epub
 
Падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Мар’яна-чарніца

І
II


 

Аксане К......ка, на памяць

таго, што даўно мінула

 

 

Вецер хіліць, нагінае

Лозы і таполі,

Ломіць дуб ды коціць полем

Перакаці-поле.

Так і доля: таго ломіць,

Таго нагінае;

Мяне коціць, а дзе спыніць —

I сама не знае.

У якім жа краю мяне пахаваюць?

Дзе я прыхілюся? дзе агорне цьма?

Калі няма шчасця, долечкі няма,

Некага і кінуць, ніхто не заплача,

Не скажа хоць смехам: «Спачывай, бядача:

Толькі той і долі, што рана заснуў».

Ці праўда, Аксана? красуня чужая!

I ты не ўспамянеш таго сірату,

Што ў сярмяжцы шэрай ды шчасце спазнае

Як зірне, бывала, на тваю красу.

Каго ты маўкліва, без слоў навучыла

Вачыма, душою, сэрцам размаўляць.

З кім ты жартавала, з кім ты сум дзяліла,

Каму ты любіла П е т р у с я спяваць.

I ты не заплачаш. Аксана! Аксана!

А я дасюль плачу і журуся шмат,

Выліваю слёзы па маёй Мар’яне,

На цябе гляджу я і маліцца рад.

Успомні ж, Аксана, любка чарнабрыва!

I сястру Мар’яну ружай уквятняй!

Ды Пятруся часам прыгадай маўкліва

I, хоць так як жарты, прошлае згадай.

 

Санкт-Пецярбург

Лістапада 22 1841 года

 

І

У нядзелю на выгане

Дзяўчаты гулялі.

Жартавалі з дзецюкамі

I песні спявалі —

Пра заранкі, вечарынкі

Ці як маці біла,

Каб з казакам не стаяла

I не гаварыла.

Пра сваё ўсё і спяваюць,

Хто пра што з іх знае.

Аж вось з хлопцам стары кабзар

Да сяла дыбае

З доўгім кіем, за плячыма

Торба ўся на латках.

А той хлопчык!.. Ой, хлапчына!

Бедны хлапчанятка!

Абадраны, ледзьве-ледзьве

Цягне нажаняты...

(Кропля ў кроплю сын Катрусі.)

Дзівяцца дзяўчаты.

«Кабзар ідзе! Кабзар ідзе!» —

Ды ўсе што ёсць змогі,

Хлопцаў кінуўшы, пабеглі

Сустракаць сляпога.

«Дзеду, сэрца, галубчыку,

Заіграй што-небудзь!

Я дам грошык...» — «Я — чарэшань,

Усяго, што трэба,—

Дамо ўсяго... Адпачынеш,

А мы патанцуем...

Заіграй жа нам, дзядусю!»

«Чую, любкі, чую!..

Дзякую вам, мае кветкі,

За вашу ласкавасць!

Заіграў бы, ды бачыце

Вось такая справа:

Папсаваў я на кірмашы

Сваю кобзу ўчора —

Парваліся на ёй струны,

Толькі тры гавораць».

«Дык хоць на трох, ну што-небудзь».

«На трох? Ох, дзяўчаты!

I на адной граў калісьці,

Быў час, небажаты...

Пачакайце, мае любкі,

Трошкі адпачыну.

Сядзьма, хлопча!»

Яны селі.

Узяў дзед тарбіну,

Выняў кобзу, разы са два

Ударыў па рваных.

«Што ж заграць вам? А заграю

Чарніцу Мар’яну.

Чулі яе?» — «Не, не чулі».

«Слухайце ж, дзяўчаткі,

Ды кайцеся!

Даўно колісь

Была сабе матка;

Быў і бацька, ды не стала.

Засталася удавою,

Дый не маладою,

I з валамі,

I з вазамі,

I з малой дачкою.

Расла дочка Мар’яна,

А вырасла, як панна —

Каравока

I высока,

Хоць за пана гетмана.

Стала маці гадаці,

З панам дочку яднаці.

А Мар’яна

Не да пана

Выходзіла гуляці,

Не да пана старога,

Вусатага, таўстога,

А з Пятрусем

Ў гаю, ў лузе

Штовечара святога

Размаўляла,

Жартавала,

Абнімала, млела,

А часамі смяялася,

Плакала, нямела...

 

«Чаго ж плачаш, маё сэрца?» —

Пятро запытае.

Яна гляне, усміхнецца:

«I сама не знаю...»

«Можа, думаеш, пакіну?

Не, мая рыбчына!

Буду хадзіць, буду любіць,

Покі не загіну!..»

«Хіба было калі ў свеце,

Шчыра што кахалісь,

Разышліся, не ўзяліся

I жывы асталісь?

Не, не было, мой голубе!

Ты чуў, што спяваюць?

То — выдумкі кабзаровы:

Сляпыя не знаюць

I не бачаць, што ёсць бровы,

Што ёсць кары вочы

I высокі стан казацкі

I гнуткі дзявочы.

Што ёсць косы, шоўкі-косы,

Казачча чупрына,

Што на мову Петрусёву

Ў глухой дамавіне

Усміхнуся, скажу яму:

Орле сізакрылы!

Люблю цябе ў гэтым свеце,

Як на тым любіла.

Вось так, сэрца, абнімемся,

Вось так пацалую!

Няхай разам закапаюць!

Памру... не пачую.

Не пачую...»

Абняліся,

Абняўшыся, млелі...

Вось так яны любіліся,

На той свет хацелі

Абняўшыся пераступіць;

Ды не гэтак стала!

Штовечара схадзіліся,

I маці не знала,

Дзе Мар’яна да паўночы

I з кім размаўляла.

«Яна яшчэ недалетка,

Нічога не знае».

Здагадалася матуля,

Ды не ўсё згадала,

Знаць, забылася, што калісь

Сама дзевавала.

 

 

Угадала маці: Мар’яна — дзіцёнак,

Не знае, як трэба ёй на свеце жыць,

Думала — ні людзі, ні труны пацёмкі

З Пятром не разлучаць... Умела любіць.

Думала, што толькі кабзары спяваюць,

Бо яны не бачаць карых вачанят,

I толькі пужаюць маладых дзяўчат...

I я вас пужаю, бо я ліха знаю,

Бадай яго ў свеце нікому не знаць —

Таго, што я знаю... Мінула, дзяўчаткі!

Сэрца не заснула, я вас не забыў.

Люблю вас і шчыра, як тых дзетак матка,

Буду вам спяваці, покі не засну...

Тады ж, мае любкі, як мяне не стане,

Пра мяне згадайце, пра маю Мар’яну;

На вас з таго свету, любкі, я зірну».

Усміхнуўся... Дый заплакаў.

Што з ім магло стацца?

Не пыталі, чаго плача,

Дый нашто пытацца?

Прайшло гэта. Памагала

Ласка іх дзявоча

I іх слова... «Выбачайце...»

Уцёр кабзар вочы.

«Выбачайце, мае любкі!

Нехаця журуся.

Так вось, бачыце, Мар’яна

З убогім Пятрусем

Штовечара размаўляла,

I маці не знала,

Дзівілася: «Што такое

Мар’яну спаткала?

Ці не ўрокі?» Сядзе шыці,

Не так вышывае;

Замест Г р ы ц а ў задуменні

П е т р у с я спявае,

У сне часам размаўляе,

Падушку цалуе...

Сперша маці смяялася,

Думала— жартуе;

Потым бачыць, што не жарты,

Дый кажа: «Мар’яна!

Трэба будзе чакаць сватаў,

Дый можа ад пана!

Ты ўжо вырасла, няўрокам,

Ужо й дзевавала;

Я ўжо думаю, што, бачыш...»

Насілу сказала:

«Што ўжо замуж... калі тое...»

«А за каго, мама?»

«Аддам таму, хто палюбіць

Спявае Мар’яна:

 

«Аддай мяне, мая мама,

Ды не за старога,—

Аддай мяне, маё сэрца,

Ды за маладога!

Няхай стары бурлакуе,

Грошы зарабляе,

А малады мяне любіць,

Долі не шукае;

Не шукае, не блукае

Па чужых палетках:

Свае валы, свае возы,

А між хлопцаў — кветка,

Як макаўка паміж імі

Цвіце, расцвітае.

Мае поле, мае волю,

Ды долі не мае.

Яго шчасце, яго доля —

Мае чорны бровы,

Вейкі доўгія ды вочы

Ды добрыя словы.

Аддай мяне, мая мама,

Ды не за старога,

Аддай мяне, маё сэрца,

Ды за маладога!»

 

«Дочка мая, Мар’яна,

Аддам цябе за пана,

За старшога, багатага —

За сотніка Івана...»

«Памру, сэрца-мама,

За сотнікам Іванам!»

«Будзеш жыць і панаваці,

Будзеш дзетак гадаваці».

«Пайду ў наймы, пайду ў людзі,

А за сотнікам не буду!»

«Будзеш, дочка Мар’яна,

За сотнікам Іванам!»

Заплакала, зарыдала

Бедная Мар’яна.

«За старога... багатага...

За сотніка Івана...» —

Сама з сабой размаўляла,

А потым сказала:

«Ды я ж, мама, не вырасла

I не дзевавала,

Бо ты мяне не пускала

На крыніцу ўранку,

Ні жыта жаць, ні лёну браць,

Ні на пагулянку,

Дзе дзяўчаты з дзецюкамі

Жартуюць, спяваюць

Ды пра мяне, чарнаброўку,

Цішком размаўляюць:

«Багатага бацькі дочка,

Шляхецкага роду».

Ой, мне цяжка, цяжка, мама!

Нашто дала ўроду?

Нашто дала чорны бровы

I карыя вочы?

Ты ўсё дала, толькі долі,

Долі даць не хочаш!

Нашто ж мяне гадавала?

Нашто даглядала?

Покі ліха я не знала,

Лепш бы пахавала».

 

Не слухала стара маці,

Легла спачываці;

А Мар’яна са слязамі

Не ўседзела ў хаце.

 

 

II

 

«Ой, гоп! Не піла.—

На вяселлі была.

Не трапіла ў сваю хату,

Да суседа зайшла.

А ў суседа

Да абеда

У кут спаці лягла.

А з кута за парог

Завярнулі і ў гарох,

I ў каморы і на дворы

З нежанатым ўдвох

Прыпявалі,

Жартавалі,

Сталачылі гарох.

Ой, гоп! Не сама —

Напаіла кума

I прывяла да гасподы.

Не пабачыў Хама.

Хама, ў хаце

Ляжам спаці!

Хамы дома няма.

Трасі ж цябе трасца, Хома!

Я не лягу спаці дома,

Я да кума,

Да Навума,

Пайду ў клуню на салому,

А бадай, напілася!

Наша, наша прыдалася!

Чырванее хвартушына —

Роду чэснага дзяціна».

Вось так натоўпам шлі прыданы,

Спявалі п’яныя. Мар’яна

Праз тын глядзела на іх тлум,

Не стала змогі ёй — упала

Ды цяжка, цяжка зарыдала,

Так горка ёй. За што? За тое,

Што шчыра любіць! Цяжка, дзеткі,

Век адзінокаму пражыць.

Яшчэ горай, мае кветкі,

Няроўню ў свеце палюбіць.

На мяне глядзіце: я выплакаў вочы.

Ды нашто мне вочы? Мне іх не шкада:

Не на што глядзеці. Ох, вочы дзявочы...

Што калісь... калісьці!.. Думкі і нуда,

А болей нічога не меў і не маю,

А з грашмі такімі цяжка ў свеце жыць.

Пад тынам начую, з ветрам размаўляю,

Стыдаюцца людзі у хату пусціць

I прывітаць словам старога калеку.

Укараці, Божа, маладога веку

Таму, хто не мае долечкі любіць.

Лепей, мае любкі, накрыцца зямлёю,

Чым бачыць, як другі, багаты, стары,

Цалуе за грошы, вянчаецца з ёю.

О Божа, мой Божа! Воляю сваёй

Разбі маё цела і душу разбі».

Зарыдаў кабзар, заплакаў

Сляпымі вачыма...

I дзівіліся дзяўчаты:

Ўжо смерць за плячыма,

А ён, сляпы, сівавусы,

Аб калішнім плача.

Не дзівіцеся, дзяўчаты,

З шчырых слёз казачых,

Слёз старэчых. То не росы

Ўранні пры дарозе

На травінках, і не вашы

Драбнюткія слёзы.

Наплакаўся ды тры струны

Зноў перабірае.

«Аж да вечара Мар’яна

У зялёным гаю

Праплакала; прыйшоў Пятрусь,—

Яна расказала

Усё, што ад маці чула

I што сама знала.

I не ўцерпела, сказала,

Як прыданы, па вуліцы

Ідучы, спявалі.

«Мар’яна! Мар’яна!

Чаму ты не бедна, а я не багаты?

Чаму ў мяне коней вараных няма?

Не пытала б маці, дзе ходзіш гуляці,

З кім калі стаяла. Пытала б сама,

Сама сваё сэрца; дала б яму волю

Любіць, каго знае. Я б цябе схаваў

Далёка-далёка! Каб ніхто не знаў,

Каб ніхто не бачыў, дзе гуляе доля.

Мая доля, маё шчасце —

Ты, мая Мар’яна!

Чаму ты не ў шэрай світцы,

А я не ў жупане?»

А Мар’яна, як дзіцятка

Без матулі, плача.

Стаіць Пятро каля яе,

Нічога не бачыць —

Толькі слёзы Мар’яніны;

На слёзы ж дзявочы

I сярод дня глядзець цяжка,

А што ж сярод ночы?

«Не плач, сэрца. Ёсць у мяне

I сіла, і воля,

Любі мяне, маё сэрца,

Знайду сваю долю

За высокімі гарамі,

За шырокімі стэпамі,

Хоць на чужым полі.

Па волі-няволі

Найду сваю долю!

Не ў сярмяжцы, а сотнікам

Да цябе вярнуся.

Не ў бур’яне — сярод цэркві

Абнімеш Пятруся!

Абнімемся, пацалую —

Пазірайце, людзі!

А ты стаіш, чырванееш...»

«Калі ж тое будзе?»

«Хутка, хутка, мая рыбка!

Толькі прасі Бога.

Ідзі ў хату ды ляж спаткі!

А я ўскрай дарогі

Сярод стэпу памалюся

Зорам яснавокім,

Каб глядзелі ды спрыялі

Табе, адзінокай.

Сярод стэпу адпачыну...»

«Хіба зараз кінеш?

У ноч гэту?..» — «Я жартую!

Цяпер Украіну

Ні маскалі, ні татары —

Ніхто не ваюе».

«А я чула, што йдуць ляхі».

«То яны жартуюць.

Разойдземся, маё сэрца,

Покі не світае.

Чаго ж зноў ты заплакала?»

«I сама не знаю...»

 

(С.-Пецярбург, 1841)



Пераклад: Якуб Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com