epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Марыя

Паэма

 

 

 

Радуйся, ты бо обновила

еси зачатыя студно.

Акаф. пресв. богор., Ікос 10

 

 

Надзеі, мыслі ўсе мае

Я на цябе, мой светлы раю,

На міласэрдзе на тваё,

Усё спадзеванне маё

На цябе, маці, пакладаю.

Святая сіла ўсіх святых!

Найначысцейшая, святая!

Малюся, плачу і рыдаю.

Зірні, прачыстая, на іх,

На тых акрадзеных, сляпых

Нявольнікаў. Падай ім сілу

Твайго мучаніка-сына,

Каб крыж-кайданы даняслі

Да саменькага канца-краю.

Праслаўленая! Я ўзываю,

Царыца неба і зямлі.

Пачуй іх стогны і пашлі

Канец шчаслівы, прасвятая!

А я, нязлоблівы, спяю,

Як працвітуць сядзібы, сёлы,

Псалмом і ціхім і вясёлым

Святую долечку тваю.

А зараз плач і болесць, слёзы

Душы убогае,— убогі,

Сваю я лепту падаю.

У Ёсіфа, у цесляра

Ці бондара таго святога,

Марыя ў наймічках расла,

Расла сабе і вырастала

I на пары Марыя стала...

I кветкай-ружай расцвіла

У беднай і чужой хаціне,

У ціхім і святым раю.

Цясляр на наймічку сваю,

Нібы на родную дзяціну,

Бывала струг, цяслу пакіне

Дый пазірае; час міне,

А ён і вокам не змігне

І думае: «Ані радзіны,

Ані хаціначкі няма,

Адна-адненькая!.. Хіба...

Ці смерць мая ўжо за плячыма?..

Марыя ж стане каля тыну

Ды воўну белую прадзе

На той бурнус яму на новы,

Або на бераг павядзе

Казу з казляткам такім кволым

Папасвіць там і папаіць,

Хоць і далёка. А любіла ж

Яна той ціхі Божы стаў,

Шырокую Тыверыяду,

I рада, аж смяецца, рада,

Што Ёсіф, седзячы, маўчаў

I не пярэчыў, не спыняў

На стаў ісці. Ідзе, смяецца,

А ён сядзіць ды ўсё сядзіць,

За струг, бядага, не бярэцца...

Каза напʼецца ды пасецца,

А дзеўчына сабе стаіць

З сваімі думкамі пад гаем

I смутна, сумна пазірае

На той шырокі Божы стаў

Ды прагаворыць: — Тыверыяда!

Цару шырокі азярам!

Скажы ты мне, мая парада,

Якая доля выйдзе нам

З старым Іосіфам? О доля! —

I хіліцца, нібы таполя

Ад ветру хіліцца ў яру.

— Яму я родным дзіцем стану,

Плячмі маімі маладымі

Яго старыя падапру!

I зрокам абвяла паляну,

Аж іскры сыпнулі з вачэй,

А з маладых яе плячэй

Хітон палатаны дадолу

Паволі ссунуўся. Ніколі

Такое Божае красы

Ніхто не ўбачыць. Злая ж доля

Калючым цернем правяла

I нібы кпіла над красою!

— О долечка! — Па-над вадою

Хадою ціхаю пайшла.

Лапух край берага знайшла,

Лапух сарвала і накрыла,

Нібы тым брылікам, сваю

Галоўку смугленькую тую,

Сваю галованьку святую.

I ў цёмным знікла дзесь гаю.

О свеце вечны наш, нягаслы!

О ты, прачыстая ў жэнах!

Пахучы квет, палёў краса!

Дзе, у якіх гаях, ярах,

Прытулках блізкіх ці далёкіх

Ты захавалася ад спёкі

Агняспаляючай тае,

Што сэрца без агню растопіць

І без вады прарве, затопіць

Святыя думанькі твае?

Дзе ты схаваешся? Нідзе!

Агонь запаў ужо — і годзе!

Запалымнеў ужо. I шкода,

Дарэмна сіла прападзе,

Да сэрца дойдзе, да касці

Агонь той люты, негасімы,

I, недабітая, за сынам

Ты будзеш змушана прайсці

Агонь пякельны. I прарочыць,

Табе ўжо зазірае ў вочы

Прышласць твая. Ты не глядзі!

Твой сум прарочы адвядзі,

На галаву ўзлажы вяночак

З чырвоных макаў, віаргінь

Ды бестурботна адпачынь

Пад яварам у халадочку,

Пакуль што будзе.

 

Пад вечар, нібы зорка тая,

З вянком Марыя выйшла з гаю,

А перад ёй Фавор-гара,

Як бы з золата-серабра,

У небе высіцца і ззяе,

Аж вочы слепіць. Падняла

На той Фавор свае святыя

Вочкі лагодныя Марыя

З усмешкай ціхай. Заняла

Казу з казлятачкам з-пад гаю

I заспявала:

— Раю! раю!

Цёмны гаю!

Ці я, маладая,

Мілы Божа,

Ў тваім раю

Ці я пагуляю,

Нагуляюся?

Дый змоўкла

I азірнулася наўкола,

На рукі казлянё ўзяла

I весяленькая пайшла

На хутар бондараў убогі.

Ідучы, казлянё-нябогу,

Нібы малое, на руках

Яна пагушквала, гайдала,

Да ўлоння ціха прытуляла

I цалавала. Казлянё,

Як быццам тое кацянё,

Ляжала ціха, не крычала,

На ўлонні песцілася ўдала.

I мілі дзве з тым казлянём

Яна амаль не танцавала.

I не ўтамілася. Стары

Глядзеў, сумуючы пад тынам

I ўжо даўно сваю дзяціну

Здалёку згледзеў, прывітаў

I запытаўся: — Дзе ты ў Бога

Забавілася так, нябога?

Хадзем у кушчу, адпачынь,

Ды за вячэру сядзем разам

З вясёлым госцем маладым.

Хадзем жа, дочухна.— Які?

Які то госць? — А з Назарэта

Зайшоў да нас падначаваць.

Ён кажа, Божжа благадаць

На старую Елізавету

Учора раненька зышла,

Учора, кажа, прывяла

Дзіцёнка-сына. А Захары

Стары назваў яго Іанам.

— Дык бачыш што! —А госць, разуты,

Умыты, з кушчы выступаў

У белым чысценькім хітоне,

Як намалёваны ён ззяў

I велічна стаў на парозе

I, пакланіўшыся, вітаў

Марыю ціха. Ёй, нябозе,

Аж дзіўна стала. Госць стаяў

I, сапраўды, нібы заззяў.

Марыя на яго зірнула

I боязнь нейкую адчула

I прыгарнулася ад страху

Да Ёсіфа свайго старога.

А потым госця маладога

Прасіла, нібы павяла

Вачамі ў кушчу. Прынясла

Вады чысцюсенькай з крыніцы

Ды малако і сыр казліцы

Ім на вячэру падала.

Сама ж не ела, не піла,

Ў куточку ціхенька стаяла

Ды ўсё маўкліва пазірала

I слухала, як малады,

Дзівосны госць той гаварыў.

I словы гутаркі жывыя

У душу падалі Марыі,

I ў сэрцы стыла і пякло!

 

— У Іудзеі не было,—

Прамовіў госць,— таго ніколі,

Што зараз станецца. Равві!

Звястун вялікае глаголы

Засее праўду на зямлі!

I вырастуць і пажнямо

I ў жытніцы мы зберамо

Святыя зерні. Я Месію

Іду людзям апавясціць.

I памалілася Марыя

Перад апосталам.

Гарыць

Агеньчык ціха у жарніцы.

А Ёсіф праведны сядзіць

Ды думае. Ужо зарніцы

На небе ясным узышлі.

Марыя ўстала і пайшла

З гляком па воду да крыніцы.

I госць за ёю і ў ярочку

Дагнаў Марыю...

Халадочкам

Да ўсходу сонца правяла

Аж да самае Тыверыяды

Святога весніка. I рада,

Радзюсенька сабе прыйшла

Дадому.

Жджэ яго Марыя,

А вусны, шчокі маладыя

Імгненна блякнуць. Вочы ёй

Туманам засціць.— Ты не той,

Не той цяпер, Марыя, стала,

Наш цвет, аздоблены красой! —

Прамовіў Ёсіф.— Дзіва стала

З табою, дочухна мая!

Марыя, трэба нам звянчацца,

А то...— Не вымавіў — забʼюць

На вуліцы.— Затым схавацца

Ў сваім аазісе.— I ў пуць

Марыя ўбогі скарб збірала

Ды цяжка плакала, рыдала.

 

I вось яны сабе ідуць,

Забраўшы скарб увесь на плечы.

Між скарбу конаўка. Сказаць,

Можна было б яе прадаць

Ды хустку ёй купіць дарэчы

Дый за павенчанне аддаць.

О старча праведны, багаты!

Не ад Сіона благадаць:

Яна з твае убогай хаты

Нам узвясцілася. Калі б

Прачыстай ёй не даў ты руку,

Рабамі беднымі былі б,

Дагэтуль мерлі бы. О мука!

О цяжкая душы нуда!

Не вас, гаротных, мне шкада,

Сляпыя, бедныя душою,

А тых, што бачаць над сабою

Сякеру, молат і куюць

Кайданы новыя. Забʼюць,

Зарэжуць вас душазабойцы

Ды з той крывавае крыніцы

Сабак напояць.

А дзе той,

Лукавы госць яе нядаўны?

Хоць бы прыйшоў, даў вестку ёй

Ды глянуў бы на шлюб праслаўны,

На шлюб акрадзены. Не чуць

Ані яго, ані Месіі.

А людзі ждуць чагось і ждуць,

Чагось няпэўнага. Марыя!

Не маеш долі ты. Чаго,

Чаго чакаць табе ад Бога

І ад людзей яго? Нічога,

Як ад апостала таго.

Не, не чакай. Цясляр убогі

Цябе, вянчаную, вядзе

Ў сваю жабрачую хаціну.

Маліся, дзякуй, што не кінуў,

Цябе ў дарозе не прагнаў,

А то б цаглінаю забілі,—

Як бы цябе ён ні хаваў.

Ў Ерусаліме гаварылі

Паціху людзі, што сцялі

У горадзе Тыверыядзе

Ці то кагосьці распялі,

Што чуткі сеяў аб Месіі.

«Яго»,— падумала Марыя

I весяленькая пайшла

У Назарэт. I ён святлее,

Што наймічка яго нясла

Пад сэрцам праведную душу

Распятага за волю мужа.

 

Вось так яны ўдваіх ідуць.

Прыйшлі дадому і жывуць,

Павенчаныя, без турботы.

Цясляр за новаю работай—

Калыску ладзіць, а яна

Сядзіць сабе каля акна,

Глядзіць у поле ўсё ды шые

Кашульку тую з палатна —

Каму яшчэ?

— Гаспадар дома?—

З двара пачулася.— Указ

Ад кесара, яго самога,

Каб вы сягоння, ў гэты ж час,

Для перапісу ў горад,

У горад Віфлеем, ішлі.

I знік, замоўк той грозны голас,

I ціша стала, як была.

 

Марыя цеста замясіла,

Каб хоць праснак спячы. Спякла

I ў торбу моўчкі палажыла

Ды са старым сваім пайшла

У Віфлеем.— Святая сіла!

Выбаў мяне, мой Божа мілы,—

Толькі й сказала. Зноў ідуць

I цяжкі сум нясуць абое.

Убогія, яны з сабою

Казу з казлятачкам вядуць,

Бо дома не на кага кінуць,

А можа Бог дасць і радзіны,

Дык вось і будзе малако

Той беднай мацеры. Скаціна

Ідзе і жывіцца. Радком

Ідуць вось гэта бацька, матка.

I між сабой яны украдкам

Гамоняць ціха.— Сімеон

Пратапрасвіцер,— Ёсіф мовіў,—

Прарочае такое слова

Сказаў мне, што святы закон

I Аўраама і Майсея

Адновяць мужы іасеі.

I ён яшчэ угледзіць сам

Месію, што прыходзіць к нам!

Ці чуеш ты, мая Марыя?

Месія прыйдзе! — Ён прыйшоў,

I мы ўжо бачылі Месію! —

Яна азвалася.

Знайшоў

Праснак зачэрсцвелы, убогі,

I кажа Ёсіф: — Зʼеш, нябога,

Пакуль што будзе там яно.

Да Віфлеема не блізенька;

I я спачыну заадно.

I селі на шляху згадненька;

Палуднаваць. Вось так сядзяць,

А сонца яснае хуценька

Дадолу коціцца. Глядзяць —

Схавалася. Сцямнела ў полі.

I дзіва дзіўнае! Ніколі

Ніхто не бачыў, не чуваў

Такога дзіва. Задрыжаў

Святы цясляр. Мятла з усходу

Над Віфлеемам — знак народу —

Шырокай пасмаю зайшла

I дзіўным бляскам заіграла.

Марыя з шляху не ўставала —

Марыя сына прывяла,

Адзіную тую дзяціну,

Што нам збавенне прынясла.

I, найсвяцейшая, нявіннай

За грэх наш кары прыняла.

Непадалёку, ўскрай дарогі,

Авечак гналі пастухі

I іх пабачылі. Нябогу,

Матку з дзіцёнкам, узялі,

Ў сваю пячору прыняслі

I грамадой усёй убогай

Эмануіл імя далі.

 

Да ўсходу сонца, рана-рана,

У Віфлееме на майдане

Зышоўся люд і шапаціць,

Што пэўна штосьці з людзьмі будзе

У Іудзеі. Гаманіць

I моўкне люд.— О людзі! людзі! —

Хтось з пастухоў бяжыць, крычыць.

Прароцтва ўжо Іерэмія,

Ісаія збылось, збылось!

У нас, у пастыраў, Месія

Радзіўся ўчора.— Загуло

У Віфлееме на майдане:

— Месія! Іісус! Асанна! —

I люд расходзіўся.

I ўраз

З Ерусаліма пад той час

Прыслаў загад цар Ірад люты.

I штось нябачана, нячута

На свеце сталася тады.

 

Яшчэ ў пялёнках дзеткі спалі,

Купель ім грэлі мацяры,

Намарна грэлі! Не купалі

Маленькіх дзетачак сваіх!

Нажы салдаты спаласкалі

Ў дзіцячай праведнай крыві!

Дык вось яно што ў свеце сталась!

Глядзіце ж вы, о мацяры,

Што робяць Ірады-цары!

 

Марыя нават не хавала

Свайго дзіцёнка. Хвала вам,

Убогім людзям, пастухам,

Што прывіталі, захавалі

I нам збавіцеля ўпаслі

Ад Ірада. Пашкадавалі,

I накармілі, і далі

Кажух і світку на дарогу,

I, небаракі, дадалі

Асліцу дойную. Нябогу

З яе дзіцём мы, як маглі,

I даглядалі і вялі

Слядамі ўночы патайнымі

На шлях Мемфіскі. А мятла,

Мятла агністая гарэла,

Як тое сонца, і глядзела

На іх асліцу, што нясла

Ў Егіпет добрую Марыю

I нараджонага Месію.

 

Калі б на свеце дзе хоць раз

Царыца села на асліцу,

То слава йшла б і пра царыцу

I пра вялікую асліцу

Па свеце ўсюды. Гэта ж несла

Жывога ісціннага Бога.

Цябе ж, бядачку, копт убогі

Хацеў у Ёсіфа купіць,

Ды здохла ты. Мабыць дарога

Такі пашкодзіла табе?

 

У Ніле скупанае, спіць

Ў пялёнках долі пад вярбою

Дзіцятачка, а між лазою

З лазы калысачку пляце

Ды плача праведная маці,

Калыску тую плетучы.

Знайшоў і Ёсіф зноў работу —

Будуе хатку ён з чароту,

Каб мець прытулак уначы.

З-за Ніла сфінксы, як сычы,

Страшнымі мёртвымі вачыма

Глядзяць на гэта. А за імі

На спаленым пяску стаяць

Па шнуру піраміды ў рад,

Як тая варта фараонаў.

I фараонам даюць знаць,

Што праўда Божага закону

Ужо ўзыходзіць на зямлі,

Каб асцярожнымі былі.

 

Марыя нанялася прасці

У копта воўну, а стары

Авец узяўся стадка пасвіць,

Каб зноў казу сабе нажыць

На малако малому сыну.

Мінае год. Каля хаціны

Паветкі ціхія куты,

Дзе бондар праведны святы

Ніякіх помыслаў не мае,

Барыла й бочкі набівае

Ды штось мурмукае. А ты?

Не плачаш ты і не спяваеш,

Гадаеш, думаеш, гадаеш,

Як навучыць, як навясці

На троп святы святога сына

I як ад ліха упасці,

Ад бур жыццёвых адвясці.

 

Зноў год мінуў. Каля хаціны

Каза пасецца, а хлапчына

З малым вясёлым казянём

У сенцах бавіцца. А маці

Сядзіць на прызбе або ў хаце

Ды воўну тонкую прадзе,

Аж вось і сам стары ідзе

З кіёчкам ціха каля тыну:

На торг у горад ён хадзіў

I сыну пернічак купіў,

А ёй прасценькую хусціну;

Сабе ж нясе на хадакі

Тавар раменны. Спачынуў

I кажа: — Дочка, не бядуй.

Выпадак з Ірадам такі —

Чагось наеўся ён, і, чуй,—

Цяпер хаўтуры адсвяткуй —

Так мне казалі старыкі.

Дык пойдзем жа мы ў той свой гай,

У свой маленькі ціхі рай,

Хадзем дадоманьку, рыбчына.

— Хадзем,— сказала. I пайшла

На Ніл памыць кашулькі сыну,

Каб у дарогу ўзяць. Паслася

Каза з казляткам каля тыну.

А Ёсіф сына забаўляў,

На прызбе сеўшы, покі маці

Збірала скарб той свой малы,

Кашулькі мыла. Пасля ў хаце

Наладзіў добра пасталы

Сабе ў дарогу. I... пайшлі

Да ўсходу сонца, па тарбіне

На плечы ўзяўшы, а хлапчыну

Яны ў калысачцы няслі.

 

Сяк-так прыйшлі яны дадому.

Бадай не выпала нікому

Такое ўгледзець. Благадаць —

Гаёчак ціхі сярод поля,

Адна-адзіная іх доля,

Вось той гаёчак! — і не знаць,

Дзе ён меў радасць, і хаціна —

Усё разбурана. Ў руіне

Прыйшлося бедным пачываць.

У яр Марыя да крыніцы

Хуценька кінулася. Там

Калісьці з ёю ясналіцы

Сустрэўся госць святы. Бурʼян,

Будзяк калючы з крапівою.

Каля крыніцы параслі.

Марыя! Горачка з табою.

Маліся, сэрцайка, малі!

Акуй сваю святую сілу,

Доўгацярплівасцю акуй,

Слязьмі крывавымі гартуй.

Чуць не ўтапілася нябога

У той крыніцы. Гора нам

Было б, выбаўленым рабам!

Ці выйшла б што з таго малога

Без мацеры? I мы б не зналі

Дагэтуль праўды на зямлі,

Святое волі... Адагнала

Цяжкія думкі, зарыдала,

Ды цяжка, горка. Пацяклі

На дол сыры святыя слёзы

Дый высахлі, а ёй, нябозе,

Палегчала.

Елізавета,

Ўдава старая з Назарэта,

З малым сынком сваім жыла,

З сынком Івасем, і была

Раднёю ім. Марыя рана

Сыночка любага старанна

Адзела, естачкі дала

I за святым сваім пайшла

У Назарэт той да ўдавіцы,

Каб дзе хоць наймічкай прасіцца.

 

Дзіця маленькае расло,

З Івасем удваіх гуляла.

Тым часам трохі падрасло.

Вось раз яны сабе гулялі

Удвух на вуліцы. Знайшлі

Дзве палачкі і прыняслі

Дадому мацярам на дровы.

Дзеткі звычайныя. Ідуць,

I весяленькі і здаровы,

Аж люба глянуць, як ідуць.

I вось яно, малое, ўзяла

Другую палачку ў Івася,—

Івась гульнёю дзесь заняўся,—

Зрабіла крыжык ды нясло

Дамоў старэйшым паказаці,

Што й ён умее майстраваці.

Марыя ў сенечках здалёк

Дзяцей заўважыла і ўмлела,

Як на той крыжык паглядзела.

— Што ты зрабіў? што, мой сынок?

То чалавек ліхі знарок

Цябе наўчыў, мой любы сын,

Зрабіць вось гэта... Кінь жа, кінь.

А ён, маленькі і нявінны,

Глядзіць і шыбенічку кінуў

Ды зарыдаў, і пацяклі

У першы раз святыя слёзы

На ўлонне матцы. Ёй, нябозе,

Нібы палегчала. Ўзяла,

У халадочак завяла,

У садзік свой. Пацалавала

Ды коржыкам пачаставала,

Свяжуткім коржыкам. Яно ж

Папесцілася, пагуляла

Ды спатанькі сабе лягло

У роднай маткі на каленях

I спіць сабе, бы ў райскім цені,

Пазбыўшы горачка таго,

I на адзінага свайго

Глядзіць матуля, глядзіць, плача

Ціхутка-ціха: анёл спіць,

Хоць бы ж яго не абудзіць,

Ды не дагледзела — няйнача

Слязы расінка, як агонь,

Упала на яго. Яно

I абудзілася. I слёзы

Марыя выцерла, смяецца,

Каб ён не бачыў. Ды, нябозе,

Ёй не ўдалося ашукаць

Малога сына. Ён зірнуў

I заплакаў.

Зарабіла

Ці то пазычыла ўдава

Капеек колькі на буквар.

Сама б вучыла, ды не знала ж

Яна пісьма таго. Ўзяла

Ды ў школу хлопца адвяла

Да іасеяў. Даглядала ж

Яго сама. Сама вучыла

Дабру і розуму. Івась

Яму пад пару быў якраз,

Удвух сабе хадзілі ў школу,

Разам вучыліся. Ніколі

Не пагуляе ён з дзяцьмі

I не пабегае ні-ні.

Адзін-аднюсенькі бывала

Засядзе ён у бурʼяне

Ды клёпку чэша. Памагала

Дзіця бацькам у працы іх.

Па сёмым нейк ужо гадочку —

Малы ўжо добра майстраваў,—

Адпачываючы ў куточку,

Стары на сына пазіраў.

Які-то майстра з яго будзе?

Якія выйдуць з яго людзі?

Ды ўзяўшы вёдзер, міс вянок,

I бацька з маткай і сынок —

Ну, як было расстацца з ім? —

На торг пайшлі ў Ерусалім.

Хоць і далёка, дык прадаці

Дарожай можна. Бацька й маці

Сядзяць сабе ды прадаюць

Дабро сваё. А дзе ж хлапчына?

Прапаў ён дзесь. Шукае сына

Ды плача маці — не чуваць

Яе сынка. У сінагогу

Зайшла маліць добрага Бога,

Каб сын знайшоўся. Аж глядзіць—

Між рабінаў яе хлапчына,

Яе дзіцёнак той, сядзіць,

I навучае ён, нявінны,

Як трэба жыць, людзей любіць,

За праўду стаць, за праўду згінуць

Без праўды гора.— Гора вам,

Настаўнікі архіерэі,—

Дзівіліся тут фарысеі

I кніжнікі яго славам.

А радасць мацеры Марыі

Не скажаш словамі. Месію,

Самога Бога на зямлі

Яна ўжо бачыць.

Прадалі,

Хвалу прынеслі ў храме Богу

I весяленькія ў дарогу

Дадому рушылі ўначы

Ды халадочкам.

Падрасталі,

Вучылісь разам, растучы,

I гонар матчын падымалі

Святыя дзеткі іх. Са школы

Цярновым шляхам яны йшлі

Абодва. Божыя глаголы,

Святую праўду на зямлі

Яны сказалі. Распялі

За волю іх, святую волю!

 

Іван пайшоў у ціш пустыні,

А твой між люду. А за ім,

За сынам праведным сваім,

I ты пайшла. У той хаціне

Чужой пакінула яго,

Святога Ёсіфа свайго.

Пайшла ў вандроўку па-пад тынню,

Аж покі-покі не дайшла

Аж да Галгофы.

Бо за сынам

Святая маці ўслед ішла

I цяжкі крыж яго ўзяла

I чула, бачыла ды млела

I моўчкі радасцю гарэла,

На сына гледзячы. А ён,

Бывала, сядзе на Элеоне,

Каб адпачыць. Ерусалім

Красуе горда перад ім,

I ззяе ў залатым вісоне

Ізраільскі архіерэй!

Раманскі залаты плебей!

Гадзіна, дзве міне, не ўстане,

На матку на сваю не гляне,

Ды аж заплача, гледзячы

На іудзейскую сталіцу.

I яна плача, ідучы

У яр па воду да крыніцы,

Ціхусенька, і прынясе

Вады чысцюткай, і абмые

Стамлёныя ступні святыя,

I дасць напіцца, і страсе,

Садзьме той прах з яго хітона,

Зашые дзірачку нанова,

Пад смокву пойдзе і сядзіць

З трывогаю — о ўсесвятая! —

Што сын балесным спачывае.

Аж вось дзятва сюды бяжыць

З-пад горада — яго любілі

Малыя дзетачкі. Слядком

За ім па вуліцах хадзілі.

А іншы раз на Элеон

Да яго бегалі малыя.

Вось і прыбеглі.— О святыя,

Вы найбязгрэшныя! — сказаў,

Як згледзеў дзетак, прывітаў,

Цалуе іх, благаслаўляе,

Гуляе з імі, як маленькі.

Надзеў бурнус і, весяленькі,

З сваімі дзеткамі пайшоў

Ў Ерусалім сказаць сурова

Лукавым, грэшным праўды слова.

За тыя словы распялі...

Як распінаць яго вялі,

На скрыжаванні ты стаяла

З малымі дзецьмі. Мужыкі,

Яго браты, вучанікі,

Усе ад страху паўцякалі.

— Няхай ідзе! Няхай ідзе!

Вось так і ён вас павядзе,—

Сказала дзецям і упала

На землю трупам.

Распялі

Тваю адзіную дзяціну!

Ты ж, адпачыўшы дзесь пад тынам,

У Назарэт адна пайшла.

Тваю сваячку пахавалі

Ў чужой пазычанай труне

Чужыя людзі. А Іана

Яе зарэзалі ў турме.

I Ёсіфа твайго не стала,

I ты адненькай гаравала,

Адна, як палец, бо такі

Твой лёс палатаны, нябога.

Браты яго, вучанікі

Няцвёрдыя, з душой убогай —

Яны на мукі не даліся,

Схаваліся і распаўзліся.

I ты іх мусіла збіраць.

I вось яны неяк сышліся

З табою ўночы сумаваць.

I ты, вялікая ў жэнах,

I іх паныласць і іх страх

Развеяла, як пацяруху,

Сваім святым натхнёным духам.

Той дух святы свой унясла

У душы іхнія. Хвала

I пахвала табе, Марыя!

Мужы узнесліся святыя,

Далёка ў свет яны пайшлі

З імем святога твайго сына,

Твае балеснае дзяціны,

Любоў і праўду паняслі

Па свеце ўсім. А ты пад тынам,

Сумуючы, у бурʼяне

Памерла з голаду. Амін.

 

А потым папы цябе ўзняслі,

Адзелі ў пурпур і вянчалі,

Нібы царыцу. Распялі

Цябе, як сына. Аплявалі

Твой воблік чысты і святы,

Растлілі добрую... А ты?..

А ты, як золата ў гарніле,

Ў людской душы сябе ўзнавіла,

Ў душы нявольніцкай, малой,

Ў душы балеснай і жывой.

 

(11 лістапада 1859

С.-Пецярбург)


1907; 1937-1940; 1951

Пераклад: Якуб Колас
Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11