epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

"Ой вы, думы, мае думы..."

* * *

З украінскай — Т. Шаўчэнкі

 

Ой вы, думы, мае думы,

Цяжанька мне з вамі!

Нашто сталі на паперы

Сумнымі радкамі?..

 

Што вас вецер не развеяў

Ў стэпу да астатку?

Што вас гора не прыспала,

Як сваё дзіцятка?..

 

Бо на свет вас беды на смех спарадзілі,

Палівалі слёзы... Што ж не затапілі,

Не вынеслі ў мора, не размылі ў полі?..

Не пыталі б людзі, што ў мяне баліць?

Не пыталі б, за што праклінаю долю,

Чаму мне маркотна? «Нечага рабіць!» —

На смех не сказалі б...

Кветкі мае, дзеці!

Нашто ж я кахаў вас, нашто даглядаў?

Ці заплача сэрца адно на ўсім свеце,

Як я з вамі плакаў?.. Можа, і ўгадаў...

Можа, знойдзецца дзявоча

Сэрца, кары вочы,

Што над думамі заплачуць —

Большага не хочу...

Адну слёзку з вачэй карых —

І... пан над панамі!..

Ой вы, думы, мае думы,

Цяжанька мне з вамі!..

 

*

За карыя вачаняты,

За чорныя бровы

Сэрца млела, смяялася,

Вылівала мову;

Вылівала, як умела,

За цёмныя ночы,

За вішнёвы сад зялёны,

За ласкі дзявочы...

За стэп буйны, за магілы,

Што на Украіне,

Сэрца млела, не хацела

Спяваць на чужыне...

Не хацела ў снезе, ў лесе

Казакоў грамаду

З булавамі, з бунчукамі

Збіраць на параду...

Няхай душы казацкія

На Ўкрайне лунаюць —

Там шырока, там вясёла

Ад краю да краю...

Нібы воля, што мінула.

Днепр шырокі — мора,

Стэп і стэп, равуць парогі,

І магілы — горы.

Там радзілася, гуляла

Казацкая воля;

Там татарамі ды шляхтай

Засявала поле,

Засявала поле трупам,

Пакуль не астыла...

Спачыць легла... А тым

Вырасла магіла,

А над ёю арол чорны

Сторажам лятае,

І аб ёй жа людзям добрым

Кабзары спяваюць.

Што тварылася, спяваюць

Сляпцы-небаракі,—

Бо кемлівы... А я... а я

Толькі ўмею плакаць,

Толькі слёзы за Ўкраіну...

А слова — няма ўжо...

А за гора... Ды цур яму!

Хто яго не знаў жа!..

А надта той, што глядзіцца

На людзей душою —

Пекла яму ў гэтым свеце,

А на тым...

Журбою

Не наклічу сабе долі,

Калі так не маю.

Няхай злыдні жывуць тры дні

Я іх захаваю,

Захаваю змяю люту

Каля свайго сэрца,

Каб і вораг не пабачыў,

Як гора смяецца...

Няхай думка, як груган той,

Лётае ды крача,

А сэрцайка салавейкам

Шчабеча ды плача

Цішком—людзі не пабачаць,

То й не засмяюцца...

Не ўцірайце ж мае слёзы —

Няхай сабе льюцца.

Хай чужое паліваюць

Поле днём і ночай,

Пакуль поп той не засыпле

Чужым пяском вочы...

Вось яно як... А рабіць што!

Журба не паможа.

Хто ж зайздросціць сіраціне.

Карай таго, Божа!

 

*

Ой вы, думы, мае думы,

Кветкі мае, дзеці!

Вырашчаў вас, даглядаў вас,

Дзе ж мне вас падзеці?

На Ўкраіну йдзіце, думы!

На нашу Ўкраіну,

Пад платамі, сіратамі,

А я — тут загіну.

З сэрцам стрэнецеся шчырым

І з словам ласкавым,

Там вы знойдзеце і праўду,

А йшчэ, можа, й славу...

 

Прывітай жа, мая маці!

Мая Украіна!

Маіх дзетак неразумных,

Як роднага сына!

 

[1938]


[1938]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан