Тарас Шаўчэнка

"Заваражы мяне, волхве..."

* * *

Заваражы мяне, волхве,

Дружа сівавусы!

Ты ўжо сэрца запячатаў,

Я ж яшчэ баюся.

Баюся я гарэлую

Пустку руйнаваці;

Яшчэ страшна, мой голубе,

Сэрца пахаваці...

Можа вернецца надзея,

Прыйдзе з той вадою,

Гаючаю, жывучаю —

Дробнаю слязою.

Можа вернецца з-за свету

Ў пустку зімаваці;

Хоць пабеліць з сярэдзіны

У гарэлай хаце.

I напаліць, і нагрэе,

I святло засвеціць...

Мо яшчэ раз абудзяцца

Мае думы-дзеці.

Мо яшчэ раз памалюся,

З дзеткамі заплачу;

Мо яшчэ раз сонца праўды

Хоць скрозь сон пабачу.

Стань жа братам, хоць абмані!

Скажы, што рабіці:

Ці маліцца, ці журыцца,

Ці голаў разбіці?!

 

13 снежня 1844

С.-Пецярбург



Пераклад: Якуб Колас

Беларуская Палічка: http://knihi.com