epub
 
падключыць
слоўнікі

Тодар Кляшторны

У дарозе (З паэмы)

 

*

 

Дзень згараў...

Заціхалі ў палёх перазвоны.

Майскі вечар чаромху не мёў...

Захлынуліся вокны вагона

Сіняватым вячэрнім агнём.

А за вокнамі цені скакалі

Табунамі ліхіх рысакоў...

Ціха таялі

Ў звонкія далі

Пераліўныя хвалі палёў.

Бедных ніў

Залатое прыволле

Задрамала ў тынянай цішы...

Эх ты, поле,

Бязмежнае поле!

Люба мне беларуская шыр!

Хай сягоння сявалкамі вёсен

Сее смуту ў палёх недарод...

Нашы дні -

Не журботная восень,

Нашы дні -

Грамавы веснаход.

Хоць палі нашы

Бедны вясною,

Але час наш

Святлей і мілей,

Бо над нізкай сялянскай страхою

Палымнеюць зарніцы надзей.

 

1927

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая