epub
 
падключыць
слоўнікі

Тарас Шаўчэнка

Сляпы (Нявольнік)

Паэма

 

Думы мае маладыя,

Памершыя дзеці,

Не лятаюць з таго свету

Пустку абагрэці.

Пакінулі сіратою

З табою адною,

Маё сэрца, мая зорка,

Раю мой, спакою!

Ды хто знае рай мой светлы?

Ты сама не знаеш,

Што вітаеш нада мною,

Як зара над гаем...

I гляджу я, пазіраю,

А ты, мая зорка,

Спускаешся нізюсенька

З ціхаю гаворкай.

Усміхнешся ды паглядзіш.

Я гляджу, не бачу.

Прахаплюся — плача сэрца,

I вочы заплачуць.

 

Дзякуй, зоранька! Мінае

Няясны дзень мой, умірае.

Над галавой ужо трасе

Касою смерць. I пахаваюць...

А там — і след мой занясе

Халодным ветрам. Ўсё мінае!..

I ты выпадкам прачытаеш

Злітую слязамі

Маю думу, і ціхімі,

Ціхімі славамі

Прагаворыш: «Я любіла,

Я яго любіла,

I ён не знаў...» Зорка мая!

На маю магілу

Свяці, зорка! А я буду

З-за свету лятаці

I пра цябе, маё сэрца,

На небе спяваці.

 

Той блукае за марамі,

Свет пераплывае,

Ходзіць следам за той доляй,

А долі не мае —

Нібы ўмерла. Іншы рвецца

На ўсю змогу сілы

За доляю... Вось-вось дагнаў.

I — бах у магілу!

А ў трэцяга, як у старца,

Ні хаты, ні поля,

Толькі торба, а з той торбы

Выглядае доля —

Як дзіцёнак, а ён яе

Лае, праклінае

I за чвэртку закладае.

Не, не пакідае!

Як калючка, учэпіцца

Ў латаныя полы

Дый збірае каласочкі

На чужэнькім полі.

А там снапы... а там скірты,

А там... у харомах

Сядзіць сабе наш сіротка,

Як у сваім доме.

Вось такая тая доля —

З вамі свет пяройдзе.

Каго любіць — сама прыйдзе,

У калысцы знойдзе.

 

Вясёлым часам, у нядзелю,

Якраз у дзень зялёных свят,

З бандураю, ў кашулі белай,

Сядзеў у ценю каля хат

Стары казак.

«I так і сяк...

Яно і трэба б, але шкода...

Не, не трэба! Хоць два годы

Няхай па свеце паблукае

Ды сваёй сам пашукае,

Як я шукаў калісь... Ярына!

А дзе Сцяпан?» — «А ён пад тынам

Як той укопаны стаіць!»

«А я й не бачу! Эй! — крычыць: —

Хадзі сюды: сюды абое!..

А нуце, дзеці, вось такое!» —

I ўдарыў па струнах.

Стары грае, а Ярына

Са Сцёпкам гуляе.

Стары грае, прымаўляе,

Тахты адбівае.

 

«Эх, калі б мне ліха ды ліха,

Калі б жыці з свякрованькай ціха,

Эх, калі б мне ды мужык малады,

Ды з другою не хадзіў нікуды!

Ой, гоп, чыкі-чыкі!

Чырвоныя чаравікі

Ды яшчэ і тры музыкі,—

Была б рада дужа

Ды любіла б мужа!»

«Ой, гоп, захадзіўся,

Зрабіў хату, ажаніўся,

I печ напаліў,

I вячэраць наварыў».

«А ну, дзеці, вось так, дзеці!» —

I стары падняўся.

Як ударыць, як урэпіць —

Аж у бокі ўзяўся.

«Ці так, ці не так,

Урадзіўся пастарнак,

А пятрушку

Крышы ў юшку —

Будзе смак, будзе смак!

Ой, так — такі-так,

Ажаніўся казак,

Хату кінуў,

Хату рынуў

Ды падаўся ў байрак».

«Не, не той час,— стапталася,

Канец ідзе сіле —

Утаміўся. А ўсё гэта

Вы разварушылі.

А бадай вас! Што то леты!

Не, ўжо не да ладу...

Мінулася! Ідзі, дочка,

Полуднем парадуй;

Гуляючы, як той казаў,

Шматок хлеба зʼесці.

Ідзі ж, рыбка! А ты, сынку,

Паслухаеш весці.

Дык сядай жа!.. Як забілі

Твайго бацьку Яна

У шляхетчыне, дык ты шчэ

Быў малы, Сцяпане;

I не поўзаў...» — «Дык я не сын,

Я не сын ваш, татка?..»

«Ды не, не сын; але слухай!

Памерла і матка,

Ты й застаўся; а я й кажу

Пакойнай Марыне,

Сваёй жонцы: «А ведаеш?

Дай возьмем за сына.

Цябе, хлопча».— «Добра»,— кажа.

Так мы і зрабілі:

Вось як брата з сястрой роднай

У сямʼі злучылі.

А цяпер... Ну, ты на часе,

I Ярына спее...

Трэба будзе людзей спытаць

Ды што-небудзь дзеяць!

Як ты скажаш?» — «Я не знаю...

Бо я думаў тое...»

«Што Ярына сястра табе?

А яна не тое...

Яно проста: злюбіліся,

Дык жонкаю будзе.

Ды перш вось што, сынку,— трэба

Выйсці і на людзі

Ды пабачыць, як жывуць:

Ці аруць

Ды на нявораным ці сеюць,

I проста жнуць

Ды немалочанае веюць,

Ды як і мелюць і ядуць,—

Ведаць трэба, як жывуць.

Дык вось як, браце: трэба ў людзі

На дзве якіх зімы

Пайсці ў наймы;

Тады пабачыма, што будзе.

Бо хто не ўмее зарабіць,

Дык той не ўмее і пажыць.

А ты як думаеш, нябожа?..

А калі хочаш, сынку, знаць,

Дзе лепей ліхам таргаваць,

Ідзі ты ў Сеч. Як Бог паможа,

Там запрабуеш розных страў;

А я іх знаў.

I досыць нудна, як згадаю!..

Калі заробіш — прынясеш.

А не заробіш — спажывеш

Маё дабро. Зато звычаю

Казацкага набярэшся,

Пажывеш на свеце —

Не на такім, як у Б р а ц т в е,

А «жыві мыслеце»

Па сіняму прачытаеш;

Ды па-маладзецку

Будзеш Богу маліціся,

А не па-чарнецку

Мармытаці! Вось так, сынку!

Памолімся Богу

Ды сівога асядлаем —

I гайда ў дарогу!

Ну, дык пойдзем палуднаваць.

Што ты там, Ярына,

Змайстравала?» — «Ужо, татка!»

«Дык вось так-то, сыне!»

 

Ні есца, ні пʼецца, і сэрца не бʼецца,

I вочы не бачаць, не чуць галавы.

Сядзіць, не гаворыць, нібы нежывы.

Замест шматка хлеба за кубак бярэцца.

Дзівіцца Ярына ды цішком смяецца:

«Што ж гэта з ім стала? Ні есці, ні піць

Нічога не хоча! Ці не занядужаў?

Браціку Сцяпане! Што ў цябе баліць?» —

Вачыма спытала. Старому ж нічога,

Нібыта й не бачыць. «Ці жаць, ці не жаць,

А сеяці трэба,— стары размаўляе

Нібыта з сабою: — Будзем уставаць!

Можа да вячэрні яшчэ падыбаю.

А ты, Сцяпане, ляжаш спаць,

Бо заўтра рана трэба ўстаць

Ды каня сядлаць».

 

«Сцяпаначка, галубочак!

А чаго ты плачаш?

Усміхніся, скажы слоўка.

Хіба ты не бачыш,

Што й я плачу!.. Узлаваўся

Бог знае на кога,

Дый са мною не гаворыць.

Заплачу, яй-богу,

Дый уцяку!.. Вось пабачыш.

Дык скажы, Сцяпане!

Можа праўда занядужаў?

Я зелля дастану

Ды збегаю да знахаркі...

Можа то з намовы?»

«Не, Ярына, маё сэрца,

Квеце мой ружовы!

Я не брат табе, Ярына!

Я заўтра пакіну...

Цябе з бацькам сіротамі...

Дзе-небудзь загіну;

А ты мяне і не ўспомніш,

Забудзеш, Ярына,

Свайго брата...» — «Што чаўпе ён?

Яй-богу, з урокаў...

Я не сястра! Хто ж я тады?

Божа мой высокі,

Што тут рабіць... Бацькі няма,

А ён хвор, нябога.

Яшчэ памрэ!.. О Божа мой!

А яму нічога —

Жарты строіць нада мною!

Хіба ты не знаеш?

Як ты памрэш, мяне з бацькам

Разам пахаваюць!..»

«Не, Ярына, не памру я,

А толькі паеду

Ад вас заўтра... А прыеду...

На той год прыеду —

Ды не братам з Запарожжа —

Сустрэнь з ручнікамі...

Ды ці прымеш?..» — «А бадай ты

З сваімі сватамі!

А жартуе!..» — «Не жартую,

Яй-богу, Ярына!

Не жартую...» — «Дык і праўда

Ты заўтра пакінеш

Мяне з бацькам? Не, жартуеш!..

Ну скажы, Сцяпане!

Хіба ж праўда не сястра я?..»

«Не, маё каханне!

Маё сэрца!» — «Божа ты мой,

Чаму ж я не знала?

Я ж бы цябе не любіла

I не цалавала...

Ой-ой, сорам! Прэч ад мяне!

Пусці мае рукі!

Ты не брат мой! ты не брат мой!

Мука мая! мука!»

I заплакала Ярына.

Бедная дзяўчына,

I скрозь слёзы прамаўляла:

«Пакіне!.. пакіне!..»

Як той явар над вадою,

Сцяпан нахіліўся.

Казацкія яго слёзы

Ў сэрцы запякліся,

Як у пекле... А Ярына

То кляне, то просіць,

То замоўкне, пацалуе,

То зноў загалосіць.

Не згледзелі, як сцямнела.

Брата і сястрыцу

У абнімку застаў бацька

У ціхай святліцы.

Развіднела, а Ярына

Рыдае, рыдае.

Ужо Сцяпан ля крыніцы

Каня аглядае.

Ўзяла вёдры і пабегла

Да тае крыніцы...

А тым часам стары бацька

Адзін у святліцы

Разглядае, прымярае

Казацкую зброю,

Застаўшыся з ёю,

I нібы зноў маладзее.

Дый заплакаў... «Зброя мая,

Зброя залатая!

Леты мае маладыя!

Сіла маладая!

Паслужы ж ты, мая зброя,

I маладой сіле!

ІІаслужы ёй гэтак шчыра,

Як і мне служыла!..»

I Ярына дае зброю,

А Сцяпан сядлае

Каня, свайго таварыша,

Жупан надзявае,

I шаблюка, як гадзюка,

I дзіда-дручына,

I самапал сяміпядны

Павіс за плячыма.

Як зірнула, аж замлела;

I стары заплакаў,

Як пабачыў на коніку...

Такога в а я к у.

 

Вядзе каня за паводдзе

Ды плача Ярына.

Стары бацька ідзе побач,

Навучае сына,

Як у войску бытаваці,

Старшых шанаваці,

Таварыства паважаці,

Ў табар не хавацца.

«Няхай цябе Бог заступіць!» —

Як за сялом сталі,

Сказаў стары, ды ўсе трое

Разам зарыдалі.

Сцяпан свіснуў — і клуб пылу

На шляху падняўся.

«Не забаўся, мой сыночку,

Каб хутчэй вяртаўся!..» —

Стары сказаў ды заплакаў...

Як тая яліна

Ускрай лесу — невясёла

Замоўкла Ярына;

Толькі слёзы выцірае,

На шлях паглядае;

З клубу пылу штось прагляне

Ды зноў прападае,

Нібы шапка цераз поле

Коціцца, знікае...

Хаваецца... Дробнай мошкай

Толькі чуць мільгае,—

I прапала. Доўга, доўга

Стаяла Ярына

Ды глядзела, мо вынырне

Постаць казачыны.

Не ўгледзела; гаротная,

Стаіць нерухома,

Заплакала разам з бацькам,

Дый пайшлі дадому.

 

Мінаюць дні, мінае лета;

Настала восень. Шалясціць

Пажоўклы ліст. У сум адзеты,

Стары казак адзін сядзіць.

Хварэе штось яго Ярына,

Яго адзіная дзяціна

Пакінуць хоча; з кім дажыць?

Дабыці веку векавога?

Згадаў Сцяпана маладога

I час былы свой — марката!

Згадаў дый заплакаў

Багаты сівы сірата.

Як лату на лаце,

На сэрца сумоту нашыла нуда.

«Ў тваіх руках усё на свеце.

Твая святая воля!

Няхай будзе так, як будзе —

Такая ўжо доля».

 

I барвінкам, і рутаю,

Кветкамі ўквятняе

Вясна зямлю, як дзяўчыну

У зялёным гаю.

I сонейка сярод неба

Спынілася — стала,

Як жаніх той маладую,

Зямлю аглядала.

I Ярына выйшла з хаты

На свет Божы глянуць,—

Ледзьве выйшла... Усміхнецца,

То пойдзе, то стане,

Разглядае, любуецца,

Так лагодна, ціха —

Нібы ўчора радзілася...

А лютае ліха

Хіснулася ў самым сэрцы

I свет засланіла.

Як падкошаная краска,

Стан свой пахіліла;

Як з кветачкі раса ўранку,

Слёзы паліліся.

Стары бацька каля яе,

Як дуб, пахіліўся.

 

У Кіеве у вялікім

Святых упрашала;

У Мяжыгарскага Спаса

Прычасць тройчы брала.

У Пачаеве святому

Малітвы насіла,

Каб Сцяпана, тую долю,

Хоць у сне прысніла!..

Ды не сніўся... Вярнулася.

Ізноў забялела

Зіма-сцюжа. Ізноў вясна

Кветам чырванела;

Зноў Ярына выйшла з дому

Глянуць на прасторы.

Не к святому, к варажбітцы

Несла сваё гора.

 

Варажыла варажбітка,

Ліха замаўляла,

Талан-долю за тры грошы

З воску вылівала.

«Унь, бач, конік асядланы

Водзіць галавою,

А вунь ідзе, унь дзе ідзе

Дзядок з барадою.

А вось грошы. Бач, саплівы,

Як бы дагадаўся

Ды ўцёр яму; вось жа і ўцёр.

Глядзі — унь схаваўся

За магілай; лічыць грошы,

Ізноў ідзе шляхам,

Заплюшчыўся, з тарбінамі.

То, бач, дзеля страху,

Каб татары або ляхі

Часам не спаткалі...»

I радзюсенькая ў хату

Ярына вяртала.

Ужо трэці і чацвёрты

I пяты мінае —

Не малы год. А Сцяпан жа

Дамоў не вяртае.

А сцежачкі, дарожанькі

Ярам ды гарою,

Што вялі да варажбіткі,

Зараслі травою.

А Ярына ды ў чарніцы

Расплятае косы;

Стары бацька каля яе

Падае і просіць:

Хоць гадочак, хоць лецейка,

Хоць зялёных святаў

Пачакаці... Дачакалі,

Уквятнілі хату

Любісцікам і аерам;

У белых сарочках

У нядзелю, як сіроты,

Селі ў халадочку.

Сядзяць сабе ды сумуюць;

Слухаюць: хтось грае

Ля варотаў, бы на кобзе,

I ціха спявае.

 

«У нядзелю ранкам-рана

Мора гаманіла;

Таварыства атамана

На сходзе прасіла:

«Дазволь, дазволь, атамане,

Спусціць чайкі ў воду

Ды за Тэндар грамадою,

На турка паходам».

Чайкі й байдакі спускалі

Ды гарматы рыхтавалі,

З шырокага горла Дняпровага выплывалі.

Сярод ночы цёмнае,

На моры на сінім,

За востравам Тэндрам тапіліся,

Прападалі...

Адзін утапае,

Другі вынырае,

Казацтву-таварыству з той сіняе хвалі

Рукою махае, гукае:

«Няхай вам, таварыства, Бог дапамагае!

I ў сіняй хвалі знікае і прападае.

 

Толькі тры чайкі, хвала Богу,

Атамана кураннога,

Сіраты Сцяпана маладога,

Мора тое не ўтапіла,

А ў турэцкую чужую зямлю

Без вёсел і стырна прыбіла.

Тады сірату Сцяпана,

Казака рэестравога,

Атамана маладога,

Туркі-янычары лавілі,

З гарматы грымалі,

У кайданы кавалі,

У Цараградскую вежу саджалі,

У цяжкую работу аддавалі.

Ой, Спасе наш цудатворны,

Межыгорскі Спасе!

I лютаму ворагу ты

Не дапусці ўпасці

У турэцкую землю, ў цяжкую няволю!

Там кайданы па тры пуды,

Атаманам па чатыры.

I свету Божага не бачаць, не знаюць,

Пад зямлёю камень выдзіраюць,

Без споведзі святое паміраюць,

Прападаюць.

I згадаў Сцяпан-сірата ў няволі

Сваю матку Украіну,

Няроднага бацьку старога,

I коніка варанога,

I сястру Ярыну.

Плача, рыдае,

Да Бога рукі ўзнімае,

кайданы збівае,

Уцякае на вольную волю...

Ужо аж на трэцім полі

Туркі-янычары лавілі,

Да слупа ўвязалі,

Вочы вымалі,

Гарачым жалезам выпякалі,

Ў кайданы забілі,

Ў астрог пасадзілі

і замуравалі».

 

Вось так на вуліцы, пад тынам,

Сам малады кабзар стаяў

I пра нявольніка спяваў.

За тынам слухала Ярына

I не даслухала — упала.

«Сцяпаначка! Сцяпаначка,—

Рыдала, крычала: —

Сцяпаначка, маё сэрца!

Дзе ты быў загінуў?

Тата! тата! то ж Сцяпан наш!

Ідзі глянь на сына!»

Прыйшоў бацька, разглядае...

Насілу Сцяпана

Распазнае; вось так яго

Змянілі кайданы!

«Сыне ты мой нешчаслівы!

Дзе, з якой прычыны

Ты блукаў так доўга ў свеце,

Сыне мой адзіны?»

Плача стары, абнімае,

I сляпы мой плача

Невідушчымі вачыма,—

Нібы сонца ўбачыў.

I бяруць яго пад рукі,

I вядуць у хату,

I вітае Ярыначка,

Як роднага брата.

I галаву яму ўмыла,

I ногі памыла,

Ды ў сарочцы тонкай, белай

За стол пасадзіла.

Накарміла, напаіла,

Палажыла спаці.

Ды ціхенька выйшла з хаты,

Каб не замінаці.

 

«Не, не трэба, мой татачка,

Не трэба, Ярына!

Паглядзіце: я загінуў,

Навекі загінуў.

За што ж свае маладыя

Ты загубіш леты

З калекаю... Нават людзі

Асмяюць за гэта,

I Бог святы пакарае

I прагоніць долю

З гэтай хаты вясёлае

На чужое поле.

Не, Ярына! Бог не кіне,

Ты знойдзеш другога,

А я пайду ў Запарожжа —

Там мая дарога.

Мяне любяць...» — «Не, Сцяпане

Ты мая дзяціна!

I Бог цябе пакарае,

Калі мяне кінеш».

«Аставайся, Сцяпаначка!

Не хочаш пабрацца,

Дык так будзем: я — сястрою,

А ты — родным братцам,

I дзяцьмі яму абое,

Нашаму старому.

Не йдзі, сэрца, Сцяпаначка,

Не кідай нас дома!

Не пакінеш?..» — «Не, Ярына!..»

I Сцяпан астаўся.

Стары бацька ад радасці

Аж за кобзу ўзяўся,

Хацеў рушыць упрысядкі

З радасці такое,

I на прызбе каля хаты

Селі разам трое.

«Раскажы ж цяпер, Сцяпане,

Пра сваю нядолю;

Бо ж і я гуляў калісьці

Ў турэцкай няволі».

 

«Вось жа мяне, ўжо сляпога

На свет выпускалі

З казакамі... Таварыства

На Сеч шлях трымала,

I мяне ўзялі з сабою,

I цераз Балканы

Паспяшалі на Ўкраіну

Вольнымі нагамі.

I на ціхім на Дунаю

Нас перанімаюць

Таварышы-запарожцы

I ў Сеч зварачаюць.

I расказваюць ды плачуць,

Як Сеч руйнавалі,

Як маскалі скарбы нашы

I свечкі забралі

У Пакровы. Як казакі

Ноччу уцякалі

I на ціхім на Дунаю

Новым кошам сталі.

Як царыца па Кіеву

З Нечасам хадзіла

I Межыгарскага Спаса

Ноччу запаліла.

I на Дняпры на залатой

Галеры гуляла.

На пажар той паглядала,

Рукі пацірала.

I як стэпы Запарожжа

Тады падзялілі,

А паны на Украіне

Люд запаланілі.

Як Кірыла з старшынямі

Пудру ужывалі

Ды ў царыцы, як сабакі,

Туфелькі лізалі.

Вось так, татка! Я шчаслівы,

Што вачэй не маю,

Што нічога таго ў свеце

Не бачу, не знаю.

Ляхі былі — ўсё пабралі,

Кроў павыпівалі,

А маскалі і свет Божы

Ў путы закавалі.

Вось так яно. Цяжка, тата,

З сваёй роднай хаты

Прасіць ласкі, пасуседзіць

З чужынцам зацятым.

Цяпер, кажуць, Галаваты

Рэшткі падбірае

Ды на Кубань падбівае,

Чаркеса пужае.

Няхай яму Бог паможа!

А што з таго будзе —

Дык хто знае? мо пачуем,

Што раскажуць людзі!..»

Вось так яны размаўлялі

Што ні дзень, бывала,

А Ярына гаспадарку,

Хату даглядала.

Ўспаміналі Запарожжа,

Казацкую славу,

I спявалі ўдваіх сабе

Пра Чалога Саву,

Пра Багдана-недарэку,

Нядобрага сына,

I пра Гонту-мучаніка,

Слаўнага Максіма.

А Ярына іх слухала...

I святым аддана

Малілася... На ўсяеднай

Выйшла за Сцяпана.

 

Вось і уся мая дума...

Выбачце мне, людзі!

Тое, што было,— мінула

Зноў яго не будзе.

Мінуліся мае слёзы;

Не рвецца, не плача

Разбітае маё сэрца;

I вочы не бачаць —

Ні ціхае хаціначкі

У забытым краю,

Ні ціхае даліначкі,

Ні цёмнага гаю,

Ні дзяўчыны маладое

I малой дзяціны

Я не бачу шчаслівае:

Ўсё плача, ўсё гіне!

I рад бы я дзе схавацца,

Але дзе? — Не знаю.

Скрозь няпраўда, дзе ні гляну,

Скрозь Госпада лаюць.

Сэрца вяне, засыхае,

Замярзаюць слёзы...

Я ўтаміўся адзінокі

На самай дарозе.

Вось так яно! Выбачайце,

Што крумкачом крачу:

Хмара сонца засланіла,—

Я свету не бачу.

Ледзьве-ледзьве апаўночы

Сэрцам празіраю

I кволую маю думу

У свет пасылаю —

Гаючае, жывучае

Вады пашукаці.

Як калісьці, дый прынясе

Пакрапіць у хаце,

I засвеціць агонь чысты,

I сумна, і ціха

Загаворыць аб вясёлым,

А зверне на ліха.

I мне цяпер пра сляпога

Сірату канчае,

Але як давесці краю,

I сама не знае.

Бо не было таго дзіва

Можа і спрадвеку,

Каб шчаслівай была жонка

З сляпым чалавекам.

Вось жа стала гэта дзіва!

Год, другі мінае,

Як пабраліся, а глянуць —

Удваіх гуляюць

Па садочку. Стары бацька,

Дзед задавалёны,

Вучыць ўнука маленькага

Аддаваць паклоны.

 

16 кастрычніка 1845

с. Марʼінскае


1907; 1937-1940; 1951

Пераклад: Якуб Колас
Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11