epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Перабендзя

З украінскай — Т. Шаўчэнкі

 

Перабендзя сляпы, стары —

Хто яго не знае!

Ён усюды блукаецца

Ды на кобзе йграе.

А хто йграе, таго знаюць

І дзякуюць людзі.

Ён тугу ім разганяе,

Хоць сам светам нудзіць.

Пад тынамі бедачына

Днюе і начуе,

Няма яму ў свеце хаты;

Нядоля жартуе

Са старога, як з малога,

А ён хоць бы слова —

Сядзе сабе, заспявае:

«Не шумі, дуброва!»

Заспявае дый успомніць,

Што ён сіраціна,

Пажурбуе, пасумуе,

Седзячы пад тынам.

 

Вось такі ён, Перабендзя,

Стары ды хімерны!

Заспявае пра Чалога —

На Гарліцу зверне;

З дзяўчатамі на выгане —

Грыца ды вяснянку,

А калі ў шынку з хлапцамі —

Сэрбіна, Шынкарку;

З жанатымі на банкеце

(Дзе свякруха злая) —

Пратаполю, ліху долю.

А потым — У гаю;

Пра Лазара — на кірмашы,

Ці, каб тое зналі,

Цяжка-важка заспявае,

Як Сеч руйнавалі.

Вось такі ён, Перабендзя,

Стары ды хімерны!

Заспявае, засмяецца,

А на слёзы зверне.

 

Вецер вее, павявае,

Па полі гуляе.

Кабзар сядзіць на магіле

Ды на кобзе йграе.

Вакол яго стэп, як мора,

Кавылём хістае;

За магілаю — магіла,

А там — чуць мільгае.

Вус яго сівы, чупрыну

Вецер развявае,

То паслухае, прылёгшы,

Як кабзар спявае;

Як сэрца смяецца, як вочанькі плачуць...

Паслухаў... павеяў...

Стары знайшоў схоў

На магіле ў стэпу, каб ніхто не бачыў,

Каб вецер па полі словы паразмёў,

Каб людзі не чулі — гэта ж божжа слова,

Гэта сэрца з Богам зважна гутарыць,

Гэта сэрца славу шчабеча Багову,

А думка край свету на хмары ляціць,

Арлом сізакрылым лятае, лунае,

Аж сіняе неба крыллем дастае;

Спачыне на сонцы, яго запытае,

Дзе яно начуе? Як яно ўстае?

Паслухае мора, што яно гавора?

Гару запытае: «Чаго ты нямая?»

Ды ізноў на неба, бо на зямлі гора,

Бо на ёй, шырокай, куточка не мае

Той вось, хто ўсё знае, той вось, хто ўсё чуе

Што мора гавора, дзе сонца начуе,

Яго ў гэтым свеце ніхто не прымае.

Адзін ён між імі, як месяц высокі.

Яго знаюць людзі, бо носіць зямля...

А як бы пачулі, што ён, адзінокі,

Пяе на магіле, з морам размаўляе,—

Дык Божае слова яны б асмяялі,

Дурнем бы назвалі, ад сябе прагналі:

«Няхай па-над морам,— сказалі б,— гуляе!»

 

Добра гэтак, мой кабзару!

Добра, бацька, робіш,

Што спяваці, размаўляці

На магілу ходзіш!

 

Хадзі сабе, мой галубе,

Пакуль не заснулі

Думкі, сэрца, ды спявай так,

Каб людзі не чулі.

 

А каб цябе не міналі,

Патурай жа, брат, ім!

Скачы, ўража, як пан кажа:

На то ён багаты.

 

Вось такі ён, Перабендзя,

Стары ды хімерны!

Вясельнае заспявае,

А на слёзы зверне.

 

[1938]


[1938]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан