epub
 
падключыць
слоўнікі

Тодар Кляшторны

Ліст у Сібір

 

Засыпан Менск халоднымі снягамі,

Пад палазамі гойсае зіма...

Астрыжан клён асеннімі сярпамі -

Лістоў няма...

А помніш ростань,

Помніш, дарагая,

Як дагарала восеньская медзь,

Так і душа ў шуканнях дагарае,

Каб не гарэць...

Тады плылі,

Плылі на поўдзень гусі,

Будзіў лясы

Асенні свіст і гуд...

А ты мяняла поле Беларусі

На дальнюю тайгу...

Цяпер зіма скрыпіць пад палазамі,

Заледзянела дарагая шыр...

І часта, часта

Думаю начамі

Я пра Сібір.

За тою хмураю,

Таемнаю тайгою,

Шукае золата

І ненец і тунгус...

Здружыўся з лыжамі

І цёплаю дахою

Там беларус.

Хачу да слёз расквечанай вясною

Паездзіць там

І ўдоўж і папярок,

Дзе між сібірскіх зёлак галавою

Ківае васілёк.

Цяпер снягі...

Вячэрняю зарою

З пунсовай шклянкі белая зіма

Частуе Менск наліўкай ледзяною...

...Цябе ж няма...

 

1927

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая