Тарас Шаўчэнка

«Не грэе сонца на чужыне...»

Не грэе сонца на чужыне,

А дома надта аж пякло.

І мне не весела было

На нашай слаўнай Украіне.

Ніхто не лашчыў, не вітаў,

Я не хіліўся ні да кога,

Блукаў сабе, маліўся Богу

Ды люта панства праклінаў,

І згадваў я гады ліхія,

Паганай даўнасці гады:

Хрыста павесілі тады -

Не ўцёк бы й зараз сын Марыі!

І мне не весела нідзе,

Ды, мабыць, весела не будзе,

І на Ўкраіне любай, людзі,

І на чужыне я ў бядзе.

Хацелася б... дый то для тога,

Каб не рабілі маскалі

Дамоўку з дрэва мне чужога

Або хоць крышачку зямлі

Той, з-за Дняпра майго святога,

Вятры святыя прыняслі.

Дый больш нічога. Так вось, людзі,

Хацелася б... Ды што ж гадаць...

Нашто ўжо Бога турбаваць,

Калі па-нашаму не будзе.

 

Орская крэпасць, 1847



Пераклад: Рыгор Барадулін

Беларуская Палічка: http://knihi.com