка». - «Какой милый!»

Коні рушылі, а Янку

Абсыпала пылам...

Палічылі, небаракі,

Што дасталі, ўсталі,

Памаліліся на сонца,

Пайшлі шляхам далей.

 

С.-Пецярбург, 1838



Пераклад: Янка Купала

Беларуская Палічка: http://knihi.com