Тарас Шаўчэнка

"У нядзелю не гуляла..."

* * *

У нядзелю не гуляла,

Ды на шоўкі зарабляла,

Ды хусціну вышывала,

Вышываючы, спявала:

 

«Хусціначка мярэжаная,

Вышываная!

Выгаптую, падарую,

А ён мяне пацалуе...

Хусціна мая

Маляваная!

Задзівяцца ўранку людзі,

Што ў сіроткі хустка будзе

Мярэжаная,

Маляваная!

А я касу расплятаю,

З сваім мілым пахаджаю...

Долечка мая,

Матанька мая!»

 

Вось так яна вышывала,

У акенца паглядала:

Ці не згледзіць крутарогіх?

Ці не йдзе чумак з дарогі?

Ідзе чумак з-за Лімана,

З чужым дабром, бесталанны,

Чужых валоў паганяе,

Паганяючы, спявае:

«Доля мая, доля!

Што ты не такая,

Як доля чужая?

Ці я п’ю, гуляю?

Ці сілы не маю?

Ці да цябе дарожанькі

У стэпу не знаю?

Ці да цябе сваіх дароў

Я не пасылаю?

Ёсць у мяне дары —

Вочы мае кары.

Маладую маю сілу

Багачы купілі,

Мо без мяне і дзяўчыну

З другім заручылі...

Навучы ж ты мяне, доля,

Гуляць навучы!»

 

Дый заплакаў бедачына,

Стэпам ідучы.

 

Ой, застагнаў сівы пугач

Ў стэпу на магіле;

А ў дарозе чумачэнькаў

Журба атуліла.

«Дазволь ты, наш атамане,

Каля сяла стаці,

Панясем мы таварыша

Ў сяло прычашчаці».

Спавядалі, прычашчалі,

Знахароў пыталі,—

Не паможа!.. З незлячымым

Паехалі далей.

Ці то праца загубіла

Маладую сілу?

Ці ў разлуцы нуда-гора

Яго з ног зваліла?

Ці наслалі людзі ліха

Яму, маладому,

Што прывезлі яго з Дону

На возе дадому?

Прасіў Бога, каб дзяўчыну...

Хоць сяло пабачыць,

Ды не ўпрасіў... Пахавалі,

Ніхто й не заплача!

 

Паставілі грамадою

Крыж над сіратою

Й разышліся... Як былінка,

Як ліст над вадою,

Свет пакінуў казачэнька,

Ўсё забраў з сабою.

А дзе ж мая расшытая

Шоўкамі хусціна?

А дзе ж мая вясёлая,

Любая дзяўчына?!

 

Унь на новым крыжы хустку

Вецер развявае,

А дзяўчына у манашках

Касу расплятае.

 

18 кастрычніка 1844

С.-Пецярбург



Пераклад: Якуб Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com